Вярнуцца: Волкаў Мікола

Арганізацыя і забеспячэнне будаўніцтва фартыфікацый у Слуцку пры Багуславе Радзівіле (1654-1669 гг.)


Аўтар: Волкаў М.А.,
Дадана: 19-07-2014,
Крыніца: Волкаў, М.А. Арганізацыя і забеспячэнне будаўніцтва фартыфікацый у Слуцку пры Багуславе Радзівіле (1654-1669 гг.) [The organization and the supply of the construction of the fortifications in Sluck by duke Boguslaw Radziwill (1654-1667)] / М.А. Волкаў // Studia Historica Europae Orientalis = Исследования по истории Восточной Европы : науч. сб. Вып 5. – Минск : РИВШ, 2012. – С. 188-204.

Спампаваць




Працяглыя войны сярэдзіны XVII ст. ва Ўсходняй Еўропе сталі, падобна вайне за незалежнасць у Нідэрландах ці Трыццацігадовай вайне ў Нямеччыне, моцным імпульсам для шырокага фартыфікацыйнага будаўніцтва на землях Вялікага Княства Літоўскага. Да найбольш значных фартэцый збудаваных у гэты час належаў горад Слуцк, які належаў канюшаму ВКЛ князю Багуславу Радзівілу (162 0 -1669 гг.). Вялікая колькасць пісьмовых крыніц па гісторыі Слуцка дае магчымасць на прыкладзе гэтага горада-фартэцыі аднавіць арганізацыю і забеспячэнне будаўніцтва фартыфікацый таго часу. Асабліва карыснымі ў гэтым выпадку з'яўляюцца пратаколы сэсій (пасяджэнняў) слуцкага магістрата за 1654-1665 гады [1, 2], а таксама абшырная карэспандэнцыя слуцкіх цывільных адміністратараў і вайскоўцаў з Багуславам Радзівілам.

Традыцыі абарончага будаўніцтва ў Слуцку сягаюць прынаймней у ХІІ ст., калі горад упершыню згадваецца ў летапісах як фарпост Тураўскага княства на мяжы з Полацкім. У XVI - першай палове XVІІ стст. абарончы комплекс горада ўжо складаўся з Верхняга і Ніжняга замкаў, размешчаных пры ўпадзенні ручая Бычок у рэчку Случ, а таксама гарадскіх умацаванняў, якія часткова ці цалкам акольвалі т.зв. Старое места на правым беразе Случы. Пашырана меркаванне, што ўжо ў канцы XVI ст. пры апошніх прадстаўніках роду Алелькавічаў, якія валодалі Слуцкам з XV ст., вакол горада пачалі ўзводзіцца бастыённыя ўмацаванні [3, с. 25; 4, с. 353]. Аднак дакладна сцвярджаць пра будаўніцтва бастыённых фартыфікацый можна толькі пры Янушы Радзівіле, які ажаніўся на апошняй прадстаўніцы роду Алелькавічаў Соф'і і атрымаў у пасаг Слуцк. У рахунках магната за 1619 год згадваецца "ляхавіцкі валмайстар", які працаваў на ўзвядзенні валоў у Слуцку [5, а. 10 адв. ]. Перад гэтым згаданы валмайстар быў задзейнічаны на ўзвядзенні магутнага бастыённага замка вялікага гетмана ВКЛ Яна Караля Хадкевіча (1560-1621 гг.) ў Ляхавічах [6]. Адпаведна і ў Слуцку такога кшталту спецыяліст мусіў працаваць на будаўніцтве ўмацаванняў бастыённага кшталту.

У сярэдзіне XVII ст. Старое места ўжо было абведзена земляным валам з бастыёнамі і трыма мураванымі брамамі, аб чым сведчыць накід плана Слуцка таго часу, аўтарам якога быў, верагодна, польны гетман ВКЛ Януш Радзівіл (1612-1655 гг.) (мал. 1) [7, с. 36-37]. Выбух казацкага паўстання на Ўкраіне ў 1648 годзе, а таксама пачатак вайна з Масквою ў 1654 годзе зрабілі надзвычай актуальнай патрэбу далейшай разбудовы слуцкіх фартыфікацый. У 1654-1655 гадах горад сканцэнтраваў усе сілы на мадэрнізацыі старамейскіх валоў (вакол Старога места) і ўзвядзенні грэблі на Случы. На левым беразе ракі коштам Багуслава Радзівіла з вясны 1655 года вялося будаўніцтва бастыённай цытадэлі для ўмацавання абароны Новага места, якое да таго часу не мелі якіх-кольвек фартыфікацый. Пасля двух спробаў маскоўскага войска авалодаць Слуцкам у верасні 1655 года было вырашана тэрмінова распачаць узвядзенне фартыфікацый і вакол Новага места. У чарговы раз пагроза нападу маскоўскіх войскаў ці казакаў на Слуцк стала надзвычай актуальнай у 1659-1660 гадах. У гэты час было скончана узвядзенне ўмацаванняў вакол Новага места і Слуцк, такім чынам, быў цалкам замкнуты ў кола бастыённых ўмацаванняў (мал. 2). Цягам наступнага дзесяцігоддзя працы па ўдасканаленні фартыфікацый працягваліся, але з-за істотнага памяншэння небяспекі і вычарпання рэсурсаў горада ішлі больш павольнымі тэмпамі.

Галоўным ініцыятарам фартыфікацыйнага будаўніцтва ў Слуцку быў яго ўладальнік - Багуслаў Радзівіл, для якога было надзвычай важна захаваць Слуцк ад захопу і разбурэння, як галоўную крыніцу сваіх прыбыткаў. Па словах самога князя Слуцк быў для яго важны "як вока ў ілбе" [ 8, s . 101 ]. Таму Багуслаў у асабістых лістах да сваіх службоўцаў, а таксама гарадскіх уладаў пастаянна пакрэсліваў неабходнасць далейшага ўдасканалення гарадскіх фартыфікацыі [9, s. 16; 10, s . 73; 11, s . 3]. Пад ціскам князя і ягоных адміністратараў, якія настойвалі на захаванні высокіх тэмпаў будаўніцтва, гарадскі магістрат займаў больш разважлівую пазіцыю, бо з пагаршэннем эканамічнай сітуацыі рабілася ўсё цяжэй шукаць грошы на правядзенне будаўнічых прац.

Паколькі самому Багуславу Радзівілу не бракавала вайсковага досведу і ведаў у галіне фартыфікацыі [12], вырашэнне найбольш істотных пытання адносна будаўніцтва фартыфікацый у Слуцку знаходзілася ў яго кампетэнцыі. У маі-ліпені 1655 года пасля няўдалай зімовай кампаніі войска ВКЛ князь сам знаходзіўся ў Слуцку, дзе непасрэдна кіраваў узвядзеннем умацаванняў [13, s . 136]. У гэты час прыдворны архітэктар Багуслава Тэафіл Спіноўскі прадставіў яму на экспертызу праект мадэрнізацыі слуцкіх фартыфікацый [14, s. 2]. Пазней Багуслаў, які знаходзіўся пераважна ў Караляўцы (суч. Калінінград), ажыццяўляў кантроль дыстанцыйна, толькі час ад часу наведваючыся ў Слуцк. Аб'ектыўна ацэньваць сітуацыю з будаўніцтвам фартыфікацый князю дапамагаў той факт, што акрамя вайсковага інжынера, які меўся пры слуцкім гарнізоне, многія вайсковыя і цывільныя службоўцы Багуслава мелі добрыя веды ў галіне фартыфікацыі. Гэта стварала пэўную канкурэнцыю між імі і ў сваю чаргу давала магчымасць Багуславу трымаць сітуацыю пад кантролем.

Значную ролю ў падрыхтоўцы Слуцка да абароны меў оберстэр-лейтэнант палка нямецкай пехоты Багуслава Радзівіла шатландзец па паходжанні Вільгельм Патэрсан, які ў 1654-1655 гады выконваў абавязкі каменданта і губернатара Слуцка [8, s . 95]. Менавіта ён восенню 1655 года, у найбольш крытычны для горада момант, прымаў тэрміновыя рашэнні адносна будаўніцтва ўмацаванняў. У гэты час на загад Патэрсана вакол фартэцыі былі насыпаны шэраг часовых земляных умацаванняў. Што цікава, адно з гэтых умацаванняў, альбо шанцаў у хуткім часе было названа ў гонар каменданта Вільгельм- ці Вілім-шанцам. У пачатку верасня 1665 года, пасля першай маскоўскай аблогі, той жа Патэрсан настаяў, каб тэрмінова распачаліся працы па ўзвядзенні ўмацаванняў вакол Новага места [1, s . 62].

Падобную, што і Патэрсан, ролю пачынаючы з восені 1658 года выконваў плоцкі стольнік Казімір Клакоцкі. Першапачаткова ён разам з Уладыславам Гурыным быў прысланы Багуславам Радзівілам у Слуцк у якасці камісара з шырокімі паўнамоцтвамі, а ў 1663 годзе быў прызначаны губернатарам [8, s . 98]. Як можна меркаваць па асобных згадках, Клакоцкі меў не благія веды ў галіне фартыфікацыі. Напрыклад, улетку 1663 года Багуслаў Радзівіл даручыў яму падрыхтаваць да абароны фальваркі Слуцкага княства, а ў пачатку 1664 года яго запрашаў у Нясвіж падчашы ВКЛ Міхал Казімір Радзівіл (1635-1680 гг.) для кансультацыя наконт фартыфікацыі замку і горада [15, s . 20; 16, s . 47]. У 1665 годзе непасрэдна на загад Клакоцкага быў перабудаваны Вілім-шанец, а ў 1667 годзе ён удзельнічаў у дыскусіі аб праекце перабудовы бастыёна ля Астроўскай брамы [17, s . 75; 18, s . 41; 19, s . 56]. Аднак галоўнай функцыяй Клакоцкага была арганізацыя будаўнічых прац, забеспячэнне іх рыштункам і будаўнічымі матэрыяламі. З гэтым плоцкі стольнік выдатна справіўся ў асабліва небяспечныя для Слуцка 1659-1660 гады, чым заслужыў павагу калегаў і гарадскога магістрата, а таксама вялікі давер Багуслава Радзівіла [8, s . 98; 20, s. 210].

Як згадвалася вышэй, агульны праект мадэрнізацыі слуцкіх фартыфікацый быў выкананы да лета 1655 года Тэафілам Спіноўскім. Напэўна, п а гэтым праекце пачалося насыпанне валоў вакол Новага места ўвосень 1655 года. Той жа Спіноўскі падрыхтаваў для Багуслава Радзівіла праект перабудовы слуцкай цытадэлі, які пачалі рэалізоўваць з канца 1650-ых гадоў [14, s. 1-3]. Пазней на загад князя архітэктар працаваў над мадэрнізацыяй ўмацаванняў Караляўца [21 s. 5]. Удзел Спіноўскага ў будаўніцтве слуцкіх фартыфікацый быў, аднак, даволі абмежаваны. Фактычна ён на аснове вывучэння тапаграфічных асаблівасцяў горада і ваколіц падрыхтаваў план Слуцка і на падставе яго склаў праект мадэрнізацыі слуцкіх фартыфікацый. Пазней гэты праект дапрацоўваўся іншымі спецыялістамі, якія ўносілі ў яго свае карэктывы.

У працэс праектавання і будаўніцтва фартыфікацый у Слуцку быў уключаны таксама Крыштаф Вінклер, які адначасова служыў Багуславу і выконваў абавязкі звязаныя з кіраваннем горадам, у тым ліку пэўны час быў войтам Слуцка. З пратаколаў сэсій слуцкага магістрата вядома, што ў 1656 годзе ён размерыў і заклаў дамбу ў рове, а таксама равелін (ўмацаванне трохвугольнай формы) перад Навамейскай брамай [1, s. 114, 120]. У наступным годзе ён кіраваў перабудовай фартыфікацый вакол Старога места, пра што з незадавалненнем пісаў Спіноўскі, скардзячыся на невысокі прафесіяналізм Вінклера ў фартыфікацыі [14, s. 1].

У час Багуслава Радзівіла пра слуцкім гарнізоне з'яўляецца асобная пасада вайсковага інжынера, які павінен быў непасрэдна адказваць за праектавання, разметку і ўзвядзенне фартыфікацый. Вясною 1655 года невядомаму інжынеру, які служыў пры Патэрсане, было даручана праектаванне новай грэблі [1, s. 24]. Пазней некаторы час інжынер пры слуцкім гарнізоне не згадваецца , а яго абавязкі выконвалі іншыя асобы, у прыватнасці той жа Вінклер ў 1656-1657 гады. З 1665 года да першай паловы 1670-ых гадоў пасаду вайсковага інжынера ў Слуцку займаў Густаў Адольф дэ ля Вале дэ Гоб. Як заўважыў польскі даследчык Б. Дыбась, першапачаткова гэта быў афіцэр нізкага рангу: да 1669 года быў у званні капітан-лейтэнанта, а пасля атрымаў ранг капітана [22, s. 264]. Дзесьці ў другой палове 1670-ых гадоў дэ ля Вале, як мяркуе беларускі даследчык У. Пярвышына, перабраўся служыць ў Нясвіж [23, с. 121]. Памёр ён ў рангу маёра і 3 верасня 1691 года быў пахаваны ў лютэранскім зборы ў Слуцку [23, с. 322].

У 1666-1667 гады дэ ля Вале падрыхтаваў праект перабудовы старога драўлянага замка ў Копысі ў бастыённую цытадэлі і сачыў за яго рэалізацыя [25, s . 1-2]. Адначасова ён працаваў над разбудовай умацаванняў у Слуцку. Пры гэтым у яго ўзнікалі сур'ёзныя рознагалоссі па фартыфікацыйных пытаннях з Клакоцкім і Вінклерам. Асабіва моцны канфлікт паўстаў вакол рэканструкцыі бастыёна ля Астроўскай брамы. Раздражнёны Клакоцкі нават прапаноўваў Багуславу Радзівілу даць інжынеру грошы і накіраваць яго ў Копысь, бо "і без яго тая работа невялікая можа ісці" [19, s . 55-56; 26, s . 10; 27, s . 63; 28, s. 77; 29, s . 4].

Рознага кштату рахункі па слуцкаму гарнізону даюць магчымасць уявіць заробак дэ ля Вале за час яго працы ў Слуцку. Так, за тры першыя месяцы будаўнічага сезону 1665 года (з 1 красавіка да 2 ліпеня) ён атрымаў 69 злотых 11 грошай [ 30 , s . 2 ] . З 1 кастрычніка 1666 года па 1 кастрычніка 1667 года за пасаду інжынера ён атрымаў 600 злотых, а да таго 4 корцы жыта, 4 корцы аўса, 30 вазоў сена і 100 вазоў дроваў [31, s . 150]. Паводле парадку платы слуцкаму гарнізону ўведзенаму з 1 снежня 1671 года дэ ля Вале за год як інжынер мусіў атрымліваць па 300 злотых, а як капітан драгунскай харугвы - па 1076 злотых, а да таго ж яшчэ прадуктаў на 259 злотых. Для параўнання, заробак каменданта Слуцка складаў 1200 злотых грашыма і 369 злотых прадуктамі [ 32 , s . 3, 7, 9 ; 33] .

З некалькіх лістоў за 1669 год вядома, што ў інжынерных справах дэ ля Вале дапамагаў харунжы Фёлькерзамб [34, s . 13 ; 35, s. 54] . У 1669 годзе у Слуцку на загад Багуслава Радзівіла прыехаў інжынер Пальмструх, які мусіў выканаць карту Капыльскага княства, а затым падрыхтаваць план Слуцка [36, s . 69]. Аднак больш пра Пальмструха, як і пра яго магчымы ўдзел у фартыфікаванні Слуцка, нічога не вядома.

Арганізацыя і кіраванне будаўніцтвам фартыфікацый у Слуцку шмат у чым нагадвае выпадак Біржанскага замка, які ў канцы 1630-ых гадоў на загад вялікага гетмана ВКЛ Крыштафа Радзівіла (1585-1640 гг.) быў грунтоўна перабудаваны ў старагаландскай манеры фартыфікацыі. Інжынер-архітэктар Рыгор Пірк, які падрыхтаваў праект фартэцыі, амаль увесь час адсутнічаў у Біржах. Гэтаксама рэдка наведваў будоўлю галоўны будаўнічы Адам Ёст, які адно ў 1637 і 1638 гадах вербаваў капачоў (землякопаў). Галоўную ж ролю ў арганізацыі працы і падрыхтоўцы будаўнічых матэрыялаў выконваў Ян Пекальскі, службовец Крыштафа Радзівіла. Для кансультацый наконт праекта фартэцыі князь запрашаў таксама шэраг спецыялістаў: дасведчанага артылерыста оберстэра Готарда Плятэра, інжынера з Інфлянтаў Карнэліюса Ротэнбурга і вядомага фартыфікатара Адама Фрэйтага [37, s . 265-269].

За ўзвядзеннем умацаванняў і арганізацыю працы капачоў адказвалі валмайстры. У параўнанні з вайсковымі інжынерамі, якія мелі грунтоўную тэарытычную падрыхтоўку ў галіне фартыфікацыі, валмайстры былі хутчэй высокакваліфікаванымі рамеснікамі, якія добра ведалі тэхналогію насыпання вала і практыку арганізацыі прац. Падчас вясенніх і асенніх паводак, яны мусілі назіраць за захаваннем умацаванняў і іх своечасовай направай, а зімою арганізоўвалі работнікаў на сячэнне лёду ў ірвах вакол фартэцыі. Таксама праз рукі валмайстраў, як правіла, праходзілі грошы, якія выдзяляліся на капачоў. Пад іх адказнасць перадаваўся рыштунак і матэрыялы, якія набываліся для будаўніцтва [1, s . 127, 175].

З крыніц вядомы імёны двух валмайстраў, якія працавалі ў Слуцку пры Багуславе Радзівіле. Што цікава, адзін з іх - "стары рускі валмайстр" Іван Прэсны - у пратаколе сэсіі слуцкага магістрата за 7 мая 1658 года называецца "здаўна заслужаным слугой у горадзе" [1, s . 175]. Гэта значыць, што Прэсны з'яўляўся старым гарадскім валмайстрам і ўжо цягам многіх гадоў працаваў на слуцкіх умацаваннях. Валмайстар нямецкага паходжання Ганс Бэк быў, па ўсім відаць, дасланы Багуславам Радзівілам у Слуцк у дапамогу Прэснаму, калі працы на слуцкіх фартыфікацыях дасягнулі вялікага размаху. Пры гэтым Прэсны працаваў выключна на гарадскіх фартыфікацыях, у той час як галоўнай задачай Бэка, які быў уключаны ў склад слуцкага гарнізона і атрымліваў заробак ад князя, было ўзвядзенне цытадэлі. Аб гэтым сведчыць шэраг фактаў. Напрыклад, 7 чэрвеня 1656 года горад прапанаваў Бэку вярнуць рыдлёўкі пазычаныя яму на працы ў цытадэлі, а на пасяджэнні магістрата 7 мая 1658 года адзначалася, што калі князь загадае Бэку працаваць на цытадэлі, дык ён мусіць знайсці на сваё месца іншага валмайстра, каб працы на гарадскіх фартыфікацыях не спыняліся. З апошняй згадкі таксама вынікае, што за плату ад горада Бэк даволі часта працаваў на гарадскіх фартыфікацыях [1, s . 112, 175].

Абодва слуцкія валмайстры мелі памочнікі, ці вучняў. У прыватнасці вядома, што разам з Іванам Прэсным у 1656 годзе працаваў валмайстар Яська (магчыма, ягоны сын). У сваю чаргу Ганс Бэк ў пачатку 1657 года узяў "на навуку" невядомага па імяні малодшага сына цэйгварта (загадчыка арсенала) Міхала Лінка [1, s . 127, 132].

Аб тым, як аплочвалася праца валмайстра, можна меркаваць па заробку Ганса Бэка. Найбольшую сумму за год немец атрымаў у 1664 годзе, калі з касы князя яму было выплачана 208 злотых 38 [38, s.106]. У наступным годзе за будаўнічы сезон (з 1 красавіка па 1 кастрычніка) Бэк атрымаў 133 злотых [30, s. 2, 5]. З заканчэннем будаўнічага сезону заробак валмайстра мог значна зніжацца. За працу на гарадскіх фартыфікацыях Бэк атрымліваў па 3 злотых за тыдзень, пры гэты нягледзячы на загад князя выплочваць заробак валмайстру цэлы год горад адмаўляўся плаціць яму з заканчэннем будаўнічага сезону [1, s . 175, 191]. Паводле парадку платы слуцкаму гарнізону, уведенаму з 1 снежня 1671 года валмайстр, якім, відаць, па-ранейшаму заставаўся Бэк, павінен быў атрымліваць 111 злотых грашыма і 36 злотых прадуктамі [32, s . 9; 33]. На думку У. Пярвышына, у сярэдзіне - другой палове 1670-ых гадоў Бэк, які і дэ ля Вале, пераехаў у Нясвіж [33, с. 122].

Паколькі будаўніцтва ўмацаванняў вакол Слуцка фінансавалася горадам, магістрат імкнуўся самастойна наглядаць за працамі. Спачатку абавязак сачыць за працамі на вале і станам умацаванняў быў ускладзены на трох будаўнічых, якія абіраліся на сэсіі магістрата і зацвярджаліся князем [1, s. 3, 24, 25]. Аднак, паколькі гэта была досыць цяжкая праца, а буданічыя мелі шэраг іншых важных задач, у хуткім часе пачалі прызначаць асобных дазорцаў. У 1655 годзе за капачамі сачыў нейкі Ганус, а з 1656 года пачалі абіраць двух дазорцаў з мяшчанаў, якія павінны былі працаваць па чарзе і мяняцца праз месяц або шэсць тыдняў. Дазорцы мусілі пільнаваць каб капачы спраўна працавалі, а таксама каб не гінуў рыштунак, які належаў гораду. У канцы кожнага тыдня дазорцы павінны былі падаваць справаздачы, паводле якіх гарадскі падскарбі выплочваў ім грошы на валмайстра і капачоў. Заробак дазорцаў складаў 2 злотых у тыдзень [1, s. 28, 103, 146, 154, 247; 2, s. 241-242].

Верагодна, яшчэ ў першай палове XVII ст. у Слуцку ўсталявалася традыцыя штогод на грошы з гарадской скрынкі (гарадскога бюджэта) вербаваць работнікаў-капачоў на працы на вале. Такім чынам, гарадскія ўмацаванні падтрымлівалася ў належным стане і разбудоўваліся далей. Эфектыўнасць працы наёмных рабочых была вялікая. Па меркаванні магістрата, сотня наёмных капачоў за дзень магла зрабіць болей, чым дзве сотні мяшчан [1, s. 69]. Што да аб'ёмаў працы, якія мог выконваць капач за дзень, дык паводле Клацокага добрым вынікам было 100 тачак зямлі [39, s. 15]. Між сабою наёмныя работнікі выбіралі дзесятнікаў, якія падпарадкоўваліся непасрэдна валмайстру. Заробак капачоў складаў 2 злотых у тыдзень, а за будаўнічы сезон (красавік-кастрычнік) капач, такім чынам, мог зарабіць да 60 злотых. Толькі ў сакавіку 1664 года з-за браку грошай было вырашана зменшыць плату капачам [1, s. 28, 68 -69, 103; 2, s. 332].

Колькасць наёмных капачоў, якую мог выставіць горад, залежала ад яго фінаснавых магчымасцяў. Ніжэй прывядзем некаторыя звесткі з пратаколаў сэсій магістрата і карэспандэнцыі службоўцаў Багуслава Радзівіла, якія дадуць магчымасць рэальна ацаніць магчымасці Слуцка па найму капачоў, якія былі фактычны галоўнай працоўнай сілай на будаўніцтве ўмацаванняў. Летам 1655 года з павялічэннем небяспекі для горада было вырашана наняць 60 капачоў на направу валоў. Праз некалькі месяцаў з увядзеннем новага экстраардынарнага падатку з'явіліся грошы, каб павялічыць колькасць работнікаў да 100. Столькі ж капачоў было вырашана ўтрымліваць у наступным годзе [1, s. 48, 69, 103]. На пачатку 1657 года для працы на старамейскім вале было завербавана 50 чалавек, а ў канцы чэрвеня з дапамогай пазыкі горад зайшоў грошы на наём яшчэ 50 капачоў для працы на навамейскім вале [1, s. 142, 150 -151; 40, s. 5] . У наступныя два гады колькасць работнікаў не перавышала 50: у маі 1657 года было завербавана 30 чалавек, да якіх у чэрвені далучыліся яшчэ 20, а ў 1658 годзе з-за праблем з грашыма працавала, напэўна, і таго менш. У прыватнасці ў пачатку кастрычніка 1658 года на ўтрыманні горада знаходзілася 24 капачы [1, s. 174, 182, 188 -189]. У 1659 -1660 гады ў сувязі з павялічэннем пагрозы для Слуцка камісары Багуслава Радзівіла - Клакоцкі і Гурын - запатрабавалі ад горада павялічыць колькасць капачоў да 100. Гарадскія ўлады ў чарговы раз мусілі задумацца, адкуль узяць грошы на іх утрыманне. Вядома, што красавіку-маі 1660 года ў розных месцах працаваў 51 чалавек, да якіх камісары патрабавалі дадаць яшчэ людзей [1, s. 208 -209, 244, 247, 249]. Цягам 1660-х гадоў колькасць работнікаў, што вербавалі ў час будаўнічага сезону ізноў не перавышала 50 чалавек. У прыватнасці вядома, што цягам вясны-лета 1661 года на валах працавала 50 капачоў, колькасць якіх у верасні была зменшана да 30 чалавек. У наступным годзе з-за цяжкасцяў з грашыма колькасць работнікаў была зменшана з завербаваных вясною 50 чалавек да 30 ужо ў ліпені. Тыя ж 50 чалавек былі завербаваны валмайстрам ўвесну 1664 года. Столькі ж капачоў збіраліся завербаваць і вясною 1668 года [2, s. 237, 245, 248, 282, 334; 41, s. 174]. Такім чынам, максімальнай нагрузкай для горада было ўтрыманне і забеспячэнне 50 капачоў, аднак у найбольш цяжкія часы за кошт пазык ці ўвядзення дадатковых падаткаў іх колькасць павялічвалася да 100 чалавек.

У складаных умовах, калі пачалася вайна з Масквой, для паскарэння ўзвядзення ўмацаванняў са згоды мяшчанства магістрат некалькі разоў уводзіў абавязак для ўсіх мяшчан ўдзельнічаць у будаўнічых працах: першы раз - восенню 1655 года, другі раз - летам-восенню 1656 года. Было вырашана выходзіць на працу сотнямі па чарзе. За працай мусілі сачыць гарадскія сотнікі, якім за гэта плацілі. Аднак падобныя "гвалты" былі эфектыўныя толькі кароткі час. У 1655 годзе мяшчане працавалі на валах толькі ў верасні і кастрычніку, а ў пачатку лістапада ўжо было вырашана перайсці да збору грошай на наём капачоў. Некаторыя мяшчане не маглі кінуць свае заняткі і наўпрост ігнаравалі гэты абавязак. Таму быў уведзены штраф у памер 12 грошай за кожны прапушчаны дзень [1, s. 63, 66-67, 72]. Падобная сітуацыя існавала з сячэннем лёду зімой у гарадскіх ірвах, што было абавязкам мяшчан. У снежні 1658 года было вырашана замяніць абавязак выхаду мяшчанаў на грашовы падатак [1, s. 193, 227].

У 1659 годзе Багуслаў Радзівіл прапанаваў павялічыць колькасць работнікаў на гарадскіх валах за кошт сялян, аднак з-за разрабавання і знішчэння воласцяў сялян не сталі прыцягваць на будаўніцтва ўмацаванняў [42, s. 12].

У адрозненні ад гарадскіх умацаванняў на цытадэлі ў асноўным працавалі жаўнеры слуцкага гарнізона. З ліста Клакоцкага вядома, што ў 1663 годзе ў ёй працавала 100 жаўнера [39, s. 15]. Гэтаксама зімой жаўнеры былі абавязаныя секчы лёд вакол цытадэлі. У найбольш цяжкія для горада часы жаўнераў таксама накіроўвалі на будаўніцтва гарадскіх фартыфікацый. Напрыклад, у 1655 годзе Вільгельм Патэрсан даў жаўнераў для узвядзення новай грэблі і будаўніцтва ўмацаванняў вакол Новага места, а ў 1656 годзе жаўнеры працавалі на адным з бастыёнаў Старога места [1, s. 5, 26, 62, 78, 112, 193] .

Істотным рэсурсам павялічэння колькасці капачоў былі вязні і арыштанты. У выніку ваенных дзеянняў у Слуцк спарадычна прыводзілі дзесяткі маскоўскіх і казацкіх палонных. Паколькі прывілей выкарыстання вязняў меў ўладальнік горада, то вязняў найчасцей накіроўвалі на будаўніцтва цытадэлі. Улетку 1662 года, калі прыйшоў суровы загад караля аб высылцы маскоўскіх вязняў у Оршу і Менск, "валавая работа", па словах Гурына, амаль стала, бо засталося ўсяго некалькі казацкіх вязняў [43, s. 92; 44, s . 118]. У люты 1664 года Клакоцкі непакоіўся, што не мецьме з кім працягваць будаўніцтва цытадэлі, і прасіў пераслаць у Слуцк некалькі дзесяткаў маскоўскіх вязняў з Копысі, якія там "дарма хлеб елі" [45, s. 29]. А з ліста каменданта Слуцка Аляксандра Шылінга за люты 1664 года вынікае, што вязні і жаўнеры былі асноўнай працоўнай сілай на будаўніцтве цытадэлі [46, s. 9]. На вязняў, аднак, часта скардзіліся, што ад іх мала карысці, бо яны як маглі шукалі магчымасці звольніцца ад працы, а з-за кепскага догляду яшчэ і хварэлі часта [18, s . 41].

Для працы на гарадскіх ўмацаваннях прыцягваліся парушальнікі рознага кшталту гарадскіх парадкаў. Яшчэ раней за азначаны перыяд існавала практыка адпраўляць тых, што не вяртаў пазыку на насыпанне вала, а заробленыя арыштантам грошы ішлі на скасаванне пазыкі. "Валавай работай" караліся таксама рамеснікі, што не выканалі замову, ці парушылі цэхавы статут, а таксама рамеснікі-партачы. Па ўзгадненні з калецкім старастам да працы на валах прыцягвалі жабракоў, якія маглі працаваць. На валы адпраўлялі п'яніц, што да пазна сядзелі ў корчмах, а жанчын лёгкіх паводзінаў прымушалі чэрпаць твань з ірвоў [1, s. 30, 39; 3, с. 31 -32].

Акрамя капачоў на ўзвядзенні фартыфікацый былі задзейнічаны рамеснікі рознага кшталту. З іх бадай што найбольш запатрабаванымі былі цеслі (цесляры). Акрамя таго, што яны ўзводзілі будынкі і розныя абарончыя прыстасаванні (масты, узводы, кабыліны), цеслі таксама выраблялі рыштунак для працы капачоў (рыдлёўкі, тачкі). На чале гарадскіх цесляў стаяў цясельскі стараста, з якім дамаўляся магістрат наконт вядзення тых ці іншых прац, і які адказваў за працу сваіх падначаленых. Вядома, напрыклад, што вясною 1655 года на будаўніцтве новай грэблі працаваў майстар і 5 цесляў, якім дапамагалі 6 парабкаў. Летам 1656 года на будаўніцтве Навамейскай брамы былі задзейнічаны 4 майстры і 4 падзеннікі, а на ўзвядзенні новай дамбы - 4 майстры і 8 парабкаў. Майстру ў залежнасці ад складанасці працы плацілі ад 3 да 5 злотых, простаму цеслю - 3 злотых, а парабку - 2 злотых [1, s. 28, 116, 151]. Апроч гарадскіх цесляў на ўтрыманні князя меўся адзін ці некалькі замкавых цесляў, адзін з якіх ў 1660 годзе збудаваў мост каля цытадэлі [47, s. 130]. У 1664 годзе замкавы цесля за год атрымаў 130 злотых [38, s. 106]. За будаўнічы сезон 1665 года замкавым цеслям, якіх было, відаць, двое, было выплачана 98 злотых. Асобна была аплочана праца "новага" цеслі Дзмітра, які атрымаў 46 злотых [30, s. 3, 6]. Адрознай ад цесляў справай займаліся пільнікі, якія рыхтавалі тарчыцы (дошкі) на розныя патрэбы, у тым ліку на рыштаванні для насыпання валоў. Напрыклад, у лютым 1656 года магістрат дамовіўся з пільнікам Яськам на выраб 3 коп (180 штук) тарчыц [1, s. 92, 192].

З мулярамі ў Слуцку ў адрозненні ад цесляў былі праблемы. У амаль цалкам драўляным горадзе хапала ганчароў, якія выкладвалі печаў у дамах. Аднак у Слуцку меўся шэраг збудаваных з цэглы і важных для абароны будынкаў, як напрыклад тры брамы ў старамейскім вале ці парахавы магазін у цытадэлі, якія трэба было даглядаць. Таму службоўцам Багуслава Радзівіла даводзілася шукаць і запрашаць муляроў. Напрыклад, у 1663 годзе згадваецца муляр з Галоўчына, які выкладваў печы і коміны ў новым палацы князя, і якога Гурын імкнуўся затрымаць у Слуцку [48, s. 59; 49, s. 206-207]. Напэўна, той жа муляр займаўся направаю Астроўскай і Ільінскай мураваных брамаў летам 1663 года [2, s. 310, 316].

Рознага кшталту жалезныя дэталі для будынкаў і рыштунку выраблялі і напраўлялі кавалі і слесары. У рахунках за 1664 год адзначаецца, што на ўтрыманні князя меўся замкавы слесар, якому было выплачана 120 злотых за год [38, s. 106]. Улетку 1659 года пад час устаноўкі абарончых прыстасаванняў на ставе між цытадэллю і Вілім-шанцам мейская рада прыцягвала да працы таксама рыбакоў [1, s. 207].

У дапамогу людзям на будаўніцтве фартыфікацый меліся коні, якіх найчасцей выкарыстоўвалі для перавозкі будаўнічы матэрыял. Зімою коньмі таксама аралі лёд у ірвах. На будоўлі цытадэлі выкарыстоўваліся замкавыя коні, а горад утрымліваў асобных коней для прац на гарадскіх умацаваннях. Вясною 1655 года магістрат выдзяліў на ўтрыманне коней на чвэрць года 100 злотых, з якіх 34 мусілі пайсці дазорцу за коньмі, 54 - двум парабкам і 10 - на авёс. У наступным годзе горад быў вымушаны купляць новых коней, бо старыя згінулі, аднак, як можна меркаваць з пратаколаў сэсій магістрата, з-за праблем з грашыма праз пэўны час іх прадалі [1, s. 27, 105]. Што тычыцца замкавых коней, дык вядома, што ў 1659 годзе меліся тры "клячы", дзве з якіх былі турэцкімі. У тым жа годзе Клакоцкі прасіў Багуслава Радзівіла прыслаць у Слуцак цуг (пару) моцных паморскіх коней, якіх пазней можна было б разводзіць на месцы. Аднак, князь, відаць, так і не прыслаў "памораў", бо пазней, у 1662 годзе з такой жа просьбай звяртаўся Гурын [50, s. 85 ; 51, s . 138 ].

Падагульняючы пералік і характарыстыку рамеснікаў занятых на будаўніцтве цытадэлі ў сярэдзіне XVII ст. хацелася б прывесці словы Тэафіла Спіноўскага з ягонага ліста да князя, якімі архітэктар абгрунтоўваў свой пераезд з Нясвіжа ў Слуцк у 1658 годзе: "тую ж мадэль можна выдатна прыспасобіць для слуцкай Новай фартэцыі (цытадэлі. - М.В.), і ці ні хутчэй у нас (у Слуцку. - М.В.) стане, чым у Нясвіжы, бо там няма ані работнікаў такога мноста і такіх здольных, ані валмайстра, ані цесля такога здольнага, каб такую пекную работу, якая ў мадэлі паказана, змог выканаць…" [14, s. 1].

Галоўнай прыладай, якой карысталіся капачы, была драўляная рыдлёўка, акаваная ўнізе жалезам [1, s. 127]. Пачынаючы з кастрычніка 1655 года, каб паскорыць працу капачоў, за кошт горада пачалі рабіць драўляныя тачкі. Як можна меркаваць па асобных згадках, кожнаму работніку выдавалася па тачцы, з чаго можна зрабіць выснову, што яны працавалі паасобна, а не ў парах. З часам тачкі псаваліся, і іх даводзілася за кошт горада напраўляць, ці вырабляць новыя. Каб узмацніць адказнасць за рыштунак у 1658 годзе магістрат абавязаў работнікаў прыходзіць на працу са сваім рыштункам ці выкупляць рыштунак, які яны атрымлівалі ад горада. Пры гэтым за тачку прапаноўвался плаціць па 1 злотаму, а за рыдлёўку - па 10 грошаў. Аднак магістрат, верагодна, свядома завысіў кошт на рыштунак, бо, напрыклад, у 1665 годзе за выраб 10 тачак для работ на цытадэлі было выплачана 2 злотых 15 грошаў [1, s . 66, 112, 127, 131, 153, 174; 2, s . 334 ; 30, s . 3 ]. Для ўсцягвання тачак з зямлёю на вал рабіліся драўляныя рыштаванні, для якіх пільнікам замаўляліся тарчыцы даўжынёй 3-4 сажні (5,8-7,8 м). Паводле кантракту, які магістра заключыў з пільнікам Яськай у снежні 1658 года, кошт двух коп (120 штук) тарчыц складаў 20 злотых [1, s . 92, 131, 137, 193, 240; 2, s. 329].

За захаванне рыштунку ў час будаўніцтва адказваў валмайстар, а па заканчэнні прац увосень ён мусіў перадаваць увесь будаўнічы рыштунак на захаванне гарадскім будаўнічым. У выпадку цытадэлі рыштунак, напэўна, перадаваўся цэйгварту і захоўваўся ў цэйхгаўзе. Зімою старыя прылады напраўляліся, а ў выпадку патрэбы вырабляліся новыя [1, s . 78, 127, 190, 210].

Асноўным будаўнічым матэрыялам, які выкарыстоўваўся для фартыфікацыйнага будаўніцтва ў Слуцку ў сяр. XVII ст. была зямля. Таму будаўнічы сезон распачыналі у красавіку - пачатку мая, пасля таго як сыходзіў снег і вясновая вада, якая рабіла глебу празмерна вільготнай. Канкрэтны час пачатку прац залежаў ад зменлівага надвор'я. Напрыклад, у 1655 годзе цытадэль заклалі ўжо 1 красавіка, а гарадскія валы пачалі напраўляць 14 красавіка. У 1656 годзе працы хацелі распачаць у першых тыднях красавіка, аднак яшчэ 20 красавіка з-за дажджоў не маглі да іх прыступіць. У 1657 годзе напраўляць і сыпаць гарадскія фартыфікацыі пачалі 23 красавіка, а ў 1658 годзе - 6 мая. На дату пачатку прац уплываў і фінаснавы фактар. Напрыклад, у 1663 годзе нягледзячы на прапанову войта вывесці капачоў на вал у пачатку красавіка, з-за праблем з грашыма першыя 15 работнікаў пачалі працаваць толькі 10 мая [1, s. 28, 99, 103, 142, 174; 2, s. 301, 304]. Заканчвалі "валавую работу" ў верасні альбо кастрычніку. У прыватнасці сезон працы валмайстра і інжынера слуцкага гарнізона ўключаў шэсць месяцаў: з красавіка па верасень. Ва ўмовах небяспекі ўзводзіць і напраўляць умацаванні маглі нават позняй восенню, зімой і ранняй вясною. Падобная сітуацыя склалася ў Слуцку ў 1655 -1656 і 1659 -1660 гады. Хаця працы ў цяжкіх кліматычных умовах былі малаэфектыўныя і, як скардзіўся магістрат, толькі паглыналі грошы [1, s. 62, 235].

Галоўным абрончым элементам слуцкіх умацаванняў з'яўляўся земляны вал, трываласць якога залежала ад якасці глебы. Таму для ўмацавання вала ў Слуцку шырока ўжываўся гной, які мяшчанам загадвалася звозіць з падворкаў і вуліц у вызначаныя валмайстрам месцы. Звонку для дасягнення неабходнай стромкасці вал абкладваўся дзёрнам, які капачы высякалі за горадам і вазілі на будоўлю [1, s. 22, 27, 113, 120 ; 52, s. 109 ]. Земляны бруствер зверху вала з унутранага боку для неабходнай стромкасці дадаткова апляталі хворастам [1, s. 122]. Берму, альбо лаву звонку ля падножжа валу, а таксама дамбы і грэблі, каб захаваць іх ад размыву вадою, ўмацоўвалі дубовымі каламі і апляталі лазовым хворастам [1, s. 122, 160, 174; 2, s. 315].

Нягледзячы на спробы ўмацаваць земляны вал яго ўсё адно год ад года даводзілася рамантаваць. Земляныя і драўляныя канструкцыі былі вельмі нетрывалыя: валы аплывалі ад дажджоў, брустверы абвальваліся, ірвы зарасталі, а палісады перад валамі гнілі. У красавіку 1658 года магістрат канстатаваў, што леташняя праца на гарадскіх фартыфікацыях "на нішто пайшла" з-за дажджоў і яе давядзецца аднаўляць цягам гэтага лета [1, s. 173]. Пастаянныя дажджы перашкаджалі працы і восенню 1662 года, калі "усё што рабілі з-за вялікай вільготнасць асядала". Цягам 1668 -1669 гадоў, па словах Крыштафа Вінклера, "валовая работа" ўвогуле з-за пастаяннай непагоды "толькі са стратай грошай ідзе" [53, s. 20 ; 54, s . 59 ].

Дрэва для будаўніцтва рыхтавалі і звозілі, як правіла, зімою, калі спынялася праца на валах і дзякуючы снегу і маразам усталёўвалася "добрая зімовая" дарога. Для нарыхтоўкі дрэва альбо высылалі групу цесляў, якія за адпаведную плату высякалі і сплаўлялі яго да Слуцка, альбо закупалі дрэва ў мяшчан і сялян. Па коштах на лета 1659 года адна дубовая паля для палісада, што ставілі вакол валоў, каштавала 5 грошаў. На штакет, ці паркан, які ставілі на грэблі і валах ішлі альховыя палі даўжынёй 2 сажані (3,9 м). Даўжэйшыя пяцісажнёвыя (9,7 м) палі ў 1660 годзе закупалі для таго, каб перагарадзіць стаў на Случы. Акрамя паляў, брусоў і тарчыц зімою стараліся назапасіць хворасту, які ішоў на аплятанне бруствераў і рвоў, а таксама на пляценне кашоў-габіёнаў, што расстаўляліся на валах [1, s . 206, 233-234].

Як адзначалася вышэй, традыцыі муравага будаўніцтва на Случчыне былі слабымі, аднак цэглу і вапну, прынамсі для печаў, у княстве выраблялі. Яшчэ раней, у 1629 годзе, у розных валасцях княства працавалі тры цагельні і адна вапельня [ 55 ]. Як пісаў Гурын у 1661 годзе, не было праблемы з вырабам цэглы для адбудовы разбуранай у час вайны царквы Трайчанскай манастыра, былі б толькі грошы [ 56 , s. 231 ]. Таму, не выклікае сумневу, што цэглу і вапну для будаўніцтва мураванага парахавога магазіну ў цытадэлі, а таксама для направы мураваных брам пры Багуславе Радзівіле рабілі на Случчыне.

У канцы хацелася б падкрэсліць, што выпадак Слуцка для даследвання фартыфікацыйнага будаўніцтва ў Вялікім Княстве Літоўскім у XVII ст. сапраўдны унікальны. Грунтоўная база з пісьмовых і іканаграфічных крыніц робіць магчымай вельмі дакладную і падрабязную рэканструкцыю арганізацыі будаўнічых прац на ўмацаваннях Слуцка і іх забеспячэнне людзьмі і матэрыяламі ў другой чвэрці XVII ст. Гэта не толькі пашырае нашыя веда аб тагачаснай фартыфікацыі, аднак і робіць магчымым далейшыя больш глыбокія даследванні ў галіне ўрбаністыкі, гісторыі архітэктуры і горадабудаўніцтва ранняга Новага часу.


Спіс літаратуры

  1. Lietuvos mokslų akademijos biblioteka (далей - LMAB). - F. 9. - Nr. 1873. Пратаколы сэсій слуцкага магістрата (вядомыя таксама як "Лаўда альбо ўхвала пра абарону, парадак і аздобу места Слуцка") з 3 снежня 1654 па 28 снежня 1660 г. (арыгінал); Archiwum Głowne Akt Dawnych (далей - AGAD). Archiwum Radziwiłłów (далей - AR). - Dz. ІI. - Ks. 69/14. Пратаколы сэсій слуцкага магістрата з 3 снежня 1654 па 1 ліпеня 1659 г. (копія XVII ст.); AGAD. - AR. - Dz. XXIII. - T. 134. - Pl. 2. Пратаколы сэсій слуцкага магістрата з 9 мая 1656 па 28 сьнежня 1660 г. (копія XVII ст.); Biblioteka Muzeum im. Ks.Czartoryskich w Krakowie. - Rkps 389. Пратаколы сэсій слуцкага магістрата з 3 снежня 1654 па 28 снежня 1660 г. (копія ХІХ ст.).
  2. AGAD. - AR. - Dz. XXIII. - T. 134. - Pl. 2. - Пратаколы сэсій слуцкага магістрата з 19 снежня 1661 па 2 лютага 1665 г. (копія XVII ст.).
  3. Ткачоў, М.А. Замкі і людзі / М.А. Ткачоў. - Мінск: Навука і тэхніка, 1991. - 182 с.
  4. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. 6. Кн. 1: Пузыны - Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г.П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. - Мн.: БелЭн, 2001. - 591 с.
  5. Нацыялальны гістарычны архіў Беларусі. - Ф. 694. - В. 2. - Спр. 10729. - Прыход грашовых сум і выдаткі Януша Радзівіла.
  6. Lietuvos mokslų akademijos biblioteka. - F. 139. - Nr. 1906, p. 19-19 verso. - А. Каменскі да Я.К. Хадкевіча. A. Kamieński do J.K. Chodkiewicza. 30.07.1618. Цімкавічы.
  7. Волкаў, М.А. Да пытання аб аўтарстве калекцыі малюнкаў сярэдзіны XVII ст. з архіва князёў Радзівілаў / М.А. Волкаў // Беларускі гістарычны часопіс. - № 7. - Мінск. - 2012. - С. 34-38.
  8. Kossarzecki, K. Słuck wobec zagrożenia moskiewskiego i kozackiego podczas wojny z Moskwą w latach 1654-1667 / K. Kossarzecki // Materiały do Historii Wojskowości. - № 2. - Pułtusk. - 2004. S. 93-112.
  9. AGAD. - AR. - Dz. VII. - Nr. 678, s. 15-18. - Інструкцыя Вільгельму Патэрсану, галоўнаму камісару і губэрнатару Слуцкага і Капыльскага княстваў. 8.1.1660.
  10. AGAD. - AR. - Dz. IV. - K. 47, s. 63-73. - Ліст Багуслава Радзівіла да Яна Гроса. 14.7.1657. Каралявец.
  11. AGAD. - AR. - Dz. IV. - K. 48, s. 1-5. - Ліст Багуслава Радзівіла да Яна Гроса. 30.8.1657. Каралявец.
  12. Карлюк, К. Пад штандарам дома Аранскіх. Першае "кавалерыйскае падарожжа" Багуслава Радзівіла (1637-1640 гг.) і яго ўдзел у галандскай аблозе Хюлста 1640 г. / К. Карлюк // ARCHE. - № 6. - Мінск.- 2012. - C. 403-439.
  13. Autobiografia / Bogusław Radziwiłł; wstępem poprzedził i oprac. Tadeusz Wasilewski. - Warszawa: Państ. Instytut Wydawniczy, 1979. - 379 s.
  14. AGAD. - AR. - Dz. V. - Nr. 14914, s. 1-4. - Ліст Тэафіла Спіноўскага да Багуслава Радзівіла. 6.2.1658. Слуцк.
  15. AGAD. - AR. - Dz. ІV. - К. 56, s. 20-21. - Ліст Багуслава Радзівіла да Ўладыслава Гурына. 16.7.1663. Каралявец.
  16. AGAD. - AR. - Dz. V. - Nr. 6865/III, s. 47-52. - Ліст Казіміра Клакоцкага да Багуслава Радзівіла. 8.3.1664. Слуцк.
  17. AGAD. - AR. - Dz. V. - Nr. 17469/I, s. 73-75. - Ліст Крыштафа Вінклера да Багуслава Радзівіла. 3.7.1665. Слуцк.
  18. AGAD. - AR. - Dz. V. - Nr. 17469/II, s. 36-41. - Ліст Крыштафа Вінклера да Багуслава Радзівіла. 6.8.1667. Слуцк.
  19. AGAD. - AR. - Dz. V. - Nr. 17469/II, s. 50-64. - Ліст Крыштафа Вінклера да Багуслава Радзівіла. 4.11.1667. Слуцк.
  20. AGAD. - AR. - Dz. V. - Nr. 5569/I, s. 207-211. - Ліст Уладыслава Гурына да Багуслава Радзівіла. 18.6.1661. Слуцк.
  21. AGAD. - AR. - Dz. V. - Nr. 14914, s. 5-6. - Ліст Тэафіла Спіноўскага да Багуслава Радзівіла. 10.6.1660. Каралявец.
  22. Dybaś, B. Fortece Rzeczypospolitej. Studium z dziejów budowy fortyfikacji stałych w państwie polsko-litewskim w XVII wieku / B. Dybaś. - Toruń: Towarzystwo Naukowe w Toruniu, 1998. - 381 s.
  23. Пярвышын, У. Фартыфікацыі нясвіжскага замка ў канцы XVI-XVIII cтст. / У. Пярвышын // Нясвіжскі палац Радзівілаў: гісторыя, новыя даследаванні. Вопыт стварэння палацавых музейных экспазіцый: матэрыялы 1-й міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, Нясвіж, 20 кастрычніка 2009 года / [рэдкалегія: В. А. Сталярчук (галоўны рэдактар) і інш.]. - Нясвіж: [б. в.], 2010. - C. 115-124.
  24. Dzienniki 1695-1700 / S. Niezabitowski. Opracował, przygotował do druku i wstępem opatrzył A. Sajkowski. - Poznań: Wydaw. Naukowe Uniw., 1998. - 374 s.
  25. AGAD. - AR. - Dz. V. - Nr. 16828, s. 1-3. - Ліст Густава Адольфа дэ ля Вале да Багуслава Радзівіла. 5.3. 1667. Слуцк.
  26. AGAD. - AR. - Dz. V. - Nr. 6865/IV, s. 17-23. - Ліст Казіміра Клакоцкага да Багуслава Радзівіла. 15.1.1666. Слуцк.
  27. AGAD. - AR. - Dz. V. - Nr. 6865/IV, s. 63-64. - Ліст Казіміра Клакоцкага да Багуслава Радзівіла. 3.5.1666. Слуцк.
  28. AGAD. - AR. - Dz. V. - Nr. 6865/IV, s. 77-78. - Ліст Казіміра Клакоцкага да Багуслава Радзівіла. 5.6.1666. Слуцк.
  29. AGAD. - AR. - Dz. V. - Nr. 16828, s. 4-6. - Ліст Густава Адольфа дэ ля Вале да Багуслава Радзівіла. 13.8.1667. Слуцк.
  30. AGAD. - AR. - Dz. VII. - Nr. 679. - Рахункі слуцкага гарнізона за 1665 год.
  31. AGAD. - AR. - Dz. V. - Nr. 17469/II, s. 148-151. - Ліст Крыштафа Вінклера да Багуслава Радзівіла. 22.2.1668. Б.м.
  32. AGAD. - AR. - Dz. VII. - Nr. 680. - Парадак платы слуцкаму гарнізону па рэдукцыі 27 лістапада 1671 года пачынаючы з 1 снежня 1671 года.
  33. AGAD. - AR. - Dz. V. - Nr. 1848/1, s. 241. - Сума выдаткаў на год на слуцкі гарнізон.
  34. AGAD. - AR. - Dz. V. - Nr. 16828, s. 13-15. - Ліст Густава Адольфа дэ ля Вале да Багуслава Радзівіла. 27.7.1669. Слуцк.
  35. AGAD. - AR. - Dz. V. - Nr. 17469/IIІ, s. 54-57. - Ліст Крыштафа Вінклера да Багуслава Радзівіла. Б. д. і м.
  36. AGAD. - AR. - Dz. V. - Nr. 17469/IIІ, s. 68-70. - Ліст Крыштафа Вінклера да Багуслава Радзівіла. 24.8.1669. Слуцк.
  37. Wasilewski, T. Budowa zamku i rezydencji Radziwiłłów w latach 1586-1654 / T. Wasilewski // Podług nieba i zwyczaju polskiego : studia z historii architektury, sztuki i kultury ofiarowane Adamowi Miłobędzkiemu. - Warszawa : Państwowe Wydawn. Nauk., 1988. - S. 263-272.
  38. AGAD. - AR. - Dz. VII. - Nr. 678, s. 105-108. - Рэестр заробкаў і таго, што слуцкаму гарнізону вылачана са скарбу. 12.3.1664.
  39. AGAD. - AR. - Dz. V. - Nr. 6865/IІІ, s. 13-19. - Ліст Казіміра Клакоцкага да Багуслава Радзівіла. 19.1.1664. Слуцк.
  40. AGAD. - AR. - Dz. V. - Nr. 16643, s. 3-6. - Ліст Васіля Тышэвіча і да Багуслава Радзівіла. 25.6.1657. Слуцк.
  41. AGAD. - AR. - Dz. V. - Nr. 17469/IІ, s. 174-176. - Ліст Крыштафа Вінклера да Багуслава Радзівіла. 5.5.1668. Б. м.
  42. AGAD. - AR. - Dz. ІV. - К. 57, s. 10-12. - Ліст Багуслава Радзівіла да Казіміра Клакоцкага і Ўладыслава Гурына. 7.6.1659. Каралявец.
  43. AGAD. - AR. - Dz. V. - Nr. 5569/IІ, s. 89-95. - Ліст Уладыслава Гурына да Багуслава Радзівіла. 27.7.1662. Слуцк.
  44. AGAD. - AR. - Dz. V. - Nr. 5569/IІ, s. 115-119. - Ліст Уладыслава Гурына да Багуслава Радзівіла. 31.8.1662. Слуцк.
  45. AGAD. - AR. - Dz. V. - Nr. 6865/IІІ, s. 29-32. - Ліст Казіміра Клакоцкага да Багуслава Радзівіла. 9.2.1664. Слуцк.
  46. AGAD. - AR. - Dz. V. - Nr. 14021, s. 9-10. - Ліст Аляксандра Шылінга да Багуслава Радзівіла. 18.7.1664. Слуцк.
  47. AGAD. - AR. - Dz. V. - Nr. 5569/І, s. 129-130. - Ліст Уладыслава Гурына да Багуслава Радзівіла. 11.11.1660. Слуцк.
  48. AGAD. - AR. - Dz. ІV. - К. 55, s. 59-60. - Ліст Багуслава Радзівіла да Ўладыслава Гурына. 2.4.1663. Каралявец.
  49. AGAD. - AR. - Dz. V. - Nr. 5569/IІ, s. 205-207. - Ліст Уладыслава Гурына да Багуслава Радзівіла. 16.3.1663. Слуцк.
  50. AGAD. - AR. - Dz. V. - Nr. 6865/І, s. 85-86. - Ліст Казіміра Клакоцкага да Багуслава Радзівіла. 8.5.1659. Слуцк.
  51. AGAD. - AR. - Dz. V. - Nr. 5569/IІ, s. 135-140. - Ліст Уладыслава Гурына да Багуслава Радзівіла. 28.10.1662. Слуцк.
  52. AGAD. - AR. - Dz. V. - Nr. 6865/IІ, s. 109-112. - Ліст Казіміра Клакоцкага да Багуслава Радзівіла. 3.6.1663. Слуцк.
  53. AGAD. - AR. - Dz. V. - Nr. 17469/I, s. 20-22. - Ліст Крыштафа Вінклера да Багуслава Радзівіла. 20.9.1662. Слуцк.
  54. AGAD. - AR. - Dz. V. - Nr. 17469/III, s. 58-61. - Ліст Крыштафа Вінклера да Багуслава Радзівіла. 3.8.1669. Слуцк.
  55. Lietuvos valstybės istorijos archyvas. - F. 1280. - A. 1. - B. 2057. - P. 1-2 verso. - Рэестр княжацкіх цагельняў і вапельні ў Случчыне у 1629 годзе.
  56. AGAD. - AR. - Dz. V. - Nr. 5569/І, s. 227-237. - Ліст Уладыслава Гурына да Багуслава Радзівіла. 20.8.1661. Слуцк.
 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX