Папярэдняя старонка: Волкаў Мікола

Аб некаторых аспектах архітэктуры Старога замка ў Горадні часоў Стэфана Баторыя 


Аўтар: Волкаў М.,
Дадана: 20-07-2014,
Крыніца: Волкаў, М. Аб некаторых аспектах архітэктуры Старога замка ў Горадні часоў Стэфана Баторыя // Краязнаўчыя запіскі. Выпуск 9. Гродна, 2013. С. 16-19.

Спампаваць




Перабудова Старога замка ў Горадні ініцыяваная Стэфанам Баторыям ў апошняй чвэрці XVI ст. стала адным з найбольш значных этапаў у яго гісторыі. Сярэднявечны абарончы замак збудаванымі пры Вітаўце саступіў месца шыкоўнай рэнесанснай рэзідэнцыі, ад якой да цяперашняга часу ў перабудаваным стане захаваўся палац. У гэтым невялікім артыкуле мы звернем увагу на некаторыя аспекты архітэктуры рэзідэнцыі С. Баторыя.

Перш чым перайсці да характарыстыкі рэнесанснай рэзідэнцыі варта коратка спыніцца на апісанні сярэднявечнага замка. Гэта дазволіць зразумець характар зменаў, што адбыліся з замкам у апошняй чвэрці XVI ст. Ад сярэднявечнага замка да трэцяй чвэрці XVI ст., як можна меркаваць па гравюры М. Цюнта 1568 г. і інвентары 1578 г. [1], захаваліся вежа з боку горада, круглая вежа-бергфрыд, рэшткі якой, верагодна, трэба шукаць на месцы сучаснай брамы, вежа-брама, якую, як нам падаецца, трэба атаясамліваць з рэшткамі вежы над Нёманам, і т.зв. вежа "ад Нёмана", якую, на нашу думку, трэба атаясамліваць з вежападобным будынкам, што стаяў на т.зв. "каземаце", ці падвале часоў Вітаўта. Сцяна на захад за вежай "ад Нёманам" да гэтага часу разбурылася ці была разабрана з-за падмыву замкавай гары плынню ракі [2].

Прычына занядбання ўмацаванняў замка палягала ў аддаленасці Горадні ад галоўных тэатраў ваенных дзеянняў Вялікага Княства Літоўскага. Замак, што будаваўся для абароны ад крыжацкай агрэсіі, фактычна страціў сваё значэнне пасля разгрому Нямецкага ордэна ў Вялікай (1409-1411 гг.) і Трынаццацігадовай войнах (1454-1466 гг.) і уключэння Прусіі ў сферу ўплыву Польшчы. Менавіта таму мы не знаходзім Гарадзенскі замак у спісе умацаванняў, што цягам 1551-1565 гг. забяспечваліся зброяй з віленскага арсенала [3]. Інакш кажучы, у Горадню, што ў гэты час не адыгрывала істотнай ролі ў сістэме абароны ВКЛ, не была выслана ніводная гармата, гакаўніца ці ручніца.

На месцы сярэднявечнага замка пры С. Баторыі была ўзведзена ўжо не абарончая, а "адкрытая" рэзідэнцыя. Як можна меркаваць па плане 1655 г., на заходнім рагу замкавай гары так і не была адноўлена абарончая сцяна [4]. У сваю чаргу інвентар 1653 г. не згадвае аб баявых галерэях па перыметры абарончай сцяны замка, апроч перабудаванай галерэі, што вяла ад палаца да брамы і лазні [5]. Аднак гэтая галерэя выкарыстоўвалася не для абароны, а для камунікацыі між згаданымі будынкамі. Пры гэтым варта адзначыць, што новая рэнесансная рэзідэнцыя атрымала шэраг элементаў абарончага ўмацавання: брама з пад'ёмным мастом. Аднак аабарончасць рэнесанснага замка ў Горадні была ўяўнай і адпавядала архітэктурна-мастацкай канцэпцыі тагачасных рэзідэнцый. Адасобленасць замка-рэзідэнцыі ад горада, якая ўзмацнялася наяўнасцю рова, пад'ёмнага моста і брамы сімвалізавала сацыяльную дыстанцыю паміж суверэнам і падданымі, што было характэрна для саслоўнага грамадства [6]. Такім чынам, замак С. Баторыя не быў абарончым аб'ектам здольным супрацьстаяць моцнай палявой арміі. Выкарыстоўваць для абароны яго можна было хіба ў выпадку лакальных канфліктаў і закалотаў. Абарончы патэнцыял замка быў вернуты ў час вайны 1654-1667 гг., калі Горадню заняло маскоўскае войска. Шляхам узвядзення дадатковых драўляных умацаванняў замак быў ператвораны акупацыйным войскам у цытадэль, што панавала над горадам [7].

Паводле інвентара 1653 г. ў замку не было цэйхгаўза, ці арсенала, а ўзбраення і рыштунку для вядзення доўгачасовай абароны. У інвентары згадваецца пра 6 вялікіх гармат і больш за 900 мушкетаў, аднак гэта вельмі нетыповы для тагачаснай фартэцыі набор зброі. У Гарадзенскім замку не было, напрыклад, ніводнай гакаўніцы, што прызначаліся найперш для абароны ўмацаванняў [8]. Таму, на нашу думку, ўзбраенне, пра якое згадвае інвентар 1653 г. прызначалася для забеспячэння палявога войска. У сваю чаргу перабудаваны Гарадзенскі замак з канца XVI ст. выкарыстоўваўся як база для забеспячэння ўзбраеннем наёмнага войска, што вербавалася ў землях ВКЛ ці ў сумежных рэгіёнах Прусіі і Польшчы.

Пры перабудове Гарадзенскага замка пад "адкрытую" рэзідэнцыю архітэктар здолеў выкарыстаць значную частку збудаванняў папярэдняга абарончага комплекса, што тлумачылася найперш імкненнем да эканоміі рэсурсаў. Была перабудавана і цалкам змяніла свае функцыі вежы-брамы сярэднявечнага замка. На другім паверсе гэтай вежы была зроблена лазня, а на трэцім - алебастравая (пазней мармуровая) зала. Для зручнасці камунікацыі між паверхамі да вежы з усходу была прыбудавана квадратная ў плане лесвічная клетка, падмурак якой быў выяўлены ў міжваенны перыяд. На гравюры Т. Макоўскага пачатку XVII ст. бачна, што вежа на "каземаце", або вежападобны палац гатычнага замка быў перабудаваны ў рэнесансным стылі і ўключаны ў склад новага рэзідэнцыянальнага комплекса. Аднак да сярэдзіны XVII ст. гэты будынак не датрываў і з-за падмыву замкавай гары Нёманам быў разабраны, аб чым згадваецца ў інвентары 1653 г. [9] Па пісьмовых і іканаграфічных крыніцах увогуле добра бачна, як рака паступова знішчала замак: да сярэдзіны XVI ст. абвалілася сцяна на заходнім рагу замкавага дзядзінца, у першай палове XVII ст. знікла вежа на "каземаце", у другой палове XVII ст. была разабрана частка сцяна далей на ўсход, а ўжо ў ХІХ ст. абрынулася вежа-брама гатычнага замка.

Побач з вежай на "каземаце", ці палацам гатычнага замка ў апошняй чвэрці XVI ст. быў збудаваны даволі абшырны аднапавярховы будынак. Большасць даследчыкаў лічылі, што гэты будынак быў узведзены ў другой палове XVII ст. для размяшчэння пасольскай ізбы сойма [10], аднак, на нашу думку, яго будаўніцтва варта адносіць, менавіта, да часу будаўніцтва рэзідэнцыі С. Баторыя. Па-першай, вільчык даху гэтага будынка бачны на гравюры Т. Макоўскага. Па-другое, ён выразна бачны на плане 1655 г. І ўрэшце, па-трэцяе, датаванне яго падмуркаў даволі спрэчнае, а, напрыклад, М. Варонін датаваў іх даволі шырока XVI-XVII стст. [11]

Баявая галерэя на паўднёвым адцінку абарончай сцяны замка Вітаўта была перабудавана пад калідор для камунікацыі паміж будынкамі новага рэзідэнцыянальнага комплекса. Яна злучыла рэнесансны палац з новай вежай-брамай, узведзенай, верагодна, на месцы гатычнага бергфрыда. Далей галерэя ішла да лазні ў колішняй браме гатынага замка, а за ёй - да вежай на "каземаце". Аб спосабе перабудовы гэтай галерэі можна меркаваць на падставе параўнання яе выявы на гравюрах М. Цюнта і Т Макоўскага. Баявая галерэя замка Вітаўта мела зубцы, у сярэдзіне якіх, па ўсё верагоднасці, былі вузкія шчыліны, што выкарыстоўваліся для назірання. У сваю чаргу для стральбы з лукаў і арбалетаў выкарыстоўваліся шырокія байніцы між зубцамі. Падобная баявая галерэя з зубцы са шчылінамі ўнутры мелася, напрыклад, на сценах Віцебскага замка, збудавана пры Альгердзе. У час перабудовы Гарадзенскага замка ў апошняй чвэрці XVI ст. на месцы шырокіх байніц між зубцамі і назіральных шчылін у зубцах былі выкладзены прыкладна аднолькавыя байніцы. Таму на гравюры М. Цюнта на сцяне справа ад вежы-брамы бачны 6 байніц між зубцамі, злева - 4, а на гравюры Т. Макоўскага справа ад перабудаванай пад лазню колішняй вежы-брамы бачны ўжо 12 вузкіх байніц, а злева - 9. Падобным чынам, па ўсёй верагоднасці, была перабудавана і баявая галерэя ў Лідскім замку.

Такім чынам, рэзідэнцыя С. Баторыя збудаваная на месцы сярэднявечнага абарончага замка ўжо не насіла абарончы характар, хаця і выкарыстоўвалася для захавання ўзбраення для палявога войска. Наяўнасць некаторых абарончых элементаў у яе архітэктуры стварала ілюзію абарончасці, што было характэрным для рэзідэнцый таго часу. Пры гэтым новую рэзідэнцыю не сталі будаваць па ўсім перыметры былога гатычнага замка, а будынкі абарончага і жылога прызначэння сярэднявечнага замка, акрамя хіба вежы-бергфрыда, былі перабудаваны і ўключаны ў склад новай рэнесанснай рэзідэнцыі.



[1] VERA DESIGNATIO VRBIS IN LITTAVIA GRODNÆ. M. Zündt, J. Adelhauser. Nürnberg, 1568; Jodkowski, J. Grodno. - Wilno, 1923. - S. 56-57.

[2] Цалкам нашая бачанне сярэднявечнага замка будзе выкладзена ў артыкуле "Архітэктура замка Вітаўта ў Горадні", які неўзабаве будзе надрукаваны ў "Беларускім гістарычным часопісе".

[3] Nowak, T. Sprzęt artylerii polskiej XVI wieku w świetle inwentarza z lat 1551-1565 // Studia i materiały do historii wojskowości. - 1963. - T. 9, cz.2. - S. 281-302.

[4] План Горадні 1655 г. Krigsarkivet. Stockholm. Sveriges krig 5:35.

[5] Инвентарная опись Гродненского королевского замка. 1653 // Писцовая книга Гродненской экономии с прибавлениями, изданная Виленскою комиссиею для разбора древних актов. Часть 2. - Вильна, 1882. - С. 8-9.

[6] Schütte, U. Zur fiktiven und realen Wehrhaftigkeit hessisch-thüringischer Schloßbauten zwischen 1550 und 1750 / U. Schütte // Früheneuzeitliche Hofkultur in Hessen und Thüringen. - Erlangen : Palm & Enke, 1993. - S. 46-47.

[7] Ткачоў, М.А. Абарончыя збудаваннi заходнiх зямель Беларусi XIII―XVIII стст. - Мінск, 1978. - С. 55.

[8] Инвентарная опись Гродненского королевского замка. 1653 // Писцовая книга Гродненской экономии с прибавлениями, изданная Виленскою комиссиею для разбора древних актов. Часть 2. - Вильна, 1882. - С. 12.

[9] Там жа. - С. 4.

[10] Wojciechowski, J. Stary zamek w Grodne. - Warszawa, 1938. - S. 47, 61. Трусаў, А.А., Собаль, В.Е., Здановіч, Н.I. Стары замак у Гродне XI-XVIII стст.: Гіст.-археал. нарыс. - Мінск, 1993. - С. 28; Lileyko, J. Przebudowa Starego Zamku w Grodnie na cele sejmowe w latach 1673-1678 // Kultura artystyczna Wielkiego Księstwa Litewskiego w epoce baroku. - Warszawa, 1995. - S. 140.

[11] Воронин, Н.Н. Древнее Гродно (По материалам археологических раскопок 1932-1949 гг.). - Москва, 1954. - С. 18

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX