Вярнуцца: Волкаў Мікола

Беларусь у Вялікай Паўночнай вайне (1700–1721 гг.)


Аўтар: Волкаў Мікола,
Дадана: 02-11-2017,
Крыніца: Волкаў М. Беларусь у Вялікай Паўночнай вайне (1700–1721 гг.) // Беларускі гістарычны часопіс. 2017. № 8. С. 8–18.

Спампаваць




Беларусь у Вялікай Паўночнай вайне (1700-1721 гг.) [1]

Галоўнымі дзеючымі сіламі Вялікай Паўночнай вайны былі Швецыя і Расія, якія з 1700 па 1721 г. зацята змагаліся за дамінаванне ў Паўночна-Усходняй Еўропе. Пры гэтым адной з галоўных арэн жорсткага ваеннага супрацьстаяння сталі беларускія землі. У выніку яны зазналі значныя чалавечыя і матэрыяльныя страты, а сама гэтая вайна сталася адной з найбольш трагічных ў гісторыі Беларусі. Аднак у айчыннай гістарыяграфіі да цяперашняга часу не выпрацавана ўласнага бачання гэтай падзеі і яе наступстваў для лёсу беларускага народу.

Прычыны і пачатак вайны

У другой палове XVII ст. у Балтыйскім рэгіёне ў ваенным плане дамінавала Швецыя. Аднак напрыканцы стагоддзя склалася сітуацыя, якая падштурхнула суседзяў гэтага скандынаўскага каралеўства паспрабаваць узяць рэванш за ранейшыя паразы і пашырыць свае тэрыторыі за яго кошт. У 1697 г. памёр шведскі кароль Карл ХІ, а на пасад узышоў пятнаццацігадовы Карл ХІІ. Юнацкі ўзрост манарха стварыў ілюзію, што Швецыя не здолее адбіць напад з боку кааліцыі моцных рэгіянальных дзяржаў. Найбольш перадзелу сфер уплыву на Балтыцы прагнулі Расія, Саксонія і Данія, якія аб'ядналіся ў т. зв. Паўночны саюз і пазней пачалі супраць Швецыі вайну.

Стварэнне антышведскай кааліцыі пачалося з сустрэчы расійскага цара Пятра І з саксонскім курфюрстам у Раве ў 1698 г. У наступным годзе саюз Расіі і Саксоніі быў аформлены, а неўзабаве да яго далучылася Данія. Расійскі цар марыў атрымаць выхад да Балтыйскага мора шляхам захопу Інгрыі і Эстоніі. Гэта адкрыла б для яго магчымасць стварыць свой флот на Балтыцы і ўсталяваць непасрэдныя сувязі з краінамі Заходняй Еўропы, што было надзвычай важна для рэфармавання расійскай дзяржавы на еўрапейскі лад, да чаго імкнуўся Пётр І. Такім чынам, перамога над Швецыяй стала справай жыцця маладога расійскага манарха.

Уласныя амбіцыі ў значнай ступені кіравалі саксонскім курфюрстам, які ў 1697 г. быў абраны на трон Рэчы Паспалітай пад імем Аўгуста ІІ. Новаабраны манарх выношваў планы па пераўтварэнні Рэчы Паспалітай у абсалютную манархію па ўзоры іншых еўрапейскіх дзяржаў, у тым ліку роднай Саксоніі. Захопленыя ў Швецыі Інфлянты, пярлінай якіх была Рыга, Аўгуст ІІ планаваў ператварыць у спадчыннае валоданне сваёй дынастыі. Гэта садзейнічала б умацаванню пазіцый караля і яго нашчадкаў у Рэчы Паспалітай, паколькі яе пасад у адрозненне ад большасці тагачасных еўрапейскіх манархій быў не спадчынным, а выбарным. Аднак палітычныя эліты Польскага каралеўства і ВКЛ не выказвалі ніякай зацікаўленасці ў новай рызыкоўнай вайне са Швецыяй, адносіны з якой падчас панавання папярэдніка Аўгуста ІІ караля Яна ІІІ Сабескага значна палепшыліся. У выніку Аўгуст ІІ не атрымаў згоды сойма на ўцягванне Рэчы Паспалітай у вайну. У такіх умовах пачатак ваенных дзеянняў супраць Швецыі быў успрыняты палітычнай элітай дзяржавы як прыватная авантура Аўгуста ІІ як саксонскага курфюрста, а таксама яго саюзніка Пятра І 1.

Першымі баявыя дзеянні супраць Швецыі распачалі Данія і Саксонія. Вясной 1700 г. дацкія войскі ўвайшлі на тэрыторыю паўночнанямецкага герцагства Гольштэйн-Гаторп, якое было ў цесным дынастычным і ваенным саюзе са Швецыяй. Адначасова з гэтым Аўгуст ІІ на чале саксонскага войска ўварваўся на тэрыторыю Інфлянтаў і пачаў аблогу Рыгі. Восенню, пасля заключэння міра з Турцыяй, у вайну ўступіла і Расія, якая сканцэнтравала свае высілкі на аблозе Нарвы.

Аднак рашучыя дзеянні маладога шведскага манарха ў хуткім часе змянілі сітуацыю. Найперш, скарыстаўшыся падтрымкай з боку двух наймацнейшых еўрапейскіх марскіх дзяржаў - Англіі і Галандыі, Карл ХІІ спланаваў дзёрзкую аперацыю з мэтай нанесці ўдар у самае сэрца Дацкага каралеўства. На чале шведскай арміі ён нечакана высадзіўся на востраве Зеландыя і ўзяў у аблогу Капенгаген. У выніку Данія была вымушана пайсці на падпісанне сепаратнага мірнага пагаднення, выйсці з вайны і пакінуць сваіх саюзнікаў сам-насам са Швецыяй. Як адзначыў сам шведскі кароль:

"Я вырашыў ніколі не весці несправядлівай вайны, а толькі справядлівую і заканчваць яе згубай непрыяцеля. Я нападу на першага, хто аб'явіць мне вайну, а калі атрымаю над ім перамогу, гэтым, спадзяюся, застрашу іншых" 2.

Пасля гэтага Карл ХІІ перакінуў морам сваё войска ў Прыбалтыку з мэтай зняць аблогу Нарвы. 30 лістапада 1700 г. шведская армія, у якой налічвалася каля 10 тыс. жаўнераў, у выніку смелай атакі разграміла 33-тысячную расійскую армію, якая трымала ў аблозе Нарву 3. Урэшце, пасля складанай зімоўкі, летам 1701 г. шведы разбілі ўдвая большы саксонска-расійскі корпус у бітве на Дзвіне і знялі аблогу Рыгі. Бліскучыя перамогі засведчылі высокі патэнцыял шведскай арміі, рэфармаванай Карлам ХІ, а, разам з тым, і ваенны талент маладога Карла ХІІ. У выніку спадзяванні саюзнікаў на хуткую перамогу над Швецыяй развеяліся, а вайна набыла зацяжны характар і прынесла значныя страты для краін рэгіёну.

Першыя перамогі дазволілі шведам абараніць свае ўладанні, і перад імі паўстала пытанне аб стратэгіі далейшага вядзення вайны. Некаторыя дарадцы Карла ХІІ лічылі мэты вайны дасягнутымі і прапаноўвалі вярнуцца дадому. Разглядаўся таксама варыянт паходу на Маскву з мэтай канчатковага разгрому Пятра І. Аднак, улічваючы складанасць прасоўвання па слабазаселеных паўночых абласцях Расіі, ажыццявіць гэты план без папярэдняй падрыхтоўкі было цяжка. Больш слушным крокам шведскае камандаванне палічыла інтэрвенцыю ў Рэч Паспалітую з мэтай звяржэння Аўгуста ІІ. Пераўтварэнне Рэчы Паспалітай у саюзніка Швецыі дазволіла б шведскай арміі выкарыстаць яе значныя рэсурсы для вайны з Расіяй.

Прынцыповае значэнне тут мела пазіцыя самога Карла ХІІ. Шведскі кароль прагнуў асабіста разбіць саксонскага курфюрста, да якога ставіўся з вялікім недаверам. Даследчыкі мяркуюць, што пачынаючы з часу ўварвання ў Рэч Паспалітую шведская стратэгія была фактычна ўласнай канструкцыяй маладога караля, якім часта кіравалі асабістыя матывы. Карл ХІІ не жадаў заключаць мір да поўнага паражэння праціўніка. Палявое жыццё і напружанасць было тым, чаго, насамрэч, жадаў кароль 4. Супярэчыць волі Карла ХІІ ва ўмовах склаўшайся ў Швецыі абсалютысцкай палітычнай мадэлі не было магчымасці. У такіх умовах палявая канцылярыя караля фактычна не толькі вызначала стратэгію ваенных дзеянняў, але і кіравала ўсёй дзяржавай. Як і Карл ХІІ, абсалютную ўладу ў войску і ў дзяржаве меў Пётр І, які таксама актыўна ўдзельнічаў у ваенных кампаніях і натхняў сваіх жаўнераў на бітвы. Таму гэтая вайна набыла характар супрацьстаяння двух амбітных манархаў, якія асабіста ўплывалі на ход ваенных дзеянняў.

Напярэдадні Вялікай Паўночнай вайны ў Вялікім Княстве Літоўскім склалася вельмі спецыфічная ўнутрыпалітычная сітуацыя. Яшчэ ў 1680-я гг. небывалай магутнасці дасягнуў род Сапегаў на чале з вялікім гетманам Казімірам Янам і вялікім падскарбіем Бенядзіктам. Маючы ў сваіх руках кантроль над войскам і скарбам, яны фактычна адчувалі сябе гаспадарамі ў краіне, што выклікала незадавальненне іншых магнацкіх груповак. Праціўнікі Сапегаў выступалі ў абарону "залатых шляхецкіх вольнасцяў", таму іх называлі рэспубліканцамі. Найбольш аўтарытэтнымі лідэрамі праціўнікаў Сапегаў былі Рыгор Антоні Агінскі, Міхал Сервацы Вішнявецкі і Караль Станіслаў Радзівіл. У канцы XVII ст. супрацьстаянне Сапегаў і рэспубліканцаў перарасло ва ўзброены канфлікт. Вырашальнай ваеннай сутычкай стала бітва пад Алькенікамі 18 лістапада 1700 г. Такім чынам, напярэдадні ўступлення шведаў у межы ВКЛ краіна знаходзілася ў стане грамадзянскай вайны, а палітычная эліта была расколатая.

Уцягванне Рэчы Паспалітай у вайну

Паколькі напад саксонцаў на Рыгу ў 1700 г. адбыўся з тэрыторыі Рэчы Паспалітай, Карл ХІІ лічыў, што мае поўнае права ўступіць на яе тэрыторыю з мэтай разбіць Аўгуста ІІ. Пры гэтым меркавалася прывесці да ўлады ў Рэчы Паспалітай прыхільнага Швецыі манарха і ўцягнуць яе ў вайну з Расіяй. У такіх абставінах шведы пачалі пошук прыхільнікаў сярод палітычнай эліты краіны. Першымі на іх бок перайшлі Сапегі, якія імкнуліся да рэваншу і аднаўлення сваіх пазіцый у ВКЛ. У сваю чаргу рэспубліканцы згуртаваліся вакол Аўгуста ІІ і пачалі ўскладваць надзеі на ваенную дапамогу Расіі. У выніку для нашых зямель гэтая вайна набыла характар грамадзянскай, а галоўныя праціўнікі: Швецыя, Расія і Саксонія - наўпрост выкарыстоўвалі рэсурсы краіны для дасягнення сваіх ваенна-палітычных мэт.

У лютым 1702 г. 7-тысячная шведская армія з тэрыторыі Інфлянтаў увайшла ў межы Рэчы Паспалітай. У красавіку галоўны корпус на чале з Карлам ХІІ спыніўся ў Гародні, а ў маі адышоў у накірунку Варшавы. Паралельна з ім рухаўся корпус пад кіраўніцтвам Карла Густава Мёрнера, які заняў Вільню і праз Ашмянскі і Наваградскі паветы ў чэрвені выйшаў да Берасця 5. Неўзабаве і гэтае злучэнне пакінула межы ВКЛ. На насельніцтва рэгіёнаў, што знаходзіліся на шляху шведаў, накладвалася кантрыбуцыя на карысць арміі. Улічваючы высокую баяздольнасць шведскай арміі рэспубліканцы не наважваліся выступаць супраць шведаў у адкрытым полі. У гэтых умовах баявыя дзеянні набылі характар партызанскай вайны: ваенныя злучэнні рэспубліканцаў перашкаджалі шведам нарыхтоўваць прыпасы і фураж, а таксама знішчалі невялікія аддзелы шведаў 6. У тым жа 1702 г. на заклік рэспубліканцаў у межы ВКЛ увайшлі казацкія аддзелы Івана Мазепы, які падпарадкоўваўся Пятру І. Яны разагналі прыхільнікаў Сапегаў у Падняпроўі і дапамаглі рэспубліканцам авалодаць моцнай фартэцыяй Сапегаў у Быхаве.

Заняцце Варшавы і перамога над польска-саксонскім войскам у бітве пад Клішавам у ліпені 1702 г. не дапамаглі Карлу ХІІ атрымаць кантроль над Рэччу Паспалітай. Хаця пазіцыі саксонскага курфюрста на пачатку вайны былі хісткія, колькасць яго прыхільнікаў пачала ўзрастаць, калі сталі адчувацца наступствы дзеянняў шведскай арміі на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. У 1702 г. прыхільнікі Аўгуста ІІ утварылі Сандамірскую канфедэрацыю і выказаліся за працяг змагання са шведамі. На працягу 1703-1704 гг. Карл ХІІ "кружыў" па тэрыторыі Польшчы, атрымліваючы адну за адной перамогі над саксонцамі і іх польскімі саюзнікамі. Пры гэтым шведы занялі ключавыя гарады дзяржавы: Варшаву, Кракаў, Торунь, Львоў, Эльблёнг і Познань. Аднак фактычна армія Карла ХІІ "угразла" ў Рэчы Паспалітай, паставіць якую пад поўны кантроль ніяк не ўдавалася. Вайсковыя аддзелы прыхільнікаў Аўгуста ІІ увесь час ухіляліся ад генеральнай бітвы са шведамі, ведучы партызанскую вайну супраць іх. А ў Карла ХІІ не хапала войскаў, каб кантраляваць значныя абшары Рэчы Паспалітай. Не асабліва дапамагло шведам і скліканне ў Варшаве ў 1704 г. канфедэрацыі, якая абвясціла аб дэтранізацыі Аўгуста ІІ і абрала каралём Станіслава Ляшчынскага. У 1705 г. апошні быў каранаваны, аднак не займеў шырокай падтрымкі ўнутры краіны, а яго ўлада трымалася на шведскай зброі.

Пакуль Карл ХІІ ганяўся па Рэчы Паспалітай за Аўгустам ІІ, Пётр І атрымаў час для рэарганізацыі сваёй арміі. Разгром пад Нарвай прадэманстраваў недахопы расійскай арміі, якую малады і энергічны цар цалкам перабудаваў на шведскі ўзор. Баявое хрышчэнне новаарганізаваныя палкі Пятра І атрымалі ў шведскай Інгрыі і Карэліі, дзе ў 1702 г. Расія актывізавала баявыя дзеянні. Карыстаючыся адсутнасцю ўвагі Карла ХІІ да гэтага тэатру ваенных дзеянняў і маючы колькасную перавагу, расіяне да 1704 г. змаглі захапіць ключавыя фартэцыі ў гэтым рэгіёне: Нарву, Нотэбург і Ніеншанц. А ў 1703 г. Пётр І заснаваў на месцы шведскага Ніена Санкт-Пецярбург, які стаў новай сталіцай Расіі, і пачаў будаўніцтва флоту на Балтыйскім моры.

Пасля перамог у Прыбалтыцы расійскі цар вырашыў больш увагі надаць справам Рэчы Паспалітай і аказаць дапамогу свайму саюзніку Аўгусту ІІ. З абраннем Станіслава Ляшчынскага каралём у 1704 г. аб'яднаныя ў Сандамірскай канфедэрацыі прыхільнікі саксонскага курфюрста выступілі за больш цеснае супрацоўніцтва з Расіяй. Неўзабаве 30 жніўня Пётр І падпісаў з Аўгустам ІІ дамову аб сумесных наступальных і абарончых дзеяннях. Згодна з ёй цар абавязваўся ўвесці на тэрыторыю Рэчы Паспалітай 12-тысячную армію, якая павінна была ўтрымлівацца за кошт мясцовага насельніцтва 7. Такім чынам, Расія атрымала права весці ваенныя дзеянні на землях Рэчы Паспалітай і накладаць на яе жыхароў кантрыбуцыі на патрэбы сваёй арміі.

Баявыя дзеянні ў Беларусі ў 1705-1706 гг.

Вясной 1705 г. Пётр І увёў на беларускія землі значную вайсковую групоўку і меркаваў разгарнуць актыўныя баявыя дзеянні на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Першапачаткова армія была сканцэнтравана ў Полацку, але ключавым пунктам расійскай ваеннай стратэгіі ў 1705 г. стала Гародня, дзе ўвосень была засяроджана магутная вайсковая групіроўка пад камандаваннем Геогра Бенядзікта Агільві. У ёй налічвалася 24-26 тыс. жаўнераў і 103 гарматы. Гэта дазволіла перакрыць сувязь арміі Карла ХІІ, якая знаходзілася ў Польшчы, са шведскімі Інфлянтамі і пры неабходнасці давала магчымасць разгарнуць наступальную аперацыю супраць яе. Надзея ўскладвалася на дапамогу саксонскай арміі і вайсковых сіл Сандамірскай канфедэрацыі.

Тым часам шведскі кароль вырашыў апярэдзіць саюзнікаў і паставіў сабе задачу разграміць армію Г. Б. Агільві. Ва ўмовах зімы Карл ХІІ са сваёй арміяй у 20 тыс. жаўнераў хуткім маршам рушыў у бок Гародні, да якой падышоў 25 студзеня 1706 г. Улічваючы колькасную перавагу праціўніка і стомленасць уласнай арміі імклівым пераходам, шведскі кароль не стаў штурмаваць умацаваны расійскі лагер, а заблакіраваў яго, раскінуўшы свае сілы на зімовыя кватэры на ўсход ад горада. У лютым 1706 г. пад Фраўштатам шведскія войскі на чале з Карлам Густавам Рэншэльдам разграмілі злучаны саксонска-расійскі корпус, у выніку чаго надзея на саксонскую дапамогу для арміі Г. Б. Агільві развеялася.

На дапамогу заблакіраванай у Гародні арміі Пётр І паслаў 12 тыс. казакоў Івана Мазепы, якія занялі Менск, Слуцк, Нясвіж і Ляхавічы. Для супрацьстаяння ім шведы накіравалі шэраг моцных аддзелаў. Мэтай апошніх было таксама здабыванне правіянту для арміі і рабаванне зямель праціўнікаў Станіслава Ляшчынскага. Такі падыход у час вайны лічыўся вельмі дзейсным для аслаблення і падпарадкавання палітычных апанентаў. Адным з галоўных прыхільнікаў Аўгуста ІІ у ВКЛ быў тагачасны нясвіжскі ардынат Караль Станіслаў Радзівіл, таму яго маёнткі чакаў незайздросны лёс. У сярэдзіне сакавіка 1706 г. у накірунку Нясвіжа быў высланы атрад на чале з падпалкоўнікам Ёганам Рэйнгальдам фон Траўтфетэрам. Ён павінен быў выбіць 1,5-2 тыс. казакоў на чале са старадубскім палкоўнікам Міхайлам Міклашэўскім, якія занялі радзівілаўскую сталіцу. На сваім шляху шведы разбілі атрад казакоў у Міры і 23 сакавіка былі ўжо пад Нясвіжам. Раніцай наступнага дня шведы знянацку напалі і разграмілі казакоў. Падчас бою горад быў часткова спалены. Наступнай мэтай Ё. Р. Траўтфетэра сталі Ляхавічы, куды шведы падышлі 25 сакавіка. Казакі, даведаўшыся аб набліжэнні непрыяцеля, закрыліся ў магутным Ляхавіцкім замку, таму шведам давялося часова адступіць.

Для здабывання замка ў Ляхавічах Карл ХІІ выслаў значныя сілы на чале з палкоўнікам Карлам Густавам Крэйцам, які ў сярэдзіне красавіка прыступіў да аблогі. Адначасова шведы выправілі дробныя атрады для рабавання ваколіц Ляхавічаў і Нясвіжа. Як пісаў тагачасны нясвіжскі адміністратар Ежы Вінцэнты Таўрыловіч, " вораг абкружыў Нясвіж з усіх бакоў". 23 красавіка шведы ўвайшлі ў Нясвіж і сталі патрабаваць ад мясцовага адміністратара і мяшчан, якія закрыліся ў замку, каб тыя выдалі кантрыбуцыю на карысць шведскага войска. Не атрымаўшы жаданай сумы, яны пачалі нішчыць горад. Пасля гэтага былі разрабаваны фальваркі вакол Нясвіжа, у тым ліку летняя рэзідэнцыя Радзівілаў у Альбе. З мяшчан і шляхты, якіх знаходзілі ў горадзе ці ваколіцах, патрабавалі грошы, а некаторых бралі у якасці закладнікаў. 26 красавіка шведы цалкам спалілі радзівілаўскае мястэчка Свержань. Разам з тым некранутымі засталіся драўляныя склады, якія належалі тагачаснаму ўласніку Слуцка Карлу Філіпу Нойбургу. Гэты факт сведчыць пра мэтанакіраванае разбурэнне маёнткаў К. С. Радзівіла, што павінна было прымусіць магната да пакорлівасці. Урэшце 27 красавіка шведы ўвайшлі ў Мір. Мястэчку ўдалося адкупіцца, але мясцовы замак быў на наступны дзень спалены 8.

Тым часам Г. Б. Агільві атрымаў ад Пятра І загад вывесці войскі з Гародні і адарвацца ад шведаў, пазбягаючы генеральнай бітвы. 9 красавіка, калі на Нёмане рушыў лёд, расійскія войскі перайшлі раку і накіраваліся да Берасця, каб адтуль выйсці на Валынь. Уся цяжкая артылерыя была затоплена ў рацэ, а параненыя былі пакінуты ў Тыкоціне, таму рух арміі Г. Б. Агільві быў вельмі хуткі. Імклівы адыход расійскай арміі стаў нечаканасцю для Карла ХІІ, войскі якога з-за разбурэння мастоў на Нёмане здолелі пераправіцца праз раку толькі 14 красавіка. Вясенняя адліга зрабіла пагоню за расіянамі вельмі цяжкай. 28 красавіка шведы дасягнулі Бярозы, дзе разбілі расійскі аддзел, што прыкрываў пераправу праз Ясельду. Далей, уздоўж паўднёвага берагу Ясельды шведы дайшлі да Пінска, у які ўвайшлі 4 мая. На гэтым шляху была блакіравана фартэцыя Жабер, якая належала Вішнявецкім, з гарнізонам у 815 чалавек і артылерыяй у 58 гармат 9. У хуткім часе яна капітулявала і была па загаду Карла ХІІ зруйнавана. У Пінску шведскага караля чакала расчараванне: пабачыўшы вясновы паводак на Прыпяці, ён зразумеў, што пераправіцца і дагнаць Г. Б. Агільві ён не зможа.

На дапамогу Ляхавічам з Менску ў канцы красавіка рушыла расійскае войска на чале з Сямёнам Няплюевым, да якога далучыліся казакі са Слуцка. Агульная колькасць жаўнераў дасягала 5 тыс. К. Г. Крэйц, які трымаў у аблозе Ляхавічы, загадзя атрымаў інфармацыю аб набліжэнні ворага і вырашыў папярэдзіць напад. 30 красавіка шведы атакавалі расійска-казацкае войска пад Клецкам і ўшчэнт разбілі яго. Маючы колькасна меншыя сілы, шведы скарысталіся сваёй улюбёнай тактыкай: яны напалі раптоўна ўранку і заспелі ворага знянацку. Пасля вяртання К. Г. Крэйца пад Ляхавічы і дэманстрацыі захопленых пад Клецкам трафеяў, абаронцы замка ў колькасці 1361 чалавека здаліся. Сярод трафеяў былі 9 гармат, 9 харугваў і 9 штандараў [спасылка: Adlerfeld G. The military history of Charles XII. King of Sweden. Vol. II. London, 1740. S. 227]. Даведаўшыся аб перамозе пад Клецкам, Карл ХІІ 12 мая разам з эскортам у 50 чалавек рушыў з Пінска да К. Г. Крэйца ў Ляхавічы. Ён загадаў разбурыць умацаванні, пры гэтым палац не кранулі, паколькі ён належаў Сапегам, саюзнікам шведаў.

З Ляхавічаў Карл ХІІ з сіламі К. Г. Крэйца рушыў на Нясвіж. 20 мая а другой гадзіне дня шведы падыйшлі да Нясвіжскага замка. Кароль аб'ехаў фартэцыю і накіраваў парламенцёра з патрабаваннем безумоўнай капітуляцыі. У выпадку, калі фартэцыя не капітулюе і будзе здабыта штурмам, Карл ХІІ пагражаў забіць усіх абаронцаў, а замак, горад і кляштары "ператварыць у попел". Фартэцыя здалася і была разбурана. Магчыма, пэўная бескампраміснасць у адносінах да маёнткаў і рэзідэнцый К. С. Радзівіла тлумачыцца злосцю шведскага караля за зрыў яго смелай кампаніі па блакадзе расійскай арміі. Генеральнай бітвы і знішчэння галоўнай арміі непрыяцеля, чаго так прагнуў Карл ХІІ, не адбылося, паход фактычна скончыўся безвынікова, а вайна зацягвалася.

22 мая Карл ХІІ пакінуў Нясвіж і накіраваўся ў Слуцк. Мясцовы гарнізон памерам у 500 чалавек, падпарадкаваны Карлу Філіпу Нойбургу, не аказаў супраціўлення шведам. Кароль загадаў расплавіць лёгкія гарматы, каб імі не маглі скарыстацца расійскія войскі, і на наступны дзень ад'ехаў у Пінск. 2 чэрвеня, дачакаўшыся падзення ўзроўню вады ў Прыпяці, шведы рушылі на Валынь 10.

На Украіне Карл ХІІ вырашыў спыніць пагоню за расійскай арміяй і павярнуў на захад, каб нанесці ўдар па Саксоніі і канчаткова вывесці з вайны Аўгуста ІІ. У выніку ўварвання шведскай арміі ў яго спадчыннае герцагства курфюрст быў вымушаны ўрэшце пайсці на мір. Паводле дамовы, заключанай у верасні 1706 г. у Альтранштаце, Аўгуст ІІ адмовіўся ад кароны Рэчы Паспалітай і выйшаў з саюзаў супраць Швецыі. Разам з тым ён абавязаўся выплаціць велізарную грашовую кантрыбуцыю Карлу ХІІ.

Баявыя дзеянні ў Беларусі у 1708 г.

У Саксоніі шведы прастаялі даволі доўга - да восені 1707 г. Час і грошы, атрыманыя ад Аўгуста ІІ, шведскі кароль пусціў на ўпарадкаванне і павелічэнне сваёй арміі. Урэшце ён палічыў, што гатовы пачаць кампанію супраць Расіі і накіраваў сваю армію на ўсход. Дарадцы прапаноўвалі каралю найперш сканцэнтраваць асноўныя сілы ў Прыбалтыцы, каб вярнуць землі, захопленыя расійскімі войскамі. Аднак Карл ХІІ прагнуў наступлення на Маскву. У гэтым вельмі добра праглядаецца суб'ектыўны ірацыянальны матыў, якім часта кіраваўся шведскі кароль пры планаванні ваенных аперацый 11.

Пасля заняцця шведамі Саксоніі і абвяшчэння Альтранштацкага міру Пётр І застаўся адзіным, хто працягваў змагацца з Карлам ХІІ. Разумеючы, што наступны ўдар будзе нанесены па Расіі, дыпламаты цара пачалі рабіць захады, каб праз вяртанне занятых расіянамі шведскіх тэрыторый у Прыбалтыцы дасягнуць замірэння. Для Пятра І важным было толькі захаваць у сваіх руках Санкт-Пецярбург, аднак Карл ХІІ па-ранейшаму прагнуў генеральнай бітвы і поўнага разгрому расійскіх войскаў, каб яго перамога была абсалютнай.

У гэтых умовах расійскае вайсковае камандаванне пачало распрацоўваць план абароны ад шведаў. У красавіку 1707 г. у Жоўкве на Украіне адбылася нарада на чале з Пятром І. На ёй быў выпрацаваны т. зв. "Жоўкаўскі план", у якім былі сфармуляваны асноўныя прынцыпы вядзення будучай ваеннай кампаніі, якой планавалася надаць цалкам абарончы характар. Пры гэтым расійскае камандаванне лічыла небяспечным правядзенне генеральнай бітвы на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, паколькі ў выпадку няўдачы ўскладнялася магчымасць адступлення і рэарганізацыі арміі. Сваю ролю адыграў і недавер да саюзнікаў у Рэчы Паспалітай і невысокі баявы патэнцыял войскаў Сандамірскай канфедэрацыі. Лініяй абароны супраць шведаў павінен быў стаць Дняпро. Тэрыторыю Рэчы Паспалітай цар планаваў выкарыстаць у якасці буфера для знясільвання арміі Карла ХІІ. На шляху руху шведаў меркавалася забіраць ці знішчаць усе наяўныя ў насельніцтва харчовыя прыпасы і фураж, а іх армію пастаянна турбаваць невялікімі нападамі, не ўступаючы ў генеральную бітву 12. Такім чынам, беларускія землі, праз якія пралягала дарога на Маскву, мусілі быць прынесены ў ахвяру дзеля перамогі над шведамі.

У лістападзе 1707 г. Карл ХІІ з 34-тысячнай арміяй падышоў да Віслы. Ужо на тэрыторыі Польшчы шведы адчулі праблемы з забеспячэннем арміі, паколькі яшчэ летам расійскія войскі сталі метадычна рабаваць польскія землі 13. У сваю чаргу, шведы праводзілі жорсткія рэквізіцыі ў мясцовага насельніцтва, імкнучыся "кампенсаваць" недахопы. У канцы студзеня 1708 г. Карл ХІІ выйшаў да Гародні, якую незадоўга да гэтага пакінуў Пётр І. Чакаючы ўсю армію, шведскі кароль некаторы час прастаяў у разрабаваным і напаўспустошаным горадзе. Неўзабаве ён ізноў рушыў на ўсход, спрабуючы дагнаць цара. Але ва ўмовах лютых маразоў, дайшоўшы да Смаргоні, шведская армія ўрэшце была вымушана спыніцца і стаць на зімовыя кватэры.

Карыстаючыся заняпадам палітычнай улады ў ВКЛ, Пётр І адчуваў сябе поўным гаспадаром на беларускіх землях. Таму нішто не магло стрымаць расійскія войскі, якія пры адступленні праводзілі татальныя рэквізіцыі. Ва ўказе цара пісалася наступнае: "Хлеб стоячий на поле и в гумнах жечь, не жалея, убранный вывозить, при невозможности прятать, мельницы и жеронова закопать в землю, дабы хлеб молоть нечем было, строения и мосты портить, леса зарубать. А ежели кто повезет к неприятелю, хоть и за деньги, будет повешен" 14.

Асаблівая ўвага надавалася маёнткам тых, хто падтрымліваў шведаў. Яны лічыліся варожымі і падлягалі грунтоўнаму спусташэнню. А паколькі да часу наступлення Карла ХІІ ужо значная частка палітычнай эліты ВКЛ перайшла на шведскі бок, такі лёс чакаў многія маёнткі. Варожымі, напрыклад, лічыліся Мір і Нясвіж К. С. Радзівіла, які ў той час ужо прысягнуў на вернасць Станіславу Ляшчынскаму. У гэты час расіяне пачалі масава вывозіць з беларускіх фартэцый узбраенне. Так, імі былі цалкам спустошаны арсеналы Быхава, Глуска, Слуцка і Магілёва.

Вясна і лета 1708 г. выдаліся дажджлівыя, што не спрыяла правядзенню ваенных аперацый. Тым не менш 5 чэрвеня армія Карла ХІІ знялася з зімовых кватэр і рушыла ў наступ у кірунку Смаленска. Тады ж генералу Адаму Людвігу Левенгаўпту, які са значнымі вайсковымі сіламі стаяў у Рызе, быў аддадзены загад рухацца на злучэнне з каралём, каб умацаваць яго армію. Расійская армія стаяла ўздоўж Дняпра ў раёне Оршы, Шклова і Магілёва. Усяго Пётр І здолеў сканцэнтраваць "на беларускім напрамку" больш за 70 тыс. жаўнераў рэгулярнага войска і 10 тыс. казакоў і калмыкаў. Нягледзячы на больш чым двухразовую колькасную перавагу праціўніка Карл ХІІ здолеў смелым ударам узламаць расійскую абарону на Дняпры. 14 ліпеня ў бітве пад Галоўчынам 12-тысячны корпус Карла ХІІ перамог і прымусіў адступіць 38-тысячнае злучэнне расійскіх войскаў 15.

7 ліпеня шведская армія заняла Магілёў, лёс якога вельмі паказальны. З пачаткам вайны значна ўзрос падатковы цяжар на жыхароў горада, да якога дадаваліся кантрыбуцыі на карысць вайсковых частак, што праходзілі праз яго. Асабліва цяжкім быў 1707 г., калі ў рэгіёне былі сканцэнтраваны значныя расійскія вайсковыя сілы. У самім Магілёве вясной на доўгі час спыніўся Аляксандр Меншыкаў, які не хаваў намеру спаліць горад пры набліжэнні шведаў. Аднак праз дарагія падарункі і выплату вялікай кантрыбуцыі на карысць расійскіх войскаў гараджанам удалося яго залагодзіць.

Неўзабаве пасля адыходу расіян горад занялі шведы, якія заставаліся ў ім больш за месяц у чаканні падыходу з Інфлянтаў дапаможнага корпусу А. Л. Левенгаўпта. Магілёў быў буйнейшым гаспадарчым цэнтрам у Падняпроўі, таму побыт у ім дазваляў некаторы час забяспечваць патрэбы арміі. Пры гэтым з мяшчан выцягвалася ўсё, што не выбралі папярэднікі. Урэшце, не дачакаўшыся падыходу падмогі, Карл ХІІ у жніўні рушыў ў бок Мсціслава, прагнучы генеральнай бітвы з арміяй Пятра І. Але расійскія войскі надалей працягвалі ухіляцца ад бітвы. Таму шведскае камандаванне разглядала варыянт вяртання ў Магілёў, каб там дачакацца дапаможнага корпуса. Каб не дапусціць гэтага расіяне прынялі рашэнне спустошыць рэгіён цалкам. 8 верасня Магілёў абкружылі расійскія аддзелы, якія далі гадзіну жыхарам, каб пакінуць горад. Пасля гэтага было разрабавана тое, што мяшчане не змаглі вывезці ці схаваць, і ўрэшце горад запалілі. За некалькі дзён да гэтага такім жа чынам былі спалены Дуброўна і Орша, а крыху пазней Горкі 16.

Землі, па якіх ішлі шведы, былі цалкам спустошаны, што прывяло да праблем з забеспячэннем іх арміі. Таму пасля шэрагу сутычак з расійскімі войскамі, якія занялі абарончыя пазіцыі на мяжы ВКЛ і Расіі і працягвалі ўхіляцца ад буйнамаштабнай бітвы, Карл ХІІ прыняў рашэнне рухацца на ўкраінскія землі. Там з дапамогай новага саюзніка, казацкага гетмана Івана Мазепы, Карл ХІІ спадзяваўся паправіць становішча сваёй арміі. Аднак ён зрабіў памылку, якая паўплывала на лёс усёй кампаніі.

Даведаўшыся аб тым, што корпус А. Л. Левенгаўпта і армія караля працягвалі дзейнічаць асобна, Пётр І вырашыў разбіць дапаможныя сілы. 9 кастрычніка мабільны корпус расійскіх войскаў на чале з самім царом нагнаў А. Л. Левенгаўпта каля вёскі Лясная. Сілы былі прыкладна роўныя: у шведаў было 12 950 чалавек, у расіян - 13 841. Тым не менш на гэты раз расійскія войскі не марудзячы перайшлі ў наступ і прымусілі шведаў заняць абарону. Урэшце А. Л. Левенгаўпт быў вымушаны са значнымі стратамі адступіць, кінуўшы ўвесь абоз. У выніку да Карла ХІІ дайшлі толькі 6 тыс. знясіленых у бітве жаўнераў з падарваным баявым духам, а абоз, на які вельмі разлічваў кароль, быў страчаны цалкам 17. Бітва пад Лясной выразна паказала, што баявыя якасці расійскай арміі значна выраслі. Фактычна яна пераняла і паспяхова выкарыстала шведскую тактыку вядзення бою 18.

Стратэгія знясільвання арміі Карла ХІІ, якая рэалізоўвалася расіянамі на беларускіх землях у 1707-1708 гг., аказалася вельмі эфектыўнай. Баявы дух шведскіх жаўнераў, змучаных доўгай пагоняй за непрыяцелем, істотна знізіўся. Адпачынку і дастатковых прыпасаў шведы на Украіне не знайшлі і былі вымушаны ў паходных умовах перажыць цяжкую зіму. У выніку вясной 1709 г. у арміі Карла ХІІ засталося ўсяго 23 тыс. жаўнераў. Неўзабаве яна трапіла ў стратэгічнае акружэнне і была разбіта пад Палтавай.

Пасля разгрому Карла ХІІ на Украіне сітуацыя ў Рэчы Паспалітай цалкам змянілася. Да ўлады вярнуўся Аўгуст ІІ, а ўся палітычная эліта дэкларавала лаяльнасць расійскаму цару. Пры гэтым войскі Пятра І не спяшаліся пакідаць тэрыторыю Рэчы Паспалітай і, у прыватнасці, беларускія землі. У выніку турэцкага акружэння расійскай арміі на чале з самім Пятром І ля ракі Прут у Малдавіі ў 1711 г., цар быў вымушаны прыняць ўмовы турэцкага султана і, сярод іншага, пагадзіцца на вывад сваіх войскаў з Рэчы Паспалітай. Аднак гэтай умовы ён не выканаў.

У 1715 г. частка магнатаў і шляхты, незадаволеныя спробамі Аўгуста ІІ узмацніць каралеўскую ўладу, утварылі Тарнагродскую канфедэрацыю. Неўзабаве яны звярнулася з просьбай аб дапамозе да Пятра І. У выніку пад ціскам расійскіх войскаў Аўгуст ІІ быў вымушаны пайсці на саступкі. А ў 1717 г. адбыўся т. зв. "Нямы сойм", які прайшоў пад дыктоўку Расіі. Адной з яго пастановаў было абмежаванне колькаснага складу арміі Рэчы Паспалітай да 24 тыс. порцый 19, толькі чвэрць з якіх забяспечвалася са скрабу ВКЛ 20. У рэальнасці, улічваючы спецыфіку ўсёй сістэмы і маніпуляцыю з т. зв. "сляпымі порцыямі", гэта давала магчымасць утрымліваць менш за 16 тыс. жаўнераў 21. Гэтае малое войска абсалютна не адпавядала патрэбам такой вялікай дзяржавы як Рэч Паспалітая, і рабіла яе цалкам безабароннай у геапалітычных гульнях магутных суседзяў.

Мірскае графства ў полымі вайны

Адным з галоўных вынікаў былі працяглымі і мелі значныя маштабы. Адным з галоўных вынікаў Вялікай Паўночнай вайны стала значнае змяншэнне колькасці насельніцтва беларускіх зямель 22. Вывучэнне праблемы дэмаграфічнага крызісу на "вялікім матэрыяле" дапамагае высветліць універсальныя наступствы вайны для грамадства і гаспадаркі, яе ўплыў на дзяржаву. Аднак гэта не дае магчымасці зазірнуць у "малыя гісторыі" і прыватныя трагедыі людзей, якім даводзілася працяглы час жыць у цяжкіх умовах і страху за жыццё. Каб паспрабаваць зразумець стратэгіі паводзінаў людзей ва ўмовах ваеннай штодзённасці, варта засяродзіць увагу на асобным мікрарэгіёне. Вельмі зручным аб'ектам для гэтага з'яўляецца Мірскае графства, на матэрыялах якога выразна бачны характар тагачасных войнаў.

Буйная зямельная латыфундыя з цэнтрам у Міры была створана намаганнямі Юрыя Іллініча ў канцы XV - пачатку XVI ст. 23 У далейшым яна была пераўтворана ў графства і перайшла ў валоданне роду Радзівілаў, якім належала да пачатку ХІХ ст. Межы Мірскага графства на працягу ўсяго часу яго існавання не былі пастаяннымі. У сярэдзіне - другой палове XVII ст. у яго ўваходзілі мястэчкі Мір і Свержань, а таксама фальваркі Мір, ці Замір'е (вёскі Любна, Вялікае Сяло, Залужжа, Залоззе, Ператокі, Сімакава, Беражна і Агароднікі), Тулонка (вёскі Тулонка, Аталезь, Сяменчыцы і Жукаў Барок) і Пясэчнае (вёскі Пясэчнае і Радунь). У канцы XVII ст. да графства быў далучаны Аюцавіцкі фальварак з вёскамі Аюцавічы і Слабодка. Архіўныя гаспадарчыя дакументы дазваляюць рэканструяваць дэмаграфічную сітуацыю ў графстве канцы XVII - пачатку XVIII ст. 24 Вельмі цікавай крыніцай з'яўляецца карэспандэнцыя радзівілаўскіх ураднікаў, якія працягвалі кіраваць маёнткамі ў час вайны. У сваіх лістах яны пакінулі шмат цікавых звестак аб падзеях таго часу 25. Пэўны суб'ектывізм карэспандэнцыі толькі дапамагае лепш зразумець праблемы, якія насамрэч хвалявалі людзей, як яны самі ацэньвалі склаўшуюся сітуацыю. З дапамогай гэтых лістоў мы маем магчымасць пабачыць падзеі часоў Вялікай Паўночнай вайны ў Мірскім графстве вачыма іх сведак.

У пачатку XVIII ст., калі да Мірскага графства быў далучаны Аюцавіцкі фальварак (каля 8 % жыхароў усяго маёнтка) яго насельніцтва дасягнула 9 тыс. чалавек, з якіх 3,6 тыс. жылі ў Міры. Цудоўнае апісанне квітнеючага мястэчка пакінуў П. Талстой, які ў красавіку 1697 г. па дарозе ў Італію завітаў у Мір:

"Город Мир - маетность князя Радивила… подканцлера литовскаго. Тот город земляной, в нем есть церковь униятцкая да костел римской каменные, служат попы белые. В тот город четверы ворота проезжие каменные; в том городе домы мещанские богатые и жидов много. Место не велико, а домов изряднаго строения много…" 26.

Вайна для жыхароў Мірскага графства пачалася фактычна ў 1698 г., калі праз яго тэрыторыю пачалі праходзіць войскі: спачатку саксонская армія Аўгуста ІІ, а пасля харугвы ВКЛ. Так ці інакш людзям даводзілася адкупацца ад пастояў жаўнераў. Але подых сапраўднай вайны жыхары Мірскага графства адчулі ў маі - чэрвені 1702 г., калі ў Наваградскае ваяводства ўвайшло шведскае войска. Уначы шведы "як непрыяцелі" нечакана ўварваліся ў Мір і пабралі ў закладнікі багацейшых мяшчан, у тым ліку адміністратара графства Яна Крыер-Ваеўскага. Іх завялі ў вайсковы лагер і запатрабавалі выдаць гадавы прыбытак з мястэчка і графства. Дамаўляцца са шведамі паехаў Міхал Лышкевіч, які ў сваім лісце апісаў пабачанае:

"Двойчы адмыслова ездзіў у шведскі абоз у Асташын і Палужжа дзеля аховы вёсакПабачыў даволі: як праводзілі з нягневіцкага двара і воласці сена, рознае збожжа, таксама з Карэлічаў і фальваркаў тых маёнткаў, што было забрана... Не было ніводнага чалавека ў Нягневічах і ў Карэлічах. Вокны, дзверы павыбіваныя, рознае начынне на падворку паразбіванае, толькі некаторыя вокны ў вялікім будынку цэлыя засталіся... Вялікую колькасць рознага быдла адусюль да абозу прыведзена. У Карэлічах у двары шмат шкоды нарабілі... Хацеў наведаць мяшчан у шведскім абозе, але пабаяўся, каб не трапіць у іх кампанію. Дамовіліся са шведскім генералам, каб даць з Міра 5 000 бітых талераў, 100 бочак мукі, 100 бочак аўса, 100 вазоў сена, 30 полцаў саланіны, 5 бочак мёду, 2 кусы гарэлкі, масла і сыроў. У Міры, што было дворных, шляхецкіх і сялянскіх коней узята 200... Мусіў саступіць так шмат для аховы падданых. Учарашняе ночы меў быць атрад у Мір, але не было. Спадзяемся, вартуючы на іх кожную ноч, каб не напалі ўначы..." 27

Як бачна, нават пасля выплаты кантрыбуцыі мяшчане не пачувалі сябе ў бяспецы. Але шведы хутка адышлі. На працягу некалькіх наступных гадоў з насельніцтва графства шматразова выбіралі сродкі розныя харугвы войска ВКЛ, а з 1705 г. у адпаведнасці з дамоўленасцю Аўгуста ІІ з Пятром І у дадатак да гэтага пачалі збіраць спецыяльны падатак на ўтрыманне расійскага войска на землях ВКЛ. Як пісаў Я. Крыер-Ваеўскі, " воласць трайной экзекуцыяй мучаюць"28. У такіх умовах было немагчыма сабраць падаткі на карысць уладальніка. Але цяжэйшыя часы былі яшчэ наперадзе.

Зімой 1705-1706 гг. у ВКЛ ізноў увайшла шведская армія. Пасля зрыву плану па блакадзе і разгроме расійскай арміі пад Гародняй, Карл ХІІ вясной 1706 г. правёў паказальную акцыю па рабаванні маёнткаў магнатаў і шляхты, якія займалі антышведскую пазіцыю. Адным з галоўных праціўнікаў шведаў быў К. С. Радзівіл, таму яго землі чакаў незайздросны лёс. Шведы цалкам спустошылі Нясвіжскае княства. Не дапамагло размяшчэнне ў самім Нясвіжы казакоў Івана Мазепы. Апошнія сабралі з княства правіянт, а затым былі разбітыя шведамі, якія прымусілі насельніцтва ізноў выдаць грошы і прадукты на войска. Цалкам быў спалены Свержань, які належаў да Мірскага графства, а сам Мір удалося ўратаваць праз вялікі выкуп. Усё гэта адбывалася ў час сяўбы, і адміністрацыі радзівілаўскіх маёнткаў даводзілася прыкладаць вялікія намаганні, каб засеяць палі. Нясвіжскі адміністратар Ежы Вінцэнты Таўрыловіч пісаў, што "палі ўначы ўпотайкі з вялікай бядой, збіраючы кожнае збожжа па ўсіх пустых фальварках, з ласкі Божай засеяў падчас самага агню" 29. Урэшце шведы зышлі, аднак сабраць ураджай спакойна не давялося. У сярэдзіне жніўня ў радзівілаўскіх маёнтках сталі наведвацца саксонскія аддзелы Аўгуста ІІ. Мірскі адміністратар Ян Казімір Барташэўскі пісаў:

"Прыйшло на Мірскае графства сасаў коней 1 600, а на Карэлічы без Беразаўца коней 500, і ўжо трэці тыдзень стаяць, разлажыўшыся паўсюль на воласці і па зямянах, і загаду рушыць не маюць. Якія паборы па-непрыяцельску бяруць немагчыма апісаць, калі ні ў чым не шкадуючы падданых мучаюць. Што самі хочуць бяруць, збожжа вымалочваюць, жыўнасць тут сабе і ў дарогу, правіянт нарыхтоўваюць, валоў, ялавіц, бараноў б'юць... сялян шмат бяднейшых паўцякала, а багацейшыя цяпер настолькі зрабаваныя, што няма як збіраць дзякла на засеў" 30.

Наступствам спусташэнняў і праходаў значнай колькасці войскаў стала эпідэмія, якая лютавала ў маёнтках Радзівілаў зімой 1706-1707 гг. Каб уратавацца ад хваробаў жыхары імкнуліся да максімальнай ізаляцыі сваіх паселішчаў, альбо ўвогуле кідалі свае дамы і зыходзілі ў лес. Вясной адміністрацыя прыкладвала намаганні, каб сабраць сялян, якія разбегліся па лясах, і адбудаваць іх гаспадарку. Аднак гэтыя намаганні былі змарнаваныя, бо ўжо ў лютым у рэгіёне пачалі дзейнічаць расійскія войскі, якія цягам усяго 1707 г. выбіралі правіянт з радзівілаўскіх маёнткаў. Асабліва цяжкімі былі вясна і восень. Расійскія жаўнеры дзейнічалі даволі жорстка, імкнучыся сабраць усё наяўнае ў маёнтках і ў сялян збожжа і жывёлу. Е. В. Таўрыловіч пісаў: " каб маглі агнём бы ўсё спалілі, жадаючы нічога не пакінуць" 31. Такім чынам рэалізоўваўся Жоўкаўскі план па спусташэнні тэрыторый, якія знаходзіліся на мяркуемым маршруце руху шведскай арміі. Прычынай такіх жорсткіх дзеянняў таксама быў пераход К. C. Радзівіла на шведскі бок пасля падзей 1706 г., пра што хутка даведалася расійскае камандаванне 32. Змяніўшы лагер магнат імкнуўся захаваць свае пазіцыі ў Рэчы Паспалітай і зберагчы свае маёнткі ад празмерных кантрыбуцый на карысць шведаў. Аднак у выніку яны былі дашчэнту зрабаваны расійскімі жаўнерамі і іх саюзнікамі. Расійскія войскі і казакі пустошылі Мірскае графства да пачатку вясны 1708 г.: "тых, хто не мог схавацца, мучалі, білі, пяклі, кожны мусіў пра сваё апошняе дабро распавесці і аддаць" 33.

Неўзабаве па адыходзе расіянаў і казакоў на радзівілаўскія маёнткі напалі атрады Рыгора Антонія Агінскага, аднаго з лідэраў прарасійскай партыі ў ВКЛ. Іх дзеянні былі не менш жорсткімі: "цяжка выказаць, як людзей мардуюць, рабуюць, адбіраюць усё, што могуць знайсці" 34. Некаторыя радзівілаўскія падданыя ішлі ў атрады Р. А. Агінскага, а затым у іх складзе не менш зацята рабавалі мірных жыхароў. Вярбоўка ў жаўнеры была спосабам выжыць, бо са зброяй у руках людзі атрымлівалі магчымасць сілай здабываць сабе харчаванне. Важным тут было і памылковае ўяўленне сялян пра вайсковае жыццё, якое фарміравалі эпізадычныя назіранні падчас войнаў ці жаўнерскіх пастояў: тыя рабавалі і адбіралі ўсё патрэбнае, а значыць самі мусілі не ведаць ніякай нястачы 35.

У хуткім часе аддзелы Р. А. Агінскага былі выбіты з радзівілаўскіх маёнткаў прыхільнікамі шведаў. А за імі неўзабаве прыйшлі і шведскія войскі, якія рушылі на ўсход у пошуках генеральнай бітвы з арміяй Пятра І. На Мірскае графства абрынуліся новыя беды:

"Паўсюль па закутках распусцілі [жаўнераў] , месцамі жыта... быдлам сваім, коньмі патравілі. Лясы запальваюць, каб людзі ў іх не хаваліся. Бортныя дрэвы ссякаюць, шукаючы ў іх складзеныя рэчы. Дзе каго зловяць - б'юць, мучаюць, каб вывеў на табар. Пасекі руйнуюць, пчолы з іх павыдзіралі, а менавіта ў Карэлічах і Налібаках. Ужо голад паміж людзей немалы, паміраюць вельмі густа. Сяляне сабраўшыся разыходзяцца, бо не маюць з чаго жыць. І шведаў забіваюць. Пад самым Свержанем, як вада сышла, шведы знайшлі ўтопленага шведа з вялікім каменем, прывязаным да шыі" 36.

У чэрвені шведы адышлі далей на ўсход, а мясцовым жыхарам апроч пустак пакінулі хваробы. Асабліва ад іх пакутавалі вёскі тулонскага фальварку, у якіх вымерла больш за 150 чалавек. Ледзьве шведы пакінулі радзівілаўскія маёнткі, як у іх уступілі саюзныя ім харугвы войскаў Рэчы Паспалітай, якія ў чарговы раз разагналі падданых. Пры гэтым у Міры дакладна не ведалі аб далейшых планах шведаў і баяліся, што тыя адступяць назад у Саксонію, а за імі прыйдуць расійскія войскі, якія зноў " возьмуць у абарот" радзівілаўскія маёнткі.

У такіх цяжкіх умовах адміністратары радзівілаўскіх маёнткаў, у тым ліку Ян Казімір Барташэўскі, які ў гэты час кіраваў Мірскім графствам, не кідалі сваіх абавязкаў, набывалі ў крэдыт збожжа, па начах збіралі сялян і засейвалі палі. Частку збожжа ўдавалася схаваць у ямах і лясах. Каштоўнасці хавалі і ў шматлікіх ставах каля Міра, аб чым было добра вядома шведам, якія спускалі ставы, шукаючы затопленыя рэчы. У такіх экстрэмальных умовах для хавання збожжа і каштоўных рэчаў выкарыстоўваўся і спалены Мірскі замак. Найбольш прыдатнымі для гэтага былі вялікія падзямеллі пад палацам. Прычым магчымасцю схаваць нешта ў спаленай рэзідэнцыі карысталася не толькі радзівілаўская адміністрацыя, але і мірскія мяшчане.

Адным з першых будынкаў, які загадаў аднавіць Я. К. Барташэўскі пасля адыходу шведаў было мураванае гумно ў мірскім фальварку, што было важна для захавання збожжа. Характэрна, што яго спальвалі двойчы: спачатку шведы ў 1706 г., а пасля расіяне ў 1708 г. Нягледзячы на ўсе высілкі па аднаўленні гаспадаркі, год быў вельмі цяжкі для сялян, і многія з іх не змаглі засеяць свае палеткі. Заканамерным вынікам гэтага стаў неўраджай.

Вясной 1709 г. сяляне ізноў не змаглі спакойна правесці сяўбу і разбегліся, хаваючыся са сваім набыткам ад зборшчыкаў падаткаў. 27 чэрвеня пад Палтавай армія Карла ХІІ была разбіта і стала зразумела, што ў хуткім часе вернуцца расійскія войскі. Яны з'явіліся ўвосень. Прычым з радзівілаўскіх маёнткаў спачатку выбіралі правіянт для аддзелаў генерала Самуэля Рэнцэля, а пасля для чатырох палкоў пад камандаваннем князя Галіцына, якія ішлі на Вільню. Збіранне прадуктаў праходзіла на падставе т. зв. Люблінскага тарыфу і было ўзгоднена з уладамі Рэчы Паспалітай. Аднак вынішчаным папярэднімі кантрыбуцыямі сялянам і мяшчанам ад гэтага было не лягчэй.

"Ад тых палкоў апошняя руіна для сялян, паколькі сена, збожжа з вёсак усё пазабіралі, парабавалі, месцамі свіней, авечак, быдла пахваталі і ў мескіх гумнах ніводнага снапа, а ў дамах зерня не пакінулі. З дапамогай дадзеных князем Галіцыным жаўнераў фальваркі абараніў і шкоды значнай у збожжы не меў. Паслаў у Карэлічы гарнізон для абароны двара і збожжа. Сена цяжка захаваць, калі па вёсках і лугах стагі, набягаючы вялікімі атрадамі з вазамі, пазабіралі" 37.

Як бачна, расійскае камандаванне рабіла спробу надаць збіранню правіянту і фуражу цывілізаваны характар, аднак цалкам кантраляваць дастаткова вялікае войска не атрымлівалася. Зрэшты Я. К. Барташэўскі лічыў, што расійскія камандуючыя толькі рабілі выгляд, што хочуць спыніць рабункі. Да такіх высноваў ён прыйшоў пасля паездкі ў Слуцк да фельдмаршала Барыса Шарамецева:

"Але руская манера хітрая, бо [фельдмаршал] наўмысна з'ехаў на паляванне, якім бавіўся некалькі дзён, а потым выдаў загад да генерала Рэнцэля, каб спусташэння не чыніў, калі ўжо дастаткова ва ўсім сабе рабункаў нарабілі" 38.

На пачатку зімы расійскія войскі ненадоўга пакінулі графства, а Я. К. Барташэўскі сабраў збожжа, якое засталося, і надзейна схаваў, у тым ліку ў падзямеллях замка. Неўзабаве з'явіліся харугвы Рэчы Паспалітай. Тым часам з-за шматлікіх рэквізіцый, змяншэння плошчы пасеваў і неўраджаяў зімой 1709-1710 гг. Мірскае графства апанаваў вялікі голад. Яшчэ больш ускладніла становішча вяртанне расійскіх войскаў у студзені 1710 г.

З пачатку 1710 г. увесь Балтыйскі рэгіён ахапіла жахлівая эпідэмія чумы. Адным з яе ачагоў стаў лагер расійскага войска пад Рыгай. Разам з жаўнерамі Пятра І, якія зыходзілі на зімовыя кватэры ў ВКЛ, захворванні ў хуткім часе захлынулі беларускія землі і ў тым ліку радзівілаўскія маёнткі ў Наваградскім ваяводстве. Аб становішчы Мірскага графства ў красавіку 1710 г. Я. К. Барташэўскі пісаў:

"Хваробы панавалі вельмі вялікія ў гэтыя часы і цяпер тое ж самае. У мястэчку вымерла больш за 100 чалавек, якія ў дамах жывуць. А тутэйшых убогіх жабракоў, якія з розных бакоў прыйшлі, знаходзілі памерлымі з голаду ў печках яўрэйскіх, хрысціянскіх, каля крамаў, каля будынкаў па некалькі дзесяткаў. Іх разам у адной яме закапалі. І цяпер чым далей, тым горш людзі падаюць, тое ж самае па вёсках робіцца. Калі якіх сялян, жанчын, дзяцей знаходзяць памерлымі ў хатах, прызначаным мною [людзям] загадаў закопваць. Таксама разышлося ў жабрацтве мноства, а якія ў дамах дасюль утрымліваюцца, тыя масквою абабраныя" 39.

Эпідэмія не сунімалася ўвесь год. Сяляне зачыняліся ў сваіх вёсках, або кідалі іх і зыходзілі ў лясы. Тое ж зрабіла і значная частка мяшчан, каб уратаваць свае жыцці. Аднак суцішыць хвалю захворванняў не ўдавалася. У канцы кастрычніка Я. К. Барташэўскі пісаў наступнае:

"У Міры багацейшыя мяшчане і яўрэі ў розныя бакі ў лясы павыязджалі, але і там смерць не прабачыць, забірае часта... паспольства з убогіх палічыць цяжка, штодня па некалькі дзесяткаў з мястэчка на той свет адыходзіць, а найперш з-за таго, што прага есці прымушае да хватання адкідаў. У падобным стане знаходзяцца вёскі па гасцінцах. Падбіраннем розных рэчаў пазаражаліся, паміж якімі ў цэлым графстве толькі тры дасюль здаровыя... Вёска Радунь, ад Міра ў паўмілі, найбольшая і найлепшая была па прыбытках, цяпер у ёй усе вымерлі, ледзьве ў цяперашні час колькі людзей відаць. Быдла па палях блукае, заняць цяжка" 40.

Пераадоленню эпідэміі перашкаджалі расійскія войскі, якія стаялі ў Мірскім графстве на кватэрах дзве зімы запар. Жаўнеры разносілі хваробы і праз выбіранне правіянту даводзілі жыхароў да голаду. Радзівілаўскія адміністратары спрабавалі выпрасіць літасці, але пазіцыя расійскіх вайскоўцаў была жорсткай. Сын генерал-фельдмаршала Б. Шарамецева палкоўнік Міхаіл Шарамецеў, які камандаваў расійскімі войскамі, размешчанымі ў радзівілаўскіх маёнтках, на просьбы Я. К. Барташэўскага адказаў наступнае: "я бацьку не слухаю, але гасудара баюся, каб коні былі тоўстыя і людзі, у гэтых мясцінах мушу браць [правіянт] " 41. Пры гэтым расійскія вайскоўцы, каб зберагчы сваіх жаўнераў, дзейнічалі асцярожна і не чапалі хворыя вёскі, а ўвесь свой імпэт накіроўвалі на паселішчы, якія хваробы закранулі слаба. Што цікава, адзін з магазінаў, у які звозіўся правіянт і фураж, расіяне ўладкавалі ў спаленым Мірскім замку. Там жа шмат рэчаў пахаваў Я. К. Барташэўскі, які баяўся, каб хто-небудзь не вывеў жаўнераў на яго схованкі.

Вясной 1711 г. радзівілаўскія маёнткі наведалі рэвізоры ад Наваградскага ваяводства, каб перапісаць колькасць двароў, што засталіся пасля эпідэміі, і вылічыць падатак. Ніякіх палёгкаў пры іх раскладцы рабіць не меркавалася. Гэтаксама як і раней правіянт і фураж з радзівілаўскіх маёнткаў выбірала расійскае войска. Вясной для адпачынку ў іх спынялася ажно пяць палкоў, што ў чарговы раз перашкодзіла правесці сяўбу.

"Ужо над іншыя мінулыя часы [большае] дзеецца вялікае спусташэнне. Коней, валоў, якіх трохі хавалі сяляне, і тых знайшоўшы забралі ў падводы перавозіць жыта са стаўбцоўскіх спіхлераў у Слуцк. А так і цяпер ані падданых, ані здабытку, і араць, баранаваць для засеву цалкам няма чым. Яшчэ б маглі сабрацца сяляне, калі б не цяперашнія экзекутары, якія што сабе пастанавілі, тое абавязкова выбраць хочуць" 42.

Тое ж паўтарылася і ўвосень 1711 г. Аднак да жаўнераў дадаліся яшчэ дзве прыродныя бяды. Першай была саранча, якая знішчыла ўсё збожжа, што ўдалося засеяць і вырасціць, а другой - падзеж быдла, чаго дасюль ніколі не было. У выніку, як пісаў Е. В. Таўрыловіч, у сялян толькі "голад і слёзы засталіся" 43.

Інвентарныя апісанні Мірскага графства даюць магчымасць ацаніць маштабы знішчэнняў. Калі да пачатку вайны ў ім пражывала каля 9 тыс. чалавек, дык у 1712 г. - усяго 5,5 тыс., з якіх 1,3 тыс. - у Міры. Дадзеных па зборы чыншу з Мірскага графства сведчаць аб тым, што найбольш цяжкімі для людзей былі 1709-1711 гг., калі да пабораў на карысць расійскага войска дадалася маштабная эпідэмія. Менавіта ў гэты час смерць забрала жыцці многіх жыхароў графства.

Пасля разгрому шведаў пад Палтавай у 1709 г. баявыя дзеянні на беларускіх землях фактычна не вяліся, а галоўнай прычынай заняпаду было размяшчэнне ў ВКЛ значных расійскіх вайсковых злучэнняў, якія працягвалі збіраць з насельніцтва сродкі на сваё ўтрыманне. З лістоў адміністратараў вядома, што з радзівілаўскіх маёнткаў у Наваградскім ваяводстве правіянт выбіраўся яшчэ ў 1712, 1715-1718 гг. У большасці выпадкаў ён браўся расійскім войскам, але таксама прыходзілі саксонскія аддзелы Аўгуста ІІ і харугвы ВКЛ. Да гэтых бедаў у 1717 г. дадаўся " нечуваны неўраджай". У 1718 г. Е. В. Таўрыловіч пісаў: "Год за годам галодныя часы і непрыяцельскі маскоўскі ўціск значна па вёсках падданых знішчылі" 44. Аб зацяжным эканамічным і дэмаграфічным крызісе сведчыць інвентарнае апісанне Мірскага графства за 1719 г., паводле якога колькасць яго жыхароў засталася на ўзроўні 1712 г.

Высновы

Адным з галоўных вынікаў Вялікай Паўночнай вайны стала далейшае аслабленне Рэчы Паспалітай, якое стварыла перадумовы для яе падзелаў у будучыні. У пачатку XVIII ст. Расія пачала выкарыстоўваць беларускія землі і іх рэсурсы ў сваіх ваенна-палітычных мэтах, а ў канцы стагоддзя яны былі ўжо цалкам уключаны ў яе склад.

Вялікая Паўночная вайна па сваім характары была зусім іншай за папярэднія ваенныя канфлікты. Галоўнай мэтай галоўных варагуючых бакоў, як шведскага, так і расійскага, было збіранне з насельніцтва правіянту і грашовых кантрыбуцый для забеспячэння сваіх армій. Зрэшты, падобным чынам дзейнічалі і вайсковыя аддзелы ВКЛ, якія мелі праблемы з атрыманнем жалавання і фактычна выжывалі за кошт абірання мірнага насельніцтва. Выбіранне ў сялян збожжа і працоўнай жывёлы прыводзіла да поўнага заняпаду іх гаспадаркі. У выніку гэтага шырыўся голад і распаўсюджваліся хваробы, што стала прычынай дэмаграфічнай катастрофы. Такім чынам, беларускія землі былі прынесены ў ахвяру ў супрацьстаянні вялікіх дзяржаў у рэгіёне.

Спасылкі:

1. Kossarzecki K. Wielkie Księstwo Litewskie wobec Ukrainy doby Iwana Mazepy. Próba porównania z okresem hetmaństwa Bohdana Chmielnickiego i Iwana Wyhowskiego // Полтавська битва 1709 року в історичній долі України, Росії, Швеції та інших держав. Харків, 2009. С. 116.

2. Шкваров А. Великая Северная война. Москва, 2015. С. 20.

3. Тамсама. С. 21-24.

4. Артеус Г. Карл XII и его армия // Царь Петр и король Карл. Два правителя и их народы. Москва, 1999. С. 158-163.

5. Віцько Дз. Шведскае наступленне 1702 г. у Вялікім Княстве Літоўскім і спроба рэстаўрацыі Сапегаў // Arche. 2011. № 6. С. 8-62.

6. Донских С. В. Армия Великого княжества Литовского во время Северной войны // Северная война 1700-1721 гг. и исторические судьбы Европы. Могилев, 2008. С. 141.

7. Северная война 1700-1721 гг. К 300-летию Полтавской победы. Сборник документов. Т. I (1700-1709 гг.) / Под ред. Л. Г. Бескровного и Г. А. Куманева. Москва, 2009. с. 215-219.

8. Волкaў М. Нясвіжскі замак у Вялікай Паўночнай вайне // Вялікае Княства Літоўскае: Права. Вайна. Дыпламатыя / Пад рэд. С. Ф. Сокала, А. М. Янушкевіча. Мінск, 2012. С. 223-226.

9. Kagg, L., Lewenhaupt, A. Leonhard Kaggs dagbok 1698-1722. Stockholm, 1912. S. 84-85.

10. Волкaў М. Нясвіжскі замак у Вялікай Паўночнай вайне. С. 225-231.

11. Артеус Г. Карл XII и его армия. С. 159.

12. Kamiński A. Piotr I a wojsko koronne w przededniu szwedzkiego uderzenia // Studia i materiały do historii wojskowości. T. 15. 1969. S. 47-52.

13. Шкваров А. Великая Северная война. С. 65.

14. Тамсама. С. 72.

15. Тамсама. С. 67-70.

16. Агееў А. Р. Магілёўская ратуша і падзеі Паўночнай вайны // Северная война 1700-1721 гг. и исторические судьбы Европы. Могилев, 2008. С. 4-10; Пашкевіч У. І. Адлюстраванне падзей Паўночнай вайны ў актавых кнігах Аршанскага гродскага суда // Северная война 1700-1721 гг. и исторические судьбы Европы. Могилев, 2008. С. 215-216; Шкваров А. Великая Северная война. С. 71.

17. Шкваров А. Великая Северная война. С. 71-75.

18. Артеус Г. Карл XII и его армия. С. 173.

19. Порцыя (пол. porcja) - адзінка налічэння платы для жаўнераў Рэчы Паспалітай.

20. Ciesielski T. Armia koronna w czasach Augusta III. Warszawa, 2009. S. 8, 19-47.

21. Ciesielski T. Militarny aspekt unii personalnej Rzeczypospolitej z Saksonią na tle unii realnej polsko-litewskiej // Праблемы інтэграцыі і інкарпарацыі ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ў перыяд ранняга Новага часу / Рэд. С. Сокал, А. Янушкевіч. Мінск, 2010. С. 395.

22. Morzy J. Kryzys demograficzny na Litwie i Bialorusi: w II polowie XVII wieku. Poznań, 1965.

23. Аляхновіч Р. Уладанні роду Іллінічаў у ВКЛ і іх лёс // Род Іллінічаў у Вялікім Княстве Літоўскім у XV - XVI стагоддзях / Рэд. Р. Аляхновіч, С. Рыбчонак, А. Шаланда. Мір, 2015. С. 187-195.

24. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (далей - НГАБ). Ф. 694. Воп. 2. Спр. 4466; Спр. 10725; Воп. 14. Спр. 64; Ф. 1774. Воп. 1. Спр. 139; AGAD. AR. Dz. V. Nr. 17664; Dz. XXIII. T. 92. Pl. 7; Dz. XXV. Nr. 2443.1. Пры падліках колькасці насельніцтва была выкарыстана методыка Ю. Можы.

25. Archiwum Główne Akt Dawnych (далей - AGAD). Archiwum Radziwiłłów (далей - AR). Dz. V. Nr. 402, 9022, 9133, 16163, 17664.

26. Толстой П. Путешествие стольника П. А. Толстого по Европе (1697-1699). Москва, 1992. С. 20.

27. AGAD. AR. Dz. V. Nr. 9022. S. 9-11.

28. AGAD. AR. Dz. V. Nr. 17664. S. 162.

29. AGAD. AR. Dz. V. Nr. 16163. S. 16-19.

30. AGAD. AR. Dz. V. Nr. 402. S. 12-15.

31. AGAD. AR. Dz. V. Nr. 16163. S. 38-39.

32. Письма и бумаги императора Петра Великого. Т. IV, Примечания. Санкт-Петербург, 1900. С. 960-961.

33. AGAD. AR. Dz. V. Nr. 402. S. 60-63.

34. AGAD. AR. Dz. V. Nr. 16163. S. 57-59.

35. Woźnica K. Famine and poverty in the army during the reign of the House of Vasain the light of reports and diaries // Historia i Świat. 2016. Nr 5. P. 185-186.

36. AGAD. AR. Dz. V. Nr. 402. S. 92-95.

37. AGAD. AR. Dz. V. Nr. 402/II. S. 62-64.

38. AGAD. AR. Dz. V. Nr. 402/II. S. 72-75.

39. AGAD. AR. Dz. V. Nr. 402/II. S. 116-119.

40. AGAD. AR. Dz. V. Nr. 402/II. S. 144-147, 157, 159-161.

41. AGAD. AR. Dz. V. Nr. 402/II. S. 144-147, 157.

42. AGAD. AR. Dz. V. Nr. 402/II. S. 185-188.

43. AGAD. AR. Dz. V. Nr. 16163/IV. S. 94-96.

44. AGAD. AR. Dz. V. Nr. 16163/IІI. S. 65-67.



[1] Матэрыял падрыхтаваны ў рамках працы над выставай "Ultima ratio regum. Беларусь у Паўночных войнах сярэдзіны XVII - пачатку XVIII ст." (Мірскі замак, 21 красавіка - 24 верасня 2017 г.). Аўтар шчыра дзякуе К. Карлюку за дапамогу ў падрыхтоўцы тэксту і падборы ілюстрацый.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX