Папярэдняя старонка: Гісторыя навукі

Аблуды аднаго прароцтва аб сонечным зацьменьні Году Гасподняга 1654 


Дадана: 24-07-2013,
Крыніца: Аблуды аднаго прароцтва аб сонечным зацьменьні Году Гасподняга 1654 // Спадчына №5-1993. С. 70-80.



Гэтая невялічкая ананімная езуіцкая проціастралягічная брашура, якая захавалася ў бібліятэцы Віленскага ўнівэрсытэту, мае ў арыгінале назву: Błędy jednego prognostyku z zaćmienia słonecznego Roku Pańskiego 1654 Dnia 12 Augusta około południa. Wysławione Przez jednego Kapłana Sociełałis IESV. W Wilnie, w Drukarni Akademiey Societ: IESV. 1654. Друкаваная яна пa-польску готыкай, а лацінскія ўстаўкі - гуманістычным шрыфтам.

Брашура належыць да тае раньняе пары дзейнасьці Віленскае Акадэміі, пра якую захавалася надта мала зьвестак. Józef Biełiński у трохтамовай манаграфіі "Uniwersytet Wileński" (1579-1831). (тт. 1-3, Кракаў, 1889-1900) не падае ніякіх датычных выкладаньня астраноміі дакумантаў, ранейшых за 1781 г. Але навучальны прадмет астраномія згадваецца з 1632 г. Ад часу заснаваньня Акадэмія мела два факультэты (тэалягічны i філязофскі), на апошнім было пяць катэдрау, у тым ліку i астраноміі (поруч з катэдрамі мэтафізыкі, лёгікі, этыкі i гісторыі). Самое абсэрваторыі ў сучасным выглядзе тады i заваду не была: ейны будынак завершаны ўвосень 1788 г. Больш дэталёва гл.: П. В. Славенас. Астрономия в высшей школе Литвы XVI- XIX вв. II Историко-астрономические исследования, вып. I, М., 1955, с. 49- 84; там i бібліяграфія. Артыкул адпаведна свайму часу добра ідэялягізаваны: «Для воспитания реакционных феодалов научные знания не имели существенного значения» (с. 53) ды г. д.

Брашура - ці ня першы вядомы у нас узор папулярызацыі навуковых ведаў праз друк i рацыяналістычнага змаганьня з забабонамі. Аўтар выступае у поўнай зброі тагачасных ведаў пра сьвет i месца чалавека ў ім. Астраномія, якое ён трымаўся, - традыцыйная геацэнтрычная сыстэма. На такую думку наводзяць ягоныя развагі пра цэнтар сьвету (маючы на ўвазе цэнтар Зямлі альбо блізкі да яго пункт). Капэрнікава кніга выйшла яшчэ ў 1543 г., але ў 1616 г. трапіла ў Індэкс забароненых кніг i заставалася ў ім да 1822 г.

Польскую мову аўтар ужыў выключна дзеля прапагандысцкіх мэтаў, бо на пачатку разьдзелу IV чытаем: «...з такою лёгкасьцю, якая, асабліва на польскай мове, магчымая ў гэтай глыбокай i вельмі субтэльнай навуцы...» Моваю выкладаньня ў Акадэміі была лаціна, i езуіты жывілі перакананьне, што ня толькі беларуская мова няздатная да глыбокіх i субтэльных навукаў, як даводзіў Скарга, але i польская. Таму аўтар нават не спрабуе перакладаць шмат якія тэрміны i нават кавалкі сказаў з лаціны, - спадзеючыся, мабыць, што чытач, калі й не зразумее, то прынамсі прасякнецца пашанаю да глыбіні i субтэльнасьці прадмету i выкладу.

Зганены у нашай брашуры «Прагностык», на жаль, меў у адным пункце больш рацыі, чым хацелася б. У тым самым 1654 г., неўзабаве па зацьменьні, выбухнула паўстаньне Хмяльніцкага, адкрыўшы пэрыяд казацка-маскоўскіх войнаў, праз якія край страціў, як вядома, палову насельніцтва. Пошасьць апярэдзіла i Хмяльніцкага, i зацьменьне, якое магло б яе прадказаць: яна дайшла да Вільні яшчэ ў сьнежні 1652 г. i ледзьве аціхла пад канец наступнага, 1653-га. На гэты час вучняў Акадэміі распусьцілі, бальшыня езуітаў пакінула места, рэшта дапамагала хворым, некаторыя загінулі. Неўзабаве па гэтай пошасьці i зьявіўся «Прагностык», адразу ж аспрэчаны нашым ананімным езуітам. Праз год аўтар «Прагностыку» i ягоны вялебны апанэнт мелі добрую нагоду ўспомніць пра злавеснае зацьменьне. 8 жніўня 1655 г. маскоўска-казацкае войска (40 000 казакаў Залатарэнкі) увайшло ў Вільню. Места гарэла сямнаццаць дзён, загінула звыш 25 000 жыхароў. Езуіты і, верагодна, аўтар нашае брашуры ў тым ліку хаваліся ў лясох. Старога нямоглага рэктара двое маладых езуітаў схаластыкаў, упрэгшыся ў вазок, вывезьлі пад носам у казацкага авангарду i схавалі перш у лесе, адале пераправілі у Бэльгію, дзе ён неўзабаве памёр. Вярнуўшыся, езуіты знайшлі ў Акадэміі вялікі рэзрух, але гэта ўжо іншая гісторыя.

Перакладчык удзячны за дапамогу ў падрыхтоўцы публікацыі рэдакцыі «Нашай Нівы» i сп. Ул. К. Шатону.

Прадмова i пераклад Міколы РАМАНОЎСКАГА


АБЛУДЫ
аднаго
ПРАРОЦТВА
аб сонечным
ЗАЦЬМЕНЬНІ
Году Гасподняга 1654,
12 жніўня каля паўдня,
ВЫСТАЎЛЕНЫЯ
Адным Сьвятаром Societatis IESV [1]
у ВІЛЬНІ
у Друкарні Акадэміі Societ IESV. 1654.


ДА ЧЫТАЧА

Не пужайся, мілы Чытач, калі ў названы тут час убачыш пры сонечным зацьменьні замест дня амаль ноч i зоркі на небе, адкуль практыкары абяцаюць усялякае ліха. Вер мне, што тое сонечнае зацьменьне будзе гэтак жа шкодна, як бывае, калі паміж Сонцам и тваім вокам стане густы воблак. Ты дзівуешся зацьменьню Сонца, асабліва калі тое зацьміцца цалкам, не таму, каб гэта было нешта новае, а таму, што такія зацьменьни выпадаюць рэдка; а як хмара зацьміць сонца, то ня дзівісься, бо на гэта глядзіш ледзь не штодня.

Праўда, што, калі сонца зацьміцца хмараю, то ні ночы не бывае, ані зор на небе не відаць, бо хмара незраўнана меншая за месяц, i таму ня так шырака адыймае вакол нас сонечнае сьвятло, якое не дазваляе нам бачыць зоры. Будзь жа ў бясьпецы ад усялякае заразы, якая мелася б надыйсьці з зацьменьня, хвалі Бога з чынаў Ягоных.

PROGNOSTICUM [2]

Перш напісаны, а потым i да друку пададзены быў Прагностык з нагоды зацьменьня Сонца, якое адбудзецца 12 жніўня Году Гасподняга 1654, пачнецца ў нашых Краёх перад палуднем, а скончыцца па паўдні, так што сярэдзіна зацьменьня прыпадзе амаль што на самы палудзень. Я разьбяру тут тры пункты таго Прагностыку, наколькі які праўдзівы. З таго, што я тут каротка выкладу, льга будзе ўбачыць, што пункты гэтыя - вялікія аблуды, i належаць чалавеку, зусім неабазнанаму ў нябеснай навуцы альбо ў Астраноміі.

1-я Аблуда. Кажа, што тое зацьменьне будзе такое вялікае i страшнае, якога яшчэ ад пачатку сьвету ня бачылі, а гэта таму, што сярод белага дня аніхто бязь сьвечкі не абыйдзецца i бачыць ня зможа.

2-я Аблуда. Што гэтае зацьменьне мае напасьці на ўвесь сьвет.

3-я Аблуда. Што сьледам за злучэньнем Сонца зь Месяцам, Сатурнам, Марсам i з зоркаю, званаю Рэгулюс, мае надыйсьці альбо канец сьвету, альбо спустошаньне ўсіх Краінаў, так што пасьля Году Гасподняга 1656 ня будзе чуваць на зямлі ні пра воднага Манарха i Караля. Але перш чым выставіць тыя ягоныя аблуды, пералічу карысыцi шкоды, якія бываюць ад зацьменьня Сонца i Месяца.

Разьдзел I.
КАРЫСЬЦІ, ЯКІЯ МЫ МАЕМ З ЗАЦЬМЕНЬНЯУ СОНЦА I МЕСЯЦА.

Калі б тое, што Зьвездары людзям прадказваюць з кожнага зацьменьня Сонца i Месяца i сваімі байкамі поўныя галовы ім набіваюць, усё было праўдаю, то ўжо людзей бы на сьвеце не засталося, бо што ні год, то бывае па два, тры, чатыры, пяць etc. зацьменьняў. Я ня бачыў яшчэ, каб каторы з тых баяў прадказваў што добрае, але толькі войны, голад, пошасьці, няўроды, сконы Паноў etc., нібыта Ўсемагутны Бог паставіў i сонца i ўсе нябёсы на згубу i вынішчэньне сьвету, а не на дабро i карысьць. Папраўдзе, яны чыняць у гэтым вялікую абразу Божай дабрыні i провіду, што да свайго стварэньня, а найперш чалавека, якому ня толькі сьвятнікі нябесныя, але саміх сваіх Анёлаў пасылае на паслугу.

Пералічу тут некаторыя карысьці, якія мы маем з зацьменьня Сонца i Месяца.

Насамаперш, калі б не было зацьменьняў Сонца i Месяца, дык мы ня мелі б поўных i дастатковых зьвестак пра нябесныя бегі, бо гэты дваякі сьвятнік, г. зн. Сонца i Месяц, як тыя Пэдагогі альбо Манудуктары Астраномаў, паказвае ім прыроджаныя нябесныя таямніцы i аб ix навучае. Зацьменьне Месяца навучае i паказвае, наколькі шпаркія ягоны бег i абарачэньне, калі ён зацьмоўваецца акругла, то навучае, што i зямля акруглая, i таму i цень кідае ўгару акруглы. Пазнаўшы бег Месяца, Астраномы спасьціглі найвыдатнейшую i найсубтыльнейшую частку свае навукі, г. зн. parallaxim Lunae [3] альбо рознасьць бачаньня, i аддаленьне таго ж Месяца ад цэнтру сусьвету. Пазнаўшы parallaxim i аддаленьне Месяца, знайшлі parallaxim i аддаленьне Сонца ад таго ж пункту, альбо сярэдзіны сьвету. Адгэтуль жа - наколькі высока зямля адкідае цень i наколькі той цень шырокі на любой адлегласьці ад зямлі, etc.

Па-другое, мы ня мелі б апісанага сьвету, бо калі б не здаралася зацьменьняў тых двох сьветнікоў, то Касмографы ня ведалі б, дзе ім зьмясціць i разьмеркаваць на сваіх табліцах альбо мапах дзяржавы, каралеўствы i кожную ў ix мясьціну, дзе якая знаходзіцца. Бо хоць бы яны i маглі б прызначыць месца кожнай краіне паводле ейнага знаходжаньня на поўначы i поўдні, што завецца пазыцыяй шыраты месцаў, але адзіны спосаб, каб разьмясціць ix паводле ўсходу i захаду, што завецца пазыцыяй даўгаты месцаў, падаюць зацьменьні нябеснага сьветніку, паводле якіх знаходзяць даўгату месцаў.

Па-трэцяе, дасканалая ўмеласьць i абазнанасьць у зацьменьнях Сонца i Месяца (калі апушчу дзеля сьцісласьці іншыя прыроджаныя карысьці) узносіцца на вышэйшую ступень i паказвае дарогу да пазнаньня праўдзівага Бога. У 1620 годзе з гэтае нагоды навярнулася цэлае каралеўства, званае Cocincina [4]. Найпершы гонар i пашану ў тым каралеўстве мелі Астраномы, чыім абавязкам было нагадваць каралю пра зацьменьні, што меліся надыйсьці, а Кароль, атрымаўшы ад ix тыя зьвесткі, абвяшчаў па ўсёй сваёй дзяржаве, каб на тую пару, што прызначылі Астраномы, усе былі гатовыя страшыць цмока бубнамі, стралянінай, разнастайным стукаценьнем i бразгатаньнем, каб цмок, які праглынуў Сонца альбо Месяц, вырыгнуў бы ix назад. Такое разуменьне ў Паганаў вынікала з Астраноміі, якая шлях Месяца называе цмокам, i там, дзе ён двойчы перацінае шлях Сонца, адзін такі пункт завуць галавою, альбо Caput Draconis, а другі Cauda Draconis, альбо цмочым хвастом [5].

Пад бытнасьць там Айцоў Ордэну (якія, пераадолеўшы вялікія цяжкасьці, прыбылі ў тое Гаспадарства, каб занесьці туды сьвятое Эвангельле) Астраномы, паводле свайго абавязку, назвалі дзень зацьменьня, але памылкова. Нашыя айцы далі знаць Каралевічу, што зацьменьне Месяца адбудзецца ня ў той, але ў другі дзень. Іншым разам тыя ж Астраномы таксама прадказалі зацьменьне Сонца, аб якім Айцы далі знаць Каралевічу, што ў тых краёх зацьменьня Сонца не павінна было быць з прычыны параляксу, які ў тых мясьцінах аддаляе Месяц ад Сонца (пра гэтую parallaxim тамтэйшыя Астраномы, маючы старую Астраномію, ня ведалі, а зацьменьні Сонца i Месяца прадказвалі ня маючы ніякага разуменьня параляксу ў сонечным зацьменьні), i Каралевіч паведаміў Каралю, што таго сонечнага зацьменьня быць не павінна. Кароль, аднак, з усім народам выйшаў страшыць цмока. Убачыўшы, што ягоныя Астраномы яго ашукалі, ён, будучы дасьціпным (гэтым дарам Бог тыя краі абдарыў), мовіў: пэўна, што гэтыя, маючы добрую навуку, i веру добрую маюць; i гэтак сам з усім сваім дваром, а потым i з Каралеўствам павярнуўся да сьвятое веры i пазнаньня свайго Створцы i Адкупіцеля.

Абазнанасьць у нябесных бегах добра паслужыла Christophoro Соlumbo, які ў 1493 годзе, прыехаўшы ў паганскія краі, калі Гішпанскае войска ня мела харчу, ад Паганаў нічога не маглі атрымаць, прыстрашыў Паганства пошасьцю, а на знак таго абвясьціў, што каля 22 Octobris надыйдзе зацьменьне Сонца, i калі яно паказалася, перапалоханае паганства прынесла для войска багата правіянту i, упадаючы да ног Калюмба, прасіла дараваньня.

Разьдзел II.
ШКОДЫ, ЯКІЯ НАСТУПАЮЦЬ АД ЗАЦЬМЕНЬНЯУ СОНЦА I МЕСЯЦА.

Найвялікшую такую шкоду я ўгледжваю ў тым, што мы часова ня бачым нябесных сьветнікоў; чым бы яшчэ маглі шкодзіць сонечныя i месяцовыя зацьменьні,- не знаходжу. Гэтыя мілыя зьвездары прадказваюць ліха i шкоду ад яго толькі тым, на чыім гарызонце адбываюцца зацьменьні, што вельмі дзіўна i незразумела, бо, напрыклад, сонечнае зацьменьне павінна было б рабіць нам болей шкоды, калі адбудзецца пад зямлею, чымся калі над намі, бо на той час між намі i Сонцам знаходзіцца адзін толькі Месяц. Але калі зацьменьне Сонца адбываецца пад зямлёю, то бок Сонца, Месяц i Зямля на адной лініі, то паміж намі знаходзіцца ня толькі Месяц, але i Зямля, i таму яно павінна было б нам шкодзіць болей, чаго яны, аднак, ня кажуць, i людзі таго не баяцца, i гэта толькі таму, што пад Зямлёю зацьменьня ня бачаць.

Агульнае меркаваньне філёзафаў тое, што Сонца сваім сьвятлом толькі сьвещць i грэе, а іншыя рэчы спрычыняе празь нябачныя ўплывы. Бо калі б яно спрычыняла ўсё толькі праз сваё сьвятло, то ня ведаю, як бы множыліся ў зямлі руды, як бы расло глыбока ў зямлі карэньне вялікіх дрэваў, да якіх ні сьвятло, ні цяпло не даходзяць. Аднак нябачнаму ўплыву анішто не перашкодзіць прайсьці наскрозь, нават сама таўстая зямля. А калі тыя нябачныя ўплывы праходзяць i скрозь зямлю, дык жа нашмат больш яны праходзяць скрозь Месяцава цела, што знаходзіцца паміж Сонцам i нашым вокам. Таму, калі Сонца спраўляе свае апэрацыі праз адзін толькі Месяц, які ня мае там такое густое i шчыльнае цёмнасьці, як Зямля, то калі Месяц заслоніць нам Сонца, няма чаго баяцца, што мы яго бачыць ня можам.

Разьдзел III.
АБЛУДА ПРАГНОСТЫКУ, КАЛІ ЕН КАЖА, ШТО ЗАЦЬМЕНЬНЕ БУДЗЕ ТАКОЕ, ЯКОГА АД ПАЧАТКУ СЬВБГУ НЕ БЫЛО.

Ён апісвае нечуваную велічыню таго зацьменьня, што ўсё Сонца зацьміцца, што надыйдзе вялікая цемра, што людзям сьвечкі спатрэбяцца. Гэта ўсё не выходзіць па-над прыроджаны бег рэчаў, i той Прагностыкар далёка разьмінаецца з праўдаю, кажучы, што раней такога не здаралася; то назаву яму яшчэ страшнейшыя зацьменьні Сонца мінулых вякоў, каб бачыў, што за праўду ён расьсявае, i каб людзі не пужаліся, калі паводле прыроджанага бегу рэчаў адбудзецца тое вялікае зацьменьне.

У 585 годзе перад нараджэньнем нашага Збавіцеля, 28 траўня, у Гелеспонце [6] было поўнае сонечнае зацьменьне, якое добра прадказаў Фалес [7].

У 310 годзе перад нараджэньнем Гасподнім, 15 жніўня, было такое сонечнае зацьменьне, што ноч здалася i зоры відаць былі. Diodorus Siculus [8] пра яго піша гэтак: зрабілася зацьменьне Сонца, так што слушна можна было сказаць, што ноч надыйшла, бо ўсюды зоркі паказваліся.

У 98 годзе па нараджэньні Гасподнім, 27 студзеня, здарылася такое зацьменьне, што зоры былі відаць. Пра яго (піша) Плютарх [9] у Творыку аб плямах на абліччы Месяца. Зьявіліся зоркі, аднак начное цемры не зрабілася.

У год Гасподні 237, 12 красавіка, падчас зацьменьня Сонца здалася ноч, i ніхто бязь сьветніку з агнём нічога чыніць ня мог. Пра яго (піша) Iulius Capitolinus [10]. Такое было зацьменьне, што верылася, быццам ноч надыйшла, i нічога няможна было рабіць без запаленых ліхтароў.

У Год Гасподні 393 было такое зацьменьне Сонца, што аж людзі разумелі, быццам мае надыйсьці судны дзень. Спанданус [11] так піша пра яго: Каля сьвятога дня Пяцідзесятніцы, а чацьвертай гадзіне дня пры дзівосным зацьменьні Сонца зрабілася такая цемра, што ўсе баяліся: вось-вось Судзьдзя прыйдзе. Гэта пацьвярджае сьвяты Геранім [12] у Лісьце да Памахія супроць Яна, біскупа Ерусалімскага. Гл. Баронія [13] пад згаданым годам.

У год Гасподні 840, 5 траўня, падчас зацьменьня Сонца з дня зрабілася ноч, пра што выкладзена ў Дзеях Айцоў Францішканаў, так (піша) Aimoinue [14] lib. 5 cap. 19. Было найвялікшае, так што зоркі відаць было, i рэчы на зямлі колер мянялі. Пра тое ж самае - i Аўтар vitae Ludovici Pii [15] што не было розьніцы між днём i ноччу.

У Год Гасподні 957, 17 сьнежня, аб чым Аўтар vitae Lotharii [16] так кажа: Зрабілася зацьменьне, так што зоркі ад першае гадзіны ажио да трэцяе відаць было.

Году Гасподняга 1415 было ў нашым Гаспадарстве страшнае зацьменьне Сонца, ажно птаства ад страху на зямлю падала. Пра яго Польскі Гісторык Miechovita [17] Lib. 4 Chron. Regni Poloniae кажа гэтак: На шосты дзень пасьля сьвята Цела Хрыстовага а трэцяй гадзіне было такое незвычайнае зацьменьне сонца, што птушкі, напужаныя раптоўнай цемраю, на зямлю пападалі, а зоркі зусім як ноччу сьвяцілі.

Году Гасподняга 1485, 15 сакавіка, адбылося такое зацьменьне сонца, што куры i жывёла падаліся на начное супакаеньне, аб чым Lycosthenes [18] кажа гэтак: Скрозь была цемра, i сьвечкі былі патрэбныя, i куры i іншыя жывёлы падаліся ў свае звычайныя месцы начнога супакою. Пра тое ж сама зацьменьне піша i Мехавіт у кн. 4 Хр. Каралеўства Польскага, разьдз. 74.

Году Гасподняга 1560, 21 жніўня, каля паўдня, у Канімбрыцы [19] ў Гішпаніі сталася такое зацьменьне Сонца, што цемра была большая за начную, ніхто без агню ня бачыў дзе ступіць, птаства ад страху на зямлю падала. Пра гэта піша Christophorus Clavius. Societatis IESV. cap. 4 Sphaerae Sacrobosci [20]. Сонца было закрыта не на малы час, цемра была нават большая, чым ноччу, i нельга было бачыць, дзе нагою ступіць, на небе зьявіліся яркія зоркі, птушкі таксама - дзіўна сказаць - паспадалі на зямлю з паветра, баючыся такое цемры. На тую пару быў пры тым у Канімбрыцы ў Гішпаніі Emmanuel Vega Societatis IESV [21], які апавядаў, што жанчыны вылі i гукалі, што судны дзень надыйходзіць.

Году Гасподняга 1605, у 12 дзень Octobris, як піша Vendelinus [22] каля Масьсіліі [23] падчас зацьменьня Сонца была страшная цемра.

Усе гэтыя зацьменьні адбыліся не па-над натуральны бег рэчаў, таму, хоць яны i вялікія i страшныя, як i тое, што надыходзіць 12 жніўня 1654 году, але ніхто не павінен пужацца, убачыўшы яго, а выслаўляць з такіх дзіўных чынаў моц Божую, які казаў зь цемры зазьзяць сьвятлу (2 Кар. 4). Звышнатуральна сталася нейкае зацьменьне на працягу семнаццацёх дзён, пра што піша Вагоnius пад 597 годам. Henricus Spondanus пад тым жа годам. Theophanes [24] дадае, што тая цемра была такая, ажио караблі на моры, блукалі.

Разьдзел IV.
АБЛУДА ПРАГНОСТЫКУ, КАЛІ ЕН КАЖА, ШТО ГЭТАЕ ЗАЦЬМЕНЬНЕ БУДЗЕ ПА ЎСІМ СЬВЕЦЕ.

Такой грубай аблудзе я вельмі дзівуюся; відаць, што гэты Зьвяздар мала знаецца на нябесных абарачэньнях, зь якіх, аднак, мае сьмеласьць прадказваць гэткія effectus. Перш чым выявіць гэтую ягоную грубую аблуду, выкладу некаторыя пункты, патрэбныя дзеля таго, каб зразумець зацьменьні, i з такою лёгкасьцю, якая, асабліва на Польскай мове, магчымая ў гэтай глыбокай i вельмі субтэльнай навуцы, пра якую (гэтак піша) Plinius, lib. 2 cap. 11 [25]. Гэтае ўмельства ўзьвяло сьмяротныя душы ў неба, i адтуль нібы праз сузіраньне адарыла веліч трох найвялікшых рэчаў прыроды [26].

1. Зацьменьне Месяца адбываецца, калі паміж Сонцам i Месяцам знаходзіцца Зямля (што дзеецца толькі падчас поўні), i Месяц часткова або цалкам уваходзіць у цень, адкінуты Зямлёю, так што ня можа быць асьветлены Сонцам. Усе, хто бачыць зацьменьне Месяца, бачаць яго аднолькава, адзін ня менш за другога, хоць i з розных краёў Зямлі.

2. Зацьменьне Сонца адбываецца, калі Месяц знаходзіцца паміж Сонцам i нашым вокам (што здараецца толькі часам на маладзіку), i сваёй непразрыстасцю адыймае ў нас Сонца, так што мы яго ня можам бачыць, а таму i цемра робіцца. Тое сонечнае зацьменьне ня ўсе тыя, каму ўдаецца, бачаць аднолькава. Адны бачаць зацьмёнай большую частку Сонца, другія меншую, а ў іншых Сонца ўстае зусім вольнае ад найменшага зацьменьня; а гэта дзеля parallaxim, альбо aspectus diversitatem, г. зн. дзеля рознасьці бачаньня (гэты разьдзел аб параляксе ў Астраномаў найсубтэльнейшы i найдасьціпнейшы), безь якое ніякі Астраном зацьменьня Сонца прадказаць ня можа.

3. Коратка выкладу, што такое parallaxis, альбо рознасьць бачаньня. Калі б нехта, знаходзячыся in centro universi альбо ў цэнтры сьвету, бачыў бы, напрыклад, Сонца i Месяц на пэўнай вышыні ab horizonte, альбо ад Зямлі; то другі, стоячы ў той жа час на зямлі i гледзячы на Сонца i Месяц, бачыў бы ix ня так высока ab horizonte, як той, што з цэнтру сусьвету, але ніжэй. Гэтае рознае бачаньне Сонца альбо Месяца з цэнтру сусьвету i з паверхні Зямлі астраномы называюць paraliaxim, i безь яго, як я мовіў, аніхто ня можа прадказаць зацьменьня Сонца, бо зьвесткі пра зацьменьне Сонца мы маем не з сапраўднае шыраты Месяца, як пра зацьменьне Месяца, але зь відочнае шыраты Месяца, якая заўсёды адрозьніваецца ад сапраўднае шыраты, калі Месяц не знаходзіцца ў нас над верхам галавы, чаго з намі ніколі здарыцца ня можа, а толькі з тымі, хто жыве ў гарачых краёх.

Такім чынам, для зразуменьня таго, чаму зацьменьне Сонца ня ўсюды бачаць аднолькава, трэба ведаць рознасьці бачаньня Месяца i Сонца. Чым вышэй уздымаецца Сонца альбо Месяц ab horizonte, альбо ад Зямлі, i чым бліжэй стане ў нас да верху галавы, тым меншаю будзе paraliaxis, альбо рознасьць бачаньня. Адале тым, хто мае Сонца i Месяц над галавою, ніякае розьніцы бачаньня не выпадае, бо лінія з цэнтру сусьвету супадае зь лініяй, якая ідзе ад нашага вока да Месяца альбо Сонца.

Выклаўшы гэта, паказваю навочна новаму Зьвездару, што гэтае сонечнае зацьменьне, пры якім Месяц мае сапраўдную паўночную шырату 34 мін. будзе відаць не па ўсім сьвеце, але толькі ў тых, хто жыве ў паўночных частках сьвету, альбо на той частцы Зямлі, дзе паўночны полюс сьвету, альбо паўночны пункт, вакол якога абарачаюцца нябёсы, узвышаецца над гарызонтам. I то яшчэ не ўва ўсіх аднолькава, бо тыя, хто жыве на поўнач, убачаць зацьмёнаю большую частку Сонца, а хто на поўдзень, - меншую. К паколькі толькі гаварыць, не даводзячы, нічога ня варта, назаву некаторыя мясьціны на зямлі, дзе тое сонечнае зацьменьне ўбачаць па-рознаму. У Італіі сонца зацьміцца толькі да 9 цаляў, г. зн. чацьвёртая ягоная частка застанецца сьветлаю. А гэта таму, што падчас зацьменьня сьветнік нябесны будзе ў ix вышэйшы на 11 градусаў над гарызонтам, таму меншаю будзе i parallaxis, альбо рознасьць бачаньня, якая павялічвае відочную шырату Месяца на пяць мінут, інакш кажучы, сярэдзіна Месяца не даходзіць пяцёх мінут да сонечнага шляху, які завецца Экліптыкаю. А з гэтае прычыны, калі Месяц, паводле нашага зроку, адыйдзе далей ад сонечнага шляху, то i зацьменьне Сонца мусіць быць меншым.

У Кандыі, за якую Турак з Вэнэтамі біўся, убачаць зацьмёнаю толькі палову Сонца, г. зн. да 6 цаляў. Сонца i Месяц уздымуцца ў ix падчас зацьменьня на 20 градусаў над гарызонтам вышэй, чымся ў нас. Таму Месяц, паводле іхнага вока, будзе на 15 мінут далейшы ад сонечнага шляху, чымся ў нас, i паводле іхнага зроку, калі надыйдзе сярэдзіна зацьменьня, цэнтар месяцовага шару будзе датыкацца да сонечнага краю, а далей над Сонца не памкнецца. А ў нас цэнтар Месяца падыйдзе пад цэнтар Сонца, дзеля чаго ў нас, паводле нашага бачаньня, яно зацьміцца ўсё цалкам.

У Абісінцаў [27] чыё гаспадарства ляжыць у Афрыцы i частка якога мае паўночны полюс узьняты на 15 градусаў над гарызонтам, ня ўбачаць i найменшае часткі Сонца зацьмёнаю, бо Месяц у ix аддаліўся ад сонечнае дарогі сапраўднаю шыратою на 34 мінуты, а паў-Сонца i паў-Месяца, злучаныя разам, складаюць паводле нашага бачаньня толькі 32 мінуты, дзеля чаго паміж іхным вокам i Сонцам не апынецца i найменшае часткі Месяца. Да таго ж, паколькі падчас зацьменьня Сонца ў ix будзе над верхам галавы, то сьветнікі не пацерпяць ніякага параляксу, які набліжаў бы аддалены Месяц да сонечнага шляху. Пагатоў i тыя, хто жыве ў тым самым каралеўстве далей на поўдзень, ня ўбачаць у Сонцы ніякае цемры.

Досыць было б i названых мясьцінаў, каб паказаць, што гэтае сонечнае зацьменьне ня будзе цалкам відаць па ўсім сьвеце; але дзеля большае яснасьці i дзеля выяўленьня такое грубае аблуды накажу яшчэ, што людзі ня толькі ня ўбачаць па ўсім сьвеце зацьменьня цэлага Сонца, але тыя, што жывуць на большай частцы сьвету, ня убачаць зацьмёнаю i найменшае часткі Сонца, бо гэта было б насупор прыродзе. Кажу: на большай частцы сьвету, - бо ня толькі тыя, хто жыве ў паўднёвых частках, г. зн. у каго паўднёвы полюс узвышаецца над гарызонтам, але й тыя, хто жыве ў паўночных частках сьвету, i ў каго паўночны полюс узьнімаецца над гарызонтам не вышэй за 15 градусаў, ня ўбачаць аніякага зацьменьня, а гэта таму, што сонца на той час аддаляецца ад Экватару на 15 градусаў. Гэтую ісьціну я тлумачу гэтак.

Гэта паўсіхная i беспамылковая ісьціна Астраномаў, што тыя, хто жыве ў паўночных частках зямлі, г. зн. у каго паўночны пункт неба, вакол якога абарачаюцца нябёсы, узносіцца над гарызонтам больш як на 30 градусаў, а гэта тыя, хто жыве ўва ўсёй Эўропе, у Азіі, у паўночнай Амэрыцы, - у ix parallaxis Месяца i Сонца заўсёды паўднёвы, г. зн. рознае бачаньне Месяца i Сонца зьніжана на поўдзень. Таму, калі Месяц мае паўночную шырату (як здарыцца падчас таго сонечнага зацьменьня), рознае бачаньне набліжае аддалены ад Сонца Месяц да таго ж Сонца i зьмяшчае яго паміж Сонцам i нашым вокам. А калі Месяц мае паўднёвую шырату, тады рознае бачаньне апускае Месяц пад Сонца, i таму у нас зацьменьня быць альбо ня можа, альбо можа, але вельмі малое паводле параляксу, больпіага щ меншага, бо Месяц знаходзіцца паміж Сонцам i нашым вокам, але ніжэй Сонца.

Наадварот бывае ў тых, хто жыве ў паўднёвых частках сьвету, г. зн. у Афрыцы, у паўднёвай Амэрыцы, зацьменьне Сонца ў ix прыпадае, калі Месяц мае паўднёвую шырату, бо рознае бачаньне набліжае ў ix Месяц да Сонца. А калі Месяц мае паўночную шырату, то рознае бачаньне аддаляе ў ix Месяц ад Сонца, i праз гэта зацьменьня ў ix не адбываецца, хіба што Ў невялікай частцы, паводле параляксу большага ці меншага. Кажу гэта агульна, бо калі parallахіs, альбо рознае бачаньне, малое, то зацьменьне Сонца можа адбыцца ў ягонай частцы. Па-другое, кажу гэта (пра выпадак), калі Сонца i Месяц знаходзяцца ў паўночных знаках (Задыяку), бо калі яны знаходзяцца ў паўднёвых знаках, то пра тых, хто жыве Ў паўднёвых частках сьвету i падчас зацьменьня ня мае Сонца над верхам галавы, трэба меркаваць гэтаксама, як i пра тых, хто жыве ў паўночных частках сьвету.

Адгэтуль робіцца відавочнаю грубая аблуда гэтага зьвездара i нямудрага практыкара, што гэтае зацьменьне Сонца будзе відаць не па ўсім сьвеце, бо яно адбываецца Ў паўночных знаках у 19 градусе Льва.

Разьдзел V.
АБЛУДА ПРАГНОСТЫКУ, КАЛІ ЕН КАЖА, ШТО ПАСЬЛЯ ТАГО СОНЕЧНАГА ЗАЦЬМЕНЬНЯ МАЕ НАДЫЙСЬЦІ АЛЬБО СУДНЫ ДЗЕНЬ, АЛЬБО ВЫНІШЧЭНЬНЕ ЎСІХ КАРАЛЕЎСТВАЎ.

Як бачу, гэты мілы практыкар трымаецца навукі старых зьвездароў, якую сьвяты касьцёл асудзіў як памылковую i шкодную i забараніў яе ўжываць; мабыць, ня ўпаў бы ён у тыя памылкі, калі б чытаў Цэнтурыю найвучонейшага Эйхстадыя [28] навучыўся б, якую моц нябёсы маюць i што зь ix Астраномы могуць прадказаць. Не хачу доўга бавіцца Ў гэтых яўных аблудах з тым.

хто прыпісвае сабе большае веданьне пра Апошні суд, чымся маюць Анёлы i Сын Божы. I пра спустошаньне дзяржаваў праз бунты падданых, паколькі яно датычыць свабоднае волі, над якой нябёсы зьверхнасьці i моцы ня маюць, - яўная аблуда, бо ці паўстаць падданым на сваіх паноў - залежыць ад вольнае волі падданых, а хто ж можа ведаць, як толькі сам Бог, да чаго схіліцца людзкая воля, ці да разрухаў, ці да супакою.

Я не чытаў, што дрэннага мелася б наступіць на сьвеце пасьля вышэй згаданых страшных зацьменьняў Сонца, дык падам прыклад толькі зь Мехавіта, Гісторыка ІІольскага, які, апісаўшы страшнае сонечнае зацьменьне ў 1415 годзе, піша насамперш, што Герэзіярха Яна Гуса асудзілі на Канстанцкім Саборы i потым спалілі; пасьля, што Арцыбіскупа Гнезьненскага Мікалая Канстанцкі Сабор згодна з адмысловым прывілеем, абвясьціў Прымасам Касьцёлу Хрыстовага ў Польшчы. Але i гэтыя effectus выніклі не з зацьменьня, але з асаблівага провіду Божага.

Гэтае зацьменьне ён абцяжвае, кажучы, што Сонца злучыцца з Сатурнам, Марсам i з зоркаю, званаю Рэгулюс Базіліскус, альбо Сэрца Льва. Але калі б парахаваў лепей, то знайшоў бы, што Сатурн аддалены ад Сонца на 8 градусаў на ўсход, Марс на 8 градусаў на захад, Рэгулюс на 6 градусаў на ўсход, а такое разьмешчаньне няможна назваць злучэньнем [29]. А хоць бы такое злучэньне i адбылося, ён усё роўна ня мог бы так практыкаваць, бо сонечнае ж зацьменьне, як я паказаў, нічога кепскага не спраўляе, а злучэньне Сонца з Сатурнам прыносіць халоднае надвор'е, а з Марсам i да таго ж зь Ільвіным сэрцам - цёплае. Практыка Астраномаў гэткая, а што зьвездары выдумляюць звыш яе, то ўмельства Астраномаў толькі на сьмех выстаўляюць.

На пацьверджаньне сваіх памылак ён прыводзіць Камэту, што была ў 1688 годзе, пасьля якое надыйшлі няўроды, пошасьць, войны, хоць усё гэта было i перад Камэтаю; i чый век дасягае тых гадоў, той можа пра гэта гаварыць.

Аб Камэтах трэба было б кнігу напісаць, дзе i як высока яны бываюць, зь якое матэрыі, якія іхныя наступствы etc,, дык я толькі прыгадаю, што гэты практыкар вельмі нямудра пацьвярджае свае аблуды Камэтамі, бо сонечныя i месяцовыя зацьменьні бываюць паводле натуральных нябесных бегаў, i добры Астраном можа ix прадказаць i за тысячу гадоў, у якіі час, гадзіну, якое велічыні, у якіх краёх будзе ix відаць ды г. д., чаго аб Камэтах ані хто ня можа ведаць.

Часы Камэтаў разложаныя ў самога Бога, які ix творыць, калі Яго сьвятой волі падабаецца, ці то на выказ большае Свае Боскае моцы, ці то дзеля нашага напаміну, каб мы ад грахоў аддаляліся, а да Яго абарачаліся, альбо для іншых розных прычынаў, Яму Самому вядомых. Так, у 1572 годзе Ен стварыў у Сузор'і, званым Касіяпэя, новую зорку, такое велічыні, як найвялікшыя на небе зоркі першае велічыні [30].

У 1600 годзе - другую зорку ў сузор'і званым Cygnus [31] У 1604 годзе - у Сузор'і Serpentarius [32] сьветласьцю яна была роўная іншым зоркам, а велічынёю - Мілавіцы. Зоркі гэтыя трывалі немалы час, у Касіяпэі - два гады, а потым памалу згасалі i зьніклі. Тут, мілы Чытач, прыглядайся да ўсемагутнасьці Божае, што ўваччу тваіх чыніць такія дзіўныя рэчы. Яму няхай будзе чэсьць i хвала ад усяго стварэньня на вечныя часы. Амэн.



[1] Таварыства Ісуса.

[2] Прароцтва, прадказанне

[3] Паралякс Месяца.

[4] Кахінхіна - гаспадарства на поўдні цяперашняга В'етнаму.

[5] Усё ж наўрад ці старажытныя в'етнамцы зналіся на эўрапэйскай астраноміі.

[6] Гелеспонт - даўнейшая назва праліву Дарданэлы.

[7] Фалес - родам зь Мілету (каля 621-647 гг. да н. э.), грэцкі філёзаф i астраном. Зацьменьие прыпала якраз на час бітвы між мідзянамі i лідыйцамі. Ваяры спужаліся, i бітва спынілася. Герадот падае: «Фалес зь Мілету прадказаў гэтую праяву іянійцам, назваўшы той самы год, у якім яно адбылося». Прадказаньне было зроблена на падставе веданьня сарасу - пэрыяду, роўнага 18 г. 11,3 дзён, пасьля якога зацьменьні паўтараюцца ў ранейшым парадку.

[8] Дыядор Сіцылійскі (каля 90-21 г. да к. э.) - антычны гісторык, аўтар г. зв. «Гістарычнае бібліятэкі».

[9] Плютарх (каля 45- каля 120 гг. н. э.) - антычны літаратар, гісторык, філёзаф, аўтар славутых «Паралельных жыцьцяпісаў» i шматлікіх твораў, вядомых пад агульнай назвай «Ореrа moralia», сярод якіх знаходзіцца i цытаваны трактат.

[10] Юлі Капіталін (4 ст. н. э.) - рымскі гісторык, адзін з аўтараў г. зв. «Historia Augusta» - збору жыцьцяпісаў рымскіх уладароў ад Адрыяна да Нумэрыяна.

[11] Генрык Спанданус - Hеnrі de Sponde (1568-1643), францускі прэлят i гісторык. Перайшоў з пратэстанцтва ў каталіцтва (прачытаўшы Дзю Пэрона i Баронія), прыняў духовны сан i выявіўся палкім непрыяцелем сваіх ранейшых аднаверцаў. Аўтар некалькіх гістарычных працаў, у т. л. скароту аналаў Варонія, Сьвяшчэнных аналаў ад стварэньня сьвету аж да яго адкупленьня і працягу хронікі Варонія ад 1197 да 1640 году.

[12] Сьв. Геранім (каля 350 - каля 420) - родам з Стрыдону (на мяжы сучаснае Вэнгрыі з Карынціяй), найбольш знаны як перакладчык Бібліі на лаціну.

[13] Цэзар Бароній (1538-1607) - італьянскі тэоляг, гісторык, сябра (пазьней генэрал) аратарыянскае кангрэгацыі. У адказ на антыкаталіцкую гісторыю царквы, складзеную ў Магдэбургу пратэстанцкім калектывам на чале з Мацеем Власічам (г. зв. «Магдабурскія цэнтурыі»), напісаў дванаццаць буйных тамоў «Царкоўных аналаў» (Annales ecciesiastici, 1588-1607, даведзены да 1198 г.).

[14] Верагодна, Aimoin (памёр у 1008 г.) - абат бэнэдыктынскага кляштару ў Fleurysur-Loire, аўтар гісторыі Францыі, якая пасьля ягонае сьмерці была прадоўжана (да гэтага працягу, відавочна, належыць i цытаваны ўрывак) i ўваходзіла ў пазьнейшыя хронікі.

[15] Жыцьцё Людовіка Пабожнага - франкскага імпэратара (778-840), сына Карла Вялікага.

[16] Жыцьцё Лётара - францускага караля (941-986).

[17] Мехавіт, альбо Мацей зь Мехава, (1457-1523) - гісторык, лекар, географ, астроляг, аўтар цытаванае тут «Хронікі» (Chronika Regni Polonіае, альбо Chronica Роlоnorum). (1519).

[18] Конрад Лікастэн (? -1561, сучасьнік Марціна Бельскага) - аўтар «Кронікі цудаў» (Prodigiorum et ostentorum chronicon), 1557, Бэльгія. Яна мела за ўзор кнігу рымскага пісьменьніка Юлія Абсэквэнта «De prodigiis» («Аб цудоўных азнаках»), але зьмяшчала апісаньні прадвесьцяў i цудаў, што адбываліся не ў адным Рыме, а ўва ўсім сьвеце ад стварэньня сьвету i да часоў жыцьця складальніка.

[19] Conimbrica - даўні гішпанскі горад, у Лузітаніі, цяпер Каімбра [Coimbre] у Партугаліі.

[20] Хрыстафор Клавій (1537 -1612), - езуіт, матэматык, празваны зь некаторым перабольшаньнем Эўклідам XVI ст. Удзельнік рэформы календару. Цытата, відавочна, узятая з камэнтару да трактату Яна дэ Сакрабоска «Аб сфэры» («Tractatus de spera»). Аўтар трактату - англічанін, вучыўся ў Оксфардзе, выкладаў у Парыскім унівэрсітэце i там, у Парыжы, напісаў свой трактат (напачатку XIII ст.). які пазьней безьліч разоў камэнтаваўся i яшчэ ў XVII ст. служыў за падручнік.

[21] Эмануэль Вэга (1555-1648) - езуіт, родам з Канімбрыкі, доўгі час быў прафэсарам тэалёгіі ў Віленскай Акадэміі. Вусны i пісьмоўны апанэнт Андрэя Воляна.

[22] Годфруа Вэндэлін (1580-1660) - галяндзкі геамэтр i астраном, адзін з найвялікшых эрудытаў свайго часу. Зьвесткі пра зацьменьне 1605 г, маглі быіц» узятыя зь ягонае кнігі «Loxia, seu de obliguitate solis diatriba, etc.», Anvers, 1629. («Лёксія, альбо Дыятрыба аб зацьменьні сонца...»), неажыцьцёўленае перавыданьне якое ў 1644 г. аўтар меў намер прысьвяціць марсэльскім уладам.

[23] Масьсілія - даўнейшая назва Марсэлю.

[24] Фэафан Вызнаўца (сяр. VIII ст. - каля 817 г.) - аўтар «Хранаграфіі» (1810-1814), летапісу падзеяў з 284 да 813 г. Есьць расейскі пер.: «Летопись византийца Феофана», М. 1884.

[25] Пліній, кн. 2, разьдзел 11. Кай Пліній Старэйшы (23-24-79) - антычны навуковец, аўтар «Натуральнае гісторыі» (Naturalis historia), адкуль i ўзятая гэтая цытата. На працягу стагодзьдзяў служыла энцыкляпедыяй ведаў аб прыродзе. Расейскага перакладу няма, ёсьць польскі Kaja Pliniusza Starszego - Historia naturalna księg XXXVII, przekł. I. Łukaszewicza, t. 1 -10, 1845.

[26] З гэтым пасажам Плінія перагукаецца дэвіз на будынку Віленскае ўнівэрсытэцкае абсэрваторыі:

Наес domus Uraniae est!
Curae procul este profanae!
Temnitur hic humilis tellus
Hinc itur ad astra!
(Гэта дом Ураніі! Прэч, сьвецкія клопаты! Тут пагарджаецца нізкая зямля; адгэтуль ідуць да зорі). Дэвіз гэты, праўда, гадоў на сто пазьнейшы за наш тэкст, як i сама Абсэрваторыя.

[27] Абісінія - даўнейшая назва Эфіопіі.

[28] Лаўрэнці Эйхстадый, альбо Эйхштэдт (Eichstaedt), (1596, Шчэцін - 18.6.1660, Гданьск) - лекар i астроляг.

[29] Злучэньнем называецца такое разьмешчаньне нябесных целаў, калі кут між напрамкамі на ix зь Зямлі роўны нулю; у нашым выпадку гэта значыла б, што Зямля, Сонца, Марс i Сатурн пасталі б у адну лінію, якая паказвала б на Рэгул.

[30] Гэтая зорка зьявілася 11 лістапада. Бліск яе дайшоў да 4-е зорнае велічыні, г. зн. яе льга было раўнаць з Вэнэраю ў максымуме бліску. Гэта была Звышновая; у 1952 г. на ейным мейсцы знайшлі радыевыпраменьваньне. Зорку ўспрымалі як нябесную азнаку, зьвязвалі зь ёю голад i эпідэміі ды чакалі на канец сьвету. Яе назіраў Тыха Браге.

[31] Лебедзь.

[32] Зьмеяносец. Гэтая Новая зьявілася 10 кастрычніка. У максымуме бліску была ярчэйшаю за Юпітэр, адале цьмянела i пад канец 1605 г. перастала быць бачнаю. Яе назіралі паасобку Г. Галілей, Я. Кеплер, Д. Фабрыцыюс.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX