Вярнуцца: Прэзентацыі кнігі

Першасная іфармацыя пра выданне Первая информация о книге


Дадана: 06-05-2013,
Крыніца: pawet.net.



Выйшла кніга пра гісторыю астраноміі ў Беларусі

«I зорнае неба над галавой…»: Нарысы з гiсторыi астраномii / Леанiд Лаўрэш. — Мінск: Лімарыус, 2013.
Выйшла ў свет кніга лідскага аўтара Леаніда Лаўрэша, прысвечаная гісторыі астраноміі ў Беларусі. Аўтар вядомы таксама як стваральнік інтэрнэт-сайта Pawet.net — найстарэйшага з гістарычных сайтаў у Беларусі.
«Вывучэнне гiсторыi навукi ўжо мае сваю традыцыю ў Беларусi, — піша ў прадмове да кнігі гісторык Алег Дзярновіч. — Апошняе дваццацiгоддзе ў гэтай сферы адзначанае з’яўленнем серыi „Нашы славутыя землякi“ — з тых 39 кнiжак, якiя выйшлi на працягу 1988–2007 гадоў, 12 былi прысвечаныя постацям i даследчыкам у галiне фiзiкі, матэматыкi, геаграфii, геалогii, iнжынерыi, медыцыны… Выбудоўваецца гiсторыя навукi праз бiяграфii яе персаналiй. Увогуле, гэта даволi пашыраны прыём — паказваць абставiны нараджэння навуковай тэорыi праз уласную творчую лабараторыю таго цi iншага навукоўца. Такiм чынам мы можам зразумець той аб’ём ведаў i практычны iнструментар, якiя спрычынiлiся да нараджэння пэўнай навуковай канцэпцыi цi тэхнiчнага вырашэння, адчуць, што дапамагала, а што перашкаджала ў сацыяльнай сферы iнтэлектуальнаму прагрэсу.
Леанiд Лаўрэш застаўся верным гэтаму прыёму, але прапанаваў крыху iншы прынцып выкладання сваёй тэмы — ён падае гiсторыю астраномii ў нашым краi праз галерэю партрэтаў i гiсторыю iнстытуцый, гэтым самым ствараючы панараму станаўлення i развiцця гэтай навукi.
Таксама аўтар дапамагае нам увесцi пэўную карэкцыю ў пашыраныя ўяўленнi.
Традыцыйна мы ўспрымаем Вiленскi ўнiверсiтэт XVIII — першай трацiны XIX ст. як краёвага лiдара ў гуманiтарных, найперш гiстарычных, навуках. Але, як паказаў аўтар, ужо ў XVII ст., поруч з тэалогiяй i традыцыйнымi курсамi еўрапейскiх унiверсiтэтаў у Вiленскай акадэмii паспяхова выкладалiся найноўшыя астранамiчныя вучэннi.
А ў канцы XVIII ст. у Галоўнай лiтоўскай школе (як тады называўся ўнiверсiтэт) найбольш актыўна развiвалiсяфiзiка-матэматычныя навукi i была створаная абсерваторыя. Фактычна, гiсторыя астраномii ў Вiленскiм унiверсiтэце iлюструе станаўленне навукi Новага часу — сучаснай навукi. Не да канца зразумелым, праўда, застаецца пытанне: цi азначала гэтае станаўленне новай навукi поўны разрыў з герметычнай традыцыяй? Бо, што можа падацца дастаткова нечаканым, астраномiя на ўзроўнi канцэптуальнага абагульнення — у касмалогii — часам амбiвалентна кантактуе з рэнесанснай магiяй Джардана Бруна цi рэлiгiяй.
Усё ж я раю людзям розных спецыяльнасцяў часам звяртацца да астраномii, хоць бы для карэкцыi ўяўленняў пра ўласную значнасць i маштаб праблем, што паўстаюць перад намi ў актуальны час.
Леанiд Лаўрэш прапануе свае сцежкi ў гэтым шляху».
Наша Ніва
Саюз беларускіх пісьменнікаў
Камунікат
ЗБС Бацькаўшчына

Жыхар Ліды напісаў пра гісторыю астраноміі ў Беларусі

8 красавіка 2013 11:11 | Актуаліі, Важнае, Гісторыя, Літаратура
Леанід Лаўрэш, стваральнік інтэрнэт-сайта pawet.net — найстарэйшага з гістарычных сайтаў у Беларусі — напісаў першую кнігу пра гісторыю астраноміі ў краіне.
У кнізе гісторыя такой навукі, як астраномія, падаецца праз прызму партрэтаў навукоўцаў, што гэтай навукай займаліся.
Спадар Леанід у першую чаргу — пра што кніга?
— Кніга расказвае пра гісторыю астраноміі, і ў першую чаргу гэтая гісторыя звязаная з Віленскім універсітэтам, з тымі асобамі, што там працавалі. Менавіта гэтая ўстанова ў той час (ХVIII — першай трацiны XIX ст.) была лiдарам у гуманітарных, найперш гістарычных, навуках. А асноўнае імя, якое я згадваю ў кнізе, – гэта імя Марціна Пачобута-Адляніцкага, рэктара Віленскай акадэміі ці, як раней казалі, Галоўнай школы Вялікага Княства Літоўскага. У кнізе згаданыя таксама асобы, звязаныя з астраноміяй Беларусі праз мастацтва, праз розныя творы і вершы, прысвечаныя вядомым астраномам.
Напісанне такіх кніг, відаць, займае шмат часу?
— Кніга павінна была паўстаць яшчэ ў канцы 2009 года, аднак з’явілася толькі цяпер. Нагодай да стварэння кнігі зрабіліся напісаныя раней для “Нашага слова” некалькі публікацый па гісторыі астраноміі. Рэдактар “Нашага слова” Станіслаў Суднік паказаў гэтыя артыкулы Адаму Мальдзісу, які пахваліў іх. Ды і самі тэксты выклікалі вялікі розгалас. За з’яўленне гэтай кнігі вялікі дзякуй выдавецтву “Лімарыус”. Без іх кнігі б проста не было. Артыкулы з яе ўжо друкаваліся ў гарадзенскім “Гістарычным альманаху”, за што дзякуй гарадзенскім гісторыкам Краўцэвічу і Смаленчуку.
Каму прызначанае гэтае выданне?
— У першую чаргу навукоўцам, бо сама кніга хутчэй навуковага плану. Напісаная яна суха і, так скажам, шырокаму колу чытачоў цікавай не будзе. У кнізе больш за 500 спасылак, і гэта першая спроба звесці гісторыю беларускай астраноміі ў адзін твор. Хачу адзначыць, што гісторыяй навукі заўсёды займаюцца ў першую чаргу не гісторыкі, а спецыялісты іншых навук.
Аўтар спадзяецца, што у хуткім часе — а гэта прыкладна праз месяц, — гарадзенцаў чакае вялікая прэзентацыя кнігі, якая ўжо зрабілася бібліяграфічнай рэдкасцю.
Андрэй Мялешка
Фота Андрэя Мялешкі і pawet.net
budzma.org

“…Калі ўсе мы разам ляцім да зор”

Выйшла кніга па гісторыі беларускай астраноміі – Леаніда Лаўрэша. Рыхтуецца кніга па народнай астраноміі – Цімафея Авіліна.
Нарысы з гісторыі беларускай астраноміі выдаў лідчанін Леанід Лаўрэш (стваральнік сайту “Павет“).
Сваю кнігу ён назваў “І зорнае неба над галавой…” У кнізе аўтар паказвае глыбокую традыцыю айчыннай астраноміі, раскрывае нам імёны даследчыкаў зорак ад XVI стагоддзя да сучаснасці. Таксама падымае цікавую тэму развіцця астраноміі ў Віленскім універсітэце і працу Віленскай абсерваторыі. Апошнім часам да тэмы астраноміі, звязанай з нашымі землямі, звяртаюцца таксама нашыя суседзі. У Літве напрыканцы мінулага года выйшла кніга Ёнаса Вайшкунаса “Чытаючы нябесныя знакі: па слядах літоўскага Задыяку”, у аснову якой пакладзеныя выявы з беларускага каўша.
Блізкую па тэматыцы, але іншую па накіраванасці кнігу рыхтуе даследчык этнаастраномііЦімафей Авілін. Яе выхад чакаецца ў канцы 2013 года. Пра змест свайго будучага выдання Цімафей распавёў Svajksta.by:
- Я амаль падрыхтаваў кнігу па народнай астраноміі. У кнізе таксама ёсць некалькі частак па гісторыі астраноміі ў кантэксце лінгвістычным, гэта значыць – якія назвы сузор’яў вядомыя і чаму менавіта такія, які генэзіс, тыпалагічныя падабенствы і г.д.
S.: Ці будзе будучая кніга перакрыжоўвацца з кнігай Леаніда Лаўрэша?
Ц.А.: Для мяне канцэптуальным з’яўляецца рэпрэзентацыя беларускіх веранняў (паданняў, назваў (астронімаў), магчымыя прадметавыя ўвасабленні і г.д.) па зорках, сузор’ях, Млечынм шляху і г.п.
А ў спадара Леаніда кніга пра гісторыю астраноміі, а дакладней пра некаторых беларускіх навукоўцаў астраномаў у перыяд з XVI-XXст.ст. і Віленскую абсерваторыю.
Такім чынам адбываецца сумесная праца над адной тэмай, але даследаванне яе ў розных кантэкстах. І чым болей будзе людзей, якіх зацікавіць нейкі свой бок, грань гэтай часткі культурнай спадчыны беларусаў – тым лепей. У сваю чаргу, я гатовы, чым змагу, дапамагаць людзям, якія зацікавяцца. Дарэчы варта адзначыць, што абуджэнне цікавасці да зорнага неба праяўляецца не толькі ў даследчыцкай працы, але і ў творчасці. Зусім нядаўна ў сеціве стаў хітом відэа-ролік “Беларусь у абдымках зорак”, які зрабіў глыбоцкі выкладчык астраноміі і фатограф Віктар Малышчыц.
Svajksta

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX