Вывучэнне гiсторыi навукi ўжо мае сваю традыцыю ў Беларусi.
Апошняе дваццацiгоддзе ў гэтай сферы адзначанае з'яўленнем серыi «Нашы славутыя землякi» - з тых 39 кнiжак, якiя выйшлi на пра цягу 1988-2007 гадоў, 12 былi прысвечаныя постацям i даследчыкам у галiне фiзiкі, матэматыкi, геаграфii, геалогii, iнжынерыi, медыцыны… Выбудоўваецца гiсторыя навукi праз бiяграфii
яе персаналii. Увогуле, гэта даволi пашыраны прыём - паказваць
абставiны нараджэння навуковай тэорыi праз уласную творчую лабараторыю таго цi iншага навукоўца. Такiм чынам мы можам зразумець той аб'ём ведаў i практычны iнструментар, якiя спрычынiлiся
да нараджэння пэўнай навуковай канцэпцыi цi тэхнiчнага вырашэння, адчуць, што дапамагала, а што перашкаджала ў сацыяльнай сферы iнтэлектуальнаму прагрэсу.
Леанiд Лаўрэш застаўся верным гэтаму прыёму, але прапанаваў
крыху iншы прынцып выкладання сваёй тэмы - ён падае гiсторыю астраномii ў нашым краi праз галерэю партрэтаў i гiсторыю
iнстытуцый, гэтым самым ствараючы панараму станаў лення i развiцця гэтай навукi. Таксама аўтар дапамагае нам увесцi пэўную карэкцыю ў пашыраныя ўяўленнi.
Традыцыйна мы ўспрымаем Вiленскi ўнiверсiтэт XVIII - першай трэцi XIX ст. як краёвага лiдара ў гуманiтарных, найперш
гiстарычных, навуках. Але, як паказаў аўтар, ужо ў XVII ст., поруч з тэалогiяй i традыцыйнымi курсамi еўрапейскiх унiверсiтэтаў
у Вiленскай акадэмii паспяхова выкладалiся найноўшыя астранамiчныя вучэннi. А ў канцы XVIII ст. у Галоўнай лiтоўскай школе (як
тады называўся ўнiверсiтэт) найбольш актыўна развiвалiся фiзiкаматэматычныя навукi i была створаная абсерваторыя. Фактычна,
гiсторыя астраномii ў Вiленскiм унiверсiтэце iлюструе станаўленне
навукi Новага часу - сучаснай навукi. Не да канца зразумелым,
праўда, застаецца пытанне: цi азначала гэтае станаўленне новай навукi поўны разрыў з герметычнай традыцыяй? Бо, што можа падацца дастаткова нечаканым, астраномiя на ўзроўнi канцэптуальнага абагульнення - у касмалогii - часам амбiвалентна кантактуе
з рэнесанснай магiяй Джардана Бруна цi рэлiгiяй.
Усё ж я раю людзям розных спецыяльнасцяў часам звяртацца да
астраномii, хоць бы для карэкцыi ўяўленняў пра ўласную значнасць
i маштаб праблем, што паўстаюць перад намi ў актуальны час.
Леанiд Лаўрэш прапануе свае сцежкi ў гэтым шляху.
Алег Дзярновiч
Менск, 12 траўня 2012 г.
Уступнае слова ад зацiкаўленага чытача
Аўтар: Дзярновiч Алег,
Дадана: 10-04-2013,
Крыніца: "I зорнае неба над галавой…": Нарысы з гiсторыi астраномii / Леанiд Лаўрэш. — Мінск: Лімарыус, 2013.
Дадана: 10-04-2013,
Крыніца: "I зорнае неба над галавой…": Нарысы з гiсторыi астраномii / Леанiд Лаўрэш. — Мінск: Лімарыус, 2013.