Вярнуцца: Лаўрэш Л. I зорнае неба над галавой…

Прадмова


Аўтар: Лаўрэш Леанiд,
Дадана: 10-04-2013,
Крыніца: "I зорнае неба над галавой…": Нарысы з гiсторыi астраномii / Леанiд Лаўрэш. — Мінск: Лімарыус, 2013.

Спампаваць




Велiчная карцiна зорнага неба прыцягвае ўвагу чалавека сваёй непаўторнай прыгажосцю. Чалавецтва заўсёды спрабавала i спрабуе асэнсаваць, якое месца яно займае ў Сусвеце, што такое гэты Сусвет, як ён уладкаваны, як паўстаў i цi заўсёды iснаваў. Аднак астранамiчныя веды акрамя высокага сэнсу - спасцiжэння Сусвету - заўжды мелi i ўтылiтарны характар i былi неабходныя для паўсядзённага жыцця.
Нябесныя з'явы - сутачны шлях Сонцы, парадак узыходу i заходу сузор'яў, месяцовыя фазы, змены на небе, звязаныя з порамі года, - аднастайна паўтараюцца i настолькi зраслiся з жыццём, што сталi неадменнай часткай наваколля. Аднак менавiта назiранне за небам i вылучэнне заканамернасцяў навучыла чалавека свядома арыентавацца ў часе i прасторы. Гэта было неабходна першабытным паляўнiчым, жывёлагадоўцам i земляробам. Жывёлагадоўцам трэба было своечасова пераганяць статкi на новыя пашы, неяк арыентавацца на мясцовасцi, вызначаць час дажджлiвых або засушлiвых сезонаў, а ў больш паўночных раёнах прадбачыць наступ зiмы або лета. Земляробы апынулiся ў яшчэ большай залежнасцi ад сезонных змен, бо iх праца - пасеў i жнiво - немагчымы без календара. Такiм чынам, i практычныя запатрабаваннi прыцягнулi ўвагу людзей да нябесных з'яў, да назiранняў за перасоўваннем Сонца, Месяца, да сутачнага руху зорак. Тысячагоддзямi начуючы каля вогнiшчаў i гледзячы на неба, чалавек засвоiў, што ад вечара да вечара зоркi не змяняюць узаемнага размяшчэння, а вiзуальна падзяляюцца на сузор'i. Веданне сузор'яў i ўсталяванне заканамернасцi руху Сонца i Месяца дазволiла арыентавацца на мясцовасцi i вызначаць час, усталяванне гадавога цыкла руху зорнага неба - стварыць першыя календары. Народны фальклор заха ваў для нас назовы свяцiлаў i сузор'яў i iх сакральную ролю ў жыццi людзей [1]. Але ў гэтай кнiзе разглядаецца гiсторыя навуковай астраномii.
Першыя захаваныя запiсы астранамiчных назiранняў датуюцца VIII ст. да н. э. Аднак вядома, што яшчэ за 3 тысячы гадоў да н. э. егiпецкiя жрацы прымецiлi, што разлiвы Нiла, рэгуляваўшыя эканамiчнае жыццё краiны, надыходзiлi неўзабаве пасля таго, як перад узыходам Сонца на ўсходзе з'яўлялася самая яркая з зорак, Сiрыус, якая хавалася дасюль каля двух месяцаў у прамянях Сонца. З гэтых назiранняў егiпецкiя жрацы даволi дакладна вызначылi працягласць трапiчнага года [2]. Астраномiя як навука была створаная ў антычны час. У Старажытнай Грэцыi астраномiя з'яўлялася адной з найболей развiтых навук. Для тлумачэння бачных рухаў планет грэцкiя астраномы, найперш Гiпарх (II ст. да н. э.), стварылi геаметрычную тэорыю эпiцыклаў, якая легла ў аснову геацэнтрычнай сiстэмы свету Пталамея (II ст. н. э.). Галоўная кнiга Пталамея - «Мегале сiн таксiс» [3] - утрымоўвае фундаментальны выклад геацэнтрычнай сiстэмы свету. Быўшы прынцыпова няслушнай, сiстэма Пталамея дазваляла з любой зададзенай дакладнасцю вылiчваць становiшча планет на небе, яна задавальняла практычныя запыты, а яго кніга была найлепшай кнiгай па астраномii аж да XVI ст., а ва ўнiверсiтэтах вывучалася аж да канца XVIII ст. Але толькi ў XV ст. гэтую кнiгу дакладна пераклаў на лаці ну i выправiў па мылкi Рэгiямантан, пасля чаго яна была надрукаваная. «Альмагест» Плаламея, пасля яго выдання ў 1496 г. друкарскiм спосабам, уважлiва вывучаў вялiкi Мiкалай Капернiк. У кнiзе «De Revolutionibus Orbium Caelestium», выдадзенай у 1543 г., ён прапанаваў мадэль Сонечнай сiстэмы, у якой планеты круцяцца вакол цэнтральнага Сонца. Спачатку гэтая тэорыя не атрымала прызнання, бо не давала магчымасцi прадказваць становiшча планет больш дакладна, чым старая тэорыя (у сiстэме Капернiка арбiты асноўных планет былi кругавымi, i, каб прагназаваць рух планет, ён таксама, як i Пталамей, карыстаўся эпiцыкламi). Тым не менш iдэi Капернiка зрабiлi пераварот у астраномii i стымулявалi далейшае развiццё навукi. Наступнае развiццё астраномii прывяло да распрацоўкi Ёганам Кеплерам дакладнай гелiяцэнтрычнай мадэлi, у якой планетарныя арбiты былi не кругавымi, а элiптычнымi i да адкрыцця Ньютанам закону сусветнага прыцягнення. Гэтыя адкрыццi разам з выкарыстаннем тэлескопа ў астраномii прывялi да хуткага ўздыму ўсiх фiзiка-матэматычных навук.
Пачынаючы з XV ст. нашы продкi - жыхары ВКЛ пачынаюць вучыцца ў еўрапейскiх унiверсiтэтах. У тагачасных унiверсiтэтах адукацыя падзялялася на два цыклы: трывiум i квадрыум. Квадрыум (лац. quadri vium - чатыры шляхi) - гэта падвышаны курс свецкай адукацыi, якi складаўся з чатырох дысцыплiн: арыфметыкi (лiчылася базавай дысцыплiнай), геаметрыi, астраномii i музыкi (разглядалася як «навука гармонii», а не «мастацтва гукаў»). Такiм чынам, выпускнiкi еўрапейскiх унiверсiтэтаў сталi першым носьбiтамi навуковых ведаў па астраномii ў ВКЛ. Пасля заснавання ў канцы XVI ст. унiверсiтэта ў Вiль ні курс астраномii можна было вывучаць у сваёй дзяржаве. Разам з вышэйшай вучэбнай установай з'явiлiся i выкладчыкi - навукоўцы, якiя займалiся астраномiяй прафесiйна. Акрамя вышэйшай школы курс астра номii дастаткова грунтоўна вывучаўся ў шматлiкiх сярэднiх вучэбных асяродках на Беларусi, напрыклад у езуiцкiх калегiумах.
Верагодна, першым вiленскiм курсам астраномii быў курс ад 1629 г. прафесара матэматыкi Андрэя Мiлеўскага. Найбольш вядомым тагачасным выкладчыкам астраномii быў матэматык прафесар Освальд Кры гер (1598-1665). Дзве часткi працы Освальда Крыгера «Compendium ma thematicarum disciplinarum» (1632) былi прысвечаныя астраномii. Захавалiся таксама запiсы прафесарскiх лекцый па астраномii за 1645 г. У гэтым курсе нароўнi з iншымi прыводзiцца i сiстэма Сусвету паводле Капернiка. Крыгер самастойна зрабiў тэлескоп i яшчэ пры жыццi Галiлея, у снежнi 1632 г. i студзенi 1633 г., са сваiмi студэнтамi правёў першыя назiраннi за небам з дапамогай аптычнай прылады [4]. Гэта былi першыя астранамiчныя назiраннi з выкарыстаннем тэлескопа ў нашым краi. Ёсць дакладная iнфармацыя пра назiранне Крыгерам адкры тых Галiлеем спадарожнiкаў Юпiтэра ў 1632 г. Студэнты Крыгера Ян Рудамiна-Дусяцкi i Альберт Дыблiнскi пад яго кiраўнiцтвам напiсалi першыя ў ВКЛ астранамiчныя працы [5]. У XVII ст. навукоўцы акадэмii выдалi шэраг кнiг, дзе разглядалiся розныя пытаннi астраномii.
З другой паловы XVIII ст. кiраўнiцтва акадэмii пасылае на навуковыя стажыроўкi ў Еўропу маладых даследчыкаў: Тамаша Секежынскага (1750-1752), Тамаша Жаброўскага (1750-1752), Яна Багамольца (17541755) [6], Марцiна Пачобута-Адлянiцкага (1754-1756), Казiмiра Нарушэвiча (1754-1756) [7].
У 1753 г. выхадзец з Наваградчыны езуiт Тамаш Жаброўскi засноўвае ў Вiльні астранамiчную абсерваторыю - першую ў нашым краi. Пры гарадзенцу Марцiну Пачобуту-Адлянiцкiм гэтая абсерваторыя становiцца ў адзiн шэраг з найлепшымi абсерваторыямi Еўропы. У 1770-я гг. А. Тызенгаўз у мэтах эканамiчнага ўздыму краiны вы працаваў план стварэння ў Гродне акадэмii свецкага тыпу i пабудовы астранамiчнай абсерваторыi пры ёй. Захаваўся праектны план, на якiм сярод iншых паказаны i будынак меркаванай абсерваторыi [8]. Аднак ідэі па стварэнні абсерваторыi ў Гродне не былi рэалiзаваныя.
У апошнi час у Беларусi з'явiлiся выдатныя працы з гiсторыi Вiленска га ўнiверсiтэта [9]. Але ў асноўным у iх даследавалася развiццё гуманiтар ных навук i бiяграфii навукоўцаў-гуманiтарыяў. Гiсторыя развiцця прыро дазнаўчых навук у Беларусi, на жаль, пакуль што адсутнiчае. Таму ў першай частцы гэтай кнiгi сiстэмна выкладзена развiццё астраномii ў Вiленскiм унiверсiтэце i ў дадатках да першай часткi зроблена спроба паказаць працу Вiленскай абсерваторыi ў кантэксце тагачаснай навукi. У другой частцы расказваецца аб астраномах XIX-XX стст. - выхадцах з Беларусi i iх унёску ў развiццё гэтай дасканалай навукi.
На жаль, у кнiзе амаль нiчога няма пра гiсторыю аматарскай астраноміі ў Беларусi, а гэтая навука ва ўсе часы iмела шмат прыхiльнiкаў i заўзятараў. Нашы продкi захаплялiся астраномiяй у гарадах, панскiх маёнтках i кляштарах. Пад'ём аматарскай астраномii ва ўсiм све це адбыўся з сярэдзiны XIX ст. у значнай ступенi пад уплывам непераўзыдзеных кнiг Камiла Фламарыёна. У Беларусi з канца XIX ст. працаваў астранамiчны гурток пры Вiцебскай гiмназii, а ў Гродне ў навучальных мэтах на пачатку ХХ ст. была адчыненая абсерваторыя ў рамесным вучылiшчы iмя царэвiча Аляксея, а ў кляштары брыгiтак працаваў гурток аматараў астраномiі ксяндза Люцыяна Халецкага.
Сярод аматараў астраномii былi самыя розныя людзi, напрыклад наш вялiкi пiсьменнiк Уладзiмір Караткевiч. З 1956 да 1958 г., працуючы настаўнiкам расійскай мовы i лiтаратуры ў Оршы, ён кiраваў астранамiчным гуртком. Як успамiнаў адзiн з удзельнiкаў гуртка, «дзецi й настаўнiкi вечарамi зьбiралiся, ён сузор'i называў. Па астраномii меў выключныя веды. Адным з самых лю бiмых пiсьменьнiкаў Караткевiча быў Багдановiч. Памятаеце: "Нашто ж на зямлi сваркi й звадкi, боль i горыч, калi ўсе мы разам ляцiм да зор?"»[10].
Мэта кнiгi - даць iнфармацыю па гiсторыi астраномii ў межах гiсторыi нашай Бацькаўшчыны. Аўтар спадзяецца, што ягоная праца была не дарэмнай.

[1] Беларускую народную астраномiю грунтоўна вывучае мiнчанiн Цiмафей Авiлiн. Ён аўтар шэрагу публiкацый па беларускай народнай астраномii на беларускай, рускай, англійскай, чэшскай i балгарскай мовах: Белорусская народная астро номия // Историко-астрономические исследования. В. 31. Москва, 2006; Meteor Beliefs Project: East European meteor folk-beliefs; WGN, Journal of the International Meteor Organization. Vol. 35. No. 5; Astronyms in Belarussian folk beliefs. Archaeologia Baltica, 10 i iнш. Аўтар разглядае i аналiзуе беларускiя народныя ўяўленнi пра нябесныя свяцiлы, метэоры i этыялагiчныя легенды пра плямы на Месяцы.
[2] Неабходна адзначыць, што астраномiя адрознiваецца ад большасцi iншых прыродазнаўчых навук асаблiвай старажытнасцю. У час, калi фiзiка i хiмiя яшчэ не вылучылiся ў асобныя навукi, яна ўжо была добра распрацаванай навукай. Верагодна, толькi каралева навук - матэматыка - можа пахвалiцца такой сiвой старажытнасцю.
[3] «Вялiкая пабудова», арабы ператварылi гэты назоў у «Аль Маджысцi», адгэтуль позняя назва - «Альмагест».
[4] Гл.: Jezuici a kultura polska: materiały sympozjum z okazji Jubileuszu 500-lecia urodzin Ignacego Loyoli (1491-1991) i 450-lecia powstania Towarzystwa Jezusowego (1540-1990). Krakow, 15-17 lutego 1991 r. / pod redakcja Ludwika Grzebienia. Krakow, 1993. S. 276.
[5] Гл.: Матулайтите С. Учение Коперника в Вильнюсском университете в XVII - начале XIX вв. // Историко-астрономические исследования. Вып. XII. М., 1975. С. 79.
[6] Астраном, якi нарадзiўся на Вiцебшчыне, ксёндз-езуiт Ян Багамолец (1724-1795). Ступень магiстра фiласофii ён атрымаў у Вiльнi, далей вывучаў астраномiю ў Пра зе. Пасля выкладаў у Варшаўскiм калегiуме. Назiраў камету 1769 г. i па вынiках назiранняў апублiкаваў працу, у якой акрамя астранамiчных дадзеных пра камету даў i астралагiчнае тлумачэнне яе з'яўлення.
[7] Гл.: Блинова Т. Б. Иезуиты в Беларуси (Их роль в организации образования и просвещения). Гродно, 2002. С. 90.
[8] Гл.: Кiтурка I. Накiрункi даследавання гiсторыi Гараднiцы другой паловы ХVIII ст.: Кры нiцазнаўчы аспект // Гiстарыяграфiя i крынiцы па гiсторыi гарадоў i пра цэ саў урбанi зацыi ў Беларусi: зборнiк навуковых артыкулаў. Гродна, 2009. С. 204.
[9] Напрыклад: Габрусевiч С. А., Марозава С. В. Прафесар Iгнат Анацэвiч. Жыццё. Спадчына. Гродна, 2005; Вильна 1823-1824: Перекрестки памяти / сост. Федута А. И; вступ. ст. коммент. Лавринец П. М., Рейтблат А. И., Федута А. И. Минск, 2008 i iнш.
[10] Гл.: Жарко Г. Апiсваючы мiнуўшчыну Беларусі, Караткевiч ствараў Беларусi будучыню. [Электронны рэсурс] - Рэжым доступу: svaboda.org/content/article/789197.html - Дата доступу: 07.11.2011
 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX