Вярнуцца: Лаўрэш Л. I зорнае неба над галавой…

Астраномы xx ст. - нараджэнцы Беларусi


Аўтар: Лаўрэш Леанiд,
Дадана: 10-04-2013,
Крыніца: "I зорнае неба над галавой…": Нарысы з гiсторыi астраномii / Леанiд Лаўрэш. — Мінск: Лімарыус, 2013.

Спампаваць




Блажко Сяргей Мiкалаевiч
Гаўрылаў Iгар Уладзiмiравiч
Глэнбоцкi Роберт
Дубяга Змiцер Iванавiч
Жангаловiч Iван Данiлавiч
Iванiшэўскi Генрык
Каменскi Мiхал
Лiпскi Юры Навумавiч
Хайкiн Сямён Эмануiлавiч


Блажко Сяргей Мiкалаевiч (17.11.1870-11.02.1956) - астраном, астраметрыст, прафесар Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, член-карэспандэнт АН СССР, спецыялiст у галiне даследавання пераменных зорак, аўтар шэрагу арыгiнальных канструкцый i прылад для тэлескопаў.
Нарадзiўся ў купецкай сям'i ў г. Хоцiмску Магiлёўская вобласцi. У 1880 г. закончыў народную вучэльню ў Хоцiмску, а ў 1888 г. - Смаленскую гiмназiю i паступiў на фiзiка-матэматычны факультэт Iмператарскага Маскоўскага ўнiверсiтэта на спецыяльнасць «астраномiя». У 1892 г. атрымаў дыплом I ступенi МДУ. Настаўнiкамi былi прафесары: В. К. Цераскi i Ф. А. Брадзiхiн, калегамi па працы: П. К. Штэрнберг, З. А. Казакоў, Б. П. Мадэстаў.
Пасля заканчэння ўнiверсiтэта С. М. Блажко быў залiчаны на пасаду звышштатнага асiстэнта абсерваторыi i пачаў працаваць пад кiраўнiцтвам В. К. Цэраскага, з якiм яго на ўсё жыццё звязалi сяброўскiя стасункi. З 1894 г. Блажко - штатны асiстэнт абсерваторыi. Ён прыняў эстафету ад Цэраскага i стаў прадаўжальнiкам традыцый маскоўскай школы даследнiкаў пераменных зорак. Навуковыя iнтарэсы С. М. Блажко былi вельмi шырокiя, але ён займаўся пераважна даследаваннем пераменных зорак i практычнай астраномiяй [1]. У 1895 г. астраном пачаў сiстэматычнае фатаграфаванне зорнага неба з выкарыстаннем святласiльнага шырокавугольнага астрографа - экватарыяльнай камеры Цэраскага.
Блажко выявiў у пераменных зорак тыпу Алголь уплыў на крывыя змены iх бляску пацямнення яркасцi краю дыска зоркi, што дазволiла ўдакладнiць арбiту падвойнай сiстэмы. Гэтае адкрыццё стала падмуркам ягонай магiстарскай дысертацыi, дзе ён упершыню выклаў агульную тэорыю пераменных зорак тыпу Алголь i паказаў метад вызначэння элементаў iх арбiт па фотаметрычных дадзеных. Дысертацыя была блiскуча абароненая ў 1911 г. i апублiкаваная як манаграфiя пад назвай «Аб зорках тыпу Алголь».
Сяргей Блажко даследаваў звыш двухсот пераменных зорак розных тыпаў i першым выявiў у некаторых хуткаперыядычных пераменных зорак тыпу RR Лiры перыядычныя змены iх перыяду i бляску. Гэты эфект атрымаў у лiтаратуры назву «эфект Блажко». У 1919 г. астраном прапанаваў новы метад фатаграфавання малых планет, якi хутка пашыраўся. Сутнасць метаду палягала ў тым, што на адной пласцiнцы атрымлiвалi тры выявы з перапынкамi памiж iм i са зрухам трубы па скланеннi.
На працягу шматлiкiх дзесяцiгоддзяў спектраграфаванне метэораў было аперацыяй вельмi працаёмкай з прычыны раптоўнасцi i кароткачасовасцi з'явы. У ХIХ ст. была атрыманая толькi адна такая спектраграма (Э. Пiкерынг, 1897 г.), дый тое выпадкова. Менавiта таму С. М. Блажко прыступiў да сiстэматычных прац па спектраграфаваннi метэораў пры дапамозе аб'ектыўнай прызмы. 11 траўня 1904 г. i 12 жнiўня 1907 г. даследнiку пашчасцiла атрымаць удалыя фатаграфii спектраў метэораў i ўпершыню даць правiльнае iх тлумачэнне. Так, спектр метэора 1904 г. складаўся з 17 лiнiй, сярод якiх асаблiва добра былi бачныя лiнii жалеза, вадароду i кальцыю. Цiкава адзначыць, што да 1909 г. ва ўсiм свеце было атрымана ўсяго пяць спектраў, а з iх тры належалi С. М. Блажко [2].
У 1914 г. Блажко выявiў палярызаванасць выпраменьвання сонечнай кароны з дапамогай прыбора сваёй канструкцыi. Ён прапанаваў новы спосаб выяўлення астэроiдаў па фатаграфiях, распрацаваў арыгiнальны метад вызначэння каардынатаў свяцiлаў, далёкiх ад аптычнага цэнтра пласцiнкi. Ён сiстэматычна фатаграфаваў зорнае неба i зрабiў вялiкi ўнёсак у знакамiтую «шкляную бiблiятэку» Маскоўскай абсерваторыi, а таксама сканструяваў шэраг прыбораў: бясшчыльны зорны спектрограф для 15-цалевага падвойнага астрографа, блiнк-мiкраскоп для выяўлення новых пераменных, прыладу на мерыдыянным крузе для паслаблення бляску пры назiраннях момантаў мiнання зорак.
Педагагiчная дзейнасць Сяргея Блажко пачалася на Вышэйшых курсах (1900-1918), у Народным унiверсiтэце iм. А. Л. Шаняўскага (19091919) i на Педагагiчных курсах Таварыства выхавальнiц i настаўнiц. З 1910 г. Блажко - прыват-дацэнт кафедры астраномii i геадэзii, з 1918 г. - прафесар Маскоўскага ўнiверсiтэта, дзе чытаў: «Курс агульнай астраномii», з 1910 г. - «Курс практычнай астраномii», «Курс сферычнай астраномii», «Курс агульнай астрафiзiкi», «Поспехi астраномii за апошнiя дзесяцiгоддзi», «Курс практычнай астрафiзiкi», а таксама вучыў студэнтаў праводзiць практычныя астранамiчныя назiраннi.
У 1918-1920 гг. Блажко працаваў намеснiкам дырэктара, а з 1920 г. дырэктарам Маскоўскай абсерваторыi. З 1922 г. ён дырэктар НДI астраномii i геадэзii пры МДУ, у 1931-1937 гг. - загадчык кафедры астраномii, з 1937 да 1953 г. - загадчык кафедры астраметрыi механiкаматэматычнага факультэта МДУ. Блажко быў старшынёй Цэнтральнай камiсii па пераменных зорках пры Астрасавеце, сябрам Мiжнароднага астранамiчнага саюза (з 1938 г.), сябрам рэдкалегiй «Астранамiчнага часопiса» i бюлетэня «Пераменныя зоркi» [3].
Сусветна вядомы астрафiзiк Iосiф Шклоўскi, вучань прафесара Блажко, пiсаў у мемуарах: «Сяргей Мiкалаевiч Блажко быў асобай цалкам легендарнай. Напрыклад, з iм здарылася такая гiсторыя. Падчас чарговай кампанii за падвышэнне працоўнай дысцыплiны наведванне лекцый зрабiлi строга абавязковым. Сяргей Мiкалаевiч чытаў курс агульнай астраномii на фiзiчным факультэце для некалькiх сотняў студэнтаў. Лекцыi адбывалiся ў знакамiтай Ленiнскай аўдыторыi на Мохавай, дзе лавы размешчаныя амфiтэатрам. Журчанне старога лектара так­сяк можна было чуць толькi ў першых двух шэрагах, тыя ж студэнты, якiя сядзелi вышэй, займалiся хто чым. У прыватнасцi, двое ўладкавалiся на верхатуры i, нагнуўшыся, акружаныя заўзятарамi, гулялi шахматную партыю факультэцкага першынства. На дошцы стварылася вострая сiтуацыя з "вiслымi" фiгурамi. I ў гэты момант адзiн з гульцоў зрабiў груба хiбны ход, ламаючы ўсю шахматную партыю. Тады яго партнёр, якi забыўся пра ўсё, радасна зароў на ўсю аўдыторыю: "Ну, гэта мудзi!" Сяргей Мiкалаевiч палiчыў гэты крык душы за сумнеў дапытлiвага юнака ў праўдзiвасцi нейкай тэарэмы, якую ён у гэты момант даказваў. Перапынiўшы доказ, ён нечакана гучным фальцэтам пракрычаў: "Гэта не мудзi, а закон прыроды!"»[4].
У 1920-я гг. прафесар Сяргей Мiкалаевiч Блажко на пытанне пра тое, навошта патрэбна такая старажытная i несучасная навука, як астраномiя, адказваў прыкладна так: «Поспехi астраномii, вядома ж, не робяць непасрэднага ўплыву на ўдоi кароў, але павiнны ж мы ведаць, як уладкаваны той свет, у якiм мы жывём!»[5].
За цыкл прац па даследаваннi пераменных зорак у 1929 г. Блажко быў абраны ў члены-карэспандэнты АН СССР, у 1934 г. яму прысвоена званне «Заслужаны дзеяч навукi i тэхнiкi РСФСР». Яго неаднаразова ўзнагароджвалi медалямi i ордэнамi, ён быў лаўрэатам Сталiнскай прэмii за падручнiк па сферычнай астраномii (1952), яго iмем названыя малая планета № 2445 i кратар на зваротным баку Месяца. Блажко напiсаў больш за 100 навуковых прац.
На пачатку 2008 г. у Хоцiмску была ўсталяваная памятная дошка з надпiсам «Тут нарадзiўся астраном Сяргей Блажко» на той самай хатцы (цяпер па вулiцы Камсамольскай), дзе ў 1870 г. ён нарадзiўся.

Гаўрылаў Iгар Уладзiмiравiч (17.05.1928-19.10.1982) нарадзiўся ў мястэчку Рубяжэвiчы Мiнскай вобласцi. У 1952 г. закончыў фiзiкаматэматычны факультэт Вiльнюскага ўнiверсiтэта, пасля чаго пэўны час працаваў настаўнiкам матэматыкi сярэдняй школы. З 1954 г. - супрацоўнiк Галоўнай астранамiчнай абсерваторыi АН УССР, з 1976 г. загадчык аддзела фатаграфiчнай астраметрыi.
Ягоныя асноўныя навуковыя працы - гэта працы па селенадэзii [6] i фатаграфiчнай астраметрыi. Пад яго кiраўнiцтвам i пры непасрэдным удзеле складзеныя першыя ў СССР селенадэзiчныя каталогi каардынатаў кропак бачнага боку Месяца, якiя былi неабходныя пры ажыццяўленнi праграм вывучэння Месяца з дапамогай касмiчных апаратаў i картаграфаваннi месяцовай паверхнi. Iгар Гаўрылаў правёў вялiкi цыкл даследаванняў па азначэннi параметраў геаметрычнай формы Месяца. Значная частка гэтых даследаванняў адлюстраваная ў яго манаграфii «Фiгура i памеры Месяца па астранамiчных назiраннях» (1969), а таксама ў калектыўнай працы «Зводная сiстэма селенадэзiчных каардынат 4900 кропак месяцовай паверхнi» (1977). У апошнiя гады жыцця шмат увагi аддаваў праблемам фатаграфiчнай астраметрыi, быў адным з iнiцыятараў праграмы па фатаграфiчным аглядзе паўночнага неба [7].

Глэнбоцкi Роберт (Robert Głębocki, 02.01.1940-21.02.2005) нарадзiўся 2 студзеня 1940 г. у маёнтку Трэпалава каля Вiлейкi. Вышэйшую адукацыю атрымаў ва Унiверсiтэце Мiкалая Капернiка ў Торунi. Атрымаў ступень магiстра ў галiне астраномii ў 1961 г., доктарскую дысертацыю абаранiў у 1966 г. Доктарам габiлiтаваным стаў у 1972 г. Быў прафесарам кафедры матэматыкi, фiзiкi i iнфарматыкi Гданьскага ўнiверсiтэта.
Пасля атрымання доктарскай ступенi, у 1966-1967 гг., ён меў паслядоктарскую стажыроўку ва Унiверсiтэце штата Агаё (ЗША), а з 19831988 гг. некалькi разоў па некалькi месяцаў стажыраваўся ў Медонскай абсерваторыi (Францыя).
У коле навуковых iнтарэсаў прафесара Глэнбоцкага была праблема структуры зорных атмасфер, вывучэнне iх метадамi спектраскапii i статыстыкi. Вынiкам яго даследаванняў сталiся больш за 50 публiкацый i каля 20 навукова-папулярных прац. Падрыхтаваў больш за сто магiстраў i 7 дактароў навук. Прафесар Глэнбоцкi быў вялiкi папулярызатар астраномii. Ён таленавiта пiсаў пра цяжкiя праблемы сучаснай астраномii, даступна i з гумарам. Глэнбоцкi лiчыў, што папулярызацыя ведаў - сацыяльны i маральны абавязак кожнага выкладчыка ўнiверсiтэта.
Прафесар Глэнбоцкi актыўна падтрымлiваў рух за дэмакратыю ў Польшчы. У жнiўнi 1980 г. ён прадстаўляў унiверсiтэт Гданьска ў стачачным камiтэце на Гданьскай суднаверфi. У 1988-1990 гг. быў старшынёй Камiтэта па навуцы прафсаюза «Салiдарнасць».
Напрыканцы жыцця займаў пасады рэктара Гданьскага ўнiверсiтэта i мiнiстра нацыянальнай адукацыi Польскай Рэспублiкi [8].

Дубяга Змiцер Iванавiч (03.10.1849-22.10.1918) нарадзiўся ў 1849 г. у Магiлёўскай губернi (сяло Соiна, цяпер Смаленская вобласць). Атрымаў першапачатковую адукацыю ў Гатчынскiм iнстытуце i паступiў на фiзiка-матэматычны факультэт Санкт-Пецярбургскага ўнiверсiтэта.
У 1872 г. Змiцер Дубяга закончыў Пецярбургскi ўнiверсiтэт. У 18781884 гг. працаваў астраномам Пулкаўскай абсерваторыi. З 1884 да 1918 г. быў дырэктарам абсерваторыi Казанскага ўнiверсiтэта.
Змiцер Iванавiч Дубяга - заснавальнiк казанскай астранамiчнай школы. Пасля запрашэння яго на пасаду ардынарнага прафесара кафед ры астраномii i геадэзii i прызначэння на пост дырэктара абсерва то рыi да заняткаў назiральнай астраномiяй пачала прыцягвацца таленавiтая моладзь, былi створаныя вылiчальнае бюро i навуковая бiблiятэка, пачалося сiстэматычнае выданне навуковых прац, пашырылася сувязь з iншымi абсерваторыямi [9]. У 1892 г. у абсерваторыi пачалiся вымярэннi на пасажнай прыладзе змянення геаграфiчнай шыраты. Зміцер Дубяга вызначыў тэматыку назiранняў i на гелiяметры [10], адзiнай у Расii ажно да сёння астранамiчнай прыладзе такога тыпу. Назiраннi на iм для вывучэння лiбрацый Месяца пачалiся з 1895 г. Гэтыя назiраннi сталi традыцыйнымi ў праграме казанскай астранамiчнай школы i працягваюцца да нашага часу. На 9-цалевым рэфрактары пры Дубягу пачалi сiстэматычна весцiся назiраннi малых планет i камет, назiраннi пакрыццяў зорак Месяцам, якiя давалi магчымасць назапашваць каштоўны матэрыял для вывучэння руху нашага спадарожнiка, быў пакладзены пачатак працам Казанскай абсерваторыi ў галiне гравiметрыi, якiя з 1899 г. сталi пастаяннымі. У 1880-я гг. перад Казанскай астранамiчнай абсерваторыяй, у сувязi з ростам горада, паўстала пытанне аб яе перабазаваннi за гарадскую рысу. Шмат для будаўнiцтва новай абсерваторыi зрабiў яе дырэктар. Грошы на новую абсерваторыю i новае абсталяванне даў аматар астраномii В. П. Энгельгарт (1828-1915).
Перадгiсторыя гэтай падзеi была такая. Яшчэ ў Пецярбургу ў Дубягi завязалася лiставанне з Васiлём Паўлавiчам Энгельгартам, астраномам-аматарам, якi жыў i працаваў ва ўласнай абсерваторыi ў Дрэздэне. Васiль Энгельгарт, багаты абшарнiк, нарадзiўся 29 чэрвеня 1828 г. у маёнтку Кустовiчы Кобрынскага павета Гарадзенскай губернi [11]. Адукацыю ён атрымаў у вучэльнi правазнаўства, але з раннiх гадоў вельмi цiкавiўся астраномiяй. У вынiку цiкаўнасць вылiлася ў жаданне прысвяцiць сябе служэнню любiмай навуцы. У 70-я гг. XIX ст. пераважна з прычыны больш лёгкага ажыццяўлення свайго жадання ў замежжы Васiль Паўлавiч перасялiўся ў Нямеччыну, у Дрэздэн. Спачатку ў 1877 г. пабудаваў невялiкую вежу-абсерваторыю ў прыватным садзе. У 1879 г. вырашыў пабудаваць уласную вiлу i да яе непасрэдна прыбудаваць абсерваторыю. З вясны 1880 г. назiраннi праводзiлiся ўжо ў новай абсерваторыi. Абсерваторыя складалася з трохпавярховай вежы, злучанай з жылым памяшканнем калiдорам з люстранымi вокнамi. На верхнiм паверсе вежы з купалам размяшчаўся на моцным падмурку тэлескоп-рефрактар фiрмы Груба з аб'ектывам у 12 цалей. На сярэднiм i нiжнiм паверхах вежы знаходзiлiся малыя дапаможныя прылады i электрычныя батарэi. Да нiжняга паверха вежы непасрэдна прымыкала мерыдыянная зала, дзе стаяла пасажная прылада Бамберга i вiсеў гадзiннiк Кноблiха. Акрамя таго, на даху вiлы размяшчаўся каметашукальнiк Мерца. У такой добрай абсерваторыi не было iншых назiральнiкаў, акрамя гаспадара. Энгельгарт выкарыстоўваў пераважна вялiкi рэфрактар. Назiраннi на iншых прыладах мелі службовы (вызначэнне часу) або выпадковы характар. Аб'ектамi назiранняў былi планеты, каметы, падвойныя зоркi, але найбольш багаты матэрыял пакiнуў Энгельгарт у галiне туманнасцяў i зорных збораў. Ён вызначыў каардынаты зорных збораў i даў iх падрабязныя апiсаннi. Асобныя назiраннi друкавалiся ў розных астранамiчных часопiсах, а потым былi выдадзеныя асобна ў трох тамах [12].
Дваццаць гадоў працягвалася бесперапынная наглядальнiцкая дзейнасць Васiля Энгельгарта, пакуль няўмольная старасць не прымусiла пакiнуць заняткi любiмай навукай. Перад Энгельгартам паўстала пытанне, што рабiць са сваёй абсерваторыяй. Ён жадаў сысцi з жыцця з упэўненасцю, што i пасля смерцi ягоныя прыборы будуць працаваць для любiмай навукі. Прасцей за ўсё было перадаць прылады аднаму з унiверсiтэтаў, тым больш што шматлiкiя германскiя ўнiверсiтэты дамагалiся атрымаць iх. Напрыклад, рэфрактар фiрмы Груба, якi належаў Энгельгарту, у 1880-я гг. быў адным з найлепшых у Нямеччыне.
Але Энгельгарт жадаў, каб яго абсерваторыя вярнулася на радзiму. Спачатку ён думаў перадаць яе ў адзiн з паўднёвых рускiх унiверсiтэтаў. Але ў вынiку яго выбар спынiўся на Казанскiм унiверсiтэце, дзе працаваў яго сябар i зямляк Змiцер Iванавiч Дубяга. Дубяга не раз у лiстах i пры асабiстых сустрэчах у Дрэздэне жалiўся сябру на моцныя нязручнасцi пры назiраннях у старой абсерваторыi, размешчанай у двары ўнiверсiтэта ў цэнтры Казанi. Няма сумневу, што сяброўства з Змiцерам Iванавiчам было вырашальным у тым, што менавiта Казанскаму ўнiверсiтэту Энгельгарт надумаў перадаць усё абсталяванне сваёй абсерваторыi. Нягледзячы на тое што клiмат Паволжа не вельмi спрыяў дакладным астранамiчным вымярэнням, ён палiчыў, што ў сяброўскiх руках яго абсерваторыя адродзiцца найлепшым чынам. Так адбылася перадача Энгельгартам усiх яго прылад, бiблiятэкi i ўсёй маёмасцi ў поўнае распараджэнне Казанскага ўнiверсiтэта. Дубяга разумеў, што гэта сур'ёзны аргумент на карысць хадайнiцтва аб пабудове новай абсерваторыi за рысай горада. 29 жнiўня 1897 г. Энгельгарт праз Дубягу папрасiў у рады Казанскага ўнiверсiтэта прыняць ад яго ў падарунак галоўныя прылады яго абсерваторыi: 12-цалевы тэлескоп Груба, 6-цалевы каметашукальнiк, 4-цалевы каметашукальнiк, пасажную прыладу Бамберга, гадзiннiк Кноблiха, гадзiннiк Тыдэ i шэраг iншых малых прылад i прыбораў, а таксама вельмi значную навуковую бiблiятэку ў 2000 тамоў. Пасля сваёй смерцi, па завяшчаннi, ён перадаваў Казанскаму ўнiверсiтэту i ўсю сваю рухомую i нерухомую маёмасць, каб яго абсерваторыя на новым месцы была забяспечаная сродкамi для працы i развiцця. Падарунак з падзякай быў прыняты, i ўжо ў снежнi астранамiчныя прылады ў дваццацi скрынях прыбылi ў Казань. Улетку 1898 г. хадайнiцтва Дубягi ў вышэйшых iнстанцыях аб сродках на будаўнiцтва новай абсерваторыi i аб адводзе зямлi было задаволенае [13]. Васiль Энгельгарт браў самы актыўны ўдзел у будаўнiцтве новай абсерваторыi пры Казанскiм унiверсiтэце. На базе гэтага абсталявання ў 1901 г. за 20 кiламетраў ад Казанi ў маляўнiчай мясцовасцi была пабудаваная новая астранамiчная абсерваторыя Энгельгартаўская [14]. Для ўмацавання iнструментальнай базы новай абсерваторыi з горада перанеслi галоўныя прылады - мерыдыянны круг i гелiяметр [15].
* * *
У 1899 г. Змiцер Iванавiч Дубяга быў прызначаны на пасаду рэктара Казанскага ўнiверсiтэта i займаў яе да 1905 г.
Асноўныя навуковыя працы Дубягi - па тэарэтычнай астраномii, астраметрыi i гравiметрыi. Па назiраннях казанскiх астраномаў за перыяд з 1869 да 1882 г. Дубяга склаў каталог 4281 зоркі (частка мiжнарод нага зорнага каталога). Даследаваў арбiту Трытона, спадарожнiка Неп туна, па назiраннях, выкананых на пулкаўскiм рэфрактары з 1847 да 1876 г., ён стварыў тэорыю руху астэроiда Дыяна [16].
У гонар З. I. Дубягi i ягонага сына, таксама астранома А. З. Дубягi, названы кратар на Месяцы.

Жангаловiч Iван Данiлавiч (20.02.1892-29.07.1981) нарадзiўся ў Гродне. Закончыў Петраградскi ўнiверсiтэт. У 1917 г. быў мабiлiзаваны ў Ваенна-Марскi флот. У 1919 г. удзельнiчаў у экспедыцыi па вывучэннi Курскай магнiтнай анамалii. У 1920-1930-я гг. працаваў у Галоўным гiдраграфiчным упраўленнi флоту, штогод удзельнiчаў у экспедыцыях па даследаваннi розных раёнаў Паўночнага Ледавiтага акiяна. Адначасова з 1920 г. працаваў у Астранамiчным iнстытуце (з 1943 г. - Iнстытут тэарэтычнай астраномii АН СССР), дзе займаў пасаду намеснiка дырэктара, ведаў аддзелам спецыяльных эфемерыд. З 1930 г. выкладаў у Ваенна-марской акадэмii iмя К. Я. Варашылава. У першай палове 1930-х гг. быў арыштаваны па «Пулкаўскай справе» [17]. У Астранамiчны iнстытут вярнуўся ў 1937 г. [18].
У 1930-я гг. Iван Жангаловiч удзельнiчаў у экспедыцыях на Памiр i ў паўночных экспедыцыях у розныя раёны Арктыкi. Ён браў удзел у распрацоўцы навуковай праграмы «Паўночны полюс - 1». У 19371938 гг. быў у экспедыцыях на ледаколах «Садко», «Седов», «Малыгин» у Арктычным басейне. Падчас 9 месяцаў сумеснага рэйса i дрэйфу «Седова» прафесар Жангаловiч займаўся адукацыяй i падрыхтоўкай студэнта Буйнiцкага да выканання складаных назiранняў. Разам са студэнтам ён праводзiў астранамiчныя, магнiтныя i гравiтацыйныя вымярэннi, назiраў за палярнымi ззяннямi, лёдам, жывёламi i дапамагаў камандзе ў правядзеннi метэаралагiчных назiранняў, у вымярэннях глыбiнь Арктыкi. Палярнiкi ўспамiналi, што падчас доўгага палярнага дрэйфу прафесар часта граў на губным гармонiку [19].
Асноўныя навуковыя працы I. Жангаловiча прысвечаныя тэарэтычнай, практычнай i эфемерыднай астраномii, вывучэнню формы i гравiтацыйнага поля Зямлi, спадарожнiкавай геадэзii, геафiзiцы. Ён распрацаваў спосаб азначэння цэнтра масы Зямлi па назiраннях штучных спадарожнiкаў Зямлi. Даследаваў магчымасцi выкарыстання радыёiнтэрферометраў са звышдоўгай базай пры вырашэннi асноўных праблем астраномii, геадэзii i геадынамiкi. Быў галоўным рэдактарам «Марскога астранамiчнага штогоднiка» i «Авiяцыйнага астранамiчнага штогоднiка». Распрацаваў спосаб вызначэння масы Зямлi па назiраннях штучных спадарожнiкаў Зямлi. Ганаровы сябар Геаграфiчнага таварыства СССР, ганаровы палярнiк. Узнагароджаны медалём iмя П. П. Сямёнава-Цян-Шанскага Геаграфiчнага таварыства СССР, медалём «За выяўленне новых астранамiчных аб'ектаў» Астранамiчнай рады АН СССР.
Заслужаны дзеяч навукi РСФСР. Яго iмем названа малая планета [20].

Iванiшэўскi Генрык (Henryk Iwaniszewski, 12.04.1922-31.08.1981) нарадзiўся ў Гродне ў сям'i рамеснiка. У 1939 г. ён закончыў чацвёрты клас гiмназii. Адукацыю за VIII i IX класы атрымоўваў у савецкай школе. У лiпенi 1945 г. разам з сям'ёй з'ехаў у Польшчу (г. Зялёна Гура). У 1946 г. залiчаны студэнтам Торунскага ўнiверсiтэта Мiкалая Капернiка. Ужо падчас вучобы стаў супрацоўнiкам унiверсiтэта. Быў вучнем прафесара Уладзiслава Дзявульскага. У лютым 1962 г. абаранiў доктарскую дысертацыю.
У 1956 г. стажыраваўся па радыёастраномii ў навуковых установах у Крыме, Арменii i Маскве. Пасля вяртання, у 1957-1962 гг., ён пабудаваў некалькi радыётэлескопаў, найбуйнейшы з якiх меў 12-метровую парабалiчную антэну. Доктар Iванiшэўскi шмат зрабiў у галiне электронiкi. Ён апублiкаваў 21 навуковую працу па астраномii. Гэта былi пераважна працы па зорнай астраномii i радыёастраномii, а таксама ў галiне нябеснай механiкi i зорнай фотаметрыi.
Доктар Iванiшэўскi быў членам Польскага астранамiчнага таварыства i Навуковага таварыства ў Торунi [21].

Каменскi Мiхал (Michał Kamieński, 24.11.1879-18.04.1973) нарадзiўся ў маёнтку Дамброўка Черыкаўскага павета Магiлёўскай губернi. У старасцi, успамiнаючы сваё жыццё, Каменскi казаў сябрам, што яго бацька быў уладальнiкам маёнтка, а мацi - вясковай беларускай дзяўчынай (яе 90-гадовы прафесар называў з вялiкай любоўю «мая мамуся»). Сярэднюю адукацыю Мiхал атрымаў у Пскоўскай класiчнай гiмназii i ўжо там ён вылучаўся здольнасцямi. У 1898 г. паступiў у Санкт-Пецярбургскi ўнiверсiтэт. Фiзiка-матэматычны факультэт закончыў у 1903 г. з дыпломам кандыдата ўнiверсiтэта i адразу быў запрошаны на дзяржаўную службу астраномам у Пулкаўскую астранамiчную абсерваторыю. Такiм чынам здзейснiлiся юнацкiя мары пра астраномiю [22].
Спачатку Каменскi працаваў астраномам-вылiчальнiкам, тым не менш яму даручалi i астраметрычныя назiраннi. Аднак найбольш маладога даследчыка захапiлi разлiкi арбiт камет. Пад кiраўнiцтвам вядомага пулкаўскага астранома А. А. Баклунда ён рабіў разлiкi арбiт камет Энке, Вольфа 1, Галея. А вылiчэннямi i ўдакладненнямi арбiты каметы Вольфа 1 астраном займаўся ўсё жыццё [23].
У 1908 г. Каменскi атрымаў стыпендыю ў Пецярбургскай акадэмii навук, што дазволiла яму пачаць рыхтавацца на ступень магiстра. На працягу некалькiх месяцаў 1909 г. ён быў настаўнiкам матэматыкi i фiзiкi ў Калузе. Там 15 чэрвеня 1909 г. ён ажанiўся з Марыяй Дэмбiцкай. У 1909 г. астраном атрымаў прызначэнне на службу ў гiдраграфiчны аддзел флоту ў порце Лiепая. Ён займаўся выпускам штодзённых сiнаптычных карт, выяўляў i вывучаў анамалii магнiтнага скланення ў раёне Лiепаi i г. д.
Ступень магiстра ў галiне астраномii i геадэзii Каменскi атрымаў у Санкт-Пецярбургскiм унiверсiтэце ў маi 1910 г. У 1914 г. ён быў пераведзены ва Уладзiвасток, дзе спачатку служыў астраномам порта, а потым арганiзаваў Марскую абсерваторыю i з 1919 г. быў яе начальнiкам. Каменскi даследаваў зямны магнетызм, метэаралогiю i гiдраграфiю, ствараў сiнаптычныя карты Усходняй Сiбiры i арганiзаваў навуковыя станцыi для вывучэння арктычных ільдоў уздоўж заходняга ўзбярэжжа Цiхага акiяна ад Уладзiвастока да Берынгава пралiва.
На пачатку 1920 г. праз бальшавiцкую небяспеку Каменскi пакiнуў пасаду начальнiка абсерваторыi ва Уладзiвастоку. Ён вырашыў пакiнуць Расiю i пераехаць у Польшчу. Каб зарабiць грошы на далёкi пераезд у Еўропу з Далёкага Усходу, ён прыняў запрашэнне гiдраграфiчнай службы японскага флоту i з мая 1920 г. два гады служыў у Токiа. У Японii астраном складаў эфемерыды пар зорак для дакладнага вызначэння шыраты ў паласе ад 20 да 40 градусаў па метадзе Пяўцова [24]. Гэтая праца мела важнае значэнне i магла быць выкарыстаная, у тым лiку, для стварэння тапаграфiчных картаў Сахары, Афганiстана, Кiтая i iншых тэрыторый у паласе ад 20 да 40 градусаў. На жаль, рукапiсы i ўсе запiсы Каменскага згарэлi падчас пажару ў будынку гiдраграфiчнай службы пасля моцнага землятрусу, якi абрынуўся на Токiа 1 верасня 1923 г., але Каменскi ў лiпенi 1922 г. ужо быў у Польшчы. Правёўшы некалькi месяцаў у Кракаве, ён перабраўся ў Варшаву, дзе ў сакавiку 1923 г. быў прызначаны прафесарам Варшаўскага ўнiверсiтэта i дырэктарам астранамiчнай абсерваторыi [25].
З прыходам прафесара Каменскага ў Варшаўскай абсерваторыi пачаўся перыяд развiцця. Разумеючы, што дрэнна абсталяваная i размешчаная ў цэнтры горада абсерваторыя не дае магчымасцi выконваць сур'ёзныя назiраннi, Каменскi скiраваў навуковыя iнтарэсы падпарадкаваных яму астраномаў на тэарэтычныя пытаннi. Прыярытэтным стала вывучэнне руху каметы Вольфа 1, было вырашана паўтарыць i значна палепшыць разлiк эфемерыд зорных пар для вызначэння дакладных геаграфiчных шырот па метадзе Пяўцова. Каменскi пачаў рабiць намаганнi па рэканструкцыi абсерваторыi i закупе новых iнструментаў, арганiзаваў сучасную службу часу, заснаваў перыядычнае выданне «Публiкацыi астранамiчнай абсерваторыi Варшаўскага ўнiверсiтэта» [26] (у 1925-1939 гг. надрукавана 12 тамоў). Да пачатку Другой сусветнай вайны ўдалося пабудаваць фiлiял абсерваторыi далёка ад Варшавы ў добрых астраклiматычных умовах - на вяршынi гары Поп Iван (2022 м) у Карпатах. Каменскi таксама кiраваў аматарамi астраномii, быў прэзiдэнтам Польскага таварыства сяброў астраномii з 1924 да 1939 г. (з невялiкiм перапынкам).
Дзейнасць Каменскага як навукоўца i адмiнiстратара была хутка заўважана ў свеце. Ужо ў 1927 г. ён стаў ганаровым сябрам Каралеўскага астранамiчнага таварыства [27] ў Лондане. У тым самым годзе ён быў абраны членам-карэспандэнтам Польская акадэмія ведаў [28] i членам Варшаўскага навуковага таварыства [29].
Падчас Другой сусветнай вайны Каменскi застаўся ў Варшаве. Унiверсiтэт быў зачынены, але нават акупацыйныя ўлады прызналi, што астранамiчныя ўстановы неабходныя, i дазволiлi абсерваторыям у Варшаве, Кракаве i Львове працаваць. Аднак на пачатку 1940 г. найлепшыя астранамiчныя прылады былi вывезеныя ў Германiю. У гэтых умовах Каменскi працягваў свае даследаваннi i зноў вярнуўся да галоўнай тэмы свайго жыцця - да разлiкаў арбiты каметы Вольфа 1. Ён пабудаваў матэматычную тэорыю руху каметы Вольфа 1 з улiкам уплываў ад шасцi планет (ад Венеры да Урана) i негравiтацыйных эфектаў. Каменскi першым паказаў, што негравiтацыйныя сiлы дзейнiчаюць у каметным перыгелii i могуць выклiкаць не толькi векавое паскарэнне ў руху каметы Вольфа 1, але i векавое запаволенне. Астраном даказаў, што ў вынiку зблiжэння з Юпiтэрам камета Вольфа 1 рухаецца вакол Сонца па пульсоўнаму з нерэгулярнай перыядычнасцю элiпсу. Каменскi распрацаваў новы метад ацэнкi планетных уплываў на каметную арбiту [30]. Гэты метад быў ужыты для вывучэння руху каметы Галея ў вялiкiм iнтэрвале часу, для гэтых вылiчэнняў выкарыстоўвалiся запiсы ў старажытных хронiках. Вынiкi працы былi апублiкаваныя ў 1946 г. асобнай кнiгай [31]. У той самы час ён распрацаваў так званы цыклiчны метад для знаходжання становiшча целаў Сонечнай сiстэмы ў вялiкiх прамежках часу. Гэты метад пазней быў паспяхова ўжыты ў працах па астранамiчнай храналогii.
На пачатку Варшаўскага паўстання ў жнiўнi 1944 г. абсерваторыя была цалкам спаленая, згарэлi багатая бiблiятэка i жыллё астраномаў. Страцiўшы дах над галавой, Каменскi з жонкай знайшлi часовы прытулак пад Варшавай. Цяжар блуканняў не ўдалося перажыць хворай на сэрца жонцы прафесара: праз некалькi тыдняў пасля страты жытла Марыя Каменская памерла. Напрыканцы кастрычнiка 1944 г. Каменскi прыбыў у Кракаў i зноў заняўся любiмай працай.
Неўзабаве пасля вайны быў адчынены Варшаўскi ўнiверсiтэт, але прафесар Мiхал Каменскi быў нечакана выпраўлены на пенсiю i пазбаўлены ўсiх пасад. Да працы ў якасцi прафесара Варшаўскага ўнiверсiтэта ён больш не вярнуўся. Але пасля аднаўлення працы Польскай акадэмii навук пры ёй быў створаны дэпартамент астраномii, дзе Каменскi пачаў працаваць на пасадзе прафесара. У вераснi 1960 г. вучоны канчаткова выйшаў у адстаўку па ўзросце, але застаўся актыўным удзельнiкам камiсii камет, што дзейнiчала пры Польскай акадэмii навук [32].
У 1963 г. прафесар Каменскi вярнуўся ў Варшаву, пасялiўся ў маленькай, але ўласнай кватэры ў вялiзным доме па вулiцы Капернiка. Нягледзячы на сталы ўзрост, ён быў па-ранейшаму вельмi актыўны, iнтэнсiўна займаўся даследчай працай, шмат чытаў, вёў вялiкую перапiску, удзельнiчаў у семiнарах i навуковых канферэнцыях, наведваў сяброў. Прафесар вельмi любiў даваць сваiм сябрам розныя мянушкi, якiя ў новым свеце паказвалi асобу i ў якiх выказвалiся яго сiмпатыi да чалавека. Напрыклад, доктара Халiну Яськову, якая мiж iншымi справамi займалася ў Кракаўскай абсерваторыi перакладамi на англiйскую мову, ён называў Халiнай Брытанiкай, прафесара Стэфана Пятроўскага - Стэфан Магнус. Вучань Каменскага Крыштаф Зялкоўскi ўспамiнаў, што прафесар быў патрабавальным i строгiм чалавекам, але часта бываў вясёлым i дасцiпным. Ён быў выдатным педагогам i чароўным апавядальнiкам, памятаў шмат вясёлых гiсторый, звязаных з працай астранома, любiў згадваць гады свайго навучання ў вядомых пулкаўскiх астраномаў, часта расказваў пра Японiю.
Пасляваенная навуковая дзейнасць Каменскага складалася пераважна з вывучэння руху дзвюх камет - Вольфа 1 i Галея. Ён зрабiў вялiкi ўклад у пашырэнне ведаў пра рух каметы Вольфа 1 i дажыў да прызнання выключнасцi сваiх намаганняў навуковай супольнасцю.
Памёр Мiхал Каменскi 18 красавiка 1973 г. пасля непрацяглай хваробы ў вынiку выпадковага падзення на вулiцы. Паводле жадання, ён быў пахаваны на прыходскiх могiлках недалёка ад Варшавы, побач з магiлай жонкi [33].

Лiпскi Юры Навумавiч (22.11.1909-24.01.1978) нарадзiўся ў вёсцы Дуброўна Горацкага раёна Вiцебскай вобласцi. Будучы астраном рана асiрацеў. У 1925 г. Юры паступiў на вагонарамонтны завод, дзе асвоiў прафесiю электраманцёра. У 1932-1933 гг. вучыўся ў школе працоўнай моладзi пры заводзе. У 1938 г. закончыў фiзiчны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўнiверсiтэта, потым паступiў у аспiрантуру да знакамiтага астранома В. Р. Фесянкова [34]. Супрацоўнiкi Дзяржаўнага астранамiчнага iнстытута iмя П. К. Штэрнберга неаднаразова з падзякай успамiналi Юрыя Навумавiча. Справа ў тым, што, займаючы кiроўчыя пасады ў партыйнай арганiзацыi iнстытута, Ю. Н. Лiпскi выступаў супраць палiтычных рэпрэсiй у адносiнах да астраномаў ДАIШ. У адрозненне ад Пулкаўскай абсерваторыi, дзе шматлiкiя вядучыя астраномы былi альбо знiшчаныя, альбо адпраўленыя ў сталiнскiя лагеры, нiхто з супрацоўнiкаў інстытута ў гэтыя змрочныя гады не быў рэпрэсаваны. Адзiн з найвыбiтнейшых астраномаў XX ст. I. С. Шклоўскi ўспамiнаў, што менавiта Юры Навумавiч Лiпскi выратаваў яму жыццё, адмовiўшыся разглядаць заяву даносчыка. Вiдавочна, што такую грамадзянскую пазiцыю можна было займаць, толькi рызыкуючы ўласным жыццём. Пасля заканчэння аспiрантуры ў 1941 г. Лiпскi быў прызначаны загадчыкам Кучынскай астрафiзiчнай абсерваторыі [35] ДАIШ. У тым самым годзе з'явiлася з друку першая навуковая праца вучонага «Аб дыфракцыйным метадзе даследавання шчылiны спектрографа». Матэрыял вылучаўся арыгiнальнасцю падыходу i дакладнасцю праведзеных даследаванняў [36].
У 1942-1945 гг. Ю. Н. Лiпскi ўдзельнiчаў у баях на Варонежскiм i Украiнскiм франтах, у Польшчы, Чэхаславакii, Германii, быў тройчы паранены i кантужаны. За вайсковыя заслугi ўзнагароджаны баявымi ордэнамi i медалямi.
Пасля дэмабiлiзацыi Ю. Н. Лiпскi вярнуўся ў ДАIШ на пасаду асiстэнта. Галоўным аб'ектам яго навуковых iнтарэсаў стаў Месяц. У 1948 г. ён абаранiў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Вызначэнне масы месяцовай атмасферы па палярызацыйных даследаваннях яе паверхнi». У 1953 г. яго прызначылi загадчыкам Лабараторыі фотамет рыi i спектраскапii ДАIШ. Адначасова ён чытаў курс тэарэтычнай фiзiкi для астраномаў. У 1958 г. Лiпскi разам з калегамi даследаваў спектра-палярызацыйныя асаблiвасцi дзённага i змрочнага неба па праграме Мiжнароднага геафiзiчнага года [37].
Зорныя гадзiны ў лёсе Ю. Н. Лiпскага пачалiся з пачаткам касмiчнай эры: 7 кастрычнiка 1959 г. савецкая аўтаматычная станцыя «Месяц-3» упершыню ў гiсторыi атрымала здымкi адваротнага боку Месяца. З iнiцыятывы акадэмiка С. П. Каралёва адным з кiраўнiкоў прац па вывучэннi фатаграфiй зваротнага боку Месяца стаў Ю. Н. Лiпскi. Ён распрацаваў i выкарыстаў арыгiнальную методыку вывучэння здымкаў, якiя мелi шмат дэфектаў, што дазволiла значна падвысiць iх iнфарматыўнасць i выявiць вялiкую колькасць дэталяў рэльефу на не вядомай раней частцы месяцовай паверхнi. Па вынiках гэтых прац у 1960 г. была складзеная першая ў свеце карта адваротнага боку, а потым i першы глобус Месяца, на якiх з'явiлiся новыя назвы: мора Масквы, мора Мары, залiў Астранаўтаў, кратары Цыялкоўскi, Курчатаў, Мендзялееў, Джардана Бруна, Лабачэўскi, Пастэр. Неўзабаве быў выдадзены «Атлас адваротнага боку Месяца» пад рэдакцыяй М. П. Барабашава, А. А. Мiхайлава i Ю. Н. Лiпскага. У 1963 г. Юрыю Лiпскаму была прысуджаная навуковая ступень доктара фiзiка-матэматычных навук [38].
У 1962-1964 гг. на дзяржаўным узроўнi была прынятая праграма даследавання Месяца аўтаматычнымi станцыямi i пачалася падрыхтоўка да палёту чалавека на Месяц. Для апрацоўкi iнфармацыi з iнiцыятывы С. П. Каралёва ў 1964 г. у ДАIШ стварылi аддзел фiзiкi Месяца i планет, загадчыкам якога прызначылi Ю. Н. Лiпскага. Пэўны час ён працягваў кiраваць таксама Лабараторыяй фотаметрыi i спектраскапii. Яго навуковыя iнтарэсы былi вельмi шырокiя - ад астрафiзiчных даследаванняў Сонца i планет да распрацоўкi новых метадаў вывучэння целаў Сонечнай сiстэмы з дапамогай ракетна-касмiчнай тэхнiкi.
Да сярэдзiны 1960-х гг. усходняя частка адваротнага боку Месяца заставалася нявывучанай. У канструктарскiм бюро С. П. Каралёва распрацоўвалася новае пакаленне аўтаматычных станцый для даследавання целаў Сонечнай сiстэмы, у тым лiку Венеры i Марса. На стадыi лётных выпрабаванняў новых касмiчных апаратаў адзiн з iх, «Зонд-3», быў запушчаны ў далёкi космас. 20 лiпеня 1965 г. аўтаматычная мiжпланетная станцыя «Зонд-3» праляцела на адлегласцi каля 10 000 км ад месяцовай паверхнi i перадала на Зямлю каля 30 здымкаў усходняга сектара адваротнага боку Месяца. На працягу 1965 г. навуковая група пад кiраўнiцтвам Ю. Н. Лiпскага апрацавала вынiкi здымкаў Месяца i падрыхтавала першыя публiкацыi. На прапанову С. П. Каралёва была створаная другая частка «Атласа адваротнага боку Месяца», выдадзены поўныя месяцовыя карты i глобусы.
Працы, выкананыя пад кiраўнiцтвам Ю. Н. Лiпскага, мелi мiжнароднае прызнанне. Незадоўга да высаджвання на Месяц амерыканскiх астранаўтаў па праграме «Апалон» яе кiраўнiк У. фон Браўн звярнуўся з просьбай даслаць яму набор месяцовых картаў, выдадзеных пад кiраўнiцтвам Лiпскага.
У 1975 г. пад навуковым кiраўнiцтвам Ю. Н. Лiпскага выйшла трэцяя частка «Атласа адваротнага боку Месяца», у якой былi апрацаваныя апошнiя матэрыялы, перададзеныя касмiчнымi апаратамi «Зонд-6, -7, -8» [39].
Пад кiраўнiцтвам Лiпскага быў праведзены параўнальны статыстычны аналiз размеркавання кратарных формаў на Месяцы, Меркурыi i Марсе i ў 1977 г. выдадзены «Каталог кратараў Меркурыя i Месяца» i «Каталог кратараў Марса, Меркурыя i Месяца». Апошняя праца астранома «Картаграфаванне Месяца» была апублiкаваная ў зборнiку «Поспехi Савецкага Саюза ў даследаваннi касмiчнай прасторы (другое касмiчнае дзесяцiгоддзе 1967-1977 гг.)». Пасля смерцi вучонага рашэннем Мiжнароднага астранамiчнага саюза яго iмем названы кратар у цэнтры нябачнага паўшар'я Месяца [40].

Хайкiн Сямён Эмануiлавiч (21.08.1901-0.07.1968) нарадзiўся ў Мін ску ў сям'i педагогаў. Яго бацька, аграном па адукацыi, быў заснавальнiкам i дырэктарам Мiнскай прыватнай рэальнай вучэльнi, эвакуяванай падчас Першай сусветнай вайны ў Пензу. Гэтую вучэльню Сямён Эмануiлавiч закончыў у 1918 г. У тым самым годзе ён паступiў вучыцца ў МВТУ i адначасова на Вышэйшыя электратэхнiчныя курсы. У 1919 г., закончыўшы курсы, Хайкiн добраахвотнiкам уступiў у Чырвоную армiю i да 1924 г. знаходзiўся на ваеннай службе у розных частках i ўстановах сувязi. У 1920 г. ён удзельнiчаў у баях на Заходнiм фронце як начальнiк палявой радыёстанцыi. Пасля дэмабiлiзацыi С. Э. Хайкiн працаваў радыётэхнiкам i лабарантам, працягваючы вучыцца, i ў 1928 г. закончыў Маскоўскi ўнiверсiтэт. Пасля нядоўгачасовай працы ў якасцi iнжынера ў Ленiнградскай фiзiкатэхнiчнай лабараторыi i Усесаюзным электратэхнiчным iнстытуце (1928-1930 гг.) Хайкiн у 1930 г. перайшоў на фiзiчны факультэт Мас коўскага ўнiверсiтэта, дзе пачаў працаваць асiстэнтам, дацэнтам i пасля загадчыкам кафедраў ваганняў (1935-1938 гг.) i агульнай фiзiкi (1938-1946 гг.). У 1930-1931 гг. ён быў навуковым сакратаром, у 1931-1933 гг. - намеснiкам дырэктара Інстытута фiзiкi МДУ, а ў 1934-1937 гг. - дэканам фiзiчнага факультэта. У лютым 1935 г. С. Э. Хайкiну была прысуджаная навуковая ступень доктара фiзiка-матэматычных навук i званне прафесара. У гады Другой сусветнай вайны, працягваючы кiраваць кафедрай агульнай фiзiкi фiзiчнага факультэта, Хайкiн узначальваў лабараторыю, дзе распрацоўвалiся прапанаваныя iм сiстэмы фазавай радыёлакацыi i радыёнавiгацыi. Пасля вайны С. Э. Хайкiн перанёс сваю асноўную працу ў Фiзiчны iнстытут iмя П. Н. Лебедзева АН СССР, дзе ён кiраваў сектарам радыёастраномii лабараторыi ваганняў [41].
Пасля 1945 г., падчас разгрому генетыкi i кiбернетыкi, праблемы атрымалi i фiзiкi. Вось некалькi тагачасных цытат: «Бораўскае вытлумачэнне суадносiнаў нявызначанасцi квантавай механiкi ёсць адыход ад матэрыялiзму», «тэорыя рэлятыўнасцi Эйнштэйна, несумненна, прапагандуе антынавуковыя погляды па карэнных пытаннях сучаснай фiзiкi i навукi ўвогуле. Погляды Эйнштэйна павялi фiзiку не наперад, а назад як у стаўленнi да тэорыi спазнання, так i да фiзiчных метадаў. Ужо шматлiкiя фiзiкi ўсведамляюць, што тэорыя рэлятыўнасцi Эйнштэйна - гэта тупiк сучаснай фiзiкi…». На жаль, з «марксiсцкiх» пазiцый выступалi не толькi штатныя савецкiя фiлосафы - людзi, для якiх веданне натуральных навук абмяжоўвалася таблiцай множання, але i некаторыя выкладчыкi фiзiкi МДУ. Пад асуджэнне падпала i кнiга Хайкiна «Механiка». Хайкiн быў абвiнавачаны ў фiзiчным iдэалiзме (iдэалiзм у механiцы? - Л. Л.). Навукоўца пачалi «апрацоўваць». У 1949 г. у трэцiм нумары «Поспехаў фiзiчных навук» з'явiўся артыкул выкладчыка фiзiчнага факультэта МДУ Ф. А. Каралёва «Аб метадалагiчных памылках у кнiзе прафесара С. Э. Хайкiна "Механiка"». Каралёў сцвярджаў, што «пранiкненне чужой марксiзму iдэалогii ў асяроддзе савецкiх навукоўцаў не абмяжоўваецца рамкамi бiялагiчных навук, а мае месца i ў iншых навуках, у прыватнасцi i ў фiзiцы… выкарыстаўшы слабую iдэалагiчную падрыхтоўку студэнтаў першага курса (падручнiк прызначаны менавiта iм. - Л. Л.)… [Хайкiн]… iмкнецца прышчапiць чытачу светапогляд, якi iдзе цалкам насуперак з марксiсцка­ленiнскiм светапоглядам». Гэта выяўляецца ў вызначэннi фiзiчнага закону. Хайкiн пiсаў: «Усякi колькасны закон ёсць сцвярджэнне адносна сувязi памiж тымi або iншымi велiчынямi». Спрактыкаванаму «марксiсту» Каралёву здаецца, што тут «на першы план выстаўляецца свядомасць, у супрацьлегласць дыялектычнаму матэрыялiзму, якi прызнае першасным не свядомасць, а аб'ектыўную заканамернасць, iсную па­за i незалежна ад нашай свядомасцi». Такую самую фiласофскую крамолу Каралёў угледзеў у спробе Хайкiна разабрацца з паняццямi «азначэнне» i «сцвярджэнне». Вынiк - светапогляд Хайкiна «iдэалiстычны, махiсцка­кантыянскага кшталту». А яшчэ i «недастатковае асвятленне ролi рускiх навукоўцаў»: Жукоўскi i Чаплыгiн згаданы толькi двойчы, а Лебедзеў i Цыялкоўскi - нi разу! Выснова напрошваецца сама сабой: «Узнiкае пытанне, каму патрэбы такi падручнiк, у якiм праведзены iдэалiстычны светапогляд, перакручваецца змест навукi i прынiжаецца роля рускiх i савецкiх навукоўцаў»[42].
Але ад фiзiкаў рэжыму была патрэбная зброя, i таму працэсу «цкавання» не далi моцы i «спусцiлi на тармазах». Вось як распавядаў пра гэта акадэмiк А. П. Аляксандраў: «Неўзабаве пасля вайны… мяне выклiкалi ў ЦК партыi i завялi гутарку, што квантавая тэорыя, тэорыя рэлятыўнасцi - усё гэта глупства». Але я iм сказаў вельмi проста: «Сама атамная бомба дэманструе такое ператварэнне рэчыва i энергii, якое выцякае з гэтых новых тэорый, а нi з чаго iншага. Таму, калi ад iх адмовiцца, то трэба адмовiцца i ад бомбы. Калi ласка: адмаўляйцеся ад квантавай механiкi - i рабiце бомбу самi, як жадаеце». Таксама паводзiлi сябе i ўсе астатнiя фiзiкi, якiя бралi ўдзел у савецкiм ядзерным праекце. «Марксiцкае» пустаслоўе адступiла, i потым хадзiла байка, што фiзiкi «адбiлiся ад iлжэвучоных атамнай бомбай»[43].
* * *
Апошнiя дваццаць гадоў навуковай творчасцi С. Э. Хайкiна былi аддадзеныя новай галiне навукi - радыёастраномii. Пасля смерцi акадэмiка Н. Д. Папалексi С. Э. Хайкiн узначалiў падрыхтоўку i правядзенне экспедыцыi ў Бразiлiю, дзе ўпершыню ў свеце былi праведзеныя назiраннi радыёзацьмення Сонца. Назiраннi паказалi, што радыёвыпраменьванне ў метровым дыяпазоне хваляў зыходзiць ад сонечнай кароны.
З бразiльскай экспедыцыi Хайкiн вярнуўся поўны шырокiх планаў развiцця радыёастраномii, родапачынальнiкам якой у СССР ён з поўным правам лiчыцца. У кароткi час пад кiраўнiцтвам С. Э. Хайкi на ў Фiзiчным iнстытуце iмя Лебедзева АН СССР вырас калектыў радыёастраномаў. Ён дакладна i своечасова ацанiў важнае ўжытковае значэнне радыёастраномii, бо метадамi радыёастраномii стала магчымым даследаваць умовы распаўсюджвання радыёхваляў скрозь усю тоўшчу зямной атмасферы. Аднак нароўнi з даследаваннямi ўжытковага характару кiраваны Хайкiным калектыў усё больш залучаўся ў астрафiзiчныя даследаваннi i адразу атрымаў новыя важныя дадзеныя па радыёвыпраменьваннi Сонца i Месяца. У 1948-1949 гг. Хайкiн кiраваў стварэннем першай савецкай радыёастранамiчнай станцыi ў Кры ме, якую абсталявали буйнымi па тым часе радыётэлескопамi [44].
Хайкiн быў iнiцыятарам прац, якiя прывялi да стварэння радыётэлескопаў тыпу РТ-22, прыдатных для даследаванняў у мiлiметровым дыяпазоне. У 1953 г. Хайкiн арганiзаваў аддзел радыёастраномii ў Пулкаўскай абсерваторыi, якiм кiраваў да канца жыцця. Ацанiўшы выключныя далягляды радыёастранамiчных даследаванняў у караткахвалевай частцы «радыёвакна» празрыстасцi зямной атмасферы, Сямён Эмануiлавiч накiраваў высiлкi калектыву пулкаўскiх радыёастраномаў па шляху асваення сантыметровага дыяпазону радыёхваляў. Цяжкасць пабудовы вельмi вялiкiх i дакладных антэн, неабходных для гэтага дыяпазону, на думку вучонага, мусiла быць пераадоленая шляхам рашучай адмовы ад традыцыйнай канструкцыi радыётэлескопа з суцэльным парабалiчным рэфлектарам. Люстраная паверхня новага радыётэлескопа падзялялася на шэраг невялiкiх i вельмi дакладна вырабленых плоскiх элементаў, якiя ўсталёўвалiся з дапамогай механiзмаў i вымяральных прылад такiм чынам, каб утварыць паверхню, што збiрае ў адзiны фокус выпраменьванне ад крынiцы. Для назiранняў у розных напрамках профiль паверхнi павiнен быў змяняцца, таму антэна новага радыётэлескопа атрымала назву антэны пераменнага профiлю. Такi радыётэлескоп пад кiраўнiцтвам С. Э. Хайкiна быў збудаваны ў Пулкаве ў 1956 г.
На гэтым радыётэлескопе былi праведзеныя даследаваннi сусветнага ўзроўню: выяўлена i вывучана моцная кругавая палярызацыя выпраменьвання актыўных частак Сонца, дэталёва даследаваныя «радыёплямы», выяўленая i вывучаная ў сантыметровым дыяпазоне лiнейная палярызацыя цеплавога радыёвыпраменьвання Месяца, упершыню вывучана размеркаванне радыёяркасцi па дыску планеты Венера i праведзе на даследаванне структуры магутных радыяцыйных паясоў планеты Юпiтэр. Даследаваннi на пулкаўскiм радыётэлескопе дазволiлi ацанiць iнтэнсiўнасць рассейвання эклiптычным газам радыёхваляў сантыметровага дыяпазону i ацанiць напружанасць магнiтнага поля ў мiжпланетным асяроддзi. Быў складзены першы ў свеце дэталёвы марфалагiчны каталог галактычных крынiц радыёвыпраменьвання. Дэталёва даследавалiся структура i палярызацыя складаных пазагалактычных кры нiц радыёхваляў [45].
Сямён Хайкiн быў не толькi буйным навукоўцам, але i педагогам, якi выхаваў цэлае пакаленне фiзiкаў i iнжынераў. З 1934 да 1947 г. ён чытаў агульны курс фiзiкi на фiзiчным факультэце МДУ. З першых лекцый ён стаў вельмi папулярным сярод студэнтаў лектарам. Вынiкам чытання лекцый з'явiўся той самы «iдэалiстычны» курс механiкi С. Э. Хайкiна, якi вытрымаў тры выданнi. Над гэтай кнiгай ён працягваў працаваць больш як трыццаць гадоў. Апошняе выданне пашыранага курсу пад назвай «Фiзiчныя асновы механiкi» выйшла ў 1963 г. У гэтай кнiзе Хайкiн упершыню ў рамках падручнiка па агульным курсе фiзiкi даў глыбокi фiзiчны выклад асноў механiкi спецыяльнай тэорыi рэлятыўнасцi.
Да канца свайго жыцця С. Э. Хайкiн кiраваў пабудовай самага велiзарнага ў свой час радыётэлескопа РАТАН-600 (гiганцкай пабудовы дыяметрам 600 м).
За выбiтныя працы ў галiне радыёфiзiкi i радыёастраномii С. Э. Хайкiн быў узнагароджаны Залатым медалём Акадэмii навук iмя А. С. Папова [46].

[1] Гл.: Колчинский И. Г., Корсунь А. А. Родригес М. Г. Астрономы. Биографический справочник. Киев, 1977. С. 35-36.

[2] Гл.: Еремеева А. И. Памятные даты астрономии в 1984 г. С. 304-307.

[3] Гл.: Колчинский И. Г., Корсунь А. А., Родригес М. Г. Астрономы. С. 35-36.

[4] Иосиф Самуилович Шкловский. Эшелон. [Электронны рэсурс] - Рэжым доступу: lib.ru/MEMUARY/SHKLOWSKIJ/eshelon.txt - Дата доступу: 01.11.2009.

[5] Цыт. паводле: Романов А. М. Занимательные вопросы по астрономии и не только. М., 2005. С. 1.

[6] Селенадэзiя (ад греч. selene - Месяц i dáio - дзялю, падзяляю) - навуковая дысцыплiна, прысвечаная вывучэнню формы i памераў Месяца.

[7] Гл.: Гаврилов Игорь Владимирович. [Электронны рэсурс] - Рэжым доступу: www.astronet.ru/db/msg/1233469 - Дата доступу: 02.11.2009.

[8] Гл.: Woszczyk Andrzej. Robert Głębocki (1940-2005) // Urania - Postępy Astronomii. 2005. № 3. S. 122-123.

[9] Гл.: Аганов А. В., Ларионов А. Л. 200 лет физики и астрономии в Казанском университете // Ученые записки Казанского университета. 2005. Т. 147, кн. 2. С. 8.

[10] Гелiяметр - астраметрычная прылада для вымярэння невялiкiх (да 1°) вуглоў на нябеснай сферы. Першапачаткова гелiяметр ужываўся для вымярэння дыяметра Сонца, з чым i звязана яго назва, пазней - для вымярэння папярочнiкаў Месяца, планет, каардынат спадарожнiкаў планеты, а таксама для вымярэння падвойных зорак i для вызначэння зорных паралаксаў.

[11] Род Энгельгартаў вядзе свой радавод ад Роберта Энгельгарта, якi падчас Лiвонскай вайны ў 1558 г. быў узяты ў палон i з дзецьмi вывезены ў Расiю. Унук Роберта, Вернер Энгельгарт, на пачатку XVII ст. пачаў служыць ВКЛ i за гэтую службу атрымаў маёнткi блiзу Смаленска. Пасля ўзяцця Смаленска рускiмi войскамi ў 1654 г. Вернер Энгельгарт уступiў у рускую службу, захаваўшы свае зямельныя валадарствы. Вернер стаў родапачынальнiкам смаленскiх Энгельгартаў.

[12] Пад загалоўкам «Observations astronomiques, faites par V. d' Engelhardt a son Observatoire a Dresde. Dresde 1886-1895».

[13] Гл.: Становление и развитие Казанской астрономической школы. [Электронны рэсурс] - Рэжым доступу: www.ksu.ru/astro/hist2001.html - Дата доступу: 29.11.2009.

[14] Гл.: Луцкий В. К. История астрономических общественных организаций в СССР. 1982. С. 9.

[15] Гл.: Нефедьев Л. Л. Астрономия в Казанском университете в послеоктябрьский период // Ученые записки Казанского университета. 1960. Т. 120, кн. 7. С. 89-90.

[16] Гл.: Колчинский И. Г., Корсунь А. А. Родригес М. Г. Астрономы. С. 98.

[17] «Пулкаўская справа» (1936-1937) - крымiнальная справа, сфабрыкаваная НКУС супраць групы навукоўцаў, па абвiнавачваннi ва «ўдзеле ў фашысцкай трацкiсцка-зiноўеўскай тэрарыстычнай арганiзацыi, якая нiбыта ўзнiкла ў 1932 г. з iнiцыятывы германскай выведкi i ставiла сваёй мэтай звяржэнне савецкай улады i ўсталяванне на тэрыторыi СССР фашысцкай дыктатуры.

[18] Гл.: McCutcheon R. A. The 1936-1937 Purge of Soviet Astronomers // Slavic Review. 1991. Т. 50. № 1. С. 100-117.

[19] Гл.: Как встречали Новый год на судах в плену арктических льдов // Моряк Севера. 27.12.2006. № 49.

[20] Гл.: Колочинский И. Г., Корсунь А. А., Родригес М. Г. Астрономы. C. 178.

[21] Гл.: Woszczyk Andrzej. Henryk Iwaniszewski (1922-1981) // Rocznik Toruński. T. 16. Toruń, 1983. S. 23-26.

[22] Гл.: Ziółkowski Krzysztof. Michał Kamieński 1879-1973 // Sylwetki Astronomów Polskich XX w. Toruń, 2007. S. 78.

[23] Гл.: Historia astronomii w Polsce. S. 248.

[24] Метад вызначэння геаграфiчнай шыраты паводле назiранняў пар зорак на роўных вышынях.

[25] Гл.: Ziółkowski Krzysztof. Michał Kamieński 1879-1973. S. 79.

[26] Publications of the Astronomical Observatory of the Warsaw University.

[27] Royal Astronomical Society.

[28] Polskiej Akademii Umiejętności.

[29] Гл.: Ziółkowski Krzysztof. Michał Kamieński 1879-1973. S. 80.

[30] Гл.: Колчинский И. Г., Корсунь А. А., Родригес М. Г. Астрономы. C. 208.

[31] List of the works achieved in the field of Mathematics and Sciences in Poland during the German occupation 1939-1945.

[32] Гл.: Ziółkowski Krzysztof. Michał Kamieński 1879-1973. S. 80-81.

[33] Гл.: Ziółkowski Krzysztof. Michał Kamieński1879-1973. S. 82-85.

[34] Гл.: Колчинский И. Г., Корсунь А. А., Родригес М. Г. Астрономы. С. 194-195

[35] У 1925 г. пад Масквой, у Кучына, была створаная наглядальная станцыя, якая ў 1930 г. стала Кучынскай астрафiзiчнай абсерваторыяй.

[36] Гл.: Шевченко В. В., Родионава Ж. Ф. Юрий Наумович Липский (к 90-летию со дня рождения) // Земля и Вселенная. 2000. № 2. С. 28.

[37] Гл.: Еремеева А. И. Памятные даты астрономии в 1979 г. // Астрономический календарь на 1979 г. М., 1978. С. 318-322.

[38] Гл.: Шевченко В. В., Родионава Ж. Ф. Юрий Наумович Липский (к 90-летию со дня рождения). С. 29-30.

[39] Гл.: Шевченко В. В., Родионава Ж. Ф. Юрий Наумович Липский (к 90-летию со дня рождения). С. 31-33.

[40] Гл.: Колчинский И. Г., Корсунь А. А., Родригес М. Г. Астрономы. С. 194-195.

[41] Гл.: Иверонова В. Н. [и др.]. Семен Эммануилович Хайкин // Успехи физических наук. 1969. Февраль. Т. 97. Вып. 2. С. 367-368.

[42] Цыт. паводле: Сонин А. С. Тревожные десятилетия советской физики 1947-1953 // Знание - сила. 1990. № 5. С. 80-84.

[43] Александров А. П. Как делали бомбу // Известия. 22. 07. 1989. С. 3.

[44] Гл.: Иверонова В. Н. [и др.]. Семен Эммануилович Хайкин. С. 368.

[45] Гл.: Иверонова В. Н. [и др.]. Семен Эммануилович Хайкин. С. 369-370.

[46] Гл.: Колчинский И. Г., Корсунь А. А., Родригес М. Г. Астрономы. С. 264.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX