Папярэдняя старонка: Гісторыя навукі

Авілін Ц. Астралогія ў традыцыйнай культуры ўсходніх славян 


Аўтар: Авілін Ц.В.,
Дадана: 28-01-2012,
Крыніца: ФАЛЬКЛОР І СУЧАСНАЯ КУЛЬТУРА Матэрыялы ІІІ Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі 21-22 красавіка 2011 г., Мінск У дзвюх частках Частка 2. Мінск, 2011 стр. 42-44.



АСТРАЛОГІЯ Ў ТРАДЫЦЫЙНАЙ КУЛЬТУРЫ ЎСХОДНІХ СЛАВЯН: КАРОТКІ НАРЫС


Астралогія, як псеўданавука, трывала займае сваё месца ў сучасным жыцці чалавека (узгадайце, напрыклад, гараскопы на сайтах, тэматычныя сайты, перадачы на тэлебачанні, абвесткі ў часопісах, газетах і г.д.) і нярэдка займае аднолькавую пазіцыю у «чартах» з найноўшымі вынаходніцтвамі чалавека. Невыпадкова тэму «славянскай астралогіі» і «славянскіх» гараскопаў распрацоўваюць шматлікія аматары, чальцы нэапаганскіх суполак і г.д. Мэтай дадзенага артыкула-нарыса з'яўляецца спроба крытычна апісаць «астралагічныя» народныя ўяўленні ўсходніх славян на базе фальклорных матэрыялаў Палесскага Электроннага Архіва, фальклорных запісаў XIX-XXст.ст, а таксама асабістых палявых запісаў аўтара.

Што такое «народная» астралогія? На жаль фальклорныя запісы не даюць магчымасці выявіць існавання распрацаванай народнай астралагічнай школы ці гараскопаў, накшталт класічнай сярэднявечнай астралогіі (вызначэнне лёсу чалавека і падзей па размешчанні планет і інш. аб'ектаў на зорным небе). Некаторыя элементы класічнай астралогіі, як, напрыклад, астралагічныя лексічныя адзінкі, маглі трапіць у народнае асяроддзе з шырока распаўсюджаных перакладных з грэчаскай і габрэйскай моваў кніг «Неба», «Христианская топография» Касмы Індыкоплава, «Космография»,«Шестокрыл», «Шестоднев», «Точное изложение православной веры» Іоана Дамаскіна [1], «Зодій», «Звездочетие» [2,с. 342] і інш. Як дарэчы і назвы планет (і само слова планета,планіда, праз польск. рlаnеtа з лат. рlаnētа: грэц. πλανήτης «блукаючы», ἀστηρ πλανήτης «блукаючая зорка, планета» [3, c. 273]) і задыякальных сузор'яў - «…тыи звезды што ся любятъ. овенъ з близнецом… а левъ со вагою. а дева со скорпеом. а ваги со стрелцомъ…», Блізняк, Козорог, Водолеі [4,c. 61, 179]. Малюнкі класічных знакаў задыяка можна знайсці на ілюстрацыях да «Разарыума…» (1672-1677 гг., г.Глуск) А.Тарасевіча, а назвы сустрэць у сучасных палявых запісах: зорка Баран, Блізнюкі, Вадаліў, Казярог [5, c. 29-34], Баран, Бык, Лев, «Па тым, пад якой звяздой нарадзіўся [чалавек] маглі казаць, які характар будзе ў чалавека: Бык- упарты. Вясы-тры звёздачкі, а па баках ад іх яшчэ некалькі, як вясы на небе. Казярожац - звязда ў студзені», «Рыбы, Весы, Казярогі, Дзевы, толькі як на пенсію
пашла, у газетах пачыла находзіць», «Знакі задыяка не ведалі і нават не цікавіліся тым, што распалажэнне зорак у час нараджэння чалавека «нясуць» які-небудзь уплыў на характар ці будучы лёс» [6].

Пра існаванне мясцовага «звярынага задыяку», нажаль, дакладна адказаць нельга. Літоўскі даследчык Й.Вайшкунас, інтэрпрэтуючы 12 малюнкаў на карцы-браціне XVII ст., які знаходзіцца ў музеі ў в.Раубічы, прапанаваў гіпотэзу пра іх астралагічнае паходжанне. Паводле ёй малюнкі адпавядаюць 12 старажытнабалцкім знакам задыяка, сярод якіх «класічныя» Блізнюкі, Шалі, Стралец, Казярожац, а таксама Казёл, Конь, Вершнік, Журавель, Алень і інш. [7, c. 86-93] У сваёй працы [8, c. 142-143] Брюкнэр прывёў і раскрытыкаваў паданне Гераніма Пражскага пра тое, як нібыта 12 знакаў задыяку вызвалілі Сонца, разбіўшы вежу молатам. Параўнайце таксама з бел. замовай: «Ішло з вышняга неба дванаццаць малайцоў і няслі дванаццаць тапарусоў» [9,№ 484]. Увогуле вобраз 12-і персанажаў даволі распаўсюджаны ва ўсходнеславянскім фальклоры, таму можна чакаць стварэння новых сучасных інтэпрэтацый фвльклорных тэкстаў, напрыклад, каляндарных і астралагічных.

«Народная» ўсходнеславянская астралогія існуе ў форме, падобнай да першапачатковых практык астралогіі старажытнага Міжрэчча, то бок прадраканне лёсу грамадства ці чалавека па значных рэдкіх падзеях (сонечнае зацменне, з'яўленне на небе каметы і г.д.) ці выпадковых падзеях (з'яўленне метэора, пэўнае размешчанне зорак адносна чалавека і іншых небесных целаў і г.д.). Базавым уяўленнем народнай «астралагічнай» сістэмы з'яўляецца вераванне ў тое, што ў кожнага чалавек ёсць свая зорка на небе. Ствараецца асацыятыўны шэраг паміж якасцямі чалавека (характар, лёс, сацыяльны статус і г.д.) і зоркі (яркасць, размяшчэнне, асяроддзе, хуткаць і г.д.). У гэтым сэнсе, народная астралогія знаходзіцца ў апазіцыі да класічнай астралогіі, для якой ха рактэрна стварэнне дакладных персанальных гараскопаў на базе падліку каардынатаў нябесных аб'ектаў на небе.

Неад'емнай часткай астралагічных практык з'яўляецца сам суб'ект, то бок чалавек, які валодае неабходнымі ўнікальнымі ведамі і выкарыстоўвае іх. У класічнай астралогіі такі чалавек звычайна сумяшчае функцыі астранома-навукоўца і філосафа - астролага: стар.-бел. астрол(и)о(к)г [4, c. 158], польск. gwiazdarz [10, c. 809], рус. звездослов. Але ў народнай астралогіі такі чалавек становіцца часткай міфалагічнай сістэмы, бо валоданне сакральнымі ведамі заўжды атаясамлівалася з чымсьці незямным, «цёмным», незразумелым, патаемным, звязаным з іншым светам. Як правіла, функцыя «народнага астролага» ўласціва ведзьме, якая ў традыцыйным успрыманні мае амбівалентны вобраз - злую ведзьму (калдун, чарадзей) і дапамагаючую людзям (знахарка, павітуха) [11].

Згодна з усходнеславянскімі вераваннямі, ведзьма можа здымаць зоркі з неба [ibid.], каб прыцягваць чужыя грошы (укр.). Каб зняць зоркі, яна мусіць скрасці з матавіла тальку, якая засталася недаматанай з суботы на нядзелю. Потым у летнюю ясную ноч ляціць у неба, абвязвае зоркі, спускаецца на зямлю і сцягвае іх пакуль не стане поўнач [12,c. 60]. Знятыя зоркі ведзьмы трымаюць у новых гаршках на покуці ці ў склепе [ibid.]. На Украіне верылі, што падаючыя летнімі начамі зоркі ведзьма ловіць на досьвітку на сіта і прасейвае па палях, каб зачараваць збожжа на голад, памор і г.д. - «Przez sito wiedźma gwiazdę zawitą cedzi, tryska na żyto» [13] (параўнайце з астронімам Сіта - «скрозь Сіта Бог прасеяў зярнятак жыта»). Тое самае ў палякаў: ведзьма сваемі закляццямі можа аслабіць святло зоркі і нават знішчыць яе [12, c. 60].

Наступнае апісанне ў адной з архіўных кніг Харкаўскай епархіі распавядае, як бабка навучыла нейкага Нестара (1750 г., сяло Любоціна, Валкоўскі ўезд) вызначаць па зорках злодзеяў. Нягледзячы на тое, што ён сам потым адра каўся ад сваіх слоў, маўляў, што падманваў людзей, каб атрымаць з іх грошы, сам тэкст даволі цікавы і дае пэўныя удакладненні, няхай і з дапушчэннямі, пра час і практыку варажбы:

«… действует он ночью, в полночь встаёт, и идёт к воде, и смотрит, и там видит одну звезду, в которой звезде ежели у какого человека учинится воровство, покажется… В Петров пост живущая в том же селе вдова…спросила: хочешь ли выучиться смотреть на звезды и оттого угадывать о пропаже какой-нибудь, у кого сыскать?…. а потом, взяв его из воды, стала над ставом воткнув веретено тонким концом в землю, а на другом конце веретена, на котором прядывала в Георгиев день для волшебства, пускалась под небеса и сняла звезду и спустилась назад с той звездою,которая подобием такова, как бывает полунощная ясная, и да ла ему в руки подержать; а потом, взяв от него, пошла с ним в дом, и ту звезду положила в сенях под кадушку….На другую ночь вывела на двор и приказала смотреть на звёзды… И показывались ему на звезде человеческие имена, у каго пропало и кем украдено…Бабка его, Нестора, и звезду снятую держала в доме своём целую неделю, а потом отпустила его в дом, а звезду пустила в небо» [14, c. 6-8].

Трэба адзначыць, што скраданне зоркі з неба можна супаставіць з матывам выкрадання душы чалавека, і асабліва навароджанаго. Калі святы Феадор Сікеот (Сергій Раданежскі), цудатворца, быў яшчэ ва ўлонні маці, яна бачыла, як зорка зыйшла з неба і ўпала ёй на ўлонне. Гэтая зорка указвала на шматлікія добрыя рысы немаўля. Уяўленні ж пра скраданне зоркі маглі быць звязаныя з апакрыфічнай легендай пра святога Сісінія (сюжэт - д'ябал у вобразе жанчыны Гілло скрадае дзяцей, Сісіній вызваляе іх) [11] з аднаго боку і выкраданнем першага агню культурным героем з другога.

Адмысловым часам для прадракання лёсу з'яўляўся час нараджэння дзіцёнка, то бок сакральны час, калі новы чалавек знаходзіцца паміж гэтым і тым светам. Наўмысна павітухі выбягалі на вуліцу і глядзелі на зоркі:
- [адна жанчына падчас родаў] « Она вішла, глянула на зіры и сказала моёй матци: «Наталочка, якась у тебя дочка буде шастліва» [15].
- « Бабушка гаварыла: «Еслі раждаецца рэбёнак, і харошы,то ярка. Вот інагда, рожаніцы, когда прінімаюць выходзяць на вуліцу гледят. Гаварыла, што еслі ўбійца па іному яна свеціць, на вора тожэ іное.(«свеціць ці падае?»),не, не, вспыхівае. А еслі рэбёнак буде навучны, то яркая, яркая.Значыць буде нешта харошае» [6].
- « Дажа такі былі жэншчэны, што на зорькі гадалі. Старуха адна была, дак адна там радзіла дачку, так яна палядзела і што-та ана там знала. Дак кажа: «карацей, дзеўка родзіцца, но бяспарная, адзінокая будзе». А тады радзіўся...во эта другія, дык яна палядзела, бабка тая, дак кажа: «О, харашо, он і радзіўся «...і действіцельна было... Адна ра дзілась красавіца, сорак сватоў пасватала, а за ньякога не пашла і засталася адна. Вы панямаеце, як угадывалі. А што яны там, хто ж іх знае, як яны там зналі...»это ужо большая шыбка(?)», паглядзіць на неба, туды і глядзіць. Ну, вот на зорькі што-та яна глядзела...мала адна мо, што-то ярковато очень, но это (?)...ещё казала: «ещче девочка раділась бяспарная» [ibid.].

Нягледзячы на тое, што аснова народнай астралогіі відавочная - зорка разумеецца як душа чалавека, рэканструяваць метадалогію прадракання даволі складана, бо, як правіла, народныя «астролагі» утойваюць веды.Тым не менш, аналіз запісаных тэкстаў дазваляе вылучыць некаторыя характэрыстыкі метадалогіі:

Час варажбы: «Гляну звечора, гляну i опiвночi, подивлюсь i перед свiтанком, тай знаю, де що діється» [16,c.169], сама назначае дзень і вечар [15], Калядная ноч [6], «под молодік гадали в пятницу, в сераду. На Коляды, на праздники якие великие» [15], «якись чэтвер» [ibid.];
Што прадракалі: ці прыйдзе чалавек з вайны, працягласць жыцця дзіцёнка [ibid.], ці жывы чалавек [ibid.], ці жывая скаціна [ibid.], лёс дзіцёнка [6], ці выйдзе замуж [ibid.], надвор'е [ibid.], пра лёс хворага чалавека [15];
Якія выконваюць дзеянні: лічаць зоры («Пашчытае,шчытае зорачки и скажэ: яго зорачки нет») [ibid.], «чытаюць па зорах» [6];
Якасць зорак і іх размяшчэнне ў прасторы: размяшчэнне зорак на небе, яркасць зорак [ibid.] («Чыя яркая зорька, тый, говорят, шчасліва жыве, а еслі малая зорька - он плоха жыве, то это казалі») [ibid.], колькасць зорак («калі дзяўчына відела шмат зорак на небе - у гэты год выйдзе замуж, калі не заставалася жыць з бацькамі») [ibid.], цотная\няцотная колькасць зорак у пары («Як е купка зорок допары - чи четыре, чи шесть - жив. Як нема - погано, пропал, чи шо зробилось») [15];

- калі зорка побач з Месяцам будзе нябожчык [ibid.];
- если небо чистое, значит, скотина погибла, а если есть зорочки - то живая (тольки того дня як заблудится скотина) [ibid.];
- «сколько зорок у кучки - стоко душ у семье будэ - у любое время [можно гадать]» [15], «калі зоркі разам (на небе) - гэта сям'я большая» [6];
- «як упаде на землю звезда, то тот человек (аут. - больной) умрэ, а як нэ, то будэ жіть» [ibid.], калі чалавек жывы, дык зорка будзе ясная, і «зойдуця» одна з другой, а калі зоркі разходзяцца, то чалавек ужо мертвы [ibid.]; «воны горворылы шоб зорка до зоркы зийшлася тоды воны всё моглы сказать» [ibid.], На Шчадрэц дзяўчыны варажылі пра жаніха: загадывалі, дзе чыя зорка, і глядзелі, якая і куды ўпадзе - адтуль і жаніх будзе [ibid.] (пра метэор);
- (на 17 студзеня н.ст.) дзяўчыны, каб даведацца, ці спраўдзяцца варожбы, глядзелі на неба: калі Сажары па правую руку - варожбы спраўдзяцца, калі наперадзе «Девичьи зори» - не [17,c.62] (гл. у яго ж падрабязна пра варожбу па «Чигирь-звезде»(Венера).

Варожба і прадметы-медыятары:
Пярсцёнак: (на 14 снежня) «Кали хто венчалися, просим кольца, выходим во двор и дывимся, як зоры гаснуць, пе рабягаюць. Дывимся на гэта праз кольцо. Кали вернецца звезда, тады выдиш замуж» [15];
Рушнік: «...дзевіца красавіца...шыла, вышывала, усякія зоры перабірала...» [9, № 517] - ускосна ў замове; « [ці гаварылі, што лёс чалавека залежыць ад зоркі?] Отражалася и крэпко. Каторыя на рушнику сшывали звязду, особенно Каця, Маня и Варвара, на Варвару все отражались вот этыя, ту звязду якую вышывали, пяцикрыльную» [6].

Дзеянні перад зорамі: асобна можна вылучыць не столькі астралагічныя, колькі прагматычныя чарадзейныя практыкі перад зорамі: «памалюся, пакланюся ... ранняй (вячэрня) зорачцы» [9, № 674, № 699], «…хрысцяцца на зоркі…» [6], «У зорак прасілі, каб больш вяселляў было на сяле» [ibid.], ставілі падойнік пад зоркі\Месяц - колькі зорак столькі і малака будзе [15], аўчары аклікаюць зоркі, каб быў вялікі прыплод авец, на тры ранішнія зары выстаўляюць на мароз семена, выстаўляюць пражу на ранішнюю зару [19, c. 43].

З сабранага аўтарам і прыведзенага вышэй матэрыяла бачна, што для народнай «астралогіі» нехарактэрны «дакладныя» разлікі размяшчэння нябесных свяцілаў і складанне «класічных» гараскопаў. Замест гэтага прысутнічае элемент выпадковасці» (падзенне зоркі, адноснае размяшчэнне і г.д.). Акрамя таго, у артыкуле былі прыведзены не каторыя народныя практыкі і характэрныя элементы метадалогіі гадання па зорках.

Літаратура


1. Святский Д.О. Очерки истории астрономии в Древней Руси// Историко-астрономические исследования. Вып. VII - IX. -
М.: Физматгиз, 1961-1966
2. Отечественныя записки. Вып. 5, 1857
3. Фасмер М. Этимологический словарь русского языка.Том, 3 1986
4. Гістарычны слоўнік беларускай мовы. Вып. 2, 15. Мн., 1982.
5. Avilin T.V. Astronyms in Belarussian folk beliefs// Archaeologia BALTICA 10, Klaipeda, 2008
6. Архіў аўтара
7. Vaiskunas J. Some peripheral forms of the Mediterranean and Oriental zodiac traditions in heathen Lithuania// Archaeologia
BALTICA 10, Klaipeda, 2008
8. Bruckner A. Starozytna Litwa. Ludy i Bogi. Szkice historyczne i mitologiczne. Warszawa, 1904
9. Замовы / Склад. Г.А. Барташэвіч. Мн.: Навука і тэхніка, 1992 (БНТ)
10. Linde S.B. Slownik jezyka polskiego. Том 2, 1808 44
11. Голубкова О.В. Ведьма и вещица в народных представлениях восточных славян Сибири и Европейской России (опыт сравнительной характеристики) [Электронный ресурс] URL: sati.archaeology.nsc.ru (13.04.11)
12. Сумцов Н.Ф. Культурные переживания.//Киевская старина. Том 28, Киев, 1890г.
13. Zaleski J.B. Szumki czyli Wiosnianki// Piotr Chmielowski Obraz literatury Polskiej: w streszczeniach i celniejszych. Volume 2, 1898
14.Лебедев А.С. О борьбе духовных властей в бывшей епархии белогородской с суевериями//Киевская старина. Том 28,
Киев, 1890г
15. ПА - электроная база дадзеных «Палесcкий архив»
16. Зибрання творив, Hрыhорий Федоровыч Квитка-Основьяненко. Том 3, Наукова думка, 1981
17. Сахаров И.П. Сказания русского народа: Народный календарь. Том 2,Части 5-8, 1885
 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX