Папярэдняя старонка: Гісторыя навукі

Авілін Ц. Беларуска-літоўскія паралелі ў народнай астраноміі 


Аўтар: Авілін Ц.В.,
Дадана: 18-02-2012,
Крыніца: Европа : новое соседство 2008 : сб. науч. тр. / редкол. : Г.Я. Миненков (отв. ред.) [и др.]. – Вильнюс : ЕГУ, 2009. С. 10-16.



У шырокі спектр анамастычных даследванняў уключаны такі разрад уласных імёнаў як астронімы. Астронімы - гэта назвы аб'ектаў на зорным небе, якія можна ўбачыць неўзброеным вокам: зоркі, сузор'і, планеты і інш [1, ст.6].

Да гэтага ж шэрагу можна аднесці і метэоры, асабліва ўлічваючы, што звычайна аб гэтай з'яве інфарманты кажуць: "зорка паляцела". Вядома, што астронімы з'яўляюцца найбольш старажытнымі і малатрансфамаванымі адзінкамі мовы, у аддзіным шэрагу з гідронімамі ці тапонімамі. Астранімічны матэрыял дае каштоўную інфармацыю падчас комплексных даследваннях этнасу: яго генэзісу, мовы, фальклору і г.д. Але нажаль беларуская народная астранімія да гэтага часу з'яўляецца адным з маладаследаваных пытанняў. Магчымымі праблемамі гэтага з'яўляецца як спецыфіка збору астранімічнага матэрыяла, якая не дазваляе ўдзень дакладна суаднесці астронім з аб'ектам на небе, так і неабходнасць збіральніку валодаць базавымі астранамічнымі ведамі.

Найбольш папулярнымі аб'ектамі на зорным небе з'яўляюцца зорнае скопішча Плеяды, сузор'е Вялікая Мядзведзіца і тры зоркі ў сузор'і Арыёна (дзэта, эпсілон, дэльта Арыёна, ці, так званы паяс Арыёна ). Гэтыя аб'екты добра вядомыя інфармантам бо асноўныя моманты з'яўлення і размяшчэнне на небе (верхняя і ніжняя кульмінацыі, геліакічны ўсход і захад) былі добрымі арыенцірамі ў прасторы і часе.

Такі агульны касмонім як сузор'е зрэдку фіксуецца ў народных гаворках. Замест гэтага інфарманты выкарыстоўваюць агульны касмонім зорка (нават для Млечнага Шляху- Малочна Гвязда ) ці кучка звёздачак , група звёзд , купка зорак і г.д., параўнайце, напрыклад, літоўскае s ietynas [2, ст.169], якое ў даваеныя часы выкарыстоўвалася для пазачэння слова - сузор'е . Яго агульная семантыка можа быць -"сукупнасць звязаных паміж сабою частак"[ibid.], т.б. тая ж, што і ў некаторых выпадках датычыцца да беларускага астроніма Кучкі ці Купкі кучки, як стог сена » (Плеяды) - зап. ад Надзеі Сяргееўны Куцекі,1948 г.н., у в.Студзёная Гута Гомельскага р-ну Гомельскай вобл. Шарэндай Г.П.). Выкарыстоўванне касмоніма зорка , для намінацыі сузор'я, даволі распаўсюджана на тэрыторыі Беларусі, таму падчас палявых даследванняў неабходна надаваць больш увагі на тое, каб высветліць адпавядае астронім пэўный зорцы або сузор'ю. Трэба адзначыць, што астронімы, якія адпавядаюць намінацыі "кропкавых" аб'ектаў на небе (т.б. назвы пэўных зорак - Мар'я і Дар'я [20], Каза , Воўчая, Заранка,Вадаліў і інш.) маглі быць першаіснымі пры фармаванні альбо трансфармацыі міфалагічных паданняў і ўяўленняў. У адрозненні ад астронімаў, якія надаваліся аб'ектам на аснове бачнага ўмоўнага контуру сузор'я (напрыклад, Крыж , Граблі , Змей , Мядзведзіца і інш.) і тым самым наяўныя легенды і іх персанажы, або рэчавая прастора падання, маглі быць адпраўной кропкай для фармавання дадзенай часткі астранімічнай сістэмы. Верагодна, менавіта такі працэсс развіцця астранімічнай сістэмы мусіў быць напачтку свайго развіцця - першы этап - намінацыя асобных зорак, другі - груп зорак. Так, народы, ў якіх захавалася традыцыя шаманізма, напрыклад, іннуіты, маюць большую частку астронімаў, якія адпавядаюць пэўным зоркам ( Ullaktut - тры чалавеки якія бягуць (паяс Арыёна), Sikuliaqsiujuittuq - імя забітага чалавека (Працыён), Sivulliik ,Kingulliq - імёны герояў легенды(Арктур і Вега ) і інш.[21]). У розных паданнях іннуітаў той ці іншы персанаж ішоў на неба і заставаўся там. Падобнае і агульнаеўрапескае ўяўленне быццам бы зорка - душа чалавека. Акрамя таго, з вялікай колькасці зорак, якія бачна неўзброеным вокам, прасцей вылучыць найбольш яскравыя і сканцэнтраваць у гэтым "кропкавым" аб'екце нейкі вобраз - вобраз жывёлы, чалавека, істоты і т.п.

Адной з праблем з'яўляецца суаднясенне астроніма і аб'екта на зорным небе. Часам назіраецца кантамінацыя астронімаў і аб'ектаў. Так пэўны астронім выкарыстоўваецца для намінацыі і Вялікай Мядзведзіцы і Плеяд, падобны перанос астроніма назіраецца для Малая Мядзведзіца↔Плеяды, Плеяды↔Арыён, Арыён↔Вялікая Мядзведзіца[ibid.], Арыён ↔ Кассіяпея. Патлумачыць гэта можна падабенствам форм сузор'яў, недакладнае запазычанне з літаратуры (як гэта назіраецца для Арыён ↔ Кассіяпея) і інш.

Як адзначаецца ў працы даследчыка Й.Вайшкунаса [ibid.] на большай часцы заходняй і заходня-паўночнай тэрыторыі Беларусі для намінацыі Плеяд сустракаецца астронім Сіта [3] і ягоныя вытворныя - Сіто , Сіцечка [2, ст.169], Рэшата [4], Сіцца [5] і інш ці Малое Сітца [6] і Бальшое Сіта [ibid.] (Гіады і Плеяды? калі параўновываць эст. Uus Soel (Новае Сіта- Плеяды) і Vana Soel (Старое Сіта- Гіады) [7, ст.267] ці Плеяды і частка Дракона+частка Малой Мядзведзіцы?). Вядома, што гэты астронім характэрны для балцкіх і фіна-угорскіх моваў (параўнайце літ. Sietas [2, ст.169], эст. Soel [8,ст.6]), таму ягонае літоўскае паходжанне на тэрыторыі Беларусі відавочна, бо арэалы іншых "славянскіх" астронімаў распаўсюджаны на паўночным-ўсходзе - Валасыні, Валоскі, на ўсходзе - Валасажары, Вісажары і іх вытворныя, на поўдні - Курачка, Кучкі, Купкі. Дарэчы астронім Курачка [9] сустракаецца і на этнічных землях беларусаў у Польшчы. Асаблівасцю беларуска-літоўскага памежжа з'яўляецца наяўнасць астроніма Сяўцы (літ. Sejukas )[2,173], які не зафіксаваны на іншай тэрыторыі Беларусі.

У якасці намінацыі Вялікай Мядзведзіцы сустракаецца агульнаеўрапейскі астронім Воз , але на тэрыторыі Беларусі зафіксаваны і літоўскі аналаг - Гражу ля Колы (літ. Grįžulio ratas)[2,ст.174]. Семантычна аднолькавымі з'яўляюцца астронімы Тры Сястры ( Прахі, Папрадкі )[10,ст.102] (" Людзі старыя гаварят, вунь гаваріт, тры зорачкі эта Тры Сястры, а дальша паглядзі- там Чатыры Брата "[20] (паяс+меч Арыёна?) ) і літоўскае Trys sesel ės verp ėjos (Тры Сястры Прахі)[11] - паяс Арыёна. Уласныя імёны гэтых зорак - " световая , заходня , позня" [12], часам адную з іх называюць Параскева Мучаніца [4].

Птушыны шлях (Малочны Шлях)

Характэрным найменнем для Млечнагу Шляху як у беларусаў так і ў літоўцаў выступае найменне Птушыная дарога ці Paukščių kelias , Paukščių takas. . Гэты астронім сустракаецца на большай часцы тэрыторыі Сярэдняй Еўропы, Балтаскандыі і Волга-Пермскай тэрыторыі[13]. Але па-за гэтым комплексам распаўсюджаных астронімаў сустракаюцца некаторыя дыялектныя назвы і мясцовыя ўяўленні, якія значна адрозніваюцца ад іншых. Так на беларуска-літоўскім памежжы у вв. Пелясы, Дубінцы, Помедзь (Воранаўскі раён) быў зафіксаваны астронім " Дарога Відэвута і Брутэна "[14], які, хутчэй за ўсё з'яўляецца познім запазычаннем з літаратуры. Нагадаем, што, як вядома, Відэвут і Брутэн з'яўляюцца нацыянальнымі героямі Прусіі, братамі (магчыма блізнюкамі). Згодна крыніцам XVI ст. Відэвут (Widewuto, Widowuto, Witowudi) і Брутэн (Bruteno, Brudeno) прыбылі ў Прусію па мору да вусця Віслы. Пазней Відэвут стаў "каралём", а Брутэн заснаваў культавы цэнтр Ромова (Romowe) і стаў першым вярхоўным святаром[15]. У в. Ячонка Стаўбцоўскага р-ну Мінскай вобл. Самохінай А.П. было запісана наступнае паданне, якой напэўна з'яўляецца больш познім пераасэнсаваннем "кніжнага" астроніму Малочная Дарога: " Маладая дзяўчына-сірата несла малако сваім сястрычкам і братам, якое зарабіла ў людзей і разліла яго. Так з'явіўся Малочны Шлях, а яе слёзы- зоркі гэтага шляху ".

Заранка (Венера)

Як беларусы, так і літоўскамоўнае насельніцтва Беларусі для намінацыі Венера-ранішняй выкарыстоўваюць астронім Зара , Заранка - літ. Zara , Zaratny č ia , а Венеры-вячэрняй - Вячорка , Вечарніца - літ. Vakarine . Але большую цікавасць вызывае адзначаны Й.Вайшкунасам астронім Ведзмерагіна (літ.ragana -вядзьмарка), гэтае слова ў народзе таксама разумееца як баба-яга ці самка-мядзведзя [2,ст.177](параўнайце Венера - Мядзведзіца (в.Лыкава Магілёўскага р-ну, Магілёўскай вобл., в.Більцавічы Вілейскага р-ну Мінскай вобл.)). Падобны астронім быў зафіксаваны і ў цэнтральнай Беларусі - Ведзьма (" А бальшая зорка, ета называецца Ведзьма, бальшая зорка, каторая адна… Ена сама перва загараецца на небі, сама раньшэ, первая яна загараецца і гарыць аднае такая, адна яркая... А вот зорку ету, дык, гавораць "ужо зара ўзышла, нада іці работаць, што-небудзь дзелаць- малаціць, калаціць, хоць што"… ")[16]. Сувязь Заранкі з нечым вядзьмарскім, "нячыстым" выяўляецца і ў адпаведным астроніме Дзянніца , семантыка якога па-першае - зорка, якая апошняя знікае на небе з узыходам Сонца, а па-другое - гэта нешта д'яблава, калясніца, на якой з'язджаюць і хаваюцца нячыстыя сілы, якія тварылі свае чорный справы ўначы[17].

Кут, хут (літ. kutas)

На тэрыторыі Беларусі яскравы метэор называюць хут або кут [18,ст.170]. На беларуска-літоўскім памежжы таксама зафіксаваны астронім kutas ( kut - as ) ( " Калі яшчэ працавала ў маёнтку, то бывала жнем рож, то кожны вечар бачыла kuta ( aitvara ) які ляцеў. Высока ляцеў. Падобны на метлу, якая пылае, канец вузкі " (пераклад))[19]. Хут сумяшчае міфалагічныя формы дамавіка і вогненнага змея. У літоўскай міфалогіі падобныя функцыі і рысы мае айтварас, а вобраз беларускага дамавіка блізкі літоўскаму каўкасу. Даследчык літоўскай міфалогіі Юліюс Грэймас лічыць, што першапачаткова няроўныя па рангу і розныя па характару два міфалагічных суб'екта з часам, пад уплывам хрысціянскай рэлігіі, перамешалі свае рысы. Акрамя таго, новая рэлігіі дадала свае асаблівасці, так айтварас авалодаў рысамі хрысціянскага чорта. Гэтыя высновы можна перанесці і на беларускага цмока. Сёння ўяўленні аб цмоку і дамавіку, у кантэксце з'явы метэора, моцна перамяшаліся, таму абодва сталі падобнымі. Напрыклад, у некаторых паданнях цмок пераўтвараецца ў барадатага чалавека, г.зн. у дамавіка.. Такім чынам метэор уяўляў сабою вогненнага змея з аднаго боку, і нейкі дух памерлага з іншага. Часам гэтая з'ява была роднасная агеньчыкам, якія можна ўбачыць у лесе там, дзе схаваныя скарбы. Блізкімі па сваех функцыянальных асаблівасцях у індуісцкай міфалогіі выступае bhut , bhuta (санскр.) - дух (добры ці злы), прывід. Bhut-ы мігцяць агеньчыкамі над магіламі, хаваюцца ў дрэвах, ажыўляюць нябожчыкаў, лятаюць у паветры пужаючы людзей. Лічылася, што bhut-ам становіцца чалавек, які помер ненатуральнай смерццю, так званыя заложаныя нябожчыкі, напрыклад, самагубцы, тапельцы, павешаныя, апойцы і т.п. Вядома, што ў беларусаў з'ява метэора была звязаная з падзеннем душы нехрышчонага дзіцяці, смерцю чалавека, вяртаннем на зямлю нябожчыка, які чакае прабачэння - з аднаго боку, і падзеннем змея - з іншага.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX