Папярэдняя старонка: Гісторыя навукі

Банькоўскі-Цюліг М. Студэнты і студэнткі з беларусі ў швейцарскіх універсітэтах (XVI-пачатак XX ст.) 


Аўтар: Банькоўскі-Цюліг Моніка,
Дадана: 03-07-2012,
Крыніца: Беларусь паміж Усходам і Захадам: Праблемы міжнацыян., міжрэлігійн. і міжкультур. ўзаемадзеяння, дыялогу і сінтэзу. Ч. 2.



Што можа дакладчык са Швейцарыі сказаць змястоўнае ці хоць бы цікавае наконт асноўнай тэматыкі кангрэса - "Беларусь паміж Усходам і Захадам"? Паміж Беларуссю і Швейцарыяй, здаецца, ні ў мінулым, ні ў сучасным няма асаблівых сувязей. Праўда, здараліся кантакты і сутычкі, але на іх падставе не ўзнікалі сувязі; былі яны занадта эпізадычныя і мелі свае прычыны хутчэй у вонкавых акалічнасцях, чым у добраахвотных імкненнях.

Па-іншаму справа выглядае ў сферы вышэйшай адукацыі або, дакладней, студэнцкіх вандраванняў з Беларусі, што мелі мэтай азнаямленне ці нават абмен з духам і культурай чужой краіны. За выключэннем Базельскага, швейцарскія універсітэты не карысталіся такой вядомасцю, як некаторыя здаўна вядомыя заходне-, сярэдне- і паўднёваеўрапейскія. Затое яны неаднаразова ў сваёй гісторыі з'яўляліся прыцягальным пунктам якраз для студэнцкай моладзі з усходне- і паўднёва-ўсходнееўрапейскіх краін.

Пачатак такой з'явы можна аднесці да часоў Гуманізму і Рэфармацыі, калі Базельскі універсітэт (заснаваны ў 1460 г.) і адчыненыя ў XVI ст. рэфармацкія "высокія школы" і акадэміі ў Жэневе, Лазане і Цюрыху прыцягвалі студэнтаў з Вугоршчыны, Трансільваніі, Чэхіі, Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага. Гэтая "хваля" зменшылася ў сярэдзіне XVII ст. у выніку Контррэфармацыі і Трыццацігадовай вайны, а часткова і з-за заняпаду прэстыжу згаданых устаноў.

Паўторны ўздым швейцарскія вышэйшыя школы зазналі ў выніку стварэння ліберальнай саюзнай дзяржавы ў 1848 г., якое паспрыяла развіццю на-вучальнай сістэмы. Параўнальна свабодны клімат рэспубліканскай Швейцарыі, доступ жанчынам да вышэйшай адукацыі і прывілеі для чужаземцаў (да 1870-х гадоў ад іх патрабаваўся не атэстат сталасці, а толькі пасведчанне аб добрых паводзінах!) прываблівалі да вышэйшых навучальных устаноў перадавую інтэлігенцыю ўсходнееўрапейскіх краін. Напярэдадні Першай сусветнай вай­ны ў іх вучыліся больш за дзве тысячы расійскіх грамадзян, што складала трэцюю частку агульнай лічбы студэнтаў.

Дадзенае даследаванне не прэтэндуе на вызначэнне ролі вышэйшай адукацыі ў Швейцарыі для беларускай інтэлігенцыі. Яго мэта - звярнуць увагу на адну забытую старонку беларускага "заходніцтва".

Пра беларускасць ці ўсведамленне сябе беларусамі студэнцкай моладзі з 1550 да 1917 года больш-менш станоўча можна выказацца толькі тады, калі побач са скупымі звесткамі універсітэцкіх матрыкулаў, на якія я апіраюся галоўным чынам, удалося б выявіць метрыкі, аўтабіяграфічныя сведчанні і іншыя крыніцы. Пад акрэсленнем "з Беларусі" я маю на ўвазе Беларусь не ў яе гістарычных межах або этнічным пашырэнні, а абшар сучаснай дзяржавы. Зразумела, што пры такім падыходзе выпадаюць з поля зроку "сапраўдныя" беларусы з Вільні, Беластока, Вельска, Смаленска і Дзвінска. Затое сярод улічаных мной студэнтаў з Беларусі, безумоўна, трапляюцца і небеларусы, бо пры інскрыбцыі ці ўпісванні ў матрыкул заносілася не нацыянальнасць студэнта, а яго дзяржаўная належнасць. Апрача таго, не ва ўсіх матрыкулах паслядоўна аддзелены графы "месца паходжання" і "месца папярэдняга жыхарства".

Падставай для майго даследавання служылі друкаваныя матрыкулы Базельскага універсітэта за 1460-1818 гг.1 і Жэнеўскай акадэміі за 1559-1878 гг.2, а таксама скамп'ютэрызаваныя матрыкулы Цюрыхскага універсітэта за 1833-1917 гг. Ва універсітэтах Берна, Фрыбура (Фрайбурга) і Нэшатэля (Нойенбурга) адсутнічаюць друкаваныя выданні матрыкулаў, а пры праглядзе няпоўнага пераліку студэнтаў Лазанскай акадэміі "беларускія сляды" не выявіліся. Акрамя матрыкулаў быў выкарыстаны спіс студэнтак Бернскага універсітэта за 1871-1914 гг.3 Улічваючы сціплую факталагічную базу, якую, бясспрэчна, належала б дапоўніць дадзенымі з арыгінальных, рукапісных матрыкулаў, студэнцкіх і зямляцкіх спісаў рознага тыпу каталогаў доктарскіх прац і падобных крыніц, наступныя высновы маюць пераважна ілюстрацыйную каштоўнасць.

Першыя ў Швейцарыі студэнты з Беларусі вучыліся ў Базельскім універсітэце. Дзякуючы знакамітым выкладчыкам-гуманістам (Баніфацы Амербах, Кандрат Пэлікан, Бэатус Рэнанус, Іаган Экалямпад, а перадусім Эразм Ратэрдамскі) ён стаў у канцы XV і на пачатку XVI ст. духоўным цэнтрам, які значна спрыяў і росквіту кнігадрукавання. Што тычыцца замежных студэнтаў, у прыватнасці, з усходне- і сярэдне-ўсходнееўрапейскіх краін, дык базельскія матрыкулы таго часу іх паходжанне акрэсліваюць толькі агульна накшталт "Pannonius", "Silesius", "Polonus", "Ruthenus", "Lituanus" i т.д., што не заўсёды адпавядала сапраўднасці.

Першым "рутэнам", зарэгістраваным Базельскай "Альма матэр", быў студэнт 1553 г. Васіль Дравінскі, валынскі шляхціц, у будучым каралеўскі сакратар. Да славутых родаў належалі і ўпісаныя ўслед за ім "ліцвіны". У 1560 г. паступіў ва універсітэт Фёдар Скумін-Тышкевіч, літоўскі падскарбі і навагрудскі ваявода, а ў 1563 г. - Ян Юшка, сын віцебскага ваяводы. Я.Кішка пасяліўся ў доме Курыёнэ, але неўзабаве, па рэкамендацыі гаспадара, пераехаў у Цюрых, да рэфарматара Булінгера. Заняткі ён наведваў са шматлікай світай, частка якой таксама ўключана ў спіс студэнтаў. Знаходзіўся ў ёй Кшыштаф Зяновіч, сын чачэрскага старосты, у будучым брэсцкі ваявода.

Потым спыніўся прыліў "рутэнаў" і "ліцвінаў" амаль на трыццаць год. Толькі з наступлением у Базельскі універсітэт Яна Скуміна-Тышкевіча, сына Фёдара, пазнейшага ваяводы мсціслаўскага, трокскага і віленскага, у канцы XVI ст. распачалася новая хваля з Беларусі. Услед за Тышкевічам іматрыкуляваліся двое Радзівілаў - Ежы і Януш, абодва з лініі "на Біржах і Дубінках", першы з іх - ваяводзіч навагрудскі і староста мазырскі, а другі - ваяводзіч віленскі і староста барысаўскі. Як Тышкевіч, так і Радзівілы завіталі са шляхецкай світай, што за імі запісалася ў базельскі матрыкул. Януша суправаджаў яго настаўнік, будучы паэт Данііл Набароўскі, які ў Базелі крыху раней, у 1595 г., атрымаў годнасць доктара медыцыны. Відавочна, княжычы наведвалі не толькі выклады ў Калегіум Медыкум, але і секцыйныя курсы славутага анатама Каспра Баугінуса, што схіліла апошняга да прысвячэння Радзівілам свайго твора "Anatomes" (1597).

На медыцынскім факультэце вучыліся таксама Самуэль і Войцех (Адаль­берт) Нарушэвічы, сыны смаленскага кашталяна, абодва кальвінісцкага веравызнання. Раней яны слухалі лекцыі ў Вроцлаве, Гейдэльбергу і Страсбургу. Адначасова з імі паступіў ва універсітэт Станіслаў Валовіч, сын слонімскага старосты4. "Базельскі паход" ліцвінаў на пераломе XVI і XVII стст. завяршылі брэсцкі падкаморы Мікалай Шуйскі, падляскі ваяводзіч Ян Радзімінскі, брэсцкі ваяводзіч Мікалай Зяновіч, тэолаг і затым міністр кальвінісцкіх збораў у Літве Бальтазар Красневіч, урэшце Кшыштаф Радзівіл, у асобе якога мы, мабыць, маем справу з народжаным у 1585 г. будучым віленскім ваяводам і польска-літоўскім гетманам.

У адрозненне ад базельскай, Жэнеўская вышэйшая школа ці акадэмія, заснаваная ў 1559 г. Кальвінам, аж да XIX ст. не карысталася прыхільнасцю студэнтаў з Усходняй і Сярэдне-Усходняй Еўропы, хаця кальвінізм, вядома, якраз там цешыўся папулярнасцю. Прычынай, можа, быў факт, што яна аддавала перавагу выхаванню пастараў і абаронцаў веры. Толькі ў XVIII ст., пад уплывам асветніцкіх ідэй, тут былі заснаваны іншыя факультэты. Ужо ў год ўзнікнення ў акадэмію паступілі два "рутэны", а на схіле стагоддзя іх было трое: прыбылы з Базеля падляскі ваявода Ян Радзімінскі, ураджэнец Драгічына Даніла Язерскі і будучы бельскі ваявода Рафал Ляшчынскі. Пасля 1605 г. у Жэнеўскую вышэйшую школу не паступалі ні "рутэны", ні "ліцвіны", што магло б сведчыць і пра знікненне гэтых назваў. Нельга выключыць, што сярод нешматлікіх жэнеўскіх "Poloni" i "Polonais" XVII і XVIII стст. трапляліся і беларусы.

Хаця жэнеўскія і базельскія друкаваныя матрыкулы ўяўляюць сабой навуковыя выданні, насычаныя падрабязнай інфармацыяй, атрыманню якой, дарэчы, пасадзейнічалі і супрацоўнікі Польскай Акадэміі навук, усё ж у іх сустракаецца нямала памылак, недакладнасцей. Тычацца яны, у першую чаргу, студэнтаў-ураджэнцаў "крэсаў", а часам нават і вядомых рускіх дзеячаў, тоеснасць якіх складальнікам выдання не ўдалося ўстанавіць. Калі абысці ўвагай грунтоўна даследаваных палякаў з "Кароны", а таксама прозвішчы, гучанне якіх выразна сведчыць пра вялікарускае паходжанне, дык якраз застанецца той "астатак", у якім могуць быць беларусы5.

Дзе-нідзе пададзеныя ў матрыкульных каментарыях звесткі пра студэнтаў з Беларусі адносяцца, вядома, да прадстаўнікоў вядомых польскіх ці спольшчаных родаў. Напрыклад, у 1832-1833 гг. на філасофскім факультэце вучыўся Канстанты Грабоўскі, сын апошняга канюшага Вялікага Княства Літоўскага, які потым стаў памешчыкам Гродзенскай губерні і памагатым Мураўёва-вешальніка. А пра нашчадка славутага роду з Гродзеншчыны Шарля Юндзіла сказана, што ён быў сынам натуралізаванага ў швейцарскім Фрайбургу былога мінскага намесніка, вучыўся дакладным навукам спачатку ў Лазанскай, а потым, у 1845-1846 гг., у Жэнеўскай акадэміі, затым, стаўшы супрацоўнікам пазітывіста Агюста Конта, урэшце здабыў прафесуру матэматыкі ў Парыжы.

Сярод дакументаў ёсць біяграфічная даведка пра пісьменніка Альгерда Абуховіча. Даследчыкі, мусіць, пераблыталі яго з аднафамільцам Юліянам, пазнейшым інспектарам маскоўскай чыгункі. "Наш" Абуховіч у якасці вольнага слухача ўвосень 1858 г. запісаўся на прырода- і літаратуразнаўчы факультэт. Прабыў ён у Жэневе не "тры-чатыры гады", як меркаваў яго біёграф Р.Родчанка6, а ўсяго толькі восем месяцаў. Паводле актаў жэнеўскай паліцыі, тая, на падставе пашпарта, выдадзенага 14 мая 1858 г. у Вільні, дала ў жніўні Абуховічу права на прабыванне ў Жэневе. Але ўжо ў красавіку наступнага года слуцкі вандроўнік перабраўся ў Францыю7.

У 1883 г. у Жэнеўскім універсітэце, які ўзнік у 1873 г. на месцы акадэміі, абараніла дысертацыю па медыцыне віцяблянка Анрыэта Жудра (1855-1928). Тэма яе працы - "Да пытання аб клінічным даследаванні шуму галопа"8. Аўтар разгледзела шкодныя вынікі тагачаснага вулічнага руху даволі яшчэ ціхай Жэневы. Паводле даследавання "Вышэйшая адукацыя жанчын у швейцарскіх універсітэтах", Жудра выйшла замуж за жэнеўскага лекара Шар­ля-Эжена Сало (Saloz) і, мяркуючы па той жа крыніцы, "як першая жанчына-лекар на працягу сарака гадоў яна развівала пленную дзейнасць, выконваючы яе з глыбокім веданнем справы, пачуццём абавязку і годнасці"9. Пасля таго, як у 1867 г. першая студэнтка на кантыненце здала ў Цюрыхскім універсітэце доктарскі экзамен па медыцыне, швейцарскія вышэйшыя школы сталі магнітам для жанчын, прагных ведаў, у прыватнасці жыхарак Расійскай імперыі, якім універсітэцкія вароты на радзіме заставаліся зачыненымі да 1913 г. Большасць іх складалі яўрэйкі. Швейцарскімі школамі карысталіся і значная колькасць яўрэяў мужчынскага полу, шансы якіх паступіць у расійскія універсітэты з-за скандальных працэнтных нормаў рэзка зменшыліся. Пераважная частка расійскіх яўрэяў і яўрэек, вядома, паходзіла з "мяжы аселасці", г.зн. перш за ўсё з беларускіх і ўкраінскіх зямель.

Дзеля кароткага разгляду гэтай з'явы прывядзём некалькі дадзеных з матрыкулаў Бернскага і Цюрыхскага універсітэтаў.

Адчынены ў 1834 г. Бернскі універсітэт у апошняй чвэрці мінулага стагоддзя дзякуючы сваім ліберальным умовам паступлення і нядрэннай навуковай рэпутацыі стаў улюбёным вучылішчам расійскіх студэнтак, а таму атрымаў найменне "школы рускіх дзяўчат". Паводле даследавання аб пачатках бернскай вышэйшай адукацыі жанчын10, медыцынскі факультэт у 1871-1914 гг. налічваў 1625 асоб жаночага полу. Каля дзесятай часткі іматрыкуляваных, а менавіта 163 жанчыны ці дзяўчыны, паходзілі з Беларусі. Месцы іх нараджэння - Мінск, Віцебск, Магілёў, Гродна, Гомель, але таксама і меншыя гарады і мястэчкі (Горкі, Даўгінава, Друя, Лепель, Лоеў, Уваравічы, Шклоў, Янавічы і інш.). На працягу ўказаных 44 гадоў доктарскі экзамен па медыцыне тут здавала 461 кандыдатка, з якіх 45 паходзіла з Беларусі. Дзве беларускія выпускніцы 1910 г., мінчанка Сара Шклоўская і віцяблянка Цылія Беленькая, здалі яго на выдатна. Амаль усе дысертацыі абапіраліся на швейцарскі матэрыял, значыць, былі накіраваныя на распазнанне і лячэнне хвароб, распаўсюджаных сярод швейцарекага насельніцтва". Выходзіць, да развіцця і дасягненняў тагачаснай медыцынскай навукі ў Швейцарыі ўнеслі свой уклад і студэнткі з Беларусі.

Аднак нямногія з ураджэнак Беларусі здабылі сабе імя або ў Швейцарыі, або ў іншых замежных краінах. Да выключэнняў, напрыклад, адносіцца гамельчанка Соф'я Гяцова, прызначаная ў 1912 г. прыват-дацэнтам кафедры эксперыментальнай паталагічнай анатоміі ў Бернскім універсітэце, а пазней запрошаная ў новаўтвораны Іерусалімскі універсітэт.

Былі выдатныя "бернскія" выпускніцы і па другіх навуковых дысцыплінах. Гэта сёстры Іда і Любоў Аксельрод з Дунілавіч. Абараніўшы дысертацыі ў 1902 г., абедзве яны пісалі філасофскія і літаратуразнаўчыя працы і адыгралі прыкметную ролю ў меншавіцкай фракцыі РСДРП. Малодшая Іда нейкі час загадвала літаратурнай часткай бернскага сацыял-дэмакратычнага органа "Бернер Тагвахт". Яна аўтар пасмяротна выдадзенага даследавання пра творчасць Готфрыда Келера12.

Шырокай вядомасцю ў Швейцарыі карысталася філосаф Ганна Тумаркіна (1875-1951), ураджэнка Дуброўны. Доктарскую (кандыдацкую) ступень Берн­скага універсітэта яна атрымала ў 1895 г., а тры гады пазней там жа абараніла і габілітацыйную працу. Яна была першай жанчынай-прафесарам не толькі ў Берне, але і ва ўсёй Швейцарыі, ды нават (калі выключыць яе суайчынніцу С.Кавалеўскую) - ва ўсёй Еўропе. У сваіх навуковых працах яна аддавала перавагу пытанням філасофіі рамантызму, эстэтыкі, псіхалогіі, а таксама адметнасці і своеасаблівасці швейцарскай філасофскай думкі13. Апрачатаго, яна прымала актыўны ўдзел у швейцарскім жаночым руху. Імя яе ў Беларусі, здаецца, невядома. Як, зрэшты, і імя яе папярэдніка на бернскай кафедры Ро­берта Зайчыка (1868-1965), ураджэнца Мсціслава. Пасля дацэнтуры ў Бернскім універсітэце ў 1895-1914 гг. Зайчык узначальваў кафедру "сучасных літаратур" Федэральнай політэхнічнай школы ў Цюрыху, а потым, да 1925 г., выкладаў філасофію і эстэтыку ў Кёльне. Вярнуўшыся ў Швейцарыю, ён плённа працаваў як пісьменнік, закранаў філасофска-палітычныя, грамадска-культурныя, мастацкія і літаратуразнаўчыя пытанні агульнаеўрапейскага абсягу14. У сваім даследаванні "Майстры швейцарскага пісьменства XIX стагоддзя" (1894) Р.Зайчык адным з першых адстойваў тэзіс пра самастойнасць швейцарскай літаратуры.

Шмат ураджэнцаў Беларусі вучылася ў Цюрыхскім універсітэце. З 1833 г., даты яго заснавання, да 1917 г. у ім вучыліся больш за тры тысячы "расійцаў", што склала восьмую частку цюрыхскіх студэнтаў таго часу. У іх ліку - прыблізна 360 студэнтаў і студэнтак з Беларусі. Хаця ў цюрыхскіх матрыкулах і ўказваюцца месцы, адкуль паходзяць навучэнцы, але не ва ўсіх выпадках можна вызначыць дакладна - або яны не ўпамінаюцца ў атласах і геаграфічных слоўніках XIX ст.15, або іх нельга адрозніць ад аналагаў на другіх абшарах Расійскай імперыі. Сярод беларускіх гарадоў вядучае месца зноў займаюць Мінск, Магілёў, Віцебск, Гродна, Гомель, Пінск, Бабруйск. Двума-чатырма студэнтамі прадстаўлены Быхаў, Ветка, Дрыса, Жлобін, Койданава, Ляды, Нясвіж, Радашковічы, Сіроціна, Чэрыкаў. Як у выпадку з Бернскім універсітэтам, частка, што прыпадае на яўрэйскае студэнцтва, была вельмі значнай - 91 працэнт.

Першы студэнт з Беларусі з'явіўся ў Цюрыхскім універсітэце ў 1859 г. У 1880-я гады колькасць навучэнцаў з Беларусі прыкметна ўзрасла і дасягнула сваёй вяршыні ў 1913 г. (39 "беларускіх" іматрыкуляцый). Спакуса расказаць пра некалькіх выпускнікоў падрабязней вельмі мощная. Аднак трэба тут абмежавацца кароткім пералікам імён. Часам уражанні ад цюрыхскай вучобы ці Швейцарыі наогул знайшлі сваё адлюстраванне ў тагачасных "рэпартажах" ці пазнейшых успамінах. Прыгадаю хаця б мемуары віцебскага філосафа Мікалая Лоскага і артикулы магіляўчаніна Рыгора Гурэвіча ў рускамоўных яўрэйскіх часопісах16.

Сярод жаночай часткі цюрыхскіх студэнтаў належыць назваць мінчанку Таццяну Разенталь (1884-1920), вучаніцу Карла Густава Юнга, адну з першыхрасійскіх псіхааналітыкаў, а таксама пінчанку Хану Вейцман, выдатнага біяхіміка, сястру першага прэзідэнта Ізраіля Хаіма Вейцмана. Больш чым упамінання заслугоўваюць мінчанкі Юзэфа Кодзіс-Кшыжаноўская (1865-?), будучая загадчыца філасофскай кафедры Чыкагскага універсітэта17, і ўраджэнка Гродна Фейга Ліфшыц (1878-1964, замужам Фрыш), якая пазней, уцёкшы з фашысцкай Германіі ў Швейцарыю, перакладала на нямецкую мову шматлікія шэдэўры рускай літаратуры18. Адна беларуская студэнтка, урэшце, увайшла ў швейцарс­кую літаратуру: лідская матэматычка Кацярына Германіская, якая ў Цюрыху выйшла замуж за аўстрыйскага сацыял-дэмакрата і пазнейшага палітычнага забойцу Фрыца Адлера, паслужыла прататыпам рэвалюцыянеркі Каці ў рамане "Швейцарскае люстра" Мейнрада Інгліна (1838)19.

Спадзяюся, што мае заўвагі, хай сабе і павярхоўныя, засведчылі, што замежная вучоба беларусаў і іх суайчыннікаў іншых нацыянальнасцей заслугоўвае з боку даследчыкаў большай увагі, чым яна карысталася дагэтуль. З-за таго, што ў Беларусі да 1921 г. амаль адсутнічалі вышэйшыя навучальныя уста­нови, беларуская інтэлігенцыя была вымушана здабываць сабе веды ў блізкім ці далёкім замежжы. Як бачна на прыкладзе Швейцарыі, яна нярэдка спрычынялася да развіцця навукі ў іншых краінах - ці то дысертацыямі і іншымі даследаваннямі, ці то сваёй практычна-прафесіянальнай дзейнасцю. Тая ж частка яе, што вярнулася пасля заканчэння вучобы дамоў, шмат што са здабытага за мяжой з плёнам прымяніла на радзіме. У рамках даследаванняў аб фармаванні беларускай інтэлігенцыі ці, дакладней, інтэлігенцыі ў Беларусі і яе духоўных арыенціраў, нельга не браць пад увагу тэму "студэнцкіх вандраванняў".

Спасылкі:

1. Die Matrikel der Universitat Basell / Im Auftrage der Universitat Basel hrsg. Von H.G. Wackemagel. Basel, 1951-1980. Bd. 1-5. Выкарыстана праца ХУІ. Polsko-bazylejskiewiezi kulturalne i literackie w XVI wiek u. Krakow, 1987 (Rozprawy habilitacyjne UJ, 124).

2. Le Livre du Recteur de l'Academie de Geneve (1559-1878) / Publie sous la direction de S. Stelling-Michaud. Geneve, 1959-1980. T. 1-6. (Travaux d'Humanisme et Renaissance, 33).

3. Bachmann В., Bradenahl E. Medizinstudium von Frauen in Bern 1871-1914. Bern, 1990.

4. Гл.: Die Matrikel der Universitat Basel. Bd. 2 (1532/33-1600/01). S. 446 ("Stanislaus Wolowitz, c[onsiliarius] s[ecretus], Lituanus baro, nomen suumprofessus 24. Ianuarii 1597, eiusdem mensis die 29 peste obiit").

5. Мяркуючы па анамастычных крытэрыях, "беларусамі" маглі быць наступныя студэнты (напісанне паводле жэнеўскіх матрыкулаў): Kleofas Depusza (1847), Adam Szyrma (1859), Telesfor Belianowski (1860), Joseph Tschigewitsch (1863), George Kanonowitsch (1869), Marie Glinski (1874), Laure Gabrilovitsch (1875), Nadejda de Patzevitsch (1876).

6. Родчанка Р. Альгерд Абуховіч-Бандынелі: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1984.

7. Archives d'Etat, Republique et Canton de Geneve, Registre Etrangers, Dh 13, f. 113.

8. de Joudra Henriette: Contribution a l'etude clinique du bruit de galop. Geneve, 1883.220 p.

9. Das Frauenstudium an den Schweizer Hochschulen = Les Etudes des femmes dans les universites suisses. Hrsg. vom Schweiz. Verband der Akademikerinnen. Zurich, 1928. S. 146 f.

10. Bachmann В, Bradenahl E. Medizinstudium von Frauen in Bern 1871-1914. Bern, 1990.

11. Прыклады могуць быць такія: "Аб спадзе сухотаў на працягу апошніх трох дзесяцігоддзяў - у адносінах да прафесіі і полу" (Дзіна Зандберг з Пінска , 1890), "Статыстыка ўсіх смяротных выпадкаў у Швейцарыі з 1900 да 1908 г ., выкліканых вушнымі захворваннямі" (Лідзія Тан - Цімурава - Трэкіна з Слуцка , 1909) і інш.

12. Аксельрод И.И. Готфрид Келлер // Аксельрод И.И. Литературно-критические статьи. Мн., 1923. С. 37-81.

13. Tumarkin Anna. Wesen und Werden der schweizerischen Philosophie. Frauenfeld, 1948; Herder und Kant (Diss., Bern, 1896); Die romantische Weltanschauung. Bern, 1920; Prolegomena zu einer wissenschaftlichen Psychologie. Leipzig, 1923; Die Methoden der psychologischen Forschung. Leipzig, 1929.

14. Гл .: Saitschick Robert. Die Weltanschauung Dostojewkis und Tolstois. Neuwied, 1893; Menschen und Kunst der italienischen Renaissance. 2 Bd. Berlin, 1903-1904; Die geistige Krise der europaischen Menschheit. Zurich, 1924; Austieg und Niedergang des Bolschewismus. Zurich, 1952.

15. Для ўдакладнення няпэўных тапонімаў выкарыстаны : Andrees Allgemeiner Handatlas in 126 Haupt- und 137 Nebenkarten, nebst vollstandigem alphabetischem Namenverzeichnis. Bielefeld, Leipzig, 1899; Slownik geograficzny Krolestwa Polskiego i innych krajow slowianskich. T. I-XV. Warszawa, 1880-1902 i інш. Значную дапамогу аказаў даведнік Beider A. Dictionary of Jewish Surnames from the Russian Empire. N.Y., 1993.

16. Лосский Н.О. Воспоминания: Жизнь и философский путь. Мюнхен, 1968; Гуревич Г.Е. Среди революционеров в Цюрихе // Еврейская летопись. Т. 4, Л.; М., 1926; Шур Шейна-Хася [студэнтка з Магілёва]. Воспоминания. Курск, 1928 [аб вучобе ў Жэнеўскім і Бернскім універсітэтах].

17. У 1893 г. яна здабыла ступень доктара Цюрыхскага універсітэта.

18. Пра Ф.Ліфшыц-Фрыш га.: Riggenbach Н. Fega Frischrussische Uebersetzerin im Schweizer Exil // Asyl und Aufenthalt. Die Schweiz als Zuflucht und Wirkungsstatte von Slaven im 19 und 20 Jahrhundert. Hrsg. von M. Bankowski, P. Brang, C.Goehrke. Basel, 1994. S. 173-189.

19. Leisi I. Die beiden Fassungen von Meinrad Inglins "Schweizerspiegel" // Neue Zurcher Zeitung. 1972. 3 dec.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX