Папярэдняя старонка: Гісторыя навукі

Тамушанскі Робэрт. Анел Доўгірд - філосаф з Вільні 


Аўтар: Тамушанскі Робэрт,
Дадана: 22-10-2013,
Крыніца: Тамушанскі Робэрт. Анел Доўгірд - філосаф з Вільні // Спадчына №5-1994. С. 63-67.



Робэрт Тамушанскі - доктар філасофіі, галоўны рэдактар Беларускай секцыі Радыё Ватыкана. Жыве ў Рыме. Пераклад артыкула зроблены паводле выдання: The journal of Byelorussian studies. London, 1972, Vol. II, № 4, pp. 385-390. ІІастаронкавыя спасылкі на выкарыстаныя крыніцы i літаратуру скарочаны рэдакцыяй. - Рэд.

Адным з найбольш выдатных філосафаў пачатку XIX стагоддзя на Беларусі, Літве i ў Польшчы быў Анёл Доўгірд. Ен нарадзіўся 11 снежня 1776 года ў маёнтку Юркаўшчына Мсціслаўскага павета Магілеўскай губерні, у сям'і шляхціча Андрэя Доўгірда.

Пачатковую адукацыю Анёл атрымаў ад бацькі. У дзесяць гадоў аддалі яго ў езуіцкую школу ў Мсціславе, а потым - у Магілеве, дзе ён паказаў выдатныя здольнасці па розных прадметах. Пазней Доўгірд вучыўся ў Дуброўненскай школе піяраў, дзе вывучаў рыторыку, логіку, фізіку, гісторыю, лацінскую ды французскую мовы [1]. Тут ён пазнаёміўся з сучаснай філасофіяй гэтак жа добра, як i з працамі філосафаў старажытнасці.

У 1791 годзе Доўгірд уступіў у ордэн піяраў, а праз належны тэрмін быў пасвячоны ў духоўны сан. З 1793 па 1807 год [2] Доўгірд выкладаў матэматыку, фізіку рыторыку ў розных піярскіх школах, якія заслужена лічыліся школамі высокага ўзроўню навучання [3].

У 1809 годзе Анёл Доўгірд быў запрошаны ў Багаслоўскую семінарыю Віленскага ўніверсітэта, дзе выконваў абавязкі капелана [4]. Ва ўніверсітэце Доўгірд заставаўся да яго закрыцця ў 1832 годзе. Лекцыі па філасофіі ён чытаў з пачатку акадэмічнага 1832 годзе. Лекцыі па філасофіі ён чытаў з пачатку акадэмічнага 1818 года i да сваёй смерці ў 1835 годзе. Пасля таго як быў зачынены ўніверсітэт, Доўгірд заставаўся прафесарам філасофіі ў Багаслоўскай семінарыі.

У падыходзе да філасофіі Доўгірд быў найперш псіхолагам, што бачна пры разглядзе ягонай творчасці. Як прафесар філасофіі ён не надта ўражваў сваіх слухачоў. Гісторык М. Страшэўскі, які вывучаў успаміны студэнтаў Доўгірда, гаворыць, што ён на лекцыях нерваваўся, заўжды трымаў перад сабой канспект ці нататкі i бянтэжыўся, забываючы, што хацеў сказаць. Часцяком не мог кантраляваць студэнтаў. Лекцыі адбываліся нерэгулярна, з чаго вынікае, што яны дрэнна наведваліся.

X. Струвэ ў «Гісторыі логікі» піша аб працах Доўгірда як важкім i цікавым укладзе ў развіццё логікі [5]. У адрозненне ад няўдалых лекцыяў, працы ягоныя напісаныя добрым філасофскім стылем, хоць некаторым з ix шкодзіць аўтарская схільнасць да шматслоўя.

З 1833 года i па канец жыцця, гэта значыць да 26 красавіка 1835 года, Доўгірд выконваў абавязкі каноніка віленскага катэдральнага сабора.

Пасля гэтай невялічкай біяграфічнай інфармацыі звернемся да творчасці філосафа. Як i ў большасці мысліцеляў, працы Анёла Доўгірда, хоць не ўсе яны былі апублікаваныя,- плён працавітага навуковага жыцця.

Першай надрукаванай працай Доўгірда была рэцэнзія на кнігу «Пра філасофію» Фелікса Яроньскага, якая з'явілася ў «Віленскім дзённіку» ў 1817 годзе. У ёй аўтар выказвае шмат арыгінальных філасофскіх думак [6] i рашуча супрацьстаіць таму ідэалізму, які адмаўляе аб'ектыўны характар законаў навукі i філасофіі. Доўгірд паказвае, што крыніца i аснова філасофіі Яроньскага - ідэалізм, далёкі ад сапраўднага метаду развітага ў логіцы [7].

Другая праца філосафа ўзнікла на аснове ягонага ўніверсітэцкага курсу лекцый. Яна мела назву «Аб логіцы, метафізіцы i маральнай філасофіі» i была надрукаваная ў Вільні ў 1821 годзе. Кніга складаецца з дзвюх частак, дзе першая - трактоўка логікі, якую Доўгірд ніколі не аддзяляў ад псіхалогіі. Другая частка - даследаванне развіцця метафізікі як навукі аж да новых дактрынаў Вольфа i трансцэндэнтальнай філасофіі Канта. Гэта праца мела таксама i крытычны характар, бо ў ёй Доўгірд намагаецца паказаць невялікую каштоунасць некаторых філасофскіх ідэяў дзеля сапраўднага прагрэсу ведаў.

Доктарскую дысертацыю «Dissertatio inauguralis theologico-dogmatica de miraculis» (Тэалагічна-дагматычная дысертацыя пра цуды) Доўгірд напісаў у 1826 годзе. Яна засталася ненадрукаваная.

Праз два гады, у 1828 годзе, першая частка ягонай працы «Выклад натуральных правілаў мыслення, ці тэарэтычная i практычная логіка» выйшла ў Полацку. Дзве наступныя часткі гэтай кнігі засталіся ў рукапісе.

У прадмове [8] да першай часткі Доўгірд называв сваю аб'ёмістую працу плёнам дваццацігадовага роздуму. I сапраўды яна мае каласальную каштоўнасць для аўтара - гэта галоўны твор ягонага жыцця. Струвэ шкадаваў, што пабачыла свет толькі першая частка, хоць відочна, што праца была ўхваленая да друку цалкам. Трэцяя крыніца ідэяў Анёла Доўгірда з'явілася ў друку ўжо пасмяротна, у 1839 годзе, пад назвай «Сапраўднасць чалавечага пазнання». Яе апублікаваў віленскі часопіс «Wizerunki i roztrząsania naukowe. Poczet nowy, drugi. V, pp. 5-81. Гэтую працу Страшэўскі лічыў найбольш важнай, бо яна - сінтэз філасофіі Доўгірда.

На жаль, іншыя працы філосафа засталіся ў рукапісах. Гэта:

  1. Другая i трэцяя часткі вышэйпамянёнага «Выкладу натуральных правілаў мыслення...»,
  2. Гісторыя філасофіі,
  3. Даследаванне філасофіі Канта,
  4. Маральная філасофія,
  5. Нататкі пра псіхалогію,
  6. Нататкі пра душы жывёлаў,
  7. Філасофскія нататкі,
  8. Нарысы логікі,
  9. Натуральная тэалогія.

ды іншыя працы тэалагічнага характару або звязаныя з касцёльным жыццём, напрыклад, казанні, прамовы i да т. п.

Апошнім часам цікавасць да малавядомага беларускага філосафа адраджаецца, ёсць два выдатныя даследаванні ягоных працаў, зробленыя польскім навукоўцам С. Качмаракам i яго беларускім калегам Э. Дарашэвічам. Яны асвятляюць некаторыя ідэі з ненадрукаваных рукапісаў філосафа, i дзеля гэтага маладаступных для шырокага вывучэння. Дагэтуль няма ніводнай працы на якой-небудзь з заходнееўрапейскіх моваў пра самога Доўгірда.

Хоць бальшыня працаў Анёла Доўгірда была напісаная на польскай або на лацінскай монах, але па паходжанні ён быў беларусам. Вучоныя заўсёды намагаліся карыстацца як сродкам зносінаў той моваю, якая шырэй за іншыя ўжывалася ў акадэмічным асяродку, дзе яны працавалі. Так, напрыклад, шмат якія працы Лейбніца напісаныя па-французску. Доўгірд - віленскі філосаф XIX стагоддзя - найбольш ужываў польскую мову.

Звяртаючыся зараз да кароткага агляду філасофскіх ідэяў вучонага, варта заўважыць, што напрыканцы XVIII - пачатку XIX стагоддзяў на Беларусі шырока распаўсюджваліся ідэі Асветніцтва. У лекцыйных залах i бібліятэках пачалі з'яўляцца працы французскіх асветнікаў XVIII стагоддзя, і побач з кнігамі Сташыца, Пірамовіча, братоў Снядзецкіх былі кнігі Вальтэра, Русо ды іншых. Прасветніцкім ідэям спрыяла сацыяльнае й эканамічнае становішча Беларусі.

Апроч вышэйпамянёных філосафаў, моцны ўплыў на развіццё філасофскай думкі на Беларусі, Літве i ў Польшчы ў першай палове XIX стагоддзя аказалі працы філосафа з Кёнігсберга Імануіла Канта.

Доўгірд цікавіўся i філосафамі-эмпірыкамі - Локам, Берклі, Юмам, быў знаёмы з некаторымі працамі Канта ды ягонай трансцэндэнтальнай філасофіяй. Ен належаў да тых філосафаў, на якіх моцна ўплываў Кант. Гэта выявілася ў тэорыі пазнання Доўгірда i ягонай маральнай філасофіі, хоць цалкам залежным ад Канта яго назваць нельга. Шмат у чым ён займаў адметную ад Канта пазіцыю i быў самастойны, прыкладам, у пытаннях трансцэндэнтальнага ідэалізму.

Думкі Доўгірда вынікаюць з трох галоўных крыніцаў: гэта крытыцызм Канта, псіхалагічная школа, каталіцкае хрысціянства. Як зыходны пункт Доўгірд выкарыстоўвае Канта «Правільная логіка павінна найглыбей растлумачыць межы чалавечага разумения, адрозніць несапраўдны доказ ад сапраўднага, меркаванне ад безумоўнага факту, а таксама высветліць розныя ступені i віды верагоднасці».

Кант ставіў пытанне пра магчымасці пазнання рэчы ў сабе i пра тое, якім чынам быццё можа быць. Гэта ён лічыў першай i найважнейшай праблемай філасофіі. Як i Кант, Доўгірд адрознівае дзве першапрычыны ведаў: першая - гэта веды, дадзеныя нашым уласным розумам, другая - веды, атрыманыя ад знешніх аб'ектаў. Аднак Доўгірд першую крыніцу ведаў называе не апрыёрнай, а прыроджанай, i тут мы ўжо можам адзначыць ягонае разыходжанне з поглядамі Канта. Доўгірд лічыць за лепшае выкарыстоўваць псіхалогію, каб адрозніваць прыроджаныя ідэі ад ідэяў, атрыманых звонку, i прызнае логіку праўдзівай i карыснай толькі тады, калі яна служыць не толькі форме, але й зместу думкі - іншымі словамі, фармальная праўда не павінна супярэчыць матэрыяльнай рэчаіснасці.

Такім чынам, Доўгірд перакананы, што нашыя пачуцці рэальна ўспрымаюць прадмет - матэрыяльнае быццё вакол нас, i першае, што мы разумеем,- яго якасныя ўласцівасці. Тэорыя пазнання Доўгірда (звярніце ўвагу, што гэта хутчэй псіхалогія, чым фармальная логіка) выводзіць, што рэчы павінны нейкім чынам закранаць пачуцці.

Доўгірд растлумачвае: «Гэта сама прырода дае чалавеку веды пра тое, што пачуцці, якія ў яго ўзнікаюць, падказваюць яму прызнаць іхныя прычыны існуючымі не ў ім самым, а звонку. Таму мы дапускаем, што інтэлект у выпадку няправільнага меркавання робіць памылку, якую сама прырода нашага розуму i навязвае нам. Але само па сабе такое сцверджанне (у адносінах да розуму.- Р. Т.) было б супярэчлівым. Такім чынам, праўда,- гэта тое, што знаходзіцца ў адпаведнасці з прыроднымі правіламі мыслення, а памылка - тое, што адхілілася ад ix. Калі нехта думае правільна, мы гаворым, што ягоная думка была натуральная, але калі хто-небудзь робіць памылковую выснову, дык прынята гаварыць, што гэтая выснова ненатуральная. Відочна, што праўда i прырода прымаюць роўны удзел у выказванні думкі».

Як i у Канта, тут узнікае пэўная цяжкасць. Канкрэтныя веды знаходзяцца звонку, у свеце, а здаюцца існуючымі ў розуме. Доўгірд прызнае нават субстанцыю i акцыдэнцыі пачуццёвага ўспрымання элементамі пазнання прадмета, тады як Кант лічыў форму ўспрымання апрыёрнай функцыяй прадмета, элементы ж пачуццёвага ўспрымання, паводле Канта, бяруць пачатак у вопыце.

Аднак, зыходзячы з гэтага, не трэба лічыць Доўгірда ідэалістам ці скептыкам у стылі Берклі або Юма. Доўгірд прызнае ролю пачуццёвага пазнання i лічыць інтэлектуальныя веды больш дасканалымі ў параўнанні з дасканаласцю інфармацыі, атрыманай з дапамогай пачуццяў.

Згодна з эмпірычнай філасофіяй, Доўгірд лічыць элементы нашых пачуццяў чымсьці суб'ектыўным. Час i прастору ён прызнае існуючымі незалежна ад нашага розуму. Душа, час, прастора i прычыннасць, паводле Доўгірда,- гэта папярэднія ідэі, якім існаванне належыць безадносна да чаго б там ні было.

Але мы не можам пазнаваць рэчаіснасць непасрэдна самую па сабе; i наш філосаф нават не лічыць такое глыбокае пазнанне неабходным для нас.

Што да выказванняў Доўгірда пра метафізіку, дык тут можна заўважыць ягоны крытычны падыход, але ў змененай трохі форме, Філосаф трактуе метафізіку як навуку, што ад прадметаў пачуццёвага ўспрымання пераходзіць да апісання такіх з'яваў, якія можа ўспрыняць толькі розум [9].

Логіку ж Доўгірд трактуе як частку псіхалогіі, а псіхалогію - як навуку, што мае дачыненне да метафізікі. Такім чынам, метафізіка, паводле Доўгірда, складаецца з дзвюх частак - псіхалогіі, якая ўключае таксама i логіку, i натуральнай тэалогіі. Адносна існавання Бога Доўгірд прапануе чатыры «доказы»:

  1. Неабходнасць прызнання першапрычыны,
  2. Правільнасць, якая выяўляе сябе ў нашым розуме, але не залежыць ад самога розуму,
  3. Парадак i залежнасць у свеце,
  4. Маральнае права i голас сумлення.

З гэтых доказаў толькі другі можна звязаць з крытычным падыходам i лічыць адлюстраваннем трансцэндэнталізму. Чацвёрты ж паказвае зварот да Канта i яго катэгарыяльнага парадку. На думку С. Качмарака, метафізічныя погляды Доўгірда - хутчэй, зварот да філасофіі Фамы Аквінскага.

Галоўнае адрозненне паміж Кантам i філосафам з Вільні ў этыцы i філасофіі рэлігіі выяўляецца ў тым, што Кант прапаноўвае ідэю Бога з пункту гледжання крытычнага парадку, у той час як для Доўгірда парадак бярэ свой пачатак у Вышэйшым Быцці. Этыка Доўгірда - гэта камбінацыя хрысціянскага маральнага вучэння i вучэння Канта.

Анёл Доўгірд падыходзіць да філасофіі найперш з псіхалагічнага гледжання. Ен, несумненна, быў знаёмы з творчасцю псіхолагаў эпохі Асветніцтва. З некаторых тэарэтычных пабудоваў, якія прысутнічаюць у ненадрукаваных рукапісах i якія даследаваліся Э. Дарашэвічам, можна зрабіць выснову, што Доўгірд меў здагадкі пра тэорыі, якія сфармаваліся некалькімі дзесяцігоддзямі пазней.

Гэта, напрыклад, арыгінальныя ідэі, выкладзеныя ў рукапісе «Кароткія развагі пра душу звяроў». Філосаф лічыў, што вышэйшыя жывёлы валодаюць шматлікімі характарыстыкамі разумнай дзейнасці, такімі як аналіз, сінтэз, памяць. Але яны не здольныя да абстракцыі, не могуць перадаваць сабраную інфармацыю наступным пакаленням. Да такога гледжання на псіхалогію жывёлаў прыйшлі толькі сёння!

Дэталёвы разгляд усіх цікавых аспектаў філасофскай думкі Доўгірда немагчымы ў межах гэтага артыкула. У некаторых пытаннях Доўгірд выказаў надзвычайную арыгінальнасць думкі, у іншых толькі паўтараў ідэі Канта i схаластыкаў.

Адзін відавочна слабы бок вучэння Доўгірда - блытаніна логікі з псіхалогіяй. Логіка для яго - не што іншае, як частка псіхалогіі, хоць найбуйнейшая i найважная. Гэта выклікае недахоп дакладнасці i пазбаўляе читана разумения выкладу ягоных думак. Тым не менш філасофская спадчына Анёла Доўгірда заслугоўвае далейшага навуковага даследавання i шырокага вывучэння.

Пераклад з ангельскай мовы Ганны ТАРАСАВАЙ



[1] Э. К. Дорошевич. Анёл Довгйрд - мыслитель эпохи Просвещения. Минск, 1967, с. 20.

[2] Н. Struve. Wykład systematyczny logiki. Warszawa, 1870, р. 209.

[3] J. Lukaszewicz. Historya szkól w Koronie i W. K. Litewskim, IV. Poznań, 1861, p. 197.

[4] M. Straszewski. Dzieje filozoficznej myśli w okresie porozbiorowym. Kraków. 1912, p. 385.

[5] H. Struve. Historya logiki jako teoryl poznania. Warszawa, 1911, p. 238.

[6] Из истории философской и общественно-политической мысли Белоруссии. Минск, 1962, с. 401.

[7] S. Kaczmarek. Aniol Dowgird, filozof nieznany. Warszawa, 1965, pp. 65-70.

[8] A. Dowgird Wyktad przyrodzonych myślenia prawideł czyli Logika teoretyczna i praktyczna. Polock, 1828, p. XLI.

[9] A. Dowgird. O logice, metafizyce i filozofіі moralnej. Wilno, 1821, p. 260.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX