Папярэдняя старонка: Гісторыя навукі

Сянкевіч Н. Метэаралагічныя станцыі ў дарэвалюцыйных навучальных установах 


Аўтар: Сянкевіч Наталля,
Дадана: 30-10-2012,
Крыніца: Сянкевіч Наталля. Метэаралагічныя станцыі ў дарэвалюцыйных навучальных установах // Спадчына № 6 - 1991. С. 65-66.



У сярэдзіне 90-х гадоў на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі мужчынскія гімназіі: Слуцкая, Менская, Гродзенская, Віцебская, Брэсцкая, Гомельская; прагімназіі: Бабруйская i Мазырская; рэальныя вучылішчы: Менскае, Пінскае, Магілёўскае, навучальны курс якіх ужо не адпавядаў патрабаванням сацыяльна-эканамічнага развіцця краю. Ен пакідаў гімназістаў у няведанні навакольнага свету наогул i сельскай гаспадаркі ў прыватнасці (калі не лічыць элементарнага курсу фізікі).

Нясвіжская настаўніцкая семінарыя.

У канцы XIX ст. Рускае геаграфічнае таварыства, Кіеўскі універсітэт звярнуліся да дырэктараў гімназій, гарадскіх i народных вучылішчаў Беларусі з прапановаю арганізаваць метэаралагічныя назіранні, якія мелі б не толькі навуковую каштоўнасць, але i практычнае значэнне для сельскай гаспадаркі. У Полацкай настаўніцкай семінарыі ў 1872 г. была абсталявана няпоўная, а з лістапада 1900 г. поўная метэаралагічная станцыя. Пачалі дзейнічаць метэастанцыі ў Барысаўскім, Заслаўскім, Скарадзенскім, Ігуменскім, Слуцкім народных вучылішчах. Пад кіраўніцтвам выкладчыкаў матэматыкі, геаграфіі i фізікі вучні старэйшых класаў назіралі за воблачнасцю, тэмпературай, снежным покрывам, вільготнасцю, навальніцамі, а вынікі выкарыстоўвалі на занятках. З 1900 г. метэаралагічныя станцыі існавалі ўжо пры ўсіх настаўніцкіх семінарыях. Даныя назіранняў абагульняліся ў галоўнай фізічнай абсерваторыі ў Санк-Пецярбурзе ці ў метэаралагічнай абсерваторыі Політэхнічнага інстытута ў Кіеве.

Настаўнікі стараліся выкладаць не толькі па падручніках, але i з дапамогаю практыкі. Напрыклад, дырэктар Полацкай настаўніцкай семінарыі Ю. Ф. Крачкоўскі прапаноўваў вывучаць геаграфію ў час экскурсій. На яго думку, быць «чужаземцам у прыродзе сорамна i шкодна», неабходна глыбокае разуменне навакольнага свету. «Не дарэмнае павялічванне запасу прыродазнаўча-гістарычных звестак, вывучэнне вядомых прыватных з'яў, а знаёмства... з законамі, якія ляжаць у аснове гэтых з'яў». Хаця курс прыродазнаўства быў кароткі, Крачкоўскі прапанаваў папячыцелю акругі накіраваць у семінарыю калекцыю мінералаў з 303 узораў, якую ахвяраваў музей Горнага пецярбургскага інстытута для вучылішчаў Віцебскай акругі. Калекцыя магла мець вялікае значэнне для фармавання светапогляду будучых народных настаўнікаў. Акрамя таго, выхаванцы выконвалі работы па прыродазнаўча-матэматычных дысцыплінах: «Нагляднасць у выкладанні арыфметыкі», «Значэнне рэк для краін, па якіх яны працякаюць», «Галоўныя сістэмы землеўладання ў Расіі», «Прычыны змен пораў году» i іншыя. Яны пісалі работы пра тэрмометр, барометр, вадзяную помпу, пра паходжанне ветру, навальніцы, хмар, дажджу, пра мінералагічныя багацці краіны. У Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, напрыклад, выкарыстоўваліся розныя віды пісьмовых практыкаванняў, рэкамендаваныя К. Д. Ушынскім: пісьмовы пераказ артыкула, прачытанага ў класе, сачыненні па педагогіцы, прыродазнаўству, гісторыі, метэаназіраннях.

Прыродазнаўча-матэматычныя навукі (арыфметыку, асновы геаметрыі, землямер'е, лінейнае чарчэнне, геаграфію i галоўныя звесткі, неабходныя для разумення з'яў прыроды - па фізіялогіі, заалогіі, батаніцы, мінералогіі) у Полацкай настаўніцкай семінарыі выкладалі педагогі Н. П. Цыклінскі i В. Е. Дабравольскі. Пісьмовыя заданні i прыклады разумовага лічэння яны складалі, зыходзячы з назіранняў за прыроднымі з'явамі. На жаль, заняткі па фізіцы абмяжоўваліся невялічкім курсам у першым класе, а настаўнікі выкарыстоўвалі толькі знешні бок фізічных з'яў i пазбягалі шырокіх абагульненняў. Цыклінскі i Дабравольскі рэкамендавалі вывучэнне прыродазнаўства i геаграфіі ў пачатковай школе i паглыбленне курса гэтых дысцыплінаў у семінарыях, распаўсюджванне прыродазнаўча-навуковых ведаў сярод народу. Настаўнікі лічылі адным з важных момантаў навучання - развіццё клапатлівых адносін да прыроды, што пераканаўча даводзілі ў педагагічным друку. Яны імкнуліся правільна растлумачыць навучэнцам з'явы прыроды i лічылі яе «вялікай выхавацелькай».

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX