Папярэдняя старонка: Гісторыя навукі

Лаўрэш Л. Цэзары Каменскі - астраном і правінцыял базыльянаў 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 22-11-2012,
Крыніца: Лаўрэш Л. Цэзары Каменскі // НАША СЛОВА № 46 (1093) 14 лістапада 2012 г.; НАША СЛОВА № 47 (1094) 21 лістапада 2012 г.

Спампаваць




Будучы манах-базыльянін, астраном Віленскай абсерваторыі і выкладчык астраноміі Віленскага ўніверсітэта (Галоўнай школы) Цэзары Каменскі (Камінскі) (Cezary Kamienski ці Kaminski) нарадзіўся у 1765 г. З польскага біяграфічнага зборніка вядома што ягоным бацькам быў Францішак Каменскі а маці Францішка Каменская з Якубоўскіх. Але інфармацыі пра месца нараджэння будучага вучонага няма. Кароткая біяграфія будучага правінцыяла базыльянскага ордэна ёсць у "Списке чиновников монашеского духовенства ордена бызыльянского в митрополичьей Литовско-виленской епархии находящихся, за 1815 год": "Кесарый Каменскі, кансультар, дваранскага звання літоўскай нацыі, 49 гадоў, у 1781 г. у манастыры антопальскім навучаўся красамоўству, 1782-га, 1783-га і 1784-га ў манастыры віленскім пры ўніверсітэце - логіцы, фізіцы, матэматыцы, у жыровіцкім і ў Рыме з 1787-га і па 1792-гі - багаслоўю і правілам царкоўным, у 1794-м па здадзеным доследзе ў віленскім універсітэце азначаны доктарам філасофіі і забяспечаны пасведчаннем. Пастрыжаны ў манахі 1780-га ў манастыры беразвецкім. Ад 1785-га па 1792-гі быў настаўнікам у вучэльні жыровіцкай, ад 1792-га да 1797-га ў віленскім манастыры навучаў манахаў філасофіі, пасля быў ва ўніверсітэце 17-гадоў ад'юнктам астраноміі і абраны настаўнікам у тым жа ўніверсітэце Віленскім астранамічнай навукі, пасаду выконваў гадоў 5-ць, у 1814-м годзе, па атрыманай адстаўцы з універсітэта, прызначаны ігуменам віленскага манастыра, і дагэтуль знаходзіцца. Пад судом не быў. З віленскага ўніверсітэта атрымлівае ў год жалавання срэбрам 250-т руб., з манастыра срэбрам 60-т руб. Здольны" .

З аналізу аналагічных біяграфій іншых асоб, бачна, што "літоўская нацыя" абазначае тое, што асоба нарадзілася на тэрыторыі сучаснай Заходняй Беларусі ці на тэрыторыі сучаснай Віленшчыны. Прозвішча Каменскій (Камінскі) вельмі часта сустракаецца сярод шляхты Лідскага, Ашмянскага і іншых паветаў былога ВКЛ .

У 1785 г. Каменскі пазначаны ў спісах студэнтаў прафесара фізікі Галоўнай школы ВКЛ Юзафа Міцкевіча, у 1790 г. стаў святаром, у Рыме вучыўся ў "Collegium de propaganda fide" і скончыў са ступенню доктара тэалогіі . У Віленскім універсітэце Каменскі стаў яшчэ і доктарам філасофіі.

5 лютага 1797 г. памёр астраном Ежы Стрэцкі - сябар і паплечнік рэктара Галоўнай школы і дырэктара абсерваторыі Марціна Пачобута-Адляніцкага. Замест памерлага астранома на пасаду ад'юнкта Галоўнай школы (Віленскага ўніверсітэта) і памочніка астранома-абсерватара Віленскай абсерваторыі быў прызначаны Каменскі. У той час Пачобут-Адляніцкі ўжо быў сусветна вядомым астраномам. Нястомным назіральнік, ён кожную ясную ноч праводзіў у абсерваторыі. Працуючы разам з прафесіяналам такога ўзроўню як Пачобут, Каменскі павінен быў хутка адбыцца як навуковец.

Выкладаць астраномію ў Віленскім універсітэце Цэзары Каменскі пачаў у 1808 г. пасля Ігната Рэшкі. Рэшка не меў сур'ёзнай навуковай падрыхтоўкі, аднак быў прызначаны на кафедру непасрэдна рускім імператарам Паўлам І, якому вельмі спадабаўся сваёй зухаватасцю, падчас дэманстрацыі астранамічных прыбораў пры наведванні апошнім абсерваторыі . Лічылася, што Рэшка выкладаў занадта неглыбока, і Ян Снядэцкі ў 1808 г. вымусіў яго падаць у адстаўку. Ад новага выкладчыка патрабавалася ўзняць навуковы ўзровень выкладання.

Таму пасля 1810 г. Каменскі распрацаваў новую навучальную праграму па астраноміі. Курс быў разлічаны на адзін год: "Пасля выкладу курса сферычнай трыганаметрыі… перайсці да практычнага рашэння задач з трохкутнікамі. Гэта дапоўніць курс астраноміі, у якім 1) Вывучаюцца метады разлікаў са сферычнай астраноміі па Яну Снядэцкаму… будзе выкладацца: з'явы якія адбываюцца ад кручэння Зямлі вакол сваёй восі і вакол Сонца, будзе тлумачыцца ўяўны рух Сонца з тлумачэннем прычынаў і таго, што ад гэтага руху адбываецца, - дзень і ноч, іх розная працягласць, змена сезонаў, дні раўнадзенства, вымярэнне часу. 2) Ужыванне сферычнай трыганаметрыі для падліку становішча нябесных целаў і практычныя разлікі, навучанне майстэрству астранамічных назіранняў, практычнае ўжыванне астранамічных прылад. 3) Тлумачэнне эфекту пераламлення святла, паралаксу, аберацыі, нутацыі… і іх уплыў на вызначэнне рэальных становішчаў нябесных цел. 4) Вывучэнне сонечнай сістэмы, тэорыя планет і іх спадарожнікаў, камет, закон сусветнага прыцягнення і разлікі арбіт. Задачы па вылічэнні становішча планет на нябеснай сферы. Ужыванне астранамічных табліц для астранамічных назіранняў. 5) Тлумачэнне руху Месяца, фазы Месяца, лібрацыя. Сонечныя і Месяцовыя зацменні, пакрыццё Месяцам зорак і спосабы разлікаў гэтых з'яў" . У 1810/11 навучальным годзе Каменскі выкладаў астраномію тры разы ў тыдзень, па панядзелках і серадах з 10.30 па 12.00 і па пятніцах з 9.00 да 10.00, у наступныя гады агульная колькасць гадзін на тыдзень не змянілася.

На доктарскіх іспытах 1810 г. для экзаменаваных Каменскім былі прапанаваныя падрабязна сфармуляваныя пытанні па трох тэмах: 1) час і каляндар; 2) рэфракцыя і паралакс; 3) тлумачэнне нябесных з'яў па сістэме Каперніка.


1 ліпеня 1812 г. Напалеон падпісваў дэкрэт пра стварэнне дзяржавы - Вялікага Княства Літоўскага i сфармаваў Камiсiю часовага ўраду. Камісія стваралася з 7 камітэтаў, узначальваць Камітэт асветы i рэлiгiі быў прызначаны Ян Снядэцкi. Камiсiя стала вышэйшай уладай адноўленага Вялікага Княства, якое складалася з 4 дэпартаментаў, утвораных замест былых Вiленскай, Гарадзенскай і Менскай губерняў i Беластоцкай акругі . Цэзары Каменскі ўваходзіў у склад створанага Напалеонам ураду Літвы, працаваў у камісіі Снядэцкага і курыраваў справы рэлігіі. Ён выступіў супраць іерархаў уніяцкай царквы Кахановіча і Красоўскага пра якіх адзін з пазнейшых "ліквідатараў" уніі епіскап Лужынскі пісаў: "... толькі ў 1799 г. мітрапаліт Лісоўскі ... заклаў пачаткі Уз'яднання, за ім архіепіскап Красоўскі і мітрапаліт Кахановіч дзейнічалі ў тым жа духу...".


У 1814 г. Каменскі сышоў з універсытэта на пасаду настаяцеля Віленскага Свята-Троіцкага манастыра, па пратэкцыі Навасільцава месца Каменскага заняў астраном Вінцэнт Карчэўскі (1789-1832).

Высокаадукаваны і аўтарытэтны навуковец вярнуўся да царкоўнай пасады ў цяжкі для ўніяцкай царквы час: узмацняўся ціск царскага ўраду і выспяваў унутраны разлад паміж "белым" і "чорным" духавенствам, які потым быў выкарыстаны для ліквідацыі ўніяцкай царквы. Уніяцкая царква ў гэты час была па-сапраўднаму народнай, але ў адрозненне ад рыма-каталіцкага касцёла - беднай і жабрацкай. Статус і менталітэт манахаў-базыльянаў ("чорнае" духавенства) у царкве моцна адрозніваўся ад статусу і менталітэту святароў ("белае" духавенства). Базыльяне ў асноўным, гэта была шляхта са значна вышэйшым адукацыйным і інтэлектуальным узроўнем за белае духавенства, яны ўтваралі ў царкве своеасаблівую касту. У першай трэці ХІХ ст. белае духавенства імкнулася "скінуць з рускай уніі лацінізатарскія ланцугі". Галоўнай вучэльняй дзе гадаваліся будучыя дзеячы "белага духавенства" была Галоўная семінарыя у Вільні. У Віленскую Галоўную семінарыю паступала моладзь якая ў нейкай ступені была гатовая да барацьбы калі не з рыма-каталікамі дык, з лацінізацыяй часткі ўніятаў і з праваднікамі лацінізацыі - базыльянамі. Яскравым прыкладам святара - выхадца з "белага" духавенства быў Міхал Баброўскі, чалавек які стаў прафесарам-славістам. У мемуарах біскупа Лужынскага апісана прыкрая сутычка паміж прафесарам-славістам і ўніяцскім святаром Міхалам Баброўскім і тады яшчэ настаяцелем Віленскага Свята-Траецкага базыльянскага манастыра Каменскім: "Калі у дзень Св. Тройцы каб вітаць свайго епіскапа (Андрыяна Галаўню - Л.Л.) ў манастыр з'явіўся прафесар М. Баброўскі з грэка - ўніяцкімі клірыкамі, якія навучаліся ў галоўнай семінарыі, настаяцель манастыра Цэзары Каменскі сустрэў іх такімі словамі: "Навошта сюды прыйшлі? Ідзіце прэч, гэта наш біскуп, а не ваш, ваш архібіскуп-схізматык у Полацку". Пасля такога прыёму Баброўскаму заставалася толькі адно - адвесці выхаванцаў у галоўную семінарыю". Неабходна усе ж заўважыць, што сярод семінарыстаў быў не толькі Лужыцкі але і будучы галоўны "ліквідатар" уніі Іосіф Сямашка , з якім у Каменскага так сама адбыўся канфліккт, як толькі ён прыехаў вучыцца у Віленскую галоўную семінарыю. Прыбыўшы ў Вільню, Сямашка знайшоў прытулак у Свята-Траецкім базыльянскім манастыры, аднак хутка Каменскі сказаў яму, што "па прынятым звычаі, госці ў нас трымаюцца толькі тры дні", таму праз вікарнага ўніяцкага Віленскага біскупа Андрыяна Галаўню, Сямашка перасяліўся жыць да святара Фалевіча. Такія сутычкі былі вынікам вострага канфлікту паміж белым духавенствам і базыльянамі.

У 1818 г. Каменскі быў абраны другім кансультарам базыльянскай правінцыі і ўслед за гэтым - правінцыялам. Правінцыямі базыльянскага ордэна ў той час кіравалі: Беларускай - Нікадзім Смыковіч, Літоўскай - Цэзары Каменскі, Рускай - Леў Дзяшковіч. Плямяннік Міхала Баўроўскага - Баброўскі Павел Восіпавіч, расейскі генерал і гісторык, адзначае, што "з усіх асаблівым значэннем і аўтарытэтам у базыльян карыстаўся літоўскі правінцыял Каменскі, абраны ў 1821 г. у архімандрыты Ляшчынскага манастыра ... Гэта быў адзін з адукаванейшых манахаў у ордэне, фанатычна прыхільны лацінству… Больш за 10 гадоў ён стаяў на чале партыі базыльян ...." .

У 1820-х гадах Літоўская правінцыя ордэна, якой кіраваў Каменскі, мела 187 манахаў і 72 навіцыі якія вывучалі багаслоўскія навукі, рыторыку, лаціну і інш. У правінцыі былі: багаслоўская і філасофская студыя (на правах гімназіі) пры Віленскім Свята-Троіцкім манастыры (вучылася 17 клірыкаў), клас рыторыкі пры публічнай школе у Жыровіцкім манастыры (20 вучняў), школа лаціны ў Тараканях (у 1-м класе 16 вучняў, 2-м - 11 вучняў), школы маральнага багаслоўя ў Суткаўскім і Ваўнянскім манастырах (8 клірыкаў). У правінцыі было 6 публічных школ для міран, дзе выкладалі 40 манахаў і прыходскія школы, дзе так сама выкладалі манахі-базыльяне. Базыльянскі ордэн, з-за свайго значэння ў справе адукацыі, карыстаўся заступніцтвам расейскіх міністраў народнай асветы: графа Зававадоўскага, графа Разумоўскага, князя Галіцына і апекуноў віленскай навучальнай акругі князя А. Чартарыскага і М. Навасільцава .

Яшчэ ў 1812 г. 2-гі аддзел міністэрства духоўных спраў і адукацыі пачаў выконваць указ Сената, які не дазваляў прымаць лацінян у базыльянскі ордэн. Пазней дырэктар 2-га дэпартамента міністэрства Тургенеў прапанаваў зачыніць значную колькасць базыльянскіх манастыроў а з астатніх стварыць адну правінцыю. Аднак міністр князь А.Н. Галіцын часова не згадзіўся з такой прапановай. Базыльяне прапанавалі даслаць у Пецярбург дэлегацыю для абмеркавання спраў, але ў прысылцы дэлегацыі ім было адмоўлена . Тады літоўскі правінцыял напісаў пісьмо у якім абгрунтаваў неабходнасць існавання свайго ордэна, апісаў заняпад манастыроў і ў канцы пісьма дадаў: "... колькасць уніятаў стала змяншаецца і няма ніякіх сродкаў спыніць гэта няшчасце, таму нават дазвол рыма-каталікам уступаць у ордэн не спыніць памяншэння колькасці ўніятаў..." . Колькасць манахаў, асабліва ў Беларускай правінцыі, змяншалася, у манастырах заставаліся адны не да чаго не вартыя старыя, і нават у Супральскім манастыры настаяцелю, каб правесці богаслужэнне, прыходзілася запрашаць святара з суседняга прыходу. Аднак станоўчай рэакцыі на гэты зварот не было.

28 студзеня 1821 г. мітрапаліт Булгак, грунтуючыся на просьбе правінцыяла Беларускай правінцыі Смыковіча, прапанаваў 2-му дэпартаменту далучыць Беларускую правінцыю ордэна да Літоўскай. Правінцыялам з'яднаных правінцый павінен быў стаць Каменскі. Аднак дазвол на гэта атрымаць не ўдалося, супраць выступіў архіепіскап полацкі Красоўскі.

У 1821-1822 гг. у расейскіх урадавых колах узмацніліся жаданні "выказаць урадавую абарону ад прыгнёту лацінян беламу грэка-ўніяцкаму духавенству, як адзінай апоры рускай народнасці...". 28 верасня 1822 г. выйшла імператарскае распараджэнне аб скасаванні базыльянских школ і адкрыцці семінарый .

16-га і 31-га кастрычніка 1822 г. былі выдадзены "прапановы" міністра духоўных спраў і народнай асветы "пра недапушчэнне асоб рыма-каталіцкага веравызнання ў базыльянскі ордэн" і пра зачыненне "залішніх базыльянскіх манастыроў". Натуральна, што кіраўніцтва ордэна ўбачыла ў гэтым рашэнні намер скасаваць ордэн. У сваіх афіцыйных водгуках менавіта так растлумачылі распараджэнне міністра прадстаўнікі Літоўскай базыльянскай правінцыі: правінцыял архімандрыт Цэзары Каменскі, кансультар правінцыі настаяцель Свята - Траецкага манастыра іераманах Язафат Жарскі і сакратар правінцыі іераманах Тамаш Маеўскі. Як піша П.О. Бабровскі: "Яны самаадвольна прынялі пад сваю абарону інтарэсы ўсяго ордэна ... прадставілі скаргу папе Пію IX, імператару Аляксандру і міністру князю А.Н. Галіцыну і імкнуліся перацягнуць на свой бок князя Чартарыскага". Адправіўшы скаргу пра пераслед базыльянаў у Рым, правінцыял Каменскі у лісце ад 29 кастрычніка да князя Галіцына, выказаў свае засцярогі наконт далейшага існавання базыльянскага ордэна.

Праз нейкі час, скарыстаўшыся праездам імператара Аляксандра I праз Ружаны па Слонімскім гасцінцы, Каменскі упаўнаважыў настаяцеля Ружанскага базыльянскага манастыра Марціноўскага асабіста падаць скаргу цару ад імя ўсяго ордэна. Трэба сказаць, што на горад Слонім праз Нарву, Мітаву, Рыгу, Вільню ішоў тады самы галоўны гасцінец - дарога з Пецярбурга ў Заходнюю Еўропу. Імператар Аляксандр, які у той час шмат вандраваў, часта праязджаў праз Слонім, але ніколі там не спыняўся, бо заўжды начаваў на другой станцыі ад горада - у Ружанах, у тамтэйшага прыходскага святара Бабровіча, якога вельмі паважаў. У прашэнні прадстаўленым імператару 12 студзеня 1823 г. іераманах Марціноўскі просіць "яго вялікасць не прыводзіць у выкананне распараджэнняў міністэрства духоўных спраў, якія маюць мэтай скасаванне ордэна і дазволіць ордэну даслаць у сталіцу сваіх дэпутатаў для абароны …" . Гэта "дзёрзкая" выхадка не спадабалася цару. Ён загадаў адмовіць просьбіту. У сакавіку 1823 г. 2-гі дэпартамент запатрабаваў ад правінцыяла ордэна растлумачыць нагоду "супрацьзаконнага дзеяння".

Тлумачачы свае дзеянні, Каменскі пісаў, што ён "шчаслівы, што мае магчымасць даць ... тлумачэнне вышэйшаму ў імперыі органу, каб абараніць правы базыльянскага ордэна". Па яго меркаванні, падставамі існавання і валодання маёмасцю ордэна ёсць: 1.Унутранае пакліканне да манаства.... 2. Згодна з 4-м Халкідонскім саборам, манастыры высвечаныя біскупам, павінны заставацца манастырамі, а прыналежныя ім рэчы застаюцца за імі... , далей ён спасылаецца на Трыдэнскі, Кобрынскі і Замойскія саборы, на прывілеі каралёў Рэчы Паспалітай і ўказы цара аб тым, што манастырскія маёнткі маюць правы казённых маёнткаў. 3. Кожны павінен клапаціцца пра дабрабыт свайго ордэна (з манаскай прысягі). "Па гэтых прычынах , - працягвае Каменскі, - 12 студзеня 1823 г. я звярнуўся да заступніцтва гасудара з просьбай, але яшчэ раней, 29 кастрычніка 1822 г. я прасіў заступніцтва князя Галіцына і мітрапаліта Булгака, менавіта: пасля атрымання ўказаў з калегіі ад 16 і 31 кастрычніка, у якіх не толькі парушаюцца ўказаныя правы і прывілеі, але і прысутнічае пагроза скасавання самога ордэна. Чаго ж больш чакаць? Самыя багатыя манастыры будуць перароблены ў семінарыі, а найболей бедныя пойдуць на карысць белага духавенства" . Да рапарта правінцыяла былі дададзены 1) даверанасць, дадзеная іераманаху Марціноўскаму ад імя ўсяго ордэна, якую падпісалі: Цэзары Каменскі, правінцыял; Язафат Жарскі, літоўскі кансультар, доктар філасофіі; Тадэвуш Маеўскі, доктар філасофіі, сакратар Літоўскай правінцыі, і 2) тлумачэнне Марціноўскага ад 23 сакавіка 1823 г. пра дадзеные яму даручэнне.

6 лютага 1823 г. міністр духоўных спраў і народнай асветы даручыў 2-му дэпартаменту (духоўных спраў - Л.Л. ) на падставе архіваў вызначыць памеры манастырскіх фундушаў. Разбор архіва 2-га дэпартамента выявіў немагчымасць зрабіць гэта. Таму для праверкі капіталаў манастыроў калегія міністэрства звярнулася да епархіяльных кансісторый, г.зн. да кіраўніцтва белага духавенства, ініцыятара гэтай справы.

Кансісторыя выказала намер заняць пад семінарыю Віленскі Свята-Траецкі і Жыровіцкі манастыры. Менавіта ў гэтых манастырах былі сабраны галоўныя сілы базыльянаў, тут была вышэйшая школа ордэна. Так сама ўсе манастыры якія мелі прыход, падлягалі скасаванню, г.зн. з 39 касаваліся 23 манастыры.

У 1819 г. Берасцейскі капітул прыняў рашэнне арганізаваць у Супрасльскім манастыры семінарыю і прасіў для гэтага дапамогі ў ордэна. Манастыр знаходзіўся ў дрэнным стане, быў заняты артылерыйскімі складамі і не меў спраўных памяшканняў для планаванай семінарыі на 30 чалавек і вучэльні на 70 (дзяцей бедных святароў у Берасцейскай епархіі было болей за 100). Літоўскі правінцыял Цэзары Каменскі у сваім лісце ў кансісторыю ад 14 лютага 1823 г. пагадзіўся з меркаваннем белага духавенства. Але з-за ўрадавага рашэння пра скасаванне базыльянскіх школ, нічога не атрымалася. Быценскі манастыр кіраўніцтва базыльянаў жадала пакінуць для сваіх навіцыяў і ў гэтым пытанні прыйшло да згоды з белым духавенствам. Тараканскі манастыр, знаходзіўся на ўскраіне епархіі і таму быў нязручны для семінарыі, але яго фундушы белае духавенства жадала аддаць планаванай Жыровіцкай семінарыі ці на ўтрыманне жаночага інстытута для дачок святароў. Найболей зручным для епархіяльнай семінарыі лічыўся Жыровіцкі манастыр, у якім маглі размясціцца таксама кансісторыя і біскупская кафедра. Кіраўніцтва ордэна прапанавала для гэтых мэт Супрасльскі манастыр, а Жыровіцкі жадала пакінуць за сабой, бо ордэн ужо меў у ім публічную свецкую школу. Аднак жаданне Берасцейскай кансісторыі забраць Жыровіцкі манастыр у ордэна было цвёрдым . У сваю чаргу, Віленская мітрапалічая кансісторыя вырашыла арганізаваць сваю епархіяльную семінарыю і ў Віленскім Свята-Траецкім базыльянскім манастыры. У гэтым манастыры жылі манахі ўсіх уніяцкіх правінцый якія вучыліся ў семінарыі пры Віленскім універсітэце і знаходзілася публічная свецкай вучэльня.

П.О. Баброўскі піша што планы абедзвюх кансісторый пакуль што "не адпавядалі ні прапанове міністра, ні мэце мітрапаліта Булгака захаваць у руках базыльянскага ордэна галоўныя манастыры" . Абарону інтарэсаў базыльянскага ордэна прыняў на сябе літоўскі правінцыял, у той час яшчэ і архімандрыт Лешчынскага манастыра Цэзары Каменскі са сваімі кансульторамі і вучонымі багасловамі Свята-Траецкага Віленскага манастыра. Як пісаў П.О. Баброўскі: "З першых жа дзеянняў правінцыяла было бачна, што яны не жадалі прызнаваць распараджэнняў міністэрства" . Каменскі заручыўся падтрымкай М.М. Навасільцава, які у 1823 г. прыбыў у Вільню па справе філаматаў, базыльяне пісалі скаргі, артыкулы ў перыядычным друку і здолелі замарудзіць ліквідацыю базыльянскіх манастыроў. Напрыклад, 5 красавіка 1823 г. літоўскі правінцыял тлумачыць 2-му дэпартаменту калегіі, што на працягу паўгода ён не ў стане выканаць загаду пра манастыры і просіць падоўжыць тэрмін яшчэ на паўгода, правінцыял падае 2-му дэпартаменту скаргу на Берасцейскую і Віленскую кансісторыі: "Трэба мець на ўвазе, што 1) кансісторыя да базыльянаў становіцца ў становішча пазоўніка (у юрыдычным сэнсе - Л. Л.) і таму не можа сама быць суддзёй у справе … і 2) што кансісторыя ... ужо вызначыла свае права на манастыры, быццам бы захопленыя базыльянамі. Тым часам, разглядаючы архіў, я цяпер адшукаў сапраўдныя дакументы іншага роду: гэта - распараджэнні папы на далучэнне Антопальскага прыходскога фундуша … да манастырскага ... і дазвол мітрапалітаў на падобныя ж далучэнні бедных і нічога не значных прыходскіх фундушоў да манастырскіх … Таму 3) правінцыял мае справядлівую падставу прасіць дэпартамент вызваліць яго ад падачы дакументаў у кансісторыю, бо яна стала пазоўнікам". Скарга Каменскага мела поспех, 2-і дэпартамент калегіі зрабіў саступку: ён загадаў кансісторыям задаволіцца праверкай прабелаў складзенай у 1809 г. ведамасці пра манастыры, патрабуючы ад правінцыяла толькі дадатковых папер з абавязковым іх зваротам яму. Літоўская правінцыя была вызвалена ад неабходнасці шукаць самой на сабе кампраментуючыя дакументы. Напачатку 1824 г. Каменскі бароніць Віленскі Свята-Траецкі манастыр: "Віленская кансісторыя працягвае настойваць на высыланні дакументаў. Цалкам падпарадкоўваючыся распараджэнням урада, які прызнаецца уладай Божай на зямлі, лічу сябе змушаным спытаць: ці абавязаны я задаволіць патрабаванні епархіяльнай кансісторыі адносна высылання ўсіх дакументаў пра манастыры Віленскай епархіі, не гледзячы на цяжкасці, выдаткі і небяспеку перасылання? Тым часам, кансісторыя, з вопісу 1809 г. лічыць сваёй уласнасцю фундушы Віленскага базыльянскага манастыра. Просім усё ж пакорна калегію … прыняць нас пад сваю абарону, даць нам сродкі растлумачыць няправільнасць абвінавачвання і звярнуць увагу на нашу моладзь якая вучыцца, сабраную з усіх правінцый нашых пры Віленскім універсітэце, на немач старцаў нашых, што страцілі сілы ў грамадскай службе і змешчаны ў манастыр для збаўлення ад пакут, бо ім тут лягчэй атрымаць медычную дапамогу..., на гатовасць нашу зрабіць усякія ахвяры для свецкага кліру, толькі без уласнай згубы, і, нарэшце на адзіную аснову, на якой Пацеі, Канцэвічы, Руцкія заснавалі святое яднанне і ўзнеслі яго на вышыню …" .

Каменскі зацягнуў падрыхтоўку дакументаў пра манастыр больш чым на два гады: увесь 1824 г. і пачатак 1825 г. прайшлі складанні ім вопісаў манастыроў Літоўскай правінцыі. Першыя зробленыя ім вопісы 16 манастыроў прадстаўлены у 2-гі дэпартамент калегіі 24 верасня 1824 г., а 23-26-га красавіка 1825 г. прадстаўлены вопісы яшчэ 39 манастыроў. Аднак Віленская і Берасцейская кансісторыі выразілі недавер гэтым вопісам і зноў пачалі патрабаваць праверкі.


5 красавіка 1824 г. пакінуў пасаду апекуна навучальнай акругі князь Адам Чартарыйскі, а 15 траўня пазбавіўся пасады міністра духоўных спраў і народнай асветы князь А. Н. Галіцын Гэта былі людзі, на падтрымку якіх маглі разлічваць базыльяне. Замест іх былі прызначаны адпаведна Навасільцаў і адмірал Шышкоў. Гісторык Баброўскі П.О. пісаў: "Пасля паўстання грэкаў і іншых падзей у Еўропе рашуча спыняецца падтрымка ўрадам базыльянскага ордэна, хутка змяншаецца пратэкцыя князя Галіцына, а калі кіраванне справамі рускай грэка - уніяцкай царквы перайшло ў рукі Аляксандра Сямёнавіча Шышкова, знакамітага патрыёта ... і самага руплівага прыхільніка славянскай навукі ў Расіі, калі ... паў Галіцын і узмацнілася слава Аракчэева, базыльянскі ордэн, найболей моцны ў літоўскай Русі, які прадстаўляў энергічны правінцыял Каменскі і яшчэ падтрымоўваў Булгак, страціў раптам сваю ўстойлівасць..." .

Спачатку літоўскі правінцыял Каменскі і яго кансультары знайшлі падтрымку ў Навасільцаў М. М. і рэктара Віленскага ўніверсітэта Пелікана В.В. Цікава чытаць у Баброўскага П.О. крытыку Навасільцава за падтрымку базыльянаў. Наваісльцаў - чалавек з вельмі вызначанай рэпутацыяй, абвінавачваецца як празмерны заходнік выгадаваны ў Англіі "на неўласцівых Расіі канстытуцыйных установах"! І сапраўды Навасільцаў, спачатку, у 1826-27 гг., заступаўся за ордэн перад новым міністрам Шышковым, звяртаючы яго ўвагу на высокі ўзровень базыльянскай адукацыі ў параўнанні з "разбэшчанасцю" духавенства якое атрымала адукацыю ў епархіяльных семінарыях , але хутка ён перастаў бараніць ордэн.

З прыходам новага імператара Мікалая I у гісторыі базыльянскага ордэна і ўсёй уніяцкай царквы пачаўся новы, апошні перыяд існавання.

Пры канцы 1825 г. мітрапаліт Булгак, склікаў "вялікую кансульту", з прадстаўнікоў Берасцейскага капітула і Літоўскай базыльянскай правінцыі з мэтай пагаднення інтарэсаў ордэна і белага духавенства. У камісію ўвайшлі: старшыня біскуп-суфраган Леў Яворскі, ад белага духавенства - афіцыял Антон Тупальскі і заемец месца віца-афіцыяла Міхал Бароўскі, ад манаскага саслоўя - літоўскі правінцыял Цэзары Каменскі з кансультарамі. Нарады вялікай кансульты ў Жыровічах пачаліся ў снежні 1825 г. Верагодна апагеем вялікай кансульты, было паседжанне 21 студзеня 1826 г. на якім абодва бакі не змаглі пайсці на кампраміс, нават перад ужо відавочнай небяспекай ліквідацыі сваёй царквы, пасля чаго адбыўся канчатковы разрыў паміж белым духавенствам і базыльянамі. У лісце ад 21 студзеня 1835 г. да настаяцеля Віленскага Траецкага манастыра Віктара Басяцкага прафесар і ўніяцкі святар Міхал Баброўскі пісаў: "Падчас знаходжання цяперашняга нашага мітрапаліта ў Жыровічах ... я, як чалавек на пасадзе сурагата Берасцейскага капітула, браў ўдзел ў перамовах паміж белым духавенствам і ордэнам адносна семінарскіх фундушоў, ... на прапанову мітрапаліта, каб ордэн саступіў некаторыя манастыры і сумы на карысць семінарый белага духавенства, .... правінцыял Каменскі заявіў, што па пасадзе сваёй, ён прысягай абавязаны захоўваць у цэласці ўсё фундушы свайго ордэна, што ордэн утрымоўвае на свае сродкі семінарыю ў Лаўрышаве для тых, хто рыхтуецца ў белыя святары і што, калі ёсць у тым патрэба, ён гатовы паспрабаваць адчыніць семінарыю для клірыкаў яшчэ і ў другім манастыры" . Істотна, што ў гэтым лісце Міхал Бароўскі - аўтарытэтны святар і навуковец выказаў сваё стаўленне да праблемы: "Калі справа ішла пра адабранне вялікіх манастыроў, як Жыровіцкі і Віленскі … і калі жадалі ператварыць меншыя манастыры ізноў у цэрквы на падставе што яны паўсталі з прыхадскіх цэркваў … я ў лісце да афіцыяла Тупальскога … раіў берагчы базыльянскі ордэн, як адзіную апору нашай уніі, адняўшы ці аслабіўшы якую, адно духавенства не ў сілах будзе выстаяць у ўніі. Ордэн, які кіруецца магутнай карпарацыяй і можа знайсці дарогу да ўплывовых асобаў, валодае сілай абараніць унію, тады як … белае духавенства рассыпанае дробнымі сем'ямі, галечаю прыгнечанае, нават сваіх дабрачынных баіцца, таму пры усякіх абяцаннях паляпшэння побыту ці пад ценем пагрозы, яно, як вагаецца трыснёг пад ветрам, лёгка схіліцца на той ці іншы бок".


У лістападзе 1825 г. Каменскі, ужо вельмі хворы чалавек, пакінуў пасаду правінцыяла і ад'ехаў ў свой Лешчынскі манастыр .

9 кастрычніка 1827 г. быў выдадзены ўказ, па якім у базыльянскія манастыры маглі паступаць толькі тыя, якія: "маюць дастатковыя пазнанні ў славянскай мове і ў чыне грэцкага набажэнства..." , 24 кастрычніка міністр Шышкоў, верагодны аўтар гэтага ўказу, даручыў 2-му дэпартаменту калегіі пачаць выконваць гэты ўказ. У наступным 1828 г. базыльянскія манастыры былі перададзены ў кіраванне кансісторыям. 17 студзеня калегія вырашыла зачыніць базыльянскія манастыры, і 27 красавіка 1828 г. цар зацвердзіў гэтае рашэнне. Ордэн на тэрыторыі Беларусі быў знішчаны, базыльяне засталіся толькі ў Свята - Траецкім Віленскім манастыры, дзе была іх семінарыя, але ў 1831 г. і гэты манастыр быў зачынены, а манахі раскасіраваны. Пасля 1831 г. да шасцідзесятых гадоў у межах Расіі базыльяне засталіся толькі ў пяці манастырах Царства Польскага, а менавіта: у Варшаве, Узгорку, Белай, Любліне і Замосці.

Цэзары Каменскі памёр у 1827 г. у кляштары Лешч пад Пінскам. Віленскі прафесар батанікі Юндзіл згадваў: "Памёр 20 сакавіка 1827 г. …узорны, сціплы, у навуцы сваёй грунтоўны, пільны, руплівы аб студэнтах і славе ўніверсітэта, пакінуў службу праз слабасць здароўя. Смерцю сваёй засмуціўшы вучняў і сяброў сваіх" .

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX