Вярнуцца: Агульнае краязнаўства Лідчыны

Турыстычны даведнік па Лідскаму раёну


Аўтар: Суднік Станіслаў,
Дадана: 24-07-2007,
Крыніца: Наша Слова № 29 (765) 19 лiпеня 2006 г., № 30 (766) 26 лiпеня 2006 г., № 31 (767) 2 жнiўня 2006 г.



Фальклорна - краязнаўчы турызм


Лідскі раён. У цэнтры Гарадзенскай вобл. Утвораны 15.1.1940 (з 1962 у сучасных межах). Плошча 1,6 тыс. км2. Насельніцтва 141,4 тыс. чалавек (2004), гарадскога 72%. Сярэдняя шчыльнасць 88 чалавек на 1 км2. Уключае г. Ліду, г. Бярозаўку, пас. Першамайскі, 276 сельскіх населеных пунктаў, 15 сельсаветаў: Беліцкі, Бердаўскі, Ваверскі, Ганчарскі, Голдаўскі, Дакудаўскі, Дварышчанскі, Дзітвянскі, Дубровенскі, Крупаўскі, Мажэйкаўскі, Пескаўскі, Тарноўскі, Траццякоўскі, Ходараўскі.

(38KB) mapa.jpgТэрыторыя раёна знаходзіцца ў межах Лідскай раўніны і Нёманскай нізіны. Паверхня раўнінная, пераважаюць вышыні 130- 180 м, найвышэйшы пункт 207 м (за 8 км на Пн ад г. Ліда). Карысныя выкапні: торф, пясок, жвір, гліна, мел. Сярэдняя тэмпература студзеня -5,7 °С, ліпеня 17,6 °С. Ападкаў 604 мм за год. Вегетацыйны перыяд 194 дні. З ПнУ на ПдЗ уздоўж мяжы з Наваградскім і Дзятлаўскім раёнамі працякае рака Нёман з прытокамі Гаўя (з Жыжмай), Дзітва (з Лідзейкай), Лебяда, Нарва. Азёры Вялічкаўскае і Глухава. Глебы сельгасугоддзяў дзярнова-падзолістыя (50,6%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (19,5%), тарфяна-балотныя (14,8%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (12,7%) і інш. Пад лесам 27% тэрыторыі. Пераважаюць лясы хваёвыя, яловыя, бярозавыя, найбольшыя масівы на У (частка Нёманскіх лясоў). Балоты займаюць 13,4% тэрыторыі раёна, з іх асушана каля 7,2 тыс. га, найбольш вялікія Дакудаўскае балота, Жыжма. Заказнікі: рэспубліканскага значэння біялагічны Дакудаўскі, мясцовага - гідралагічныя Хвалькоўшчына, Тарноўскі, Бярэзіна. Помнікі прыроды: рэспубліканскага значэння парк «Бальцінікі» і ўрочышча Гаік каля в. Крупава, насаджэнне (дуб, асіна, елка) ва ўрочышчы «Аступ» каля в. Мінойты; мясцовага - парк «Гарні» ў в. Гарні (закладзены ў 1881).

На тэрыторыі раёна знаходзіцца 38 помнікаў гісторыі і культуры, якім нададзена катэгорыя (з іх 0-ой катэгорыі - 1, 1-ай катэ-горыі - 1, 2-й катэгорыі - 4, 3-яй катэгорыі - 32) і шэраг помнікаў, якім катэгорыя не нададзена.

На тэрыторыі раёна знаходзіцца шэраг памятных месцаў звязаных з жыццём і дзейнасцю выдатных людзей нашай і многіх іншых краінаў.

У раёне дзейнічае шэраг музеяў, працуюць фальклорныя, самадзейныя і іншыя мастацкія калектывы, твораць пісьменнікі і паэты, мастакі, кампазітары.

Для заёмства з раёнам прапануюцца два асноўныя маршруты.

Маршрут № 1. Ліда - Дворышча -Дуброўня - Няцеч - Першамайскі - Бердаўка - Біскупцы - Пятры - Дакудава - Ганчары - Агароднікі - Бярозаўка - Вялікія Канюшаны - Дзітрыкі - Белагруда - Тарнова - Мыто - Дзітва - Заполле -Дамейкі - Крупава - Гуды -Ліда.

Маршрут № 2. Ліда - Шайбакі - Ёдкі - Мінойты - Вялічкі - Пескаўцы - Даржы - Дроздава - Беліца - Збляны - Пескаўцы - Ходараўцы - Голдава - Радзівонішкі - Феліксава - Мажэйкава - Мураванка (Шчучынскі р-н) - Гасцілаўцы - Ваверка - Старыя Васілішкі (Шчучынскі р-н) - Лябёдка (Шчучынскі р-н) - Мыто - Далекія - Малое Ольжава - Гарні - Ліда.

У месцах перасячэння маршрутаў магчымыя пераходы з аднаго маршрута на другі і стварэнне камбінаваных маршрутаў.

Маршруты ахопліваюць толькі нязначную частку найбольш буйных або знакамітых вёсак Лідчыны, аднак яны праходзяць па ўсіх сельсаветах, і цэнтры кожнага сельсавета можна расказаць пра найбольш вартыя ўвагі мясціны, якія застаюцца па-за маршрутам.


Л І Д А. Горад у Гарадзенскай вобл., на р. Лідзейка (бас. р. Нёмана). Цэнтр Лідскага раёна. За 112 км на ПнУ ад Гародні. Вузел чыгунак на Гародню, Вільню, Маладзечна, Баранавічы. Плошча больш за 23,5 км2. Насельніцтва 98,2 тыс. чалавек (2004). Сярод буйных прадпрыемстваў горада РУП «Лідскі завод электравырабаў», ААТ «Лакафарба», ААТ «Лідахарчканцантраты», ААТ «Лідсельмаш», ААТ «Лідскае піва», РУП «Лідаграпраммаш» і інш. Маюцца 15 агульнаадукацыйных сярэдніх школ, вячэрняя школа, ліцэй, гімназія, Лідскі каледж, музычнае вучылішча, 3 ПТВ, 34 дашкольныя ўстановы. Працуюць 3 паліклінікі, цэнтральная раённая бальніца, міжабласная псіханеўралагічная бальніца «Астроўля».

Паданні аб паходжанні назвы горада Ліда. Большасць паданняў аб паходжанні назвы народнае ўяўленне звязвае з імем сялянскай дзяўчыны Лідзеі, якую прываражыў лясун. Калі дзяўчына даведалася аб гэтым, навучаная бабуляй, яна апырскала яго лясное жыллё святаянскім зеллем, але, калі ўцякала "..азірнулася. А гэтага ж нельга было рабіць! Не паспела яна пад ногі глянуць i шуснула ў палонку, якую ці то рыбакі прабілі, ці то не замярзала там вада ўвогуле. Нават крыкнуць не паспела, захлынулася адразу. Доўга чакала дзяўчыну бабуля, а потым папрасіла хлапцоў ды мужчын пашукаць яе. Тыя ўсё навокал аблазілі i знайшлі тую палонку. Вада ў ёй была стаячая i чырвоная. Калі вясной лёд узламаўся i пабеглі раўчукі, то i рэчка тая абудзілася; але цяпер яе людзі завуць Лідзеяй. Так яна i засталася ў памяці. Праўда, некаторыя клікалі больш ласкава - Лідзейка, таму i паселішча на высокім беразе назвалі Ліда. Але тут ужо невядома дакладна, ці то ад той невялічкай рэчкі, дзе дзяўчына смерць знайшла, цi то ад дзявочага імя".

У "Кароткім тапанімічным слоўніку" Вадзіма Жучкевіча паходжанне звязвацца з "лядам" - адваяваным у леса, выпаленым ці выкарчаваным для пасеваў полі для пасеваў збожжа напачатку земляробства. Патранімічная назва ад імя Ліды, відаць, трэба лічыць памылковым, бо яно з'явілася тут пазней, чым назва горада. Ад назвы апошняга з'явілася і рэчка Лідзейка.

У апошнія гады ў горадзе стала вядома паданне, якое звязвае назву горада Ліда і рэчкі Лідзейкі з імем галоўнага вешчуна Гедзіміна Ліздзейкі. "Аднойчы на папяванні князь Гедзімін знайшоў у арліным гняздзе малога хлопчыка. Яго назвалі Ліздзейкам. (Lizdas па балцку - гняздо). Пазней Ліздзейка стаў галоўным вешчуном ВКЛ. Зусім верагодна, што назва горада Ліда паходзіць ад гэтага слова Lizdas." Паводле гэтага падання Станіслаў Суднік напісаў верш:


ЛІЗДЗЕЙКА З-НАД ЛІДЗЕЙКІ

Раз у пушчу, за даліну
На краі Дайновы
Почат князя Гедзіміна
Выехаў на ловы.

I на дубе, на высокім,
Між крывых галінаў
Нешта ім упала ў вока
На гняздзе арліным.

Князь паслаў туды пахолка,
I ён з дуба тога
Ўніз даставіў спрытна-лоўка
Хлопчыка малога.

- Бачыш ты, як ён высока
Ўжо "ўзляцеў" з радзінаў,
Будзе шлях яму далёкі
Побач з Гедзімінам...

А з таго, што на гняздзе тым
Хлопца адшукалі,
Імя простае Ліздзейка
Ўраз яму надалі.

I мясціну тую Ліздай
Нараклі адразу,
Праз гады тут стане Ліда
З вышняй волі князя.

А пасля пачнуць калейкай
Баяць казкі людзі...

... Пра Ліздзейку з-над Лідзейкі Згадкі ў іх не будзе.


Трохі з гісторыі горада Ліды. (Старажытная гісторыя літоўскага народа. Т. 5 дадатак 1, Вільня. 1839). Гэтая мясцовасць пасля заваёвы каля 1180 г. Дайнаўскага княства, у якім яна размяшчалася, ёсць абшар ліцвінскі, бо "ліда" абазначае паляна, поле ачышчанае ад лесу.

Пра Ліду сталіцу Дайнавы ёсць верш Станіслава Судніка:


ЛІДА ДАЙНАЎСКАЯ

У пачатку мінулага тысячагоддзя тэрыторыя Лідчыны ўвайходзіла ў склад Дайнаўскага (Дайноўскага) княства. Паводле Тодара Нарбута Ліда была сталіцай гэтага княства.У 1261 (1270) годзе дайнаўскі, а, магчыма, і лідскі князь Трайдзень стаў Вялікім князем Літоўскім.



Стольная Ліда!
Хіба толькі сніцца
Тая вяршыня гістор'і тваёй,
Колісь была ты
Дайнавы сталіцай,
Радзіла слаўнай,
свабоднай зямлёй.

Грозна князі заязджалі
пад брамы,
Меч выціраўшы бярозы лісцём,
Спеўныя гуслі, багамі абраных,
Мужнае іх апявалі жыццё.

Стольная Ліда! Забылі нашчадкі
Твой старажытны высокі палёт...
Ціха капае пад бульбачку градкі
Ціхі, маўклівы, спакойны народ...

Ды не праходзіць
вялікасць бясследна,
Дрэмле, гібее, ды толькі жыве...
Прыдзе гадзіна,
і ў славе вялебнай
Зноў заіскрацца каменні твае.

Сыдуць дайнаўцы
з стагоддзяў бязмежных,
Ў душах унукаў
дзяды збудзяць рух,
Зродзіць сталіцу тут
наш незалежны,
Наш беларускі нязломлены дух.

У памяць пра легендарнае дайнаўскае мінулае Ліды тут створаны рыцарскі клуб "Дайнава". Клуб "Дайнава" прымаў удзел у здымках расейскага фільма "Начны дазор". Другі лідскі рыцарскі клуб называецца "Дыес Магнус".

Мураваны замак у Лідзе быў заснаваны ў 1323 годзе Вялікін князем Гедзімінам; будавалі яго кіеўскія майстры і скарыстаны былі палонныя з Валыні. Хрысціянская рэлігія рускага веравызнання была ўведзена ў гэтым краі з вельмі даўніх часоў; капліца ў замку існавала ад пачатку яго будаўніцтва. Лацінскае веравызнанне ўвялі францысканцы з мэтаю навяртання ліцьвінаў, што былі яшчэ ў паганстве. Калісьці русіны зусім не ўмешваліся ў пытанні мясцовага веравання, таму паміж імі былі ўзаемныя мір і цярпімасць. У 1366 годзе прыбыла францысканская місія, рэпразантаваная трыма манахамі, у 1369 годзе пры нейкай суматосе іх пазабівалі паганцы.

Пра гэтую падзею існавала мясцовае паданне, запісанае Бірутай у 1889 г. у Лідзе і надрукаванае ў часопісе "Вісла" ў тым жа годзе".


СОСНЫ ЛЯ ЛІДСКАГА ЗАМКА. На cxiлe ўзгорка, нібы падпіраючы замак, растуць дзве даўгалетнія сасны. Яны захаваліся дзякуючы пашыранаму сярод гараджан i навакольных жыхароў перакананню, што яны выраслі не на раслінным соку, а на крыві. Здарылася гэта быццам яшчэ ў часы, калi ў Літвe панавала язычніцтва. Прыйшлі сюды дзевяць манахаў-францысканцаў прапаведаваць хрысціянскую рэлігію. Аднак ліцьвіны, не жадаючы прымаць хрысціянства, зa6ілi гэтых місіянераў, а ix трупы ўкінулі ў яму на cxiлe Лідскaгa замка. На гэтым месцы, не сеяныя i не саджаныя, выраслі дзве сасны, якіх ліцьвіны, ужо стаўшы католікамі, не чапалі. Але вось аднойчы хтосьці адсек галінку i з яе выступіла кроў. З той пары ніхто ўжо не адважваўся ўзняць сякеру на гэтыя дрэвы.."

Аднак сёння тых соснаў няма.


БІРУТА (сапраўднае Даравінская Амелія; 1863, в. Ройсталі, цяпер у межах Вільні - 27.7. 1891), бел. фалькларыстка і этнограф. Адукацыю атрымала ў Варшаве. Настаўнічала, запісвала бел. фальклор і вяла этнаграфічнае даследаванне Лідскага павету. Друкавалася ў часопісе «Wisla» «Вісла»), дзе ў 1889 змясціла апісанне дажынак з песнямі ў в. Шаўры Лідскага паветe, паданні «Сосны ў Лідзе», «Паданне пра Шлакальскую гару» з Ваўкавыскага паветe. Найбольш значная публікцыя - «Беларускія песні з Лідскага паветe» ў часопісе («Зборнік паведамленняў па айчыннай антрапалогіі», 1892), куды ўвайшлі сямейна-бытавыя, любоўныя, лірычныя, гумарыстычныя, рэкруцкія і салдацкія песні. Манаграфію «Народ Лідскага павету» цэнзура забараніла. Рукапісы Б. зберагаюцца ў архівах Варшавы і Вільне. Яе запісы ўвайшлі ў тамы серыі БНТ «Жартоўныя песні» (1974), «Вяселле. Песні» (кн. 1, 1980), «Сацыяльна-бытавыя песні» (1987). І. У. Саламевіч.

Манахі не змірыліся з першай няўдачай і неўзабаве, прыбыло шасцёра новых. Над магілай сваіх братоў на падзамчы яны збудавалі араторыюм і пры ім жылі. Лідскім старастам быў тады Даўгерд, хрысціянін. Каля 1376 года прыбылі яшчэ францысканцы, іх лік вырас да дзевяці. Прынеслі з сабой абраз Маці Божай з горада Візны, гэты абраз найстаражытнейшы каталіцкі абраз на Беларусі і да гэтага часу славіцца цудамі ў прыходскім касцёле. Існуе мясцовая легенда, што менавіта гэтым абразом Ягайла хрысціў Літву, што хрышчэнне Літвы пачалося менавіта з Ліды і таму на гербе Ліды змешчана выява ключоў Святога Пятра, сімвала адамкнёных варотаў у рай пасля хрышчэння.

У Лідзе існуе спецыяльная малітва да 600-годдзя абраза Маці Божай Лідскай. Аўтар малітвы невядомы, таму яе можна лічыць народнай. Малітва спяваецца на польскай мове. Існуе пераклад на беларускую мову, зроблены Станіславам Суднікам:



Ты ў Лідскай фары
трон сабе злажыла,
Каб даць нам моцы ў жыцця час,
Мы верым Маці,
Ты нас палюбіла
I не пакінеш болей нас.

Рэфрэн.

Стала крыніцай веры і сілы,
Шэсць соцень год
яўляла нам цуд,
Змрокам цярпення
і днём шчаслівым
Ты - каралева,
а мы - Твой люд.

Ты нашу падзяку
прымі з малітвай
Сэрцам Табе шлём голас свой
За ласкі струмень
так шчодра разліты,
За мацярынскі клопат Твой.

Рэфрэн.

У 1410 годзе лідская харугва начале з лідскім старастам, хутчэй за ўсё гэта Якуб з Селіцы, брала ўдзел у Грунвальдскай бітве і ўся там палегла. Існуе мясцовая легенда, што менавіта за гэты вычын Лідскай харугвы пазней на герб горада быў дадзены леў - сімвал адвагі і сілы.

1414 г. У Лідзе адноўлены касцёл і пасвенчаны пад назвай Найсвяцейшай Дзевы Марыі і Усіх Святых, спачатку ў першым пасвянчэнні быў Святога Крыжа.

(14KB) Вяселле Ягайлы ў Лідзе.

У 1422 годзе у Лідскім замку гулялі вяселле караля польскага Ягайлы і Сонькі Гальшанскай, якія вянчаліся ў Наваградку. Паводле падання для ўезду караля і каралевы ў замак у сцяне былі прабітыя новыя "Каралеўскія вароты".

"Вяселле Ягайлы" на сёння маляўнічае прадстаўленне лідскіх рыцарскіх клубаў, якое іграецца без строгага сцэнару, але з усімі элементамі рыцарскіх турніраў.

У 1506 годзе войска ВКЛ выйшла з Ліды і пад камандаваннем гетмана Міхаіла Глінскага атрымала бліскучую перамогу над крымскімі татарамі пад Клецкам. У Лідзе гэтая бітва вядома пад назвай "Лідская адсеча".

1533 г. У горадзе была пасвенчана праваслаўная царква. 17 верасня 1590 г. Ліда атрымала магдэбургскае права, а таксама гарадскую пячатку "з ільвом і двума перакрыжаванымі ключамі панад ім".

1661 г. У Лідзе памерла пры родах княжна Ганна Шуйская, якая была замужам за Янам Міхаілам Нарбутам, апошняя ў родзе князёў Шуйскіх на Шуі, расейскіх эмігрантаў, прыбыўшых у Літву каля 1500 г. Ад яе сына Францішка пайшоў род лідскіх Нарбутаў, які даў шматлікіх гістарычных дзеячоў і рупліўцаў культуры, адукацыі, навукі, у тым ліку і Тодара Нарбута.

У 1794 годзе Ліда штурмам узятая расейскімі войскамі. З гэтага часу горад паступова становіцца польска-яўрэйска-рускім.

З тых змрочных часоў расейскага панавання даходзіцць толькі адно паданне запісанае Францішкам Багушэвічам, які добра быў знаёмы з Лідчынай бо ваяваў тут у аддзеле Людвіка Нарбута падчас паўстання 1863 года і быў паранены. Паданне Багушэвіч змясціў у лісце да Яна Карловіча за 16 (28) лістапада 1887 г.

Тут пісьменнік расказаў цэлую гісторыю пра якогасьці пана з Лідскага павету Казлоўскага, з якім часта судзіліся сяляне і, вядома, заўсёды прайгравалі.

Але тут знайшоўся адзін, вельмі дападны селянін, які ўсё ж трохі нагнаў страху на гэтага Казлоўскага. Аднаго разу, прабадзяўшыся дзесьці пару тыдняў, ён пусціў пагалоску, што быў у Пяцярбургу, і цяпер пра ўсе штукарствы Казлоўскага ведае сам цар. І нібыта той, пахітаўшы абуральна галавой, сказаў: "Ну, Казлоўскі! Я ж не спадзяваўся!" Францішка Багушэвіча ва ўсёй гэтай гісторыі найбольш цікавілі апошнія словы. Яны на Лідчыне ў той час былі вельмі ходкія, гаваркія. Як толькі надарыцца нейкае нечаканае ашуканства ці махлярства, асабліва ад таго, ад каго яно не чакалася, то скрозь можна было пачуць: "Ну, Казлоўскі! Я ж не спадзяваўся!". Багушэвіч запісаў выраз як прымаўку, як крылатыя словы, даследаваў іх вытокі, вызначыў, што свой пачатак яны бяруць з 1850 году, і радзіма іх - Лідчына.

Вяртанне беларускай культуры ў Ліду пачалося ў пачатку 20-га стагоддзя. Па Лідзе ўстойліва блукала паданне, што тут Алаізай Пашкевіч (Цёткай) была заснавана першая на тэрыторыі Беларусі беларуская школа. Гэтае паданне настолькі пранікла ў свядомасць, што прарасло радкамі ў "Энцыклапедыі гісторыі Беларусі": "У 1912 у Вільні, Нова-Вілейцы і Лідзе арганізавала некалькі тайных беларускіх школ". У іншых публікацыях гаворыцца пра адкрыццё Цёткай у Лідзе легальнай беларускай школы ў 1915 годзе пры нямецкай акупацыі.

Пасля 1920 года пра праяўленне беларускіх формаў культуры ў Лідзе гаварыць цяжка. Затое яны вырваліся на волю ў 1939 годзе. Гэта час стварэння мноства анекдотаў, показак і іншых форм народнай творчасці на тэму: "Якія дурныя саветы". Пры гэтым карэнныя лідзяне амаль адразу забылі, што 20 гадоў мусілі размаўляць па-польску. Увесь гэты фальклор сабраны ў кнізе Сяргея Пясецкага "Запіскі афіцэра Чырвонай арміі". На беларускую мову кнігу пераклаў лідскі пісьменнік Алесь Астраўцоў. Палова падзей у кнізе адбываецца ў Лідзе.

У 1940 годзе Ліду наведаў Янка Купала. Рабочыя лідскай фабрыкі "Ардаль" падаравалі яму пару новых галёшаў. Пра гэта сёння ведае ўся Ліда. Гэты факт стаў мясцовай легендай, якую Станіслаў Суднік аформіў у верш:



Галёшы для Купалы

Адліга капежамі звоніць,
Вада грудзі рэк паўздымала,
З народам у Лідзе гамоніць Пясняр чалавецтва Купала.

Гамоніць пра лепшую долю, Маўчыць,
што тут лепей не стала,
Гамоніць пра шчасце і волю Прастуджаны, хворы Купала.

У мокрых стаіць чаравіках
I з кашлем змагаецца мужна,
I ў цесным натоўпе шматлікім Ідэя раджаецца дружна:

"Давайце падорым Купалу Галёшы тутэйшай работы,
Ад мокрадзі каб ратавалі,
Ад гразі, дажджу і ад слоты,

Каб быў наш Купала здаровы
I шчыра служыў Беларусі..."
I пару галёшаў тых новых Купала прыняць ад іх мусіў...

...I я, нават сёння, як бачу,
Фантазіі многа ці мала,
Выходзіць па Менску на шпацыр
У лідскіх галёшах Купала...

Асноўныя помнікі гісторыі і культуры Ліды


а1Е200443. Лідскі замак (1328 г., пачатак будаўніцтва 1323 г.), вул. Замкавая, 1 катэгорыя.
1а1Е200877. Касцёл Узвіжання Святога Крыжа, 1770 г., вул. Савецкая, 2, 2 катэгорыя.
1а1Е200878. Ансамбль былога кляштара (калегіюма) піяраў:
Cв. Язэпаўскі касцёл 1825-1842 гг., 1919-1958 гг.
Свята - Міхайлаўскі сабор 1863-1919 гг., з 1996 г.
б/ Гімназічны корпус 1937 г.
вул. Савецкая, 20, 2 катэгорыя
1а1Е200879. Будынак пошты паб. ў 1935 г., адкр. ў 1938 г., вул. Міцкевіча, 8, 2 катэгорыя.
1а1Е201284. Адміністрацыйны будынак канец 19 ст., вул. Савецкая, 31, 3 катэгорыя.
1а1Е201285. Галоўны вытворчы корпус піваварнага завода 1876-1910 г.г., вул. Міцкевіча, 32, 3 катэгорыя.
1а1Е201286. Будынак друкарні канец 19 ст., вул. Ленінская, 23, 3 катэгорыя.
1а1Е201287. Будынак абутковай крамы, 1904 г., вул. Фабрычная, 6, 3 катэгорыя.
Помнік Францішку Скарыну па вул. Савецкай, каля Фарнага кас-цёла, 1993 г. Скул. В. Янушкевіч.

З'яўленню гэтага помніка ў Лідзе папярэднічала распаўсюджанне ў пачатку 90-х гадоў легенды пра тое, што Францішак Скарына ехаў з Прагі ў Вільню праз Ліду. Легенду распаўсюджвалі сябры ТБМ, і яна легла ў аснову рашэння аб устаноўцы помніка.

Помнік Адаму Міцкевічу па вул. Адама Міцкевіча, каля СШ № 4, 1989 г. Скульптар В. Янушкевіч.

Унікальны комплекс Лідскіх брандмуроў. У Лідзе больш двух дзесяткаў будынкаў з брандмурамі.


Нарадзіліся ў Лідзе

Канстанцін Горскі (13.06. 1959 - 31.05.1924), Аркадзь Мігдал (11.03.1911 - 9.02.1991)кампазітар, Поля Ракса (14.04.1941 г.) сябар Пятра Чайкоўскага, дырыжор сімфанічных аркестраў у Тбілісі і Харкаве. Напісаў многія музычныя творы, у тым ліку оперу "Маргер" на словы Ул. Сыракомлі, 12 песень на словы М. Канапніцкай, Ул. Сыракомлі, Зд. Дубіцкага і інш.

Аркадзь Мігдал (11.03.1911 - 9.02.1991), фізік-ядзершчык, акадэмік АН СССР, апанент на абароне дысертацыі А. Сахарава. У навуковай літаратуры шырока скарыстоўваюцца азначэнні: асаблівасць Мігдала-Кона, скачок Мігдала, канстанта Мігдала. Узнагароджаны ордэнамі Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга. Адмовіўся працаваць над вадароднай бомбай. Займаўся толькі фундаментальнымі даследваннямі, якія аднак былі скарыстаны для бомбы.

Поля Ракса (14.04.1941 г.), кінаактрыса, сімвал прыгажосці ўсёй Польшчы, галоўная роля - Маруся Аганёк у шматсерыйным фільме "Чатыры танкісты і сабака".


Фальклорныя мастацкія калектывы

Народны ансамбль народнай музыкі «Калі ласка» Лідскага раённага дома культуры. Створаны ў 1986 г. (стваральнікі мастацкі кіраўнік У. Гарачоў і музычны кіраўнік К. Сцяпанаў). Ансамбль мае вакальную і інструментальную (скрыпка, цымбалы, баяны, гармонік, дудка, флейта, кларнет, кантрабас, ударныя інструменты) групы.

Званне «народны» прысвоена ў 1995 г. У 1996-1997 гг. -удзельнік рэспубліканскага свята-кірмашу «Дажынкі», у 1998, 2000, 2002 гг. - лаўрэат абласнога «Свята народнай музыкі», лаўрэат Міжнароднага фестывалю фальклору «Стражніца-2000» (г. Стражніца, Чэхія, 2000), фестываляў «Беларуская песня» (г. Беласток, Польшча, 1995, 1999, 2001) і ў г. Клайпеда (Літва, 2001). Выступаў на Бел. тэлебачанні і радыё.

Аснову рэпертуару складаюць беларускія народныя і мясцовыя песні («Калі каліна не цвіла», «Ночка цёмная», «Ой, хадзіў, гуляў малойчычак», «Белы конечак», «Там у полі крынічанька», «Ой, ляцелі гусі, ды з-пад белай Русі»), танцы (полька «Пе-раскокі», "Шабасоўка", «Беларускія народныя найгрышы», «Дзітвянскі вальс і інш.), прыпеўкі, якія ў асноўным нарадзіліся на Гарадзеншчыне.

Народны ансамбль пссні і танца «Лідчанка» Лідскага раённага дома культуры. Існуе з красавіка 1961 г. Стваральнік А. Аламаха. Калектыў з'яўляўся дыпламантам міжнародных фестываляў ў Маскве і Баку, лаўрэатам прэміі прафсаюзаў рэспублікі (кіраўнік У. Гарачоў). Зараз ансамблем кіруе В. Сяргсева, балетмайстар Н. Леаневіч. Рэпертуар складаюць песні і танцы па матывах народнага фальклору.

Народны ансамбль песні і танца "Чаравічкі" палаца культуры ААТ "Лідская абутковая фабрыка", заснаваны ў 60-я гады 20-га ст. Кіраўнік Галіна Шапавалава. У рэпертуары беларускія народныя песні і танцы, песні і танцы народаў свету. Лаўрэат шматлікіх конкурсаў і фестываляў, 1-е месца на абласным фестывалі ансамбляў песні і танца. Папаўняецца маладымі артыстамі з Узорнага дзіцячага ансамбля "Сонейка" ПК ААТ "Лідская абутковая фабрыка", шматразовага ўдзельніка і лаўрэата тэлеконкурсу "Сузор'е надзей". Кіраўнік Лілея Пуйдак.

Народны ансамбль песні і танца "Талака" Лідскіх электрасетак. Існуе з 1994 года. Кіраўнік Вальдамар Захаркевіч. У рэпертуары ў асноўным беларускія народныя песні і танцы, таксама бальныя танцы 18-19 стагоддзяў ("Кракавяк", "Абэрак", "Мазурак" і інш.) З ансамблем працуе кампазітар У. Гарачоў. "Талака" - лаўрэат Рэспубліканскага галіновага агляду мастацкіх калектываў прадпрыемстваў энергетыкі 2005 года.

Народны ансамбль польскай песні "Красавяцы" Лідскага раённага дома культуры. Ство-раны ў 1989 г. (кіраўнік С. Янушкевіч). Званне «народны» мае з 2002 г. Рэпертуар складаюць польскія народныя і сучасныя, класічныя і патрыятычныя творы. Ансамбль неаднаразова выязджаў з канцэртнымі праграмамі ў Польшчу. З'яўляецца ўдзельнікам IV рэспубліканскага фестывалю сямейных калектываў і фестывалю нацыянальных культур.

Моладзевы ансамбль песні і танца "Красовыя забавы" пры Польскім доме. Створаны ў 1994 годзе. Кіраўнік Вольга Локіс. У рэпертуары польскія і беларускія красовыя танцы і песні, гульнёвыя танцы, а таксама танцы і песні польскіх рэгіёнаў Гонар ансамбля - красовыя полькі. Ансамбль - лаўрэат фестываля нацыянальных культур 2005 г. і дыпламант 2006 г., лаўрэат шматлікіх фестываляў у Польшчы і Германіі. Пры ансамблі існуе капэла пад кіраўніцтвам Анатоля Шумскага.

Народны ансамбль яўрэйскай музыкі «Шалом» Лідскага гарадскога дома культуры. Існуе з 1997 г. (кіраўнік М.Дзвілянскі, спявак і скрыпач). Рэпертуар складаецца з народных і аўтарскіх твораў: беларускіх, рускіх, яўрэйскіх, польскіх песень. Ансамбль з'яўляецца лаўрэатам II рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур у Гародне, удзельнікам III міжнароднага фестывалю імя С. Міхоэлса ў Маскве, дыпламантам II маскоўскага конкурсу выканаўцаў яўрэйскай музыкі і IV рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур.

Літоўская капэла "Рута". Заснавана ў 2002 г. Кіраўнік Віктар Хлябовіч. Выконвае літоўскія і дзукійскія народныя музычныя творы і песні, у тым ліку "дайны". Удзельнік фестываляў нацыянальных культур у Гародні і Лідзе, удзельнік свята каранацыі Міндоўга і ўгодкаў Грунвальдскай бітвы ў Крэве (15.07.2006 г.)

Лідскі этна-гурт "НЭМА". Выконвае музыку народаў свету, а таксама аўтарскую музыку на старадаўніх інструментах, адноўленых сваімі рукамі (акарына, марская ракавіна, а таксама скрыпка, бубен і інш.) Кіраўнік Алесь Блахін. "Нэма" лаўрэат і пастаянны ўдзельнік рэгіянальнага фестывалю турыстычнай песні у памяць загінуўшых турыстаў "Аладушкі" на Молчадзі.


Маршрут № 1.

ДВОРЫШЧА - цэнтр сельсавету. З XVI стагоддзя гэтая вёска (а ў мінулым маёнтак, двор, адкуль і пайшла яго назва) належала Ільінічам, Радзівілам, пазней - віленскім езуітам. У канцы XVIII стагоддзя Дворышча стала мястэчкам, у якім праз стагоддзе ўжо можна было ўбачыць касцёл, бровар, піваварны завод, вадзяны млын, крахмальны завод, карчму.. Млын і рэшткі многіх іншых пабудоў дайшлі да нашых дзён. Касцёл, заснаваны ў 1591 году рэктарам Віленскай езуіцкай акадэміі Г. Анабіёна, праіснаваў да 1880-х гадоў. Ацалела толькі яго капліца ў імя Найсвяцейшай Панны Марыі. У Дворышчы працуе конезавод. На 1.1.1996 г. у Дворышчы 145 двароў, 460 жыхароў.

ДУБРОЎНЯ - цэнтр сельсавету. Самая старажытная паводле пісьмовых крыніцаў вёска Лідскага раёна. Першы раз яна згадваецца ў сувязі з паходам, пачатым у канцы 1381 года Вялікім князем Літоўскім Кейстутам супраць свайго плямянніка князя Карыбута, які валодаў Наваградкам. Кейстут выступіў супраць Карыбута і па дарозе ў яго ўдзел напаў на Дуброўню, за 5 вёрст ад Ліды, схапіў тут Вайдылу і загадаў яго павесіць у 1381 г.. " Вайдыла быў халопам Вялікага князя Альгерда (1345-1377): "Нъхто пак у великого князя Ол-гирда холоп Войдипо. Пръвое был лекарцом, а потом уставил его постелю собъ слати и воду давати собъ пити, потом пак полюбился ему велми и дал был ему Лиду дръжати, и повел его у великых. Потом по животъ великого князя Олгирда двъ лъть больши ль было, князь велыкий, Ягайло поведеть его велми у высокых и даст за него сестру свою родную, княгиню Марью... Князю Кестутю великую нелюбов и жалость вдълал, што братанку его, а сестру свою за холопа дал. И был той Войдило у великой моцы у великого князя Ягайла и почал в нъмцы собъ чиниты а записываться грамотами противу великого князя Кестута".

Унікальная, легендарная асоба XIV стагоддзя гэты Вайдыла - халоп, стаўшы баярынам, і мужам княжны.

З-за Вайдылы князь Кейстут здзейсніў дзяржаўны пераварот; скінуў Ягайлу з вялікакняскага пасаду і адразу ж расправіўся з Вайдылам. Помста Ягайлы і Марыі была бязлітаснай - 80-гадовы князь Кейстут быў задушаны ў Крэўскім замку. Смерць Вайдылы на думку польскага гісторыка Паўла Ясяніцы, адвярнула Вялікае Княства ад праваслаўя, бо Вайдыла быў праваслаўным, вяліся перамовы пра шлюб Ягайлы з адной з дочак Зміцера Данскога.

Вайдыла - адзін з галоўных герояў паэмы Пятра Бітэля "Людзі і замкі".



I стаўў Вайдзіла жыць у замку.
Спярша тужыў па волі-долі,
Пасля, прывыкшы да няволі,
Замкнуў жыццё у тую рамку,
Што распарадкам дня завецца
I, як між слугамі вядзецца,
Пачаў цягнуць пакорна лямку.

Ён перш быў хлопцам для паслугі,
Хадзіў туды, дзе загадалі,
Рабіў, што толькі пажадалі
Княгіня, князь, паны, іх слугі.
Штораз то рэха мур будзіла:
«Вайдзіла, дзе ты? Гэй, Вайдзіла!
Што, паспытаць жадаеш пугі?»

Ды час ішоў, міналі годы,
Вайдзіла рос і жыць вучыўся.
3 загаду князя хутка ўліўся
Ў сям'ю вайсковага народа.
Жыццё інакш каціцца стала
I паступова замятала
Дзяцінства цяжкага нягоды.

I вось у князевай дружыне,
Хоць і за ўсіх ён маладзейшы,
Ён самы смелы, найспрытнейшы.
А ў той жыццёвай блытаніне
Ён не шукае спрэчак, звады,
Але і ворагу дасць рады,
I сябра ў горы не пакіне.

Прывык да бітваў і паходаў
Супроць татараў, немцаў, ляхаў
I сустракаць прывык без дахаў
I халады і непагоды.
А ў час баёў ці паляванняў
Не ведаў страху, ні хістанняў,-
Яму адно - ў агонь ці ў воду.

Ды толькі сумны ён якісьці,
Ні з кім сяброўства не заводзіў,
Быў панам сам сабе, дый годзе.
I ўсё таксама, як калісьці,
Глядзеў на Кейстута варожа -
Ніяк з той спадчыны нягожай
Не мог знайсці у думках выйсця.

Ён помніў матчыны праклёны,
Якімі кожны дзень, бывала,
Яна Кейстута абсыпала.
Але чаму такі шалёны
Гнеў выклікала імя гэта,
Не скажа бедная кабета -
Над ёй гамоніць лес зялёны...

Вось да якіх жарсцяў спрычынілася Дуброўня. Замак Вайдылы размяшчаўся ў Дуброўні. У сярэдзіне 19-га стагоддзя яшчэ паказвалі фундамент палаца Вайдылы.

На 1.01.2004 у Дуброўні 148 двароў, 404 жыхары.

ПЕРШАМАЙСКІ, пасёлак Дубровенскага сельсавету. Знаходзіцца за 8 км на ўсход ад раённага цэнтра Ліда, за 8 км ад чыгуначнай станцыі Ліда, на аўтамабільнай дарозе Ліда- Іўе. Пасёлак заснаваны ў 1964 г. у сувязі з будаўніцтвам тарфянога завода.

На 1.1.2004 г. - 505 два-роў, 1340 жыхароў. Пры Першамайскім доме культуры працуе Народны хор Журавінка". Створаны ў 1960 г. У рэпертуары не толькі народныя беларускія, рускія, украінскія, польскія, але і аўтарскія песні і харэаграфічныя замалёўкі. Калектыў лаўрэат трох усесаюзных фестываляў народнай творчасці, неаднаразовы пераможца раённых, абласных і рэспубліканскіх фестываляў і конкурсаў, выступаў у Польшчы, Літве, Калінінградзе (мастацкі кіраўнік А.Э. Міцкевіч).

СЦЕРКАВА, вёска Бердаўскага сельсавету. На пачатку XX ст. вёска Лідскай воласці Лідскага павету. З 18 сакавіка 1921 да верасня 1939 г. у складзе Польшчы, вёска Лідскай гміны Лідскага павету Наваградскага ваяводства. З тых часоў захавалася паданне, як сцеркаўскі солтыс Станіслаў Цешка "змагаўся" супраць Беларускай сялянскай грамады.

Грамадоўцы паводле сваёй сацыялістычнай сутнасці на розныя рэвалюцыйныя святы ладзілі дэманстрацыі і хадзілі з чырвонымі сцягамі. Польскія ўлады патрабавалі ад солтысаў не дапускаць тых дэманстрацыяў. Цешка паступаў наступным чы-нам: "Гэта яны з голаду дэманструюць", - казаў ён, і ў Сцеркаве для дэманстрантаў накрывалі стол, ставілі паесці і, нават, выпіць. Пасля добрага пачастунку сацыялістычныя настроі ішлі на спад, дэманстранты згортвалі сцягі і расходзіліся па дамах.

На 1.1.1996 г. у Сцеркаве - 151 падвор'е, 320 жыхароў. На 1.1.2004 г. - 118 двароў, 261 жыхар.

БЕРДАЎКА - цэнтр сельсавету. З 60-х гадоў XIX стагоддзі Бердаўкай валодаў Аляксандр Дамбавецкі (1840 - 1914) -вядомы беларускі краязнаўца і грамадскі дзеяч. На працягу 20 гадоў (1872 -1893} ён быў магілёўскім губернатарам, а з 1893 года-царскім сенатарам. Па яго ініцыятыве ў 1879 годзе ў Магілёве быў створаны гістарычна-этнаграфічны музей і выдадзена трохтомная "Спроба апісання Магілёўскай губерні...", якую назавуць "Энцыклапедыяй магілёўскага жыцця".

У Бердаўцы ў 1880-х гадах ён пабудаваў палац, шматлікія гаспадарчыя і прамысловыя будынкі (млын, цагляны і спіртавы заводы і інш.), разбіў парк. Так паступова склалася аблічча сядзібы, у якой у міжваенны перыяд дзейнічалі сельскагаспадарчая школа, конезавод (апошні функцыянаваў аж да 1956 года). Зараз у былым маёнтку размяшчаюцца Дом культуры і бібліятэка.

У 1985 годзе ў Бердаўцы Лідскага раёна заснаваны сямейны ансамбль Парфенчыкаў Бердаўскага цэнтральнага дома культуры. У рэпертуары беларускія, рускія, украінскія, польскія песні і асабістыя творы А.Парфенчыка, І.Парфенчык і З.Унучка. Мастацкі кіраўнік А.Г.Парфенчык.

Ансамбль прымаў удзел у рэспубліканскім фестывалі сямейных ансамбляў, дзе стаў лаўрэатам, узнагароджаны граматай ААН, дыпломамі Міністэрства культуры за ўклад у зберажэнне і развіццё беларускай народнай культуры. Удзельнікі калектыву выязджалі ў г. Добра Място (Польшча) на фестываль сямейных ансамбляў, прымалі ўдзел у праграме беларускага тэлебачання «Беларускі дом».

А. і І.Парфенчыкі з'яўляюцца дыпламантамі першага рэспубліканскага фестывалю аўтарскай песні «Залатая горка», які праходзіў у Менску ў 1993 г. У 1994 г. калектыў атрымаў званне «народны».

У вёсцы працуе краязнаўчы музей, які стварыў педагог і краязнаўца Анатоль Крупа.

На 1.01.2004 г. у Бердаўцы 237 двароў, 633 жыхары.

БІСКУПЦЫ, вёска Дакудаўскага сельсавету. Знаходзіцца за 23 км на паўднёвы ўсход ад г. Ліда. На пачатку XX ст. вёска Дакудаўскай воласці Лідскага павету, 270 жыхароў, 383 дзесяціны зямлі. Дзейнічала школа царкоўнага пісьменства (адкрыта ў 1901 г.), якая адносілася да Дакудаўскага праваслаўнага прыходу. З сакавіка 1921 да верасня 1939 г. у складзе Польшчы.

Біскупцы - радзіма Дануты Бічэль. БІЧЭЛЬ Данута Янаўна (н. 3.12.1937, в. Біскупцы Лідскага р-на), паэтэса. Скончыла Гарадзенскі педагагічны інстытут (1962). Дзяржаўная прэмія Беларусі Дануты Бічэль(1984). Паэзія Б. спалучае лірычна-спавядальны і філасофска-аналітычны планы, вызначаецца аб'ёмнай метафарычнасцю, асацыятыўнасцю вобразаў, вольным інтанацыйным ладам. У аснове творчасці - бел. нар.-паэтычная традыцыя, якая па-рознаму выяўляецца на розных этапах мастацкага развіцця. У ранняй лірыцы (зборнікі «Дзявочае сэрца», 1961; «Нёман ідзе», 1964) уздзеянне фалькл.-песеннай паэтыкі - у эмацыянальнай адкрытасці, непасрэднасці і чысціні рамантычнага пачуцця, суладнага з жыццём роднай прыроды. У зборніку «Запалянкі» (1967) - зварот да змястоўных, маральна-этычных каштоўнасцяў фальклору. Праз вобразы сялянскіх рытуалаў, буслянкі, жыта, адбеленых палотнаў, праз традыцыйна-побытавую культуру вёскі раскрываецца хараство і сіла бел. нар. духу. У больш позніх творах усё больш схіляецца да паэтызацыі прозы вясковага жыцця з яго этнаграфічнымі рэаліямі, лекавымі зёлкамі, бабулямі (зборнікі «Доля», 1972; "Ты - гэта ты", 1976). I менавіта тут адкрывае вялікія ісціны быцця радзімы, бачыць сябе ў цэнтры Сусвету. У вершах прыкмячаюцца матывы нар. быляў, чуюцца галасы продкаў і спрадвечна ўстойлівая, змацаваная нар. магіяй маральная сістэма жыцця. Хараство яго раскрываецца з нар. паэтычных пазіцый. З языч-ніцкім адчуваннем перадае Б. багацце і моцны пульс дыхання прыроды, адчуваючы сябе часцінкай яе жыццятворчых рухаў. Стылізаваным пад нар.-песенную традыцыю, нясмела-жартаўлівым паказвае паэтэса ў ранняй лірыцы каханне. У сталы ж перыяд гучыць самаахвярнае, драматычна-глыбокае на нар.-баладны лад перажыванне жанчыны, якая зведала цану радасці і гора. У зборніках «Дзе ходзяць басанож» (1983), «Загасцінец» (1985), "А на Палессі»"(1990), "Божа мой, Божа" (1993) арганічныя героіка-эпічныя ноты асэнсавання нац. гісторыі, яе постацяў, якія паўстаюць часцей у нар.-легендарным ці прытчавым асвятленні. У гэтым эстэтычным шэрагу і вершы-літанні, звернутыя да боскай сілы. У іх раскрываецца высокае пачуццё і літаратурна трансфармаваныя стылістычныя фігуры замоў. Лексічны арсенал паэзіі Б. арганічна збліжаецца з жывой маўленчай і нар.-паэтычнай стыхіяй бел. фальклору. А. М. Пяткевіч. "Беларускі фальклор. Энцыклапедыя." Т. 1, ст. 178-179.)

На 1.1.1996 г. у Біскупцах - 80 падвор'яў, 160 жыхароў. На 1.1.2004 г. - 65 двароў, 137 жыхароў.

ПЯТРЫ, вёска Дакудаўскага сельсавету. Знаходзіцца за 23 км на паўднёвы ўсход ад г. Ліда, за 20 км ад чыгуначнай станцыі Нёман. На пачатку XX ст. вёска Дакудаўскай воласці Лідскага павету, 193 жыхары, 142 дзесяціны зямлі. 3 сакавіка 1921 да верасня 1939 г. у складзе Польшчы, вёска Дакудаўскай гміны Лідскага павету Навагрудскага ваяводства. На 30.9.1921 г. - 30 жылых пабудоў, 180 жыхароў. На 1.1.1996г. - 22 падвор'і, 38 жыхароў. На 1.1.2004 г. - 18 двароў, 27 жыхароў.

Сядзіба "Пятры". Пры дарозе М6 Гародня -Менск, не даязджаючы да ракі Гаўі, на ўскраіне вёсачкі Пятры размешчаная гэтая сядзіба-хутар ў атачэнні лесу і возера. Тут ёсць дзве хаты і мураваная альтанка. У двухпавярховым асабняку да паслуг аматараў сельскага адпачынку гасцёўня з тэлевізарам, музычным цэнтрам, камінам, чатыры ўтульныя спальні, лазня. Унутраныя памяшканні аздобленыя натуральным дрэвам. У другой хаце два спальныя пакоі з камінам і варыўнай печчу. Гаспадар Сяргей Страх арганізуе для сваіх гасцей пешыя і веласіпедныя пагулянкі па лясных дарогах, паляванне, адпачынак на Нёмане, паходы ў ягады ў журавінавы заказнік...

ДАКУДАВА - цэнтр сельсавету. Перад вёскай пры ўездзе з дарогі Гародня - Менск справа ад дарогі знаходзіцца геадэзічны знак Дугі Струве, унесенай у Сусветны спіс ЮНЕСКА, помнік 0-вой катэгорыі.

Царква Нараджэння Багародзіцы ў 1866 году заняла месца ранейшага ўніяцкага храма 1795 года. Яе выгляд -рэтраспектыўна-рускі - традыцыйны для свайго часу. На паўднёвай ускраіне вёскі захаваліся археалагічныя пом-нікі - паселішчы XI - XII стагод-дзяў, а таксама VI - VIII стагоддзяў, калі ішла актыўная каланізацыя балтаў славянамі.

Верагодней усяго, менавіта ў гэтым Дакудаве (бо ёсць і іншыя) князь Зміцер-Карыбут Альгердавіч, які ўцёк з Лідскага замка ўзімку 1392 года пры набліжэнні войска крыжакоў і Вітаўта, сустрэўся з сіламі, пасланымі Вітаўтам, каб уціхамірыць свавольнага суродзіча, які патрабаваў у яго пасля ўцёкаў вяртання Ліды. Князь Карыбут быў тут ушчэнт пабіты, а затым адпраўлены ў палон да свайго роднага брата Ўладзіслава-Ягайлы.

На 1.01.1996 г. у Дакудаве 206 двароў, 460 жыхароў. На 1.01.2004 г. - 107 двароў, 242 жыхары.

Сядзіба "Дакудава". Гаспадары Агарка Юры і Святлана. Прапануюць аматарам вясковага турызму поўныя цыклы звароту сельскагаспадарчых культур: жыта-пшаніца (ад зярняці да аладкі або булкі), лён (ад сем'я да тканіны), а таксама ўсе віды адпачынку ў басейне Нёмана.

ГАНЧАРЫ(27KB) Пакроўская царква. ГАНЧАРЫ. - цэнтр сельсавету. Пакроўская царква будавалася ў 1770-х гадах як уніяцкая, пасля стала праваслаўнай. Дынамічнасць ёй надае высокая вежа-званіца з цыбульным купалам, увянчаным дэкаратыўна вырашаным крыжом. Гэта складаны па сваёй канструкцыі храм, унутраны абшар якога падзелена трыма парамі квадратных слупоў на тры нефы -з іх цэнтральны ўдвая шырэй бакавых і завершаны кілепадобным зборам. Столі бакавых нефаў плоскія. Перад царквой знаходзіцца драўляная двух'ярусная званіца другой паловы XIX стагоддзя. Яе ніжні ярус з брусоў - глухі; верхні -"празрысты", з парапетам.

За 1 км на паўн. усход ад вёскі знаходзіцца стаянка каменнага-бронзавага вякоў, 10-7 тысячагоддзі да н. э.

На 1.01.1996 года ў Ганчарах 161 двор, 435 жыхароў.

На 1.01.2004 г. - 173 двары, 415 жыхароў.

АГАРОДНІКІ - вёска Ганчарскага сельсавету. Гэтае сяло, вядомае з XIX стагоддзя, не так даўно "паглынула" былы маёнтак Вашкевічы, якім валодалі Салагубы. У 1763 году яны заклалі тут фамільную капліцу, звернутую сваім фасадам да іх сядзібнага дома. З часам капліца, перабудоўваючыся, ператварылася ў касцёл у імя Свя-тых Яўхіма і Ганны (бацькоў Панны Марыі). У пасляваенныя гады гэты цікавы будынак быў на грані знікнення, але дзякуючы высілкам мясцовых энтузіястаў святыня адноўленая. Сёння яна лічыцца найстарэйшым ацалелым каталіцкім храмам Лідчыны. Касцёл, мабыць, занадта "шырокі ў касцях": працяглы шасцікалонны порцік тасканскага ордэру трымае драўляны трохкутны франтон, над якім падымаецца двух'ярусная вежа.

На 1.01 1996 г. у Агародніках 85 двароў, 194 жыхары. На 1.01.2004 г. - 79 двароў, 165 жыхароў.

У 1897 годзе ў Агародніках адкрыта школа царкоўнага пісьменства, якая адносілася да Ганчарскага праваслаўнага прыходу. У 1913 годзе ў гэтай школе працаваў настаўнікам Рыгор Шырма.

ШЫРМА Рыгор Раманавіч (20.1.1892, в. Шакуны Пружанскага р-на - 23.3. 1978), фалькларыст, харавы дырыжор, педагог, публіцыст, музычны і грамадскі дзеяч. Народны артыст Беларусі (1949). Народны артыст СССР (1955). Герой Сацыяліс-тычнай Працы (1977). Дзяржаўныя прэміі Беларусі 1966, 1974. Скончыў Седлецкі настаўніцкі інстытут (Польшча, 1918). З 1912 настаўнічаў. З 1914 член этнаграфічнай камісіі Рускага геаграфічнага таварыста. З 1919 дырэктар арганізаванай ім школы ў Варонежскай вобласці. У 1926 выкладчык Віленскай бел. гімназіі, арганізатар і кіраўнік нар. хораў у Пружанах, бел. гімназіі, Бел. саюза студэнтаў. Вёў культурна-асветную і літаратурна-публіцыстычную дзейнасць у Заходняй Беларусі. У 1927-29 член і сакратар (1927-37) Галоўнай управы Таварыства бел. школы. У 1933 арганізатар, выдавец і аўтар таварыства «Летапіс таварыства бел. школы» (з 1936 - «Беларускі летапіс").

За сваю дзейнасць праследаваўся ўладамі Польшчы, двойчы быў зняволены. У 1940 сфарміраваў у Беластоку Бел. ансамбль песні і танца, рэарганізаваны ў Дзяржаўны хор Рэспублікі Беларусь (1950), Дзяржаўную акадэмічную харавую капэлу Рэспублікі Беларусь (1955), якую ўзначальваў да 1970, з 1978 яго імя. У 1966-78 Старшыня Саюза кампазітараў БССР і сакратар праўлення Саюза кампазітараў СССР. Збіральніцкую работу пачаў у 1907, выдаў шэраг фалькл. зборнікаў для школьных і самадзейных хароў «Беларускія народныя песні» (1929), «Наша песня» (1938). Запісаў больш за 2000 нар. песень і твораў нар. прозы, частку якіх змясціў у зборніках «Беларускія народныя песні, загадкі, прыказкі» (1947), «Беларускія песні» (1955), «Школьны спеўнік» (1959). Выданне «Дзвесце беларускіх народных песень» (1958) стала анталогіяй песеннай традыцыі заходнебел. рэгіёна, у ім адлюстраваў большасць распаўсюджаных тут тыпавых напеваў і сюжэтна-тэматычных груп песень каляндарнага і сямейнага цыклаў, даў меладычны «партрэт» пазаабрадавай песні. Асноўная фундаментальная фалькл. праца Ш. - «Беларускія народныя песні» (т. 1-4, 1959-76) - вызначаецца па-мастацку дасканалымі песеннымі ўзорамі жанраў і гісторыка-стылявых пластоў, характэрнымі рытма-меладычнымі і ладаінтанацыйнымі тыпамі напеваў. Падрыхтаваў выданне «Беларускія народныя песні» (т. 1-2, 1971-73), куды ўвайшлі лепшыя апрацоўкі з рэпертуару Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы Беларусі, зробленыя на працягу 40 гадоў бел., рускімі, украінскімі і латышскімі кампазітарамі. Свае эстэтычныя погляды, збіральніцкія прынцыпы, меркаванні наконт генезісу асобных фалькл. жанраў і інш. выказаў у прадмовах да зборнікаў песень, шэрагу артыкулаў. Асноўныя публіцыстычная спадчына Ш. па праблемах фальклору, музыкі, літаратуры і грамадскага жыцця сабрана ў кн. «Песня - душа народа» (1976, 2-е выд. 1993). Т.Б. Варфаламеева.

БЯРОЗАЎКА - адзіны горад у Лідскім раёне, акрамя Ліды, з 12 тысячамі жыхароў, з якіх ледзь не палова так або інакш звязаная з найбуйным бярозаўскім прадпрыемствам - шклозаводам "Нёман". З яго, уласна, і пачалося станаўленне шкляной справы на Лідчыне. У верасні 1883 года мясцовы абшарнік Зянон Ленскі звярнуўся да ўладаў з пісьмовай просьбай аб выдачы яму дазволу "устроіць на лясной дачы маёнтка Зайчыцы гуту". Абшарніка лёгка зразумець: па-першае, з'явіўся попыт на шкляны посуд для Лідского піўзавода; па-другое, сыравіна (кварцавы пясок) і паліва (з Налібоцкай пушчы) існавалі ў неабмежаванай колькасці; нарэшце, па-трэцяе, пад бокам была танная працоўная сіла.

Несумнеўна, прадпрымальніцтва Зянона Ленского абяцала вялікія выгоды, але з-за адсутнасці тэхнічнай дакументацыі яго хадайніцтва адхілілі. Нягледзячы на гэта, завод быў пабудаваны і даваў прадукцыю. Месца яго першага размяшчэння ў ляску, недалёка ад горада Бярозаўкі, якога ў той час яшчэ не было, атрымала назву "Старая гута". У 1891 году Ленскі здаў завод у арэнду Вільгельму Краеўскаму і Юліюсу Столе. Можна сказаць, што з гэтага моманту і пачалося сапраўднае развіццё прадпрыемства, паколькі новыя гаспадары, акрамя прадпрымальніцкай жылкі, мелі прафесійныя спазнанні ў вобласці шкляной вытворчасці. Пры іх завод пачаткаў вырабляць крышталь, абсталяваўся замежным абсталяваннем, пераважна нямецкім. Тэхнічнымі кансультантамі і наладчыкамі абсталявания былі бельгійскія, нямецкія, польскія адмыслоўцы. Патрапіўшы ў добрыя рукі, прадпрыемства значна пашырыла асартымент сваёй прадукцыі.

У 1905 году трагічна загінуў Вільгельм Краеўскі -патануў у Нёмане. Юліюс Столе даў шчодры водкуп родным загінулага кампаньёна і стаў адзіным гаспадаром Бярозаўскага завода. Першую сусветную вайну ён з сям'ёй перажыў у Маскве. Пасля канца вайны вярнуўся на завод, кіраваць якім яму дапамагалі ўжо сыны. Не прайшло і двух гадоў, як ізноў давялося з'ехаць - пачалася савецка-польская вайна, пасля якой Заходняя Беларусь адышла да Польшчы. Столе ізноў вяртаецца на свой завод, і з 1923 года ўжо існуе фірма "Столе і сыны". У наступныя гады, нават ва ўмовах сусветнага эканамічнага крызісу, каля паловы прадукцыі заво-да ішло на экспарт.

Профіль вытворчасці захаваўся і пасля аб'яднання Беларусі ў 1939 годзе. Адноўлены пасля Вялікай Айчыннай вайны шклозавод "Нёман" доўгі час быў трэцім па велічыні сярод роднасных яму прадпрыемстваў Савецкага Саюза - пасля Гусь-Крыштальнага і Дзяцькаўскага ў Расіі. Карэнныя змяненні ў лёсе прадпрыемства адбыліся ў 1960-х гадах, калі сюды прыбылі прафесійныя мастакі, якія пачалі ствараць не толькі ўтылітарныя прадметы з шкла, што тыражуюцца ў масавай вытворчасці, але і вырабы, выконваныя ў адзіным асобніку. Так у Бярозаўцы быў пакладзены пачатак самабытнай школе мастацкага шкла.

Усё лепшае, што створана на "Нёмане", сёння можна ўбачыць у завадскім музеі, куды арганізуюцца экскурсіі, якія ўключаюць у сябе і азнаямленне з сучаснай вытворчасцю. У музеі прадстаўленыя і высакародны празрысты крышталь, і ўсе мажлівыя адценні шкла самых розных форм, і малочна-дымчатое шкло са знакамітай "нёманскай ніткай", якое аддалена нагадвае працы старых венецыянскіх гутнікаў. Шматлікія экспанаты -сапраўдныя творы мастацтва, адзначаныя прэміямі, дыпламамі, медалямі шматлікіх прэстыжных міжнародных кірмашоў і выстаў. Гледзячы на гэтыя дзіўныя вырабы, якія заварожваюць сваёй прыгажосцю, мімаволі ўспамінаеш радкі з урачыстай оды Ламаносава:

"Спяваю перад табой
у захапленні хвалу -
Не каменям дарагім,
не золату, а шклу"

У Бярозаўцы дзейнічае Народны ансамбль беларускай музыкі і песні «Прынямонцы» Бярозаўскай дзіцячай музычнай школы. Заснаваны ў 1982 г. Ідэя стварэння калектыву належала В.І.Сычэўскай, дырэктару школы. У склад ансамбля тады ўваходзіў увесь педагагічны калектыў. Мэтай ставілася далучэнне выкладчыкаў да выканаўчай, творчай, музычнай дзейнасці. Спачатку выконваліся толькі інструментальныя творы, затым і вакальна-інструментальныя. У цяперашнім рэпертуары калектыву акрамя твораў вакальна-інструмснтальнага жанру прысутнічаюць і беларускія народныя танцы, полькі, вальсы.

Ансамбль выступаў у абласным туры рэспубліканскага фестывалю «Беларусь - песня», удзельнічае ва ўсіх мерапрыемствах горада і раёна, святочных канцэртах у школе. Званне «народны» нададзена ў 2000 г.

Дзіцячы танцавальны калектыў "Крышталікі" Бярозаўскага палаца культуры шклозавода "Нёман". Створаны ў 1984 г. Кіраўнік Ж.У. Лебядзевіч, выпускніца Гарадзенскай культурна-асветнай вучэльні. У склад калектыву ўваходзяць дзеці 7 - 10 і 14 - 15 гадоў (больш 40 чалавек). З першых месяцаў стварэння калектыў удзельнічае амаль ва ўсіх мерапрыемствах ДК, горада, у раённых аглядах мастацкай самадзейнасці, святах, конкурсах, фэстах.

Творчая праца ў калектыве цесна пераплятаецца з выхаваўчай. Праводзяцца гутаркі па гісторыі харэаграфіі, музыкі, прагляды тэматычных тэлеперадач, вялікая ўвага надаецца сумеснаму адпачынку дзяцей.

У 1997, 1999 гг. "Крышталікі" - лаўрэат конкурсу "Крыштальны чаравічак" (Ліда); 1997 г. - дыпламант рэспубліканскага фэсту "Танцуючы фламінга" (Гомель); 1998 г. - лаўрэат 1-га абласнога фэсту танца (Гародня) і 1-га фэсту народнай творчасці Беларусі "Беларусь - мая песня" (Менск); 1999 г. - дыпламант рэспубліканскага фэсту "Залатыя ключы" (Салігорск) і фіналіст рэспубліканскага тэлефестывалю "Усе мы родам з дзяцінства".

Сядзіба "Над Нёманам". Гаспадары гэтай сядзібы Валеры і Аксана Салькоўскія -актыўныя ўдзельнікі Грамадскага аб'яднання "Агра- і экатурызм". Сваім гасцям яны могуць прапанаваць, акрамя ўтульнага жылля ў добра спланаванай хаце, разнастайную культурную праграму - напрыклад, спуск на драўляным плыце па Нёмане, наведванне Ліды, Наваградка, Бярозаўкі. Абавязкова варта паспрабаваць настойкі з травы, зробленай Аксанай па старадаўніх беларускіх рэцэптах, панаглядаць за разборкой свіні (а гэта цэлы рытуал!), прадэгуставаць "свежаніну"... Завяршыць дзень можна вечарынкай з удзелам мясцовых музыкаў, тым больш што сам фальварковец - адзіны ў Беларусі прафесіянал ігры на звончатых гуслях, лаўрэат Міжнароднага музычнанага конкурсу ў Італіі (1993). Пабываўшы тут, вы абавязкова захочаце вярнуцца ў гэтую цёплую і гасцінную хату, размешчаны ў дзіўна маляўнічым месцы - на абрывістым пяшчаным беразе Нёмана на канцы Бярозаўкі.

ВЯЛІКІЯ КАНЮШАНЫ, вёска Тарноўскага сельсавету. Знаходзіцца за 20 км на паўднёвы захад ад раённага цэнтра Ліда, за 10 км ад чыгуначнай станцыі Нёман. На пачатку XX ст. вёска Ганчарскай воласці Лідскага павета, 321 жыхар, 499 дзесяцін зямлі. У 1921 - 1939 гг. у складзе Польшчы. Паводле польскага перапіеу ад 30 верасня 1921 г., вёска Ганчарскай гміны Лідскага павету Наваградскага ваявод-ства, 66 жылых пабудоў, 345 жыхароў. У 1950 г. створаны калгас. У 1954-1965 гг. - цэнтр сельсавету.

На 1.1.1996 г. - 9б падвор'яў, 198 жыхароў. На 1.1.2004 г. - 80 двароў, 1б0 жыхароў.

У 1913-14 гадах у Вялікіх Канюшанах жыў Рыгор Шырма, пра што існуе мясцовае паданне. На аснове гэтага падання Станіслаў Суднік стварыў верш:


Па-над рэчкай, над Дзітвою
Песня разняслася,
Аксамітавым сувоем
Ночка разлілася.

Па-над гаем, па-над борам,
Па-над паплавамі...
Разам з міленькім Рыгорам
Мы спяваем самі.

Мы ад вечара да рана
Ўзімку і прадвеснем
На абое Канюшанаў
Нагалосім песняў.

Што за хлопец, што за спеўны
І адкуль узяўся,
Ён за Божу ласку, пэўна,
Нам сюды дастаўся.

Разліваецца сардэчнай
Песняю світанне,
Парадніліся навечна
З Шырмам канюшане.

БЕЛАГРУДА - вёска Тарноўскага сельсавету. Міхайласкі касцёлМіхайласкі касцёл (помнік 2-й катэгорыі) размясціўся на высокім беразе Дзітвы ў пачатку ХХ стагоддзя і дэманструе гледачу - франтальна - свой рамана-гатычны твар. Зразумела з па-праўкай на час, у які панаваў мадэрн. Прысутнасць апошняга асабліва адчувальна ў алтарнай частцы святыні: дынамічная кампаноўка аб'ёмаў закрыстый, кантаванай абсіды і выступаў трансепта нараджае выразную святло-ценявую пластыку храма.

Галоўны фасад строгі і велічны: дзве высокія вежы, накрытыя шатровымі дахамі, складаюць між сабой шчыт з трохкутным завяршэннем, традыцыйным акном-ружай і галерэяй. Усё гэта паспяхова ўпісана ў рэльефна выкладзеную цэглай паўцыркульную арку, куды змешчаны і высокі партал. Цагляным мурам "вышытыя" дэкаратыўныя ўзоры на фасадах будынка: фрызы, профілі, лапаткі, апраўленні вокнаў... Інтэр'ер храма ўпрыгожаны фрэскавым арнаментальным жывапісам і захоўвае абраз Богамаці другой паловы XVII стагоддзі, змешчаны ў алтары вялікіх памераў.

За адзін кіламетар ад Белагруды - археалагічны помнік - селішча.

ТАРНОВА - цэнтр сельсавету. Тутэйшая сядзіба створана ў 1880-х гадах і ўключае ў сябе палац і гаспадарчыя пабудовы: стайню, лядоўню і пастаўлены на (9KB) Сядзіба належала расійскаму генералу грэцкага паходжання Д. Маўрасу. невялікім аддаленні ад палаца, сярод былога гаспадарчага двара, вятрак. Асабліва выразна глядзіцца дагэтуль сядзібны дом-палац - двухпавярховы, з вежай у чатыры паверхі, - у яго пластыцы выразна адчуваюцца водгукі архітэктуры італьянскіх рэнесансных палацо... Сядзіба належала расійскаму генералу грэцкага паходжання Д. Маўрасу, ад'ютанту М.Мураўёва, празванага ў народзе "вешальнікам" за адмысловую жорсткасць у задушэнні паўстання 1863-1864 гадоў.

МЫТО. (29KB) Пакроўская царква. Мыто.Гэтая вёска знаходзіцца на правым беразе ракі Дзітвы, у 15 км ад Ліды ля магістральнай дарогі М6 Менск - Гародня. Пакроўская царква пабудаваная ў Мыто ў 60-х гадах XIX стагоддзі. Яна складзеная з бутавага каменю і цэглы, упрыгожаная пабеленым дэкорам у выглядзе аркатурных фрызаў, арачных аконных праёмаў, кутніх лапатак і рэльефных крыжоў.

ДЗІТВА - пасёлак, цэнтр сельсавету. У склад сельсавету ўвахо-дзіць вёска БАНЦАВІЧЫ, у якой нарадзілася Ганнна Радзько.

РАДЗЬКО (па мужу Халшчанкова) Ганна Станіславаўна (н. 21.1. 1951, в. Банцавічы Лідскага р-на), бел, спявачка. Заслужаная артыстка Беларусі (1982). Скончыла Менскую музычную вучэльню імя М.Глінкі (1978) і Мннскі інстытут культуры (1992). У 1969-71 салістка нар. ансамбля «Лідчанка» раённага Дома культуры, з 1971 Камерна-інструментальнага ансамбля Бел. тэлебачання і радыё. Голас Р. (альт) нар. плану, вызначаецца прыгожым тэмбрам, шырокім дыяпазонам. У рэпертуары бел. і рускія нар. песні: «Ох, і сеяла Ульянаўна лянок», «Сон-трава», «Кавалёк», «Мора-мора», «Ой, мілы мой», «Туман ярам», «Зелен гай» і інш. Гастралявала ў краінах СНД, Польшчы, Аўстрыі і інш. Выступае на Бел. тэлебачанні і радыё.

ЗАПОЛЛЕ - вёска Дзітвянскага сельсавету. Побач падмуркі былога фальварку ЗАПОЛЛЕ, у якім перад паўстаннем 1831 года жыў Ігнат Дамейка.


Ігнат Дамейка, сябар А. Міцкевіча, удзельнік паўстання 1831 года. Пасля паразы паўстання эміграваў у Чылі, дзе стаў нацыянальным героем.

Чылійскі ўрад узвёў на яго магіле беламармуровы помнік. У універсітэце ў Сант'яга і ў Палітэхнічным універсітэце ў Ла-Серэна, дзе Дамейка пачынаў сваю

навуковую дзейнасць, ёсць залы, якія носяць імя нашага земляка.

Яго дом у чылійскай сталіцы зберагаецца як культурна-гістарычная каштоўнасць. У гонар Ігната Дамейкі выбіты медаль, названыя два пасёлкі, горны ланцуг на поўначы краіны "Кордыльера Дамейкі", кветка фіялкі "віёла дамейкіяна", мінерал "дамейкіт", салетра "аманітас дамейканус", закамянелы малюск "наўцілус дамейкус"...



Існуе паданне, што ў Заполле да Ігната Дамейкі прыязджаў Адам Міцкевіч. Пра гэта верш Станіслава Судніка.


(12KB) Фальварак ЗАПОЛЛЕ.

Брычка гайдаецца плаўна
Ў новых і модных рэсорах,
Тройкаю конікаў слаўных
Аж з-пад Наваградскіх гораў,


Вёсак мінаючы хаты,
Збожжа мінаючы поле,
Едзе Адам да Ігната
Ў ціхае наша Заполле.


Брама вянкамі абвіта,
Квеціцца краскамі лета,(19KB) Фальварак ЗАПОЛЛЕ.
Дворня ў навусенькіх світах
Шчыра вітае паэта.


Пан сам спускаецца з ганка,
Вока слязой набрыняла,
Будуць сягоння да ранку
Згадваць, як колісь бывала.


Памяць абудзіць няспешна
Вобраз сяброў-філарэтаў,
Стане хвілінаю смешна,
Стане і сумна за гэтым.


(20KB) Фальварак ЗАПОЛЛЕ.Будуць шчаслівыя разам,
Быццам юнацтва вярнулі...
... Іхнія словы сам-насам
Толькі нябёсы пачулі...


Сёння нячыстая сіла
Знішчыла тое Заполле,
Душы вялікіх ліцьвінаў
Каб не вярнуліся болей.


Толькі стараліся дарма,
Памяць людская - не хата,
Помняць у Лідзе Адама,
Помняць у Лідзе Ігната.

Былы маёнтак (фальварак) Востраў каля (31KB) Тут некалі стаяў вялікі Востраўскі палац. Востраў. З права - ваколіца вёскі Янцавічі са знесенымі астаткамі фальварка. Прама - участак дзе нахадзіўся фальварак (маёнтак), за ім рака Крупка і далей, праз кіламетр - стары шлях Кракаў-Вільня. вескі Янцавічы. па кірунку да Ліды, каля старога шляха Кракаў - Варшава. Тут некалі стаяў вялікі палац, у якім Уладзіслаў-Ягайла і Вітаўт у суправаджэнні сваіх світ падпісалі дамову аб перамір'і, што паклала канец братазабойчай вайне ў ВКЛ. Маёнтак Востраў быў вылучаны для гэтай сапраўды гістарычнай сустрэчы не выпадкова: па рацэ Дзітва праходзіла мяжа уладанняў "падпісантаў" Гедзімінавічаў, бо Гарадзенскае княства тады належала Вітаўту, а Лідскае - Ягайлу. Сустрэліся тут стрыечныя браты, аднагодкі, сябры дзяцінства і маладосці - яны ж непрымірымыя ворагі і кроўнікі па помсце. Абодва, каб знішчыць адзін аднаго, звярталіся па дапамогу да крыжакоў, саступалі рыцарам Жамойцію-Жмудзь, як разменную манету. Абодва здраджвалі, парушалі клятвы, не раз мянялі веру па палітычных меркаваннях. Вось чаму разам з імі міравую падпісвалі і іх жонкі - Ядвіга і Ганна - як гаранты прымірэння...

КРУПАВА - цэнтр сельсавету. У Крупаве перад школай устаноўлены памятны знак у гонар Ігната Дамейкі работы Рычарда Грушы. У школе працуе музей Ігната Дамейкі.

ГУДЫ - вёска Крупаўскага сельсавету, апошні пункт марш-руту. Тут дзейнічае знакаміты калектыў "Гудскі гармонік".

Народны ансамбль народнай музыкі «Гудскі гармонік» Гудскага сельскага дома культуры. Заснаваньі ў 1988 г. У рэпертуары інструментальная музыка і вакальныя творы: мясцовы фальклорны матэрыял, прыпеўкі, балады, песні і г.д. У 1993 г. калектыў атрымаў званне «народны». «Гудскі гармонік» пастаянны ўдзельнік раённых, абласных і рэспубліканскіх фсстываляў «Звіняць цымбалы і гармонік», нацыянальных культур, «Грай, гармонік», фсстывалю-кірмашу «Дажынкі» і інш. На IV абласным фестывалі народнай музыкі ансамбль заняў 1-ае месца. Мастацкі кіраўнік А.А. Колышка.

Пры Гудскім СДК даўно і стала прапісаўся і сямейны ансамбль Сахонь з пасёлка Маладзёжны (г. Ліда) таленавітая і дружная сям'я: тата Мікалай, матуля Лідзія і іх дзеці Святлана, Оля і Віталік. Гісторыя стварэння сямейнага ансамбля незвычайная. Аднойчы Лідзію Сахонь, якая дарэчы працуе музычным работнікам у дзіцячым садку папрасілі прыняць удзел у аглядзе сямейнай творчасці. Было гэта 17 снежня 1993 г. Адхіліць просьбу калег было няёмка, і нечакана ўзнік новы творчы калектыў. З самага пачатку не было двух меркаванняў наконт выбару творчага кірунку. Народныя мелодыі сумныя і вясёлыя, лірычныя і гарэзлівыя не раз пакаралі ўдзячнага гледача. Усе гады ансамбль выступаў на раённых святах, аглядах мастацкай самадзейнасці, У 1994 годзе атрымаў дыплом удзельніка III дзіцячага фестывалю польскай, песні ў Гародні. У 1997, 1998 г.г. Саюз палякаў на Беларусі ўзнагароджвае ансамбль дыпломамі за ўдзел у аглядзе калядных ансамбляў. У 1995 г. калектыў запрашаюць у Польшчу на IV, а ў 1996 - на V міжнародныя спатканні музычных сямей - Добрэ Място, дзе з поспехам выступае і атрымлівае запрашэнні на 1997,1998,1999 гады. Самым плённым для калектыву быў 1997 год, калі яны прымалі ўдзел у ІІ абласным фестывалі сямейнай творчасці. У гэтым жа годзе 21 снежня у г. Слоніме яны сталі лаўрэатамі Рэспубліканскага фестывалю сямейнай творчасці. Мноства цікавых уражанняў прывезлі ўдзельнікі калектыву у 1999 г., калі пабывалі на VII міжнародных Наваградскіх спатканнях з фальклорам. Вось радкі падзякі дырэктара фестывалю: "Дзякуем за прыгожьія песні, за дынаміку і прафесіянальную прэзентацыю Вашай Рэспублікі, за ўсмешку і добрую забаву. Успаміны пра Вас застануцца доўга ў нашых сэрцах". У 2002 г. сямейны калектыў атрымаў найменне "народны". I зноў гастролі ў Рэспубліцы Польшча - 2000, 2001, 2002, 2003, 2004 гг. У рэпертуары ансамбля беларускія, рускія, украінскія, польскія песні. У рабоце ансамбль выкарыстоўвае баян, скрыпку, 2 гармонікі, барабан, бубен, лыжкі, трашчоткі, званочкі, фартэпіяна. Большасць твораў, якія выконвае гэты калектыў, кіраўнік ансамбля - Лідзія Сахонь, запісвае ў мясцовых музыкантаў, а потым апрацоўвае іх, наведвае вёскі і запісвае фальклорныя песні і музыку. Ансамбль мае сваю, індывідуальнасць, непаўторнае творчае аблічча. У планах шмат разнастайных задумак. Калектыў з захапленнем і натхненнем працуе над іх ажыццяўленнем, адраджэннем народных традыцый, зберажэннем спадчыны роднай Лідскай зямлі.

Маршрут № 2.

ШАЙБАКІ, вёска Траццякоўскага сельсавету. Знаходзіцца пры рацэ Лідзейка, непасрэдна зліваецца з паўднёва-ўсходняй ускраінай Ліды. На пачатку XX ст. вёска Лідскай воласці Лідскага павету, 167 жыхароў, 148 дзесяцін зямлі. У 1921 - 1939 гг. у складзе Польшчы. Паводле польскага перапісу ад 30 верасня 1921 г., вёска Лідскай гміны Лідскага павету Наваградскага ваяводства, 33 жылыя пабудовы, 185 жыхароў.

На 1.1.1996 г. - 143 па-двор'і, 380 жыхароў. На 1.1.2004 г. - 145 два-роў, 341 жыхар.

Назву вёскі паводле мясцовага падання звязваюць з імем хана Шайбака, які быў разбіты ў раёне цяперашняга Шайбак-поля (Шчучынскі раён). Ці то ў Шайбаках татары закапалі скарб хана Шайбака, ці то тут пасялілі палонных з разгромленай арды Шайбака.

У Шайбаках нарадзіўся і пражыў сваё нядоўгае жыццё лідскі краязнавец Антось Савук. Антось Савук (сапр. Антон Уладзіміравіч Саук, 13.02. 1968 - 27.11.2003), карэспандэнт часопіса "Лідскі летапісец", сябар Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ, сябар Беларускай асацыяцыі журналістаў, сябар Лідскага краязнаўчага таварыства імя Тодара Нарбута. Антось Савук вёў актыўную і рознабаковую краязнаўчую і даследчую працу, склаў дастаткова шырокі Лідскі біяграфічны даведнік, апублікаваў шэраг краязнаўчых даследванняў у "Лідскім летапісцы" і іншых перыядычных выданнях ("Вацлаў Іваноўскі. 120 гадоў з дня нараджэння", "Жывапісец паганскай Літвы. Казіміру Альхімовычу - 160 год з дня нараджэння". "Друкар з Вялічак. 390 год з дня смерці Яна Карцана", "Паслядоўнік Лінэя. 240 год з дня нараджэння С. Б. Юндзіла", "Праз турму і катаванні. Светлай памяці ксендза Ч. Янкоўскага" і інш.) Але асноўнай яго краязнаўча-даследчай працай стала "Гісторыя Лідскага аэрадрома", якая публікавалася ў "Лідскім летапісцы", пачынаючы з 2001 года. У шасці нумарах апублікаваны першы раздзел "Лідскі вайсковы аэрадром (1907 - 1915)", і пачатак другога раздзелу "Лідскі вайсковы аэрадром (1919 - 1939)".

МІНОЙТЫ, вёска Траццякоўскага сельсавету. Знаходзіцца за 12 км на паўднёвы ўсход ад г. Ліда. У XIX ст. вёска Ганчарскай воласці Лідскага павета Віленскай губерні. На 1896 г. дзейнічала школа царкоўнага пісьменства Ганчарскага прыходу, у якой навучалася тады 17 хлопчыкаў і 2 дзяўчынкі. На пачатку XX ст. - 152 жыхары, 99 дзесяцін зямлі. У 1921 - 1939 гг. у складзе Польшчы. Паводле польскага перапісу ад 30 верасня 1921 г., вёска Ганчарскай гміны Лідскага павету Наваградскага ваяводства, 26 жылых пабудоў, 148 жыхароў.

На 1.1.1996 г. - 377 падвор'яў, 1420 жыхароў. На 1.1.2004 г. - 428 двароў, 1462 жыхары.

У 2006 годзе Мінойты сталі вядомыя ўсёй Беларусі ў сувязі з тым, што сюды перавезлі з Менска бібліятэку Саюза беларускіх пісьменнікаў.

ВЯЛІЧКІ, вёска Траццякоўскага сельсавету. Знаходзіцца за 11 км на паўднёвы ўсход ад г. Ліды. На пачатку XX ст. вёска Ганчарскай воласці Лідскага па-вету, 132 жыхары, 184 дзесяціны зямлі. У 1921 - 1939 гг. у складзе Польшчы. Паводле польскага перапісу ад 30 верасня 1921 г., вёска Ганчарскай гміны Лідскага павета Наваградскага ваяводства, 28 жылых пабудоў, 156 жыхароў.

На 1.1.1996 г. - 56 падвор'яў, 120 жыхароў. На 1.1.2004 г. - 46 двароў, 80 жыхароў.

ВЯЛІЧКАЎСКАЕ ВОЗЕРА (Легенда): Даўным-даўно ля дарогі (цяпер шаша Ліда-Новагародак) стаяла вялікая вёска Вялічка. Людзі жылі ў ёй багата. Толькі на канцы вёcкi ад дарогі жыла бедная ўдава з маленькімі дзецьмі. Аднойчы ў вёску прыйшоў жабрак, стары сівы дзядок. Ён абхадзіў усе двары, але яму нixто нават i скарынку ў торбу не кінуў. Зайшоў дзед i да ўдавы. Ужо вечарэла, i дзядок папрасіўся нанач. Жанчына ласкава запрасіла старога сесці i дала павячэраць міскy нішчымнай заціркі. На гэтую зацірку яна заварыла апошнюю жменю жытняй мукі. Жабрак застаўся начаваць. Назаўтра жанчына ўстала i здзівілася: у хаце i ў каморы было многа хлеба i ўсяго іншага. А дзед ёй сказаў: - Выйдзі, кабета, з хаты з дзецьмі i ідзі не аглядаючыся, хоць што-небудзь i пачуеш. Як аглянешся, то на месцы тваёй хаты вырасце груша. Жанчына так i зрабіла. Толькі яна адышла за вёску, як пачула ззаду трэск, шум i енк людзей. Усё крышылася i ламалася. Вёска прапала, а на яе месцы ўтварылася возера, а замест хаты ўдавы на беразе возера стаяла груша. Жанчына павярнулася, хацела пайсці паглядзець, што здарылася, але тут жа ператварылася ў камень. На дpyri дзень людзі з суседніх вёсак бачылі, як з возера выплывалі аконныя рамы, дзверы i іншая хатняя дробязь. Людзі пачалі збіваць жэрдкі, каб памераць дно, то з вады чалавечы голас сказаў: - Не мерай тычыною, бо памераеш галавою. Усё ж тaкi самыя цікаўныя ўзялі доўгую вяроўку, прывязалі камень i aпycцiлi на дно. Дна не дасталі, а з вады пачуўся голас: - Не мерай вяроўкаю, бо памераеш галоўкаю. Адзін чалавек пры гэтым утапіўся, i яго як нi шукалі, не маглі знайсці, хоць возера было невялкае. Цяпер на беразе Вялічкаўскага возера расце старая груша i ляжыць вялікі камень з адбіткам быццам бы pyxi жанчыны.

Запісана ў 1966 годзе ў в. Ганчары ад 43-гадовай Ганны Мікалаеўны Буян і ў 1953 годзе ў в.Мазгавая Наваградскага р-на. Вядомы яшчэ тры аналагічныя варыянты. Паданне абвяргае меркаванне аўтара "Кароткага тапанімічнага слоўніка" Вадзіма Жучкевіча, што назва вёскі і возера паходзіць ад прозвішча Вялічка.

У Вялічках нарадзіўся адзін з беларускіх першадрукароў Ян Карцан.

ДАРЖЫ, вёска Ганчарскага сельсавету. Знаходзіцца за 15 км на паўднёвы ўсход ад раённага цэнтра Ліда, за 5 км ад чыгуначнай станцыі Ганчары, на рацэ Дзітва.

На 1.1.1996 г. - 128 падвор'яў, 440 жыхароў. На 1.1.2004 г. - 122 двары, 382 жыхары.

За 1 км на поўнач ад вёскі знаходзіцца стаянка, а каля паўноч. захаду дзюны Боркава гара - крэмнеапрацоўчая майстэрня каменнага веку.

СЯЛЕЦ, вёска Ганчарскага сельсавету. Знаходзіцца за 25 км на паўднёвы ўсход ад г. Ліды, на рацэ Нёман, пры чыгуначнай станцыі Нёман. Сялец (Селіца, Сяліца) упершыню згадваецца ў летапісе пад 1406 годам. Старастам лідскім у гэты час быў Якуб з Селіцы. Паводле тутэйшага падання менавіта гэты Якуб з Селіцы вадзіў лідскую харугву на Грунвальдскае поле.

У XIX - пачатку XX ст. вёска Ганчарскай воласці Лідскага павета. У 1880 і 1890-ыя гг. працавалі карчма, вінакурны завод (каля вёскі), школа царкоўнага пісьменства (адносілася да Беліцкага прыхода, адкрытаў 1895 г.). На пачатку XX ст. - 397 жыхароў, 486 дзесяцін зямлі. З 18 сакавіка 1921 да верасня 1939 г. у складзе Польшчы, вёска Ганчарскай гміны Лідскага павету Наваградскага ваяводства. На 30 верасня 1921 г. - 55 жылых дамоў, 308 жыхароў. З канца чэрвеня 1941 да ліпеня 1944 г. вёска акупавана фашысцкімі войскамі. 23 ліпеня 1941 г. гітлераўцы расстралялі 50 жыхароў.

На 1.1.1996 г. - 184 падвор'і, 384 жыхары. На 1.1.2004 г. - 155 двароў, 273 жыхары.

У Сяльцы жыве краязнавец Мікола Дзікевіч. ДЗІКЕВІЧ Мікалай Мікалаевіч, нарадзіўся 20 верасня 1924 г. у в. Дзітрыкі. Беларус. Закончыў гадзічны Лідскі педагагічны тэхнікум (1945). 8 студзеня 1946 г. прызваны ў шэрагі Чырвонай арміі, дэмабілізаваны 4.02.47 у годнасці "малодшы сяржант". Настаўнік у школах Лідскага раёна. Да выхаду на пенсію працаваў выкладчыкам фізкультуры ў Нёманскай школе. Узнагароджаны знакам ДТСААФ «За актыўную работу» (1975). Аўтар шэрагу краязнаўчых публікацый, а таксама гістарычна-этнаграфічнага эсэ "Дзітрыкі: згукі заснуўшай цывілізацыі" (друкавалася ў часопісе "Лідскі летапісец" з 2001 г.). Гэтае эсэ мае ўсе падставы лічыцца лепшым творам такога жанру ў Беларусі пачатку 21-га стагоддзя.

Недзе, каля Нёмана, у той ці іншы бок ад Сяльца жыла Адэля з Устроні.

Гэтае імя было вернута ў нашу літаратуру з бяспамяці зусім нядаўна. Вярнуў яго рупны даследчык беларускага пісьменства Адам Мальдзіс, які ў 1970 годзе ў моры рукапісаў Ягелонскай (універсітэцкай) бібліятэкі ў Кракаве знайшоў невялікую, напісаную лацінкай паэму на беларускай мове "Мачыха ". У канцы твору значылася імя аўтаркі - Адэля, яе радзіма - Устронь і дата напісання твору - 1850. Адам Мальдзіс пераканаўча паказаў што Адэліна Устронь - гэта вёска ў Ганчарскай былой воласці Лідскага павету. Прозвішча ж аўтаркі верша пакуль што выявіць не ўдалося.

У пачатку 20-га стагоддзя ў Ганчарскай воласці было вядома 20 Устроняў: 2 фальваркі Ленскага і 18 засценкаў - Куцкеля, Беняша, Кушняка, Мурына, Дзевятовіча, Дудзіча (2), Канановіча, Рымкевіча, Цахавецкага, Шута, Урбановіча (3), Буяка (2), Уласава, Піятроўскага. У засценках жыло ад 4 да 18 чалавек і абдымалі яны ад 3 да 20 дзесяцін. У фальварках Ленскага жыло 44 чалавекі на 503 дзесяцінах.

Некаторыя з Устроняў мелі другія назвы: Лапа, Паскі, Боркі, Чорны Лес.

За паўстагоддзя ад моманту напісання Адэляй з Устроні паэмы "Мачыха " ў Устронях магло шмат чаго змяніцца, але не выключана, што Адэля магла насіць адно з пералічаных прозвішчаў. У тым жа самьш рукапісе Адам Мальдзіс знайшоў і верш гэтай жа аўтаркі на польскай мове "Кракаў ", у якім расказваец-ца пра пажар у горадзе - мяркуецца, у час рэвалюцыі 1848 года, і выказваюцца розныя прароцтвы.


Па зямлі віхор пагнаўся,
З буйным ветрам паспіраўся.
Віхар туманочкам ляцеў,
Чорну буру відзець хацеў.
Бура да Нёмана хадзіла
I чысту воду муціла,
I з беражочка ў беражочак
Калыхала ўвесь Нямночык...
(З "Мачыхі")

БЕЛІЦА, вёска, цэнтр сельсавету. Размясцілася на перакрыжаванні дарог, якія ідуць у Дзятлава, Шчучын, Масты, Ліду, на правым беразе Нёмана. Побач з вёскай выяўленыя старажытныя стаянкі эпохі позняга палеаліту і, акрамя таго, бескурганны магільнік.

Вядомая па пісьмовых крыніцах з 1377 года, Беліца паспела пабываць і вялікакняскім валоданнем, і цэнтрам староства, і сталіцай павету. Патрапіўшы ў рукі Радзівілаў малодшай лініі, яна ператварылася пры іх у пратэстанцкі цэнтр, у якім праводзіліся сіноды кальвіністаў. Уладальнікі Беліцы ўзвялі тут свой замак, а пазней, у першай палове XVII стагоддзя, на яго месцы - сядзібу.

Крыжаўзвіжанская царква. БЕЛІЦА Яшчэ ў сярэдзіне XVI стагоддзя тут з'явілася царква, чыё месца ў канцы XIX стагоддзі заняў сціплы драўляны Крыжаўзвіжанскі храм. Яе сілуэт ажыўляюць толькі невялікая васьмерыковая вежа-званіца з верхавінай ды цыбульны купал над абсідай. Побач з царквой - новыя могілкі, а на старых можна ўбачыць каталіцкую святыню ў імя Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай, простую па кампазіцыі і падобную па сілуэце з царквой. У арачнай нішы франтона ўсталяваная драўляная скульптура Хрыста.

Захавалася ў Беліцы і яўрэйскія могілкі, а непадалёк ад вёскі нядаўна з'явіўся помнік ахвярам Халакосту.

Па польскаму перапісу ад 30.9.1921 г., у Беліцы 293 жылыя пабудовы, 1506 жыхароў.

На 1.1.1996 г. - 372 па-двор'і і 965 жыхароў. На 1.1.2004 г. - 287 двароў, 678 жыхароў.

Пакроўская царква. ЗБЛЯНЫЗБЛЯНЫ, вёска Беліцкага сельсавету.Знаходзіцца за 38 км на поўдзень ад раённага цэнтра Ліда, за 15 км ад чыгуначнай станцыі Нёман. Паводле пісьмовых крыніц XIX - пачатку XX ст. - сяло Збляны (Зябляны) пры рацэ Нёман Беліцкай воласці Лідскага павету. У 1864 г. адкрыта народнаая навучальня. Тут дзейнічае Пакроўская царква.

Збляны вядомы як даўні цэнтр ручнога мастацкага ткацтва. Посцілкі, ручнікі вызначаліся разнастайнасцю арнаменту, іх узоры мелі розныя колеры. Многія вырабы народных мясцовых ткачых зроблены з высокім густам, маюць выразнае рашэнне, з'яўляюцца сапраўднымі творамі мастацтва. Традыцыі народнага ткацтва захоўваюцца да цяперашняга часу. Посцілкі мясцовых ткачых адметныя мажорным колеравым ладам. Характэрная кампазіцыя: папярочныя палосы («вясёлкі»), пераважна жоўтага, зялёнага, сіняга, малінавага, фіялетавага і чорнага колеру. У 1960-ыя гг. вялікае пашырэнне атрымала новая кампазіцыя, якая будуецца на чаргаванні папярочных шырокіх гладкіх і ўзорыстых палос. Узоры маюць тры элементы - «дарогі», «зубчыкі», шматпялёсткавыя разеткі. Гэтым дасягаецца разнастайнасць арнаменту. Звычайна на чорным або карычневым фоне размяшчаюць узорыстыя палосы розных мажорных колераў. Вытанчаная каларыстычная гама, асабліва ў кампазіцыі «вясёлка», выразнае рашэнне, высокае ткацкае майстэрства робяць гэтыя рэчы сапраўдымі творамі мастацтва. У апошні час ткуць посцілкі пераважна ў мясцовых традыцыях у тэхніцы перабору і закладання. У вёсцы здаўна бытавалі іншыя хатнія промыслы: прадзенне, шыццё адзення з даматканіны, пляценне лапцяў, віццё вяровак, выраб простай мэблі і інш., якія служылі галоўным чынам для задавальнення патрэб сям'і. Некаторыя жыхары наймаліся нарыхтоўваць лес, дровы, піламатэрыялы да памешчыкаў і прамыслоўцаў, а таксама сплаўляць лес па мясцовых рэках.

З 18 сакавіка 1921 да 1939 г. - у складзе Польшчы, вёска Беліцкай гміны Лідскага павета Навагрудскага ваяводства. На 30 верасня 1921 г. - 73 жылыя пабудовы і 377 жыхароў. Сумежна з вёскай знаходзілася калонія Збляны (17 жылых пабудоў, 91 жыхар). У 1971 г. налічвалася 119 двароў, 385 жыхароў.

На 1.1.1996 г. - 97 падвор'яў, 214 жыхароў. У вёсцы ёсць магазін, клуб, бібліятэка. На 1.1.2004 г. - 68 двароў, 118 жыхароў.

Недзе ў канцы 40-х - пачатку 50-х у Зблянах быў створаны славуты Зблянскі народны хор. Наогул, вёска Збляны была вельмі спеўнай. Былі сем'і, у якіх спявалі ўсе, да апошняга чалавека. Да стварэння хору спрычыніўся Астап Каштан. Зблянскі хор быў своеасаблівым папярэднікам усіх сучасных фальклорных калектываў Лідчыны. Хор распаўся з-за натуральнага старэння яго ўдзельнікаў і змяншэння насельніцтва вёскі Збляны.

ЗБЛЯНЫ, хутар недалёка ад вёскі. Знаходзіцца за 37 км на поўдзень ад раённага цэнтра Ліда, за 15 км ад чыгуначнай станцыі Нёман. На 1.1.1996 г. - 29 падвор'яў і 60 жыхароў. На 1.1.2004 г. - 25 двароў, 40 жыхароў.

На хутары Збляны створаны фальклорны калектыў, які працуе пры Парэцкім сельскім клубе. Фальклорны калектыў хутара Збляны складаецца з 14 удзельнікаў; Жанчыны спяваюць больш за 20 гадоў. Пры Парэцкім сельскім клубе спяваюць больш за 6 гадоў. У іх рэпертуары беларускія народныя песні: "Ой у лузе каліна стаяла", "Цячэ вада хаця мутна", "Капаў, капаў крынічаньку", "Ой не свеціць месячыку", "Ой пайду я выйду", "Чаму ж не прыйшоў", "Там за гаем зеляненькім", "Ой сівы конь бяжыць", "Цвіце тэрэнь", "Па садочку шпацыравала", "Як прыйду ды кумкі", "У агародзе лебяда" і шматлікія інш. песні. Акрамя песень спяваюць частушкі. Танчаць беларускія народныя танцы, "Кракавяк", "Падыспань", "На рэчаньку", "Акуліна", "Амбэрак", "Полька" і мн. іншыя. На базе фальклорнага калектыва х. Збляны быў праведзены абласны семінар па фальклоры і быў пастаўлены абрад "Хрысціны". Калектыў прымае ўдзел у раённых святах "Кірмаш талентаў", "Дажынкі". У 2003 годзе фальклорная група была знятая на БТ у праграме "Спявай душа". Сярод удзельнікаў фальклорнай групы маюцца салісты: Ёдка Ўладзімір Баляслававіч, Калашнікава Кацярына Іванаўна, Майніч Галіна Фёдараўна, Урбановіч Марыя Пятроўна. У іх рэпертуары такія песні: "Ой сівы конь бяжыць", "Ой пайду я выйду", "Цвіце тэрэнь", прыпеўкі, "Пасаджу каліну ў полі".

ПЕСКАЎЦЫ, вёска, цэнтр сельсавету. Знаходзіцца за 50 км на паўднёвы захад ад раённага цэнтра Ліда, на правым беразе ракі Нёман, за 27 км ад чыгуначнай станцыі Скрыбаўцы. У другой палове XIX - пачатку XX ст. вёска Беліцкай воласці Лідскага павету. У 1895 г. адкрыта школа царкоўнага пісьменства, якая адносілася да Зблянскага праваслаўнага прыходу. Паводле польскага перапісу ад 30 верасня 1921 г., вёска Беліцкай гміны Лідскага павета Навагрудскага ваяводства, 87 жылых пабудоў, 490 жыхароў. З 1940 г. - цэнтр сельсавету.

На 1.1.1996 г. - 173 падвор'і, 440 жыхароў. На 1.1.2004 г. - 178 двароў, 404 жыхары.

Каля зах. ускрайку вёскі -селішча жалезнага веку. За 0,4 км на захад і каля малога лесу - стаянкі мезаліту і бронзавага веку.

ГОЛДАВА, вёска, цэнтр сельсавету. У цэнтры сяла стаіць царква Нараджэння Багародзіцы, ссечаная ў канцы XVIII стагоддзі як уніяцкі храм на месцы базыліянскага Траецкага кляштара, які Царква Нараджэння Багародзіцы. ГОЛДАВАпрыйшоў у заняпад. Прастакутнай малітоўнай зале храма папярэднічае стройная званіца. Да пяціграннай абсіды прымыкае рызніца. У сярэдзіне царквы ўсталяваны разьбяны двух'ярусны іканастас з накладной пазалочанай арнаментальнай разьбой. Ён падзелены вытанчанымі калонамі і пілястрамі, паміж якімі змешчаныя абразы з мінулага і пазамінулага стагоддзяў. Насупраць царквы - двухярусная званіца.

Іншая драўляная царква ў Голдаве, ужо з другой паловы XIX стагоддзя, знаходзілася на могілках. У плане яна ўяўляе сабой выцягнуты крыж. Над сяродкрыжжам падымаецца барабан, увянчаны шатровым дахам. Другая вертыкаль святыні - шатровая званіца пры галоўным фасадзе.

Крыжаўзвіжанская царква. БАБРЫБАБРЫ, вёска Голдаўскага сельсавету. Невялікую драўляную Крыжаўзвіжанскую царкву пабудавалі ў 1810 годзе, а праз семдзесят гадоў перарабілі, дадаўшы да бабінца шатровую паўасьміну званіцы з верхавінай. Прастакутны алтар святыні абстаўлены з трох бакоў рызніцамі. Рознавысотность усіх складнікаў царква аб'ёмаў нараджае мяккі, пластычны малюнак сілуэту помніка. Каля царквы ляжыць камень-следавік.

РАДЗІВОНІШКІ, вёска Мажэйкаўскага сельсавету. Царква ў Радзівонішках была пабудаваная ў 1869 годзе і ўвасабляе ў сабе ўжо неаднаразова згаданую кананічную чатырохчасткавую кампазіцыю, якая атрымала шырокае распаўсюджванне ў праваслаўным будаўніцтве Беларусі пасля разгрому нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863 года, у якім шляхта Лідскага павету прымала актыўны ўдзел. Выбудаваная з каменя і цэглы, царква вельмі падобная на Пакроўскі храм у Мыто. Тут з 1795 па 1807 год жыў Даніэль Казімір Нарбут (1738, Крупава - 1807) - мысляр, асветнік, філосаф. Выхадзец з Лідчыны, ён атрымаў грунтоўную падрыхтоўку ў піяраў, выкладаў філасофію ў піярскіх калегіюмах, выдаваў кнігі, у якіх разважаў аб грамадскай прыродзе чалавека, займаўся рэформай школьнай адукацыі ў Беларусі і Літве. Быў пахаваны ў Радзівонішках.

РЭПНІКІ, вёска ў Мажэйкаўскім сельсавеце. Знаходзіцца за 18 км на паўднёвы захад ад г. Ліда. На пачатку XX ст. вёска Тарноўскай воласці Лідскага павету, 156 жыхароў, 173 дзесяціны зямлі. Паводле перапісу ад 30 верасня 1921 г., вёска Тарноўскай гміны Лідскага павету Наваградскага ваяводства, 28 жылых дамоў, 137 жыхароў. На 1.1.1996 г. - 46 па-двор'яў, 80 жыхароў. На 1.1.2004 г. - 35 двароў, 52 жыхары. У Рэпніках нарадзіўся Вячаслаў Статкевіч. Вячаслаў Статкевіч - саліст фальклорнага ансамбля "Свята" , вядовец тэлеперадачы "Спявай душа".

ФЕЛІКСАВА, вёска ў Мажэйкаўскім сельсавеце. Знаходзіцца за 25 км на паўднёвы захад ад г. Ліда, за 4 км ад чыгуначнай станцыі Скрыбаўцы. На пачатку XX ст. фальварак Лебядской воласці Лідскага павета Наваградскага ваяводства. З сакавіка 1921 да верасня 1939 г. у складзе Польшчы. Паводле перапісу ад 30 верасня 1921 г., вёска Лебядской гміны Лідскага павету Наваградскага ваяводства, 33 дамы, 219 жыхароў.

На 1.1.1996 г. - 73 падвор'і, 147 жыхароў. На 1.1.2004 г. - 91 двор, 220 жыхароў.

Каля вёскі Феліксава ў фальварку Лебяда пана Фядэцкага рос таленавіты хлопчык Земавіт. У часы вайны Земавіт знайшоў прытулак у беларускай сям'і Івана Мальца з Феліксава. У Феліксаве Земавіт Фядэцкі запісаў вялікую колькасць беларускіх народных песень з нотамі і выдаў іх у Польшчы пад назвай "Цёплыя вечары, ды халодныя ранкі czyli co spiewano w Fieliksowie" .

Фядэцкія пасля вайны выехалі ў Польшчу. Земавіт некаторы час працаваў аташэ ў польскай амбасадзе ў Маскве. Пераклаў на польскую мову і выдаў раман "Доктар Жывага" Пастарнака. Кнігу ""Цёплыя вечары, ды халодныя ранкі czyli co spiewano w Fieliksowie" у Італіі назвал "песнямі Атлантыды", а ў энцыклапедыі "Беларускі фальклор" для Земавіта Фядэцкага не знайшлося і двух радкоў.

У песеннай вёсцы Феліксава створаны ансамбль бытавых інструментаў "Каханачка". Ансамбль бытавых інструментаў "Каханачка" Феліксаўскага сельскага клуба Лідскага раёна быў заснаваны ў 1980 годзе. Усе ўдзельнікі гэтага калектыву добра спяваюць, танцуюць, іграюць на розных музычных інструментах (акардэон, бубен), бытавых (піла, тарка, граблі і г.д.). Беларускія народыя песні: калядныя, валачобны, жартоўныя, прыпеўкі, самабытныя танцы сваёй вёскі і складаюць аснову рэпертуару ансамбля. Нязменным поспехам карыстаюцца ў гледачоў танцы-найгрышы "Аляксандра" і "Каханачка", песні: "Лета, маё лета", "Суха каліна", "Явар". Названыя творы запісаны ў вёсцы Феліксава, адноўлены і апрацаваны. У 1995 годзе ансамблю бытавых інструментаў "Каханачка", прысвоена найменне "народны". Лаўрэат ІІІ-га Усесаюзнага фестывалю народнай творчасці; прымаў удзел у раённых, абласных і рэспубліканскіх святах, фестывалях і аглядах мастацкай самадзейнасці, дзе быў узнагароджаны граматамі, дыпломамі. У жніўні 2002 года адбыўся запіс праграмы Беларускага тэлебачання "Спявай душа", дзе ансамбль "Каханачка" прадставіў абрад "Дажынкі".

МАЖЭЙКАВА (да 2003 года - Малое Мажэйкава) - цэнтр сельсавету. Гэтае старадаўняе селішча, вядомае з 1506 года, змяніла нямала гаспадароў з 1860 года ім валодалі Брахоцкія. Яны Маламажэйкаўская царквавыбудавалі ў 70-80-х гадах XIX стагоддзі шырокую сядзібу, стылізаваную пад класіцызм, са ўсімі абавязковымі ў такіх выпадках складнікамі: сядзібным домам, флігелем, гаспадарчымі будынкамі і рэгулярна-пейзажным паркам з сажалкамі. Мясцовы саўгас (зараз аграфірма "Мажэйкава") устроіў тут сваю цэнтральную сядзібу сур'ёзна і надоўга...

Палац, перабудаваны Ўладзіславам Брахоцкім у пачатку XX стагоддзі, па-ранейшаму сустракае наведвальніка самавітым четырохкалонным дарыйскім порцікам,увянчаным трохкутным франтонам з люкарнай. Пад шатамі порціка хаваецца мансардны паверх, які падымаецца над аднапавярховым працяглым прастакутным будынкам, накрытым высокім вальмовым дахам. Фасад рытмічна дзеляць аконныя праёмы з сандрыкамі, аддзеленыя адзін ад аднаго руставанымі лапаткамі. Парадная частка дома размяшчалася ў правай яго частцы, службовая - у левай. Яны мелі анфіладную планіроўку. Ацалелая дагэтуль вітая лесвіца вяла з хола на другі паверх, дзе размяшчаліся спальні. Флігель і гаспадарчыя пабудовы ў сваім афармленні таксама былі нададзеныя класіцыстычнай дэкарацыяй і, на шчасце, захавалі яе сляды. Апошнім уладальнікам маёнтка стаў сын Уладзіслава Брахоцкага - Аляксандр, па адукацыі інжынер-гідратэхнік, якога тут заспелі падзеі 1939 года. Ім напісаныя мемуары, што захоўваюцца цяпер у Нацыянальнай бібліятэцы Польшчы.

Побач з Мажэйкавым знаходзіцца, зараз ужо на тэрыторыі Шчучынскага раёна, у вёсцы Мураванцы, знакаміты храм-цвердзь Нараджэння Багародзіцы, выбудаваны, верагодней усяго, у другой чвэрці XVI стагоддзі. Яго па традыцыйнай прыналежнасці да маёнтка Малое Мажэйкава да гэтага часу так і завуць Маламажэйкаўскай царквой.

ВАВЕРКА, вёска, цэнтр сельсавету Так і жадаецца сказаць па-беларуску - Вавёрка! Між іншым, у XIX стагоддзі гэтую вёску звалі менавіта так. А вядома яна з 1413 года, калі тут быў закладзены касцёл Св. Францішка, пасля пераасвечаны ў імя Св. Сёмухі. У сярэдзіне XVI стагоддзя ён стаў кальвінісцкім зборам і вярнуўся ў каталіцтва напярэдадні свайго разбурэння ў Трынаццацігадовую вайну (1654 -1667). Адноўлены ў 1841 годзе Кастравіцкімі, храм гэты пад імем Ператварэння Панскага ў пачатку XX стагоддзя быў зафіксаваны вядомым майстрам фатаграфіі Янам Балзункевічам. Цяпер касцёл абноўлены.

У вёсцы Зіневічы каля Ваверкі нарадзіўся КАНДРАТОВІЧ Кіпрыян (Цыпрыян) Антонавіч . (1859-1932), бел. і рус. военачальнік. (49KB) Генерал Кандратовіч. Генерал ад інфантэрыі, міністр абароны Беларускай народнай рэспублікі, стваральнік беларускага войска. Апошні ўладальнік маёнтку Гародна. Быў пахаваны ў Лідзе, перазахаваны ў Воранава. Практычна з "нуля" напісаў біяграфію генерала лідскі краязнаўца Лаўрэш Л.

Недалёка ад Ваверкі каля Старых Васілішак у Лябёдцы - маёнтку Іваноўскіх Вацлаў Іваноўскі, Алаіза Пашкевіч (Цётка) і інш. маладыя беларусы выдалі ў 1903 г. першы і адзіны нумар нелегальнай беларускай газеты "Свабода".

ГАРНІ, вёска ў складзе Траццякоўскага сельсавету. Знаходзіцца за 4 км на паўднёвы ўсход ад горада і чыгуначнай станцыі Ліда. Паводле польскага перапісу ад 30 верасня 1921 г., вёска Лідскай гміны Лідскага павету Наваградскага ваяводства, 49 жылых пабудоў, 244 жыхары.

На 1.1.1996 г. - 82 падвор'і, 183 жыхары. На 1.1.2004 г. - 86 двароў, 178 жыхароў. У Гарнях размешчаны парк, закладзены ў 1881 г.

І нарэшце зноў ЛІДА. Ад Гарнёў трапляем у раён завода "Оптык" і тут можна пазнаёміцца яшчэ з адным калектывам горада Ліды - народным хорам "Скарбніца". Народны хор "Скарбніца" РУП "Завод Оптык". На працягу 18 гадоў кіраўніком Народнага хору "Скарбніца" з'яўляецца Палівачка Аліцыя Збігнеўна. У рэпертуары хору беларускія народныя песні, а таксама песні іншых народаў.

Лідскі гістарычна-мастацкі музей. 10 лютага 1959 г. было прынята рашэнне аб стварэнні ў г. Лідзе краязнаўчага музея. Музей размясціўся ў хрысціянскім культавым будынку, пабудаваным у 1863 г. 24 красавіка 1959 г. адбылося адкрыццё музея. Гэтаму папярэднічала даследчая і збіральная праца па гісторыі штрайкаў 1930-х гг., партызанскага і падпольнага руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Першапачаткова былі вылучаныя тры экспазіцыйных аддзела: прыроды, гісторыі дасавецкага і савецкага перыядаў.

Агульная плошча музея склала 358 м 2, экспазіцыйная - 317 м 2. У 1967 г. была адчыненая экспаіцыя аддзела савецкага перыяду, а ў 1970 г. - экспазіцыі аддзелаў прыроды і гісторыі дасавецкага перыяду. У 1979 г. фонды музея пачалі папаўняцца прадметамі археалагічных раскопак з замка. У 1999 г. будынак музея быў перададзены Наваградска-Лідскай епархіі пад Архістраціга-Міхайлаўскі кафедральны сабор, а музей перамясціўся ў будынак былога салона сямейных урачыстасцяў.

1 лютага 2000 г. краязнаўчы музей і мастацкая галярэя былі аб'яднаныя ў адну ўстанову - гістарычна-мастацкі музей. Новы будынак музея двухпавярховы, агульная плошча - 1820 м 2. У цяперашні час праводзіцца рэканструкцыя будынка пад музей. У будучыні ў музеі будзе дзве экспазіцыйных залы: зала гісторыі плошчай 320 м 2 і зала прыроды плошчай 112 мВалянцін Таўлай2. Яны размесцяцца на 1-м паверсе. Другі паверх аддадзены пад выставачныя залы агульнай плошчай 360 м 2. Штогод у музеі праводзіцца больш 20 выстаў, як з фондаў музея, так і з іншых гарадоў, блізкага і далёкага замежжа. Тэматыка іх разнастай-ная: выставы работ мясцовых і іншагародніх мастакоў, археалагічныя, гістарычныя, этнаграфічныя, прыкладнага мастацтва, прадстаўлены жывёльны свет Лідчыны. Традыцыйнымі сталі сезонныя выставы "Свет пакаёвых кветак". Праводзяцца камерцыйныя выставы. У музеі маецца больш 33 000 музейных прадметаў асноўнага фонду і больш 4000 навукова-дапаможнага.

У фондах музея знаходзяцца цікавыя музейныя прадметы і калекцыі. У 2005 годзе на баланс музея перададзены Лідскі замак, і з 2006 года пачалася яго эксплуатацыя, як музейнага аб'екта. У 2006 годзе музею павінен быць перададзены "Домік Таўлая", дзе будзе адкрыты Лідскі літаратурны музей. Акрамя гістарычна-мастацкага ў горадзе і раёне дзейнічае яшчэ каля паўтара дзесятка самых розных музеяў.

Валянцін Таўлай. Гісторыя Ліды цесна звязана з імем беларускага паэта Валянціна Таўлая. Перад вайной у Лідзе жыў бацька Валянціна Таўлая, часта бываў сам Валянцін. У 1940-41 гг. Валянцін Таўлай жыў у Лідзе і працаваў у лідскай газеце "Уперад".

У вайну Валянцін Таўлай быў схоплены немцамі, але быў выкуплены з вязніцы. Пра гэты выкуп існуе не адна легенда і не адно паданне, але факт застаецца фактам лідзяне выкупілі з нямецкай вязніцы свайго паэта Валянціна Таўлая, збераглі домік, у якім ён жыў, і стараюцца адкрыць у гэтым доміку літаратурны музей.

Галіна Таўлай, дачка Валянціна Таўлая. (н. 22.9-1946, Менск), эт-намузыколаг. Кандыдат мастацтвазнаўства (1983). Скончыла Бел. кансерваторыю (1970). З 1965 выкладала ў музычных школах Менска, з 1985 навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Бел. АН. З 199б у Расійскім Інстытуце гісторыі мастацтваў. Даследуе праблемы функцыянавання, стылістыкі, музычнай тыпалогіі, мелагеаграфіі бел. песеннага фальклору. Аўтар манаграфіі «Беларускае Купалле: Абрад, песні» (1986), музычных раздзелаў у тамах серыі БНТ: «Сямейна-бытавыя песні» (1984), «Купальскія і пятроўскія песні» (1985), «Сацыяльна-бытавыя песні» (1987), «Радзіны: Абрад. Песні» (1998). Т. Б. Варфаламеева.


Лідскія краязнаўчыя арганізацыі:

  1. Лідскае краязнаўчае таварыства імя Тодара Нарбута.
  2. Лідскае краязнаўчае таварыства "Павет".

Лідскія краязнаўцы:

  1. Міхась Бурачэўскі.
  2. Аляксандр Жалкоўскі.
  3. Аляксандр Колышка.
  4. Уладзімір Круцікаў.
  5. Анатоль Кулеш.
  6. Лявон Лаўрэш.
  7. Валеры Сліўкін.
  8. Станіслаў Суднік.
  9. Станіслаў Ушакевіч.

Дзе можна пачытаць пра Лідчыну:


Беларускі фальклор.Энцыклапедыя: Гудскі гармонік, т.І, ст.375; Калі ласка, т.ІІ, ст.26; Каханачка, т.ІІ, ст.671 - 672.
Гродзеншчына ў легендах і паданнях. Ліда. Бярозаўка. Крупава. Крыніца. Леснікі. Мацэвічы.Укл. Аляксея Ненадаўца. Мн., 1999.
Жучкевич В.А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Мн., 1974
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць. Лідскі раён. Мн., 1986, ст.228-246
Легенды і паданні. Звод БНТ у 46 тт. Мн.,1983
Лида и окрестности. Справочник туриста. Мн., 2004
Памяць. Гісторыка-дакумента-льныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. Лідскі раён. Мн., 2004
Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі ў 5-ці тт. - Мн., 1984-1987
Этнаграфія Беларусі. Мн., 1989.
Лідскі летапісец. №№ 1-32.
Інтэрнэт-сайты і ў першую чаргу "Pawet".
 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX