Вярнуцца: Агульнае краязнаўства Лідчыны

Горад Ліда і Лідскі замак Город Лида и Лидский замок


Аўтар: Шымялевіч М.,
Дадана: 25-01-2010,
Крыніца: Виленский календарь. Вильно, 1906. Стр. 37-57., Лідскі летапісец № 42.

Спампаваць




Ліда, цяпер павятовы горад Віленскай губерні, а ў старажытнасці цэнтр адной з вялікакняскіх воласцяў, размешчаная пад 53°53" п. ш. і 42°58" у. д., на правым беразе р. Ліды, якая ўпадае ў Нёманскі прыток Дзітву, за 89 вёрст ад г. Вільні. Наваколлі Ліды ўяўляюць сабою амаль дасканалую раўніну, толькі ў некалькіх месцах перарэзаную спадзістымі далінамі невялікіх раўчукоў і рэчак і ў значнай частцы пакрытую лясамі.

(37KB) szumulewicz.jpg

Мясцовасць гэтая, першапачаткова занятая адным з літоўскіх плямёнаў,-відаць, Няромай,-у канцы першай паловы XI ст. увайшла ў склад рускіх валадарстваў. Па словах гісторыкаў Літвы, вялікі князь кіеўскі Яраслаў I Уладзіміравіч у 1040 і 1044 г.г. здзейсніў два паходу на Літву і, разбіўшы літоўцаў у наваколлях г. Слоніма, перайшоў р. Нёман і завалодаў іх землямі аж да р. Віліі (Narbutt,dziejenaroduLitewskiego,III, 225,233,235). З тых часоў да паловы XIII ст. р. Вілія складала межавую рысу паміж літоўскімі і рускімі валадарствамі, пры чым правы бераг яе зваўся Літоўскім берагам, а левы Рускім або Рускім краем (Летапіс Быхаўца 1846, 4). Ужо ў пачатку XII ст. на Рускім баку р. Віліі існавала некалькі ўдзельных рускіх княстваў, з ліку якіх часцей за іншых у гісторыі згадваецца Гарадзенскае (Stryjkowski,kronikaPolska.Litewskaetc. (1846).I, 85).

Адціснутыя за р. Вілію літоўцы спакойна сядзелі сярод сваіх лясоў да паловы XII ст., калі адзін з літоўскіх князёў Кунас, па словах літоўскага летапісу (Летапіс Быхаўца, 2-3), "пануючи в земли Жмойдской, почалъ множити и разширати и выходити за реку Веллю". Выхад Кунаса за Вілію, відаць, паставіў у некаторую залежнасць ад яго Рускі бок. Паміж іншым летапісы захавалі вестку аб гарадзенскім князі Валадары Глебавічы, які абапіраючыся на цесны саюз з Літвою, наводзіў жах на сваіх сваякоў. У 1159 г., калі ўсе полацкія князі склалі часовы мір і цалавалі адзін аднаму крыж, Валадар Глебавіч ухіліўся ад агульнага замірэння: «не целова креста тем же ходяше под Литвою в лесах». (Ипат. Лет., Карамзин, II, примеч. 386) Далей у крыніцах праслізваюць весткі, што з-за ўладанне краем паміж Літвою і Руссю вялася ўпартая барацьба, якая скончылася тым, што ў 1219 г. дзевятнаццаць літоўскіх князёў з'явіліся да вялікай княгіні Раманавай (удавы Рамана Мсціслававіча Галіцкага) і яе сыноў Данііла і Васількі і склалі мір (Ibid. III, заўв.. 190.). Рускі край застаўся пад уладай рускіх князёў да паловы XIII ст.

У 1242 г. татарскія атрады цалкам спустошылі Чорную Русь і Рускі край. Літоўскія князі, карыстаючыся тым, «иж Русская сторона спустела и русские князи разогнаны», у 1246 г. на чале з Эрдзівілам Мантвілавічам , пераправіўшыся цераз Вілію і Нёман, бесперашкодна занялі ўвесь Рускі край і Чорную Русь. (Летапіс Быхаўца, 3-4; Stryjkowski. I. 233-237). З тых часоў да канца XVIII ст. уся гэтая мясцовасць стала знаходзілася ў складзе літоўскіх земляў.

Каля 1330 г. у Рускім краі, на правым узбярэжжы р. Нёмана, і Васкрасенскі летапіс і хроніка Стрыйкоўскага ў першы раз згадваюць імя літоўскага горада Ліды (Полное Собр. Рус. Лът., VIII, Воскрес., 240; Stryjkowski, I, 381.). Хоць імя Ліды датуль ні ў адной, з першакрыніц і не сустракаецца, але несумнеўна, што селішча гэта належыць да ліку найстаражытных селішчаў літоўцаў і існавала ўжо ў Х ст., г. зн. да таго часу, калі Рускі край не быў яшчэ ў валоданні рускіх князёў. На гэтую акалічнасць паміж іншым паказвае літоўскага паходжанне самой назвы "Ліда", якая азначае ў перакладзе, на рускую мову - лясныя пацярэбкі, пчальнік, наогул мясцовасць, вычышчаную ад росшага на ёй лесу (Narbutt, Dzieje, V, дадат. I.). Несумнеўна таксама, што Ліда яшчэ ў палове XIII ст. уяўляла собою ўмацаваны пункт, бо Іпацеўскі летапіс пры апісанні княжання Войшалка згадвае, што ён пры дапамозе Шварна і Васілька "имал городы в Литве и в Налщанох"(Карамзін, IV, заўв. 142).

Неаднаразовыя з'яўленні рускіх князёў і татараў на левым узбярэжжы верхняй плыні р. Нёмана і жаданне забяспечыць ад нападаў іх межы ўласнай Літвы і новай літоўскай сталіцы Вільні, прымусілі Гедзіміна збудаваць у Лідзе, на месцы старога драўлянага ўмацавання, новы замак. Пішуць, што аснова новага Лідскага замка было закладзена Гедзімінам у 1323 г., а пабудова яго цягнулася некалькі гадоў, пры чым замак будавалі палонныя валынцы, пад кіраўніцтвам выпісаных з Кіева майстроў (Narbutt, Dzieje, V, дадат. I.).

Гедзімін, незадоўга да сваёй смерці, размяркоўваючы ўдзелы паміж сваімі сынамі, Лідскі замак з цягнуўшайся да яго воласцю, у якасці трокскага прыгарада, аддаў Кейстуту (Stryjkowski. I. 381). У 1346 г. Лідская воласць была саступленая Кейстутам брату свайму Альгерду, які каля 1370 г. аддаў яе ў трыманне свайму прыдворнаму ўлюбёнцу і разам з тым чалавеку нізкага паходжання нейкаму Вайдылу. Летапіс Быхаўца (стар. 23) распавядае, што «некто пан был холоп у великого князя Ольгерда, паробок невольны, звали его Войдылом, первие был пекарь, потом уставил его постелю слати и воду давати себе питии, а потом и вельми полюбился ему и дал был ему Лиду держати и повел был его у доброе». Па смерці Альгерда, Вайдыла ўзвысіўся яшчэ больш: дзякуючы свайму розуму і хітрасці, ён здолеў падпарадкаваць сабе слабахарактарнага Ягайлу і пачаў аказваць уплывы на дзяржаўныя справы; Ягайла ж дараваў Вайдылу баярскую годнасць і выдаў за яго замуж сваю родную сястру Марыю. Апошні ўчынак Ягайлы моцна абразіў самалюбства дзядзькі яго, старога Кейстута, які адкрыта пачаў дакараць сваю радню за сувязь яе з чалавекам нізкага паходжання, Вайдыла ж пачаў помсціць за гэта Кейстуту. Узаемная варожасць скончылася тым, што Кейстут, празнаўшы аб заключаным супраць яго саюзе паміж Ягайлам і крыжакамі, раптам напаў на Вільню, схапіў Ягайлу, а сябе абвясціў вялікім князем. Князь ноўгарад-северскі Зміцер Карыбут, родны брат Ягайлы, заступіўся за апошняга і пачаў пагражаць Кейстуту. Кейстут выступіў супраць Карыбута і па дарозе ў яго ўдзел напаў на Дуброўню, за 5 вёрст ад Ліды, схапіў тут Вайдылу і загадаў яго павесіць у 1381 г. (Danilowicz. Skarbiec Diplomotow. I. № 477, заўв. 8 ).

Аднак і Кейстут не доўга сядзеў на вялікакняскім пасадзе. У 1383 г. Ягайла пад падставай прымірэння прывабіў яго да сабе, затрымаў і адправіў у Крэўскі замак, у падзямеллі якога няшчасны стары быў задушаны. Такая ж доля пагражала і Вітаўту, але ён паспеў збегчы да нямецкіх рыцараў, з якімі на працягу некалькіх гадоў трывожыў Літву.

Са смерцю Вайдылы Лідская воласць перайшла ў валоданне Ягайлы, які ў граматах тытулаваў сябе князем віцебскім, крэўскім, лідскім (Balinski. Starozytna Polska. III. 253).

У той час Лідская воласць займала сабой толькі малаважную паўднёва-ўсходнюю частка цяперашняга Лідскага павету, менавіта, тыя самыя землі, з якіх у XV-XVI ст. быў складзены Лідскі павет. З аднаго боку яна р.р. Жыжмай і Гаўяй адлучалася ад воласці Віленскага прыгарада Ашмяны, а з іншага боку цераз р. Дзітву межавала з Трокскім княствам (М. Любавский. Областное дел. и местное управл. Лит.-Рус. Госуд.).

У 1391 г. Ягайла аддаў Ліду Зміцеру Карыбуту, а ў студзені месяцы, наступнага года, моцны аддзел нямецкіх рыцараў у шэрагах якога знаходзіўся і сам Вітаўт, пярайшоўшы па лёдзе каля м. Аліты р. Нёман, нечакана з'явіўся ля сценаў Лідскага замка, спаліў прылеглую да яго частку горада і запатрабаваў здачы яго Вітаўту. Застрашаны першымі дзеяннямі рыцараў, Зміцер Карыбут у глухую поўнач спешна выступіў са ўсім сваім аддзелам з замка, пакідаючы яго без бою Вітаўту, і накіраваўся ў Наваградак. Пішуць, што крыжакі вывезлі тады адгэтуль вялікія запасы зброі, правіянту і г.д. Атрымаўшы такім чынам у сваё валоданне Лідскі замак, Вітаўт у хуткім часе зноўку перабудаваў яго і зрабіў з яго адно з наймацнейшых умацаванняў на Літве (Narbutt, V. 245, Balinski, III, 253.).

4 жніўня 1392 г. у маён. Востраў, у 9 вер. ад г. Ліды, паміж Вітаўтам і Ягайлам, былі падпісаныя ўмовы вечнага міру, пры чым Лідская воласць засталася ў валоданні Вітаўта. Гэтая апошняя акалічнасць паслужыла нагодай да новай міжусобнай вайны. Карыбут запатрабаваў у Вітаўта вартання Ліды, але атрымаўшы адмову, у пачатку восені 1392 г. сабраў значнае наёмнае войска і выступіў з ім супраць Вітаўта. Вітаўт не дапусціў Карыбута да сценаў Лідскага замка і сустрэў яго на беразе р. Нёман. Ля в. Дакудава адбылася кароткая, але гарачая бітва. Карыбут не выстаяў і адступіў да Наваградка, але і тут ён абараніцца не сумеў, быў пабіты, захоплены ў палон і са ўсім сваім сямействам адасланы да Ягайлы ў Польшчу (Летапіс Быхаўца, 33; Stryjkowski, II, 101).

У 1397 г. Вітаўт аддаў Лідскую воласць у валоданне ўцякачу пад яго заступніцтва хану, некалі грознай Залатой Арды, Тахтамышу. Тахтамыш два з лішнім гады пражыў у г. Лідзе ў адмысловым доме, што стаяў на тым месцы, дзе цяпер размешчаныя хаты плябаніі р.-каталіцкага касцёла. Мясцовасць гэтая доўгі час насіла назву Тахтамышава двара (Живописная Россия, изд. Вольфа, III, ч. II).

Планы Вітаўта аб узвядзенні на пасад Залатой Арды Тахтамыша і аб заваёве Масквы і ўсёй Русі разбіліся на р. Ворскле. Аднак Вітаўт не ўпаў духам і ў 1405 г. захапіў Смаленск. Князь Юрый Святаслававіч Смаленскі пакінуў жонку і дзяцей у горадзе, уцёк у Маскву. Вітаўт узяў у палон княжае сямейства і разам з баярамі адправіў яго ў Літву дзе пасяліў у Лідскім замку. Па сведчанні запісак плябана Лідскага касцёла кс. Стогнева, складзеных каля 1450 г. кн. Юрый Святаслававіч, жадаючы вызваліць сваё сямейства з палону 5 жніўня 1406 г. са значным узброеным аддзелам падступіў да Ліды, спаліў горад і пачаў рабіць прыступы да замка, але лідскі стараста Якуб з Селіцы адбіў прыступы Юрыя і прымусіў апошняга адступіць па дарозе на Вільню (Narbutt, V, дадат. I; Balinski, III, 254).

У 1422 г. Лідзе прыйшлося быць сведкай пышнага вясельнага балю. У лютым гэтага года ў г. Наваградку адбыўся чацвёрты шлюб састарэлага польскага караля Ўладзіслава Ягайлы з князёўнай кіеўскай Сафіяй, а святкаванне вяселля, па запрашэнні гасціннага Вітаўта, было прызначана ў г. Лідзе. Сюды сабралася мноства гасцей, у ліку якіх быў нунцый папы Марціна V Антоній Зена, прыбылы ў Літву для расследавання спрэчак з Ордэнам. Вітаўт наогул любіў паказаць бляск свайго двара і сваю проста казачную гасціннасць. Досыць успомніць прыёмы гасцей Вітаўтам у Луцку і Троках, каб меркаваць аб тым, да якіх памераў яго гасціннасць даходзіла. Вясёлыя баляванні ў Лідзе працягваліся да вялікага паста і доўга дастаўлялі матэрыял для аповядаў аб праяўленай тут пышнасці (Balinski, III, 254; "Кругозор", 1876, № 22).

Па смерці Вітаўта вялікім князем Літоўскім быў абвешчаны Свідрыгайла, родны брат Ягайлы. Свідрыгайла, жадаючы разарваць усякую сувязь паміж Літвой і Польшчай, неадкладна падняў вайну супраць Ягайлы, з-за чаго і быў пазбаўлены вялікага княжання, а літоўскі пасад заняў па абранні малодшы брат Вітаўта Жыгімонт. Паміж Свідрыгайлам і Жыгімонтам завязалася вайна. Жыгімонт сваімі войскамі заняў некаторыя літоўскія гарады, а тым ліку і Ліду. У жніўні месяцы 1433 г. Свідрыгайла зрушыўся адбіраць гарады, занятыя Жыгімонтам. Атрад Свідрыгайлы, які складаўся з цвярскога палка, татараў і літоўскага апалчэння з Ашмяны, падступіў да Ліды. Залога Жыгімонта, якая бараніла Лідскі замак, нягледзячы на энергічныя дзеянні Свідрыгайлы, замка не здала, і Свідрыгайла абмежаваўся толькі тым, што спаліў дашчэнту ўвесь горад і адступіў да Трокаў (Stryjkowski, II, 189; Narbutt, V, дадат. I; VII, 350).

Вайна працягвалася яшчэ некалькі гадоў і скончылася тым, што Свідрыгайла ўцёк у Малдавію, а Жыгімонт пачаў кіраваць дзяржавай. Пасля забойства Жыгімонта адна з партый жадала ўзвесці на літоўскі пасад сына яго Міхаіла, але не гледзячы на тое, што ў руках апошняга былі такія важныя ў вайсковых адносінах пункты як Ліда і інш., яму авалодаць пасадам не ўдалося, бо пасад гэты мацнейшай партыяй быў прадстаўлены сыну Ўладзіслава Ягайлы Казіміру.

У той час лідскім старастам быў сын або ўнук Тахтамыша, апошняя галіна знакамітага роду Чынгізхана Даўлет Хаджы-Гірэй. Падчас вайны Свідрыгайлы з Жыгімонтам ён аказаў апошняму нейкую паслугу і за тое атрымаў у трыманне Лідскую воласць, а затым, па абвяшчэнні вялікім князем Казіміра, Хаджы-Гірэй беспярэчна здаў апошняму Лідскі замак, дзякуючы чаму быў пакінуты тут старастам і на дальшы час (Narbutt. VIII 10, 18, 53).

У 1445 г. перакопскія татары прасілі вялікага князя Казіміра даць ім хана, пры чым паказвалі на Хаджы-Гірэя, як на нашчадка знакамітых сваіх правадыроў, цалкам годнага заняць гэтае месца. Казіміру прадставіўся выпадак узгадаць веліч і бляск Вітаўтавага двара. У 1446 г. лідскі стараста быў выкліканы ў Вільню і тут па старадаўнім звычаі, у прысутнасці татарскіх паслоў і мноства саноўнікаў, урачыста апрануты ў ханскую мантыю і абвешчаны ханам Перакопскай арды (Летапіс Быхаўца, 56; Srtyjkowski, II, 212-213).

Пасля Хаджы-Гірэя Лідская воласць або аддавалася ў карыстанне розным асобам за заслугі або ж кіравалася намеснікамі Вялікага князя. Ды пачатку XVI ст. Лідскімі дяржаўцамі і намеснікамі былі: Пац, Ян Кучукавіч, Станіслаў Петрашкавіч і Глеб Сапега. У 1503 г. воласць гэтая была аддадзеная ў трыманне пану Крыштафу Ільінічу, але ў наступным годзе кароль Аляксандр Казіміравіч, па пратэкцыі князя Міхаіла Глінскага, які меў у той час велічэзнае значэнне пры двары, пазбавіў яго гэтага трымання і аддаў яго пану Андрэю Аляксандравічу Дразду. Пакрыўджаны Ільініч, на распараджэнне караля занёс скаргу да паноў-рады В. Кн. Літоўскага. Скарга Ільініча атрымала падтрымку з боку паноў-рады, якія пастанавілі нагадаць каралю аб тым, што ён не мае права без суда пазбаўляць каго-небудзь пажыццёвай пасады, а надалей да канца справы прыпынілі ўвод Дразда ў валоданне Лідскай воласцю. Але Аляксандр Казіміравіч пад уплывам Глінскага, з абурэннем паставіўся да такога рашэння рады і некаторых з яе чальцоў пазбавіў нават пасад, а Ільініча, як непаслухмянага каралеўскай волі, загадаў узяць пад варту. Такі нечаканы абарот справы збянтэжыў усю літоўскую арыстакратыю. На Радамскім сойме 1506 г. на караля з усіх бакоў пасыпаліся папрокі, але разчэй за іншых асуджаў яго ўчынак Віленскі біскуп Табар. Ён публічна перад каралём вымавіў з гэтай нагоды прамову, якую скончыў праклёнам. Пішуць, што пры апошніх словах біскупа кароль зваліўся, уражаны паралічом (Летапіс Быхаўца: «и скоро то бискуп вымовил на тых месте короля забила немоц паралитыкова ...», стар. 75).

Аляксандр Казіміравіч небяспечна захварэў. Карыстаючыся яго хваробай татары здзейснілі страшнае нашэсце на Літву. У чэрвені месяцы 1506 г. пяцідзесяцітысячная татарская арда пад правадырствам Біці-Гірэя і Бурнаш-Салтана, пераправілася цераз р. Прыпяць, разрабавала Мазыр і Слуцк і спынілася галоўным кошам пры Клецку. Вестка аб татарскім нашэсці была атрымана ў Вільні толькі тады, калі перадавыя татарскія аддзелы з'явіліся на берагах р. Нёмана. Хворы кароль з-за небяспекі, якая пагражала, абвясціў паспалітае рушэнне, г.зн. пагалоўнае ўзбраенне шляхты на абарону Айчыны. Месцам збору апалчэння была прызначаная Ліда, а галоўнае начальства над апалчэннем уручанае князю Міхаілу Глінскаму. Але апалчэнне, не гледзячы на блізкасць небяспекі, збіралася занадта марудна. Нарэшце ў Лідзе сабралася 3 т. чалавек, але і тыя не жадалі выступаць супраць непрыяцеля пад начальствам нялюбага князя Глінскага і бесцырымонна патрабавалі, каб на чале апалчэння стаў сам кароль. Цалкам хворы Аляксандр Казіміравіч быў змушаны прыбыць у Ліду. Яго суправаджала несуцешная жонка Алена Іяанаўна, канцлер Ласкі і некалькі іншых прыбліжаных да караля асоб, у тым ліку віленскі біскуп Табар.

Тым часам татары паспелі пераправіцца на правы бераг р. Нёмана і пачалі рабаваць і паліць селішчы ў паўднёвых воласцях Трокскага ваяводства - Беліцу, Жалудок і інш. Па прыбыцці караля ў Ліду, збор апалчэння павялічыўся на 4 т. чалавек, але кіраваць імі кароль ужо не мог: ён цалкам пазбавіўся сіл і пачаў рыхтавацца да смерці. 24 ліпеня 1506 г. у покоях Лідскага замка Аляксандр Казіміравіч паспавядаўся, прычасціўся св. таямніц і падпісаў духоўны тастамант.

Між тым татары, ніколькі не апасаючыся блізасці літоўскай шляхты, ужо руйнавалі наваколлі Ліды. «И скоро прошли за Неман, - гаворыць летапіс Быхаўца (стар. 76) , и не доходячи Лиды, около города, от всех сторон в мили и полумили от города, воевали церкви Божие, и дворы великие, и веси зажигали, и людей имали и забивали». Адзін з высланых у наваколлі горада раз'ездаў, за 7 вёр. ад Ліды сустрэў на рабаванні натоўп татараў, разбіў яго і ў знак перамогі прынёс у горад на дзідах дзесяць татарскіх галоваў.

Вестка аб блізкасці татараў уразіла ўсіх, але асабліва асоб, што атачалі караля, якога было вырашана перавезці ў сталіцу. Аляксандра Казіміравіча, які паміраў, паклалі ў насілкі, прывешаныя паміж двух коней, і ў суправаджэнні двара і невялікага ахоўнага атрада, ранняй раніцай 27 ліпеня 1506 г. вывезлі з Ліды ў Вільню.

Услед за выездам караля апалчэнне, на чале з князем Глінскім і намеснікам гетмана Станіславам Кішкам, выступіла з Ліды супраць татараў. У кровапралітнай бітве ля Клецка татары былі пабітыя на галаву. Радасная вестка аб перамозе заспела Аляксандра яшчэ ў жывых; ён не мог ужо гаварыць, але толькі мігамі выяўляў сваю радасць і падзяку Богу. Аляксандр памёр у ноч на 20 жніўня 1506 г. (Летапіс Быхаўца, 75-78; Stryjkowski, II, 329-338).

Горад Ліда да часоў Жыгімонта-Аўгуста ўяўляў сабой толькі цэнтр вялікакняскай воласці, а ў 1413 г. адмысловага вайсковага павету або так званага харужаства. У 1586 г. на вальным Віленскім сойме адбылася пастанова аб далучэнні да прысуду Лідскага павету Эйшышскага, Радуньскага, Каняўскага, Дубічскага, Васілішскага і Астрынскага харужастваў, якія знаходзіліся да таго часу пад прысудам Трокскага павета і ваяводства (Дакументы Маскоўскага Архіва Мін. Юст., І, 486). Такім чынам, Ліда атрымала значэнне судовага і адміністрацыйнага цэнтра больш шырокай акругі, што значна паўплывала на яе рост і дабрабыт. Горад гэты ў той час яшчэ не карыстаўся правам самакіравання і нароўні з іншымі селішчамі лічыўся ў складзе Лідскай воласці і адпраўляў службу пры Лідскім двары.

Лідская вялікакняская воласць якая звалася ў найпозні час староствам, першапачаткова абдымала сабой усе землі і селішчы, з іх людзьмі і прыбыткамі, размешчаныя паміж р. Жыжмой, Гаўяй, Нёманам, Дзітвой. Воласць гэтая, якая налічвала ў часы Вайдылы да 4 тысяч сялянскіх двароў (Narbutt, VIII, Dzieje skrocone, 188), з плынню часу з прычыны выдзялення ў прыватную ўласнасць нерухомых маёмасцяў, паступова памяншалася. Несумнеўна, што са складу Лідскай воласці першым быў вылучаны двор Дуброўня з належнымі да яго селішчамі, запісаны Ўладзіславам Ягайлам 17 лютага 1387 г. у карысць кафедры Віленскіх р.-каталіцкіх біскупаў (Danilowicz, I, № 538). Відавочна, што каля таго ж часу вылучыўся ў прыватную ўласнасць другі двор Дакудава, які належыць у XV ст. Кучукам, а ў 1506 г. перайшоў да пана Пятра Аляхновіча Давойнавіча. Трэці двор Жыжма ўжо ў XV ст. складае родавую ўласнасць князёў Жыжэмскіх, пасля ўцёкаў якіх у Маскву, у 1551 г. ён перайшоў ва ўласнасць п. Войцаха Ясінскага. У 1504 г. кароль Аляксандр Казіміравіч выдаў пану Мікалаю Пятровічу Кішку прывілей на сяло Палуднікі і двор Крыняны. Дворышчы ўжо ў 1524 г. належалі ў якасці прыватнай уласнасці пану Юрыю Ільінічу, якому кароль Жыгімонт у 1525 г. пацвердзіў куплю маёнтка Прыдыбайлаўскага і іншых зямель, і выслуг. Па каралеўскіх жа прывілеях адышлі ў прыватную ўласнасць маёнткі - Лайкаўшчына да Моцарскага ў 1564 г. Лаўчылавічы да Гарачкоўскага ў 1579 г. і інш. Акрамя гэтага, у XVI ст. згадваюцца яшчэ наступныя маёнткі, размешчаныя ў б. Лідскай воласці, і якія складалі ўласнасць ужо прыватных асоб: Бердаўка - Бердаўскіх, Заполле - Яленскага, а з 1550 г. Юршы Пятровіча, Перапечыцы - Перапечаў, Курасоўшчына - Навіцкіх, Качанова - луцкага біскупа Яна Андрошавіча, Нешчыкоўшчына (Чанатораўскае) пана Яські Няшыйкі, Вялікі Ольжаў - паноў Кішкаў і Малы Ольжаў - пані Раклёвай (Звесткі гэтыя ўзятыя з алфавітнага пераліку актаў Літоўскай метрыкі, складзенага Коркуцем у канцы 18 ст. і занесенага ў кнігі Лідскага земскага суда ў 1785 г. (Вілен. Цэнтр. Арх., № 5664. арк. 208 і наст.). Астатняя малаважная частка б. Лідскай воласці, пакінутая ў дзяржаўнай уласнасці, у пачатку XVIII ст. складалася з наступных маёнткаў: Ліды, Кульбакі, Гарнёў, Цыбараў і Пурсцяў ( Volumina Legum, VI, 365, дыспазіцыя 1717 г.). Па інвентары 1680 г. у складзе Лідскага староства лічыліся: горад Ліда і вёскі: Гарні, якія знаходзяцца ў пажыццёвым карыстанні ў палкоўніка Давыда Ярдана, Астроўля, Цыбары і Боркі ( Вілен. Цэнтр. Арх. № 5664, арк. 924-931.).

Па сведчанні дакументаў XVII ст. г. Ліда ў старажытнасці складаўся з наступных частак: замка, двара, уласна горада, прадмесця яго Зарэчча. Замак, як відаць з яго развалін, што захаваліся дагэтуль, быў размешчаны на прыродным узвышшы, да 4 саж. вышыні акружанай з трох бакоў вадою р. Ліды і раўчука Каменкі, а з чацвёртага боку - глыбокім ровам, цераз які быў перакінуты пад'ёмны мост. Сцены замка, пабудаваныя ў квадрат, мелі па 35 саж. у даўжыню, да 5 саж. у вышыню і 1 саж. у таўшчыню. Унутраны пляц замка займалі драўляныя пабудовы ( П.Д. Брянцев, 130). Замак па інвентарах складаў дзяржаўную ўласнасць, падтрымліваўся і ахоўваўся мясцовай шляхтай і служыў для розных мэт, а менавіта: сховішчам для навакольных жыхароў пры з'яўленні непрыяцеля, складам зброі, месцам для паседжання судоў і збору павятовых соймікаў, турмой і да т.п. У 1568 г. лідская шляхта прасіла караля Жыгімонта Аўгуста «абы суды земские в оном повете Лидском отправованы были в замку, а не по корчмам на месте»( Докум.-Моск. Арх. М.Ю., I, 490.). Кароль задаволіў гэтую просьбу паводле Статуту і з тых часоў да найпозняга часу паседжанні земскага суда адбываліся ў замку. Яшчэ ў канцы XVIII ст. у развалінах адной з вежаў замка былі бачныя сляды паседжанняў (Narbutt, VIII, 477.). Для захоўвання кніг Лідскага земскага суда ў 1638 г. было дазволена абсталяваць у замку, пры сцяне, склеп на кошт мясцовых абывацеляў (Volum. Legum, III, 962.). Тут актавыя кнігі захоўваліся да часоў Станіслава-Аўгуста (Balinski. III, 256.). Турма змяшчалася ў сутарэнным паверсе паўночна.-усход. вежы. Сляды турмы бачныя тут да цяперашняга часу. На існаванне замкавай турмы яшчэ ў пачатку XVII ст. паказвае, між іншым, прысуд Лідскага гарадскога суда ад 8 студзеня 1607 г., якім пан Шчасны Рэксць быў абавязаны «за примовку и налаяне пану Езеашу Сумороковичу тут в замку выконать»(Прыват. дакум. у аўтара.).

Двор або замкавы фальварак яшчэ ў XVII ст. быў размешчаны за замкам над раўчуком Каменкай, г.зн. на тым самым месцы, дзе да апошняга часу размяшчалася казённая Лідская ферма. Інвентар 1680 г. згадвае млын, які належаў да Лідскага замкавага фальфарка і размешчаны на р. Лідзе.

Сам горад быў размешчаны толькі ў адзін бок ад замка. Па асобных актах XVII ст. горад меў рынак і каля яго школьны двор, а таксама чатыры вуліцы. Вуліца, якая выходзіла на дарогу ў Вільню, звалася Віленскаю. Другая вуліца, якая ішла ад рынка міма замка звалася Замкаваю. Трэцяя вуліца, якая пачыналася ад Замкавай, і выходзіла на дарогу ў м. Васілішкі і Астрыну, ад імя раўчука Каменкі звалася Каменскаю. Чацвёртая Крывая вуліца, злучала рынак з Каменскай вуліцай. Працяг Крывой вуліцы ад Каменскай да замка, уладкованы ў пачатку мінулага стагоддзя, зваўся да найноўшага часу Нова-Кармеліцкай вуліцай (Прыватн. дакум. у аўтара.).

Уся зямля, цяпер занятая горадам, першапачаткова складала ўласнасць вялікага князя і належала да Лідскага замкавага двара або фальфарка; але пачынаючы з XVI ст. некаторыя часткі гэтага абшару пераходзяць у прыватную ўласнасць. Так напрыклад, у 1566 г. Павел Рошчым атрымаў ад караля Жыгімонта-Аўгуста прывілей на два пляцы ў Лідзе, у 1589 г. Аляхновічу было дадзена пацверджанне на куплю ім таксама двух пляцаў у Лідзе, у 1591 г. Рафаіл Алешыс Згірскі атрымаў прывілей на адзін пляц і г.д. ( Narbutt, V, дадат. I; Balinski, III, 254 ). Раздача пляцаў адбывалася і ў больш позні час, так напрыклад, да 1785 г. кароль Станіслаў Аўгуст выдаў прывілей Паўлу і Ганне Канапніцкім на пляц па Замкавай вуліцы, а ў 1787 г. Яну Ромеру там жа на ленным праве (Вілен. Цэнтр. Арх. № 164, л. 166-168; № 6152, л. 53.). Такім чынам у горадзе ўтварыліся цэлыя асобныя кварталы, якія належалі ў XVII-XVIII ст. Куроўскім, Францкевічам, Радзімінскім, Калясінскім і інш., якія аддававаліся імі габрэям і мяшчанам на правах вечнага чыншу.

Несумнеўна, што г. Ліда і яго наваколле ў старажытнасці былі заселеныя літоўцамі. Аб гэтым сведчыць, паміж іншым шматлікія літоўскія назвы жывых урочышчаў і селішчаў у наваколлях г. Ліды, якія захаваліся дагэтуль, а так жа і чыста літоўскія прозвішчы сялян і шляхціцаў, якія згадваюцца па метрычных актах мясцовага р.-к. касцёла з 1660 г. - Клышэйкаў, Авінялей, Вяжалей, Ёдкаў, Рупейкаў, Дамейкаў і мн. інш. Акрамя таго ў запісах зямельных раздач караля Казіміра якія адносяцца да Лідскай воласці, на абшары якой у цяперашні час не маецца ні аднаго літоўскага селішча, параўнальна часта сустракаюцца літоўскія імёны. Напрыклад: «У Лидской волости. Милковичу три чоловека: Ромейко, Лилкус, Ноткович. Кричеви чотыри чоловеки Тукейнивичи: Войшнар, Сидоря, Войш, Ивахинович. Ивашку Коливидовичу шесть человеков. Митьку избратом Эйтвиловичем - лидяном шесть человеков конокормцов: Ейдьят, Прейбуст, Наруни, Милош, Юльтеневич, Мейлуна, Сидорец, Петлевич. Твирбуту Визкедовичу лидянину Петрелевич люди: Мелешевич, Юкгелис, Янутис», і да т.п. ( Докум. Моск. Арх. Мин. Юст., I, 3-4.). Нават у некалькі больш позні час мясцовыя шляхціцы насілі літоўскія імёны, не гаворачы ўжо аб літоўскіх прозвішчах іх. Дэкрэт трокскага ваяводы Мікалая Юр'евіча Радзівіла ад 30 снежня 1560 года сведчыць, што сын мясцовага землеўладальніка Ёдкі, які жыў каля 1450 г. зваўся Нарко, а ўнук апошняга Бурца (Прыватн. дакум. у аўтара). Да канца XVII ст. насельніцтва г. Ліды, і яго наваколляў настолькі аславянілася, што ў інвентары 1680 г. не значыцца амаль ні аднаго літоўскага прозвішча. Мяшчанскія беларускія прозвішчы жыхароў г. Ліды, якія згадваюцца ў гэтым інвентары: Гарневічы, Здановічы, Сідарэвічы, Бараноўскія і інш. існуюць тут дагэтуль.

Карэнныя жыхары г. Ліды ў старажытнасці вызнавалі праваслаўе і р.-каталіцтва.

Па словах Нарбута праваслаўная царква першапачаткова змяшчалася ў адной з вежаў Лідскага замка (Narbutt, V, дадат. I). Царква гэтая ў 1553 г. была перанесеная ў горад і асвечаная ў гонар св. Георгія Пераможца (Истор.-стат. очерки Виленской губ. (1852), 218.).

Другая царква ў Лідзе згадваецца пад 1524 г., а трэцяя царква была пабудаваная тут у 1533 г. (Батюшков. Белоруссия и Литва, прилож. 276; Balinski,, III, 245.). Цэрквы гэтыя ў маркотныя гады царкоўнай уніі былі разбураныя або захопленыя ўніятамі. Не гледзячы, аднак, на прыгнёт у рэлігійным судачыненні, - праваслаўныя жыхары г. Ліды не згубілі цалкам сваёй веры і пры падпісанні каралём Янам Казімірам Збораўскай дамовы ў 1650 г. дабіліся вяртання ім захопленай уніятамі Лідскай царквы св. Спаса. У купчай крэпасці, выдадзенай лідскім мешчанінам Лаўрынам Паўлавічам Казюковічам на пляцы, зямлю і хату, прададзеныя ім Мацею Вайцяховічу і жонцы яго Парасе Фёдараўне 7 красавіка 1630 г., згадваецца Хведар Грынявецкі, святар храмаў Божых, якія стаяць у горадзе Лідзе, у імя Прачыстай і Святога Мікалая ("Chwiedor Hryniewiecki swieszczennik domu Boźego Przyczystey y swiętego Mikołaya w Lidzkiem miescie stojących"), пры гэтым ясна паказваецца на месцазнаходжанне Прачысценскай царквы пры апісанні межаў пляца: ««a drugim koncem do ulicy samey, która z miasta Lidzkiego ydzie do Dubrowna y do Lipniszek, idąc tą ulica y droga z miasta Lidzkiego od rynku i od zamku do cerkwi swiętey Przeczystey po prawiey stronie»»(Прыватн. дакум. у аўтара. - Прачысценская царква была размешчаная на тым месцы, дзе цяпер стаіць хатка Каліноўскага на Зарэччы).

Пачатак каталіцтва ў г. Лідзе адносіцца да часу княжання Альгерда. У той час адзін з літоўскіх вяльможаў нехта Гаштольд, прыняўшы р.-каталіцкую веру, узяў пад сваё заступніцтва манахаў ордэна св. Францішка, і пабудаваў для іх кляштар ордэна ў г. Вільні. У 1366 г. тры францішканцы пасяліліся ў Лідзе. Невядома, наколькі паспяховыя былі пропаведзі лідскіх місіянераў, вядома толькі тое, што ў 1369 г., падчас народнага хвалявання, яны былі перабітыя язычнікамі. Лідская францішканская місія, не гледзячы на неаднаразовыя спусташэнні яе, існавала да паловы XV ст. (Narbutt, Dzieje, V, заўв. I.) У папельцавую сераду 1387 г., Уладзіслаў Ягайла, вяртаючыся з Кракава ў Вільню, ў г. Лідзе выдаў першы ўніверсал да ўсіх сваіх цівуноў аб вольнай пабудове р.-каталіцкіх цэркваў (Szajnocha, Jadwiga і Jagello.), а ў пятую нядзелю пасля свята св. Віталіса таго ж года выдаў прывілей на пабудову ў г. Лідзе прыходскога касцёла, які быў асвечаны віленскім біскупам Андрэем Васілам (Інвентар Лід. каст. 1721 г. рукап.)

У царства караля Жыгімонта - Аўгуста на Літве, атрымалі самае шырокае распаўсюджванне кальвінізм і лютаранства. Агульны рух да перамены рэлігіі крануў г. Ліду і яго наваколлі. Вучэнне Кальвіна ў гэтай мясцовасці карысталася падтрымкай кн. Радзівілаў, Абрамовічаў і інш., якія былі лідскімі старастамі. У Лідзе, Мацкішках, Дакудаве, Сяльцы, Беліцы, Ляцку і інш. былі збудаваныя зборы кальвіністаў, а Лідскі касцёл па недахопу вернікаў быў нават зачынены і некаторы час знаходзіўся ў непасрэдным кіраванні віленскай капітулы (Narbutt, Dzieje, V, дадат. I.). Распаўсюджванне кальвінізму і лютаранства скончылася са з'яўленнем у гэтай мясцовасці езуітаў, якія на працягу XVI - XVIII ст. заснавалі некалькі місій у межах цяперашняга Лідскага павету, а менавіта: у Тракелях, Дворышчах, Ваверцы, Дылеве, Семякоўшчыне і інш.

Цалкам адасобленую групу насельніцтва г. Ліды ў старажытнасці складалі габрэі. Габрэі пасяліліся ў Лідзе ў другой палове XVI ст. Мясцовая габрэйская грамада першапачаткова была наогул малалікая і ў часы Яна - Казіміра мела толькі 160 чалавек. Грамада гэтая, або так званы кагал, адрознівалася крайняю беднатой, што відаць са звестках аб даўгах яе ранейшага часу. Так напрыклад, у ліку фундушаў Жырмунскага касцёла меўся відэркаф лідскага харунжага і чашніка Канстанціна - Казіміра Кунцэвіча ад 7 ліпеня 1692 г. на 4350 зл. забяспечаны на лідскім кагале. Па іншым відэркафу ад 11 лістапада 1688 г. прадстаўнікі мясцовага кагала пазычылі ў лідскага дэкана Відыноўскага 500 зл. і да 1707 г. не маглі нават выплаціць 6% ад гэтай сумы. На права пабудовы габрэйскай сінагогі ў Лідзе кароль Стэфан Баторы выдаў лідскім габрэям новы прывілей, якім дазвалялася ім паправіць старую сінагогу з той аднак умовай, каб яна не перавышала касцёла і царквы (Віл. Цэнтр. Арх., № 5405, арк. 505-506.).

Г. Ліда ў старажытнасці ўяўляў сабой чыста землеўладальніцкае селішча. Як відаць з замены грунтоў яго з маёнт. Заліды лідскія мяшчане яшчэ ў 1553 г. карысталіся нададзенымі ім валокамі зямлі ( Ibid., № 5661, л. 403.). Найпознія інвентары сведчаць, што з кожнай валокі мяшчане ўносілі ў прыбытак замкавага фальфарка па 2 зл. і 5 гр. чыншу штогод, а з ворных моргаў па 5 гр. і сенакосных толькі 2 гр. Плата гэтая штогод збіралася бурмістрам і лаўнікамі і дастаўлялася ў фальварак у дзень св. Марціна. Акрамя таго мяшчане былі абавязаныя штогод адбыць тры талакі для жніва хлеба і на кожнае запатрабаванне сыпаць грэблі, латаць дарогі, масты і да т.п. Інвентар 1680 г. згадвае, што ўсе гэтыя павіннасці былі вызначаны прывілеямі польскіх каралёў; нажаль ні адзін з гэтых дакументаў не захаваўся да гэтага часу. З таго ж інвентара відаць, што ў карыстанні кожнага мяшчанскага двара было ў большасці выпадкаў па 1/4 - 1/6 валокі, пры гэтым у ліку асоб, якія карысталіся валокамі, згадваюцца два габрэі Моўша і Абрам.

Прамысловасць і гандаль у Лідзе былі развітыя слаба. У дакументах XVII ст. у Лідзе згадваюцца толькі бровары, якія размяшчаліся пры замкавых фальварках, у касцёльным фальварку Куроўшчыне або Навасёлках і ў некаторых мяшчан; з рамеснікаў згадваюцца толькі кавалі і гарбары, а ў таксама рэзнікі. Корчмы мядовыя, гарэлачныя і піўныя існавалі тут яшчэ ў XV ст., у часы Казіміра. У 1680 г. усіх корчмаў у Лідзе было 19, з якіх 10 утрымоўвалася хрысціянамі, у тым ліку адна бурмістрам панам Янам Амановічам і 9 - габрэямі. Што-тыдзень па панядзелках адбываўся гандаль, а два разы ў год - кірмашы. Кірмашы існавалі тут здаўна і былі пацверджаныя соймам у 1611 г. ( Volum. Led. III, 44.).

Ва ўсякім разе, Ліда ў часы Яна Казіміра лічылася параўнальна лепшым горадам, мела 15 тысяч жыхароў і карысталася Магдэбургскім правам.

Але наступілі цяжкія для Літвы 1654 - 1663 г.г.

У 1655 г. рускія войскі спустошылі Ліду і яе наваколлі. У 1656 і 1657 г. мясцовасць гэтую наведаў неўраджай, а ўвосень таго ж года ў Лідзе з'явілася маравая язва, якая не перапынялася да зімы наступнага года. Усе судовыя і адміністрацыйныя ўстановы былі зачыненыя. Дзякуючы ўсеагульнаму замяшанню ў Лідскім павеце з'явілася маса вандроўнага люду: вакол адбываліся рабаванні, забойствы, наезды на чужыя маёнткі і да т.п. Для прыняцця мер да спынення беспарадкаў на 2 лютага 1658 г. быў скліканы соймік шляхты Лідскага павету, але паседжанні сойміка не маглі быць адкрытыя ў Лідзе, бо тут лютавала зараза і былі перанесеныя ў м. Мыто. Соймік устанавіў парадак вядзення спраў па вышэйадзначаных злачынствах і вызначыў за іх самыя строгія меры пакарання (Акты Віл. Арх. Кам., XIII, 99-100.).

Між тым прыпыненыя на некаторы час ваенныя дзеянні са боку Расіі былі ізноў адноўленыя. Улетку 1659 г. князь Мікіта Хаванскі, рухаючыся з 30-ці тысячным атрадам з Вільні ў Гародню, падступіў да Ліды. Лідскі замак, не гледзячы на адчайную абарону, быў узяты, а горад разрабаваны і спалены (Balinski, III, 256.). Ліда прыйшла ў поўны заняпад. Быўшы цалкам спустошаным, горад не мог уносіць у скарб нават самыя малаважныя плацяжы. З увагі на гэта на сойме 1676 г. была выдадзеная адмысловая канстытуцыя, якой Ліда на чатыры года вызвалялася ад усіх грашовых і натуральных павіннасцяў, пастою войскаў, пастаўкі коней для перавозкі пошты і да т.п. (Volum. Leg., V, 443.).

Але бедствы Ліды працягваліся.

Уначы 29 чэрвеня 1679 г. у горадзе ад невядомай прычыны ўспыхнуў пажар. Дзякуючы сухому надвор'ю і моцнаму ветру агонь з неверагоднай хуткасцю распаўсюдзіўся па ўсім горадзе. На працягу адной гадзіны пажар знішчыў 38 мяшчанскіх і габрэйскіх хат, з якіх аплачваліся падаткі ў скарб, не лічачы хат манастырскіх і шляхецкіх. Многія хрысціяне і габрэі згарэлі жывымі, а многія атрымалі цяжкія апёкі. Увесь хатні скарб, быдла і да т.п. зрабіліся здабычаю полымя (Вілен. Цэнтр. Арх., № 5401, арк. 667.).

У 1702 г. адзін з атрадаў шведскіх войскаў разрабаваў і спаліў частку горада і падарваў замкавыя вежы. У Лідзе была пакінута шведская залога, а ўтрыманне яе ўскладзена на жыхароў. У 1706 г. шведы другасна разрабавалі горад і яго наваколлі, а затым тое самае паўтарылі і ў 1708 г., рухаючыся з Гародні цераз Ліду па Івейскім гасцінцы, пад начальствам самога караля Карла XII. Услед за адходам шведаў паўтарыліся знаёмыя для Ліды карціны голаду, язвы, галечы...

Сойм 1717 г. з увагі на бядотнае становішча горада, пацвердзіў канстытуцыю 1676 г. і дэкрэты Скарбовага Трыбунала, якімі былі прадстаўленыя Лідзе правы і вольнасці (Вілен. Цэнтр. Арх., № 5401, арк.677.). Канстытуцыя 1776 г. пакінула Лідзе, у ліку нямногіх іншых гарадоў, Магдэбурскае права назаўжды, а кароль Станіслаў - Аўгуст прывілеем 1788 г. дараваў гораду пляц зямлі для пабудовы на ім ратушы (Вілен. Цэнтр. Арх., № 5668, арк. 1140.).

Яшчэ ў 1772 г. Ліда была занятая рускімі войскамі пад начальствам генерала графа Татлебена, які універсалам ад 20 студзеня 1773 г. прасіў жыхароў Лідскага павету прыняць на сябе пастаўку забеспячэння для салдат і на гэты ўніверсал атрымаў згоду ад 15 лютага таго ж года (Ibid., № 5659, л. 446-449.).

Пасля вядомай віленскай ютрані 10 красавіка 1794 г. палкоўнік польскіх войскаў інжынер Ясінскі, разам з графам Несялоўскім, сабраў значную частку паўсталых войскаў маючы пры сабе 18 гармат, выступіў з Вільні і размясціўся лагерам ля г. Ліды, пагражаючы рускім войскам, якія стаялі ў Гародні пад начальствам князя Ціцыянава і ў Нясвіжы пад начальствам генерала Туталміна; але ўлетку таго ж года польскія войскі былі пабітыя ля г. Ліды, а сам горад заняты канчаткова рускімі войскамі. Пры гэтым Лідскі замак быў разбураны, а старажытны архіў, які захоўваўся ў ім, быў вывезены войскамі ў Смаленск, дзе згарэў у 1812 г. (Арх. Вілен. Ген.-Губ., I, 893. У метрычных актах Лід. касц. за 1794 г. захавалася адзнака аб тым, што ўсе забітыя падчас аблогі рускімі войскамі г. Ліды, пахаваныя ў горадзе, у касцельнай агароджы.).

14 снежня 1795 г. Ліда была далучаная да Расіі, а 8 жніўня 1796 г. прызначаная павятовым горадам Слонімскай губерні.

У 1797 г. праездам з Слоніма ў Вільню, Ліду наведаў Імператар Павел Пятровіч.

Падчас вайны 1812 г. у Лідзе быў размешчаны 6 корпус рускіх войскаў пад камандаю генерала Дохтурава. У траўні месяцы таго ж года Ліду наведаў Імператар Аляксандр Паўлавіч і правёў тут агляд войскаў. Пасля адкрыцця ваенных дзеянняў корпус Дохтурава адступіў да Гальшан, а ўслед за ім, праз Ліду, надыходзіў 8 корпус французкага войска пад камандаю Вандома. У канцы лістапада, з прычыны адступлення французаў, Ліда і Лідскі павет былі занятыя карпусамі графа Ажароўскага, Васільчыкава і Давыдава.

Апошняй ваеннай падзеяй для г. Ліды была малаважная бітва 23 траўня 1831 г. Руская залога ў ліку 400 чал. якая займала Ліду, атрымаўшы звесткі аб руху генерала Хлапоўскага з Мастоў у Вільню, спешна выступіла з горада, але зараз жа за віленскай заставай была нагнаны польскімі войскамі і пасля перастрэлкі абяззброена.

У траўні месяцы 1843 г. пажар, распачаты з габрэйскай лазні, знішчыў увесь школьны двор, частку дамоў базарнай плошчы і ўсю Віленскую вуліцу. Другі пажар, апошняя падзея ў жыцці Ліды, які адбыўся ў ноч на 7 кастрычніка 1891 г., цалкам знішчыў усю цэнтральную частку горада; пры гэтым згарэла 400 жылых дамоў і да 600 халодых пабудоў.

Пажары і войны цалкам згладзілі старадаўнія характэрныя рысы Ліды. З старажытных пабудоў у г. Лідзе захавалася толькі некалькі, а менавіта - разваліны замка, будынкі па-кармеліцкага і па-піярскага кляштараў і касцёл.

Сцены замка цалкам пустыя і разбураныя, за выключэннем паўднёвай, якая сяк-так захавалася ў сваім першапачатковым выглядзе. Кармеліцкі кляштар заснаваны лідскім войскім Адамам Нарбутам і яго жонкай Елісаветай у 1672 г. і зачынены ў 1832 г. Піярскі калегіюм быў перанесены ў Ліду з м. Балотна (цяпер Веранова) Смаленскім каштэлянам, старастам Барцянскім Іяанам дэ-Кампа Сцыпіёнам у 1758 г. і згарэў у 1843 г. Прыходскі мураваны касцёл пабудаваны на месцы старога драўлянага біскупам Зянковічам у 1770 годзе, пры гэтым з дрэва пакінутага пасля разборкі драўлянага касцёла была пабудаваная праваслаўная царква. Царква гэтая была разбураная бурай каля 1830 г. Цяпер існы праваслаўны сабор у г. Лідзе выведзены з абгарэлых сценаў піярскага касцёла ў 1863 г.

Пажар 1891 г. між іншым, знішчыў будынак б. Лідскай ратушы. Будынак гэты, пабудаваны ў XVIII ст., стаяў на базарнай плошчы і быў ўпрыгожаны порцікам з калонамі. Пры ім існавала старадаўняя драўляная пабудова ў гатычным стылі. Сам будынак да апошняга часу служыў вайсковай гаўпвахтай, а прыбудова - пажарнікам адрынай.

У цяперашні час у горадзе Лідзе маюцца дзве плошчы і трынаццаць вуліц - Віленская, Замкавая, Каменская, Крывая, Вакзальная, Дварышчанская або Пастаўская, Лідская, Паліцэйская, Шкляная, Аляксандраўская, Школьная, Садовая, Гандлёвая і дванаццаць завулкаў, у тым ліку - Крупскі, Моргаўскі, Замкавы, Чырвоны, Яраслаўскі, Сянны і інш. Усіх жылых дамоў каля 1000, жыхароў да 14 000, у ліку якіх праваслаўных 3000, католікаў 5000, іудзеяў і інш. 6000.

У сумежнасці з горадам размешчаны: вёска - Раслякі, Зарэчча і Дварцовая Слабада, ваколіца Вісьманты і прадмесце Куроўшчына.

Раслякі да 1840 г. уваходзілі ў склад маёнтка Пастаўшчына, які належаў Піярскаму кляштару.

Зарэчча яшчэ ў XVII ст. складалася з трох частак - фальварка і некалькіх сялянскіх сядзіб, якія належалі Гадэбскім, а пасля перайшлі ва ўласнасць харунжага Франца - Іосіфа Масевіча, замкавай зямлі і пляцаў, якія знаходзіліся пад веданнем Лідскай магдэбургіі. Фальварак Зарэчча па дароўным запісе Масевіча ад 25 красавіка 1767 г. дастаўся Лідскаму кармеліцкаму кляштару, пасля скасавання якога, у 1839 г. быў прыняты ў скарб. Фальварак гэты пасля быў надзелены гораду Лідзе ў якасці выганнай зямлі, але ў 1854 г. уступлены за фальварак Куроўшчына на карысць Лідскага прыходскога касцёла. Землі, якія былі ў карыстанні сялян вёскі Зарэчча, роўна як і замкавыя нівы ў 1853 г., надзелены сялянам.

Вісьманты раней зваліся Кузьмішкамі ад імя "мысліўца" Захарыяша Кузьміча, якому мясцовасць гэтая ў колькасці 6 валок зямлі была нададзеная каралём Жыгімонтам I у 1507 годзе. Кузьмішкі перайшлі ва ўласнасць Аляксандра Вісьманта ў 1668 г., былі раздробненыя яго спадчыннікамі і ператварыліся ў так званую ваколіцу.

Куроўшчына ў XVI ст. уяўляла сабой фальварак і належала Куроўскім. На працягу XVII ст. пераходзіла ва ўласнасць Кулешаў, Гадэбскіх і нарэшце дасталася Мсціслаўскаму ваяводу Аляксандру Масевічу, які ў 1696 г. запісаў яе на карысць Лідскага касцёла. У 1854 г. перайшла ва ўласнасць гор. Ліды.

У г. Лідзе размешчаны злучаны вакзал Палескай і Балагое - Сядлецкай чыгунак.

У наваколлях Ліды захавалася некалькі археалагічных помнікаў у выглядзе старажытных магільных курганоў, а менавіта: у ляску маёнт. Чэхаўцы; на левым беразе р. Ліды, пры вёсцы Сухвальні, у скарбовым лесе "Царова горка"; на зямлі маёнт. Бердаўка абшарніка А.С. Дэмбавецкага, ва ўрочышчы "Валоўшчына" пяць курганоў; на зямлі сял. вёскі Зарэчча блізка ад вёскі Навасёлкі - адзін курган; у ляску маёнт. Рэксці, і г.д. Акрамя таго, блізка ад ваколіцы Бянкевічы, на ўскрайку лесу, ляжыць камень з трыма плоскімі, круглымі паглыбленнямі, кожнае па 4 вяршкі ў дыяметры, які ўяўляў собою відавочна ў часы паганства алтар, прысвечаны богу дарог "Кела - Девас". Пры вёсцы Бельск за 6 вёрст ад Ліды на полі ляжаў велізарны камень, які звалі "Кабыла". Па паданні на гэтым камені каралі даўней злачынцаў. Магчыма, што тут у старажытнасці збіраліся конныя суды. Камень пабіты мулярамі ў пачатку 1905 г.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX