Вярнуцца: Агульнае краязнаўства Лідчыны

Лідчына ў кнізе П.М. Бацюшкава Lida district in the book Batiushkov P. N.


Дадана: 16-05-2009,
Крыніца: Лідскі Летапісец №39-40.



Кніга П.М. Бацюшкава "Белоруссия и Литва"

Кніга расейскага дзяржаўнага і царкоўнага дзеяча Пампея Мікалаевіча Бацюшкава "Белоруссия и Литва. Исторические судьбы Северо-Западного края" выдадзеная ў 1890 годзе доўгі час лічылася адной з фундаментальных працаў, прысвечанай царкоўнай, ваеннай і палітычнай гісторыі Беларусі з найстаражытнейшых часоў да ХІХ стагоддзя.

Кніга на рускай мове перавыдадзена ў Беларусі ў 2004 г.У ёй побач з асноўным тэкстам змешчаны шэраг артыкулаў, прысвечаных помнікам гісторыі і культуры Беларусі. Сярод іх два артыкулы, якія тычацца Лідчыны, а менавіта Лідскага замка і Маламажэйкаўскай царквы.

Не аналізуючы змест артыкулаў, прыводзім іх у перакладзе на беларускую мову, як узор таго, што пісалі і што ведалі пра нашую гісторыю ў ХІХ стагоддзі. Многія палажэнні гэтых артыкулаў да гэтага часу скарыстоўваюцца беларускімі гісторыкамі, як бясспрэчныя факты, хаця на самай справе яны далёкія ад рэальнасці. Аднак яны ёсць здабытак гістарыяграфіі, і з гэтага сыходзім.


Разваліны Лідскага замка

Павятовы горад Ліда Віленскай губерні, некалі сталіца ўдзельнага княства, складае найстаражытнае літоўскае селішча, узніклае на мяжы Літвы і Дайноўскага княства, якое спыніла сваё існаванне ў XII ст. Умацоўваючы свае межы, Гедзім (23KB) Разваліны Лідскага замка.ін збудаваў у 1323 г. у Лідзе вялікі замак, разваліны якога намаляваныя на нашым малюнку.

Замак пабудаваны на гары да 4 сажняў вышыні, акружаны з трох бакоў вадой, а з чацвёртай - глыбокім ровам. Ён мае квадратную форму; кожная сцяна даходзіць да 32 сажняў даўжыні, 2 сажняў таўшчыні і падмурка больш за 5 сажняў вышыні. Дзякуючы таму, што замак падтрымліваўся да 1794 г., сцены яго добра захаваліся; ацалелі таксама разваліны двух вежаў, у адной з якіх у старажытнасці знаходзілася царква. Замак быў выбудаваны палоннымі валынянамі пад наглядам выпісаных з Кіева майстроў будаўнічай справы.

У 1380 г. Ягайла падарыў Ліду свайму ўлюбёнцу і сваяку Вайдыле, але ў наступным годзе Кейстут узяў Ліду, а Вайдылу павесіў. Праз тры гады пасля таго замак падвергнуўся разрабаванню з боку крыжакоў.

У княжанне Вітаўта ў Лідзе меў знаходжанне ўцякач з сваёй радзімы хан Кіпчакскай арды Тахтамыш, які жыў у адмысловым доме, што доўга зваўся Тахтамышавым дваром. Іншы хан той жа арды, Хаджы-Гірэй, у 1434 г. быў прызначаны ў Ліду старастам і займаў гэтае месца да 1443 г., калі па просьбе крымскіх татараў яму было вернута ханства. Падчас вайны 1655 г., калі князь Хаванскі ўзяў замак, горад быў спустошаны і спалены. У пачатку XVIII ст., падчас вайны са шведамі, Ліда і замак падвергнуліся новаму спусташэнню, прычым старажытны архіў быў узяты з замка і перавезены ў Смаленск, дзе і згарэў у 1812 г.

Стан росквіту горада адносіцца да часоў Казіміра, калі насельніцтва Ліды даходзіла да 15 000 чалавек. Зараз у ім меней за 4000 жыхароў.


Маламажэйкаўская царква Лідскага павета Віленскай губерні

Маламажэйкаўская царква збудаваная ў 1407 г. падканюшым віленскім, дзяржаўцам ушпольскім, пенянскім і радуньскім панам Шымкам Мацкевічам-Шклёнскім. Характэрная архітэктура яе, якая нагадвае сярэднявечныя замкавыя будынкі, наводзіць на думку, што храм гэты быў не толькі домам малітвы, але і абаронай і сховішчам людскога скарбу ў былы час спусташальных войнаў і рабаванняў. Сцены царквы, складзенай з моцнай, як жалеза, цэглы, - у сажань таўшчыні; па вуглах яе ўладкованыя спічастыя вежы, у якія былі праведзеныя з царквы спіральнымі каменнымі лесвіцамі адмысловыя хады, знішчаныя ў 1817 г. разам з патаемным ходам і такімі ж адтулінамі у сценах; пад царквой былі ўладкованы два склепы; уваход у царкву абараняўся цяжкавагавымі жалезнымі дзвярамі, якія апускаліся на ланцугах з нішы, зробленай у сцяне; нажаль, гэтыя дзверы не захаваліся, быўшы самавольна прысвоеныя "патронам" цэрквы, мясцовым абшарнікам Казімірам Кастравіцкім. Па аповядах старажылаў, шведы бамбардзіравалі царкву падчас стаянкі Карла XII лагерам у мястэчку Жалудку.

(28KB) Маламажэйкаўская царква Лідскага павета Віленскай губерні.

Гістарычныя лёсы Маламажэйкаўскай царквы мала вядомыя. Старажытныя дакументы аб ёй былі спаленыя абшарнікам Кастравіцкім у XVIII ст.; засталіся толькі больш познія дакументы і мясцовае паданне. Паводле гэтых звестак аказваецца, што з абнародаваннем уніі Маламажэйкаўская царква была захопленая ўніятамі і з таго часу падпала пад скажэнні лацінскімі новаўвядзеннямі, пазбавілася большасці вернікаў, якія перайшлі ў каталіцызм, і прыйшла ў спусташэнне і жабрацкі стан. Як царква ўніяцкая яна не пазбавілася ад нападу і спусташэння з боку казакоў. Паны-патроны і самі базыліяне замест ахоўвання святыні і павелічэння яе дабрабыту абрабавалі царкву ў рухомай і нерухомай маёмасці. Асабліва абуральныя былі ўчынкі згаданага вышэй "патрона", абшарніка Кастравіцкага. Пачуўшы, што настаяцель Пётр Афанасевіч знайшоў у дамавіне заснавальніка царквы Шымкі Мацкевіча шмат золата, Кастравіцкі з лютасцю прыступіў да святара, жадаючы прысвоіць сабе ўяўны скарб; але сустрэўшы адмову, ён пачаў катаваць жонку святара, якая, па адных звесткам, памерла ад катавання, па іншых - была задушаная служкаю пана; калі ж муж памерлай адправіўся да пана прасіць літасці сабе і сваім дзецям, то Кастравіцкі пад выглядам пачастунка напаіў святара дап'яна, адвёў на стайню і, пасадзіўшы яго на ланцуг, загадаў яму вучыць казла спяваць так, як спяваюць у царкве. Абуральная сцэна працягвалася цэлую ноч. Тым часам гаспадарка святара падвергнулася рабаванню панскай чэлядзі. Няшчасны айцец Пётр не вытрымаў і, прахварэўшы некаторы час, сканаў 19 красавіка 1794 г. ад голаду і холаду.

Пасля смерці святара Афанасевіча "патрон" Маламажэйкаўскай царквы Кастравіцкі пачаў адносіцца да падапечнага яму храма пасвойму. Паставіўшы ў царкве арган, ён запрасіў кармелітаў і прымусіў іх прапаведаваць, што веры праваслаўнай няма ва ўсім свеце, што унія паглынутая лацінствам, што толькі рымская царква і кіраўнік яе могуць адчыніць дзверы ў Царства Нябеснае. Потым ён выбудаваў супраць цэрквы велічны касцёл для прынады ў яго сялян, але апошнія не вырашаліся пакінуць свой храм і славянскую абраднасць богаслужэння.

Падчас праезду імператара Аляксандра Паўлавіча з Вільні ў Гародню гасудар заўважыў убаку царкву і пажадаў агледзець яе. Гэта была Маламажэйкаўская царква, якая глыбока ўразіла цара сваім маркотным і жабрацкім станам. Васпан загадаў неадкладна рамантаваць царкву і нагляд за гэтым даручыў слонімскаму абшарніку Юндзілу. Наказ гэты застаўся, аднак, не выкананым, і пакуль збіраліся і надумваліся прыгатаваць матэрыялы, царкоўны дах абрынуўся ад выту маланкі ў алтарную частку. Гэта было ў 1805 г.; толькі праз пяць гадоў паправілі дах, але ўнутранасць царквы засталася без усякіх выпраўленняў, і нават рамы ў вокны не былі ўстаўленыя.

Поўнае аднаўленне старажытнага Маламажэйкаўскага храма і прыстасаванне яго пад звычаі праваслаўнай царквы належыць ужо бліжэйшаму да нас часу. Адрамантаваная з вонкавага боку і ўсярэдзіне, яна асвечаная 21 студзеня 1873 г. У іканастасе яе ў ліку абразоў знаходзіцца старажытны абраз Божай Маці, гісторыя якога характарызуе адносіны палякаў да рускіх святынь.

У сяле Воўчынках знаходзілася драўляная царква з трыма валокамі зямлі, якія належаць да яе. Самога прыходу ўжо не існуе, а зямля прысвоеная мясцовым абшарнікам. Настаяцель Маламажэйкаўскай царквы айцец Леў Савіцкі з дакументаў даведаўся, што ў Воўчынскай царкве знахадзіўся, між іншым, абраз Божай Маці ў срэбнай рызе з малюнкам месяцавага паўкола ў падножжы, а адна жанчына яму сказала, што абраз знаходзіцца ў мясцовага абшарніка, "у цёмным і смуродным месцы". Жадаючы выбавіць праваслаўную святыню з ганебнага становішча, святар адправіўся да абшарніка, але той адказваў, што абраза ў яго няма. Калі ж маёнтак быў здадзена ў арэнду шляхціцу, і апошні задумаў прадаць некаторыя будынкі, то святар паслаў двух сваіх вернікаў з той мэтай, каб яны, пад выглядам куплі будынкаў, пашукалі абраз. Вынік атрымаўся самы спрыяльны: абраз знайшоўся ў свіране. З гонарам ён быў ўзяты і перанесены ў Маламажэйкаўскую царкву. Гэта адбывалася ў 1868 г.

Не лішне дадаць, што царква ў Воўчынках прададзена за нікчэмную суму габрэям на лазню і перавезена імі ў мястэчка Васілішкі, а цвінтар царкоўны аддадзены пад каталіцкія могілкі.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX