Папярэдняя старонка: Персанажы Шэкспіра – ў Літве

'Жыў аднойчы рыцар…' 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 05-11-2011,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. 'Жыў аднойчы рыцар…', або сляды герояў Шэкспіра ў старажытнай Беларусі // Маладосць №9. 2011. C.121-126.

Спампаваць




Або сляды герояў Шэкспіра ў старажытнай Беларусі

Калі вывучаеш войны Вялікага Княства Літоўскага з крыжакамі ў XIV ст., сустракаеш прозвішчы замежных і ў тым ліку брытанскіх рыцараў, якія ваявалі супраць нашых продкаў на баку Тэўтонскага і Лівонскага Ордэнаў. Сярод іх былі асобы, вядомыя па творах славутага Вільяма Шэкспіра.
Якім жа чынам яны патрапілі на беларускую зямлю?

У тагачаснай Прусіі пабывалі практычна ўсе арыстакраты Еўропы, яна, як магніт, вабіла шараговых ваяроў -- усе яны жадалі стаць рыцарамі. Аднак у канцы XIII ст. Тэўтонскі Ордэн усё радзей і радзей мог прапанаваць замежным рыцарам удзел у баявых дзеяннях. Часцей за ўсё прыезджыя ваяры маглі разлічваць на сумную залогавую службу альбо небяспечную і нецікавую партызанскую вайну. У 1330-х гадах вялікі магістр Тэўтонскага Ордэна Лютэр фон Брауншвейг (Luther von Braunschweig) прапанаваў план прыцягнення новых рыцараў. Сам Лютэр быў адораным паэтам і заахвочваў аўтараў рэлігійных і гістарычных прац пісаць пра Тэўтонскі Ордэн. Ён стварыў традыцыю, у якой паходы супраць Літвы сталі неабходным складнікам рыцарскай галантнасці. Важнае значэнне мела колькасць пасвечаных у рыцары па заканчэнні паходаў. Таму пасвячэнне адбывалася, як толькі хтосьці з кандыдатаў здзяйсняў годны ўчынак. Тады Вялікі магістр запрашаў самых адважных ваяроў за стол, падобны да Круглага стала караля Артура, і ўзнагароджваў іх. Французскі гісторык Э. Лавіс так апісаў гэтае мерапрыемства: " У пышным шатры накрываўся круглы стол, пад гукі труб і цымбал вакол яго сядалі дзесяць прызнаных найадважных рыцараў, і імёны іх услаўляліся потым паэтамі ва ўсім хрысціянскім свеце. Такія рыфмаваныя аповеды таксама запальвалі мужнасць, як у мінулы час казань Пятра Пустэльніка або Святога Бернара, і, дзякуючы … гэтаму, існаванне Ордэна працягвала падавацца патрэбным".

У адрозненні ад рыцараў, якія ўдзельнічалі тады ў Стогадовай вайне на тэрыторыі Францыі, матэрыяльная зацікаўленасць крыжакоў не была для іх галоўнай. Калі параўноўваць з астатняй Еўропай, гэта ў значнай ступені тлумачылася беднасцю мясцовага насельніцтва. Адзіным багаццем тут былі коні. Дарэчы, Вялікі князь літоўскі Вітаўт меў 20 000 коней. Тэўтонскіх жа рыцараў вабіла зямля, а на рухомую маёмасць яны мала звярталі ўвагу. Таму Ордэн прыцягваў ваяроў не грашыма, а рыцарскімі забавамі, банкетамі і адмысловымі знакамі шляхецкага гонару. Э. Лавіс пісаў, што замежнікам карцела паглядзець зблізку на гэты Ордэн, адчуць гонар рыцарства, але больш за ўсё вабіла пагоня за цікавымі прыгодамі, ну і гісторыямі, пры дапамозе якіх можна было б потым рабіць уражанне на паненак.

Не дзіўна, што шматлікія нямецкія песні пачынаюцца словамі: " Жыў аднойчы рыцар, які паехаў у Прусію", а французскія казкі часам згадваюць пра гаротнае становішча рыцара, які браў удзел "у святым паходзе ў Прусію" і апынуўся ў незайздросным становішчы ашуканага мужа. Прыклад адносінаў рыцарства Еўропы да крыжовага паходу ў Прусію адлюстроўвае раман Антуана дэ ла Саль " Маленькі Жан дэ Сэнтрэ", ён уяўляе сабою амаль што падручнік для тых, хто прагнуў пасвячэння ў рыцары. Па аналогіі з сучасным спортам, у той час існавалі "прафесійныя" рыцары, іх асноўным заняткам быў выклік на бой супернікаў у чужых краях і бадзянне ад аднаго манаршага двара да іншага ў пошуках праціўнікаў, якія прынялі б іх умовы. Дзеля гэтага Жан дэ Сэнтрэ з Францыі накіраваўся ў Арагонскае каралеўства, дзе гаспадар шчодра адарыў яго. Пазней герой рамана пабываў пры двары імператара і выступаў супраць нямецкіх рыцараў, прычым імператар асабіста прысутнічаў на двубоях. Нарэшце ён перайшоў ад рыцарскіх гульняў да рэальнай вайны і адправіўся ў " крыжовы паход" на Прусію, дзе і здабыў сабе славу.

Але ж падарожжа ў Прусію было занадта дарагім для бедных рыцараў, і таму Тэўтонскі Ордэн выплачваў грашовыя субсідыі. Практыка выплаты грашовых сум на дарогу стала настолькі шырока распаўсюджанай, што нават Баварскі герцаг, адзін з найбагацейшых людзей у Святой Рымскай імперыі, прыняў грошы ад Ордэна за службу ў 1322 г.

Зацішша ў Стогадовай вайне выклікала прыток французскіх, бургундскіх і брытанскіх рыцараў. Маршал Францыі Жан Бусіко (Jean Boucicaut) асабіста ўдзельнічаў у чатырох кампаніях на баку Ордэна і, пакуль мужчыны ваявалі ў Прусіі, арганізаваў абарону сем'яў крыжакоў у Францыі ад разбойнікаў. З 1329 г. ангельскія рыцары сталі рэгулярна ўдзельнічаць у зімовых або летніх наездах на Літву. Кульмінацыя актыўнасці адбылася паміж лістападам 1367 г. і лютым 1368 г., калі каралеўскія ліцэнзіі на ўдзел у вайне ў Прусіі былі прадстаўленыя чатырнаццаці рыцарам і іх атрадам, што ў суме склала дзевяноста сем ваяроў.

Для некаторых экспедыцыя ў Прусію стала звычкай. У 1360-х гадах там пабывалі рыцары ўсіх рэгіёнаў Англіі і розных сацыяльных узроўняў дваранства. Увогуле, у балтыйскіх крыжовых паходах ўдзельнічала мноства высакародных сем'яў Англіі: Warwicks, Herefords, Beauchamps, Uffords, Bohuns, Percies, Despensers, Fitz Walters, Beauchamps, Scropes, Courtenays, Montagues, Counenay. Генры Персі (Henry Percy), знакаміты Хотспур (Hotspur), сын першага графа Нартумберленда (first earl of Northumberland), пра якога падрабязней я распавяду далей, быў у Балтыйскіх крыжовых паходах у 1383 г. і, верагодна, пад Лідай у 1392 г.

Кароль Генрых IV (Граф Дэрбі)

Самы вядомы ваяр, які стаў прататыпам рыцара з "Кентэрберыйскіх аповедаў", напісаных выдатным англійскім паэтам Сярэднявечча Джэфры Чосерам (1344-1400), а таксама прататыпам героя трагедый Вільяма Шэкспіра "Рычард II" і "Генрых IV", быў граф Дэрбі, будучы кароль Англіі Генрых IV. Крыніцай сюжэта для Шэкспіра з'явіліся некалькі ананімных п'ес і летапісы Холіншэда, з якімі, аднак, Шэкспір абышоўся вельмі вольна. П'еса пра валадаранне Генрыха IV складае сярэднюю частку тэтралогіі, пачаткам якой з'яўляецца «Рычард II», а канцом - «Генрых V». Усе яны звязаныя паслядоўнасцю гістарычных падзей і супольнасцю некаторых персанажаў. Дзеянне п'есы разгортваецца ў Англіі на пачатку XV ст., калі каралеўская ўлада сцвярджала сябе ў барацьбе з феадаламі.

Генрых IV Балінброк (Henry IV Bolingbroke), вядомы таксама як Генрых Ланкасцер, кароль, заснавальнік Ланкасцерскай галіны дынастыі Плантагенетаў. Генрых нарадзіўся ў замку Балінгброк у 20 км на поўнач ад Бостана у 1367 г. У дзесяць гадоў яму быў нададзены тытул графа Дэрбі і самая ганаровая ўзнагарода ў каралеўстве - Ордэн Падвязкі. У 1380 г. ён ажаніўся з адной са спадчынніц графа Хэрафорда, Марыяй Багун, і ў 1384 г. пераняў і гэты графскі тытул, з 1397 г. Генрых стаў першым герцагам Хэрафордом. Прысвяціўшы сябе рыцарскім подзвігам, з 1390 па 1393 гг. Генрых правёў у крыжовых паходах, вандраваў па Цэнтральнай Еўропе, дабраўся да Венецыі, пабываў на Кіпры і ў Палесціне.

У 1390 г. Генрых вырашыў далучыцца да крыжовага паходу ў Літву, у якім удзельнічалі французскія рыцары. Бацька, Джон Гонт, даў яму 3533 фунтаў на выдаткі. Былі нанятыя караблі з Данцыга, каб перавезці тры сотні англійскіх ваяроў. Дэрбі 16 жніўня прыбыў у Кёнігсберг. Прускія гісторыкі прызнаюць добрую службу графа і яго паплечнікаў.

Тым часам магістр Энгельгард Рабэ, сумесна з Вітаўтам і Лівонскімі рыцарамі рыхтаваўся да вайсковага паходу. Тут трэба заўважыць, што Вітаўт змагаўся за спадчынны вялікакняскі пасад і выкарыстоўваў рыцараў як часовых паплечнікаў. У жніўні, пасля прыбыцця добраахвотнікаў з Англіі і Францыі, падрыхтоўка да вайны ў Прусіі была скончана. Войска выступіла пад камандаваннем магістра Енгельгарда Рабэ (Engelhard Rabe), бо Вялікі магістр Кондрад Цольнер (Konrad Zolner) быў цяжка хворы. Французамі камандаваў рыцар Бусіко, сын маршала Францыі. Пад Коўнам злучыўся з галоўнымі сіламі магістр Інфляндскі са сваімі рыцарамі. Мэтай паходу быў захоп Вільні і ўзвядзенне на вялікакняскі пасад Вітаўта. Пад замкам Віссельвальдэ (Wissewalde), недалёка ад старога Коўна, са сваім войскам чакаў Скіргайла. Было вырашана бараніць пераправы. Але магістр з атрадам адборных рыцараў абышоў Скіргайлу з поўначы, пераправіўся праз раку ўброд, раптоўна напаў на ліцвінскае войска і разграміў яго. Гэтая бітва адбылася каля мястэчка Віжуны. Скіргайла страціў сто чалавек. Рыцары ўзялі ў палон трох князёў: Сымона -- сына Яўнута, Глеба Святаслававіча Смаленскага і Глеба Канстанцінавіча Чартарыскага (па версіі Стрыйкоўскага гэтыя князі былі забітыя), а таксама адзінаццаць баяраў. Перамогу крыжакі адсвяткавалі шумным баляваннем. Скіргайла з часткай свайго войска схаваўся ў замку Віссельвальдэ, другая частка войска адступіла да Вільні. Недалёка ад Вільні, пад Веркамі, адбылася іншая бітва, у якой літвіны зноў атрымалі паразу і адступілі.

4 верасня 1390 г. аб'яднаныя сілы крыжакоў і Вітаўта абклалі Вільню. Адначасова, па рэках Нёману і Віліі былі дастаўленыя харчовыя прыпасы і ваенны рыштунак. Усе вайсковыя кідальныя машыны праціўніка пачалі абстрэльваць Вільню з мэтай запаліць горад.

6 верасня пачаўся агульны штурм падпаленага горада. Верагодна, прыхільнікі Вітаўта адчынілі браму горада, і непрыяцель уварваўся ў яго, забіваючы ўсіх. Ян Длугаш (1415 - 1480), польскі гісторык, лічыў, што галоўнай прычынай падзення добра ўмацаванага горада была здрада. Длугаш пісаў: " …полымя з-за варожага прыступу нельга было спыніць, князь Казімір, інакш Карыгайла, родны брат польскага караля Уладзіслава, кідаецца ўцякаць з агню, але трапляе жывым у рукі ворагаў, якія ў вялікім мностве атачалі падпалены замак, і адразу ж падае абезгалоўлены; насадзіўшы галаву забітага на доўгую дзіду, ворагі паказваюць яе для застрашвання абаронцаў Верхняга замка, пераконваючы іх здацца і здаць замак...".

У лісце комтура Ордэна пра вынікі штурму напісана: " ...пасля першага штурму войска крыжакоў апанавала драўляны замак, у якім былі забіты тысячы людзей і згарэла шмат ваяроў пешых і конных з некалькімі русінскімі князямі, а менавіта аднаго з братоў польскага караля Карыгайлу, у тым замку ўзята ў палон некалькі тысяч людзей рознага веку".

Длугаш піша пра 14 000 забітых, Георг Фойгт (1827-1891), нямецкі гісторык, спасылаючыся на хроніку Віганда, гаворыць пра 7000 забітых. Крыжакі разышліся па ўсім краі. Дзе быў у гэты час граф Дэрбі, невядома. У лістападзе з Польшчы падышоў Ягайла з польскім войскам, але да гэтага часу крыжакі адступілі, і ўзімку 1391 г. Ягайла вярнуўся ў Польшчу.

20 кастрычніка Дэрбі вярнуўся ў Кёнігсберг, дзе заставаўся да 9 лютага 1391 г., там граф зладзіў вялікі банкет паміж Калядамі і Трыма Каралямі на ангельскі манер. Затым ён вярнуўся ў Данцыг і застаўся там да канца Вялікадня 1391 г., пры гэтым атрымаў падарункі ад новага магістра, Конрада фон Валенрода, і вёў перамовы з Польшчай пра абмен двух палонных ангельскіх рыцараў. Граф Дэрбі выкупіў палонных, атрымаў ад папы Баніфацыя IX вызваленне ад крыжацкага зароку і ў канцы сакавіка прыплыў у Англію.

Генры Персі Хотспур

Нартумберлэнды (Northumberland), лінія графаў, а пасля герцагаў з сямейства Персі, якая пакінула прыкметны след у гісторыі Англіі. Персі мелі значныя ўладанні ў Паўночнай Англіі. Першыя свае маёнткі, якія знаходзіліся ў Ёркшыры, яны атрымалі яшчэ з рук Вільгельма Заваёўніка.

Сэр Генры Персі (1364(?) - 1403), таксама вядомы па мянушцы " Гары Хотспур" (Harry Hotspur, Гарачая Шпора - Падшыванец ) быў старэйшым сынам Генры Персі, 1-га Графа Нартумберленда, пасвечаны ў рыцары каралём у Віндзоры 23 красавіка 1377 г. Ужо ў 1383 г. Гары Хотспур першы раз бярэ ўдзел у крыжовым паходзе ў Літву.

Войскі 11 верасня сабралася каля Трокаў. У Трокскім замку была моцная залога з ваяроў Скіргайлы, якія мелі ўсё неабходнае для абароны. Крыжакі ўжылі аблогавыя прыстасаванні. Ім удалося праламіць мур. Залога дамовілася з крыжакамі аб бесперашкодным выхадзе і пакінула замак, пасля чаго ён быў прыведзены ў належны стан.

Па Літве пайшла пагалоска аб узяцці Вітаўтам Трокаў, і шляхта, якая служыла яшчэ яго бацьку, пачала сцякацца пад сцягі князя. Аб канкрэтных дзеяннях Хотспура ў гэты час нічога не вядома, але ж ёсць звесткі, што толькі напрыканцы 1383 г. Гары Хотспур вярнуўся на радзіму, але, па сведчаннях гісторыкаў, мог браць удзел у выправе пад Ліду на пачатку 1392 г. З ліста караля Кіпра каралю Англіі Рычарду ІІ ад 15 ліпеня 1393 г., вядома, што Генры Персі увесну быў на Кіпры і магчыма сустрэўся з графам Дэрбі, што ускосна можа сведчыць пра яго удзел у выправе 1392 г. Неабходна дадаць, што дзядзька Хотспура Томас Персі, граф Вусцер (Thomas Percy Worcester) таксама значны персанаж трагедый Вільяма Шэкспіра "Рычард II" і "Генрых IV".

Хотспур - адзін з галоўных герояў драмы "Генрых IV" Уільяма Шэкспіра. Шэкспір паказвае Хотспура выбітнай асобай, роўнай якой у атачэнні караля няма. Аднак пры ўсёй сваёй доблесці Хотспур - бунтаўшчык, якому не можа быць месцы пры цэнтралізаваным дзяржаўным парадку. У Шэкспіра ён смелы і палкі, хуткі ў думках і дзеяннях, сваю рыцарскую волю ён ставіць вышэй за ўсё. Можна сказаць, што Хотспур краса і гонар сыходзячага сярэднявечча. Хотспуру жыццё ўяўляецца арэнай бесперапынных рыцарскіх сутычак. Па ягоных словах: " Як жыць, дык каралёў зрынаць; як смерць, дык слаўная, каб прынцы гінулі з намі!" (частка I, V, 2).

Уладанні сям'і Персі знаходзіліся ў прыгарадзе Лондана - Татэнхеме. Таму футбольны клуб прэм'ер-лігі, штаб-кватэра і стадыён якога знаходзяцца ў паўночнай частцы брытанскай сталіцы, мае назву Татэнхем Хотспур. За сваю больш чым стогадовую гісторыю клуб стаў адным з самых тытулаваных на туманным Альбіёне. Дэвіз клуба - " Адважыцца - значыць зрабіць".

З верасня 1933 г. па кастрычнік 1959 г. у Англіі друкаваўся самы папулярны дзіцячы часопіс "Хотспур" (The Hotspur). Усяго было выпушчана 1197 нумароў. З канца кастрычніка 1959 г. пачаў выдавацца часопіс-комікс для дзяцей "Новы Хотспур" (New Hotspur). На іх вырасла некалькі пакаленняў брытанцаў. А ў сучаснай англійскай мове слэнгавае слова "хотспур" абазначае халерыка са слабым кантролем над сваімі паводзінамі.

Джон Бафорт

Джон Бафорт (Johann Beaufort) - асоба ў гісторыі вядомая. Удзел яго ў паходзе 1394 года на Літву пацвярджаецца гістарычнымі крыніцамі, напрыклад, англійскі гісторык пачатку ХХ ст. А. Полард у сваім "Нацыянальным біяграфічным слоўніку" пісаў што Бафорт у 1394 г. ваяваў на баку Тэўтонскага Ордэна ў Літве. Тое ж самае пішуць і іншыя гісторыкі.

Джон Бафорт, першы граф Самерсэта (1371 (?) -- 1410) быў першым з чатырох пазашлюбных дзяцей Джона Гонта, Герцага Ланкастара, і яго палюбоўніцы Кэтрын Свайнфорд (пазней яна стала ягонай жонкай). Бафорт нарадзіўся прыблізна ў 1371 г., і прозвішча было яму нададзена з-за феода Бафорт, ягонага бацькі ў правінцыі Шампань, у Францыі. Такім чынам, будучы кароль Генрых IV (граф Дэрбі) быў яго зводным братам.

Паводле А. Поларда, вайсковую службу Джон Бафорт пачаў у 1390 г. у крыжовым паходзе ў Паўночную Афрыку. Пасля законнага шлюбу свайго бацькі і маці ў 1397 г. атрымаў тытул графа Самерсэта і месца ў парламенце побач з графам Уорвікам. Праз некалькі месяцаў атрымаў тытул герцага Глостэра і маркіза Дарсэта, ордэн Падвязкі і месца намесніка Аквітаніі. У 1398 г. стаў адміралам флоту Ірландыі, канстэблем замка Дувр і лордам-намеснікам Пяці партоў. Пасля таго, як кароль Рычард II быў зрынуты ў 1399 г., новы кароль Генрых IV адмяніў тытулы, якія даваліся прыхільнікам старога караля, і Джон Бафорт стаў проста графам Самерсэтам. Аднак, ён быў лаяльным да новага караля і служыў яму на розных вайсковых і дыпламатычных пасадах. У 1404 г. ён стаў канстэблем Англіі. Cамерсэт памёр пасля доўгай хваробы 16 сакавіка 1410 г. у шпіталі Св. Кацярыны недалёка ад Лонданскага Таўэра і быў пахаваны ў Кентэрберы.

Джон Бафорт, граф Самерсэт, -- персанаж першай часткі драмы "Генрых IV" Уільяма Шэкспіра.


Магчыма, звесткі пра сляды "нацыянальных герояў" Англіі на тэрыторыі нашай старажытнай дзяржавы паспрыяюць развіццю сучаснага міжнароднага турызму на Беларусі.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX