Вярнуцца: Персанажы Шэкспіра – ў Літве

Персанажы Шэкспіра - ў Літве. Граф Дэрбі  Earl of Derby


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 14-08-2008,
Крыніца: "Наша Слова" №870.

Спампаваць




Вывучаючы войны ВКЛ з крыжакамі ў 14 ст., стала сустракаеш прозвішчы замежных і ў тым ліку ангельскіх рыцароў, якія ваявалі супраць нашых продкаў на боку Тэўтонскага і Лівонскага Ордэнаў. Пачаўшы даследаваць тэму еўрапейскіх рыцараў у Прусіі ў 14 ст., я з цікавасцю зразумеў, што сярод іх былі вельмі вядомыя асобы.

У Прусіі пабывалі практычна ўсе арыстакраты Еўропы, яна як магніт вабіла шараговых ваяроў, жадаўшых стаць рыцарамі. Аднак з канца 13 ст. лік рыцараў - крыжакоў, якія прыбываюць у Прусію і Лівонію, стаў памяншацца. У канцы 13 ст. Тэўтонскі Ордэн усё радзей мог прапанаваць замежным рыцарам удзел у займальных наступальных дзеяннях. Часцей за ўсё прыезджыя ваяры маглі разлічваць на сумную залогавую службу, небяспечную і нецікавую партызанскую вайну. У 1330-ых гадах вялікі магістр Тэўтонскага Ордэна Лютэр фон Брауншвейг (Luther von Braunschweig) прапанаваў план прыцягнення новых рыцараў у Прусію. Лютэр сам быў адораным паэтам і заахвочваў аўтараў рэлігійных і гістарычных прац пісаць аб Тэўтонскім Ордэну. Ён стварыў традыцыю, пры якой паходы супраць Літвы сталі неабходным складнікам рыцарскай галантнасці. Для гэтага была адроджаная былая традыцыя святкавання Круглага стала Караля Артура. Простыя ваяры з Еўропы пераконваліся ісці ваяваць у Прусію, удзельнічаць у "Reisen" (такім сярэднявечным эўфемізмам называліся вайсковая паходы). Важнае значэнне меў лік прысвечаных у рыцары па заканчэнню Reisen. Цырымонія прысвячэння ў рыцары стала неад'емнай часткай кожнага крыжовага паходу. Гонар яе правядзення аддавалі самому высакароднаму з прыезджых крыжакоў. Прысвячэнне адбывалася, як толькі хтосьці з кандыдатаў здзяйсняў годную дзею. Пасля гэтага, Вялікі магістр запрашаў самых адважных ваяроў за стол, падобны Кругламу сталу караля Артура, і ўзнагароджваў найбольш адважных воінаў. Французскі гісторык Э. Лавісс так апісаў гэтае мерапрыемства: "У пышным шатры накрываўся круглы стол, за які садзіліся пры гуку труб і цымбал дзесяць прызнаных найадважных рыцараў, і імёны іх услаўляліся потым паэтамі ва ўсім хрысціянскім свеце. Гэтыя рыфмаваныя аповяды таксама запальвалі мужнасць, як у мінуўшы час пропаведзь Пятра Пустэльніка або Св. Бернара, і, дзякуючы ўсёй гэтай камедыі, існаванне Ордэна працягвала падавацца патрэбным".

У адрозненні ад рыцараў якія ўдзельнічалі ў гэты ж час у Стогадовай вайне ў Францыі, матэрыяльная зацікаўленасць не была галоўнай для крыжакоў. У значнай ступені гэта тлумачылася беднасцю мясцовага насельніцтва ў параўнанні з астатняй Еўропай. Адзіным багаццем тут былі коні, у 14 ст. вялікі князь літоўскі Вітаўт меў 20.000 коней. Тэўтонскія рыцары захоплівалі землі, а не рухомую маёмасць. Ордэн прыцягваў замежных удзельнікаў не грашыма, а рыцарскімі забавамі, банкетамі і адмысловымі знакамі рыцарскай гонару. Э. Лавісс пісаў што воінаў вабіла цікаўнасць паглядзець зблізку на гэты Ордэн, гонар рыцарства, панаваўшага на зямлі аднятай у няверных, а больш за ўсё пагоня за моцнымі ўражаннямі і цікавымі прыгодамі, аповядамі аб якіх можна было бы потым займаць дам. Гэтыя далёкія паходы глыбока засталіся ў рыцарскіх норавах. Шматлікія нямецкія песні пачынаюцца словамі: "Жыў аднойчы рыцар, які паехаў у Прусію", шматлікія французскія казкі захоўваюць нам успамін аб гаротным становішчы рыцара, які, прыняўшы ўдзел "у святым паходзе ў Прусію", аказваўся ў становішчы ашуканага мужа. Як прыклад адносінаў рыцарства Еўропы да крыжовага паходу ў Прусію, цікавы раман Антуана дэ ла Саль "Маленькі Жан дэ Сэнтрэ", які ўяўляе сабою амаль што навучальны дапаможнік для тых, хто прагнуў прысвячэння ў рыцары. Падобна таму, як гэта адбываецца ў сучасным спорце, у то час былі "прафесійныя" рыцары, якія выклікалі на бой сапернікаў у чужых краях і туляліся ад аднаго двара правіцеля да іншага ў пошуках праціўнікаў, якія прынялі бы іх умовы. Дзеля гэтага Жан дэ Сэнтрэ праехаў вялікую частку Еўропы, з Францыі ён адправіўся ў Арагонскае каралеўства, дзе гаспадар засыпаў яго падарункамі. Пазней ён пабываў пры двары імператара, які асабіста прысутнічаў на двубоях, дзе ён выступаў супраць нямецкіх рыцараў. Нарэшце, пярайшоўшы ад рыцарскіх гульняў да рэальнай вайны, ён адпраўляецца ў "крыжовы паход" у Прусію, дзе, нарэшце знаходзіць сабе славу.

Але ж падарожжа ў Прусію было занадта дарагім для бедных рыцараў і таму Тэўтонскі Ордэн выплачваў грашовыя субсідыі. Гэта ў значнай ступені здымала грань паміж крыжакамі і наймітам. Практыка выплачванні грашовых сум для праезду стала настолькі шырока распаўсюджанай, што нават Баварскі Герцаг, адзін з найбагацейшых людзей у Святой Рымскай імперыі, прыняў грошы ад Ордэна за службу ў 1322 г.

Зацішша ў Стогадовай Вайне выклікала прыток французскіх і бургундскіх і ангельскіх рыцараў. Маршал Францыі, Жан Бусіко (Jean Boucicaut) асабіста, удзельнічаў у чатырох кампаніях на баку Ордэна і арганізаваў абарону сем'яў крыжакоў у Францыі ад разбойнікаў, пакуль мужчыны ваявалі ў Прусіі. З 1329 г. ангельскія рыцары сталі рэгулярна ўдзельнічаць у зімовых або летніх наездах (Reisen) на Літву. Перыяды найбольшай актыўнасці былі, калі наступалі перамір'і ў Стогадовай Вайне, асабліва ў 1347-52, 1362-68, і 1390-98 гг. Напрыклад у 1362-68 гг. ангельскія рыцары са сваімі атрадамі, амаль штогод ваявалі ў Прусіі. Кульмінацыя актыўнасці - паміж лістападам 1367 г. і лютым 1368 г., калі каралеўскія ліцэнзіі на ўдзел у вайне ў Прусіі былі прадстаўленыя чатырнаццаці рыцарам і іх атрадам, у суме - дзевяноста сем ваяроў. Напрыклад, тры сына графа Уворвіка (Warwick), адпраўляліся ў паход з дзевяццю эсквайрамі і дваццаццю ёменамі пры трыццаці канях, і з адной тысячай марак на выдаткі, а Ўільям Даллезон, эсквайр (William Dalleson, esquire) у суправаджэнні аднаго ёмена - павінен быў выдаткаваць трыццаць марак. Для некаторых экспедыцыя ў Прусію стала звычкай. Томас Уффард, сын Роберта, графа Суффолка (Thomas Ufford, son of Robert, earl of Suffolk), ваяваў на боку Тэўтонскіх Рыцараў у 1348, 1362, 1365 гг. і магчыма ў 1352 г. Сэр Томас Бойнтан (Sir Thomas Boynton) упершыню ўдзельнічаў у ваеннай кампаніі ў Прусіі яшчэ падлеткам у 1362 г. і паўторна ўзімку 1367-68 гг. Тады жа Х'ю Дэспэнсер (Hugh Despenser) атрымаў першую ліцэнзію на ўдзел у Балтыйскім крыжовым паходзе, яшчэ раз ён ваяваў у Прусіі і Літве ў 1383 г. У 1360-х гг. у крыжовых паходах у Прусію ўдзельнічалі рыцары са ўсіх рэгіёнаў Англіі і з розных узроўняў дваранства. Ад графа Уворвіка ў 1365 г. і яго сыноў у 1367-68 гг. і ягонага ўнука на пачатку 15 ст. і графа Херафорда (earl of Hereford) у 1363 г. і да правінцыйных дваран, накшталт Джэфры Скроўпа Мэшема (Geoffrey Scrope of Masham) з Ёркшыра, забітага ў Літве ў 1362 г. Або Рычарда Волдегрэва (Richard Waldegrave) з Суффолка, які з графам Херафордам удзельнічаў у паходзе да Віслы ў 1363 г. У балтыйскіх крыжовых паходах ўдзельнічала мноства высакародных сем'яў Англіі (Beauchamps, Uffords, Bohuns, Percies, Despensers, FitzWalters, Beauchamps, Scropes, Courtenays, Montagues, Counenay).

Генры Персі (Henry Percy), знакаміты Хотспур (Hotspur), сын першага графа Нортумберленда (first earl of Northumberland) аб якім падрабязней я распавяду далей, быў у Балтыйскіх крыжовых паходах у 1383 г. і, верагодна пад Лідай у 1392 г.

* * *

Самы вядомы ангельскі ваяр, які стаў прататыпам рыцара ў "Кентэрберыйскіх аповядах" найзначнейшага ангельскага паэта Сярэднявечча Джефры Чосера (1344-1400) і героем трагедый Вільяма Шэкспіра "Рычард II" і "Генрых IV", быў граф Дэрбі, будучы кароль Англіі Генрых IV. Крыніцай сюжэту для Шэкспіра з'явіліся некалькі ананімных п'ес і граф Дэрбі (Генрых IV)летапісы Холіншеда, з якімі, аднак, Шэкспір абышоўся вельмі вольна. П'еса аб валадаранні Генрыха IV складае сярэднюю частку тэтралогіі, пачаткам якой з'яўляецца «Рычард II», а канцом - «Генрых V». Усе яны звязаныя паслядоўнасцю гістарычных падзей і супольнасцю некаторых персанажаў. Дзеянне п'есы разгортваецца ў Англіі пачатку XV ст., калі каралеўская ўлада сцвярджала сябе ў барацьбе з феадаламі.

Генрых IV Балінброк (Henry IV Bolingbroke), вядомы таксама як Генрых Ланкасцер, ангельскі кароль, заснавальнік Ланкасцерскай галіны дынастыі Плантагенетаў. Генрых, старэйшы сын Джона Гонта (герцага Ланкасцера, 4-га сына Эдуарда III) і яго першай жонкі Бланш (прапраўнучкі ангельскага караля Генрыха III), нарадзіўся ў замку Балінгброк у 20 км на поўначы ад Бостана у 1367 г., верагодна, у красавіку.

У дзесяць гадоў яму быў нададзены тытул графа Дэрбі і самая ганаровая ўзнагарода ў каралеўстве - Ордэн Падвязкі. У 1380 г. ён ажаніўся на адной з спадчынніц графа Хэрафорда, Марыі Багун, і ў 1384 г. пераняў і гэты графскі тытул (з 1397 г. Генрых стаў 1-м герцагам Хэрафордом).

У 1387 г. падчас адсутнасці свайго бацькі ў Англіі, Генрых Балінгброк увайшоў у змову з чатырма іншымі лордамі, абуранымі тыраніяй ягонага стрыечнага брата - караля і злоўжываннямі каралеўскіх фаварытаў. Спачатку апелянтам удалося дабіцца поспеху: фаварыты караля былі асуджаныя парламентам за здраду, а сам кароль быў пастаўлены пад кантроль Рады. Аднак вярнуўшыся ў 1389 г. Джон Гонт ўстаў на абарону свайго пляменніка - караля, і змог на час пагадніць апанентаў.

Прысвяціўшы сябе рыцарскім подзвігам, з 1390 г. па 1393 г. Генрых правёў у крыжовых паходах, вандраваў па Цэнтральнай Еўропе, дабраўся да Венецыі, пабываў на Кіпры і ў Палестыне.

У 1390 г. Генрых вырашыў далучыцца да крыжовага паходу ў Літву, у якім удзельнічалі французскія рыцары. Бацька, Джон Гонт даў яму 3533 фунтаў на выдаткі. Былі нанятыя караблі з Данцыга, каб перавесці трыста ангельскіх ваяроў. 20 ліпеня 1390 г. экспедыцыя выходзіць з Бостана, і праз тры тыдні высаджваецца ў Памераніі. Дэрбі прыйшоў у Данцыг 10 жніўня а 16 жніўня прыбыў Кёнігсберг. Прускія гісторыкі прызнаюць добрую службу hraf Henrich von Derby і яго паплечнікаў.

Магістр Энгельгард Рабэ, сумесна з Вітаўтам і Лівонскімі рыцарамі рыхтаваўся да вайсковага паходу. У жніўні, пасля прыбыцця добраахвотнікаў з Англіі і Францыі, падрыхтоўка для вайны ў Прусіі была скончаныя.

Войска выступіла пад камандаваннем магістра Енгельгарда Рабэ (Engelhard Rabe), бо Вялікі магістр Кондрад Цольнер (Konrad Zolner) быў цяжка хворы. Французамі камандаваў рыцар Бусіко, сын Маршала Францыі.

Пад Коўнам злучыўся з галоўнымі сіламі магістр Інфляндскі са сваімі рыцарамі.

Мэтай паходу быў захоп Вільні і ўзвядзенне на велікакняскі пасад Вітаўта.

Пад замкам Віссельвальдэ (Wissewalde), недалёка ад старога Коўна, са сваім войскам чакаў Скіргайла. Было вырашана бараніць пераправы.

Але магістр з атрадам адборных рыцараў, абыйшоўшы Скіргайлу з поўначы, пераправіўся праз раку ўброд і раптам напаў на ліцвінскае войска і разграміў яго. Гэтая бітва адбылася ля мястэчка Віжуны. Скіргайла страціў сто чалавек. Рыцары ўзялі ў палон трох руска - літоўскіх князёў: Сымона сына Яўнута, Глеба Святаслававіча Смаленскага і Глеба Канстанцінавіча Чартарыскага (па версіі Стрыйкоўскага гэтыя князі былі забітыя) і адзінаццаць баяраў. Перамогу крыжакі адсвяткавалі шумным баляваннем.

Скіргайла з часткай свайго войска замкнуўся ў замку Віссельвальде, другая частка войска адступіла да Вільні. Недалёка ад Вільні, пад Веркамі, адбылася іншая бітва, у якой літвіны зноў атрымалі паразу і адступілі ў Вільню.

4 верасня 1390 г. аб'яднаныя сілы крыжакоў і Вітаўта абклалі Вільню. Адначасова, па рэках Нёману і Віліі былі дастаўленыя харчовыя прыпасы і ваенны рыштунак.

Крыжакі мелі перад сабою тры магутныя крэпасці: Верхні і Ніжні Замак і Крывы Горад. Крывы Горад складаўся з драўляных хат і быў акружаны магутнымі палісадамі і равамі. Верхні замак абараняў польскі гарнізон пад камандай Мікалая Маскажэўскага (Mikolaj Moskorzewski), падканцлера польскага. Абаронай Крывога Горада кіраваў князь Карыгайла (Казімір), родны брат Ягайлы. Міхал Балінскі цытуе данясенне, напісанае некім з палякаў на старанямецкай мове: "... абклалі Вільню, найболей моцна ўмацаваны горад у краях Літоўскіх, які складаецца з трох градов з залогамі. Адзін з іх - Крывы Замак, у якім сабралася некалькі тысяч ваяроў, старых і люду паспалітага, як для абароны замка, так і для захавання свайго жыцця. У гэтым замку мёў даводства над залогой наш брат найбліжэйшы Пан Казімір". Вітаўт са сваімі жмудзінамі бок аб бок з графам Дэрбі і ангельскай пяхотай абклаў Крывы горад, немцы і французы - Верхні Замак. Усе вайсковыя кідальныя машыны праціўніка пачалі абстрэл Вільні з мэтай запаліць горад.

6 верасня пачаўся агульны штурм падпаленага горада. Верагодна, прыхільнікі Вітаўта адчынілі вароты горада, і непрыяцель уварваўся ў яго, забіваючы ўсіх. Длугаш лічыў што галоўнай прычынай падзення добра ўмацаванага горада была здрада. Ягайла пісаў "... у гэтым замку, такое быў лік узброеных людзей, што сілай узяць яго было немагчыма, - толькі здрадай і падманам ...", пасля ўварвання крыжакоў у Крывы Горад, як піша далей Ягайла, "... там такая пачалася разня, падчас пажару ў гэтым замку, што шмат тысяч людзей шляхетнага роду, нават князёў а потым і шляхты і чэрні без літасці было забіта". Балінскі цітуе ангельскага аўтара хронікі Уолсінгема (Walsingham) які славу частковага здабыцця Вільні аддае графу Дэрбі і піша пра 4000 забітых ліцвінаў. Паніка і вялікая колькасць шукаўшых паратунку людзей не далі магчымасці Карыгайлу выратавацца ў Верхнім Замку. Ён быў забіты. Длугаш пісаў: ... полымя з-за варожага прыступу нельга было спыніць, князь Казімір, інакш Карыгайла, родны брат польскага караля Ўладзіслава, кідаецца ўцякаць з агню, але трапляе жывым у рукі ворагаў, якія ў вялікім мностве атачалі падпалены замак, і адразу ж падае абезгалоўлены; насадзіўшы галаву забітага на доўгую дзіду, ворагі паказваюць яе для застрашвання абаронцаў Верхняга замка, пераконваючы іх здацца і здаць замак ...". У лісце камтура Ордэна аб выніках штурму напісана: " пасля першага штурму войска крыжакоў апанавала драўляны замак, у якім было забіта тысячы людзей і згарэла шмат ваяроў пешых і конных з некалькімі русінскімі князямі а менавіта аднаго з братоў Польскага караля Карыгайлу, у тым замку ўзята ў палон некалькі тысяч людзей рознага веку". Балінскі адзначае, што пазней, Вялікі князь ВКЛ Вітаўт чыніў вялікія фундушы Віленскаму капітулу за душу свайго стрыечнага брата.

Верхні замак не быў узяты і трымаўся 5 тыдняў. Маскажеўскі выгнаў з замка ўсіх хто мог быць чалавекам Вітаўта.

Длугаш піша аб 14 000 забітых, Фойгт, спасылаючыся на хроніку Віганда, гаворыць аб 7000 забітых.

Крыжаки разыйшліся па цэлым краі. Дзе пабываў у гэты час граф Дэрбі не вядома.

У лістападзе з Польшчы падышоў Ягайла з польскім войскам, але да гэтага часу крыжакі адступілі і ўзімку 1391 г. Ягайла вярнуўся ў Польшчу.

20 кастрычніка Дэрбі вярнуўся ў Кёнігсберг, дзе заставаўся да 9 лютага 1391 г., устроіўшы вялікі банкет паміж Калядамі і Трымя Каралямі на ангельскі манер. Затым ён вярнуўся ў Данцыг і застаўся там да канца Вялікадня 1391 г., пры гэтым атрымаў падарункі ад новага магістра, Конрада фон Валенрода, і вёў перамовы з Польшчай аб абмене двух палонных ангельскіх рыцараў. Тым часам, пачаліся сваркі паміж ангельцамі і шатландцамі, што дайшлі да двубою, у якім быў забіты вядомы шатландскі рыцар Вільгельм Дуглас (Wilhelm Douglas). Двубоі былі гэтак жа паміж ангельцамі і французамі. Гэта вымусіла Вялікага магістра забараніць двубоі ў ваенны час. Выкупіўшы палонных, граф Дэрбі атрымаў ад папы Баніфацыя IX вызваленне ад крыжацкага зароку і канцы сакавіка прыплыў у Англію. 30 красавіка граф прыбыў у Лондан, 3 лістапада выступіў у парламенце.

Ангельская дапамога таксама спынілася з-за таго, што іх рыцары патрабавалі, каб менавіта яны неслі сцяг Св. Георгія, хоць, традыцыйна гэты сцяг заўсёды неслі немцы. Акрамя таго граф Дэрбі ўмяшаўся ва ўнутраныя справы Ордэна, патрабуючы палепшыць магчымасці ангельскіх купцоў гандляваць у Прусіі. Раздражнялі немцаў таксама і сталыя бойкі ангельцаў з шатландцамі. У цэлым ангельцы сталі прычыняць больш праблем, чым каштавала іх дапамога. У 1394 г. Вялікі магістр Ордэна адказаў адмовай на афіцыйны ангельскі запыт аб удзеле ў паходзе гэтага года, і пасля 1394 г. ангельскія рыцары рэдка згадваюцца ў хроніках аб Прусіі. Трэба адзначыць, што французскія рыцары карысталіся большай павагай з боку Ордэна, іх заўжды было болей за англічан і яны не ўмешваліся ў камерцыйныя справы Ордэна з патрабаваннем прэферэнцый для французскага гандлю. Французкія рыцары, традыцыйна, былі больш аддадзеныя рыцарскаму кодэксу паводзінаў, і як гэта неаднаразова было падчас Стогадовай Вайны, вялі сябе пад час рэальных баявых дзеянняў як на рыцарскім турніры. У 1394 г. пры аблозе Вільні, насуперак волі Вялікага магістра Ордэна, французскія рыцары выклікалі на двубой польскіх рыцараў, вінавацячы іх у дапамозе язычнікам. Длугаш пісаў аб гэтым:"Пакуль доўжылася аблога, паміж рыцарамі абедзвюх бакоў узнікалі частыя спрэчкі і лаянкі: французы вінавацілі палякаў у тым, што тыя аказваюць дапамогу варварам супраць вернікаў; палякі жа пярэчылі, што паступаюць свята і набожна, бо дзеля веры сталі на абарону новаахрышчаных супраць ілжэзмагароў за веру. Абодва бакі ўмовіліся, што ў доказ справядлівасці сваёй справы як палякі, так і французы ўступяць у рыцарскі двубой пры двары Венцаслава (у той час караля Чэхіі) у Празе ў прызначаны дзень, у роўным ліку, па чатыры рыцара з кожнага боку. Калі прыйшоў гэты дзень, абодва бакі выканалі ўмову а, менавіта: калі чатыры рыцара з боку караля Ўладзіслава, Ян з Влощава, кашталян добжынскі, Мікалай з Вашмунтова, Ян з Здакова і Яраслаў Чэх, з боку жа французаў чатыры рыцара з'явіліся ў Прагу, яны адправіліся ў сад пры звярынцы, каб засведчыць рыцарскую сілу і шчасце. Аднак па прыказу Венцаслава, караля Чэхіі ... праціўнікі былі ўтрыманыя ад сутычкі і прыведзеныя, француз у пары з палякам і паляк з французам, да каралеўскага стала, дзе іх спачатку пышна прынялі і пачаставалі, а затым кароль Венцаслаў, выступіўшы як пасярэднік, памірыў іх і прывёў да згоды".

У ліпені 1392 г. граф Дэрбі, зноўку адплыў у Прусію. Высадзіўшыся ў Памераніі, ён прыбыў у Данцыг 10 жніўня. Тут ягоныя ваяры забілі немца, і былі настолькі агрэсіўныя, што Тэўтонскі Ордэн быў рады пазбавіцца "памагатых". Паўдзельнічаць у новым наездзе на Літву не ўдалося, і Дэрбі паслаў большасць сваіх ваяроў дахаты, а сам, 23 верасня пачаў паломніцтва ў Святую Зямлю. Кніга ягоных грашовых выдаткаў паказвае нам маршрут. Граф пабыў у Празе з 13 да 25 кастрычніка 1392 г. правёўшы тры дні з каралём Венцаславам у ягоным замку; правёў першыя чатыры дні лістапада ў Вене, вядучы перамовы з эрцгерцагам Альбрэхтам III і Жыгімонтам Вугорскім. Прыбыў у Венецыю 29 лістапада. Адсвяткаваў Каляды ў Зары каля Канстанцінопаля, адплыў на востраў Радос, адкуль прыбыў у горад Яфа. З Яфы з адным аслом, загружаным правізіяй, наведаў Ерусалім. З Ерусаліма ў лютым граф Дэрбі адплыў на Кіпр, дзе, магчыма сустрэўся з Генры Персі (Хотспурам) які прыкладна ў гэты час таксама быў на Кіпры. Вярнуўся ў Венецыю у канцы сакавіка 1393 г., да 13 траўня жыў у Мілане. Далей праз Павію, 22 чэрвеня прыбыў у Парыж. У Лондан граф прыехаў 5 ліпеня, і там старанна маліўся ў цэрквах.

А у верасні 1392 г. пачалася яшчэ адна велізарная выправа рыцарскай Еўропы на чале з магістрам Ордэна Конрадам Валенродам (абраны на гэты пост у 1391 г.). Але гэта не з'яўляецца нашай тэмай.

* * *

Ангельскі Кароль Рычард ІІ так і не дараваў апелянтам. У 1398 г., пасля таго як Генрых і яшчэ адзін былы апелянт, герцаг Норфалк, спрабавалі развязаць сваю асабістую спрэчку двубоем, абодва супернікі былі па загаду караля выгнаныя з Англіі. У наступным годзе памёр герцаг Ланкастарскі (Джон Гонт), бацька нашага героя. Рычард II канфіскаваў вялікія ўладанні герцага, якія павінны былі адысці графу Дэрбі.

Генрых нечакана апынуўся на чале ўсіх незадаволеных тыраніяй караля лордаў. Скарыстаўшыся адсутнасцю Рычарда (кароль узначаліў паход у Ірландыю), Генрых і яго паплечнікі ў ліпені 1399 г. высадзіліся ў Англіі і рушыліся на Лондан. Паспешна вярнуўшыся кароль Рычард ІІ не змог аказаць годны супраціў. У жніўні кароль быў узяты ў палон і узяты пад арышт ў замку Пантэфракт. Спадзеючыся захаваць жыццё, Рычард падпісаў адрачэнне ад пасаду. Аднак у 1400 г., пасля каранавання графа Дэрбі як Генрыха IV, Рычард быў забіты.

Неўзабаве Генрых усвядоміў, што атрымаць карону значна прасцей, чым захаваць яе. Першыя дзесяць гадоў прайшлі ў барацьбе. Спачатку ў студзені 1400 г. ён разграміў прыхільнікаў у то час яшчэ жывога Рычарда II. З 1403 г. па 1408 г. Генрых вёў барацьбу з адной з самых магутных сямей Англіі - Персі.

З 1408 г. здароўе Генрыха IV прыкметна пагоршылася, гісторыкі мяркуюць, што ў караля была праказа. Парой ён зусім не мог займацца дзяржаўнымі справамі. У перыяд з 1410 г. па 1411 г. ад імя бацькі краінай кіраваў ягоны сын - прынц Валійскі. Узніклі супярэчнасці паміж бацькам і сынам, яны выраслі ў сапраўдны канфлікт. Пры ангельскім двары пачалася барацьба за ўлада паміж хворым каралём і маладым прынцам. У 1412 г. кароль, ўзяўшы кіраванне краінай у свае рукі, вымусіў прынца пакінуць каралеўскую раду. Але 20 сакавіка наступнага года Генрых IV памёр, молячыся ў Вестмінстэрскім абацтве. Пахаваны ў Кентэрберы.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX