Папярэдняя старонка: Персанажы Шэкспіра – ў Літве

Персанажы Шэкспіра – ў Літве. Генры Персі Хотспур 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 31-08-2008,
Крыніца: 'Наша Слова' № 874.

Спампаваць




Нартумберленды (Northumberland), лінія графаў, а пасля герцагаў з сямейства Персі, якая пакінула прыкметны след у гісторыі Англіі.

Персі мелі значныя ўладанні ў Паўночнай Англіі. Першыя свае маёнткі, якія знаходзіліся ў Ёркшыры, яны атрымалі яшчэ з рук Вільгельма Заваёўніка за заслугі ў Нармандскай заваёве. На поўдні Персі валодалі графствам Дарэм.

Землі Персі размяшчаліся таксама на прымежнай тэрыторыі Шатландыі, што давала Персі, падобна шэрагу іншых лордаў дадатковыя магчымасці для палітычнага манеўравання паміж Лонданам і Эдынбургам.

Хотспур.

Традыцыйна Персі займалі пасаду намеснікаў памежных земляў, іх абавязкам было ахоўваць ангельскія тэрыторыі, якія межавалі з Паўднёвай Шатландыяй. Першы граф Нартумберленд (1342-1408), Генры лорд Персі, чацвёрты барон Персі, бацька Хотспура, быў першым прадстаўніком свайго клана, чые дамаганні распасціраліся далей уласных уладанняў і традыцыйных рэгіянальных канфліктаў з іншымі сем'ямі. Ён вёў сваё паходжанне ад сэра Вільгельма дэ Персі (каля 1030-1096), нармандскага барона, прыбыўшага ў Англію з Вільгельмам I Заваёўнікам у 1066 г. Ледзі Мэры - маці першага графа Персі была дачкой герцага Генры Ланкастара, чый бацька Эдмонд быў другім сынам караля Генрыха III.

У 1377 г. сэр Генры Персі стаў маршалам Англіі і першым графам Нартумберлендам.

Сэр Генры Персі (20 траўня 1364 (1366?) - 21 ліпеня 1403), таксама вядомы па мянушцы " Гары Хотспур" (Harry Hotspur, Гарачая Шпора - Падшыванец ) быў старэйшым сынам Генры Персі, 1-га Графа Нартумберленда. Яго маці - Маргарэт Нэвіл, дачка Ральфа Нэвіла, 2-га Барона Навіла дэ Рэбі (c. 1291 - 1367) і Алісы дэ Адлей.

Гары Хотспур пасвечаны ў рыцары каралём у Віндзоры, 23 красавіка 1377 г. У якасці збраяносца суправаджаў свайго бацьку пры ўзяцці замка Бервік 1378 г.

Ужо ў 1383 г. Гары Хотспур першы раз прымае ўдзел у крыжовым паходзе ў Літву. Хотспур унесены у спісы (The Calendar of the Patent Rolls) тых каму дазволена ў гэты час выехаць за мяжу ў крыжовы паход. У той год ў верасні вялікае войска крыжакоў, пад камандай Вялікага магістра Кондрада Цольнера выступіла на Літву. З імі ішла літоўска - жмудская харугва Вітаўта. На тэрыторыі Літвы да Вітаўта далучылася шмат прыхільнікаў.

Войскі рухалася двума дарогамі і 11 верасня сабралася каля Трокаў. У Трокскім замку была моцная залога з ваяроў Скіргайлы, якія мелі ўсё неабходнае для абароны. Крыжакі ўжылі аблогавыя прыстасаванні. Ім удалося праламаць сцяну замка. Залога дамовілася з крыжакамі аб бесперашкодным выхадзе і пакінула замак, пасля чаго ён быў прыведзены ў належны стан і Вітаўт пакінуў у ім сваю залогу да якой Вялікі Магістр дадаў 60 сваіх ваяроў. Кашталянам замка прызначылі крыжака Яна Рабэ. Па Літве пайшла гаворка аб узяцці Вітаўтам Трокаў, і шляхта, якая служыла яшчэ яго бацьку, пачала сцякацца пад сцягі Вітаўта. Пасля ўзяцця Трокаў, падышлі крыжакі з Ельблонга, Балгі, Брандэнбурга і Хрыстбурга. Гэтае войска высунулася да Вільні. Пасля цяжкіх баёў на подступах, 18 верасня крыжакі увайшлі ў прадмесці горада і запалілі яго. Віганд так апісвае штурм горада: "На наступны дзень войска спяшаецца да Вільні, і магістр высылае наперад 4-х камандораў, ... , каб спалілі, горад русінаў, як здолеюць. І адбываецца там бітва на мосце. Шматлікія літвіны адбілі хрысціянаў, але і хрысціяне ў сваю чаргу адбілі ідалапаклоннікаў, сякучы іх і ўдараючы. У трэці раз ідалапаклоннікі, прыкметна ўзмацніўшы свае шэрагі, прагналі хрысціянаў, а аднаго брата [Ордэна] да смерці пранізала страла, іншага раніла. Горад згарэў. Спадар Хуберт з Зэндзендорфа нёс сцяг святога Георгія. Пасля 3-х гадзін магістр са шматлікімі крыжакамі зняліся і адышлі да Нярыса, і войска падзялілася. Хрысціяне спяшаюцца на караблі, каля якіх не былі 11 дзён, і разам з магістрам цэлыя ўступаюць у Прусію".

Вялікі магістр абвясціў Жмудзь уласнасцю Ордэна, узяў закладнікаў і падзяліўшы войска на малыя аддзелы, адправіў іх да мяжы Прусіі. У гэты жа час Вітаўт ізноў атрымаўшы паўнамоцтвы Вялікага Князя, штодня далучаў да сваіх уладанняў новыя воласці і такім чынам істотна павялічыў свае сілы.

У гэты год Вітаўт разам з крыжакамі захапіў Коўню і Трокі, спаліў прадмесці Вільні, тым не менш Ягайла разам з братам Скірагайлам вярнуў заваяваныя гарады і прымусіў Вітаўта вярнуўся на тэрыторыю Ордэна.

Аб канкрэтных дзеяннях Хотспура ў гэты час нічога не вядома, але ж вядома што толькі напрыканцы 1383 г. Гары Хотспур вярнуўся на радзіму з-за абвастрэння сітуацыі ў Францыі.

* * *

Палітыку на англа - шатландскай мяжы ў канцы XIV ст. шмат у чым фармавалі два наймацнейшыя роды: з ангельскага боку - Персі а з шатландскага - Чорныя Дугласы.

Сталая англа - шатландская вайна была пабочнай галіной Стогадовай вайны. Адным з пікаў абвастрэння "памежнай вайны" паміж сем'ямі Дугласаў і Персі з'явілася бітва пры Атэрберне (Otterburn). Шатландска - французскае ўварванне ў Паўночную Англію было ўзначаленае графамі Джэймсам Дугласам і Мюрэем. Пры Атэрберне (15 жніўня 1388 г.) яны нанеслі паразу ангельскаму войску якім камандаваў сэр Генры Персі (бацька Хотспура). На пачатку ангельцы рашуча атакавалі шатландскія палявыя ўмацаванні і перавага была на іх баку. Але потым, падчас пераследавання войска шатландцаў, Хотспур дапусціў памылку, прыняўшы дапаможны лагер за галоўны лагер шатландскага войска і разам са сваім братам Ральфам быў узяты ў палон. Ангельцы страцілі каля 2 тысяч чалавек. Страты шатландцаў былі невялікімі, аднак граф Джэймс Дуглас у гэтай бітве загінуў. Для вызвалення братоў Персі, каралём Англіі Рычардам II быў выплачаны вялізны выкуп у 3000 £.

У 1391 г. Хотспур атрымаў пост начальніка залогі горада Кале ў Францыі. А ў 1392 г. верагодна, прыняў удзел у наездзе на Ліду.

Т. Нарбут так апісаў наезд крыжакоў: "Пад Аліту перадавыя атрады крыжакоў падашлі ў студзені 1392 г. У выправе прымалі удзел Ян Румпенхайм (Jan Rumpenheim), Конрад Ліхтэйнштэйн (Konrad Lichtenstein) з замежнымі гасцямі. Князь Вітаўт, таксама ўдзельнічаў у гэтай выправе. Калі войска ўжо выходзіла з Аліты, ангельцы паспрачаліся з немцамі за права несці харугву Св. Георгія. Справа дайшла да крывавай сутычкі. З абодвух бакоў у бойцы удзельнічалі знатныя людзі, ангельцамі кіраваў Персі, сын графа Нартумберленда, іншымі Рупрэхт з Шакендорфа. Мэтай выправы было месца Ліда, у якой у гэты час для аховы краю знаходзіўся князь Карыбут з войскам. Праз замёрзлую дрыгву крыжакі раптам падышлі да Ліды і падзамча. Карыбут не стаў бараніць адзін з лепшых замкаў Літвы і ўцёк са сваім дваром і войскам, пакінуўшы ўсё што было ў замку і горадзе на здабычу непрыяцелю. Здабыта было шмат зброі і вайсковага рыштунку".

Такім чынам Нарбут наўпрост піша што пад Лідай быў сын графа Нартумберленда Персі (Хотспур). Але пры тым ён спасылаецца на Фойгта які ў сваю чаргу расказвае аб падзеях, абапіраючыся на "Хроніку Віганда".

Але Віганд, даючы інфармацыю аб "reisen" на Ліду, піша толькі тое, што англічанамі кіраваў спадар Персі (Aglici eciam extederunt vexillulum per dominum nobilem de Perse). У спасылцы да гэтага тэксту даецца каментар: "Яўна той жа, які і на С. 154 (С.648 - заўвага аўтара) спадар Персі з Англіі паходзіць з роду герцага Нартумберленда (памыл-а, не герцага а графа - заўвага аўтара) і ёсць падставы меркаваць што гэта не вядомы Генры Персі (Хотспур, заўвага аўтара), а спадар Томас Персі ... Верагодна што гэта Томас, бо граф Генры Дэрбі (будучы кароль Генры IV) падчас свайго паходу ў Прусію ў 1390 г. атрымаў пашпарт (дазвол) на выезд за мяжуад караля Рычарда II для рыцара Томаса Персі ... з тэрмінам дзеяння ў 1 год". А праз старонку Віганд зноў піша: "sc. Dominus Perse de Anglia"

Такім чынам хто з роду Персі быў пад Лідай у 1392 г. дакладна высветліць, верагодна, ужо не магчыма. Аўтар каментароў да "Хронікі Віганда" лічыць што гэта быў Томас Персі (дзядька Хотсупра), але нават з ягонай інфармацыі бачна, што дазвол у сэра Томаса дзейнічаў толькі да 1391 г.

Сучасны ангельскі гісторык Крыстофер Туерман таксама лічыць, што Хотспур быў у балтыйскім паходзе ў 1983 г. а ягоны дзядзька праз 9 гадоў, г. зн. ў 1392 г.

Аднак іншы сучасны ангельскі гісторык, Маўрыс Кін, паведамляе нам, што "Хотспур, знакаміты сын першага графа Нартумберленда, быў у Прусіі у 1383 г. Ягоны дзядзька, сэр Томас Персі, здаецца, служыў там у 1391 г., а праз 5 гадоў ягоны малодшы брат сэр Ральф удзельнічаў у злапомным крыжовым паходзе, разбітым султанам Баязетам пры Нікапале". Дарэчы, гэты крыжовы паход, быў самай сур'ёзнай спробай каталіцкага хрысціянства прыйсці на дапамогу Візантыі.

Іншыя крыніцы наўпрост даводзяць аб удзеле Хотспура у паходзе 1392 г.

З ліста караля Кіпра каралю Англіі Рычарду ІІ ад 15 ліпеня 1393 г., вядома, што Генры Персі увесну быў на Кіпры і магчыма сустрэўся з графам Дэрбі што ускосна можа сведчыць аб ягоным удзеле у выправе 1392 г.

Неабходна дадаць, што дзядзька Хотспура Томас Персі, граф Вусцер (Thomas Percy Worcester) таксама значны персанаж трагедый Вільяма Шэкспіра "Рычард II" і "Генрых IV".

З 1393 г. па 1395 г. Хотспур служыў губернатарам горада Бардо.

На далейшы лёс сям'і Персі паўплываў канфлікт графа Генры з Рычардам II, які пажадаў, каб граф прыняў удзел у карнай экспедыцыі ў Ірландыю (1398). Аднак замест гэтага граф выехаў з Лондана, у свае землі ў Паўночнай Англіі.

У 1399 г. кароль Рычард II абвінаваціў графа Нартумберленда і ягонага сына ў здрадзе. У адказ яны, змовіўшыся з іншымі баронамі, паднялі паўстанне і пасадзілі на ангельскі трон свайго фаварыта Генрыха Ланкастара (Генрых IV). Поспех спрыяў далейшаму ўзмацненню ўплыву сям'і Персі. Граф Нартумберленд быў прызначаны канетаблем Англіі і атрымаў права на спагнанне падаткаў з вострава Мэн.

Смерць Хотспура.Частыя згадванні ў хроніках імя Персі у той час звязаны з вайсковымі сутыкненнямі на мяжы з шатландцамі. Даволі тыповай з'яўляецца фраза храніста Уолсінгема (Walsingham), датычная падзей 1400 г.: "Шатландцы, варожыя да ангельцаў, уварваліся ў памежныя ўладанні, але Персі і яго сын Генры (Хотспур)... з дапамогай сваіх аддзелаў і лучнікаў прымусілі шатландцаў уцякаць".

У пачатку 1400-га года сэр Генры, па мянушцы Хотспур стаў намеснікам Усходняй Маркі і адміралам Англіі, атрымаўшы права на збор падаткаў з Усходняй Маркі.

У 1402 г. шатландскія бароны, прынялі рашэнне распачаць буйнамаштабны паход на паўночная графствы Англіі. У ліку ўдзельнікаў гэтага паходу былі таксама каля 50 французскіх рыцараў. Агульная колькасць шатландскага войска дасягала 40 тысяч чалавек.

У вайне з шатландцамі і іх разгроме ў бітве каля мястэчка Хамілдон Хіл галоўную ролю адыграў наш герой, Гары Хотспур. Пасля перамогі Хотспур са сваімі людзьмі прайшоўся па шатландскай тэрыторыі і ўзяў штурмам некалькі шатландскіх цвердзяў. Вынікам перамогі пры Хамілдоне стала агульнае аслабленне Шатландыі. На цэлы год (да ліпеня 1403 г.) было забяспечана досыць стабільнае становішча на паўночнай мяжы.

Палітыка бацькі Хотспура, графа Нартумберленда прывяла да таго, што ў першыя гады XV ст. ён стаў адным з найболей магутных лордаў Англіі. Яго поўны тытул гучаў наступным чынам: "Магутны Лорд Генры, граф Нартумберленд, лорд бароніі Кокермаўт і Петуорт, барон Персі, Поінгс, Фіцпэйн і Браян, Захавальнік Усходніх і Сярэдніх Марак Англіі на шатландскай мяжы і рыцар Ордэна Падвязкі".

У 1403 г., вырашыўшы, што кароль не дастаткова аддзячыў іх за дапамогу, Персі ўзбунтаваліся супраць ангельскага караля Генрыха IV. Была арганізаваны змова, у якой дзеля звяржэння Генрыха і ўзвядзенні на пасад Эдмунда Марцімера (пляменніка Рычарда II), аб'ядналіся пад кіраўніцтвам Нартумберленда шатландцы і валійцы. Аднак, калі ўсё было гатова для ўзброенага выступу, граф раптам захварэў і, замест таго каб узначаліць рокаш, застаўся ў сваім замку Бервіку..

Узначаліў паўстанне Генры Персі Хотспур. Ён павёў сваё войска да Шрусберы на злучэнне з валлійцамі. Злучыўшыся, мяцежнікі апублікавалі свой маніфест, у якім выказалі свае сапраўдныя і ўяўныя крыўды. Генрых IV нічога не ведаў аб змове і таму быў вельмі здзіўлены, атрымаўшы вестку аб паўстанні. Аднак у яго была войска, сабранае на выпадак вайны з шатландцамі. Добра разумеючы, што ў барацьбе з такім ворагам, як Персі, неабходна хуткасць, ён неадкладна павёў свае войска да Шрусберы, каб даць мяцежнікам бой. Бітва была вельмі крывавай; абодва палкаводцы добра ведалі сваю справу і былі адважныя. Генрыха можна было бачыць на самых небяспечных участках бітвы. З іншага боку адважны Хотспур падтрымаў сваю воінскую славу, заваяваную ў шматлікіх кровапралітных бітвах, шукаючы сустрэчы са сваім галоўным крыўднікам - каралём. Аднак ён быў забіты, і гэта вырашыла зыход бітвы на карысць Генрыха IV.

* * *

Вокладкі дзіцячага часопіса.

Хотспур - адзін з галоўных герояў драмы "Генрых IV" Уільяма Шэкспіра. Шэкспір паказвае Хотспура, выбітнай асобай, роўнай якой у атачэнні караля няма. Адначасова Хотспур, пры ўсёй сваёй доблесці - бунтаўшчык, якому не можа быць месцы пры цэнтралізаваным дзяржаўным парадку. У Шэкспіра ён смелы і палкі, хуткі ў думках і дзеяннях, сваю рыцарскую волю ён ставіць вышэй усё. Можна сказаць, што Хотспур краса і гонар адыходзячага сярэднявечча. Хотспуру жыццё ўяўляецца арэнай бесперапынных рыцарскіх сутычак. Па ягоных словах: "Як жыць, дык каралёў зрынаць; як смерць, дык слаўная, каб прынцы гінулі з намі!" (частка I, V, 2).

П'еса Шэкспіра шматкроць пастаўлена ўсімі тэатрамі свету. Неаднаразова па п'есе зняты фільмы. Так напрыклад, у ангельскім тэлефільме "Генрых IV" 1995-га года у ролі Хотспура зняўся вядомы брытанскі акцёр Руфус С'юэл.

Генры Персі (Хотспур) - агульнавядомая асоба ў Англіі. Ягоным іменем з 19 ст. называюцца баявыя караблі:

На працягу Другой Сусветнай вайны на узбраенні брытанскай арміі быў дэсантны планёр "Хотспур".

У прыгарадзе Лондана Татэнхем знаходзіліся ўладанні сям'і Персі. Таму футбольны клуб прэм'ер - лігі штаб-кватэра і стадыён якога знаходзіцца ў паўночнай частцы Лондана мае назву Татэнхем Хотспур (анг. Tottenham Hotspur). За сваю больш за стогадовую гісторыю клуб стаў адным з самых тытулаваных на імглістым Альбіёне. Дата нараджэння клуба - 1882 г. Дэвіз клуба - Audere est Facere («Адважыцца - значыць зрабіць»).

З верасня 1933 г. па кастрычнік 1959 г. у Англіі друкаваўся самы папулярны дзіцячы часопіс "Хотспур" (The Hotspur). Усяго было выпушчана 1197 нумароў. З канца кастрычніка 1959 г. пачаў выдавацца часопіс - комікс для дзяцей "Новы Хотспур" (New Hotspur). Гэты часопіс выдаваўся да студзеня 1981 г. і карыстаўся нязменным поспехам у дзяцей. На гэтых часопісах вырасла некалькі пакаленняў ангельцаў.

У сучаснай ангельскай мове слэнгавае слова "хотспур" - абазначае чалавека - халерыка з саслабелым кантролем над асабістымі паводзінамі.

І вось гэты "нацыянальны герой" Англіі - Хотспур хутчэй за ўсе ваяваў пад нашай Лідай. Гэтая інфармацыя павінна мець важнае значэнне для развіцця турызму ў нашым рэгіёне.


 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX