Вярнуцца: Персанажы Шэкспіра – ў Літве

Персанажы Шэкспіра - ў Літве. Джон Бафорт Shakespeare's characters in the GPL. John Beaufort, 1st Earl of Somerset.


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 19-10-2008,
Крыніца: "Наша Слова" №881.

Спампаваць




Т. Нарбут так напісаў аб выправе крыжакоў на Ліду і Наваградак у 1394 г.: "Узімку ў Прусіі сабраліся новыя госці, з Нямеччыны граф Ленінген, з Англіі граф Бэдфард, з Францыі гэтак жа вядомыя рыцары .. Мэтай нападу была ўнутраная Літва, яе русінская частка. Выправа рушыла на Свята Трох Каралёў, прайшла змёрзлымі балотамі, абыйшла Гародню і накіравалася да Наваградка. Але крыжакі знайшлі горад спаленым гараджанамі, частка якіх прыгатавалася абараняцца ў замку, частка схавалася ў аддаленай пушчы (верагодна жанчыны і дзеці - Л.Л.). Адтуль, на шляху спусташаючы асады, крыжакі пайшлі да Ліды, дзе таксама знайшлі моцны замак, які стаяў сярод спаленага падзамча. Далей быў намер ісці на Салешнікі, і, магчыма на Вільню, але маразы раптам саслаблі, наступіла адліга, крыжакі, верагодна, дазналіся аб войску ВКЛ якое выйшла з Вільні і аб пагрозе для сябе з боку Гародні ... Такім чынам яны былі змушаныя адыходзіць з-пад Ліды дзітвянскімі балотамі ... Здабычай крыжакаў у гэты раз сталі 2200 палонных, 1400 коней і шмат быдла.".

Апісваючы падзеі, Нарбут абапіраўся на кнігу Фойгта (Voigt, VI, Geschichte Preussens, 1834), у якой ў зносцы №3 на старонцы №10 паведамляецца, што згадваны ў хроніцы Віганда "Bekvort" - гэта граф "Betfort".

Адсюль у гістарычную літаратуру і ўвайшоў "граф Бэдфард" які прымаў удзел у выправе 1394 года на Наваградак і Ліду.

Але для ўважлівага назіральніка ўзнікаюць пытанні.

Джон Бафорт, 1-ый граф СамерсэтаГраф Бэдфард - старажытны графскі тытул у сістэме дваранскіх тытулаў Англіі. Упершыню тытул графа Бэдфарда быў заснаваны ў 1137 г. для Гуга дэ Бамона. Другая крэацыя тытула адбылася ў 1366 г., калі графам Бэдфардам стаў паўночна - французскі дваранін Ангеран VII дэ Кусі (1340-1397), які патрапіў у Англію ў якасці закладніка і ў 1365 г. ажаніўся на Ізабеле, дачцэ ангельскага караля Эдуарда III. Ангерану ўдавалася балансаваць паміж ангельскім і французскім пасадам, але пасля смерці Эдуарда III у 1377 г. яму прыйшлося зрабіць канчатковы выбар. У выніку ён адмовіўся ад усіх земляў у Англіі і ад тытула "граф Бэдфард", але захаваў фамільныя ўладанні ў Францыі. Наступная крэацыя тытула адбылася толькі ў 1551 г. калі гэты тытул быў наданы Джону Раселу.

Не мог удзельнічаць у выправе і герцаг Бэдфард, бо першая крэацыя гэтага тытула адбылася ў 1414 г. а першы носьбіт гэта тытула - Джон Ланкастар нарадзіўся ў 1389 г.

Такім чынам у 1394 г. не было чалавека, які быў бы носьбітам гэтага тытула. Хранікёр мог бы ў 1394 г. памылкова зваць графам Бэдфардам Ангерана дэ Кусі (гэты чалавек пакінуў след у гісторыі, напрыклад яго два разы згадвае Ёхан Хёйзінг у сваёй знакамітай кнізе "Восень сярэднявечча"). Але інфармацыі аб ягоным ўдзеле ў крыжовым паходзе ў Прусію няма.

У выданні «Хронік Віганда" 1863 года на старонцы 653 знаходзім: "... reysa interfuerunt comes de Liningen, Bekvort" а ў спасылцы №2008 да гэтага сказа напісана што "Bekvort" гэта Johann Beaufort.

І гэтая інфармацыя ўсё ставіць на свае месцы. Джон Бафорт (Johann Beaufort) асоба ў гісторыі вядомая.

Удзел Джона Бафорта ў паходзе 1394 г. на Літву пацвярджаецца гістарычнымі крыніцамі, напрыклад ангельскі гісторык пачатку 20 ст. А. Полард у сваім "Нацыянальным біяграфічным слоўніку" пісаў што Бафорт у 1394 г. ваяваў на баку Тэўтонскага Ордэна ў Літве. Тое ж самае пішуць і іншыя англіскія гісторыкі.

Джон Бафорт, 1-шы граф Самерсэта (John Beaufort, 1st Earl of Somerset) (1371 (?) - 16 сакавіка 1410) быў першым з чатырох пазашлюбных дзяцей Джона Гонта, Герцага Ланкастара, і яго палюбоўніцы Кэтрын Свайнфорд (пазней яна стала ягонай жонкай). Бафорт нарадзіўся прыблізна ў 1371 г., і прозвішча было яму нададзена з-за феода Бафорт ягонага бацькі ў правінцыі Шампань, Францыя.

(22KB) надмагільны помнік Джона Бафорта і ягонай жонкі у капліцы Св. Міхаіла, Кентэрберы.

Такім чынам будучы кароль Генрых IV (граф Дэрбі) быў яго зводным братам.

Кароткую біяграфію Бафорта даю паводле А. Поларда. Вайсковую службу Джон Бафорт пачаў у 1390 г. у крыжовым паходзе ў Паўночную Афрыку. Бафорт быў пасвечаны ў рыцары ў 1391 г., і ў 1394 г. ён ваяваў у Літве. У 1396 г. прыняў удзел у чарговым крыжовым паходзе і ў верасні ўдзельнічаў у бітве пад Нікопалем. Пасля законнага шлюбу свайго бацькі і маці ў 1397 г. атрымаў тытул графа Самерсэта і месца ў парламенце побач з графам Уорвікам. Праз некалькі месяцаў атрымаў тытул герцага Глостэра і маркіза Дарсэта, ордэн Падвязкі і месца намесніка Аквітаніі. У 1398 г. стаў адміралам флота Ірландыі, канетэблем замка Дувр і лордам - намеснікам Пяці партоў. Пасля таго, як кароль Рычард II быў зрынуты ў 1399 г., новы кароль Генрых IV адмяніў тытулы, якія даваліся прыхільнікам старога караля, і такім чынам Джон Бафорт стаў проста графам Самерсэтам. Аднак, ён быў лаяльным да новага караля (свайго зводнага брата), і служыў яму на розных вайсковых і дыпламатычных пастах. У 1404 г. ён стаў канстэблем Англіі. Cамерсэт памёр пасля доўгай хваробы 16 сакавіка 1410 г. у шпіталі Св. Кацярыны недалёка ад Лонданскага Таўэра і быў пахаваны ў Кентэрберы.

ДЖОН БОФОРТ, граф Самерсэт, персанаж часткі першай драмы "Генрых IV" Уільяма Шэкспіра.


 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX