Папярэдняя старонка: Агульнае краязнаўства Лідчыны

Прырода Лідскага раёна і звязаная з ёй гаспадарчая дзейнасць у 50-60 гады ХХ ст. 


Аўтар: Кулеш Анатоль,
Дадана: 17-07-2013,
Крыніца: Лідскі Летапісец № 61(1).



ГЕАГРАФІЧНАЕ СТАНОВІШЧА

Лідскі раён размешчаны на паўночным захадзе Беларусі, у цэнтральнай частцы Гарадзенскай вобласці. Цэнтр раёна горад Ліда. Гэта старажытны горад. Першае дастаткова дакладнае згадванне ў гістарычных дакументах адносіцца да 1323 года. У гэтым годзе ў мэтах абароны зямель Вялікага Княства Літоўскага ад тэўтонскіх рыцараў вялікі князь Гедзімін загадаў пабудаваць тут мураваны замак, які і сёння велічна ўзвышаецца над горадам.

Гісторыя не захавала дакладных звестак, якія тлумачылі б паходжанне назвы горада Ліды. Усе версіі і гіпотэзы, якія існуюць - гэта не больш, як версіі і гіпотэзы.

У 14-м стагоддзі Ліда - вялікакняскі горад. З 1382 года існавала Лідскае намесніцтва, якое ўваходзіла ў Віленскае ваяводства. Пасля адміністрацыйнай рэформы 1565-66 гадоў утвораны Лідскі павет у сладзе таго ж Віленскага ваяводства. Афіцыйна Ліда - цэнтр павету з 1568 года. У 1590 г. горад атрымаў Магдэбургскае права.

З 1796 года Лідскі павет - у складзе Літоўскай, а з 1801 - у складзе Віленскай губерні Расійскай Імперыі. У 1861 годзе Лідскі павет падзелены на 24 воласці.

З 1921 года ў Наваградскім ваяводстве Польшчы. У 1929 годзе з Лідскага павета выдзелены Шчучынскі павет.

15.1.1940 года з часткі Лідскага павета ўтвораны Лідскі раён у складзе Баранавіцкай вобласці. З 20.9.1944 года - у складзе Гарадзенскай вобласці.

ГЕАЛАГІЧНАЯ БУДОВА І КАРЫСНЫЯ ВЫКАПНІ

1. Стратыграфія і літалогія

У геаструктурных адносінах тэрыторыя Лідскага раёна адносіцца да Рускай платформы і размешчана ў яе паўночна-заходняй частцы. У будове яе прымаюць удзел пароды архейскай і протаразойскай груп, кембрыйскай сістэмы (Гдоўскі гарызонт), адклады верхняга аддзела мелавой сістэмы, палеагену і ўтварэнні чацвярцічнай сістэмы.

З паверхні паўсюдна распаўсюджаны чацвярцічныя ўтварэнні, магутнасць якіх месцамі дасягае 200 м. Больш раннія, дачацвярцічныя пароды на паверхню не выходзяць.


а) Архей - ніжні протаразой.

Паводле наяўных дадзеных Белгалоўгеалогіі БССР (крышталічны фундамент на тэрыторыі Лідскага раёна знаходзіцца на глыбіні ад 131,2 м (в. Беліца, поўдзень раёна) да 263,8 м (г. Ліда, цэнтр тэрыторыі). Найбольш высока фундамент залягае ў паўднёвай частцы тэрыторыі, заканамерна апускаючыся ў бок поўначы і паўночнага захаду.

Для ўсёй тэрыторыі раёна сярэдняя глыбіня залягання парод фундамента складае каля 225 м. Дадзеныя пра глыбіні залягання крышталічных парод фундамента па некаторых свідравінах прыведзены ў табліцы 1.

У літолага-петраграфічных адносінах пароды асновы платформы прадстаўлены метамарфічнымі пародамі (галоўным чынам гнейсамі, амфіябалітамі), якія перарываюцца вялікай колькасцю інтрузій кіслага і асноўнага складу. Кантакты інтрузіўных комплексаў часта суправаджаюцца тэктанічнымі парушэннямі, якія маюць пераважна паўночна-ўсходняе распрасціранне.

У тоўшчы гнейсаў сустрэты тонкія пражылкі кварцу з малібданітам, а таксама сустрэта жыла сульфідных руд (з пірытам, халькапірытам, малібданітам).

Метамарфічныя пароды, акрамя інтрузій асноўных парод, апісаных вышэй, перарваны гранітамі і плагіягранітамі. Гэтыя пароды шэрыя, чырванавата-шэрыя, дробна - ці буйназярністыя, біятытавыя.

Табліца № 1.

№№ п\п

Месцазнаходжанне свідравіны

Глыбіня залягання (м)

Выяўленая магутнасць (м)

Склад парод фундамента

Покрыўныя пароды

1

г. Ліда

263,8

7,2

граніт

ст.

2

в. Беліца

131,2

7,6

дыярыт

ст.

3

в. Пескі

252,5

10,2

сланец

ст.

У верхняй частцы разрэзаў пароды фундамента моцна разбураны і ўяўляюць сабою старажытную кару выветрывання галоўным чынам каалінавага тыпу, які мае магутнасць 10-20-25 м.

Такім чынам, крышталічны фундамент тэрыторыі Лідскага раёна характарызуецца развіццём разнастайных тыпаў парод, узаемаадносіны паміж якімі высветлены ў самых агульных рысах.


б) Кембрыйская сістэма. Гдоўскі гарызонт.

Кембрыйская сістэма прадстаўлена Валдайскай серыяй, Гдоўскім гарызонтам.

Паводле дадзеных Белгалоўгеалогіі і Іўеўскай геолага-здымачнай партыі Літоўскага кіравання геалогіі (1954 г.) гэтыя адкладанні шырока развіты на тэрыторыі апісванага раёна. Адсутнічаюць яны толькі ў паўднёва-ўсходняй частцы яго (г. Бярозаўка) і на захад ад горада Ліды, у вярхоўях ракі Лебяды. Гэтыя адкладанні выяўлены на глыбіні 200 м (г. Ліда) і 172,2 м (в. Пескі). Свідравінамі каля г. Ліды і в. Пескі апісваныя адкладанні пройдзены на поўную магутнасць, якая перавышае 82,6 м (гл. стратыграф. калонку № 1). Літалагічна кембрыйская сістэма прадстаўлена перапластованымі пясчанікамі, ружавата-шэрымі, чырванавата-бурымі і карычнявата-бурымі з праслоямі гравеліту, пяску і радзей - поліміктавага алеўраліту. Пясчанікі няроўна-мерназярністыя: ад дробна - да груба-зярністых і слабасцэментаваных.


в) Мезазойская група. Мелавая сістэма.

На адкладаннях Гдоўскага гарызонту ці непасрэдна на пародах фундамента (в. Беліца, гл. стратыграф. калонку № 2) залягаюць пароды верхняга аддзела мелавай сістэмы, прадстаўленыя Сенаманскім, Туронскім, Каньяцкім, Сантонскім, Кампанскім і Маастрыцкім ярусамі. Апісваныя адклады амаль паўсюдна распаўсюджаныя. На поўную магутнасць яны пройдзены свідравінамі каля г. Ліды, вёсак Пескі, Беліца і інш.

Адклады Сенаманскага яруса маюць абмежаваны распаўсюд, прадстаўлены глаўканітавымі пяскамі і пясчанікамі магутнасцю ад 0,85 м (в. Беліца) да 21 м (г. Ліда).

Туронскі ярус распаўсюджаны амаль паўсюдна. Прадстаўлены ён пісчай крэйдай, мелападобнымі мяргелямі і вапняком, а таксама пяскамі. Магутнасць яго каля 11,0 м.

Каньякскія ярусы выкрыты ў свідравіне "Беліца" на глыбіні 101,6 - 131,2 м і прадстаўлены рыхлым белым мяргелем (0,85 м) з буйнымі абломкамі крэменю і светла-жоўтымі дробназярністымі пяскамі (28,75 м).

Кампанскі ярус выяўлены на паўночным захадзе тэрыторыі Лідскага раёна (в. Рулевічы) і прадстаўлены пісчай крэйдай. Магутнасць мелу складае 7,6 м.

Адклады Маастрыцкага яруса выяўлены толькі ў адным месцы (в. Рулевічы) і прадстаўлены пісчай крэйдай, магутнасць якой дасягае 20,3 м.

Апісаныя адклады пройдзены на ўсю магутнасць свідравінамі каля г. Ліды і в. Пескі, якая перавышае 82 м (гл. стратыграф. калонку № 1).


г) Кайназойская група. Палеаген.

На размытай паверхні верхнемелавых асадкаў залягаюць адклады палеагену, якія распаўсюджаны асобнымі ўчасткамі ў цэнтры, на захадзе і поўдні раёна. Прадстаўлены яны ўшчыльненымі цёмна-зеленавата-шэрымі і зеленавата-шэрымі алеўрытавымі і дробназярністымі, гліністымі, кварцава-глаўканітавымі пяскамі, а таксама зеленавата-шэрай глінай. Глыбіня залягання гэтых адкладанняў вагаецца ад 101,50 да 104,10 м (в. Беліца - Табала). Магутнасць складае 0,10 - 9,60 м.


д) Чацвярцічная сістэма.

Чацвярцічныя адкладанні ў межах Лідскага раёна распаўсюджаны паўсюдна. Гэтыя адкладанні вельмі разнастайныя па ўзросце, генэзе і складзе. Магутнасць іх вагаецца ў вялікіх межах, з поўдня на поўнач. Максімальная магутнасць прымеркавана да раёна Верх-Лідскіх вышынь і складае 217,6 м. Мінімальная магутнасць гэтых адкладанняў назіраецца ў даліне ракі Лебяды і складае 61 м. Сярэдняя магутнасць - 75,25 м.

Карта.

Чацвярцічная сістэма тэрыторыі Лідскага раёна сфармавалася пад уплывам і непасрэдным уздзеяннем чацвярцічных аблядненняў. Гэтыя аблядненні былі выкліканы рэзкім пахаладаннем, якое ў некаторай ступені выяўлялася ўжо ў канцы трацічнага перыяду. Цэнтрам абляднення ў Еўропе, якое сілкавалі леднікі, быў Скандынаўскі паўвостраў, размешчаны на паўночным захадзе ад Беларусі. Ляднік, які ўтварыўся тут, распаўсюдзіўся далёка к поўдню Рускай платформы, захапіўшы цалкам тэрыторыю Беларусі, у тым ліку і межы Лідскага раёна. Тэрыторыя раёна падвяргалася мацерыковаму аблядненню не меней трох раз: Ліхвінскаму, Дняпроўскай і Маскоўскай стадыям Дняпроўскага абляднення (10). Аднак у разгляданым раёне слядоў старажытначацвярцічнага абляднення (Ліхвінскага) не выяўлена. Тым не менш, мяркуючы па дадзеных сумежных раёнаў, старажытначацвярцічнае аблядненне мела месца. Пакінутая гэтым ледніком марэна была, відаць, дэнудзіравана. Найстаражытнейшыя з захаваных пад сярэднечацвярцічнымі - марэнныя адкладанні ўтрымоўваюць рэшткі драўнянай цеплалюбнай расліннасці.

Сярэднечацвярцічны ляднік ці (максімальнае) Дняпроўскае аблядненне ахапіла ўвесь раён, выйшаўшы далёка за яго межы. Марэна, пакінутая гэтым ледніком, адрозніваецца значнай магутнасцю (гл. геалагічны разрэз стар. 15, 16). Адход сярэднечацвярцічнага ледніка суправаджаўся эразійна-акумуляцыйнай дзейнасцю флювіягляцыяльных струменяў. якія адклалі перемыты матэрыял у выглядзе магутных тоўшчаў міжмарэннага гарызонту.

Ляднік Маскоўскай стадыі Дняпроўскага абляднення наступаў з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход. Па меры свайго пасоўвання ён моцна дэнудзіраваў пароды, якія ляжалі на яго шляху, згладзіў мясцовасць і пакрыў яе флювіягляцыяльнымі ўтварэннямі. Пры яго адыходзе ўтварылася донная марэна, магутнасць якой у паўночнай частцы раёна дасягае вялікіх памераў. Ляднік пры гэтым даваў пачатак шматлікім флювіягляцыяльным плыням, якія размывалі марэну і адкладвалі на ёй пясчаныя адклады.

Пасля спынення дзейнасці флювіягляцыяльных плыняў пачынаецца фармаванне сучаснай гідрасістэмы. Шляхі рэк закладзены па лагчынах сцёку ледніковых вод. У сучасную эпоху адбываецца ўтварэнне глебы, тарфянікаў, балот, алювія і дэлювія.

Адклады чацвярцічнай сістэмы па літалагічным складзе, генетычных прыкметах падзяляюцца па схеме І.П. Герасімава, К.К. Маркава (1939 г.) як найболей дакладнай і прынятай для тэрыторыі СССР, на чатыры аддзелы: ніжні, сярэдні, новы і сучасны. Для тэрыторыі Лідскага раёна характэрны тры аддзелы: ніжні, сярэдні і сучасны. Новы аддзел распаўсюджаны далёка на поўначы Беларусі і ў межах раёна не сустракаецца.

Ніжні і сярэдні аддзелы (Q1-2)

У межах апісванага Лідскага раёна адкладанні ніжняга і сярэдняга аддзелаў сустрэты ў выглядзе флювіяглацыяльных непадзеленых адкладанняў, якія залягаюць пад Дняпроўскай марэнай, у паўночнай частцы тэрыторыі на глыбіні 78 м (г. Ліда). Прадстаўлены яны пяскамі рознага грануламетрычнага складу, ад добра сартаваных і слаістых да дрэнна сартаваных, з уключэннем жвіру, галькі і дробных валуноў. Пераважаюць пяскі ад дробназярністых да пылеватых. У асобных выпадках галька і жвір засяроджаны ў такой колькасці, што з'яўляюцца пераважнай пародай. Сустракаюцца праслоі і лінзы глін і суглінкаў. Гліны цёмна-шэрыя і светла-шэрыя, радзей цёмна-карычневыя, якія месцамі перапластоўваюцца са светла-шэрай, пылеватай супессю. Суглінкі цёмна-шэрыя з уключэннем жвіру, галькі, і лінзачак цёмна-шэрай гліны і мелу.

У глінах і тонказярністых пясках сустракаюцца рэшткі драўнянай расліннасці, торф. Магутнасць падмарэнных адкладаў памяншаецца да поўдню ад 42 м да поўнага выкліньвання ля в. Беліца.

Склад і характар напластавання падмарэнных адкладаў сведчыць пра неаднаразовыя ваганні краю надыходзячага сярэднечацвярцічнага ледніка, з прычыны чаго водналядніковыя струмені, якія ўтварыліся перад ім, часта змянялі свой рэжым і нярэдка ўтваралі загачныя басейны.

Сярэдні аддзел (Q2)

Адклады сярэдняга аддзела чацвярцічнай сістэмы на тэрыторыі раёна распаўсюджаны паўсюдна. У іх вылучаюцца адклады асноўнай марэны, непадзеленыя водналедніковыя і алювіяльныя адклады, марэнныя адклады Маскоўскай стадыі Дняпроўскага абляднення, флювіягляцыяльныя і азёрна-ледніковыя адклады часу адходу ледніка Маскоўскай стадыі Дняпроўскага абляднення.

а) Асноўная марэна Маскоўскай стадыі Дняпроўскага абляднення мае суцэльны распаўсюд. Але на адкрытую паверхню яна нідзе не выходзіць, бо пахавана пад маладзейшымі ўтварэннямі, глыбіня якіх вагаецца ад 42 да 111 м. Адклады гэтыя прадстаўлены грубымі суглінкамі і супесямі цёмна-шэрага, буравата-шэрага, радзей шэрага колеру з зеленаватым адценнем. Паказаныя пароды ўтрымоўваюць уключэнні жвіру і галькі, радзей валуноў крышталічных і асадкавых парод, якія размеркаваны па пародзе нераўнамерна. У тоўшчы марэны сустракаюцца інтрамарэнныя праслойкі (0,2 да 1,5 м) розназярністых і дробназярністых палёва-шпатава-кварцавых пяскоў, назапашаных у выніку асцыляцыйных зрухаў ледніка ці з водных струменяў у сярэдзіне ледніка.

Адзначаюцца таксама праслойкі (да 5 см) глін цёмна-шэрага колеру, зеленавата-шэрага і цёмна-карычневых колераў, месцамі з добра выяўленым коштам. Гэтыя тоўстыя гліны маглі ўтварыцца ва ўнутры-ледніковых басейнах.

Магутнасць адкладанняў сярэднечацвярцічнай марэны ў межах Лідскага раёна вагаецца ад 29,00 да 46,90 м. (г. Ліда, в. Беліца), (гл. стратыграфічныя калонкі № 1, 2).

б) Нераздзеленыя міжстадыяльныя водналедніковыя і алювіяльныя адкладанні, якія залягаюць паміж Дняпроўскай і Маскоўскай марэнамі, на апісванай тэрыторыі распаўсюджаны паўсюдна, але на адкрытую паверхню нідзе не выходзяць. Яны залягаюць пад маладзейшымі ўтварэннямі і выяўляюцца на глыбіні 41 - 43 м.

Гэтыя адкладанні прадстаўлены пяскамі дробна-зярністымі са жвірам і галькай, радзей розназярністымі, месцамі жвірова-галечным матэрыялам. У тоўшчы пяскоў сустракаюцца магутныя праслоі пылеватых супесяў, якія перапластоўваюцца з пластычнай цёмна-шэрай глінай. Месцамі сустракаюцца праслоі аднастайных глін. Колер пяскоў жаўтавата-шэры, радзей - светла-шэры. Пяскі палева-шпатава-кварцавыя ці кварцавыя па складзе. Магутнасць апісваных адкладанняў змяняецца ад 13 да 64 м.

в) Адкладанні дадзенай марэны Маскоўскай стадыі Дняпроўскага абляднення карыстаюцца вельмі шырокім распаўсюдам, прычым на значнай плошчы агаляюцца на паверхні і амаль паўсюдна залягаюць непасрэдна ў падглебе ці пад малазначным полагам маладзейшых адкладанняў. Адсутнічаюць толькі ў даліне ракі Дзітвы, дзе яны размыты старажытнымі плынямі рачных вод.

Адкладанні дадзенай марэны прадстаўлены шчыльнымі суглінкамі і супесямі чырвона-бурага, жоўта-бурага, шаравата-жоўтага, шэрага з бурым адценнем колераў, якія змяшчаюць у сабе ўключэнні жвіру, галькі, валуноў крышталічных і асадачных парод. Нярэдка ў масе суглінкаў і супесяў утрымоўваюцца праслоі і лінзы розназярністых пяскоў і жвірава-галечнага матэрыялу, часам - алеўрыцістых глін ці пылеватых супесяў. Часам сярод марэнных адкладанняў сустракаюцца адломкі карэнных парод (напрыклад, глыба мелу ў раёне вёскі В. Канюшаны). Магутнасць дадзенай марэны Маскоўскай стадыі максімальнага абляднення вагаецца ў межах 9,20 м (в. Пескі) - 46,90 м (в. Беліца).

Флювіягляцыяльныя непадзеленыя адклады часу адходу ледніка Маскоўскай стадыі Дняпроўскага абляднення звычайна залягаюць з паверхні зямлі ў выглядзе плошчаў няправільнай формы сярод участкаў з выхадамі доннай марэны. Прадстаўлены флювія-гляцыяльныя адкладанні пераважна пяскамі жоўта-бурага колеру, палёва-шпатава-кварцавага, радзей - кварцавага складу, розназярністымі з прымешкай слюды, уключэннямі жвіру, галькі і дробных валуноў, месцамі сустракаюцца добра адсартаваныя пяскі без уключэнняў. У многіх месцах у іх назіраецца гарызантальная складанасць. Зрэдку сярод пяскоў сустракаюцца праслоі супесяў ці суглінкаў, а таксама праслоі ці лінзы жвірова-галечнага матэрыялу. Як правіла, пароды флювіягляцыяльных адкладанняў або ажалезнены, або ўключаюць у сябе плямы ажалезнення. Магутнасць адкладанняў вагаецца ў межах 0,5 - 10 м.

Азёрна-ледніковыя адкладанні маюць вельмі абмежаваны распаўсюд і сустрэты на асобных адасобленых участках, размешчаных у цэнтры і на паўночным усходзе раёна. Прадстаўлены яны цёмна-шэрымі і колеру шакаладу істужачнымі глінамі, шчыльнымі, тлустымі. Магутнасць іх складае 1,0 - 4,85 м.

У межах старажытных далін рэк Нёмана і Дзітвы развіты старажытнаалювіяльныя адклады надпойменных тэрас, дзе яны складаюць паверхню або перакрыты эолавымі, азёрна-балотнымі ці сучаснымі алювіяльнымі назапашваннямі. Прадстаўлены старажытна-алювіяльныя адклады пераважна пяскамі шаравата-жоўтага, карычнявата-шэрага і цёмна-шэрага колеру, палёва-шпатава-кварцавымі, дробназярністымі, часам з яснай гарызантальнай складанасцю. Магутнасць гэтых адкладаў дасягае 25,20 м (в. Беліца).

Сучасны аддзел (Q4)

Сучасны аддзел новачацвярцічных адкладанняў прадстаўлены алювіяльнымі адкладаннямі поймавых тэрас (сучасны алювій), азёрна-балотнымі і эоловымі адкладаннямі. Усе яны маюць параўнальна абмежаванае распаўсюджанне і сустракаюцца ў межах далін рэк Нёмана і Дзітвы (гл. геолага-літалагічную карту).

Алювіяльныя адклады поймавых тэрас распаўсюджаны ў далінах рэк Нёмана, Дзітвы і некаторых іншых. Яны прадстаўлены пяскамі светла-жоўтага, радзей - шаравата-жоўтага і блакітнавата-шэрага колеру, палёва-шпатава-кварцавымі, розназярністымі са жвірам і галькай, сустракаюцца праслоі глейкіх глін і торфу. Магутнасць разгляданых адкладаў у даліне р. Дзітвы (в. Ерамеевічы) складае 4 м.

Азёрна-балотныя адкладанні шырока распаўсюджаны ў рачных далінах, у замкнёных упадзінах сярод канчаткова-марэннага ландшафту ў паўночнай частцы Лідскага раёна і ў некаторых іншых месцах. Яны прадстаўлены галоўным чынам пакладамі торфу чорна-бурага, цёмна-бурага колеру, рознай ступені гуміфікацыі, часта запясочанымі і заглеенымі, месцамі дробназярністым глейкім пяском, які залягае пад пластом торфу. Выкрытая магутнасць тарфяных адкладаў вагаецца ад 0,5 да 2,0 м, радзей - да 5 м (балота "Дакудаўскае"). Попелу ў торфах утрымоўваецца ад 5,75% да 77,0%. Утварыліся азёрна-балотныя адкладанні за кошт зарастання неглыбокіх азёрных вадаёмаў і дэпрэсій старажытных вадасцёкаў.

Эолавыя адкладанні маюць вельмі абмежаваны распаўсюд і развіты толькі ў межах даліны ракі Нёмана (вёскі Агароднікі, Беліца, Збляны і інш.).

У паўночнай частцы тэрыторыі раёна, на схілах Верх-Лідскіх вышынь, па схілах асобных узгоркаў, град і далін сустракаюцца элювіяльна-дэлювіяльныя адкладанні, магутнасць якіх часам дасягае 2,5 м.

2. Тэктоніка

У тэктанічных адносінах Лідскі раён знаходзіцца ў цэнтральнай частцы Беларуска-Літоўскага масіва, які ўяўляе сабой буйны выступ дакембрыя і з'яўляецца дадатнай структурай Рускай платформы. Складчаты фундамент прадстаўлены гранітамі і габро. Па дадзеных Інстытута Міністэрства геалогіі СССР (Менск) устаноўлена, што найменшая глыбіня залягання фундамента характэрна для ўчастка Беліца-Бярозаўка, прычым да паўночнага захаду і ўсходу дах фундамента апускаецца. Глыбіні залягання фундамента на ўчастку Беліца-Бярозаўка размяркоўваюцца наступным чынам:

у раёне г. Бярозаўка - 113-135 м;

у раёне в. Беліца - 99-144 м;

за 6 км на поўнач ад в. Беліца - 166 м.

Як відаць з прыведзеных дадзеных, фундамент мае няроўную паверхню. На ёй вылучаецца некалькі выступаў.

Апошнія дадзеныя даследавання тэктонікі Беларусі (па Сягінай, Зеніну, Каманіну і Мешчаракову) паказалі, што захад і паўднёвы захад Беларусі знаходзяцца ў межах мерыдыянальна арыентаванай шырокай Эстона-Малдаўскай зоны ўзняццяў (2-5 см у дзесяцігоддзе). Вылучаюцца дзве мерыдыянальныя восі маладых рухаў: валападобнага ўзняцця на захадзе і ночвападобнага апускання на ўсходзе.

Заходняя вось узняццяў праходзіць ад Латгальскага ўзвышша на Вільню - Ліду - Драгічын, на захад ад Пінска, захопліваючы такім чынам усю тэрыторыю Лідскага раёна.


3. Карысныя выкапні

Разгляданы раён бедны карыснымі выкапнямі, з якіх могуць быць адзначаны толькі невялікія залежы сыравіны будаўнічых матэрыялаў (гліны, суглінкі, мел, пяшчана-жвіравыя матэрыялы, валуны) і торфу.

Гліны.

Гліны раёна прыдатныя для грубай керамікі, вытворчасці цэглы, дахоўкі (чарапіцы). Вядомы некалькі радовішчаў. З іх распрацоўваюцца толькі два: "Шайбакі" і "Перапечыца" ці "Прыдыбайлы". На базе гэтых радовішчаў пабудавана цагельня "Шайбакі", якая можа вырабляць цэглу маркі "100" і "150", з гадавой прадукцыйнасцю 8-10 млн. штук.

Радовішча размешчана каля вёскі Шайбакі, на паўднёвы ўсход ад г. Ліды. Тут маюцца марэнныя жоўта-бурыя, карычневыя і бурыя, тоўстыя гліны, якія залягаюць ў выглядзе пластападобнай залежы магутнасцю ад 2,7 да 6,5 м. Сярэдня магутнасць глін складае 4,07 м. Плошча радовішча складае 5 га. Прамысловыя запасы сыравіны складаюць 88,8 тыс. м. куб.

На ўсход знаходзіцца радовішча "Перапечыца". Тут таксама залягаюць марэнныя гліны карычнева-бурага колеру, тоўстыя, шчыльныя з уключэннем зерняў карбонатных і магматычных парод. Гліны залягаюць на глыбіні ад 3 да 7,4 м. Плошча радовішча роўная 4 га. Агульныя іх запасы дасягаюць 126,1 тыс. м. куб.

У паўночна-ўсходняй частцы Лідскага раёна, каля в. Харужаўцы Бердаўскага сельсавета, размешчана радовішча карычнева-бурых, тоўстых глін, якія залягаюць у выглядзе лінзаў на двух участках, размешчаных адзін ад аднаго на невялікай адлегласці. Плошча аднаго ўчастка складае 2,85 га, а плошча другога - 0,7 га, сярэдняя магутнасць глін вагаецца ад 1,75 па 2,81 м. Агульныя запасы дасягаюць 80 тыс. м. куб. Гліны прыдатныя для вытворчасці цэглы, аднак у сувязі з вялікай прымешкай вапнавай галькі радовішча не эксплуатуецца.

Пясчана - жвіровы матэрыял.

З радовішчаў пясчана-жвіровага матэрыялу самае вялікае "Чэхаўцы". Плошча радовішча дасягае 101 га. Агульныя запасы карыснага выкапню складаюць 6,6 міл.м.куб. Вядомыя таксама "Маламажэйкаўскае", "Падальхоўка", "Мігуны" і шэраг іншых.

Вядома таксама радовішча пяскоў "Мінойты", размешчанае за 2 км на поўдзень ад вёскі Пескі, якое ўяўляе сабой озавы узгорак даўжынёю каля 500 м, шырынёю 300 м, і вышынёю да 10 м. Карысны выкапень - сярэдне- і буйназярністыя пяскі, якія ўтрымоўваюць фракцыі памерам больш за 0,5-1 мм звыш 50%. Геалагічныя запасы баласнага матэрыялу падлічаны ў колькасці 29,6 тыс.м.куб. Распрацоўку вядзе арэнднае прадпрыемства "Лідбудмантаж".

Радовішчы мелу.

Радовішча мелу размешчана за 0,5 км на паўночны-ўсход ад в. Вялікія Канюшаны. Карысны выкапень прадстаўлены мелам, які залягае ў выглядзе дзвюх глыб-адшчапенцаў сярод тоўшчы марэнных адкладаў Маскоўскай стадыі Дняпроўскага абляднення. Магутнасць мелу вагаецца ад 0,8 да 8,1 м і ў сярэднім 5,96 м, кальцыю ў ім 53-56%. Мел белы, шаравата-белы, шчыльны з лінзамі ажалязення. Запасы мелу, прыдатнага для вытворчасці вапны, складаюць 33 тыс. тон. Распрацоўку вядзе саўгас "Тарнова".

Радовішчы вапняку.

Гістарычныя крыніцы падаюць інфармацыю пра радовішча вапняку каля вёскі Белагруда, ад якога і сама старажытная назва вёскі Белы Груд . "Вопісы парафій Лідскага дэканату ў 1784 г." утрымоўваюць наступныя запісы: "Горы з вапнай на землях Найяснейшага князя ягомасці Радзівіла, генерал - лейтэнанта войск ВКЛ, г.зн. у Белагрудзе і Тарноўшчыне, з якіх каменныя выкапні на вапельню ў Арлянку возяць для палення..." "Дарога да касцёла Белагрудскага на поўдні ідзе пад гару з вапнай і па сенажаці над ракой Дзітвой...". Радовішча, відавочна, было вычарпана. У 2-й палове ХХ стагоддзя не згадваецца.

Радовішчы торфу.

На тэрыторыі Лідскага раёна вядома 29 радовішчаў торфу.

Самае вялікае радовішча знаходзіцца на паўднёвы ўсход ад г. Ліды, на адлегласці каля 10 км, паміж вёскамі Дакудава і Агароднікі, "Дакудаўскае балота". Магутнасць тарфянога пласта дасягае 6,7 м, сярэдняя - 3,08. Прамысловая плошча радовішча складае 7339 га.

На тэрыторыі Лідчыны працуюць два прамысловыя прадпрыемствы па здабычы і перапрацоўцы торфу: завод "Дзітва" (п. Дзітва), "Лідскі" (п. Першамайскі). Ім было адведзена 5776 га тарфяных радовішчаў. Ужо адпрацавана і вернута ў сельскую гаспадарку 4053 га тарфяных земляў. Акрамя таго на тэрыторыі Лідскага раёна працавала прадпрыемства "Сельгасхімія", якое здабывала торф для мінеральных угнаенняў, у распараджэнне якога было выдзелена 1516 га тарфяных пакладаў. Гэтым прадпрыемствам адпрацавана і вернута землекарыстальнікам 1444 га. Больш яно не займаецца торфаздабычай.

Торфаздабыўны завод "Дзітва" вярнуў 804 га адпрацованых земляў для арганізацыі гідралагічнага заказніка "Бярэзіна".

У прыродным стане знаходзіцца 6555 га тарфянішчаў. Частка з іх, прылеглых да торфабрыкетнага завода "Лідскі", па распараджэнні № 48 ад 5 красавіка 1990 г. была аддадзена пад арганізацыю заказніка "Дакудаўскі" плошчай 1989 га (рашэнне райвыканкаму, заказнік мясцовага значэння).

ГІДРАЛОГІЯ

Грунтовыя воды маюць велізарнае значэнне. Яны выкарыстоўваюцца для водазабеспячэння вёсак і гарадоў, прамысловых прадпрыемстваў, ад іх залежыць склад глебаў.

На тэрыторыі Лідскага раёна грунтовыя воды азёрна-балотных, сучасных алювіяльных, старажыт-наалювіяльных, флюўнагляцыяльных адкладаў асноўнай марэны Маскоўскай стадыі Дняпроўскага абляднення з'яўляюцца сябенапорнымі, са свабоднай паверхняй. Водаўтрымальнымі адкладаннямі з'яўляюцца пяскі, радзей - супесі. Люстэрка грунтовых вод знаходзіцца на глыбіні ад 1 да 8 м. Часам глыбей. Дэбіты студняў, змяняюцца на працягу года, складаюць 0,1 л/сек - 0,6 л/сек. Воды прэсныя, гідракарбанатна-кальцыевые, рознай жорсткасці. Па фізічных уласцівасцях воды звычайна не маюць колеру, без паху і смаку, празрыстыя. Сілкаванне вод ажыццяўляецца шляхам інфільтрацыі атмасферных ападкаў і павярхневага сцёку.

Воды, прымеркаваныя да міжмарэнных, непадзельных Маскоўска-Дняпроўскіх адкладанняў, залягаюць пераважна паміж двума магутнымі водатрывалымі пластамі, валодаюць напорам і часам фантануюць. Магутнасць гэтых пясчаных ваданосных гарызонтаў вагаецца ад 4 да 100 м, а глыбіня іх залягання ад 8 да 120 м (в. Верх-Ліда).

Па сваім складзе воды гідракарбанатна-кальцыевыя, прэсныя без колеру, паху і смаку, празрыстыя, мяккія і сярэдняй жорсткасці. Сілкаванне ваданосных гарызонтаў адбываецца галоўным чынам за кошт падтоку вод з вышэйлеглых воданосных гарызонтаў, якія досыць воданасычаныя, утрымоўваюць якасную ваду і таму з'яўляюцца найболей прыдатнымі для эксплуатацыі.

Ваданосны гарызонт, прымеркаваны да мяргельнай тоўшчы верхняга мелу, залягае на глыбінях ад 84 да 257 м, (свідравіны г. Ліда), магутнасць яго складае ад 21 да 60 м. Водазмяшчальнымі пародамі з'яўляецца белы мел, мелападобны мяргель і праслойка розназярністых пяскоў. Вада цыркулюе па расколінах, пустэчах у меле і мяргелях па пясчаных праслойках. Воданасычанасць гарызонту нераўнамерная, часцей невялікая. Па складзе воды гідракарбанатна-кальцыевыя, прэсныя. Воды прыдатныя для пітва і тэхнічных мэтаў.

Ваданосны гарызонт у пясчаных Гдоўскіх пластах (ніжні кембрый) характарызуецца значнай воданасычанасцю, вялікім напорам і добрай якасцю вады, таму ён можа выкарыстоўвацца для водазабеспячэння буйных гаспадарак.

РЭЛЬЕФ І ГЕАМАРФАЛОГІЯ

По геамарфалогіі тэрыторыю Лідскага раёна можна падзяліць на дзве асноўныя часткі: паўночную - Лідскую раўніну і паўднёвую - Верхне-Нёманскую нізіну (па В.А. Дзяменцьеву).

Лідская раўніна мае дробна-ўзгорысты, часцей шырокахвалевы, марэнны рэльеф, які сфармаваўся ў выніку затрымкі ледніка Маскоўскай стадыі Дняпроўскага абляднення. Яна з'яўляецца звязкай паміж Балтыйскай градой і Менскім узвышшам, якая ўзнікла ў выніку затрымкі ледніка каля краю выступу мелавых парод.

Лідская раўніна займае ўсю паўночную і паўночна-заходнюю частку тэрыторыі Лідскага раёна. Умоўная паўднёвая мяжа яе можа быць праведзена па лініі в. Сцеркава-Шайбакі-Белагруда-Мейры на поўдні, а на поўнач яна выходзіць далёка за межы раёна. Абсалютныя вышыні яе вагаюцца ад 140 да 200 м. Гэтыя вышыні займаюць 37 % усёй плошчы раёна. Максімальныя вышыні знаходзяцца на поўнач ад в. Верх-Ліда, на мяжы паміж Лідскім і Воранаўскім раёнамі, і дасягаюць 201,5 і 205,5 да 207 м. Адносныя перавышэнні малаважныя і вагаюцца ў межах 1,0 - 5,0 м і толькі часам - да 8,0 м. У паўднёвым кірунку назіраецца агульнае паніжэнне паверхні да даліны ракі Нёмана.

У межах Лідскай раўніны часта чаргуюцца ўчасткі развіцця асноўнай марэны і флювіягляцыяльных пяскоў, прарэзаных добра развітай сеткай рачных далін, правых прытокаў ракі Нёмана. Участкі з найвышэйшымі абсалютнымі адзнакамі ў большасці выпадкаў заняты асноўнай марэнай і прадстаўлены чырвона-бурымі, шаравата-жоўтымі супесямі і суглінкамі з вялікай колькасцю галькі і жвіру. На новай асноўнай марэне назіраецца вялікая колькасць валуноў, памер якіх часам дасягае 1,5 м у папярэчніку. У паніжэннях паміж узгоркамі і градамі сустракаюцца азёрна-балотныя адклады, якія пераважаюць у паўднёвай частцы раўніны - у далінах рэк Лідзейкі, Крупкі і верхняй ды сярэдняй плыні ўчастка ракі Дзітвы. Гэтыя адклады часцей за ўсё прадстаўлены торфам нізіннага тыпу.

Рачныя даліны на Лідскай раўніне шырокія і звілістыя. Схілы далін вельмі пакатыя, якія паступова пераходзяць у плато і якія зліваюцца са схіламі суседніх далін. Таму тут няма шырокіх водараздельных прастораў, а маюцца толькі водараздельные лініі, якія часам зліваюцца са схіламі суседніх далін, што добра відаць з гіпсаметрычнай карты раёна.

На раўніне адсутнічаюць азёры. Тлумачыцца гэта тым, што першапачаткова замкнёныя катлавіны марэннага ландшафту, раней занятыя азёрамі, былі злучаны ў гідрасетку. Глыбінная эрозія струменяў паміж азёрнымі катлавінамі прывяла да іх поўнага асушвання. На асушаных днах азёр заклаліся рачныя рэчышчы, а былыя схілы азёрных катлавін ператварыліся ў схілы рачных далін з шырокімі забалочанымі і затарфованымі поймамі рэк Дзітвы, Лідзейкі, Крупкі, Гаўі.

У паўднёвай і паўднёва-заходняй частцы раёна размяшчаецца Нёманская нізіна. Вышыні на ёй апускаюцца да 130-140 м, часам ніжэй за 120 м. Перавышэнні ў гэтай частцы тэрыторыі складаюць меней за 2,0 - 5,0 м. Тут распаўсюджаны шырокахвалісты, плоскі рэльеф флювіягляцыяльнай раўніны. З поўначы плоскае раўніннае плато мае малаважнае паніжэнне да далін рэк Дзітвы і Нёмана. Зрэдку раўніннасць парушаецца выцягнутымі з поўначы на поўдзень градамі-грудамі эолавага паходжання, парослымі лесам.

Утварэнне флювіягляцыяльнай раўніны звязана з адыходам ледніка Маскоўскай стадыі Дняпроўскага абляднення. Пасля яна падверглася размыву і набыла палога-хвалісты, а месцамі плоскавяршынны выгляд. Абсалютныя адзнакі тут не перавышаюць 120 м.

Апроч двух найболей шырока распаўсюджаных тыпаў рэльефу варта выдзеліць і такія:

1. Азёрна-ледніковыя раўніны;

2. Поймавыя тэрасы;

3. Балоты і тарфянішчы, якія займаюць паніжаныя ўчасткі мясцовасці.

Участкі азёрна-ледніковай раўніны карыстаюцца вельмі абмежаваным распаўсюдам. Часцей за ўсё яны сустракаюцца паміж рэкамі Гаўя і Лідзейка, а так-сама ў даліне ракі Дзітва. Гэтыя ўчасткі характарызуюцца амаль плоскім рэльефам з перавышэннем у 1 - 2 м. Складзены азёрна-ледніковыя раўніны стужкавымі глінамі, супесямі і тонказярністымі пяскамі. Па паходжанні яны ўяўляюць сабою адкладанні загачаных ледніковых азёр.

Поймавыя тэрасы прасочваюцца ў далінах рэк Нёмана і Дзітвы. Шырыня іх розная. Поймавая тэраса ракі Нёмана каля в. Дакудава дасягае 3-4 км. У ніжняй жа плыні ўчастка - каля в. Пескаўцы - звужаецца да 0,4 - 0,9 км. У верхняй плыні ўчастка, да ўпадзення ракі Дзітвы, поймавая тэраса ракі Нёмана мае хвалісты рэльеф, нізкая, забалочаная, парэзана старыцамі. Ніжэй ад вусця ракі Дзітвы, рэльеф тэрасы плоскі, пойма сухая, праходзіць вузкай паласой уздоўж ракі і часта выкліньваецца. Часам паверхня яе пакрыта старыцамі (каля в. Сялец).

Каля вёсак Панямонцы, Пескаўцы і Андрусоўшчына ў ніжняй плыні ўчастка ракі Нёмана пойма амаль не задзярнована і ўяўляе сабою пясчаны пляж, які пазарастаў лапухамі і вербалозам. Шырыня поймы ракі Дзітвы вагаецца ад 0,7 да 0,9 км, складзена пяскамі, месцамі торфам і глеем.

Балоты і тарфянішчы займаюць паніжаныя ўчасткі мясцовасці. Яны характарызуюцца роўным, ці куп'істым мікрарэльефам і багатай балотнай травяністай і хмызняковай расліннасцю. Часам паверхня тарфянішчаў адкрытая. Масівы балот распаўсюджаны як усярэдзіне асноўнай марэны, так і ўсярэдзіне флювіягляцыяльнай раўніны, але ў большасці выпадкаў прылягаюць да далін рэк і займаюць поймы рачных далін.

Такім чынам, рэльеф тэрыторыі Лідскага раёна складаецца з наступных тыпаў і формаў:

1. Тыпы і формы ледніковага рэльефу.

а) Рэльеф доннай марэны Маскоўскай стадыі Дняпроўскага абляднення ў зоне развіцця суглінкаў і супесяў;

б) Донна-марэнныя платападобныя рассечаныя тэрыторыі Маскоўскай стадыі Дняпроўскага абляднення.

2. Тыпы і формы водналядніковага рэльефу.

а) Адгор'і акумуляцыйнай эразійнай (флювія-гляцыяльнай раўніны).

3. Тыпы і формы воднагенетычнага рэльефу.

а) Рачныя даліны;

б) Пойменная і першая надпойменная тэрасы рэк Нёмана і Дзітвы;

в) Поймы рэк і забалочаныя нізіны.

Сучасныя геамарфалагічныя працэсы на тэрыторыі апісванага раёна не атрымалі шырокага распаўсюду.

Найбольш ярка выяўлены бакавая і руславая эрозія і акумуляцыя рэк, плоскасцевае змыванне, забалочванне паніжаных участкаў. Яраўтваральныя працэсы развіты слаба і сустракаюцца на берагах рэк Нёмана і Дзітвы.

У паўночнай частцы раёна, на схілах узгоркаў і ўзвышшаў выяўляецца плоскасцевае змыванне. Пад дзеяннем цякучых вод схілы ўзгоркаў размываюцца, на паверхні з'яўляецца вялікая колькасць валуноў, а каля падножжа адбываецца акумуляцыя дэлювію. Плоскосцевае змыванне носіць дробнаструменевы характар і найболей ярка выяўляецца ў вясновы час, падчас сцякання талых вод.

Вельмі добра выражана бакавая эрозія і акумуляцыя ракі Нёмана. За апошніх 20 гадоў каля вёскі Збляны, у ніжняй плыні ўчастка, рэчышча ракі перамясцілася да поўдню на 80-100 м. Такая ж карціна назіраецца і ў верхняй плыні ўчастка каля вёскі Бурносы. Разам з гэтым адбываецца поймавая і руславая акумуляцыя, якая выяўляецца ў выглядзе утварэння плёсаў, кос, водмеляў, перакатаў, астравоў.

На паніжаных участках пад уплывам атмасферных вод і блізкага залягання грунтавых утвораюцца балоты нізіннага тыпу, парослыя, як правіла, хмызняком алешыны.

Ветравая эрозія выяўляецца ў разбурэнні верхняга глебавага покрыва. Найболей інтэнсіўна гэты працэс працякае на пясчаных глебах і на ўчастках незамацаваных пяскоў у пойме рэк Дзітвы і Нёмана. Вельмі інтэнсіўнае дзеянне аказвае эолавая эрозія ў разбурэнні прыруславых валоў на беразе ракі Нёмана. Незамацаваныя расліннасцю ўзгоркі выдзімаючыся абсыпаюцца, памяншаючыся ў памерах і змяняючы свае вонкавыя формы. На паўднёвым захадзе раёна, у даліне ракі Нёмана, сустракаюцца невялікія ўчасткі лёсападобных пяскоў, якія лёгка паддаюцца ветравой эрозіі. Пры дапамозе ветру гэтыя пяскі здольныя перамяшчацца, засыпаючы больш урадлівыя глебы. Для барацьбы з сучаснымі эразіўнымі працэсамі раённымі арганізацыямі, калгасамі і саўгасамі праведзены шэраг мерапрыемстваў (аблясенне, асушванне, пабудова бун і да т.п.).

РЭКІ І АЗЁРЫ ЛІДСКАГА РАЁНА

Рэкі, якія працякаюць па тэрыторыі раёна, з'яўляюцца транзітнымі і адносяцца да басейна Балтыйскага мора. Найбольш буйной з іх з'яўляецца рака Нёман , якая праходзіць па паўднёвай мяжы раёна, астатнія рэкі з'яўляюцца яе прытокамі, ці ўпадаюць у яе прытокі.

Рака Нёман пачынаецца далёка за межамі Лідскага раёна на Менскім узвышшы, пас. Верх-Нёман Уздзенскага р-на (назв. Неманец). Упадае рака Нёман у Куршскі заліў Балтыйскага мора. Даўжыня - 937 км (у межах Беларусі - 459 км). Плошча вадазбору- 98200 км. кв. (на тэр. Беларусі - 35000 км.кв., Лідчыны - 16700 км. кв.) На ўсходзе і поўдні басейн ракі мяжуе з басейнам Дняпра, на захадзе - з водазборамі рэк Вісла і Прэгель, на паўночным усходзе - з басейнам ракі В'енты і Заходняй Дзвіны.

На вялікім працягу, пачынаючы ад упадзення ракі Дзітвы, даліна ракі мае ночвападобную форму. Схілы даліны пясчаныя, пясчана-гліністыя з уключэннем валуноў. Правы схіл стромкі, левы - пакаты, вышыня схілу ад 4 да 8 м. Часам схілы ўяўляюць абрыў (ніжэй ад в. Красная). У такіх месцах магчымыя асыпанні і апоўзні, утварэнне яроў.

Рэчышча ракі на ўсім працягу ўмерана звілістае. Да ўпадзенне ў Нёман ракі Дзітвы шмат водмеляў, перакатаў, заліваў, косаў. Ніжэй ад упадзення р. Дзітвы і да канца ўчастка рэчышча больш устойлівае.

Пераважная глыбіня ракі Нёмана складае 1,2 - 1,8 м, сярэдняя хуткасць плыні - 0,8 м/сек. Найбольшая хуткасць плыні -1,2 м/сек адзначана каля в. Бурносы, ніжэй ад вусця ракі Гаўі, самая нізкая хуткасць плыні на плёсах - 0,4 м/сек.

Водны рэжым ракі Нёман. Сілкаванне ракі змешанае з перавагаю снегавага. Гадавы ход узроўню характарызуецца рэзка выяўленым высокім разводдзем і параўнальна нізкай летне-восеньскай межанню, якая парушаецца, як правіла, дажджавымі паводкамі.

Пад'ём узроўню часцей за ўсё пачынаецца ў другой палове сакавіка. Самы ранні пад'ём часам бывае (у цёплыя гады) у студзені і пазней - у першай дэкадзе красавіка. Найбольшае разводдзе назіралася за апошнія 200 гадоў у 1958 годзе, калі ўзровень вады дасягаў 3-8 метраў.

Высокі ўзровень трымаецца, пасля чаго пачынаецца спад, які працягваецца 1-2 месяца. Нярэдка спад перарываецца невялікімі дажджавымі ўздымамі. Летне-восеньская межань настае пераважна ў чэрвені і працягваецца каля чатырох месяцаў. Узровень вады ў гэты перыяд змяняецца ад колькасці дажджоў. Інтэнсіўнасць пад'ёму такіх паводак складае 10-15 см у суткі.

Зімовыя ўзроўні больш устойлівыя ў параўнанні з летне-восеньскімі. Зімовы ўзровень перавышае летне-восеньскую межань на 20-25 см. Устойлівы ледзяны покрыў устанаўліваецца часцей за ўсё ў другой палове снежня. Звычайная таўшчыня лёду 30-40 см, у асобныя зімы - 54-63 см, магчыма да 1м.

Ускрыццё адбываецца ў канцы сакавіка. Пачатку крыгаходу ў многія гады папярэднічае зрух лёду. Сярэдняя працягласць вясновага крыгаходу 5-16 дзён. Падчас інтэнсіўнага крыгаходу назіраюцца недоўгачасовыя заторы.

Вада ў рацэ чыстая, празрыстая, без колеру, паху і смаку, выкарыстоўваецца для побытавага і прамысловага забеспячэння, а таксама для пітва пасля фільтрацыі.

Рэгулярнае караблеплаванне і лесасплаў не ажыццяўляецца. Рака з'яўляецца месцам адпачынку людзей і аматараў рыбнай лоўлі.

У раку Нёман на ўчастку Лідскага раёна ўпадаюць прытокі: Гаўя, Дзітва, Моўчадзь, Лебяда, Еленка, Златарэчка, Карыценка, Нарва і іншыя.

Рака Дзітва бярэ свой пачатак з невялікага балота, размешчанага за 500 м на поўнач ад в. Вілконіс, недалёка ад г. Эйшышкі, на мяжы Літвы і Беларусі і ўпадае ў раку Нёман з правага берага.

Бассейн размешчаны ў межах Лідскай раўніны і толькі ля вусця выходзіць на Нёманскую нізіну. Мяжуе ён з вадазборамі прытокаў Нёмана: на захадзе - рэчкі Лебяды, на поўначы - рэчкі Меркіс, на ўсходзе - рэчкі Гаўі. Найбуйнейшымі прытокамі ракі Дзітвы з'яўляюцца рэкі: Лідзейка, Крупка, Калоніца, Нешкрупа, Чарняўка і ручаі. Прытокі працякаюць у моцна забалочанай мясцовасці. У летні перыяд цалкам пакрываюцца густой воднай расліннасцю.

Даліна ракі асіметрычная (прац. ад 0,6 - 2,5 км), у ніжняй частцы слаба выражаная (прац. - 2,5 - 4 км). Рэчышча ракі ў верхняй плыні прамое. У сярэдняй плыні моцна развіта разгалінаванасць, дзе рака працякае па рукавах, паміж якімі ўтвараюцца нізкія, забалочаныя астравы.

Шырыня ракі хістаецца ў межах 12-20 м, у асобных месцах (в. Гетманы) - 80 м.Сярэдняя глыбіня - 1,3 - 1,8 м. Найбольшая глыбіня ракі паміж в. Мыто і в. Парачаны - 2,3 м. Хуткасць плыні 0,2 - 0,4 м/с.

Дно ракі складзена заглееным пяском і глеем, на ўсім працягу багата воднай расліннасцю. Берагі адкрытыя, нізкія, абрывістыя.

Пад'ём вясновай паводкі пачынаецца ў сярэдзіне сакавіка, у выключных выпадках: у сярэдзіне лютага (1950 г.), працягласць 3-25 дзён. Вышыня пад'ёму вады ад 1,3 да 2,4 м, працягласцю 35-50 дзён (самы доўгі да 2,5 месяцаў назіраўся ў 1927 годзе).

У летнія межані рака пераходзіць у канцы красавіка-траўня. Летне-восеньская межань амаль штогод 1-2 разы ў сезон перарываецца дажджавымі паводкамі працягласцю 10-50 дзён.

Да зімовага рэжыму рака пераходзіць у снежні. Устойлівы лёдавы покрыў назіраецца толькі ў суровыя зімы, з таўшчынёй лёду 30-50 см. Часцей ледзяны покрыў назіраецца няўстойлівы, кароткачасовы, у выглядзе ўтварэння закрайкаў. У асобныя гады рака на працягу ўсёй зімы застаецца вольнай ад лёду. Вясновы крыгаход (сяр., канец сакавіка) развіты слаба і працягваецца ад 2 до б дзён.

Вада ў рацэ карычневага колеру, з балотным пахам, без смаку і для пітва прыдатная толькі пасля фільтравання.

Рака Лебяда працякае ў заходняй частцы, на мяжы Лідскага і Шчучынскага раёнаў. Даўжыня ракі невялікая, схілы даліны палогія вышынёй 7-8 м., слаба рассечаныя забалочанымі лагчынамі.

Пойма суцэльная, двухбаковая, асіметрычная, забалочаная. У перыяд вясновага разводдзя і пры высокіх дажджавых паводках пойма пакрываецца вадой на глыбіню 0,2-1 м працягласцю 3-10 дзён. Пад'ём вады ў пойме звычайна адбываецца ў другой полове сакавіка, затопліваюцца ўчасткі прырэчышчавай поймы.

Рэчышча ракі ўмерана-разгалінаванае. Маюцца астравы (в. Роўбы і с/г Мажэйкава). Шырыня рэчышча ад 15-30 м. Сярэдняя глыбіня - 1,5 -2 м, хуткасць плыні - 0,1 - 0,2 м/с. На ўсім працягу рэчышча пакрыта водна-балотнай расліннасцю.

Дно рэчышча няроўнае, сустракаюцца ямы. Грунт дна глейкі, глейкапясчаны.

Сілкаванне ракі змешванне. Пад'ём вады пачынаецца ў другой палове сакавіка і заканчаецца цераз 5-7 дзён. Часам гэтыя тэрміны ссоўваюцца на снежань ці красавік. Невялікія паводкі летне-восеньскія назіраюцца штогод у розны час. Інтэнсіўнасць пад'ёму складае 20-60 см, спаду - 10-20 см у суткі. Сярэдняя вышыня пад'ёму 0,6 - 0,9 м.

Да зімовага рэжыму рака пераходзіць у канцы лістапада. У месцы выхаду грунтовых вод утвараюцца палонкі, якія існуюць часам усю зіму. Сярэдняя таўшчыня лёду змяняецца ў межах 20-30 см, максімальная да - 60 см.

Вада ў рэчцы празрыстая, без колеру, без паху, без смаку. Воды ракі выкарыстоўваюцца для водазабеспячэння і як водапрыёмнік вод асушальных каналаў.

Рака Лідзейка з'яўляецца левым прытокам ракі Дзітвы, працякае з поўначы ў цэнтральную частку раёна. Па абодва бакі ракі размешчаны цэнтр раёна - горад Ліда. Каля горада рака перагароджваецца плацінай, утвораючы вадасховішча, месца адпачынку гараджан.

Берагі ракі порослыя хмызнякамі алешыны і лазы, у многіх месцах забалочаныя, спадзістыя. Рака на большым працягу каналізаваная (да 20 км), яго шырыня 6 - 12 м, глыбіня 1,2 -2 м, плынь павольная.

Возера Вялічкі . У цэнтральнай частцы Лідскага раёна, на водападзеле рэк Лідзейкі і Дзітвы размешчана возера Вялічкі. Плошча возера складае 0,15 км. кв. (15 га). Глыбіня дасягае 8 - 10 м, даўжыня - 600 м, максімальная шырыня - 300 м, даўжыня берагавой лініі - 1,2 км. Назва возера на сёння падаецца ад назвы вёскі Вялічкі. Некалькі раней (у 30-я гады ХХ стагоддзя) гаварылі Вялічкаўскае возера . Сапраўдная старажытная назва гэтага возера Мятліца (паводле вопісу парафій Лідскага дэканату 1794 г.).

Па паходжанні гэта возера варта аднесці да тыпу старычных азёр. Возера размешчана ў катлавіне паміж вёскамі Вялічкі і Пескі, за 12 км ад горада Ліды. Берагі возера пакрыты зараснікамі алешыны, лазы і балотным мнагатраўем. Прыбярэжныя ўчасткі пакрыты воднай расліннасцю.

Вада ў возеры карычневага колеру, без смаку і паху. У вадаёме водзяцца розныя рыбы.

Прыпаверхневыя грунтовыя воды ў раёне распаўсюджаны паўсюдна. Сярэдняя глыбіня залягання прыпаверхневых грунтовых вод 4 - 5 м.

Асноўнымі ваданоснымі гарызонтамі з'яўляюцца пяскі рознага складу. Багацце грунтовых водцесна злучана з выпадзеннем атмасферных ападкаў. У дажджлівыя гады запасы грунтовых вод значна ўзрастаюць і наадварот, у сухія гады іх колькасць рэзка памяншаецца.

Наяўнасць грунтовых вод цесна звязана з выпадзеннем атмасферных ападкаў. У гады мнагаводные запасы грунтовых вод значна ўзрастаюць і наадварот. Усё гэта адбіваецца на ўрадлівасці глеб і ўраджаі ў сельскай гаспадарцы. Засухі змяншаюць ураджай.

Грунтовыя воды таксама выкарыстоўваюцца для побытавых патрэб і патрэб дробных гаспадарак.

ГЛЕБЫ

Глебы Лідскага раёна фармаваліся працяглы час пад сукупным уздзеяннем мацярынскіх парод, рэльефу, клімату, расліннага і жывёльнага свету і гаспадарчай дзейнасці чалавека. Пад уплывам глебаўтваральных фактараў на тэрыторыі раёна можна вылучыць чатыры асноўныя генетычныя тыпы глебаў (паводле класіфікацыі А.Г. Мядзведзева), адрозныя адзін ад аднаго механічным і хімічным складамі, магутнасцю, ступенню ападзоленасці.

Вывучэнне глебавага покрыва пачата ў 1959 годзе, складаннем глебавых карт калгасаў, саўгасаў і лясгасаў. Першыя карты былі складзены ў канцы 1964 года. У нашы дні карты ўдакладняюцца кожныя 5-10 гадоў. У выніку глебавых абследаванняў у межах раёна выяўлена 6 тыпаў глебаў і 38 глебавых рознасцяў. Найгалоўнымі з іх з'яўляюцца чатыры генетычныя тыпы.

Дзярнова-падзолістыя глебы .

1. Дзярнова-падзолістыя слаба-, сярэдне- і моцнаападзоленыя глебы, якія развіваюцца на звязных і рыхлых супесях і падсцілаюцца:

а) з глыбіні да 1 м апясчаненым марэнным суглінкам, пяскамі;

б) з глыбіні больш за 1 м апясчаненым марэнным суглінкам;

а) з глыбіні болей за 40-50 см рыхлымі дробназярністымі пяскамі.

2. Дзярнова-падзолістыя пясчаныя глебы, якія развіваюцца на рыхлых і звязных пясках, і падсці-лаюцца:

а) з глыбіні да 1 м апясчаненым марэнным суглінкам;

б) з глыбіні больш за 1 м апясчаненым марэнным суглінкам;

в) з глыбіні 30-40 см рыхлымі часам жвірова-храстковымі пяскамі.

Дзярнова-падзолістыя забалочваныя глебы.

3. Дзярнова-падзолістыя слаба-, сярэдне- і моцнаападзоленыя звязна- і рыхласупясчаныя глебы;

а) часовага забалочвання, якія падсцілаюцца пяском і марэнным суглінкам;

б) дзярнова- падзолістыя глееватыя, якія падсцілаюцца пяском і марэнным суглінкам;

в) дзярнова-падзолістыя глеевыя, якія падсцілаюцца пяском і марэнным суглінкам.

4. Дзярнова-падзолістыя сярэдне- і слабаападзоленыя пясчаныя глебы:

а) дзярнова-падзолістыя часовага забалочвання, якія падсцілаюцца суглінкам і з глыбіні больш за 1 м - пяском;

б) дзярнова-падзолістыя глееватыя, якія падсцілаюцца марэнным суглінкам, а з глыбіні 1 м - і пяском.

Дзярнова-балотныя глебы.

5. Дзярнова-глееватыя часта перагнойна-глеевыя супяшчаныя на рыхлых і звязных пясчаністых супесях, якія падсцілаюцца марэнным суглінкам, часта рыхлым пяском.

Поймава-алювіяльныя глебы.

6. Дзярнова-забалочваныя алювіяльныя дзярнова-перагнойныя глебы, якія падсцілаюцца розназярністымі пяскамі з глыбіні 50-70 см.

а) дзярнова-глееватыя;

б) дзярнова-глеевыя.

7. Тарфяна-глеевыя поймавыя глебы на розна-траўна-асакова-гіпновых сярэдне- і добраразлажыўшыхся тарфах з магутнасцю торфу ад 30 см да 2 м.

а) тарфяна-балотныя (нізіннага тыпу) глебы на драўняна-рознатраўна-асаковых сярэднеразлажыўшыхся тарфах ад 1 да 3 м.

Глебы раёна маюць агульны бал бонтэра 29 і ворных земляў 35.

Дзярнова-падзолістыя глебы

Дзярнова-падзолістыя глебы займаюць 71% усёй плошчы раёна і складаюць асноўны фонд ворнай зямлі. Займаюць яны падвышаныя ўчасткі рэльефу і распаўсюджаны галоўным чынам вялікімі масівамі па ўсёй тэрыторыі раёна. Гэтыя глебы ўсюды развораны за выключэннем лясных масіваў. У аснове гэтага тыпу глеб пераважае марэнны суглінак, а дзе-нідзе сустракаюцца сярэдне - і дробназярністыя пяскі.

Слабападзолістыя глебы найболей шырока распаўсюджаны ў раёне Нёманскай нізіны.

Прыкладам дзярнова-падзолістай сярэдне-акультуранай глебы, якая развіваецца на розных глебаўтваральны пародах, можа служыць разрэз, закладзены каля вёскі Сіманы, на паўночным захадзе калгаса "Нёман".

Ап / 0-36 см ворны гарызонт, светла-шэрага колеру, пясок дробназярністы, звязны, свежы, завалунены, працяты каранямі раслін.

А 2В 1 / 36-56 см падзоліста-ілювіяльны гарызонт, пясок дробназярністы шэрага колеру зверху і зямліста-жоўтага к нізу, рыхлы, моцна завалунены вялікімі валунамі (дыяметр 20-25 см), шмат дробных валуноў. Пераход паступовы.

В 1 / 56-125см ілювіяльны гарызонт. Жоўты дробназярністы пясок, свежы ўшчыльнены з плямамі і праслойкамі суглінкавага пяску. Пераход паступовы.

В 2 / 125-160 см ілювіяльны гарызонт. Жоўтага колеру пясок, дробназярністы з праслойкамі буравата-жоўтага пяску, свежы ўшчыльнены, пераход роўны, ніжэй ідзе суглінак.

У сельскагаспадарчай вытворчасці пясчаныя глебы амаль не выкарыстоўваюцца. У выніку водапра-нікальнасці і нязначнага ўвільгатнення яны прапускаюць атмасферныя ападкі на вялікую глыбіню. У сілу гэтага на пясчаных пародах фармуюцца звычайныя слабападзолістыя глебы. Усе яны маюць аднастайны склад. Верхні пласт пасля дажджоў хутка адчувае недахоп вільгаці. Толькі з глыбінёй ступень вільготнасці некалькі павялічваецца. Таму на пясчаных глебах, як правіла, сеюць такія культуры, якія не патрабуюць шмат вільгаці.

Для большасці глебавых рознасцяў гэтага тыпу глебаў характэрна кіслая рэакцыя асяроддзя, якая з глыбінёй некалькі памяншаецца. Гэтыя глебы слаба забяспечаны фосфарам. Запасы рухомага калію ў іх таксама нязначныя. Звычайна не перавышаюць 3,7 мг на 100 г глебы. Адзіным рацыянальным прыёмам прадуктыўнага выкарыстання такіх земляў з'яўляецца пасеў сідаральных культур - лубіну, сырадэлі - і вапнаванне.

Прыклад слабападзолістай глебы, якая развіваецца на рыхлых пясках і падсцілаецца пяскамі, прыведзены ніжэй. Разрэз закладзены ў калгасе "Новы Нёман", каля вёскі Моцевічы. На шырокахвалістай перасечанай грудамі мясцовасці, парослай ядлоўцам і лішайнікам.

А 0 / 0-2 см дзярніна рыхлая з каранёў раслін.

А 1 / 2-19 см перагнойны гарызонт, угары шэры, ніжэй жоўты пясок, дробназярністы, рыхлы, свежы, прарэзаны каранямі раслін. Пераход амаль не выражаны.

А 2В 1 / 19-56 см падзоліста-ілювініяльны гарызонт такога ж колеру, пясок дробназярністы, свежы, рыхлы. Пераход паступовы.

В 1 / 56-136 см ілювіяльны гарызонт, пясок жоўты, чуць святлей за А 1, свежы, рыхлы, дробназярністы.

Характэрнай марфалагічнай прыкметай падзолістых пясчаных глеб з'яўляецца адсутнасць ясна выражанага падзолістага гарызонту А 2 і наяўнасць пераходнага жоўтага па колеры гарызонту, які паступова асвятляецца, пераходзіць у светла-жоўты пясок. Глебы гэтыя галоўным чынам кіслыя: рН у КСl 4,2-4,4. З глыбінёй кіслотнасць значна памяншаецца - рН у КСl да 6,0.

Эфектыўная ўрадлівасць гэтых глеб вельмі нізкая, перегнойный гарызонт слаба выражаны. З прычыны вялікай водапранікальнасці і малой вільгацеёмкасці пяшчаных глеб атмасферныя воды хутка прасочваюцца на вялікую глыбіню, вышчалачваючы і збядняючы глебу на карысныя рэчывы. У засушлівыя гады расліны пакутуюць ад недахопу вільгаці. Практычнае выкарыстанне гэтых глеб вельмі малое. Больш за ўсё яны заняты лесам, хмызняком, ядлоўцам, лішайнікам і да т.п.

У месцах распаўсюду дадзенай марэны сфармаваліся дзярнова-падзолістыя супясчаныя глебы, якія падсцілаюцца з рознай глыбіні марэнным суглінкам. Найбольшы распаўсюд яны атрымалі на поўначы і ў сярэдняй частцы раёна. У залежнасці ад магутнасці супесі на ўрадлівасць гэтай рознасці глебы аказвае парода падсцілу. Пры падсціланні супесяў суглінкамі глебы маюць лепшыя сельскагаспадарчыя якасці, чым пры падсціланні пяскамі. У сувязі з меншай водапранікальнасцю суглінкаў падсцілу глебы слаба вышчалачаны, меней кіслыя, багацей на пажыўныя рэчывы. Пры падсціланні супесяў пяскамі рэзка пагаршаецца водны рэжым глеб.

У сувязі з вялікай водапранікальнасцю пяскоў падсцілу значная частка атмасферных ападкаў хутка прасочваецца на вялікую глыбіню і становіцца недаступнай для раслін. Таму водны рэжым гэтых глеб знаходзіцца ў залежнасці ад выпадзення ападкаў.

Пра марфалогію дзярнова-падзолістых глеб, якія падсцілаюцца праслойкай звязнага пяску, а з глыбіні 50-60 марэнным суглінкам можна меркаваць з апісання разрэзу, закладзенага на роўным плато ў 250 м на сярэднезавалуненай раллі.

Ап / 0-23 см ворны гарызонт шэрага колеру, рыхлая пясчаністая супесь, сярэднезавалуненая, бесструктурная. Пераход прыкметны.

А 2В 1 / 23-60 см ілювіяльна-падзолісты гарызонт жоўтага колеру, сярэднезярністы, звязны пясок сярэднезавалунены. Пераход зацёкамі.

В2 / 60-141 см марэнны суглінак чырвона-бурага колеру, ушчыльнены, моцна завалунены.

Дзярнова-падзолістыя супясчаныя глебы, якія падсцілаюцца рыхлымі пяскамі, маюць наступны марфалагічны выгляд:

Ап / 0-35 см ворны гарызонт, супесь рыхлая пясчаністая шэрага колеру, сярэднепрацяты каранямі раслін, слаба завалулены, рыхлы. Пераход ясны.

А 2В 1 / 35-69 см ілювіяльны падзолісты гарызонт жоўтага колеру. Пясок звязны сярэднезярністы, слаба завалунены. Пераход слаба прыкметны.

В / 69-148 см ілювіяльны гарызонт светла-шэрага колеру, пясок звязаны сярэднезярністы слаба завалунены. Пераход слаба прыкметны.

Як відаць з марфалагічных разрэзаў, гэтыя лебы маюць трохскладную будову. Г.зн. яны сфарма-валіся на 3-х пародах, якія адрозніваюцца адна ад адной рознымі фізіка-механічнымі і хімічнымі ўласцівасцямі.

Працэс ападзолівання ў сувязі з малой вільгаце-ёмкасцю і добрай водапранікальнасцю адбываецца недастаткова інтэнсіўна. Таму гэты від глебаў не мае ясна выяўленага падзолістага гарызонту, які дасягае не больш за 23 см.

Рыхла-супясчаныя глебы, якія падсцілаюцца пяскамі, адрозніваюцца ад вышэйапісаных глебаў двухскладнай будовай, бо маламагутныя рыхлыя супесі падсцілаюцца непасрэдна пяском. Лёгкасць механічнага складу і падсціланне пяском некалькі паляпшае натуральнае дрэнажаванне гэтых глебаў, таму ў такіх глебаў слабей выяўляюцца прыкметы аглеення, чым у глебаў, якія падсцілаюцца марэнай. Пры падсціланні супесяў марэнай, ва ўмовах раўнін і паніжэнняў працэсы забалочвання выяўлены мацней. Па сваіх фізічных уласцівасцях супясчаныя глебы набліжаюцца да пяскоў. Вільготнасць супясчаных глебаў у летні перыяд нізкая. Гэты тып глебаў адносіцца да кіслых і сярэднекіслых глебаў, рН у КCl вагаецца ў межах 4,6 - 4,8. Часам яны бываюць слаба-кіслымі з паказчыкам рН у КСД 4,7 - 5,0.

Ступень насычанасці глеб асновамі вагаецца ў шырокіх межах. У глеб, якія падсцілаюцца марэнным суглінкам яна дасягае ў ворных гарызонтах 60-70%. Гідралітычная кіслотнасць невялікая з глыбінёй яшчэ памяншаецца і вагаецца ў ворных гарызонтах ад 2,82 да 1,71 м.экв. на 100 г. глебы. Сума паглынутых асноваў дасягае значнай велічыні, асабліва ў ворным гарызонце.

Глебы гэтыя адрозніваюцца больш высокай забяспечанасцю рухомым фосфарам і каліем. На некаторых участках фосфару ўтрымоўваецца 10-15 мг на 100 г глебы. Рухомага калію ўтрымоўваецца нязначная колькасць, галоўным чынам 4,0-5,0 мг на 100 г глебы.

Адрозніваюць слаба-, сярэдне- і моцна-падзолістыя глебы. Слаба - і сярэднепадзолістыя глебы ў сельскагаспадарчай вытворчасці выкарыстоўваюцца пад пасевы збожжавых і бульбы, а таксама пад цукровыя буракі. Вялікія плошчы пад такімі землямі заняты ў паўночнай і паўночна-ўсходняй частцы раёна. Гэта найболей каштоўныя і высокаўраджайныя глебы ва ўмовах Лідскага раёна.

Дзярнова-падзолістыя забалочваныя глебы

Дзярнова-падзолістыя забалочваныя глебы ад дзярнова-падзолістых глебаў звычайнага ўвільгатнення адрозніваюцца тым, што нароўні з дзярновымі і падзолістымі працэсамі, у іх адбываюцца працэсы забалочвання ў форме аглеення. Аглеенне бывае суцэльным і плямамі. Працэсы забалочвання дзярнова-падзолістых глеб выяўляюцца то ў сілу павышанай вільгацеёмкасці глебаў, то з прычыны назапашвання атмасферных водаў у паніжаных месцах, то ў сілу блізкасці ад паверхні глебава-грунтовых водаў.

У дзярнова-падзолістых забалочваных глебах вылучаюцца слаба - і сярэднепадзолістыя з прыкметамі аглеення, якія развіваюцца на супесях рыхлых пясчаністых, якія падсцілаюцца на розных глыбінях марэнным суглінкам ці пяскамі. Марфалагічны разрэз першай рознасці гэтых глебаў прыведзены ніжэй:

Ап / 0-29 см ворны гарызонт цёмна-шэрага колеру, звязны пескаваты супесак сярэднепрацяты каранямі, сыры. Пераход ясны, ушчыльнены.

В 1 / 29-61см ілювіяльныы гарызонт бура-жоўтага колеру са слядамі ападзольвання, пясок звязны дробназярністы, сыры, бурыя плямы вокіснага жалеза. Пераход няроўны, зацёкамі.

В 2Д / 61-110 см ілювіяльны гарызонт, суглінак марэнны чырвона-бурага колеру з блакітнаватымі плямамі аглеення, сыры, шчыльны.

Пра марфалогію звязна-супясчаных глебаў, якія падсцілаюцца пяскамі, можна меркаваць па апісанні разрэзу, закладзенага ў калгасе імя Войкава, на слабым паніжэнні да поймы ракі Дзітвы.

Ап / 0-18 см ворны гарызонт шэрага колеру, рыхлая пясчаністая супесь, бесструктурная. Пераход няроўны.

В 2В 1 / 18-23 см ілювіяльна-падзолісты гарызонт бруднажоўтага колеру, таксама рыхлая пясчаністая супесь. Пераход слаба прыкметны.

В 2 / 23-100 см іллювіяльны гарызонт буравата-жоўтага колеру, звязны дробназярністы пясок іржава-охрыстага колеру з плямамі. Пераход зацёкамі.

В 2Д / 110-180 см Пясок дробназярністы шызага колеру, ушчыльнены, вільготны, слабааглеены.

Адрозніваюцца гэтыя глебы двухскладнай будовай і некалькі расплывістым генетычным гарызонтам. Аграхімічныя паказчыкі паказваюць на сярэдне-кіслую рэакцыю асяроддзя - рН у КСl 4,9 - 5,4, якая з глыбінёй некалькі памяншаецца.

Гідралітычная кіслотнасць вагаецца ў межах 1,19 - 2,73 м-экв на 100 г. глебы. Сума паглынутых асноваў 3,9 - 5,6 мг на 100 г глебы. Запасы фосфару некалькі больш 5,07 - 7,5 мг на 100 г глебы. Ступень насычанасці глеб асновамі 51,6 - 83%. Да недахопаў гэтых глебаў адносіцца залішняе ўвільгатненне, з-за якога надоўга затрымліваецца апрацоўка, пагаршаецца водны рэжым. Таму асноўныя мерапрыемствы павінны быць накіраваны на ўзбагачэнне ворнага гарызонту арганічнымі і мінеральнымі рэчывамі, паляпшэнне працэсу аэрацыі.

На плоскіх нізінных участках і па выцягнутых вузкіх лагчынах распаўсюджаны дзярнова-слаба-, сярэдне- і моцнападзолістыя з прыкметамі часовага залішняга ўвільгатнення, супясчаныя глебы, якія развіваюцца на супесях рыхлых, пясчаністых, што падсцілаюцца з глыбіні 40-50 см марэнным слаба-аглееным суглінкам ці дробназярністымі пяскамі. Улетку па сваіх фізічных уласцівасцях нічым не адрозніваюцца ад супясчаных глеб звычайнага ўвільгатнення.

Глебы такога тыпу на тэрыторыі Лідскага раёна займаюць значныя плошчы ў цэнтры і на захадзе раёна. Асабліва іх шмат у калгасах імя Войкава, імя Леніна, імя Калініна, "Ударнік", "Прагрэс" і інш. Агульная плошча складае 26,3%. Выкарыстоўваюцца такія ўчасткі звычайна пад лён ці збожжавыя.

Дзярнова-балотныя глебы

Дзярнова-балотныя глебы прымеркаваны да паніжаных участкаў тэрыторыі. Сфармаваліся яны пад уплывам дзярновага і балотнага працэсаў. Дзёран, які ўтвараецца пад травяным покрывам, з цягам часу ў аэробных умовах раскладаецца, і глебы ўзбагачаюцца арганічнымі рэчывамі, памяншаецца водапранікальнасць і моцна павялічваецца вільгацеёмістасць. Атмасферныя воды затрымоўваюцца ў перегнойным гарызонце. Ствараюцца аэробныя ўмовы. Пад іх уплывам працякае працэс глебаўтварэння.

Фармаванне балотных глебаў у межах Лідскага раёна звязана з блізкім заляганнем грунтовых водаў. Гэтыя воды ўзбагачаюць зямлю мінеральнымі элементамі, нейтралізуюць кіслотнасць. У выніку гэтага тут звычайна расце багаты травастой, які ўзбагачае глебу арганічнымі рэчывамі.

Такія глебы маюць больш высокую прыродную ўрадлівасць у параўнанні з дзярнова-падзолістымі забалочванымі глебамі. Аднак залішняе ўвільгатненне перашкаджае выкарыстанню іх багатай урадлівасці. Для эфектыўнага іх выкарыстання неабходна праводзіць асушальныя работы.

Сустракаюцца дзве рознасці гэтага тыпу глебаў: дзярнова-глееватыя глебы на рыхлых супесях, якія падсцілаюцца з глыбіні 30-45 см розназярністымі пяскамі, яны займаюць больш узвышаныя ўчасткі, і дзярнова-перагнойна-глееватыя і глеевыя глебы на супесях звязных, якія падсцілаюцца з глыбіні 40-50 см розназярністымі пяскамі.

Марфалагічную будову глебы першы рознасці можна бачыць з глебавага разрэзу, закладзенага ў калгасе імя Войкава за 100 м на ўсход ад вёскі Яўсеевічы на куп'істай пашы з рэдкай расліннасцю.

А / 0-3 см дзёрн цёмна-шэрага колеру шчыльны, сярэдне-пераплецены каранямі раслін.

А 1 / 3-14 см перегнойный гарызонт цёмна-шэрага колеру, дробназярністы, звязны пясок. Пераход паступовы, ясны.

В 1 / 14-28 см ілювіяльны гарызонт жоўта-шэрага колеру, дробназярністы звязны пясок. Пераход паступовы.

В 2Д / 28-25 см ілювіяльны гарызонт буравата-жоўтага колеру, розназярністы пясок, мокры, аглеены, слабазавалунены. Пераход слабапрыкметны.

В 3Д / 56-110 см ілювіяльны гарызонт бялявага колеру, рыхлы розназярністы пясок, мокры, аглеены.

З марфалагічнага апісання відаць, што глебы гэтага тыпу маюць двухскладную будову, г.зн. маюць маламагутны пласт покрыўных супесяў, якія непасрэдна падсцілаюцца марэннымі рознозярністымі пяскамі.

Для гэтых глебаў характэрна нейтральная, блізкая да шчолачнай, рэакцыя асяроддзя: рН у КСl складае 6,0-6,6, часам - 7,6.

Характарыстыка марфалагічнай будовы дзярнова-перагнойна-глееватых глебаў дадзена ў разрэзе, закладзеным у калгасе імя Войкава, каля вёскі Янцэвічы, на злёгку закустараным купістым лузе:

А / 0-3 см дзёрн цёмна-шэрага колеру, сярэдне пераплецены каранямі раслін.

А 1 / 3-24 см перегнойны гарызонт цёмна-шэрага колеру, звязная пясчаністая ўшчыльненая супесь. Пераход ясны.

В 1Д / 24-40 см ілювіяльны гарызонт жоўта-сізаватага колеру, звязны дробназярністы аглеены пясок. Пераход ясны.

В 2Д / 40-116 см ілювіяльны гарызонт бура-блакітнага колеру, розназярністы мокры пясок, а з глыбіні 67 см з'явілася вада.

Глеевыя глебы маюць аднолькавую будову і адрозніваюцца суцэльным, добра выражаным глеевым гарызонтам і некалькі большым перегнойным пластом.

Рэакцыя гэтых глебаў блізкая да нейтральнай: рН у КCl 5,8-7,2. Гэтыя глебы багатыя арганічнымі рэчывамі. Але разам з тым у іх мала фосфару і калію.

Тым часам, пры асушванні і правільным выкарыстанні яны здольныя нашмат павялічыць сваю прадуктыўнасць.

Дзярнова-балотныя глебы на тэрыторыі раёна не атрымалі шырокага распаўсюду і сустракаюцца вузкімі палосамі ў агульных масівах. Выкарыстоўваюцца галоўным чынам пад пашы, радзей - пад сенажаці.

Тарфяна-балотныя глебы

Тарфяна-балотныя глебы займаюць шырокія масівы ў цэнтральнай і заходняй частцы раёна. У калгасах імя Войкава, імя Леніна, "Нёман", "Сцяг Саветаў" і іншых, і выкарыстоўваюцца галоўным чынам пад сенажаці. Яны таксама валодаюць высокай прыроднай урадлівасцю. Але павышанае ўвільгатненне замінае іх выкарыстанню. Удзельная вага іх складае 1,6%.

Прыкладам гэтага тыпу глебаў можа служыць марфалагічны разрэз, закладзены ў калгасе "Ўлада Саветаў", на выгане рэдка парослым хмызняком алешыны, лазы. У травастоі пераважае асака. Значны імховы покрыў, які складаецца з зялёнага моху.

А 0 / 0-4 см шчыльны дзёрн з карэняў травы.

АТ / 4-35 см торф чорна-карычневы, асаковы, сярэднераспаўшыся, ушчыльнены, вільготны, прыкметныя рэшткі раслін. Пераход ясны, роўны.

ВС / 35-65 см ілювіяльны гарызонт сізавата-блакітнаватага колеру, вільготны аглеены марэнны суглінак, прыкметны жоўтыя плямы.

Тарфяна-балотныя глебы займаюць 1,6% усёй плошчы раёна. Тарфяна-балотныя глебы пераходнага тыпу сустракаюцца вельмі рэдка на невялікіх упадзінах, сподках. Агульная плошча іх складае толькі 0,3%. Яны маюць вельмі кіслую рэакцыю. Усе пераходныя тарфянішчы слабараспаўшыеся, бачны карані моху і іншых раслін. На такіх балотах расце багун, сфагнавы мох, журавіны, сасна. Практычнае значэнне гэтага віду глебаў вельмі малое.

Поймава-алювіяльныя глебы

У поймава-алювіяльных глебах вылучаюцца дзярнова-забалочваныя глееватые і глеевые рознасці. Сустракаюцца яны па абодва бакі рэк Дзітвы, Лебяды. Нёмана. Глебы гэтыя заўсёды ўвільготнены. Валодаюць вялікай патэнцыйнай урадлівасцю. Поймавыя землі заўсёды пры асушванні і асваенні становяцца высокаўраджайнымі. Прыносяць вялікія прыбыткі гаспадарцы. Глебы гэтага тыпу складаюць 0,23% усёй плошчы раёна. Практычна гэтыя глебы выкарыстоўваюцца ў якасці натуральных лугавых сенажацяў.

Марфалагічная будова гэтага віду глебаў відаць з прыведзенага апісання разрэзу.

А 0 / 0-3 см дзёрн, суцэльнае спляценне каранёў.

А 1 / 3-26 см перагнойны гарызонт цёмна-шэры з карычневым адценнем, пясок звязны ярэднезярністы, свежы, карані. Пераход ясны.

А 1А 2 перагнойна-ападзолены гарызонт, пясок буйны жаўтавата-шэры, буйназярністы, пунктацыя марганцу, плямы перагною, бурыя плямы гідравокісу жалеза. Пераход ясны.

В 1Д / 63-93 см ілювіяльны гарызонт, пясок шызы, рыхлы, буйназярністы. Пераход ясны.

У / 93-120 см аглеенны гарызонт, пясок шызы, рыхлы буйназярністы.

Глебы гэтага тыпу адрозніваюцца сярэдняй кіслотнасцю: рН у КСl 5.0 - 5,2.

Эрозія глебаў і меры барацьбы з ёй

Эрозія глебаў для Лідскага раёна не характэрна. На поўначы, у наваколлях марэннага рэльефу, па схілах узгоркаў выяўляецца плоскаснае змыванне ў выглядзе дробнаструменевага разбурэння павярхоўнага пласта глебы. Гэта спрыяе павышэнню завалуненасці асобных участкаў.

Пры гаспадарчым выкарыстанні глебавых рэсурсаў раёна варта мець на ўвазе, што дзярнова-падзолістыя глебы Лідскага раёна па сваім паходжанні з'яўляюцца не толькі кіслымі і малаўраджайнымі. У іх вельмі мала ўтрымоўваецца такіх пажыўных рэчываў, як азот, кальцый, магній, малібдэн і іншыя. Высокая кіслотнасць глебаў уплывае на рост і развіццё пшаніцы, ячменю, гароху, буракоў, капусты, канюшыны, сырадэлі. Акрамя таго яна прыгнятае жыццядзейнасць карысных для земляробства мікраарганізмаў.

Аднак пры правільным доглядзе глебаў яны могуць даць добрыя ўраджаі. Найболей эфектыўным сродкам паляпшэння ўрадлівасці глеб і павышэння ўраджайнасці палёў з'яўляецца вапнаванне з ужываннем арганічных і мінеральных угнаенняў. Такім шляхам можна ў 2-3 разы павялічыць ураджайнасць сельскагаспадарчых культур.

Для гэтых мэтаў створана будаўніча-мантажнае кіраванне (БМК), задачай якога з'яўляецца найхутчэйшае выкананне плану меліярацыйных работ. У мінулыя гады на тэрыторыі раёна было правапнавана 6,0 тыс. га. Па плане меліярацыйных работ у 1966 годзе павінна буць правапнавана яшчэ 6,0 тыс. га кіслых глебаў. Будуць праводзіцца і асушальныя работы. За 1966 год у раёне спланавана асушыць 2,0 тыс. апроч ужо асушаных 6,3 тыс, у тым ліку дрэнажным спосабам 1,2 тыс. га. Такім чынам, у раёне павінна быць праведзена паляпшэнне каля 8,0 тыс. га сельскага-спадарчых зямель.

КЛІМАТ РАЁНА

1. Агульная характарыстыка клімату

Агульныя рысы клімату Лідскага раёна вызначаюцца геаграфічным становішчам. Знаходзячыся блізка ад Атлантычнага акіяна, тэрыторыя раёна падвяргаецца ўплыву паветраных мас, якія фармуюцца над ім. Клімат тут адрозніваецца мяккасцю і ўмеранай вільготнасцю. Гэтаму спрыяе цыкланічная дзейнасць Атлантычнага акіяна, выпарэнне і транспірацыя раслін у летні час. Сярэдняя тэмпература паветра ўлетку невысокая, 17,5 ОС, а ўзімку не змяншаецца ніжэй за -10 О. Клімат характарызуецца аднак зменлівасцю тэмператур як у летні, так і ў зімовы час, зменлівасцю надвор'я пад уздзеяннем частага ўварвання паветраных мас з іншых геаграфічных шырот.


Уварванне арктычных паветраных мас часцей за ўсё адбываецца ў тыле цыкланічнай серыі. Арктычнаму ўварванню можа папярэднічаць інтэнсіўная адліга, што звычайна служыць прычынай утварэння ледзяной скарынкі. Гэта ўварванне суправаджаецца рэзкім пахаладаннем, парывістым ветрам паўночна-ўсходняга і паўночнага кірункаў і пераменнай воблачнасцю. Часам арктычныя паветраныя масы пранікаюць на тэрыторыю Лідскага раёна і ў летнія месяцы, выклікаючы замаразкі і нават снегапады (1962 г.)

Кантынентальныя трапічныя паветраныя масы, якія адрозніваюцца высокай тэмпературай (да +36 ОС), сухасцю, прыходзяць у межы Лідскага раёна з поўдня, а часцей з паўднёвага ўсходу. Яны паніжаюць адносную вільготнасць паветра. Часам сухое арктычнае марское паветра, якое хутка саграваецца на кантыненце і ўтварае антыцыклон, нясе засуху.

Шматгадовыя назіранні, праведзеныя на Лідскай метэаралагічнай станцыі, паказваюць, што сярэднегадовая тэмпература паветра складае 5,7 ОС. Штогод выпадае 605 мм (гл. табліцу №2) ападкаў.

Для тэрыторыі раёна характэрны замаразкі. Пад замаразкам разумеецца кароткачасовае паніжэнне тэмпературы прыземнага пласта паветра і паверхні глебы да 0 О і ніжэй на агульным фоне дадатнай тэмпературы. Замаразкі тут магчымыя ва ўсе сезоны года. Аднак найболей інтэнсіўнае праяўленне іх назіраецца ў вяснова-восеньскі перыяд. Шматгадовыя назіранні паказваюць, што ў большасці выпадкаў замаразкі спыняюцца ў красавікутраўні. Так у 1961 годзе апошні замаразак адзначаны 30 красавіка, у 1965 годзе - 16 траўня. Першыя замаразкі бываюць у верасні (21 верасня 1963 г.)

У практычным жыцці замаразкі ўяўляюць вялікую небяспеку для сельскагаспадарчай вытворчасці, знішчаючы раннія ўсходы сельскагаспадарчых культур. Таму іх прадказанне і барацьба з імі ўяўляюць задачу практычнага значэння.

У барацьбе з замаразкамі найболей эфектыўным можа быць прымяненне дымавых заслонаў ад вогнішчаў, а таксама накрыванне пасеваў і ўсходаў, калі гэтыя пасевы ці ўсходы па плошчы невялікія.

Змена кліматычных элементаў знаходзіцца ў прамой залежнасці ад пануючых вятроў. Вятры заходніх румбаў прыносяць вільготныя паветраныя масы Атлантычнага акіяна, а вятры ўсходніх румбаў прыносяць сухія кантынентальныя паветраныя масы, збедненыя вільгаццю. Гэта вырашальным чынам уплывае на тэмпературны рэжым клімату і рэжым ападкаў. Такую заканамернасць можна ўстанавіць прааналізаваўшы дадзеныя метэаралагічных назіранняў на працягу гадоў, зробленых Лідскай метэастанцыяй у апошнія 1960-65 гг.


2. Тэмпературны рэжым

Вырашальным фактарам клімату ў цэлым, пры фармаванні паветраных мас, насычэнні іх вільгаццю з'яўляецца тэмпературны рэжым. Тэмпература паветра, глебы залежыць ад актыўнасці сонечнай радыяцыі, якая знаходзіцца ў прамой залежнасці ад геаграфічнага становішча Лідскага раёна, ступені абароненасці паверхні расліннасцю, ад наяўнасці буйных вадаёмаў.

На тэмпературны рэжым раёна вырашальны ўплыў аказвае басейн Атлантычнага акіяна і яго мораў. Пад уздзеяннем усіх кліматычных фактараў на тэрыторыі Лідскага раёна сфармаваўся ўмерана-кантынентальны клімат. Сярэдняя гадавая тэмпература паве-тра як і па ўсёй Беларусі, дадатная і складае +5,7 ОС.

У асобныя гады сярэднія тэмпературы могуць павялічвацца, а часам паніжацца. Гэта відаць з прыведзенай ніжэй табліцы сярэднегадавых тэмператур паветра за 1960-65 гг.

Максімальная працягласць дня бывае 21\VІ і складае 17 гадзін 10 хвілін. Вышыня Сонца ў гэты дзень - 59 О27'.

Мінімальная працягласць дня - 22\ХІІ. Дзень працягваецца толькі 7 гадзін 20 хвілін. Вышыня Сонца над гарызонтам - 12 О30'.

У зімовы час сонечнае ззянне скарачаецца да 26-30%.

Супастаўляючы кліматычныя дадзеныя за шэраг гадоў (з 1960 па 1965 улучна), варта зрабіць выснову, што ў асобныя гады маюцца некаторыя адхіленні ў кліматычных паказчыках сярэднегадавых, сярэднямесячных. Гэта відаць з ніжэйзгаданых табліц 2 і 3).

Змена тэмператур на тэрыторыі раёна не перавышае 1-2 ОС. Па дадзеных назіранняў, праведзеных настаўнікам Хадзюкоўскай пачатковай школы Н.Н. Кучынскім, у 1964-1965 гадах сярэднегадавая тэмпеатура склала + 6,1 ОС (без уліку начных тэмператур), супраць + 5,0 ОС па дадзеных Лідскай метэастанцыі.

Самым халодным месяцам з'яўляецца люты. Сярэдняя тэмпература лютага складае - 6,5 ОС (супраць - 6,1 ОС у студзені). З шасці гадоў (1960-1965 гг.) у чатырох сярэдняя тэмпература лютага была ніжэй за студзеньскую. Аднак у асобныя гады самым халодным з'яўляецца студзень (1961, 1963).

Ніжэй прыведзены сярэднямесячныя тэмпературы лютага ў параўнанні з сярэднямесячнымі тэмпературамі студзеня за 1960-1965 гг.

Як відаць з табліцы, сярэдняя тэмпература лютага вагаецца ад -0,6 ОС да -9,7 ОС.

Мінімум тэмператур адзначаны 18/1-1963 г., дасягнуў - 30,4 ОС.

Пад уплывам змены тэмпературы паветра адбываецца і змена іншых кліматычных элементаў: ціску, вільготнасці, тэмпературы глебы, воблачнасці і да т.п.

Найболей высокія тэмпературы адзначаюцца ў ліпені. Ліпень з'яўляецца самым цёплым месяцам у годзе. Сярэдняя шматгадовая тэмпература паветра ў ліпені складае + 17,4 ОС. Максімальная тэмпература ліпеня дасягнула + 35,1 ОС (1959 г.) Мінімальная тэмпература гэтага месяца складае + 6,4 ОС. Такім чынам, амплітуда вагання тэмператур ліпеня змяняецца ў межах ад + 6,4 ОС да + 35,1 ОС і складае 28,7 ОС.

Гадавая амплітуда максімальных і мінімальных тэмператур складае 65,5 ОС, а сярэдніх - 25,5 ОС.

Хуткае павышэнне тэмпературы пачынаецца ў апошняй дэкадзе сакавіка і першай дэкадзе красавіка і працягваецца да чэрвеня. У астатнія месяцы павышэнне адбываецца паступова. З ліпеня пачынаецца павольнае паніжэнне тэмператур, апускаючыся ў снежні да - 5 ОС -5,8 ОС. Пераход тэмпе-ратур праз 0 О адбываецца ў сакавіку і кастрычніку, праз + 5 ОС - у красавіку і верасні, праз + 10 ОС - у траўні і жніўні і праз + 15 ОС - у чэрвені і жніўні.

Кульмінацыйныя кропкі пераходу тэмператур цераз 0 ОС, + 5 ОС, + 10 ОС з'яўляюцца пачатковымі тэрмінамі сезонаў года. Вегетацыйны перыяд складае 194 дні, а часам можа быць больш працяглым.

Тэмпература глебы знаходзіцца ў прамой залежнасці ад тэмпературы паветра, рэльефу і снежнага покрыву. Пры маласнежных зімах тэмпература яе рэзка паніжаецца і прамярзанне даходзіць да глыбіні 1 м. Аднак такія з'явы бываюць рэдка. Сярэдняе прамярзанне глебы складае 60-65 см, найвялікаму астуджэнню падвяргаюцца глебы на ўзвышаных участках.

Па дадзеных метэаралагічнай станцыі горада Ліды тэмпература паверхні глебы змянялася (1960-1965 г.).

Улетку глебы моцна праграваюцца. Найвышэйшая тэмпература іх дасягае ў чэрвені-ліпені (17-26 ОС).


3. Вільготнасць

У цеснай залежнасці ад тэмпературнага рэжыму паветра знаходзіцца абсалютная і адносная вільготнасць. Абсалютная вільготнасць знаходзіцца ў прамой залежнасці, і з павышэннем тэмпературы паветра паказчык абсалютнай вільготнасці таксама ўзрастае. Змена абсалютнай і адноснай вільготнасці адбываецца па порах года.

Адносная вільготнасць паветра ў зімовыя месяцы нашмат вышэй, чым у летнія. З аналізу матэрыялаў Лідскай метэаралагічнай станцыі за 1960-1965 гады можна бачыць, што яна вагаецца ў межах ад 80% да 93%.

Максімальная сярэднямесячная адносная вільготнасць паветра дасягнула 93% у лістападзе і снежні 1960 г., мінімальная ж склала 62% - чэрвень 1964 г. Сярэдняя адносная вільготнасць зімовага часу роўная 92%, летняя ж усяго 73%. Адгэтуль няцяжка бачыць, што на тэрыторыі Лідскага раёна найболей сухім перыядам года з'яўляецца зіма і вясна. У гэтым можна будзе пераканацца пры разглядзе ападкаў і іх размеркавання па порах года. Змену адноснай вільготнасці на працягу года можна бачыць з табліцы і комплексных графікаў.

У восеньска-зімовы перыяд адносная вільготнасць абумаўляе з'яўленне туманоў. На тэрыторыі Лідскага раёна лік дзён з туманамі вагаецца ад 53 (1960 г.) да 78 (1964 г.) З'яўленне туманоў магчыма не толькі ў восеньска-зімовы час, але і ў летні. Так, у 1960 г. у летні час зарэгістравана 5 дзён з туманамі. У 1955 годзе туманы адзначаны ў кожным месяцы года. Адносная вільготнасць гэтага года таксама была высокай - 72- 93%.

З павелічэннем адноснай вільготнасці павялічваецца і воблачнасць. Найбольшы лік пахмурных дзён прыходзіцца на зімовыя месяцы - лістапад-сакавік.

Найменшая колькасць пахмурных дзён прыходзіцца на вяснова-летнія месяцы (чэрвень-жнівень). Сярэдняя воблачнасць гэтых месяцаў вагаецца ад 0 да 3 балаў. (Выключэнне складае 1960 год, калі пахмурнасць дасягнула 5 балаў). Гэта спрыяе больш поўнаму выкарыстанню раслінамі сонечнай радыяцыі, якая ў гэты перыяд дасягае максімуму.

Сярэдняя абсалютная вільготнасць за год па шматгадовых дадзеных для Лідскага раёна роўная 8,4 млб. У зімовы час яна змяняецца ў межах ад 3,0 да 9,0 млб. З падвышэннем тэмператур у красавіку абсалютная вільготнасць хутка пачынае ўзрастаць і ў ліпені дасягае максімуму - 14,2 млб. Зніжэнне тэмператур цягне за сабой зніжэнне абсалютнай вільготнасці. У зімовы час гэтая з'ява становіцца вельмі небяспечнай пры адсутнасці снежнага покрыву. Пры гэтых умовах магчыма вымярзанне зімовых сельскагаспадарчых культур і пладовых дрэў.

Недахоп насычэння вадзянымі парамі паветра згубна адбіваецца на ўсіх сельскагаспадарчых культурах. Для Лідскага раёна гэта з'ява не характэрная, бо абсалютная вільготнасць тут даволі значная.

Важным кліматаўтваральным фактарам з'яўляецца вецер, ад якога залежыць хуткасць выпарэння вільгаці, а такім чынам і адносная вільготнасць. Для Лідскага раёна найболей характэрны вятры паўднёвазах. і зах. румбаў.

На працягу 1960-1964 гг. было зарэгістравана 228 выпадкаў вятроў у год гэтых румбаў.


4. Ападкі

Паводле кліматалагічнага раянавання тэрыторыі БССР, праведзенага А. Х. Шкляром (1962 г.) Лідскі раён аднесены да цэнтральнай, цёплай, умерана-вільготнай агракліматычнай вобласці. Пераважная большасць ападкаў прыпадае на перыяд з тэмпературай вышэй за 10 ОС - 351 мм ці каля 6% гадавой нормы. Прычым на летнія месяцы прыпадае 232 мм ці 38,6%. У зімовыя месяцы колькасць ападкаў значна меншая. Яна дасягае толькі 138 мм, што складае толькі 23% гадавой колькасці выпаўшых ападкаў.

З'ява гэта тлумачыцца тым, што на тэрыторыю раёна ў летні час прыходзяць пераважна цёплыя вільготныя паветраныя масы з Атлантычнага акіяна. Яны становяцца пануючымі. Толькі ў асобныя гады ў межы раёна пранікаюць арктычныя сухія паветраныя масы, пераўтворачыся ў гарачыя кантынентальныя.

У такія часы стаіць сухое, сонечнае гарачае надвор'е. Усталёўваецца антыцыклон.

На рэжым ападкаў тэрыторыі раёна ў асобныя гады ўплываюць Чарнаморска-Міжземнаморскія паветраныя масы. Аднак гэта бывае вельмі рэдка і для Лідскага раёна не характэрна. Найболей яркая праява такога ўздзеяння была ў ліпені 1959 года, калі на працягу ўсяго месяца амаль не выпадалі атмасферныя ападкі і тэмпература паветра дасягнула + 35,1 ОС.

Па шматгадовых дадзеных назіранняў Лідскай метэаралагічнай станцыі ўстаноўлена, што гадавая норма ападкаў для тэрыторыі раёна складае 600 мм. Аднак пад уплывам паказаных вышэй прычын у асобныя гады бываюць значныя адхіленні ад сярэднегадавых кліматычных паказчыкаў. Так, напрыклад, у 1960 годзе на працягу года выпала 855,3 мм. Ці 142,5% гадавой нормы, а ў 1963 годзе толькі 423 мм, г. зн. 70,5%.

Як відаць з дадзеных, адхіленні ў рэжыме ападкаў бываюць значнымі.

Такія адхіленні можна назіраць не толькі ў асобныя гады ў цэлым, але па месяцах. Так, у чэрвені 1960 года выпала 157,7 мм ападкаў, а ў гэтым жа месяцы 1963 года ўсяго толькі 48,5 мм. Можна прывесці і іншыя прыклады. З гэтага варта зрабіць выснову, што на фоне спрыяльнага рэжыму ападкаў, тэрыторыя Лідскага раёна не агароджана ад такіх з'яў, як засуха, што прыносіць сельскай гаспадарцы велізарную шкоду.

У 1964 годзе пад уплывам засухі на пясчаных глебах у паўднёвай частцы раёна (калгасы "Беліца", "Гігант") на вялікіх плошчах загінулі пасевы ярыны. У шэрагу месцаў у ярыны назіралася пустакалосіца, цераззерніца. Зусім загінулі пасевы кукурузы.

У відавых адносінах характэрнымі ападкамі з'яўляюцца дождж, снег, град, галалёд. Колькасна пераважаюць дождж і снег. Дождж выпадае круглы год, нават у зімовы час нярэдкія выпадкі выпадзення моцнага дажджу.

Першы снег часцей за ўсё выпадае ў другой палове лістапада, але ён не ўстойлівы з-за частых адліг. Устойлівы снежны покрыў усталёўваецца, як паказваюць шматгадовыя назіранні, у снежні, часам нават у студзені. Працягласць перыяду з устойлівым снежным покрывам 65 дзён. Размеркаванне снежнага покрыву па месяцах і дэкадах нераўнамернае. Сярэдняя вышыня снежнага покрыву складае 8-10 см. Найбольшая ж вышыня бывае ў лютым-сакавіку (да 60 см), а найменшая ў лістападзе і снежні. У асобныя гады адлігі прыводзяць да поўнага раставання яго. Вышыня снежнага покрыву залежыць ад рэльефу мясцовасці і ступені яго абароненасці ад здзімання. Сярэдняя з максімальных вышынь снежнага покрыву складае 20 см., запас вады ў снезе складае 50-70 мм.

Апошні снег выпадае ў канцы сакавіка, часам на пачатку красавіка. Бываюць аднак выпадкі, калі снег выпадаў у першыя дні чэрвеня (1962 г.).

Выпадзенне граду адбываецца ў вяснова-летне-восеньскі час. Ад граду церпяць пасевы сельскагаспадарчых культур. Асабліва - пшаніца, жыта, ячмень.

Туманы ў межах раёна вельмі частыя. Яны аказваюць адмоўны ўплыў на грэчку, прыпыняючы апыленне. Пры частых туманах ураджаі грэчкі рэзка скарачаюцца.

Такім чынам, прааналізаваўшы кліматычныя элементы Лідскага раёна, трэба зрабіць выснову, што тэрыторыя раёна ляжыць у паласе ўмерана-кантынентальнага клімату. Сярэднегадавыя тэмпературы паветра складаюць +5,7 ОС.

Працягласць безмарознага перыяду 244 дні. Самым цёплым месяцам з'яўляецца ліпень (+17,7 ОС) самым халодным - студзень (-6,1 ОС).

Кліматычныя ўмовы цалкам спрыяльныя для вырошчвання самых разнастайных сельскагаспадарчых культур: збожжавых, кармавых, тэхнічных, гародніны.


5. Характарыстыка клімату па сезонах


Для клімату Лідскага раёна, як і для ўсёй Беларусі, характэрна выразнае чаргаванне пор года, якія маюць свае асаблівасці. Для кожнай з іх характэрны свае тэмпературны рэжым, ападкі, вятры і да т.п.


Зіма - самая працяглая пара года. Зіма настае напачатку ці ў сярэдзіне снежня, з моманту пераходу тэмпературы паветра праз 5 ОС, часцей за ўсё гэта бывае 9-22 снежня. Працягваецца зіма 142-149 дзён.

У зімовы час пануюць паветраныя масы, якія прыходзяць з Атлантычнага акіяна. Дзьмуць паўднёвыя і паўднёва-заходнія вятры. Часам пранікаюць паветраныя масы з Паўночнага Ледавітага акіяна, выклікаючы рэзкае паніжэнне тэмператур. У асобныя гады пад уздзеяннем атлантычных паветраных мас снежны покрыў растае цалкам. Верагоднасць зім без устойлівага снежнага покрыву - 5-10%. Сярэднія тэмпературы зімовых месяцаў вагаюцца ў межах - 1,8 - 13,4 ОС. Абсалютны мінімум - 30,4 ОС быў адзначаны 18 студзеня 1963 года. У цэлым зіма ў раёне мяккая, багатая снегам. Часты паўтор туманоў і пахмурных дзён.

Сярэдняя глыбіня прамярзання глебы ў полі складае 50-65 см, у лесе -15-30 см.

Рэдка, у асобныя маласнежные і халодныя зімы, прамярзанне глебы дасягае 1 м у глыбіню. Такія з'явы паўтараюцца не радзей 1 разу ў 10 гадоў.


Вясна - самы нядоўгачасовы з усіх сезонаў. Пачатак вясны настае ў першай палове-сярэдзіне красавіка, 10-19 красавіка з пераходам тэмператур вышэй 5 ОС і працягваецца 39-43 дні. Для вясны характэрна дзеянне ўсходніх і паўднёва-ўсходніх паветраных мас. Тэмпературы паветра вагаюцца ад 3,1 ОС да 16,3 ОС да пачатку красавіка, а ў асобныя гады і ў першай палове сакавіка, увесь снег растае і ўсталёўваецца вясна. Пранікненне кантынентальных паветраных мас спрыяе таму, што ў вясновы перыяд вельмі часта бываюць замаразкі, якія спыняюцца ў канцы красавіка - пачатку траўня, часам у чэрвені. Поўнае адтайванне глебы настае 18-19 красавіка.

Лета пачынаецца ў другой палове траўня, у 10-19 днях траўня, і працягваецца да пачатку верасня (1-14 верасня). Працягласць лета роўная 106-113 дням. Для лета характэрны параўнальна невысокія тэмпературы, багатае выпадзенне ападкаў. Рэдка з'яўляюцца туманы. Сярэднія летнія тэмпературы складаюць +16,2 ОС. Максімальная тэмпература +34,5 ОС былі адзначаны 26 ліпеня 1963 г., мінімальная +3,0 ОС - у чэрвені 1962 г. За летнія месяцы выпадае больш за 30% гадавой нормы ападкаў. Найбольшая колькасць іх выпадае ў ліпені-жніўні. У жніўні тэмпература паступова паніжаецца, спыняецца масавы рост раслін. Настае восень.

Восень з'яўляецца заключным сезонам у годзе не толькі ў кліматычных адносінах. Увосень падводзяцца вынікі ўсяму, што зроблена за год. Ідзе завяршэнне ўборкі на калгасных палях, падводзяцца вынікі сельскагаспадарчага года. Восень у народзе лічаць самай багатай парой года. Кліматычныя ўмовы з'яўляюцца гэтаму добрым памагатым. Пачынаецца восень на пачатку верасня (1-14) і заканчваецца праз 70 дзён, у першай палове лістапада.

РАСЛІННЫ І ЖЫВЁЛЬНЫ СВЕТ

Па характары расліннасці тэрыторыя Лідскага раёна аднесена да падзоны шырокалісцевых цёмна-хваёвых лясоў Еўрапейска-Сібірскай падвобласці. Па тэрыторыі раёна праходзіць паўночная мяжа распаўсюду дубова-яловай паласы, якая займае паўднёвую частку раёна, пачынаючы ад горада Ліды, у межах Прынёманскай нізіны.

Раслінны свет раёна трэба падпадзяліць на лясы, сенажаці, балоты нізіннага тыпу і раслінны свет вадаёмаў. Размеркаванне фармацый, апісаных у раёне, выглядае наступным чынам: лясы - 22%, балоты - 4,5%, сенажаці - 7,5%, ворныя землі - 33,1%, пашы - 8%, іншыя - 24,9%.


1. Лясы

У драўнянай расліннасці лясоў тэрыторыі Лідскага раёна пераважаюць сасна, бяроза, алешына, елка.

1. Тыпы лесу. Рост і развіццё лясной расліннасці залежыць ад умоў месца вырастання яе: геалагічнай будовы, матчынай пароды, глыбіні залягання грунтовых водаў, клімату, рэльефу мясцовасці.

Паводле праведзенаму Юркевічам І.Д. і Гельтманам В.С. раянаванню лясной расліннасці лясы Лідскага раёна аднесены да Нёманскага тыпу лесу, Нёманска-Прадпалесскага лесарасліннаму раёну грабава-дубова-цёмнахваёвай падзоны.

Умовы росту лясной расліннасці можна звесці да наступных асноўных груп: пушчы, хваёвыя лясы ці бары, рамені, дубровы і ольсы.

Пушчы на тэрыторыі Лідскага раёна - з'ява гістарычная. На сёння іхняе колішняе існаванне пацвярджаецца толькі гістарычнымі крыніцамі.

Дакудаўская пушча згадваецца ў прадпісанні князя Караля Радзівіла (пане Каханку) лоўчаму Міхалу Мараўскаму, дадзеным у Нясвіжы 8 красавіка 1779 года. У прадпісанні згадваюцца таксама пушчы Наднёманская, Налібоцкая, Кейданская і Ліпічанская.

Ольжаўская пушча згадваецца ў"Вопісах парафій Лідскага дэканату" ў 1784 г.

Хваёвыя лясы раёна падраздзяляюцца на бары бруснічныя, верасовыя, лішайнікавыя і рознатраўныя. Па займанай плошчы пераважаюць бары бруснічныя, верасовыя і лішайнікавыя. Бары - характарызуюцца пясчаністымі глебамі рознай ступені ападзоленасці, беднымі элементамі сілкавання для раслін. На гэтых глебах растуць хваёвыя насаджэнні, часта з прымешкай бярозы.

Для бору бруснічнага характэрна наяўнасць у падлеску такой драўнянай расліннасці, як ядловец і ляшчына. Сустракаецца бяроза і асіна. Расліннасць ніжняга яруса - лішайнік, брусніцы, зрэдку ў такіх масівах сустракаюцца забалочаныя ўчасткі асаковых балот з зараснікамі вярбы.

Бары верасовыя - на тэрыторыі раёна распаўсюджаны шырока. У падлеску такіх лясоў шырока развіты верас, ядловец, зялёны мох. У дрэвастоі пераважае хвоя. Рэдка сустракаюцца бяроза і асіна з зараснікамі папараці. У верасовых лясах не рэдкія алешына і вярба.

Бор лішайнікавы - як правіла, не мае падлеску. Глеба пакрыта апалай ігліцай. Травяны покрыў прадстаўлены рэдка раскіданымі ксерафітамі.

Для бору рознатраўнага характэрны забалочаныя ўчасткі. Балоты тут нізіннага тыпу, асноварозна-траўныя. У дрэвастоі пераважаюць хвоя і елка. Сустракаюцца бяроза, алешына, асіна.

Рамені - на тэрыторыі раёна займаюць не вельмі вялікія пляцы. Характарызуюцца яны супясчанымі і суглінкавымі глебамі рознай ступені ападзоленасці і ўвільгатнення. У складзе драўняных парод, якія растуць на гэтых глебах, пераважаюць елка і асіна з прымешкай бярозы, нярэдка хвоі і цвёрдалістых парод: дубу, ясеню, клёну, грабу, вязу.

Ва ўмовах Лідскага раёна рамені часцей за ўсё сустракаюцца на поўнач ад горада Ліды і на водападзеле рэк Дзітвы і Лебяды.

Нязначны распаўсюд у раёне маюць бярозава-асінавыя лясы з прымешкай дубу. Яны займаюць тэрыторыю сярэдняй плыні ракі Дзітвы і нізоўя Лідзейкі. Участкі гэтых лясоў паўсталі на месцы высечак. Падлесак у іх складаецца з каліны, бружмелі, а травяны ярус прадстаўлены пякучай крапівой, дзікай мятай.

Умовы росту дуброў характарызуюцца суглінкавымі, часам супясчанымі глебамі рознай ступені ападзоленасці, багатымі, як па ўтрыманні арганічных рэчываў, так і ўсім разнастайным складам драўнянай расліннасці з удзелам ці перавагай цвёрдаліставых парод, пераважна дубу.

Дубровы - у раёне былі шырока распаўсюджаны ў паўднёвай яго частцы, у пойме ракі Нёмана. Аднак у наш час яны амаль не захаваліся. Багатая дуброва, размешчаная ніжэй ад упадзення ракі Дзітвы ў Нёман, была знішчана, яшчэ ў 1930 гадах. Высечка ішла для продажу драўніны, якая скарыстоўвалася на аздобу салонаў на караблях. З аднаго векавога дуба выкарыстоўвалася не больш за 0,5 куб.м. драўніны. Астатняя частка ішла ў адходы. Пра лёс гэтай дубровы, якая налічвала некалькі сотняў гектараў, аўтару распавялі жыхары вёскі Бенявічы - былыя гаспадары гэтай дубровы.

У гады Вялікай Айчыннай вайны была высечана дуброва на правым беразе ракі Нёмана, ніжэй ад вёскі Беліца. Дуб выкарыстоўваўся як паліва для паравога млына, які знаходзіўся ў той жа вёсцы.

Такім чынам, з-за безхгаспадарчых адносін з боку чалавека, дубровы ў поўным сваім паняцці ў наш час на тэрыторыі Лідскага раёна практычна адсутнічаюць.

Месцы разрастання ольсаў - адрозніваюцца залішнім увільгатненнем глеб за кошт праточных і грунтовых вод. Ольсы атрымалі свой распаўсюд у паўночна-ўсходняй (на водападзеле рэк Гаўі і Лідзейкі) і ў заходняй (у верхняй плыні ўчастка ракі Дзітвы) частках раёна.

У раёне сустракаюцца ольсы кіслічныя, вятроўнікавыя, прыручэйна-травяныя і ольсы поймавыя, ольсы балотна-папаратнікавыя і асаковыя.

Ольс кіслічны - вытворны ад дуброў і ельнікаў. Займае верхнія часткі пакатых лагчын з перегнойна-глеевымі слабаападзоленымі глебамі.

Ольс вятроўнікавы займае слабапрыточныя месцы з тарфяніста- і тарфяна-глеевымі глебамі. Драўняная расліннасць прадстаўлена пераважна шэрай алешынай, прымеркаванай да купін.

Прыручэйна-травяны ольс і ольс поймавы сустракаецца па берагах рэк Дзітвы, Лебяды, Лідзейкі, Нёмана. Яны займаюць прыручаёвыя паніжэнні ці ўчасткі поймы рэк з багатымі адкладамі алювія. Драўняная расліннасць прадстаўлена алешынай 1 бапітара. У падлеску расце парэчка, вербы, травяны покрыў - асокі, трыснёг, паслян, шчытоўнік і іншыя.

На слаба праточных і бяссцёкавых паніжэннях з тарфяна-глеевымі і трфяністымі глебамі развіваются ольсы балотныя-папаратнікавыя і ольсы асаковыя . Фон надглебавага пакрову складае шчытоўнік балотны, вахта, люцік паўзучы. Такі тып ольсаў на тэрыторыі Лідскага раёна мае вельмі абмежаванае распаўсюджанне.

Найважнымі задачамі лясной гаспадаркі Лідскага раёна ў наш час з'яўляецца захаванне наяўных лясных рэсурсаў і далейшае іх аднаўленне і пашырэнне шляхам лесанасаджэнняў.

Лясы раёна адносяцца пераважна да ІІІ банітэту. Багацці іх не абмяжоўваюцца выкарыстаннем драўніны. Яны даюць апроч драўніны жывіцу, экстракты для вырабу скур і атрымання дзёгцю. Лясы з'яўляюцца кліматаўтваральным фактарам мясцовасці.

Акрамя гэтага, у лясах раёна расце шмат ядомых грыбоў, лясных арэхаў і ягад. З грыбоў найболей ужытныя баравік, падасінавік, падбярозавік, масляк, махавік, казляк, рыжык, грузд, сыраежка, лісічка, зялёнка і многія іншыя. Грыбы ўяўляюць сабою выключную каштоўнасць як пажыўны прадукт. Адмысловае месца сярод іх належыць баравіку, які валодае апроч усяго і лячэбнымі ўласцівасцямі. Ён утрымоўвае шмат вітамінаў, экстрактных рэчываў, якія спрыяюць лепшаму вылучэнню страўнікавага соку. Таму вельмі ўважліва і асцярожна варта збіраць іх, не парушаючы грыбніцы, каб не пагоршыць умовы вырастання. Азнаямленне насельніцтва з уласцівасцямі грыбоў мае вельмі важнае значэнне, бо штогод насельніцтва горада і раёна збірае ў лясах вельмі вялікую колькасць грыбоў.

Не пазбыта ў асобных месцах практыка пашы жывёлы ў лясах. Гэта вельмі неспрыяльна адбіваецца на развіцці расліннасці і спрыяе заклешчванню лесу. Клешч, як вядома, з'яўляецца носьбітам інфекцыйнай дзіцячай хваробы поліяміяліту. Таму з пашай жывёлы ў лясах у раёне вядзецца рашучая барацьба.


2. Лугі

Лугі раёна прадстаўлены мурожнымі і заліўнымі, а таксама лугамі нізінных балотаў.

Мурожныя лугі раскіданы па ўсёй тэрыторыі. Травастой 1-2 ярусаў мурожнага лугу складаецца з вялікай колькасці аўсяніцы лугавой і веліканскай, вострыцы (2-3%), мятліцы баравой, гваздзікі, зуброўкі духмянай. Адзінкава сустракаецца лісахвост лугавы, казялец едкі, гравіліст рачны.

У 3-4 ярусах вельмі шырока распаўсюджаны пагралюк (каля 50%), канюшына лугавая і паўзучая (каля 30%). Адзінкава сустракаюцца трыпутнік ланцэталісты. Мурожныя лугі выкарыстоўваюцца пад сенажаці і пашы. Прадуктыўнасць мурожных лугоў раёна невялікая. Яна складае ўсяго 6-8 ц з гектара.

Паплавы (заліўныя лугі) распаўсюджаны ў поймах рэк Нёмана, Дзітвы, Лідзейкі, Лебяды, Крупкі, Гаўі. Для паплавоў характэрны розныя асокі (каля 60%), мятнік лугавы, бабок трохлісты, валяр'янкі, вятроўнік і іншыя. У ніжнім ярусе - рознатраўе і мох. Бліжэй да рэчышчаў рэк расце трыснёг звычайны. Сустракаецца хвошч тваністы. Выкарыстоўваюцца паплавы пад выпас жывёлы і пад сенажаці. Паплавы даюць 4-5 ц сена з гектара.

Лугі раёна ў наш час маюць патрэбу ў паляпшэнні, бо прадуктыўнасць іх з кожным годам змяншаецца.


3. Балоты

На паніжаных участках далін рэк Дзітвы, Лебяды, на водападзеле рэк Гаўі і Лідзейкі шырока распаўсюдзіліся нізінныя балоты. Многія з іх вымяраюцца сотнямі гектараў. Такім з'яўляецца "Дакудаўскае балота" (гістарычная назва - "Вялікае балота" ), якое распасціраецца ад берагоў Лідзейкі і амаль да ракі Нёмана. Нізінныя балоты займаюць паніжаныя учаткі рэльефу ў поймах рэк. Па расліннасці гэтыя балоты можна падраздзяліць на травяныя і лясныя. Ва ўмовах Лідскага раёна пераважаюць травяныя нізінныя балоты.

Травяныя нізінныя балоты , якія маюцца на тэрыторыі раёна, адносяцца да тыпу асакова-рознатраўных і вельмі рэдка, дробнымі ўчасткамі - да тры-снягова-чаротавых.

Асакова-травяныя балоты распаўсюджаны на згладжаных паніжаных участках водападзелаў і ў катлавінах. Расліннасць такіх балот бедная. Тут сустракаюцца нізкарослыя асокі, вейнік, палявіца, трыснёг, хвашчы. Такім балоты ў натуральным стане часцей за ўсё выкарыстоўваюцца пад сенажаці, рэдка - пад пашы. Прадуктыўнасць такіх сенажацяў невысокая і дасягае толькі 8-10 ц з гектара.

Для лясных нізінных балот характэрны дзве асацыяцыі: бярозава-альховая і альховая. Прымеркаваны яны да перыферыі няпойменных тэрас і займаюць досыць вялікія плошчы.

Бярозава-альховыя балоты сустракаюцца ў раёне паўсюдна. Дрэвастой у іх складаецца з алешыны са значнымі прымешкамі вярбы. Па краях расце асіннік, папараць, асака, рознатраўе. Вышыня дрэў вагаецца ад 5 да 10 м. У ніжнім ярусе травяны покрыў прадстаўлены гіпавым мохам.

На альховых балотах дрэвастой таксама не перавышае 10 м, і толькі сустракаюцца асобныя экзампляры, вышыня якіх дасягае 15-20 м і таўшчыня 40-50 см у дыяметры. Алешына расце на невялікіх купінах гіпавых балот.

Балот пераходнага і верхавога тыпу ў раёне вельмі мала. Сустракаюцца яны невялікімі ўчасткамі на западзінах і сподках у пагорыста-западзінным тыпе рэльефу.

Нізінныя балоты пасля асушвання ўяўляюць вялікую каштоўнасць у сельскагаспадарчай вытворчасці. Глебы асушаных нізінных балот адрозніваюцца высокай прыроднай урадлівасцю і даюць высокія ўраджаі. Менавіта таму ў адпаведнасці з пастановамі сакавіцкага (1965 г.) Пленума ЦК КПСС, а таксама з "Дырэктывамі ХХІІІ з'езду КПСС па пяцігадовым плане развіцця народнай гаспадаркі СССР" у раёне ажыццяўляюцца значныя мерапрыемствы па асушванні і акультурванні плошчаў нізінных балот.


4. Расліннасць вадаёмаў

Раслінны свет вадаёмаў таксама вельмі разнастайны. У прыбярэжных зонах шырока распаўсюджаны аер, чарот, сітніца булаўчатая, грэчка земнаводная, галубок лонааеравы, сітніца бліскучая і інш. Непасрэдна ў вадаёмах растуць стрэлкаліст плывучы, альдраванда пухірчатая, эладэя, гарлачык малы, гарлачык чыста белы, гарлачык жоўты і многія іншыя.


5. Жывёльны свет

Фаўна Лідскага раёна складывалася ў паледавіковы час пад актыўным уздзеяннем чалавека. Яе відавы склад утварыўся ў выніку пранікнення сібірскіх і заходнееўрапейскіх прадстаўнікоў і прадстаўлены фаўнай Еўрапейскіх шырокалісцевых лясоў. У далёкім мінулым у лясах раёна звычайнымі былі зубры, расамаха, тур, алень. А ў 1802 годзе, калі была ўтворана Гарадзенская губерня, у склад якой уваходзіла і частка тэрыторыі Лідскага раёна, на ніжняй частцы герба быў намаляваны зубр. Прайшло шмат гадоў, і жывёльны свет раёна карэнным чынам змяніў сваё аблічча. Роля чалавека ў фармаванні сучаснага складу фаўны была ў тым, што шэраг прадстаўнікоў жывёльнага свету ён знішчыў і рассяліў новых. Распаўсюджанне жывёльнага свету адбывалася ў залежнасці ад прыродных умоў і гаспадарчай дзейнасці чалавека: Жывёльны свет раёна можна падпадзяліць на такія тры групы: лясная фаўна, фаўна палёў і фаўна вадаёмаў. У сваю чаргу кожная з іх можа быць падпадзелена на жывёл, птушак і рэптылій. З жывёл у лясах сустракаюцца лісіца, барсук, лось, казуля, дзік, куніца, вавёрка, гарнастай, лясная мыш, вожыкі, краты, землярыйкі і іншыя.

Лісіца і куніца адносяцца да атрада драпежных. Лісіца палюе на грызуноў, птушак. Аднак яна прыносіць вялікую карысць, знішчаючы вялікую колькасць мышэй і ядучы парэшткі загінуўшых жывёл і птушак. Куніца палюе на вавёрку і яе распаўсюджанне звязаны з распаўсюджаннем апошняй. Абедзве гэтыя жывёлы цэняцца шкуркай. Куніца цяпер знаходзіцца пад аховай.

Дзік - усяедная жывёла. Ён есць карэнішчы раслін, грыбы, жалуды. Сілкуецца звычайна ўначы. Дзік уяўляе сабою прамысловую жывёлу. Дае смачнае мяса, добрую шкуру і шэрсць. У наш час паляванне на дзіка абмежавана.

Барсук жыве ў нары, нярэдка разам з лісіцай. Нару ён капае ў больш глухіх месцах паміж каранямі дрэў. Галоўнымі відамі сілкавання барсука з'яўляюцца грызуны, лісце, карані. Шкура барсука выкарыстоўваецца ў прамысловасці. Лекавымі якасцямі валодае яго тлушч.

У паваенныя гады на тэрыторыю Беларусі былі завезены некаторыя віды жывёл з іншых краін і абласцей Савецкага Саюза. Да іх ліку адносіцца ўсурыйскі янотападобны сабака. Гэтая жывёла добра акліматызавалася і ў наш час распаўсюджана ў лясах на ўсёй тэрыторыі раёна. Цэніцца з-за добрага футра.


У змешаных лясах жывёльны свет некалькі багацейшы. Млекакормячыя гэтых лясоў прадстаўлены разнастайнымі грызунамі, відамі капытных. Найболей значнымі з іх з'яўляюцца лось, казуля, дзік, гарнастай.

Лось і казуля ў наш час знаходзіцца па аховай. Гэта траваядныя жывёлы. Любімым месцам рассялення гэтых жывёл з'яўляюцца гаі, размешчаныя на ўзлеску лясоў і ўскраінах балот.

Гарнастай каштоўны футрам, колер якога змяняецца ад цёпла-карычневага да белага ў залежнасці ад пары года.

Шырока распаўсюджаны ў раёне вожыкі, краты, землярыйкі.

У апошнія гады вельмі рэдка пачаў сустракацца воўк .

На нізінных балотах рассяліліся ласка, тхор, лось, казулі, мышы.

Арнітафаўна лясоў прадстаўляецца берасцянкай, драздом, валасянкай, жаўтушкай, салаўём, зязюляй, сіваграком, пугачом і іншымі.

Гаспадарамі балот з'яўляюцца кнігаўка, драч, балотная чарацянка, кулік, бакас і іншыя.

Каля паселішчаў і населеных пунктаў водзяцца шпакі, вераб'і, ластаўкі, беражанкі, галкі, крумкачы, сарокі .

З рэптылій сустракаюцца гадзюка, вуж, жывародная яшчарка, жаба, слівень, мядзянка і інш.

Палявая фаўна бяднейшая за лясную. З жывёл тут найболей распаўсюджаны мышы , на мяжы з лясамі - заяц-русак, краты . З птушак: жаўрук, сітаўка, канаплянка, курапатка і некаторыя іншыя.

У вадаёмах раёна водзяцца бабёр, выдра, андатра , якія каштоўныя высокай якасцю футра. Яны сустракаюцца ў пойме ракі Нёмана, Дзітвы, Лідзейкі. Хаткі бабра збудаваны ў завадзях каля вёсак Збляны, Беліца. Выдра і андатра сустракаюцца радзей, чым бабры. Гэтыя жывёлы знаходзяцца пад аховай дзяржавы.

У пойме рэк шмат вадаплаўнай птушкі: крыжанкі, шэрая чапля, чырок-свістун, кнігаўка . Тут гняздуюцца белыя буслы . З Балтыйскага мора ў летні час сюды залятаюць чайкі .

Рэкі і азёры раёна заселены шматлікімі відамі рыб, сярод якіх найболей распаўсюджаны карпавыя і акунёвыя: плотка, карась, лешч, карп, лін, сазан, акунь, шчупак, судак, жэрах, галавень, мянтуз, сом, вугор .

Вугор , як вядома, рыба своеасаблівая. Яна жыве ў рацэ, а на нераст ідзе ў Саргасава мора ў Атлантычным акіяне і толькі пасля маляўкамі вяртаецца зноў у рэкі. Пабудова Ковенскай ГЭС адмоўна адбілася на наяўнасці вугра ў рацэ Нёман у межах Лідскага раёна. Вугра зараз тут няма. Радзей пачаў сустракацца сом . І наогул за апошнія 20 гадоў рыбныя запасы значна скараціліся і ў відавых і ў колькасных адносінах. Прычынай гэтаму паслужыла пабудаваная плаціна ў г. Коўні, якая стала перашкодай у пранікненні рыб з ніжняй плыні ракі Нёмана, і не заўсёды разумнае выкарыстанне рыбных запасаў насельніцтвам. Нярэдка пры гэтым дапускаецца проста браканьерства: глушэнне, атручванне, лоўля сеткамі, густой сеткай і падчас нерасту.

Усе рыбы раёна выключаючы я рша, пячкура, верхаводку і некаторых іншых, уяўляюць сабою прамысловую цікавасць. Таму ахова, колькаснае і відавае павелічэнне з'яўляецца найважнейшай задачай цяперашняга часу. З гэтай мэтай неабходна строгае выкананне закона аб ахове прыроды. Зарыбленні наяўных прыродных, штучных вадаёмаў з'яўляюцца вельмі важнымі мерапрыемствамі ў гэтых адносінах. Акрамя таго, па маім меркаванні, варта часова спыніць прамысловую лоўлю рыбы і ліквідаваць рыбалоўчыя брыгады ў калгасах "Гігант", "Новы Нёман", якія не прыносяць эканамічнага эфекту ніводнаму з іх і наносяць толькі шкоду рыбным запасам раёна.

ТЫПЫ МЯСЦОВАСЦІ ЛІДСКАГА РАЁНА

Паводле праведзенага прафесарам БДУ В.А. Дзяменцевым геамарфалагічнага раянавання тэрыторыі Беларусі ў Лідскім раёне вылучаны дзве правінцыі: Лідская раўніна і Верхне-Нёманская нізіна (1948 г.). Па плошчы гэтыя два прыродныя комплексы прыкладна раўназначныя. Умоўная мяжа паміж імі можа быць праведзена па лініі вёсак Сцеркава-Шайбакі-Белагруда - В. Канюшаны - Стокі-Табала-Голдава-рака Лебяда. На поўнач ад яе распасціраюцца пагорыстыя прасторы Лідскай раўніны, а на поўдзень - шырока-хвалістая Верхне-Нёманская нізіна.

Гэтыя дзве правінцыі на падставе ўліку існых у прыродзе раёна разнастайных фізіка-геаграфічных комплексаў, абумоўленых спалучэннем геолага-геамарфалагічнай будовы, ступені ўвільгатнення, глеб, расліннасці з улікам спецыфікацыі і ступені гаспадарчага ўздзеяння чалавека можна разглядаць як два тыпы мясцовасці, якія ўключаюць у сябе некалькі падтыпаў.

На Лідскай раўніне, прытрымліваючыся прынцыпу фізіка-геаграфічнага раянавання Н.А. Сонцава, можна зрабіць наступнае дзяленне.


1. Дэнудацыйна-марэнны тып мясцовасці, які супадае з Лідскай раўнінай у межах Лідскага раёна (па В.А. Дзяменцеву) і ўключае ў сябе падтыпы: а) градава-марэнны падтып мясцовасці Верх-Лідскіх вышынь у вобласці распаўсюджання канчатковай марэны Маскоўскай стадыі Дняпроўскага абляднення і б) марэнна-пагорысты падтып Дубровенска-Белагрудска-Дылеўскай раўніны ў вобласці распаўсюджання доннай марэны таго ж абляднення.

2. Акумуляцыйны тып мясцовасці, які супадае з межамі Верхне-Нёманскай водаледніковай нізіны (па В.А. Дзяменцеву) на тэрыторыі раёна. Тут, акрамя таго, дадаткова можна вылучыць такія падтыпы: а) уласна акумуляцыйны на ўчастках распаўсюду флювіягляцыяльных адкладаў і б) старажытна-азёрна-балотны падтыпы мясцовасці.

3. Асобна варта вылучыць тыпы мясцовасці акумуляцыйныя : тэрас рэк Нёмана, Дзітвы, Лебяды і Лідзейкі, які падзяляецца на: а) старажытную надпойменную і б) сучасную поймавую . Праведзенае вылучэнне тыпаў і падтыпаў мясцовасці не супярэчыць раней праведзенаму В.А. Дзяменцевым (1949) геамарфалагічнаму раянаванню тэрыторыі Беларусі, і ўяўляе толькі спробу больш комплекснай фізіка-геаграфічнай характарыстыкі Лідскага раёна.

1. Дэнудацыйна-марэнны тып мясцовасці

(Лідская раўніна)

а) Градава-марэнны падтып мясцовасці Верхне-Лідскіх вышынь займае невялікую частку поўначы раёна, на мяжы Лідскага і Воранаўскага раёнаў. Гэта самая высокая частка тэрыторыі раёна. Абсалютныя адзнакі тут вагаюцца ў межах ад 160 да 200 м. Максімальная кропка дасягае 205,5 м і размешчана на хутарах Аўсядава. Тут атрымаў распаўсюд градава-марэнны тып рэльефу, прадстаўлены некалькі градамі. Грады маюць паўночную і паўночна-заходнюю арыентацыю. Схілы град палогія, іх падзенне не перавышае 12˚. Паўднёва-ўсходнія схілы больш стромкія, чым паўночна-заходнія. Вяршыні згладжаны і маюць круглявую форму. Памер град дасягае 15-16 км у даўжыню і 4-6 км у шырыню. Схілы рассечаны глыбокімі лагчынамі, якія дасягаюць у некаторых месцах 1-1,5 км шырыні. Фармаванне рэльефу, геалагічнай будовы і літалогіі звязана з дзеяннямі Дняпроўскага ледніка, і асабліва яго Маскоўскай стадыі. Магутнасць чацвярцічных адкладанняў у Лідскім раёне дасягае 217,5 м. Складзены марэнныя грады супесямі, суглінкамі, месцамі чырвона-бурай глінай з уключэннем вялікай колькасці галькі і валуноў.

Глебы - у межах участка дзярнова-падзолістыя рознай ступені ападзоленасці, якія развіваюцца на супесях рыхлых і звязных, пясках і рэдка на суглінках, якія падсцілаюцца з глыбіні меней за 1 м марэнай. Характэрнай рысай глебаў з'яўляецца іх моцная завалуненасць, якая складае прыкладна 7100 куб. см на 1 кв. м ворыва. Валуны маюць авальную форму і складаюцца з чырвонага, шэрага і ружаватага граніту, кварцыту. Дыяметр асобных валуноў дасягае 1,5 м. Для гэтай часткі тэрыторыі характэрна глыбокае заляганне грунтовых вод. На хутары Бея грунтовыя воды знаходзяцца на глыбіні 39 м.

У той частцы раёна бяруць пачатак рэкі Крупка і Лідзейка.

Вытокам ракі Крупка з'яўляецца невялікае балота на захад ад в. Пурсцы, а Лідзейкі - балота, размешчанае паміж вёскай Верх-Лідай і вёскай Чэхаўцамі. Першая цячэ ў паўднёва-заходнім, а другая - у паўднёва-ўсходнім кірунках.

У межах Верх-Лідскіх вышынь няма буйных лясных масіваў. Лясы высечаны, што нямала спрыяла ўзмацненню эрозіі глеб, якая праяўляецца ў выглядзе плоскасцевага змывання. Разаранасць схілаў уздоўж іх распрасцірання робіць гэты працэс больш інтэнсіўным. Натуральнай расліннасцю пакрыты толькі малаўрадлівыя непрыдатныя землі на вяршынях узгоркаў і забалочаныя паніжэнні (лагчыны) мясцовасці. Расліннасць прадстаўлена драўнянай і травяністай фармацыямі. Схілы паўсюдна разараны.

На вяршынях узгоркаў з пяшчанымі і супясчанымі глебамі распаўсюджаны малады хваёвы лес з прымешкай бярозы, асіны. Вышыня дрэвастою складае 5-8 м пры таўшчыні ў 20-25 см. У ніжнім ярусе сустракаецца ядловец, вярба, арэшнік. З травяністых - зязюлін лён, верас, месцамі - мох, лішайнік. Жывёльны свет мае агульныя рысы з фаўнай раёна ў цэлым;

б) на паўночны ўсход і паўднёвы захад ад горада Ліды распасціраецца марэнна-пагорыстая Дубровенска-Белагрудска-Дылеўская раўніна. Яна размешчана па абодва бакі ракі Дзітвы. Абсалютныя адзнакі вышынь тут змяняюцца ў межах ад 120 да 160 м. На гэтым падтыпе мясцовасці распаўсюджаны рассечаны пагорыста-западзінны тып рэльефу. У фармаванні яго бярэ ўдзел донная марэна Маскоўскай стадыі абляднення і флювіягляцыяльныя адкладанні таго ж абляднення. Узгоркі маюць веерную і паўночна-заходнюю арыентацыю. Памеры іх па даўжыні дасягаюць 2-3 км пры шырыні ў 0,2 - 0,5 км. Схілы палогія, а вяршыні згладжаныя. Вугал падзення схілу складае 0˚30` - 3˚. Узгоркі раздзяляюцца лагчынападобнымі паніжэннямі, якія выходзяць да далін рэк Крупкі, Дзітвы, Лідзейкі. Памеры лагчын розныя ад 1,5 да 5 км. Часта яны затарфованы. Уздоўж мяжы раўніны і далін ракі Дзітвы сустракаюцца асобнымі групамі ў выглядзе невялікіх падвышэнняў, адносныя вышыні якіх не перавышаюць 8-10 м, памер іх у дыяметры складае 0,5 - 1 км.

На поўдзень ад ракі Дзітвы размяшчаецца дэпудаваная, злёгку ўзгорыстая раўніна доннай марэны Маскоўскай стадыі Дняпроўскага абляднення. Абсалютныя вышыні раўніны дасягаюць 140-150 км. Найвышэйшая кропка мае вышыню 152,3 м і размешчана на паўночны ўсход ад вёскі Яманты.

На паніжаных участках падтыпу мясцовасці, а таксама ў далінах рэк Дзітвы, Нёмана і іншых распаўсюджаны флювіягляцыяльныя раўніны, якія ўтварыліся ў выніку адыходу Маскоўскай стадыі Дняпроўскага абляднення. Найболей буйная з іх размешчана ў ніжняй плыні ракі Лебяды і ніжняй плыні ўчастка ракі Нёмана.

Участкі доннай марэны складзены супесямі і суглінкамі, чырвона-бурай глінай з уключэннем валуноў розных памераў і петраграфічнага складу. Флювія-гляцыяльныя адклады прадстаўлены добра адсартаванымі пяскамі, галькай. Для іх характэрна выразнае размеркаванне па фракцыях.

Гэтая частка раёна добра ўвільготнена. Таму на паніжэннях (лагчынах, западзінах і да т.п.) нярэдка сустракаюцца забалочаныя ўчасткі. Асабліва шырока яны распаўсюджаны на ўчастках, прылеглых да далін рэк Дзітвы, Лебяды, Лідзейкі, Крупкі.

Забалочванне праходзіць за кошт атмасферных ападкаў і блізкага размяшчэння грунтовых водаў. Глыбіня залягання грунтовых водаў вагаецца ад 0,5 м да 5-6 м.

У апошнія гады інтэнсіўна ажыццяўляецца асушэнне балот. Гэта адмоўна адбіваецца на рэжыме рэк. Многія невялікія рэкі, такія як Чарняўка і Надзея, сталі малаводнымі і, па сутнасці, ператварыліся ў раўчукі. Найболей значнымі рэкамі мясцовасці з'яўляюцца рэкі Крупка і Лідзейка. Рэкі маюць моцна забалочаныя поймы. Балоты цяжкапраходныя, парослыя трыснёгам і асокамі.

Глебы мясцовасці дзярнова-падзолістыя рознай ступені падзолістасці на супесях, пясках. У паніжэннях - дзярнова-балотныя і тарфяна-балотныя глебы з магутнасцю торфу да 3 м.

Пераважная частка тэрыторыі разарана. Раслінны покрыў прадстаўлены лясной, лугавой і балотнай фармацыямі.

Лясы мясцовасці пераважна хваёвыя: бары бруснічныя, верасовыя, лішайнікавыя. Радзей сустракаюцца рамені. У далінах рэк сустракаюцца алешнікі. Лясы ўтвараюць невялікія масівы. У падлеску растуць арэшнік, ядловец, брызгліна барадатая, крушына ломкая, воўчае лыка. Павышаныя элементы рэльефу заняты лішайнікавымі барамі. Асобнымі ўчасткамі раскіданы мурожныя злакава-рознатраўныя лугі. Для лугоў характэрны вострыца, мятліца лугавая. З рознатраўя многа казяльца едкага, крываўніка, шчаўя, сіўца. Радзей сустракаецца канарачнік, лісахвост, канюшына ружовая і белая (дзяцеліна). Мохавы покрыў нязначны.


2. Акумуляцыйны тып мясцовасці.

(Участак Верхне-Нёманскай нізіны )

а) Уласна акумуляцыйны тып мясцовасц і ў межах Верхне-Нёманскай нізіны распаўсюджаны ў паласе, якая ляжыць на мяжы паміж Нёманам і нізінай Лідскай раўніны. Ён уяўляе сабою шырокахвалістую, а месцамі плоскую, флювіягляцыяльную раўніну. Абсалютныя вышыні мясцовасці вагаюцца ў межах 130-140 м. Шырокахвалісты характар мясцовасці парушаецца часам праточнымі лагчынкамі былых раўчукоў і рэчак. Акрамя таго, сустракаюцца падвышэнні эолавых грудоў. Радзей сустракаюцца забалочаныя паніжаныя ўчасткі. Іх часцей за ўсё можна сустрэць у далінах ракі Лебяды. Мікрарэльеф выяўлены слаба. На лугах і выпасах сустракаюцца купіны, вышыня якіх дасягае 10-12 см.

Адметнай рысай геалагічнай будовы чацвярцічнай тоўшчы з'яўляецца гразкая слаістасць залягання парод. Літалагічна пароды прадстаўлены пяскамі рознага гранулметрычнага складу, галькай.

Мясцовасць увільготнена дастаткова. Глыбіня залягання грунтовых вод вагаецца ў межах 6-10 м. Рэк у гэтай частцы Лідскага раёна мала. Залатая рэчка, Еленка, Безымянная, якія працякаюць тут, вельмі немнагаводныя і ў летні час ператвараюцца ў ручайкі.

Глебы прадстаўлены дзярнова-падзолістымі слабой, сярэдняй і моцнай ападзоленасці, якія развіваюцца на пясках рыхлых і звязных, супесях, што падсцілаюцца з глыбіні больш за 1 м пяскамі і марэнным суглінкам. У паўночнай частцы і ў паласе, прылеглай да ракі Лебяды, Дзітвы, Лідзейкі, а таксама да масіву балота "Дакудаўскае", распаўсюджаны дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы на супесях звязных, рыхлых, пясчаністых. Глебы моцна, часта глыбока-ападзоленыя, сярэднеападзоленыя глеевыя; вельмі малымі ўчасткамі сустракаюцца тарфяна-балотныя глебы. Асобнымі масівамі сустракаюцца развяваныя пяскі (паміж вёсак Беліца-Красная, Красная-Збляны і іншымі).

Раслінны покрыў тэрыторыі цесна звязаны з глебаўтваральнымі пародамі, рэльефам мясцовасці, умовамі ўвільгатнення і гаспадарчай дзейнасцю чалавека. У сувязі з гэтым расліннасць у межах апісванай тэрыторыі прадстаўлена дзвюма асноўнымі фармацыямі: драўнянай і травяністай.

Лясы моцна прарэджаны безсістэмнай высечкай. Асабліва ў апошнія 25 гадоў. Захаваныя лясныя масівы прадстаўлены маладым хвойнікам. Асобнымі ўчасткамі сустракаюцца бярозавыя гаі з прымешкай дубу. У падлеску шырока распаўсюджаны ядловец. Лясы займаюць звычайна павышаныя элементы рэльефу з пясчанымі глебамі. Па паніжэннях сустракаюцца змешаныя лясы. Забалочаныя ўчасткі заняты алешнікамі з чорнай алешыны.

Моцнае разрэджанне лясоў адмоўна адбілася на прыродных умовах мясцовасці. Больш інтэнсіўна пачала развівацца ветравая эрозія на ўчастках незамацаваных пяскоў. Многія рэчкі перасохлі, зніклі існаваўшыя раней невялікія азёры (воз. Сцеркава і інш.).

У травяністым покрыве пераважаюць сівец, розныя віды асокаў і злакаў. Для лугоў і пашаў характэрны розныя асацыяцыі. На забалочаных лугах растуць буйнасцеблевыя асокі, балотны хвошч, лотаць, імхі і іншыя расліны. Мурожныя сенажаці пакрыты мятліцай лугавой, сіўцом. З бабовых шырока прадстаўлены канюшына чырвоная, мышыны гарошак. З рознатраўя: крываўнік звычайны, рамонак палявы, васілёк сіні, шчаўе конскае, званец і іншыя.

У прыродным комплексе гэтай мясцовасці раёна нярэдка сустракаюцца нізінныя гіпава-асаковыя балоты, якія развіваюцца пад непасрэдным уплывам глебава-грунтовых вод. Расліннасць балот вызначаецца развіццём карэнявішчных асокаў і гіпавага моху, зрэдку сустракаецца рознатраўе, падвей.

З хмызнякоў пераважаюць алешына, вярба і іншыя кусты, характэрныя для забалочаных мясцовасцяў. Ворныя землі засмечаны пустазеллем: пырнікам паўзучым, асотам ружовым, рэдзькай палявой (свірэпай), хвашчом палявым, сінім васільком, зоркаўкай і іншымі. У наш час вядуцца работы па аблясенні ўчасткаў развейных пяскоў. Гэтыя мерапрыемствы будуць спрыяць аднаўленню лясных масіваў і паляпшэнню прыродных умоў у цэлым.

б) Падтып азёрна-балотных адкладанняў (балота "Дакудаўскае"). Балота "Дакудаўскае", размешчана на ўсходзе раёна, у водападзеле рэк Лідзейкі і Гаўі. Яно мае выцягнутую форму паўднёва-заходняга кірунку. Працягласць масіва ў даўжыню дасягае 15 км і каля 7 км у шырыню. Паверхня масіва роўная, мае слабы ўхіл на паўднёвы ўсход, да ракі Нёмана. Плошча складае 7811 га. Мікрарэльеф тарфянішча добра развіты. Ён прадстаўлены купінамі вышынёй 30-40 см і 20-30 см у дыяметры. Куп'істасць масіва дасягае 80%. Больш куп'істыя ўчасткі назіраюцца ўздоўж ракі Лідзейкі, якая працякае ў заходняй частцы масіва, і на перыферыі масіва.

Тэрытарыяльна балота "Дакудаўскае" размешчана ў межах першай надпойменной тэрасы ракі Нёмана, рэшткі якой у выглядзе невялікіх выспаў сустракаюцца на самым торфамасіве. Яно ўтварылася на дне былога Нёманскага возера, якое існавала ў эпоху Валдайскай стадыі Дняпроўскага абляднення. Берагі старажытнага возера адпавядаюць надпойменнай тэрасе ракі Нёмана. Тэрытарыяльна ўяўляе сабою чарку, напоўненую торфам.

Па дадзеных свідравін у геалагічнай будове верхняй тоўшчы бяруць удзел толькі пароды чацвярцічнага перыяду. Пад торфам, на глыбіні 7 і больш метраў, залягаюць пяскі шэрыя і жоўтыя, жоўта-шэрыя, насычаныя вадой. Часам паміж дробназярністымі пяскамі сустракаюцца невялікія прапласткі супесяў. Пад торфам сустрэты азёрныя і рачныя адкладанні: сапрапелі, мяргелі (в. Філонаўцы, Боркі). Магутнасць мяргеляў - 1,5 - 2,5 м.

Сілкаванне торфамасіва вадой адбываецца за кошт атмасферных ападкаў і паверхневага сцёку з атачыўшых масіў сухадолаў. Акрамя гэтага, у забалочванні бяруць удзел і грунтовыя воды, якія часам выходзяць непасрэдна на адкрытую паверхню. Выхады грунтовых вод на паверхню адзначаны каля вёсак Сяглы, Пятры і іншых. Воды крыніц паступаюць у рэкі Лідзейка, Няцеча, якія прарэзваюць масіў.

Найболей значнай ракой, якая праразае паўднёва-заходнюю частку балота "Дакудаўскае", з'яўляецца рака Лідзейка. Яна праходзіць праз масіў сваёй ніжняй плынню. Шырыня ракі складае 8-10 м. Натуральны ўхіл рэчышча нязначны, каля 0,08%. Берагі ракі на ўсім працягу забалочаныя і цяжкадаступныя, парослыя хмызняком алешыны і вярбы. Рэчышча ракі суцэльна зарасло воднай расліннасцю. Плынь ракі ледзве заўважная. У многіх месцах утвараюцца плывучыя травяныя выспы, памеры якіх дасягаюць 15-20 м.

Частка плошчы торфамасіва "Дакудаўскае" пакрыта лесам, і толькі ў поймах рэк Лідзейкі, Няцечы сустракаюцца чыстыя пляцы, якія выкарыстоўваюцца пад сенажаці. Драўняны покрыў масіва складаецца з хмызнякоў з перавагай алешыны, вярбы, крушыны ломкай і некаторых іншых. Лясоў з таўшчынёй дрэў звыш 18-20 см на самім балоце няма. Лес сярэдніх і буйных памераў расце на атачальных сухадолах і рэдка - па ўскраінах балота ў выглядзе алешніка.

Травяны покрыў разнастайны, але пераважаюць асокі. На аблесеных участках значны ўдзел прымаюць трыснёг, імшарніца, падвей. У імховым покрыве дамінуюць гіпавыя імхі. На участках верхавых балот Дакудаўскага торфамасіва распаўсюджаны сфагнамохавыя купіны вялікіх памераў.


3. Тэрасы рэк

Тэрасы рэк Нёмана, Дзітвы, Лебяды, Лідзейкі маюць свае фізіка-геаграфічныя асаблівасці. Яны прадстаўлены першай надпоймавай і поймавай. Старажытная надпоймавая тэраса характэрна толькі для рэк Нёмана і Дзітвы.

а) Старажытная надпоймавая тэраса ракі Нёмана - размешчана амаль цалкам на левабярэжжы. На правым беразе яна сустракаецца асобнымі ўчасткамі ўздоўж поймы. На тэрыторыі надпоймавай тэрасы шырока развіты старыцы і старычныя азёры, забалочаныя ўчасткі. Пясчаныя груды пакрыты лясной расліннасцю: барамі лішайнікавымі і верасовымі.

Надпоймавая тэраса ракі Дзітвы з'яўляецца пасля ўпадзення ракі Лідзейкі і зліваецца з тэрасай ракі Нёмана.

Тэраса ракі Лебяды распасціраецца вузкай паласой па левым яе беразе.

Шырыня тэрас гэтых рэк не перавышае 0,5 - 1 км.

б) Сучасная поймавая тэраса выдзяляецца ў поймах усіх рэк. Найболей шырокая яна ў ракі Нёмана. Шырыня поймавай тэрасы ракі Нёмана каля вёскі Дакудава дасягае прыкладна 5 км, а каля вёскі Пескаўцы, у ніжняй плыні ўчастка, звужаецца да 0,5 -1 км. У верхняй плыні ўчастка, да ўпадзення ракі Дзітвы, поймавая тэраса ракі Нёмана забалочаная. У сярэдняй і ніжняй плыні яна добра дрэнажаваная. Рэльеф яе роўны. Паверхня месцамі пакрыта хмызняком алешыны. Уздоўж плыні ракі раскіданы невялікія старычныя азёры.

Па правым беразе ракі Нёмана каля вёсак Беліца, Сялец, Збляны, Панямонцы і іншых маюцца шырокія пясчаныя незадзярнованыя пляжы.

Глебы тут дзярнова-падзолістыя, забалочаныя, алювіяльныя на супясчаным і пясчаным субстраце, падсцілаюцца пяскамі.

Расліннасць поймы ракі Нёмана мае агульныя рысы з расліннасцю ўсяго раёна. Аднак адметнай рысай яе з'яўляецца наяўнасць воднай расліннасці.

На прыруславых валах расце дуб. Раней дубровы паркавага тыпу былі распаўсюджаны паўсюдна ўздоўж рэчышча ракі. Аднак у наш час яны амаль знішчаны. Расліннасць цэнтральнай часткі поймы і ў прыруславых паніжэннях - гэта расліннасць паплавоў. На іх пераважаюць двухдольныя расліны, на месцах сярэдняга ўвільгатнення пануюць злакі, на найболей вільготных - асокі і некаторыя злакі. Злакі часам утвараюць суцэльныя зараснікі: лісахвост, мятліцы, аўсяніца лугавая, напарэечнік, вострыца. З лугавых асокаў - асака стройная і пухірчатая. Меней распаўсюджаны бабовыя і прыстасованыя да сухіх месцаў.

На забалочаных прыруславых участках расце сітніца жабіна, сітніца пляскатая, аер балотны, мячэўнік вузкалістны, галубок ілжэаеравы і многія іншыя.

У водах шмат гарлачыка белага, гарлачыка жоўтага, грэчкі зеленаводнай, урэчніка плывучага і інш. У прыбярэжных участках заток, старое багавінне часам утварае цэлыя палі.

Поймавыя тэрасы рэк Дзітвы, Лідзейкі, Крупкі адрозніваюцца моцнай забалочанасцю. Сярэдняя шырыня поймавай тэрасы ракі Дзітвы дасягае 0,5 - 1 км. На асобных участках яна дасягае 3,5 км (вёс. Козічы, у сярэдняй плыні). У прыбярэжнай частцы тэраса парэзана старыцамі і асушальнымі каналамі.

Поймы рэк Лебяды, Крупкі і Лідзейкі не шырокія і дасягаюць 0,1-0,2 км, большасць прыродных кампанентаў аднолькавыя.

Фармаванне поймавых тэрас рэк Дзітвы, Лебяды, Лідзейкі, Крупкі адбывалася пад уплывам і пры непасрэдным удзеле акумуляцыі эразійнага матэрыялу, які адкладваецца цякучымі водамі рэк, струменяў сцёкавых вод. На такіх участках яны маюць тонкую і ярка выяўленую слаістую структуру. На асобных участках тэрас гэтых рэк нярэдкія азёрна-балотныя адкладанні.

Глебы тут алювіяльныя, тарфяна-балотныя. Для іх характэрна залішняе ўвільгатненне. Таму з мэтай іх гаспадарчага выкарыстання неабходна правесці асушванне.

Расліннасць поймавых тэрас рэк прадстаўлена лугамі асаковымі, трыснягова-асаковымі. У складзе драўнянай расліннасці дамінуюць алешына чорная, вярба. Расліннасць вадаёмаў аналагічная расліннасці ракі Нёмана.

Уздзеянне чалавека на прыроду поймавых тэрас рэк Дітвы, Лебяды, Лідзейкі, Крупкі нязначнае. І таму прыродны комплекс мае натуральны выгляд.

НАСЕЛЬНІЦТВА І ГАСПАДАРКА РАЁНА

1. Насельніцтва

Насельніцтва Лідскага раёна ў 1962 годзе налічвала каля 50 тыс чалавек (без г. Ліды). Сярэдняя шчыльнасць складала 31 чалавек на 1 кв.км. Аднак размяшчэнне яго нераўнамернае. Найболей шчыльна заселены сельскія саветы: Гасцілаўскі, Ходараўскі, Мытлянскі, Белагрудскі.

Па нацыянальным складзе насельніцтва раёна размяркоўваецца наступным чынам: беларусы - 67%, палякі - 29%, украінцы - 1%, іншыя -2%.

У раёне налічваецца 293 населеныя пункты, у тым ліку 2 гарадскія пасёлкі. Два населеныя пункты (вв. Беліца і Дакудава налічваюць больш чым па 200 двароў, 9 - ад 150 да 200, 26 - ад 100 да 150, 83 - ад 50 да 100 двароў. Захаваліся яшчэ да цяперашняга часу хутары. У палавым размеркаванні пераважае мужчынскі пол (29623 мужчын супраць 24084 жанчын). У сацыяльнай структуры калгаснікі налічваюць 38264, рабочыя - 18109, іншыя - 1046 чалавек.

У гады Савецкай улады непазнавальна змяніліся культура і побыт насельніцтва. У сёлах раёна цалкам ліквідавана непісьменнасць, наладжана медыцынскае абслугоўванне. Нярэдкія выпадкі ў вёсках, дзе не было ніводнага чалавека з сярэдняй адукацыяй, а зараз тут ёсць настаўнікі, лекары, аграномы, інжынеры, афіцэры Савецкай Арміі і г.д.

У раёне маецца 203 школы, з іх: сярэдніх - 14, васьмігадовых -32, пачатковых - 57. У школах навучаецца 9132 вучні. Узрасла колькасць культурна-асветных устаноў, бібліятэк, клубаў. Пабудаваны і працуюць 9 бальніц на 250 ложкаў, 29 ФАП, 5 апатэк.

Электрыфікаваны ўсе калгасы раёна. "Лямпачка Ільіча" прыйшла ў хату да кожнага калгасніка, які жыве ў населеных пунктах. У хатах калгаснікаў гаворыць радыё, свецяцца экраны тэлевізараў.

Разам з гэтым захавалася і развіваецца традыцыйная нацыянальная творчасць. Асабліва своеасаблівае і самабытнае насельніцтва Прынямоння. Гучаць над сівым Нёманам народныя песні, то з нудою ўспамінаючы мінулае, то забіяцка, то ўрачыста, апяваючы сённяшні дзень калгаснай вёскі.

Асаблівай папулярнасцю карыстаецца ў раёне народны хор калгаса "Гігант", удзельнік 2-й Усебеларускай дэкады мастацтва ў горадзе Менску.

Не меней папулярныя людзі Прынямоння сваімі вырабамі. Тут можна бачыць цудоўна вытканыя палотны, паясы, вышыўкі.

Насельніцтва раёна працавітае, любіць сваю Радзіму. Рысы патрыятызму насельніцтва ярка выявіліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Народ не скарыўся фашыстам і вёў цяжкую, жорсткую партызанскую і падпольную барацьбу. На тэрыторыі Лідскага раёна дзейнічала некалькі партызанскіх атрадаў, якія наносілі адчувальныя ўдары па фашысцкіх гарнізонах ("Іскра", імя Калініна і інш.). Партызаны падрывалі чыгуначныя шляхі, пускаючы пад адхон цягнікі з жывой сілай і тэхнікай ворага. За гады вайны было знішчана 148 нямецкіх гарнізонаў, падарвана 210 чыгуначных цягнікоў, 191 паравоз, 1103 вагоны і 412 платформаў.

У горадзе Лідзе дзейнічала падпольная група, якой кіраваў ваеннапалонны афіцэр Савецкай Арміі Роберт Юр'евіч Сасноўскі. У падпольную групу ўваходзілі многія юнакі і дзяўчаты, рабочыя (Саша Клімко, Моця Наказных, Мікалай Сарока, Пётр Жукаў, Андрэй Анацка, Марыя Кастраміна, Васіль Саўчанка). Імёнамі некаторых з іх названы вуліцы горада.

Сваімі дзеяннямі партызаны і падпольшчыкі паскорылі час перамогі савецкага народа над фашызмам. У наш час усе сілы накіраваны на найхутчэйшае выкананне планаў пяцігодак.


2. Гаспадарка

Вядучай галіной гаспадаркі Лідскага раёна з'яўляецца сельская гаспадарка. Яна мае мяса-малочны кірунак з добра выражаным раслінаводствам і ў першую чаргу льнаводствам. У агульным аб'ёме таварнай прадукцыі, прадукты жывёлагадоўлі склалі 49,3%, прадукцыя лёну - 25,6%. Гэтыя дзве галіны разам даюць 75% усіх грашовых прыбыткаў. Аднак варта адзначыць, што спецыялізацыя асобных гаспадарак яшчэ ясна не выражана.

Земляробства іграе падпарадкаваную ролю. Яно падпарадкавана жывёлагадоўлі. Да нядаўніх пор жывёлагадоўля ў раёне была занадта ўніверсальнай. Калгасы мелі ўсе віды жывёлы і птушку, прычым фермы былі вельмі малалікія. У наш час калгасы маюць або 2 або 3 віды жывёлы.

Задачы далейшага развіцця сельскай гаспадаркі заключаюцца ў тым, каб павялічыць вытворчасці прадуктаў земляробства і жывёлагадоўлі і рэзка зменшыць іх сабекошт, прывесці да рэнтабельнасці кожную гаспадарку раёна. Паспяховае рашэнне гэтых задач магчыма пры рацыянальнай спецыялізацыі кожнага калгаса і саўгаса з улікам прыродна-эканамічных умоў. Гэта дазволіць весці ўсе галіны земляробства і жывёлагадоўлі ў буйных, найболей эфектыўных памерах, правільна арганізаваць кармавую базу, рэзка павялічыць вытворчасць мяса, малака і іншых прадуктаў пры большай эканоміі выдаткаў на будаўніцтва, механізаванне і іншыя вытворчыя працэсы.

Сельская гаспадарка раёна падраздзяляецца на дзве асноўных галіны: земляробства і жывёлагадоўля. Структура земляробства ў раёне мае такую форму: ворныя землі 63,1%, сенажаці - 7,5%, балоты - 4,5%. З прыведзенага вышэй размеркавання зямельных угоддзяў відаць, што ў земляробстве вядучае месца належыць паляводству. Яго структура на 1966 год такая: збожжавыя - 55%, кармавыя - 25,3%, бульба - 7,6%, тэхнічныя культуры (лён) - 5,8%.

Цукровыя буракі і тытунь у тэхнічных культурах з'яўляюцца дапаможнымі. Ва ўмовах Лідскага раёна выгадна вырошчваць таварную бульбу. Таму яе плошчы досыць вялікія - 7,6%.

У паляводстве калгасамі і саўгасамі раёна дасягнуты значныя поспехі. Павялічыўся валавы збор збожжа, узрасла ўраджайнасць палёў. Ураджаі па культурах прыведзены ніжэй у параўнанні з сярэднімі паказчыкамі за папярэднія тры гады.

Як відаць з табліцы, у 1965 сельскагаспадарчым годзе заўважны рост ураджаю па найважнейшых культурах.

Аднак гэтыя паказчыкі ў параўнанні з тымі, якіх павінны дасягнуць гаспадаркі раёна да 1970 годзе, яшчэ нізкія. Да 1970 году ўраджай збожжавых павінен скласці 11 ц збожжа з гектара. Гэтую задачу і вырашаюць цяпер працаўнікі калгасных палёў раёна.

Значнае месца нададзена кармавым культурам (25,3%). У іх пераважаюць аднагадовыя (7,9%) і шматгадовыя (6,7%) травы. Для забеспячэння жывёлагадоўлі сакавітымі кармамі сеюць кукурузу (2,6%), карняплоды (2,6%) і лубін на сілас (5,6%).

Значныя поспехі маюцца і ў развіцці жывёлагадоўлі.

Гадавы план продажу малака ў 1965 годзе выкананы на 113%. Дзяржаве прададзена звыш плану 1862 тоны малака. Вытворчасць малака за год узрасла на 3560 тон ці на 132% у параўнанні з планавым заданнем. У разліку на 100 га сельгасугоддзяў вытворчасць гэтай прадукцыі ўзрасла на 48 цэнтнераў і склала 199 ц. Сярэдні ўдой на карову складае 1803 кг.

У раёне маюцца некаторыя поспехі ў вытворчасці мяса. За 1965 год вытворчасць мяса павялічылася на 126% і склала ў разліку на 100 га сельгасугоддзяў па 27,4 ц. Улічваючы дабратворны ўплыў спецыялізацыі, гаспадаркі раёна павінны разводзіць буйнарагатую жывёлу ў спалучэнні са свінагадоўляй ці авечкагадоўляй, прапорцыі якой павінны ўстанаўлівацца ў залежнасці ад прыродна-эканамічнымі магчымасцяў.

Свініна павінна займаць прыкладна 50% у агульным аб'ёме вытворчасці мяса ў калгасах і саўгасах раёна. Да таго ж у многіх гаспадарак маюцца магчымасці для гадоўлі птушкі.

Разам з тым, жывёлагадоўля асобных гаспадарак у сілу розных прычынаў аказалася стратнай. Такімі гаспадаркамі з'яўляюцца калгасы "Радзіма", "Улада Саветаў", "Нёман", "Гігант", "Новы Нёман".

Для хуткага росту сельскагаспадарчай вытворчасці маюцца ўсе аб'ектыўныя ўмовы. Сельская гаспадарка раёна мае цяпер магутную матэрыяльна-тэхнічную базу, вялікі парк трактароў, аўтамабіляў і іншых машын. У 1965 г. у калгасах раёна працавала 450 трактароў, 260 аўтамашын, 93 камбайны, 45 малатарань. 320 сеялак і г.д. У будучым тэхнічная абсталяванасць гаспадарак раёна будзе з кожным годам узрастаць.

Аналізуючы эканамічныя паказчыкі сельскай гаспадаркі раёна, даводзіцца аднак адзначыць, што некаторыя гаспадаркі ў сілу розных прычын з'яўляюцца эканамічна слабымі. Іх рэнтабельнасць складае 6,0 - 15,0%.

"Галоўнымі прычынамі адставання сельскай гаспадаркі, - гаварылася ў пастанове сакавіцкага Пленума ЦК КПСС, - з'явіліся парушэнні эканамічных законаў развіцця сацыялістычнай вытворчасці, прынцыпаў матэрыяльнай зацікаўленасці калгаснікаў і працоўных саўгасаў ва ўздыме грамадскай гаспадаркі, правільнага спалучэння грамадскіх і асабістых інтарэсаў".

У значнай ступені адбіўся таксама суб'ектывізм у кіраўніцтве, што прывяло да памылак у планаванні, фінансаванні і крэдытаванні сельскай гаспадаркі, у палітыцы цэнаў.

Мала выдзялялася капіталаўкладанняў на вытворчасць і культурна-побытавае будаўніцтва, слаба ўмацоўвалася матэрыяльна-тэхнічная база.

Акрамя таго, адной з аб'ектыўных прычын ва ўмовах Лідскага раёна, якія спарадзілі падобныя недахопы, з'яўляецца недастатковы ўлік прыродных умоў. Вось прыклад. Калгас "Гігант" размешчаны ў паўднёвай частцы раёна. У калгасе малаўраджайныя пясчаныя глебы, недахоп добрых сенажацяў і паш, няма спрыяльных умоў для вырошчвання кармавых. Тут пераважаюць высокія лугі. Найболей перспектыўна авечкагадоўля ў спалучэнні з буйной рагатай жывёлай. Аднак да апошняга часу тут развівалася ўніверсальная гаспадарка. У выніку гэтага калгас эканамічна слабы, а такая галіна як жывёлагадоўля аказалася стратнай. У 1965 г. страта ад жывёлагадоўлі склала 2,4 тыс. руб. Такое ж становішча і ў калгасе "Новы Нёман", які знаходзіцца ў такіх жа глебава-кліматычных умовах. Жывёлагадоўля гэтага калгаса прынесла страту ў 17,6 тыс. руб.

Перспектыўным планам прадугледжваецца значны рост найважнейшых галін сельскай гаспадаркі Лідскага раёна. Па пяцігадовым плане развіцця сельскай гаспадаркі на 1966-1970 гг. вытворчасць збожжа ў параўнанні з папярэднім пяцігоддзем павінна ўзрасці на 28,6%. Ураджайнасць збожжавых да 1970 года павінна скласці 11 цэнтнераў з га, супраць 8,1 ц, лёну да 4 ц з гектара, супраць 2,5 ц, бульбы 110 цэнтнераў, супраць 82 ц з гектара ў 1965 годзе. У два разы ўзрасце плошча пад шматгадовай травой і складзе 5 тыс. гектараў.

Да 1970 г. пагалоўе буйной рагатай жывёлы складзе 32,3 тыс., свіней 15,5 тыс. галоў. Выхад мяса на 100 гектараў сельгасугоддзяў дасягне 63 цэнтнераў (у жывой вазе) і каля 2 тыс. кг малака на адну карову.

Выкананне гэтай задачы яшчэ больш умацуе эканоміку калгасаў і саўгасаў раёна, будзе спрыяць паляпшэнню матэрыяльнага дабрабыту насельніцтва.

У паляпшэнні эканамічнага стану калгасаў раёнаў значную ролю можа сыграць пры вызначэнні кірунку гаспадаркі ўлік прыродных і эканамічных умоў. Улічваючы прыродныя ўмовы калгасаў раёна, можна прапанаваць такі кірунак гаспадарак.

Паўночная частка раёна мае больш спрыяльныя ўмовы для вырошчвання карняплодаў, бульбы, можа спецыялізавацца на развіцці мяса-малочнай жывёлагадоўлі, разводзіць буйную рагатую жывёлу і свіней. Прычым пераважным павінна быць свінагадоўля.

Правільны ўлік прыродна-эканамічных умоў пры выбары кірунку гаспадаркі дазволіў калгасу імя Мічурына зрабіць усе галіны рэнтабельнымі. Калгас спецыялізуецца на адкорме буйной рагатай жывёлы. Жывёлагадоўля дала калгасу 78,7, а раслінаводства толькі 4,5 тыс. руб. прыбытку

Зусім па-іншаму выглядае гаспадарка калгаса "Радзіма", які знаходзіцца прыкладна ў роўных глебава-кліматычных умовах. У цэлым гэта гаспадарка нерэнтабельная (па дадзеных 1965 г.). Жывёлагадоўля дала страту ў 18,1 тыс. руб. Здарылася гэта таму, што ў калгасе "Радзіма" створана шматгаліновая гаспадарка без уліку прыроднага фактару.

Поўдзень раёна, які мае высокія лугі, можна спецыялізаваць на гадоўлі буйной рагатай жывёлы ў спалучэнні з авечкагадоўляй. У пойме ракі Нёмана маюцца спрыяльныя ўмовы для гадоўлі птушкі.

У цэнтры раёна і ў паўднёва-ўсходняй яго частцы, у пойме ракі Дзітвы маюцца вельмі спрыяльныя ўмовы для стварэння адкормачных гаспадарак па адкорме буйной рагатай жывёлы, свіней і гадоўлі птушкі. Тут добрыя сенажаці, больш спрыяльныя глебавыя ўмовы. У гэтых адносінах маецца станоўчы досвед. У гэтай частцы раёна размешчаны саўгас "Тарнова", гаспадарка якога спецыялізуецца на адкорме буйной рагатай жывёлы. Грашовыя прыбыткі саўгаса ад жывёлагадоўлі ў 1965 годзе склалі 277,0 тыс. руб. ці больш за 31% прыбытку, атрыманага ад жывёлагадоўлі ўсімі калгасамі раёна. Выбар правільнага кірунку гаспадаркі ў адпаведнасці з прыроднымі магчымасцямі сыграў тут важную ролю.

Поўнае і глыбокае выкарыстанне прыродных умоў раёна магчыма толькі пры правільнай пастаноўцы і разуменні пытання спецыялізацыі гаспадарак.

Прамысловасць раёна складаецца з гуты "Нёман" у пасёлку Бярозаўка, торфапрадпрыемства "40 гадоў БССР" і цагельні "Шайбакі". У найбліжэйшыя гады будзе збудавана гута ў наваколлях горада Ліда і яшчэ адно, больш магутнае, торфапрадпрыемства каля вёскі Яўсеевічы, прадукцыя якога прызначаецца для Гарадзенскай ЦЭЦ і капралактанавага завода.

Завод "Нёман" пабудаваны яшчэ ў дарэвалюцыйны час, у 1891 г., В. Краеўскім. Пазней ён належаў акцыянернаму таварыству. У 1914 г. частка завода была разбурана, а ў гады Вялікай Айчыннай вайны завод быў разбіты амаль цалкам. Адноўлены ў паваенныя гады. Пабудаваны новыя сучасныя вытворчыя карпусы з найноўшым сучасным абсталяваннем. На заводзе працуе больш за 2 тыс. працоўных. Выпусканая заводам прадукцыя складаецца з мастацкіх вырабаў з крышталю і малахітавага шкла. На міжнароднай выставе ў Брусэлі за свае вырабы завод быў узнагароджаны вялікім залатым медалём "Гран-пры".

Торфапрадпрыемства "40 гадоў БССР" пабудавана ў 1955-58 гадах. Асноўнай прадукцыяй завода з'яўляецца фрэзерны торф для Лідскай ЦЭЦ, торф-кавалак, торфабрыкет. Пачата вытворчасць подсцілкі для калгасаў, кармавых дражджэй, мачавіны.

Цагельня "Шайбакі" выпускае будаўнічую цэглу. Такім чынам, гаспадарка раёна ў цэлым уяўляе сабою спалучэнне сельскай гаспадаркі і прадпрыемстваў мясцовай прамысловасці.

ЗАКЛЮЧЭННЕ

1. Тэрыторыя Лідскага раёна займае вельмі выгаднае геаграфічнае становішча. Знаходзячыся ў вузле чыгуначных і шашэйных дарог, раён мае спрыяльныя ўмовы для эканамічных і культурных сувязяў з іншымі раёнамі рэспублікі.

2. Геалагічная будова, рэльеф і геамарфалогія раёна цесна злучаны з дзеяннямі леднікоў і асабліва апошняй Маскоўскай стадыі Дняпроўскага абляднення.

Геалагічныя даследаванні апошніх гадоў (1954-65 гг.) далі падставу сцвярджаць, што тэрыторыя Лідскага раёна складаецца не толькі з флювіягляцыяльных адкладанняў, але і з канчатковай і доннай марэны Маскоўскай стадыі Дняпроўскага абляднення. Распаўсюджаны азёрна-балотныя і алювіяльныя адкладанні.

Рэльеф тэрыторыі раёна хутка змяняе свой першапачатковы выгляд пад інтэнсіўным уздзеяннем чалавека: распрацоўка радовішчаў карысны выкапняў, пракладка дарог і будаўніцтва іншых гаспадарчых збудаванняў.

3. Спрыяльныя кліматычныя ўмовы. Клімат мяккі з добрым увільгатненнем. Паводле агракліма-тычнага раянавання А.Х. Шкляра раён аднесены да Ліда-Івянецкага раёна заходняй падвобласці цэнтральнай агракліматычнай вобласці Беларусі (1962 г.). У параўнанні з усходнімі раёнамі зіма цяплей на 1,5 - 3,5˚С. Колькасць ападкаў вышэй на 50-100 мм.

Для раёна характэрна магчымасць праявы замаразкаў на працягу ўсяго года.

4. Гаспадарчае выкарыстанне рэк нязначнае. Выкарыстанне рэк абмяжоўваецца двума вадзянымі млынамі на рацэ Лебядзе і на Дзітве. Рэкі Дзітва, Лідзейка, Крупка і іншыя служаць водапрыёмнікамі пры асушванні балот. Па рацэ Нёман спраўляюць лес.

5. Прыродныя рэсурсы раёна да цяперашняга часу выкарыстоўваюцца не цалкам. Вялікая частка радовішчаў карысных выкапняў не распрацоўваецца. Шырокія плошчы ўрадлівых земляў з-за моцнай забалочанасці выкарыстоўваюцца не ў поўную меру. Гэтыя з'явы маюць месца толькі таму, што раён вывучаны вельмі недастаткова. Для больш поўнага выкарыстання прыродных умоў раёна патрабуецца больш глыбокае яго вывучэнне.

6. Выклікае трывогу памяншэнне лясных багаццяў. На поўдні раёна лес амаль цалкам высечаны. Недастаткова эфектыўна ахоўваюцца маладыя лясы. Гэта адмоўна адбіваецца на кліматычных умовах і на развіцці жывёльнага свету. У лясах раёна радзей сталі сустракацца барсук, казуля, лісіца і іншыя.

7. Гаспадарчая дзейнасць насельніцтва Лідскага раёна знаходзіцца ў цеснай сувязі з прыроднымі ўмовамі. Улік прыроднага фактару аказвае значную дапамогу ў выбары спецыялізацыі і кірункаў гаспадарак раёна.


(Паводле Дыпломнай работы пры заканчэнні фізіка-геаграфічнага аддзялення геаграфічнага факультэта БДУ. Мінск, 1965 г.

Аўтар - А.Ф. Кулеш.

Навуковы кіраўнік - ст. выкладчык Стацко У.У.

Рэцэнзент - канд. геалагічных навук Карулін.

Адзнака - "Выдатна".

Да друку на беларускай мове падрыхтаваў Станіслаў Суднік.)

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX