Папярэдняя старонка: Агульнае краязнаўства Лідчыны

Адміністрацыйная прыналежнасць тэрыторый на мяжы Лідскага, Наваградскага і Слонімскага паветаў 


Аўтар: Суднік Станіслаў,
Дадана: 08-11-2016,
Крыніца: Суднік Станіслаў. Адміністрацыйная прыналежнасць тэрыторый на мяжы Лідскага, Наваградскага і Слонімскага паветаў (Лідскага, Наваградскага і Дзятлаўскага раёнаў) або, чаму Бярозаўка адносіцца да Лідскага раёна // Лідскі летапісец №1(73) -2016. C. 41-44.



На этапах станаўлення краёў, тэрыторый, краін, дзяржаў і г.д. межы паміж імі праходзілі па натуральных прыродных рубяжах, якімі бывалі моры, горы, рэкі, балоты, лясы. Такая вялікая рака як Нёман не магла не стаць такім рубяжом. Мы памятаем пра пераход Напалеона цераз Нёман, г.зн. цераз дзяржаўную мяжу паміж Прусіяй і Расейскай Імперыяй.

У пачатку Вялікага Княства Літоўскага Нёман стаў мяжой паміж новаўтвораным ВКЛ і Дайнавой (яцвяжскімі землямі). Дайнава ўвайшла ў ВКЛ пры Трайдзені. Нёман стаў унутранай ракой ВКЛ, але застаўся мяжой паміж раннімі землямі ВКЛ і крыху больш позьнімі, а пры ўзнікненні такіх адміністрацыйных адзінак як паветы стаў мяжой паміж левабярэжнымі паветамі: Наваградскім і Слонімскім ды правабярэжным Лідскім (мяжа паміж Наваградскім і Слонімскім паветамі ў значнай частцы праходзіла па Моўчадзі). Мяжа па Нёмане была грунтоўнай і доўгі час непарушнай. Парушылася яна, калі Радзівілы атрымалі Беліцу, і калі быў утвораны Беліцкі павет, які ляжаў па абодва бакі Нёмана. Але існаваў ён не доўга, і пасля яго ліквідацыі статус-кво Нёмана як памежнай ракі быў вернуты. На картах ВКЛ мяжа па Нёмане існуе да самага 3-га падзелу Рэчы Паспалітай.

На карце Расійскай Імперыі адміністрацыйныя межы паміж Наваградскім і Лідскім паветамі або ўездамі выглядаюць ужо цалкам інакш. Тры лідскія воласці Дакудаўская, Ганчарская і Беліцкая далёка перайшлі за Нёман, і па іх межах утварылася не толькі новая мяжа паміж уездамі, але і паміж губернямі. Нёман стаў унутранай ракой Лідскага ўезда.

Паспрабуем разабрацца, чаму гэта адбылося.

Агулам гэта гучыць, як большая цывілізаванасць правага берага. Хай гэта нікога не крыўдзіць. Але склалася так, што шляхта з правага берага пачала набываць землі за Нёманам, на левым беразе, ствараючы ўнікальную лідскую з'яву - устроні. "Устронь" - слова польскае і абазначае "куток, закутак, зацішнае месца". Польскасць слова ўскосна сведчыць пра тое, што з'ява гэтая ўзнікла ў часы позняй 1-й Рэчы Паспалітай, калі ўжо моцнай была паланізацыя, або ў пачатку панавання Расейскай імперыі, калі пратэстная паланізацыя шляхты была яшчэ мацнейшая. Цяпер бы гэтыя закуткі назвалі хутарамі, але на той момант слова "хутар" яшчэ ў нас не ўжывалася. Слова "хутар" нямецкае, ад слова Gut, якое цалкам адпавядае стара-беларускаму слову "добры" ў значэнні ўладанні. Пакуль хутар да нас не дабраўся, з'явіліся ўстроні. Слова "ўстронь" у нас выступае і простым назоўнікам і ўласным, пішацца, дзе з малой, дзе з вялікай літары.

У пачатку 20-га стагоддзя ў Ганчарскай воласці было вядома 20 устроняў: 2 фальваркі Ленскага і 18 засценкаў - Куцкеля, Беняша, Кушняка, Мурына, Дзевятовіча, Дудзіча (2), Канановіча, Рымкевіча, Даха вецкага, Шута, Урбановіча (3), Буяка (2), Уласава, Піятроўскага. У засценках жыло ад 4 да 18 чалавек і абдымалі яны ад 3 да 20 дзесяцін. У фальварках Ленскага жыло 44 чалавекі на 503 дзесяцінах. Ва ўсіх гэтых выпадках слова "ўстронь" пісалі з вялікай літары: "Устронь". Некаторыя з Устроняў мелі другія назвы: Лапа, Паскі, Боркі, Чорны Лес. Як бачым, усе ўстроні мелі статус фальварка або засценка. Гэта не былі сялянскія вёскі, гэта былі большыя ці меншыя ўладанні шляхты. І нават у Расейскай Імперыі ўся гэтая шляхта была каталіцкая.

Адсюль мы пераходзім да другога фактару большай цывілізаванасці правага берага. Увесь правы бераг уздоўж Нёмана застаўлены касцёламі і цэрквамі, чаго нельга было сказаць пра левы. Таму насельніцтва левага берага адносілася да правабярэжных парафій.

Вось як выглядала Беліцкая каталіцкая парафія ў 1784 годзе яшчэ ў часы Рэчы Паспалітай:

Парафіяльны касцёл знаходзіцца ў мястэчку Беліца, у Лідскім павеце і дэканаце. Вёскі і мястэчкі, прыналежныя да парафіі, выкладзены ніжэй па алфавіту.

Абрамаўшчына (Abramowszczyna), фальварак яснавяльможнага пана Тамашэўскага, у кірунку на летні ўсход, палова малой мілі.

Агароднікі (Ogrodniki), вёска васпана Пузыны, у кірунку на летні ўсход, паўтары мерныя мілі.

Альшэўцы (Olszewcy), вёска, карчма і млын ксяндзоў дамініканаў, у кірунку на летні ўсход, палова малой мілі.

Астравухі (Ojhowy), шляхецкая ваколіца, у кірунку на поўнач адна мерная міля.

Баравічы (Barwicze), вёска Найяснейшага князя ваяводы Віленскага ў дзяржанні Найяснейшай княжны экс-падкаморавай, у кірунку паміж поўначчу і летнім усходам, адна мерная міля.

Беліца (Bielica), двор тых жа, над ракой Нёманам, у кірунку на поўдзень, 600 альбо больш крокаў ад касцёла парафіяльнага.

Бандары (Bondnarze), вёска за Нёманам, таго ж князя, у дзяржанні ў васпана Статкевіча, генерал-маёра войск ВКЛ, у кірунку паміж летнім і зімовым усходам, палова вялікай мілі.

Вашкевічы (Waszkiewicze), двор, касцёл філіяльны і карчма над Нёманам васпана Пузыны, у кірунку на летні ўсход паўтары мерныя мілі.

Ганцавічы (Hancewicze), фальварак і вёска над Нёманам васпана Пузыны, у кірунку на летні ўсход, адна вялікая міля.

Ганчары (Hanczary), вёска і карчма васпана Пузыны, у кірунку на летні ўсход, паўтары вялікія мілі.

Гезгалы (Giezgaly), вёска за Нёманам, таго ж князя, у дзяржанні ў васпана Мараўскага, у кірунку паміж зімовым усходам і поўднем, адна мерная міля.

Дзітрыкі (Dzitryki), вёска Найяснейшага князя ваяводы Віленскага, у дзяржанні ў васпана Статкевіча, у кірунку паміж поўначчу і летнім усходам, адна мерная міля.

Дзякавічы (Dziakowicze), засценак Найяснейшага князя ваяводы Віленскага, у дзяржанні ў васпана Статкевіча, у кірунку на поўнач, паўтары малыя мілі.

Дроздава (Drozdowo), вёска васпана Пузыны, старасты Дзевянішскага, у кірунку на поўнач, адна вялікая міля.

Ельня (Jelna), кляштар, касцёл і фальварак ксяндзоў дамініканаў, у кірунку на летні ўсход, чвэрць вялікай мілі.

Ельня (Jelna), двор васпана Бароўскага, у кірунку на летні ўсход, палова малой мілі.

Жомайдзі (Zomojdz), вёска Найяснейшага князя ваяводы ў дзяржанні васпана Статкевіча, у кірунку на летні ўсход, адна вялікая міля.

Жучкі (Zuczki), засценак Найяснейшага князя ваяводы ў дзяржанні Найяснейшай княжны экс-падкаморавай, у кірунку на поўнач адна малая міля.

Зарачаны (Zarzeczany), вёска васпана Статкевіча, васпана Бароўскага і васпана Тамашэўскага, там жа, недалёка дзве карчмы, у кірунку на летні ўсход палова мернай мілі.

Зачэпічы (Zaczepicze), за Нёманам, вёска і карчма Найяснейшага князя ваяводы ў дзяржанні васпана Мараўскага, у кірунку паміж зімовымі поўднем і захадам, адна вялікая міля.

Збляны (Zblany), двор Найяснейшага князя ваяводы ў дзяржанні Найяснейшага князя Радзівіла, палкоўніка, у кірунку на зімовы захад, адна вялікая міля.

Збляны (Zblany), вёска і царква Найяснейшага князя ваяводы ў дзяржанні васпана Мараўскага, у кірунку паміж зімовым поўднем і захадам, адна мерная міля.

Істакі (Istoki), двор васпана Статкевіча, у кірунку на летні ўсход, палова вялікай мілі.

Канюшаны Малыя (Koniuszany Maly), фальварак і вёска Найяснейшага князя ваяводы ў дзяржанні васпана Мараўскага, у кірунку паміж летнім захадам і поўначчу, паўтары мерныя мілі.

Канюшаны Вялікія (Koniuszany Wielkie), вёска васпана Статкевіча, у кірунку паміж поўначчу і летнім усходам, паўтары малыя мілі.

Каршакі (Korszaki), засценак за Нёманам Найяснейшага князя ваяводы ў дзяржанні васпана Мараўскага, у кірунку паміж поўднем і зімовым захадам, палова вялікай мілі.

Крывічы (Krzywicze), двор, царква і вёска, за некалькі крокаў ад двара васпана Будкевіча, у кірунку паміж зімовым і летнім захадам, чвэрць мернай мілі.

Красная (Krasna), вёска Найяснейшага князя ваяводы ў дзяржанні васпана Мараўскага, у кірунку на зімовы захад, палова малой мілі.

Лазяны (Loziany), фальварак і вёска за некалькі крокаў ад двара таго ж Найяснейшага князя ваяводы ў дзяржанні васпана Мараўскага, частка вёскі Лазяны належыць да беліцкіх кальвіністаў, у кірунку на зімовы захад, адна малая міля.

Лайкоўшчына (Lojkowszczyna), засценак Найяснейшага князя ваяводы ў дзяржанні васпана Мараўскага, у кірунку на зімовы захад, адна вялікая міля.

Масявічы (Mosiewicze), вёска васпана Пузыны, у кірунку паміж поўначчу і летнім усходам, палова мернай мілі.

Нясілаўцы (Niesilowce), вёска за Нёманам, вёска, карчма і млын таго ж маёнтка Найяснейшага князя ваяводы ў дзяржанні васпана Мараўскага, у кірунку паміж зімовым усходам і поўднем, чвэрць мернай мілі.

Парэчча (Porzecze), вёска Найяснейшага князя ваяводы ў дзяржанні Найяснейшага князя Радзівіла, палкоўніка, у кірунку на зімовы захад, адна мерная міля.

Руда (Ruda), вёска, карчма і млын за Нёманам Найяснейшага князя ваяводы ў дзяржанні васпана Статкевіча, у кірунку паміж летнім і зімовым усходам, адна вялікая міля.

Саламянка (Slominka), карчма і засценак васпана Статкевіча, у кірунку на поўнач, адна мерная міля.

Сіманы (Szymany), вёска, частка - ксяндзоў дамініканаў, частка - васпана Статкевіча і васпана Бароўскага, у кірунку на летні ўсход, палова малой мілі.

Стокі (Stoki), двор, каля яго карчма Найяснейшага князя ваяводы, у дзяржанні Найяснейшай княжны экс-падкаморавай, у кірунку на поўнач, чвэрць малой мілі.

Сялец (Sielec), фальварак на Нёмане Найяснейшага князя ваяводы ў дзяржанні васпана Статкевіча, у кірунку паміж летнім і зімовым усходам, адна малая міля.

Сялец (Sielec), вёска і карчма каля фальварка, таго ж ягамосці, там жа.

Чаплеўшчына (Czaplowszczyzna), фальварак васпана Соўкі, ротмістра Лідскага і вёска таго ж ягамосці, у кірунку паміж летнім захадам і поўначчу, палова мернай мілі.


З Лідскай парафіі нас цікавіць у асноўным Дакудава, дзе быў філіяльны касцёл і ўніяцкая царква.


З занёманскімі землямі Беліцкай і Ганчарскай валасцей як бы ясна. Яны адносіліся да Беліцкай каталіцкай парафіі. Але нідзе ніякіх Устроняў мы не ўбачылі. Чаму? Магчыма пакупка гэтых зямель ішла ўжо пасля 1784 года, або адносілі іх яшчэ некуды. Святло пралье вывучэнне метрычных кніг перш за ўсё Дакудаўскай і Ганчарскай цэркваў. Вось адзін з кірункаў краязнаўчай дзейнасці бярозаўскіх краязнаўцаў, ну і канешне бліжніх касцёлаў. Нажаль не ўсё проста з тымі кнігамі.

У 1843 годзе Наваградскі павет быў выдзелены з Гарадзенскай губерні і перададзены ў Менскую. Такім чынам мяжа паміж Лідскім і Наваградскім паветамі стала яшчэ і губернскай мяжой, што катэгарычна падкрэсліла прыналежнасць левабярэжных зямель да Лідчыны.

У гэтым жа 1843 годзе Лідскі павет з Гарадзенскай губерні адышоў да Віленскай губерні, што на некаторы час вярнула геаграфічную справядлівасць, бо Лідскі павет традыцыйна адносіўся да Віленскага ваяводства ВКЛ.


Адам Мальдзіс у 1970 годзе ў моры рукапісаў Ягелонскай (універсітэцкай) бібліятэкі ў Кракаве знайшоў невялікую, напісаную лацінкай паэму на беларускай мове "Мачыха". У канцы твору значылася імя аўтаркі - Адэля, яе радзіма - Устронь і дата напісання твору - 1850. Адам Мальдзіс пераканаўча паказаў што Адэліна Устронь - гэта засценак у Ганчарскай былой воласці Лідскага павета. Прозвішча ж аўтаркі верша пакуль што выявіць не ўдалося. На момант напісання верша Адэлі было каля 25 гадоў, таму можам мы сцвярджаць, што ў 1821 годзе ўстроні ўжо існавалі.


Таму зразумела, што на 1875 год - год заснавання першай гуты ў Устроні Боркі - гэтыя землі былі ў складзе Лідскага павета (ўезда) і заставаліся ў Лідскім павеце да моманту заснавання гуты ў Бярозавым Гаі, якую мы лічым пачаткам Бярозаўкі.


У Лідскім павеце Гута "Нёман", як фактычна называлася Бярозаўка, была да рэвалюцыі і заставалася пры Польшчы. Такім чынам ад моманту заснавання Бярозаўка была лідскай.


Усё змянілася, калі прыйшлі бальшавікі ў 1939 годзе.

15 студзеня 1940 г. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР быў утвораны Лідскі раён. Тады ён быў у складзе Баранавіцкаай вобласці.

У тым жа 1940-м годзе горад Ліда і Лідскі раён падзелены на самастойныя адміністрацыйныя адзінкі: горад і раён.

На тэрыторыі былога Лідскага павета былі створаны 7 маленькіх раёнаў: Васілішскі, Воранаўскі, Жалудоцкі, Лідскі, Радунскі, Шчучынскі і Іўеўскі. Бярозаўка і лідскія землі на ўсход ад яе на левым беразе Нёмана з вёскамі Пудзіна, Васілевічы і Альхоўка былі перададзены ў Наваградскі раён. Левабярэжныя вёскі Беліцкай гміны Гезгалы, Нясілавічы, Нагародзічы, Каўпінскія і інш. былі перададзены ў Дзятлаўскі раён.

20 верасня 1944 года Лідскі раён быў выведзены з Баранавіцкай вобласці і ўключаны ў Гарадзенскую.

16 ліпеня 1954 года правялі ўзбуйненне сельсаветаў. Нёманскі сельсавет расфармавалі і падзялілі яго тэрыторыю паміж Беліцкім і Ганчарскім. Мейраўскі далучылі да Ваверскага. Лідскі, Дубровенскі і Цвермскі сельсаветы аб'ядналі ў Дубровенскі; Аполінскі і Запольскі - у Крупаўскі; Ольжаўскі і Мыцкі - у Белагрудскі. Фалькаўскі сельсавет пераназвалі ў Канюшанскі.

3 красавіка 1959 года - Тракельскі сельскі савет перададзены з Лідскага ў склад Воранаўскага раёна.

З 1959 года Бярозаўка атрымала статус рабочага пасёлка Наваградскага раёна.

17 красавіка 1962 года да Лідскага раёна далучылі Голдаўскі, Гасцілаўскі і Парачанскі сельсаветы з расфармаванага Жалудоцкага раёна. А 25 снежня 1962 года былі далучаны Пескаўскі і Ходараўскі сельсаветы Шчучынскага раёна, а таксама Новагародзіцкі і Стрэльскі сельсаветы Дзятлаўскага раёна і р.п. Бярозаўка.

У сакавіку 1965 года Новагародзіцкі і Стрэльскі сельсаветы вярнулі ў Дзятлаўскі раён.

Такім чынам 22 няпростыя гады Бярозаўка знаходзілася ў Наваградскім раёне.

У Лідскім раёне Бярозаўка разам з Лідай інтэнсіўна развівалася. Ліда расла як на дражджах. Бярозаўка таксама падрастала і з 1968 года стала гарадскім пасёлкам, а яшчэ праз 22 гады, з 1990 - горадам.


9 лютага 2004 года горад Ліду і Лідскі раён, паводле Указу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 56 аб'ядналі ў адну адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку - Лідскі раён.

Апошні раз межы Лідскага раёна былі зменены ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 12.02.2009 № 95 "Аб змяненні межаў Лідскага і Наваградскага раёнаў". Гэтым указам у склад Лідскага раёна ўключаны зямельныя участкі ў раёне г. Бярозаўкі агульнай плошчай 301,8658 га, у тым ліку: 255,4897 га - землі юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў; 0,8173 га - землі грамадзян; 45,5588 га - землі Бярозаўскага гарвыканкама.

Але вёскі Пудзіна, Васілевічы і Альхоўку не аддаюць, а таму і хутар Вайцюшкі знаходзіцца ў Наваградскім раёне.


Такім чынам абазначыліся кірункі наступных даследванняў:

1. Вывучэнне метрычных кніг:

- Вашкевіцкага філіяльнага касцёла і Беліцкага касцёла, дзе яны павінны былі дублявацца;

- Ганчарскай царквы;

- Дакудаўскай царквы.

2. Складанне поўнага спісу тапонімаў (спісу месцаў) Ганчарскай і Дакудаўскай валасцей.

3. Складанне спісу прозвішчаў.

Тут мы можам знайсці тую самую Адэлю з Устроні і даведацца яе сапраўднае прозвішча, а гэта будзе не менш як навуковае адкрыццё.


Крыніцы:

1. Памяць. Навагрудскі раён. Мінск. "Беларусь", 1996.

2. Вопісы парафій Лідскага дэканату ў 1784 г.

(З магістарскай працы Андрэя Рыбака пад кіраўніцтвам прафесара, доктара габілітаванага Юзафа Марошка), "Лідскі летапісец", № 2 (58), 2012 г., стар. 26-27.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX