Вярнуцца: Востраўскае пагадненне 1392 г.

Месца заключэння Востраўскага пагаднення 1392 г. Place of  Ostrov (1392) agreement Miejsce zawarcia ugody ostrowskiej 1392 r


Аўтар: Леанід Лаўрэш,
Дадана: 02-07-2009,
Крыніца: "Гістарычны альманах" Том 13, 2007. С.109-118.

Спампаваць




Беларусь ідзе па еўрапейскім шляху развіцця з ХІІІ-XIV стагоддзяў, з часоў Вялікага Княства Літоўскага. Трэба было бы на тэрыторыі Лідскага раёна, каля ... Вострава, дзе было падпісана мірная дамова паміж вялікім князем літоўскім Вітаўтам і польскім каралём Ягайлам, паставіць помнік ім, таму што пасля гэтага спыніліся канфлікты, у тым ліку і ўзаемнае знішчэнне ... Пасля гэтага Беларусь была адчыненая для ўплыву заходняй культуры.
А. Мальдзіс

4 жніўня 1392 года было заключана Востраўскае пагадненне. Падпісалі яго з аднаго боку кароль польскі Уладзіслаў ІІ, ён жа Вялікі князь літоўскі, рускі і жамойцкі Ягайла, і яго жонка польская каралева Ядвіга, з другога боку князь гарадзенскі Вітаўт і яго жонка Ганна. Яны дамовіліся спыніць міжусобную вайну. Вітаўт стаў фактычным уладаром Вялікага княства Літоўскага. Пагадненне паклала канец братазабойчай вайне, прывяло да разгрому крыжакаў на палях Грунвальда і дазволіла Вялікаму княству Літоўскаму неўзабаве дасягнуць найбольшага росквіту і магутнасці.

Пагадненне было заключана ў маёнтку Востраў. Але да гэтага часу лакалізацыя маёнтка Востраў (Ostrуw, Ostrówo) выклікае спрэчкі сярод краязнаўцаў і гісторыкаў. Ёсць нават меркаванне аб тым, што яно адбылося пад Люблінам у населеным пункце Востраў-Любельскі. Аўтар, працуючы з "Дзеямі народа Літоўскага" Т. Нарбута, знайшоў інфармацыю аб месцы, дзе знаходзіўся Востраў. Вялікі гісторык дае дакладную і дастатковую інфармацыю. У 5-тым томе "Дзеяў...", (выданне 1839 г., Вільня, на старонцы № 491, у дадатку № 1) [1] Нарбут піша: "Востраў, у павеце Лідскім, на захад ад Ліды недалека Мыто, за левым берагам ракі Дзітва, раней уласнасць скарбу літоўскага, дзе быў вялікі палац і да гэтага часу фундамент і склепы захаваліся, гарод меў памер 9 моргаў, у апошнія часы належала да Тадэўша Нарбута, Падкаморага Лідскага. Зараз, пасля здрабнення праз exdywizye, ёсць невялікім фальфаркам, які належыць да паноў Міхалоўскіх" (Ostrów w powiecie Lidzkim, na zachod Lidy niedaleko Myta, za lewym brzegiem rzeki Dzitwy, niegdys ogromna majetnosc skarbu litewskiego, gdzie byly palace obszerne, jak dotad fundamenta i sklepy przekonywaja, ogrod owocowy mial zawierac w sobie 9 morgow przestrzeni, pod ostatnie czasy nalezala do Tadeusza Narbutta, Podkomorzego Lidzkiego. Dzis w zdrobnieniu przez exdywizye jest niewielkim folwarkiem, nalezacym do PP. Michalowskich).

Нарбут піша: "Востраў, у павеце Лідскім, на захад ад Ліды недалека Мыто, за левым берагам ракі Дзітва, раней уласнасць скарбу літоўскага, дзе быў вялікі палац і да гэтага часу фундамент і склепы захаваліся, гарод меў памер 9 моргаў, у апошнія часы належала да Тадэўша Нарбута, Падкаморага Лідскага. Зараз, пасля здрабнення праз exdywizye, ёсць невялікім фальфаркам, які належыць да паноў Міхалоўскіх" (Ostrów w powiecie Lidzkim, na zachód Lidy niedaleko Myta, za lewym brzegiem rzeki Dzitwy, niegdyś ogromna majętność skarbu litewskiego, gdzie były pałace obszerne, jak dotąd fundamenta i sklepy przekonywają, ogrod owocowy miał zawierać w sobie 9 morgów przestrzeni, pod ostatnie czasy należała do Tadeusza Narbutta, Podkomorzego Lidzkiego. Dziś w zdrobnieniu przez exdywizye jest niewielkim folwarkiem, należącym do PP. Michałówskich).

"За левым берагам" - гэта адносна Мыто. Такім чынам маем, што Востраў знаходзіўся на левым - лідскім беразе Дзітвы.

У кнізе Чэслава Малеўскага "Роды шляхецкія на Літве ў 19 веку, Лідскі павет" [2] чытаем што панам Міхалоўскім, сярод іншага належаў Востраў (1832-1845 гг.) з вёскай Янцавічы - 350 дзесяцін, 40 душ мужчынскіх, 35 жаночых, у 1845 г., Лідская парафія.

Знаходзім у Малеўскага і дадатковую інфармацыю аб уладальніку маентка Востраў: Севярын Міхалоўскі (MichaBowski Seweryn - Ostrów - 39 dusz [3].

Неабходна дадаць, што ў польскім "Слоўніку геаграфічным" [4] так сама прысутнічае фальварак Востраў Міхалоўскіх у вясковай акрузе Сукурчы. Так як Сукурчы знаходзіліся прыкладна ў адным кіламетры ад Янцавіч і Вострава, то гэта яшчэ адно ўказанне на местазнаходжанне легедарнага маёнтака.

І ў расейскім спісе населеных пунктаў 1904 г., маёнтак Востраў на раце Крупка, належыць Міхалоўскім. На раце Крупка фігуруе яшчэ і засценак Востраў, які належыць Гейштоўту (Гейштоўты - вядомы разгалінаваны шляхецкі род Лідчыны герба Гейш. Трохі на поўдзень, па раце Дзітва была вялікая ваколіца Гейштоўты). Ужо тое, што назва засценка адрозніваецца ад прозвішча гаспадара, сведчыць аб тым, што засценак быў набыты. Ч. Малеўскі [5] таксама не піша аб тым, што Гейштоўты валодалі гэтым засценкам у 19 ст. Яўна, што засценак - гэта частка здрабнелага маёнтка Востраў. Астатнія населеныя пункты Лідскага павета з назвай Востраў: на раце Жыжма, пад Васілішкамі, каля Дубіч і інш. ў нашым кантэксце цікавасці не маюць.

І ў спісе польскага бізнесу 1929 г. фальварак Востраў Лідскай гміны, належыць Міхалоўскім.

Далейшы пошук працягваўся па мапам.

Унікальная працы Т. Новака "Вобраз Лідчыны на мапах 16-18 ст. [6] прааналізаваны 25 старажытных мап і складзена зводная табліца ўсіх населеных пунктаў Лідчыны, якія прысутнічаюць на старых мапах. Надрукаваны копіі ўсіх гэтых мапаў. Але ж Востраў адсутнічае.

Няма такога населенага пункта нават на дастаткова падрабязных мапах Радзівіла - Макоўскага 1613 і 1633 гг.

На нямецкай мапе 1913 г. (перадрук старой мапы 1893 г.) каля Янцавіч абазначаны фальварак Востраў. Далейшы пошук па мапах вывеў на польскую тапаграфічную мапу 1929 г. На ёй Востраў абазначаны, і назва падаецца на польскі манер: " Fw. Ostrówo" (фальварак Острово). Параўнанне розных мап дазволіла прыйсці да высновы, што на тапаграфічнай мапе 1983 г. на месцы Вострава абазначана зялёная купка дрэў.

Пасля знаходжання маентка на мапе, устала задача знайсці яго на мясцовасці.

Перад паездкай, аб маёнтку Востраў паразмаўляў с Юзэфам Юзэфавічам Хрулём (1929 г. нараджэння, герба Праўдзіц) - сынам апошняга уладальніка фальварка Волкавічы што на 7 км на поўдзень ад Вострава. І Юзэф Юзэфавіч адразу сказаў, што добра ведае такі фальварак! Гэта была адзіная кропка с такой назвай вакол Ліды ў бок Мыта. Апошні уладальнік гістарычнага месца - Барташэвіч. Гаспадар пакінуў сваю маёмасць у 1939 г. Фальварк быў добра бачны з гасцінца з боку Крупава як зялены сад с домам і пабудовамі. Барташэвіч апошні раз з'явіўся на лідчыне ў сярэдзіне 50-х гадоў, паглядзець што сталася с ягонай маёмасцю. З кнігі Ч. Малеўскага ("Роды шляхецкія на Літве ў 19 веку, Лідскі павет" Вільня 2005 г. стар. 78-80 ) бачна, што Барташэвічы - вялікі і разгалінаваны шляхецкі род Лідскага павета гербаў Бонча і Самсон. Самае цікавае, у 1835 г. Барташэвічам належалі Кербедзі, якія мяжуюць з Востравам. Верагодна таму Барташэвічы купілі здрабнелы маёнтак. Улічваючы, што яшчэ ў 1929 фальварак належаў Міхалоўскім, то Барташэвічам ён перайшоў у 30-я гады 20 стагоддзя. Міхалоўскія валодалі ім больш за 100 гадоў.

Разам з Юзэфам Юзэфавічам выехалі ў Янцавічы. І першы ж жыхар вескі Янцавічы адразу згадзіўся правесці нас да Вострава. Тапонім з такой назвай жыве да нашага часу! Жыхары Янцавічаў і зараз памятаюць, што ўладальнікамі Вострава былі Міхалоўскія. А Барташэвіча ўжо не помняць. Мясцовы жыхар - Ткацэвіч Франц Чэслававіч (1953 г. нараджэння) расказаў, што аб існаваніі фальварка ён чуў ад старэйшых. Сам жа памятае толькі каменныя падмуркі з рэшткамі пабудоў. Большы падмурак меў памеры прыкладна 25 х10 м. Фальварак быў засаджаны дрэвамі, добра запомнілася вялікая груша. У пачатку 80-х гадоў 20-га ст. бульдозерамі падмуркі і рэшты пабудоў былі зруйнаваныя і адсунутыя на 150 м да ваколіцы Янцавічаў у вялікую яму прыкладана 8 х 20 м. Груда зямлі і вялікіх апрацаваных камянёў і валуноў ляжыць на тым жа месцы і зараз. Гэта ўсе, што засталося ад найстаражытнейшага на лідчыне маёнтка Востраў. Ад гэтых каменёў, каля 150 метраў на ўсход ( арыентыр - труба лідскай ТЭЦ), у полі Франц Чэслававіч упэўнена паказаў месца, дзе стаяў фальварак. Па рэльефу поля і зараз бачна пляцоўка двара. У 150 м на поўнач знаходзяцца вясковыя могілкі. Так скончыў сваё гістарычнае існаванне Востраў - адзін с першых населеных пунктаў лідчыны. Маёнтак, ад назвы якога пайшоў другасны тапонім - вёска Астроўля.

Франц Чэслававіч расказаў, што ў мінулым годзе на месцы фальварка целы тыдзень шукаў скарб металашукальнікам "чорны археолаг". Але нічога для сябе каштоўнага не знайшоў. Для "чорнага археолага" гэта безназоўны фальварк, знойдзены, верагодна, па польскай мапе 1929 г. Але з яго працы скарысталіся і мы. На месцы маёнтка ён выкапаў вялізную колькасць ямаў і шурфоў. На паверхні ляжаць металічныя часткі гаспадарчых прылад, цвікі, фрагмэнты цэглы, керамікі і нават два патрона. Яўна ў зямлі застаўся вялізны культурны пласт. І хто ведае, можа на глыбіні захаваліся падмуркі. Павінны былі застацца і рэшты склепа ці лядоўні.

Былая жыхарка вёскі Заполле (2 км ад Вострава) Паўлюкевіч Ядвіга Іосіфаўна (1940 г. нараджэння) таксама выдатна ведае гэты тапонім і добра памятае пабудовы. З яе слоў, гэта быў вялікі драўляны аднапавярховы панскі дом з высокімі, у рост чалавека каменнымі падмуркамі. Дом меў належны ганак з чатырма высокімі каменнымі прыступкамі. У доме было 5 пакояў (4 вялікіх і адзін малы) і кухня. Каля дома былі: гумно, свіран, хлеў, лядоўня і флігель для наёмных працаўнікоў. Пасля 2-й сусветнай вайны ў доме знаходзіўся ФАП, і жыла сям'я мэдыкаў Смалякоў. У 1963-64 гадах дом быў пакінуты людзьмі.

Вось так, ідучы па шляху Нарбута, быў знойдзены найстарэйшы маёнтак лідчыны Востраў. Уся прамая і ўскосная інфармацыя аказалася дакладнай. Факты шчыльна ляглі адзін да аднаго "без зазору" і падцвердзіліся на месцы. З вопыту краязнаўца ведаю, што так бывае нячаста.

* * *

Верагодна Востраў быў абраны, як месца сустрэчы па некалькіх чынніках.

Па-першае, маёнтак знаходзіўся на мяжы Гарадзенскага княства, якое належала Вітаўту, і лідскімі ўладаннямі Ягайлы. Мяжа праходзіла па рацэ Дзітва.

Па-другое, каля Вострава праходзіў старажытны шлях з Вільні ў Кракаў. І найстаражытнейшы мост праз раку Дзітва на шляху з Вільні на Варшаву ў 1392 г. знаходзіўся як раз насупраць Вострава, у Рулевічах. Мост праз Дзітву ў Мыто быў пабудаваны толькі ў канцы 15 ст [7].

На адлегласці ў некалькі кіламетраў ад маёнтка Востраў знаходзіўся Лідскі замак, дзе два ўладары маглі атрымаць годны прыём. Але ў студзені таго ж 1392 г. атрады крыжакоў на чале з камандорамі Янам Румпенгаймом, Конрадам Ліхтэншцейскім разам з войcкам Вітаўта (які ў той час яшчэ змагаўся з Ягайлам за кантроль над Літвой) разрабавалі і спалілі город і замак. Таму Ліда не магла належным чынам прыняць стрыечных братоў.

Т. Нарбут на той жа старонцы № 491 "Дзеяў ...", у дадатку № 2 (выданне 1839 г., Вільня) дае спасылку на крыніцу інфармацыі аб пагадненні: "Tranzakcyi w Ostrówiu zawartej nieznamy z innych źródeł, prócz Łubieńskiego. Opera Poslhuma etc. Antwerp. 1643. Rozprawa de Jure Reg. Pol. ad Rusch. Mosch. ditiones. gdzie p. 184 przytacza, tytuł tej tranzakcyi pod datą Ostrovo die S. Dominici A. 1391, rok mylny. Mówi o poręce przez Annę, Xiężnę Witoldową, za męża Królowej Jadwidze wydanej, tamże tę mamy u Krumera spomnianą."

Кнігу Любеньскага ўдалося адшукаць. Вось яе дадзеныя: Stanislai Lubienski [...] Opera posthvma, historica, historo-politica, variiqve discvrsvs, epistolae, et aliqvot orationes [...] edita ab execvtoribvs testamenti, 1643.

На старонцы 184 ён піша аб тым, што Вітаўт князь Літоўскі, віной якога было паўстанне (culpa rebellionis) супраць кароны, вярнуўся пад уладу караля Ўладзіслава. Пагадненне падцвердзіла Ядвіга, каралева Польшчы. Заключана у Востраве (datum in Ostrówo) ў 1393 г. у Дзень Св. Дамініка.

Нарбут з памылкай цытуе Любеньскага "datą Ostrovo die S. Dominici A. 1391”, на старонцы № 184 паданы 1393 г., (nonagesimo tertio)", на старонцы № 184 паданы 1393 г., (nonagesimo tertio). Год, як і піша Нарбут, памылковы.

Цікава аб пагадненні піша Ян Длугаш [8] : "Ўладзіслаў, кароль Польскі ... прагнучы забяспечыць спакой Літвы, да якой як да роднай зямлі меў найвялікшае шанаванне ... пастанавіў нарэшце паяднацца з князем Вітаўтам і даць яму ўладу над Літвой і Руссю, бо іншыя браты ягоныя былі аматарамі палявання і п'янства і не былі здатныя да кіравання дзяржавай. Дзеля гэтай мэты патаемна выслаў Генрыка, князя Мазавецкага, які быў абраны біскупам Плоцкім ... але потым парушыўшы стан духоўны, родную сястру Вітаўта ... узяў за жонку). ... кароль Польскі Ўладзіслаў на прыканцы месяца ліпеня выехаў у Літву, а 7 жніўня стаў ў Востраве, туды ж для сустрэчы прыбыў князь Вітаўт з найбольш адданымі прыхільнікамі, і з доўгай пачцівай просьбай, слязмі заліты, умольваў караля аб прабачэнні для сябе і дараванні сваёй віны. Кароль Ўладзіслаў адпусціў яму ўсе правіны. Потым выправіўся з ім ў Вільню ... і не толькі вярнуў Вітаўту спадчынную тэррыторыю і замкі, але і ўсю Літву і Русь з замкамі аддаў пад ягоную ўладу ..."

Длугаш піша, што дзеля заключэння пагаднення Ягайла выехаў ў Літву! Аналіз і параўнанне сучасных мапаў Польшчы з мапай заходніх межаў ВКЛ к кнігі Казлова Л. і Цітова А. "Беларусь на сямі рубяжах" [9] дазваляе сцвярджаць што Востаў-Любельскі не ўваходзіў у склад ВКЛ (Падляшша).

* * *

Падрабязная гісторыя Вострава - гэта справа будучага даследвання. У агульных рысах гэта можна зрабіць ужо зараз.

На момант падпісання пагаднення 1392 г. маёнтак быў уласнасцю скарбу ВКЛ.

Цікавую інфармацыю аб Востраве дае выбітны лідскі гісторык першай паловы 20 ст. Міхал Шымулевіч [10]. Ён піша, што на мапе "Rizzi Zannoni" выданай ў 1772 г у Парыжы, між Лідай і Мыто намаляваны вялікі лес з назвай "Лес Лідскі". Гэты лес уваходзіў ў Лідскае староства і быў падзелены між маёнткамі Дайнова, Цыбары і інш. Напрыканцы 16 ст. Ян Янавіч Завіша, падкаморы Лідскі, а потым кашталян і ваявода Віцебскі выкупіў маёмасць, якая належала яшчэ ягонаму дзеду, Андрэю Завішу - Белагруду. Па смерці выяводы Віцебскага Белагруда разам з Жырмунамі і Востравам перайшла ягонаму пляменніку Мікалаю Завішу, таксама кашталяну Віцебскаму. Пасля смерці бяздзетнага Мікалая Завішы, ўся гэтая маёмасць перайшла да ягонай удавы а потым, напрыканцы 17 ст. да Анны Завішы, дачкі Яна Юрыя Завішы, старасты Браслаўскага. У сярэдзіне 18 ст. Жырмуны і Востраў з Белагрудай - маёмасць кн. Барбары Радзівілл ( з Завішаў). Ад яе пераходзіць да сына - Станіслава Радзівілла (1722-1784), падкаморага літоўскага, і далей - Мікалаю Радзівіллу, уладальніку Жырмун. Т. Нарбут піша, што перадапошнім гаспадаром Вострава быў Тадэўш Нарбут, падкаморы Лідскі, таму недзе напрыканцы 18 - пачатку 19 ст. Востраў набываюць Нарбуты. У час напісання "Дзеяў ..." нашым вялікім гісторыкам Востраў "пасля здрабнення праз exdywizye, ёсць невялікім фальфаркам, які належыць да паноў Міхалоўскіх". Згодна з Малеўскім у Міхалоўскія становяцца гасападарамі ў 1831 г. Верагодна, што маёмасць Нарбутаў была сканфіскавана за ўдзел у паўстанні 1831 г. І ў 30-я гады 20 ст. Востраў усе яшчэ маёмасць Міхалоўскіх.

Міхал Шымулевіч піша, што ў 18 ст. у Белагрудскую парафію ўваходзіла маёмасць князёў Радзівілаў: Востраў, Дайнова, Вялікае Вольжава, Тарноўшчына. Акрамя касцёлу ў Белагрудзе, парафія мела некалькі капліцаў: ў Востраве, Дайнове, Дзітве, Вялікім Вольжаве і інш.

Белагрудскую парафію стварыў біскуп Война ў XVII ст. з частак лідзкай і ваверскай парафій. Межы парафіі часта мяняліся. Апошняе размежаванне зрабіў арцыбіскуп Галавінскі в 1844 г. Таму не дзіўна, што ў Малеўскага, інфармацыя якога грунтуецца на віленскіх архівах , піша, што ў 1831 г. Востраў належаў да лідскай парафіі.

Таксама вядома, што войскі рускага ваяводы Хаванскага разбурылі Востраўскі замак - палац падчас вайны (1654 - 1667) Расіі з Рэччу Паспалітай.

Сумуючы, можна зрабіць выснову, што маёнтак Востраў Міхалоўскіх, аб якім пісаў Т. Нарбут знойдзены. Ягоную лакалізацыю, акрамя Нарбута, нам даюць наступныя крыніцы:

  1. Кніга Ч. Малеўскага "Роды шляхецкія на Літве ў 19 веку, Лідскі павет" Вільня 2005 г.;
  2. "Слоўнік геаграфічны польскі";
  3. "Спіс населеных пунктаў Расейскай імперыі";
  4. "Спіс польскага бізнесу 1929 г." дзе фальварак Востраў Лідскай гміны, належыць Міхалоўскім;
  5. Мапы 19 - 20 ст. на якіх ёсць фальварак Востраў;
  6. Аб тым, што Міхалоўскія былі ўладальнікамі Вострава, і зараз памятаюць жыхары вёскі Янцавічы.

Але працы Т. Нарбута сур'езнымі гісторыкамі не лічыцца надзейнымі крыніцамі. Аднак трэба адзначыць, што ў нашым выпадку інфармацыя Нарбута:

  1. Дакладна стыкавалася з усім знойдзеным матэрыялам і памяццю людзей;
  2. Падцвярджаецца знаходкай рэштаў фальварка Востраў там, дзе паказаў Т.Нарбут.

Магчыма гэта можа "узняць" кошт ягонай інфармацыі?

Вялікую важкасць набываюць ўскосныя доказы:

  1. Падобна на тое, што Востраўская дамова была заключана каля Ліды. Аб гэтым піша самая апошняя "Энцыклапедыя ВКЛ" 2005 г. Т. І. С.465.
  2. Востраў Міхалоускіх знаходзіцца прыкладна ў кіламетры ад старога шляху Вільня-Кракаў на мяжы уладанняў Ягайлы і Вітаўта. Длугаш піша, што для заключэння дамовы Ягайла выехаў на Літву. І адразу пасля прымірэння ён разам з Вітаўтам рушыў у Вільню, кажучы па сучаснаму, "здаваць справы новаму уладару Літвы". Таму гэта найбольш выгаднае месца на Лідчыне для іх сустрэчы.
  3. Гэта месца сапраўдны востраў пасярод дрыгвы і дае магчымасць малымі сіламі гарантаваць бяспеку найвышэйшых асобаў.
  4. Длугаш і Лубенскі не паказваюць дакладна дзе знаходзіўся маёнтак. Яны зыходзяць з таго, што ягонае месцазнаходжанне - агульнавядомы факт. Міхал Шымялевіч пералічвае Востраў сярод найбуйнешых маёнткаў Завішаў і Радзівілаў на Лідчыне. Мае асабістыя краязнаўчыя даследванні гавораць аб тым, што яшчэ ў першай палове 20-га ст. менавіта Востраў Міхалоўскіх каля Янцавіч, быў найбольш вядомым сярод населеных пунктаў з такой ці падобнай назвай на Лідчыне.
  5. Знаходзіць лагічнае тлумачэнне назва вескі Астроуля (Астроуля: ля - Острава). Напрамкі ад Астроулі да Янцавіч усяго некалькі кіламетраў. Астроуля - другасны тапонім, які застаўся як напамін аб некалі вялікім і агульнавядомым маёнтку.

Археолагі маглі б знайсці рэшты падмуркаў 14 ст. там, дзе пазней стаяў фальварак Востраў. Але ці захавалася нешта ў зямлі пасля ўсіх бедаў якія прайшлі па нашай зямлі?


Ад рэдактара: У 1993 г. па ініцыятыве лідскага краязнаўцы Валеры Сліўкіна я правёў археалагічную разведку на месцы меркаванага раней Сліўкіным маёнтка Востраў каля вёскі Мыта. Самая старажытная сярод знойдзеных матэрыялаў (фрагменты керамікі, цэгла) датуюцца другой паловай 18 - пачаткам 19 ст. - Аляксандр Краўцэвіч



[1] Teodor Narbutt. Dzieje starożytne narodu litewskiego. Wilno, 1839. T. 5., S.491.

[2] Czesslaw Malewski. Rody szlacheckie na Litwie w XIX wieku. Powiet Lidzki. Wilno, 2005. S.175

[3] Czesslaw Malewski. Wykaz alfabetyczny z 1844 r. majątków pow. Lidzkiego ze wskazaniem właścicieli i ilości dusz męskich przez nich posiadanych według spisu 1834 r.// "Ziemia lidzka" kwiecień, 2004 r., nr 2(60)).

[4] Słownik Geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich, Warszawa, 1888, T. 7., S. 727.

[5] Czesslaw Malewski. Rody szlacheckie na Litwie w XIX wieku. Powiet Lidzki. Wilno, 2005. S.114

[6] Tadeusz Nowak. Obraz Ziemi Lidzkiej na mapach XVI - XVIII wieku.// Z dziejow ziemi Lidzkiej. Warszawa, 1997.

[7] Michał Szymielewicz. Rzeka Dzitwa.// "Ziemia lidzka",1936 r., nr1.

[8] Jana Długosza, kanonika krakowskiego Dziejów polskich ksiąg dwanaście. Przekład Karola Mecherzyńskiego, Krakow, 1868; T. 3, ks. 9, 10; S. 470.

[9] Казлоў Л. Цітоў А. “Беларусь на сямі рубяжах”, 1993 г. С.19.

[10] Michał Szymielewicz. Białohruda.// "Ziemia lidzka", 2001 r., nr 2(45).

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX