Папярэдняя старонка: Агульная інфармацыя пра горад Ліда

Ліда ўчора і сёння 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 30-01-2014,
Крыніца: Ліда, 2013.

Спампаваць




УДК 908(476.6-21 Ліда)
ББК 26.89(4Беи)
Л 28

Ліда ўчора і сёння.

Лаўрэш, Л. Л.
Ліда ўчора і сёння: гісторыя горада ў выявах / Леанід Лаўрэш. - Ліда : Лідская друкарня, 2013. - 152 с.

ISBN 978-985-6437-29-1.

Кніга вядомага лідскага краязнаўца Леаніда Лаўрэша прысвечана гісторыі горада Ліды. Асаблівасць кнігі заключаецца ў спалучэнні гістарычных тэкстаў з выявамі горада з канца XVIII стагоддзя да нашага часу.
Кніга напісана ў стылі гістарычных нарысаў, для напісання якіх прыцягнута вялікая колькасць літаратуры.

ISBN 978-985-6437-29-1

Лаўрэш Л. Л., 2013

Афармленне. ГАУПП "Лідская друкарня", 2013


Змест

Мінулае - ведаць, будучае - будаваць

Гісторыя горада

Замак

Замак на пачатку XX ст.

Замак у 1915-1918 гг.

Замак у 1920-1930-я гг.

Рыначная плошча

Віленская вуліца

Здымкі пачатку XX ст.

Здымкі, зробленыя падчас Першай сусветнай вайны і нямецкай акупацыі.

Віленская вуліца 1920-30-я гг.

Вуліца Каменская

Вуліцы Крывая і Замкавая

Іншыя раёны і вуліцы горада

Чыгуначны вакзал, чыгунка

Фарны касцёл

Касцёл Піяраў, Свята-Міхайлаўская царква

Установы горада

Адукацыя

Прэзентацыя кнігі


Мінулае - ведаць, будучае - будаваць

"Ліда на старых выявах" - пад такой назвай на старонках "Лідскай газеты" быў распачаты новы праект. Яго аўтар - вядомы на Лідчыне і далёка за яе межамі краязнаўца Леанід Лаўрэш.

Асаблівасць праекта - старыя здымкі, многія з якіх цудам захаваліся ў архівах нераўнадушных да гісторыі роднага горада людзей. Праз прызму непрадузятага сведкі падзей мінулых стагоддзяў - фотааб'ектыва - сёння мы маем магчымасць убачыць Ліду такой, якой яна была ў розныя гады свайго існавання.

Гісторыя горада была рознай: драматычнай - у перыяд войнаў, стваральнай - у мірны час. Старонкі гэтай кнігі напоўнены каштоўнай інфармацыяй пра тую Ліду, якой бачылі яе нашы продкі, тыя, хто жыў да нас у драўляных ці цагляных дамах, шпацыраваў па брукаваных вуліцах, ля старажытнага замка, вучыўся ў навучальных установах, трымаў краму або працаваў на ўласніка завода. Подых гісторыі адчуваецца на кожнай старонцы кнігі, бачыцца ў кожным здымку.

Другая частка кнігі прысвечана дню сённяшняму, дню, у якім ёсць месца захаваным помнікам даўніны і сучасным архітэктурным збудаванням, дню, які запоўнены стваральнай працай нашых сучаснікаў. На фотаздымках, зробленых нашымі землякамі напярэдадні 690-гадовага юбілею горада, яскрава бачны веліч і прыгажосць Ліды, якая праз усе выпрабаванні не страціла сваёй адметнасці і займае годнае месца сярод гарадоў нашай сінявокай краіны.

Калектыў рэдакцыі выказвае вялікую ўдзячнасць раённаму выканаўчаму камітэту, з дапамогай якога стала магчыма выданне гэтай кнігі, якая, несумненна, стане значнай падзеяй у асяродку аматараў гісторыі - краязнаўцаў, а таксама для тых, хто хоча ведаць мінулае сваёй малой радзімы і будаваць яе шчаслівую будучыню.

Кацярына СЕРАФІНОВІЧ, галоўны рэдактар "Лідскай газеты".


На пажаўцелых здымках Ліды

Вякоў адбіўся нетаропкі ход,

І гарадскія краявіды,

І мар няздзейснены палёт.

Гісторыя горада

Тэадор Нарбут пiша пра княства Дайноўскае i пра заснаванне Лiды ў 1180 г. У Стрыйкоўскага Лiда ўзгадваецца толькi каля 1330 г. Мажлiва, што як паселiшча Лiда iснавала раней, але толькi пасля залажэння Гедымiнам замка каля 1323 г. з'яўляюцца больш дакладныя звесткi пра горад. Беларускія археолагі не знайшлі слядоў паселішча 1180 г., і таму за афіцыйную дату заснавання горада прыняты 1323 г.

Гісторык Адам Кіркор у "Живописной России" пісаў, што Ліда была сталіцай удзельнага княства і з'яўляецца вельмі старажытным паселішчам на мяжы ўласна Літвы ды славянскіх зямель і дайнаўцаў. Горад займаў значную ролю ў гістарычным лёсе Літвы. Кіркор лічыў, што каля Ліды магло існаваць са старажытных часоў умацаванне, а князь Гедымін ужо потым пабудаваў тут замак, разваліны якога захаваліся да нашых дзён. "Ліда ляжыць амаль на мяжы двух плямён, што насяляюць Лідскі ўезд, літоўцаў і чарнарусаў, аддзеленых адно ад другога рэчкаю Дзітвою. Найстаражытнейшая сталіца дайнаўцаў: Дайнава - зараз невялікая вёска. Дайнаўскае княства існавала яшчэ на пачатку ХІІІ стагоддзя...". У кнізе "Черты из истории и жизни Литовского народа" Кіркор дапаўняе гэтую інфармацыю звесткамі пра Дайнаўскі замак: "Горад Ліда пабудаваны на самым рубяжы старажытнай Літвы і плямёнаў славянскіх. Заснаваны ў другой палове XIII стагоддзя, калі ўдзельнае Дайнаўскае княства саступіла месца Лідзе, якая на пачатку, верагодна, была невялікім паселішчам літоўскім". А ў заўвагах да гэтага тэксту ён дае вельмі цікавую інфармацыю: "Дайнава на захад ад Ліды за 10 вёрст (вярста = 1,0668 км - Л. Л.), паблізу ракі Дзітва, зараз маёнтак. Тут існаваў замак, сляды якога бачныя і цяпер у розных паглыбленнях сажалак, у грабах (дрэвах - Л. Л.), якія нідзе паблізу не растуць, у камені велізарных памераў, на якім па паданні каралі смерцю злачынцаў. Камень гэты называецца і цяпер у простага люду "кабылай" і, мяркуючы па яго месцазнаходжанні, верагодна, ляжаў на плошчы супраць палаца. Княства Дайноўскае межавала з цяперашнімі паветамі: Гарадзенскім, Наваградскім і Ашмянскім". У даведніку "Городские поселения в Российской империи" за 1860 г.: "Горад Ліда належыць да найстаражытнейшых літоўскіх паселішчаў. Яго навакольная мясцовасць складала самастойны ўдзел князёў Дайноўскіх, рэшткі палаца якіх захаваліся ў фальварку Дайнава каля Ліды".

З другой паловы XIV ст. Лiда з воласцю належала Альгерду. Каля 1377 г. ён перадаў яе ў кiраванне свайму паверанаму - Вайдылу. Пасля смерцi Вайдылы Лiда перайшла да Ягайлы, які ў 1392 г. пераўступае яе Дзмiтрыю-Карыбуту. У тым жа годзе Вiтаўт адбiрае Лiду ў Карыбута. У студзені 1392 г. атрады крыжакоў на чале з камандорамі Янам Румпенгаймам, Конрадам Ліхтэнштэйнам разам з войcкам Вітаўта (які ў той час змагаўся з Ягайлам) пераправіліся каля мястэчка Аліта (Алітус) праз Нёман і па закаванай марозам дрыгве падышлі да сцен Лідскага замка. Разам з імі прыйшлі і англійскія рыцары, якіх узначальваў малады сын графа Нартумберленда - Генры Персі, вядомы па мянушцы Гары Хотспур (Harry Hotspur, Гарачая Шпора - Падшыванец, старэйшы сын Генры Персі, 1-га графа Нартумберленда). Т. Нарбут так апісаў наезд крыжакоў: "Пад Аліту перадавыя атрады крыжакоў падышлі ў студзені 1392 г. У выправе прымалі ўдзел Ян Румпенхайм (Jan Rumpenheim), Конрад Ліхтэнштэйн (Konrad Lichtenstein) з замежнымі гасцямі. Князь Вітаўт таксама ўдзельнічаў у гэтай выправе. Калі войска ўжо выходзіла з Аліты, ангельцы паспрачаліся з немцамі за права несці харугву Св. Георгія. Справа дайшла да крывавай сутычкі. З абодвух бакоў у бойцы ўдзельнічалі знатныя людзі, ангельцамі кіраваў Персі, сын графа Нартумберленда, іншымі Рупрэхт з Шакендорфа. Мэтай выправы было месца Ліда, у якой у гэты час для аховы краю знаходзіўся князь Карыбут з войскам. Праз замерзлую дрыгву крыжакі раптам падышлі да замка і Лідскага падзамча. Карыбут не стаў бараніць адзін з лепшых замкаў Літвы і ўцёк са сваім дваром і войскам".

4 жніўня 1392 г. каля Ліды было заключана знакамітае Востраўскае пагадненне. Падпісалі яго з аднаго боку кароль польскі Уладзіслаў ІІ, ён жа Вялікі князь літоўскі, рускі і жамойцкі Ягайла, і яго жонка польская каралева Ядвіга, з другога боку - князь гарадзенскі Вітаўт і го жонка Ганна. Яны дамовіліся спыніць міжусобную вайну. Вітаўт стаў фактычным кіраўніком Вялікага княства Літоўскага. Пагаднен-не паклала канец братазабойчай вайне, прывяло да разгрому крыжакоў на палях Грунвальда і дазволіла Вялікаму княству Літоўскаму неўзабаве дасягнуць найбольшага росквіту і магутнасці. Пагадненне было заключана ў маёнтку Востраў. Т. Нарбут дае дакладную і дастатковую інфармацыю пра знаходжанне знакамітага маёнтка. У 5-м томе "Дзеяў..." гісторык піша: "Востраў, у павеце Лідскім, на захад ад Ліды недалёка ад Мыто, за левым берагам ракі Дзітва, раней уласнасць скарбу літоўскага, дзе быў вялікі палац і да гэтага часу фундамент і склепы захаваліся, сад меў памер 9 моргаў, у апошнія часы належаў да Тадэвуша Нарбута, падкаморага Лідскага. Зараз, пасля здрабнення праз продаж па частках, ёсць невялікім фальваркам, які належыць да паноў Міхалоўскіх". Зараз месцазнаходжанне маёнтка Востраў дакладна вызначана.

Узімку 1394 г. крыжакі зноў напалі на Ліду і Наваградак і ў выправе зноў прынялі ўдзел англійскія рыцары на чале з графам Бафортам, а таксама французскі атрад. Т. Нарбут так напісаў аб гэтай выправе крыжакоў: "Узімку ў Прусіі сабраліся новыя госці, з Нямеччыны граф Ленінген, з Англіі граф Бафорт, з Францыі гэтак жа вядомыя рыцары... Мэтай нападу была ўнутраная Літва, яе русінская частка. Выправа рушыла на Свята Трох Каралёў, прайшла змерзлымі балотамі, абышла Гародню і накіравалася да Наваградка. Але крыжакі знайшлі горад спаленым гараджанамі, частка якіх прыгатавалася абараняцца ў замку, частка схавалася ў аддаленай пушчы (верагодна, жанчыны і дзеці. - Заўвага аўтара ). Адтуль, на шляху спусташаючы асады, крыжакі пайшлі да Ліды, дзе таксама знайшлі моцны замак, які стаяў сярод спаленага падзамча. Далей быў намер ісці на Салешнікі і, магчыма на Вільню, але маразы раптам саслаблі, наступіла адліга, крыжакі, верагодна, дазналіся аб войску ВКЛ, якое выйшла з Вільні, і аб пагрозе для сябе з боку Гародні... Такім чынам, яны былі змушаныя адыходзіць з-пад Ліды дзітвянскімі балотамі... Здабычай крыжакоў у гэты раз сталі 2200 палонных, 1400 коней і шмат быдла". (Гары Хотспур, сын графа Нартумберленда і Джон Бафорт, граф Самерсэт, - персанажы часткі драмы "Генрых IV" Уільяма Шэкспіра.)

З канца XІV і да пачатку XVІ стагоддзя Ліда - велікакняжацкі горад з першай пяцёркі гарадоў ВКЛ.

У 1396-1399 гг. па загаду Вiтаўта Лiдская воласць належыць знакамiтаму хану заволжскiх татараў Тахтамышу, а ў 1440-1446 гг. - Хаджы-Гiрэю. Летам 1405 г. Вітаўт узяў у палон жонку і дзяцей смаленскага князя Юрыя Святаслававіча і пасяліў іх у Лідскім замку.

15 ліпеня 1410 г. лідская харугва ўдзельнiчае ў Грунвальдскай бітве. У ліпенi 1415 г. кароль Ягайла наведваў Ліду, спыняўся ў Мыто.

У 1422 г. папа Рымскі дзеля вывучэння становішча на месцы пасылае у ВКЛ свайго пасланніка Антонія Зено, юрыста, адукаванага рэферэнта. Ягайла разам з Вітаўтам прынялі яго ў Лідзе, у рэзідэнцыі князя Вялікага княства Літоўскага - Лідскім замку. Як сцвярджаюць польскія гістарычныя крыніцы, на гэтай сустрэчы прысутнічала чацвёртая жонка Ягайлы (ён толькі што ўзяў шлюб з ёю ў Навагрудку), будучая каралева Польшчы, "матка каралёў" дынастыі Ягелонаў, - Соф'я Гальшанская.

У 1433 г. Лiду спалiў Свiдрыгайла.

У 1504 г. вялікі князь ВКЛ і кароль Аляксандр перадаў Лiду ад Глiнскага Дразду.

У 1506 г. татарскае войска апынулася недалёка ад Лiды, i смяротна хворы Аляксандр быў вымушаны адтуль з'ехаць. Вось як гаворыць пра той час "Хроніка Быхаўца" - старажытнабеларускі летапіс:

«... В лето семое тысяча пятнадцатого, а од божыяго нарожения тысяча пятсот седьмого после пленения земли Литовской от безбожных татар, и прыехал король и великий князь Аляксандро до Вильнюса з Ляхов немоцон очень немоцою паралитыковою и вчынил сейм в городе Лиде. И будучи Ему со всими паны в Лиде, пришла ко душераздирающую вест, иже царевиче перакопские Биты-Киреев Солтан а Бурнос Солтан пришли с дватцатма тысячма людей ко Слуцке, идут к Новогородку... Татарове пришедши к Новогородку, и скоро пришли за Немон и не доходячи Лиды, около города, от всих сторону в мили и в полумили от города, воевала церквах божий и двор великие, и веси зажигают и людей имали и убивали». Аднак штурмаваць умацаваны замак татары баяліся. У гэты час было сабрана народнае апалчэнне колькасцю ў дзесяць тысяч чалавек, якое разбіла прышэльцаў у ваколіцах Ліды, на адлегласці адной мілі ад яе.

У XVI ст. Лiда плацiла ў скарб дзяржавы падатак у 10 коп лiтоўскiх грошай.

З часоў Стэфана Баторыя тут асядаюць яўрэi. Яны займаюцца гандлем, чым спрыяюць развiццю горада.

17 верасня 1590 г. Жыгiмонт III надае Лiдзе Магдэбургскае права і прызначае герб з выявай льва і двух ключоў над галавой. Прывiлей 1611 г. пацвярджае iснуючыя тут здаўна кiрмашы. У 1638 г. ў Лідскім замку, пры сцяне, дазволена пабудаваць склеп для захоўвання дакументаў Лідскага земскага суда і актавых кніг. Уладзіслаў IV 20 жніўня 1640 г. у Варшаве пацвярджае для Лiды Магдэбургскае права ва ўсіх яго пунктах, клаўзулах, умовах і параграфах.

Прамысловасць і гандаль у Лідзе былі развітыя слаба. У дакументах XVII ст. у Лідзе згадваюцца толькі бровары, якія размяшчаліся пры замкавых фальварках, у касцельным фальварку Куроўшчыне, або Навасёлках, і ў некаторых мяшчан. З рамеснікаў згадваюцца толькі кавалі і гарбары, а таксама рэзнікі. Корчмы мядовыя, гарэлачныя і піўныя існавалі тут яшчэ ў XV ст., у часы Казіміра. У 1680 г. усіх корчмаў у Лідзе было 19, з якіх 10 утрымлівалася хрысціянамі, у тым ліку адна - бурмістрам панам Янам Амановічам, і 9 - яўрэямі. Штотыдзень па панядзелках адбываўся гандаль, а два разы ў год - кірмашы. Кірмашы існавалі тут здаўна і былі пацверджаныя соймам у 1611 г. Ліда ў часы Яна Казіміра лічылася параўнальна лепшым гора-дам, мела 15 тысяч жыхароў і карысталася Магдэбургскім правам.

Але наступілі цяжкія 1654-1663 гг. Увосень 1655 г. украінскія казакі прайшлі ўздоўж Нёмана, пусцілі Ліду і Лідчыну пад шаблю. У год 1656 - голад, а ўвосень 1657 г. эпiдэмiя вынiшчае насельнiцтва горада. Соймiк грамнiчны 1658 г. дзеля засцярогi ад эпiдэмii вымушана праводзiцца ў Мыто. Нарэшце, у 1659 г. расiйскае войска Хаванскага, пасля працяглай аблогi замка, знiшчае горад ушчэнт.

У 1669 г. кароль Мiхал Вiшнявецкi, зважаючы на нядолю горада, прыказаў, каб яўрэi, якія аселі ў горадзе, выконвалi ўсе абавязкi так, як i гараджане, вызвалiў мяшчан ад талакi на дваравых грунтах i ад абавязку ўтрымання грэблi. 19 красавіка 1670 г. кароль у Варшаве сваім прывілеем пацвердзіў Лідзе Магдэбургскае права. У сваю чаргу, прывiлей 1676 г. вызвалiў Лiду ад выслуг i падаткаў. Аднак начны пажар 29 чэрвеня 1679 г. ізноў вынiшчае цэлы горад. Прычына пажару невядомая. Дзякуючы сухому надвор'ю і моцнаму ветру агонь з неверагоднай хуткасцю распаўсюдзіўся па ўсім горадзе. На працягу адной гадзіны пажар знішчыў 38 мяшчанскіх і яўрэйскіх хат, з якіх аплачваліся падаткі ў скарб, не лічачы хат манастырскіх і шляхецкіх. Многія хрысціяне і яўрэі згарэлі жывымі, а многія атрымалі цяжкія апёкі. Увесь хатні скарб, жывёла і многае іншае зрабіліся здабычаю полымя.

У 1702 г. шведы рабуюць i зноў паляць горад, а ў 1706 г. аба-вязваюць гараджан плацiць невыносна вялiкiя падаткi. З мэтай развіцця Сойм 1717 г. пакiдае гораду даўнейшыя iльготы i прывiлеi, вызваляе ад вайсковага пастою, а кароль Аўгуст II 7 жнiўня 1727 г. пацвярджае прывiлеi сваiх папярэднiкаў, зацвярджае гандлёвы падатак з крам i скатабойняў.

12 лiстапада 1744 г. Аўгуст III пацвердзiў усе гэтыя прывiлеi, а прывiлей 1776 г. залiчыў Лiду ў лік тых гарадоў ВКЛ, якiя захавалi Магдэбургскае права. З гэтага часу Лiда ізноў паволi ўздымаецца. У 1784-1787 гадах камiсія "boni ordinis" пераглядае ўмовы i гарадскiя выплаты.

У наступны час Ліда ўяўляла сабой адміністрацыйны, судовы, гандлёвы цэнтр павета. У Ліду прыязджалі судзіцца, прасіць, абменьвацца прадукцыяй, сустракацца на балях і ўрачыстасцях. З 1759 па 1834 г. у горадзе існавала сярэдняя навучальная ўстанова - піярскі калегіум, выпускнікі якога пакінулі значны след у навуцы і літаратуры. У калегіуме вучыўся будучы прафесар Віленскага ўніверсітэта, батанік С. Юндзіл.

У 1792 г. ў Лідзе налiчваецца 242 дамы і 1243 жыхары.

У 1794 г. Лiда становiцца сведкай паўстання, а ў 1812 г. сведкай агляду Аляксандрам І корпуса Дахтурава, потым нашэсця французаў i iх уцёкаў, нарэшце, 23 мая 1831 г., - сутычкi рускіх з паўстанцамi Хлапоўскага.

У 1795 г. горад, пераважна яўрэйскі, уключаны ў склад Расійскай імперыі.

У 1825 г. ў Лідзе жыве 684 жыхары мужчынскага полу і 809 жаночага. Каменных дамоў у горадзе - 4, драўляных - 269, 2 царквы, 2 кляштары, 1 навучальная ўстанова, 2 багадзельні, 1 лазня, 2 сады, 1 лаўка, 2 шынкі, піцейных дамоў - 50. Больш піцейных дамоў у Вільні - 630, Віцебску і Магілёве - 159, Гародні - 100, Мінску - 99, Слоніме - 90, Слуцку - 76, Берасці - 71, Полацку - 54.

Пажар 1826 г. знiшчыў падзамчышча.

У маі 1843 пажар, распачаты з яўрэйскай лазні, знішчыў увесь школьны двор (так называўся раён горада ў цэнтры, каля ратушы), частку дамоў базарнай плошчы і ўсю вуліцу Віленскую.

Законы 1851-1854 гг. дазваляюць браць зямлю для горада і гараджан навечна.

У 1851 г. у Лiдзе налiчваліся 2 мураваныя дамы, 248 драўляных i 4845 гараджан.

У 1860 г. у Лідзе жыве 4344 чалавекі: 2103 мужчыны, 2241 жанчына; 2053 з іх яўрэі. Шляхты - 216, асоб духоўнага сану - 19, купцоў - 25. У Лідскім павеце жыве 103 787 чалавек, у тым ліку 8 219 шляхты, 180 духоўнага сану, 30 купцоў.

З другой паловы XІX стагоддзя пачынае інтэнсіўна развівацца прамысловасць, гэтаму спрыяла пракладка чыгункі. З'яўляюцца піўныя, тытунёвыя, чыгуналіцейныя, машынабудаўнічыя, леса-пільныя, макаронныя, кандытарскія фабрыкі і заводы, шматлікія магазіны, рэстараны і гасцініцы.

1870 год - Лiда звязана тэлеграфам з Вiльняй.

1886 г. - праведзена Палеская чыгунка, а ў 1905 г. чыгунка Мiкалаеўская, Балагое - Полацк - Сядлец.

У 1895 г. у Лідзе жыве 7864 чалавекі: 3954 мужчыны, 3910 жанчын; яўрэяў - 5326. Шляхты - 485 чалавек, духоўнага сану - 48, купцоў - 129, мяшчан - 5693, сялян - 1178, вайскоўцаў - 311.

У канцы ХІХ-га ст. у Лідзе 9500 жыхароў. Тэрыторыя горада склала 160 дзесяцін. Горад меў 14 вуліц, 7 завулкаў, 4 плошчы. 8 вуліц і завулкаў былі выбрукаваны. З 708 дамоў 200 - двухпавярховыя цагляныя. У горадзе маюцца павятовае і прыходскае вучылішчы, народная і яўрэйская двухкласныя школы, пансіён для дзяўчат-яўрэек. У горадзе 10 фабрык і заводаў: 2 тытунёвыя, 1 коркавы, 2 гільзавыя, 2 бровары, 3 фабрыкі газаваных вод. Астатнія - невялікія майстэрні: бойня, 4 гарбарныя заводы і г. д. Тры бальніцы на 45 ложка-месцаў: гарадская на 20 месцаў, яўрэйская і турэмная. Ёсць аптэка. На рэчцы Лідзейцы працуе гарадскі вадзяны млын.

Жудасны пажар 7 кастрычніка 1891 г. знішчыў амаль усю цэнтральную частку горада - 444 дамы і каля 600 нежылых будынкаў, у тым ліку і гарадскую ратушу, была цалкам страчана жылая забудова XVІІІ ст. На нейкі час моцна падняліся цэны на жыллё і прадукты харчавання. Аднак гэта прывяло да таго, што ў горадзе сталі будавацца новыя каменныя дамы.

У 1898 г. у Лідзе адчынены шпіталь на 25 ложкаў.

У 1904 г. у Лiдзе 14 заводаў i фабрык, 400 працоўных, аб'ём вытворчасцi - 1200 тысяч рублёў. 170 рамесных майстэрняў, 204 рамеснiкi. У год праводзіліся 4 кiрмашы, продаж жывёлы складаў 100 тысяч рублёў. Быў штотыднёвы рынак. Працавалі банкаўскiя i натарыяльныя канторы, 10 страхавых агентаў, 13 атэляў, 24 шынкi, харчэўнi i чайныя. У горадзе 25 вулiц i завулкаў, 2 плошчы, 1000 жылых будынкаў, з iх 275 - каменныя, 725 - драўляныя. 20 будынкаў пакры-та жалезам, 680 - дрэвам, 300 - дахоўкай. Увечары горад асвятляюць 60 газавых лiхтароў. У горадзе жывуць 15025 жыхароў. Маецца 4 бальнiцы на 115 ложкаў, 6 дактароў, 6 акушэрак, 10 фельчараў, 2 аптэкi, 5 аптэчных крам. Працуюць 4 нiжэйшыя мужчынскiя i 2 нiжэйшыя жаночыя навучальныя ўстановы, павятовая 2-класная навучальня на 60 навучэнцаў. У горадзе 23 настаўнiкi, 700 вучняў, 3 друкарнi, фотаатэлье, бiблiятэка-чытальня. Заробак прыслугі: мужчынам - 10 рублёў, жанчынам - 5 рублёў. Заробак чорнарабочага за дзень: мужчыны - 70 капеек, жанчыны - 50 капеек.

У 1909 г. з фабрычных устаноў буйнейшыя - аптовы склад, два бровары, тартак, лiцейная, тры вытворчасцi тытуню, мыла, скатабойня, агулам - 54 установы. Выпуск тавару - на 1 216 415 рублёў, работнiкаў - 473. У горадзе дзве друкарнi. Дастаткова значны гандаль: таргi кожны панядзелак i некалькi невялiкiх кiрмашоў. Прадмет гандлю: жывёла, хатняя птушка i іншыя вясковыя прадукты. Жыхароў - 17 360. Раскватараваны пяхотны полк. Збег двух чыгуначных дарог i значная колькасць чыноўнікаў служаць прычынай вялiкага попыту на жыллё. Цэны на спажывецкiя тавары высокiя. Забаўляльныя ўстановы адсутнiчаюць, але ёсць некалькi аматарскiх тэатраў i картачны клуб. Гарадскія крэдытныя ўстановы: банкаўская кантора i таварыства дробнага крэдыту (да 100 рублёў).

У 1914 г. у Лiдзе жыве 18 тысяч чалавек. У горадзе 40 прадпрыемстваў. Працуюць бетонна-цэментны завод, тартак Палячыка, тытунёвая фабрыка Віленчыка, бровары Пупко i Папiрмайстара, макаронныя i кандытарскiя фабрыкi, вiнакурня Стручана, мылаварня Кiвяловiча, завод па разлiву гарэлкi, друкарня Айзiка Эпштэйна. Чыгуналiцейны i машынабудаўнiчы завод братоў Шапiра выпускае конныя прывады, перадатачныя станкi для конных прывадаў, малатарнi, cячкарнi, плугi, плужкi, бораны, веялкi-сарцiроўкi, чыгунныя крыжы для помнiкаў i меднае лiццё. На пачатку стагоддзя пачынае будавацца вайсковы аэрадром.

* * *

30 верасня 1920 г. у Ліду ўступілі польскія часткі 2-й арміі Войска Польскага пад камандаваннем генерала Эдварда Рыдза-Сміглага. Штаб 2-й арміі размяшчаўся на Віленскай, 48 (Сувальскай, 66).

Па Рыжскаму дагавору паміж Польшчай і Савецкай Расіяй Лiдчына ўвайшла ў склад зноў створанага ў межах Польскай дзяржавы Навагрудскага ваяводства. Наваградчына пасля 120 год знаходжання ў складзе Расійскай імперыі і 1-й сусветнай вайны была ў стане небывалага гаспадарчага заняпаду. Гэта быў адзін з найбольш занядбаных рэгіёнаў новай Польшчы. На Наваградчыне не было вялікіх гарадоў i значных прамысловых устаноў, а малыя гарады мелі ў асноўным гістарычную каштоўнасць. Да 1927 г. найбольш развітым горадам Наваградскага ваяводства быў Слонiм. Лiда стаяла на 3-м месцы пасля Баранавiч, і ў тыя часы на Лідчыне ў прамысловасці працавала ўсяго 338 чалавек. З другой паловы 1927 г. пачалося ажыўленне гаспадарчага жыцця, якое працягвалася да канца 1929 г. У гэтыя часы ў Лiдзе знайшліся ініцыятыўныя людзі, здольныя прыцягнуць неабходны капітал. Гэта былі пераважна прамыслоўцы i гандляры-яўрэi, прыватныя капіталы якіх дазвалялі пашыраць справу. Рашаючую ролю мелі прыватная ініцыятыва i прыватны капітал. У 1927-1929 гадах у Лiдзе пачалі працу новыя прадпрыемствы: млыны, тартакi, кафлярнi (вытворчасці кафлі), хімічная фабрыка "Карона" i фабрыка гумовых ботаў "Ардаль". Таннай, некфаліфікаванай працоўнай сілы было дастаткова. Дзякуючы свайму становішчу на шляху чыгуначных камунікацый Лiда, у адрозненне ад большасці гарадоў Наваградскага ваяводства, мела больш спрыяльныя ўмовы для развіцця. У гэтыя гады па развіцці прамысловасці Лiда выйшла на першае месца ў Наваградскiм ваяводстве.

У 1930 г. у прамысловасці горада працавала каля 800 работнікаў, з якіх 1/3 складалі працаўнікі "Ардаля".

З восені 1932 г. да зімы 1933 г., у гады гаспадарчага крызісу, усталявалася агульная цяжкая эканамічная сітуацыя, што адбілася на становішчы работнікаў. Шмат якія ўстановы спынілі выпуск прадукцыі, вырасла беспрацоўе. У 1931 г. у Лiдзе было зарэгістравана 122 беспрацоўныя, у 1932-1933 гадах колькасць беспрацоўных значна вырасла. Аднак 1935-1939 гады прынеслі значнае паляпшэн-не гаспадарчай сітуацыі. Пачаўся рост прамысловасці. Са збяднелага правінцыяльнага гарадка Лiда пачала ператварацца ў значны прамысловы асяродак. Адначасова з развiццём прамысловасцi расла колькасць насельнiцтва горада. Паводле перапiсу 1921 г., Лiда налiчвала 13 401 жыхара. На працягу 17 год колькасць жыхароў амаль падвоiлася. Паводле статыстыкi, на 17 верасня 1939 г. горад Лiда налiчваў 26257 жыхароў. Рэдактар перадваеннай "Ziemi Lidzkiej" Уладзіслаў Абрамовiч у сваіх краязнаўчых занатоўках, выдадзеных у 1938 г., пісаў: "На сённяшні момант горад мае 15 вялікіх прамысло-вых устаноў, у якіх працуюць каля 3000 працаўнікоў".

Да верасня 1939 г. на тэрыторыi Лiды былi адчынены вялiкiя i сярэднiя прамысловыя прадпрыемствы, усяго каля 50, з іх асноўныя: фабрыка гумовага абутку "Ардаль", фабрыка гумовых вырабаў "Унiгум", 2 фабрыкi сельскагаспадарчых машын i прылад "Бэнланд" i "Поланд", фабрыка дроту i цвiкоў "Дротiндустрыя", фабрыка спружын "Звуй", фабрыка хiмiчных вырабаў "Карона", 2 бровары, 3 фабрыкi цукерак, 3 фабрыкi па вырабу кафлi - "Танур", "Рааф", "Нэшэр", 2 фабрыкi па перапрацоўцы воўны, 2 вытворчасцi алею, 6 тартакоў, 8 млыноў, 8 пякарань, 4 друкарнi i г. д.

З 1920-х гадоў у Паўночным вайсковым гарадку стаяў 77-ы пяхотны, а ў Паўднёвым - 5-ы лётны полк польскага войска.

У 1930-я гады ў горадзе былi наступныя грамадскiя арганiзацыi: Гандлёвы саюз, Польскi гандлёвы саюз, аддзел саюза рамеснiкаў, Саюз вайскоўцаў, Саюз асаднiкаў, Рэгiянальны сельскагаспадарчы саюз. У Лiдзе было 10 прафсаюзаў, у тым лiку: саюз занятых у лесаперапрацоўчай прамысловасцi, медыцынскiх работнiкаў, сельскагаспадарчых працоўных, неквалiфiкаваных работнiкаў, чыгуначнiкаў, працаўнiкоў тытунёвых фабрык, цырульнiкаў, фармацэўтаў, два саюзы рамеснiкаў.

***

Парафiяльны Фарны касцёл Узвіжання Св. Крыжа, заснаваны праз фундацыю караля Уладзіслава-Ягайлы ў 1387 г., пабудаваны кс. Томашам Зянкевiчам у 1765-1770 гг. (глядзi Фарны касцёл). У 1672 г. Нарбуты фундавалi кармелiтам касцёл Св. Казіміра. Кляштар i касцёл ліквідаваны ў 1832 г., а касцельныя муры зруйнаваны ў 1908 г.

Iгнаці дэ Кампа Сцыпiён у 1757 г. перавёў у Лiду з Верэнава пiяраў. Яны залажылi ў Лiдзе калегiум i школу, а на пачатку XIX ст. пабудавалi касцёл Св. Іосіфа. Калегiум быў ліквідаваны, а школа зачынена ў 1832 г. Касцёл згарэў у пажары 1843 г. (глядзi Касцёл Пiяраў). Драўляная каплiца была пабудавана на могiлках у 1804 г.

Царква, якая iснавала пры замку здаўна, у 1533 г. перанесена ў горад i асвечана як царква Св. Юр'я. Апрача гэтай царквы ў XVI ст. былi вядомыя: Св. Яна, Св. Мiкалая (каля рынка), Св. Спаса, Св. Прачыстай (р-н Зарэчча). У XVIІ ст. яны сталi ўнiяцкiмi (грэка-каталiцкiмi). У 1650 г. Ян Казiмiр перадае царкву Св. Спаса праваслаўным. Усе цэрквы знішчаны падчас нашэсця Хаванскага. З канца XVIІІ ст. каля млына адбудавана ўнiяцкая царква Уваскрашэння Гасподняга. На пачатку 20 ст. дзейнічаюць: царква Арханёла Мiхаіла (былы касцёл Пiяраў), драўляная царква на могiлках i ваенная царква раскватараванага 192-га палка пяхоты.

Яўрэйская сiнагога была пабудавана ў 1579 г. Кароль Уладзіслаў IV 28 лютага 1633 г. дазволiў лiдскiм яўрэям рэстаўраваць старую сінагогу i пабудаваць новую. Мураваная сінагога была пабудавана ў 1891 г. i згарэла падчас 2-й сусветнай вайны. Акрамя таго, яўрэi мелi 12 малельных дамоў.

Медыцынскія ўстановы: гарадская бальнiца, вайсковая, чыгуначная, яўрэйская (з 1898 г.).

Таварыства дабрачыннасцi заснавана ў 1896 г., добраахвотная пажарная дружына заснавана ў 1898 г. Заснаванае ў 1904 г. спартыўнае таварыства было зачынена да 1910-х гадоў. Супольная тэрытарыяльная крама (1908 г.), сельскагаспадарчае таварыства (1907 г.).

Установы навучальныя: пасля скасавання пiяраў у 1834 г. створа-на павятовая школа для мяшчан, якая ў 1836 г. была рэфармавана дзеля 3-гадовага навучання шляхты. У 1864 г. была зменена на 2-класную павятовую школу, а ў 1902 г. рэфармавана на 3-класную гарадскую. 2-класная парафiяльная гарадская школа была заснавана ў 1834 г., такая ж жаночая народная школа ў 1886 г. перанесена ў Лiду. Мужчынская яўрэйская талмудычная школа, некалькi хедэраў, прыватная жаночая гiмназія, прагiмназія мужчынская i прагiмназія жаночая.

Першае паведамленне пра гарадскую бібліятэку-чытальню - ад 1897 г. Яна была адкрыта пры чайнай, згодна рашэнню "Лидского уездного комитета попечительства и народной трезвости от 12 января 1897 г.". Фонд бібліятэкі быў невялікі. У 1902 г. была адчынена бібліятэка ў жаночай гімназіі М. К. Навіцкай.

У першай палове XIX ст. Лiда неаднойчы прыцягвала да сябе ўвагу вандроўных тэатральных труп. Найбольш ажыўленай была дзейнасць тэатральных калектываў у 30-40-я гады XIX ст. Гэта трупа Вiкенцiя Вяржбiцкага (арганізатар руска-польскага тэатра ў Мінску ў 40-я гг.), якая іграла на лiдскай тэатральнай пляцоўцы ў 1832 г., трупа Станiслава Навакоўскага, якая наведала Лiду ў кастрычнiку 1840 г. Трупа Станiслава Навакоўскага была адной з найбольш вядомых у Беларусi ў тыя часы. Потым гэты калектыў неаднойчы бываў у горадзе. Акрамя гэтых труп, у XIX ст. Лiду наведвалi калектывы Маеўскага, Грунвальда, Клакоцкага i iнш.

14 красавiка 1941 г. у Лiдзе нарадзiлася зорка польскага кiно i тэатра Поля Ракса (Pola Raksa). Сусветную вядомасць атрымала пасля ролi Зоф'i ў фiльме А. Вайды "Попел". У нас больш вядомая па ролi Марысi з фiльма "Чатыры танкiсты i сабака". У 1960-я гады Поля Ракса - сімвал жаночай прыгажосці Польшчы. Cям'я Раксаў з'ехала з Лiды пасля 2-й сусветнай вайны.

"Лидское слово" - штотыднёвая грамадска-палiтычная i лiтаратурная газета, выдавалася ў Лiдзе з 30.11.1912 г. па 31.05.1913 г. на рускай мове. Друкавала апавяданнi, нарысы і вершы мясцовых аўтараў. "Kurier Lidzki" i "Wiadomosci Lidzke" выдавалiся ў 1922 г. непрацяглы час. "Zіemia Lidzka" - краязнаўчы часопiс, выходзіў у 1936-39 гг. пад рэдакцыяй Уладзiслава Абрамовiча. Змяшчаў матэрыялы па гiсторыi i тагачасным жыццi Лiдчыны і выйшаў 35-цю нумарамi. Выдавалiся таксама яўрэйскiя газеты "Lider Wochenblatt" (з 1929), "Lider Woch" (1932) i "Lider Leben" (1936). У газеце "Wieczorny kurjer Grodzienski" была калонка Ліды, у якой друкавалася гарадская хроніка. Першы нумар гэтай газеты выйшаў 1 чэрвеня 1932 г.

Горад мае даволi незвычайнае тапаграфiчнае размяшчэнне. Асноўны гiстарычны раён займае невысокую пляцоўку памiж балоцiстымi рэчышчамi невялiкiх рачулак Лiдзеi i Каменкi, у той час як гарады ўзнiкалi большай часткай на ўзвышшах. Лiда адносiцца да паселiшчаў, якiя набылi памеры i статус горада ў познiм сярэднявеччы, а менавiта - у XV-XVI стст. Верагодна, штуршком да больш iнтэнсiўнага развiцця паселiшча стала пабудова мураванага замка.

Сярэднявечная Лiда складалася з замка, княжацкага двара, самаго горада з падзамчышчам i Зарэчча. Княжацкi двор, цi замкавы фальварак (як яго называлi яшчэ ў XVIII ст.), месцiўся над ракой Каменкай, на паўночны захад ад замка. Каля яго былi млын (аб iм згадваецца ў iнвентары 1680 г.), вiнакурня i гаспадарчыя пабудовы. Само "месца" ляжала на поўнач ад замка. Яго гiстарычны цэнтр - рынак, ад якога адыходзiлi ўсяго 4 вулiцы: Вiленская - да Вiльнi, Замкавая - да замка, Каменская - да ракi Каменкi i далей да Гароднi, Крывая - злучала вулiцу Каменскую з рынкам, яе працяг ад Каменскай да замка ў пачатку XIX ст. насiў назву Нова-Кармелiцкая. У горадзе было каля 250 будынкаў. Зарэчча налiчвала ўсяго некалькi дзясяткаў дамоў аж да канца XIX ст. З XVII ст. замак атрымаў дадатковае ўмацаванне - штучнае возера, якое прыкрывала яго з усходу. Гэтае возера прысутнiчае на малюнках Лiды XVIII-XIX стст. i нават на паштоўцы пачатку XX ст.

У канцы XVIII стагоддзя за Фарным касцёлам з'явілася вул. Дваровая. У 1839 г. Віленская і Замкавая вуліцы былі выбрукаваны. З 1892 г. рынак пачаў называцца Базарнай плошчай. Да ранейшых вуліц: Віленскай, Дварцовай, Замкавай, Каменскай і Крывой - дадалася Аляксандраўская, з'явілася 9 завулкаў: Завальны, Лідскі, Камерцыйны, Паліцэйскі, Садовы, Шкляны, Гандлёвы, Школьны і Яраслаўскі. У мікрараёне Ферма яшчэ няма ні аднаго дома, але вуліцы ўжо абазначаны.

У сярэдзіне XIX стагоддзя Ліда - гэта "адна доўгая вуліца Віленская, якая праходзіць па ўсёй даўжыні горада на працягу вярсты. Папярок другая вуліца - Каменская, па баках вуліцы кароткія: Сенатарская і Крывая - і, нарэшце, рынак, на якім прадаюцца розныя прадукты". На плане горада, складзеным пасля пажару 1842 г., бачна, што гарадская тэрыторыя прасунулася на поўнач уздоўж Віленскай дарогі і на захад уздоўж дарогі на Гродна. Вуліца Паштовая ў 1892 г. стала Паліцэйскай.

Праз 10 гадоў, у 1903 г., у Лідзе 14 вуліц: Аляксандраўская, Віленская, Дваранская, Замкавая, Каменская, Камерцыйная, Крывая, Лідская, Паліцэйская, Пастаўская, Садовая, Сядлецкая, Шкляная, Гандлёвая і 10 завулкаў: Аляксандраўскі, Завальны, Замкавы, Лідскі, Чырвоны, Крупскі, Міхайлаўскі, Гандлёвы, Школьны і Яраслаўскі; дзве плошчы: Базарная і Школьны двор. У 1906 г. з'явіліся дзве новыя вуліцы: Вакзальная і Школьная - і два завулкі: Моргаўскі і Сянны. Перад Першай сусветнай вайной, у 1913 г., у Лідзе 17 вуліц і 11 завулкаў; дадалася Крупская вуліца, якая вырасла з Крупскага завулка.

На пачатак ХХ ст. горад цалкам запоўніў міжрэчча Лідзейкі і Каменкі. Вакол горада аформіліся тры прадмесці: Пастаўшчына з вадзяным млыном - 204 жыхары, з іх 118 мужчынскага полу і 96 жаночага, Куроўшчына - 250 жыхароў (130 і 120), Каменка - 108 жыхароў (52 і 56); засценак Закасанка - 612 жыхароў (318 і 294) з 25 дзесяціны зямлі; ваколіца Вісманты - 155 жыхароў (73 і 82) з 125,5 дзесяціны зямлі; вёска і фальварак Зарэчча - 141 жыхар (69 і 72) з 161 дзесяцінай зямлі. Вёскі Дварцовая Слабада - 328 жыхароў (166 і 162) з 19 дзесяцінамі зямлі, Раслякі - 61 жыхар (32 і 29) з 123 дзесяцінамі, Навапрудцы з вадзяным млыном Садоўскага - 388 жыхароў (108 і 116) з 183 дзесяцінамі, Лайкаўшчызна - 40 жыхароў (20 і 20) з 46 дзесяцінамі, засценак Мастоўшчына - 35 жыхароў (16 і 19) з 52 дзесяцінамі зямлі.

У 1930-я гг. горад актыўна забудоўваўся, з'явіліся дзясяткі новых вуліц на Слабадзе, на Кашарах, Песках, на Выгане, на Зарэччы. У канцы 1938 г. ў горадзе 110 вуліц. Да Рынка і Школьнага двара дадалася плошча Славы (Chwaly) на перасячэнні Замкавай і Сувальскай. Паблізу скрыжавання вуліц Сувальскай і 3-га Траўня аформіўся невялікі сквер Збаўцы (Zbawiciela).

З большага, гiстарычныя назвы вулiц захавалiся да 1920-х гг. На пачатку 1920-х гадоў вулiцы горада былi перайменаваны. Вiленская атрымала назву Сувальскай. Каменская вулiца атрымала назву 3-га Мая, у гонар Канстытуцыi 1794 г. Замкавая i Крывая захавалi свае назвы, а Зарэчча стала Вызваленнем. Былi перайменаваны i многiя iншыя вулiцы. 26 мая 1955 г. рашэннем гарвыканкама зацверджаны спiс новых найменняў вулiц горада. У спiсе 166 вулiц, з iх 100 перайменаваныя. З гэтымi назвамi вулiц Лiда жыве і сёння.

Апошні раз вуліцы горада былі перайменаваны ў 2010 г. У горадзе з'явіліся вуліцы Грунвальдская і Замкавая, а таксама бульвар Гедыміна і праспект Перамогі. Вуліца Грунвальдская з'явілася на ўчастку былой вуліцы Энгельса, ад Савецкай ля Фарнага касцёла да перасячэння з вуліцай Радзюка каля старых каталіцкіх могілак. Вуліца Замкавая змяніла сваё размяшчэнне. Дамы адной з самых старых вуліц горада - Замкавай - знеслі і вуліца знікла, вызвалілася месца для новага возера. У Замкавую вуліцу перайменавалі частку вуліцы Камсамольскай ад Фарнага касцёла да вуліцы Перамогі. Пешаходную вуліцу ад аўтавакзала да замка (былую Чапаева)перайменавалі ў бульвар князя Гедыміна. Таксама ў горадзе з'явіўся праспект Перамогі.

* * *

Лідчына, як і ўвогуле Вiленшчына, для многіх мастакоў была крыніцай натхнення і месцам мастацкага сталення. Цікавае гістарычнае мінулае, прырода вабілі такіх майстроў пэндзля і алоўка, як Ю. Пешка, В. Гразноў, В. Дмахоўскі, М. Кулеша, Н. Орда, Я. Драздовіч. Што тычыцца Ліды, то гэтаму спрыяла і выгаднае геаграфічнае становішча: побач Гародня, Вільня, Наваградак - першая сталіца ВКЛ.

Адзін з першых малюнкаў Лідскага замка i горада належыць Юзэфу Пешку (1767-1831), польска-беларускаму мастаку. Ю. Пешка - прадстаўнік акадэмічнага класіцызму, асноўнага накірунку ў мастацтве Рэчы Паспалітай у канцы XVIII - пачатку XIX ст.

Існуе малюнак Ліды Міхала Кулешы (1795 (1800) - 1863), які змешчаны ў альбоме, які выдаў Юзэф Крашэўскі.

Літаграфія краязнаўца, малявальшчыка, даследчыка стара-жытнай беларускай архітэктуры, матэрыяльнай культуры і мастацтва В. Гразнова (? - 27.2.1909 г.) "Выява Лідскага замка 14 ст." захоўваецца ў Эрмітажы. В. Гразноў намаляваў замак з паўднёва-заходняга боку. Малюнак датуецца другой паловай XIX ст., і гісторык Алег Трусаў лічыць, што найбольшай дакладнасцю вызначаецца менавіта карціна В. Гразнова.

Н. Орда намаляваў Лідскі замак, суправадзіўшы літаграфію гістарычнай даведкай: "Вельмі старажытнае мястэчка, руіны замка, пабудаванага вялікім князем Літоўскім Гедымінам у 1323 г. У замку бывалі вялікія князі Вітаўт, Ягайла, Аляксандр Ягелончык. Тут пражываў Тахтамыш - хан татарскі. Старастам Ліды быў Хаджы Гiрэй - пазней хан крымскі. Замак разбураны ў вайну са шведамі".

У 1929 г. Язэп Драздовіч выдаў альбом "Ліда". Ён занатаваў: "Учора і сёння меў прыемнасць аглядаць велічава прыгожыя муры, як старажытнейшы помнік нашай краёвай беларускай архітэктуры".

У музеях і прыватных калекцыях ёсць шмат цікавых фотаздымкаў Ліды канца XIX ст. - пачатку XX ст. З пачатку XX ст. выдаваліся паштоўкі з відамі г. Ліды, гэта:

некалькi камплектаў паштовак да 1914 г.;

вялікая колькасць паштовак Ліды пры нямецкай акупацыі ў 1915-18 гг.;

некалькi камплектаў паштовак у час, калі Ліда ўваходзіла ў склад Польскай дзяржавы;

у розныя часы адзіночныя паштоўкі горада.

Агульную колькасць гістарычных паштовак Ліды таго часу прыблізна можна вызначыць у 250-300 адзінак.

У 1917 г., пры нямецкай акупацыі, выйшла кніга "Лiда ўчора i сёння" з 25 малюнкамі горада.

* * *

22-23 чэрвеня 1941 г., пасля бомбавых удараў i пажараў, культурна-гiстарычны цэнтр горада перастаў iснаваць, засталiся касцёлы, замак, але памiж двума касцёламi (Фарным i Пiяраў) не захавалася нiводная пабудова. Вось як апiсвае ранiцу 24 чэрвеня Е. Ярмонт у сваiх мемуарах: " ... Знiкла бiблiятэка, куды я часта заглядвала, i гатэль, дзе я нi разу не была, быццам растварылася ў паветры маленькая кнiжная крама панi Шкоп разам са школьнымi падручнiкамi. ...Знiклi кiнатэатры з непранумераванымi месцамi, дзе можна было праглядзець некалькi сеансаў запар. Зруйнавалicя ўсе крамы, вялiкiя i малыя, тыя самыя, з элеганцкiмi вiтрынамi, аб шкло якiх расплюшчвалiся нашыя насы ў захапленнi ад шакаладных зайчыкаў, баранак i яек з сюрпрызамi ўнутры. I тыя, з абуткам, у якiх прадавец садзiў маленькага клiента на столiк i, стоячы на каленях, прымяраў яму некалькi пар боцiкаў. ... Перасталi iснаваць крамы вопраткi, дзе прадавец сам адзяваў клiента, расхвальваючы тавар так, што кожная наступная рэч, па яго меркаванні, была больш шыкоўная ... толькi ва ўcпамiнах засталicя тэкстыльныя крамы, гаспадары якiх сустракалi кожнага патэнцыйнага пакупнiка шмат разоў пакланiўшыся i асабiста праводзiлi да дзвярэй, запэўнiваючы ў сваёй гатоўнасцi служыць i далей. А гэтыя мясныя крамкi, каля якiх немагчыма прайсцi з-за пахаў ... гэты мiр знiк ... па абодва бакі вул. Сувальскай... узвышалiся высокiя завалы з абпаленай цэглы i жалеза".

Замак

Пачынаем з малюнкаў, звязаных з нашым замкам, бо ён - сэрца і пачатак горада, галоўны архітэктурна-гістарычны помнік і гонар Ліды.

Лiдскi замак - помнiк абарончага дойлiдства 14 ст., пачатак яго будаўніцтва адносяць да 1323 г. Уваходзiў у лiнiю умацаванняў Навагрудак-Крэва-Меднiкi-Трокi. З пункту гледжання архітэктуры ён спалучае рысы раманскага стылю i ранняй готыкi. Пабудаваны на пясчаным узгорку (вышэй 5-6 м) і быў абкружаны балоцістымі берагамі рэк Лiдзеi i Каменкі i ровам шырынёй каля 20 м, які злучаў абедзве рэчкі i аддзяляў замак ад горада. Пазней, у 17 ст., у сiстэму замкавых умацаванняў было ўключана штучнае возера.

Замак у плане - няправiльны чатырохвугольнiк (бакi каля 80 м) з 2 вуглавымi вежамі. Сцены на невысокiм падмурку (70-80 см) маюць таўшчыню: унiзе - 2 м, уверсе - 1,5 м. Верхняя частка сцен з баявой галерэяй i байнiцамi вымуравана з цэглы. Вонкавыя паверхні сценаў пабудаваны з вялікіх валуноў, прамежкi памiж якiмi запоўнены каменнымi клiнамi і забудовай з дробных камянёў.

У 1-й палове 14 ст. пабудавана квадратная ў плане (9х9 м) паўднёва-заходняя вежа. Другая, паўночна-ўсходняя, вежа была пабудавана ў канцы 14- пачатку 15 ст. і мела арачны ўваход з двара i лесвiцу шырынёй 1 м. У замак вялi 3 уваходы - 2 ва ўсходняй сцяне i 1 у паўднёвай.

На працягу 14-18 стст. у вынiку шматлiкiх аблог былі часткова разбураны вежы i ўнутраныя пабудовы замка, захаваліся рэшткi абарончых сцен i веж.

На той час замак атрымаў дадатковае ўмацаванне - штучнае возера, якое прыкрывала яго з усходу. Гэта возера ёсць на планах і малюнках XVIII-XIX стагоддзяў.

Замак з'яўляўся дзяржаўнай маёмасцю і ахоўваўся мясцовай шляхтай. Тут знаходзіліся склады зброі, стаяў гарнізон, у паўночна-ўсходняй вежы была турма.

Гісторыкі XIX стагоддзя сцвярджаюць, што ў 1638 годзе гараджане атрымалі дазвол збудаваць унутры замка склеп для захавання земскіх актавых кніг. Трэба аднак зазначыць, што пры археалагічных даследаваннях рэшткі склепа выявіць не ўдалося. Магчыма, архіў месціўся ў вежах. Да канца XVIII стагоддзя тут адбываліся гарадскія суды.

Пра побыт насельнікаў Лідскага замка ў XVI-XVII стагоддзях расказваюць знаходкі археолагаў: вялікая колькасць кафлі, кухоннага і сталовага керамічнага посуду, вырабаў з металу, каменю і косці. Асабліва ўражвае пячная кафля, якой тут некалькі тысяч фрагментаў.

Як ужо адзначалася вышэй, воіны жылі ў драўляных казармах, прыбудаваных да каменных замкавых муроў. Жылыя будынкі ў асноўным мелі форму выцягнутых прамавугольнікаў, падзеленых перагародкамі на асобныя памяшканні. У кожным пакоі стаяла кафляная печ. Падчас шматлікіх аблог замка і пажараў драўляныя пабудовы гарэлі, а печы разбураліся. Але насельнікі замка хутка зноў аднаўлялі сваё жыллё на старых каменных падмурках, а разбітыя кафлі ішлі на адбудову новых печаў.

Не апраўдаліся таксама меркаванні тых гісторыкаў XIX стагоддзя, якія лічылі, што на месцы замка раней было паселішча. Нарбут абследаваў руіны ўмацавання ў самым канцы XVIII стагоддзя і пакінуў звесткі, што ў адной з кутніх вежаў былі шыкоўныя залы і пакоі на верхнім паверсе, на ніжнім - судовая і архіўная ''ізбы'', а таксама турма.

Замак па інвентарах складаў дзяржаўную ўласнасць, падтрымліваўся і ахоўваўся мясцовай шляхтай і служыў для розных мэт, а менавіта: сховішчам для навакольных жыхароў пры з'яўленні непрыяцеля, складам зброі, месцам для пасяджэння судоў і збору павятовых соймікаў, турмой і да т. п. У 1568 г. лідская шляхта прасіла караля Жыгімонта Аўгуста "абы суды земские в оном повете Лидском отправованы были в замку, а не по корчмам на месте". Кароль задаволіў гэтую просьбу паводле Статуту і з тых часоў да найпозняга часу пасяджэнні земскага суда адбываліся ў замку. Яшчэ ў канцы XVIII ст. у развалінах адной з вежаў замка былі бачныя сляды пасяджэнняў. Для захоўвання кніг Лідскага земскага суда ў 1638 г. было дазволена абсталяваць у замку, пры сцяне, склеп за кошт мясцовых абывацеляў. Тут актавыя кнігі захоўваліся да часоў Станіслава-Аўгуста. Турма змяшчалася ў сутарэнным паверсе паўночна-ўсходняй вежы. Сляды турмы бачныя тут да цяперашняга часу. На існаванне замкавай турмы яшчэ ў пачатку XVII ст. паказвае, між іншым, прысуд Лідскага гарадскога суда ад 8 студзеня 1607 г., якім пан Шчасны Рэксць быў абавязаны «за примовку и налаяне пану Езеашу Сумороковичу тутъ в замку выконать».

Лідчына і Лідскі замак былі крыніцай натхнення і месцам мастацкага сталення для многіх мастакоў. Цікавае гістарычнае мінулае і прырода вабілі такіх майстроў пэндзля і алоўка, як Ю. Пешка, В. Гразноў, В. Дмахоўскі, М. Кулеша, Н. Орда, Я. Драздовіч.

Адзін з першых малюнкаў з выявай Лідскага замка i горада належыць польска-беларускаму мастаку Юзэфу Пешку (19.02.1767, Кракаў, - 4.09.1831). Гэта каштоўнейшая акварэль паказвае замак і горад у пачатку 19 ст., на ёй бачна штучнае возера вакол маляўнічых руін замка, на поўнач ад муроў - будынак прыходскага касцёла, узведзены ў 1770 годзе на месцы старога драўлянага. Гарадской забудовы вакол замка яшчэ няма. 'Лiдскi замак'. Малюнак Міхала Кулешы (1800?-1863). Малюнак зроблены прыкладна ў 1825 г. і быў надрукаваны ў альбоме, выдадзеным Юзафам Крашэўскім. 'Лiдскi замак'. Напалеон Орда. Літаграфія сярэдзiны XIX cт. Мастак занатаваў у альбоме: 'Вельмi cтаражытны горад. Руiны замку, пабудаванага Вялiкiм Лiтоўскiм Князям Гэдзiмiнам ў 1323 г. У гэты замак прыязджалi Вялiкiя Князі Вiтаўт, Ягайла, Аляксандр Ягелончык. Тут жыў татарскi хан Тахтамыш, лiдскiм старастам быў Хаджi Гiрэй (потым Крымскi хан). Замак разбураны шведамi каля 1710 г.'. Літаграфія зроблена ў 'рамантычным' стылі і таму мае шмат недакладнасцяў. Так, паўночна-ўсходняя вежа паказана круглай і выступаючай за лінію муроў, чаго ў сапраўднасці не было. Вельмі недакладна паказаны і верхнія часткі сцен. Малюнак з выявай замка нашага земляка Вінцэнта Дмахоўскага (1807-1862). Па заказе археолага, гісторыка і этнографа Яўстаха Тышкевіча ў 1853 г. Дмахоўскі напісаў серыю відаў руін беларускіх замкаў. Сярод іх ёсць і малюнак з выявай Лідскага замка, з якога, відавочна, зроблена добра вядомая гравюра 'Разваліны замка ў Лідзе', змешчаная ў 3-м томе знакамітай 'Жывапіснай Расіі'. Серыю малюнкаў Дмахоўскага з выявамі літоўскіх замкаў успамінае Адам Кіркор у кнізе 'Літоўскія старажытнасці': 'Віленская губерня - цэнтр старажытнага Літоўскага Княства багаты на помнікі мінулага. Дзякуючы таленавітаму мастаку Вінцэнту Дмахоўскаму, нам удалося прадставіць хоць некалькі з гэтых помнікаў'. 'Лiдскi замак'  мастака  В. В. Гразнова  (?-12.03.1909). Мастак замаляваў замак з паўднёва-заходняга боку. Малюнак датуецца другой паловай 19 ст. Беларускі археолаг Алег Трусаў лічыць, што гэта найбольш дакладны з навуковага боку малюнак з выявай замка: 'Найбольшай дакладнасцю вызначаецца карціна Васіля Гразнова, дзе паказаны асобныя дэталі забудовы, у тым ліку і адзін з данскераў на ўсходняй сцяне. На той час рэшткі вежаў ужо былі ніжэйшымі, а штучнае возера пачало зарастаць чаротам'. Выкладчык малявання Віленскай гімназіі, вядомы мастак і даследчык даўніны Васіль Васільевіч Гразноў у час сваіх падарожжаў замаляваў шмат помнікаў Беларусі і знайшоў знакамітае 'Тураўскае Евангелле'. Лiдскi замак у 1917 г. У 1917 г. пры нямецкай  акупацыі выйшла кніга 'Лiда ўчора i сёння'з 25 малюнкамі горада. У 1929 г. беларускі мастак Язэп Драздовіч выдаў альбом 'Ліда'. Ён занатаваў: 'Учора і сёння меў прыемнасць аглядаць велічава прыгожыя муры, як старажытнейшы помнік нашай краёвай беларускай архітэктуры'. У 1929 г. беларускі мастак Язэп Драздовіч выдаў альбом 'Ліда'. Ён занатаваў: 'Учора і сёння меў прыемнасць аглядаць велічава прыгожыя муры, як старажытнейшы помнік нашай краёвай беларускай архітэктуры'. У 1929 г. беларускі мастак Язэп Драздовіч выдаў альбом 'Ліда'. Ён занатаваў: 'Учора і сёння меў прыемнасць аглядаць велічава прыгожыя муры, як старажытнейшы помнік нашай краёвай беларускай архітэктуры'. Язэп Драздовіч. На гэтым малюнке бачны дзве прыгожыя сaсны, аб якiх у горадзе расказвалi легенды. Казалi, што гэта сёстры-князёўны, зачараваныя чарна-кнiжнiкам, цi што гэта два святары, забiтыя паганцамі (і сапраўды, у 1369 г. манахаў-францысканцаў пазабівалі паганцы). Казалi таксама, што пад соснамi ляжыць старажытны рыцар, якi абавязкова абудзiцца ў час вялiкай бяды і будзе баранiць наш край, цi тое, што гэтыя дрэвы будуць плакаць крывавымi слязьмi, калi наша Радзiма трапіць у бяду. Першай гэту прыгожую легенду запісала і надрукавала вядомая даследчыца - этнограф Амелія Даравінская (1863-1891), вядомая пад псеўданімам Бірута, у працы 'Сосны ў Лідзе'. Потым гэтая легенда неаднаразова пераказвалася ў розных працах і мемуарах жыхароў горада.





Замак на пачатку XX ст.

Жыхар горада Ліды Януш Сегень у сваіх мемуарах «Успаміны пра Ліду канца ХІХ стагоддзя» так апісваў наш замак: «...развалены даўнейшы замак, сцены высокія, можа якіх з 10 метраў, а таўшчыня каля асновы недзе 1,5 м паводле сённяшніх мераў. ...На пагорку стаяў замак, а вакол яго багна (балота, гразь) і млынарскі стаў, вадзяны млын стаяў над рэчкай Лідзейкай».

Канец XIX стагоддзя стаў для замка трагічным. У 1891 годзе Ліда згарэла, прычым агонь спляжыў самы цэнтр яе, разам з будынкам ратушы, узведзеным у XVIII стагоддзі. Мясцовыя гарадскія ўлады, не разумеючы гістарычнай каштоўнасці замка, наладзілі разборку і распродаж муроў, выкарыстоўваючы іх для адбудовы горада. З адхонаў замкавага пагорка сталі браць пясок. Тады былі амаль цалкам знішчаны рэшткі паўднёва-заходняй вежы і разабрана частка заходняй сцяны. Толькі ўмяшанне археалагічнай імператарскай камісіі з Пецярбурга спыніла гэты вандалізм.

У канцы XIX стагоддзя былі зроблены і першыя фотаздымкі Лідскага замка, якія аздобілі некаторыя тагачасныя паштоўкі. Параўноўваючы іх, можна заўважыць, што разбурэнне муроў працягвалася.

У 1909 годзе для частковай кансервацыі старажытнага ўмацавання былі адпушчаны невялікія сродкі - 943 рублі. Будаўнікі раскідалі ненадзейныя месцы муроў, а паверхні сцен абмазалі цэментнай рошчынай.

На дрэнную якасць кансервацыйных работ скардзіліся сучаснікі. У 1911 годзе беларускі археолаг Вандалін Шукевіч пісаў, што будаўнікі замуравалі байніцы на паўночнай сцяне, а цэментная штукатурка на сценах стала прыцягваць вільгаць, што разбурала вонкавыя паверхні муроў.

Замак і горад у пачатку XX ст. Знак 'AFW' па паштоўцы сведчыць, што яна надрукавана выдавецтвам Кагана К. і Шэйнгальда М. Усходняя сцяна, выгляд замка знутры. Паўднёва-ўсходняя частка замка. Паўночна-заходні бок замка.





Замак у 1915-1918 гг.

Лета 1914 г. выдалася неверагодна спякотным, тэмпература паветра набліжалася да 40°. І менавіта ў гэтае спякотнае лета пачыналася Першая сусветная вайна. 28 ліпеня 1914 года Аўстра-Венгрыя аб'явіла вайну Сербіі. 29 ліпеня Расія аб'яўляе частковую мабілізацыю, у Лідзе яна пачалася 30 ліпеня. Вось як апісвае пачатак вайны адзін з лепшых знаўцаў гісторыі Лідчыны і непасрэдны сведка падзей Міхал Шымялевіч: "На вуліцы Віленскай (зараз Савецкая - Л. Л.) горада сабраліся групкамі гараджане, яны чыталі толькі што атрыманыя з цягніка газеты і, кожны на свой капыл, каментавалі бягучую сітуацыю ў свеце. Мабілізацыя яшчэ не пачалася, і агульным перакананнем было тое, што Расія толькі робіць дэманстрацыю сваёй магутнасці, а насамрэч вайны не будзе, бо ніхто яе не хоча. …Над Лідай, выконваючы вучэбны палёт, нізка кружыў аэраплан «Фарман». Ён зрабіў кола над рынкам (сучасная плошча Леніна - Л. Л.) і паляцеў на ўсход. Раптам аэраплан стаў хутка зніжацца і падаць. Натоўп зявак, думаючы, што аэраплан упадзе каля рэчкі Лідзейкі, кінуўся ў бліжэйшыя завулкі - Шкляны, Камерцыйны, Паліцэйскі (яны вялі ў бок рэчкі - Л. Л.). Але пілот выраўнаваў машыну, і яна зноў узвілася пад аблокі. Зявакі пачалі вяртацца да цэнтру, і якраз у гэты час па Віленскай вуліцы на дрожках да паліцэйскай управы імчаўся, трымаючы ў руцэ дэпешу, павятовы паліцэйскі спраўнік Гротэ дэ Буко. Адразу вуліца зразумела: мабілізацыя! У імгненне вока вуліца апусцела. Да позняй ночы горад не спаў. Кожны зразумеў, што вайна непазбежна і нікога яна не абміне". Пасля абвяшчэння мабілізацыі замак стаў мабілізацыйным пунктам, дзе збіралі прызыўнікоў.

Пасля шэрагу цяжкіх паражэнняў расійскіх войск 10 верасня 1915 года нямецкія войскі ўваходзяць у Ліду.

Падчас акупацыі была выпушчана вялікая колькасць паштовак з выявамі горада, у тым ліку і замка.

Аэраплан 'Фарман' на Лідскім аэрадроме. Можа, менавіта ён кружыў над горадам у дзень пачатку мабілізацыі. Нямецкія войскі ідуць па вуліцы Віленскай (зараз тут магазін 'Дамавіты') у напрамку Лідскага замка. Уваход у замак. Паўночна-заходні бок замка. Паўночная сцяна замка. Паўночна-усходні бок замка і калодзеж. Паўднёва-ўсходняя частка замка і нямецкі афіцэр з сабакам.





Замак у 1920-1930-я гг.

Згодна з Рыжскім мірным дагаворам 1921 г., Беларусь была падзелена на дзве часткі, горад Ліда адышоў да Польшчы. За часы ваеннага ліхалецця жылы фонд горада прыйшоў у заняпад, шмат дамоў было разбурана. Напрыклад, падчас так званай «Бітвы на Нёмне» ў 1920 г. баі ў межах горада ішлі нават з выкарыстаннем артылерыі.

У Лiдскiм замку працавалі польскiя рэстаўратары, яны крыху паднавiлi ягоныя муры. Яшчэ да пачатку работ былі абсталяваны цір, дзіцячыя горкі, драўляныя слупы асвятлення і ўсе іншыя пабудовы. Былі злучаны каменнай агароджай заходняя i паўднёвая сцены, часткова заложаны разбураны паўднёва-ўсходнi кут I замураваны бакавыя ўваходы. Кіраваў работамі архітэктар Тэадор Буршэ, які раней пабудаваў у горадзе дом «на чатыры сям'і» (двух-павярховы дом за сучасным басейнам), які і зараз прыемна ўражвае сваім выглядам.

Улетку ў замку часта спыняўся ван-дроўны цырк альбо звярынец, ладзіліся розныя спартыўныя і культурныя мера-прыемствы, а зiмой пасярэдзiне двара ставiлi ёлку i залiвалi каток.

На лядовым катку ў замку, 1930-я гг. Каля замка Гедымiна. Уваход у замак у 1930 г. Відарыс горада з муроў замка. Відарыс горада з муроў замка.





Рыначная плошча

Рыначная плошча - старажытнае сэрца горада, археолагі кажуць, што археалагічны культурны слой тут дасягае 2 метраў. На гэтым месцы спрадвеку ішоў гандаль, гандлёвым днём быў панядзелак. Менавіта тут стаяла ратуша - будынак, у якім размяшчаліся органы гарадскога самакіравання.

Справа ў тым, што, як і ўсе еўрапейскія гарады, Ліда мела самакіраванне, карысталася Магдэбургскім правам, якое атрымала 17 верасня 1590 г. Кароль Станіслаў-Аўгуст прывілеем 1788 г. дараваў гораду пляц зямлі для пабудовы на ім ратушы. Будынак гэты, пабудаваны ў XVIII ст., стаяў на Рыначнай плошчы і быў упрыгожаны порцікам з калонамі. Пры ім існавала старадаўняя драўляная пабудова ў гатычным стылі. Сам будынак у XIX ст. служыў вайсковай гаўптвахтай, а прыбудова - адрынай у пажарных. Вялікі пажар 1891 г. сярод іншага знішчыў і будынак былой Лідскай ратушы (у гэтым пажары цалкам згарэла ўся цэнтральная частка горада: 400 жылых дамоў і да 600 халодных пабудоў). Зараз беларускія гарады аднаўляюць свае былыя ратушы, напрыклад, зноў адбудаваны ратушы ў Мінску, Магілёве, Мсціслаўлі. Добра было б аднавіць будынак ратушы і ў нашым горадзе.

Уяўленне пра Рыначную плошчу і яе ваколіцы ў XIX ст. даюць успаміны былога жыхара горада Януша Сегеня: "Рынак... за аптэкай злучаецца з вуліцай Віленскай. Аптэка была ў доме пана Пясецкага, дом мураваны, двухпавярховы. На тым кавалку рынку, які прылягаў да вуліцы Віленскай, быў адгароджаны невялікі пляц, а на ім невялікі дом для варты - «каравульны будынак». Перад ім, пры самай вуліцы, стаялі паходная вайсковая каса і палкавы сцяг. Гэта пляцоўка была брукаваная і ўтрымоўвалася вельмі чыстай...

Насупраць плошчы, каля рынку, па левым баку вуліцы былі пляц і драўляны, але вельмі прыгожы дом, вялікі падворак у кветках і ружах, быў там таксама і сапраўдны, жывы, нават ненавязаны воўк, пострах для ўсіх дзяцей... Быў гэта дом пана Будкевіча, маршалка дваранскай апекі".

У 1920-30-я гады на Рыначнай плошчы было шмат самых розных крам, тут віраваў гандаль. Цэнтр горада разам з Рыначнай плошчай цалкам згарэў 22 чэрвеня 1941 г.

***

М. Шымялевіч пісаў, што, па сведчанні дакументаў XVII ст., г. Ліда ў старажытнасці складаўся з замка, двара, уласна горада, прадмесця Зарэчча (зараз р-н вул. Калініна). Замак быў абкружаны з трох бакоў вадою р. Лідзеі і раўчука Каменкі, а з чацвёртага боку - глыбокім ровам, цераз які быў перакінуты пад'ёмны мост. Замак быў дзяржаўнай уласнасцю, падтрымліваўся і ахоўваўся мясцовай шляхтай і служыў для розных мэт, а менавіта: сховішчам для навакольных жыхароў пры з'яўленні непрыяцеля, складам зброі, месцам для пасяджэння судоў і збору павятовых соймікаў, турмой і да т. п. У 1568 г. лідская шляхта прасіла караля Жыгімонта Аўгуста, «абы суды земские в оном повете Лидском отправованы были в замку, а не по корчмам на месте». Кароль задаволіў гэтую просьбу паводле Статуту, і з тых часоў да найпозняга часу паседжанні земскага суда (земскі суд - шляхецкі саслоўны суд у павеце, разгляду ў земскім судзе падлягалі крымінальныя справы шляхты) адбываліся ў замку. Яшчэ ў канцы XVIII ст. у развалінах адной з вежаў замка былі бачныя сляды пасяджэнняў. Двор, або замкавы фальварак, яшчэ ў XVII ст. быў размешчаны за замкам, над раўчуком Каменкай, г. зн. на тым самым месцы, дзе потым быў раён горада, які называўся Ферма (ад замка на поўнач). Інвентар 1680 г. згадвае млын, які належаў да Лідскага замкавага фальварка і быў размешчаны на р. Лідзеі.

Сам горад быў размешчаны толькі ў адзін бок ад замка. Па асобных актах XVII ст. горад меў рынак і каля яго школьны двор, а таксама чатыры вуліцы. У XV-XVII стст. у Лідзе сфарміравалася тыповая для беларускіх гарадоў планіровачная структура з двума цэнтрамі: замак i Рыначная плошча з ратушай, злучаныя вуліцай. Вуліца, якая ішла каля замка, звалася Замкавай. Другая вуліца, якая выходзіла на дарогу ў Вільню, звалася Віленскай (зараз - Савецкая). Трэцяя вуліца, якая пачыналася ад Замкавай і выходзіла на дарогу ў м. Васілішкі і Астрыну, ад назвы раўчука Каменкі звалася Каменскай (зараз - Ленінская). Чацвёртая вуліца - Крывая (не захавалася) - злучала рынак з вуліцай Каменскай. Працяг вуліцы Крывой ад Каменскай да замка, уладкаваны ў пачатку мінулага стагоддзя, зваўся да найноўшага часу Нова-Кармеліцкай вуліцай.

Уся зямля, цяпер занятая горадам, першапачаткова складала ўласнасць вялікага князя і належала да Лідскага замкавага двара або фальварка; але пачынаючы з XVI ст. некаторыя часткі гэтага абшару пераходзяць у прыватную ўласнасць. Так, напрыклад, у 1566 г. Павел Рошчым атрымаў ад караля Жыгімонта Аўгуста прывілей на два пляцы ў Лідзе, у 1589 г. Аляхновічу было дадзена пацверджанне на куплю ім таксама двух пляцаў у Лідзе, у 1591 г. Рафаіл Алешыс Згірскі атрымаў прывілей на адзін пляц і г. д. Раздача пляцаў адбывалася і ў больш позні час. Так, напрыклад, да 1785 г. кароль Станіслаў Аўгуст выдаў прывілей Паўлу і Ганне Канапніцкім на пляц па Замкавай вуліцы, а ў 1787 г. там жа - Яну Ромеру. Такім чынам у горадзе ўтварыліся цэлыя асобныя кварталы, якія належалі ў XVII-XVIII стст. Куроўскім, Францкевічам, Радзімінскім, Калясінскім і інш. і аддаваліся імі яўрэям і мяшчанам на правах вечнага чыншу (арэнды).

Рынкавая плошча з боку вуліцы Віленскай (Савецкай). Рыначная плошча на пачатку XX ст. Рыначная плошча на пачатку XX ст. Рыначная  плошча на пачатку XX ст., бачна гарадская сінагога, якая стаяла недалёка ад сучаснай вуліцы Кірава. Паўночны кут Рыначнай плошчы і сінагога. Мясны павільён, месціўся бліжэй да вул. Віленскай (Савецкай). Рыначная плошча ў 1916-1917 гг. 1916-1917 гг., ідзе гандаль на Рыначнай плошчы. 1916-1917 гг., ідзе гандаль на Рыначнай плошчы. 1916-1917 гг., ідзе гандаль на Рыначнай плошчы. Ваданосы на Рыначнай плошчы. Рыначная плошча ў 1920-30-я гг.





Віленская вуліца

(зараз - Савецкая)

Віленская - адна са старэйшых вуліц горада. Археолагі вызначылі, што археалагічны культурны слой тут дасягае 2,5 метра (каля музычнага каледжа).

У 1824 г. вуліца Віленская была забрукавана. У канцы 1830-х гг. да Віленскай была далучана вуліца Замкавая, якая, як пісалася ў папярэднім артыкуле, ішла ад замка да рынка.

Пажар 23 жніўня 1842 года ў Лідзе ўзнік з-за перагрэву печы ў яўрэйскай лазні. У выніку пажару згарэлі касцёл піяраў, школьны двор, частка дамоў каля Рыначнай плошчы і 43 дамы ўздоўж вуліцы Віленскай, паводле іншых звестак, згарэлі 80 яўрэйскіх дамоў і 40 хрысціянскіх, а таксама павятовая драўляная паштовая кантора.

З успамінаў Мірона-Браніслава Нарбута ў сярэдзіне XIX ст.: "Адзіная доўгая вуліца пад назвай Віленская праходзіць праз усю даўжыню горада на адлегласць вярсты. Упоперак ідзе другая доўгая вуліца Каменская, убок - кароткія вуліцы: Сенатарская і Крывая, напрыканцы якой - рынак, дзе прадаюць розныя спажывецкія тавары. На вуліцы размяшчаліся: павятовая школа, аптэка, цукерня і знакамітая карчма (вінярня) Азіка".

Вось як апісваў цэнтр горада і вуліцу Віленскую ў другой палове XIX ст. жыхар горада Януш Сегень: "Недалёка ад замка, пры касцельным пляцы, быў ладны мураваны дамок. Гэта было «казначэйства» (скарбовая каса). За некалькі дзесяткаў метраў ад тога «казначэйства» была вуліца Замкавая, шырокая, можа 8 метраў, да левага боку балота. На пагорку стаяў замак, а вакол яго багна (балота, гразь) і млынарскі стаў, вадзяны млын стаяў над рэчкай Лідзейкай пры Наваградскім тракце, які злучаўся з вуліцай Віленскай. Рэчка Лідзейка абцякала горад з усходняга боку. За рэчкай знаходзіліся вёскі Раслякі і Зарэчча. Зарэчча на сёння далучана да горада. Гэта паўднёва-ўсходні канец горада Ліды. ...Ідучы ... у кірунку Вільні, будзем мець Касцельную плошчу (пляц) (зараз плошча Свабоды, ці Волі), налева прыватныя дамы і заезд Ленскага. Пры ім вулачка, пераезд на вуліцу Крывую. Далей дамы яўрэйскія (паміж імі гатэль «Віленскі» Віленчыка), за ім кляштар кармеліцкі і сад да самай Каменскай вуліцы (зараз 3-га Мая). Па правым баку вуліцы Віленскай, якраз насупраць гатэля, стаіць парафіяльны касцёл, могілкі і фруктовы сад, за ім пляцы і дамы п. Андрушкевіча, потым пошта конная, дом яўрэйскі і далей аж да вуліцы Лідскай, якая вяла да вёскі Раслякі (за рэчку).

Зараз вернемся на левы бок вуліцы Віленскай. Далей за паваротам на вуліцу Каменскую будзе цэлы квартал прыватных дамоў яўрэяў, потым ідуць суконніцы або крамы (магазінчыкі з таварамі пераважна лакцёвымі (мернымі)). Ззаду за імі рынак, які за аптэкай злучаецца з вуліцай Віленскай. Аптэка была ў доме пана Пясецкага, дом мураваны, двухпавярховы. ... Як на праўду, то і ўся вуліца Віленская ад «казначэйства» і да ... пошты была брукаваная і тут перад царквой у розныя святы і парадныя дні адбываліся ўсе парады і вайсковыя прэзентацыі.

Паліцэйская ўправа размяшчалася ў доме Камянецкага, акурат насупраць аптэкі, гэта быў таксама будынак двухпавярховы, вялікі, мураваны.

Школа (прыходская навучальня) размяшчалася насупраць царквы, у доме пані Крагельскай. Яшчэ далей за лістовай поштай, у другім доме Балкевіча, была Дваранская Апека і Вайсковая Прысутнасць".

Пад канец 1850-х гг. цэнтрам грамадскага жыцця горада становіцца так званая цукерня (кандытарская) Андрушкевіча, якая знаходзілася недалёка ад Фарнага касцёла, каля перакрыжавання вуліц Віленскай і Каменскай.

Расійскі афіцэр Любарскі, які служыў у Лідзе перад паўстаннем 1863 г., пісаў пра лідскую цукерню: "Па-за сямейнымі дамамі грамадскае жыццё, па ўсталяваным звычаі ..., канцэнтравалася ў цукерні (кандытарскай), якая служыла прыцягальным цэнтрам для ўсёй лідскай інтэлігенцыі. Тут можна было не толькі напіцца чаю ці кавы, але і падсілкавацца гарэлкай з закускамі, а ў суседнім памяшканні, якое злучалася з цукерняй унутранымі дзвярыма, адпускаліся «гаспадарчыя абеды». Клуба ў гэтым горадзе не было, але кандытарская цалкам яго замяняла, тым больш што тут да паслуг гасцей былі два більярды, некалькі шахматных дошак і ў бакавым пакоі нават карты. Аматары чытання знаходзілі тут некалькі польскіх газет і адну французскую; рускай не было ні адной, хоць афіцэры былі пастаяннымі гасцямі кандытарскай. Грамадзяне, як халастыя, так і сямейныя, лічылі сваім абавязкам штодня пабываць тут; чыноўнікі забягалі ў гэтае месца, ідучы на службу, каб выпіць чаю і прачытаць тэлеграмы, а са службы - перакуліць чарку гарэлкі. Калі трэба было пабачыцца з некім, то ісці на кватэру было не варта: значна прасцей было сустрэць неабходнага чалавека ў кандытарскай, асабліва ў вячэрнія гадзіны. Тут абмяркоўваліся ўсе навіны і адбываліся бясконцыя і гарачыя спрэчкі з нагоды падзей... ".

6 кастрычніка 1891 г. у Лідзе здарыўся грандыёзны пажар, згарэла 3/5 горада, практычна ўся цэнтральная частка горада. Пасля гэтага пажару новая забудова Ліды ішла з улікам патрабаванняў пажарнай бяспекі Расійскай імперыі. Хутка пасля пажару вуліца Віленская была забудаваная цаглянымі двухпавярховымі будынкамі, на першых паверхах якіх размясціліся крамы, майстэрні, закусачныя і г. д.

На пачатку ХХ ст. у Лідзе жыло 10206 жыхароў. Працавалі 3 навучальныя ўстановы.

Да Першай сусветнай вайны працягласць вуліцы Віленскай была 2 км, прычым на гэтай адлегласці размяшчаліся 206 розных прадпрыемстваў.

***

З кнігі "Вся Россия за 1902 год. Издание А. С. Суворина. 1902" мы ведаем, якія фабрыкі і крамы месціліся па вуліцы Віленскай.

Тут працавалі наступныя банкаўскія ўстановы: агенцтва "СПб-Тульскага пазямельнага банка", "Банкірская кантора Янушкевіча", "Мяняльная лаўка Блюмберга".

Мы даведваемся, што па вуліцы Віленскай былі: бровар Папірмайстара (Віленская, 22), бровар Пупко (Віленская, 18), тытунёвая фабрыка Віленчыка і Рубіновіча (Віленская, 80), аптэчныя таварыствы Цырульніка і Эпштэйна.

Усе галантарэйныя лаўкі таксама месціліся па вул. Віленскай, гэта лаўкі: Дымшыца, Кагана, Рубіновіча, Станецкай, Цукерніка.

Па гэтай вуліцы працавалі атэлі: Быхвіта Р. Я., "Еўропа" Левінсона Х. А., Ардэля І. А.

Жалезнымі вырабамі гандлявалі лаўкі Чартка М. Р. і Штэйнберга Ш. В. (Рыначная плошча).

Залатымі і срэбнымі вырабамі гандлявала лаўка Арлоўскага Р. Э. Тут былі мануфактурныя лаўкі Вінера А. А., Вінера Я. А., Гурвіча Н. Ш., Эліна Б. Г., Кагана Х. Г., Татарскага Ю. Ё., селядцамі і соллю гандлявала лаўка Горфунга Двосі Іцкавіча (Рыначная плошча), абуткам - лаўка Цагельніцкага Ш. А., а гатовым адзеннем - лаўка Маўшовіча Ш. Ё., Пупко І. Ф. (Рыначная плошча).

Посуд можна было купіць у лаўцы Камянецкай Э. Я., чай - у Кантара М. Ё., а мару любой гаспадыні таго часу - швейную машынку - у гандляра Нейман Л. Я.

У павятовым горадзе Лідзе ў 1904 г. жыло ўжо 15 025 чалавек.

Да Першай сусветнай вайны Віленская стала галоўнай гандлёвай і рамеснай вуліцай горада, каля перакрыжавання Віленскай і Каменскай (зараз - Ленінскай) у горадзе адчыніўся першы кінатэатр "Эдысон".







Здымкі пачатку XX ст.

Вуліца Віленская, за спінай - перакрыжаванне вул. Віленскай і Каменскай (сучасныя вуліцы Савецкая і Ленінская), наперадзе - злева Рыначная плошча (зараз - плошча Леніна), справа ў канцы перспектывы - Свята-Міхайлаўская царква. Вуліца Віленская, за спінай Рыначная плошча, наперадзе, злева ў канцы перспектывы, - дрэвы вакол Фарнага касцёла, справа - атэль 'Брыстоль' братоў Вінаградавых з рэстаранам (Віленская, 15, прыкладна на гэтым месцы зараз - магазін 'Дамавіты', наступны дом - № 13). Вуліца Віленская, здымак зроблены з балкона вуглавога дома на перакрыжаванні Віленскай і Каменскай (сучасныя вуліцы Савецкая і Ленінская), відарыс той жа, што і на першай паштоўцы. Вуліца Віленская, здымак зроблены прыкладна з месца насупраць сучаснага магазіна 'Віцязь'. За спінай Свята-Міхайлаўская царква, наперадзе, злева, -  два двухпавярховыя будынкі, якія, пасля ўсіх войнаў, захаваліся да нашага часу. У адным з іх зараз месціцца крама 'Віцязь'. Справа - Рыначная плошча, прама ў перспектыве - перакрыжаванне вул. Віленскай і Каменскай (сучасныя вуліцы Савецкая і Ленінская). Вуліца Віленская. Злева - так званы 'дом з калонамi', адміністрацыйны будынак 1912 года. Дом захаваўся да нашага часу. Да рэвалюцыі дом належаў купцу Гурэвічу. Пры Польшчы ў гэтым доме размяшчаўся Лідскі школьны інспектарат, у 1960-90 гг. - гарадская камендатура i бiблiятэка, зараз - аддзел садзейнічання занятасці насельніцтва.





Здымкі, зробленыя падчас Першай сусветнай вайны і нямецкай акупацыі.

Вуліца Віленская. За спінай Фарны касцёл, прама - перакрыжаванне вул. Віленскай і Каменскай (сучасныя вуліцы Савецкая і Ленінская), злева вуглавы дом №13. Вуліца Віленская. Злева - Рыначная плошча, справа - у адным з дамоў сёння крама 'Віцязь'. Далей, у перспектыве, - Свята-Міхайлаўская царква.





Віленская вуліца 1920-30-я гг.

У 1920-я гады вуліца Віленская атрымала назву "імя Сувальскага палка", ці, скарочана, - Сувальская, яна была галоўнай вуліцай горада Ліды і вызначала яго аблічча. Даўжыня вуліцы ад замка Гедыміна да перасячэння з чыгуначнай каляёй на Маладзечна перавышала 1,5 км, вуліца была цалкам выбрукаваная палявым каменем і зрэдку абсаджаная дрэвамі.

У 1939 г. рэдактар газеты "Лідская Зямля" Уладзіслаў Абрамовіч пісаў: "Цэнтр горада зараз выглядае амаль што так, як і ў перадваенныя часы (маецца на ўвазе Першая сусветная вайна - Л. Л.). З таго часу вуліцы толькі адрамантаваны, па-новаму забрукаваны, зроблены тратуары і пабудавана некалькі новых камяніц, якія ў архітэктурным сэнсе моцна адрозніваюцца ад астатніх пабудоў. Старыя будынкі, канца XIX і пачатку XX ст., не маюць выразнага стылю і да гэтага часу перарабляліся нязначна. Са сценаў і абрамленняў вокнаў прыбраныя пачварныя цагляныя гзымсы (прафіляваныя паясы, карнізы - Л. Л.), наложаны гладкі тынк, у крамах зроблены сучасныя вітрыны".

Вуліца пачыналася ад замка. Недалёка ад замка, насупраць Фарнага касцёла, размяшчаліся вялікія будынкі грамадскага прызначэння - лідскае староства. На тым жа баку вуліцы, што і гасцініца, размяшчалася гарадская бібліятэка.

Кіно ў той час было для жыхароў Ліды адзінай культурнай забаўкай. Усе тры кінатэатры - "Эдысан", "Эра" і "Маленькае" - знаходзіліся на вуліцы Сувальскай.

У міжваеннае дваццацігоддзе на гэтай вуліцы знаходзіліся найважнейшыя ўстановы, святыні і кінатэатры. Вуліца была месцам шэсцяў, парадаў, гулянняў, якія адбываліся з нагоды дзяржаўных урачыстасцяў. Вуліца была таксама любімым месцам прагулак жыхароў і спатканняў моладзі. Жыхарка горада Яўгенія Ярмантовіч пісала: "Трэба сказаць, што вуліца была месцам шпацыраў усёй падрастаючай моладзі Ліды. Пасля абеду хлопчыкі і дзяўчынкі выходзілі на гэтую галоўную гарадскую вуліцу, каб заводзіць новыя знаёмствы. Групкамі шпацыравалі некалькі разоў туды і назад па вуліцы, разглядаючы прадстаўнікоў іншага полу". "Вуліца Сувальская, - піша Я. Ярмантовіч, - была густа забудавана з абодвух бакоў. Паміж разнастайнымі крамамі і крамкамі амаль не было прамежкаў, так блізка суседнічалі яны паміж сабой. Стваралася ўражанне вялікага гандлёвага цэнтра. Амаль усе крамы былі ўласнасцю яўрэяў. У маёй памяці захаваліся толькі два славянскія прозвішчы: Вярсоцкі і Радзевіч. Большасць фірм абслугоўваючых, у тым ліку кравецкія майстэрні - мужчынскія і дамскія, - належалі яўрэям". Аўтар успамінае школы, кінатэатры, бібліятэкі, піша пра багаты асартымент крамаў і культурнае абслугоўванне кліентаў: на гэтай вуліцы можна было купіць абсалютна ўсё, што чалавек пажадае.

А пісьменнік Ежы Путрамант так апісваў канец галоўнай вуліцы горада: "Сувальская таксама заканчвалася вёскамі, якія выконвалі абавязкі прадмесцяў. На поўнач ляжала Закасанка. Тудой ездзілі цераз Бастуны, Воранава, Беняконі і яшчэ некалькі смакавіта названых станцый на Вільню. Паўднёвы канец меў сваё прадмесце без назвы, раскіданае па некалькіх вулачках".

У канцы дваццатых - пачатку трыццатых гадоў на вул. Сувальскай знаходзілася 20 галантарэйных крамаў, 14 з вырабамі тэкстыльнай прамысловасці, т. зв. мануфактурных, 13 са спажывецкімі таварамі, 9 з т. зв. таварамі каланіяльнымі, 6 піўных, 5 крамаў з абуткам, 5 цукерняў, 3 кнігарні, 3 крамы з вяндлінай, 3 з напоямі алкагольнымі, 2 з мэбляю і г. д., былі таксама 4 банкі. Свае паслугі прапаноўвалі: краўцы, кушняры, шаўцы, цырульнікі, ювеліры, майстры гадзіннікавых спраў, фатографы, бюро даведак. З вул. Сувальскай былі звязаны прозвішчы 10 лекараў розных спецыяльнасцяў. Пішучы пра гэту вуліцу, немагчыма не ўспомніць знакамітую цукерню "Амерыканка", якая знаходзілася на рагу вуліц Сувальскай (зараз - Савецкая), 3 Мая (зараз - Ленінская) і належала Б. Будыне. Гэта цукерня была найбольш вядомым рэстаранам, які наведвала інтэлігенцыя. Асабліва ўпадабалі яе афіцэры мясцовага гарнізона, таму ўваход у яе радавым і падафіцэрам быў забаронены. Лідзянка, прафесар Ірэна Стасевіч-Ясюкова пісала ва ўспамінах: "...ішлі ў цукерню "Амерыканка" на печыва або на марозіва - у залежнасці ад пары года. "Амерыканка" знаходзілася на рагу вуліц Сувальскай і 3 Мая. Мы падымаліся па некалькіх прыступках і сядалі за мармуровы столік. Памятаю асабліва выдатнае марозіва - шакаладнае, арэхавае, трускалкавае ці вішнёвае. З печыва - "напалеонкі" і трубачкі з крэмам. Падчас наведвання Ліды ў 1992 годзе я вырашыла паказаць майму мужу "Амерыканку". На жаль - засталіся толькі выкліканыя мной успаміны".

Дом на вуглу Сувальскай (Савецкай) і 3-га Мая (Ленінскай), дзе месцілася знакамітая цукерня 'Амерыканка', паштоўка канца 1920-х гадоў. Вуліца Сувальская (Савецкая) каля Рыначнай плошчы  (зараз - плошча Леніна) у 1930-х гадах. Вуліца Сувальская (Савецкая) у 1930-х гадах, у левым вуглу, за дрэвамі, касцёл Піяраў (зараз - сабор Святога Архістратыга Міхаіла). Вуліца ў 1930-х гадах. Вуліца ў 1930-х гадах.





Вуліца Каменская

(зараз Ленінская)

Адна з самых старажытных вуліц горада звалася Каменскай (зараз - Ленінская). Каменка атрымала сваю назву ад прытока Лідзеі - Каменкі, гэты прыток перасякаў вуліцу, рэчка мела балоцістыя берагі з заліўнымі лугамі. Гараджане называлі вуліцу і рэчку аднолькава - Каменка. Вуліца пачыналася з цэнтра горада, ад перакрыжавання з Віленскай, і выходзіла на дарогу ў м. Васілішкі і Астрыну.

Жыхар Ліды ХIX ст. Януш Сегень так апісаў гэту вуліцу: "Другая вуліца, якая ідзе на захад, - "Каменка", таксама досыць вялікая і густа забудаваная. Павятовая школа была пры вуліцы Каменскай у доме пана Рудніцкага. Была таксама і турма пры той жа вуліцы Каменскай. Толькі далей на захад, амаль на канцы горада, - будынак дзяржаўны, існуе і зараз.... Ні адна вуліца, акрамя Віленскай і часткі Каменскай, не была брукаванай....".

Павятовая турма знаходзілася ў канцы вуліцы Каменскай, на Гарадзенскім тракце, зараз тут друкарня.

У 1901 г. па вуліцы Каменскай была адчынена жаночая пачатковая школа М. К. Навіцкай. Потым гэта школа стала прагімназіяй і да 1918 г. існавала як прыватная гімназія з правамі дзяржаўнай.

На гэтай вуліцы (прыкладна на месцы сучаснага кінатэатра "Юбілейны") быў гарадскі парк. Сюды людзі прыходзілі на адпачынак, тут, у летнім тэатры, праходзілі гастролі тэатральных труп і вандроўных цыркаў са звярынцам і каруселямі, якія звычайна круцілі ўручную тыя, хто жадаў пакатацца бясплатна.

У маі 1908 г. невядомы жыхар горада пісаў у газеце "Кур'ер Літоўскі": "У суботу 10 мая ў гарадскім тэатры прайшло прадстаўленне тэатральнай трупы Арлоўскага. Гараджане задаволеныя тым, што ў горадзе гастралюе тэатр... Сярод гледачоў, акрамя суддзі (рускага), двух землеўладальнікаў, лекара і аптэкара, у асноўным былі небагатыя людзі. Яўрэі дэманстратыўна шпацыравалі па парку каля тэатра, не рызыкуючы, за выключэннем 2-3 старазаконных, купіць квіток. Зал быў запоўнены не больш чым на траціну. ... Такую абыякавасць з боку лідзян да мастацтва і тэатра можна растлумачыць толькі адсутнасцю або прытупленнем усялякіх вышэйшых інспірацый духа..."

А падчас мабілізацыі на пачатку Першай Сусветнай вайны, як успамінаў лідскі краязнаўца М. Шымялевіч, "рэгістрацыя і агляды прызваных у войска адбываліся ў гарадскім парку, які знаходзіўся каля вуліцы Каменскай (у 1920-30 гады, вуліца 3-га Мая, каля Народнага банка), у парку раслі цяністыя стогадовыя вольхі. Тут з дошак была збудаваная дужая пабудова з лаўкамі, каб сядзець пад адкрытым небам, яна называлася летнім тэатрам, сюды прыязджаў на гастролі вандроўны цырк, у парку народ адпачываў, праводзіліся народныя забавы, былі каруселі і г. д.".

У 1921 г. вуліцу назвалі вуліцай 3-га Мая, у гэты дзень у 1791 г. была прынята канстытуцыя Рэчы Паспалітай.

У 1920-я на скрыжаванні вуліц Сувальскай і 3-га Мая паставілі макет авіяцыйнай бомбы вышынёю звыш 2 м, гэтая бомба рэкламавала Лігу супрацьпаветранай і супрацьгазавай абароны. Па іншай версіі - гэта была бомба, якая не разарвалася, яе скінуў на горад нямецкі дырыжабль-цэпялін.

Забрукаваная вуліца цягнулася ад цэнтра горада ўніз да мастка на Каменцы, а потым даходзіла да чыгуначнага пераезду. Дамы, якія стаялі бліжэй да цэнтра, былі пераважна аднапавярховымі камяніцамі, на першым паверсе якіх месціліся розныя крамы. Чым далей ад цэнтра, тым меней было мураваных дамоў, пачыналіся драўляныя дамы з кветнікамі перад фасадам і агародамі з садамі за домам.

Па вуліцы 3-га Мая не было культавых устаноў і прамысловых прадпрыемстваў, былі толькі невялічкія фірмы рамеснікаў. У мураваным двухпавярховым будынку былой гімназіі Навіцкай да 1932 г. размяшчалася дзяржаўная гімназія імя гетмана Караля Хадкевіча.

На сучасным перакрыжаванні вуліцы Ленінскай і праспекта Перамогі да вуліцы 3-га Мая з поўдня падыходзіла вуліца Перацкага, а на поўнач адыходзіла вуліца Фалькоўскага. Каля перакрыжавання з аднаго боку былі пякарня і цукерня "Памаранка", а з другога ля абочыны знаходзілася бензінавая заправачная станцыя "Мабіл Ойл". На гэтым жа скрыжаванні (праспекта Перамогі і вуліцы Ленінскай) да канца 1960-х гадоў стаяў дыхтоўны драўляны двухпавярховы дом, у якім месцілася гарадская ашчадная каса. Да 1939 г. у будынку быў лідскі аддзел "Народнага супольнага банка". Газета "Лідская Зямля" ў 1936 г. пісала: "З атрыманага прыбытку было вырашана стварыць адмысловы фонд для пабудовы ўласнай нерухомасці. У 1926 г. агульны сход (акцыянераў - Л. Л.) ухваліў рашэнне адлічваць для будоўлі 6% прыбытку. У тым жа годзе ў Магістраце горада Ліды, пры збегу вуліц 3-га Мая і Перацкага, быў набыты пляц. У 1928 г. закладзены фундамент, а ў 1933-34 гг. пабудаваны дом, у якім на першым паверсе месціліся бюро банка і кватэры для персаналу, а на другім - сельскагаспадарчае таварыства з секцыямі, таварыства фабрыкантаў коней, бюро фінансавых спраў сельскагаспадарчай суполкі, праўленне справамі крэдытавання малой сельскай гаспадаркі, павятовы аддзел звязу асаднікаў і Лідскі аддзел звязу пажарнай варты". Я добра памятаю, як яшчэ дзіцём наведваў гэты будынак разам з маці.

Вуліца 3-га Мая заканчвалася каля чыгуначнага пераезду. Тут улева адыходзіла вуліца Каляёвая (зараз - Труханава). За чыгункай вуліца 3-га Мая працягвалася вуліцай Пяскі (зараз - Камуністычная).

Пісьменнік Ежы Путрамант пісаў у мемуарах пра вуліцу 3-га Мая: "У цэнтры ... да галоўнай вуліцы Сувальскай пад прамым вуглом далучалася другая - Трэцяга Мая. Вяла яна міма што раз меншых домікаў да паўвёскі, якая называлася Слабодка. Адтуль стары тракт, засаджаны старымі бярозамі яшчэ, бадай, пры Кацярыне, ішоў праз Скідзель на Гародню".

Вуліца Каменская, месца здымання - каля сучаснай бібліятэкі, наперадзе  перакрыжаванне з вуліцай Віленскай (Савецкай), пачатак XX ст. Каменская, злева - 'Заезжий дом, Р. Лазовский', кропка здымання -  каля сучаснага Дома гандлю, наперадзе - перакрыжаванне з вуліцай  Віленскай (Савецкай), пачатак XX ст. Каменская, камера павернута на захад, пачатак XX ст. Каменская, камера павернута на захад, паштоўка часоў нямецкай акупацыі ў Першую сусветную вайну. Гарадскі парк і рэчка Каменка, пачатак XX ст. Вуліца 3-га Мая на перакрыжаванні з Сувальскай (Савецкай). Камера павернута на захад, добра бачны макет бомбы, 1930-я гады. Вуліца 3-га Мая, каля сучаснага Дома гандлю. Будынак 'Народнага супольнага банка' ў 1930 г.





Вуліцы Крывая і Замкавая

Астатнія самыя старажытныя вуліцы горада - гэта Крывая і Замкавая. Зараз вуліцы Крывой няма.

Вуліца Крывая злучала рынак з Каменскай вуліцай. Працяг Крывой вуліцы ад Каменскай да замка, уладкаваны ў пачатку мінулага стагоддзя, зваўся да найноўшага часу Нова-Кармеліцкай вуліцай. Жыхар горада Януш Сегень пісаў пра другую палову XIX ст.: "Паралельна Віленскай вуліцы з заходняга боку была вуліца Крывая, ішла ад рынку каля развалін замка на "Ферму".

Вядома, што ў першай палове ХХ ст. на перакрыжаванні Крывой з вуліцай 3-га Мая, па леваму боку, знаходзілася стаянка дрожак.

Да 1914 г. на вуліцы Крывой бакалеяй гандлявала лаўка Эльяшава, мануфактурай - Шмуля-Зельмана Рабіновіча, селядцамі і соллю гандлявала лаўка Эліі Ківелёвіча, газай - лаўка Лейбы Шапіры, хлебам-зернем гандляваў Мейлах Шымановіч.

У 1920-30-я гады вуліца Крывая звалася "ім. Маёра Мацкевіча".

Януш Сегень пісаў пра Замкавую: "...вуліца "Замкавая", шырокая, можа 8 метраў, да левага боку балота. На пагорку стаяў замак, а вакол яго багна (балота, гразь) і млынарскі стаў, вадзяны млын стаяў над рэчкай Лідзейкай пры Наваградскім тракце, які злучаўся з вуліцай Віленскай".

Пачатак Крывой вуліцы, вуліца пайшла ўлева, правей бачны Фарны касцёл, па праваму боку ад фатографа, нябачны на здымку, - Лідскі замак. Пачатак ХХ ст. Тое самае, што і на першым здымку, але падчас нямецкай акупацыі горада ў Першую сусветную вайну. Крывая вуліца на пачатку ХХ ст. Крывая, наперадзе перакрыжаванне з вуліцай Каменскай (Ленінскай), падчас Першай сусветнай вайны. Крывая вуліца падчас Першай сусветнай вайны. Крывая (ім. Маёра Мацкевіча) у 1930-я гады. Вуліца Замкавая на пачатку ХХ ст. Вуліца Замкавая на пачатку ХХ ст.





Іншыя раёны і вуліцы горада

Яшчэ ў сярэдзіне ХІХ ст. на поўдні горад заканчваўся руінамі замка, за якім ляжала адкрытая балоцістая пустка, а далей, у бок сучаснага вакзала, цягнулася ралля. На поўнач ішла вуліца Віленская (зараз Савецкая - Л. Л.), на якой стаяла некалькі драўляных дамкоў, у апошнім з іх была карчма нейкага Закса. Карчма атрымала назву "Закасанка", і калі горад працягнуўся яшчэ далей, стварыўся раён горада, які атрымаў назву "Закасанка". З захаду Ліда таксама была атачоная вялікімі балотамі, якія захоўваліся да 1930 г. Дрыгва гэта ў народзе называлася "Выган", бо там было добрае месца, каб пасвіць жывёлу. У канцы 1920-х гадоў на Выгане вырас новы раён горада - "Вялікая Ліда". Ад 1918 г. да канца 1930-х гг. колькасць жыхароў горада амаль што падвоілася і наблізілася да 30 000. Такі моцны рост тлумачыўся пашырэннем старых раёнаў горада, далучэннем да горада вёскі Раслякі, разбудаваннем раёнаў Зарэчча і Ферма, але ж галоўным чынам ростам раёна Слабодка.

З выдатнага артыкула Уладзіслава Абрамовіча ў перадваеннай газеце "Лідская Зямля" мы ведаем, што раён Ферма цягнуўся ад замка і каталіцкіх могілак да чыгуначнага вакзала і сваю назву атрымаў, верагодна, ад досыць урадлівай зямлі, якая раней належала да каралеўскай маёмасці. На шляху ад вакзала да горада, недалёка ад замка, увагу прыцягвала вялікая яма - вынік нямецкай гаспадаркі падчас акупацыі. Менавіта на гэтым месцы ў старажытныя часы быў велізарны двор старасты - рэзідэнцыя каралеўскага намесніка. Сярод іншых зямель гэтага двара, ці, як тады звалі, - дварца, была і вёска Слабада. Палі гэтай вёскі цягнуліся ў кірунку паўднёва-заходнім, мяжуючы з гарадской тэрыторыяй каля сучаснай вуліцы Горкага. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай усе прылягаючыя да горада каралеўскія землі перайшлі у скарб Расійскай імперыі. Недалёка ад былой рэзідэнцыі намесніка пачалі сяліцца сем'і расійскіх дваран. Паўстаў шэраг шыкоўных дамоў, аточаных садамі, і так пачаўся вялікі зараз раён горада, які завецца Ферма. А паколькі на Ферме маглі сяліцца толькі дваране, каля 1860 г. было вырашана заснаваць у Лідзе іншую калонію, на землях вёскі Дварцовая Слабада. Расійская адміністрацыя не мела дакладных указанняў пра тое, якія сем'і трэба сяліць у новай калоніі, і спачатку пасялілі там чатыры яўрэйскія сям'і. З іх дзве сям'і Ліпнішскіх, адну Баруховічаў, а прозвішча трэцяй сям'і ўдакладніць ужо немагчыма. Праз некаторы час, калі справа пра пасяленне яўрэяў на Дварцовай Слабадзе дайшла да Пецярбурга, адтуль была зроблена заўвага пра памылку - пасяленне яўрэяў у новай калоніі, бо папярэдне гэтая калонія прызначалася для засялення праваслаўных сем'яў. Патрэбна было выселіць яўрэйскія сем'і, якія да таго часу там грунтоўна абжыліся. Каля 20 дзесяцін зямлі для кожнай сям'і ўяўлялі немалую каштоўнасць, таму яўрэі павінны былі пайсці на кампраміс і прынялі праваслаўе. Пасля хрышчэння Ліпнішскія прынялі прозвішча Ліпінскіх, Баруховічы сталі Барысевічамі, а чацвёрты яўрэй стаў Крыжаноўскім. У 1866 г. выдзеленыя землі былі аддадзены на выкуп.

Да часу, калі праз Ліду прайшла чыгунка, пасяленцы займаліся сельскай гаспадаркай. Аднак рост Слабодкі непарыўна звязаны з чыгункай. Першай, у 1883-84 гг., была пушчана ў дзеянне чыгунка Вільня - Ліда - Лунінец. Праз 20 гадоў, у 1902-05 гг., дзякуючы пракладзенай лініі Маладзечна - Ліда - Ваўкавыск, наш горад стаў важным камунікацыйным вузлом. Пры будаўніцтве чыгункі сем'і пасяленцаў мелі добрыя заробкі. Пры гэтым дочкі, якія былі немалой прыгажосці, знайшлі сабе мужоў сярод чыгуначных жандараў. Паступова пачалі з'яўляцца новыя сямейныя саюзы, усё новыя і новыя дамы і пабудовы. Па меры падрастання моладзі жыхары Слабодкі змянялі характар сваёй дзейнасці, пераходзячы ад сельскай гаспадаркі на чыгунку. Калі пабудавалася чыгуначная станцыя, некаторыя сем'і перанеслі свае дамы ў глыб поля. Раён пачаў пашырацца, колькасць дамоў павялічвалася з кожным годам.

У 1920-30-я гг. Слабада становіцца важным раёнам горада. У 1932 г. дзякуючы старанням ксяндза-вікарыя Станіслава Мажэйкі на Слабадзе паўстаў касцёл. У 1936 г. Гарадская рада даравала слабадской парафіі 2 га гарадской зямлі для заснавання могілак. Падчас геадэзічных работ і работ па агароджванні будучых могілак адзін з работнікаў пацікавіўся меркаваннем другога пра тое, хто з іх першы ляжа на новых могілках. Так здарылася, што той, хто пытаўся, і стаў першым нябожчыкам на гэтых могілках. Весткі пра гэта імгненна разышліся па парафіі, і вернікі зрабілі яму ўрачыстае пахаванне.

У 1930-х гадах на Слабодке з'явіліся крамы, аптэчны склад, добраахвотная пажарная ахова, пастарунак паліцыі, чыгуначная лазня. Над усім раёнам узвысіліся гмах грамадскай 7-класнай школы (сучасная СШ №10) і пажарная вежа, якая зараз не існуе.

Раён Ферма, пачатак ХХ ст. Раён Ферма, пачатак ХХ ст.  Дэканка. Мясцовасць паміж Фарным касцёлам і р. Лідзейкай. Тут жылі лідскія ксяндзы-дэканы. Вуліца Пастаўская, ці раён горада, вядомы як Пастаўшчына. Зарэчча (зараз - вуліца Калініна і прылеглыя да яе вуліцы і завулкі).  Адзін са старэйшых раёнаў горада. Лідскі завулак.  Камерцыйны завулак. Гэтыя завулкі адыходзілі ад вуліцы Віленскай (Савецкай) уніз, да рэчкі Лідзейкі. Садовая вуліца, у перспектыве - Лідская сінагога. Вуліца вяла ад вуліцы Каменскай (Ленінскай) да Рыначнай плошчы.





Чыгуначны вакзал, чыгунка

У 1860-1862 гадах праз паўночна-заходні ўчастак Лідскага павета была пракладзена чыгуначная лінія Санкт-Пецярбург - Варшава праз Вільню, на якой былі пабудаваны станцыі Вільня, Ландвараў, Руднікі, Алькенікі, Араны, Марцінканцы, Парэчча і Гародня. У 1871 годзе была здадзена ў эксплуатацыю Маскоўска-Берасцейская чыгунка, на якой былі размешчаны станцыі Менск, Фаніпаль (тады Франапаль), Негарэлае, Стоўбцы, Гарадзея (тады Гародзей), Пагарэльцы і Баранавічы.

Пытанне аб пабудове разгалінаванай сеткі ваенна-стратэгічных чыгуначных ліній на Палессі было прынята на сакрэтных нарадах Расійскага Генеральнага штаба яшчэ ў 1873 г. У 1881 годзе быў падпісаны Найвышэйшы загад пра будаўніцтва 136-вёрстнай чыгункі Жабінка - Пінск, дзе ўпершыню на будаўніцтве чыгунак былі выкарыстаны чыгуначныя войскі. Гэтая дарога была пабудавана за адно лета. Таму паспрыялі раўнінная мясцовасць і амаль поўная адсутнасць штучных збудаванняў. 9 лістапада 1882 г. на ёй адкрыўся пасажырскі і таварны рух. План далейшага будаўніцтва Палескай чыгункі быў зацверджаны 14 лютага 1883 г. Аляксандрам III. 12 мая прыступілі да ажыццяўлення гэтага плана. Участак Вільня - Лунінец (з адгалінаваннем Лунінец - Пінск: усяго 353 вярсты) адкрыўся для рэгулярнага руху 30 снежня 1884 г. У гэты дзень з боку Вільні цераз Ліду на Баранавічы прайшоў першы цягнік.

Для будаўніцтва станцыі Ліда адышло 6 дзесяцін зямлі (6,83 га) саборнай царквы. Лідская станцыя будавалася за межамі горада, паміж горадам і вёскай Дварцовая Слабада. Пасля будаўніцтва чыгункі горад пачаў пашырацца да вакзала, а Дварцовая Слабада стала месцам жыхарства чыгуначнікаў і паступова ўлілася ў горад. Для Палескай чыгункі былі пабудаваны паравознае дэпо з бутавага каменю на два паравозы серыі "Чн" і першы, драўляны вакзал. Дарэчы, большасць вакзалаў Палескай чыгункі XIX ст. былі драўлянымі, яны будаваліся па тыпавых праектах і адрозніваліся адзін ад аднаго ў асноўным памерамі.

На Лідчыне з'явіліся станцыі Беняконі, Бастуны і Нёман.

У 1886 г. Вільня-Ровенская і Пінская чыгункі перайменаваны ў Палескія чыгункі. Відавочна, з-за ўдзелу ў будаўніцтве чыгункі ў 1887-1891 гг. у Лідзе кватараваў 2-гі чыгуначны батальён царскага войска, які потым быў пераведзены ў Баранавічы. Сярод інжынераў-пуцейцаў, якія будавалі Палескую чыгунку, быў граф Ваўжынец Путкамер (1859-1923), унук знакамітай Марылі з Верашчакаў. Чыгунка прайшла ў некалькіх кіламетрах ад яго родавага маёнтка Больценікі і была апошняй, у будаўніцтве якой ён прымаў удзел. Ваўжынец Путкамер нарадзіўся ў Больценіках, скончыў гімназію ў Вільні і Інстытут інжынераў шляхоў зносін ў Пецярбургу. 10 гадоў адпрацаваў інжынерам, будаваў Уральскую і Бакінскую чыгункі. Пабудаваўшы магістраль каля свайго маёнтка, у 1890 годзе граф выйшаў у адстаўку і пасяліўся ў Больценіках. Ваўжынец Путкамер актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці краю, быў сябрам сельскагаспадарчага таварыства і куратарам Евангелісцка-рэфарматарскага сінода ў Вільні. Два разы абіраўся ў Дзяржаўную думу Расіі: Другую і Чацвёртую.

Палескія чыгункі злучалі паўднёвы захад Расіі з Прыбалтыйскім, Паўночна-Заходнім, Цэнтральна-прамысловым раёнамі, мелі ваенна-стратэгічнае значэнне, спрыялі распрацоўцы лясных масіваў Беларусі, развіццю дрэваапрацоўчай і гарбарнай прамысловасці, спрыялі росту гарадоў.

Наогул, чыгункам абавязаны сваім нараджэннем гарады: Баранавічы, Маладзечна, Асіповічы, Жабінка, Жлобін, Лунінец і інш. Дзякуючы чыгунцы набылі другое дыханне старыя беларускія гарады - Ліда і Орша. У той жа час старажытныя і славутыя гарады - Мсціслаў, Нясвіж, Наваградак - разам з адсутнасцю чыгункі былі пазбаўлены стымулу для эканамічнага развіцця.

Квіткі на цягнік былі нятанныя. З Віленскага календара за 1899 г. можна даведацца, што нават пасля зніжэння коштаў за праезд, якое адбылося 1 снежня 1894 г., квіток ад Ліды да Вільні каштаваў: у першым класе - 3 рублі 20 капеек, у другім - 1 рубель 92 капейкі, у трэцім класе - 1 рубель 28 капеек. Пры тым, што ў Еўрапейскай Расіі гадавы даход на чалавека ў 1900 г. складаў 63 рублі, гэта сярэдняя лічба і шмат людзей не зараблялі і гэтага, а ў Беларусі сярэдні заробак быў ніжэй, чым па Еўрапейскай Расіі. У 1896 годзе чалавек, які адназначна быў часткай гарадской эліты Ліды, наглядчык (дырэктар) самай грунтоўнай на той час навучальнай установы ў горадзе - павятовай двухкласнай вучэльні (прагімназія М. Навіцкай пачала працаваць ў 1901 годзе, а ешыбот Рэйнеса ў 1905 г.) Свідэрскі С. С. зарабляў 500 рублёў у год (звыш таго яму выплочваліся грошы за арэнду кватэры).

Каля Лідскага драўлянага вакзала ў 1897 г была пабудавана праваслаўная капліца. Малюнак і праект капліцы зрабіў студэнт, будучы архітэктар і інжынер Катовіч М. І. Праект быў зацверджаны начальнікам тэхнічнага аддзялення ўправы Палескіх дарог. Капліца пабудавана ў гатычным стылі з расшыўкай з шэрай цэглы і мела калоны. Знаходзілася з паўднёвага боку вакзала каля кратаў платформы, на штучным узгорку, у садку, сярод кветнікаў. Дзякуючы загадчыку ўчастка дарогі Лунскаму, які кіраваў працамі, капліца пабудавана на працягу аднаго месяца. Матэрыялы на капліцу абышліся ў 250 рублёў, рабочыя збудавалі яе безаплатна. Абраз Св. Мікалая выпісалі з Масквы, ён каштаваў 125 рублёў. Абраз змяшчаўся ў глыбіні нішы капліцы за шклом, перад ім быў размешчаны вялікі ліхтар - лямпа з рознакаляровым шклом. Капліца ў вячэрні і начны час асвятлялася звонку двума ліхтарамі, пастаўленымі па абодва бакі. Пад абразом была дошка з белага мармуру з залатым надпісам «Збудаваная стараннасцю службоўцаў палескіх чыгунак на станцыі «Ліда» ў памяць Святой каранацыі 14 траўня 1896 года гасудара імператара Мікалая II і гасударыні імператрыцы Аляксандры Фёдараўны. Асвечана 30 жніўня 1897 года».

Для асвячэння прыбыў спецыяльны вагон-царква. Боская літургія ў вагоне-царкве пачалася ў 9 гадзін раніцы 30 жніўня 1897 г. Літоўскія епархіяльныя "Ведамасці" пісалі: "Настаяцель вагона-царквы а. Шырынскі прамовіў павучальнае слова, прысвечанае ўшаноўванню і памяці князя Св. Аляксандра Неўскага, а таксама свяціцеля Мікалая. Пры гэтым а. Шырынскі падкрэсліў глыбокае рэлігійнае значэнне будынка капліцы ў імя гэтага свяціцеля каля чыгункі, пры станцыі, дзе заўсёды спыняюцца цягнікі і дзе, такім чынам, людзі ўсіх веравызнанняў, якія вандруюць, могуць узнесці свае малітвы да Св. абраза свайго апекуна і абаронцы ў дарозе. Па заканчэнні літургіі адбыўся хрэсны ход з вагона-царквы да збудаванай капліцы з абразом Божай Маці і мясцовымі абразамі і толькі што напярэдадні асвечаным вялікім абразом для капліцы - пры спеве малітваў Св. Аляксандру Неўскаму і свяціцелю Мікалаю. Абразы неслі чыгуначныя службоўцы станцыі Ліда. Ля самой капліцы, упрыгожанай зелянінай і гірляндамі кветак, было здзейснена воднае асвячэнне з чытаннем малітваў на асвячэнне капліцы і крыжа, які потым быў узняты на капліцы, было абвешчана шматгоддзе гасудару імператару і царственнаму дому, Св. Сіноду, архіепіскапу Ераніму, урадаваму сінкліту, воінству, стваральнікам капліцы, начальству Палескіх чыгунак, службоўцам станцыі Ліда і ўсіх ліній гэтай дарогі і ўсім праваслаўным хрысціянам. Урачыстасць скончылася хросным ходам назад у вагон-царкву.

Паўнаце ўрачыстага набажэнства ў гэты дзень шмат садзейнічаў выдатна складзены канторшчыкам станцыі сп. Шаршнёвым хор аматараў з службоўцаў станцыі, які стройна выконваў спевы на ўсіх набажэнствах".

* * *

У чыгуначным раскладзе руху за 1906 год па Палескай чыгунцы з Вільні праз Ліду на Баранавічы - Сарны значыліся 3 цягнікі: хуткі, паштовы, таварны адмысловы, і столькі ж цягнікоў рухалася ў адваротным кірунку.

Рэвалюцыя 1905-06 гг. адгукнулася тым, "што 7 кастрычніка 1906 г. паштовы цягнік на Вільню каля Ліды быў абстраляны невядомымі бандытамі. Некалькі куль прабіла сцяну вагона, і адзін пасажыр быў паранены".

27 кастрычніка ў 6 гадзін вечара на станцыі Ліда "селянін Мікалай Паўлоўскі пераходзіў чыгуначнае палатно, пры гэтым патрапіў пад манеўровы цягнік, які адрэзаў яму ногі. Пацярпелы быў дастаўлены ў чыгуначную амбулаторыю, дзе праз дзве гадзіны памёр у пакутах".

* * *

Чарговы план будаўніцтва чыгунак быў зацверджаны Указам Мікалая ІІ ад 1 верасня 1901 года.

Расія не мела ўласных сродкаў для такога маштабнага і дарагога будаўніцтва стратэгічных, а значыць - стратных дарог. Затое Францыя, занепакоеная суседствам з Германіяй, настойвала на больш хуткім вырашэнні пытанняў будаўніцтва шляхоў зносін.

На пачатку 1901 г., пасля перамоў на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў, Расіі былі выдаткаваны французскія пазыкі на суму 200 мільёнаў рублёў для неадкладнага праектавання і будаўніцтва стратэгічных чыгунак. Участак будучай лініі ад Балагое да Полацка абышоўся ў 53 мільёны рублёў, або 118 131 рубель на вярсту - гіганцкія грошы для таго часу.

Дзвюхкаляёвая казённая стратэгічная чыгунка Балагое-Сядлец будавалася з 1902 па 1907 г. Часткай гэтай дарогі была лінія Полацк-Сядлец (590 вёрстаў), якая прайшла праз Вілейку, Маладзечна, Ліду, Масты, Ваўкавыск, Свіслач і мела адгалінаванне з Мастоў на Гародню. Фінансавы бок забяспечыла французская пазыка. Галоўным прызначэннем дарогі з'яўлялася перакідка расійскага войска ў Царства Польскае падчас вайны. Адсюль шматлікія пакгаўзы, вайсковыя пляцоўкі, стайні, хлявы, чатырохразовае рэзерваванне харчовых аб'ектаў, патрабаванні па павышанай бяспецы збудаванняў на выпадак ваенных дзеянняў. Таксама ў пералік «дадатковых патрабаванняў» патрапілі вузлавыя станцыі, якіх на трасе было шмат, у тым ліку Полацк, Маладзечна, Ліда, Ваўкавыск, Масты і г. д. Кожная з іх абавязкова павінна была мець злучальныя чыгуначныя каляі, з дапамогай якіх можна было трапіць з адной дарогі на іншую, не змяняючы галавы цягніка (у выпадку Ліды: з Полацк-Сядлецкай лініі на Палескую і наадварот).

Кіраваў будаўніцтвам Уладзімір Віктаравіч Цімафееў-Расоўскі (1856-1913 гг.). Яго сын, вучоны-генэтык з сусветнай вядомасцю, Мікалай Цімафееў-Расоўскі, так згадваў пра бацьку: "Ён толькі будаваў чыгункі і ніколі не працаваў на эксплуатацыі. Пабудаваў ён у былой Расійскай імперыі каля 15 000 вёрстаў чыгунак і быў буйным інжынерам-пуцейцам, які стварыў свайго роду практычную школу інжынераў" . Талент інжынера і арганізатара Цімафееў-Расоўскі з бляскам праявіў на беларускай зямлі. Яму ўдалося сэканоміць больш за 12 млн. руб., гэта больш за 15% з амаль 81 млн. руб., запланаваных па каштарысе выдаткаў на будаўніцтва. Выпадак беспрэцэдэнтны на фоне казнакрадства, якое звычайна суправаджала будаўніцтва чыгунак у Расійскай імперыі. На пачатку студзеня 1907 г. новая лінія здаецца ў пастаянную эксплуатацыю, прычым участак ад Балагога да Ваўкавыска перадаецца Мікалаеўскай дарозе, а ад Ваўкавыска да Седляца - Прывісленскай дарозе. У 1910 г. участак Ваўкавыск-Полацк (куды ўваходзіла і станцыя Ліда) уключаны ў склад Палескай чыгункі.

Будаўніцтва чыгункі выклікала шматлікія скаргі. Вядома, напрыклад, цяжба паміж лідскім саборным протаіерэем Іосіфам Каяловічам (родным братам вядомага гісторыка) і будаўнікамі чыгункі.

У сакавіку 1906 г. газета «Кур'ер Літоўскі» пісала: «Падобна на тое, што новая чыгунка Балагое - Сядлец увосень ужо пачне працаваць. Ужо зараз таварныя цягнікі тры разы на тыдзень адпраўляюцца з Маладзечна ў бок Вілейкі, цэнтральны вакзал у Маладзечна ўжо пабудаваны…». Да гэтага часу ўжо быў пабудаваны і аднатыпны вакзал у Лідзе, бо выдатны знаўца лідскай гісторыі ХХ ст. Міхал Шымялевіч пісаў у 1906 г.: "У г. Лідзе размешчаны злучаны вакзал Палескай і Балагое-Сядлецкай чыгунак".

У 1905-07 гг. у Лідзе на будаўніцтве чыгункі Балагое - Сядлец працаваў дзясятнікам беларускі пісьменнік Карусь Каганец.

У 1906 г. было пабудавана новае цаглянае дэпо на 4 паравозы і адміністрацыйны 2-павярховы будынак. На Лідчыне з'явіліся новыя чыгуначныя станцыі: Гаўя, Скрыбаўцы і Ражанка. У кожным такім вакзале меліся наступныя асобныя памяшканні: крытыя сенцы для ўваходу з боку вакзала і з боку плошчы, пошта, лямпавая, у якой захоўвалі і запраўлялі газай ліхтары, кантора начальніка станцыі, тэлеграф, каса, багажнае аддзяленне, памяшканне дзяжурнага вартаўніка. Вакзалы мелі дзве залы для чакання: для пасажыраў I-II і III класаў - і абаграваліся кафлянымі печамі. Для пасажыраў першага і другога класаў былі мужчынскі і жаночы ватэрклазеты з рукамыйнікамі.

Новы цагляны вакзал "астраўнога" тыпу ў Лідзе быў пабудаваны па тыпавым праекце для сумеснага карыстання абедзвюх дарог і акрамя пералічаных аб'ектаў меў дадатковыя пакоі для каменданта і яго канцылярыі, а таксама буфет з «драўляным, абсыпаным зямлёй, ледніком» для захоўвання прадуктаў. Пасажырскія платформы рабілі з каменнага друзу або бітай цэглы, якую залівалі вапнавым растворам. Платформы былі абсыпаны пяском і ўтрамбаваныя «да шчыльнасці добрай садовай дарожкі». Па краях і пасярэдзіне платформы ўкладваліся дарожкі з дошак. Каля кожнага вакзала ўладкоўваліся «садкі», разбіваліся кветнікі. Плошчу і вуліцу каля вакзала масцілі каменем. Усе жылыя і службовыя памяшканні да адкрыцця дарогі былі «цалкам мэбляваныя і забяспечаныя білетнымі скрынямі і штэмпелямі, вагавым абсталяваннем, брызентам, вогнетушыльнымі прыборамі, сігнальным інвентаром, інструментамі, качэргамі, венікамі...»

Усе іншыя чыгуначныя будынкі - казармы, паўказармы, будкі вартаўнікоў, лінейныя будынкі - будаваліся з дрэва і прызначаліся для пражывання адміністрацыйнага персаналу сярэдняга і ніжняга звяна, рабочых, абходчыкаў і вартаўнікоў. Жылы фонд будаваўся капітальна і спраўна служыць і сёння, калі прайшло больш за 100 гадоў з дня пабудовы.

На пачатку студзеня 1907 г. новая лінія здаецца ў пастаянную эксплуатацыю. «Кур'ер Літоўскі» пісаў: "Ад 1 студзеня лінія Балагое - Ваўкавыск з адгалінаваннем на Гародню далучана да Мікалаеўскай дарогі. Па ёй адкрыты рэгулярны рух цягнікоў. Часова курсуе толькі адна пара паштова-пасажырскіх цягнікоў, з якіх кожны складаецца з аднаго вагона першага класу, аднаго - другога класу і двух вагонаў трэцяга класу.

Цягнік выходзіць з Балагое ў 04-30, з Полацка ў 19-41, з Маладзечна ў 01-45, з Ліды ў 05-51, прыбывае ў Ваўкавыск у 09-00.

З Ваўкавыска выходзіць у адваротны бок у 22-45, з Мастоў у 23-45, з Ліды ў 01-40, з Маладзечна ў 05-20, з Полацка ў 11-27. У Балагое цягнік прыбывае ў 02-50.

З Гародні цягнік выходзіць у 19-15, прыбывае ў Масты ў 20-55. З Мастоў на Гародню адпраўляецца ў 11-10 і прыбывае ў 12-50".

Праз некалькі тыдняў газета адзначае, што "адкрыццё руху па чыгунцы Балагое- Сядлец паскорыла гандлёвы пульс у нашым краі … Артэрыя гэта мае для яго вялікае эканамічнае значэнне… "

Ужо ў маі прэса паведамляла пра "абставіны чыгуначнага крушэння: паштовы цягнік № 4 выйшаў уначы 11 мая са станцыі Ваўкавыск у бок Балагое, перапоўнены пасажырамі. Катастрофа здарылася ў 6 гадзін раніцы на 662 вярсце, бліжэй да Маладзечна. Раздаўся аглушальны скрыгат, пасля чаго лакаматыў і частка вагонаў паваліліся з высокага насыпу ў дол. На рэйках засталіся толькі апошнія вагоны цягніка. Пачалася страшная паніка. З уцалелых вагонаў у ніжняй бялізне павыбягалі пасажыры, бо катастрофа вырвала іх са сну. Абслуга цягніка шукала доктара ці фельчара сярод непацярпелых пасажыраў. Унізе, пад насыпам з пабітых вагонаў, разносіліся страшныя стогны і енкі. Пасля сёмай раніцы прыйшлі выратавальныя цягнікі з боку Ліды і Маладзечна. Забіты: машыніст Жукоўскі, яго памочнік Суровіч і адзін пасажыр, цяжка паранены качагар і тры памочнікі, лёгка паранены падкандуктар Землякоў і 5 пасажыраў. 11 мая з Пецярбурга на месца катастрофы выехаў міністр шляхоў зносін Шаўфус".

Цяжкія інцыдэнты, пэўна, не абыходзілі і Палескую чыгунку, бо ў лістападзе 1907 г. прэса паведамляла: "З-за неаднаразовых няшчасных выпадкаў з гібеллю людзей на чыгунцы, міністэрства шляхоў зносін запатрабавала ад кіраўніцтва Палескіх чыгунак прыняць самыя энергічныя меры для недапушчэння падобных інцыдэнтаў у будучыні".

Ад пачатку эксплуатацыі чыгункі ўчастак ад Балагое да Ваўкавыска перадаецца Мікалаеўскай дарозе, а ад Ваўкавыска да Седляца - Прывісленскім дарогам. У 1909 г. у сувязі з будаўніцтвам чыгункі Полацк-Сядлец прадугледжвалася поўная перабудова станцыі Ліда. З адкрыццём лініі меркавалася «перанесці карэннае дэпо з Вільні ў Ліду і зрабіць у Вільні абаротнае дэпо». Але вайна перашкодзіла гэтым планам. У 1910 годзе ўчастак Ваўкавыск-Полацк уключаны ў склад Палескіх дарог.

У красавіку 1910 г . "селянін Ракішка кінуўся пад хуткі цягнік і загінуў пад яго коламі. Прычынай гэтага страшнага ўчынку сталася адсутнасць сродкаў да жыцця". А праз некалькі дзён "на станцыі Ліда адбылося сутыкненне манеўровага лакаматыва з таварным цягніком ... вагоны атрымалі пашкоджанняў на 1500 рублёў".

У снежні 1911 г. "Кур'ер Літоўскі" пісаў пра новае сур'ёзнае крушэнне цягніка: «Больш падрабязна пра катастрофу на чыгуначнай станцыі Ліда: калі таварны цягнік рухаўся ад Ліды да станцыі Скрыбаўцы, семафор быў зачынены, але якраз у момант, калі цягнік праходзіў стрэлку, стрэлачнік па памылцы перавёў яе на іншую лінію. У выніку 6 вагонаў сышлі з рэек і валакліся 250 сажняў, руйнуючы ўсё на сваім шляху. Кандуктар тармазоў Стулаў быў забіты адразу, старшаму кандуктару Казлоўскаму скамячыла абедзве нагі, і ён памёр у чыгуначным шпіталі ў Вільні, кандуктару Юхневічу пашкодзіла грудную клетку, ён знаходзіцца ў шпіталі ў цяжкім стане. У катастрофе вінаваты дзяжурны па станцыі, які недакладна паведаміў стрэлачніку пра лінію, па якой будзе рухацца цягнік. Дзяжурны адразу адхілены ад сваіх абавязкаў».

У 1911 г. камісія па перспектыўнаму будаўніцтву пры Мініс- тэрстве шляхоў зносін Расіі вызначыла, што чыгункі павінны будавацца з улікам эканамічных патрэб тэрыторый. Планы міністэрства абмяркоўваліся ў Дзяржаўнай Думе. Быў прыняты план праектавання і будаўніцтва дарог на 1911-13 гг. У Беларусі планавалася пабудаваць дарогу Магілёў-Паставы-Свянцяны-Паневеж і чыгунку Ліда-Араны (зараз - Варэна) даўжынёй 60 км. Дарога Ліда-Араны павінна была злучыць новую дарогу Балагое-Сядлец з дарогай Пецярбург-Варшава, яна мела б і ваеннае значэнне для перавозкі грузаў і расійскіх войскаў да Прусіі ў выпадку вайны. Па ўспамінах людзей, у 1914 г. ужо былі пачаты падрыхтоўчыя работы па будаўніцтву. Вядома, што на тэрыторыі Лідчыны чыгунка павінна была прайсці прыкладна па трасе сучаснай аўтадарогі Ліда-Радунь.

Заробкі на чыгунцы былі ў сярэднім у два разы большыя за заробкі на іншых прадпрыемствах. У 1913 г. стаўкі зарплаты на Палескай дарозе былі наступныя: інжынеры атрымлівалі 1800-2400 руб. у год, тэхнікі - 1200 руб. у год, дарожныя майстры - 480-720 руб. у год, машыністы, у залежнасці ад класа, 742-510 руб. у год, качагары - 255-270 руб. у год, счэпшчыкі вагонаў - 240-468 руб. у год, стрэлачнікі - 240-256 руб. у год, радавыя пуцейцы - 144-228 руб. у год. У 1882 г. на Палескай чыгунцы было зацверджана "Палажэнне аб абмундзіраванні…". Абмундзіраванне атрымлівалі тэлеграфісты і тэлефаністы, машыністы і памочнікі машыністаў паравозаў, качагары і дарожныя майстры - шматлікія іншыя катэгорыі чыгуначнікаў, у сярэднім на абмундзіраванне аднаго работніка трацілася 11 руб. 43 капейкі ў год. Выплачваліся грошы на здыманне кватэры (некаторым катэгорыям работнікаў давалася бясплатнае жыллё), розныя прэміі, у выпадку працы за межамі сваёй зоны - камандзіровачныя і сутачныя выплаты, розныя грашовыя дапамогі.

Пасля пачатку Першай сусветнай вайны і паражэння рускіх войскаў ва Ўсходняй Прусіі пачалося наступленне немцаў ва Усходняй Польшчы. Рэзка вырасла значэнне Лідскага аэрадрома, сюды з-пад Варшавы пераляцела эскадра самалётаў "Ілья Мурамец". Узнікла патрэба ў дастаўцы вялікай колькасці грузаў на аэрадром, і была пабудавана каляя ад вакзала да аэрадрома. Легендарнай асаблівасцю гэтай будоўлі стала тое, што будавалі каляю, у тым ліку цераз пойму рэчкі Лідзейкі, адны жанчыны (мужчыны пагалоўна былі мабілізаваны ў войска). Аднак немцы акупавалі Заходнюю Беларусь. Пры адступленні рускіх войскаў з Ліды ў 1915 г. у горадзе былі знішчаны будынак Лідскага вакзала і віядук на скрыжаванні Палескай і Полацка-Сядлецкай чыгунак каля сучаснай бальніцы, рускія войскі ўзарвалі чыгуначныя масты, у тым ліку і праз раку Гальшанку на перагоне Юрацішкі-Багданаў (Вайгяны). Немцы не аднаўлялі мост, а блізка ад яго ўладкавалі станцыю перагрузкі з шырокай і вузкай каляямі. Станцыя Лістапады на ўчастку Маладзечна-Ліда пры наступе немцаў у 1915 г. разбурана артылерыяй. Пасля вайны замест аднаўлення гэтай станцыі была пабудавана бліжэй да Маладзечна новая станцыя Гаронькі (зараз Валожын). У 1915 г. Ліду наведаў кайзер Вільгельм.

З 1920 г. чыгункі Лідчыны ўваходзілі ў склад Віленскай акруговай дырэкцыі Польскіх дзяржаўных чыгунак. У склад Віленскай акруговай дырэкцыі ўваходзілі рэгіянальная аддзелы. Лідскі аддзел меў 703 км чыгункі і 2 226 супрацоўнікаў. Чыгунка была найбуйнейшым працадаўцам у рэгіёне, амаль што ўся каляя яшчэ немцамі была адбудавана па еўрапейскаму стандарту (з 1524 на 1435 мм). З-за змяншэння аб'ёму перавозак па лініі Ліда-Маладзечна (яна стала амаль што тупіковай) на гэтым адрэзку была знята другая каляя.

Верагодна, 24 жніўня 1923 г. адбылося найвялікшае чыгуначнае крушэнне за ўсю гісторыю лідскай чыгункі. Загінула 50 чалавек і больш за 100 чалавек было паранена, калі пад Лідай пасажырскі цягнік "Вільня-Варшава" сышоў з рэек. Трагедыя была выклікана размывам чыгуначнага насыпу".

Па ўспамінах відавочцаў, на пачатку 1920-х гадоў, пакуль не быў адноўлены будынак вакзала, замест яго выкарыстоўвалася таварная кантора чыгункі - зараз адзін з будынкаў паліклінікі па вул. Труханава.

Пасля аднаўлення вакзал быў пафарбаваны ў светла-крэмавы колер і пакрыты чырвоным дахам. Пасярэдзіне былі зала білетных кас і памяшканне для захоўвання багажу. Дзяцей прыцягвалі 2 аўтаматы, якія прадавалі смачны шакалад: малая плітка каштавала 20, а вялікая - 50 грошаў. Злева ад цэнтральнай залы была вялікая зала чыгуначнага рэстарана 1-га класа з буфетам: "У рэстаране можна было смачна пад'есці, а ў буфеце атрымаць розныя вытанчаныя халодныя закускі, найлепшую вяндліну, фаршыраванага шчупака, галярэту ці селядца з рознымі салатамі. Да ежы падавалася гарэлка, віно і піва лідскага бровара ці віленскага бровара "Шапэн". Алкаголь пілі культурна і няшмат, ніколі не бачыў я, каб хтосьці валіўся з ног ці ладзіў сваркі". Направа ад цэнтральнай залы вакзала была зала чакання, у якой месцілася паштова-тэлеграфнае аддзяленне Ліда-2 з тэлефонам-аўтаматам.

Летам 1944 года Лідскі вакзал быў спалены і разбураны. Яго аднавілі толькі ў 1949 г.

Апошняя рэканструкцыя Лідскага вакзала адбылася ў 2010 годзе.

Першы Лідскі вакзал, канец ХІХ ст. Фотаздымак Давіда Візуна. Лідскі Мікалаеўскі вакзал, каля 1910 г.  Лідскі вакзал падчас нямецкай акупацыі, паштоўка 1916-1917 гг. Вакзал у 1930-я гг.





Фарны касцёл

У 1387 г. Ягайла заклаў у Лідзе адзін з першых касцёлаў у ВКЛ. Ён перадаў яму вёску, якая зараз называецца Плябанцы, і даход з нейкай іншай воласці. Таксама Ягайла надаў зямлю "на 6 сох", 3 пляцы, лугі і корчмы, дзесяціну з усей каралеўскай маёмасці ў Лідскім павеце і 6 рублёў. Гэты фундуш быў пацверджаны 7 ліпеня 1616 г. каралём Жыгімонтам ІІІ. Касцёл знаходзіўся на падзамчы і згарэў у 1392 г. пры нападзе крыжакоў. У 1397 г. быў пабудаваны новы касцёл. Яго асвяціў віленскі біскуп Андрэй, які зноў адчыніў пры касцёле францысканскую місію, бо ранейшыя місіянеры гэтага закону былі хутчэй за ўсё забітыя або выгнаныя падчас нападу крыжакоў на Ліду ў 1394 г. І гэты касцёл згарэў у 1406 г. У 1414 г. ён быў узноўлены як парафіяльны і асвечаны пад назвай "Найсвяцейшай Дзевы Марыі Панны, Усіх Святых".

У Метрыцы ВКЛ Лідскі касцёл згадваецца ў 1516 г. з-за таго, што намеснік лідскага старасты Юрыя Ільініча не аддаў арыштаванага слугу гетмана Канстанціна Астрожскага, калі "тотъ нятецъ самъ прибегъ на цвинтаръ и въ костелъ Лидски на кони звязанъ, и ноги подъ конь окованы".

Падчас спусташальнай вайны 1654-1663 гг. горад быў цалкам знішчаны. У тэксце візітацыі касцёлаў віленскай дыяцэзіі ў 1674 г. біскупам-суфраганам Мікалаем Слупскім пра Лідскі касцёл зроблены наступны запіс: "Касцёл новазбудаваны, драўляны, пабудаваны коштам мясцовага дэкана, ксяндза Ігната Рэберта, асвечаны пад час знаходжання візітатара".

У другой палове XVIII ст., верагодна па праекту віленскага архітэктара Глаўбіца, з цэглы ў стылі барока быў пабудаваны Фарны касцёл Узвіжання Святога Крыжа, які дзейнічае да нашага часу.

Будаўніцтва новага, мураванага, касцёла пачалося ў 1765 г. і было скончана ў 1770 г. стараннямі віленскага суфрагана (вікарнага біскупа) Томаша Зянкевіча, які выканаў запавет свайго дзядзькі, біскупа Міхала Зянкевіча (пам. 23.01.1762). Міхал Зянкевіч, перад тым як у 1747 г. стаць віленскім біскупам, быў лідскім пробашчам. У сваім завяшчанні, напісаным у 1761 г., ён рэкамендаваў прапанаваць прыцягнуць да будаўніцтва Іагана Крыштофа Глаўбіца або «каго- небудзь яшчэ, добрага». Біскуп прызначыў для будаўніцтва 50 000 тынфаў і працэнты ад 7500 чырвоных злотых, якія былі размешчаны ў фальварку Канюшаны, Томаш Зянкевіч хутка павялічыў гэтую суму на 4900 злотых. Новы касцёл пачалі будаваць на новым месцы, але недалёка ад старой святыні, і высвяцілі ў 1768 ці 1780 г.

Свой агульны выгляд касцёл захаваў да нашага часу, аднак вядома, што першапачаткова ён меў дзве трохузроўневыя вежы. У новы касцёл былі перанесены некаторыя рэчы са старога: абразы, купель, увянчаная драўлянай статуяй Св. Яна Хрысціцеля, і арган, другі арган быў перанесены сюды з крупаўскага касцёла.

Новы касцёл меў сем алтароў. Тры з іх (у тым ліку і галоўны) мураваныя, размаляваны пад мармур, бакавыя алтары - у блакітна-ружовыя таны.

У галоўным алтары знаходзіўся цудатворны абраз Маці Божай Ружанцовай. Пра Божыя ласкі, выказаныя праз гэты абраз, сведчылі запісы ў "Кнізе цудаў". Таксама ў алтары былі чатыры драўляныя фігуры: злева Св. Пётр і Св. Станіслаў, справа Св. Павел і Св. Казімір, а над імі - чатыры стуковыя (штучны мармур) анёлкі.

Другія два мураваныя алтары былі пад вызваннямі Яна Непамуцкага і Бічавання.

Алтар Св. Яна Непамуцкага ў верхняй частцы меў маляваны на сцяне абраз Найсвяцейшай Панны Ружанцовай, алтар Бічавання там жа - абраз Св. Апостала Тамаша. Усе абразы ў бакавых алтарах, за выключэннем абраза Бічавання, былі новыя.

Два алтары, якія знаходзяцца пры ўнутрыкасцельных слупах, мелі мураваныя прастолы з абразамі Св. Антонія і Св. Юзэфа, якія былі перанесены са старога касцёла.

Іншыя два алтары пры бакавых сценах - пад вызваннем Св. Барбары і Св. Івона.

Сцены і столь прэзбітэрыума пакрывалі малюнкі. Падлога выкладзена каменнымі плітамі, але пад лаўкамі і па баках была выкладзена цэглай.

Унутранае абсталяванне касцёла з большага захавалася да нашых дзён.

Касцёл агароджвала мураваная сцяна, унутры якой знаходзіліся могілкі, каля касцёла стаяла званіца на чатырох слупах з двума званамі. На вуліцу вяла брама "бляхай крытая, на ёй вырабленае з жалеза імя Марыя з прамянямі зялёнага колеру". Адначасова з касцёлам планавалася пабудова плябаніі і двух шпіталяў, з якіх адзін ужо ў 1777 г. патрабаваў рамонту. У тым жа 1777 г. планавалася пабудаваць парафіяльную школу, бо шэсць вучняў да гэтага часу вучыліся ў доме арганіста.

З-за памылак пры праектаванні і будаўніцтве касцёла, а таксама з-за "надта дрэннага матэрыялу", ужо у 1777 г. касцёл патрабаваў рамонту, пра тое ж самае напісана і ў візітацыі 1782 г. Першымі пачалі разбурацца трохузроўневыя вежы, з якіх зваліліся бляха, тынк і нават фрагменты карнізаў і сценаў, да таго ж ветрам павыбівала шыбы і ўнутр пачала прасочвацца вада, што павялічыла небяспеку абрушэння вежаў.

У 1790 г. на грошы ксяндза Вінцэнта Нарбута быў устаноўлены новы арган, якія замяніў арган, што застаўся яшчэ ад старога касцёла.

У 1791 г. касцёл пацярпеў ад расійскага войска.

Рамонт праводзіўся ў 1782-90 гг. пробашчам касцёла Казімірам Нарбутам, дзеля чаго першапачаткова было выдзелена 16 000 тынфаў, а потым яшчэ 1675 чырвоных злотых. Канчаткова касцёл быў адрамантаваны да 1792 г. Верагодна, тэхнічную экспертызу праводзілі архітэктары, прызначаныя біскупам Масальскім. У выніку рамонту былі разабраны дзве вежы, зроблены новы шчыт, верагодна, цалкам перароблены фасад касцёла. Так сама папраўлены пілястры і ўсе вокны. Дах нанава пакрыты гонтай, маленькая вежа над прэзбітэрыумам пакрыта бляхай.

Цікава было б пабачыць малюнак лідскага Фарнага касцёла да перабудовы - з дзвюма вежамі, але, на жаль, хутчэй за ўсё, такога малюнка не існуе.

У 1794 г. значная частка касцельнага срэбра пайшла на падтрымку паўстання, а касцёл быў яшчэ раз разрабаваны расійскім войскам.

15 жніўня 1812 г. у Фарным касцёле і горадзе прайшлі святочныя мерапрыемствы па святкаванні дня нараджэння Напалеона.

У першыя тры дзесяцігоддзі XIX ст. былі пабудаваны ўсе касцельныя пабудовы: шпіталь, могілкі, новая плябанія (1818 г.) і закончаны рамонты: тынкоўкі, вокнаў, дзвярэй. Зроблены два новыя алтары: Св. Сімона Юды, Св. Тэклі і Св. Барбары. У той жа час у галоўным алтары ўстаноўлены абраз "Хрыстос, які падае пад крыжам".

У 1826 г. пажар знішчыў дах і вокны касцёла, згарэў таксама і шпіталь, страты былі вялікімі, бо яшчэ ў 1832 г. рамонт касцёла не закончаны. Пасля пажару ў 1828 г. дах касцёла пакрылі саломай.

Пасля скасавання Закона Піяраў у 1844 г. Фарны касцёл прыняў уцалелы пры пажары піярскага манастыра звон.

У 1847 г. быў пабудаваны новы шпіталь для ўбогіх, а ў 1856 г. адрамантаваны арганы.

Вялікі рамонт усяго касцёла праводзіўся ў 1861 г. У 1878 г. адноўлены франтон святыні. Чарговы рамонт зроблены ў 1886-92 гг.

У 1906-09 гг. пры пробашчы Юзэфу Шкопу адноўлены тынкоўка, насценныя малюнкі, алтары.

У 1960-х гадах разабрана агароджа касцёла разам з брамай.

Фарны касцёл на пачатку ХХ ст. Фарны  касцёл падчас нямецкай акупацыі, паштоўка 1916-1917 гг. Каля касцёла, 1917 г. Фарны касцёл у 1920-х гг. Фарны касцёл, плошча Славы, прыпынак аўтобусаў, 1930-я гг.





Касцёл Піяраў, Свята-Міхайлаўская царква

У першай трэці XVIII ст. у Лідскім павеце з'явіліся піяры. У 1756 г. па прапанове лідскага старасты Ігната Сцыпіёна піярскі калегіум, які быў створаны ў 1730 г. у Воранаве, перанеслі ў Ліду. Мясцовая шляхта ахвяравала піярам фальварак Пастаўшчызна і юрыдыку ў Лідзе. У 1834 г. у піяраў была канфіскавана іх навучальная ўстанова і рэарганізавана ў 5-класнае дваранскае павятовае вучылішча.

Магчыма, Ігнату Сцыпіёну дэль Кампа прапанаваў перанесці ў Ліду з Воранава піярскі калегіум ягоны настаўнік - Мацей Догель. Акт пераносу калегіума падпісаны Ігнатам Сцыпіёнам дэль Кампа 12.01.1756 г. у прысутнасці Францішка Александровіча, лідскага харунжага, Дамініка Александровіча, пісара земскага лідскага, і Самуэля Кастравіцкага, пісара гродскага. Акт пераносу прадугледжваў захаванне і нават павелічэнне фундушаў (да фундуша быў дададзены фальварак Асава Лапацінская) і выдзяленне пляца па вуліцы Віленскай, набытага ў 1749 г. у Людвікі Гадэбскай, стольнікавай пінскай. Нягледзячы на пратэсты лідскіх кармелітаў, віленскі біскуп Міхал Зянковіч 09.03.1756 г. прыняў фундуш. Летам таго ж года піяры пераехалі ў Ліду і першапачаткова спыніліся ў драўляным будынку трактыра, які знаходзіўся на іх пляцы.

Лідская піярская школа пачала працаваць у 1757 г. А ў 1758 г. тут ужо стаяў драўляны будынак школы і невялікі касцёл Св. Юзафа Каласантага. На працягу трох наступных гадоў быў пабудаваны драўляны кляштар на 12 законнікаў.

Пляц піяраў павялічваўся праз далучэнне двух суседніх пляцаў - адзін ахвяраваў Юзаф Барумоўскі, суддзя земскі лідскі, другі піяры абмянялі з уладальнікамі Воранава, Францішкам і Дамінікам Александровічамі, на пляц у гэтым мястэчку. У выніку пляц піяраў цягнуўся на ўсход аж да рэчкі Лідзеі.

У 1762 г. лідскія піяры атрымалі ад Аўгуста ІІІ зацвярджэнне фундушаў, а ў 1774 г. - адабрэнне сойма на нованабытую маёмасць. Для ўтрымання кляштара і школы ў фундуш былі запісаны фальварак Лапацішкі, наданы Сцыпіёнам дэль Кампа, вёска Віскунцы і фальварак Пастаўшчына з вёскай Раслякі, купленыя ў 1778 г. у Томаша Умястоўскага, рэгента земскага лідскага.

Піяры ў той час атрымлівалі грашовыя ўзносы ад розных ахвярадаўцаў. У 1762 г. яны атрымалі запіс на 7 000 зл., які за пазыку ў 1773 г. быў перададзены Аляксандру Міхалу Сапегу, атрымлівалі працэнты ад 15 000 зл., прынялі 10 000 зл. ад Ганны Агінскай з Юдыцкіх. На пабудову мураванага кляштара ў 1781 г. ад Томаша і Бенедыкта Мігдалаў атрымалі 1000 зл. наяўнымі сродкамі і працэнты ад 10 000 зл., а ў 1789 г. на пабудову новага мураванага касцёла 20 000 зл. ад Ежы Адамовіча, суддзі земскага лідскага.

Толькі атрымаўшы ўсе неабходныя фінансавыя рэсурсы, у 1792 г. піяры пачалі будаўніцтва мураванага кляштара. Гэта быў самы самавіты будынак у горадзе, і менавіта таму, падчас свайго знаходжання ў Лідзе, 15.05.1797 г. тут начаваў цар Павел І. Ён паабяцаў 5 000 руб. на будаўніцтва касцёла, але ў выніку манахі змаглі атрымаць толькі 1250 руб. і толькі пасля смерці манарха. Але ў гонар знаходжання тут цара на кляштары была прымацавана драўляная табліца з тэкстам на латыні. У 1802 г. піярскі кляштар наведаў чарговы рускі цар Аляксандр І.

У 1799 г. рэктарам калегіума стаў кс. Себасцьян Дамброўскі - лепшы архітэктар сярод піяраў таго часу. З дазволу ўлад у 1800 г. пачалося будаўніцтва мураванага касцёла, у 1801 г. сцены ўзняліся на палову праектаванай вышыні, яшчэ за некалькі гадоў сцены ўдалося ўзняць да ўзроўню карнізаў. А ў 1805 г. будаўніцтва спынілася з-за недахопу грошай.

Як бачна з тэксту візітацыі цэркваў Лідскага ўніяцкага дэканата ў 1792 г., на поўдзень ад кляштара піяраў знаходзілася ўніяцкая царква Св. Міхала са шпіталём, плябаніяй і могілкамі. Ужо напрыканцы XVIII ст. царква была ў дрэнным стане і неўзабаве зачынілася.

У 1803 г. піярскі калегіум ператвораны ў 4-класную павятовую вучэльню, але арганізацыя вучэбнага працэсу і праграма навучання пры гэтым не змяніліся і піяры па-ранейшаму лічылі яе сваёй справай.

Будаўніцтва касцёла аднавілася ў 1817 г., гэта справа капітулам закону піяраў была даручана таму ж самаму кс. Дамброўскаму, у той час - ваверскаму пробашчу. Ён "зрабіў з лапацінскіх лясоў рыштаванні і дах, прыступіў да адбудовы муроў. Але ў гэты момант здарылася наступнае: страпчы Чаховіч патрабаваў, каб яму былі пазычаны значныя грошы, але, вядома, без вяртання. Рэктар, маючы вялікую патрэбу ў наяўных грошах, не мог даць чыноўніку хабар. Пакрыўджаны страпчы цішком паскардзіўся ўладам, што піяры нішчылі казённы лес, у якасці доказу ўказаў на стосы лесу каля касцёла. …У выніку піяры заплацілі больш за 300 рублёў срэбрам штрафу. Хутка рэктар памёр". Таму ў 1819 г. будаўніцтва зноў спынілася.

Яшчэ доўга набажэнствы адбываліся ў драўляным касцёле, пра які ў візітацыі 1820 г. пісалася, што ён "годны толькі для руйнавання". Наступныя 5 гадоў набажэнствы праходзілі ў трапезнай, якая з дазволу віленскага біскупа была перароблена ў капліцу і мела 3 алтары, перанесеныя сюды з драўлянага касцёла.

У 1820 г. новым рэктарам абраны кс. Каласанты Санкоўскі, ён прадоўжыў будаўніцтва. Рэктар нарыхтаваў неабходныя матэрыялы і заключыў з яўрэем з Расіенаў Лейзарам Давыдавічам Цясельскім кантракт на дабудаванне і атынкоўку муроў. Працы пачаліся ўвесну 1823 г. і былі закончаны ў 1824 г., што дазволіла заняцца абсталяваннем храма. Старыя алтары былі малыя і не падыходзілі, але, не маючы грошай, рэктар вырашыў устанавіць іх і закрыць вялікімі абразамі, выкананымі ў 1824-25 гг. мясцовым мастаком Глыбоўскім. Дзеля эканоміі сродкаў усталявалі старыя арганы з піярскага касцёла ў Віцебску.

Касцёл асвечаны 4 ліпеня 1825 года літоўскім біскупам-правінцыялам Ізідорам Секлюцкім.

З даклада чарговага рэктара Язафата Вайшвілы ад 1831 г. біскупу бачна, што будаўнічыя працы зроблены няякасна, будынак мае патрэбу ў істотным рамонце карнізаў, а дрэнна пабудаваны порцік (ганак) патрэбна разабраць і пабудаваць нанава. Таму новы рэктар у 1836-37 гг. правёў грунтоўны рамонт касцёла. У 1838 г. быў адрамантаваны кляштар: дах пакрыты новай гонтай, часткова заменены вокны, зроблены унутраны рамонт, усё пафарбавана алейнай фарбай.

Кляштар складаўся з касцёла, арыентаванага фасадам да вуліцы Віленскай і злучанага з усходняга боку з двухпавярховым кляштарам, які меў два крылы: фасадам на поўнач і фасадам на ўсход, усходняе крыло мела выступ, у якім на другім паверсе была трапезная, а на першым зала капітулы. У 1831-32 гг. ад вуліцы і з паўднёвага боку пабудавана мураваная агароджа, якая складалася з квадратных слупоў, злучаных кратамі. Каля кляштара ў 1837 г. была пабудавана драўляная званіца. На поўнач ад кляштара знаходзілася драўляная школа, а на ўсход - драўляная жылая афіцына (флігель), гаспадарчыя пабудовы, а далей, ажно да ракі Лідзеі, ляжалі падзеленыя дзвюма алеямі агарод і сад.

09.09.1834 г. Лідскі піярскі калегіум (ці павятовая вучэльня) быў зачынены і ператвораны ў павятовую дваранскую пяцікласную школу.

23.08.1842 г. хуткі пажар знішчыў дах і купал касцёла, значна пашкодзіў жылы будынак і знішчыў усе драўляныя пабудовы, непашкоджанымі засталіся толькі рэчы, якія знаходзіліся ў сакрыстыі. Згарэла ўсё абсталяванне касцёла: тры алтары, разьбяны амвон і табернакль (перанесены з закрытага ў 1832 касцёла кармелітаў), арган, два канфесіяналы (спавядальні), 10 лаў, фігура Маці Божай Ласкавай і ўсе абразы, якія віселі на сценах. Згарэла ўсё, што было ў манастыры, у тым ліку вялікая бібліятэка, якая ў 1830 г. складалася з 1464 тамоў, а пасля пераносу ў 1841 г. сюды кніг з калегіумаў Воранава і Вільні (які месціўся на Сніпішках) - з 1787 тамоў.

Нягледзячы на намаганні рэктара Язафата Вайшвілы, губернскія ўлады, каб апраўдаць набыццё разбураных будынкаў, не дазволілі пачаць рэканструкцыю. У 1843 г. гродзенскі губернатар загадаў перадаць касцёл праваслаўнай царкве, прылеглае крыло кляштара - пад праваслаўную плябанію, а асноўную частку (усходняе крыло) - пад павятовую школу і жытло настаўнікаў.

У тым жа годзе, па распараджэнні віленскага біскупа, касцельная маёмасць, якая засталася, падзелена паміж лідскім Фарным і навакольнымі піярскімі касцёламі.

Дарэчы піярскі калегіум юрыдычна быў ліквідаваны толькі 14.05.1845 г.

Шмат гадоў у былых піярскіх мурах працавала толькі павятовая школа.

Спробы перарабіць касцёл у царкву былі адкладзены на працяглы час, па меншай меры да 1855 г., у гэтым годзе быў складзены каштарыс пераробкі, як аказалася, замалы, таму ў 1862 г. быў прадстаўлены новы каштарыс на 4313 рублёў. У выніку перабудовы было знесена ўсходняе, найвялікшае крыло будынка. Быў адноўлены купал, унутраны інтэр'ер атрымаў новае абсталяванне, але, верагодна, захаваў сваё першапачатковае архітэктурнае аблічча. Разам з аднаўленнем і адаптацыяй будынка, з поўначы пабудавана званіца з цэглы, магчыма у тым жа месцы, дзе была папярэдняя з дрэва.

"Литовские епархиальные ведомости" ў 1863 г. далі інфармацыю пра асвячэнне храма: "18 жніўня тут праходзіла ўрачыстае асвячэнне ... храма - у імя Св. Архістратыга Міхаіла. Новы храм пабудаваны з былога піярскага касцёла, які пасля пажару заставаўся доўгі час у поўным разбурэнні. З ... гэтага ... касцёла - на працягу апошніх 3-х гадоў створана прыгожая праваслаўная царква - у візантыйскім стылі. Без перабольшання можна сказаць, што новая праваслаўная царква - каменная з вялікім зялёным купалам - першы па прыгажосці будынак у Лідзе і з'яўляецца лепшым упрыгожваннем горада. Асвячэнне храма здзейснена, па даручэнні Высокапраасвяшчэннейшага Мітрапаліта Літоўскага Іосіфа, Ковенскім епіскапам Аляксандрам, вікарыем Літоўскай епархіі...

17 жніўня ў новым храме адбылося ўсяночнае чуванне, пры ўдзеле Архірэя - з саборам 10 святароў: мясцовых і якія прыбылі з навакольных прыходаў. Выдатныя спевы архірэйскага хору прыцягвалі не толькі рыма-каталікоў (праваслаўныя ўсе былі ў храме), але і нехрысціян.

18-га жніўня, пасля літургіі ў ранейшай дамавой царкве, у новым храме здзейснена асвячэнне вады. З прыбыццём ў храм правялебнага, у пачатку 11-й гадзіны, пачалося асвячэнне самаго храма... Сход народа быў велізарны... па асвячэнні храма быў хрэсны ход за Св. мошчамі ў старую царкву...

Да самага дня асвячэння некаторымі дабрачыннымі асобамі дасланыя з Пецярбурга праз камергера П. Н. Бацюшкава 2 святарскіх і адно дыяканскае адзенне".

А ў 1886 "Литовские епархиальные ведомости" пісалі: "Наш гарадок 26 снежня сціпла святкаваў 20-гадовы юбілей служэння ... святара, настаяцеля Лідскага Міхайлаўскага сабора а. протаіерэя Іосіфа Каяловіча. Да прыняцця ім гэтага месца прыход не меў нават царквы і набажэнства здзяйснялася ў аднапавярховым драўляным доміку ў тры акны. Хатка і сёння стаіць насупраць пышнага каменнага храма, узведзенага а. Іосіфам са згарэлага касцёла. Сам жа прыход, які лічыў тады вернікаў дзесяткамі, у цяперашні час налічвае іх больш за 1500". Заўважым, што ў абодвух тэкстах адзначаецца, што праваслаўны Свята-Міхайлаўскі храм адбудаваны з былога піярскага кляштара.

Пра хатку, дзе праводзіліся набажэнствы, пісаў у сваіх мемуарах расійскі афіцэр І. В. Любарскі, які перад паўстаннем 1863 г. служыў у Лідзе: "Праваслаўная царква ў Лідзе была ў несамавітай, драўлянай, бедна абстаўленай хаце з нізкай столлю". Найверагодней, ролю праваслаўнай царквы да асвячэння Свята-Міхайлаўскага храма ў 1863 г. выконвалі ці былы уніяцкі шпіталь, ці былая ўніяцкая плябанія, ці былая пякарня ўніяцкай плябаніі. На старой паштоўцы з выявай Свята-Міхайлаўскага сабора бачны могілкі. Верагодна, гэта рэшткі вельмі старых гарадскіх уніяцкіх могілак каля былой уніяцкай царквы. На больш позніх паштоўках гэтых могілак ужо няма.

ў 1875 г. на грошы аднаго з лідскіх месцічаў была пабудавана праваслаўная царква на могілках.

Да 1919 г. храм функцыянаваў як праваслаўная царква Святога Арханёла Міхаіла. У выніку рэстытуцыі храм быў зноў перароблены ў касцёл і аддадзены піярам, якія вярнуліся ў Ліду. У 1919 г. яны аднавілі сваю педагагічную працу ў школе, якая месцілася ў старым драўляным будынку на поўдзень ад касцёла (зараз - не існуе). У 1926 г. былы будынак калегіума перададзены піярам, і ўжо ў наступным годзе тут пачынаюць працаваць школа і інтэрнат. У 1930 г. заснавана 4-класная мужчынская гандлёвая школа, якая ў 1936 г. пераўтворана ў 4-класную гандлёвую гімназію з сумесным навучаннем хлопцаў і дзяўчат. Гімназія знаходзілася ў будынку на поўнач ад касцёла.

У цесным супрацоўніцтве з Віленскім ваяводскім рэстаўра-цыйным упраўленнем неўзабаве пачаліся неабходныя рамонтныя работы. Ужо ў 1928 г. па праекце віленскага архітэктара Іосіфа Здановіча была адрамантавана званіца і выкананы новы амвон. Гэты ж архітэктар зрабіў абмеры касцёла.

У 1929 г. навагрудская ваяводская адміністрацыя асігнавала Лідскаму праваслаўнаму прыходу 3 000 злотых як кампенсацыю за страту храма.

У 1932 г. па праекце лідскага інжынера Феліцыяна Хайнацкага быў перароблены ліхтар купала.

Пасля нямецкіх авіяналётаў на горад у 1941 г., у першыя дні вайны, згарэў практычна ўвесь цэнтр Ліды. Пачаў гарэць і касцёл піяраў. Будучы пробашч Фарнага касцёла, а у той час ксёндз-піяр Станіслаў Роек пісаў у сваім дзённіку: "Агонь, які разносіўся ветрам, дабраўся да даху касцёла праз адчыненыя вокны над хорамі. Наш касцёл пачаў гарэць. Прыступілі да тушэння. Я і ксёндз-рэктар Чабаноўскі ўзяліся за ручную помпу. Брат Фелікс Урбаля, надзеўшы маску са шлангам, пачаў тушыць агонь. Працаваў нядоўга, бо ад дыму ўпаў, не падаючы прызнакаў жыцця. З'явіўся тады садоўнік Бадрых і выцягнуў яго з дыму. Потым разарваў некалькі лістоў бляхі, і тады дым, маючы выхад, не перашкаджаў у тушэнні. Брат Фелікс, ачуняўшы, пачаў тушыць пажар разам з садоўнікам. Калі пажар быў патушаны, то брат Фелікс, абследуючы месца пажару, праваліўся разам з часткай спаленай столі на хоры. Яму нічога не сталася. Загінуў пазней ад асколкаў снарада, падчас захопу Ліды нямецкай пяхотай". Іншых пашкоджанняў у гады Другой сусветнай вайны касцёл не меў.

У 1958 г. касцёл быў перададзены краязнаўчаму музею. У 1964 г. у былым храме размясцiўся планетарый, адзiн з трох у той час у Беларусi i 26 у СССР. У 1976-1978 гг. школьнiкам аўтар наведваў астранамiчны гурток пры планетарыі, якi вёў яго дырэктар Уладзiмір Дзмiтрыевiч Столмаў, высокаадукаваны i iнтэлiгентны чалавек. Другiм супрацоўнiкам была ягоная жонка. Уладзiмір Дзмiтрыевiч, былы вайсковец, высока цанiўся сярод дырэктараў планетарыяў у былым СССР, сябраваў з тагачасным дырэктарам Маскоўскага планетарыя Б. А. Максiмачовым, меў вялiкiя планы на будучыню. Да 1978 г. ужо быў распрацаваны праект перабудовы званiцы ў абсерваторыю, i для гэтага атрыманы прафесiйны тэлескоп АВР-3 (рэфрактар з дыяметрам аб'ектыва 130 мм). Лiдскi планетарый i астранамiчны гурток хутка набiралi папулярнасць сярод аналагiчных устаноў былога СССР. Наведваў гурток i аўтар. Але пасля трагiчнай гiбелi адзiнага сына сям'я Столмавых пакiнула Лiду і астранамічны гурток распаўся.

7 сакавіка 1996 г. будынак касцёла па рашэнні гарадскіх улад, якое было ўзгоднена з касцельнымі ўладамі, быў перададзены праваслаўнай парафіі.

У 1996, 2000 і 2010 гг. праводзіліся рамонты праваслаўнага храма.

Свята-Міхайлаўская царква  са старымі гарадскімі могілкамі. Канец ХІХ - пачатак ХХ ст. Свята-Міхайлаўская царква, могілак ужо няма. Пачатак ХХ ст. Свята-Міхайлаўская царква падчас нямецкай акупацыі горада ў Першую сусветную вайну. Касцёл Піяраў у 1930-я гг.





Установы горада

Паліцыя. На пачатку сакавіка 1832 г. у дадатак да павятовай у Лідзе была арганізавана і гарадская паліцыя. З канца ХІХ ст. паліцэйская ўправа месцілася па вуліцы Віленскай, каля перакрыжавання з Паліцэйскім завулкам. Януш Сегень пісаў, што "паліцэйская ўправа размяшчалася ў доме Камянецкага, акурат насупраць аптэкі, гэта быў таксама будынак двухпавярховы, вялікі, мураваны". У 1920-30-я гг. паліцыя знаходзілася там жа, дзе зараз месціцца міліцыя.

Пошта. Паштовая станцыя ў Лідзе вядома з часоў уладарання караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Пошта месцілася ў спадчыннай сядзібе спадарыні Ёдкі па вуліцы Віленскай. Сядзіба была размешчана ў тым месцы, дзе ў 1939 г. знаходзіўся кінатэатр "Эра". У 1842 годзе сядзіба была знішчана пажарам, пошта была перанесена на ўчастак Камянецкага, па вуліцы Віленскай, паміж завулкамі Паштовым і Камерцыйным. Тут былі пабудаваны канюшні, карэтны хлеў, памяшканне для фурманаў, паштальёнаў, тут жа быў пабудаваны мураваны будынак паштовай станцыі.

У 1872 г. уздоўж паштовага тракту Вільня-Ліда-Наваградак-Мір была пабудавана тэлеграфная лінія, а ў Лідзе, на першым паверсе ў мураваным доме Камянецкага, была абсталявана тэлеграфная станцыя з двума апаратамі Морзе.

У выніку рэформы паштовай сістэмы, якая была праведзена ў Расіі ў 1886 г., Лідская павятовая паштовая кантора і тэлеграф былі аб'яднаны ў паштова-тэлеграфную кантору 4-га класа. Паштова-тэлеграфная кантора размяшчалася ў вялікім драўляным доме ў канцы вуліцы Віленскай. Дом быў пабудаваны Антоніем Малеўскім на атрыманую ад Віленскай паштовай акругі субсідыю з вяртаннем капіталу праз 12 гадоў. У гэтым доме пошта знаходзілася да 1938 г.

Верагодна, першая тэлефонная лінія ў горадзе была пракладзена ў 1907 г. паміж лідскімі піўнымі заводамі Пупко і Папірмейстара.

У сярэдзіне 1930-х гг. пачалі будаваць у Лідзе новы будынак пошты па англійскаму праекту, і ў 1938 годзе пошта горада перасялілася ў новы будынак па вуліцы Міцкевіча, дзе знаходзіцца і зараз.

Пажарная ахова. Як і ўсе ў асноўным драўляныя гарады з пячным ацяпленнем і шчыльнай забудовай, Ліда ў XIX - пачатку ХХ ст. часта гарэла. Але ў горадзе была толькі добраахвотная пажарная каманда, якая мела 4 помпы і 6 пажарных бочак. У 1930-х гадах было пабудавана пажарнае дэпо, у гэтым моцна перабудаваным будынку і да нашага часу знаходзiцца адзiн з пажарных аддзелаў горада (на сучаснай вуліцы 8-га Сакавіка).

Павятовае казначэйства. Узяў падрад на будаўнiцтва лiдскага казначэйства уладальнік маёнтка Бальцэнікі, граф Ваўжынец Путкамер, які у той час быў маршалкам шляхты Лідскага павета. Аднапавярховы цагляны атынкаваны будынак казначэйства стаяў насупраць уваходу ў Фарны касцёл.

Лідская паліцэйская ўправа, пачатак ХХ ст. Будынак, у якім Лідская пошта знаходзілася з 1886 па 1938 г. Пажарнае дэпо. 1930-я гг.





Адукацыя

На пачатку ХІХ ст. піяры ўтрымлівалі Лідскую павятовую школу, школа мела 42 вучні. Потым школа стала павятовым вучылішчам. У 1865 г. з былога трохкласнага вучылішча было пераўтворана ў двухкласнае.

З адрас-календара Віленскага генерал-губернатара на 1868 г. мы даведваемся, што Ганаровым наглядчыкам за павятовым вучылішчам быў граф фон Гутэн-Чапскі. У вучылішчы працавалі наступныя выкладчыкі:

штатны наглядчык (дырэктар) і выкладчык рускай мовы Пратасевіч Ілья Усцінавіч, скончыў Пецярбургскі ўніверсітэт, праваслаўнага веравызнання, на пасадзе з 1867 г., жалаванне - 750 рублёў і казённая кватэра;

протаіерэй Каяловіч Іосіф Восіпавіч, настаўнік праваслаўнага веравызнання, скончыў Літоўскую духоўную семінарыю, жалаванне - 225 рублёў;

ксёндз Раецкі Вікенці, настаўнік каталіцкага веравызнання, скончыў Рыма-каталіцкую семінарыю, жалаванне - 190 рублёў;

настаўнік матэматыкі Голуб Ніканор Данілавіч, калежскі сакратар, скончыў Пецярбургскі ўніверсітэт, жалаванне - 575 рублёў;

настаўнік малявання і чыстапісання Пятроў Аляксей Пятровіч, скончыў Строганаўскую школу малявання, жалаванне - 510 рублёў.

Прыцягвае ўвагу факт значна большага жалавання ў чыноўнікаў, прысланых да нас пасля паўстання 1863 г., так званых "абрусіцеляў". Нават праз 30 гадоў аклады тутэйшых чыноўнікаў далёка не дасягалі акладаў "абрусіцеляў".

"Памятная кніжка Віленскай вучэбнай акругі" за 1896 г. дае нам наступную інфармацыю пра Лідскае двухкласнае павятовае вучылішча. На наём памяшкання з казны выдзяляецца 500 рублёў у год, на ўтрыманне настаўнікаў - 1925 рублёў 5 капеек у год. У 1895-96 навучальным годзе вучылася 63 вучні.

У вучылішчы выкладалі:

штатны наглядчык (дырэктар), выкладчык матэматыкі і геаграфіі, надворны саветнік Сцяпан Сямёнавіч Свідэрскі, на службе з 1870 г., на пасадзе з 1884 г., узнагароджаны ордэнамі Анны і Станіслава 3 ступені, жалаванне - 500 рублёў у год і кватэрныя грошы;

протаіерэй Каяловіч Іосіф Восіпавіч, настаўнік праваслаўнага веравызнання, на службе з 1857 г., на пасадзе з 1860 г., узнагароджаны ордэнамі Уладзіміра 4 ступені, Анны 2 і 3 ступеняў, "наперстным крестом", медным медалём у памяць аб уціхамірванні польскага мяцяжу 1863-64 гг., камілаўкай, скуф'ёю і г. д., жалаванне - 150 рублёў, дадаткова 75 рублёў і пенсія 180 рублёў;

ксёндз Казімір Станіоніс, настаўнік каталіцкага веравызнання, на службе і пасадзе з 1895 г., жалаванне - 150 рублёў;

настаўнік рускай мовы і гісторыі, чыноўнік 12 класа (губернскі сакратар) Уладзімір Мікалаевіч Сірачынскі, скончыў Віленскі настаўніцкі інстытут, жалаванне - 350 рублёў і 40 рублёў кватэрных;

настаўнік чыстапісання, чарчэння і малявання, чыноўнік 14 класа (калежскі рэгістратар) Якаў Прохаравіч Кашын, жалаванне - 300 рублёў і 40 рублёў кватэрных.

На пачатку ХХ ст. асноўнымі навучальнымі ўстановамі горада былі: мужчынскае прыходскае двухкласнае вучылішча, гарадское чатырохкласнае вучылішча, жаночае вучылішча Навіцкай, пачатковае яўрэйскае вучылішча (з 1905 - іешыва з 6-гадовым тэрмінам навучання). Даведнік «Города России в 1904 году» паведамляе, што ў горадзе было 6 навучальных устаноў, у якіх вучыліся 700 вучняў (500 мужчынскага і 200 жаночага полу) і працавалі 23 настаўнікі (18 мужчынскага і 5 жаночага полу).

7 кастрычніка 1901 г. у Лідзе была адчынена прыватнае жаночае трохкласнае вучылішча з падрыхтоўчым класам. Арганізавала і ўтрымлівала вучылішча Марыя Канстанцінаўна Навіцкая (у дзявоцтве Снітко) - выпускніца Віленскага вышэйшага Марыінскага вучыліш-ча. "Кур'ер Літоўскі" пісаў у красавіку 1906 г.: "Прыватная жаночая школа ў Лідзе спадарыні Навіцкай хадайнічае аб пераўтварэнні ў прагімназію". У верасні таго ж года М. Навіцкая і М. Палу "падалі прашэнне куратару навучальнай акругі аб дазволе адкрыць у Лідзе 4-класную прагімназію". Вучылішча пераўтвараецца ў прагімназію, але 6 лістапада 1908 года ад разрыву сэрца памірае стваральніца Лідскай прыватнай жаночай прагімназіі Марыя Канстанцінаўна Навіцкая, тым не менш назва "прагімназія Навіцкай" застаецца. 17 верасня 1910 г. "Кур'ер Літоўскі" пісаў, што "25 жніўня ў Лідзе адкрыта прыватная гімназія Навіцкай з правамі дзяржаўнай школы". Такім чынам, на пачатку 1910-х гг. у Лідзе існуюць: жаночая гімназія, 4-класная мужчынская прагімназія М. Палу, іешыва і інш.

Пасля двух беспаспяховых спроб, у 1905 г. Лідскі равін Iсак Якаў Рэйнес пры фiнансавай падтрымцы барона Гiнзбурга засноўвае i будуе лiдскую iешыву. Ён рэфармаваў адукацыйную сiстэму, якая існавала да яго ў iешывах. Пасля ягонай рэформы праграма iешывы стала шасцігадовай i ўключала, акрамя Талмуду, яшчэ яўрэйскую граматыку i ўсе прадметы па курсе дзяржаўнай гімназіі. Лiдская iешыва хутка становiцца агульнавядомай i набывае папулярнасць дзякуючы грунтоўнасці ведаў.

У 1907 г. была адчынена яўрэйская прыватная прагімназія Цыпкінай на 45 вучаніц.

Лiдская мужчынская гiмназiя - сярэдняя агульнаадукацыйная ўстанова. Заснавана ў 1913 г. у складзе 2 класаў, у 1914 г. адкрыты 3-цi i падрыхтоўчы класы. Утрымлiвалася за кошт дзяржаўных сродкаў i платы за навучанне. У 1913 г. было 74, у 1914 г. - 167 навучэнцаў. Мужчынская гімназія праiснавала да 1917 г.

У 1914 г. гiмназiю Навіцкай скончылi 18, а ў 1916 г. - 26 чалавек.

У 1921 г. польскiмi ўладамi былi арганiзаваны 7-класныя школы, у 20-х гадах была адчынена Дзяржаўная гiмназiя iмя гетмана Караля Хадкевiча.

На пачатку 1920-х гадоў, як дзяржаўная, была адноўлена Лідская гарадская гімназія, яна атрымала назву - гімназія імя гетмана Караля Хадкевіча. Галоўным корпусам гімназіі быў корпус па вул. 3-га Мая (будынак былой гiмназii М. Навiцкай). Выпуснiк гiмназii, пiсьменнiк Ежы Путрамант (1910-1986 гг.) напiсаў у сваіх мемуарах ("Паўвека", т. 1-4, 1966-1969 гг.), што ў 1925 г. філіял гімназіі размяшчаўся "пры адной з кароткіх і вузкіх вулачак, якія адходзілі ад Сувальскай і ўжо праз некалькі дамоў утыкаліся ў бліжняе балота. Быў гэта цесны двухпавярховы дом з цэглы. Класы былі невялікія, парты стаялі адна пры адной. Праходы паміж імі былі вузкія, кафедра напірала на першую з лавак, словам, нязручнасцяў было вышэй галавы. Вучыліся тут мужчынскія класы з першага па пяты. Тры старэйшыя - агульныя - і жаночыя класы размяшчаліся ў т. зв. галоўным корпусе, на вуліцы Трэцяга Мая". Такім чынам, месца не хапала, і будаўніцтва новай гімназіі было неабходна.

Архітэктурны праект новай гімназіі быў распрацаваны варшаўскім архітэктарам Ежы Бэйлем (Jerzy Beill). Рэцэнзія на праект гімназіі нейкага "J. K." са шматлікімі чарцяжамі надрукавана ў варшаўскім часопісе "Архітэктура і будаўніцтва" № 3 за 1925 г. Абапіраючыся на гэтую рэцэнзію, мы можам уявіць, якой уяўляў сабе гімназію Бэйль, і параўнаць планаванае з рэальным будынкам.

Рэцэнзія пачынаецца з разважанняў пра ролю школы ў жыцці чалавека: "Самымі прыемнымі ўспамінамі чалавека нашага часу з'яўляюцца ўспаміны пра зусім бестурботныя гады школьнага дзяцінства. Гэтыя ўспаміны арганічна звязаны з месцам навучання, са школай.""J. K." адзначае, што характар будынка школы ўплывае на памятныя вобразы гадоў, праведзеных тут, і таму архітэктура школы з'яўляецца адным з элементаў навучання і выхавання сучаснага чалавека. "Імкненне нашага часу цалкам свядома накіравана на тое, каб архітэктура магла мець, наколькі гэта магчыма, станоўчы ўплыў на душу дзіцяці".

Гэтыя намаганні адбіліся ў жаданні надаць будынку школы дастаткова простыя формы, як мажліва больш вялікія ўнутраныя прасторы і па магчымасці скараціць выкарыстанне цёмнага колеру, які аказвае негатыўны ўплыў на дзетак. Рэцэнзент адзначае, што на праект зрабілі уплыў "настроі любімага старога будынка піярскіх і езуіцскіх калегіумаў сярэдзіны і канца 19-га ст., створаныя творамі … літаратуры - поўнымі сентыментальных успамінаў пра школу".

Пераходзячы непасрэдна да праекта Лідскай гімназіі, аўтар піша, што ў спіс школ, знаходжанне ў якіх будзе даваць станоўчы ўплыў на інтэлект выхаванцаў, можна ўключыць гімназію ў г. Лідзе (праект архітэктара Ежы Бэйля). "Гэты праект, незвычайна ясны ў мэтах і просты для разумення, таксама настойліва падкрэслівае ўпадабанне праектантам гарманічных архітэктурных формаў, г. зн. упадабанне формаў, наскрозь прасякнутых так званым "класіцызмам". Гэтыя характэрныя формы выклікаюць у памяці старажытныя двары ў калегіумах або ліцэях, напрыклад - праектаваны ўнутраны двор гімназіі, дзе аркады дадаюць рамантыкі ўсяму будынку. У сувязі з тым што планаваная гімназія займае толькі палову пляца, плошча, прызначаная пад будаўніцтва гэтай школы, плануецца аўтарам такім чынам, каб існавала магчымасць далейшага развіцця комплексу школьных будынкаў, і таму забудова цалкам мае ярка выражаны характар гарадскога квартала". Вельмі цікавая далейшая інфармацыя рэцэнзента, з якой бачна, якой архітэктар Бэйль і, верагодна, заказчык праекта бачылі перспектыву далейшага развіцця гімназічнага комплексу. Архітэктар паспрабаваў надаць комплексу школьных будынкаў выгляд, гарманізаваны з перспектывай навакольных вуліц. Праект прадугледжваў магчымасць таго, што на астатняй частцы пляца можа быць гарманічна пабудаваны другі будынак гімназіі, размешчаны аналагічна першаму. Будынкі дамоў для выкладчыкаў павінны былі будавацца па перыметры квартала і абмяжоўваць з усіх бакоў перспектыву школьных будынкаў, ажурныя сады жылых будынкаў, схавалі б двары і гаспадарчыя пабудовы з боку вуліцы.

Рэцэнзент "J. K." адзначае, што будынак размешчаны згодна з патрабаваннямі таго часу для школ. Ён адступае на дастатковую глыбіню ад дарог (што памяншае ўздзеянне шуму ад вулічнага руху), класы сонечныя, зарыентаваныя на ўсход ці захад, калідоры прасторныя і залітыя святлом, доступ да спартыўнай пляцоўкі вельмі добры, гардэроб распрацаваны такiм чынам, каб выключыць таўканіну, трэніровачная зала, размешчаная ў цэнтры гімназіі, блізка да навучальных класаў..."Прастату ўнутраных інтэр'ераў адцяняюць толькі галоўная лесвіца, разлічаная на пэўны архітэктурны эфект і стварэнне перспектывы, … рамантычныя аркады ў цэнтральным двары, … павінны не толькі ўпрыгожваць, але і абараняць ад вятроў падчас халоднага надвор'я, што дазволіць маладым людзям заставацца на адкрытым паветры да позняй восені … архітэктуры будынка з усходу, поўдня і захаду характэрны прастата і сур'ёзнасць, у поўнай адпаведнасці са спецыфікай будынка".

З сітуацыйнага плана бачна, што з паўночнага боку гімназіі планаваўся вялікі двор, які павінен быў бы ісці на поўнач далёка за сучасную вуліцу Міцкевіча, на тэрыторыю сучаснага парка. Але, відавочна, калі трохі пазней пачалі праектаваць калонію дзяржаўных дамоў (дом старасты, сучасны загс, які стаіць насупраць гімназіі, пабудаваны таксама па праекце Ежы Бэйля), дык ад жадання мець вялікі двор прыйшлося адмовіцца. Сюды ж, на поўнач, праектаваўся і манументальны галоўны ўваход гімназіі. Дарэчы, пра планаваны паўночны фасад з планаваным галоўным уваходам "J. K." піша, што ён не гарманіруе з астатнімі фасадамі гімназіі: "…паўночны фасад, які з-за занадта багатых упрыгожванняў трошкі цісне на сярэднюю частку і робіць уражанне, што будынак мае некалькі іншы характар, а менавіта міжволі ўзнікае здагадка, што будынак прызначаны для ўрадавых інстытуцый, напрыклад, вайсковых ці ваяводскіх. Акрамя таго, можна запярэчыць, што калі ўпрыгожванні будуць зроблены з гіпсу, дык, верагодна, не збудуцца чаканні аўтара, што яны будуць выглядаць як быццам з высакародных матэрыялаў, такіх як пясчанік, граніт ці нават тэразіт. Выкарыстанне ж гэтых матэрыялаў - вельмі дорага і таму непрыдатна для будаўніцтва, якое ў той ці іншай форме будзе аплачваць дзяржава, якая мае вялікія фінансавыя цяжкасці".

Улічваючы неабходнасць эканоміі і адсутнасць месца на поўначы, пры будаўніцтве зусім адмовіліся ад галоўнага паўночнага ўваходу. Цікава параўнаць праект гімназіі з рэальна пабудаваным гмахам. Бачна, што рэалізаваны моцна зменены праект, скасаваны галоўны паўночны ўваход з прыгожай манументальнай лесвіцай на тры паверхі знутры, таму лесвічныя маршы зроблены ва ўсходнім і заходнім флангах паўночнага корпуса, паўночны фасад мае толькі вокны, г. зн. прысутнічаюць моцныя змены ў агульным выглядзе. Бакавыя і паўднёвы фасады збольшага не памяняліся, ацаніць змены ва унутраным дворыку цяжка.

Як на мой густ, гмах захаваў "смак" піярскага калегіума, выглядае гарманічна, мае строгія формы і з'яўляецца, можа, самай прыгожай пабудовай у горадзе.

Пра сур'ёзнае стаўленне бацькоў да вучобы дзяцей і да будаўніцтва новай гімназіі сведчыць зарэгістраванае ваяводскімі ўладамі 28.12.1927 г. за № 8961197 як грамадскае аб'яднанне "Таварыства (кола) бацькоўскай апекі пры дзяржаўнай гімназіі ў Лідзе".

У верасні 1928 г. Ваяводскае кіраванне - Дырэкцыя грамадскіх работ у Наваградку аб'явіла тэндар для будаўніцтва гмаха гімназіі, і справа перайшла у стадыю практычнай рэалізацыі. Ужо ў 1929 г. новы будынак гімназіі па адрасе Школьная (зараз - Кiрава), 62 прыняў першых вучняў і да нашага часу выконвае функцыі выхавання і навучання моладзі нашага горада.

Першы дырэктар - гiсторык Адам Казлоўскi, з 1936 па 1939 г. дырэктар - гiсторык Казiмiр Мятлевiч. Гiмназiя мела 4-гадовы цыкл адукацыi. Выкладчыцай латыні была сястра пiсьменнiка Даленгi-Мастовiча, будучая жонка перадваеннага прэм'ера Польшчы Славой-Складоўскага, - Ядвiга Мастовiч.

Падчас вайны ў будынку гімназіі месцiлiся: гебiтскамiсарыят, а з 1944 г. - казарма войскаў НКУС.

Камерцыйная гiмназiя, пры касцёле Пiяраў, месцiлася ў будынку тагачаснай школы № 3.

У 1938 г. паўстала прыватная гiмназiя згуртавання асаднiкаў, якія атрымалі зямлю за службу ў польскай арміі, месцiлася ў былым будынку школы № 4 па вуліцы Каштанавай (зараз СШ № 10 па вуліцы Паўліка Марозава). Дырэктар - Юзэф Мяжык. Для гэтай гiмназii пачалi будаваць новы будынак па вул. Школьнай, але не паспелi да 1939 г., пасля вайны будынак быў дабудаваны як дом для афiцэраў Савецкай Арміі (дом насупраць басейна).

У 1920-30-я гады працавалi 5 агульнаадукацыйных школ (7-гадовага навучання).

Школа № 1 iм. Габрыэля Нарутовiча, дырэктар - Юзэф Мiхнеўскі.

Школа № 2, дырэктар - Антонi Котанскі. Зараз у будынку былых школ №1 i №2 знаходзiцца СШ № 1, падчас вайны - шпiталь.

Школа № 3, месцiлася каля касцёла Пiяраў, зараз у гэтым будынку спартыўная школа.

Школа № 4, дырэктар Уладзiслаў Даброўны, зараз СШ № 10.

Школа № 5 імя Людвіка Нарбута, дырэктар - Фердынанд Оркуш. Знаходзiлася каля паўночнай сцяны замка, будынак не захаваўся.

Яўрэйская школа (iешыва), дырэктар - Хабэр.

Акрамя таго, былi 2 рамесныя школы: дзяржаўная механiчная школа (вуліца Сувальская, 182) і школа кравецкая жаночага саюза працы (вуліца Сувальская, 90).

Гарадское вучылiшча, пачатак ХХ ст. Будынак знаходзiўся з паўночнага боку Лiдскага замку. У 1920-30-я гг. ў iм месцiлася гарадская школа № 5 імя Людвіка Нарбута. Будынак не захаваўся. Жаночая прагімназія М. Навіцкай, 1910-я гг., пасля шэрагу перабудоў у гэтым будынку зараз знаходзіцца ліцэй №1 г. Ліды. Жаночая прагімназія М. Навіцкай, 1910-я гг., пасля шэрагу перабудоў у гэтым будынку зараз знаходзіцца ліцэй №1 г. Ліды.  Жаночая прагімназія Цыпкінай. Лiдская iешыва з 6-гадовым тэрмінам навучання, вуліца Школьная (зараз - Кiрава). Згарэла падчас Другой сусветнай вайны. Дзяржаўная гімназія імя Караля Хадкевіча ў памяшканні  былой гiмназiі М. Навiцкай, 1920-я гг.  Школы №№ 1 i 2.  Зараз - СШ № 1. Дзяржаўная гімназія імя Караля Хадкевіча ў новым будынку, 1930-я гг.





Прэзентацыя кнігі Леаніда Лаўрэша ў Лідзе

НАША СЛОВА № 24 (1175) 11 чэрвеня 2014 г.

6 чэрвеня ў Лідскім літаратурным музеі прайшла прэзентацыя чарговай кнігі лідскага краязнаўца Леаніда Лаўрэша "Ліда ўчора і сёння. Гісторыя горада ў выявах". Выданне ажыццявіла "Лідская газета". У прадмове, напісанай галоўным рэдактарам газеты Кацярынай Серафіновіч у прыватнасці гаворыцца:

"Ліда на старых выявах" - пад такой назвай на старонках "Лідскай газеты " быў распачаты новы праект. Яго аўтар - вядомы на Лідчыне і далёка за яе межамі краязнаўца Леанід Лаўрэш.

Асаблівасць праекту - старыя здымкі, многія з якіх цудам захаваліся ў архівах неабыякавых да гісторыі роднага горада людзей. Праз прызму непрадузятага сведкі падзей мінулых стагоддзяў - фотааб'ектыва - сёння мы маем магчымасць убачыць Ліду такой, якой яна была ў розныя гады свайго існавання.

Гісторыя горада была рознай: драматычнай - у перыяд войнаў, стваральнай - у мірны час. Старонкі гэтай кнігі напоўнены каштоўнай інфармацыяй пра тую Ліду, якой бачылі яе нашы продкі, тыя, хто жыў да нас у драўляных ці цагляных дамах, шпацыраваў па брукаваных вуліцах, ля старажытнага замка, вучыўся ў навучальных установах, трымаў краму або працаваў на ўласніка завода. Подых гісторыі адчуваецца на кожнай старонцы кнігі, бачыцца ў кожным здымку.

Другая частка кнігі прысвечана дню сённяшняму, дню, у якім ёсць месца захаваным помнікам даўніны і сучасным архітэктурным збудаванням, дню, які запоўнены ствараіьнай працай нашых сучаснікаў. На фотаздымках, зробленых нашымі землякамі напярэдадні 690-гадовага юбілею горада, яскрава бачны веліч і прыгажосць Ліды, якая праз усе выпрабаванні не страціла сваёй адметнасці і займае годнае месца сярод гарадоў нашай сінявокай краіны.

Калектыў рэдакцыі выказвае вялікую ўдзячнасць раённаму выканаўчаму камітэту, з дапамогай якога стала магчыма выданне гэтай кнігі, якая, несумненна, стане значнай падзеяй у асяродку аматараў гісторыі - краязнаўцаў, а таксама для тых, хто хоча ведаць мінулае сваёй малой радзімы і будаваць шчаслівую будучыню."

Так, кніга сапраўды мае тую адметнасць, што выдавалася дзяржаўнай газетай з дапамогай мясцовай улады. І гэта прадуктыўны падход, бо колькі ж можна выдаваць краязнаўчую літаратуру за кошт саміх краязнаўцаў без дапамогі, а часта і насуперак волі мясцовых кіраўнікоў. І тут Ліда сказала годнае і важкае слова: краязнаўства - справа ўсяго краю. Таму на прэзентацыі акрамя аўтара Леаніда Лаўрэша і галоўнага рэдактара "Лідскай газеты" Кацярыны Серафіновіч (на верхнім здымку) прысутнічалі намеснік начальніка ідэалагічнага аддзела райвыканкама Ўладзімір Самсонаў і спецыяліст гэтага ж аддзела Алена Каралевіч.

Прысутнічалі лідскія краязнаўцы, рэдактары краязнаўчых часопісаў "Лідскі летапісец" і "Ziemia Lidzka" Станіслаў Суднік і Аляксандр Колышка. Леанід Лаўрэш з'яўляецца сталым аўтарам і гэтых выданняў.

Арганізоўваў прэзентацыю малады краязнавец Алесь Хітрун, навуковы супрацоўнік Лідскага музея, які рэгулярна і на беларускай мове праводзіць экскурсіі па Лідскім замку і Лідзе.

Прысутныя высока ацанілі якасць кнігі (выдадзена на дыхтоўнай паперы), пашкадавалі пра малы наклад (традыцыйныя ўжо для Беларусі 300 асобнікаў), выказалі пажаданне разгарнуць кнігу ў паўнавартасны альбом.

І трэба спадзявацца, што ідэя выдання альбома, які б спалучыў старыя паштоўкі і фотаздымкі і новыя, сучасныя краявіды, не заглохне, а знойдзе падтрымку ўладаў горада.

Яраслаў Грынкевіч.


Адбылася прэзентацыя кнігі «Ліда ўчора і сёння. Гісторыя горада ў выявах»

Подробности
Лідская газета № 65 (12473) 12 чэрвеня 2014 г.
Опубликовано 12.06.2014 10:00
Автор: Аляксандр Мацулевіч

Яшчэ адной кнігай па гісторыі Ліды стала болей: у рамках чарговага пасяджэння літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай Адбылася прэзентацыя кнігі 'Ліда ўчора і сёння. Гісторыя горада ў выявах'. газеты" адбылася прэзентацыя кнігі "Ліда ўчора і сёння. Гісторыя горада ў выявах", якая стала вынікам сумеснага праекта нашай газеты і Адбылася прэзентацыя кнігі 'Ліда ўчора і сёння. Гісторыя горада ў выявах'. мясцовага краязнаўца Леаніда Лаўрэша. На прэзентацыю былі запрошаны галоўны рэдактар "Лідскай газеты" Кацярына Серафіновіч, Леанід Лаўрэш, аматары гісторыі і літаратары Лідчыны, а таксама прадстаўнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

Леанід Лаўрэш - інжынер па адукацыі. Як заўважыў хтосьці з удзельнікаў прэзентацыі, славуты гісторык Тэадор Нарбут па адукацыі таксама быў інжынерам, аднак гэта не перашкаджала яму займацца навукова-даследчай работай у галіне гісторыі і стварыць шмат грунтоўных прац на гэтай ніве. Для нашага сучасніка Леаніда Лаўрэша гісторыя - таксама справа ўсяго жыцця. У коле лідскіх (і не толькі лідскіх) краязнаўцаў і аматараў гісторыі Леанід Лявонцьевіч вядомы перш за ўсё як адміністратар сайта "Pawet" па адпаведнай тэматыцы, а таксама як аўтар шматлікіх (каля 120) артыкулаў па гісторыі Лідчыны, некалькіх кніг. У апошнія гады Леанід Лаўрэш супрацоўнічае з "Лідскай газетай". Вынікам менавіта гэтага супрацоўніцтва стаў гістарычны праект нашага выдання "Ліда на старых выявах", а крыху пазней - і кніга "Ліда ўчора і сёння".

Аднак перадгісторыя стварэння кнігі пачалася значна раней - у самым пачатку 2000-х гадоў, калі спярша на "Павеце", а затым і ў друкаваным выглядзе з'явілася першая кніга Леаніда Лявонцьевіча (у суаўтарстве з Уладзімірам Круцікавым) - "Ліда на старых малюнках, паштоўках, фотаздымках". Кніга атрымала станоўчыя водгукі ў навуковым свеце, доктар гістарычных навук, прафесар Захар Шыбека ўключыў яе ў бібліяграфію па беларускай урбаністыцы. Прайшло больш за дзесяць гадоў - і на падставе матэрыялаў той першай кнігі і новых работ краязнаўца на старонках "Лідскай газеты" распачаўся вышэйзгаданы праект, прымеркаваны да 690-гадовага юбілея горада (дарэчы, гэты праект працягваецца і зараз).

Безумоўна, калі параўноўваеш кнігу "Ліда ўчора і сёння" з кнігай "Ліда на старых малюнках…", адразу адзначаеш розныя ўзроўні іх афармлення (і тут перавага - за новым выданнем). У новай кнізе, акрамя старых, чорна-белых, прысутнічаюць сучасныя, каляровыя фотаздымкі - яны расказваюць нам аб Лідзе сённяшняй. Больш тут, чым у "Лідзе на старых малюнках…", выяў старога горада і тэкставага матэрыялу.

Ужо сама назва кнігі гаворыць аб тым, што ў ёй паказана не толькі мінулае горада, але і яго сучаснасць. Для напісання кнігі выкарыстана вялікая колькасць гістарычнай літаратуры. Гістарычныя тэксты спалучаюцца тут з выявамі Ліды розных часоў, пачынаючы з канца XVIII стагоддзя. На старонках кнігі прыведзены звесткі пра Лідскі замак, Рыначную плошчу, найбольш старыя вуліцы горада, некаторыя іншыя яго раёны. Таксама тут прасочваецца гісторыя лідскай чыгункі, асобных каталіцкіх і праваслаўных храмаў горада, даваенных устаноў адукацыі. І ўсё гэта - у спалучэнні з фотаздымкамі, паштоўкамі, малюнкамі, якія дапамагаюць нам ярчэй уявіць тую - ранейшую - Ліду, Ліду нашых дзядоў і прадзедаў, назаўсёды згубленую з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны, з налётамі варожай авіяцыі і бязлітаснымі бамбардзіроўкамі. Другая частка кнігі прысвечана сённяшняму дню горада, які ў свой час адрадзіўся з руін і попелу. Гэтую частку напаўняюць ужо каляровыя, сучасныя фотаздымкі.

Як заўважылі самі складальнікі кнігі, падобныя выданні вельмі патрэбныя: яны з'яўляюцца друкаванымі візіткамі горада для яго гасцей, ілюстраванымі падручнікамі гісторыі горада для яго жыхароў.

P. S. "Ліда на старых выявах" і "Ліда ўчора і сёння" - не адзіныя гістарычныя праекты нашай газеты. Чытачам таксама спадабаліся новыя праекты адпаведнай тэматыкі "Гісторыю раёна напішам разам" і "Летапіс ваеннага дзяцінства". У планах выдання - праект, прысвечаны 100-годдзю падзей Першай сусветнай вайны. Шмат планаў і ў сябра нашага выдання Леаніда Лаўрэша. Ён намераны і далей супрацоўнічаць з "Лідскай газетай", дасылаць у рэдакцыю свае гістарычныя матэрыялы.

href="http://lidanews.by/news/r1/ku1/3010-adbylasja-prjezentacyja-knigi-lida-chora-i-sjonnja-gistoryja-gorada-vyjavah


У Лідзе прэзентавалі кнігу "Ліда ўчора і сёння. Гісторыя горада ў выявах"

14.06.2014
Культура
У Лідзе прэзентавалі кнігу 'Ліда ўчора і сёння. Гісторыя горада ў выявах'

У літаратурным музеі імя Валянціна Таўлая ў Лідзе прайшла прэзентацыя кнігі "Ліда ўчора і сёння. Гісторыя горада ў выявах". Яна змяшчае ў сабе дзясяткі старых паштовак і фотаздымкаў, на якіх можна пабачыць, як выглядала Ліда ў часы Першай сусветнай вайны, у міжваенны перыяд, а таксама сучасны выгляд горада.

Па словах аўтара-краязнаўца Леаніда Лаўрэша, ў яго калекцыі каля 300 старых паштовак і фотаздымкаў з выявамі Ліды перашай паловы ХХ стагоддзя, якія яму хацелася б таксама выдаць:

- Я спадзяюся, што мы дойдзем да альбома, нават альбома поўнафарматнага, дзе будуць гэтыя паштоўкі. Як сёння казалі, фотаздымкі з жыцця горада, проста бытавыя нейкія сцэны, вельмі цікавыя ёсць фотаздымкі бытавыя гэтага горада. Калі знайсці такую гармонію ў тым будучым альбоме, дзе будзе шмат выяў і шмат цікавых тэкстаў на некалькіх мовах - гэта будзе добрай справай для горада.

Выданне кнігі "Ліда ўчора і сёння. Гісторыя горада ў выявах" стала вынікам супрацы Леаніда Лаўрэша і рэдакцыі "Лідскай газеты", на старонках якой доўгі час выходзіла яго рубрыка "Ліда на старых фотаздымках".

Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара

http://www.racyja.com/index.php?id=103&zoom=25088#.U50_oPmSwUc




У Лідзе прэзентавалі кнігу 'Ліда ўчора і сёння. Гісторыя горада ў выявах'. У Лідзе прэзентавалі кнігу 'Ліда ўчора і сёння. Гісторыя горада ў выявах'. У Лідзе прэзентавалі кнігу 'Ліда ўчора і сёння. Гісторыя горада ў выявах'. У Лідзе прэзентавалі кнігу 'Ліда ўчора і сёння. Гісторыя горада ў выявах'. У Лідзе прэзентавалі кнігу 'Ліда ўчора і сёння. Гісторыя горада ў выявах'. У Лідзе прэзентавалі кнігу 'Ліда ўчора і сёння. Гісторыя горада ў выявах'. У Лідзе прэзентавалі кнігу 'Ліда ўчора і сёння. Гісторыя горада ў выявах'. У Лідзе прэзентавалі кнігу 'Ліда ўчора і сёння. Гісторыя горада ў выявах'. У Лідзе прэзентавалі кнігу 'Ліда ўчора і сёння. Гісторыя горада ў выявах'. У Лідзе прэзентавалі кнігу 'Ліда ўчора і сёння. Гісторыя горада ў выявах'. У Лідзе прэзентавалі кнігу 'Ліда ўчора і сёння. Гісторыя горада ў выявах'. У Лідзе прэзентавалі кнігу 'Ліда ўчора і сёння. Гісторыя горада ў выявах'. У Лідзе прэзентавалі кнігу 'Ліда ўчора і сёння. Гісторыя горада ў выявах'. У Лідзе прэзентавалі кнігу 'Ліда ўчора і сёння. Гісторыя горада ў выявах'.

















“Ліда ўчора і сёння” даехала да Гродна, але кніг хапіла не ўсім

t-styl.info/by/116/history/12945/
09 лiпеня 2014 | Піша Алесь Кіркевіч
Гісторык Леанід Лаўрэш 8 ліпеня прэзентаваў сваю новую кнігу ў гарадзенскай галерэі “Крыга”.
Добра выдадзеная і багата ілюстраваная праца, прысвечаная найбуйнейшаму пасля Гродна гораду вобласці, выйшла каля паўгода таму. Гэта яе першая прэзентацыя ў Гродне.
“Ліда ўчора і сёння” вядомага краязнаўца Леаніда Лаўрэша з’яўляецца зборнікам нарысаў, прысвечаных гісторыі горада. Яе адметнасць у вялікай колькасці ілюстрацый – як старадаўніх выяваў горада, так і сучасных фота. Асобныя раздзелы кнігі прысвечаныя замку, чыгунцы, адукацыі і нават асобным вуліцам: Віленскай, Крывой, Замкавай…
Увесь тыраж выдання (300 асобнікаў) ужо фактычна разышоўся, у доказ чаго ў аўтара атрымалася прыхапіць з сабой усяго некалькі экзэмпляраў. Аднак для ўсіх, каму не хапіла папяровага асобніка, застаецца “Ліда ўчора і сёння” у фармаце pdf, зараз дасяжная ў інтэрнэце.

Леанід Лаўрэш прэзентаваў гарадзенцам гісторыю Ліды (фота)

racyja.com
08.07.2014 Лідскі краязнаўца Леанід Лаўрэш прадставіў гарадзенцам сваю новую кнігу “Ліда ўчора і сёння: гісторыя горада ў выявах” у гарадзенскай галерэі “Крыга”. Кніга напісана ў стылі гістарычных нарысаў з выкарыстаннем вялікай колькасці літаратуры.
Пра кнігу Беларускаму Радыё Рацыя распавядае Леанід Лаўрэш:
- Кніга напісана пра Ліду для яе жыхароў і тых, хто цікавіцца горадам. Цікавяцца, якім быў наш горад, яго гісторыяй і нават сучаснасцю, бо ў канцы кнігі шмат каляровых здымкаў сучаснай Ліды. У нейкай ступені кніга з’яўляецца перавыданнем самага першага выдання 2001 года, кніга называлася “Ліда на старых малюнках”.
Выданне – гэта спалучэнне гістарычных тэкстаў з выявамі горада з канца XVIII стагоддзя да нашага часу. А на сустрэчу з аўтарам прыйшлі былыя лідчукі, а цяпер жыхары Гародні, гарадзенскія гісторыкі і краязнаўцы.



Гісторык Леанід Лаўрэш 8 ліпеня прэзентаваў сваю новую кнігу ў гарадзенскай галерэі 'Крыга'. Гісторык Леанід Лаўрэш 8 ліпеня прэзентаваў сваю новую кнігу ў гарадзенскай галерэі 'Крыга'. Гісторык Леанід Лаўрэш 8 ліпеня прэзентаваў сваю новую кнігу ў гарадзенскай галерэі 'Крыга'. Гісторык Леанід Лаўрэш 8 ліпеня прэзентаваў сваю новую кнігу ў гарадзенскай галерэі 'Крыга'. Гісторык Леанід Лаўрэш 8 ліпеня прэзентаваў сваю новую кнігу ў гарадзенскай галерэі 'Крыга'. Гісторык Леанід Лаўрэш 8 ліпеня прэзентаваў сваю новую кнігу ў гарадзенскай галерэі 'Крыга'. Гісторык Леанід Лаўрэш 8 ліпеня прэзентаваў сваю новую кнігу ў гарадзенскай галерэі 'Крыга'. Гісторык Леанід Лаўрэш 8 ліпеня прэзентаваў сваю новую кнігу ў гарадзенскай галерэі 'Крыга'. Гісторык Леанід Лаўрэш 8 ліпеня прэзентаваў сваю новую кнігу ў гарадзенскай галерэі 'Крыга'. Гісторык Леанід Лаўрэш 8 ліпеня прэзентаваў сваю новую кнігу ў гарадзенскай галерэі 'Крыга'. Гісторык Леанід Лаўрэш 8 ліпеня прэзентаваў сваю новую кнігу ў гарадзенскай галерэі 'Крыга'. Гісторык Леанід Лаўрэш 8 ліпеня прэзентаваў сваю новую кнігу ў гарадзенскай галерэі 'Крыга'.
 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX