Вярнуцца: Агульная інфармацыя пра горад Ліда

"Невядомая вайна" XVII ст. на Лідчыне і вакол яе


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 04-11-2020,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. «Невядомая вайна» XVII ст. на Лідчыне і вакол яе // Лідскі Летапісец. 2019. № 1(85). C. 24-37.



«Што ведала яна [Смерць] аб яго народзе, які жыў насупор і не так і ўзрошчваў шыпы на сваіх карэннях, а не на сцяблінах».Уладзімір Караткевіч.


360 гадоў таму на нашай зямлі бушавала, магчыма, самая спусташальная і крывавая вайна ў беларускай гісторыі - вайна паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй, якая пачалася ў траўні 1654 г. і закончылася Андрусаўскім мірам у 1667 г.

Я ні ў якім разе не маю за мэту апісваць усю тую вайну - гэтаму трэба было б прысвяціць жыццё, я толькі вырашыў сабраць ўсё вядомае мне на сёння пра падзеі той вайны на Лідчыне.


Вайна пачалася з вялікіх цяжкасцяў і паразаў. Праціўнік меў шматразовую перавагу ў колькасці жаўнераў і пачаў наступ трыма арміямі: паўночна-заходняй (з раёна Вялікіх Лук), цэнтральнай (базавалася ў Маскве) і паўднёва-заходняй (з раёна Бранска). Да таго ж, на дапамогу царскім войскам Багдан Хмяльніцкі выслаў 20 тысяч казакоў на чале з Іванам Залатарэнкам. Агульная колькасць расійскіх войскаў складала каля 80 - 100 тысяч жаўнераў. Вялікае Княства Літоўскае ў адказ магло выставіць толькі 10 - 12 тысяч жаўнераў на чале з гетманам Янушам Радзівілам.

29 ліпеня 1654 г. царскія войскі захапілі Полацк, 25 чэрвеня ўзялі ў аблогу Смаленск і пасля штурму 29 верасня ўзялі яго. Дарэчы, некаторыя сучаснікі тых падзей лічылі найбольш вінаватым у здачы Смаленска аднаго з кіраўнікоў абароны горада - лідскага падчашага і смаленскага гарадскога суддзю Альбрэхта Галімонта.

Працытую словы архідыякана Паўла Алепскага (Антыяхійская Праваслаўная Царква) пра ўзяцце Смаленска, які ў той час вандраваў па нашых мясцінах і пакінуў кнігу цікавых успамінаў: «Пасля прыезду да Смаленска, войскі гасудара на працягу тыдня ... ужывалі ўсе сродкі супраць умацаванага горада. ... нарэшце прабіта сцяна, і войска рыхтавалася да штурму, як знянацку камендант здаў горад. Пасля ўзяцця Смаленска ў ім знайшлі шмат яўрэяў. Іх усіх - з-за таго што не ўмелі хрысціцца - пазналі, і ўсіх, па загаду цара сабралі ў асобнае месца ... тых, якія хрысціліся, пакінулі жывымі, а тых, хто адмовіўся, пасадзілі ў драўляныя зрубы і спалілі. Усе касцёлы былі разбураны ... Такім чынам Бог дараваў гасудару сваю міласць. Смаленск быў узяты ... і царскія войскі потым узялі больш за 94 гарады і замкі ... прычым пры гэтым паўсюдна забілі Бог ведае колькі яўрэяў, арыян, католікаў, кідаючы іх дзяцей ў бочках у Днепр - без усялякага жалю іспачування. Усіх мужчын яны пасеклі на кавалкі ... а жанчын і дзяцей уводзілі ў рабства. Гэтак раней казачна багатая краіна, якая магла паспрачацца з лепшымі абласцямі Грэцыі, зараз сталася пустыняй і грудай руінаў, дзе не сустрэнеш ні вёскі, ні жыхара на працягу пятнаццаці дзён дарогі уздоўж і папярок. Нам сказалі, што больш за 100 000 чалавек зведзена ў палон, так што 7 ці 8 хлопчыкаў прадаваліся за дынарый ці нават менш. У гарадах, які здаліся добраахвотна, пакінулі толькі тых, хто прыняў праваслаўную веру ... гарады, якія былі ўзяты зброяй, цалкам спустошаны і разрабаваны, а хаты і ўмацаванні зраўняны з зямлёй»[1].

(68KB) Знішчэнне Вільні.

Адзін за другім браліся і знішчаліся старажытныя беларускія гарады: Друя, Дзісна, Дуброўна, Віцебск і іншыя. З-за здрады без бою здаўся Магілёў.

Але са жніўня 1654 г., на працягу 11 месяцаў, у глыбокім тыле ворага мужна вытрымліваў аблогу і штурмы Стары Быхаў. Горад баранілі мясцовая шляхта, 18 харугваў гараджан, сяляне Быхаўскага графства, 1000 чалавек наёмнай пяхоты, асобнае фарміраванне з 1 000 яўрэяў - яны ведалі, што чакае іх і іхнія сем'і, калі горад будзе ўзяты, і вырашылі, што лепей, як і належыць мужчынам, памерці ў бітве.

Толькі ў верасні 1654 г. гетман Януш Радзівіл сабраў войска і пачаў дзейнічаць. Але нашага войска мелася толькі 6 тысяч чалавек. Тым не менш у студзені 1655 г. войскі ВКЛ дэблакіравалі Стары Быхаў (у траўні 1655 г. нашы былі прымушаны адыйсці і горад зноў трапіў у аблогу. Гэты горды горад так і не здаўся - на пачатку 1656 г. аблога была спынена ў сувязі з Віленскім перамір'ем 1656 г., бо цар чакаў, калі яго абяруць каралём на трон Рэчы Паспалітай). Далей, у лютым 1655 г. нашы войскі часткова вызвалілі Магілёў. Аднак з поўначы ўдарылі казакі і захапілі Бабруйск і Глуск. Адначасова пачаўся франтальны наступ з усходу, і войска ВКЛ пачало адступленне.

19 красавіка 1654 г. лідскі соймік ухваліў фармаванне дзвюх павятовых харугваў казацкага строю. Для гэтага было вырашана выплаціць лідскаму падкамораму Кунцэвічу па 9 злотых з дыма, менавіта Кунцэвіч фармаваў лідскія харугвы [2].

3 ліпеня царскія войскі захапілі Менск - шлях на Вільню быў адкрыты. Абараніць сталіцу было немагчыма, а дапамогі з Польшчы можна было не чакаць - ужо ў сакавіку 1655 г. супраць яе пачала вайну Швецыя. Перад здачай Вільні да Януша Радзівіла далучылася паспалітае рушанне, ад Лідскага павета прыйшлі дзве конныя харугвы - па сто вершнікаў у кожнай.

Расійскае войска ўступiла ў Вiльню 8 жнiўня 1655 г. Горад быў захоплены войскамi князя Чаркаскага i казакамi гетмана Залатарэнкi. Расправы над мiрнымi жыхарамi ўражвалі відавочцаў сваiм фантастычным дзiкунствам. Падпаленая Вiльня гарэла 17 дзён. Пад шаблямi акупантаў i ў агнi загiнулi ад 10 да 25 тысяч месцічаў.

Той самы праваслаўны архідыякан Павел Алепскі, які знаходзіўся ў расійскім войску пісаў: «Пасля ўзяцця горада (Вільні - Л. Л.) ... было зроблена вялікае збіццё і рабунак. Усе багацці - золата, срэбра, каштоўныя камяні, розныя запасы і розныя каштоўныя рэчы - усё гэта было падвергнутае неапісальнаму рабаванню. Горад жа гэты быў вельмі багаты, бо са старажытных часоў у яго не ўступала нага ворага. Усе багацці на нашых вачах потым прадаваліся ў лаўках і рынках Масквы, і мы былі здзіўлены і ўражаны, калі бачылі срэбныя талеркі, срэбныя замкі і цвікі .. і срэбныя пласціны на карэтах. Цана рускіх грошай упала ... з-за колькасці іх у абароце. ... Што ж датычыць чырвонай і жоўтай медзі, званоў, знятых з храмаў дык яны былі ў продажы на рынках Масквы круглы год. Тут прадаваліся разныя гадзіннікі, кубкі, упрыгожаныя камянямі ружжы і інш. Палонных было больш за ўсялякі попыт на іх. Акрамя таго цар зняў і перавёз у Маскву сем купалаў з палаца Радзівіла, якія былі пакрыты золатам, мноства калон чырвонага і іншых колераў мармуру, мноства падлог і абедзенных сталоў, якіх у Маскве раней не бачылі»[3].

Шэсць гадоў старажытная сталіца Вялікага Княства Літоўскага знаходзілася ў руках акупантаў, пакуль у 1661 г. войскi гетмана Мiхала Паца не выбiлi iх з Вiльнi. Была цалкам знiшчана Віленская акадэмiя - наш першы ўніверсітэт. Выкладчыкi збеглі ў Кёнiгсберг ці яшчэ далей. У 1661 г. была зробленая спроба аднавiць дзейнасць Вiленскай акадэмii, але адрадзiлася яна толькi пасля 1674 г.

Пасля захопу Вільні, пратэстант Януш Радзівіл шукаючы паратунку, падпісаў з пратэстанцкай Швецыяй Кейданскую ўнію, па якой Вялікае Княства Літоўскае пераходзіла пад пратэктарат Швецыі. Гэтую унію не падтрымала каталіцкая частка шляхты, але гэтая унія дала два гады, каб назбіраць войска.


Такім чынам вораг быў ужо недалёка ад Ліды. Як развіваліся падзеі далей?

Улетку 1655 г. рускія войскі з краёў акружылі незанятую яшчэ тэрыторыю Беларусі, дзе працягвалі сваю працу мясцовая ўлада і войска. Тэрыторыя на захад і поўдзень ад Вільні на пачатку жніўня яшчэ не была акупавана. На гэтую тэрыторыю была накіравана казацкае войска Івана Залатарэнкі - на пачатку ён пайшоў на захад ад Вільні, да Нёмана [4]. 18 жніўня Залатарэнка пісаў цару з-пад Трокаў: «Па ўказу вашай царскай вялікасці ... пайшлі мы з-пад Вільні з войскам ... да Нёмана супраць ворагаў ... вашай царскай вялікасці, брата майго Васіля Нікіфаравіча, палкоўніка ..., паслаў з некалькімі тысячамі людзей за Нёман ... непрыяцельскага войска за Нёманам многа»[5].

У адказ цар загадаў «літоўскага войска за Нёманам шмат ... ты гетман наш з войскам хутка ідзеш і промысел над літоўскімі людзьмі ўчыніш, наколькі міласэрны Бог дапаможа. Вам неабходна ісці за Нёман з табарам, вы пойдзеце ... і загоны ў розныя бакі будзеце дасылаць ... Табе [неабходна] ... ісці за Нёман к Берасцю і там прамышляць, колькі міласэрны Бог дапамогі падасць»[6].

Хутка цар другі раз загадвае Залатарэнку ісці ў раён Берасця і дзейнічаць там разам з войскамі А. М. Трубяцкога [7]. Залатарэнка адказаў, што ён ужо дзейнічае «па абодва бакі ракі Нёман» і не пакіне Прынёманне, покуль цалкам не вынішчыць і не абрабуе Мерач, Алькенікі, Аліту, Радунь, Эйшышкі, Ліду, Іўе, Ліпнішкі, Любчу і г. д. [8]

Ліда, яе наваколлі былі спустошаны, але больш-менш падрабязная інфармацыя пра гэта да нашага часу не з'явілася ў навуковым абароце. Знайсці можна толькі асобныя дробкі. Напрыклад, вось што можна даведацца з дакументаў Маламажэйкаўскай (Мураванкаўскай) царквы пра тое, што рабілася вакол яе. Расейскае войска з'явіліся ў ваколіцах Мажэйкава пасля захопу Вільні, і пра вялікую небяспеку параха [9] Варатынскага папярэдзіў манах-базыльянін Раман Рожыц, які сам уцякаў з разрабаванай і спаленай сталіцы ў Быценьскі манастыр, а потым - у Пінск, дзе раней служыў парахам. Базыльянін па дарозе заехаў у Маламажэйкаўскую плябанію і распавёў аб падзеях у краі. Ён раіў хаваць самую каштоўную царкоўную маёмасць у базыльянскіх манастырах. Не вядома, ці паслухаў Варатынскі манаха, але наступствам рабункаў казакамі стала поўнае згаленне царквы. Засталіся толькі некаторыя святарскія рызы ўніяцкага ўзору, тры срэбныя грубапазалочаныя чашы з прыборамі (па сведчанні дзячка Філона Варатынскага, адна з гэтых чаш была закладзена Фядосіем Варатынскім нейкаму Гладавіцкаму, бо святар меў патрэбу ў грашах, каб выплаціць падаткі для вядзення вайны ў памеры 10 коп літоўскіх грошаў), срэбны пазалочаны крыж і вельмі старажытнае рукапіснае Евангелле ў багатай вокладцы з пяццю срэбнымі абразкамі па краях. Дзячок пісаў, што іншыя набажэнскія кнігі, раскіданыя па полі, ён падабраў непадалёку ад царквы пасля ад'езду казакоў, але яны ўсе былі сапсаваныя, напрыклад, Апостал не меў пачатку і канца, знайшліся толькі чатыры кнігі Міней і г.д. А пасля паразы войска ВКЛ пад Слонімам у 1656 г. быў спалены будынак плябаніі, а святар Фёдар (ці Фядосі) Варатынскі закатаваны «от людей царя Московского»[10].

У інвентары Зблянскай царквы ад 1671 г. запісана, што царкоўныя дакументы «падчас інвазіі вераломнага непрыяцеля маскоўскага, забраны пры розных яго фартунах»[11]. Таксама падчас «маскоўшчыны» загінуў каралеўскі фундуш цэркваў у Лідзе, аб чым пасля вайны зроблены запіс у кнігах Лідскага гродскага суда [12]. Фундушы Турэйскай царквы былі «да Масквы забраны»[13] і г. д.

У канцы 1655 г. ковенскі земскі суддзя Стэфан Мядэкша праехаў па беларускім Панямонні і запісаў, што тут скрозь «трупаў па дарогах поўна, вёскі, мястэчкі, сядзібы папаленыя, бедную хатку цяжка пабачыць цэлай»[14].

У заяве землеўладальніка Лідскага павета Яна Лісоўскага пра крыўды ад палкоўніка маскоўкіх войск Льва Сыціна, які сілай завалодаў яго жонкай Кацярынай, сярод іншага, пра ваколіцы Ліды: «... не толькі ў Вільні, але ва ўсіх паветах і ваяводствах Віленскім, Троцкім, паветах Ашмянскім і Лідскім людзі павыцінаны, і ў нішто агнём (усё) зруйнавана, такі меўся царскі вырак ...»[15].


У верасні 1655 г. казакі зруйнавалі Наваградак, Нясвіж, Мір, Карэлічы, Стоўбцы і інш., сам жа Іван Залатарэнка не спяшаўся рухацца на поўдзень і знаходзіўся ў Свіслачы [16].

Яшчэ са жніўня войскі Трубяцкога ішлі з-пад Старога Быхава ў напрамку Слуцк - Берасце, і менавіта на аб'яднанне з імі павінен быў спяшацца Залатарэнка. 23 жніўня Трубяцкі пасля сутычкі з нейкім малым воінскім аддзелам каля Слуцка падышоў да горада. Камандзір слуцкага гарнізона Ф. Петарсан і магістрат адмовіліся здаць горад, і Трубяцкі, каб не траціць час, пайшоў далей, да яшчэ неразрабаванага Слоніма [17].

Я як ужо пісаў вышэй, покуль невядомы дакументы, якія б апісвалі падзеі вакол Ліды, але даўно ўжо надрукаваны ліст Трубяцкога да цара, з якога мы даведваемся пра «подзвігі» гэтага ваяводы вакол Слоніма непасрэдна ад яго самаго, цытую фрагменты даклада князя Аляксея Трубяцкога цару: «26 жніўня пайшлі мы з-пад Слуцка к Слоніму. Ідучы дарогай, вёскі і мястэчкі, хлеб і сена, і ўсялякі конскі корм па абодва бакі мы палілі, а людзей забівалі і бралі ў палон, і ўсё цалкам, без астатку, руйнавалі, і ў розныя бакі паліць і руйнаваць пасылалі. ... у горадзе Мыш, літоўскіх людзей, якіх там засталі, пабілі і многіх ў палон ўзялі, і гарадок Мыш выпалілі і цалкам зруйнавалі. ... А ідучы да гарадка Мыш, мой таварыш, баярын і ваявода, князь Юры Аляксеевіч Даўгарукі і акольнічы Сямён Арцем'евіч з тваімі ратнымі людзьмі заходзіў у горад Ляхавічы і пасады і слабоды каля гэтага горада папалілі і, якіх літоўскіх людзей засталі, ... тых пабілі і ў палон узялі. ... заходзілі да гарадка Сталовічы і літоўскіх людзей, якіх засталі, забілі і ў палон ўзялі і гарадок Сталовічы выцялі і выпалілі і цалкам зруйнавалі. Палонных тут узялі літоўскіх людзей і шляхты 32 чалавекі, лепшых пакінуў а астатніх загадаў забіць. ... Па тваім царскім указе я загадаў ісці вайной ад Клецка да Слоніма па месцах, дзе не было вайны, і загадаў ім тыя месцы ваяваць і людзей забіваць і ў палон браць і вёскі, мястэчкі, хлеб, сена і розны конскі корм паліць і цалкам руйнаваць. ... І па тваім царскім указе мае таварышы з тваімі ратнымі людзьмі, ідучы да Слоніма, мястэчка Мір .... гарады, мястэчкі, і вёскі ... выпалілі, а людзей забілі і ў палон узялі і цалкам зруйнавалі. А калі прыйшлі да Слоніма, літоўскіх людзей, якіх тут засталі - выцялі, горад Слонім са слабадой і Жыровіцкі кляштар ... і слабаду каля яго і іншыя ўніяцкія кляштары і цэрквы выпалілі, людзей забілі і ў палон ўзялі. ... і вакол Слоніма на 20 вёрст усё выпалілі і зруйнавалі. ... І назад, ад Слоніма ішлі дарогамі, дзе не было вайны, і тыя месцы ваявалі і палілі, людзей забівалі і ў палон бралі і цалкам руйнавалі». Царская рэзалюцыя на дакуменце: «22 верасня 1655 г. Ад гасудара, цара і вялікага князя Аляксея Міхайлавіча, усёй вялікай і малой і белай Расіі самаўладцы, баярам нашым і ваяводам, князю Аляксею Мікітавічу Трубяцкому з таварышамі. 20 верасня вы пісалі нам, што Божай міласцю і дапамогай Прачыстай Багародзіцы і малітвамі ўсіх святых ... пад Слуцкам і ў іншых месцах шмат літоўскіх людзей пабілі і ў палон узялі ... гарады і вёскі выпалілі а людзей забілі і цалкам зруйнавалі. І мы, вялікі гасудар, вас, баяр і ваявод нашых ... за службу ўзнагароджваем і хвалім ...»[18].

Гэта толькі фрагменты з аднаго са зборнікаў дакументаў, які я цытую ў гэтым артыкуле. Зборнік быў надрукаваны ў XIX ст., але лёгка знаходзіцца ў інтэрнэце і з'яўляецца вельмі цікавай крыніцай для аматараў гісторыі. Адзначу, што зборнікі дакументаў, якія друкаваліся ў Расійскай імперыі, рабіліся з мэтай, як сказалі бы сёння, «піяру» сваёй гісторыі і павінны былі паказваць цывілізацыйную ролю імперыі. Таму туды адбіраліся самыя «мірныя» дакументы. Але ўсяроўна ў выдаўцоў гэтага тома атрымалася «кніга жахаў», і таму, калі чытаеш тыя дакументы і памятаеш, што забівалі не чыіх-небудзь, а менавіта тваіх продкаў, становіцца млосна.


У ліпені 1655 г. цар Аляксей Цішайшы забараніў князю Якаву Чаркаскаму «зашмат» забіваць людзей і паліць населеныя пункты [19]. Што такое «зашмат» растлумачана не было.

У верасні з нагоды таго, што цар сам сабе прысвоіў тытул «Вялікі князі Літоўскі і Белай Расіі, Валынскі і Падольскі»[20] ён на адзін дзень, 3 верасня, забараніў браць у палон і забіваць беларусаў [21].

5 верасня 1655 г. «цішайшы» цар загадвае ваяводзе Пятру Чаркаскаму «людзей па гэты бок Нёмана не забіваць і ў палон не браць»[22], «на той бок» (на поўдзень ад Нёмана) гуманізм цара не распаўсюджваўся. 14 верасня ён зноў забараняе князю Якаву Чаркаскаму забіваць і паліць [23].

Прайшоў год, і ў жніўні 1656 г. цар робіць чарговую вымову князю Чаркаскаму за празмерную жорсткасць: «Вашага палку ратныя людзі дарогай вёскі і мястэчкі паляць і людзей забіваюць ад гэтага спусташэння ўсё сталася пуста, і нашым ратным людзям на восені ... хлеб спячы не будзе дзе»[24]. Цар зноў забараняе паліць і забіваць. Яго надзвычайны «гуманізм» тлумачыцца тым, што, як бачым, чыжынцам ужо не стала чаго есці.

Сама вялікая колькасць забаронаў забіваць мірных жыхароў, красамоўна кажа пра тое, як выконваліся гэтыя загады.


У адказ, у Беларусі, распачаўся пажар партызанскай вайны супраць акупантаў. Толькі нашы продкі-партызаны тады называліся словам «шышы», а не французскім словам «партызаны». Шышы - назва людзей, якія ваявалі супраць царскіх войскаў, у афіцыйных дакументах Маскоўскай дзяржавы існуе з сярэдзіны XVII ст. Тэрмін з'явіўся ў крыніцах аб паўстанні ў Пскоўскім павеце 1650 г.

У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654-1667 гг. адразу пасля ўступлення царскай арміі на тэрыторыю ВКЛ разгарнуўся шырокі народных рух самаабароны. Шышы - у асноўным беларускія сяляне, іх атрады налічвалі каля 300-500 чалавек, а камандавалі атрадам звычайна шляхціцы, якія прафесійна ведалі ваенную справу. Ад пачатку вайны шышы актыўна непакоілі маскоўскіх заваёўнікаў, напрыклад, у ліпені 1654 г. 3-тысячны атрад партызан з вёскі Калеснікі напаў на войска ваяводы Трубяцкога каля Мсціслава і нанёс яму сур'ёзную шкоду [25].

Прызначаны царом «віленскі ваявода» Міхал Шахоўскі пісаў цару ў кастрычніку 1655 г.: «... паслаў я табе, гасудару, з запіскамі луцкіх казакаў ... 13 (кастрычніка) гэтыя казакі ... вярталіся ў Вільню ... за 60 вёрст ад Вільні, пасля мястэчка Ашмяны, іх спынілі літоўскія людзі, стралялі па іх з ружжа, з іх 3 чалавек і 2 кані падстрэлілі. 18 кастрычніка я паслаў табе, гасудару, з Вільні ... капітана Івана Каратнёва, а з ім супраць тых ... людзей адправіў паручніка Парфёна Шубіна з салдатамі. І 29 кастрычніка капітан Каратнёў с паручнікам Парфёнам Шубіным прыслаў у Вільню з Ашмянскага павета вёскі Шастакі селяніна Пятрушку Шастака і з ім з іншых вёсак 9 чалавек, ды жанчыну, а узяў ён тых мужыкоў ... у вёсцы Шастакі і ў іншых вёсках. Яшчэ паручнік Парфён Шубін прывёў у Вільню 10 чалавек сялян Ашмянскага павета вёскі Куляшы - Мішку Куляша з сябрамі, злапаў ён тых мужыкоў за ракой Ашмянай, у вёсках ... Гэтыя сяляне ў Вільны катаваныя і Пятрушка Каратнёў сазнаўся. Што "на дарозе ... казакоў з запіскай да цябе, гасудар, не прапусціў і страляў у іх". А Мішка Кулеш пасля катавання павініўся, што з шляхціцам Станіславам Дакурнам па дарозе ездзілі і тваіх гасударавых людзей 4 чалавека зарубілі, а без яго, дык Станіслаўка з сябрамі зарубілі яшчэ чалавек з 15. ... селянін Мікалай Яндал пасля катавання вініўся, ... што з лаўнікам Крыштафам Лаўрэнавым і з шляхціцам Самойлам і Радутай, разам іх было 40 чалавек, тваіх людзей зарубілі 5 чалавек. ....»[26]. І такіх дакументаў шмат.

Аднак, як заўсёды, людзі вялі сябе па-рознаму, і абставіны ва ўсіх бывалі розныя.


На пачатку лістапада 1655 г. рускі корпус з некалькіх тысячаў чалавек на чале з князем С. А. Урусавым і ваяводам Баратынскім выйшаў з Коўні на поўдзень, каб захапіць Берасце. Па дарозе пад Белымі Пяскамі яны разбілі частку палка Жыгімонта Слушкі. Далей пайшлі, падзяліўшыся: меншыя сілы - праз Адэльск, Крынкі - да Заблудава, а галоўныя сілы рушылі праз Нараў і Орлю, мінулі Высокае і 23 лістапада з'явіліся каля ракі Лясной за некалькі кіламетраў ад Берасця. Тут іх разбілі жаўнеры Паўла Сапегі. Рускае войска пачало ўцякаць. Тады Сапега абышоў непрыяцеля ды перакрыў яму дарогу. Пры канцы лістапада адбылася бітва, якая, паводле звестак маскоўскіх ваяводаў, скончылася іхняй перамогай. Тым не менш левае крыло войска Урусава было разбітае, а сам ён са штандарам ратаваўся ўцёкамі. Пасля гэтай бітвы Урусаў і Баратынскі адступалі па цяжкой дарозе праз Белавежскую пушчу. Каля Новага Двара на Ваўкавышчыне пры выхадзе з пушчы нейкую частку іх войска яшчэ раз разбіла лідская, ваўкавыская і гарадзенская шляхта на чале з берасцейскім ваяводам Кунцэвічам. Пабітыя царскія палкі пайшлі на Слонім і адтуль вярнуліся ў Вільню [27].

Якуб Кунцэвіч узначальваў паспалітае рушэнне Лідскага, Гарадзенскага і Ваўкавыскага паветаў, і падчас паходу пад Берасце і разгрому рускага войска паміж ім і Урусавым усталяваўся кантакт. Яшчэ на першым этапе паходу на Берасце, 9 лістапада 1655 г., калі наша войска разам са шляхтай Кунцэвіча было разбіты пад Белымі Пяскамі, паміж Кунцэвічам і Урусавым пачалося папярэдняе абмеркаванне аб пераходзе яго на бок цара [28].


Менавіта пасля гэтых падзей князь Урусаў выканаў распараджэнне цара, які загадаў скласці спіс шляхты, якая падпарадкавалася яго ўладзе. Ён перапісаў толькі шляхту і духавенства, хоць князю было загадана перапісаць таксама мяшчан і «павятовых людзей», якія перайшлі пад «высокую руку» цара.

Яшчэ 4 верасня 1655 г. цар звярнуўся з лістом да жыхароў Віленскага павета а 17 - 19 верасня да Слуцкага і 4 кастрычніка да астатніх акупаваных паветаў, каб «они нашие, г-ские, милости к себе поискали и были под нашею г-скою рукою. А мы … их пожалуем нашим г-ским милостивым жалованьем свыше королевского, и прав их и волностей нарушить не велим.»[29]

Трэба разумець, што адбывалася. У выніку ваенных дзеянняў лета 1655 г. межы рускіх уладанняў дасягнулі заходніх межаў Вялікага Княства і распаўсюдзіліся да ўпадзення Віліі ў Нёман каля Коўні. На поўдні царскія войскі занялі тэрыторыю сярэдняга цячэння Нёмана разам з Гародняй і паўночныя часткі паветаў, якія прылягалі да Нёмана: Ваўкавыскі, Слонімскі і Наваградскі.

Далейшаму прасоўванню рускіх войскаў на захад перашкаджалі аддзелы левага крыла літоўскага войска, якія на чале з Казімірам Хвалібогам Жаромскім адышлі спачатку з-пад Вільні на Панары, Трокі і Гародню, а затым 23 жніўня ў Вяржболаў і стварылі тут ваенную канфедэрацыю на чале з Жаромскім як маршалкам, заявіўшы пра сваю вернасць каралю Яну Казіміру. У гэтых аддзелах налічвалася каля 2 тысяч прафесійных салдат. Трыма днямі пазней пад Гародняй сабралася гарадзенскае шляхецкае апалчэнне і заявіла аб сваёй вернасці Яну Казіміру. Пад націскам рускіх, Жаромскі адышоў на поўдзень ад Гародні, да Крынак, а потым у раён Новага Двара ў Ваўкавыскім павеце Наваградскага ваяводства. Да 28 верасня Жаромскі накіраваўся да Камянца, каб усталяваць сувязь з групай войскаў, якія сабраліся каля Берасця пад камандаваннем віцебскага ваяводы Паўла Сапегі. Такім быў загад караля Яна Казіміра, які даслаў Сапегу акт прызначэння яго рэгіментарам [30] войскаў Вялікага Княства Літоўскага [31].

Пасля цяжкіх баёў, пачынаючы з кастрычніка 1655 г. Лідская павятовая харугва і паспалітае рушэнне разам з аналагічнымі гарадзенскімі аддзеламі знаходзіліся за левым берагам Нёмана, у беларускім Падляшшы [32].


Сістэма кіравання, прывезеная рускім людзьмі з Маскоўскага царства ў нашы гарады засноўвалася не на Магдэбургскім праве і наогул не на праве, а на грубай сіле. Новыя мясцовыя органы рускай улады - «съезжая и судная избы» - толькі ажыццяўлялі разгляд скаргаў і чалабітных, адрасаваных рускаму цару. Лепшым спосабам заняць якое-небудзь месца ў новай сістэме з'яўлялася даносніцтва, выведванне, здрада свайму атачэнню і таму асяроддзю, у якім чалавек сфармаваўся. Руская ўлада карэнным чынам памяняла сістэму жыццёвых каардынатаў. Жыхар ВКЛ кожны дзень рабіў выбар паміж сваім родным асяроддзем і інстынктыўным жаданнем прыстасавацца да новых умоў, каб выжыць, а для гэтага трэба было супрацоўнічаць з новай уладай. Забароненыя рускімі ўладамі ўніяты, якія складалі большасць беларускага насельніцтва, праз масавае прымусовае хрышчэнне ў значнай колькасці былі пераведзены ў праваслаўе, але, каб абараніць сваю веру, за спіной новых уладаў пісалі лісты сваім царкоўным іерархам і чакалі свайго часу [33].

Тое, што адбылося можна было ацаніць адназначна: здарылася катастрофа такога маштабу, якой да гэтага ніколі не было. Таму сярод шляхты панавалі апакаліптычныя настроі. У кожнага была сям'я, дзеці і маёмасць. А гэта была не тая вайна, калі можна было збочыць і адсядзецца ў хаце. Тут выбар быў - ці смерць, ці спроба ўратавання. Да таго ж каталіцкай шляхце не было куды бегчы - на захад ад яе, у Мазовіі і Падляшшы ўжо былі шведы-пратэстанты - з імі заключыў унію пратэстант Януш Радзівіл, і яго падтрымлівала пратэстанцкая шляхта (заўважу, што Беларусь у той час у значнай ступені была пратэстанцкай краінай). Таму вялікая частка лідскай шляхты выбрала шлях паразумення з прыхаднямі, але, як гэта хутка стала зразумела, да паратунку такі шлях не вёў.


Рускі ваявода С. А. Урусаў павінен быў дамагчыся ад беларусаў прынясення прысягі цару. Для гэтага ён заключыў асобнае пагадненне з Я. Кунцэвічам і шляхтай трох паветаў, і гэтае пагадненне потым зацвердзілі царскія ўлады. Шляхта на чале з Кунцэвічам узяла абавязацельствы перайсці на бок цара і вылучыла закладнікаў [34].

Удзельнік тых падзей Вальтар (Вальтэр) Корф апісваў іх свайму бацьку, венданскаму старасту Мікалаю Корфу, у асобным лісце. Ён паведаміў, што ў ноч з 1 на 2 снежня ў Мсцібава, дзе стаяла частка войска ВКЛ, прыбыў пасол ад Урусава і перадаў, што шляхце ахвяруецца захаванне даўніх вольнасцяў узамен на прыняцце пратэкцыі рускага цара. Пасля гэтага да Урусава былі высланы пяць паслоў пад кіраўніцтвам троцкага цівуна Льва Самуэля Агінскага і менскага земскага пісара Крыштафа Валадковіча. Пасля перамоваў, 6 снежня 1655 г. (26 лістапада па старым стылі) да рускага войска каля Свіслачы прыбылі ліцвіны. Корф піша: «На раніцы, г. з. 6 снежня са Мсцібава прыехаў пан Кунцэвіч, палкоўнік, з трыма паветамі (харугвамі ад паветаў - Л. Л.), якія паставіў у полі, сам з некалькімі дзесяткамі вершнікаў паехаў да ... Урусава, які спыніўся ў плябаніі. ... і падаў цару дамову аб здачы (deditionem). Пасля цырымоній ад Лідскага павета пан Кунцэвіч, лідскі падкаморы, і пан Кураш, лідскі харунжы, цалавалі крыж у асобным пакоі, паўтараючы за дзякам, які чытаў. Ад Ашмяны падкаморы ашмянскі Зяновіч, ад Гародні харунжы гарадзенскі пан Кярдэй і падсудак гарадзенскі пан Александровіч, ад Полацка пан Сакалінскі і шляхты з ім нямала, ад Ваўкавыска маршалак ваўкавыскі пан Карп і пан Асініскі, ваўкавыскі харунжы, ад Менска пан Валадковіч, менскі пісар, і ўся шляхта, колькасцю больш за тысячу»[35].

У той жа дзень была падпісана дамова з 17 пунктаў. Умовы пагаднення падпісаны С. А. Урусавым, Я. Кунцэвчіам. А. Нарбутам (лідскі войскі) і пяццю шляхціцамі.

Калі аналізаваць артыкулы дамовы (гл. дадаткі) дык бачна, што гэта не капітуляцыя. Напрыклад, падпісанты патрабавалі вызваліць палонную шляхту (артыкул 13.), што не было задаволена царскімі ўладамі і, што цікава, патрабавалі каб літоўская шляхта і шляхта Кароны маглі вольна здабываць маёмасць у Кароне і ВКЛ (артыкул 15.). Таксама яны патрабавалі вяртання ў склад ВКЛ Жамойці і Інфлянтаў і, што самае цікавае наша шляхта не забылася страты Украіны падчас Люблінскай уніі і патрабавала вяртання ў склад ВКЛ ваяводстваў, якія ўваходзілі ў Украіну - практычна шляхта жадала адмены Пераяслаўскай рады і рускага Земскага сабора і патрабавала вяртання Украіны (артыкул 7.)! Таксама шляхта патрабавала склікання Сойму ВКЛ (артыкул 10.)

Гэта не магло выклікаць прыхільнасці з боку акупантаў. Цар згадзіўся (як хутка стала зразумела толькі на паперы) з захаваннем шляхецкай вольнасці (артыкул 2.), старых установаў, юрыдычных здзелак (артыкул 3.), а таксама захавання ўсіх пасад і чыноў (артыкул 9.) [36].

Важным быў апошні пункт дамовы - яўрэйскае насельніцтва ВКЛ цалкам вынішчалася, і таму шляхта патрабавала: «Также татары и жиды чтоб против прав старожитных данных были попрежнему»[37]. Гэты апошні пункт уратаваў шмат жыццяў жыхароў ВКЛ.

Пасля агульнай прысягі ў Мсцібаве, у розны час прысягнула частка шляхты Лідскага, Гарадзенскага, Слонімскага, Наваградскага, Ваўкавыскага, Ашмянскага, Аршанскага і Троцкага паветаў. Усіх прысягнуўшых маскоўскія дзякі ўнеслі ў адмысловую кнігу [38].

У Лідскім павеце 1655 г. 412 чалавек (з іх 394 шараговыя шляхціцы) прысягнулі цару. Сярод лідскіх шляхціцаў мелася шмат службовых асобаў на чале з падкаморым Якубам Тэадорам Кунцэвічам, які атрымаў пасаду палкоўніка лідскага, гарадзенскага і ваўкавыскага. Разам з ім прысягнулі цару стараста Міхал Францкевіч Радзімінскі, харунжы Ян «Лынкінаў» (?) Курчаў, войскі Казімір Круневіч сын Яна, чашнік Якуб Віскоўскі сын Андрэя, падстолі Мікалай сын Яна Радашэўскага і інш. [39]

Мы не маем успамінаў пра тыя падзеі з боку лідскай шляхты, таму я прывяду тэкст з цікавейшых мемуараў Багуслава Казіміра Маскевіча [40] пра тое, як цару прысягала навагрудская шляхта - думаю розніца была невялікая:

«Хаванскі, ... выслаў іншага баярына, Івана Аляксеевіча Зелянова, для прыняцця прысягі ад наваградскай шляхты. ...

Die 14 februarii той Зеляноў загадаў усёй шляхце сабрацца раніцой для складання прысягі ў Барысаглебскай царкве.

... шляхціцы ... пайшлі з ім у царкву. Калі прыйшлі, паставілі перад царскай брамай пульпіт [41] i паклалі на яго Евангелле. Пасля гэтага Зеляноў чытаў тэкст прысягі, запісанай на двух аркушах наступнымі словамі:

"Я N., присягаю Богу Всемогущему, в Троице Святей единому, и осудареви цареви и великому князю Алексею Mихайловичу, всея Великия, и Малыя, и Белыя Руси самодержцу (далей пералічваюцца ўсе царскія тытулы), и его благоверной царице и великой княгине Mиpии Ильиничной, и благоверному осударю царевичу и великому княжичу Алексею Алексеевичу" etc. Тут дадае, што абяцае цалкам адрачыся ад польскага караля, не выяўляць да яго прыязнасці, не стасавацца з ім ні пісьмова, ні праз людзей, не папярэджваць яго, ваяваць супраць яго, таксама не пераходзіць на бок іншаземнага манарха ні хрысціянскага, ні турэцкага цара, ні шведскага, ні французскага i г. д., але ва ўсім быць верным цару, ва ўсім паслухмяным (і за кожным разам пералічваліся тытулы). Гэтай прысягай Хаванскі хацеў аддаць [нашу] дзяржаву ў вечнае падданства маскоўскаму цару. Але тое як ваўку пацеры. Нарэшце, у канцы прысягі былі розныя праклёны, каб той, хто складае прысягу, спужаўшыся, не здраджваў цару. Вось якія былі formalia [42] ў канцы: "А буду я обьявляться великому осудару своему цару etc. npoтив обвещания своего проступить (в которым слове не будет в сей записи написано вышей сего) и я за тое кламство [43] и проступление да буду отлучон и непрощен от Светыя одиносущныя Тройцы, единого Бога, в сих славимого в нынешнем веке и в будущем. Затресуся, яко Кайн, еще и на земли, и да отверзется земля и пожрет мя, яко Дафана u Авирона [44] , и дa восприиму проказу Гезиеву [45] и удавленне Иуды u суд иму и смерть Анании и жены его Сафиры [46], и часть моя в нынешнем веке и в будущемъ будет с небожными Евузитами [47], и жилище мое да будет в вечном огни с дьяволом сатаной и ангелы его".

Хаця за той прысягай сачыў асабіста Іван Аляксеевіч (Зеляноў - Л. Л.) , аднак жа чутно было ў натоўпе нараканне, і ўсе замест прысягі чыталі пра сябе пацеры або толькі мармыталі. Цяжэй было з тымі, якія прыехалі пазней і прысягалі асобна, бо павінны былі выразна прамовіць кожнае слова прысягі, якая складалася ў замку, у пакоі капітана Міны Стафанавіча Шылава, перад маскоўскім папом.

Пасля прысягі Зеляноў раздаваў усім карткі, даючы атэстацыю, што такі і такі склаў прысягу, маёмасць яго такая і такая etc. За тую картку бралі 6 грошаў або, хто што мог даць.

Таго ж дня Зеляноў папярэдзіў усіх, каб шляхта збіралася з майном у Наваградак, бо каго разведка застане ў доме, не будзе літасці.» [48]


Эпідэмія з'явілася ў Беларусі яшчэ на пачатку вайны і, верагодна, прыйшла з тэрыторыі Масквы, дзе ў 1654 г. быў вялікі мор. Эпідэмія суправаджалася страшэнным голадам. Увесну 1656 г. рэшткі несабранага збожжа папсавалі палявыя мышы. У 1658 г. эпідэмія ўспыхнула з новай сілай.

Падчас эпідэміі чумы, якая доўжылася з траўня 1657 па студзень 1658 г., жыхары Вільні і рускія ўлады вырашалі праблему выжывання кожны па-свойму. Рускі ваявода Вільні адгарадзіўся ад астатняга насельніцтва і амаль не вырашаў праблем горада, а займаўся, перш за ўсё, выкананнем царскіх указаў. Рэчы і хаты памерлых гараджан апынуліся ў яго руках, і грошы за арэнду і продаж працягвалі папаўняць царскую казну. Віленскія жыхары арганізавалі ахову горада і выехалі ў паветы, шукаючы сабе прытулак у адносна здаровых месцах. Рускія салдаты, якія выйшлі ў паветы, каб чакаць заканчэння эпідэміі, карміліся за кошт набегаў на бліжэйшыя вёскі. У Віленскай цвердзі засталося толькі 800 рускіх салдат. Вядомы выпадкі, калі заражаных хваробай «ратных людзей» выкідвалі паміраць за сцены Віленскага замка і не клапаціліся пра іх далейшы лёс [49].

Беларусы ратаваліся, хто як мог, шмат хто ўцякаў ад гвалту і смерці ў глухія вёскі, але царская адміністрацыя знаходзіла і сілай іх вяртала ў гарады і мястэчкі пад свой кантроль. Як бачым, разбегалася і сталіца ВКЛ - Вільня, і цар загадаў ваяводу Шахоўскаму вяртаць шляхту, месцічаў і сялян, абяцаючы ім ранейшую зямлю, а калі тыя не прыйдуць у Вільню - высылаць на іх войска і кідаць у віленскі астрог. З-за вялікай колькасці непахаваных трупаў людзей і жывёл масавыя эпідэміі ўзмацняліся [50].


Яшчэ на пачатку 1656 г. кіраўнічыя колы Рэчы Паспалітай распрацавалі праграму выратавання дзяржавы, сярод іншага, планавалася падпісаць мірную дамову з рускім царом. У чэрвені 1658 г. вільняне і жыхары суседніх паветаў, верагодна яшчэ верылі ў тое, што руская ўлада прыйшла надоўга. Гэта пацвярджаецца просьбай жыхароў Вільні да цара дараваць ім свабоду ад падаткаў на 20 гадоў наперад. Пераломным момантам стаў зрыў руска-польскіх перамоваў і, як наступства, бой пад Вільняй рускіх і літоўскіх войскаў 11 кастрычніка. Важным было тое, што, пасля гэтага мясцовае насельніцтва ўпершыню змагло згуртавацца супраць рускіх уладаў. Гэтыя падзеі змянілі стаўленне жыхароў Вільні і прылеглых да яе паветаў да рускай улады - людзі адчулі часовасць акупацыі, і з гэтага часу сталіца знаходзілася ў сітуацыі ўсё нарастаючага ваеннага напружання. Фактычна царская адміністрацыя кіравала Вільняй толькі да сярэдзіны 1660 г. Потым рускія войскі былі заблакаваныя ў Віленскім замку а ўлада ў горадзе паступова пачала вяртацца ў (254KB) Карціна Пітара Брэйгеля Старэйшага. 'Трыумф смерці'. рукі віленскага магістрата. З гэтага часу пачалося паступовае аднаўленне ранейшых інстытутаў улады ВКЛ [51].

Пачынаючы з 1659 г. амаль уся Беларусь была ахоплена паўстаннямі «шышоў» супраць царскіх войскаў, і руская адміністрацыя практычна страціла кантроль над акупаванай тэрыторыяй. 9 сакавіка 1659 г. войскі Паўла Сапегі вызвалілі Гародню, маскоўская залога капітулявала. Вядома, што яшчэ да капітуляцыі рускае войска ў горадзе галадала - горад быў цалкам блакаваны мясцовым насельніцтвам. Гародня стала першым вызваленым беларускім горадам у нашай частцы Беларусі [52].

Зімой 1658-59 гг., царскі ўрад распачаў новую вялікую наступальную аперацыю. Кіраўніком гэтай кампаніі прызначаны ваявода і князь Іван Хаванскі, ён павінны быў вярнуць страчаныя гарады, заняць незахопленыя пасля першага этапу вайны цвердзі і зноў падпарадкаваць сабе краіну [53]. Відавочца тых падзей Багуслаў Казімір Маскевіч запісаў пра канец 1659 г.: «Пачалі наезды на заваяваныя паветы, ... на Гарадзенскі, Віленскі. Ашмянскі, Лідскі ...»[54]. На пачатку лістапада адбылася выправа моцнага аддзела рускага войску з Вільні ў бок Радуні. Нашы войскі, якія стаялі ў Лідскім павеце, своечасова даведаліся пра выправу і цалкам разграмілі рускі атрад [55].

У студзені 1659 г. Хаванскі перамагае войска ВКЛ пад Мядзелам. Пасля гэтай бітвы, на працягу больш за паўгода, ішло збіранне войскаў і падрыхтоўка да далейшых дзеянняў [56].

Хаванскі зноў выступіў у паход 18 кастрычніка 1659 г. і ўжо 19 лістапада дасягнуў Вільні, акупаванай яшчэ некалькі гадоў таму. Але да 1659 г. шляхта Віленскага, Гарадзенскага і Наваградскага ваяводстваў, фактычна «отложилась» ад царскай улады. Напрыклад віленская шляхта адмаўлялася ваяваць супраць «сваіх братоў» з літоўскага войска і пастаўляць прыпасы ў Вільню ці Хаванскаму [57].

Прыбыўшы 19 лістапада ў Вільню, Хаванскі злучыў прыведзеныя ім сілы з тымі, якія ўжо раней былі перакінутыя ў гэты горад з Полацка. Каб падпарадкаваць бунтоўнае насельніцтва ён пачаў знішчальныя рэйды на Віленшчыне - ягоныя войскі нечаканым нападам спустошылі значную частку Вількамірскага павета, атрады Хаванскага лютавалі ў Лідскім і Ашмянскім паветах. Паліліся шляхецкія двары, забівалася насельніцтва, шмат шляхты ў кайданках было зведзена ў Вільню і кінута ў замкавую вязніцу.

Агульны наступ пачаўся ў апошнія дні лістапада.

Расейскія аддзелы скіраваліся ў бок Лідскага павета, праз які праходзіла дарога на Гародню. Аднак у нас стаяла харугва вугорскай пяхоты і драгунаў Сапегі, накіраваных, напэўна, яшчэ летам 1659 г. з мэтай блакады Вільні і прыкрыцця Лідскага павета ад маскоўскіх вылазак. Іх падтрымлівала некалькі харугваў паспалітага рушэння лідскай шляхты і наймітаў. Гэтымі аддзеламі, камандаваў усе той самы Якуб Тэадор Кунцэвіч, які, здаецца, да таго часу ўжо зразумеў, што дамовы з царом каштуюць танней, чым папера, на якой яны напісаны.

Рускае войска пайшло на Ліду. Традыцыйнай дарогай з Вільні на Гародню і далей на Варшаву з Кракавам з'яўляўся стары Каралеўскі тракт [58], які на Лідчыне ішоў праз Радунь і Васілішкі - г. зн. абмінаў Ліду і Мыто. А каб прайсці каля Ліды, трэба было рухацца з Вільні на Жырмуны. Адтуль старым Мытлянскім гасцінцам [59], каля Крупава, праз Заполле ісці на Мыто і адтуль выходзіць на той самы Каралеўскі тракт. Пайсці з Вільні на Ліду Хаванскага магло прымусіць толькі жаданне яшчэ раз знішчыць наш горад.

Пасля гарматнага абстрэлу і аблогі рускае войска ўзяло Лідскі замак. Усе драўляныя будынкі замка былі спалены (і больш ужо не аднаўляліся), а калодзежы засыпаны [60]. Адам Кіркор напісаў пры тыя падзеі: «Замак узяты Хаванскім і спустошаны, а горад спалены і цалкам разбураны»[61].

Нашы аб'яднаныя сілы не баранілі Ліду, а мелі намер загарадзіць шлях расейскім войскам на пераправе цераз раку Дзітву каля вёскі Мыто. У яе ваколіцах збудавалі земляны форт.

Нагадаю, што для пераправы цераз раку Дзітву з даўніх часоў будавалі масты. Самы стары з іх ужо існаваў у 1392 г., ён быў пабудаваны на шляху з Жырмунаў да Васілішак, насупраць пазнейшай Дзітвы Тальвашоўскай (зараз - Рулевічы). Мост на вялікай дарозе з Васілішак да Ліды пры Дзітве Пратасаўскай ці Мыто вядомы з канца XV ст. [62]

Сутычка, напэўна, не з усёй рускай арміяй, а з нейкай яе часткай адбылася на золку 27 лістапада 1659 г. [63]

Багуслаў Маскевіч запісаў: «Ішоў тады Хаванскі Лідскім краем да Гародні, не паварочваючы на Наваградак, бо яму даклалі што ў Наваградку 20 000 войска, хаця нас было некалькі сотняў паспалітага рушэння. ... Калі Хаванскі ішоў Лідскім паветам, сабраўся на яго Лідскі павет і заступіў яго на мыце дзе дарэмна спрабавалі не дапусціць пераходу непрыяцеля і бараніць пераправу, калі ў іх гэта не атрымалася, бо непрыяцель пераправіўся цераз брод каля іх і наехаў на іх. Яны яму больш не працівіліся, толькі венгерская пяхота пана Пасудзеўскага, гэта значыць гетманская надворная і драгуны капітана ... шчасліва сышла за Нёман. Адкрыўшы сябе дарогу, непрыяцель пайшоў наўпрост на Гародню»[64].

Пра падзеі той вайны ёсць цікавы артыкул рускага гісторыка Курбатава А. В. [65], які, нягледзячы на шэраг тыповых прапагандысцкіх ацэнак і падыходаў, спасылаецца ў сваёй працы на рапарты камандзіраў рускіх войскаў. Вось як ён апісвае падзеі каля Мыто: «На захад ад горада (Ліды) на пераправе цераз р. Дзітву ў в. Мыто, ўмацаваўся ў "острожку" на чале мясцовай шляхты палкоўнік Я. Кунцэвіч. Аднак, Хаванскі "посмеялся над ними": даведаўся пра брод і ў ноч на 17 лістапада 1659 г. пераправіўся цераз раку ў іншым месцы і выйшаў на ліцвінаў з тылу. Шляхта, даведаўшыся пра гэта, "больше не сопротивлялась", земляны гарадок быў узяты, і толькі дзве хоругвы (надворныя гайдуцкая Сапегі і драгунская), страціўшы 22 чалавекі палоннымі, прарваліся за Нёман»[66].

Такім чынам царскія камандзіры не кінуліся на непасрэдны штурм пазіцый, але пераправілі войскі ў іншым месцы і абышлі земляны форт. Потым ударылі ззаду па заспетых знянацку ліцвінаў і цалкам рассеялі абаронцаў форта. Паводле Маскевіча, у пагоню за адступіўшымі за Нёман ў напрамку Наваградка гетманскай вугорскай пяхотай пад камандаваннем ротмістра Крыштапа Пасудзеўскага і драгунамі рушыла пэўная частка маскоўскіх сілаў. Аднак галоўная частка царскай арміі пайшла на Гародню.

8 снежня Хаванскі ўзяў Гародню [67].

На пачатку снежня пэўная частка маскоўскіх войскаў скіравалася на Коўню. Вёў яе, напэўна, Хаванскі, якога у дакументах называюць «палкоўнікам». Магчыма, гэта быў адзін з сыноў Івана Хаванскага, якія ўдзельнічаў пры бацьку ў вайне з Рэччу Паспалітай [68].


Дзякуючы успамінам Багуслава Маскевіча, мы ведаем героя той вайны на Лідчыне - Фердынанда Рора.

Маскевіч напісаў, што ў чэрвені 1660 г. Фердынанд Рор, дзяржаўца (арандатар) Беліцы, якая ў той час належала пратэстанту, князю Багуславу Радзівілу, «жывучы ў Беліцы і маючы маскоўскую грамату [69], сабраў сто чалавек і перахапіўшы маскву за Нёманам [70], перабіў іх. Між іншым узяў Івана Якаўлевіча Кушалёва [71] які ехаў у Гародню ад Хаванскага. Пра гэта даведаўся Хаванскі і паслаў дзве рэйтарскія [72] харугвы лапаць яго, як шыша і спаліць Беліцу, а лідскую шляхту рабаваць і выразаць. Але яны яго не злапалі, толькі парабаваўшы дамы шляхты, вярнуліся. ...

Вярнуліся да Хаванскага тыя, якіх дасылалі злапаць Рора. Хаванскі спытаў іх каменданта, ці спаліў і выразаў ты ўсіх за Нёманам? Той адказаў, што не. Тады загадаў перарэзаць яму шыю і Хаванскага ледзь упрасілі не рабіць гэтага.

Пасля гэтага паслаў іншага, падпалкоўніка Васіля Багданавіча Данілава з тысячай чалавек злапаць Рора з паплечнікамі і Лідскі павет выразаць і спаліць. Але папярэджаная Ліда і Рор з паплечнікамі разбегліся. Аднак, яны, што маглі, спалілі і, каго злапалі з шляхты і сялян, выразалі» [73].

Вось і ўсё, што Багуслаў Казімір Маскевіч напісаў пра Фердынанда Рора.

Гісторык Кшыштаф Касажэцкі паведаміў, што на пачатку чэрвеня Рору ўдалося знішчыць маскоўскі аддзел, які суправаджаў з Гародні ў лагер пад Ляхавічамі (дзе з той час знаходзіўся Хаванскі з войскам) абоз з гарматамі і порахам [74]. Моцна занепакоены Хаванскі загадаў пільна назіраць за ваколіцамі Вільні, абяцаючы сваю дапамогу тамтэйшай залозе, калі б там актывізаваліся дзеянні літоўскіх войскаў [75].

Яшчэ на пачатку лета 1660 г. да гетмана Паўла Сапегі дайшоў ліст караля Яна Казіміра з інфармацыяй, што да караля прыбылі паслы Слонімскага павета. Яны заявілі пра вернасць каралю і Рэчы Паспалітай. Абяцалі таксама, што, калі толькі каралеўскія войскі ўвойдуць на іхнія землі, яны далучацца да іх. Падобныя заявы прыйшлі каралю ад шляхты Лідскага, Гарадзенскага і Ваўкавыскага паветаў. Удзячны кароль загадаў гетману, каб войскі, калі яны апынуцца на тэрыторыі гэтых паветаў, не лічылі тамтэйшых жыхароў здраднікамі, не прыціскалі, не знішчалі і не рабавалі. Кароль прасіў папярэдзіць войска, што яшчэ прыйдзе час на расправу са здраднікамі, але вялікая колькасць людзей надалей застаецца вернай каралю і, апынуўшыся пад маскоўскай няволяй, чакае ратунку і вызвалення [76].

Вядома і прозвішча аднаго з такіх здраднікаў-рабаўнікоў з Лідчыны, якім кароль абяцаў расправу пасля вайны - гэта Мікалай Няцецкі (сусед Рора, уладальнік Няцечы). Выкарыстоўваючы паўсюднае замяшанне, гэты чалавек займаўся звычайным бандытызмам і разбоем, прычым найбольш ахвотна рабаваў безабаронныя шляхецкія двары. Мікалай Няцецкі сабраў у Лідскім павеце ватагу бандытаў (у тым ліку і сялян) колькасцю каля 150 чалавек. На чале банды, на пачатку 1660 г., ён ішоў за маскоўскімі войскамі Хаванскага праз Лідскі і Гарадзенскі паветы і рабаваў вёскі і мястэчкі, у якіх нешта яшчэ засталося рабаваць пасля Хаванскага. Што цікава - падчас нападаў ягоныя людзі ўдавалі сабе за маскоўскіх жаўнераў і таму адмыслова гарлапанілі на вуліцах па-расейску! Скончыўшы свой рабаўніцкі рэйд, Мікалай Няцецкі частку здабычы падзяліў паміж сваімі людзьмі, а рэшту забраў сабе ў Няцеч. У 1660 г. Фердынанд Рор звярнуўся у суд з пратэстацыяй супраць бандыта і здрадніка, і праз нейкі час даказаў сваю правату [77].

Тут трэба расказаць усю інфармацыю, якую я знайшоў пра Фердынанда Рора.

З вядомых гісторыкаў-генеолагаў, пра Фердынанда Рора пісаў толькі Урускі: «Фердынанд Рор, троцкі падстолі і сумілішскі стараста, электар 1669 г. ад Троцкага ваяводства»[78]. У 1664 г. Фердынанд Рор займаў пасаду беліцкага старасты ў князя Багуслава Радзівіла [79]. У гістарычнай літаратуры можна знайсці фрагменты перапіскі на палітычныя тэмы паміж Рорам і князем Багуслава Радзівілам [80].

З Падымнага рэестра Віленскага ваяводства бачна, што Фердынанд Ян Рор у 1680 г. трымаў Няцечу ў Ельненскай парафіі каля Беліцы. Верагодна, атрымаў яе пасля таго, як у судзе даказаў віну Мікалая Няцецкага. Рор у 1666 г. з'яўляўся троцкім падстоліем, шмат гадоў спрачаўся з Уладзіславам Расахацкім за тытул стольніка і ўжо як стольнік з 1691 г. фігуруе ў дакументах. Памёр Фердынанд Ян Рор каля 1698 г. [81]

Цікавую інфармацыю падаў адзін з апошніх уладальнікаў маёнтка Ішчална Кароль Лясковіч. У маёнтку, да Другой сусветнай вайны, захоўваўся архіў, і сярод папер архіва мелася перапіска ўладальніка маёнтка Ішчалны Яна Паўпяты з сваім сябрам Фердынандам Рорам. Лясковіч - чалавек, які глыбока вывучаў гісторыю свайго маёнтка, у 1970-х гг. напісаў свае ўспаміны і прывёў толькі тую інфармацыю, якую яшчэ помніў. Вось што ён напісаў: «Партызанскай барацьбой на Лідчыне кіраваў дзяржаўца Беліцы Фердынанд Рор, сардэчны сябар Яна Паўпяты. У архівах Ішчалны да 1939 г. захавалася вялікая перапіска паміж імі. Аддзел Рора вызначаўся вялікай рухомасцю. Маючы дакладную інфармацыю ад суайчыннікаў, Рор ведаў пра рух войск Хаванскага і бліскавічна мяняў свае месцы пастою. Маскалі былі бязлітаснымі. Яны не толькі зраўнялі з зямлёй Беліцу, але рабавалі і палілі маёнткі і вёскі, а насельніцтва забівалі. Бяда таму, хто не паспеў схавацца і на каго пала помста цара за непаслушэнства.

Трэба сказаць, што Рор плаціў той жа манетай. Захопленых маскалёў вешаў, садзіў на палю і, каб даведацца сакрэтаў, пытаў. Падобна, так жа караў і здраднікаў. Разам з Рорам быў яго верны сябар Ян Паўпята, рукі якога таксама маглі быць у крыві ворагаў. Магчыма, пры канцы жыцця гэта і прывяло яго да хрысціянскага пакаяння і пакоры.

У момант пахавання Паўпяты Ішчална знаходзілася ў руках ордэна босых кармелітаў, якія, як было вядома з судовага працэсу пляменнікаў памерлага Паўпяты з ордэнам кармелітаў, рэдагавалі яго тастамант[82]. Але няма ніякага сумневу, што пабожнае жаданне дабрадзея ордэна было скрупулёзна выканана.

Паўпяту пахавалі пад дзвярамі невялікага драўлянага касцёла (Ішчалнянскага - Л. Л.). Не вядома, ці ў XVIII ст. пры пабудове новага, мураванага і значна большага касцёла, знайшлі гэтую магілу? Калі знайшлі, дык што з ёй зрабілі? Пакінулі на старым месцы ці перанеслі, а калі перанеслі дык куды? Перанеслі ў піўніцу, пабудаваную пад новым алтаром, ці згодна з яго воляй: "Каб вернікі, ідучы на набажэнства, маю магілу тапталі нагамі" - пахавалі пад новым парогам? Старыя хронікі касцёла загінулі, а новыя пра тое маўчаць»[83].

Як бачым, Паўпята і, магчыма, яго сябар Рор, як сапраўдныя хрысціяне, нават забойствы падчас вайны з бязлітасным ворагам не лічылі геройствам.

Людзі такога кшталту ў нашы часы ўжо не сустракаюцца.

Мне ўдалося знайсці прозвішчы толькі гэтых дваіх лідзян - герояў той вайны: Фердынанда Яна Рора і Яна Паўпяты. Але, дзякуй і за гэта.


18 чэрвеня 1660 г. вялізны корпус Івана Хаванскага быў разбіты пад Ляхавічамі. 28 чэрвеня аб'яднанае беларускае і польскае войска Паўла Сапегі і Стэфана Чарнецкага колькасцю 8 000 чалавек каля мястэчка Палонка зноў разбіла расійскую армію Хаванскага. (44KB) Якуб Тэадор Кунцэвіч. Важна, што наша войска перамагло ў тры разы большае маскоўскае войска пад клічам «Блаславёны Язафат!» (Кунцэвіч) [84].

Пазней, 3 ліпеня, гэтае ж аб'яднананае войска вызваліла Менск і тэрыторыю Беларусі да ракі Беразіна. 8 кастрычніка 1660 г. беларускія і польскія войскі адбілі каля Чавусаў наступленне расійскай арміі і вымусілі яе адступіць да Смаленска.

1 лютага 1661 г. адбылося паўстанне ў Магілёве, гараджане вынішчылі 7-тысячны гарнізон расійскіх стральцоў, шмат жаўнераў і трох ваявод узялі ў палон. Пазней, у красавіку таго ж года, паўстанні ўспыхнулі ў Дзісне, Себяжы і Гомелі. 3 лістапада 1661 г. пацярпела паразу група расійскіх войск на чале з Хаванскім і Ардын-Нашчокіным пад Вільняй каля вёскі Кушлікі. На тры дні пазней войскі Вялікага Княства Літоўскага на чале з С. Чарнецкім разбілі каля Глыбокага расейцаў (больш за 18 000 чалавек) на чале з тым жа Іванам Хаванскім. 2 снежня войскі ВКЛ вызвалілі Вільню. Пасля гэтага варожыя бакі не мелі ні сіл, ні сродкаў для актыўнага працягу вайны. Але ўжо ў 1664 г. казацкія і расійскія войскі аблажылі гарады Пінск і Магілёў, і ў Магілёве быў спалены замак.

Пасля доўгіх перамоў 30 студзеня 1667 г. заключана Андрусаўскае перамір'е (вёска Андрусава на мяжы Мсціслаўскага і Смаленскага ваяводстваў). Мірныя перагаворы цягнуліся амаль што 4 гады. Дэлегацыю Расіі прадстаўляў пасол А. Ардын-Нашчокін, Рэчы Паспалітай - жамойцкі староста Ю. Глябовіч. Паміж бакамі адбылося 39 сустрэч.

Андрусаўскае перамір'е падпісана тэрмінам на 13,5 гадоў. Расія атрымала Смаленшчыну, Чарнігаўшчыну, Левабярэжную Украіну і Кіеў. Землі Беларускага Падзвіння, а гэта Віцебшчына, Полаччына, вярталіся ў склад Вялікага Княства Літоўскага. Тэрыторыя Княства паменшылася з 370 да 312 тысяч км2.

Вайна мела драматычныя вынікі для нашай дзяржавы. Беларускія землі апынуліся ў стане эканамічнай разрухі, колькасць насельніцтва скарацілася ў 2 разы, аслабла каралеўская ўлада, значна пашырыліся правы магнатаў. Дзяржава ўступіла ў паласу працяглага крызісу, з якога ўжо, не выйшла да канца свайго існавання. У 1696 г. была адменена дзяржаўнасць беларускай мовы.

Раскажу яшчэ пра некалькіх асоб той трагедыі.

Якуб Тэадор Кунцэвіч (1596-1666) - прадстаўнік літоўскага шляхецкага роду Кунцэвічаў герба «Лебедзь». Сын Мацея Кунцэвіча, уладальніка Ганушышак. Яму належалі Каняўскае і Дубіцкае староствы ў Лідскім павеце (1627 г.)

У 1632 года Якуб Тэадор Кунцэвіч быў абраны паслом ад Лідскай зямлі на канвакацыйны сойм. У тым жа годзе на элекцыйным сойме падтрымаў кандыдатуру Уладзіслава IV Вазы на каралеўскі пасад. У 1639, 1646, 1649, 1652 і 1654 гг. Якуб Кунцэвіч абіраўся паслом на соймы.

Займаў шэраг дзяржаўных пасад у ВКЛ, у тым ліку пісара (1635-1638), харунжага (1638-1652) і падкаморыя (1652-1661) лідскага. У 1661 г. Якуб Тэадор Кунцэвіч быў прызначаны кашталянам менскім, 11 чэрвеня 1661 г. ён атрымаў пасаду кашталяна жамойцкага. У 1664 г. стаў ваяводам берасцейскім і сенатарам Рэчы Паспалітай.

Якуб Кунцэвіч быў тройчы жанаты. Яго першай жонкай стала Алена Сапега, дачка кухмістра вялікага літоўскага Мікалая Міхайлавіча Сапегі (памерла ў 1611 г.) і Багданы Масальскай, удавы каняўскага старасты Рамана Валовіча, ад шлюбу з якой не меў нашчадкаў. Другі раз ажаніўся з Альжбетай Сапегай, ад шлюбу з якой меў сына Яна Валяр'яна. У трэці раз ажаніўся з Феліцыянай Крысцінай Войнай, для якой у 1664 г. атрымаў права на сумеснае валоданне Каняўскім і Дубіцкі староствамі. У трэцім шлюбе меў сына Дамініка [85].

Цікавы лёс меў князь Іван Хаванскі, чалавек, які ў 1569 г. спаліў і разрабаваў Ліду і Лідчыну а потым, лапаючы Рора, рабіў гэта яшчэ некалькі разоў. Падчас Стралецкага бунту 1682 г. ён быў прызначаны царэўнай Соф'яй кіраваць стральцамі, якія выступілі на яе баку, аднак князь пачаў гуляць ва ўласную гульню і выкарыстоўваў сваю пасаду, каб ціснуць на ўрад. Гэты этап стралецкага бунту атрымаў назву «Хаваншчына». Пасля таго, як Соф'я і яе прыхільнікі выехалі з Масквы, Хаванскі прыбыў на перамовы з ёй у сяло Ваздзвіжанскае, дзе быў пакараны смерцю разам са сваім сынам князем Андрэем.


Сёння тая вайна намі цалкам забытая.

Дадаткі

26 ноября (6 декабря). Статьи соглашения С.А. Урусова с Я. Кунцевичем и шляхтой при нем с последующими резолюциями царских властей [86].


Перевод с полского писма з договорных статей, каковы дал боярин и воеводы княз Семен Ондреевичь Урусов с товарыщи шляхте трех поветов, которые ц. в-у (царскай вялікасці - Л. Л.) добили челом на вечное подданство.

1. В начале вера святая католическая римская чтоб не нарушена ни в чем пребывала, костелы и кляшторы [87] вцеле сохранены и духовные люди при маятностях, против строеней, мирским и законником записаные, ненарушено против крепостей своих пребывати имеют.

И всякой какова ни есть набоженства и веры люди християнские чтоб при вере своей и костелах пребывали.

Помета: По той статье в.г., е.ц. в-о (цар - Л. Л.) пожаловал, веры их ни в чом нарушить не велел, и духовенство их во всем против сей статьи быти попрежнему.

2. Волности шляхетцкие, которые кровью предков наших нажиты, как при королех, государех наших из давных времен нам додержаны были и вцеле пребывала.

3. Трибуналы, земства и городы в судах своих чтоб убавленья не имели, и тотчас суды градцкие для справедливости святой мочь свою взять против уставы правной имеют. А все записи и договоры чтоб в своей силе и всякие договорные крепости пребывать имеют.

Помета: По той статье ц. в-о пожаловал, велел бытии попрежнему.

4. Добра земские шляхетцкие чтоб вечно при дедичах пребывали. И жолнери станами и проходами по правом нашим не отягощали.

Помета: По той статье ц. в-о пожаловал, велел быти по их правам.

5. Добра королевские и Речи Посполитой чтоб при всех владетелях нынешних пребывали, опричь тех, которые бы, от нас отступя, иного государя обрали.

6. Войску княжства Литовского заплата во всем по извычаю плачена была тем, которые при нас пребывать и единого государя имети будут.

Помета на полях л. 2: На воско збирать поборы против прежнего, как было при королех.

7. Части земель, чрез войну от нас оторваные, как княжство Жемоитцкое, земля Инфлянская, повет Вилкомирский, Упитцкий и Брясловский, и иные воеводства, которые при предках наших до княжства належали, чтоб привращены были.

Помета на полях: Ц. в-о идет сам, а они б, служа в. г-ю, оных земель людей презывали под ц. в-a высокую руку и государским жалованьем обнадеживали.

8. Оборону крепкую и надежную от короля свейскиго чтоб есмя имети могли и от иных всех посторонних неприятелей.

Помета на полях: Ц. в-о идет сам, а вы подите навстречу.

9. Достоинства, чести, уряды, чтоб при тех же людех были, которые ныне суть в державе их, и на пришлые времена чтоб народу нашего людем роздавано было.

Помета на полях: Тому быть.

10. Сойм всяким чином Великого княжства Литовского чтоб на подлинном месте был сложен, на котором бы ново доброволне обрайном государю права свои до подтвержения дали. И по извычкю предков наших в обираньи княжат литовских строение с приналежным действом сохранили.

11. Шляхта, жители княжства Литовского, братья наша, которые ныне за границу княжства Литовского до Коруны Полской выехали, а на тот Сойм нам сложенью естли бы возвратитися назад не хотели, тогда их маятности людем народу нашего вечно розданы быти имеют. А ныне до того времени сродники их тут остались, ими заведывали и пожитки из них имели.

Помета на полях: Той статье быть так, а сродником до сойму не роздавать.

12. Для надежные обороны от небезстрашия наступаючого, которое очима быти видим, чтоб как скорее на границы княжства Литовского от Коруны, Жмойди и Инфлянт замки, места на местах, пристойных и оберегателных до обороны, укреплены были арматою и людми добре обереженые. Откуду бы мы имели надежу обороны безстрашия своего.

Помета на полях: Городы и всякие крепости в городех делать тутошними и уездными людми и те места оберегать.

13. Вязнев всех, которые ни есть в неволю забраные, волно освободить и чтоб до своих маятностей приворочены были, а с нами заодно с ызново обраново тешились государя.

Помета на полях: О той статье ц. в-a указ будет с сойма, а иные многие и отпущены.

14. Их милость Панове жители воеводства Полотцкого, воеводства Минского, Мстиславского, Витебского и иных розных завоеваных поветов, которые бы ни есть оттуды, додерживая веры и правды королю, государю своему, или войску е. к-й м-и, или где ни есть на розных местех, сохраняючи здоровья свои мешкали, и чтобы до маятностей своих поворочены были, хотя бы кому иному отданы были, чтоб ис родичства своего кожной радовался и новому государю верно за то служил.

15. Жители княжства Литовского, что за границею в Коруне имели свои державы, також против советства кождому жителей корунных здесь в ВКЛ, волно было маятности добывать. Для того ж ныне за отменою счастья военного которой бы ни есть из жителей ВКЛ или корунных похотер либо до княжства Литовского или ис княжства Литовского переносщца до Коруны, чтоб ему волно было там заставать, допродавши маятности свои, где захочет. В то время имеет обрать себе, государя и при его воли заставать имеет быть. Понеже все углы и стены Речи Посполитой ровно наступило несчастье, един другово потом ни в чем обидеть не имеет.

А естли бы при княжстве Литовском осталый имел быти обижен, ис позосталых добр после тех, которые при Коруце суть пребывают, Задание. А естли бы тех Добр не заставало, тогда из добр королевских.

Помета на полях: Той статье не быть.

16. На тех, которых добра во время войны нынешней огнем в попел обращены, просить чтоб особное призрение е.ц.м. имети изволил. И дотуду покамест до своих счастей придут, чтоб хлеба прокормления иметь могли.

17. Также татаров и жиды чтоб против прав старожитных данных были попрежнему.


Подпис руки князя Урусова словенским языком тою речью.

164-го году ноября в 26-й ден били челом в. г-ю... а е.ц.в-а боярину и воеводам князю Семену Ондреевичю Урусову с товарыщи полковник Якуб Федор Кунцевичь со многим рыцерством и шляхтою трех поветов и иных многих поветов в подданстве у свейского короля быти не хотят, а похотели быть в. г-я, е.ц. в-а под высокою рукою.

А о сем у них ц. в-a милость объявляем, чтоб вер их, и прав, и волностей ни в чем нарушить не вилит. А мещаном и приезжим людем к домовствам своим, и татаром, и жидом ц. в-у дани, и оброки, и всякие подати платить так давать, как они плотили полскому королю. А о полоняниках полковнику Якубу Федору Кунцевичю вилит бить челом г-ю, е.ц. в-у.

Боярин и воевода княз Семен Ондреевич Урусов.

Тех договорных статей, от князя Урусова подписаных, чтоб поверили, что есть слово в слово переписано правдиве, рукою моею подписываю.

Якуб Федор Кунцевич подкоморей литцкий, полковник е.ц. в-а милости, г-я м. м-го нижайшее подножие рукою.

Адам Нарбут рукою.

Касимец Каминский рукою.

Миколай Янжиць.

Адам Бобровичь.

Казимер Рослевичь.

Якуб Пентковичь.



[1] Аболенский Иван. Московское государство при царе Алексее Михайловиче и Патриархе Никоне, по запискам архидьякона Павла Алеппского. Киев, 1876. С. 148-149.

[2] Płosiński Jacek. Wyprawa kniazia Semena Urusowa na Brześć (listopad - grudzień 1655 r.) // Mazowieckie Studia Humanistyczne. Łowicz, 2003. R. IX. № 1-2. S. 14.

[3] Аболенский Иван. Московское государство при царе Алексее Михайловиче и Патриархе Никоне, по запискам архидьякона Павла Алеппского. С. 164.

[4] Мальцев А. Н. Россия и Белоруссия в середине XVII века. Москва, 1974. С. 98.

[5] Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России. Т.14. С. 787-788.

[6] Там жа. С. 789-790.

[7] Там жа. С. 797-798.

[8] Мальцев А. Н. Россия и Белоруссия в середине XVII века. Москва, 1974. С. 98.

[9] Парах - у грэка-каталікоў настаяцель храма.

[10] Лаўрэш Л. Л. Маламажэйкаўская царква: гістарычны нарыс. Гродна, 2017. С. 32-33.

[11] НГАБ ф. 694, Воп. 5, Спр. 140. Зблянская царква. Інвентар 1671 г. Арк. 97.

[12] Архіў Жыровіцкай семінарыі. Архіў Лідскага благачыння. Ф. 1. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 117.

[13] ДГАЛ. Ф. 634. Воп. 1. Спр. 53. Арк. 119.; НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41244. Арк. 10.

[14] Сагановіч Генадзь. Невядомая вайна: 1654-1667. Мінск, 1995. С. 70.

[15] АВАК. Т. XXXIV. Вильна, 1909. С. 388.

[16] Мальцев А. Н. Россия и Белоруссия в середине XVII века. С. 98.

[17] Там жа. С. 99.

[18] Акты Московского государства. 1635 - 1659. Т. 2. Санкт-Петербург, 1894. С. 437-439.

[19] Акты Московского государства. 1635 - 1659. Т. 2. С. 420.

[20] Там жа.С. 432.

[21] Там жа.

[22] Там жа. С. 434.

[23] Там жа.

[24] Там жа. С. 527.

[25] Сагановіч, Г. Шышы // Вялікае княства Літоўскае. Т. 2. Мінск. 2007. С. 765.

[26] Акты Московского государства. 1635 - 1659. Т. 2. Санкт-Петербург, 1894. С. 458-459.

[27] Сагановіч Генадзь. Невядомая вайна: 1654-1667. Мінск, 1995. С. 54.

[28] Заборовский Л. В. Великое княжество Литовское и Россия во время польского Потопа (1655- 1656 гг.): Документы, исследование. Москва, 1994. С. 121. (Заўвага №125)

[29] Там жа. С. 78-80.

[30] Вышэй за рэгіментара былі польны і вялікі гетманы ВКЛ.

[31] Памятники истории Восточной Европы. Источники 15-17 вв. Том 4. Крестоприводная книга шляхты Великого княжества Литовского 1655 г. Москва-Варшава, 1999. C. 17-19.

[32] Płosiński Jacek. Wyprawa kniazia Semena Urusowa na Brześć (listopad - grudzień 1655 r.). S. 14.

[33] Герасимова И. В. Вильна под властью русского царя (1655-1661): судьба города и горожан. Автореферат диссертации на соискание ученой степени кандидата исторических наук. Санкт-Петербург, 2012. С. 19.

[34] Заборовский Л. В. Великое княжество Литовское и Россия во время польского Потопа (1655-1656 гг.): Документы, исследование. Москва, 1994. С. 128. (Заўвага № 179)

[35] Płosiński Jacek. Wyprawa kniazia Semena Urusowa na Brześć (listopad - grudzień 1655 r.). S. 22-23.

[36] Мальцев А. Н. Россия и Белоруссия в середине XVII века. С. 143-145.

[37] Заборовский Л. В. Великое княжество Литовское и Россия во время польского Потопа (1655-1656 гг.). С. 103-106.

[38] Памятники истории Восточной Европы. Источники 15-17 вв. Том 4. Крестоприводная книга шляхты Великого княжества Литовского 1655 г. Москва-Варшава, 1999. C. 15-17.

[39] Памятники истории Восточной Европы. Источники 15-17 вв. Том 4. Крестоприводная книга шляхты Великого княжества Литовского 1655 г. Москва-Варшава, 1999. C. 20. (спіс прысягнуўшых у Лідскім павеце, можна вывучыць на сайце pawet.net )

[40] Багуслаў Казімір Маскевіч (каля 1625 - 1683), нарадзіўся в. Сервеч Навагрудскага павета, беларускі мемуарыст і жаўнер. Адукацыю атрымаў у Навагрудскім калегіюме, з 1643 па 1644 г. знаходзіўся пры двары князя Багуслава Радзівіла, пасля 1644 г. перайшоў з кальвінізму ў каталіцызм. З 1646 г. на службе ў Іераміі Міхала Вішнявецкага, пад яго кіраўніцтвам ваяваў з украінскімі казакамі (1646 - 1648). У 1649 г. вызваляў поўдзень Беларусі ад казацкіх атрадаў. У 1655 г. абраны дэпутатам у Трыбунал ВКЛ. Пасол на Соймы 1668, 1673, 1674 гг. З 1668 г. знаходзіўся на службе К. І М. Пацаў. Аўтар 2 дзённікаў. У першым, які ахоплівае перыяд 1643-1649 гг., апісаны баявыя дзеянні Вішнявецкага, М. Патоцкага, М. Каліноўскага, Я. Радзівіла супраць войскаў Багдана Хмяльніцкага на Ўкраіне і ў Беларусі. У ім утрымліваецца шмат партрэтных і пейзажных замалёвак. У другім апісваецца паход царскага ваяводы Івана Хаванскага ў Беларусь у пачатку 1660 г. і яго разгром аб'яднанымі сіламі гетманаў П. Я. Сапегі і С. Чарнецкага ў бітве пад Палонкай. Дзённікі Маскевіча з'яўляюцца каштоўнай гістарычным крыніцай. Гл: Дыярыушы XVII стагоддзя (1594―1707 гады) : Самуэль Маскевіч, Багуслаў Маскевіч, Піліп Абуховіч, Міхал Абуховіч, Тэадор Абуховіч / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, Інстытут літаратуразнаўства ім. Я. Купалы. Мінск, 2016.

[41] Аналой.

[42] Фармулёўкі.

[43] Хлусню.

[44] Дафан i Авірон, сыны Эліава. У выніку пакарання за бунт супраць Майсея «раззявіла зямля вусны свае i праглынула ix i дамы іхнія... i сышлі яны з усім, што належала ім, жывыя ў апраметную, i накрыла ix зямля, i згінулі яны» (Кніга Лікі, 16:32, 33).

[45] Гаворка пра Гіезія, слугу прарока Елісея, пакаранага праказай за нявер'е (4-я кніга Царстваў, 5:20).

[46] Ананія i Сафіра за хлусню былі пакараныя раптоўнай смерцю (Кніга Дзеяў Апостальскіх, 5:1-11).

[47] Евузіты - жыхары Евузы, пазнейшага Ерусаліма (Кніга Ісуса, сына Нава, 10 i 11).

[48] Дыярыуш [Багуслава Казіміра] Маскевіча пра вайну з Масковіяй, якая адбывалася ў Вялікім Княстве Літоўскім, і яе завяршэнне яв. ям. п. Паўлам Сапегам, вялікім гетманам ВКЛ, i яв. ям. п. Чарнецкім, рускім ваяводам (1659-1660) // Дыярыушы XVII стагоддзя (1594―1707 гады). Мінск, 2016. C. 199-201.

[49] Герасимова И. В. Вильна под властью русского царя (1655-1661) ... С. 15.

[50] Сагановіч Генадзь. Невядомая вайна: 1654-1667. Мінск, 1995. С. 71.

[51] Герасимова И. В. Вильна под властью русского царя (1655-1661) ... С. 16.

[52] Сагановіч Генадзь. Невядомая вайна: 1654-1667. С. 88.

[53] Сагановіч Генадзь. Невядомая вайна: 1654-1667. С. 87.

[54] Dyjariusz moskiewskiej wojny w Wielkim Księstwie będącej i uspokojenie onej przez jw. jmp. Pawla Sapiehę wraz z jw. jmp. Czarnieckim wojewodą ruskim nastąpione, w: Pomniki dziejów Polski wieku siedemnastego, Tom 1 1840, wydał August Podgórski, S. 162.

[55] Kossarzecki Krzysztof. Kampania roku 1660 na Litwie. Zabrze, 2005. S. 91.

[56] Курбатов О.А. «Литовский поход 7168 года» князя И.А. Хованского и битва при Полонке // Славяноведение. 2003. № 4. С. 26-27.

[57] Там жа. С. 28.

[58] Гл: Szymielewicz Michał. Trakt królewski // Ziemia Lidzka. 1936. № 2.

[59] Гл: Uszakiewicz Stanislaw. Mytlanski gosciniec i dworska droga // Ziemia Lidzka 2001. №2(45).

[60] Трусаў А. Мінулае і сучаснасць Лідскага замка // Лідскі летапісец. 2007. № 2(38). С. 21-22.

[61] Киркор А., Кондратович Л., Кукольник П. Черты из истории и жизни литовского народа. Вильно, 1854. С. 13.

[62] Szymielewicz Michał. Rzeka Dzitwa.// Ziemia Lidzka,1936 r., № 1.

[63] Касажэцкі Кшыштаф. Кампанія 1660 году ў Літве. 2011. С. 109-110.

[64] Dyjariusz moskiewskiej wojny w Wielkim Księstwie będącej i uspokojenie onej przez jw. jmp. Pawla Sapiehę wraz z jw. jmp. Czarnieckim wojewodą ruskim nastąpione. S. 164.

[65] Гл: Курбатов О.А. «Литовский поход 7168 года» князя И.А. Хованского и битва при Полонке // Славяноведение. 2003. № 4. С. 25-40.

[66] Там жа. С. 28.

[67] Там жа.

[68] Касажэцкі Кшыштаф. Кампанія 1660 году ў Літве. С. 110.

[69] У «Крестоприводной книге Великого Княжества Литовского 1655 г.», сярод шляхты Лідскага павета Фердынанда Рора няма, таму не зразумела, пра якую маскоўскую грамату ідзе размова.

[70] Магчыма, для наваградца Маскевіча, «за Нёманам» - гэта на лідскім баку. Але ёсць меркаванні, што гэты бой адбыўся на поўдзень ад Нёмана.

[71] Кушалеў - з кастрычніка 1658 па сакавік 1659 г. - варонежскі ваявода. Гл: Списки городовых воевод и других лиц воеводского управления Московского государства XVII столетия. Москва, 2010. С. 67.

[72] Рэйтары (ням.: Reiter - «вершнік») - від наёмнай кавалерыі.

[73] Dyjariusz moskiewskiej wojny w Wielkim Księstwie będącej i uspokojenie onej przez jw. jmp. Pawla Sapiehę wraz z jw. jmp. Czarnieckim wojewodą ruskim nastąpione. S. 203-205.

[74] Kossarzecki Krzysztof. Kampania roku 1660 na Litwie. Zabrze, 2005. S. 188.

[75] Касажэцкі Кшыштаф. Кампанія 1660 году ў Літве. 2011. С. 175.

[76] Касажэцкі Кшыштаф. Кампанія 1660 году ў Літве. С. 188.

[77] Касажэцкі Кшыштаф. Кампанія 1660 году ў Літве. С. 175.

[78] Rodzina. Herbarz szlachty polskiej Seweryna Uruskiego. Warszawa, 1931. T. XV. S. 248.

[79] Administracja i zycie codzienne w dobrach Radziwiłlów XVI-XVIII wieku. Pod redakcją Urszuli Augustyniak. Warszawa, 2009. S. 276.

[80] Andrzej B. Zakrzewski. Sejmiki Wielkiego Ksiestwa Litewskiego XVI-XVIII w. Warszawa, 2000. S. 105.; 124.

[81] Metryka Litewska. Rejestry podymnego Welkiego Ksiestwa Litewskiego. Województwo wileńskie, 1690 r. Warszawa, 1989. S. 208.

[82] Кароль Лясковіч пісаў: «Пасля шматгадовага знаходжання ў татарскай няволі вярнуліся дахаты два пляменнікі Паўпяты. Не мелі яны ўласнага маёнтка, бо, верагодна, ён пайшоў на выкуп з палону, і таму жылі ў сваякоў у Полацкім ваяводстве. Не пабаяліся яны ні праклёнаў памёршага дзядзькі, ні Страшнага суда і распачалі судовы працэс з кармелітамі. Абвінавацілі іх у тым, што тастамант быў адрэдагаваны і аблудным чынам падсунуты паміраючаму, а сведкі падкуплены. Не памятаю як ішоў працэс, але трыбунал прызнаў тастамант несапраўдным, і маёмасць перайшла да родных. Аднак браты не аселі ў Ішчалне, можа баяліся, што дух дзядзькі будзе ім помсціць, і прадалі маёмасць» - Гл: Karol Laskowicz: (Kresowy dwór i jego sąsiedzi). Opracowanie na podstawie wspomnień. // Biblioteka Zakładu Narodowego im. Ossolińskich we Wrocławiu, sygn. 15480/II. S. 8.

[83] Karol Laskowicz: (Kresowy dwór i jego sąsiedzi). Opracowanie na podstawie wspomnień. // Biblioteka Zakładu Narodowego im. Ossolińskich we Wrocławiu, sygn. 15480/II. S. 165-166.

[84] Еrka [Уладзіслаў Талочка]. Św. Józafat w Wilnie // Pregląd Wileński. № 21, 16 grudnia 1923. S. 7.

[85] Wasilewski Tadeusz. Jakub Teodor Kuncewicz // Polski Słownik Biograficzny, 1971, T. XVI. S. 180-181.

[86] Заборовский Л. В. Великое княжество Литовское и Россия во время польского Потопа (1655- 1656 гг.): Документы, исследование. Москва, 1994. С. 103-106.

[87] Маюцца на ўвазе не толькі рыма-каталіцкія касцёлы і кляштары, але і грэка-каталіцкія.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX