Папярэдняя старонка: Агульная інфармацыя пра горад Ліда

Эміграцыя ў Амерыку 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 20-09-2019,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Эміграцыя ў Амерыку // Маладосць. 2019. № 1. C. 17-18.

Спампаваць




На пачатку ХХ стагоддзя вялікай праблемай для грамадства сталася гэткая з'ява, як эміграцыя ў Амерыку. Наша тагачасная прэса шмат увагі надавала абмеркаванню гэтай праблемы.


«Пэўна німа такіх людзей, што ня чулі аб Амэрыцы, - пісала газета «Наша Ніва» у 1907 годзе. - У Амэрыку штогод то з той, то з другой вёскі нехта выбіраецца шукаць там сабе лепшага, свабоднейшага жыцця, часта можна спаткаць і такіх людзей, што праз колькі гадоў жылі працавалі тамака і, сабраўшы грошы, вараціліся ў родную старонку». Далей газета расказвае, як жыве амерыканскі працоўны: «Заработная плата ў Амерыцы ў 2-3 разы большая, як у Англіі, Францыі і Нямеччыны. Некаторыя амерыканскія рабочыя (напрыклад муляры) зарабляюць у месяц больш, як у нас... за цэлы год. ... А жыцьцё амерыканскага рабочага абходзіцца ня вельмі дорага. Напрыклад амерыканскі фунт (на нашу вагу два нашы фунты) мяса каштуе 25 кап. [1], амерыканскі фунт сала - 20 кап., масла - 48 кап., мукі - 4 кап., цукру - 10 кап., гарбаты - 1 рубель. Кватэры добрыя і, пры тамтэйшых заробках, даступныя кожнаму работніку. Опратка і обув - фабрычныя, гатовыя і прадаюцца куды танней, як у нас. Вось чаму работнік у Амерыцы можа купляць усяго ў 2-3 разы больш, як у Еўропі, вось чаму і жыве ён ў 2-3 разы лепш за нашых рабочых. ...Свет навукі ў Амэрыцэ даходзіць да ўсіх, часта просты работнік бывае так сама вучоны, як які багач. Дык ня дзіва, што працуе ён скора, добра, што работа ў руках яго гарыць, што працоўны дзень кароткі. І абы каго на работу ня возьмуць, фабрыкант лічыць, што лепш наняць мала, але добрых і дарагіх рабочых. ...Праз гэта нашым пераселенцом спачатку часта вельмі дрэнна прыходзіцца, бо яны з тамтэйшымі раўнавацца не могуць, ведама, нашы - народ цёмны, забіты, прыціснуты» [2].

Праз некалькі нумароў газета друкавала ліст беларускага эмігранта з Бэрклі: «Дайшла да мяне тут Ваша газета. ... Праўда што амэрыканскі рабочы шмат зарабляе. У Каліфорніі цэна рабочых рук нават яшчэ большая, як ў "Нашай Ніве" паказана. Муляры бяруць па 12-14 рублёў у дзень, за тое ж і працуюць так, што Вашы і ня снілі: ставяць ў дзень каля трох тысяч цэглаў. ... Працуюць па 10, 9, а гдзе і па 8 гадзін ў дзень, але работа ў іх у тры разы скарэй, як Вашых рабочых. ...Для такой працы трэба сільных, здаровых работнікаў. Людзі слабыя ў Амэрыцы... часта церпяць бяду і голад, бо зарабляюць усяго 4, 3, або і 2 рублі ў тыдзень. У Каліфорніі жыццё не надта таннае. …Жыццё з кватэрай і харчамі абходзіцца 10-12 руб. у тыдзень… . Для рабочага, каторы зарабляе 25-30 руб. у тыдзень, гэта ўсё не дорага. І жыць у Амэрыцы добра таму, хто мае работу. Але цяпер і ў Амэрыцы насталі дрэнныя часы. Вельмі многа багачоў збанкрутавала, і работу знайсці надта цяжка. … Беларусаў тут шмат, ды ўсё прыезджаюць. Няхай жа кожны, хто хоча яшчэ ехаць у Амэрыку, раней напіша туды да сваякоў або знаёмых, ці напэўна знойдзе там працу?» [3].

Здаецца, не ўсе беларусы прыслухоўваліся да добрай парады свайго земляка з Бэрклі, бо ў 1908 годзе «Кур'ер Літоўскі» пісаў: «З ваколіц Беняконей не заканчваецца эміграцыя ў Амерыку. Пакінутыя сем'і эмігрантаў паміраюць з голаду, бо тыя, што паехалі ў Амерыку, не маюць там працы, не маюць грошай, каб вярнуцца, а ў нас, з-за таго, што няма работнікаў, палі стаяць не засеяныя» [4]. Эміграцыя настолькі пашырылася, што на радзіме ўжо месцамі пуставалі палі!

Народны карэспандэнт «Нашай Нівы» з вёскі Бутрыманцы на Лідчыне пад псеўданімам «А. С.», лічыў, што эміграцыя не такая ўжо і дрэнная з'ява: «Бутрыманцы, Лідскага павета. Сярод эканамічных праяў у жыцці тутэйшых вёсак ёсць адна вельмі цікавая і важная - гэта эміграцыя ў Амерыку. Пачалася яна тут ужо гадоў дзесяць таму або і больш і цяпер ўзрасла да вялікай меры. Ёсць тут у ваколіцы такія вёскі, у каторых прыходзіцца на кожную хату па "амерыканцу", а часам і больш. Едуць найбольш людзі маладыя, дужыя, назбіраўшыя на роднай зямліцы запасы сілы, каб там, за морам, прамяняць яе на амерыканскія долары. Едуць нават дзяўчаты і падросткі. Я пільна ўслухаўся да гутарак аб гэтай Амерыцы і аб "амерыканцах" і ня чуў ні разу скаргі на няўдачу, нараканні на тое, што ездзілі, ці выпраўлялі каго ў Амерыку. Праўда, два чалавекі вярнуліся, страціўшы грошы і не даехаўшы - бо іх ашукалі агенты. А шмат хто, прыехаўшы прывозіў з сабой грошы, часам вялікія грошы. Гэтыя амерыканскія грошы не пашлі прахам, а далі змогу шмат каму з сялян паадкупляць ад паноў зямлі. І дзеля гэтага, тутака гаспадары па вёсках жывуць ня бедна, хоць зямля і не надта выгодная - бо камяністая, але ж маюць яе шмат: па паўвалокі і больш. Ці не дзеля гэтага тут і народ святлейшы, як па іншых кутох Беларусі» [5].

У Амерыцы да таго часу ўсе вольныя землі ўжо былі разабраныя: «З малымі грашыма ў Амэрыцы ўжо за зямлю не ўзяцца, добрую, вольную зямлю дачыста разабралі» [6]. Таму беларусы эмігравалі і ў Канаду, бо менавіта ў Канадзе беларус - адвечны хлебароб - яшчэ мог «дастаць скарбовай зямлі на выбар 4 валокі за малыя грошы - праўда, далёка ад гораду, у глушы» [7].

Асобнай з'явай была эміграцыя яўрэяў. З родных мясцін іх гнаў не толькі эканамічны чыннік, але і боязнь пагромаў, якія, як эпідэмія, множыліся ў Расійскай імперыі. Пра жыццё былых лідскіх яўрэяў у Амерыцы ў «Лідскае слова» пастаянна пісаў былы лідзянін М. Івенскі. У сваім лісце ад 14 (1) снежня 1912 года ён расказаў пра жыццё эмігрантаў: «Эміграцыйныя плыні вынеслі шмат маладых сіл. ...Эмігранты прыбываюць штодзённа тысячамі і напаўняюць кварталы вялікіх гарадоў Новага свету. Кожны горад рысы аседлаці мае свой зямляцкі звяз. Мэта гэтых звязаў - узаемадапамога. Калі зямляк захварэе ці патрапіць у крытычны стан, звяз аказвае шчодрую дапамогу. І наш горад тут не выключэнне У шматлікіх гарадах ЗША ёсць лідскія звязы. А ў Нью-Ёрку... малады лідскі звяз, заснаваны чатыры гады таму прагрэсіўнымі элементамі. ...Кожны год звяз ладзіць баль, на які з'язджаюцца землякі з усіх бакоў новага аграмаднага Вавілона - Нью-Ёрка. На гэтых балях часта паказваюць туманныя карціны роднага горада і цяжка перадаць тое захапленне, якое ахоплівае гледачоў пры відах роднага кута. Наогул, ва ўсіх нашых землякоў, як у старых так і маладых, захавалася сувязь з радзімай».

Праз тры месяцы Івенскі зноў напісаў пра жыццё лідскіх эмігрантаў-яўрэяў: «Самы стары лідскі зямляцкі звяз у Амерыцы - лідскі братэрскі саюз узаемадапамогі - быў заснаваны ў 1891 г. У гэты час яўрэйская эміграцыя набыла масавы характар. У звязе ёсць былыя лідзяне, якія жывуць у Амерыцы ўжо каля пяцідзесяці гадоў, яны былі першымі. Звяз існуе, квітнее і налічвае каля 300 сяброў. З справаздач бачна, што на дапамогу бедным лідзянам і іншую дабрачыннасць было выдаткавана каля 7 000 руб. Пазыковы фонд звязу мае 5 000 руб. Пазыкі памерам да 50 долараў, выдаюцца ўсім сябрам звязу. Звяз мае грошы з сяброўскіх складак, канцэртаў, тэатральных пастановак. Шмат хто з сяброў звязу быў сярод арганізатараў сінагогі "Аншэй Ліда". Сярод заснавальнікаў звязу вылучаюцца стары Гальданскі, Міркоўскі і Міндэс. Зараз старшынёй звязу з'яўляецца сп. Лівай, Г. І. Літовіч - сакратар звязу з дня заснавання. Доктар звязу, былы лідзянін Д. М. Блок. 22 сакавіка звяз праводзіць грандыёзны баль-маскарад» [8].

На эміграцыі ў Амерыку праз падман нажываліся розныя дзялкі. «Наша Ніва» ў 1910 годзе пісала пра маштабную афёру, ахвярамі якой сталі ажно 130 лідзян, якія выправіліся ў эміграцыю: «С-пад Ліды. На самыя Вялікодныя святы вярнулася да хаты цэлая грамада людзей, што выбіраліся ў прочкі ў Амерыку. А вярнуліся вось з якой прычыны. Нашы агенты браліся даставіць у Амерыку па цане 120-140 рублей ад чалавека. Ахвотнікаў назбіралася душ 130.

Агенты перавялі іх праз граніцу на прускую старану, купілі білеты на чыгунку аж да Амстэрдама (место над морам у Галандзіі), ды стуль ужо меліся вадой даставіць эмігрантаў у Амэрыку.

У Амстэрдаме меўся эмігрантаў сустрэць агент і выдаць усім шыфкарту (білэты на праезд вадой). Але ані агента, ані шыфкарты эмігранты не знайшлі, і пэўна загінулі б з голаду ў чужой старонцы, каб не расейскі консул у Амстэрдаме, каторы ўсіх адаслаў за казённыя грошы ў Ліду.

Гэтым ашуканствам агенты злупілі з народу 17 тысяч рублей (130 душ па 130 руб.), і німа - …ці атрымае хто свае грошы назад? Пры тым жа трэба ж і дзівіцца цемнаце нашых мужыкоў: калі ехаць у Амэрыку праз Лібаву, тады каштуе паспарт каля 15 руб., даехаць да Лібавы 5 р. і шыфкарта з Лібавы ў Амэрыку 65 рублёў, - значыць усяго 88 руб. А агенты лупілі па 120 - а то і 140 руб. з душы. Гэта ўжо яўнае ашуканства» [9].

Тым не менш эміграцыя з нашага горада і павета сталася прыбытковай справай для параходных кампаній, і таму газета «Лідскае слова» друкавала аб'явы наступнага зместу: «Рускае акцыянернае таварыства "Рускае паўночна-заходняе параходства", віленскае агенцтва, лідскае аддзяленне. Штотыднёвыя тэрміновыя рэйсы з Лібавы ў Англію, а адтуль на параходах лепшых англійскіх фірм ў Нью-Ёрк, Бостан, Філадэльфію ці парты Канады, без перасадкі ў Нью-Ёрк, акрамя таго ў Паўдзённую Амерыку, Афрыку і Аўстралію. Па падрабязную інфармацыю... запрашаем звяртацца ў Лідскі аддзел да С. І. Вінаградава, уласны дом» [10].

Аналізуючы працэсы эміграцыі, пэўна, самы адукаваны і аўтарытэтны жыхар Лідчыны таго часу Вандалін Шукевіч пісаў, што «прага эміграцыі ў Амерыку захапіла як літоўцаў, так і беларусаў і нават беларусаў у большай ступені», і з-за гэтага нават пачала памяншацца колькасць жыхароў Лідскага павета [11].

Большасць эмігрантаў-беларусаў ехалі ў Амерыку каб зарабіць грошай, потым вярнуцца і купіць зямлю на бацькаўшчыне. З пачаткам Першай сусветнай вайны яны засталіся за акіянам назаўсёды. Але і сёння, час ад часу маючы кантакты з нашчадкамі тых эмігрантаў у другім-чацвёртым пакаленнях, чую іх сямейныя паданні пра тое, як заснавальнікі іх амерыканскага рода да канца жыцця сумавалі па Беларусі і марылі вярнуцца на Радзіму.



[1] Валютны курс у той час 1 долар = 2 руб.

[2] Nasza Niwa № 27, 17(30) sierpienia 1907.

[3] Nasza Niwa № 32, 26 (8) akciabra 1907.

[4] Kuryer Litewski № 195, 26 sierpnia (8 września) 1908.

[5] Наша Ніва № 2, 13 (26) студзеня 1912.

[6] Наша Ніва № 25, 21 чэрвеня 1912.

[7] Там жа.

[8] Лидское Слово № 16, 1 марта 1913.

[9] Наша Ніва № 20, 13(26) травеня 1910.

[10] Лидское Слово № 11, 25 января 1913.

[11] Kuryer Litewski № 249, 29 października (11 listopada) 1908.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX