Вярнуцца: Агульная інфармацыя пра горад Ліда

Слабодка - прадмесце Ліды


Аўтар: Абрамовіч Уладзіслаў,
Дадана: 05-09-2014,
Крыніца: Абрамовіч Уладзіслаў. Слабодка - прадмесце Ліды // Лідскі Летапісец №1(65) – 2014. C. 65–66.



Пераклад з польскай Леаніда Лаўрэша. Паводле "ZL",luty, 2002 r.,nr1(53)


Толькі ў апошнія гады Ліда разраслася (артыкул напісаны ў 1930-я гады - Л.Л.). Цэнтр горада зараз выглядае амаль што так, як і ў перадваенныя часы (маецца на ўвазе Першая Сусветная вайна - Л.Л.). З таго часу вуліцы толькі адрамантаваны, па-новаму забрукаваны, зроблены тратуары, і пабудавана некалькі новых камяніц, якія у архітэктурным сэнсе моцна адрозніваюцца ад астатніх пабудоў. Старыя будынкі, канца XIX і пачатку XX ст. не маюць выразнага стылю і да гэтага часу перарабляліся нязначна. Са сценаў і абрамленняў вокнаў прыбраныя пачварныя цагляныя гзымсы (прафіляваныя паясы, карнізы - Л.Л.), накладзены гладкі тынк, у крамах зроблены сучасныя вітрыны.

Аднак у параўнанні з даваеннымі часамі Ліда моцна разраслася. Згодна з планам горада 1851 г. горад меў тры вуліцы. На поўдні горад заканчваўся руінамі замка, за якім ляжала адкрытая балоцістая пустка, а далей, у бок сучаснага вакзала цягнулася разараная зямля. На поўнач ішла вуліца Сувальскага палка (раней - Віленская, зараз Савецкая - Л.Л.), на якой стаяла некалькі драўняных дамкоў, у апошнім з іх была карчма нейкага Закса. Карчма атрымала назву "Закасанка", а калі горад працягнуўся яшчэ далей, старыўся раён горада, які атрымаў назву "Закасанка". З захаду Ліда таксама была атачоная вялікімі балотамі, якія захоўваліся да 1930 г. Дрыгва гэтая ў народзе называлася "Выган", бо там было добрае месца, каб пасвіць быдла і коней. Зараз у выніку высілкаў горада і дзяржавы на "Выгане" вырас самы новы раён горада - "Вялікая Ліда". Зараз Ліда расце не ў вышыню, а ў шырыню - да тых старых трох вуліц мы мусім дадаць паўстаўшую за наш час 101-у новую вуліцу. Ад 1918 г. да нашага часу колькасць жыхароў горада амаль што патроілася (падвоілася - Л.Л.) і наблізілася да 30 000. Такі моцны рост тлумачыцца пашырэннем вышэйзгаданых раёнаў горада, далучэннем да горада вёскі Раслякі, разбудаваннем раёнаў "Зарэчча" і "Ферма", але ж галоўным чынам ростам раёна "Слабодка".

Раён "Ферма" цягнецца ад замка і каталіцкіх могілак да чыгуначнага вакзала і сваю назву атрымаў, праўдападобна, ад досыць урадлівай зямлі, якая раней належала да каралеўскай маёмасці. Ідучы ад вакзала да горада, у канцы вуліцы Пілсудскага (зараз бульвар Гедзіміна - Л.Л.) ўвагу кожнага прыцягне вялікая яма - вынік нямецкай гаспадаркі пад час акупацыі. Менавіта на гэтым месцы раней быў вялізарны двор старасты - рэзідэнцыя каралеўскага намесніка. Сярод іншых зямель да гэтага двара, ці - як тады звалі - дварца, належала і вёска Слабада. Палі гэтай вёскі цягнуліся ў кірунку паўдзённа-заходнім, мяжуючы з гарадской тэрыторыяй каля сучаснай вуліцы Райскай (зараз вуліца Горкага - Л.Л.).

Гэтая вёска ў дакументах звалася "Дварцовая Слабада". Зразумела, што гэтая назва паўстала ад дварца (рэзыдэнцыі) намесніка. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай усе прылеглыя да горада каралеўскія землі перайшлі ў расійскі скарб. Недалёка ад былой рэзідэнцыі намесніка пачалі сяліцца сем'і расійскіх дваран. Паўстаў шэраг густоўных дамоў, аточаных садамі, і так пачаўся вялікі зараз раён горада, які завецца "Ферма".

Таму што на "Ферме" маглі сяліцца толькі дваране, каля 1860 г. было вырашана заснаваць у Лідзе іншую калонію, на землях вёскі "Дварцовая Слабада". Расейскія адміністратары відочна не мелі дакладных указанняў пра тое, якія сем'і трэба сяліць у новай калоніі і ад пачатку пасялілі там чатыры яўрэйскія сям'і. Зх дзве сям'і Ліпнішскіх, адну Баруховічаў, а прозвішча трэцяй сям'і удакладніць ужо немагчыма. Праз некаторы час, калі справа пра пасяленне яўрэяў на Дварцовай Слабадзе дайшла да Пецярбурга, і адтуль была зроблена заўвага пра памылку - пасяленне яўрэяў у новай калоніі, бо папярэдне гэтая калонія прызначалася для засяленне праваслаўных сямей. Патрэбна было высяліць яўрэйскія сем'і, якія да таго часу там грунтоўна атабарыліся. Каля 20 дзесяцін зямлі для кожнай сям'і ўяўлялі немалую каштоўнасць, таму яўрэі былі павінны пайсці на кампраміс і прынялі праваслаўе.

Пасля хрышчэння і прыпісвання да царквы Ліпнішскія прынялі прозвішча Ліпінскіх, Баруховічы сталі Барысевічамі, а чацвёрты яўрэй стаў Крыжаноўскім. У 1866 годзе выдзеленыя дзялкі былі аддадзены на выкуп.

Да часу, калі праз Ліду прайшла чыгунка, пасяленцы - праваслаўныя займаліся сельскай гаспадаркай. Аднак паўстанне Слабодкі непарыўна злучана з чыгункай, першай, у 1883/84 гг., была пушчана ў дзеянне чыгунка Вільня - Ліда - Лунінец. Праз 20 гадоў, у 1902/05 г.г. дзякуючы пракладзенай лініі Маладзечна - Ліда - Ваўкавыск, наш горад стаўся важкім камунікацыйным вузлом.

Пры будаўніцтве чыгункі сем'і пасяленцаў, мелі добрыя заробкі. Пры гэтым дочкі, якія былі немалой прыгажосці, знайшлі сабе мужоў сярод чыгуначных жандараў. Паступова пачалі з'яўляцца новыя сямейныя агмені, усё новыя і новыя дамы і пабудовы. Па меры падрастання моладзі, жыхары Слабодкі змянялі характар сваёй дзейнасці, пераходзячы ад сельскай гаспадаркі на чыгунку. Калі пабудавалася чыгуначная станцыя, некаторыя сем'і перанеслі свае дамы ўглыб поля. Раён пачаў пашырацца, колькасць дамоў павялічвалася з кожным годам. Аднак да вайны, іх было не так і шмат. Слабада разбудавалася зараз (1920-30-я гады - Л.Л.) і становіцца самым важным раёнам горада.


У 1932 г. дзякуючы старанням ксяндза-вікарыя Станіслава Мажэйкі на Слабадзе паўстала каталіцкая парафія з драўляным касцёлам і плябаніей. Першым пробашчам парафіі быў сам арганізатар. Кс. Мажэйка праславіўся тут як залатавуст і здабыў вялікую павагу ў вернікаў. І калі ксяндза перавялі з Ліды, парафія ўзбунтавалася. Рупліўцы нават планавалі зачыніць касцёл і дзеля пратэсту перайсці ў баптысты. Некалькі гадоў таму для супакаення парафіянаў тут быў нават Арцыбіскуп-Мітрапаліт Віленскі кс. Рамуальд Ялбжыкоўскі.

Сучасны пробашч Слабадской парафіі ксёндз Лабан разам з парафіянамі плануе пабудаваць мураваны касцёл. У 1936 г. Гарадская рада даравала Слабадской парафіі 2 га. гарадской зямлі для заснавання могілак. Пад час геадэзічных работ і работ па агароджванні будучых могілак адзін з работнікаў спытаў меркаванне другога, пра тое хто з іх першы ляжа на новых могілках. Так здарылася, што той, хто пытаўся, і стаў першым нябожчыкам на гэтых могілках. Весткі пра гэта імгненна разышліся па парафіі, і вернікі зрабілі яму ўрачыстае пахаванне.


Зараз Слабодка ёсць самадастатковым раёнам. З'явіліся ўласныя крамы. Што праўда, не такія добрыя, як у горадзе, але ў іх усё можна набыць. Ёсць нават аптэчны склад, які часткова замяняе аптэку. Ад пажару бароніць Слабодку ўласная дабраахвотная пажарная ахова. Ад пэўнага часу ёсць там і пастарунак паліцыі Лідскай гміны. Над усім раёнам узвышаецца гмах грамадскай 7-класнай школы і пажарная вежа. У былым памяшканні школы размясцілася прыватная агульнаадукацыйная гімназія. Гэта сведчыць, што жыхарства Слабодкі расце ва ўсіх адносінах. Ёсць нават лазня, якая належыць чыгунцы, але якой, здаецца, чыгуначнікі не карыстаюцца з-за перапоўненасці. Але гігіена займае тут не апошняе месца.

Сярод іншых прадмесцяў горада Слабодка - лідар. З кожным годам расце колькасць жыхароў. Вабіць яна да сабе, сярод іншага таннасцю пляцаў пад забудову і добрым для здароўя размяшчэннем. Найважнейшым тормазам далейшага развіцца Слабодкі з'яўляецца адсутнасць добрай дарожнай сувязі з горадам з-за інтэнсіўнага руху на чыгунцы і шырокага паса рэйкаў. Пакуль Слабодка не атрымае добрай сувязі з горадам праз пабудаваны віадук, датуль справа яе далейшага развіцця не будзе вырашана.

Уладзіслаў Абрамовіч - лідскі краязнавец, паэт, перакладчык, гісторык культуры, бібліёграф, архівіст. Нарадзіўся 9 траўня 1909 г. у Новым Двары каля Трокаў і лічыў сябе літоўцам (у анкетах пісаў бацька - літовец, маці - беларуска). У 1930 г. скончыў Віленскую гімназію. Жыў у Лідзе і ўзначальваў карэспандэнцкі пункт "Кур'ера Віленскага" і адначасова быў галоўным рэдактарам газеты "Лідская Зямля" (Ziemia Lidzka). Памёр 16 лістапада 1965 г. у Вільні, пахаваны на Росах.
 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX