Вярнуцца: Агульная інфармацыя пра горад Ліда

Даўняя вуліца Каменская і Трэцяга Мая


Аўтар: Цехановіч Лех, Межва Рышард,
Дадана: 01-09-2016,
Крыніца: Цехановіч Лех, Межва Рышард. Даўняя вуліца Каменская і Трэцяга Мая // Лідскі Летапісец №4(68)-2014. С. 41-46.



W miescie Lidzie na Kamionce
nie ma wiatru, pali slonce.
Ludzi przy ciezkiej robocie
tluczo kamien, czolo w pocie.
Do gory podnoszo mloty,
chco zarobic para zloty
na przezycie i ubranie...
bijze, poki ci sil stanie.
Jan Golmont (1897 - .) ze wsi Nowickie і gminy Lidzkiej.


Старым сучасным і былым жыхарам Ліды пэўна знаёмая назва Каменка. Каменка - гэта паспалітая назва даўняй вуліцы Каменскай ці Камёнскай, ці потым вуліцы Трэцяга Мая. Каменка атрымала сваю назву ад прытока Лідзейкі - Каменкі, гэты прыток перасякаў вуліцу. Рэчка мела балоцістыя берагі з заліўнымі лугамі.

Таксама назве вуліцы адпавядала турма, якая месцілася тут.

У Рэчы Паспалітай абодвух народаў у канцы XVII стагоддзя Ліда акрамя рынка і Школьнага двара мела толькі чатыры вуліцы: Віленскую, Замкавую (ад замка Гедзіміна да рынка), Каменку (ад Замкавай і да пачатку дарогі на Гародню) і Крывую (злучала Рынак з Каменкай).

Ва успамінах Мірона-Браніслава Нарбута ("Ziemia Lidzka" 1936/5 i 1997/26-27) можна знайсці такое апісанне Ліды: "Адзіная доўгая вуліца пад назвай Віленская праходзіць праз усю даўжыню горада на адлегласць вярсты. Упоперак ідзе другая доўгая вуліца Каменская, убок - кароткія вуліцы: Сенатарская і Крывая напрыканцы якой - рынак". Сегень ("Лідскі летапісец" 2002/4, "Ziemia Lidzka" 2003/6), успамінаючы канец XIX ст. піша, што "Другая вуліца якая ідзе на захад - "Каменка", таксама досыць вялікая і густа забудаваная. Павятовая школа (павятовая навучальня) была пры вуліцы Каменскай у доме пана Рудніцкага. Была так-сама і вязніца пры той жа вуліцы Каменскай. Толькі далей на захад, амаль на канцы горада - будынак дзяржаўны, існуе і зараз.... Ні адна вуліца акрамя Віленскай і часткі Каменскай не была брукаванай....".

У 1901 г. па вуліцы Каменскай была адчынена жаночая пачатковая школа М.К. Навіцкай. Гэта школа у 1906-1910 гг. стала прагімназіяй, а потым, да 1918 г. функцыянала як прыватная расійская гімназія з правамі дзяржаўнай.

Апошнія дні перад выбухам Першай сусветнай вайны апісвае М. Шымялевіч ("Ziemia Lidzka" 1939/ 7-8, 1999/2): "Рэгістрацыя і агляды прызванных у войска адбываліся ў гарадскім парку які знаходзіўся каля вуліцы Каменскай (у 1920-30 гады, вуліца 3-га Мая,каля Народнага банка), у парку раслі цяністыя стогадовыя вольхі. Тут з дошак была збудаваная вялікая пабудова з лаўкамі, каб сядзець пад адкрытым небам, яна называлася летнім тэатрам, сюды прыязджаў на гастролі вандроўны цырк, у парку народ адпачываў, праводзіліся народныя забавы, былі каруселі і г.д.". Гэты гарадскі парк разам з музыкамі ў часы нямецкай акупацыі 1915-1918 гг. нарысаваў В. Рэйман.

Пасля атрымання незалежнасці (маецца на ўвазе ўсталяванне Польскай дзяржавы - Л.Л.) вуліцы Каменскай у 1921 г. была надана назва 3-га Мая. Гэта была брукаваная вуліца, якая ад перакрыжавання з вуліцай Сувальскай, цягнулася паступова ўніз да мастка на Каменцы і потым даходзіла да чыгуначнага пераезду. Дамы, якія стаялі бліжэй да Сувальскай, былі пераважна аднапавярховыя яўрэйскія камяніцы, на першым паверсе якіх, месціліся розныя крамы. Чым далей ад цэнтра, тым меней было мураваных дамоў. Выключэннем быў вялікі будынак турмы (Каменкі). Больш было драўляных дамоў з кветнікамі перад фасадам, з гародам і садам у глыбіні за домам. Па вуліцы 3-га Мая не было культавых установаў і прамысловых прадпрыемстваў, былі толькі невялічкія фірмы рамеснікаў. У мураваным двухпавярховым будынку былой гімназіі Навіцкай да 1932 г. размяшчалася гімназія імя гетмана Караля Хадкевіча (3-га Мая, 45).

У другой палове 1920-х гадоў тут было 17 спажывецкіх крамаў, уладальнікамі якіх былі яўрэі. У мураваных дамах, недалёка ад вуліцы Сувальскай знаходзіліся два гатэлі: "Еўропа" (№ 5) і "Варшава" (№ 7) (належала Быхвіту). Акрамя гэтага, на вуліцы 3-га Мая былі: два рэстараны, бар, тры галантарэйныя крамы, дзве пякарні, былі тры краўца, майстар па рамонту гадзіннікаў Калмановіч, цырульнік, выраб сёдлаў, пральня, кніжная крама Б. Дварэцкага і іншыя гандлёвыя і рамесныя пункты. На гэтай вуліцы жылі два лекары (Ласота і С. Візгірд), дантыст Ф. Рабіновіч і акушэрка Стоцкая.

Наша памяць і наяўная інфармацыя дазваляе толькі часткова апісаць вуліцу 3-га Мая 1930-х гадоў.

Ідучы ад вуліцы Сувальскай у кірунку вуліцы Пяскі, найперш з левага боку была прылеглая да староства плошча Збаўцы, на якой стаяў вялікі крыж, як памяць пра месца, дзе раней стаяў касцёл Кармелітаў, разабраны ў 1908 г. па камандзе царскіх уладаў. Першая вуліца, перасякаўшая вуліцу 3-га Мая была ішоўшая ад замка Гедзіміна да рынку вуліца маёра Мацкевіча, якая мела традыцыйную назву Крывая (па ёй захаваліся стаяўшыя бліжэй да замка дамы № 2, 3, 5 па сучаснай Замкавай). На перакрыжаванні гэтай вуліцы з вуліцай 3-га Мая, па левым баку знаходзілася стаянка дрожак.

За перакрыжаваннем з вуліцай Мацкевіча ад вуліцы 3-га Мая ўправа адходзіла вуліца Садовая (зараз не існуе), а за мастком праз рэчку Каменку - вуліца Балотная (так сама зараз не існуе) на перакрыжаванні з якой стаяў дом Сеўрука.

Далей, па левым баку вуліцы 3-га Мая, за мастком, быў даўні гарадскі парк, куды прыязджалі вандроўныя цыркі (напрыклад братоў Станеўскіх, "Карона") са звярынцам і каруселямі, якія звычайна круцілі ўручную тыя, хто хацеў пакатацца бясплатна. Яшчэ далей, ад вуліцы 3-га Мая з левага боку адыходзіла ў паўдзённым кірунку паўстаўшая ў другой палове 1930-х гадоў вуліца Б. Пякарскага (зараз праспект Пераможцаў), а з правай - вуліца кс. А. Фалькоўскага, каля перакрыжавання з якой з аднаго боку была пякарня і цукерня "Памаранка", а з другога боку ля ўзбочыны знаходзілася бензінавыя заправачная станцыя "Мабіл Ойл". ... Ідучы далей, у правы бок ад вуліцы 3-га Мая адыходзіла вуліцы 22-га Студзеня (зараз не існуе) і завулак, які вёў да вуліцы Маргі.

Вуліца 3-га Мая заканчвалася каля чыгуначнага пераезду, тут улева адыходзіла вуліца Каляёвая (Чыгуначная, зараз - Труханава). За чыгункай вуліца 3-га Мая працягвалася вуліцай Пяскі (потым пераіменаваная у вуліцу генерала Орліч-Дрэшара, зараз - Камуністычная).

Па левым баку вуліцы 3-га Мая былі:

У доме № 7 - Арон Глазман і хімічная пральня "Экспрэс".

№ 9а Друкарня "Магата" і рэдакцыя яўрэйскай газеты "Lider Lebn".

№ 11 - Кааператыў (Spolka Robotnicza) "Польская механічныя пякарня".

№ 13 - Сельскагаспадарчы сіндыкат і Камунальная ашчадная каса.

№ 13а - Беньямін Цыдзяровіч, адвакат.

№ 15 - Беньямін Мелуп, прамысловец, прэзідэнт кіравання абутковай фабрыкі "Ардаль" (Przemysl Gumowy "Ardal").

За драўляным будынкам Народнага Кааператыўнага банка (Ludowego Banku Spoldzielczego), які стаяў на перакрыжаванні з вуліцай Б. Пякарскага, па левым баку вуліцы 3-га Мая знаходзілася (№27/36) Таварыства ваенных інвалідаў, прэзідэнт М. Грабліс (1937).

№ 43 - Майстэрня мясніка і крама Яна Івуця, адчыненыя ў 1937 г.; гастранамічны бар Элеаноры Вечарковай, адчынены ў 1936 г., над барам - кватэра чыгуначнага касіра Ягейлы.

№ 45 - У будынку падгімназіі знаходзіўся аддзел Пракуратуры Акруговага Віленскага суда і Карны аддзел Акруговага суда.

№ 53 - Продаж разліўнога піва бровара "Шапэн".

№ 69 - Канцылярыя адваката Баляслава Баярчыка.

Дом № 73 належаў сям'і Карповічаў. Жыў у ім п. Міхал Станкевіч, легіянер, сяржант рэзерву, цывільны працаўнік Раённага Ваенкамата (Rejonowej Komendy Uzupelnien). Яго сыны Тадэвуш і Генрык у часы акупацыі ваявалі у шэрагах 2 і 4 батальёнаў 77 п.п. АК.

У драўляным доме № 75, апошнім перад турмой, у канцы 1930-х гадоў і ў пазнейшы час жыў доктар Баляслаў Дзічканец.

Управа турмы і гмах карна-следчай турмы мелі №77. Дом начальніка турмы знаходзіўся ў глыбіні тэрыторыі, за агароджай турмы. Лёс апошняга начальніка турмы, падкамісара Турэмнай варты Яна П. Карбоўніка пасля ягонага арышту савецкай уладай невядомы.

У дваццатых гадах у Лідскай турме адбываў частку пакарання на напад з мэтай рабавання непакорлівы Сяргей Пясецкі. Потым ён атрымаў славу як аўтар сенсацыйных аповесцей, напрыклад "Каханак Вялікай Мядведзіцы" ці сатырычнага рамана "Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі". Беларускія крыніцы падаюць (Лідскі летапісец, 2003/3-4), што ў верасні 1933 г. у Лідскай турме быў павешаны член Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі Міхал М. Манькоўскі. Вырак атрымаў як савецкі шпіён.

Адразу за будынкам турмы стаялі дзве драўляныя хаты, гаспадаром якіх быў расіянін Лебедзеў. У адной з хат быў яўрэйскі сіроцкі прытулак. Далей па вуліцы 3-га Мая, да чыгуначных рэек, знаходзілася яшчэ некалькі драўляных аднапавярховых дамоў. У адным з гэтых дамоў, у доме з агародам пад № 85, жыў пан Анастас Д. Рудзецкі, дзяржаўны чыноўнік. Яго сын Вітольд, акавец, быў забіты ўкраінскімі паліцаямі ў 1944 г. пад Васілішкамі. Блізкімі суседзямі п. Рудзецкага былі між іншым пп. Мізгалец і Зянталаў.

Нумарацыя дамоў правага боку вуліцы пачыналася ад мураванага дома (Сувальская 19), у якім знаходзілася "Амерыка", знакамітая цукерня, якую звычайна звалі "Амерыканка". За "Амерыканкай" па вул. 3-га Мая сваё жытло мелі наступныя гараджане:

№ 2b - Шлёма Ясіноўскі.

№ 4 - Рэстаран "Аазіс" Аляксандра Тамасіка, адчынены з 1930 г., цырульня К. Гавенскага.

№ 6 - Гатэль "Еўрапейскі" Ісака Глаўбермана, Экспедзіраванне грузаў Ханона Пупко, цырульня жаночая і мужчынская Давіда Цегялінскага і сталая завіўка.

№ 8 - Доктар Ліхтмахер-Ліпнікова, акушэрыя і жаночыя хваробы, механічная майстроўня Ю. Баранчыка прымала ў рамонт ровары, розныя машыны і часткі да іх.

№ 12 - Вытворчасць мэблі Ўладыслава Лугіна, адкрыта з 1927 г.

№ 16 - Склад будаўнічых матэрыялаў Пінхаса Рубіновіча.

№ 22 - Крама дзіцячага адзення Яна Бабіча, каля самай рэчкі Каменкі, адкрыта ў 1937 г.

№ 24 - Цукерня "Памаранка", вытворчасць розных сітаў, ткацкіх грэбняў (biord) i шаўляк Р. Кукелкі, адкрыта ў 1875 г.

№ 28 - Бюро партыі "Беспартыйны Блок супольнай працы з Урадам" (BBWR, Bezpartyjny Blok Wspolpracy z Rzadem).

№ 38 - Шавецкая майстэрня Міхала Саўкі, адкрыта ў 1935 г.

№ 48 - Хімічная пральня Р. Шатроўскай, дзейнічала з 1934 г.

№ 50 - Міхал Багатыроў, інж.-механік, пілот паветраных шароў, лётчык-назіральнік, у 1910 г. здзейсніў рэкордны пералёт на паветраным шары з Гатчыны пад Пецярбургам да ўзбярэжжа Белага мора (950 км).

№ 68 - Вытворчасць мэблі Юзафа Хадарука, адкрыта з 1935 г.

№ 90 - Краёвы кааператыў чыгуначнікаў, адкрыты ў 1922 г.

№ 100 - Доктар Станіслаў Візгірд і капітан Міхальскі.

Пры канцы правага боку вуліцы 3-га Мая жылі: пп. Дзічканцы (Юзаф, землямер, удзельнік вайны за незалежнасць 1918-1920 гг., аўтар працы "Самаабарона Лідскай Зямлі"), Ёнкайцісы, Нарушэвіч, Сямашка (краўчыха), Валошкі (капітан жандармерыі) і іншыя.

Акрамя гэтага, вядома, што на вуліцы жылі: сям'я Юзафа Задурскага - легіянер, апошні лідскі бургамістр і пасол сойму 1936-38 гг., рэпрасаваны савецкай уладай, Ратушынскі - падпалкоўнік, камендант раённага ваенкамата, Чучманаў - інвалід вайны, Шагуноў і інш. Юндзіл меў тут фотамайстроўню, Цыгельскі - цырульню. Была тут яўрэйская школа.

Выгляд вуліцы 3-га Мая змяніўся пасля прыходу Савецкай Арміі. У канцы верасня 1939 г. на вуглу вуліц Сувальскай і 3-га Мая жыхарам горада раздавалі першы нумар беларускай газеты "Ўперад", гэты факт застаўся на прапагандысцкім фотаздымку таго часу.

У студзені 1940 г. Савецкія ўлады змянілі назву вуліцы 3-га Мая на вуліцу Ленінскую. У гэты час у турме сядзела шмат лідскай інтэлігенцыі. Сведка тых падзей Мечыслаў Пуйдак ("Крук") успамінае: "Бачыў тых арыштаваных палякаў у турме на Каменскай (па вуліцы 3-га Мая), чарга гараджан, жадаючых аддаць перадачу вязням, ці даведацца пра лёс сваіх родных" ("Mojej Ojczyznie"- Lodz 1993).

У часы гітлераўскай акупацыі Ліды у 1941-1944 гг. вуліца 3-га Мая мела назву Таненберг-штрасэ (Tannenberg-strasse) у гонар гарадка на Мазурах (зараз - Stebark) каля якога у 1914 г. была разгромлена расійская армія генерала Самсонава нямецкімі войскамі фельдмаршала Гіндэнбурга.

Лідская турма была запоўнена. У краме п. Жакевіч (удава афіцэра 5 лётнага палка), якая месцілася насупраць турэмнай брамы, праводзіўся прыём прывезеных і ўлік вывезеных вязняў, бо вялікія грузавікі, якімі іх прывозілі, не маглі праехаць праз вузкую і невысокую браму.

У доме Сеўрука была піўная для немцаў. Сямак трымаў рэстаран у адным з дамоў каля турмы. Перасяленцаў з-пад Смаленска трымалі у будынку даўняй гімназіі і акруговага суда. Пасля вяртання Савецкай улады ў 1944 г. турма на Каменцы выконвала ролю КПЗ, так званай "Камеры папярэдняга зняволення". Кашмарныя ўмовы, якія там панавалі, апісаў Генрык Лібіч, жаўнер АК і вязень савецкіх катаржных лагераў ("Spod Wilna na Syberie", Warszawa 1990).

Вайна не пашкадавала ні вуліцу 3-га Мая (яна пераважна выгарала), ні яе жыхароў (рэпрэсіі, халакост, высяленне). Зараз гэта вуліца Леніская. Хапіла некалькі дзесяцігоддзяў, каб цалкам змяніць камунікацыйную тапаграфію і забудову гэтай вуліцы. Захаваліся муры турмы. Захаваўся двухпавярховы дом, пабудаваны ў 1928 г., сучасны № 22, які выбіваецца з атачэння.

Няма мастка на рэчцы Каменка, як няма і самога раўчука. Вуліца значна пашырана, заасфальтавана, прыстасавана да руху вялікага горада, яе працяг праходзіць над чыгункай. З левага боку пабудаваны кінатэатар "Юбілейны". У даўнім будынку гімназіі, значна павялічаным, знаходзіцца Ліцэй №1. Стаяць новыя жылыя дамы, працуюць рэстараны, бары, аптэка і г.д.

На вуліцы Ленінскай чутна расейская мова.

Але гэта цалкам іншая гісторыя.


Аўтары артыкула сардэчна дзякуюць пану Рышарду Казубоўскаму (Ph. D.) за дададзены матэрыял і каштоўныя заўвагі і парады, якія дазволілі пазбегнуць шмат памылак. Таксама дзякуем за каштоўную дапамогу пану Тадэвушу Станкевічу, даўняму жыхару вуліцы 3-га Мая.


Пераклад Леаніда Лаўрэша (Ciechanowicz Lech, Mierzwa Ryszard. Dawnej Kamionce i ulicy Trzeciego Maja // Ziemia Lizka №3(67)-2005.)

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX