Папярэдняя старонка: Агульная інфармацыя пра горад Ліда

Штодзённае жыццё павятовага горада Ліда ў 1915-1918 гадах 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 07-08-2015,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Штодзённае жыццё павятовага горада Ліда ў 1915-1918 гадах. Паводле віленскай беларускай газеты «Гоман» // Маладосць №8 - 2015. С. 132-140.

Спампаваць




Паводле віленскай беларускай газеты «Гоман»

У маі 1915 года пачаўся нямецкі наступ на рускім Заходнім фронце і немцы акупавалі Заходнюю Беларусь. 22 верасня 1915 года нямецкія войскі занялі Ліду.

Homan («Гоман») - беларуская грамадска-палітычная і літаратурная газета, выдавалася з 15 (28) лютага 1916 года да канца 1918-га ў Вільні на беларускай мове з дазволу акупацыйных германскіх улад. Выходзіла 2 разы на тыдзень лацінкай і кірыліцай (з 1.09.1916). Першым рэдактарам быў В. Ластоўскі, з № 33 (125) 1917 года - Я. Салавей. У рубрыцы «З усяго краю» газета друкавала разнастайную інфармацыю пра жыццё беларускіх гарадоў і мястэчак, у тым ліку і горада Ліда.

На акупаваных землях была арганізавана акруга Обэр-Оста (Ober-Ost). Лідскі павет для больш надзейнага кантролю за тэрыторыяй быў падзелены на чатыры меншыя: Лідскі, Радуньскі, Васілішскі і Шчучынскі.

ПАЎСЯДЗЁННАЕ ЖЫЦЦЁ, КУЛЬТУРА, АДУКАЦЫЯ

Першая беларуская школа ў зоне Обер-Ост была адкрыта 13 лістапада 1915 года ў Вільні на Юр'еўскай вуліцы дзякуючы намаганням нашай зямлячкі А. Пашкевіч (Цёткі) і Б. Пачобкі.

На пачатку сакавіка 1916 года газета «Гоман» паведаміла, што нямецкі галоўнакамандуючы ўсходнім фронтам Гіндэнбург выдаў загад пра арганізацыю школ. Сярод іншага ў дакуменце гаворыцца: «Беларуская мова, як адменная ад расейскай, дапускаецца да ужытку без ніякіх перашкод. Аб навуцы рэлігіі сказана, што яна павінна выкладацца ў матчынай мове вучняў, - значыць, у тэй мове, у якой бацькі гавораць з дзяцямі» [1].

Найважнейшай праблемай быў недахоп настаўнікаў, большай часткаю мабілізаваных ці эвакуіраваных у Расію. Аднак беларусы скарысталіся з загаду Гіндэнбурга і ў лістападзе 1916 года газета паведаміла, што ў Лідзе «для тутэйшых настаўнікаў і настаўніц наладжаны педагагічныя курсы. На іх пакуль што вучыцца 26 душ» [2].

Першай беларускай і, верагодна, самай вядомай школай, арганізаванай у тыя часы, была школа ў вёсцы Збляны. У 1914 годзе ў Зблянах згарэў будынак старой школы і да пачатку Першай сусветнай вайны сяляне атрымалі страхоўку ды купілі будаўнічыя матэрыялы. Пры канцы 1915 года новы будынак быў узведзены, а вяскоўцы, скарыстаўшыся сваім правам, адчынілі беларускую школу. Яна існавала тут да сярэдзіны 1920-х [3].

Улады Обэр-Оста прынялі рашэнне адкрыць беларускую настаўніцкую семінарыю ў Свіслачы, дзе на месячных курсах павінны былі атрымаць падрыхтоўку новыя кадры. Цяжка аказалася знайсці выкладчыкаў, таму заняткі ў семінарыі пачаліся толькі 15.10.1916 і працягваліся да 15.11.1918. Дырэктарам семінарыі быў анямечаны сілезец Бэндзеха, а выкладчыкамі Б. Пачобка і Квяцінскі, часова - прафесар Рудольф Абіхт з Вроцлаўскага ўніверсітэта. У выніку тут атрымалі падрыхтоўку 144 настаўнікі беларускіх школ [4].

У Свіслачы вучылася і моладзь з Лідчыны: «У тутэйшай беларускай вучыцельскай семінарыі навукі ідуць поўным ходам. Работа ідзе ахвоча, бо ўсе курсісты - гэта шчырыя беларусы, сыны беларускай вёскі, з'ехаўшыеся з розных ваколіц: з-пад Васілішак, Плянт, Гродна, Беластока і г. д. Хаця курс навук толькі трохмесячны, аднак пры акуратна наладжанай рабоце яго праходзяць як мае быць, і ў снежні месяцы вучні пачнуць практыку ў адкрытай пры семінарыі пачатковай беларускай школе. У семінарыі варункі навукі надта выгодныя. Вучні жывуць у самой семінарыі і маюць тут поўнае ўтрыманне. Кормяць добра: на абед ёсць мяса, а на вячэру даюць гарачую страву. І за гэта - разам з платай за вучэнне - бяруць з іх у месяц 41 марку, за ўвесь курс - 123 маркі. Гэткія грошы лёгка можа сабраць кожная вёска ці грамада і за гэта можа выхаваць сабе свайго настаўніка - аднаго паміж сваіх сыноў, абы ён скончыў народную школу. 1 лютага курс навукі будзе закончаны і пачнецца новы курс, на каторы можна запісацца. Хай жа людзі загадзя падумаюць аб тым, каб сваіх дзяцей выправіць на навуку і гэтак зусім невялікім коштам даць ім магчымасць зарабіць сабе на хлеб і служыць свайму народу» [5].

На пачатку 1917 года паведамлялася пра новы набор у семінарыю: «Запісвацца на новы трохмесячны курс у Свіслацкай Беларускай Вучыцельскай Сэмінарыі, каторы пачнецца 1 лютага, трэба ў Вільні не пазней за 10 студзеня ў Stadschulrata, Дамініканская 3, пакой 55. Варункі навукі: за навучанне - 5 марак у месяц, за поўнае ўтрыманне - 36 м., разам 41 м. У месяц і за увесь курс 128 м. Плаціць можна памесячна - напярод. Хто хацеў бы ехаць вучыцца з вёскі, можа заявіць аб гэтым у сваім Крэйсамце (Kreisamt - павет), дзе яму дадуць усе патрэбныя ведамасці» [6].

На пачатку 1917 года «Галоўнакамандуючы на Усходзе адведаў лідскія школы» [7], што сведчыла пра цікаўнасць акупацыйных улад да сістэмы адукацыі.

У лістападзе 1916 года «Гоман» перадрукаваў з нямецкай Ковенскай газеты «Kownaer Ztg.» артыкул, у якім, хоць і з недакладнасцямі, падавалася гісторыя нашага горада. Я думаю, будзе цікава прывесці змест артыкула цалкам:

«Ліда - гэта адзін з найбольш старых гарадоў Краю. Ад пачатку горад і ваколіцы былі незалежным удзельным княствам князёў Дайноўскіх. У 1180 годзе заваёваны літвінамі, якія зруйнавалі горад і адбудавалі новую Ліду. Ліда была памежным горадам паміж Літвой і Русю. У 1242 гаду да Ліды дайшлі манголы, але былі разбіты. У 1326 г. вялікі князь Гедымін пабудаваў мураваны замак. Ягайла дараваў горад свайму улюбёнцу Вайдылу. У 1381 года горад заваяваў князь Вітаўт з дапамогай немца Конрада Валенрода, узяў і зруйнаваў горад. У 1394 г. горад ізноў быў зруйнаваны крыжакамі. У часе войнаў паміж маскалямі і Рэччу Папалітай Ліда не раз цяжка пацярпела. Гэтак яе зусім зруйнаваў у 1659 г. князь Хаванскі. У 1702 г. шведы ўзарвалі лідскі замак. Гарадскі архіў перавезлі ў Смаленск, дзе ў 1812 г. ён згарэў. У 1795 г. горад далучаны да Расеі. Ад 1802 г. горад належаў да Гродненскай губерні. У 1842 г. Ліду зрабілі павятовым горадам і далучылі да Віленшчыны. Герб Ліды, засведчаны ў 1845 г., складаецца з двух частак: у верхняй частцы - герб Віленскай губерні, у ніжняй - на зялёным полі сноп і серп, як знак, што ў ваколіцах Ліды жыхары займаюцца пераважна гаспадаркай» [8].

Вывучэнне гісторыі нашага краю падчас нямецкай акупацыі ў Першую сусветную вайну толькі пачынаецца і нам цяжка ўявіць паўсядзённае жыццё жыхароў горада. Таму, я думаю, будзе цікава прывесці некалькі навін з культурнага жыцця горада ў тыя часы.

На пачатку жніўня 1917 года газета паведаміла, што «ад 1 да 3 жніўня тут іграў нямецкі тэатр з Берліна» [9]. Праз некалькі тыдняў хтосьці з лідзян пісаў у газету: «Тутэйшае жыццё пры цяперашніх цяжкіх варунках праходзіць даволі разнастайна і весела. Ад часу адбываюцца нямецкія і яўрэйскія спектаклі, канцэрты і іншыя забавы, у тым ліку нядаўна ў гарадскім саду адбыўся "дзень кветкі". У кастрычніку тут адбудзецца з'езд нямецкіх вайсковых пастараў» [10]. 4 верасня 1917 года газета пісала, што ў Лідзе «на кароткі час адкрыта нямецкая ваенная выстаўка» [11]. А 14 верасня таго ж года невядомы аўтар падсумоўваў вынікі культурнага жыцця горада за некалькі тыдняў: «Аб тутэйшым жыцці можна судзіць паводле адбыўшыхся адна за аднэй урачыстасцях, як публічнае гулянне, выстаўка штукарства, сход спевакоў і свята спорту. На выстаўцы можна было пабачыць каля 800 экспанатаў» [12].

ГАНДАЛЬ, ЭКАНОМІКА

Жыццё пад акупацыяй у прынцыпе не можа быць добрым. Яшчэ Напалеон сказаў: «Вайна павінна сама сябе карміць». Таму любая акупацыйная ўлада заўжды будзе карыстацца рэсурсамі занятай тэрыторыі для сваіх мэт, ужываючы для гэтага розныя механізмы: ад рабавання да выпрацоўкі складаных механізмаў эксплуатацыі праз гульню з курсам валюты, якая адмыслова ўводзіцца на акупаваных тэрыторыях.

На нашай зямлі адначасова з акупацыйнымі маркамі выкарыстоўваліся і старыя царскія рублі, курс на якія ўстанаўліваўся адміністрацыйна. Напрыклад, у жніўні 1916 года «Гоман» інфармаваў: «Курс рубля. Афіцыйны курс - 1 марка 75 пф., у банках на рубель пры продажы даюць 1 марку 89 пф., пры куплі 1 марку 93 пф.» [13].

Акупацыйныя ўлады стрымлівалі інфляцыю на занятай тэрыторыі праз механізм замарожвання цэн. Практычна адразу яны пачалі рэгламентаваць кошт харчовых тавараў: «Цана на яйкі. Цэны на яйкі за апошні час шмат перавысілі ўстаноўленую найвышэйшую цану. Найвышэйшая цана ўстаноўлена ў 15 пфенігаў за адно яйцо, і толькі ў асаблівых выпадках дазволена браць 18 пфенігаў за штуку. Тым часам гандляры ніколі не бяруць меней 20 пфенігаў» [14]. «Найвышэйшая цана на новую бульбу ў ... назначана 5 марак за цэнтнер» [15]. «Назначаны цэны за хлеб: за 1 расейскі фунт хлеба 15 пф. або 8 кап., за 1 расейскі фунт мукі 20 пф., або 10,5 кап.» [16].

Табачныя вырабы падчас вайны з'яўляюцца «стратэгічным таварам», таму «у межах Обэр-Ост усе папяросы паводле цэн будуць разделены на 10 груп: па 2, 2½, 3, 3 8/10, 4 3/10, 5, 6½, 8, 10½ і 12½ пф.» [17].

Тое самае тычылася і мёду: «Увесь мёд, сабраны сёлета, павінен быць здадзены нямецкім уладам за плату 2 маркі за нямецкі фунт. Інакш яго будуць канфіскоўваць» [18].

Кошт тавараў на Лідскіх рынках газета не друкавала, але, зразумела, што яны павінны былі быць трошкі ніжэйшымі за кошты ў Вільні, пра якія газета ў жніўні 1916 года пісала так: «На віленскіх рынках паявілася многа свежых фруктаў. Цэны трымаюцца пакуль што высокія. Бульба, гранец 16 пф.; Галава капусты 20 пф.; Пучок морквы 23 пф.; 1 бурак 3 пф.; Яблыкі, за расейскі фунт 10 пф.; Грушы, за расейскі фунт 30 пф.; Вішні, за расейскі фунт 30 пф.; Слівы, за расейскі фунт 30 пф.; Чарніцы, кварта 25 пф.; Брусніцы, кварта 10 пф.» [19].

Цвёрда рэгулявалася праца рынкаў і крам: «Усе крамы і публічныя месцы продажу ... павінны аставацца аткрытымі ў гэткія дні: у-ва ўсе будні, нядзелі і святочныя дні ад 8 гадзін раніцы да 5 гадзін вечара. Іх можна дзяржаць аткрытымі да 8 гадзін вечара» [20].

У сакавіку 1916 года газета пісала: «Немцы забаранілі продаж спіртных напояў, нават піва: тутэйшыя бровары... маюць права прадаваць сваё піва толькі ваенным атрадам, ваенным крамам, прытулкам і паадзінокім ваенным. Некаторыя тутэйшыя рэстараны маюць права атрымоўваць з брагай піва, але толькі дзеля продажу ваенным. За парушэнне гэтага прыказу накладаецца вялікая кара - грошамі ці астрогам» [21]. Верагодна, таму ў Лідзе «ў быўшым бровару... пачала працаваць фабрыка грыбных кансерваў. На ёй працуе больш, за 120 жанчын і дзяўчат» [22], тым больш што «з-за дажджоў сёлета незвычайна ўрадзілі грыбы» [23].

Летам 1917-га выданне паведамляла, што «цяпер у межах Обэр-Ост працуюць 600 млечарань рознай велічыні. Цэны на масла будуць павялічвацца з 250 да 300 марак за цэнтнер. Пастаўшчыкі малака будуць атрымліваць за сваё малако вышэйшую цэну, каб павялічыць дабыванне малака» [24].

ЗЛАЧЫННАСЦЬ, НЯШЧАСНЫЯ ВЫПАДКІ

Як і заўжды, падчас вайны вырасла злачыннасць.

Раз за разам адбываліся рабункі з забойствам ахвяры, 4 ліпеня 1916-га газета паведаміла, што «яўрэй - купец Гірш Сэрванскі ў панядзелак пасля Тройцы забіты і абрабаваны па дарозе з Ліды ў Жырмуны. Забойцаў, як здаецца, было трое. Улады абяцаюць узнагароду 500 марак таму, хто пакажа забойцаў» [25].

Некалькі разоў газета пісала пра забойства Люцыяна Габрылеўскага, якое адбылося ў Лідскім павеце. У выніку акружны суд у Гродне прыгаварыў забойцу «землякопа Захара Рамашку за рабунак і душагубства... на смерць. 24 чэрвеня ён забіў і абрабаваў гаспадарскага сына Люцыяна Габрылеўскага на дарозе з Эйшышак у Бутрыманцы» [26]. На пачатку кастрычніка газета паведаміла, што асуджаны на смерць за забойства землякоп Захар Рамашка, родам з-пад Радуні, «ужо пакараны смерцю» [27].

У кастрычніку 1916-га забойства адбылося ў вёсцы Вольжава, што каля Ліды. Жыхар гэтай вёскі «Канстанцін Мазалеўскі за душагубства і спробу забіць чалавека засуджаны на смерць» [28]. Падчас вайны прыгаворы хутка прыводзіліся ў дзеянне, ужо 28 лістапада цікаўныя даведаліся, што «сын селяніна Канстанцін Мазалеўскі, засуджаны гродзенскім акружным судом за забойства, павешаны ў пятніцу пасля абеду» [29].

Канешне ж, не заўжды рабаўніцтва заканчвалася забойствам. У верасні «Гоман» расказаў такую крымінальную гісторыю: «У двух яўрэяў з Ліды з пасвішча ўцяклі дзве каровы. Іх знайшлі ў Радунскім павеце. Па дарозе да хаты каля Кербядзёў іх затрымалі два невядомыя і запатрабавалі грошы. Міравы суд абодвух ліхадзеяў за гвалт засудзіў на 6 месяцаў у астрог кожнага» [30].

Нехта пытаўся падзарабіць зводніцтвам: «Ян Наталевіч і жонка яго, Марыя, за "зводніцтва" і распусту засуджаны: Ян - на 1 год, Марыя - на 2 месяцы ў астрог» [31].

Здараліся злачынствы на сексуальнай глебе. У Лідзе ў кастрычніку 1916 года «за згвалтаванне дзяўчыны гаспадар Ян Боленс засуджаны ў папраўчы дом на 1 год 4 месяцы» [32].

Хтосьці спрабаваў падзарабіць вымагальніцтвам, у Іўі «гандляр Мендэль Левін за вымаганне ў аднаго хлопца з Ліды грошай, пад страхам выдаць яго кражу, аб каторай Левін ведаў, засуджаны на 1½ года ў астрог» [33].

А нехта, як селянін Даўгоўскі з вёскі Рэзы, што пад Шчучынам, помсціў сваім крыўдзіцелям. У вёсцы Рэзы «згарэлі драўляныя свіраны Вінцэнта Пачука і Фелікса Рачука. Западозрылі селяніна Даўгоўскага, каторы, як думаюць, падпаліў, каб помсціць старасце Вінцэнту Пачуку. Яго чакае кара смерці» [34].

Агульнавядомага ў Лідзе і раней судзімага расійскай уладай Яна Боландзя не абышлі бокам і акупацыйныя ўлады: «Ліда. За ўкрывальніцтва стрэльбы і медзі. Упраўляючы Ян Боландзь засуджаны акруговым судом за гвалт і ўзлом, таксама судзіўся за ўкрыванне паляўнічай стрэльбы і незаяўку меднага посуду, які знайшлі схаваным у хляву. Ён засуджаны на 5 гадоў папраўчых работ» [35].

Пад акупацыяй, як і ў мірны час, сяляне пакутавалі ад канакрадаў. У лістападзе 1916 года газета паведамляла вось што: «Ліда. Шавец Міхал Запаснік з Кербядзёў, работнік Юрка і 67 гадовы Хацкель Радунскі ўкралі 4-х канёў з пасвішча. Першых двух засудзілі на 4 года ў астрог, трэцяга, з-за недахопу доказаў, апраўдалі» [36]. Праз год «Гоман» піша, што ў лідскіх «ваколіцах зноў узняліся крадзяжы коней, якіх пасля за бясцэнак перапрадаюць далей. Трэба напомніць, што гэткія куплі вызываюць не толькі канфіскацыю коней, але і высокія штрафы грашыма» [37]. Улады на самай справе наказвалі не толькі злодзеяў, але і тых, хто паквапіўся на таннага каня : «Гандляр рыбай Шварц купіў двух коней хоць ведаў, што яны крадзеныя, і паехаў прадаваць у Гародню. Яго засудзілі на 1000 марак штрафу або 100 дзён астрогу. Коні канфіскаваныя» [38].

Газета неаднаразова пісала пра з'яўленне фальшывых грошай і размяшчала аб'явы акупацыйных улад пра ўзнагароды тым, хто дапаможа выявіць фальшываманетчыкаў, аб'ява жніўня 1917 года: «1000 марак награды. Галоўнае ўпраўленне пазыковых кас (Dariehenskassen) у Берліне суліць награду да 1000 м. таму, хто выкрые ці пакажа паліцыі на майстроў фальшывых двухмарковак, якія зноў вельмі пашыраюцца ў межах Обэр-Ост.» [39].

Да вайны ў Радуні не было турмы, таму пасля стварэння немцамі Радуньскага павета, у 1916 годзе тут «адчынена новая мураваная турма на 40 душ» [40].

У канцы жніўня 1918-га гродзенская паліцыя арыштавала гастралёраў, «злодзеяў з Ліды, якія ўжо ехалі дахаты з пакрадзеным дабром з трох крадзяжоў з узломам. Адзін з лідскіх злодзеяў - хлопец 14 гадоў» [41]. А ў кастрычніку з гродзенскай турмы ўцёк канакрад, пра якога напісана вышэй, жыхар Ліды «шавец Міхал Запаснік, 18 гадоў, з Зарэчнай вуліцы, 14. Яго шукае беластоцкі акружны суд» [42].

Здаралася і такое: «Радунь. 17 лістапада, нямецкія патрулі затрымалі банду з 15 чалавек. Пры спробе ўцячы ўся банда была знішчана» [43].

Узімку 1918 года газета паведаміла, што па дарозе Ліда - Гродна, каля Новага Двара, «конь, спужаны аўтамабілем, панёс і разбіў санкі аб тэлеграфны слуп. Міліцыянт Якабсан зваліўся з санак і папаў пад аўтамабіль, каторы яго задавіў на смерць» [44].

4 студзеня 1918-га паведамлялася: «Шчучын. 4 студня ў вечары замак кн. Сапегі ў Спушэновай, каторы называўся Тарак, згарэў да тла з усімі рэчамі. Удалося выратаваць толькі некалькі рэчаў. Агонь ад пажару адбіваўся на хмарах у форме крыжа. Народ перакананы, што гэта знак скорага міра» [45]. Верагодна, першай пабудовай у закапанскім стылі на гістарычнай Лідчыне быў сядзібны дом Сапегаў у Спушы (сучасны Шчучынскі раён). Дом пачаў будаваць у канцы XIX стагоддзя Ян Павел Аляксандр Сапега, будаўніцтва закончыў яго сын, Яўстафі Каэтан Сапега. Сядзіба складалася з пяці жылых пабудоў, аранжарэі, стайняў, цяпліц, галоўны дом неаднаразова дабудоўваўся і паляпшаўся. Сядзібны дом Сапегаў у Спушы быў найбольш цікавым будынкам у закапанскім стылі на Лідчыне.

АДМІНІСТРАЦЫЯ, КІРАВАННЕ ТЭРЫТОРЫЯЙ

Восенню 1916 года яўрэйская грамада горада арганізавала сталовую для сваёй беднаты, так званую «Народную кухню»: «Ліда. Тут з дапамогай нямецкай улады яўрэйская грамада адкрыла страўню, каторая выдае 700 абедаў у дзень. Палову абедаў выдаюць дарма, за другую бяруць па 10 пфенігаў» [46]. «Народная кухня» знаходзілася на рынкавай плошчы горада, захавалася некалькі паштовак з яе выявамі.

Адкрылася сталовая і ў Радуні: «Яўрэйскі камітэт адкрыў народную страўню, у якой бедныя людзі на 10 пфенінгаў дастаюць дзве талеркі пажыўнай супы» [47], і рыхтавалася да адкрыцця ў Эйшышках: «Для наладжання тут народнай страўні, каторая не мае патрэбных грошай, збіраюцца ахвяраванні» [48].

У лістападзе 1916-га выданне паведамляе, што «пасля перапісу жыхароў у Лідскім, Мерачскім, ...паветах, для жыхароў гэтых паветаў мае сілу прыказ мець пры сабе пашпарт» [49]. Насельніцтву акупаваных абшараў немцы выдавалі пашпарты (пасведчанні асобы), прыгодныя нават для міжнародных падарожжаў. Цікава, што гэтыя пасведчанні змяшчалі адбіткі пальцаў. У калекцыі аўтара ёсць паштоўка часоў Другой сусветнай вайны, на якой жыхары горада Ліда здаюць адбіткі пальцаў для атрымання пашпартоў. Менш вядома, што ў бланку гэтых эрзац-пашпартоў была таксама беларуская мова лацінкай у класічным правапісе. Пра гэта беларусам напамінаў «Гоман»: «Так званыя пашпарты Обэр-Ост выдаюцца і ў беларускай мове. Беларусы павінны вымагаць, каб ім выдавалі беларускія пашпарты. Як нам наказваюць яшчэ дагэтуль, не ўсе беларусы ведаюць, што ёсць беларускія пашпарты» [50].

У лістападзе 1916 года на тэрыторыі гістарычнага Лідскага павета ў Эйшышках «каралеўска-прускі мецеаралагічны інстытут устроіў тут невялікую абсерваторыю дзеля нагляду за пагодай» [51].

Зіма 1917-га была вельмі суровай і снежнай. Улады рабілі намаганні для расчысткі дарог: «Радунь. Тут былі сільныя снежныя заносы. Дарогі зрабіліся не праезджанымі. Загаданы адпаведныя крокі дзеля іх расчысткі» [52]. Але ў Радуні «ачыстцы дарог ад снегу вельмі шкодзіць вецер, які ўраз жа заносіць ачышчаныя дарогі» [53]. «Ліда. Даносяць аб снежных мяцеліцах у Лідскім павеце. Дарогі гэтак занесены снегам, што па іх немагчыма праехаць. Іх цяпер расчышчаюць» [54]. У сувязі з моцнымі маразамі лідскія гарадскія ўлады спрабавалі дапамагчы бедным: «з прычыны вялікіх халадоў гарадская ўправа выдала бедным 475 кубічных метраў дроў» [55].

У гэту ж зіму дапамагаць беднаце пачалі і акупацыйныя ўлады: «Ліда. Вялікую падмогу для тутэйшай беднаты дае публічная страўня. Порцыя абеду каштуе толькі 10 пфенігаў. Галоўнакамандуючы арміяй аддаў на яе вялікую часць даходу з кінематографаў. Ад 25 чэрвеня да 31 снежня выдана ўсяго 67 тысяч порцый стравы, у тым ліку каля 15 тысяч без ніякай платы» [56]. Ёсць паштоўка, на якой нямецкія жаўнеры раздаюць суп тым жыхарам горада, якія мелі ў гэтым патрэбу.

У ліпені 1917-га выданне даводзіць да жыхароў акупаваных тэрыторый загад нямецкага галоўнакамандуючага пра тое, «як тутэйшыя жыхары павінны ставіцца да варожых летуноў. За не спаўненне яго карацімуць штрафам да 10 000 марак або астрогам на 5 гадоў. Загад забараняе падыходзіць да спусціўшагася сваёй ахвотай ці проці волі варожага лятуна, апроч выпадкаў, калі трэба памагчы пагібаючаму лятуну ці выратаваць яго машыну ад знішчэння. За даванне варожым летунам якіх-кольвечы знакаў вінаватых будуць аддаваць пад суд за здраду гасударству» [57].

Летам 1917 года нямецкі імператар Вільгельм ІІ наведаў фронт: «Крэва. 30.VII. Нямецкі імператар быў сёння на фронце Смаргонь - Крэва і дзякаваў войску за адбіццё апошніх штурмаў расейцаў. Шмат каму з адзначыўшыхся салдат імператар сам даў жалезныя крыжы» [58].

Нумар «Гомана» ад 9 кастрычніка 1917 года піша пра тое, што ў Лідзе «на сёмую пазыку падпісана дагэтуль на 6 900 марак», гэты ж нумар друкуе некралог па Максіму Багдановічу [59], а ў нумары ад 9 лістапада паведамляецца пра рэвалюцыю ў Пецярбургу [60].

У снежні 1917 года ў ваколіцах Ліды «аб'явіліся ваўкі. На статак ... напалі ваўкі і зарэзалі свінню» [61].

Аднак жыццё ў Лідзе працягвалася, «ад 1 кастрычніка 1917 г. да 1 сакавіка 1918 г. тут нарадзілася 47 дзяцей ... памёрлі 124 асобы» [62].

Нумар «Гомана» ад 3 красавіка 1918 года пад загалоўкам «Незалежная Беларусь» паведаміў: «Сталася тое, чаго ўсім сэрцам і ўсёй душой жадае здаўна ... беларускі народ: у Менску Беларускім ... Рада Беларускай Народнай Рэспублікі ў ноч з 24 на 25 марта апавясціла дзяржаўную незалежнасць нашае Бацькаўшчыны...» [63]. Пачынаўся адлік новай гісторыі нашай дзяржавы.

16 мая 1918 года ліквідаваны Васілішскі павет [64].

10 верасня 1918 года ў Гродне адбыўся рэгіянальны кангрэс сіяністаў, дзе сярод дэлегатаў з Вільні, Гродна, Беластока, Коўна і інш. былі і дэлегаты з Ліды [65].

Пры канцы 1918 года палітычнае становішча ў горадзе і павеце рэзка абвастрылася. Мясцовыя палітычныя фракцыі - польская, яўрэйская і ў меншай ступені літоўская - імкнуліся да таго, каб германскія акупанты пры сваім адыходзе перадалі ўладу менавіта ў іх рукі.

У снежні 1918 года міністр беларускіх спраў Літвы Язэп Варонка прызначыў «камісараў у беларускія паветы Літвы», у Лідскі павет быў прызначаны Е. Пашкевіч [66].

Пры канцы снежня 1918 года Рада Народных Міністраў Беларускай народнай рэспублікі прызначыла міравых суддзяў, якія былі ўпаўнаважаны прыняць ад нямецкіх судоў справы, дакументы, кнігі, грошы, інвентар. Яны ж былі павінны часова выконваць абавязкі судовых следчых. У Лідскі павет быў прызначаны Антон Каўшун [67].

Беларускі рух у горадзе ўзначаліў былы лідскі Спраўнік, ветэран Першай Сусветнай вайны, генерал Яўген фон Гротэ дэ Буко [68].

У лістападзе 1918 года беларускі актывіст з Ліды Сымон Сяўрук пісаў у газету:

«Адным з месц панскай польскай агітацыі ёсць Лідскі павет. Тут паны раз'язджаюць па вёсках і ўсякімі хітрыкамі ўмаўляюць сялян падпісвацца пад просьбамі аб прылучэнні да Польшчы і аб прысланні польскіх легіонераў. Памагаюць у гэтым і лідскія ксяндзы - палякі, дзекан і пробашч. Даходзіць навет да гэткіх здарэнняў, што, напрыклад, пушчаецца погаласка, што дзекан выдае квіткі на дармавы хлеб. Народ кідаецца да дзекана, а дзекан пасылае іх да пробашча, каторы неграматных людзей падпісвае пад просьбай аб прылучэнні да Польшчы і г. д.

Уся гэтая нагодная работа балямуцтва і маны дзеецца тут заўсёды і ні кога не дзівіць. Але вось польскім панам, спалоханным рэволюцыяй, захацелася чагось вялікшага, паны, каб змацаваць сваё панаванне над гаротным народам, пастанавілі арганізаваць "польскую раду лідскай зямлі". Каб гэта было ў іншым часе, дык паны на мужыкоў і ўвагі не звярнулі б. Але цяпер рэволюція і паном патрэбна была сялянская закраска. Аднак ня гледзячы на ўсе старанні паном удалося прыцягнуць толькі некалькіх чалавек. 10 лістапада назначана было сабранне, каб выбраць польскую раду. Сабранне адбывалася ў клябанні, у дзекана. На гэтае сабранне было прыцягнена толькі каля 12 чал. сялян, а рэшта былі паны. Адкрыў сабранне кс. дзекан, каторы гаварыў аб багацці Польшчы, аб патрэбе прылучэння да яе, аб легіонерах і г.д. Як прыйшло да "выбараў" у польскую раду, то паны выставілі адразу сваіх кандыдатаў. Як прышла справа да сялян, дык не было з чаго выбіраць і захрыстыян адлічыў 8 чал. і ўпіхнуў як прадстаўнікоў ад сялян. Гэтак была ўтворана "польская рада земі лідзкей"» [69].

29 снежня 1918 года ў Лідзе быў створаны павятовы рэўкамітэт. Яго членамі сталі 9 чалавек: 5 камуністаў - Утроб (Чэхаў), Лазараў, Вацлаў Калясінскі (селянін з Ёдкаў), Адольф Сцяпанавіч Сегень (селянін вёскі Вінькаўцы), Камінскі, Камянецкі, і 4 сацыял-дэмакраты інтэрнацыяналісты. Рэвалюцыйны камітэт заняў дом бежанца ў гады вайны, мясцовага купца Ілютовіча, які размяшчаўся па вуліцы Садовай. Бальшавікі захапілі склад са зброяй, якая належала мясцоваму аддзяленню літоўскай партыі - 100 вінтовак і стварылі гарадскі атрад народнай міліцыі колькасцю каля 100 чалавек, абсалютную большасць членаў міліцыі складалі лідзяне яўрэйскай нацыянальнасці.

Сыходзячы з горада, згодна з Берасцейскай дамовай, нямецкія войскі перадалі зброю мясцоваму Рэвалюцыйнаму камітэту. У ноч з 27 на 28 снежня 1918 года часткі германскіх войскаў пачалі пакідаць Ліду, і 3 студзеня 1920 года нямецкія войскі пакінулі тэрыторыю Лідскага павета. За тры дні праз чыгуначную станцыю прайшло больш за тры дзясяткі цягнікоў са зброяй, амуніцыяй, фуражом і іншым вайсковым абсталяваннем. Трэба адзначыць, што нават камандаванне бальшавікоў прызнавала, што на тэрыторыі павета і горада адыход нямецкіх войскаў не суправаджаўся марадзёрствам і псаваннем чыгуначнай маёмасці, а наадварот, пакідаючы горад, нямецкія салдаты арганізавалі рэвалюцыйны мітынг салідарнасці з мясцовым насельніцтвам. Такія ж мітынгі адбыліся і ў шэрагу іншых населеных пунктаў Лідчыны [70].


Публікацыі ў «Гомане» даюць урыўкавае, фрагментарнае ўяўленне пра жыццё горада Ліды і павета, і з гэтых фрагментаў цяжка скласці агульную карціну. Артыкул можа разглядацца як першая спроба апісаць жыццё пад акупацыяй 1915-1918 гадоў.



[1] Homan № 8, 10 marca 1916.

[2] Homan № 79, 14 listapada 1916.

[3] «Беларуская Ніва». № 17 (30), 27 лютага 1926 г.

[4] http://www.belhistory.com/be/deutcshe_belarus_1917.html.

[5] Homan № 85, 5 śnieźnia 1916.

[6] «Гоман». № 2, 5 студзеня 1917.

[7] «Гоман». № 15, 20 лютага 1917.

[8] Homan № 80, 17 listapada 1916.

[9] «Гоман». № 62, 3 жніўня 1917.

[10] «Гоман». № 68, 24 жніўня 1917.

[11] «Гоман». № 71, 4 верасня 1917.

[12] «Гоман». № 74, 14 верасня 1917.

[13] «Гоман». № 62, 15 верасня 1916.

[14] Homan № 48, 28 lipienia 1916.

[15] Homan № 48, 8 żniúnia 1916.

[16] Homan № 65, 26 wierasńia 1916.

[17] «Гоман». № 61, 31 ліпеня 1917.

[18] «Гоман». № 81, 9 кастрычніка 1917.

[19] Homan № 56, 25 żniúnia 1916.

[20] Homan № 91, 25 śnieźnia 1916.

[21] Homan № 8, 10 sakavika 1916.

[22] Homan № 87, 12 śnieżnia 1916.

[23] Homan № 54, 18 żniúnia 1916.

[24] «Гоман». № 61, 31 ліпеня 1917.

[25] Homan № 41, 4 lipienia 1916.

[26] Homan № 57, 29 żniúnia 1916.

[27] Homan № 67, 3 kastrycznika 1916.

[28] «Гоман». № 72, 20 кастрычніка 1916.

[29] «Гоман». № 83, 28 лістапада 1916.

[30] Homan № 72, 7 wierasńia 1917.

[31] Homan № 52, 11 żniúnia 1916.

[32] «Гоман». № 71, 17 кастрычніка 1916.

[33] Homan № 53, 15 żniúnia 1916.

[34] «Гоман». № 73, 24 кастрычніка 1916.

[35] Homan № 77, 7 listapada 1916.

[36] Homan № 81, 21 listapada 1916.

[37] «Гоман». № 75, 18 верасня 1917.

[38] Homan № 70, 6 wieraśnia 1918.

[39] «Гоман». № 60, 28 жніўня 1917.

[40] Homan № 81, 21 listapada 1916.

[41] «Гоман». № 68, 30 жніўня 1918.

[42] «Гоман». № 78, 4 кастрычніка 1918.

[43] «Гоман». № 94, 29 лістапада 1918.

[44] Homan № 6, 18 studnia 1918.

[45] Homan № 5, 15 studnia 1918.

[46] «Гоман». № 61, 11 верасня 1916.

[47] Homan № 82, 24 listapada 1916.

[48] Homan № 89, 19 śnieźnia 1916.

[49] «Гоман». № 76, 3 лістапада 1916.

[50] «Гоман». № 83, 22 кастрычніка 1918.

[51] «Гоман». № 83, 28 лістапада 1916.

[52] «Гоман». № 6, 19 лютага 1917.

[53] «Гоман». № 16, 23 лютага 1917.

[54] «Гоман». № 15, 20 лютага 1917.

[55] «Гоман». № 16, 23 лютага 1917.

[56] «Гоман». № 16, 23 лютага 1917.

[57] «Гоман». № 61, 31 ліпеня 1917.

[58] «Гоман». № 62, 3 жніўня 1917.

[59] «Гоман». № 81, 9 кастрычніка 1917.

[60] Homan № 90, 9 listapada 1917.

[61] «Гоман». № 97, 4 снежня 1917.

[62] Homan № 53, 9 lipnia 1918.

[63] Homan № 27, 3 kresawika 1918.

[64] Homan № 45, 4 čerwienia 1918.

[65] «Гоман». № 72, 13 верасня 1918.

[66] Homan № 99, 18 śnieżnia 1918.

[67] Homan № 101, 24 śnieżnia 1918.

[68] Лаўрэш Леанід. Яўген фон Гротэ дэ Буко - першы кіраўнік беларускага руху ў Лідзе // НАША СЛОВА. - № 12 (1111). - 20 сакавіка 2013 г.

[69] «Гоман». № 93, 26 лістапада 1918.

[70] Федоров И. О. Город Лида в годы установления советской власти (1919-1920) // Ліда і Лідчына: да 685-годдзя з дня заснавання горада : матэрыялы рэспуб. навук.-практ. канф., (Ліда, 3 кастр. 2008 г.). Ліда, 2008. С. 129-133.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX