Папярэдняя старонка: Агульная інфармацыя

Лідскія баяры ў 'Актах Віленскай камісіі...' 


Аўтар: Суднік Станіслаў,
Дадана: 10-05-2012,
Крыніца: Лідскі летапісец № 54.



Акты Віленскай камісіі, Акты Віленскай археаграфічнай камісіі (АВК, АВАК), серыя публікацый дакументаў па гісторыі Беларусі, Украіны і Літвы 14-19 ст. (т. 1-39, Вільня, 1865-1915). Назва серыі мянялася: «Акты, издаваемые археографическою комиссиею, высочайше учрежденною в Вильне» (т. 1-2), «Акты, издаваемые Виленскою археографическою комиссиею» (т. 3-19), «Акты, издаваемые Виленскою комиссиею для разбора древних актов» (т. 20-39). Мела на мэце сцвердзіць справядлівасць далучэння Беларусі і Літвы да Расійскай Імперыі, прапагандаваць ідэю пра «спрадвечна рускі» характар ВКЛ. Змяшчае дакументы па палітычнай, сацыяльна-эканамічнай, царкоўнай гісторыі, этнаграфіі, пра канфесіянальную сітуацыю ў Беларусі і Літве, стан прававой культуры, побыт насельніцтва. Большасць крыніц публікавалася ўпершыню. Надрукаваны матэрялы гарадзенскага, берасцейскага і слонімскага земскіх судоў, гарадзенскага, менскага і берасцейскага гарадскіх судоў, магістратаў Берасця, Кобрына, Камянца, Магілёва, Вільні, (т. 1-6, 17, 21, 22, 36, 39), акты і дэкрэты Трыбунала ВКЛ за 1398-1794 (т. 12, 13, 15), акты копных судоў (т. 18). Асобныя тамы прысвечаны гісторыі царквы (т. 16, 33). Змешчаны інвентары феадальных уладанняў са звесткамі па гісторыі населеных пунктаў, сельскагаспадарчай вытворчасці, павіннасцях сельскага насельніцтва, яго забяспечанасці асноўнымі сродкамі вытворчасці і інш. (т. 14, 25, 35, 38). Асобныя тамы прысвечаны становішчу яўрэяў (т. 28, 29), татараў (т. 31) у ВКЛ. Уключаны матэрыялы пра вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654-67 (т. 34), вайну 1812 (т. 37). Падаюцца звесткі пра развіццё прамысловасці, сельскай гаспадаркі, культуры, узровень жыцця розных катэгорый насельніцтва, распаўсюджанне беларускай мовы на тэрыторыі ВКЛ.

Адзіныя правілы выдання дакументаў адсутнічалі, матэрыялы рыхтавалі часам малакваліфікаваныя даследчыкі, некаторыя дакументы значна адрозніваюцца ад арыгіналу. Старабеларуская мова шэрагу дакументаў не захоўвалася, падганялася пад правілы рускай мовы. Тэкст мае шмат друкарскіх памылак, загалоўкі і каментары, асабліва да дакументаў на польскай і лацінскай мовах, не заўсёды адпавядаюць зместу арыгінала. Нягледзячы на недахопы, серыя мае вялікую каштоўнасць як крыніца па гісторыі ВКЛ. Надрукаваныя дакументы цяпер зберагаюцца ў Дзяржаўным гістарычным архіве Літвы і Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Менску.

24-ты том, які называецца "Акты о боярахъ", утрымлівае ў тым ліку і тры дакументы, якія тычацца лідскіх баяр. Асаблівую цікавасць для нас мае акт № 141 1560 года "Раследаванне аб шляхочых правах баяр Круповічаў", які ўтрымоўвае радаводы, што паходзяць ад рэальнага баярына Крупаса, які быў разам з Вялікім князем Вітаўтам у Прусіі, падчас міжусобнай вайны, але з-за даўнасці часу стаў легендарным. Крупас лічыцца легендарным заснавальнікам Крупы (цяпер в. Крупава Лідскага р-на), а пяты сын Крупаса Міцка ў польскай гістарыяграфіі лічыцца легендарным заснавальнікам роду Міцкевічаў.

Пры дэшыфроўцы актаў, адаптацыі іх да сучаснай беларускай мовы, пры наборы і рэдагаванні ў тэкстах дэшыфроўкі маглі ўзнікнуць і застацца не заўважанымі пэўныя недакладнасці і скажэнні, таму мы прыводзім факсімільныя копіі саміх актаў і тэксты дэшыфровак, каб чытач самастойна мог зверыць дэшыфроўку з арыгіналам і, калі будзе падстава, мог паправіць дэшыфроўшчыка.

№42.-1529 г. Студзеня 28. Пацвярджальная грамата караля Жыгімонта І баярам Ёчам на востраў Мінвідзішкі.

Года тысяча семсот дзевяноста сёмага, месяца верасня, дваццаць пятага дня, v. s.

На судах гарадскіх Лідскага павету ў горадзе Лідзе на звыклым месцы на парадак права спасылаючыся, перад намі Яўхімам Нарбутам - прэзідэнтам, Апалінарам Адамовічам, Бенядыктам Скіндарам - суддзямі, Юзафам Лясковічам - пісарам, урадоўцамі гарадскімі Лідскага павету, асабіста стаўшы, вяльможны егамосць пан Ігнацы Ёч, падкаморскі рэгент Лідскага павету падаў прывілей найяснейшага Жыгімонта, караля польскага, які пацвярджае наданне найяснейшага караля Казіміра на астравок Мінвідзішча іх мосцям панам Петку, Міхне і Яну Ёчам у тысяча пяцьсот дваццаць дзевятым годзе, студзеня дваццаць восьмага дня выдадзены, па-руску пісаны ў наступных выразах:

"Жыгімонт, Божай міласцю кароль польскі, вялікі князь літоўскі, рускі, прускі, жамойцкі, мазавецкі і інш. Білі нам чалом баяры Троцкага павету, Конеўскай воласці, па імені Петка Станкавіч, з братамі сваімі Міхнам і Янам і паказвалі перад намі ліст бацькі нашага, слаўнай памяці Казіміра, караля яго міласці, што бацька наш пісаў да цівуна Дубіцкага і Конеўскага пана Юндзіла на чолам біце бацькі іх Станя Ёчавіча, што іх братоў пяць, а вотчыну сваю малую мелі і не мелі на чым жыць, каб яму адвесці лесу нашага ў Коневе, дзе б ён меў, прарабіўшы, на сырым корані сесці, і казаў яму з таго служыць баярскую службу, як браты яго з вотчыны служаць. Калі ж пан Юндзіл на пісанне бацькі нашага адвёў бацьку іхняму лесу нашага ў Коневе, востраў з назвай Мінвідзішча, і бацька іхні той востраў сабе прарабіў, і там жыў, і нам з таго службу служыў аж да смерці сваёй, і іх сыноў сваіх на тым пакінуў, і яны і да гэтых часоў трымаюць тое па тым лісце бацькі нашага ў спакоі. А паколькі білі нам чалом, каб ім на гэта далі наш ліст і тую даніну бацькі нашага пацвердзілі ім нашым лістом. І паколькі бацька наш загадаў пану Юндзілу пушчы бацьку іхняму ў Коневе адвесці і там яму загадаў сесці і служыць службаю баярскаю, і пан Юндзіл адвёў яму той востраў, і паколькі бацька іхні паводле таго ліста той астрвок прарабіўшы трымаў ... сыны яго трымаюць у спакоі. Мы, зважаючы на ліст бацькі нашага, на іх чалом біцце гэта ўчынілі, на тое далі ім і наш ліст і пацвярджаем гэта ім гэтым нашым лістом. Няхай яны той востраў, высечку бацькі свайго Мінвідзішкі трымаюць і спажываюць з усім з тым, што той астравок здаўна ў сабе мае, як і бацька іх трымаў паводле адвядзення пана Юндзіла, і маюць нам з таго служыць баярскую службу так, як і бацька іх служыў паводле ліста бацькі нашага Казіміра, караля яго міласці. Пісаны ў Вільні пад лета Божага нараджэння тысяча пяцьсот дваццаць дзявятае, месяца студзеня, дваццаць восьмага дня, індыкта другога".

У таго прывілея пры выцісненай пячатцы подпіс такі: Л.С. Гарнастай-пісар. Аd haec konnotata на адвароце тога прывілею паступныя словы: "Года тысяча шэсцьсот пяцьдзесят чацвёртага, дня першага чэрвеня. У адпаведнасці з правам гэты прывілей быў пакладзены. І. Кунцэвіч - падпаморы Лідскі, камісар яго каралеўскай мосці. Матэвуш Быхавец - камісар яго каралеўскай мосці. Гэты пацвярджальны прывілей пры паданні яго пазначанай вышэй асобай да кніг гарадсіх спраў вячыстых Лідскага павету прыняты і ўпісаны."

З актавай кнігі лідскага гарадскога суда за 1797 - 1800 гады. № 5411, арк.193-4.

№141-1560 г. Жніўня 23. Расследванне аб шляхочых правах баяр Круповічаў.

Года тысяча семсот дзевяноста сёмага, месяца верасня, дваццаць чацвёртага дня v. s.

З волі Яго Імператарскай мосці перад земскімі актамі Лідскага павету стаўшы цяперашні егамосць пан Ваўрынец Фяткевіч такі дэкрэт да актаў падаў. Змест якога наступны: "Ведамасць з кніг земскіх спраў вячыстых Лідскага павету. Лета ад нараджэння Сына Божага тысяча шэсцьсот трыццаць восьмага, месяца студзеня, дваццаць пятага дня. У гадах судовых земскіх, у гэтым годзе, уверсе на даце пісаным. На Тры Каралі, свяце рымскім у Лідзе разгледжаны намі, урадоўцамі судовымі земскімі Лідскага павету Самуэлем Кунцэвічам - суддзёй, Адамам Аўсяным - падсудкам, Якубам Кунцэвічам - пісарам, старастам Коняўскім і Дубенскім, стаўшым асабіста перад судом гаспадарскім земянінам Лідскага павету панам Аляксандрам Круповічам пакладзены і да актавання пададзены ліст іх міласцяў паноў камісараў ад слаўнай памяці караля яго міласці Жыгімонта Аўгуста пасланых, а ў сярэдзіне таго ліста ніжэй імёны памянуты, якія належаць іх міласцям панам Круповічам, і ўдзельнікам іх на рэч у ім ніжэй апісаную, які той ліст перад намі ўрадам паклаўшы, прасіў, каб быў да кніг земскіх Лідскіх упісаны, актаваны, які ўпісваючы ў кнігі слова да слова такое ў сабе мае: "Па загаду гаспадара нашага караля яго міласці і вялікага князя Жыгімонта Аўгуста пасланы будучы на тыя справы ад яго каралеўскай міласці, мы камісары гаспадарскія Ян Шынковіч - маршалак і пісар гаспадарскі, стараста Тыкоцінскі, Рыгор Валовіч - стараста, Мсцібоўскі, гараднічы Гарадзенскі, дзяржаўца Эйшышскі, Агармінскі, Коняўскі, і Дубіцкі, і Зэльвенскі, і Размус Доўгерд - дваранін гаспадарскі караля яго міласці, з загаду таксама гаспадарскага на той час выйшлі пры ім рэвізоры яго каралеўскай міласці двароў павету Троцкага пан Станіслаў Раўскі - дзяржаўца Лідскі, Сымненскі і Нёманскі і пан Сямён Война - дваранін гаспадарскі, глядзелі тую справу па гаспадарскаму мандату: "Стаялі перад намі асабіста баяры радуньскія па імені Пятрашка Барташавіч, Мікалай Сенкавіч, Лаўрын Пядзевіч, Мацей Радвілавіч Круповічы, што яны абвінавачаны, быццам бы яны былі з простых людзей, а не шляхта; яны ў той справе паклалі перад намі ліст Аляксандра, караля яго міласці, у якім пішацца, што Якуб Круповіч, і Мікалай Мятгінавіч, і Ян Рамайнавіч з браццю сваёй паведамілі, што дзед іх Крупас служыў Вялікаму князю Вітаўту і быў з ім на службе ў немцах. Вялікі князь Вітаўт за яго службу вызваліў таго Крупаса ад усіх служб, і цягла, і падаткаў і ліст свой яму на тое даў, і на дзяцей; той ліст у агні згарэў, то ўжо пасля Вялікага князя Вітаўта некаторыя радуньскія людзі па імені Бастуны пачалі былі іх прыцягваць да сябе на службу і ў іншыя поцяглы перад ваяводам Троцкім панам Іванам Манівідам і пан Манівід, даведаўшыся пра тое, што Вялікі князь Вітаўт з цягла іх вызваліў, пры тым іх пакінуў і свой судовы ліст ім даў. Паводле якога кароль яго міласць Аляксандр іх захаваў, і загадаў ім служыць службу ў даспесе, конна, а з пацяглу і падаткаў іх вызваліў, таму што Вялікі князь Вітаўт дзеда іх Крупаса вызваліў. Другі ліст паклаў судовы пана Івана Манвіда - ваяводы Троцкага, які іх судзіў з Бастунамі, людзьмі радуньскімі, якія іх прыцягвалі да сябе ў службу цяглую, і пан Манвід ад таго правымі гэтых Круповічаў прызнаў. Трэці ліст падалі пана Пятра Янавіча - ваяводы Троцкага, у якім пішацца, што Міцкан, Дармот, Рамейка Круповічы скардзіліся на пана Стрэта гараднічага Троцкага, што той прысылаў да іх.... сваіх, рабуючы іх за дзякла. І пан Пётр - ваявода Троцкі ў тым іх захаваў, як і пан Манвіт. Цяглае службы служыць і дзякла даваць ім не казаў. Чацвёрты ліст паклалі пана Віленскага, ваяводы Троцкага пана Радзівіла Істыкавіча, у якім пішацца, што ... і Міцька, і Дашка Круповічы судзіліся перад ім у Дубічах, і ён падсумаваў тое, што Вялікі князь Вітаўт даў быў дзеду іх Крупасу, і калі тое падсумоваў, і пан Радзівіл Остыкавіч ваявода Троцкі тое падсумаванне выдаў ім і той ліст судовы на тое даў. Пяты ліст паклаў пана Януша Касцевіча - мечніка гаспадарскага, намесніка Радуньскага, у якім пішацца, што баяр радуньскіх Круповічаў па імені Якуба Міткавіча, Яна Вяштортавіча, Мікалая Пятрашавіча, Радзівіла Багданавіча і Мікутыса Андрэевіча з браццю іхняю судзіў з людзьмі Бастунцамі, якія іх прыцягвалі да сенакосу і пан Касцевіч тых Круповічаў зрабіў правымі навечна, а Бастунцоў абвінаваціў. Яшчэ паклалі малых лістоў Казіміра, караля яго міласці, у якім ён піша да цівуна Радуньскага Мантвіна, што нехта... Дэкарайка наводзіў на Круповічаў наветы, таму кароль яго міласці Казімір загадаў разабрацца між імі намесніку Гарадзенскаму пану Лялашу і маршалку дворнаму пану Лячку, каб тыя Бастуны не ціснулі на іх і тую.. і караля яго міласці... Круповічаў правымі знайшоў, а Бастуноў абвінаваціў. Пасля паклалі ліст святой слаўнай памяці Жыгімонта караля яго міласці, што білі каралю яго міласці (чалом) баяры радуньскія Пятро Пятровіч і Мікалай Лукашавіч, Радзівіл Багданавіч, Сцяпан Янушкавіч, Мацей Пашкавіч, Мікалай Багданавіч, Грышка Казакавіч, Лаўрын Пацэвіч з роду Круповічаў і паведалі каралю яго міласці, што цівун і гараднічы Віленскі, дзяржаўца Ушкольскі, Пянянскі і Радуньскі пан Шышка Мацівіч і прыставы Радуньскія баярскія пачалі крыўды і ўціскі вялікія ім чыніць, і навіны ўводзіць, і ў службу цяглую іх вяртаць, і за гэта іх рабавалі, і абцяжванне вялікае чынілі, і казалі ім у замку Троцкім удзень пільнаваць, і ўначы клікаць (таксама пільнаваць, рэд ). Яго каралеўская міласць разгледзеўшы тыя лісты, вышэй апісаныя, з ласкі сваёй гаспадарскай пры іх пакінуўшы, да цяглага, у тым лісце памянёнага іх прымушаць не казаў, але службу земскую ваенную разам з іншымі баярамі і шляхтаю служыць ім загадаць сказаў. Паказалі таксама і другі прывілей, на пергаменце пісаны, цяперашняга гаспадара нашага караля яго міласці Жыгімонта Аўгуста, што білі яго каралеўскай міласці чалом баяры Троцкага павету, Радуньскай воласці па імені Пятраш Барташавіч, Мікалай Сенькавіч, Лаўрын Пацавіч, Мацей Радзівілавіч з роду Круповічаў пра тое, што як будучы па загаду яго каралеўскай міласці мернікам ў Радуньскай воласці на памер валок Іван Гаеўнік, калі па паведамленню некаторых падданых яго калеўскай міласці прыцягваў іх да валокаў так, як і цяглых людзей, а яны ўцяклі да яго каралеўскай міласці і тыя ўсе лісты, вышэй апісаныя, перад яго каралеўскай міласцю паклалі, б'ючы чалом гаспадару, яго міласці тыя лісты іх разгледзець і пры іх тых Круповічаў пакінуць і на службу земскую ваенную служыць... гаспадарскі даць, да якога ўсе гэтыя лісты слова да слова ўпісаць загадаць сказаў, той прывілей з пячаткай яго каралеўскай міласці справы пана Пацея пісара і пасля паказу тых лістоў перад намі пытаў да тых Круповічаў, калі б які вывад пра шляхецтва сваё мелі, каб паводле звычаю права паспалітага і статуту земскага і таксама паводле навукі гаспадарскай, нам на пісьме дадзенае, перад намі выставілі. Яны іншага ніякага доваду пра шляхецтва сваё, калі б з роду шляхецкага выйшлі, не выставілі, толькі з тых Круповічаў Пятрашка Барташавіч з братам сваім Раймусам ставілі перад намі двух зямян шляхты з дому Нібартава, якіх назвалі сабе па маці быць, акрамя іх па імені Яна Міцкавіча і Шчапана Мікалаевіча, а па бацьках сваіх іншага ніякага доваду не мае, толькі тыя лісты каралеўскія іх міласці. Тут жа баяры гаспадарскія, якія стаяць у мандаце яго каралеўскай міласці супольна з тымі ж Круповічамі апісаныя Фяцьковічы, Ямантовічы і Пашковічы паведамілі, што дзеці ўсе не з іншага якога дому, але з роду таго Крупаса і дому, і ёсць гэта тыя нам браціей, таму пыталіся з ліста Казіміра, караля яго міласці, што б гэта былі за людзі - да каго Давештаўт, ды Мікалай, ды Карэйка, якія Круповічаў прыцягвалі, паведалі нам Лаўрын Ямантовіч з браціей сваёю, што Мікалай і Карэйка, у лісце Казіміра, караля яго міласці апісаныя, продкамі іх былі, і яны з таго пакалення выйшлі. Тыя ўсе прамовы іх выслухаўшы і канца таму не чынячы, пісалі пра тое да гаспадара яго міласці пра тыя ўсе лісты іхнія, вышэй апісаныя і перад намі пакладзеныя, да яго каралеўскай міласці пасылалі, просячы навукі, калі б яго каралеўская міласць пры тых лістах іх пакінуць загадаць казаў, і гаспадар яго міласць сказаў нам загадаць пісаць такім звычаем - калі ж яны продкаў караля яго міласці і таксама лісты яго каралеўскай міласці ў сябе маюць, і яны хочуць, каб іх паводле тых лістоў жалавалі ні ў чым не парушаючы іх актаў Ямантовічаў, каб спачатку яны нам паведалі, што б мелі выйсці з Мікалая і Карэйкі, якія Круповічаў да сябе прыцягвалі, яго каралеўская міласць да нас пісаць загадаць казаў, калі б яны не мелі на тое асаблівага вызвалення продкаў яго каралеўскай міласці і таксама лістоў гаспадарскіх, тады хаця б крэўнасць якую між сабой мелі, не могуць Круповічы іх права шляхецкага.... калі ж на тых лістах значыцца, што тыя Круповічы былі людзі простыя і за лістом і вызваленнем права шляхецкага ўвайшлі, такіх жа лістоў да іх трэба, а калі б лістоў і вызвалення не мелі, тады тым лістом Казіміра, караля яго міласці прысуджаны ў простыя мужыкі, і калі такая навука, і ліст яго каралеўскай міласці да іх прынесены, тыя Круповічы, перад намі стаўшы, паведамілі, што тыя ўсе вышэй апісаныя Ямантовічы, Фяцковічы, Пашковічы з аднаго дому з імі ідуць, і ўсе выйшлі з таго Крупаса, якога Вялікі князь Вітаўт вызваліў, і баярскую службу служыць яму загадаў. А што раней гаварылі тыя Ямантовічы, што мелі быць нашчадкамі Мікалая і Карэйкі, якія продка нашага Крупаса пры Казіміры каралі яго міласці да мязлевы (натуральнага падатку) прыцягвалі, тыя гэтым Ямантовічам ніколі не былі кроўныя, і іх не ведаюць, як той Лаўрын Ямантовіч паведаміў, што адзін сам ёсць чалавек малады і сказаў, што гэта былі продкі нашыя, але старэйшая брація і кроўныя мае тыя Круповічы лепей абазнаныя аб продках маіх, таму што мы Ямантовічы з таго ж Крупаса супольна з імі з якога выйшлі і нашчадкамі ёсць не абы каго, а толькі таго Крупаса і распавялі род свой ад таго Крупаса такім чынам: Іхні дзед Крупас продак наш меў пяць сыноў па імёнах Мартын, ... Рамейка, Кгінвіл і Міцка (Ляйтка): з Мартына выйшаў Мікалай. З Мікалая - Дашка, Даўгяла, Андрэй і Ямант, з Дашкі - Пятрашка, з Пятрашкі - Амбражэй, Юрый і Ян; з Андрэя - Мікуць, з Мікуця - Мацей і Ян; з Даўгялы - дачка Зофія; з Яманта - Пац; з Паца - Лаўрын, Мацей, Стась, Герман і Павел - гэта род Ямантовічаў з Мартына (Магіна), сына Крупасавага першага; а з Дырмета, другога сына Крупасава выйшаў Вештарт, з Вештарта - Ян, Вайшвіла і Міць: з Яна - Барташ, Юхно і Юшка: з Вайшвіла - Станіслаў, Каспер, а з Міцха - Юрый; а з Барташа вышлі Пятрашка і Размоў; з Юшкі - Грыгор і Юрый - гэта род Пятрашкаў з Дырмета, другога сына Крупаса; з Рамейкі, трэцяга сына Крупаса выйшаў Нац, з Нача (Наца) - Багдан і Бутрым, і Нацка; з Багдана - Радзівіл і Пашка; з Радзівіла - Міш і Пашка, Мацей, Сцецка, Грыгор і Савастаян; з Бутрыма - Шчапан і Блажэй; з Нацка (Невука) - Шчапан - і так гэта Пашковічы з Рамейкі, трэцяга сына Крупасава; а з Гінвіла, чацвёртага сына Крупасава выйшаў Пятрыш і Фецька (Федзька); з Петрыша - Мікалай, з Мікалая - Пецька, з Пецькі - Міклаш, з Міклаша - дачка яго Святоўна, і з Святоўны - два сыны яе міласці і Барталамей Пятровіч з браціей, а з Светаха -... і Мікалай. А з Мацея - Белтрамей, з Балтрамея - Андрэй, з Мікалая - Якуб і Шчапан - з Ганны - гэта Фецькавічы з чацвёртага сына Крупасава; а з Міцка, пятага сына Крупасава выйшаў Якуб і Пецька; з Якуба - Мартын, з Мартына - Ленард, з Пецькі - Ян і Стась - гэта Міцковічы з пятага сына Крупасава; і паведамілі што продкі іх і яны самі ў тых прывілеях Жыгімонта, караля яго міласці і таксама цяперашняга гаспадара караля Жыгімонта Аўгуста апісаныя. І мы імёны іхнія ў тых прывілеях глядзелі, дзе знайшлі ў прывілеях каралёў, іх міласцяў: Пецьку Пятрашавіча, і Якуба, Зузанну, з якіх пайшлі Фяцьковічы, Радзівіла, Пашковіча і брацію яго стрыечную - Сцяпана Янушкавіча і Мацея Пашкавіча; і тых Ямантовічаў продкі, піша, Мікалая Багданавіча і Грышку Казанавіча, Лаўрына Пацевіча роду Круповічаў; а ў другім прывілеі цаперашняга гаспадара нашага напісаны Пятрашка Барташэвіч, Мікалай Сепанавіч і тыя Лаўрын Ямантавіч і Мацей Радзівілавіч Пашковічы. І звыш таго яшчэ ставілі перад намі ў сведчанне, што яны ўсе Фяцьковічы, Пашковічы, як і Ямантовічы і Міцковічы супольна з Пятрашкам з аднаго роду з Крупаса, як род свой вылічылі, калі харунжага Радуньскага Шымку Валадковіча і баяр шляхты Радуньскага павету Ленарта, Кантрыма і з дому Нібартава, Яна Міцковіча і Шчапана Мікалаевіча, якія сябе назвалі кроўнымі па маці Пятрашка і Размусь Барташавіч Круповіч, тыя ўсе вышэй названыя паведамілі, што ўсе тыя, вышэй апісаныя Круповічы. Фяцьковічы, Пашковічы з аднаго дому Крупасава, з тых пяці сыноў Крупасавых, як вышэй апісана, выйшлі, і ўсе яны адзін род ёсць, паколькі і на тых прывілеях Жыгімонта, караля яго міласці, светлай і слаўнай памяці, так таксама і на прывілеі цяперашняга гаспадара нашага яго міласці Жыгімонта Аўгуста імёны тых Ямантовічаў, Пашковічаў і Фяцьковічаў супольна з Пятрашкам Круповічам запісаны, а значыць усіх іх род Крупаса апісвае, а паколькі яго каралеўская міласць Гаспадар наш міласцівы казаў загадаць пісаць да нас наступным чынам - якія былі лісты продкаў яго каралеўскай міласці, а таксама і лісты яго каралеўскай міласці на самое вызваленне ад цяглы і тымі лістамі пацварджаліся, каб іх паводле тых лістоў захавалі ні ў чым не парушаючы іх; мы пыталі харунжага Радуньскага Шымку Валадковіча і Ленарта Кантрыма, Яна Міцкавіча і Мартына Мікалаевіча Нібартаў, якіх яны на сведчанне таго, што ўсе з аднаго роду Крупаса вышлі, і перад намі ставілі, як бы на тым прысягу ўчыніць хацелі, што тыя Ямантовіч, Фяцьковіч і Пашковіч не з іншага якога роду, а толькі з Крупасава ўсе выйшлі. І яны на тым прысягу далі і прысягалі на тым, што яны вышэй апісаныя Ямантовічы, Пашковічы і Фяцьковічы з роду таго Крупаса, якога Вялікі князь Вітаўт вызваліў, выйшлі ўсе аднаго племені з Пятрашкам, як сам той Пятрашка з братам сваім Размусам супольна з тымі сведкамі прысягу чыніў, што як тыя Ямантовічы, так і Фяцьковічы і Пашковічы ёсць ім братамі кроўнымі і з аднаго роду з імі ўсе яны вышэй памянёныя з Крупаса ідуць, і паколькі род свой праўдзіва вылічылі, так і таксама зямель гаспадарскіх пустых без даніны гаспадарскай ніколі не забіралі, і іх пад сабой не маюць, толькі на землях сваіх шляхецкіх жывуць, з якіх службу гаспадарскую земскую ваенную служаць, а пасля тыя Ямантовічы, Фяцькевічы і Пашковічы прысягу чынілі, што дзей ёсць ад Пятрашкі і Размус Барташэвіч і браты іх Круповічам ёсць браты кроўныя і з аднаго роду з імі ўсімі, як род свой вылічалі з Крупаса ідзе, а зямель гаспадарскіх пустых сапраўды ніколі не забіралі, і іх пад сабою не маем, толькі на шляхецкіх землях сваіх жывём, з якіх сапраўды службу гаспадарскую земскую ваенную служым. Мы маючы навуку вусную гаспадарскую і для большай потым ведамасці і падпору і на лісце яго каралеўскай міласці, які ў тым судзе нашым ад слова да слова казалі пісаць:

"Жыгімонт Аўгуст, Божай міласцю кароль Польскі, вялікі князь Літоўскі, Рускі, Прускі, Жамойдскі, Мазавецкі і іншых маршалку і пісару нашаму, старасце Тыкоцінскаму пану Яну Шымковічу, старасту Мсцібоўскаму, гараднічаму Гарадзенскаму, дзяржаўцу Эйшышскаму, Варанскаму, Коняўскаму, Дубіцкаму і Зэльвенскаму пану Грыгорыю Валовічу, і двараніну нашаму Размусу Багданавічу Доўгірду. Што дана нам справа, што ў воласцях нашых Эйшышскай і Радуньскай многія з падданых нашых баяр путных і людзей цяглых без волі і лістоў нашых за паклоны цераз ураднікаў нашых тамашніх у шляхецкае права ўпушчаны і прыкрываючыся вольнасцю шляхецкага роду, якія пад сабою (землі) маюць адны бацькоўскія, а іншыя па чэсным праву ў тое ўвайшоўшыя, у валокі памераць і ў парадак справіць, валочнае паводле пастановы нашай праводзіць не дапускаюць рэвізорам нашым, а каторым землі цераз памерлых памераны, але платаў і пажыткаў на аснове іх ураднікі нашы выбраць не могуць, у тым нам гаспадару не малая шкода дзеецца і паколькі ўжо каторыя камісары ад нас там да тых двароў нашых былі пасланы для выведвання пра шляхецтва тых падданых нашых і таксама пра забраныя грунты (землі) нашыя, паколькі з некаторых прычын канечная пастанова дайшла, калі ж перад тымі камісарамі паводле пісання нашага харунжыя і шляхта старадаўняя тых двароў братамі іх сабе не называлі і пра шляхецтва іх нічога пэўнага з ведамасці сваёй не паказалі, а яшчэ калі б рэестрамі скарбовымі і іншымі слушнымі знакамі і довадамі боку нашага гаспадарскага можна было паказаць і давесці, што яны суць не шляхта, а баяры путныя і людзі цяглыя, паколькі мы, не хочучы нікому вольнасці права ўмяншэння чыніці, з гэтага права нашага такога на іх карысць з ласкі нашай адступаем, і на вывад шляхецтва іх пушчаем, і як ужо казалі іх да скутачнага вырашэння той справы ў пэўны год склікаць, для чаго вас на тую справу камісарамі пасылаем і хочам мець, каб паводзілі сябе паводле статуту права паспалітага, г. зн., тыя падданыя, якіх для тога прызваць маецца, кожны з іх з дому свайго двух кроўных сваіх шляхціцаў уроджаных з бацькі і з маці перад вамі паставілі і імі шляхецтва сваё вывесці, а калі б каторыя з іх кроўных паставіць не маглі, з-за таго, што род такога сышоў, іншых хоць і не кроўных, адно двух шляхціцаў, чалавекаў добрых, веры годных, вядомых у шляхецтве іх, паставіць, і калі тыя супольна з ім, хто выводзіцца, на тым прысягнуць, што суць шляхта, а не путныя і цяглыя людзі і маёнтак шляхецкі здаўна пад сабою маюць, тады за такім вывадам сваім маюць яны пры шляхецтве і пры маёмасці застацца, калі ж такіх мае ста... і вывад, якія б самі шляхтаю праўдзіваю з роду.... а каторыя б такога вываду паволе статуту і паводле гэтага выраку і ліста нашага не ўчынілі, тыя ад зямель сваіх маюць адпасці на карысць нас гаспадара; да таго ж хто б землі нашыя гаспадарскія забраў, альбо без лістоў і па лістах няслушных і не па праву, альбо тады, калі права тое нясе і пасля, трымае і для таго навуку нашу далі вам, калі б канечную пастанову чынілі і выведзеныя па праву дасведчана такія ўсе землі да стала нашага гаспадарскага ўказвалі і павярталі; а каму б крыўда ў такой пастанове вашай выйшла, то адразу, узяўшы ад вас ліст альбо выпіс да нас гаспадара няхай бы ехалі, каб чым хутчэй, і ў тым вам навука ад нас дадзена была, як маеце сябе паводзіць, мы бы далей у тых рэчах прамаруджвання цярпець на шкаду скарбу нашага гаспадарскага не хочам, а каб што найхутчэй памера валочная і ўлік маёмасцяў нашых гаспадарскіх у гэтых валасцях нашых скончана была паводле таго нашага меркавання; да таго ж, каб пільнасць прылажылі, і што ёсць спрвядліва ўласнасць тых двароў нашых ураду нашаму з меркавання кожнага падалі, а што б таксама пад правам шляхецкім слушна трымалася, пры тым кожнага пакінулі. Пісаны ў Вільні лета Божага нараджэння тысяча пяцьсот шэсцьдзесятага, месяца ліпеня, трэцяга дня".

Справа пана Атафея Валовіча, маршалка і пісара гаспадарскага, каб такім вывадам і сведчаннем пра шляхецтва іх цераз баяр, вышэй апісаных сведкаў іх і з прысягаю, перад намі ўчыненаю, і ні ў чым не адступаючы ліста майго гаспадарскага, але паводле навукі і выраку яго каралеўскай міласці пакінулі іх усіх, як здаўна былі пры землях шляхецкіх, якія скарыстоўваючы службу гаспадарскую земскую ваенную несці, так як і іншыя баяры шляхта, абывацелі той дзяржавы Вялікага Княства Літоўскага несці будуць. І на тое далі ім гэты наш ліст судовы з пячаткамі. Пісаны ў Эйшышках, лета Божага нараджэння тысяча пяцьсот шэсцьдзесятага, месяца жніўня, дваццаць трэцяга дня".

У таго ліста камісарскага пячаткі тры ёсць прыцісненыя, а подпіс рукі такімі словамі: Сямён Варнавіч Грычын. Той ліст па просьбе пана Аляксандра Круповіча ёсць да кніг земскіх Лідскіх спраў вячыстых упісаны, актованы, з якіх і гэты выпіс з кніг за пісарства маё Мартына Лімонта ў гэтым годзе тысяча шэсцьсот сорак другога, месяца кастрычніка, шостага дня, падчас суджэння гадоў Міхальскіх пад нашымі пячаткамі пану Станіславу Петрашэвічу ёсць выдадзены. Пісаны ў Лідзе".

Такі выпіс (завераны дакумент), пададзены вышэй названым егамосцем панам Ваўрынцом Пяткевічам, актаваны і ў кнігі земскія спраў вячыстых Лідскага павету прыняты і ўпісаны.

З актавай кнігі лідскага земскага суда за 1796-97 гады. №5669, арк. 1223-29.

№ 181-1567 г. Красавіка 4. Застаўны запіс баярына Барыса Яхновіча на землю.

Года тысяча семсот семдзесят трэцяга, месяца кастрычніка, дваццатага дня.

На Святаміхальскім скліканні суда, у горадзе яго каралеўскай міласці Лідзе in solito juditiorum loco парадкам права паспалітага перад намі Юзафам дамам Барымоўскім - прэзідэнтам, Антоніем Скіндарам, Ігнацым Нарбутам - суддзямі, Бенедыктам Каменскім - пісарам, земскімі ўраднікамі Лідскага павету comparens pecsonaliter у судзе патрон вяльможны егамосць пан Антоні Вольскі - скарбнік Наваградскага ваяводства застаўны запіс ад іх мосцяў паноў Барыса і самой яе мосці Яхновічаў на нівы грунту, якія называюццца Пупейкаўшчына, іх мосцям панам Васілю і самой яе мосці Скіпаравым, мужу і жонцы дадзены, правадзейны і належны з акту падаў, які падаючы ў акты, прасіў нас, суд, каб названы запіс з усімі ў ім выражанымі рэчамі быў у Лідскія земскія кнігі спраў вячыстых прыняты і ўпісаны, які мы суд прыняўшы ў кнігі ўпісаць дазволілі, якога тэкст рускім пісьмом пісаны de verbo ad verbum sequitur est que talis:

"Я, Барыс Яхновіч - баярын гаспадарскі Лідскага павету, харунжы Васілішскага староства супольна з жонкаю маёю Невіданаю Злохаўнаю і з дзецьмі нашымі, з сынамі нашымі Сцяцком, Богушам і Ясем, з дочкаю нашаю Хвядораю прызнаём тое самі на сябе гэтым нашым прызнальным лістом кожнаму добраму, каму будзе патрэба ... наш ліст чуць цяперашнім, а потым будучым, што заставіў ні з чыйго намаўлення, ані з ніякага прыпужвання, адно па сваёй добрай волі, патрабуючы на сваю пільную патрэбу грошай восем коп грошаў, зямлю сваю ўласную бацькаўшчыну. нікому нічым не ленную, ані ў доўг нікому не адданую, і раней за тое не застаўленую, урочышча па назве Пупейкаўшчына, у першым месцы на восем бочак зямлі, якая ляжыць канцом да лесу гаспадарскай зямянкі Барбары Ліпавай, а другім бокам да зямлі яго міласці Размуса Багданавіча Доўгірда, а іншым бокам да зямлі ... русны Злохаўны, сястры жонкі маёй, а на другім месцы за дарогаю каля студні на шэсць бочак каля той жа нівы, мяжы зямлі яго міласці пана Размуса Багданавіча Доўгірда і прамежку зямлі яго міласці пана Васіля Міхайлавіча Скіпарава - двараніна гаспадарскага. А на трэцім месцы на дзве бочкі між тых жа зямель яго міласці пана Размуса Багданавіча Доўгірда і пана Васіля Міхайлавіча Скіпарава, а на чацвёртым месцы на чатыры бочкі, таксама між зямель яго міласці пана Размуса Багданавіча Доўгірда, а канцом да лесу ... сце на чатыры бочкі ўрочышча Кубішкі між зямлі таксам яго міласці пана Размуса Багданавіча Доўгірда, а на шостым месцы на паўтары бочкі ўрочышча ў Лузе, між зямель таго ж пана Размуса Багданавіча Доўгірда, а канцом да зямлі Ліпавай, а на сёмым месцы на бочку ўрочышча пад Садком каля зямлі яго міласці пана Васіля Міхайлавіча Скіпарава; гэта значыць заставілі ўсе тыя нівы, вышэй названыя ў суме дваццаць пяць бочак зямлі і паў бочкі ў пэўную суму пенязяў у васьмі копах грошаў літоўскіх, лічачы па дзесяць пенязяў у грош яго міласці пану Васілю Міхайлавічу Скіпараву - двараніну гаспадарскаму ... жонцы княжне Кацярыне Данілаўне Жыжамскай, гэта значыць на год поўны ад сёмай суботы, свята якой будзе ў цяперашнім годзе шэсцьдзесят сёмым; мае яго міласць сам і яго міласці жонка тую землю, вышэй апісаную, трымаць і араць і з яе спажываць аж да другой сёмай суботы, якая будзе ў годзе шэсцьдзесят восьмым. А калі ў той год, вышэй апісаны, ва ўласныя рукі яго міласці самога або жонцы яго міласці тыя восем коп грошаў не заплаціць і той зямлі, вышэй апісанай, не выкупіць, тады мае яго міласць тую землю да другога года трымаць і да году і после году не маю ў яго міласці той зямлі выкупляць, але на год звыш ... або жонка ... дзеці ... не аддаўшы ў год вышэй апісаны тых васьмі коп грошаў пану Васілю Міхайлавічу Скіпараву або жонцы яго міласці княжне Кацярыне Данілаўне Жыжамскай, мелі б у тую заставу нашу ўступацца, тады маем яго міласці гвалту заплаціць дваццаць коп грошаў; а калі б хто меў з пабочных людзей уступіцца ў тую землю апісаную, якую мы заставілі яго міласці пану Васілю ў пэўнай суме пенязяў яго міласці жонцы, тады я Барыс маю яго міласці сваім накладам ачышчаць, а што яго міласць на тых землях засее якое збожа ярыны, жыта, то мае яго міласць дабраахвотна зняць, а нам голую землю ўступіць, як яго міласці голую землю заставілі. І на тое я, Барыс Яхновіч даў яго міласці гэты наш вызваны ліст пад сваёй уласнаю ... прасілі прылажыць .......... пана Андрэя Глядовіча - гаспадарскага земяніна і Пятра Шымкавіча Бейкаровіча - вознага гаспадарскага Лідскага павету, іх мосць па нашай просьбе гэта ўчынілі, пячаткі свае прыклалі да гэтага нашага вызванага ліста.

Пісаны на Земяпішчы, лета Божага нараджэння тысяча пяцьсот шэсцьдзесят сёмага, месяца красавіка, чацвёртага дня".

Гэты застаўны запіс пры выціснутых трох пячатках пасля падання яго вышэй названым патронам у акты да кніг Лідскіх земскіх спраў вячыстых прыняты і ўпісаны.

З актавай кнігі лідскага земскага суда за 1772-75 годы, № 5659, арк 513-514, акт 69.


Акт № 141 1560 года "Раследаванне аб шляхочых правах баяр Круповічаў" - наглядная дэманстрацыя таго, як цанілася прыналежнасць да шляхочага стану, якімі пакручастымі шляхамі тое шляхецтва здабывалася, як няпроста было пранесці яго праз стагоддзі, каб ні ў кога не выклікала сумненняў. У акце пералічана мноства дакументаў, называецца не адно судовае паседжанне. У рэшце рэшт баяры Круповічы як быццам даказалі сваё шляхецтва, тры каралі яго прызналі, але вось вытрымка з кнігі "Паўвеку" Ежы Путраманта: "Сыны чыгуначнікаў, нап. Баклан (мянушка "Булачка", дасканалы крайні), Клебан ці Юрага, некаторыя з мужыцкіх дзяцей (Круповічы) і, наогул, прадстаўнікі народу - ставілі на Пілсудскага..." Вось так змагаліся-змагаліся за шляхецтва, а ў 20-м стагоддзі ізноў Круповічаў мужыкамі называюць, хаця і вучацца дзеці гэтых мужыкоў у гімназіі.

Адаптаваў да сучаснай беларускай мовы і падрыхтаваў да друку Станіслаў Суднік.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX