Папярэдняя старонка: Агульная інфармацыя

Урады, ураднікі і старасты лідскія 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 22-02-2022,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Урады, ураднікі і старасты лідскія // Лідскі Летапісец. 2021. № 2(94). С. 30-54.



У часы Вітаўта аформілася група знаці (паноў), якая сваім становішчам і ўплывам вылучалася з шырокай баярскай масы. Фармаванне гэтай баярскай эліты звязана з наданнем прывілеяў, што тлумачылася сацыяльнай палітыкай вялікага князя Вітаўта і ўплывамі парадкаў у Еўропе. Вітаўт праводзіў так званую палітыку цэнтралізацыі: замену князёў, што паходзілі з роду Гедзімінавічаў, намеснікамі баярскага паходжання. Падчас Гарадзельскай уніі 1413 г. 47 родаў літоўскіх баяраў атрымалі польскія гербы, замацоўваючы такім чынам палітычнае значэнне сваіх родаў у дзяржаве.

У канцы XIV і ў першай палове XV ст. у Літве толькі пачала складвацца сістэма пасад. У тыя часы ўжо былі вядомыя лакальныя ўраднікі (напрыклад віленскі стараста Гаштаўт у 1364 г.), цэнтральную ўладу як сістэму пачаў фармаваць Вітаўт [1].

У гэтай частцы я раскажу пра лідскіх старастаў (пра маршалкаў Лідскага павета я пісаў у іншым артыкуле), але раней трошкі пра іншыя павятовыя ўрады.


Ад пачатку павятовы харунжы быў сцяганосцам павятовай шляхты. Колер сцяга (харугвы) усіх паветаў ваяводства быў аднолькавы. Да стварэння Лідскага павета ў 1566 г. будучая Лідчына ўваходзіла ў Троцкае і Віленскія ваяводствы, якія адпаведна, мелі блакітны і чырвоны колеры сцягоў. Адсюль і колеры лідскага герба (чырвоны і блакітны), і колер сучаснага сцяга Ліды. Геральдысты і ранейшыя, і цяперашнія сваю справу ведалі і ведаюць.

Са статута ВКЛ вядома, што на пасаду харунжага можна прызначаць «толко людей зацных, добрыхъ, ростропныхъ, можныхъ и оселыхъ в повете томъ». Падчас павятовага рушэння (збору на вайну) шляхты, харунжы з'яўляўся цэнтральнай фігурай, бо нёс сцяг павета. Па рэкамендацыі павятовой шляхты харунжы прызначаўся на пасаду Вялікім князем.

Свой сцяг павет атрымліваў ад скарба вялікага князя. Трымаючы сцяг, харунжы меў добрую зброю. Па патрабаванні статута, ён павінен «на собе мети зброю добрую и гелмъ, альбо прильбицу и бронь, а конь абы былъ подъ нимъ добрый». Як бачым, харунжы меў быць заможным шляхціцам.

Калі вялікі вальны сойм прымаў пастанову аб зборы паспалітага рушэння ўсёй дзяржавы на вайну, харунжыя даводзілі гэтую пастанову да шляхты свайго павета. Потым харунжы выязджаў у вызначанае поле і загадваў шляхце з'ехацца да яго за тры дні да выступу ў паход. Калі шляхта збіралася, харунжы вёў яе да маршалка павета, дакладваў яму, колькі чалавек сабралася і колькі не прыехала. Пасля гэтага галоўным станавіўся павятовы маршалак [2].

Маршалак і харунжы стаялі на чале павятовай шляхты падчас вайны. Але таксама існавалі і павятовыя «врядники», якія адказвалі за бяспеку павета, яго цэнтральных пунктаў і яго замкаў. Гараднічы распараджаўся ўмацаваннямі, ваеннымі матэрыяламі і зброяй. Гараднічы прызначаўся вялікім князем. За справу аховы павета разам з гараднічым адказвай войскі. Абавязкам войскага было забяспечваць бяспеку павета падчас адсутнасці ў ім павятовай шляхты, калі яна пайшла на вайну. Прызначаўся вялікім князем [3]. У Лідскім павеце войскі з'явіўся ў часы Стэфана Баторыя [4].

Сярод службовых асоб павета сустракаем і канюшага. Павятовы канюшы загадваў дзяржаўнымі канюшнямі і конюхамі [5].


Стараста (capitaneus - лац.) у Польскай дзяржаве прыкладна адпавядаў намесніку ў ВКЛ. Запазычаным польскім словам «стараста» доўгі час у ВКЛ называліся толькі галоўныя намеснікі, якія чынілі суд і кіравалі ў цэнтральных гарадах былых удзельных княстваў і іншых самастойных адзінках, у адрозненні ад іх намеснікі кіравалі, у асноўным, у вялікакняскіх дварах.

З канца XV ст. лацінскае capitaneus мела ўжо больш устойлівае ўжыванне і ў асноўным адносілася да тых намеснікаў, якія мелі пад сабой намеснікаў ніжэйшага рангу ці цівуноў. Паступова назоў «стараста» пачаў ужывацца і да намеснікаў, якія карысталіся большай самастойнасцю [6]. Па меркаванні М. Любаўскага, паняцце «стараста» пазнейшае, чым «намеснік», бо было запазычана з Польшчы, але пазнейшыя даследаванні паказваюць, што гэтакае храналагічнае першынство магло і не існаваць [7].


З 1413 г., галоўныя намеснікі ў былых Віленскім, Троцкім, Кіеўскім княствах, а з XVI ст. таксама і галоўныя намеснікі Полацкай, Смаленскай і Віцебскай, а затым і іншых земляў пачалі звацца ваяводамі.

У часы княжання Жыгімонта І назоў «намеснік» паступова пачаў выходзіць з афіцыйнага ўжывання ў адносінах да велікакняскіх ураднікаў, якія трымалі воласці і падпарадкоўваліся ваяводам і старастам, і пачаў замяняцца назовам «дзяржаўца». Гэтае слова першапачаткова пазначала ўсякага, хто атрымаў ад вялікага князя «в держание» гарады або двор з акругай, г. зн. атрымаў у кіраванне адміністрацыйную адзінку з правам карыстання вызначанымі прыбыткамі з гэтай тэрыторыі.

Вышэйшае месца ў іерархіі належала ваяводам (у адным шэрагу з ваяводамі стаяў і жмудскі стараста), наступную прыступку, ніжэй ваяводаў, займалі астатнія намеснікі-старасты, «чинившие суд и управу» ў частках ваяводства незалежна ад ваявод, як вышэйшай інстанцыі, падпарадкоўваючыся ім толькі, як начальнікам вайсковых акруг і палітычным кіраўнікам. Ніжэй за стараст стаялі намеснікі-дзяржаўцы, а потым цівуны, «чинившие суд и управу» ў валасцях і падпарадкаваныя ваяводам і старастам. Асабліва залежнымі з'яўляліся цівуны, якія па сутнасці былі галоўнымі загадчыкамі ў велікакняскіх маёнтках [8].

Акрамя адміністратыўна-гаспадарчай улады дзяржаўца ў межах сваёй дзяржавы меў і судовую ўладу. Ён судзіў жыхароў дзяржавы, якія не былі шляхтай. Выключэннем былі жыхары гарадоў з магдэбургскім правам. Шляхта мела свой суд, вольны ад суда дзяржаўцаў. Такім чынам дзяржавы ўяўлялі з сябе адміністрацыйна-судова-гаспадарчыя акругі розных памераў, якімі кіраваў прызначаны каралём дзяржаўца [9].


Для абазначэння акруг існавалі тры назовы: «воласць», «дзяржава», «павет».

Слова «воласць» па старой традыцыі часам ужывалася ў шырокім значэнні, у дачыненні да цэлай зямлі або княжання. Але часцей гэтае слова ў актах адносіцца да зямельных участкаў, якімі валодалі «господарские» падданыя, што складалі адну служывую і падатную адзінку пад кіраваннем намесніка-дзяржаўцы або цівуна. Гэтак жа гэтым словам маглі звацца буйныя княжыя і панскія маёнткі ці нават невялікія часткі маёнткаў. Але ўсе гэтыя разнастайныя значэнні слова «воласць» згубіла і з часам пачала значыць толькі грамады «господарских», княжых і панскіх падданых, адміністрацыйна аб'яднаных на адной тэрыторыі.

Для пазначэння ўрадавых акруг адносна роўнай велічыні ўвайшлі ва ўжыванне слова «дзяржава» і «павет». Спачатку словам «дзяржава» пазначаліся акругі рознай велічыні і значэння. Аднак паступова слова «дзяржава» трывала зацвердзілася за тымі ўрадавымі акругамі, якімі ведалі намеснікі-дзяржаўцы і якія былі населеныя «господарскими» падданымі. Але часцей за ўсё ў актах таго часу сустракаем слова «павет» як назву ўрадавай акругі рознай велічыні.

Вышэйшымі мясцовымі кіраўнікамі ў Літве таго часу былі віленскі і трокскі ваяводы. Ваявода быў начальнікам вайскова-служывых людзей дадзенай акругі, яго прызначаў вялікі князь з асяроддзя мясцовай шляхты ці багатых баяраў-землеўладальнікаў. Ён гэтак жа быў чальцом велікакняскай рады. Ваяводам падпарадкоўваліся велікакняскія ўраднікі, «чинившие суд и управу» ў валасцях.

Са складу судова-адміністрацыйнай акругі Віленскага ваяводства, намеснікам-дзяржаўцам раздавалася ў трыманне некалькі гаспадарскіх двароў з іх валасцямі ці паветамі, а менавіта: Меднікі, Ашмяны, Крэва, Ліда і г. д. [10]

У Лідскім павеце ў княжанне Казіміра і Аляксандра быў намеснік вялікага князя. У першыя гады княжання Жыгімонта ў Лідзе мы бачым намесніка, але потым у актах ён выступае ўжо як дзяржаўца. Ліда згадваецца звычайна ў ліку віленскіх двароў. Судова-адміністрацыйная акруга віленскага ваяводы ўключала ў сябе, толькі невялікую ўсходнюю частку Лідскага павета і г. Ліда.

Падобна Віленскаму, Трокскае ваяводства таксама складалася з паветаў, у якіх кіравалі самастойныя намеснікі. Да часу выдання першага Статута іх пачалі называць старастамі. Гэтыя паветы ў асноўным падпарадкоўваліся Трокам толькі ў вайсковых справах, а ў судова-адміністрацыйную акругу Троцкага ваяводы ўваходзіла тэрыторыя Лідчыны на захад ад г. Ліда. Гэта былі [11]:


Двор гаспадарскі Эйшышкі з воласцю. Пры вялікім князі Аляксандры ў Эйшышках «суд и управу» чыніў яго намеснік, акты згадваюць на гэтай пасадзе подкаморыя пана Пятра Радзівілавіча. Пры Жыгімонце Эйшышкі трымаў падкаморы пан Андрэй Якубавіч Давойна. У 1515 г. кароль узяў у яго 500 коп грошаў і за гэтыя грошы здаў яму у заставу двор Эйшышкі і Варане «што къ тому двору прислухаетъ» (зараз - Араны), з усімі людзьмі павета Эйшышскага, з усімі іх службамі і з усімі выплатамі і пажыткамі, якія раней ішлі вялікаму князю. У застаўным лісце знаходзім і звычайны пункт аб тым, што ваявода троцкі «не мает у волости того двора децкихъ своихъ всылати и людей волостныхъ передъ себе ку праву ставити», як і іншыя троцкія ўраднікі: гараднічы, цівун і ключнік «не мают тежъ ни по што въ тую волость всылати». Пасля выплаты каралём доўгу пан Андрэй павінен быў здаць двор з усім тым, з чым у яго гэты двор быў у заставе, па вопісу, які кароль даручыў скласці троцкаму ваяводзе і потым «къ нашой руце держати, какъ передъ тымъ держалъ». У актах пасля 1515 г. пан Андрэй Якубавіч звычайна мянуецца «державцею» эйшышскім, напрыклад, 20 чэрвеня 1520 г. у прывілеі на пажыццёвае трыманне двароў Канява і Дубічы [12].


Двор Радунь з воласцю. Пры Казіміры Радунню кіраваў вялікакняскі цівун: у 1488 г. вялікі князь, дараваў падканюшаму Пятру зямлю пустую Андрэйкаўшчыну ў Радуньскім павеце, і паведаміў пра гэта радуньскаму цівуну Сеньку Андрошавічу. Пры вялікім князі Аляксандры ў якасці адміністратара ў Радуньскім павеце сустракаем ужо намесніка. У 1496 г. вялікаму князю жаліліся радуньскія баяры Алехна Андрэевіч, Андрэй Няцевіч і Нацка з братамі на радуньскага намесніка Януша Косцевіча (раней ён быў цівуном радуньскім) «што жъ имъ велелъ сено косити и дякло давати и за то ихъ былъ самыхъ поимал и въ нятстве держалъ и домы ихъ пограбилъ», пры тым, што яны з баярскага роду і раней «сена не кошивали и дяколъ не давали». Баяры спасылаліся на тое, што ў іх раней ужо быў суд з прыставам і Радуньскай воласцю перад троцкім ваяводам панам Андрэем Саковічам, і пан Андрэй іх апраўдаў.

Вялікі князь са свайго боку таксама іх апраўдаў і пісаў радуньскаму намесніку: «Не надобе имъ сена косити и дяколъ давати, и маютъ они намъ служити службою тою, как иншие бояре шляхта». З прыведзенага акту бачна, што Радуньская воласць, акрамя свайго намесніка, у судовай справе і ў справе кіравання была падначалена троцкаму ваяводзе. Часам вялікі князь са сваімі распараджэннямі аб Радуньскай воласці звяртаўся наўпрост да троцкага ваяводы. Так, у 1529 г. ён дараваў тлумачу Рамадану людзей «в Радунской волости». Але падобныя даручэнні даваліся таксама і радуньскаму намесніку. У 1510 г. кароль дараваў баярыну Андрэю Міхнавічу пустую зямлю Міцуцішкі ў Радуньскім павеце і пісаў да свайго маршалка, радунскага намесніка пана Януша Косцевіча, «естли будет пуста, абы ему увязанье далъ». Януш Косцевіч у той час называўся адначасова і дзяржаўцам, і намеснікам. Пан Януш Косцевіч як радуньскі дзяржаўца ў дакументах сустракаецца да самага выдання Статута 1529 г. [13]


Двары Дубічы (на возеры Пеляса) і Канява (на р. Нача) з воласцю. Двор Канява першапачаткова быў часткай Дубіцкай воласці. У кнізе зямельных раздач караля Казіміра пад загалоўкам «Дубицкая воласць» знаходзім наступны запіс: «Васку Радивоновичу Конева со всимъ, што Коневе слушает, а дворца не далъ, а противъ дворца двадцаць человековъ Дубичское волости». Ніжэй ідзе наступны запіс: «Васку Скобейку Коневу, дворъ княжiй въ Дубичохъ». Потым Канява з усім, што да яе належала, з'яўлялася асобай воласцю, хоць і ў дзяржанні той жа самай асобы, якая трымала Дубічы. Такім чынам, у кнізе грашовых раздачаў у канцы княжання Казіміра чытаем: «Подконюшему Петру полтора рубля въ Дубицкого и Коневского (тивуна) въ Петрашка Радивиловича зъ винъ». Пры вялікім князі Аляксандры і ў першыя гады княжання Жыгімонта намеснікам дубіцкім і каняўскім быў кухмістр вялікай княгіні Алены пан Мікалай Юндзілавіч, пасля смерці якога, каля 1516 г., Дубічы і Канява перайшлі да яго брата Яна Юндзілавіча. Ян Юндзілавіч трымаў гэтыя двары «в заставе», г. зн. карыстаўся з іх не толькі як намеснік, але меў і велікакняскія прыбыткі ў выглядзе працэнтаў на 6000 коп грошаў, якія ён пазычыў каралю «для великое потребы его и земское». Да 1520 г. кароль дазволіў эйшышскаму дзяржаўцу пану Андрэю Якубавічу Давойнавіча выкупіць у Яна Юндзілавіча Каняву і Дубічы і даў яму гэтыя двары «в держанье до живота». Пан Андрэй Якубавіч Давойнавіча ў актах зваўся звычайна «державцею» эйшышскім, каняўскім і дубіцкім. Але акрамя намесніка-дзяржаўцы, Дубіцкай і Каняўскай валасцямі ў якасці вышэйшага суддзі і адміністратара загадваў троцкі ваявода. Жыгімонт, жадаючы дараваць баярыну смаленскаму Мурыну Іванавічу Аляксеевіча маёнтак, пісаў да троцкага ваяводы Рыгора Станіслававіча Осцікавіча, «абы казалъ, обыскавши у Коневскомъ повете чотыры чоловеки тяглых а две земли пустых на дворную пашню, и казалъ ему въ то увязанье дати». Ваявода аддаў пра гэта загад дубіцкаму намесніку пану Яну Юндзілавічу [14].


Двор Васілішкі з воласцю. Пры Аляксандры ў якасці намеснікаў васілішскіх, згадваюцца: князь Васіль Львовіч Глінскі, якому вялікі князь у 1503 г. пацвердзіў адмысловым лістом маёнтак у Васілішскім павеце і гетман пан Станіслаў Пятровіч Пац. Той жа самы пан Станіслаў Пятровіч у судным лісце 1506 г. па справе «о квалтахъ и головщинахъ» у маёнтках дваран Завішаў, названы ўжо васілішскім дзяржаўцам. Пры Жыгімонце Васілішкамі ведаў намеснік пан Ян Якубавіч Шчытовіча. У 1515 г. кароль, узяўшы ў «пана Яна шестьсотъ копъ грошей, заставилъ ему въ этой сумме дворъ свой Троцкого повета Василишки со всеми людьми повета Василишского». «И вжо панъ воевода Троцкий, - напісана ў заставном лісце, выдадзеным пану Яну Шчытовічу, - не маетъ въ тую волость децкихъ своихъ всылати, а и врядники наши Троцкiи: городничий, тивунъ и ключникъ, немаютъ ни по што у волость того двора нашого всылати и доходовъ своихъ тежъ не маютъ правити». Ян Якубавіч Шчытовіча неўзабаве пасля таго памёр, а Васілішскі двор перайшоў спачатку ў трыманне, а потым, у 1518 г. у заставу за 1000 коп грошаў да пана Якуба Кунцовіча. У выдадзеным яму застаўным лісце паміж іншымі яго правамі адзначана таксама: «а бояръ и осочниковъ Василишских маетъ онъ судити и рядити по тому, какъ и первые врадники наши». У гэтым застаўным лісце, як і ў іншых дакументах, якія выдаваліся пазней, ён завецца васілішскім дзяржаўцам, гэтак жа, як і яго пераемнік, пан Ян Мікалаевіч Радзівіловіча [15].


Новы Двор з воласцю. Пра навадворскага намесніка згадваецца, напрыклад, у пацверджанні маёнтка, выдадзеным ў 1499 г. вялікім князем Аляксандрам скарбніку Смаленскаму князю Канстанціну Фёдаравічу Крашынскаму. Вялікі князь Жыгімонт аддаў Новы Двор у трыманне князю-біскупу Віленскаму, які ў 1522 г. у якасці дзяржаўцы замаўляў перад каралём аб дазволе «путному человеку» Гарадзенскага павета Томку Пятровічу, які меў зямлю ў Новым Двары, служыць менавіта ў Новым Двары, бо «на двое тотъ человекъ тамъ слидити не можетъ» [16].


Гаспадарскі двор Астрына з воласцю. Падчас княжання Казіміра, Астрынская воласць з'яўляецца валоданнем вялікага князя, у якім ён раздае землі і грошы «зъ винъ», якія месцы збіраюць яго ўраднікі. Гэтыя ўраднікі пазначаныя не сваімі пасадамі, а асабістымі імёнамі. Акты княжання Аляксандра і Жыгімонта завуць іх намеснікамі. Так, напрыклад паводле прывілея, выдадзенага ў 1501 г. васілішскаму мяшчаніну Кузьме на зямлю «Воликовщину у-въ Остринской воласти», паказанне гэтага мяшчаніна, «што жъ то земля есть боярская, а давно лежитъ пуста», пацвярджаў астрынскі намеснік князь Глеб Пронскі. У 1510 г. 20 верасня вялікі князь Жыгімонт выдаў дворнаму конюху Жолнеру пацвярджэнне на поле «дворное Хмелищо» з балотам «Онихимовскимъ», якія даў яму пан «Федко Хребтович», былы астрынскі намеснік, гэта пацвярджэнне дадзена на імя астрынскага намесніка Станіслава Скіндара з загадам: «и ты бы въ тое поле не велелъ никому ся вступати». Але наступны ўраднік Астрынскага павета, пан Аляксандр Іванавіч Хадкевіча, завецца ўжо «державцею». У 1520 г. вялікі князь, завінаваціўшыся пану Аляксандру Іванавічу 500 коп грошаў, аддаў яму «двор свой Троцкого повета Острину до выбрання суммы его на три годы, а потомъ врядомъ до его живота» [17].


Гаспадарскі двор Жалудок з воласцю. Юры Стырнель, «чинивший суд и управу» ў гэтай воласці ў канцы княжання Казіміра і на пачатку княжання Аляксандра, завецца ў актах жалудоцкім цівуном, але ў судным спісе 1493 г. па справе яго з каморнікам Індрыховічам аб зямлі, ён названы жалудоцкім намеснікам, хоць у прывілеі, выдадзеным яму ў 1495 г. на зямлю з людзьмі ў Крэўскім павеце, ён па ранейшаму названы цівуном. Пераемнік яго па ўрадзе, дворны канюшы пан Марцін Храбтовіч, тытулуецца ў актах «наместникомъ» жолудоцкім. Ураднікі, якія трымалі Жалудок пры Жыгімонце, да 1516 г., звычайна называюцца намеснікамі. Так у 1511 г. вялікі князь апавяшчаў жалудоцкага намесніка пана Шымку Кібартавіча пра тое, што віленскаму падканюшаму Шымку Мацкавічу пакідаецца «землица пустовскоя лейтская Можейковщины», якую яму даў папярэднік пана Шымкі Кібартавіча, пан Мікалай Юр'евіч Пацевіча. У 1516 г. кароль здаў у заставу за 600 коп грошаў свой двор Жалудок Троцкага павета, з усімі людзьмі Жалудоцкай воласці, з іх службамі і падаткамі і з усімі прыбыткамі, князю Васілю Андрэевічу Палубенскаму. Пры гэтым кароль загадаў троцкаму ваяводзе пану Рыгору Станіслававічу Осцікавіча «казати пописати, што будетъ тыми разы въ томъ дворе нашомъ жита у гумне посеяно, и тежъ коней и животины и иныхъ речей», бо па ўмовах заставы князь Полубенскі павінен быў цалкам вярнуць увесь гаспадарчы інвентар двара пасля выплаты доўгу вялікім князtм. На ўвесь час заставы ваявода Троцкі губляў права «ў волости того двора децких своихъ усылати и людей волостныхъ передъ себе ку праву становити». Таксама і іншыя ўраднікі троцкія: гараднічы, цівун, ключнік, не павінны былі «ни по што у волость того двора высылати и доходовъ своихъ правити». Князь Палубенскі, які трымаў Жалудок, завецца ў актах « державцею Жолудским» [18].


Двор Збляны ці Ізбляны. У кнізе грашовых раздачаў вялікага князя Казіміра знаходзім наступны запіс, зроблены ў 1488 г.: «Пану Сеньку Олизаровичу стиръта ржи в Ызблянехъ» [19] ці «конюшку Станьцу рубль грошей зъ винъ у Острине въ Миклаша Будковича, а другій рубль у Зблянахъ у Сестренца» [20]. З апошняга запісу бачна, што гэты двор пры Казіміры аддаваўся ў «держанье» вялікім князем. Тое ж бачна і з прывілея вялікага князя Аляксандра, выдадзенага ў 1498 г. пісару Ігнату на поле Старынкі «у Избланскомъ повеце». Зблянскім намеснікам [21] пры Аляксандры па актах з'яўляецца спачатку дворны канюшы пан Марцін Храбтовіч, потым Віленскі канюшы пан Андрэй Аляксандравіч [22].


Гаспадарскі двор Беліца. Па запісных кнігах Казіміра гэтая воласць з'яўляецца вялікакняскай, бо прыбыткі ад яе ідуць на вялікага князя і пусташы знаходзяцца ў яго распараджэнні. Пры Аляксандры гэта воласць знаходзіцца ў «держаньи» намеснікаў, гэта працягваецца і ў першыя гады кіравання Жыгімонта. Пры Жыгімонце Беліца звычайна аддавалася ў «держанье» той жа асобе, якой аддавалася і Ліда [23]. Па актах мы бачым намесніка лідскага і беліцкага пана Юрыя Мікалаевіча Радзівіла і г.д. У запісных кнігах Казіміра Беліцкая воласць аб'яднана з «волость Здетель». Вялікі князь Аляксандр дараваў яе князю Канстанціну Іванавічу Астрожскаму, а кароль Жыгімонт пацвердзіў гэта сваім лістом [24].


Сярод велікакняскіх або гаспадарскіх воласцей, знаходзіліся некаторыя буйныя княжыя і панскія маёнткі, якія ў сэнсе дзяржаўна-земскіх павіннасцей падпарадкоўваліся Вільні альбо Трокам, але не былі іх часткай [25].

У нас гэта была «Нетеча», зараз Няцеч - маёнтак Шамятовічаў [26], Ваверка - маёнтак пана Мікалая Юндзілавіча пры Жыгімонце, «Заболотье», зараз Забалаць - маёнтак князя Васіля Глінскага (пасля яго здрады падараваны ў 1508 г. Жыгімонтам пану Войцеху Нарбутовічу), «Ищолно», цяпер Ішчална - маёнтак князя Пятра Цімафеевіча Масальскага, які ён прадаў пану Мікалаю Юр'евічу Зіноўевіча [27].


Акты Літоўскай Метрыкі дазваляюць даведацца, дзе вялікі князь знаходзіў сродкі, каб заплаціць за войска. Ён пазычаў грошы ў асобаў з літоўскай арыстакратыі, якім у забеспячэнне пазыкі здаваў у арэнду, («заставу», ці «застаўляў») свае землі і двары (дварцы) з правам атрымліваць за іх «гаспадарскія» даходы да поўнай выплаты пазыкі. Напрыклад, у маршалка Яна Якубавіча Шчытовіча вялікі князь узяў 600 коп літоўскіх грошаў і заставіў яму двор Троцкага павета Васілішкі з усімі людзьмі Васілішскага павета (29 снежня 1515 г.). У падкаморыя, намесніка Эйшышскага павета Андрэя Якубавіча Давойнавіча - 500 коп літоўкіх грошаў з правам узяць у заству двор Эйшышкі з усімі людзьмі Эйшышскага павета (3 студзеня 1516 г.), у князя Васіля Андрэевіча Палубенскага 600 коп літоўкіх грошаў з правам трымаць у заставе двор Троцкага павета Жалудок (26 студзеня 1516 г.) [28].


Лідскія судовыя старасты, намеснікі, дзяржаўцы


1. Даўгерд, лідскі намеснік з 1369 па ?1373 г.

Тэадор Нарбут пісаў: «У 1366 годзе прыбыла францысканская місія, рэпрэзентаваная трыма манахамі, у 1369 годзе пры нейкай мітусні іх пазабівалі паганцы. Неўзабаве, аднак, прыбыло шасцёра новых. Над магілай сваіх братоў на падзамчы яны збудавалі араторыюм і пры ім жылі. Лідскім старастам быў тады Даўгерд, хрысціянін. Каля 1376 года прыбылі яшчэ францысканцы, іх лік вырас да дзевяці. Прынеслі з сабой абраз Маці Божай з горада Візны, гэты абраз да гэтага часу славіцца цудамі ў парафіяльным касцёле» [29].

Акрамя радка Нарбута: «Wtedy Starostą Lidzkim, był Dowgierd, Pan chrześciański», іншай інфармацыі пра Даўгерда, здаецца, няма. Але гэта не мог быць Ян Даўгерд, дзяржаўная дзейнасць якога адбывалася ў першай трэці XV ст. [30]


2. Вайдыла, лідскі стараста з ?1373 па 1381 г. Пра яго я пісаў ў артыкуле «Лідчына ў XIV стагоддзі» [31].


3. Тахтамыш, лідскі стараста ў 1397-1399 гг. Пра яго, гл. у тым жа артыкуле [32].


4. Якуб з Селіцы ўзгадваецца як лідскі стараста ў 1406 г. Тэадор Нарбут і Міхал Балінскі пісалі пра лідскага старасту Якуба з Селіцы пры наступных абставінах: планы Вітаўта аб узвядзенні на пасад Залатой Арды Тахтамыша і аб заваёве Масквы разбіліся на рацэ Ворскле. Аднак Вітаўт не ўпаў духам і ў 1405 г. захапіў Смаленск. Князь Юрый Святаслававіч Смаленскі пакінуў жонку і дзяцей у горадзе, уцёк у Маскву. Вітаўт узяў у палон княжае сямейства і разам з баярамі адправіў яго ў Літву, дзе пасяліў у Лідскім замку. Па сведчанні запісак пробашча Лідскага касцёла ксяндза Стагнева, складзеных каля 1450 г., князь Юрый Святаслававіч, жадаючы вызваліць сваё сямейства з палону, 5 жніўня 1406 г. са значным узброеным аддзелам падступіў да Ліды, спаліў горад і пачаў рабіць прыступы да замка, але лідскі стараста Якуб з Селіцы адбіў прыступы Юрыя і прымусіў апошняга адступіць па дарозе на Вільню [33].


5. Хаджы-Гірэй, лідскі стараста ў 1434-1445 гг. Першы хан крымскі, заснавальнік незалежнай Крымскай дзяржавы і дынастыі Гірэяў. Паводле некаторых даследчыкаў, нарадзіўся ў Лідзе, дзе яго сям'я часова жыла ў эміграцыі з-за міжусобіц у Крыме. Каля 1428 г. выступіў як удзельнік барацьбы за ўладу ў Крыме [34].

Лепшы лідскі гісторык ХХ ст. Міхал Шымялевіч, пісаў, што лідскім старастам быў сын або ўнук Тахтамыша, апошняя галіна знакамітага роду Чынгісхана - Даўлет Хаджы-Гірэй. Падчас вайны Свідрыгайлы з Жыгімонтам ён аказаў апошняму нейкую паслугу і за тое атрымаў у трыманне Лідскую воласць, а затым, па абвяшчэнні вялікім князем Казіміра, Хаджы-Гірэй беспярэчна здаў апошняму Лідскі замак, дзякуючы чаму быў пакінуты тут старастам і на далейшы час

У 1445 г. перакопскія татары прасілі вялікага князя Казіміра даць ім хана, прычым паказвалі на Хаджы-Гірэя, як на нашчадка знакамітых сваіх правадыроў, цалкам годнага заняць гэтае месца. Казіміру прадставіўся выпадак узгадаць веліч і бляск Вітаўтавага двара. У 1446 г. лідскі стараста быў выкліканы ў Вільню і тут па старадаўнім звычаі ў прысутнасці татарскіх паслоў і мноства саноўнікаў урачыста апрануты ў ханскую мантыю і абвешчаны ханам Перакопскай арды [35].


Далей лідскіх старастаў буду падаваць згодна з манаграфіяй «Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego» пад рэдакцыяй Анджэя Рахубы [36].


6. Лідскім дзяржаўцам, згодна з манаграфіяй «Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego» ў 1432 - 1433 гг. быў Ягінт [37] Род Ягінта, магчыма, паходзіў ад Яна Рымавідавіча, які ў 1413 г. у Гародле атрымаў герб Грымала, але паходжанне гэтага роду не высветлена [38]. Ягінт меў сыноў Сачку, Міхала [39] і Рымавіда. У 1452 г. Магдалена, удава старасты лідскага Ягінта, разам з сынамі надала віленскаму кляштару францысканаў «пашню» (agrum alias pasznia) з людзьмі ў Тракелях [40].


7. Алехна Давойнавіч, г. Зарэмба, 27.02.1434 - 07.02.1435 гг. [41] Давойна (сын Вісігерда, які падпісаў акт Гарадзельскай уніі) меў сыноў Алехну, Андрушку і Івашку.

У 1434 г. сярод іншых лідскі намеснік Алехна засведчыў Акт Гарадзенскай уніі, а ў 1435 г. лідскі стараста Алёхна Давойнавіч (Olechno Dowoynowicz) стаў сведкамі запісу вяна малжонцы князя Міхайлы Жыгімонтавіча [42]. Алехна Давойнавіч у 1452 г. займае асаду Берасцейскага ваяводы, а ад 1459 г. з'яўляецца кашталянам троцкім і ўжываў пячатку «s. olechno dowonowicz» [43].

У 1459 г. троцкі кашталян і наваградскі намеснік Алехна Давойнавіч адпісаў сваёй малжонцы Васцы вяно «з радою брати своей панов рады великого княжства Литовского» [44].


8. Ян Рымавід Ягінтавіч, лідскі намеснік ў 1447 - 29.06.1460 г. [45] (Joannes Jagynthowicz Rimowyd). Сын Ягінта. Вотчынная землі Ягінта, верагодна, знаходзіліся ў Ваўкавыскім павеце [46].


9. Гаспадарскі маршалак Іван Хадкевіч быў лідскім намеснікам у 1470 - 1471 гг. [47] Іван Хадкевіч (Iwaschko Chodkowicz, Иван Ходкович) герба Касцеша. Баяры Хадкевічы былі прыняты да гербу «Касцеша» яшчэ да 1434 г., даследнікі лічаць, што адразу пасля Гарадзельскай уніі 1413 г. [48]

Упершыню згадваецца ў 1459 г. як стараста менскі. Памёр у 1483 г. Бацька - Ходка Юр'евіч. Жонка - Агнета, дачка князя Івана Уладзіміравіча (Бельскага).

Сын - Аляксандр. Дачка - Агрыпіна, жонка князя Багдана Заслаўскага. У дакуменце 1476 г. згадваюцца пляменнікі Івашка і Алехна Дашковічы, якія некалькі пазней (1480 г.) сталі адпаведна віцебскімі ключнікам і лоўчым.

У 1459 г. - стараста менскі. 1470-1471 гг. - стараста лідскі. 1469-1479 гг. - маршалак. У 1477 г. - намеснік віцебскі. 1478-1479 гг. - стараста луцкі. 1480-1483 гг. - ваявода кіеўскі.

У 1466 г. пад Хойніцамі кіраваў літоўска-татарскім атрадам. У 1477 г. згадваецца сярод суддзяў у справе, якую разглядаў ваявода троцкі Радзівіл Осцікавіч [49].

У 1482 г. ардынскія войскі захапілі Кіеў і ўзялі ў палон кіеўскага ваяводу Івана Хадкевіча [50].


10. Гаспадарскі маршалак Ян Кучук (Кучуковіч, Johann Kuczuk) быў лідскім намеснікам з 10.04.1473 па 24.02.1477 г. [51] Маршалак гаспадарскі ў 1469 - 1478 гг. [52]

Родапачынальнікам роду Кучукоў быў каморнік Ягайлы, які ў 1382 г. удзельнічаў у забойстве Кейстута. Яго сын Конрад (? - пасля 1437 г.) ужо валодаў Жырмунамі, Дакудавым, Шчучынам і Востравам. 01.07.1436 г. Конрад Кучук зрабіў наданне віленскім францішканам і прыклаў да дакумента сваю пячатку з гербам Сякера.

Сын Конрада - Ян Кучук (каля 1410 - каля 1478), упершыню згадваецца сярод каралеўскіх дваран, якія ўдзельнічалі ў Хоцімскай бітве, тады ён быў сярод «літвы» ў почце вялікага князя Казіміра падчас бітвы [53]. У летапісным апавяданні аб бітве пад Хоцімам 1454 г. вялікі князь Казімір называў «мои верныи слуги литва» паноў Алехну Судымонтавіча, Багдана Андрушкавіча, Яна Кучука, Станька Касцевіча і Івана Іллініча [54].

У 1463 г. з пасольствам ездзіў да палякаў [55]. У 1467 г. пан Ян Кучук ездзіў да ардынскага цара Нур-Даўлета дзеля аднаўлення ўгоды з Літвою [56]. У 1468 г. з пасольствам ездзіў да крымскіх татараў, у 1473 г. удзельнічаў у вызначэнні мяжы з Лівоніяй [57]: у 1473 г. троцкі ваявода Радзівіл Остыкавіч, жамойцкі стараста Ян, браслаўскі стараста Багдан Саковіч і лідскі стараста Ян Кучук уклалі на ліфлянцкай мяжы з дастойнікамі Ліфлянцкага ордэна акт аб размежаванні «нашых літоўскіх» (nostram Lythphanorum) зямель з Ліфлянтамі; у акце былі згаданы межы, менаваныя «граніцы» (granicies), і ўзгорак, менаваны «капец» [58] (colliculum alias kopecz) [59]. Ёсць згадкі пра пасольства Яна Кучука ў Чэхію [60].

Ян Кучук меў сына Юрыя (каля 1435 - пасля 1482), які быў гаспадарскім маршалкам ў 1482 г., і сына Войцеха (каля 1440 - пач. 1506). Войцех у 1492-1505 гг. таксама займаў пасаду гаспадарскага маршалка [61].


11. Гаспадарскі маршалак Пятрашка Пашкавіч (Струміла, Цеханоўскі, Кішка) быў лідскім старастам у 10.04.1483 - 23.10.1483 гг. [62]

Кішкі (Кішкі - Цеханоўскія), магнацкі род герба «Дуброва» ў ВКЛ. Заснавальнік роду Пашка (Павел) Струміла ў пачастку XV ст. быў адным са шматлікіх уладальнікаў Дмошына ў Вышаградскай зямлі (Польшча). Яго сын Юшка (Ежы) Струміла (? - 1485) займаў пасаду пасцельнічага пры двары Вітаўта ў апошнія гады яго праўлення. Ён атрымаў ад вялікага князя для бацькі г. Цеханавец, а для сябе Бранск на Падляшшы. Пасля смерці Вітаўта вярнуўся ў Польшчу. Кар'ера Юшкі Струмілы прывабіла ў ВКЛ яго братоў Мацея (Мацька) і Пятра (Пятрашка), якія атрымалі ў спадчыну Цеханавец. У Метрыцы ВКЛ захаваўся недатаваны запіс пра падараванне братам паводле распараджэння ваяводы віленскага Доўгірда (1434-1443 гг.) «шесть чоловеков Боривойнишки» ў Медніцкай воласці, якія раней належалі Юшку Струмілу. Мацька стаў родапачынальнікам Цеханавецкіх. Яго брат Пётр Пашкавіч (Пятрашка Страміла, Цеханоўскі-Страміла, Страмілка) у 1463 і 1469 гг. стараста драгічынскі, у 1477 г. кухмістр каралевы Альжбеты, у 1483 г. лідскі намеснік і маршалак гаспадарскі [63].

Пётр Пашкавіч упершыню згадваецца каля 1440/1443 г., Быў двойчы жанат, паходжанне першай жонкі не высветлена, з ёй меў сына Станіслава і дачку Ганну, якая выйшла замуж за князя Яна Свірскага, а пазней за Каспара Германовіча. Другой жонкай Пятра Пашкавіча была дачка Яна Неміровіча Кацярына. З ёй ён меў сына Мікалая і дачок Ядвігу, Барбару і Петранелю (яна выйшла замуж за Міхала Глінскага). Як драгічынскі стараста ўдзельнічаў у вызначэнні літоўска-мазавецкай мяжы. У 1484 г. кіраваў літоўскай дэлегацыяй на перамовах пра межы з Ордэнам. Быў фундатарам касцёла ў падляшскай Чырвонцы [64].

Паводле легенды, менавіта Пётр Пашкавіч увёў ва ўжытак у Польшчы і ВКЛ каўбасы, якія называлі словам «кішка». Каўбасы прыйшліся каралеве Альжбеце і ўсім іншым вельмі да густу, за што Пётр Пашкавіч і атрымаў мянушку «Кішка», якая перайшла на род у выглядзе прозвішча.

23 кастрычніка 1483 г. вялікі князь Казімір піша ліст «маршалъку нашому, намеснтънику Лидскому, пану Петрашъку Пашъковсковичу» аб наданні на Лідчыне зямлі памерлага гаспадарчага сакольніка Грыдзі новаму гаспадарчаму сакольніку Заньку, які жаніўся з дачкой Грыдзя [65].

Памёр пасля 1483 г. пад час выканання дыпламатычнай місіі ў Крым [66]. «До тебя послали нашого посла великого, пана нашлго радного, пана Петра Пашъковича, маршалка нашого, которій ... къ намъ не вернулъся отъ тебе, тамъ и въсмерть въ твоей земъли...», - пісаў вялікі князь Казімір Крымскаму хану Менглі-Гірэю [67].


12. Станіслаў Глебавіч, біржанскі намеснік. Лідскі намеснік з 27.03.1486. Жонка - Зоф'я з Корчава [68]. ««Перштынъскому 2 рубли грошей з вины въ Лиде, у Станислава Глебовича» [69].

Глябовічы - шляхецкі род герба «Ляліва», некаторыя даследчыкі выводзяць род ад нашчадкаў Гедзіміна або Манівіда, які пры Нарымунце быў літоўскім маршалкам. Але хутчэй за ўсё, Глябовічы паходзяць ад баяр Смаленскай або Полацкай зямлі. Станіслаў Глебавіч (? - 1513), сын Глеба. У 1492-95 гг. - мерацкі намеснік, маршалак гаспадарскі ў 1492-1511 гг. Віцебскі намеснік у 1495-1501 гг., браслаўскі з 1501 г., полацкі з 1502 г., полацкі ваявода з 1505 г., разам з братамі ўваходзіў у велікакняскую раду. Вызначыўся на дыпламатычнай службе - удзельнічаў у пасольствах да вялікага маскоўскага князя ў 1492, 1499, 1503, 1504 і 1511 гг. [70]


13. Станіслаў Пятровіч (Петрашковіч) Кішка, гаспадарскі падстолі. Лідскі намеснік у 17.03.1488 - 24.07.1499 гг. [71] У Метрыцы ВКЛ, запіс 1488 г.: «Пану Станиславу, подъстолему, 20 копъ съ корчомъ него жъ въ Лиде, в 10 копъ з мыта Ковенъского» [72].

З лютага 1500 г. Станіслаў Пятровіч - смаленскі намеснік. Яго першая жонка - Ганна Янавічоўна Кучукоўна, другая - Ганна Пятроўна Мантыгердавічоўна, троцкая ваевадзянка) [73].

23 жніўня 1493 г. вялікі князь ВКЛ Аляксандр пацвярджае гаспадарчаму маршалку і лідскаму намесніку пану Станіславу Петрашкавічу два маёнткі:

1. Гарохава ў Драгічынскім павеце, які належаў яго бацьку Пятрашку Страміле;

2. Ольжава, «указалъ перадъ нами листъ Григоря Симоновича, ижъ купил у него именье его отчизное ... на имя Ольжово, вечно со всимъ съ тымъ, што къ тому именью прислухаетъ» [74].

Прымаў удзел у бітве пры Вядрошы. Войцех Віюк-Каяловіч у сваім «Кампендыўме» сцвярджаў, што Станіслаў Кішка ў гэтай бітве трапіў у палон, але хутка вызваліўся. Але відавочна, што Станіслаў Кішка ў палоне не быў, бо ўжо 8 жніўня 1500 г. знаходзіўся са смальнянамі ў Абольцах у стане вялікага кгязя ВКЛ Аляксандра і потым заставаўся смаленскім намеснікам да 1503 г. [75]

Станіслаў Пятровіч (Петрашковіч) Кішка - пачынальнік лініі роду Кішкаў [76].


14. Гаспадарскі маршалак Юрый Іванавіч Іллініч лідскім намеснікам быў з 28.03.1500 да 28.03.1503 г. [77]

Юрый Іванавіч Ільініч (? - 1526) - дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Сын Івашкі, смаленскага намесніка і Ганны Даўгірдаўны, брат Мікалая.

Праз шлюб з дачкой вельмі ўплывовай асобы Яна Забярэзінскага Ядвігай атрымаў частку яе мацярынскай спадчыны: колішнія маёнткі Мікалая Насуты - Шарашова ў Берасцейскім павеце, Белую на Падляшшы і іншыя маёнткі. Меў чатырох сыноў, якія пасля смерці Юрыя Іванавіча падзялілі яго маёмасць.

Вялікі князь літоўскі Аляксандр у 1502 г. адабраў у яго Лідскае намесніцтва і аддаў родзічу свайго фаварыта Міхаіла Глінскага Андрэю Дрожджу, што стала прычынай канфлікту паміж Глінскім і раднымі панамі [78].

Юзаф Вольф пісаў, што ўжо ў траўні 1503 г. справа паміж Забярэзінскім i Міхалам Глінскім, які практычна кіраваў у той час дзяржавай, паўстала перад вялікім князем Александрам. Князь Міхал Глінскі скардзіўся на Забярэзінскага, што той падкупіў забойцаў, каб пазбавіць яго жыцця, i нават меў сведку. Аднак ваявода вельмі энергічна адмовіўся ад гэтага, і кароль наклаў на іх заклад у суме дзесяць тысяч залатых і загадаў ім вечна жыць у згодзе. У хуткім часе пасля гэтага кароль пад уплывам Глінскага адабраў Лідскае намесніцтва ў зяця Забярэзінскага Іллініча i ў 1504 г. перадаў яго сваяку Глінскіх, пану Андрэю Аляксандравічу Дрожджу. За няслушна пакрыўджанага Іллініча заступілася ўся Літоўская рада на чале з Забярэзінскім, i не дапусціла Дрожджу да Ліды. Абражаны гэтым кароль, прыбыўшы ў студзені 1505 г. на сойм у Берасце, задумаў вынішчыць паноў сваёй рады, і толькі каронны канцлер Ласкі здолеў адгаварыць караля ад сваёй задумы. Аднак Дрожджы кароль пацвердзіў Лідскае намесніцтва, а ў Забярэзінскага адабраў Троцкае ваяводства i аддаў Мікалаю Мікалаевічу Радзівілавічу, падчашаму. Бельскае староства ўзяў князь Міхал Глінскі, ступіўшы на гэтую пасаду з Морацкага намесніцтва [79].

Пасля паразы рокашу Міхала Глінскага, з 1507 г. зноў займае пасаду лідскага намесніка. Ковенскі намеснік з 1514 г., з 1519 г. берасцейскі намеснік і адначасова дворны маршалак.

Каля 1510 г. пабудаваў Мірскі замак [80].


15. Андрэй Аляксандравіч Дрожчыч (Дрожджа), віленскі канюшы, намеснік беліцкі і зблянскі. Лідскі намеснік у 1504 - 28.04.1507 гг. У 1507 г. пазбаўлены пасады, а ў 1508 г. збег у Маскву [81].

Стрыечны брат Міхала Глінскага па жаночай лініі - сын Федкі Глінскай [82].

Юзаф Вольф паведамляў, што бацька будучага лідскага намесніка Аляксандр Дрожджа пры каралі Казіміры быў камянецкім намеснікам з гарадзенскім старастам Станькам Судрываевічам (1470-1475). У 1491 г. ужо не жыў, калі ягоная ўдава i сыны, а менавіта Андрэй Аляксандравіч Дрожджа з маці пані Федкай i братам Пятрашкам, прадаюць даннікаў у Ячынцы i Бакштах каралеўскаму пісару Федку Рыгоравічу. Незадоўга да гэтага, у 1489 г., Андрэй Дрожджа атрымаў 6 коп з карчомных падаткаў i столькі ж з Менскіх мытаў. Пасля ўзыходжання на сталец вялікага князя Аляксандра Андрэй Дрожджа быў ягоным паслом у Арду. Гэты ж Андрэй Дрожджа ў 1496 г. атрымаў пацверджанне на вечнае карыстанне маёнткамі Слабодка, Шарэпаў, сяло Заруддзе i Новую Слабодку ў Чарнігаўскім павеце. Пад канец XV ст. стаў віленскім канюшым. Віленскі канюшы пан Андрэй Аляксандравіч Дрожджа атрымаў у 1500 г. прывілеі на двор Ваўкавыскі ў Поразаве, які назвалі Рымавідаўскі, з людзьмі. Быў віленскім канюшым, у 1503 г. - беліцкім i ізбланскім намеснікам, а ў 1504 г. - толькі ізбланскім намеснікам. Прызначэнне яго лідскім намеснікам у тым жа годзе выклікала незадавальненне. На пачатку 1505 г., пасля смерці кіеўскага ваяводы князя Дзімітра Пуцяціча, нядоўга быў кіеўскім намеснікам; у гэты час вялікі князь у сваім пасланні да хана Мянглі-Гірэя, скардзіцца на тое, што людзі хана, прыйшоўшы пад замак Кіеў, забралі статкі намесніка ягонага пана Андрэя Аляксандравіча, які зараз у Кіеве знаходзіцца на месцы ваяводы. У 1505 г. Андрэй Аляксандравіч Дрожджа сведчыць, што ягоная бабка княгіня Барысава была перад гэтым жонкай князя Івана Карыбутавіча, сястра якога была за князем Фёдарам Варатынскім, а іхняя дачка за князем Іванам Яраславічам. У красавіку 1507 г. лідскі намеснік Андрэй Аляксандравіч атрымлівае пацверджанне на Трасцянец, які быў нададзены яму вялікім князем Аляксандрам. Прыняў чынны ўдзел у бунце князя Міхала Глінскага i быў пазбаўлены сваіх пасадаў, а ў 1508 г. Андрэй Аляксандравіч Дрожджа з братам Пятром збеглі ў Маскву. У тым жа годзе, пасля здраднікаў Андрэя i Пятра Дрожджаў, вялікі князь надае маёнтак Катомы ў Менскім павеце Андрэю i Міхалу Эпімахавічам [83].


16. Гаспадарскі маршалак Юрый Іванавіч Іллініч другі раз займаў пасаду лідскага намесніка са снежня 1507 г. да сваёй смерці 24.11.1526 г. [84]


17. Юрый Мікалаевіч Радзівіл «Геркулес», віленскі кашталян, надворны маршалак, гарадзенскі стараста, беліцкі дзяржаўца. Лідскі намеснік з 1528 г. да сваёй смерці, якая адбылася пасля 17.04.1541 г. [85]

Дзяржаўны і вайсковы дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Заснавальнік біржанска-дубінкаўскай (таксама вядомай як пратэстанцкай) лініі роду Радзівілаў. Здабыў шырокую вядомасць дзякуючы сваім вайсковым дасягненням - атрымаў перамогу ў 30 бітвах - і мастацтву палітыка [86]. Быў адным з найбагацейшых магнатаў Вялікае Княства.

Радзівілы належалі да літоўскіх «панятаў», гэта значыць да магнатаў недынастычнага паходжання, якія яшчэ ў XIV ст. займалі ніжэйшае месца на сацыяльнай лесвіцы, чым «княжаты», што вялі радаводы ад нашчадкаў Гедыміна ці Рурыка. Аднак у XV ст. яны зраўняліся са старадаўнімі родамі ў прэстыжы і заможнасці, а ў наступным стагоддзі мелі над імі выразную перавагу. Бацька Юрыя, Мікалай, быў ужо адным з найзначных ураднікаў Вялікага Княства, займаў па чарзе пасады смаленскага намесніка, кашталяна троцкага, ваяводы віленскага і канцлера вялікага літоўскага. Ягоны старэйшы брат, таксама Мікалай, атрымаў у 1518 г. ад імператара Максіміляна Габсбурга тытул князя Святой Рымскай імперыі на Ганёнзах ды Мядзелах. Аднак гэтая галіна роду згасла ў 1542 г. Сястра Юрыя, Ганна, узяла шлюб з Конрадам III Рудым (Пястам) і была апошняй удзельнай мазавецкай княгіняй. Па сконе мужа Ганна спрабавала дамагчыся рэгенцкіх правоў ад імя сваіх малых дзяцей. Сваімі паводзінамі яна набыла славу жанчыны распуснай. Гэта і сталася галоўнай прычынай бунту шляхты, якая адсунула ад улады Ганну і ейнага фаварыта Андрэя Жалінскага. Аднак княгіня не была адназначна пераможана шляхтай, бо прымас Польшчы Ласкі схіляў Жыгімонта Старога падчас ягонага ўдаўства ажаніцца з Ганнай.

У Юрыя было трое дзяцей: сын Мікалай, празваны пазней Рудым, і дзве дачкі - старэйшая Ганна ды малодшая Барбара. Апошняя прыйшла на свет паміж 1520 і 1523 гг. Дакладна вядома, што дзень нараджэння легендарнай Барбары Радзівіл - 6 снежня. Яе бацька быў вельмі набожны, чаго, аднак, не скажаш пра дзяцей ды пляменнікаў. Барбара праз усю маладосць прысвячала рэлігійнай практыцы няшмат часу і ўвагі, а браты - родны Руды і стрыечны Мікалай Чорны - хутка пачалі цікавіцца пратэстанцкімі навінамі і з часам сталіся руплівымі прыхільнікамі кальвінізму.

Юрый Мікалаевіч Радзівіл быў малодшы сярод некалькіх сыноў вялікага канцлера. Падобна бацьку, ён займаў найвышэйшыя пасады. Вядома, што па колькасці падуладных сялян Радзівілы ў 1528 г. саступалі ў ВКЛ толькі Кізгайлам - яны мелі 70 тысяч сялян [87]. Юрый Радзівіл валодаў маёнткамі Свір, Міхалішкамі, Жупранамі, Барунамі, Геранёнамі ў Ашмянскім павеце, Індурай, Котрай, Таболай у Гарадзенскім, Жырмунамі, Дакудавым, Сяльцом і Зблянамі ў Лідскім, Уселюбам і Ліпскам у Наваградскім, Вязыньню, Налібакамі і Каменем Харэцкім у Менскім паветах, вялікай колькасцю маёнткаў на тэрыторыі сучаснай Летувы.

Юрый Мікалаевіч Радзівіл з'яўляецца вельмі вядомай асобай ў беларускай гісторыі [88].


18. Станіслаў Якубавіч Скоп, герба Трабы, гаспадарскі сакратар, медніцкі і беліцкі дзяржаўца. Лідскім намеснікам быў з 21.10.1542 па 24.07.1547 гг. [89]

Недзе ў 1522-1523 гг. быў прызначаны лацiнскiм пiсарам вялікага князя ВКЛ.

Гісторыкі заўважаюць, што магчыма наданне пісарам некаторых дадатковых пасад - дзяржаў-намесніцтваў, гарадніцтваў, ключніцтваў - у некаторых выпадках мела характар вылучэння спецыяльных крыніц даходаў, якія шлі, ў тым лiку, i на ўтрыманне і забеспячэнне пісарскай пасады. Гэта «кармленне» - адзін са сродкаў забеспячэння пiсараў за службу. Так, яшчэ ў 1523 г. Станiслаў Якубавiч Скоп атрымаў Скерстамонскую воласць.

Выпуск лацінамоўных дакументаў С. Я. Скоп закончыў ў 1527 г. У 1529 г. ён атрымаў права там жа збіраць куніцы і стаў называцца сакратаром кунічным ці сакратаром лацінскiм кунічным зямлі Жамойцкай. З гэтага часу і прыкладна да 1550 г. больш С. Я. Скоп не рыхтаваў дакументаў, г. зн. не быў вядучым пісарам. Тройчы, прыкладна ў жніўні 1526 - жніўні 1527 гг., верасні 1527 г., жніўні 1528 г., Станіслаў Якубавіч Скоп пасылаўся для правядзення перапісаў у Жамойцкую зямлю [90] і прымаў удзел у складанні перапісу войска ВКЛ 1528 г. У жніўні 1527 г. у Жамойцкую зямлю разам з іншымі пісарамі пасылаўся і сакратар Станіслаў Якубавіч Скоп. Пісары павінны былі перапісаць путных, цяглых, кунічных людзей, пустаўшчыны, «платы і даходы», што паступалі на мясцовага старосту, цівуноў і іх ураднікаў, прычым не толькі з тых валасцей, якія вялікі князь узяў на сабе, але і тых, што былі дадзены ў распараджэнне старосты. А ў верасні 1527 г. гаспадарскія пасланцы разам са Скопам былі камандзіраваны ў Жамойць з мэтай засялення пустаўшчын, раздачы буд, устанаўлення прыставаў з ліку падданых; кантролю за завядзеннем цівунамі корчмаў, мястэчак і гандляў, увядзення і збору гаспадарскіх падаткаў, збору былых старосцінскіх падаткаў, разбору і вынясення прыгавораў па справах паміж цівунамі і іх слугамі, з аднаго боку, і падданымі - з другога, ажыццяўлення паступлення ў скарб «він» - судовых штрафаў, што былі сабраны папярэднімі пасланцамі [91].

19. Мікалай Радзівіл «Руды», падчашы і лоўчы ВКЛ, васілішскі дзяржаўца. На пачатку быў католікам, потым стаў кальвіністам. Лідскі намеснік з 24.07.1547 да 11.10.1579 гг. [92]

Сын Юрыя Мікалаевіча Радзівіла. Пасля смерці бацькі атрымаў вялікую спадчыну, у тым ліку Біржы, Жупраны, Дубінкі і дзесяткі іншых маёнткаў. За заслугі быў узнагароджаны гарадамі Барысавам, Лідай, Мазыром, Ашмянамі, Койданавам і іншымі тэрыторыямі. З 1574 г. - князь Святой Рымскай Імперыі на Біржах і Дубінках. Атрымаў хатнюю адукацыю, ведаў беларускую, польскую і лацінскую мовы.

У 1534-1537 гг. браў удзел у вайне з Маскоўскай дзяржавай, у тым ліку ў аблозе Старадуба ў 1535 г. У выніку шлюбу сваёй сястры Барбары з вялікім князем Жыгімонтам Аўгустам у 1547 г. значна павялічыў свой уплыў у дзяржаве У 1549 г. атрымаў правы вялікакняскага намесніка з рэзідэнцыяй у Вільні. Дзейнічаў разам са стрыечным братам Мікалаем «Чорным». З 1561 г. удзельнічаў у Інфлянцкай вайне, камандаваў войскам Вялікага Княства ў пераможнай бітве на рацэ Уле.

Быў праціўнікам Люблінскай уніі і прыхільнікам захавання самастойнасці ВКЛ у складзе саюзнай дзяржавы Рэчы Паспалітай. Даводзіў каралю: «Якая ж гэта будзе унія Літвы з Польшчай, калі ад Літвы адарвалі шмат рэгіёнаў дэкрэтамі. Пасля гэтага можна сказаць, што Літвы больш не існуе, а разам з гэтым і нейкай уніі». У далейшым на Люблінскі сойм не паехаў і не падпісаў акту ўніі.

У сярэдзіне 1576 г. перайшоў на бок Стэфана Баторыя. Каб забяспечыць падтрымку Мікалая Радзівіла, кароль зноў даў яму пасаду гетмана ВКЛ. У час полацкай кампаніі 1579 г. Мікалай Радзівіл Руды разам з сынамі выставіў у войска 1000 коннікаў і 100 пехацінцаў. Удзельнічаў у аблозе і ўзяцці Полацка. У кампаніі 1580 г. войска Радзівіла (6 000 наёмных жаўнераў, 3 000 магнацкіх вайскоўцаў і 20 000 шляхецкага апалчэння) узяло замкі Усвяты і Езярышча. У 1581 г. удзельнічаў у паходзе на Пскоў.

Мікалай Радзівіл Руды вызнаваў кальвінізм і пасля смерці Мікалая Радзівіла Чорнага ў 1565 г. узначаліў пратэстантаў у ВКЛ. У Біржах ён стварыў цэнтр Рэфармацыі ў Літве і адкрыў там кальвінісцкую школу.

Галоўныя маёнткі М. Радзівіла знаходзіліся ў Літве: Біржы, Дубінкі, Шырвінты, Раканцішкі, Салечнікі. Таксама меў Свір, Міхалішкі, Мядзел, Жупраны, Баруны ў Ашмянскім павеце, Індуру і Котру ў Гарадзенскім павеце, Жырмуны, Сялец, Збляны, Дакудава ў Лідскім павеце, Уселюб і Ліпск у Новагародскім павеце, Койданава і Вязынь у Менскім пав. Трымаў шматлікія староствы і дзяржавы: Барысаў, Ліда, Мерач, Мазыр, Ашмяны, Васілішкі і іншыя.

Мікалай Руды ў шлюбе з Кацярынай Івінскай меў дачку і сыноў Мікалая і Крыштафа. Памёр у Вільні ў 1584 г., а пазней быў пахаваны ў Дубінках у кальвінскім зборы [93].


20. Ян Станіслававіч Абрамовіч, кальвініст. Віленскі намеснік і войскі. Лідскі стараста з 11.10.1579 - да смерці 19.04.1602. Жонка - Дарота Валавічоўна, наваградская кашталянка, праваслаўная [94].

З роду Абрамовічаў герба «Ястрабец». Выхоўваўся пры двары князя Мікалая Радзівіла Рудога і ўсё жыццё быў звязаны з біржанскай галіной роду Радзівілаў. Побач з Радзівіламі быў адным з лідараў кальвінізму ў Вялікаім Княстве Літоўскім [95].

У часы караля Жыгімонта Аўгуста на Літве атрымалі самае шырокае распаўсюджанне кальвінізм і лютаранства. Агульны рух да перамены рэлігіі крануў г. Ліду і яго наваколлі. Вучэнне Кальвіна ў гэтай мясцовасці карысталася падтрымкай кн. Радзівілаў, Абрамовічаў і інш., якія былі лідскімі старастамі. У Лідзе, Мацкішках, Дакудаве, Сяльцы, Беліцы, Ляцку і іншых месцах былі збудаваныя зборы кальвіністаў, а Лідскі касцёл па недахопу вернікаў быў нават зачынены і некаторы час знаходзіўся ў непасрэдным кіраванні віленскай капітулы. Распаўсюджванне кальвінізму і лютаранства скончылася са з'яўленнем у гэтай мясцовасці езуітаў, якія на працягу XVI-XVIII стст. заснавалі некалькі місій у межах цяперашняга Лідскага павета, а менавіта ў Тракелях, Дворышчы, Ваверцы, Дылеве, Семякоўшчыне і іншых [96].

Ян Станіслававіч Абрамовіч захоўваў адданасць Радзівілам і, як сведчаць лісты, займаўся іх прыватнымі справамі. Браў актыўны ўдзел у палітычным і рэлігійным жыцці ВКЛ, будучы разам з біржанскімі Радзівіламі ў антыпольскім крыле. Гэта выразна выявілася пры абароне правоў ВКЛ, калі ішла справа аб наданні віленскай кафедры, а таксама калі ў 1585 г. Ян Абрамовіч на соймах выступаў за перадачу Інфлянтаў ВКЛ. Удзельнічаў у Торуньскім сінодзе калівіністаў (1595 г.), у перамовах з тымі, хто не прыняў Берасцейскую унію ў Вільні (1599 г.), у дыспуце кальвіністаў з езуітамі (1599 г.). Праз жонку Ганну Дароту з Валовічаў быў цесна звязаны з праваслаўнымі коламі ВКЛ, утым ліку з Канстанцінам Астрожскім. Ганна Дарота была апякункай Віленскага брацтва. Ян Абрамовіч быў апекуном кальвінскага палеміста Андрэя Волана. У сваім маёнтку ў Варнянах заклаў збор, шпіталь, школу, якія праіснавалі да сярэдзіны XVII ст. На смерць Яна Абрамовіча кальвіністы адазваліся друкаванай «Прамовай на жалобную смерць і пахаванне вялікага патрона Божага Збору і мудрага Сенатара».

Напісаў «Думкі ліцвіна, пра танную куплю і дарагі продаж збожжа» (1595 г.), на яго заказ Ян Радван напісаў паэму «Радзівіліяда» (1592 г.). Сваім коштам выдаў шэраг кніг, напрыклад «Катэхізіс» Станіслава Судроўскага, віленскага міністра, з 300 рэлігійнымі песнямі (1598 г.).

Меў сына Мікалая, генерала артылерыі і троцкага ваяводу [97].

Ян Абрамовіч валодаў нерухомасцю ў Вільні. У 1596 г. лідскі і венданскі стараста і смаленскі ваявода Ян Абрамовіч, за даўгі у 2000 коп літоўскіх грошаў, узяў у заставу дом Самуэля Рупертавіча Фінка, так званую Рупертаўскую камяніцу, якая межавала з Канстанцінаўскім домам (нейкі час ім валодаў лідскі маршалак Тэафіл Дунін-Раецкі, пра што гл. ніжэй), бо «ляжала на вуліцы Замкавай, а аднаго боку каля камяніцы Ягамосці пана ваяводы кіеўскага князя Канстанціна Астрожскага, а з другога - каля камяніцы пана Крыштафа Зеліхмахера, залатара, віленскага месціча» [98]. Згодна з ўмовай, пасля таго, як Фінк праз здачу сваёй маёмасці выплаціць свой доўг лідскаму старасце, каб той уступіў Фінку камяніцу, ён павінен быў за 24 тыдні папярэдзіць пра гэта Абрамовіча [99].

У 1598 г. «панъ Янъ Абрамовичъ на Ворнянахъ, воевода Смоленский, презыдентъ в земли Ифлянской Дерпъский, староста Лидский, Веньденский» за 2000 коп літоўскіх грошаў здаў у заставу Рупертаўскі дом віленскаму купцу Вінгальду Карнелівушу [100]. А ў 1599 г. Самуэль Фінк прадаў свой Рупертаўскі дом купцу Вінгальду за 6000 коп літоўскіх грошаў. Продаж быў аформлены ў лідскім гродскім судзе [101]. Верагодна, з сумы, якую Фінк атрымаў ад купцы, ён выплаціў Абрамовічу свой доўг.

Іншы вядомы лідар пратэстантаў, лідскі маршалак Тэафіл Дунін-Раецкі, пра якога я пісаў раней [102], таксама меў нерухомасць на Замкавай вуліцы. Каб больш не вяртацца да гэтай тэмы, падам інфармацыю пра нерухомасць Дуніна-Раецкага ў гэтым артыкуле.

Невядома кім і калі была заснавана Пакроўская царква ў Вільні, але ў першай палове ХVI ст. яна ўжо лічылася старадаўняй. Як сведчаць дакументы, у 1610 г. Пакроўская царква знаходзілася ў добрым стане [103]. У 1610 г., з дазволу духоўных уладаў, віленскі месціч Ліпніцкі на царкоўнай зямлі будуе дом. З дакумента даведваемся, што тут раней ужо існаваў цэх краўцоў, які згарэў падчас вялікага пажару 1610 г. [104] У 1619 г. Пакроўская царква стаіць ўжо запусцелая і з дакументаў бачна, што яна мяжуе з кальвінісцкім зборам - мураваная сцяна царквы даходзіць да варот збора, а цвінтар царквы распасціраецца да дома Раецкіх [105].

Падчас судовага працэсу 1640 г. стала вядомы, што кальвіністы, абапіраючыся на магутны ўплыў Радзівілаў, на пачатку пабудавалі свой велічэзны мураваны збор на зямлі Пакроўскай царквы, а потым пабудавалі вежу (або званіцу) свайго збору. На царкоўным цвінтары і магілках яны ўладкавалі зборавы пляц і цалкам знеслі памяшканне святароў, пабудаваўшы на эты месцы школу і шпіталь [106]. У другой палове XVII ст. кальвіністы цалкам разабралі царкву і цэглу з яе выкарыстоўвалі для сваіх мэт. З судовай заявы мітрапаліта Гаўрыіла Календы бачна, што з гэтай цэглы пабудаваны шпіталь для кальвіністаў, вучэльня і некаторыя прыватныя дамы, у тым ліку і дом лідскага маршалка Дуніна-Раецкага на Замкавай вуліцы (гэта вуліца ў той час лічылася лепшай у Вільні). Кіраўнік кальвіністаў Дунін-Раецкі пры гэтым загадаў ачысціць усе зборовыя скляпенні і склады і бруд са смеццем са скляпенняў вывезці на пляц Пакроўскай царквы. Ён хацеў засыпаць жылыя памяшканні, якія стаялі на царкоўнай зямлі і ўвесь час выказваў пагарду да грэка-каталіцкага мітрапаліта Календы [107]. Старажытная Пакроўсая царква пасля гэтага больш не адрадзілася.

Цэглу з Пакроўскай царквы, агароджы і царкоўных будынкаў Дунін-Раецкі выкарыстоўваў і для рамонту так званага Канстанцінаўскага дома на Замкавай вуліцы Вільні, які ён купіў каля 1668 г. за 6000 зл. [108] Канстаніцнаўскі дом (Канстаніцнаўскі палац) на пачатку належаў Канстанціну Астрожскаму. Палац меў вялікі сад і гарод, каля яго былі вольныя, незабудаваныя гарадскія пляцы. Палац здаваўся ў доўгатэрміновую арэнду, і нават здараліся выпадкі, калі арандатары прадавалі гэты будынак, як быццам сваю маёмасць. Пасля гэтага законнасць вярталася праз судовыя працэсы [109]. У 1598 г. Канстанцінаўскі палац успадкаваў Крыштаф Радзівіл які ў 1609 г. перапісаў яго кальвінісцкаму збору. Дунін-Раецкі купіў Канстанцінаўскі дом ў сваіх жа кальвіністаў, каб праз 10 гадоў прадаць яго за 12 000 злотых інфлянцкаму і дынабургскаму старасту Андрэю Плятару. Праз 5 гадоў Плятары прадалі палац езуітам, і ў XVIII ст. тут жыў правінцыял езуіцкага ордэна [110]. Вось, што мне вядома пра маёмасць лідскіх Дуніных-Раецкіх у Вільні.


21. Аляксандр Яраслававіч Галаўчынскі Рапалаўскі на Княжыцах, герба Лебедзь. Лідскі стараста з 07.05.1602 г. у 06.05.1613 г. яшчэ займае гэтую пасаду. Першая жонка Альжбета (Гальшка) з Валовічаў, слонімская старасцянка, у першым шлюбе - жонка Адама Роска, ашмянская падкамаранка, памерла пасля 1621 г. [111]

Галоўчынскія ці Галаўчынскія - княжацкі род герба «Лебедзь». Паходзілі ад князя Мацвея Мікіцініча, які прыехаў у ВКЛ з дваром Алены Іванаўны, дачкі вялікага князя маскоўскага Івана III, жонкі вялікага князя літоўскага Аляксандра. Нашчадкі Мацвея ў ВКЛ першапачаткова зваліся Мікіцінічамі, але з 2-й паловы XVI ст. - Галаўчынскімі (ад назвы маёнтка Галоўчын каля Друцка), з XVII ст. таксама карысталіся тытулам князёў Рапалоўскіх. Аднак генеалагічная сувязь Галаўчынскіх з князямі Рапалоўскімі (у Расіі) не прасочваецца [112]. Згодна з Каспарам Нясецкім, князі Галаўчынскія пайшлі з Северскай лініі Рурыкавічаў [113].

Генеалог Юзаф Вольф меркаваў, што Мацвей Мікіцініч мог прыбыць у ВКЛ у сувязі з няўдалай змовай 1499 г. князя С. І. Рапалоўскага на карысць княжыча Васіля Іванавіча [114].

Аляксандр Яраславіч Галаўчынскі (каля 1570 - 12.5.1617) - сын Яраслава Яраславіча [115] і Канстанцыі з Хадкевічаў (дачка Гераніма Хадкевіча). Яго бацька падтрымліваў цесныя сувязі з пратэстантамі, што, верагодна, дапамагло яго сыну атрымаць пасаду лідскага старасты.

Аляксандр Галаўчынскі займаў пасаду жамойцкага кашталяна ў 1604-1614 г, ваяводы мсціслаўскага з 1614 г., старасты лідскага, дзяржаўцы вількійскага з 1616 г. Удзельнічаў у вайне Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609-1618 гг., у мірных перагаворах з рас. пасламі ў 1615 г. Перайшоў у каталіцтва [116].

28 красавіка 1617 г. Аляксандр Галаўчынскі разам з жонкай арандуе маёнтак Шацк у Менскім ваяводстве. 20 студзеня 1621 г. ужо ўдава князя Аляксандра Яраслававіча Галаўчынскага спыняе судовую справу ў Галоўным Трыбунале ВКЛ па спрэчных маёнтках Літва, Шацк, Балочы, Зацэш i вёскі Хідры [117].


22. Крыштаф Стэфан Сапега. Займае пасаду лідскага старасты з 03.02.1613 г., 23.09.1621 г. усё яшчэ лідскі стараста [118].

Крыштаф Стэфан Сапега (1590-1627). Літоўскі пісар, лідскі, мсціслаўскі і вількійскі стараста. Нарадзіўся ў 1590 г., быў сынам аршанскага падкаморага Рыгора і Соф'і са Стравінскіх, малодшым братам Аляксандра Сапегі (Дажджбога), разам з братам знаходзіўся пад апекай вялікага літоўскага канцлера і гетмана Льва Сапегі.

Пасля пачатковай навукі ў Вільні браты ў студзені 1602 г. паступілі ў езуіцкі калегіюм у Браневе, адкуль выехалі ў жніўні таго ж года, баючыся эпідэміі. У канцы 1605 г. разам са стрыечным братам Янам Станіславам, Крыштаф Стэфан паехаў вучыцца за мяжу. У пачатку 1606 г. запісаўся ва ўніверсітэт у Вюрцбургу, дзе наведваў лекцыі да верасня 1607 г. Другім горадам яго прабывання быў Франкфурт-на-Майне, адкуль Крыштаф Стэфан 27 верасня пісаў, што разам з братам збіраецца ў Парыж, але не ведае, што іх там чакае, бо «многія палякі апавядаюць пра парыжскую цеснату і смурод». Вучыўся ў Парыжы разам з Янам Станіславам, пра здароўе якога часта прысылаў весткі яго маці. Разам вярнуліся дамоў, і Крыштаф Стэфан пачаў рыхтавацца на вайну з Масквой: 13 траўня 1609 г. з Кракава прасіў у цёткі грошай на куплю зброі. Маёнткамі яго па-ранейшаму займаўся канцлер Леў.

У пачатку жніўня 1611 г. дакладваў дзядзьку Льву з Барысава пра вынікі віцебскага сойміка. З падказкі дзядзькі з'явіўся ў Вільні, дзе як каралеўскі дваранін і пасол атрымаў каралеўскія інструкцыі на літоўскі з'езд, які меўся сабрацца 12 верасня. Крыштаф Стэфан павінен быў пераканаць шляхту ў неабходнасці сабраць падаткі на аплату войска і аднаўленне вернутых земляў. Пасля сканчэння з'езда атрымаў ад дзядзькі заданне перавезці парэшткі яго жонкі Альжбеты з Радзівілаў (памерла 18 кастрычніка 1611 г.) з Варшавы ў Вільню. У лісце ад 7 лістапада Крыштаф Стэфан пісаў дзядзьку, што прыехаў у Сямяцічы на Падляшшы. Пасля ўрачыстага пахавання ў Вільні знаходзіўся ў Літве. Напэўна, пры падтрымцы дзядзькі Льва ў кастрычніку 1613 г. на сойміку ў Оршы Крыштафа Стэфана абралі паслом на надзвычайны сойм.

Жонка Крыштафа Стэфана - Ганна Галаўчынская, дачка Аляксандра (былога лідскага старасты, гл. вышэй) і Альжбеты з Валовічаў, мсціслаўскай ваевадзянкі, шлюб адбыўся ў 1612 г. (памерла ў 1643 г.). З жонкай Крыштаф Стэфан меў сына Мікалая Крыштафа які з 1638 г. быў польным літоўскім пісарам і дэпутатам Літоўскага Трыбунала ад Ашмянскага павета.

З падачы свайго цесця князя Аляксандра Галаўчынскага ў 1614 г. ён атрымлівае Лідскае староства (дазвол караля ад 3 лютага 1613 г.). З 21 траўня па 5 чэрвеня 1615 г. удзельнічаў у віленскім з'ездзе як лідскі стараста і пасол; 15 сакавіка 1616 г, на сойміку ў Лідзе абараняў інтарэсы свайго брата Аляксандра Дажджбога. Паехаў на сойм, дзе быў абраны ў камісію па дэмаркацыі межаў паміж Браслаўскім паветам і Курляндыяй. Верагодна, 26 траўня 1617 г. удзельнічаў у пахаванні свайго цесця Аляксандра Галаўчынскага ў касцёле Святога Духа ў Вільні, паколькі неўзабаве сваю пахавальную прамову яму надпісаў дамініканец Войцех Ляўданскі. У ліпені Крыштаф Стэфан быў маршалкам Літоўскага Трыбунала ў Вільні (мабыць як дэпутат ад Ліды).

16 лютага 1621 г. ад імя дзядзькі канцлера Льва выступаў на пахаванні віленскага кашталяна Яна Радзівіла ў Вільні.

Пасля Яна Скуміна-Тышкевіча, які прыняў Мсціслаўскае ваяводства, 23 верасня 1621 г. Крыштафа Стэфана прызначылі вялікім літоўскім пісарам. Раней, 3 верасня, з падачы Мікалая Францкевіча-Радзімінскага ён атрымаў Мсціслаўскае староства, на якое даўно мерыўся, кажучы, што ахвотна памяняў бы Лідскае староства на Мсціслаўскае. Кароль, аднак, пакінуў яму абодва староствы.

У Крыштафа Стэфана былі прыязныя адносіны з літоўскім палявым гетманам Крыштафам Радзівілам, аб чым сведчыць карэспандэнцыя паміж імі. У 1621 г. ён бараніў Радзівіла, калі таго абвінавацілі ў страце Рыгі. Добрым адносінам паміж імі не нашкодзілі нават сваркі Сапегаў з Радзівіламі за Копыскую зямлю, у якіх удзельнічаў брат Крыштафа Стэфана Аляксандр Дажджбог. У 1623 г., напэўна, з Мсціслаўля Крыштаф Стэфан паехаў на сойм, дзе яго абралі ў камісію па замірэнні са Швецыяй. Быў пасярэднікам у перамовах Радзівіла з Жыгімонтам III у справе затрымання на службе інфлянцкага войска, на што кароль не хацеў згаджацца, бо не меў фінансаў. Толькі праз месяц пасля прызыву Крыштоф Стэфан атрымаў дазвол на ўтрыманне вайсковых адзінак.

Улетку таго ж года Крыштаф Стэфан разам з жонкай суправаджаў Жыгімонта III у паездцы ў Гданьск. З дарогі пісаў Радзівілу пра дарожныя здарэнні і намеры караля. Пісаў і пра сваю хваробу, баяўся, што не зможа ўдзельнічаць у перамовах са шведамі. З каралеўскіх Прусаў разам з Жыгімонтам III вярнуўся ў Варшаву. У 1626 г. быў паслом ад Мсціслаўскага ваяводства на сойм, на якім быў абраны дэпутатам у скарбовы трыбунал у Вільні.

Пасля бацькі атрымаў маёнтак Шышова ў Віцебскім ваяводстве, Радомль і Дубраўляны ў Мсціслаўскім. 30 верасня 1615 г. атрымаў прывілей на вёску Кавалі (Лідскі павет), якая нікому не належала пасля смерці Яна Марачэўскага. 19 лютага 1625 г. кароль аддаў яму два паселішчы на Жмудзі (Гудстопіс і Пікталесніс), што засталіся без уладальніка пасля смерці Яна Мацкевіча.

У канцы жыцця Крыштаф Стэфан быў лідскім і мсціслаўскім старастам, вількійскім арандатарам (арэнду ў 1619 г. падаравала яму цешча Альжбета Галаўчынская), мейшагольскім арандатарам (з 1621 г.). Крыштаф Стэфан быў апекуном і дабрадзеем манастыроў у Мсціславе. Незадоўга да смерці праз сваякоў звярнуўся да караля з просьбай перапісаць на малалетняга сына Мсціслаўскае староства, але кароль адказаў, што малым «каралеўшчыну» не раздае. Пахварэўшы тры дні, ён там і памёр 9 красавіка 1627 г. Урачыстае пахаванне адбылося 19 траўня ў Вільні ў касцёле дамініканаў. Пахавалі Крыштафа Стэфана ў маўзалеі князёў Галаўчынскіх пад капліцай св. Яна [119].


23. Мікалай Францкевіч-Радзімінскі, мсціслаўскі стараста і васілішскі дзяржаўца. Лідскі стараста з 03.09.1621 па 24.06.1629 г. Жонка Мікалая Францкевіча-Радзімінскага - Дарота Янаўна Жылінская, у другім шлюбе з 1632 г. за Андрэем Шуйскім [120].

Францкевічы-Радзімінскія, Радзімінскія, шляхецкі род герба «Бродзіц». Паходзілі з Мазовіі, дзе мелі прозвішча Радзімінскія, ад імя Францішка (Францка) Радзімінскага, падкаморыя полацкага ў XVI ст., утварылася прозвішча Францкевічы.

Мікалай Францкевіч-Радзімінскі (каля 1585 - каля 1630), сын полацкага падкаморыя Міхала і Ганны з Сапегаў, сястры канцлера Льва Сапегі. Харунжы надворны ВКЛ у 1611-1613 гг., маршалак Трыбунала ВКЛ у 1620 г.; стараста мсціслаўскі з 1613 г., васілішскі, радамльскі. Удзельнічаў у Інфлянцкай вайне 1558-1582 гг. [121]

Лепшы гісторык Лідчыны XX ст. Міхал Шымялевіч пісаў: «Аселы ў ХVІІ ст. на Лідчыне род Францкевічаў Радзімінскіх займаў тут разлеглыя зямельныя добры, карыстаўся асаблівай павагай сярод тутэйшага жыхарства і займаў найвышэйшыя павятовыя пасады. Аднак геральдысты і генеолагі захавалі пра той род і нешматлікія, і недакладныя звесткі» [122].

У Вільні, паміж Пятніцкай царквой і домам Хадкевіча па Замкавай вуліцы з паловы XVI ст знаходзіўся дом Жабы. Гаспадару ўвесь час былі патрэбны грошы, і таму яго дом быў прададзены розным асобам па частках [123]. Гэты гмах, які меў назву Волмінскі дом, часта мяняў гаспадароў і ў першай палове XVII ст. нейкі час належаў (быў у заставе) лідскаму старасту Мікалаю Францкевічу-Радзімінскаму [124]. Пры перадачы ў заставу Волмінскага дома лідскаму старасту, быў складзены інвентар гэтай пабудовы [125].


24. Станіслаў Нарушэвіч, падскарбіч ВКЛ, пакаёвы дваранін Яго Каралеўскай Мосці. Лідскі стараста ў 10.11.1629 - 08.05.1646 гг. [126]

Жонка - Ганна Сапяжанка, дачка Аляксандра Дажджбога (Багдана) Сапегі (1585-1635) і Альжбеты з Хадкевічаў. Шлюб з Станіславам Нарушэвічам адбыўся ў 1637 г. Памерла ў 1669 г. [127]

Нарушэвічы - шляхецкі род герба «Вадвіч». Паходзяць ад літоўскага баярына Мантыгерда (Мантыгірда), полацкага намесніка ў 1396 г., родапачынальніка Мантыгірдавічаў. Меў сына Пятра, маршалка земскага ВКЛ. Яго сын Наруш даў імя роду, а ад унука, Войткі Нарушэвіча, пайшлі галіны роду [128].

Станіслаў Нарушэвіч (? - 27 траўня 1650), пісар і рэферэндар ВКЛ. Ён быў самым старэйшым з чатырох сыноў Крыштафа і Альжбеты з Шымковічаў, меў братоў Яна і Аляксандра Крыштафа. Пасля пачатковага хатняга навучання ён паехаў вучыцца за мяжу. 20 чэрвеня 1622 г. паступіў у езуіцкі ўніверсітэт у Інгальштаце. Пасля вяртання на радзіму Жыгімонт III прыняў яго да каралеўскага двара. У 1630 г. ён атрымаў ад свайго бацькі (незадоўга да яго смерці) у дзяржанне Новы Двор, а ад караля - Лідскае староства. 27 верасня 1630 г. пасля смерці Яна Друцкага-Сакалінскага ён быў прызначаны літоўскім пісарам. Пасля смерці Жыгімонта III, як пасол ад Віленскага ваяводства браў удзел у выбарах караля Уладзіслава IV, таксама быў на каранацыйным сойме ў сакавіку 1633 г. 8 сакавіка 1635 г. прысутнічаў на прыёме маскоўскіх паслоў. Удзельнічаў у сойме 1637 г.

Пасля шлюбу з Ганнай Сапяжанкай, напэўна быў цесна звязаны з тагачасным літоўскім надворным маршалкам Казімірам Леанам Сапегам, які з'яўляўся адным з апекуноў Ганны. З гэтага часу ён стаў як бы прадстаўніком Сапегаў пры каралеўскім двары, клапаціўся пра інтарэсы сапежынскага дома і пільнаваў, каб урады, дзяржавы і наданні даставаліся людзям з сапежынскай партыі або яе лідарам. У той жа час ён сур'ёзна ўмацаваў сваё матэрыяльнае становішча, разам з рукой Ганны ён атрымаў маёнтак Астроўна і ў арэнду (да 1641 г.) Варанцэвічы. У траўні 1639 г. пасля да гэтага далучылася некаторая маёмасць у Віцебскім ваяводстве. Тады ж (канец траўня 1639 г.) быў прызначаны свецкім рэферэндарам, застаючыся літоўскім пісарам. У снежні таго жа года атрымаў пажыццёвае права на Ушпольскую дзяржаву (з 1630 г. яе трымала яго маці) і дазвол на выкарыстанне лесу ва Усвяцкім і Веліжскім староствах.

У лістападзе 1643 г. Нарушэвіч разам з панарскім войтам Янам Завадскім, Генрыкам Дэнгофам і Крыштафам Ладэ фон Ладэн, як каралеўскі камісар у Курляндыі пасланы разгледзець спрэчку паміж саслоўямі і князем курляндскім Якубам Кетлерам. 20 жніўня 1644 г. разам з Пятром Данілавічам сустракаў маскоўскае пасольства Аляксея Міхайлавіча Львова, які прыехаў для высвятлення справы Яны Фаўстына Любы (так званага першага самазванца) і дзяржаўнай прыналежнасці горада Трубяцка. На сойме 1645 г. літоўскія дэпутаты пратэставалі супраць надання Нарушэвічу Мяцельскага староства. У 1646 г., калі Уладзіслаў IV спешна рыхтаваўся да турэцкай вайны, Нарушэвіч увесь час знаходзіўся разам з каралём, пішучы неабходныя лісты да літоўскіх гетманаў, хоць ён сам быў хутчэй (як і яго патрон К. Л. Сапега) праціўнікам гэтай вайны, і меў частыя кантакты з асноўнымі апанентамі караля па гэтай справе. Пасля смерці Уладзіслава IV ён быў абраны (разам з Вінцэнтам Корвінам Гасеўскім) віленскім сеймікам 25 чэрвеня 1648 г. паслом Варшаўскай канвакацыі (галоўнага з'езда). Як дэпутат ад Берасцейскага ваяводства прысутнічаў на элекцыйным сойме 1649 г., быў прыхільнікам Яна Казіміра. У тым жа годзе прысутнічаў на каранацыйным сойме Яна Казіміра, ад якім у якасці ўзнагароды за падтрымку атрымаў мала прывілеяў бясплатную высечку Алітскага лесу і, верагодна, Венданскае староства.

Памёр 27 траўня 1650 г. у Вільні, пакінуў пра сябе памяць як «Vir omnium iudicio optimus» (Чалавек, лепшы па ўсіх меркаваннях). Апекуном яго дзяцей стаў Казімір Леан Сапега.

Ад шлюбу з Ганнай Сапяжанкай у Станіслава Нарушэвіча нарадзіліся тры дачкі: Яна, выхаваная пры двары К. Л. Сапегі і выдадзеная замуж за літоўскага лоўчага Мікалая Ісайкоўскага, Тэадора, жонка валынскага лоўчага Яна Клінскага і Канстанцыя, якая была замужам за вількамірскім падчашым Уладзіславам Карэнгам, і тры сыны: Крыштаф, памёр бяздетна падчас Маскоўскай вайны, Аляксандр, стараста ўшпольскі, стары жаўнер у Паўла Сапегі, і Казімір, віленскі канонік (у сваіх успамінах Крыштаф Завіша назваў яго «галоўным над усімі паляўнічымі» [129].


25. Аляксандр Крыштаф Нарушэвіч, падскарбіч ВКЛ, пакаёвы дваранін ЯКМ.

Лідскі стараста пасля брата Станіслава, з 14.05.1646 г. да смерці 21.6.1668 г. Першая жонка - Алена Радзімінская, падкамаранка жамойцкая, другая жонка з 01.05.1661 г. Тэадора Сапежанка, віленская ваевадзянка, у другім шлюбе, з 1671 г. замужам за Уладзіславам Тышкевічам, памерла 1678 г. [130]

Аляксандр Крыштаф (? - 21.6.1668), сын Крыштафа. З 1631 вучыўся ва ўніверсітэце ў Інгальштаце, з 1632 - у Падуі, у 1633 - у Балонні. Цесна звязаны з дваром караля Яна II Казіміра. У 1651-1653 гг. быў у складзе дэлегацыі на мірных перагаворах са Швецыяй, у 1654-1658 гг. пісар ВКЛ, у 1656 г. адміністратар скарбу ВКЛ, з 1658 г. падканцлер ВКЛ. Стараста лідскі, любашанскі, мядзельскі, пянянскі, шарашоўскі. Пасол на соймы 1647, 1648, 1654, 1655 гг. Удзельнічаў у мірных перагаворах з Масквой у 1659-1663 гг. [131]


26. Міхал Казімір Радзівіл (нарадзіўся 26.10.1635 г.), падканцлер ВКЛ. Лідскі стараста з 16.09.1668 па 10.04.1676 г. [132]

Сын Аляксандра Людвіка Радзівіла. Вучыўся ў Нясвіжы і Балонні. Стольнік ВКЛ у 1652-1653 гг., крайчы ВКЛ у 1653-1656 гг., падчашы ВКЛ у 1656-1661 гг., віленскі кашталян у 1661-1666 гг. і ваявода ў 1666-1668 гг., з 1668 г. гетман польны і падканцлер ВКЛ. Пасол на соймы 1648,1659, 1661 гг., маршалак Трыбунала ВКЛ у 1664 г. З пачаткам вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654-1667 гг. умацаваў Нясвіжскі замак, што дало магчымасць вытрымаць аблогу ў 1655 г.. У чыне палкоўніка ўдзельнічаў у бітвах са шведамі ў Польшчы ў 1656 г. і Курляндыі ў 1659 г.. Умацаваны ім Нясвіжскі замак вытрымаў у 1660 г. паўторную аблогу расійскіх войск. У 1660 г. удзельнічаў у аблозе Магілёва, бітве на рацэ Бася, прымаў удзел у мірных перагаворах з Расіяй. Удзельнічаў у пераможнай Хацінскай бітве 1673 г. з туркамі. У час міжкаралеўя 1673-1674 гг. імя Міхала Казіміра называлася сярод кандыдатаў на трон, але ён падтрымаў абранне Яна III Сабескага і стаў яго блізкім паплечнікам. Удзельнічаў у антытурэцкіх кампаніях 1674-1675 гг. і 1677 г. на Украіне. У 1679 пасланы з дыпламатычнай місіяй да германскага імператара, у Венецыю і да рымскага папы дамагацца агульнага саюзу з Расіяй супраць Турцыі. Памёр 14.11.1680 г. на зваротным шляху ў Балонні.

З 1654 нясвіжскі ардынат і адначасова з 1667 г. алыцкі. Валодаў Крожамі ў Літве, Белай і Славатычамі ў Берасцейскім ваяводстве, Шыдлоўцам і іншай маёмасцю. Трымаў шматлікія староствы, акрамя Лідскага, яшчэ Крычаўскае, Прапойскае, Гомельскае. Заснаваў кляштар бенедыкцінцаў пад Нясвіжам (1673 г.).

Быў у шлюбе з Кацярынай Сабескай (сястра Яна III Сабескага) меў дачку, сыноў Мікалая Францішка, Багуслава Крыштафа, Яна, Людвіка, Ежы Юзафа і Караля Станіслава [133].


27. Дамінік Мікалай Радзівіл (нарадзіўся ў красавіку 1648 г.). Атрымаў пасаду лідскага старасты пасля брата Міхала Казіміра 10.04.1676 г., быў старастам да 1680 г. [134]

Вучыўся ў Італіі. Удзельнічаў у Хацінскай бітве 1673 г. з туркамі і вайне супраць Турцыі 1683 г.. Падскарбі надворны ВКЛ у 1677-1681 гг., падканцлер ВКЛ у 1681-1690 гг., канцлер ВКЛ з 1690 г.; маршалак Трыбунала ВКЛ у 1685 г. Стараста лідскі, ваўкавыскі, вярбілаўскі. Быў паслом на сойм 1669 г. і ўдзельнічаў у абранні на трон Міхала Вішнявецкага. На сойме 1674 г. падтрымаў абранне Яна III Сабескага. Быў паслом на соймы 1676 г. і 1681 г. З 1690 г. клецкі ардынат.

У шлюбе з Ганай Мар'янай Палубінскай меў чатырох дачок і сыноў Яна Мікалая Аляксандра, Мікалая Фаўстына, Фелікса і Міхала Антонія (? - 1721) - лідскага старасту і крайчага ВКЛ з 1706 г. У другім шлюбе з Ганнай Крысцінай Любамірскай дзяцей не меў [135].


28. Казімір Ян Францкевіч-Радзімінскі, падкаморы. Лідскі стараста з 10.01.1682 г. да смерці 23.08.1694 г. [136]

Сын Міхала і ўнук Юрыя. Падчашы менскі, лідскі падкаморы з 1674 г., войскі з 1687 г., стараста з 1683 г. Падскарбі надворны ВКЛ з 1689 г. і маршалак Трыбунала ВКЛ у 1682, 1688 і 1693 гг. Стараста крэўскі. Заснаваў кляштар кармелітаў у Жалудку і базыльянскі манастыр ва Ушачах [137].

Міхал Шымялевіч у свой час надрукаваў фрагменты дзённіка Міхала Францкевіча-Радзімінскага - бацькі Казіміра Яна, у якім ён, сярод іншага, піша і пра нараджэнне сына:

«У 1636 годзе 9 жніўня ўзяў у жонкі яе мосць панну Кляноўскую, дачку полацкага стольніка, у Вільні. Дабраславі Божа ў Тройцы адзіны нас усіх.

Міхал Францкевіч Радзімінскі. Стольнік полацкі.

Laus Deo.

З ласкі Найвышэйшага ў Вільні ў сядзібе Урудзянскага нарадзіла мне жонка сына 1 сакавіка ноччу незадоўга перад 9 гадзінай у 1638 годзе, назаўтра па поўні пад знакам Панны. А паколькі ўрачыстасць Святога Казіміра прыпала на чацвер, а ён нарадзіўся ў панядзелак, з-за таго яму дадзена імя Казімір» [138].

Казімір Францкевіч-Радзімінскі, сын Міхала і ўнук Юрыя, «найперш - як паведамляе Нясецкі - цівун вякснянскі, стараста крэўскі, потым падскарбі надворны літоўскі, стараста лідскі, з сойму 1690 г. камісар кароннага скарбу, быў спачатку падкаморым лідскім у 1674 г.; з сваёй жонкай Ганнай Нарушэвіч, дачкой падскарбія надворнага літоўскага, фундаваў айцоў кармелітаў у добрах сваіх дзедзічных жалудоцкіх, што дазволіла канстытуцыя 1685 г.; тры разы быў маршалкам у Трыбунале літоўскім, г. зн. у 1682, 1688 і 1693». Быў гэта пан моцны, бо валодаў Жалудком, Ішчалнай, Нявішай, Галавічполем, Заполлем пад Лідай, дваром у Лідзе і іншай маёмасцю. Пайшоў з гэтага свету бяздзетным, а перад смерцю 22 жніўня 1694 г. падпісаў у Жалудку доўгі тастамант, арыгінал якога меў Міхал Шымялевіч. Лідскі гісторык заўважаў, што немагчыма казаць, ці гэта была праўдзівая хрысціянская пакора, ці магнацкая пыха, калі Францкевіч-Радзімінскі на смяротным ложы ва ўступе свайго тастаманта пісаў:

«З цела майго грэшнага, як з зямлі вылепленага, мае быць зямлі аддадзена даніна паводле абраду Божага касцёла і веры маёй каталіцкай пры найбольшым зборы капланаў і жабракоў такім парадкам, які быў пры пахаванні с. п. ягамосці пана ваяводы трокскага яснавяльможным у Богу найправялебнейшым ягамосцем кс. біскупам віленскім праведзеным у Вільні, без катафалка і без градусаў, а на зямлі няхай будзе пастаўлена труна мая. І пра тое прашу, каб цела маё не абмывалі і палатном не абкручвалі, а толькі твар бессаромны і рукі непрыстойнасцю замазаныя свянцонай вадой няхай будуць абмытыя. Пахаванне цела майго няхай будзе як найхутчэй пасля смерці ў жалудоцкім касцёле ў мураванай капліцы, г. зн., у склепе, для гэтага падрыхтаваным, пры новым заснаванні Кармеліцкага ордэна бясспрэчна абачліва фундушам апісаным».

У самых чулых і найдалікатнейшых выразах ён падкрэсліў пажыццёвую вернасць і каханне сваёй жонкі пані Аляксандры з Нарушэвічаў, дачкі падскарбія надворнага ВКЛ, на карысць якой запісаў на Жалудку суму 50 000 злотых, «якую маімі маёмасцямі, як пісаў, грашыма, прадаўшы Лаўкозу ў в. ягамосці пана Зяновіча купіў. Бо вечнасць таго маёнтка Жалудка як роднаму брату ягамосці пану Давыду Францкевічу-Радзімінскаму, цівуну вякшнянскаму, так і дзецям стрыечнага брата нашага ягамосці пана Караля Францкевіча-Радзімінскага належыць, ад якой не магу ягамосцяў адпрэчыць, але нядаўна за бытнасць у сябе ягамосці п. Браніслава Францкевіча-Радзымінскага, стрыечнага пляменніка майго ў Жалудку, пастанавіў, што in sortem suam і роднага свайго ягамосці пана Тэадора vigore, так і за выкуп закладу Жалудка паловы, як і на выплату віннай сумы ад адышоўшага ягамосці пана Караля Францкевіча-Радзымінскага, стрыечнага нашага і бацькі гэтых, фальваркам Савоўшчына, які ад ягамосці пана Яна Ліманта, канюшага лідскага і самой яе мосці акупіць меў з вёскай Купрамі, і ад мяне прыдадзенай Вялікай Вёскай, меў кантэнтаваць не належнымі ўжо да закладу паловы Жалудка і да яго вечнасці... Каб мілая жонка мая ўсіх спаўна пяцідзесяці тысяч на Жалудку пэўная была, на гэтай маёмасці пажыццёва мілай маёй жонцы запісваю, пэўны буду, што і за душу маю будзе дабро чыніць - пра што пільна прашу» [139].

Лідскі стараста, надворны падскарбі ВКЛ, Казімір Ян Францкевіч-Радзімінскі, у 1690 г. меў на Лідчыне 365 дымоў [140].

У канцы пра адну загадку. У «Крестоприводной книге», якую склалі акупацыйныя маскоўскія ўлады ў 1655 г., прысутнічае «Михайло Францкеевич Рудиминской, стараста литцкий», відочна, што маецца на ўвазе Міхал Францкевіч-Радзімінскі [141]. Але, як бачым з вышэй напісанага, у тыя цяжкія гады лідскім старастам быў Аляксандр Крыштаф Нарушэвіч. Таму, магчыма «лідскім старастам» быў запісаны бацька Казіміра Яна Францкевіча-Радзімінскага - Міхал. Невядома, ці гэта простая памылка ці ён быў рэальна намінаваны на гэтую пасаду акупацыйнымі ўладамі. Вядома, што ў 1655 г. ён не мог быць вельмі старым чалавека, бо яшчэ ў 1647 г. Міхал Францкевіч-Радзімінскі стаў бацькам свайго апошняга сына і зрабіў наступны запіс ў дзённіку: «У 1647 годзе, 6 ліпеня, у першую квадру, а 8 гадзіне перад паўднём даў нам Пан Бог сына ў Селішчах у новым доміку, якому далі імя Давыд. Дай, Езус, шчасліва дачакаць з яго пацехі» [142].

29. Ян Мікалай Аляксандр Радзівіл (17.5.1681-20.1.1729), канцлерыч ВКЛ. Лідскі стараста з 19.10.1694 па 08.01.1704 г. [143] Сын Дамініка Мікалая Радзівіла (1653-1697) і яго першай жонкі Ганны Мар'яны з Палубінскіх, брат Мікалая Фаўстына і Міхала Антонія. Крайчы ВКЛ у 1699-1706 гг. і 1707-1708 гг., кашталян віленскі ў 1706-1707 гг., ваявода новагародскі з 1708 г. Галасаваў за абранне ў 1697 г. каралём Аўгуста II, якога падтрымліваў у Паўночнай вайне 1700-21. З 1697 быў клецкім ардынатам, валодаў таксама Атвержычамі, Чарнаўчыцамі, трымаў Лідскае, Радуньскае, Юрбарскае і Вярбілаўскае староствы [144].

Ян Мікалай Радзівіл вучыўся ў езуіцкім калегіюме ў Нясвіжы. 25.08.1694 г. атрымаў ад караля Яна ІІІ Сабескага прызнанне свайго паўналецця, і яму былі перададзены юрыдычныя правы на Лідскае староства. 02.10.1695 г. разам са сваім стрыечным братам, падканцлерам ВКЛ Каралем Станіславам Радзівілам наведаў Ліду, каб супакоіць праціўнікаў Радзівілаў (верагодна прыхільнікаў Сапегаў). 27.07.1696 г. ад Наваградскага ваяводства быў выбраны на канфакацыйны сойм. На гэтым сейме ў Варшаве прыхільнікі Сапегаў спрабавалі выгнаць маладога Радзівіла з памяшкання, дзе праходзілі пасяджэнні, але 07.09 таго жа года, справа ўдзелу у сойме закончылася для яго станоўча.

На грамнічным сойміку Наваградскага ваяводства ў 1697 г. Ян Радзівіл быў абраны генеральным рэгіментаром ваяводства. На выбарах караля ў тым годзе, на пачатку ён быў прыхільнікам Якуба Сабескага але потым перайшоў у лагер саскага электара Фрыдрыха Аўгуста (будучага караля Аўгуста II). Потым падтрымліваў яго ў Паўночнай вайне 1700-1721.

Пасля смерці свайго бацькі, Ян Радзівіл 05.09.1697 г. па справе маёмасці роду заключыў пагадненне з мачахай, пасля чаго паехаў у Кракаў на каранацыю Аўгуста ІІ, але спазніўся. Не будучы паслом на каранацыйны сойм, тым не менш Ян Радзівіл быў прызначаны адным з камісараў, якія выехалі ў Берасце, каб аплаціць вернае новаму каралю войска ВКЛ.

З паловы кастрычніка да паловы снежня 1697 г. Ян Мікалай Радзівіл пражыў у Шыдлаўцах і потым выехаў на вучобу ў Прагу, дзе прабыў да студзеня 1699 г. У гэты час быў прэтэндэнтам на руку Людвікі Апалінскай, дачкі генеральнага вялікапольскага старасты і ленчыцкага старасты Пятра Апалінскага, але потым адмовіўся ад гэтай справы. Потым жадаў жаніцца з дачкой Калішскага ваяводы Уладзіслава Пшыемскага, але пасля яго смерці таксама адмовіўся ад гэтай думкі. Яго апякун, стрыечны брат Караль Радзівіл здабыў для Яна Радзівіла пасаду літоўскага крайчага (намініраваны на пасаду 02.01.1699 г.). З лютага 1699 г. лідскі стараста жыў у ВКЛ і займаўся справамі сваіх маёнткаў, якія мелі вялікая даўгі пасля гаспадарання яго бацькі.

У кастрычніку 1699 г. Ян Мікалай Радзівіл разам з братам пачаў замежнае падарожжа. У сакавіку 1700 г. быў у Парыжы, дзе яго прымаў кароль Людовік XIV і французскія арыстакраты. Французскі кароль неаднаразова прапаноўваў яму ордэн Святога Духа, але Радзівіл не жадаў яго прыняць без дазволу Рэчы Паспалітай. Таксама ён адмовіўся і ад ордэна Святога Лазара. Падчас далейшага падарожжа ў Іспанію Радзівіл наведаў двор караля Піліпа V у Мадрыдзе, пасля чаго паехаў у Нідэрланды. Падчас сваіх падарожжаў, атрымаў віншавальны ліста ад рымскага папы Клеменса XI.

У той час калі Яна Радзівіла не было на радзіме, 04.01.1701 г. ён быў абраны наваградскай шляхтай ротмістрам павятовай панцырнай харугвы. У кастрычніку 1701 г. лідскі стараста Радзівіл прыбыў у Варшаву. Падчас падарожжа, нарабіў шмат даўгоў, што значна пагоршыла яго фінансавы стан.

Але ўжо ў траўні 1702 г. праз Уроцлаў, Ян Мікалай Радзівіл паехаў у Вену, дзе жыў да канца года. Вясной 1703 г. вярнуўся у Рэч Паспалітую і пачынаючы з чэрвеня 1703 г. знаходзіўся ў ВКЛ, і ў ліпені гэтага года атрымаў Радуньскае староства. У жніўні гэтага года быў на рэляцыйным сойме ў Наваградку.

У лютым 1704 г. у Дзятлаве адбыўся падзел маёмасці паміж Янам Мікалаем і яго братамі, падчас якога ён саступіў Лідскае староства Міхалу Антонію.

Да гэтага часу даўгі Яна Мікалая Радзівіла асягнулі мільёна злотых, але фінансавы стан палепшыў шлюб з дачкой Яна Ежы Пшэбендоўскага Генрыкай Даротай. Шлюб адбыўся 18.09.1704 г. у Берліне ў прысутнасці прускага караля Фрыдрыха І. Жонка павінна была ўнесці пасаг у мільён злотых, але Ян Мікалай атрымаў толькі 600 тысяч. Праз нейкі час, з-за недададзеных грошай паміж сужэнцамі пачалі сваркі і бойкі, якія закончыліся разводам.

У шлюбе з Генрыкай Даротай Пшэбяндоўскай меў дачку Ганна Малгажату (1708-1711), сыноў Марціна Мікалая Караля (1705-1708), Юзафа Альбрэхта Рыгора (1707-1708). Напісаў дзённік за 1704-1710 гг. «Diarium meum Joannis ducis Radziwill ... arttius 1704 caepius» [145].


30. Міхал Антоні Радзівіл (01.10.1687 - 29.08.1721), крайчы ВКЛ з 1706 г. Быў лідскім старастам пасля брата Яна Мікалая Аляксандра, з 18.07.1706 г. па 30.01.1713 г. [146]

Князь Міхал Антоні Радзівіл, стараста лідскі, вількамірскі, ковенскі, мяцельскі і неманоіцкі. Родапачынальнік шыдлавецкай лініі Радзівілаў.

Малодшы сын канцлера вялікага літоўскага Дамініка Мікалая і яго першай жонкі князёўны Ганны Марыяны Палубінскай. У дзесяцігадовым узросце застаўся сіратой. Апекуном малодшых - Міхала Антонія і Мікалая Фаўсціна стаў старэйшы брат Ян Мікалай Радзівіл. Пасля смерці бацькі ў спадчыну Міхалу Антонію дастаўся горад Шыдлавец з наваколлямі ў Сандамірскім ваяводстве [147].

Пра жыццё і дзейнасць Міхала Антонія вядома мала. У хроніках горада Шыдлоўца захаваліся запісы пра тое, што ў 1711 г. ён звяртаўся па атрыманне згоды біскупа кракаўскага на будаўніцтва сінагогі. Паводле афіцыйных звестак, яўрэйская грамада ў Шыдлаўцы была заснавана ў тым жа годзе. Затым там пабудавалі сінагогу і будынак для правядзення рытуальнага абраду абмывання, заклалі яўрэйскія могілкі.

У 1704 г. Міхал Антоні пабраўся шлюбам з Марцыянай Сясіцкай. У сям'і нарадзілася двое дзяцей - дачка Ізабела (1711-1761), якая пасля выйшла замуж за троцкага кашталяна і пісара вялікага літоўскага Тадэвуша Францішка Агінскага і сын-спадчыннік Леан Міхал (1722-1751), які нарадзіўся ўжо пасля смерці бацькі, з-за чаго яму далі мянушку Паграбовец.

Шлюб з Марцыянай Сясіцкай значна пашырыў зямельныя надзелы Радзівіла за кошт прынесенага пасагу, у прыватнасці, ён атрымаў вёску Паланечка (цяпер Баранавіцкага раёна Берасцейскай вобласці) і іншыя маёнткі ў Наваградскім ваяводстве [148].


31. Ян Сцыпіён. Лідскі стараста з 31.01.1713 па 26.11.1718 г. [149]

Родапачынальнікам Сцыпіёнаў на землях Польшчы і ВКЛ, паводле афіцыйнай генеалагічнай версіі, быў італьянскі нашчадак рымскіх Сцыпіёнаў неапалітанскі шляхціц Пётр Сцыпіён дэль Кампа - маршалак двара каралевы Боны Сфорцы і губернатар княства Бары ў Італіі - спадчыннага ўладання каралевы. Італьянец Пётр, які ў традыцыях культуры Адраджэння абраў сабе гучны лацінскі псеўданім і быў вядомы, як «Сцыпіён - вучоны з Бары» (Scypion Scholaris z Bari), у 1530-1550 г. з'яўляўся сакратаром каралевы Боны Сфорцы. Відавочна, што ў Польшчы ён з'явіўся пазней за 1518 г. і быў адукаваным чалавекам, які імкнуўся праз веды набыць пэўны сацыяльны статус. Дарэчы, афіцыйнае прозвішча дэль Кампа Сцыпіён можна літаральна перакласці з італьянскага як «аднаго поля шляхецтва са Сцыпіёнамі». У часы Адраджэння антычныя псеўданімы бралі сабе для афіцыйнага ўжывання толькі асобы нешляхетнага паходжання. Такім чынам, ля вытокаў шляхецкага роду Сцыпіёнаў у Польшчы і ВКЛ знаходзіўся адукаваны італьянец, які пачынаў сваю «кар'еру» ў якасці сакратара каралевы Боны.

Першай дзяржаўнай пасадай Яна Сцыпіёна стала пасада лідскага гродскага пісара, якую ён атрымаў у 1695 г., дзякуючы падтрымцы Яна Мікалая Радзівіла. У 1699 г. ён быў абраны лідскім дэпутатам у Трыбунал ВКЛ, а ў 1703-1704 г. нават з'яўляўся яго маршалкам. У 1704 г. Ян Сцыпіён спрабаваў заняць пасаду лідскага земскага пісара, але атрымаў толькі месца лідскага падстолія. Нарэшце, у 1713 г., дзякуючы падтрымцы Міхала Радзівіла, Ян Сцыпіён заняў пасаду лідскага старасты, якая да таго доўга належала Радзівілам. У якасці лідскага старасты і пасла ад Лідскага павета Ян Сцыпіён актыўна ўдзельнічаў у большасці палітычных падзей пачатку XVIII ст. Ён скардзіўся на злоўжыванні расійскай арміі ў Лідскім павеце (1710 г.), выступаў супраць «царскай пратэкцыі» Рэчы Паспалітай (1716 г.), прапаноўваў зняць з усіх дзяржаўных пасад «дысідэнтаў» - некатолікаў (1720 г.). У 1719 г. віленскі кашталян Людвік Канстанты Пацей перадаў Яну Сцыпіёну Барцянскае староства ў Лідскім павеце. 7 лістапада 1720 г. Ян Сцыпіён атрымаў пасаду смаленскага кашталяна, якая не давала матэрыяльных даходаў, але гарантавала месца ў сенаце Рэчы Паспалітай. Неўзабаве Ян стаў першым Сцыпіёнам, які заняў магнацкую пасаду. Але яго спробы ў 1732 г. заняць пасаду смаленскага ваяводы былі беспаспяховымі. Ян Сцыпіён валодаў пасля бацькі Сукурчамі, Шчучынкам і Балотным (зараз Воранава) у Лідскім, Секержынцамі ў Гарадзенскім і Бебраўцамі ў Мазырскім паветах. Ад маці ён стаў уладальнікам Канюхоў у Ваўкавыскім павеце. Дзякуючы дзяржаўнай службе Ян Сцыпіён з жонкай атрымаў вёскі Гарні (1708 г.) і Пурсці (1711 г.) у Лідскім павеце. У 1710 г. ён «трымаў у заставе» (кіраваў і карыстаўся без права ўласнасці) маёнтак Агінскіх Яшуны Віленскага павета. Разам з жонкай - Тарэзай з Глябіцкіх-Юзафовічаў, дачкой падстолія віцебскага і войскага полацкага Юрыя Глябіцкага-Юзафовіча - Ян Сцыпіён размясціў у 1735 г. у Балотным (Воранаве) кляштар піяраў, а ў 1738 г. у Канюхах - кляштар дамініканцаў. Такім чынам, Ян Сцыпіён быў першым прадстаўніком свайго роду, які дасягнуў амаль магнацкага статусу: сенатар, двойчы стараста, уладальнік некалькіх маёнткаў у трох паветах, заснавальнік двух кляштароў [150].


32. Юзаф Сцыпіён, старасціч, памёр 28.05.1743 г. Лідскі стараста пасля бацькі, з 1720 г. па 22.05.1742 г. [151]

У 1720 г. бацька перадаў Юзафу Лідскае староства. Як мага раней Ян Сцыпіён імкнуўся вылучыць адзінаму сыну асобнае ўладанне. У 1718 г., з дазволу караля Аўгуста ІІ Моцнага, ён перадаў Юзафу вёску Гарні, у 1735 г. - Кульбакі, у 1736 г. - Барцяны і Пурсці ў Лідскім павеце. Юзаф атрымаў заможны стан, адпаведны для актыўнага ўдзелу ў грамадска-палітычным жыцці. Юзаф Сцыпіён неаднаразова выбіраўся на соймы Рэчы Паспалітай ад Лідскага павета, Смаленскага ваяводства і Інфлянтаў. Першы раз ён ажаніўся ў 1728 г. з Веранікай Фірлей - дачкой каменскага кашталяна Андрэя Фірлея. Пасля смерці ў 1730 г. яе брата Якуба Вераніка стала адзіным нашчадкам усёй маёмасці Фірлеяў, якая такім чынам трапіла да Сцыпіёнаў. Ад бацькі Юзаф Сцыпіён меў Шчучынак, Балотнае (Воранава), Палубнікі, Сукурчы, Гарні, Кульбакі, Борці і Пурсці ў Лідскім павеце і Канюхі ў Ваўкавыскім павеце. Пасля смерці каля 1739 г. жонкі Веранікі Юзафу Сцыпіёну дасталася ўся спадчына Фірлеяў у Люблінскім і Рускім ваяводствах, у тым ліку юрыдыка ў Любліне. Дзякуючы сваім багаццям Юзаф Сцыпіён рабіў вялікія ахвяраванні кляштарам піяраў у Шчучыне і Воранаве і дамініканцам у Канюхах. Ён падтрымаў сваю маці ў заснаванні ў Шчучыне канвента сясцёр міласэрнасці ў 1742 г. Другой жонкай Юзафа Сцыпіёна стала ў 1740 г. Тарэза Барбара Радзівіл - дачка наваградскага ваяводы Мікалая Фаўстына Радзівіла. Фактычна гэты шлюб можна разглядаць як прызнанне за «лідскімі» Сцыпіёнамі роўнага становішча з боку магнатаў ВКЛ. У 1742 г. у Дрэздане кароль Аўгуст ІІІ Сас адзначыў Юзафа Сцыпіёна ордэнам Белага Арла - вышэйшай узнагародай у Рэчы Паспалітай. Ад першага шлюбу з Веранікай Фірлей Юзаф Сцыпіён меў двух сыноў: Станіслава і Ігнацыя, а таксама тры дачкі: Ганну, Магдалену і Тарэзу. Ад другога шлюбу з Тарэзай Барбарай Радзівіл - толькі аднаго сына Ксаверыя Мікалая [152].

Трэба дадаць, што яшчэ маладажоны Юзаф і Вераніка Сцыпіёны дэ Кампа атрымалі ў спадчыну і Балотнае. Назва Балотнае, верагодна, паходзіла ад слова балота ці ад старажытнага ўладальніка гэтай маёмасці па прозвішчы Балота, і ў любым выпадку была непрыемная для вымаўлення і для слыху. Таму ў гонар маладой пані Веранікі (Вярэны) маёнтак быў пераназваны ў Вярэнаў. Тую ж назву атрымала і новазаснаванае каля маёнтка мястэчка, якое раней таксама звалася Балотнае [153]. Потым, пры расійскай уладзе, мястэчка Вярэнаў, нейкім чынам стала Воранавым. На пачатку 1929 г., па хадайніцтву лідскага старасты, мястэчку Воранава была вернута гістарычная назва Вярэнаў [154]. Пасля 1939 г. мястэчка зноў атрымала «птушыную» назву.


33. Ігнацы Пётр Сцыпіён, надворны маршалкавіч, старасціч. Лідскі стараста пасля бацькі, з 1743 г. па 21.05.1787 г. Жонка - з 1755 г. Мар'яна Вадзіцкая [155].

Ігнацы Сцыпіён (1728-1791 г.) - адзіны нашчадак вялікай спадчыны Сцыпіёнаў. Нягледзячы на маладосць, дзякуючы прывілею дадавання гадоў, Ігнацый ужо ў 1743 г. стаў лідскім старастам. У 1743-1746 г. яго настаўнік Мацей Догель (1715-1760 г.) - вядомы гісторык-архівіст і правазнавец - парушыўшы загад апекуна Яна Тарла, ваяводы сандамірскага, вывез Ігнацыя Сцыпіёна на вучобу за мяжу. Юны Сцыпіён вывучаў філасофію, права і дакладныя навукі ў Ляйпцыгу, наведаў Парыж і Рым. У 1748 г. Ігнацы Сцыпіён быў першы раз абраны дэпутатам на сойм ад Лідскага павета. На працягу жыцця ён неаднаразова абіраўся лідскім дэпутатам, хаця ў 1745 г. прадстаўляў «Галіцкую зямлю». На пасяджэннях сойма Ігнацы Сцыпіён вызначаўся памяркоўнасцю ды імкненнем да дакладнасці фармальнага боку соймавай працы. Вядомы толькі яго скаргі гетманам на злоўжыванні расійскіх войскаў у Лідскім павеце ў 1757 г. (падчас Сямігадовай вайны). Падчас «элекцыі» 1764 г. Ігнацы Сцыпіён аддаў свой голас ад Лідскага павета за Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Вясной 1759 г. ён атрымаў званне генерал-маёра літоўскага войска і пачаў шукаць якой-небудзь грамадзянскай дзяржаўнай пасады. 9 снежня 1765 г. Ігнацы Сцыпіён быў прызначаны падстоліем літоўскім. Невядома, якія маёмасныя ці палітычныя разлікі прымусілі яго ў лістападзе 1786 г. адмовіцца ад гэтай пасады, прадаўшы яе. Ігнацы Сцыпіён прымаў удзел у масонскім руху. Ён быў братам ложы «Вялікага французскага Усходу», а ў 1766 г. уступіў у шатландскую ложу Э. Брухля. Неўзабаве Ігнацы Сцыпіён стаў кавалерам найвышэйшых узнагарод Рэчы Паспалітай: ордэна Святога Станіслава (1776 г.) і ордэна Белага Арла (1781 г.). Маёмасныя справы Ігнацыя Сцыпіёна, мабыць, былі найлепшымі за ўсю гісторыю роду. Пасля смерці бабкі Тарэзы з Глябіцкіх-Юзафовічаў (пасля 1746 г.) ён, акрамя спадчыны Сцыпіёнаў і Фірлеяў, атрымаў і маёнтак Глябіцкіх-Юзафовічаў Шчучын. Гэта дазволіла Ігнацыю Сцыпіёну стварыць у заходняй частцы Лідскага павета сапраўдную латыфундыю - «добры шчучынскія» (у пачатку ХІХ ст. - 2172 прыгонныя). Другім вялікім уладаннем Ігнацыя Сцыпіёна былі «добры Серакомля» ў Лукаўскім павеце. У Шчучыне Ігнацы Сцыпіён падтрымліваў дзейнасць калегіюма піяраў і канвента сясцёр міласэрнасці. Значныя ахвяраванні атрымалі і лідскія піяры. У 1773 г. тут з'явілася аптэка, а ў 1785-1792 гг. - батанічны сад. Намаганнямі Ігнацыя Сцыпіёна мястэчка Шчучын 23 траўня 1761 г. атрымала магдэбурскае права, што прадугледжвала гандаль па нядзелях і чацвяргах, 12 кірмашоў на год і выбары мясцовага самакіравання. Варта адзначыць, што вялікае будаўніцтва Ігнацы Сцыпіён разгарнуў таксама ў Серакомлі, дзе з'явіліся палац, сад і, магчыма, касцёл. Як мецэнат ён фінансаваў выданне свайго настаўніка Мацея Догеля «Дыпламатычны кодэкс ВКЛ», а таксама даў грошы на абнаўленне піярскай друкарні ў Вільні і пакупку для яе манускрыптаў. Ігнацы Сцыпіён ажаніўся ў 1755 г. з Марыянай Вадзіцкай, дачкой Пятра Вадзіцкага, кашталяна сандэцкага. Ад гэтага шлюбу нарадзілася дачка Вераніка і 4 сыны: Павел, Юзаф, Караль і Вінцэнт. Усе дзеці атрымалі адукацыю ў Шчучынскім калегіюме піяраў, дзе іх настаўнікам быў славуты вучоны Станіслаў Баніфацы Юндзіл (1761-1847 гг.). Ён пакінуў вельмі цікавую характарыстыку культурнага ўзроўню Сцыпіёнаў як адукаваных людзей, якія былі ўзорам шляхецкай культуры: «Знаходжанне маё ў Шчучыне […] прынесла мне такую яшчэ карысць, што наведваючы дом жыўшых там тады Сцыпіёнаў, падстоліяў літоўскіх, у іх шляхетнай кампаніі навучыўся добрых і належных манер і зусім адвык ад вымаўлення і выразаў правінцыяльных, якія паўсюль і адразу вылучаюць маіх землякоў ліцвінаў» [156].


34. Юзаф Сцыпіён, падстоліч ВКЛ, старасціч. Лідскі стараста з 23.05.1787 па 06.05.1794 г. [157]

Пасля смерці Ігнацыя Сцыпіёна, ноччу 1791 г. па дарозе ў Варшаву, пачаўся паступовы заняпад роду. Яго вялікія ўладанні былі падзелены паміж 4 братамі. «Шчучынскія добра» і Лідскае староства атрымаў Юзаф Сцыпіён (? - 1802 г.). Надышлі цяжкія часы падзелаў Рэчы Паспалітай. Паводле архіўных дакументаў, якія былі ўведзены ў навуковы ўжытак Я. Анішчанкай у пачатку ХХІ ст., Сцыпіёны адыгралі пэўную ролю ў паўстанні Тадэвуша Касцюшкі. У якасці генерала-маёра Лідскага павета Караль Сцыпіён рыхтаваў узброеныя атрады ды забеспячэнне для паўстанцаў. Юзаф Сцыпіён у якасці лідскага старасты яшчэ да афіцыйнага абвяшчэння паўстання арганізаваў у сваім маёнтку Сукурчы каля Ліды патаемную прысягу шляхты. За гэта ў 1794 г. Шчучын быў разрабаваны расійскім атрадам князя Цыцыянава. Пасля паражэння паўстання Юзаф Сцыпіён цалкам адышоў ад справаў ды хутка памёр.

Юзаф Сцыпіён быў жанаты з Тарэзай Друцкай-Любецкай, дачкой пінскага кашталяна князя Францішка Ксаверыя Друцкага-Любецкага. Ад гэтага шлюбу нарадзілася толькі адзіная дачка Марыя (1793-1876 г.), якую маці ў 1807 г. выдала замуж за свайго брата Францішка Ксаверыя Друцкага-Любецкага (1778-1846 г.), будучага міністра фінансаў Царства Польскага і расійскага сенатара. Таму на Юзафе Сцыпіёне ў 1802 г. фактычна спынілася мужчынская «лідская» галіна Сцыпіёнаў [158].

Праз усё XVIII ст. лідскімі старастамі былі чатыры пакаленні Сцыпіёнаў дэ Кампа. Маёмасцю староства была ў тыя часы невялікая Лідская эканомія, якая складалася з фальварка Ліда, пляцаў і прапінацыі ў Лідзе, а таксама з вёсак Боркі, Зарэчча, Астроўля. Раней адарваныя ад былой эканоміі Лідскага староства вёскі - Гарні, Цыбары, Кульбакі і Пурсці - мелі іншых уладальнікаў. Звычайна Сцыпіёны жылі ў сваім маёнтку ў Шчучыне, а Лідскую эканомію аддавалі ў арэнду сваім падстарастам [159].


Пасля ўваходу Заходняй Беларусі ў склад Польшчы, пасада асобы, якая ўзначальвала павет, мела назву «стараста» - «стараста павета». Таму, думаю, да спісу лідскіх старастаў, трэба яшчэ дадаць 6 асобаў.


1. Станіслаў Здановіч, на пасадзе лідскага старасты з 17.04.1919 - па 1928 г.

Станіслаў Здановіч. сын Юзафа і Апалоніі з Мікульскіх, нарадзіўся ў 1886 г. Скончыў Лідскі стараста Станіслаў Здановіч. гімназію ў Пецярбургу. Вучыўся на факультэце права Пецярбургскага ўніверсітэта і прымаў актыўны ўдзел у жыцці польскіх студэнцкіх гурткоў. Пасля заканчэння ўніверсітэта працаваў прысяжным павераным у Полацку і тут шмат гадоў быў сакратаром праўлення польскага Таварыства дабрачыннасці, падтрымліваў сувязі з аналагічнымі арганізацыямі на Лідчыне. Пасля бальшавіцкага перавароту і акупацыі Полацка немцамі вярнуўся ў Лідскі павет, дзе пачаў працаваць спачатку ў якасці чальца праўлення Польскай Народнай Рады Лідскай зямлі, пасля адыходу Эміля Буткевіча стаў старшынём. Калі ў 1919 г. польскае войска заняло Ліду, быў прызначаны камісарам (старастам) Лідскага павета.

На тэрыторыі павета стараста і іншыя кіраўнікі мелі вельмі шырокія паўнамоцтвы і амаль што неабмежаваную ўладу. Напрыклад, у 1924 г. жыхар Лідскага павета ў лісце, надрукаваным у газеце «Вызваленне народа», пісаў, што лідскі павятовы стараста Здановіч кіруе, як удзельны князь.

У 1928 г. замест лідзяніна Станіслава Здановіча старастам павета быў прызначаны Генрык Багаткоўскі. Уладальнік маёнтка Скабейкі Андрэй Раствароўскі, адукаваны і дасведчаны чалавек, чалец лідскага павятовага сейміка, пісаў: «Калісьці перад пасяджэннем сойміка стараста Здановіч абышоў частку дэлегатаў, просячы каб яны згадзіліся з воляй ваяводы і выбралі ў Павятовы аддзел нейкага Мальскага. Уладзіслаў Мальскі атрымаў асаду пад Беняконямі, на зямлі, выкраенай з маёнтка Больценікі Путкамераў. Легіянер, добры прамоўца, ён быў ужо старшынём Звязу Асаднікаў. Дэлегаты, якія прыхільна ставіліся да старасты, стараліся растлумачыць яму, што не трэба рабіць гэты крок - прыйдзецца яшчэ шкадаваць. Аднак стараста мусіў выканаць жаданне ваяводы. Мальскі быў абраны, і не прайшло і два гады, як ён «з'еў» Здановіча, паставіўшы яму ў віну, што жонка старасты - уладальніца фальварка Макушын, які потым арандаваў сенатар Сіцінскі. Згодна з польскім законам, стараста не мог мець нерухомасць у сваім павеце. Па-іншаму было ў немцаў, «ландрат» наадварот мусіў мець у сваім павеце нерухомасць. Я быў непасрэдна замешаны ў тыя бойкі вакол старасты. Як старшыня рэвізійнай камісіі атрымаў загад ваяводскага аддзела правесці рэвізію гаспадарак павета. Праз тыдзень праверкі ўсіх гаспадарак адзін з членаў камісіі, асаднік, будучы бургамістр і вельмі прыстойным чалавек, сказаў мне, што гэта робіцца, каб зняць старасту. Усе было зроблена непрыгожа, але па законе, аднак некалькі дробных памылак не дыскрэдытавалі старасту. На бліжэйшых выбарах, якія праводзіў ужо новы стараста Багаткоўскі, я страціў пасаду старшыні камісіі».

Цікава, што ўскосна, праз сваё жаданне стаць ваяводам (узначаліць ваяводства - адміністрацыйную адзінку, у якую ўваходзілі паветы), Станіслаў Здановіч прычыніўся да стварэння Шчучынскага павета, той жа Андрэй Раствароўскі ўспамінаў: «Стараста Здановіч, які вывучаў юрыспрудэнцыю ў Пецярбургу, меў свае амбітныя планы. Лідскі павет і так ужо меў 20 вялікіх гмін, але стараста штораз адрываў гміны з суседскіх паветаў. Меў надзею, што калі колькасць гміны дойдзе да 30, дык яны будуць падзелены на 3 паветы і створыцца лідскае ваяводства, якое ўзначаліць, зразумела, Здановіч. Аднак, калі павет атрымаў 27 гмін, быў створаны Шчучынскі павет, у які патрапілі ўсе гміны на захад ад ракі Дзітвы. Старастам гэтага новага павета стаў Юзаф Сялява... Але было гэта пазней». Шчучынскі павет ствараўся па этапах. У 1928 г. пачала працаваць так званая «экспазітура», якая выконвала галоўныя функцыі павятовай улады, але яшчэ падначальвалася лідскаму старасту, і цалкам Шчучынскі павет быў створаны ў 1929 г. Але яшчэ раней Здановіч страціў пасаду. І пасля яго лідскімі старастамі былі толькі выхадцы з этнічнай часткі Польшчы.

Станіслаў Здановіч быў узнагароджаны крыжам ордэна «Polonia Restituta» [160].


2. Генрык Багаткоўскi (1893-1967), лідскі стараста ў 1928-1933 гг.

У 1928 г. у Лідзе жанiўся з сярэдняй дачкой гісторыка Міхала Шымялевіча - Зоф'яй (1907-1996). Генрык Багаткоўскi нарадзiўся ў горадзе Ловiч (каля Лодзi) i зрабiў хуткую кар'еру чыноўнiка: у 1926 г. ён абiраецца ў павятовую раду касы хворых Ловiча, ужо ў 1927 г. працуе інспектарам па самакiраванні Наваградскай ваяводскай управы, з траўня 1928 г. - лiдскiм старастам. Пры канцы 1930-х гг. працаваў у Варшаве на пасадзе iнспектара Мiнiстэрства ўнутраных спраў [161].


3. Інжынер Генрык Бянкевіч быў лідскім старастам з 1934 па ліпень 1935 г.

Бянкевіч нарадзіўся ў 1882 г. на Сувальшчыне. Адукацыю атрымаў у Харкаўскім тэхналагічным інстытуце, служыў у расійскім, а потым у польскім войску, меў чын маёра. У ліпені 1935 г. пакінуў пасаду лідскага старасты і быў абраны бургамістрам Слоніма. З другой паловы 1935 г. пасаду лідскага старасты займаў Чушкевіч [162].


4. Доктар Юзаф Чушкевіч, быў лідскім старастам з ліпеня 1935 па 1937 г. [163]


5. Тадэвуш Міклашэўскі, быў лідскім старастам у 1937 г. У Лідзе жыў па вуліцы Замкавай [164].

6. Станіслаў Гансоўскі, з канца 1937 па 17 верасня 1939 г.


Павятовае староства знаходзілася ў старажытным будынку былога кармеліцкага кляштара насупраць фарнага касцёла. Лідскі павятовы стараста Станіслаў Гансоўскі ініцыяваў рэстаўрацыю пакармеліцкіх муроў. Будынку знутры быў вернуты яго старажытны прыгожы архітэктурны стыль, на калідорах першага паверха старанна адноўлены столі на скляпеннях, як у ранейшыя часы, зроблены ўваход у староства з боку вуліцы Сувальскай (зараз - Савецкай), «дзякуючы чаму павятовы аддзел атрымаў праход на першы паверх, дзе месціцца ўправа старасты. Былы ўваход з боку вуліцы маёра Мацкевіча (раней вуліца Крывая, зараз існуе ў выглядзе пешаходнай дарожкі за музычным каледжам - Л. Л.) зачынены», пісала прэса [165].



[1] Пятраўскас Рымвідас. Літоўская знаць у канцы XIV-XV ст.: Склад - структура - улада. Смаленск, 2014. С. 158. С. 77., 154.

[2] Лаппо И. И. Великое княжество литовское за время от заключения Люблинской унии до смерти Стефана Батория. Т. 1. С.-Петербург, 1901. С. 322-324.

[3] Там жа. С. 333-341.

[4] Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. Pod redakcją Andrzeja Rachuby. Warszawa, 2004. S. 14.

[5] Лаппо И. И. Великое княжество литовское за время от заключения Люблинской унии до смерти Стефана Батория. Т. 1. С. 346-349.

[6] Любавский М. К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого литовского статута: Исторические очерки. Москва, 1892. С. 64-67.

[7] Пятраўскас Рымвідас. Літоўская знаць у канцы XIV-XV ст.: Склад - структура - улада. С. 158.

[8] Любавский М. К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого литовского статута: Исторические очерки. С. 67-70.

[9] Лаппо И. И. Великое княжество литовское за время от заключения Люблинской унии до смерти Стефана Батория. Т. 1. С. 291-292.

[10] Любавский М. К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого литовского статута: Исторические очерки. С. 71-95.

[11] Там жа. С. 100-140.

[12] Там жа. С. 151-152.

[13] Там жа. С. 152-153.

[14] Там жа. С. 153-155.

[15] Там жа. С. 156-157.

[16] Там жа. С. 157.

[17] Там жа. С. 157-158.

[18] Любавский М. К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого литовского статута: Исторические очерки. Москва, 1892. С. 158.

[19] Археографическая комиссия. Русская историческая библиотека Том 27. Петербург, 1903. С. 310.

[20] Любавский М. К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого литовского статута: Исторические очерки. Москва, 1892. С. 160.

[21] Зблянскія намеснікі (дзяржаўцы): Сястрэнец, з 1489 г.; Марцін Багданавіч Храптовіч, канюшы дворны, з 1495 г. зблянскі цівун; Андрэй Аляксандравіч Дрожча (Дрожджа), віленскі канюшы, дзяржаўца беліцкі, з 1502 г. па 04.01.1503 г., з 1504 г. лідскі дзяржаўца. - Гл: Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. Pod redakcją Andrzeja Rachuby. Warszawa, 2004. T. 1. S. 83.

[22] Любавский М. К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого литовского статута: Исторические очерки. Москва, 1892. С. 160.

[23] На пачатку XVI ст. адміністрацыі беліцкіх намеснікаў падлягалі і Збляны, а пачынаючы з Юрыя Ільініча дзяржаўцам гэтых валасцей быў лідскі дзяржаўца. Пасля рэформ 1565-1566 гг. беліцкі дзяржаўца страціў судовую кампетэнцыю, і Беліца перастала існаваць у якасці адміністрацыйнай адзінкі, стаўшы прыватнай уласнасцю біржанскіх Радзівілаў. Намеснікі (дзяржаўцы) беліцкія: Некраш Валадковіч (Валатковіч), з 1489 г. па 24.07.1499 г.; Федзько Багданавіч Храптовіч, з 1501 г. па 1502 г., з 1503 г. намеснік астрынскі; Андрэй Аляксандравіч Дрожча (Дрожджа), віленскі канюшы, дзяржаўца зблянскі, з 1502 г. па 15.07.1504 г., з 1504 г. дзяржаўца лідскі; Юры Аляксандравіч Гальшанскі, намеснік вялонскі, з 12.12.1504 г.; Іван Львовіч Глінскі, ваявода кіеўскі, з 08.05.1506 г., у 1508 г. страціў усе пасады з-за здрады; Юры Іванавіч Ільініч, стараста біржанскі і лідскі, намінаваны ў 1522 г., да † 24.11.1526 г.; Юры Мікалаевіч Радзівіл, віленскі кашталян, маршалак літоўскі надворны, стараста гарадзенскі і дзяржаўца лідскі. На пасадзе з 1528 г. да † у другой палове красавіка (пасля Вялікадня) 1541 г.; Станіслаў Якубавіч Скоп, сакратар гаспадарскі, дзяржаўца медніцкі і віленскі, на пасадзе з 21.10.1542 г., з 24.07.1547 г. на пасадзе дзяржаўцы браслаўскага; Мікалай Радзвіл Руды, падчашы гаспадарскі, з 17.01.1547 г. (адначасна намінаваны на лідскага дзяржаўцу) па 17.01.1566 г., 29.02.1572 г. атрымаў Беліцу ва ўласнасць. - Гл: Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. Pod redakcją Andrzeja Rachuby. Warszawa, 2004. T. 1. S. 53-54.

[24] Любавский М. К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого литовского статута: Исторические очерки. Москва, 1892. С. 161.

[25] Там жа. С. 168.

[26] Акты, относящиеся к истории Западной России. Т. 1(6). Москва, 2012. 238-239.

[27] Любавский М. К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого литовского статута: Исторические очерки. Москва, 1892. С. 169.

[28] Любавский М. К. Литовско-русский сейм. Москва, 1900. С. 205.

[29] Narbutt Teodor. Dzieje narodu litewskiego. Dodatki. Wilno, 1839. S. 2.

[30] Пятраўскас Рымвідас. Літоўская знаць у канцы XIV-XV ст.: Склад - структура - улада. С. 244-245.

[31] Гл: Лаўрэш Леанід. Лідчына ў XIV стагоддзі // Лідскі Летапісец. 2020. № 3(91). С. 15-15.

[32] Гл: Там жа. С. 32.

[33] Шымялевіч Міхал. Збор твораў. укл. Л. Лаўрэш. Гродна, 2019. С. 22.

[34] Гайворонский Олекса. Повелители двух материков. Киев-Бахчисарай, 2007. С. 13-25.

[35] Шымялевіч Міхал. Збор твораў. С. 23.

[36] Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. Pod redakcją Andrzeja Rachuby. Warszawa, 2004.

[37] Там жа. S. 384.

[38] Пятраўскас Рымвідас. Літоўская знаць у канцы XIV-XV ст.: Склад - структура - улада. С. 318.

[39] РИБ. Т.27. С. 818-819.

[40] Дайліда Алёхна. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі. Менск, 2019. С. 178.

[41] Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. T. 1. S. 384.

[42] Дайліда Алёхна. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага. С. 206.

[43] Дайліда Алёхна. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага. С. 190.

[44] Дайліда Алёхна. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага. С. 137.

[45] Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. T. 1. S. 384.

[46] Пятраўскас Рымвідас. Літоўская знаць у канцы XIV-XV ст.: Склад - структура - улада. С. 318.

[47] Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. T. 1. S. 385.

[48] Kirkiene G. Korzenie rodu Chodkiewiczów. // Białoruskie Zeszyty Historyczne. 2002, №17. s. 55.

[49] Пятраўскас Рымвідас. Літоўская знаць у канцы XIV-XV ст.: Склад - структура - улада. С. 312.

[50] Дайліда Алёхна. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага. С. 113.

[51] Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. T. 1. S. 385.

[52] Пятраўскас Рымвідас. Літоўская знаць у канцы XIV-XV ст.: Склад - структура - улада. С. 259-261.

[53] ВКЛ. Энцыклапедыя. Т. 2. Мінск. 2007. С. 174.

[54] ПСРЛ. Т. 32. С. 161.

[55] Пятраўскас Рымвідас. Літоўская знаць у канцы XIV-XV ст.: Склад - структура - улада. С. 259-261.

[56] Korczak L. Litewska rada wielkoksiążęca w XV wieku. Kraków, 1998. S. 87.

[57] Пятраўскас Рымвідас. Літоўская знаць у канцы XIV-XV ст.: Склад - структура - улада. С. 259-261.

[58] Копец - межавы знак у выглядзе насыпу з стаўпом.

[59] Собрание государственных и частных актов, касающихся истории Литвы и соединенных с ней

владений (от 1387 до 1710 года). ч. І. Вильно, 1858. №20.

[60] Пятраўскас Рымвідас. Літоўская знаць у канцы XIV-XV ст.: Склад - структура - улада. С. 259-261.

[61] ВКЛ. Энцыклапедыя. Т. 2. С. 174.

[62] Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. T. 1. S. 385.

[63] Думін Станіслаў. Кішкі // Энцыклапедыя ВКЛ. Т. 2. Мінск, 2007. С. 101.

[64] Пятраўскас Рымвідас. Літоўская знаць у канцы XIV-XV ст.: Склад - структура - улада. С. 300-301.

[65] РИБ. Т. 27. С. 397.

[66] Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. T. 1. S. 385.

[67] РИБ. Т. 27. С. 450.

[68] Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. T. 1. S. 385.

[69] РИБ. Т. 27. С. 209.

[70] Заяц Юры. Глябовічы // Энцыклапедыя ВКЛ. Т. 1. Мінск, 2005. С. 540.

[71] Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. T. 1. S. 385.

[72] РИБ. Т. 27. С. 248.

[73] Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. T. 1. S. 385.

[74] Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. T. 1. S. 385.

[75] Рыбчонак С. Бітва на Вядрошы 1500 г.: рэальныя і міфічныя удзельнікі // Ваенныя трыумфы Вялікага Княства Літоўскага: зб. навук. арт. Мір, 2018. С. 10., 12., 17.

[76] Пятраўскас Рымвідас. Літоўская знаць у канцы XIV-XV ст.: Склад - структура - улада. С. 301.

[77] Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. T. 1. S. 385.

[78] Насевіч Вячаслаў. Іллінічы // Энцыклапедыя ВКЛ. Т. 1. Мінск, 2005. С. 666.

[79] Вольф Юзаф. Князі на абшарах Вялікага Княства Літоўскага ад канца XIV ст. // Спадчына. 1993. №2. С. 105.

[80] Насевіч Вячаслаў. Іллінічы // Энцыклапедыя ВКЛ. Т. 1. Мінск, 2005. С. 666.

[81] Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. T. 1. S. 385.

[82] Насевіч Вячаслаў. Глінскія // Энцыклапедыя ВКЛ. Т. 1. Мінск, 2005. С. 536.

[83] Вольф Юзаф. Князі на абшарах Вялікага Княства Літоўскага ад канца XIV ст. // Спадчына. 1993. №2. С. 102-103.

[84] Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. T. 1. S. 385.

[85] Там жа. S. 386.

[86] Грыцкевіч Анатоль. Радзівіл Юрый // Энцыклапедыя ВКЛ. Т. 2. С. 499.

[87] Рудзкі Э. Барбара Радзівілянка - другая жонка Жыгімонта Аўгуста // Спадчына. 1994. № 5. С. 74-75.

[88] Гл: Błaszczyk G. Radziwiłł Jerzy h. Trąby (ok. 1480-1541) // Polski Słownik Biograficzny. Wrocław - Warszawa - Kraków - Gdańsk. 1987. T. XXX/2, S. 228.

[89] Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. T. 1. S. 386.

[90] Груша Алесь. Службовы склад i структура канцылярыi Вялiкага Княства Лiтоўскага 40-х гадоў XV- першай паловы XVI ст. // METRICIANA: Даследаванні і матэрыялы Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага Т. І. Мінск, 2001. C. 11-45.

[91] Перапіс войска Вялікага княства Літоўскага 1528 года. Метрыка Вялікага княства Літоўскага. Кн. 523. Кн. Публічных спраў 1. Мінск, 2003. С. 33.

[92] Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. T. 1. S. 386.

[93] Шышыгіна-Патоцкая К. Я. Нясвіж і Радзівілы. Мінск, 2007.; Грыцкевіч Анатоль. Радзівіл Мікалай // Энцыклапедыя ВКЛ. Т. 2. С. 493.

[94] Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. T. 1. S. 386.

[95] Пазднякоў В. Абрамовічы // Энцыклапедыя ВКЛ. Мінск, 2005. Т. 1. С. 197.

[96] Шымялевіч Міхал. Збор твораў. С. 28.

[97] Пазднякоў Валеры. Абрамовічы // Энцыклапедыя ВКЛ. Мінск, 2005. Т. 1. С. 197-198.

[98] АВАК. Т. XX. Вильна, 1893. С. 119.

[99] Там жа.

[100] Там жа. С. 128.

[101] Там жа. С. 156-157.

[102] Гл: Лаўрэш Леанід. Маршалкі Лідскага павета // Лідскі Летапісец. 2020. № 2(90). С. 13-19.

[103] АВАК. Вильна, 1893. Т. XX. С. L.

[104] Там жа. С. 227.

[105] АВАК. т. XX. Вильна, 1893. С. 328, 450 521.

[106] Там жа. С. LI.

[107] Там жа. С. 433-435.

[108] Там жа. С. 537.

[109] Там жа. С. 450-460

[110] Там жа. С. CXXXVI.

[111] Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. T. 1. S. 386.

[112] Пазднякоў Валеры. Галоўчынскія, Галаўчынскія // Энцыклапедыя ВКЛ. Т. 1. С. 489.

[113] Herbarz polski Kaspra Niesieckiego. W Lipsku [Leipzig]: nakładem i drukiem Breitkopfa Haertela. T. VII. 1841. S. 364.

[114] Wolff J. Kniaziowie litewsko.ruscy od końca czternastego wieku. Warszawa, 1895. S. 116.: Вольф Юзаф. Князі на абшарах Вялікага Княства Літоўскага ад канца XIV ст. // Спадчына. 1992. №4. 107-108.

[115] Пазднякоў Валеры. Галоўчынскія, Галаўчынскія // Энцыклапедыя ВКЛ. Т. 1. С. 489.

[116] Там жа.

[117] Амелька Сяргей. Радавод лініі Крыштафа Казіміра Валовіча XVII-XVIII стст. (паводле дакументаў НГАБГ) // Валовічы ў гісторыі Вялікага княства Літоўскага XV-XVIII стст. / Цэнтр генеалагічных даследаванняў. Установа "Музей "Замкавы комплекс "Мір". Мінск, 2014. С. 188-213.

[118] Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. T. 1. S. 386.

[119] Гісторыя Сапегаў. Жыццяпісы, маёнткі, фундацыі. Укладальнік Яўстах Сапега. Мінск, 2017. С. 221-222.

[120] Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. T. 1. S. 387.

[121] Пазднякоў Валеры. Францкевічы-Радзімінскія // Энцыклапедыя ВКЛ. Т. 2. С. 705.

[122] Шымялевіч Міхал. Збор твораў. укл. Л. Лаўрэш. С. 62-63.

[123] АВАК. Т. XX. Вильна, 1893. С. CXLIV.

[124] Там жа. С. 395.

[125] Там жа. С. 284-285.

«Інвентар камяніцы пад назвай Волмінская, у Віленскім рынку, рыбнай частцы рынка, стаіць, як з рынка ісці да замка па праваму баку вуліцы. Ад панны Зузаны Балёўны Гансоўны Эгеравай 25 чэрвеня 1625 г. застаўным правам быў здадзены вяльможнай ягамосці пану Мікалаю Францкевічу-Радзмінскаму, лідскаму старасту.

З пярэдняга боку. У гэтай камяніцы драўляныя вароты на старых жалезных вушаках з драўляным запорам. Ад увахода ў камяніцу, па левай руцэ, у зямлі склеп-піўніца. Дзверы ў яе з вуліцы драўляныя з жалезам. Над піўніцай - святліца з невялікімі сенямі. У святліцы зялёная кафляная печ з комінам на вонкі, дзве лавы, адно вялікае акно падзеленае на тры часткі, драўляныя акяніцы з прабоямі, зашчапкамі і на завесах. Другое акно з вуліцы для крамы, … адкрываецца пры патрэбе … дзверы ў святліцу на завесах …

Другая святліца з зялёнай паліванай кафлянай печчу і з сенямі, у гэтай святліцы два акны са шклом, дзве лавы, дзверы ў святліцу на завесах, ганак з гэтага памяшкання ў дрэнным стане.

Па правай руцэ ад брамы, у гэтай камяніцы піўніца-склеп у зямлі, над піўніцай пакой, у якім жыве Шот Дыскуп … акно з добрымі жалезнымі акяніцамі, добра замыкаецца, другое акно са шклом … у пакоі кафляная паліваная печ, дзве лавы, дзверы ў пакой і піўніцу на завесах, унізе кухня з кухоннай печчу, … сенях камору для захоўвання рэчаў, акно ў камору закратаванае жалезнымі кратамі …

Каля пакоя Шота, пакой з кафлянай печчу і з комінам для вырабу хустаў, вокны шкляныя з акяніцамі на завесах, лавы, дзверы на завесах. З гэтага пакоя склеп … са склепу на вуліцы крама, кухня у сенях з мураваным комінам …

Дах на гэтым будынку дрэнны і стары …».

[126] Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. T. 1. S. 387.

[127] Гісторыя Сапегаў. Жыццяпісы, маёнткі, фундацыі. С. 57., 62.

[128] Пазднякоў Валеры. Нарушэвічы // Энцыклапедыя ВКЛ. Т. 2. С. 349.

[129] Rachuba Andrzej. Naruszewicz Stanisław // Polski Słownik Biograficzny. Wrocław - Warszawa - Kraków - Gdańsk. 1977. T. XXII. S. 573-574.

[130] Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. T. 1. S. 387.

[131] Пазднякоў Валеры. Нарушэвічы // Энцыклапедыя ВКЛ. Т. 2. С. 349.

[132] Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. T. 1. S. 387.

[133] Пазднякоў Валеры. Радзівіл Міхал Казімір // Энцыклапедыя ВКЛ. Т. 2. С. 496.

[134] Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. T. 1. S. 387.

[135] Пазднякоў Валеры. Радзівіл Дамінік Мікалай // Энцыклапедыя ВКЛ. Т. 2. С. 487-489.

[136] Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. T. 1. S. 388.

[137] Пазднякоў Валеры. Францкевічы-Радзімінскія // Энцыклапедыя ВКЛ. Т. 2. С. 705.

[138] Шымялевіч Міхал. Збор твораў. С. 64.

[139] Там жа. С. 63-64.

[140] Metryka Litewska. Rejestry podymnego Wielkiego Księstwa Litewskigo. Województwo wileńskie 1690 r. Warszawa, 1989. S. 234.

[141] Крестоприводная книга шляхты Великого княжества Литовского 1655 г.: Памятники истории Восточной Европы: Источники ХV-ХVІІ вв./ Сост. Е.Е.Лыкова, М.Кулецкий. Москва, 1999. Т. ІV. С. 60-61.

[142] Шымялевіч Міхал. Збор твораў. С. 63.

[143] Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. T. 1. S. 388.

[144] Пазднякоў Валеры. Радзівіл Дамінік Мікалай // Энцыклапедыя ВКЛ. Т. 2. С. 500.

[145] Rachuba Andrzej. Radziwiłł Jan Mikołaj Aleksander h. Trąby // Polski Słownik Biograficzny. Wrocław - Warszawa - Kraków - Gdańsk - Łódź. 1987. T. XXX. S. 199-202.

[146] Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. T. 1. S. 388.

[147] Pamiętniki Krzysztofa Zawiszy, wojewody mińskiego, (1666-1721. Warszawa, 1862. S. 349.

[148] Teresa Zielińska. Radziwiłłowie herbu Trąby // Radziwillowie herbu Traby. Warszawa, 1996. S. 26.

[149] Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. T. 1. S. 388.

[150] Данскіх Сяргей. Шляхта італьянскага паходжання ў Лідскім павеце ВКЛ: пытанні рэцэпцыі і асіміляцыі // Герольд Litherland № 17. 2006. С. 57-68.

[151] Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. T. 1. S. 388.

[152] Данскіх Сяргей. Шляхта італьянскага паходжання ў Лідскім павеце ВКЛ ... С. 57-68.

[153] Шымялевіч Міхал. Збор твораў. С. 101.

[154] С. 137.

[155] Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. T. 1. S. 388.

[156] Данскіх Сяргей. Шляхта італьянскага паходжання ў Лідскім павеце ВКЛ ... С. 57-68.

[157] Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. T. 1. S. 389.

[158] Данскіх Сяргей. Шляхта італьянскага паходжання ў Лідскім павеце ВКЛ ... С. 57-68.

[159] Шымялевіч Міхал. Збор твораў. С. 104.

[160] Лаўрэш Л. Л. Шэпт пажоўклых старонак. Лідчына ў люстэрку прэсы. 1900-1939 гг. Гродна, 2017. С. 109, 140, 142, 143.

[161] Лаўрэш Л. Л. Шэпт пажоўклых старонак. Лідчына ў люстэрку прэсы. 1900-1939 гг. С. 142.

[162] Лаўрэш Л. Л. Шэпт пажоўклых старонак. Лідчына ў люстэрку прэсы. 1900-1939 гг. С. 204.

[163] Лаўрэш Л. Л. Шэпт пажоўклых старонак. Лідчына ў люстэрку прэсы. 1900-1939 гг. С. 204,

[164] Лаўрэш Л. Л. Шэпт пажоўклых старонак. Лідчына ў люстэрку прэсы. 1900-1939 гг. С. 286, 370.

[165] Лаўрэш Л. Л. Шэпт пажоўклых старонак. Лідчына ў люстэрку прэсы. 1900-1939 гг. С. 309.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX