Папярэдняя старонка: Агульная інфармацыя

Нарбуты лідскія 


Дадана: 03-11-2004,
Крыніца: Энцыклапэдыя гісторыі Беларусі, т 5.-Мн., 1999, Стар. 279-280., Лідскі летапісец №3.



  1. Войцех Нарбутавіч
  2. Войцех Войцехавіч
  3. Мікалай Войцехавіч
  4. Станіслаў Мікалаевіч
  5. Юзаф
  6. Антоні
  7. Дамінік
  8. Францішак
  9. Станіслаў
  10. Войцех
  11. НАРБУТ Казімір
  12. НАРБУТ Людвік
  13. Нарбут Тэадор
  14. НАРБУТ Юстын


НАРБУТЫ, дзярж. дзеячы ВКЛ, шляхецкі род герба «Тромбы» («Трубы»).Родапачынальнік баярын Нарыбут (Нарбут) атрымаў ад вял. князя ВКЛ Жыгімонта Кейстутавіча [1432--40] маёнткі Армяны і Калтыняны ў Літве, а ад вял. князя Казіміра [1440--92] -- 7 людзей. Паводле радавой легенды, Н. Былі адгалінаваннем магнацкага роду Осцікаў, таму часам пісаліся Осцік-Нарбутамі.

НАРБУТ Казімір (3.1.1738, маёнтак Яшнец Лідскага пав.-- 17.3.1807), мысліцель-асветнік, прадстаўнік эклектычнага кірунку ў філасофіі эпохі Асветніцтва ў Беларусі і Літве. Вучыўся ў піярскай школе ў Шчучыне, потым у Любяшоўскім навіцыяце і ў піярскім калегіуме ў Дубровіцы, з 1759 у піярскім калегіуме ў Вільні, каля 4 гадоў --у піярскім вучылішчы ў Рыме. У 1764 вярнуўся на радзіму, прызначаны прафесарам і прэфектам піярскага калегіума ў Дубровіцы. Пасля жыў у Вільні, чытаў лекцыі па філасофіі, быў прэфектам піярскай друкарні. У 1769 выдаў у Вільні падручнік па логіцы («Логіка, або Навука разважання і меркавання пра прадметы навукі», на польскай мове). Аўтар курса «Эклектычнай філасофіі» і рукапісаў на лац. мове. Пераклаў з французскай мовы на польскую кнігу «Ваенная навука прускага караля для яго генералаў» (1771). У прадмове да яе выказаў сваё захапленне грамадскімі мерапрыемствамі, што ажыццяўляліся ў тагачаснай Беларусі, у прыватнасці будаўніцтвам Пінскага канала. Як член Адукацыйнай камісіі, займаўся рэформай школьнага навучання ў Беларусі і Літве. Член «Таварыства па складанні элементарных кніг», напісаў 2 раздзелы для школьнага «Статута парафіяльных школ» і настаўленне «Аб інспектаванні школ». Выступаў за вызваленне філасофіі ад схаластыкі і багаслоўя, за развіццё навукі. Крытыкаваў сістэму адукацыі ў акадэміях і калегіумах ордэна езуітаў, выступаў за свецкую сістэму адукацыі.

Літ: Дубровскнй В.В. Казимир Нарбут. Мн., 1979;

Дорошевич Э.К. Философия эпохи Просвещения в Белоруссии. Мн., 1971.


НАРБУТ Людвік Тэадоравіч [26.8.(7.9).1832, маёнтак Шаўры Лідскага пав., цяпер Воранаўскі р-н -- 22.4(4.5).1863], адзін з кіраўнікоў паўстання 1863--64 у Беларусі і Літве. Сын Т.Нарбута. У 1850 за рэв. Дзейнасць сасланы радавым на Каўказ. Пасля нарадзіме, афіцэр у адстаўцы. Дэмакрат, прыхільнік «чырвоных». У 1863 паўстанцкі ваен. начальнік Лідскага пав., адзін з першых у Беларусі сфарміраваў атрад, з якім 3 месяцы (люты-- крас.) паспяхова вёў барацьбу супраць урадавых войск. У атрадзе Н., які падтрымлівалі сяляне, былі мастак М.Андрыёлі і, магчыма, Ф.Багушэвіч. Паўстанцкія ўлады прысвоілі Людвіку НАРБУТУ званне палкоўніка. Загінуў у баі.

Літ.: Восстание в Литве и Белоруссии 1863--1864 гг.: Материалы и док. М.. 1965;

К і с я л ё ў Г. Радаводнае дрэва. Мн.. 1994;

Коwаlеwska Z. Dzіеіje роwstаnіа1іdzkiego:

Wроmnіеnіе о Ludwiku Narbucie.Wіlnо, 1934.

Генадзь Кісялёў


Нарбут Тэадор (Фёдар Яўхімавіч); 28.10 (8.11).1784, быўшы маёнтак Шаўры Лідскагапав., цяпер Воранаўскі р-н -- 14(26). 11.1864], гісторык і археолаг.Скончыў Віленскі ун-т (1803). У 1803 прыняты ў Пецярб. кадэцкі корпус. У 1804 удзельнічаў у рабоце камісіі па распрацоўцы праекта рэгуляцыі Нёмана. Удзельнік руска-пруска-французскай (1806--07) і руска-шведскай (1808--09) войнаў (капітан рус. арміі, ваенны інжынер). Аўтар праекта Бабруйскай крэпасці і ўдзельнік яе будаўніцтва. 3 1812 у адстаўцы, жыў у сваім маёнтку, даследаваў гісторыю ВКЛ. Першы на Беларусі даў вызначэнне курганам як месцам стараж. пахаванняў. Вёў раскопкі ў Падняпроўі, пазней -- на радзіме. У 1820 адкрыў ямнае пахаванне непадалёку ад в. Шаўры Лідскага пав. Апісаў руіны крэпасці на Нёмане каля в. Лыскава Гродзенскага пав. Сцвярджаў, што дрыгавічы невядомага паходжання жылі каля Кіева. Памылкова адносіў ятвягаў да скіфскіх плямён. Геральдыку Беларусі не лічыў старажытнай, бо аналагічная існавала і ў суседніх народаў. Даследаваў Лідскі замак. Збіраў і вывучаў помнікі археаграфіі. Аўтар «Гісторыі літоўскага народа» (т. 1--9, 1835--41; давёў падзеі да 1569), у 1-м томе якой змясціў табліцу сваіх знаходак. Увёў у навуковы ўжытак Хроніку Быхаўца (1846). Меў багатую калекцыю археал. матэрыялаў. Апублікаваў шэраг артыкулаў пра Ліду, Навагрудак, Індуру інш. Займаўся пытаннямі стараж. міфалогіі, этнаграфіі, фалькларыстыкі.

Тв.. 0 kurhanach: Ваdаnіе starozytnosci Lіtеwskich// Туgodnik Wіlеnski. 1818. Т. 7, № 123; Роmniki dо (dziejow litewskich... Wіlnо, 1846; Роmniejsze ріsmа historусznе: Szczegolnіе dо histоrуі Litwy оdnoszace. Wіlnо, 1856.

Літ. Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI--

XIX стст. Мн., 1984; Яго ж. Прадвесне навукі. Мн., 1990.

Генадзь Каханоўскі.



Вялікі сын Лідчыны

Яго называюць "Беларускі Карамзін" І яго ня ведаюць гэдак жа, як і Карамзіна. І гэдак жа ня чытаюць, хаця ў Карамзіна тут ёсьць перавага. Яго кнігі, прынамсі, можна знайсьці, а 10-томная "Старажытная гісторыя літоўскага народу" ў прыродзе існуе толькі на польскай ды летувіскай мовах. Дакладней дзевяць яе тамоў. Дзесяты так і ня быў выдадзены.

Так. безумоўна, гаворка ідзе пра Тэадора Матэвуша Остык Нарбута. або сучаснай тэрміналогіяй, пра Тэадора Нарбута.

Гісторыкі блытаюцца і ў даце яго нараджэння і ў месцы. Даюць па розных стылях і 28 кастрычніка. «8 лістапада, і 20 лістапада. Мы спынімся на 8 лістапада. Па нейкаму стылю ды будзе правільна.

Бацька Тэадора Яўхім працаваў на той час кіраўніком Лідзкага гарадзкога суда. А маці Ізабэла -- уладальніца маёнтка Шаўры Лідзкага павету дзе нарадзіўся Тэадор. Адны пішуць у Лідзе, іншыя -- у Шаўрах (зараз Воранаўскі раён). Але ці так ці гэдак -- тады гэта была Лідчына.

Атрымаўшы першапачатковую адукацыю дома, у Шаўрах, Тэадор Нарбут працягваў адукацыю ў Лідзе,а з 1799 па 1803 год у Віленскім універсітэце. Вучыўся архітэктуры ў вядомых архітэктараў таго часу А. ГуцовІча і Д. Шульца. 3 1803 года Тэадор Нарбут вучыцца ў Пецярбургскім кадэцкім корпусе, дзе рыхтавалі вайсковых інжынераў і атрымоўвае годнасьць кандуктара першага класа. Спецыялізацыя Нарбута -- фартыфікацыя, асновай якой на той момант зьяўляўліся цьвердзі і фартэцы.

Вайсковы шлях Тэадор Нарбут пачаў у інжынерным дэпартаменце Вайсковага міністэрства даверанай асобай пры яго дырэктару генералу Сухтлене. Але ўжо ў 1804 годзе Нарбута ўключылі ў групу гідрографа Эйтэльвейна для правядзення гідратэхнічных работ на Нёмане. Посьпехі Нарбута ў гэтай справе прынесьлі яму годнасьць падпаручніка.

Затым -- дзейнае войска. Першае раненьне Нарбут атрымаў у 1807 г. пад Астраленкай пад час штыхавой атакі. Не пасьпела зацягнуцца рана ад штыха як пад Тыльзітам падпаручніку прастрэлілі левую руку. Раненьні спрычыніліся да таго, што неўзабаве Нарбут быў выпраўлены ў Рэвель (Талін) весьці фартэцныя работы. Пасьля сканчэньня работаў ізноў дзейнае войска. Ішла расейска-шведзкая вайна 1808-1809 г.г. Моцная кантузія пад цьвердзю Аба. Пасьля кантузіі Нарбут -- у эскадры адміралаХанечкава, якая вяла змаганьне са шведамі ў Балтыйскім моры. Нарбут вызначаў найбольш прыдатныя мясьціны для разьмяшчэньня берагавых батарэй. За будаўніцтва батарэі на высьпе Руген і за праяўленую ў баях мужнасьць Т. Нарбут атрымаў ордэн сьвятой Ганны.

У 1809 г Т. Нарбуту прысвоілі годнасьць паручніка і перавялі ў распараджэньне вайсковага міністра Расейскай імперыі М. Барклая-дэ-Толі.

Расея стаяла на парозе вайны з Напалеонам. А нядаўна захопленыя землі Беларусі былі практычна не абсталяваны фартыфікацыйна. У 1810 годзе Нарбута накіроўваюць на Беларусь для выбару месца пад будаўніцтва фартэцы ў раёне МагІлёва --Рагачова -- Новага Быхава.

Нарбут выбірае раён Бабруйска, распрацоўвае праект фартэцы і даказвае на вайсковай калегіі яго перавагу. Пачалася будоўля самай моцнай ў Еўропе Бабруйскай фартэцы. Вялікая скучанасьць людзей прывяла да сполаху эпідэміі. Захварэў і Т. Нарбут. Але празь некалькі тыдняў вярнуўся ў шыхт. Да сярэдзіны 1812 года фартэца была фактычна гатовая. Т. Нарбут за сумленную службу быў узнагароджаны ордэнам УладзІміра IV ступені. ён непасрэдна адказваў за даводку аднаго з фартоў.

Пасьля завяршэньня форта Нарбута перакінулі на будоўлю другарадных, але нямалаважных аб'ектаў на тэрыторыі фартэцы. За пасьпяховае выкананьне задачаў ён атрымаў яшчэ адзін ордэн: сьвятой Ганны II ступені.

Цяжкія кліматычныя ўмовы і напружаная праца прывялі да абвастраэньня шматлікіх ранаў і асабліва кантузіі. Да 1812 года Т. Нарбут практычна перастаў чуць. Паразважаўшы і параіўшыся зь сябрамі вярнуўся ў Шаўры, дзе і пражыў усё астатняе жыцьцё.

Яшчэ падчас службы і ў сувязі са службай Тэадор Нарбут сутыкнуўся са сьведчаньнямі даўніны нашага краю. Вядучы фартыфікацыйныя вышукі і работы Нарбут натыкаўся то на скарб манетаў, то на старажытныя прылады працы, то на пахаваньне ў кургане. Вельмі хутка даўніна завалодала Тэадорам і ён пачаў мэтанакіраваныя пошукі і раскопкі. Дапамагаў яму ў правядзеньні першых самастойных археалагічных пошукаў павятовы лекар П. Генерт са Старога Быхова. Лекар расказаў Нарбуту шмат паданьняў і легендаў І паказаў кроніку ХІУ ст. у якой згадваліся раскапаныя курганы. Тады ж Нарбут пачаў зьбіраць калекцыю старажытных манет.

Вярнуўшыся ў Шаўры Нарбут з запалам пачаў вывучаць навакольныя гарадзішчы і нават знайшоў вельмі рэдкае ямнае пахаваньне з сасудамі адмысловай формы. Сьцьвярджаць, што Нарбут вёў інтэнсіўныя раскопкі ў Лідзкім павеце мы ня можам, але ня маем пакуль падстаў і адмаўляць гэта. Каля Кургана ЛІдзкага раёна ёсьць НарбутаўскІя ямы. Іх зьвязваюць са здабычай гліны для цагельні, але ніхто не забараняе глыбей унікнуць у гэтае пытаньне, бо сама назва Курган і цікавасьць Нарбута да курганоў зусім верагодна маглі натхніць яго на раскопкі і, калі ў выніку іх было знайдзена глінішча, то што ж тут дзіўнага. Нарбутаўскія ямы каля Кургана яшчэ чакаюць сваіх дасьледчыкаў. І калі дасьледваньне выведзе на нейкага іншага Нарбута, то гэта таксама будзе відавочнай знаходкай.

Практычна адначасова з археалогіяй Нарбут пачаў займацца і краязнаўствам. ён надрукаваў некалькі краяўзнаўчых артыкулаў у "Гроднескиих губернских ведомостях". Сярод іх найбольш каштоўным зьяўляецца гістарычны нарыс пра старажытную Ліду, пра якую Т Нарбут меў мноства матэрыялаў.

Дасьледуючы ЛІдзкі замак, Т. Нарбут зрабіў выснову пра магчымасьць знаходжаньня ў замкавай вежы на верхніх паверхах княжацкай залы і пакояў, а на ніжніх -- суда, архіва, вязьніцы. На яго думку ў адной зь вежаў магла разьмяшчацца царква, якая ў 1533 годзе была вынесена ў горад, шмат якія з гэтых меркаваньняў на сёньня пацьвердзіліся.

Не цураўся Нарбут і літаратуры. За адзін саркастычны верш на генерала 3. Хлапоўскага, які ў той час знайходзіўся ў Лідзе, былы штабс-капітан трапіў у лідзкую вязьніцу, але хутка быў вызвалены са спадзяваньнямі, што ў яго прападзе ахвота да такой творчасьці.

Заняткі гісторыяй вялі Нарбута да яго асноўнай працы. У Шаўрах Тэадор Нарбут прыступіў да збору матэрыялаў і напісаньня грандыёзнай працы "Старажытнай гісторыі літоўскага народу". Усе свае веды гісторыі, археалогіі, нумізматыкі, фальклёру, краязнаўства, этнаграфіі і інш. ён спалучыў у гэтым творы.

Навуковая дзейнасьць Нарбута не была перапынена паўстаньнем 1830-1831 гадоў. Мы практычна нічога дакладна ня ведаем пра ролю Нарбута ў тым паўстаньні, як ня ведалі і царскія ўлады. Яму прыпісвалі распрацоўку планаў захопу Бабруйскай фартэцы і Вільні, адліўку гармат у Шаўрах і каардынацыю дзеяньняў паўстанцаў, але не змаглі нічога даказаць. Нарбута не зачапілі рэпрэсіі, хаця лепшы сябр І.Лялявеля -- кіраўніка паўстаньня -- ня мог заставацца ў баку ад агульнанароднай справы. Відавочна ён выконваў нейкія асаблівыя функцыі і задачы, больш важныя, чым узначальваньне аднаго з паўстанцкіх аддзелаў. Гэтыя гады ў біяграфіі Нарбута чакаюць вельмі скрупулёзнага дасьледваньня.

Паўстаньне было задушана, а Тэадор Нарбут працягваў займацца гісторыяй. Першыя тамы гатовыя, але Нарбут не сьпяшаецца з публікацыяй. Яму нечага не хапае. І вось у 1834 годзе ён атрымоўвае ад Аляксандра Быхаўца з маёнтка Магілёўцы з-пад Ваўкавыска старажытны рукапіс, які называе па імені ўладальніка "Хронікай Быхаўца".

Нарбут шырока скарыстоўвае КронІку і з 1835 па 1841 год выходзяць дзевяць тамоў яго "Старажытнай гісторыі..." якія апісваюць гісторыю Беларусі і Летувы ад спрадвечных часоў да 1569 года. Посьпех яе быў каласальны, што выклікала зайздросную крытыку шматлікіх гісторыкаў. Нарбута абвінавачвалі ў правінцыялізьме і захапленьнях этымалогіяй, зь якіх вынікае. "што Русь і Літва аднаго паходжаньня"

Так мы можам пагадзіцца што нейкіх фактаў у Нарбута не хапала, што штосьці ён дадумаў і дзесьці памыліўся, але тыя тэзы за якія яго найбольш крытыкавалі, як раз і ёсць правільнымі. І калі гэта інтуіцыя, то інтуіцыя генія. Калі гэта веды, то веды вучонага. Апошнія дасьледваньні асабліва Паўла Урбана яскрава даказваюць славянскасьць летапіснай Літвы і агульнасьць яе паходжаньня і гісторыі з крывічамі ідрыговічамі. А чаго вартыя перакананьні Нарбута пра тое, што славянскія плямёны прыйшлі на Піншчыну праз Каўказ зь Індастана і аселі ў міжрэччы Морачы, Луні, ПІны, Ясельды, Прыпяці.

Нарбут сьцьвярджае гэта на падставе самабытнай палескай легенды але ён верыць гэтай легендзе і зноў не мыляецца. Сёньня толькі афіцыйная пастсавецкая гістарыяграфія яшчэ не прызнае гэтага. Вольныя ад ідэалагічных шораў гісторыкі адзін за адным прыходзяць да інда-арыйскай трактоўкі старажытнай гісторыі беларусаў.

А Нарбут працягвае працу, у тым ліку і краязнаўчую. У 1846 годзе ён выпусьціў невялікую працу "Помнікі гісторыі Літвы зь некаторымі поглядамі на гісторыю, дыпламатыю, геаграфію, археаграфію і г.д.". Ліда, ВІльня. Крэва, Наваградак, Горадня, мястэчкі Ротніца і Керымушы Гарадзенскай губерні, старажытныя гарады Шандура І Райград -- вось няпоўны пералік населеных пунктаў, на якіх спыніў позірк вучоны-краязнавец.

Але посьпех "Старажытнай гісторыі..." і крытыка яе змушаюць Нарбута ізноў вярнуцца да "Хронікі Быхаўца". У адказ на абвінавачваньні ў тым, што маўляў такога летапісу не існуе, ці Нарбут яго сам і напісаў, Тэадор Нарбут у 1846 годзе робіць справу ня менш значную чым усе дзевяць тамоў Гісторыі. Ён публікуе "Кроніку Быхаўца". Бытуе версія, што хутка пасьля публікацыі арыгінал Хронікі зьнік, што ізноў ставіць патаньне пра яе сапраўднасьць. Але дакладна вядома што Хроніка была ў Шаўрах яшчэ ў 1851 годзе. Яе бачыў акрамя Быхаўца і Нарбута выкладчык Віленскай гімназі I. Клімашэўскі. І толькі ў вопісу 1864 года пасьля сьмерці Нарбута Хроніка ўжо не значыцца. А прыбраў да рук кнігі і паперы Нарбута А. Бяссонаў, аўтар "Беларускіх песень", які пасьля паўстаньня 1863 года першы даскочыў да Шаўроў.

Дзейнасьць Нарбута абудзіла гістарычную думку Беларусі. Зьявілася цэлая пляяда гісторыкаў, этнографаў, краязнаўцаў. Галоўным дасягненьнем іх сумеснай дзейнасьці было заснаванне ў 1955 г. Віленскага музея старажытнасьцяў і Археалагічнай камісіі пры ім. Старшынёй абралі Яўстаха Тышкевіча. віца-старшынёй -- Міхаіла Балінскага, сакратаром Уладзіслава Сыракомлю. Правадзейнымі сябрамі сталі Тэадор Нарбут, I. Крашэўскі, I. Ходзька. П. Кукальнік, А. КІркор. М. Гусеў. А. Здановіч. I. Ярашэвіч, М. Гаманіцкі, пастаяннымі сябрамі музея-- К.. Тышкевіч. М. Тышкевіч, Р. Тышкевіч. Р. Тызенгаўзен, А. Сьлізень, К. Вайніловіч, А. Скірмунт, К. Незабытоўскі. Ганаровымі сябрамі абралі К. Сьнітку, А. Тышынскага, К. Цівінскага і інш. а сябрамі -- супрацоўнікамі зрабілі I. Кулакоўскага. Т. Ліпінскага, А. Завадскага, А. Адамовіча. Тэадор Нарбут быў старэйшым сярод іх. ён падараваў музею свае творы ў дзевяці тамах, рукапіс чацьвёртага тома, чарніліцу. Дарэчы, Кастравіцкі падараваў музею падзорную трубу Тадэвуша Касьцюшкі. Каталог 1858 года зроблены Адамам Кіркорам уключаў больш 10 тысяч адзінак захаваньня. Толькі каменных сякераў было 387.

Але блізіўся 1863 год. Выбухнула паўстаньне. У паўстаньне пайшлі ўсе дзеці вялікага гісторыка акрамя Алаіза-Аляксандра, паручніка грэнадзёрскага палка ў Пецрбургу. Пра іх асобны сказ. Але пасля сьмерці пад Дубічамі Людвіка Нарбута стары Тэадор здаў. ён ледзьве рухаўся. Жонку яго Хрысьціну выслалі ў Пермскую губерню, а Тэадора пакінулі ў Вільні пад пільным паліцэйскім наглядам, дзе ён і памёр 14 лістапада 1864 года. Пахавалі Тэадора Нарбута недалёка ад родных Шаўроў, побач з парафіяльным касьцёлам у Начы зараз Воранаўскі раён.

артыкул з Лідскага Летапісца №3 , Суднік С.


НАРБУТ Юстын (каля 1773--25.9.1845), гісторык. 3 роду Нарбутаў, стрыечны брат Т.Нарбута. Вучыўся ў Вілснскім ун-це. У час паўстання 1794 камандаваў палком пяхоты ў баі пад Соламі. Пасля падаўлення паўстання пастаянна жыў у Лідскім пав. ў спадчынным маёнтку, у 1820 быў членам межавога суда ў павеце. Апошнія гады жыцця прысвяціў вывучэнню гісторыі краю. У 1818 у Гродне выйшла яго праца «Нарыс каранёў літоўскага народу», у якой прыведзены звесткі пра мясц. гісторыю і міфалоіію. Невял. тыраж гэтай кнігі хутка разышоўся, і ў 1820 выйшла 2-е выданне. У Вільні надрукавана яго праца «Унутраная гісторыя літоўскага народу з часоў Яна Сабескага і Аўгуста II...» (т. 1--2, 1842, 2-е выд. 1843). Ёсць меркаванне, што яна падрыхтавана ім на заказ прадстаўнікоў роду Сапегаў, таму што амаль цалкам прысвечана зацятай барацьбе паміж: віленскім біскупам Канстанцінам Бжастоўскім і гетманам Казімірам Сапегам у 1693--1701. У рэцэнзіі на гэту кнігу ЮЛ.Крашэўскі абвінаваціў аўтара ў невыкарыстанні важных гіст. крыніц і тэндэнцыйнасці, з-за чаго вобраз Сапегі атрымаўся залішне станоўчым, а Бжастоўскага -- адмоўным.



Найб. вядомыя Нарбуты:

Войцех Нарбутавіч (?--1510?), намеснік ясвойнскі, ожскі і пераломскі ў 1501, харужы дворны ў 1501--05, маршалак гаспадарскі ў 1505--09.

Войцех Войцехавіч (?-- 1540), сын Войцеха Нарбутавіча, харужы вялікі ВКЛ у 1529--40.

Мікалай Войцехавіч (?--каля 1556), сын Войцеха Нарбутавіча, староста крэўскі з 1538 або 1539, мазырскі (атрымаў староства да 1542), маршалак гаспадарскі ў 1546--53, ваявода падляскі з 1551. Член Рады ВКЛ. Са сваіх маёнткаў у Слонімскім, Свянцянскім і інш. паветах выстаўляў у войска 1200 воінаў.

Станіслаў Мікалаевіч (?--1596), сын Мікалая Войцехавіча, староста ашмянскі ў 1589, ваявода мсціслаўскі з 1595.

Юзаф (?--пасля 1797), стольнік, пасля харужы лідскі ў 1768--94, староста мерацкі з 1773. Пасол на сеймы 1773, 1780. Сакратар Таргавіцкай канфедэрацыі. У 1793 сакратар Камісіі паліцыі ВКЛ.

Антоні (?--пасля 1798), сын Казіміра (мечніка, войскага і маршалка лідскага). Пасол на сеймы . 1764 (падпісаў элекцыю караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага) і 1778 (быў абраны ў Скарбовую камісію ВКЛ). Канюшы лідскі ў 1770--72, падчашы ў 1773--84, стольнік у 1785--94, маршалак у 1797--98.

Дамінік (?--пасля 1807?), брат Антонія. Пасол на сейм 1764, удзельнічаў у элекцыі караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Староста міжэвіцкі з 1771, чашнік лідскі ў 1770--74 і войскі ў 1775--94. У 1789 абраны дэпугатам Трыбунала ВКЛ. Пасол на сейм 1782 і Чатырохгадовы сейм 1788--92, чл. «Згуртавання сяброў урадавай уставы».Падпісаў Віленскі акг паўстання 1794, чл. Найвышэйшай ліпгоўскай рады (яе сакратар, чл. крымінальнага суда). Пасля задушэння паўстання яго расшуквалі як адказнага за смяротнае пакаранне гетмана Ш.Касакоўскага.

Францішак (2.4.1842, б. маёнтатак Шаўры, Воранаўскі р-н -- 7.10.1892), сын Тэадора, удзельнік паўстання 1863--64. Скончыў Шляхецкі ін-т у Вільні, вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. 3-за пагрозы арышту за ўдзел у тайнай маладзёжнай арг-цыі выехаў у Вільню, пасля ў эміграцыі. У лют. 1863 далучыўся да атрада М.Лангевіча, што дзейнічаў у Сандамірскім ваяв., атрымаў званне капітана (паводле інш. звестак, падпалкоўніка), потым змагаўся на Любліншчыне. Пасля паўстання жыў у Францыі, у Бельгіі атрымаў адукацыю інжынера. Працаваў на чыгунках Малдовы і Венгрыі.

Станіслаў (4.5.1853, б. маёнтак Шаўры, Воранаўскі р-н -- 11.3.1926), сын Тэадора, урач. Скончыў 1-ю віленскую класічную гімназію (1871), з 1872 вучыўся ў Баварскім ун-це ў Мюнхене дзе ў 1879 абараніў доктарскую дысертацыю, прысвечаную вывучэнню каўтуна. У 1891 скончыў Дэрпцкі (Тартускі) ун-т. 3 1904 на пасадзе ўрача Нова-Аляксандраўскага пав. Жыў у Браславе дзе на ўласныя сродкі збудаваў бальніцу. Пахаваны на Замкавай гары ў Браславе, дзе яму пастаўлены помнік.

Войцех (1762, Лідскі пав. -- 26.2.1837), сын Тадэвуша (палкоўніка пяцігорскага, лідскага падстолія з 1768, стольніка з 1778, падкаморага ў 1782--92). Вучыўся ў піярскім калегіуме ў Вільні, у 1774--76 -- у Калегіум Нобіліум у Варшаве. 3 дапамогай Чартарыйскіх каля 1775 стаў пажам караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, пасля яго пакаёвец, шамбялян (камергер), яго давераная асоба. Абраны паслом на Чатырохгадовы сейм 1788--92, чл. «Згуртавання сяброў урадавай уставы», прыхільнік Канстытуцыі 3 мая 1791. У 1809--12 маршалак Лідскага павета.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX