Папярэдняя старонка: Агульная інфармацыя

Макрэцкія лідскія 


Аўтар: Суднік Станіслаў,
Дадана: 07-06-2011,
Крыніца: Лідскі летапісец № 51.



Макрэцкія гербу Астоя[*] - адзін з найстарых шляхочых родаў Лідскага павету. Прозвішча паходзіць ад населенага пункта Макрэц (фальварак, вёска, ваколіца). Гэта не Макрэц у сённяшнім Наваградскім раёне. Мокрых месцаў і назваў ад слова мокры ў нашым краі дастаткова. Відавочна, родавым маёнткам усіх Макрэцкіх быў Макрэц Марачэўшчына пад Ражанкай, які дакументальна пацвярджаецца ва ўласнасці Макрэцкіх у 1690 годзе.

У “Крыжапрывадной кнізе Вялікага Княства Літоўскага” 1655 г., у якой пералічана шляхта, якая прысягнула маскоўскаму цару Аляксею Міхайлавічу, запісаны тры браты Макрэцкія з Лідскага павету: Сцяпан Станіслававіч Макрэцкі, Хрыстоп Станіслававіч Макрэцкі, Самойла Станіслававіч Макрэцкі. Канкрэтнае месца жыхарства не пададзена.

У перапісе лідскай шляхты 1765 года пададзены ў Ражанкаўскай парафіі высокі егамосць пан Антоні Казімір Макрэцкі - падчашы Лідскага павету, егамосць пан Габрыель Макрэцкі, егамосць пан Канстанцін Макрэцкі, егамосць пан Людвік Макрэцкі, егамосць пан Юзаф Макрэцкі, егамосць пан Ян Макрэцкі, егамосць пан Аляксандр Макрэцкі, егамосць пан Пётр Макрэцкі.

Паводле Чэслава Малеўскага Вярсока ў Калясніцкай парафіі ў 1802 г., маёнтак Дзітрыкі з вёскай Дзітрыкі - 625 дзесяцін, 53 душы мужчынскія і 48 душ жаночых - у парафіі Няцецкай у 1844-1905 гг. належалі Аляксандру Макрэцкаму, сыну Станіслава Макрэцкага і Агнешкі з Адамовічаў.

Ваколіца Чарняўка ў 1804 г., Пяскі ў 1807-1841 гг. у парафіі Навадворскай, маёнтак Дзеражэнка ў 1835 г., Макрэц Марачэўшчына (1690-1866) з вёскамі Мардасы, Філіповічы - 365 дзесяцін, 45 душ мужчынскіх, 31 душа жаночая - належалі Тамашу Макрэцкаму сыну Адальберта Макрэцкага і Аляксандры з Кратоўскіх у 1844 г. у Ражанкаўскай парафіі.

Макрэцкім належалі яшчэ ваколіца Шымкоўшчына ў 1831 г. у Забалацкай парафіі і маёнтак Дзеражна ў Жалудоцкай парафіі.

Макрэцкія былі звыклай шляхтай і таму прынялі дзейны ўдзел у паўстанні 1863 года. Макрэцкія Баляслаў, Аляксандр і Адам шляхціцы Лідскага павету - удзельнікі паўстання 1863 г. пазбаўлены па судзе правоў, маёмасць канфіскавана ў скарб.

Макрэцкі Баляслаў (к. 1835 - ?, сын Тамаша) з Макраца, за ўдзел у паўстанні асуджаны да 8 гадоў у цвердзі (турме). Прысуд: “за знаходжанне ў палітычнай арганізацыі чальцом парафіяльнага начальства ў адным з участкаў Лідскага павету, пазбаўлены ўсіх правоў і сасланы на катаргу на 8 гадоў”. Пражываў у Цывільску, прыбыў з Іркуцкай губерні. Дапамогу атрымліваў у памеры арыштанцкай дачы. З 25 ліпеня 1876 г. знаходзіўся пад наглядам. У верасні 1876 г. прызначана дапамога 6 руб. у месяц, бо атрыманыя звесткі аб дваранскім паходжанні.

Макрэцкі Аляксандр (к. 1837 - ?, сын Тамаша) з з маёнтка Макрэц, за ўдзел у паўстанні сасланы ў Сібір.

Макрэцкі Адам Фаміч (Тамашавіч, к . 1844 г. - ?) з маёнтка Макрэц. Прысуд: “за прыналежнасць да рэвалюцыйнай арганізацыі ў званні цыркульнага камісара г. Вільні пазбаўлены ўсіх правоў і сасланы на катаржныя работы ў цвердзях на 12 гадоў”. Пражываў у Цывільску. Прыбыў з Іркуцкай губерні. З 5 траўня 1875 г. знаходзіўся пад наглядам. Атрымліваў дапамогу 6 руб. у месяц.

Макрэцкі Пётр пахаваны ў Мейшаголе 10.01.1891.

У выніку ссылак і канфіскацый род ражанкаўскіх Макрэцкіх быў моцна аслаблены, калі не разгромлены.

Гаспадар Дзітрыкаў Аляксандр Станіслававіч Макрэцкі на момант паўстання быў жанаты з Камілай з Нарбутаў-Машэўскіх, меў малых дзяцей. Відавочна, асабіста ўдзелу ў паўстанні не прымаў, але быў на моцным падазрэнні з-за Аляксандра Тамашавіча. Тым не менш род дзітрыкаўскіх Макрэцкіх ацалеў і ў наступных пакаленнях вельмі плённа паслужыў Бацькаўшчыне. Аляксандр Станіслававіч Макрэцкі цікавіўся гісторыяй роднага краю, у маладосці спрабаваў сілы ў паэзіі. Захаваўся верш А. Макрэцкага на польскай мове пра знакамітыя дзве сасны ў Лідзе. Верш датаваны 1850 годам. Падаём яго ў перакладзе на беларускую мову.


Да дзвюх соснаў, якія стаяць пад Лідскім замкам

праз Аляксандра Макрэцкага

Сосны, дзве прыгажуні Лідскага замка ў нашай зямлі,

Раскажыце, чаму вы так смутна стаіце?

Раскажыце нам раскажыце пра мінулае ваша жыцце,

Што вы бачылі? Хто вас садзіў і калі?


Як прылеглі да даўніх, амшалых тых сценаў?

Чаму абнялі іх вашыя кроны,

Як каханак каханку? Так вы хвіляў мільёны

Стаіце, бы сёстры ў глухім задуменні.


Дзіўных казак сплялі тут старэйшыя людзі:

Вы - не сосны - заклятыя дзве каралеўны,

Што ў час невядомы, ды пэўны

Бразгат зброі і крыкі вас будзяць.


Што часта між ночы занімецца ззянне,

Пад ім жа дзве ў беллі прыгожыя панны,

Ды труны ля ног не падпусцяць цікаўных,

І доўжыцца тое да самага рання.


Раз нейкі смяльчак хацеў ссеч вас, спаліць,

Пырскнула кроў з-пад сякеры струменем,

Зямля задрыжала, і хлопец з трымценнем

Уцёк, каб жыццё ў той жа час не згубіць.


Можа выраслі вы з касцей нашых браці,

Каб пільнаваць тут іх светлай магілы?

І кронамі горад стары вы пакрылі,

Каб нікому-нікому яго не аддаці.


А мо алтары перад вамі стаўлялі

На гонар якога літоўскага бога

І кожнай галінцы маліліся строга,

Рэліквіі шчыра ў паклоне складалі.


Хай было там, як хоча, скажу вам па-свойму:

Столькі стагоддзяў на свет вы глядзіце,

Вы бачылі нашых прашчураў жыцце,

І бітвы на полі, і ў горадзе соймы.


Святыя часіны, як кожны з сабрацця

Нёс маёмасць сваю і жыццё на ахвяру

За вольнасць Айчыны, за светлую мару

І не баяўся, што ўсё можа страціць.


Іх слаўныя дзеі Бог дабраславіў,

Імя іх набатам грымела ў вяках,

Праймалі суседзяў павага і страх,

Як хто пра ліцвінаў казкай іх бавіў.


Святы час! Святы! Аддаў бы і жыцце

За светлай мінуўшчыны дзень...

Ды край па касцях маіх продкаў брыдзе,

І роспач буяе мятліцамі ў жыце.


Помнікі сведчаць, ды іх ужо мала,

Колькі ў крушні лягло і прапала на векі.

Як дзве сіраты без падмогі, апекі

Вы засталіся над стромаю вала.


Як міла пад вамі ў цяньку прыпыніцца,

Каб глянуць на горад, тлум рознага люду

І з пакорай прасіць Маці Божае цуду,

Каб яму наказала духам праўды з’явіцца.


Каб горад той ласкай сваёй ахінула,

Шлях асвяціла ў варожасці ночы...

Ды ўсё тут маўчыць, толькі вецер з паўночы

Глуха нам цвердзіць, што ўсё прамінула.

13 ліпеня 1850 г., м. Дзітрыкі, Лідскае староства.

(Пераклад СтаніславаСудніка.)


Гэты верш з дзяціных гадоў вазіў з сабой сын Аляксандра Макрэцкага Зыгмунт, і гэты верш усё, што засталося ад вялікай бібліятэкі ў Дзітрыках, якая згарэла ў час ваенна - рэвалюцыйнага ліхалецця.

Амелія Даравінская (Бірута, 1863-1891) каля 1888 года надрукавала паданне “Сосны ў Лідзе”, якое па сюжэту абсалютна іншае ад верша, але ўтрымоўвае галоўны агульны з вершам элемент - калі паспрабаваць ссекчы гэтыя сосны, то з іх пачынае цячы кроў, а таму, хто наважыўся гэта зрабіць, пагражаюць вялікія беды.

Верш Аляксандра Макрэцкага быў надрукаваны, дзе і калі, сказаць цяжка, відавочна - у міжваеннай Польшчы. У рэдакцыі ёсць ксеракопія старонкі 260 нейкага часопіса з гэтым вершам. І тут жа ёсць цікавае паведамленне пра ўсё тыя ж сосны: “Дзякуючы ўмяшанню генеральнага кансерватара, чальца Дзяржаўнай рады аховы прыроды, пана Ежага Рэмера, а таксама прыхільным адносінам да гэтай справы Віленскага ваяводскага ўраду і пана Лідскага старасты Багаткоўскага, Лідскае староства выдала распараджэнне магістрату горада Ліды, якое абавязвае яго да прысыпання зямлёй аголеных карэнняў дзвюх соснаў і агароджвання іх плотам.”


Аляксандр Макрэцкі з жонкай Камілай мелі васмярых дзяцей, з іх у жывых засталося сямёра: чатыры сыны: Адам (16.07.1856 - 6.04.1921), Стэфан (11.05.1862- 9.04.1932), Зыгмунт (14.05.1865 - 1936), Вінцэнт і тры дачкі.


Макрэцкі Адам Вінцэнт Фелікс (Adam Wincenty Feliks Mokrzecki) нарадзіўся 16 ліпеня 1856 года ў маёнтку Дзітрыкі Белагрудскай воласці Лідскага павету. Каталіцкага веравызнання. Адукацыю атрымаў у Пскоўскай вайсковай прагімназіі. На службу паступіў 10.06.1872. Скончыў Віленскую пяхотную юнкерскую навучальню (1877). Выпушчаны ў 101-шы Пермскі пяхотны полк. Прапаршчык (ст. 25.11. 1874). Падпаручнік (ст. 17.06.1875). Удзельнік руска-турэцкай вайны 1877-78. Паручнік (ст. 24.10. 1877). Камандаваў ротай падчас вялікіх баёў. Штабс-капітан (ст. 01.01.1885). Капітан (ст. 25.03.1889). Камандаваў ротай (10 г. 9 м.); батальёнам (14 г.). Закончыў Афіцэрскую школу стральцоў у Араніенбаўме з адзнакай “выдатна”. Падпалкоўнік (ст. 26.02. 1895). Накіраваны ў Вільню ў штаб 3-га корпуса для здачы экзамену на права прызначэння на пасаду вайсковага начальніка, які здаў з адзнакай “выдатна”. У час Расейска-японскай вайны служыў у 62-м Суздальскім пяхотным палку. У 1906 годзе атрымаў званне палкоўніка. Камандзір 40-га пях. Калыванскага палка (з 30.03.1912). Удзельнік 1-й Сусвет-най вайны. Генерал-маёр (ст. 19.08.1914). У лютым 1915 г. зноў камандзір 40-га пях. Калыванскага палка. Паранены ў баі. Узнагароджаны ордэнам Св. Георгія 4-й ст. (ВП 03.02.1915). Начальнік 91-й брыгады Дзярж. апалчэння (з 08.04.1915). У 1917 у 1-м польскім корпусе ў Беларусі. Камандаваў 2-й пях. дывізіяй (03.-05.1918). Актыўны ўдзельнік Лідскай самаабароны. Камандаваў 2-й групай самаабароны Літвы са штабам у Лідзе (да снежня 1918 г.). Камендант Вільні (31.12.1918-5.1.1919). Камендант Ваўкавыска (да сакавіка 1919 г.). Удзельнічаў у баях супраць бальшавікоў. З 03.1919 у Беларуска-Літоўскай дывізіі. Па чарзе камандзір 2-й брыгады пяхоты ў складзе Паўночна-ўсходняга фронту, затым камандзір аперацыйнай групы (да траўня 1919 г.), камандзір абароны адрэзка на рацэ Шчара ў рамках баявых дзеянняў 1-й Беларуска-Літоўскай дывізіі. З 9.05.1919 г. па 19.05.1919 г. камандзір 7-ай дывізіі пяхоты. Генерал брыгады Войска Польскага з 1 чэрвеня 1919 года. З.6.09.1919 г. па 9.11.1919 г. камандзір 8-ай дывізіі пяхоты. Узяў Слонім, Баранавічы, Нясвіж. Камандзір 1-й Беларуска - Літоўскай дывізіі да кастрычніка 1919 г. Узяў Слуцк і Клецк.

У 1920 годзе генерал Адам Макрэцкі падчас адступлення польскіх войскаў перад наступам бальшавікоў з малым аддзелам і некалькімі танкамі некалькі гадзін вёў упарты бой па абароне Гародні. Толькі па просьбе сваіх афіцэраў згадзіўся пакінуць Гародню і адступіць да Саколкі.

Пасля вайны камандуючы Генеральнай акругі “Гародня” (да жніўня 1920 г.). Пра тое якім аўтарытэтам карыстаўся генерал Макрэцкі ў Гародні падчас яго кіраўніцтва Генеральнай акругай “Гародня”, сведчыць тэлеграма прэзідэнта Гародні Лістоўскага да начальніка дзяржавы Юзафа Пілсудскага ад 20.04.1920 г.:

“Варшава. Начальніку дзяржавы. Бельведэр.

Мясцовая грамадскасць, занепакоеная пагалоскамі аб пераводзе на новае месца службы генерала Макрэцкага і яго намесніка, звяртаецца з наймацнейшай і найгарачэйшай просьбай аб пакіданні на месцы абодвух камандзіраў. Ад моманту іх прыезду ў Гародню, дзякуючы іхняму нязвыкламу такту, добраму веданню тэрыторыі і складаных міжнацыянальных стасункаў, быў устаноўлены такі пажаданы кантакт войска з грамадскасцю, і запанаваў узорны лад і парадак у горадзе і акрузе.

Толькі такая паважная нагода паклікала нас да гэтага звароту ад імя польскіх арганізацый.”

Акрамя подпісу пад гэтай тэлеграмай да Юзафа Пілсудскага прэзідэнта Лістоўскага стаяць яшчэ подпісы старшыні і віцастаршыні Рады Гарадзенскага павету.

З 1 красавіка 1921 года на пенсіі. Пасяліўся ў Гародні, хаця пасля смерці бацькі - Аляксандра Макрэцкага - яму перайшоў маёнтак Дзітрыкі. Незадоўга да смерці генерал Адам Макрэцкі быў абраны бурмістрам Ліды, але не паспеў заступіць на пасаду. Памёр 6 красавіка 1921 года. Пахаваны ў Гародні побач з магілай Элізы Ажэшкі. Высілкамі ўнука Леха Макрэцкага і польскіх арганізацый Гародні і Ліды ў 2001 годзе на магіле генерала адноўлены помнік.

Узнагароды: ордэн Св. Ганны 4-й ст. (1878), 3-й ст., 2-й ст. (1895); Св. Станіслава 4-й ст., 3-й ст., 2-й ст. (1893); Св. Уладзіміра 4-й ст. і 3-й (1912) ст; Св. Георгія 4-й ст. (03.02.1915); Крыж Валечных.

Быў жанаты з Геленай з дому Ардылоўскіх. Меў дачку Камілу Эмілію і сына Юстына.

Крыніцы:

1. “Военный орден святого великомученика и победоносца Георгия. Биобиблиографический справочник” РГВИА, М., 2004.

2. Список старшим войсковым начальникам, начальникам штабов: округов, корпусов и дивизий и командирам отдельных строевых частей. С.-Петербург. Военная Типография. 1913.

3. Фото из журнала “Огонек” 1915. Предоставил Илья Мухин (Москва)

4. Список полковникам по старшинству. Составлен по 01.03.1914. С-Петербург, 1914

5. Список генералам по старшинству. Составлен по 10.07.1916. Петроград, 1916

6. Tadeusz Kryska-Karski, Stanislaw Zurakowski: Generalowie Polski Niepodleglej. Warszawa: Editions Spotkania, 1991.

7. Henryk P. Kosk: Generalicja polska. T. 2: M–Z. Pruszkуw: Oficyna Wydawnicza “Ajaks”, 2001.


Макрэцкі Стэфан Адам нарадзіўся 11 траўня 1862 года ў маёнтку Дзітрыкі Белагрудскайй воласці. Скончыў корпус кадэтаў у Пскове. У канцы 1878 г. дабраахвотнікам уступіў у корпус тапографаў рускай арміі. Вучыўся ў школе юнкераў у Рызе (1880-81). Пасля яе заканчэння з прысваеннем звання прапаршчыка адкамандзіраваны ў 101-шы Пермскі полк пяхоты. Ад падпаручніка (1884) падымаецца да капітана (1903) і падпалкоўніка (1905). У Пермскім палку служыў да восені 1907 г. на розных камандных і штабных пасадах. Увосень 1907 г. пераведзены ў Пецярбург у Камітэт навучання і выхавання пры Вайсковым Міністэрстве. У 1911 г. у званні палкоўніка прызначаны ў 171-шыКобрынскі пяхотны полк у якасці старэйшага афіцэра штаба, затым прызначаеццавыканаўцам абавязкаў камандзіра палка. У жніўні 1914 г. прызначаны камандзірам гэтага палка. У 1-ю Сусветную вайну камандаваў Кобрынскім пяхотным палком на фронце ва Ўсходняй Прусіі. Быў цяжка паранены і ў верасні 1914 г. патрапіў у палон. Як інвалід вайны ў выніку абмену ў лістападзе 1915 г. вярнуўся ў Расію. Год лячыўся. У сакавіку 1917 г. быў прызначаны генералам для адмысловых даручэнняў пры камандзіры “Асобай” арміі. У красавіку 1917 г быў адным з арганізатараў Саюза Вайскоўцаў Палякаў Менскага аддзела, з якога потым паўстаў СВП Заходняга фронту. З ліпеня 1917 г. камандзір 51 рэзервовай брыгады пры “Асобай” арміі. 21 лістапада 1917 г. атрымаў званне генерал-маёра.

Пасля дэмабілізацыі з расійскага войска ў сакавіку 1918 г. уступіў у II Польскі Корпус на Ўкраіне. З траўня да снежня 1918 г. быў камандзірам Палтаўскай брыгады ўкраінскага войска гетмана Паўла Скарападскага. Падчас баёў гетмана Скарападскага з атаманам Сямёнам Пятлюрам патрапіў у Адэсу, дзе ў сакавіку 1919 г. праз Польскую Ваенную місію на Ўсходзе ўступіў у Польскае Войска. У жніўні 1919 г. прызначаны камандзірам 8 пяхотнай дывізіі. Па меркаванні камандзіра Беларуска-Літоўскага фронту генерала Станіслава Шаптыцкага, падчас кастрычніцкіх баёў не праявіў сябе энергічным камандзірам, а “аддзелы 8-ай пяхотнай дывізіі былі амаль некіраванымі”. З снежня 1919 г. да красавіка 1920 г. быў камандуючым Акругі Этапаў у Менску Літоўскам, затым намеснікам камандуючага Генеральнай Акругі Памор’е і камандуючым Акругі.

Падчас летніх баёў 1920 г. прызначаны камандуючым абароны Віслы на адрэзку ад Торуня да Тчэва з падначаленнем яму ўмацаваных цвердзяў у Хелме і Грудзянцы. У верасні прызначаны камандзірам цвердзі Гародня. У лістападзе генерал Жалігоўскі прызначыў яго камандзірам 1-га корпуса Войскаў Сярэдняй Літвы. Кіраваў баямі на літоўскім фронце да перамір’я. Камандаваў корпусам да 12 снежня 1920 г. Затым быў генералам для даручэнняў пры камандуючым Войскаў Сярэдняй Літвы, дэкрэтам ад 16 студзеня быў прызначаны Жалігоўскім памочнікам старшыні Часовай Урадавай Камісіі Сярэдняй Літвы. 21.11.1921 г. Макрэцкі стаў віца-старшынём Часовай Урадавай Камісіі Сярэдняй Літвы. 1 траўня 1922 г. выйшаў на адпачынак, у той жа дзень быў прызваны да далейшай службы на адзін год у рангу генерала дывізіі, працягваў займаць пасаду віца-старшыні ЧУКСЛ да пераўтварэння Сярэдняй Літвы 18 траўня 1922 г. у Віленскае ваяводства Рэчы Паспалітай.

31 кастрычніка 1925 г. канчаткова выйшаў на пенсію і пасяліўся ў маёнтку Вінкаўцы, які належаў яму з 1903 па бабулі, відвочна, Нарбут-Машэўскай. З вінкаўскіх камянёў збудаваны плот лідскіх каталіцкіх могілак. Жыў таксама ў Вільні, даглядаючы хворага сына. Быў Старшынём Таварыства Афіцэраў якія выйшлі ў адстаўку. Пахаваны на бернардынскіх могілках у Вільні.

Меў шматлікія ўзнагароды: Крыж Ордэна Святой Ганны і Святога Станіслава 2-й і 3-й ступені, Святога Ўладзіміра 4-й ступені і Залаты Ордэн Святога Георгія, Крыж “Валечным” (1922), Камандорскі Крыж ордэна “Палонія Рэстытута” (1923).

Быў жанаты на Іяанне Зэльман (?-1930). Меў трох сыноў: Браніслава 1890 г.н., Юрыя 1896 г.н., Стэфана 1900 г.н. і дачка Раману 1905 г.н.

Крыніцы :

1. Polski Slownik Biograficzny. Tom XXI. 1976. S. 609-610.

2. Henryk Piotr Kosk. Generalicja Polska. Popularny slownik biograficzny. 2001. S. 40.


Макрэцкі Зыгмунт Анастазы (Zygmunt Anastazy Mokrzecki) нарадзіўся 2 траўня 1865 года ў маёнтку Дзітрыкі Белагрудскай воласці Лідскага павету. Выхоўваўся ў бабкі ў маёнтку Вінкаўцы пад Лідай. Вучыўся ў павятовай школе ў Лідзе (1874 - 76) і ў рэальнай школе (гімназіі) ў Вільні (1879 - 84). Падчас навучання прымаў удзел у дзейнасці таемных незалежніцкіх саюзаў. Пачынаючы ад чацвёртага класа працаваў у першых шэрагага польскага асветнага руху на тэрыторыі гімназіі і да яе заканчэння з'яўляўся бібліятэкарам таемнай польскай бібліятэкі.

Пасля заканчэння гімназіі паступае ў Лясны інстытут у Пецярбурзе (1884-90), дзе становіцца вучнем выбітнага расейскага заолага і энтамолага М. Халадкоўскага. Пасля заканчэння інстытута атрымаў дыплом лесніка другой ступені. У студзені 1890 - 92 гг. у чыне памочніка ляснічага працаваў у Управе дзяржаўных маёмасцяў у Харкаве, спецыялізаваўся адначасова па спецыяльнасці энтамалогіі і заалогіі ў Харкаўскім універсітэце пад кіраўніцтвам прафесараў А. Брандта і В. Рэйнхарта. З пачатку 1892 г. быў лясным таксатарам у ваколіцах Екацярынаслава, а ў канцы гэтага ж года - таксатар дзяржаўных лясоў у Сімферопалі. У тым жа 1892 годзе пачынае навуковую дзейнасць, публікуе першую сваю энтамалагічную працу, у якой упершыню ў Расіі звяртае ўвагу на значэнне натуральных ворагаў (паразітаў) шкодных насякомых. Утвораная ў 1893 годзе пры Таўрычскім губернскім земстве першая ў Расіі пасада губернскага нтамолага прапанавана Макрэцкаму па хадайніцтву Харкаўскага ўніверсітэта. На наступныя 28 гадоў застаўся ў Крыме, праводзячы там дзейнасць навуковую, папулярызатарскую і арганізацыйную у вобласці аховы раслін, і ў першую чаргу ў вобласці дастасоўнай энтамалогіі. Галоўны губернскі энтамолаг Таўрычскай губерні (1893-1917). Да 1897 года працаваў як чыноўнік земства, у студзені 1897 - 1912 гг. падпарадкоўваўся Дэпартаменту земляробства як інспектар (1897 - 1901) і як старшы спецыяліст (1901 - 12). У работах па ахове раслін Макрэцкі абапіраўся на новыя, не вядомыя на той час у Расіі біялагічныя метады і значна шырэйшае, комплекснае прымяненне хімічных сродкаў. На тым полі дзейнасці дасягнуў дасканалых вынікаў. Паводле вядомага амерыканскага энтамолага Л.О. Говарда (Вашынгтон), аднаго са стваральнікаў агульнай прыкладной энтамалогіі, Крым у вобласці аховы раслін на пачатку ХХ ст. займаў найперадавыя пазіцыі ў сусветны маштабе, і перш за ўсё ў галіне аховы садоў і вінаграднікаў. “Крым, - пісаў Л.О. Говард, - ёсць, напэўна адным з першых краёў Еўропы, дзе, дзякуючы дзейнасці Макрэцкага ўраджаі садоў знайходзяцца ў такім добрым стане, у якім цяжка іх знайсці ў найлепшых месцах Злучаных Штатаў.” У дакладзе на міжнародным кангрэсе заолагаў ён адзначыў, што “у Крыме З.А.Макрэцкім зроблена шмат каштоўных даследаванняў па сельскагаспадарчай энтамалогіі і апублікавана шмат каштоўных прац”.

На тэрыторыі Паўднёвай Расіі на пачатку ХХ стагоддзя паўстала многа станцый аховы раслін і амаль усе бралі за ўзор лабараторыю, якой кіраваў Макрэцкі. Перад заснаваннем Варшаўскім таварыствам садаводаў першай у Польшчы станцыі аховы раслін да Макрэцкага быў дэлегаваны Казімір Кульвець для знаёмства з метадамі працы, якія прымяняліся ў Крыме.

Побач з асноўным заняткам - прыкладной энтамалогіяй - Макрэцкі развязваў задачы з вобласці фітапаталогіі і працаваў над метадамі прымянення хімічных сродкаў. За працы “Луговой мотылёк (Phlyctaenodes sticticalis L.) его жизнь и меры борьбы с ним” (“Труды Бюро по энтомологии”, Т.3; 1902, №6), “Яблоневая моль (Hyponomeuta malinella Zell.) её жизнь и меры борьбы с нею” (Сімферопаль, 1907) атрымаў узнагароду Музея прыкладных навук у Маскве. Апісаў шэраг невядомых і малавядомых шкоднікаў, у т.л. “Стебелёвая сойка или хлебный мотылёк (Topinosta muskulosa Hb)” (Сімферопаль, 1896), “Sur une nouvelle espece d’Aphidien trouvee en Crimee sur les racines de la vigne” (“Horae Societatis Entomologicae Rossicae”, Т. 30; 1897). Апублікаваў акрамя іншага манаграфіі: “Яблочная плодожорка (Carpocapsa pomonella L.)” (Сімферопаль, 1902), “Филлоксера, её жизнь по новым исследованиям, мера борьбы с ней и способы дезинфекции посадочного материала” (Сімферопаль, 1915). Некаторыя яго публікацыі датычылі хваробаў раслін, барацьбы з іншымі, акрамя насякомых шкоднікамі раслін, барацьбы з пустазеллем, аховы ад марозу, метадаў прымянення хімічных сродкаў і ветэрынарнай паразіталогіі. Да 1918 года апублікаваў больш за 200 прац і артыкулаў, у т.л. у часопісах: “Журнал прикладной энтомологии”, “Revue Russe d’Entomologie”, “Лесной журнал”, “Плодоводтво”, “Записки Императорского общества сельского хозяйства Южной России”, “Труды Русского энтомологического общества”, “Промышленное садоводство и огородничество”, “Zeitschrift fur Pflanzenkrankheiten”, “Zeitschrift fur wussenschaftliche Insektbiologie”, “Allgemeine Zeitschrift fur Entomologie”. Прачытаў сотні дакладаў, апрацаваў моства запісак і справаздач пра дзейнасць у рэгіёне, а яго “Энтомологический календарь для садоводов” быў у студзені 1900 - 13 гг. перавыдадзены ў Сімферопалі чатыры разы. Найвялікшы розгалас атрымалі яго працы па унутранай тэрапіі раслін, якія грунтаваліся на іх пазакранёвым сілкаванні. Першы раз дакладваў вынікі даследванняў на гэтую тэму ў 1893 г. на сходзе Батанічнай секцыі царскага з’езду Таварыства прыродазнаўцаў у Пецярбургу, а апублікаваў пад назвай “О новом методе лечения и питания деревьев” (Протоколы с заседаний Петербургского общества естествоиспытателей, Пет. 1903), “Uber die innere Therapie der Pflanzen” (Zeitschrift fur Pflanzen-krankheiten”, Bd. 13; 1903, H. 6.). Пісаў на гэтую тэму і ў наступныя гады, а даследванні паўтарыў у Польшчы ў 1926 годзе.

Зыгмунт Макрэцкі вывучаў таксама флору і фаўну Крыма, праводзіў феналагічныя даследванні, збіраў прыродныя экспанаты і ў 1899 годзе ўтварыў у Сімферопалі Прыродазнаўчы гістарычны музей (Естественно-исторический музей, зараз Цэнтральны рэспубліканскі музей Таўрыды), які быў таксама навукова-даследчай лабараторыяй.

Спачатку ён уяўляў сабой энтамолагічны кабінет вучонага З. Макрэцкага, затым пачаў хутка папаўняцца матэрыяламі па геалогіі, батаніцы і заалогіі.

“… Дом 17 па вуліцы Карла Маркса цікавы з гістарычнага пункту погляду. Практычна ён складаецца з трох карпусоў, пабудаваных у розны час. У першым (кутнім) корпусе, пабудаваным у першай палове XIX ст., мабыць, знахадзіўся Дваранскі сход (да пабудовы адмысловага будынка), іншыя карпусы прызначаліся для губернскай земскай управы і музеяў пры ёй. Краязнаўчаа-гістарычны музей быў адчынены тут 12 снежня 1899 г. і быў адзіным на поўдні краіны музеем, у якім спалучаліся навукова-даследчая, асветніцкая і практычная праца.”

“…Пасля набажэнства і асвячэння новага будынка загадчык музея, губернскі энтамолаг З.А. Макрэцкі выступіў перад сабранымі з прамовай аб значэнні Прыродазнаўча-гістарычнага музея для Крыма. Старшыня Сімферопальскага аддзела імператарскага Расійскага таварыства садоўніцтва П.Ф. Раф падзякаваў З.А. Макрэцкаму за аказаную дапамогу садоўніцтву ў барацьбе са шкоднымі насякомымі і навочны паказ метадаў барацьбы ў экспазіцыі музея. Вітальны адрас ад Навуковай архіўнай камісіі зачытаў выкладчык Сімферопальскай мужчынскай гімназіі А.І. Маркевіч. Гарадскі галава Сімферопаля, старшыня навуковай архіўнай камісіі А.Н. Ільін выказаў надзею, што музей ажывіць горад і прыцягне ўвагу турыстаў, бо ён можа супернічаць не толькі з музеямі губернскіх гарадоў, але “па сваёй вытрыманасці, дэманстратыўнасці і вытанчанасці экспазіцыі не саступае замежным музеям”. Напрыканцы А.Н. Ільін выказаў пажаданне, каб “абедзве ўстановы - Музей старажытнасцяў (заснаваны ў 1887 г.) і Прыродазнаўча-гістарычны, узніклы па задуме А.Х. Стэвена, і якія знайшлі падтрымку Таўрычаскага земства, ішлі рука аб руку, працуючы на карысць краю”.

Земскі музей быў адчынены для наведвальнікаў па нядзельных днях з 12 да 14 гадзін, у будныя дні з 9 да 15 гадзін бясплатна. У 1900 г. у музеі тры працаўнікі: Макрэцкі, захавальнік С.А. Зярноў і прэпаратар К.А. Астэрман.

Музей хутка заваяваў папулярнасць сярод насельніцтва. Выкладчыкі школ праводзілі тут урокі па “натуральнай гісторыі”. Для прыцягнення наведвальнікаў і правядзення навукова-даследчых прац у музеі быў створаны прэснаводны акварыюм (у 1902 г.) і тэрарыюм (у 1903 г.), дзе знаходзіліся яшчаркі, чарапахі, некалькі разнавіднасцяў вужоў. У 1911 г. музей набыў інсектарый. Ён быў усталяваны проста ў акне, за немагчымасцю ўстроіць яго ў двары. Ён выглядаў вельмі сціпла, але даваў магчымасць “выхоўваць” насякомых ва ўмовах блізкіх да натуральных. У 1900 годзе музей наведала 7000 чалавек, а ў 1913 г. больш за 30000 чалавек. Музей быў папулярны не толькі ў сімфяропвальцаў. Яго ахвотна наведвалі жыхары Таўрычаскай губерні, турысты, студэнты, вайскоўцы, айчынныя і замежныя навукоўцы, якія выкарыстоўвалі матэрыялы музея для сваіх прац (напрыклад, заолаг А.А. Браўнер пры стварэнні манаграфіі “Кажаны Крыма”), навуковыя пошукі скарыстоўваліся - і вельмі паспяхова - у сельскай гаспадарцы (барацьба са шкоднікамі), былі арганізаваныя курсы па прыкладнай энтамалогіі. Да 1913 г. у музеі існавалі аддзелы: заалагічны, батанічны, глебавы, палеанталогіі, геалогіі і мінералогіі, гідрагеалагічны, сельскагаспадарчы.

За час сваёй дзейнасці музей сабраў да 4 тысяч экспанатаў, якія характарызавалі флору і фаўну Таўрычаскай губерні. За 13 гадоў (1901-1913 гг.) яго наведала амаль 250 тыс. чалавек. Музей выдаваў перыядычны навуковы зборнік “Працы прыродазнаўча-гістарычнага музея Таўрычаскага губернскага земства”.

Многія земствы, падтрымліваючы новаўвядзенне, былі зацікаўленыя ў стварэнні прыродазнаўча-гістарычных музеяў і прысылалі супрацоўнікаў для азнаямлення з яго арганізацыяй.

Музей па меры магчымасці аказваў дапамогу па розных пытаннях не толькі жыхарам Таўрычаўскай губерні. З 637 запытаў, якія паступілі ў музей у 1902 г., 111 былі з 17 губерняў пераважна паўднёвай і сярэдняй Расіі.

Калекцыя музея значна папаўнялася за кошт ахвяраванняў ад насельніцтва. У 1900 г. спадчыннікі гідрагеолага Таўрычскага земства прафесара Н.А. Галаўкінскага перадалі ў музей 907 тамоў навуковай літаратуры. П.А. Двойчанка перадаў 160 акамянеласцяў з розных раёнаў Крыма. Заалагічны аддзел папоўніўся калекцыяй насякомых (каля 300 адзінак) А.П. Бажэнава; Р. і Ф. Любякі перадалі ў музей 78 птушыных яйкаў, сабраных у наваколлях Сімферопаля. Калекцыю жукоў (53 скрыні з шафай для іх) падарыў музею А.Ф. Ратоўскі, ён жа перадаў у 1905 годзе калекцыю крымскіх мінералаў (каля 200 скрынь). 52 мінералы падарыў музею студэнт Маскоўскага ўніверсітэта, пасля вучоны з сусветным імем А.Е. Ферсман. У 1906 годзе Б.П. Кузьменка аддаў музею свае дзесяцігадовыя зборы птушак і сысуноў Таўрычаскай губерні (200 чучалаў птушак, 95 скурак, больш за 150 яйкаў), 10 чучалаў сысуноў і калекцыю ракавін марскіх і прэснаводных малюскаў (118 ракавіна). У асобныя гады прыкладна 1/5 усіх новых паступленняў у музей складалі ахвяраванні.

Аднак асноўнае папаўненне калекцыі забяспечвалі нешматлікія супрацоўнікі музея. Штогод супрацоўнікі музея здзяйснялі шматлікія экспедыцыі па Крыме, чым забяспечвалі хуткі рост калекцый. У выніку ў 1909 годзе музей займаў ужо 12 пакояў ніжняга паверху губернскай управы.

Штогод прыродазнаўча-гістарычны музей аказваў пасільную дапамогу ў камплектаванні калекцый новаствараным музеям, айчынным і замежным навуковым установам. У тым ліку ўніверсітэту Стэнфорда ў Каліфорніі, Мелітопальскай павятовай земскай управе для мясцовага музея, Рухомаму музею ў Пецярбурзе, заалагічнаму музею Імператарскай Акадэміі навук.

Аднак найлепшыя мажлівасці правядзення доследных работ Макрэцкі атрымаў у 1913 годзе, калі арганізаваў у Салгірцы каля Сімферопаля Памалагічную станцыю, а ў яе рамках многа розных падраздзелаў у т.л. акліматызацыйны сад, школа садоўніцтва...

З першых гадоў існавання станцыі даследчая дзейнасць яе была накіраваная на рашэнне найважных практычных і тэарэтычных задач у садоўніцтве: селекцыя гатункаў і падвоеў, пытанні агратэхнікі садоўніцтва з улікам рэгіянальных умоў, барацьба з шкоднікамі і хваробамі, спосабы захоўвання і перапрацоўкі пладовай і ягаднай прадукцыі.

За гэтыя гады на станцыі паспяхова вырашаліся актуальныя пытанні ў вобласці садоўніцтва, назапашваўся матэрыял, ствараўся трывалы тэарэтычны падмурак культуры Крымскага садоўніцтва.

Першы на тэрыторыі Еўропы прымяняе амерыканскія кірункі працы ў вобласці дастасоўнай энтамалогіі. Падымаў культуру раслінаводства, рэалізоўваш вялікую праграму санацыі садоў, укараняў методыку апрысквання пладовых дрэваў, аснованую на дакладным веданні жыцця шкоднікаў.

У 1910 годзе Зыгмунт Макрэцкі быў адным з арганізатараў і першым старшынём Крымскага таварыства прыродазнаўцаў аматараў прыроды, а таксама рэдактарам органаў Таварыства “Бюллетеней”.

З яго ініцыятывы былі заснаваныя энтамалагічныя таварыствы ў Херсоне і Кіеве.

У гады 1-й Сусветнай вайны быў старшынём Саюза навуковых устаноў і таварыстваў у Крыме. У 1917 г. разам з прафесарам батанікі Кузняцовым арганізаваў Таўрычскую Навуковую асацыяцыю, у якую ўваходзілі 50 навуковых інстытутаў і кіраваў ёю да 1920 г.

У 1916 годзе падчас стварэння Таўрычскага ўніверсітэта ў Сімферопалі стаў дацэнтам і прыклаў значныя намаганні для заснавання ў ім Земляробчага факультэта. Ад 1918 года З. Макрэцкі - прафесар энтамалогіі на Земляробчым факультэце ўніверсітэта . Гэты ўніверсітэт надаў яму ступень доктара філасофіі honoris cause. Тут трэба адзначыць што ў Сімферопальскім універсітэце сабраліся найлепшыя навуковыя сілы з самых розных канцоў Расіі, якія папрыязджалі ў Крым пасля бальшавіцкай рэвалюцыі.

На працягу ўсяго перыяду знаходжання ў Крыме Зыгмун Макрэцкі падтрымліваў стасункі з польскай навукай, найперш з Музеем імя Дзедушыцкіх у Львове. Перапісваўся з Бенедыктам Дыбоўскім, займаўся шкоднікамі садоў Віленшчыны, быў сябрам (ад 1894) Таварыства прыродазнаўцаў імя Каперніка і Польскага краязнаўчага таварыства.

Быў жанаты з расейкай. Паводле польскіх крыніц, развёўся ў 1919 годзе. Ад гэтага шлюбу меў сына Віктара (н. 1893) і дачку Марыю (н. 1897).

У 1920 г., калі Чырвоная Армія ўварвалася ў Крым. З. Макрэцкі разам з дачкой, як і тысячы іншых людзей, уцёк з Крыма праз Севастопаль у Канстанцінопаль. Яго жонка і сын, верагодна, паплылі на іншым караблі. Больш вучоны ніколі не сустракаў іх. Адтуль З. Макрэцкі і яго дачка дабраліся да Белграда, дзе некаторы час ён выкладаў у мясцовай навучальнай установе, але заставацца ў Югаславіі не захацеў, адхіліў і прапанову Злучаных Штатаў Амерыкі і ўсё ў тым жа 1920 годзе заняў пасаду інспектара аховы раслін у Сафіі. Ад пачатку 1921 г. энтамолаг і інспектар аховы лясоў у Сафіі. У Балгарыі займаўся навуковай распрацоўкай спосабаў знішчэння шкоднікаў руж і тытуню, а таксама займаўся шкоднікамі земляпладоў падчас іх захоўвання.

У канцы 1921 года яму паступіла прапанова заняцца навуковай працай у Польшчы. Пасля прыезду ў Польшчу 1 студзеня 1922 года быў прызначаны прафесарам надзвычайным, а з 1 красавіка 1922 года прафесарам звычайным і кіраўніком кафедры і інстытута энтамалогіі і аховы лесу ў Галоўнай сельскагаспадарчай школе ў Варшаве. Інстытут арганізаваў з нуля і ўтварыў пры ім у Скярневічах Заалагічналясны музей. Кіраваў гэтымі ўстановамі да 1935 года, калі пайшоў на адпачынак. У тым самым годзе рада Ляснога факультэта надала яму тытул ганаровага прафесара.

Работы Макрэцкага ў Польшчы былі сканцэнтраваны галоўным чынам на праблемах аховы лесу, а таксама аховы тытуню ад шкоднікаў. Распачаў іх практычнай дзейнасцю па барацьбе супраць “выбуху” папуляцыі караедаў у Белавежскай пушчы і Татрах. Доследныя вынікі тых акцый перадаў пазней у некалькіх публікацыях. З’яўленне найабшырнай манаграфіі “Сасновы крывапійца (Panolis flammea Schriff)” (W, 1928) звязанай з масавым праяўленнем гэтага шкодніка ў паўночна-заходніх раёнах Польшчы ў студзені 1922-27 гг. Пісаў таксама пра значэнне аховы раслін і арганізацыі аховы лесу, а рэферат на тэму міжнароднага ўзаемадзеяння ў гэтай вобласці прачытаў на Міжнародным лясным кангрэсе ў Рыме (1926). На ХІІ Міжнародным земляробчым кангрэсе ў Варшаве прадставіў праект арганізацыі аховы раслін ад хвароб і шкоднікаў (1925). Некалькі прац прысвяціў ахове тытуню і распрацаваў “Ключ да вызначэння хвароб і шкоднікаў тытуню, якія праяўляюцца ў Польшчы” (W, 1934). Быў у Польшчы ініцыятарам прымянення самалётаў для барацьбы са шкоднікамі раслін, а ў першую чаргу са шкоднікамі лясоў. Да ранейшых навуковых публікацый дадаў у Польшчы яшчэ каля 50, найперш у часопісах “Польскі лес” (“Las Polski”), “Польскі энтамалагічны часопіс” (Polskie Pismo Entomologiczne”), “Хваробы і шкоднікі раслін” (“Choroby i Szkodniki Roslin”), “Агляд вырошчвання тытуню” (Preglad Uprawy Tytoniu”). Быў у гэты час сябрам Варшаўскага навуковага таварыства, ганаровым сябрам Таварыства сяброў навук у Вільні, заснавальнікам, пажыццёвым старшынём і ганаровым сябрам Польскага энтамалагічнага саюза, старшынём Секцыі дастасоўнай (прыкладной) энтамалогіі гэтага саюза, ганаровым старшынём Фітаэнтамалагічнай секцыі (Секцыі аховы раслін) Саюза сельскагаспадарчых эксперыментальных прадпрыемстваў, віца-старшынём Польскага анатамічна-заалагічнага таварыства, віца-старшынём Польскага ляснога таварыства, ганаровым сябрам Віленскага памалагічнага таварыства, членам-карэспандэнтам Чэхаславацкай земляробчай акадэміі ў Празе, ганаровым сябрам Амерыканскага таварыства дастасоўных энтамолагаў (American Association of Economic Entomologists) і многіх іншых навуковых таварыстваў. Пацверджаннем прызнання яго заслуг з’яўляецца тое, што многія польскія і замежныя заолагі назвалі яго іменем новаадкрытыя віды насякомых.

10 снежня 1927 года ў Варшаве было ўрачыста адзначана 35-годдзе навуковай дзейнасці Зыгмунта Макрэцкага.

Памёр 3 сакавіка 1936 года ў Варшаве. 5 сакавіка быў пахаваны на Павонзкаўскіх могілках пры шматлікім удзеле прадстаўнікоў польскага навуковага свету, земляробства, акадэмічнай моладзі і сваякоў, сяброў і найбліжэйшых супрацоўнікаў. Над магілай з вялікімі прамовамі выступілі рэктар, прафесар, доктар М. Горскі, развітваючыся з нябожчыкам ад імя сенату і факультэцкіх радаў Галоўнай сельскагаспадарчай школы, прафесар, магістр І. Сасноўскі ад імя Варшаўскага навуковага таварыства, прафесар доктар С. Мінкевіч ад імя Польскага энтамалагічнага таварыства і Секцыі дастасоўнай энтамалогіі. Ад імя сённяшніх і былых асістэнтаў, вучняў і Таварыства асістэнтаў Галоўнай сельскагаспадарчай школы прамаўляў дацэнт доктар М. Гейштар, а ад імя акдэмічнай моладзі старшыня Братняй дапамогі Т. Паслаўскі.

Крыніцы:

1. Лейкина-Свирская В.Р. Интеллигенция в России во второй половине XIX века.- М.: Мысль, 1971.

2. Савчук В.С. Естественнонаучные общества Юга Российской империи; вторая половина XIX - начало XX века.- Днепропетровск: ДГУ, 1994.

3. Непомнящий А.А., Синичкин А.В. Крымское общество естествоиспытателей и любителей природы и изучение этнографии Крыма // Етнiчнiсть в iсторiі та культурi: Матерiали i дослiдження.- Одеса: ОДУ, 1998.- С.49-52.

4. Борейко В.Е. Белые пятна истории природо-охраны: СССР, Россия, Украина.- К.,1996.- Т.1,2.

5. Савчук В.С. Iсторичне краізнавство в природничонаукових товаривствах Криму другоі половини XIX - початку XX ст. // VII Всеукраінська наукова конференцiя “Iсторичне краeзнавство в Украінi: традицiі та сучаснiсть”. (Матерiали пленарного та секцiйних засiдань) Ч.1.- К.: Рiдний край, 1995.- С.30-31.

6. Отчет деятельности [КОЕиЛП] за 1914 год // ЗКОЕиЛП.1914.Т.5.-Пг.,1915.-С.VII-XLVI.

7. Polski Slownik Biograficzny. Tom XXI. 1976. S. 609-610.

8. Богданов-Катков Н.Н. Русская литература по прикладной энтомологии Ленинград, 1924;

9. Список печатных трудов Сигизмунда Александровича Мокрецкого по прикладной энтомологии за период времени с 1892 г. по 1902 г. Симферополь, 1902;

10. Брагина А. Краткий очерк жизни и деятельности Сигизмунда Мокрецкого. Ростов на Дону, 1912;

11. Щербаков Ф.С. По поводу 20-летия деятельности Мокрецкого. Русское энтомологическое обозрение. Т. 12, 1912, № 3, с. 75-78;

12. Janusz A. Czyzewski. O Zygmuncie Mokrzeckim, wspomnienie posmiertne. Warszawa, 1936.

13. Ј omnicki W., Spis publikacji Z. A. M-ego, „Pol. Pismo Entomologiczne” T. 6: 1927 s. 11—30;

14. Gieysztor M., Ksiega Pamiatkowa SGGW, W. 1936 (fot., bibliogr.);

15. Howard L. O., Fighting the Insects: The Story of an Entomologist, Telling of the Life and Experiences of the Writer, New York 1933;

16. Tworcy i organizatorzy lesnictwa polskiego, W. 1974;

17. „Doswiadczalnictwo Roln.” R. 3: 1927 t. 3 cz. 3/4 s. 97-9 (S. Miklaszewski, fot.);

18. „Echa Lesne” R. 5: 1928 nr 11 s. 35 (fot.), R. 13: 1936 nr 12 s. 7 (W. Koehler, fot), nr 23 s. 5-6 (Z. Wojnicz-Siano їк cki);

19. „Journal of Economic Entomology” Vol. 7: 1914 nr 2 (L. O. Howard);

20. „Kosmos” S. B, R. 53: 1928 s. 1-9 (A. Kozikowski);

21. „Las Pol.” R. 7: 1927 s. 394—401 (R. B ік dowski, fot.), R. 16: 1936 s. 65—70 (W. Koehler, fot.);

22. „Pol. Pismo Entomologiczne” T. 6: 1927 s. 1-11 (K. Strawi с ski, fot.), T. 14/15: 1935/6 s. 1-80 (J. A. Czyshewski, fot., bibliogr.);


Макрэцкі Вінцэнт - чацвёрты ( па старшынству быццам бы трэці з сыноў ) сын Аляксандра і Камілы Макрэцкіх нарадзіўся ў маёнтку Дзітрыкі Белагрудскай воласці, Лідскага павету. Быў суддзём апеляцыйнага суда. ( Паводле ўспамінаў плямянніка Леха Макрэцкага.)


Макрэцкі Юстын . Сын Адама Макрэцкага . Пасля смерці Адама Макрэцкага яму належаў маёнтак Дзітрыкі . Юстын закончыў вайсковую навучальню . Удзельнічаў у 1-й Сусветнай вайне, а за колькі год да 2-й Сусветнай вайны быў прызначаны на маёрскую пасаду ў 3-м палку цяжкай артылерыі ў Вільні. У захаваных вайсковых архівах Юстын Макрэцкі паўстае як узорны афіцэр. Загінуў 9 верасня 1939 года на подступах да Варшавы, камандуючы дывізіёнам самаходнай артылерыі ў 1-й пяхотнай дывізіі.

Быў жанаты з Ірэнай з Друговінаў (яе маці Гелена з Мікашаў, бацька Пётр быў скарбнікам віленскай Альма Матар). Ірэна паходзіла з Усходняй Беларусі з багатых землеўладальнікаў зямель Полацкай і Віцебскай. Яе матэрыяльны статус змяніўся ў сувязі з вымушанай эміграцыяй у Польшчу з-за рэвалюцыі ў Расіі. Яна закончыла Віленскі ўніверсітэт імя Стэфана Баторыя па спецыяльнасці “філасофія” (семінар праф. Чажоўскага). Пад час вайны супрацоўнічала з АК (псеўд. Ружачка) а пасля рэпатрыяцыі была настаўніцай. Памерла 24 сакавіка 1995 г. у Гданьску.

У Юстына і Ірэны - сын Лех, прафесар, доктар габілітаваны ў Гданьску.


Яшчэ адзін Макрэцкі (відаць сын Стэфана) валодаў Казіміравым і быў у неладах з уладальніцай Вінкаўцаў, спадчыннага маёнтка Макрэцкіх (відавочна, нехта з Макрэцкіх). Быў вельмі разумным і адукаваным. Перад прыходам саветаў у 1939 годзе распрадаў усю землю. Калі нкусаўцы загадалі мясцовым жыхарам паказаць пана, тыя прывялі іх да старой хаткі, перад якой сядзеў абарваны стары, на адной назе - апорак бота, на - другой валёнак.

- Вось пан.

- Не, гэдыкі пан нам не патрэбны.

Падчас вайны і пасля ён жыў у Міхайловічаў, потым - на малочна-кансервавым заводзе. Там і працаваў. Там і памёр.


Макрэцкая (Лянгэ) Каміла Эмілія - дачка Адама Макрэцкага. Пэўны час жыла ў Дзітрыках. Дапамагла камандзіру чырвонай дывізіі перайсці на польскі бок. У 1920 г. за бацькам пераехала ў Гародню, дзе засталася і пасля яго смерці ў 1921 годзе. У 1926 годзе ў Гародні Каміла напісала паэму “Год 1919 або Песня пра дывізіі Літоўска-Беларускія”.

У Камілы была дачка, якая да нядаўняга часу была жывая.



1919 год або Песня пра Літоўска-Беларускія дывізіі

Каміла Эмілія Макрэцкая


Вайна. Прыкры свіст абарванай струны,

Гром кананад – б’юць перуны.

Зданяў крывавых людскія шнуры,

Як могілкі, мёртвыя месцаў муры.

Аж з тых палыноў, крывёй разліваных,

Як дзеці грэху, пасеў палымяны,

Паўстаў з культуры крывавай багны

Дзікун першабытны да смерці прагны.

Розныя ўмовы, права, звычаі

Больш тут нічога не азначалі.

У бітве крывавай кроўю працяты

Бестая з бестыяй б’юцца зацята.

Скрозь працінае зрэнкай крававай,

А з праў сусветных ведае права

Моцнага права ды на слабейшым.

... Свет анямеў у чаканні няўцешным,

Хто з двух звар’яцелых бандытаў

Крык перамогі рыкне над падбітым.

Глядзіць, нібы стоўп, як халодныя змеі

Холадам целаў сціскаюць надзею,

Да ног пераможцы яны падпаўзаюць,

Сэрца халодным клубком абвіваюць.

Колькі сіл духу трэбала мець,

Каб з той труны чалавецтва здалець

Падняць хрысціянскіх пачуццяў штандар

І чалавечнасці выявіць твар,

Вечнай святыняю несці ў душы

Не даць чалавека ў сабе заглушыць.

Каб сярод оргій нечысці ў свеце

Вытрымаць, нібы бязвінныя дзеці.

Ці ўпасці ад грознай свету слаты,

Як падае колас той залаты,

Калі селянін, як сваю ўзнагароду,

Зжынае яго з цеплынёй і лагодай.

***

Колькі іх колькі пад снегам белым

Адвеялі душы свае ад целаў,

І калі праўдай паданне лічыць,

Што кроў жаўнераў да неба крычыць,

Ноччу зімовай Пасад Найвашэйшы

Чуў бы адгэтуль гімн найчысцейшы,

З нашых палеткаў людское гора

Шумела б, нібы глухое мора.

Ну а начамі, як вецер грае,

Тысяча іскраў на снезе ззяе.

Кожная купінка, глебы грудка

Ім падпявае тонка і чутка.

І быў бы покліч такі ў неба дружны,

Што духам сваім кожны сын мужны

Той ад палеглых чуў бы тастамант,

І хоць наўкола дум і слоў лямант,

Ішоў бы толькі на покліч продкаў

Дарогай простай і найкароткай.

ІІ

Як навальніца ўпала на абшары,

Як саранчы пражорлівыя хмары,

На Ліду ўпалі орды без ліку,

Погляд з-пад кудлаў ступелы і дзікі,

Лаянка, крыкі, злосць і расправы,

Дзікасць тупая ў вяселлі крывавым.

Цягнулі цяжкія пад грузам вазы,

Рыпелі па снезе ад сань палазы,

Пудка іржалі коні падбітыя,

Гвалт дапаўнялі аўта закрытыя.

Перлі варогі глуха стаёна,

Савецкіх вязніцаў тупыя плянёны.

З тым тлумам грозным за нашы парогі

Крывавага ўсходу перліся ногі,

Здані крывавых Іванаў Жахлівых

Тут разліваліся гвалту разлівам.

Што ў душах тлела агнём прамяністым,

Гасла пад іхнім дыхам нячыстым,

А грэх распусціў свае чорныя скрыдлы,

І люду ўласныя душы абрыдлі.

** *

Замкннёныя ў ціхія, белыя хаткі

Шапталі да неба пацеры маткі,

Ціхія нашы, сівыя матулі,

Твары спакойныя, погляд прачулы.

І ў кожнай маршчыне, што праз вякі

З-пад Вялікага Скульптара выйшлі рукі,

Болю і смутку адбітак віднелы,

Маліліся ціха, без скаргаў і гневу,

Малітвы слалі сынам над галовы,

І такі сэрц іх быў гарт суровы,

Што сына ніводная не затрымала,

Ніводна, самлеўшы, на грудзі не ўпала,

Бо між няволі ў цяжкай патрэбе

Катэхізм стваралі ад сэрца і неба,

Каб не прапасці ў глухой панявярцы:

“Дзе загад святы – там усціш сэрца!”

ІІІ


А зямелька наша гула, бы кавадла,

Як молат вытне па ім,

Тысячы іскраў у юныя сэрцы западлі,

Загучаў чыну гімн.

Гуў цёмны лес – сілаў нашых скарбніца,

Зброю вастрыў красавяк,

І збіралася з юных шыхтоў навальніца,

Да чыну шыкуйся, ваяк!

Конь іржаў нецярпліва - сябар верны,

Нагой пачынаючы біць,

Ад шэрых хат па нівах бязмерных

Разлятаўся вайсковы кліч:

“Труба заклікае да бою нас,

Аж мускулы ў целе дрыжаць,

Настаў адказу крывавы час,

Крывавы доўг мусім мы аддаць.

Здані паўстанцаў зноў клічуць нас,

Шарэе ў цемры шыбеніц бор,

Ад скалаў Панарскіх гор -

Ужо час, ужо час, ужо час”.

ІV

З’яднаны ў адзінае сэрцы адчайных,

Рушыў аддзел у шлях досвіткам раннім.

Была іх жменька ды поўная сілы,

Хлапечыя душы верай свяцілі -

Як толькі прыйдуць з грознаю зброяй,

Паўстануць усюды да шыхту воі,

І моцнае сілы аддзел набярэцца,

На збройную моцу край абапрэцца.

Знаёмыя ўсе і ўлюбенцамі сталі

Тых моцных, грозных пачуццяў з сталі,

Тых, што будзіла агульнасць чыну,

Тых, што рабіла з хлапцоў мужчынаў.

Разам мацуюцца між паняверкі,

Разам праходзяць жыцця неспадзеўкі.

Ці прыйдзе доля, ясна ці строга,

Аднога маюць у сэрцы Бога.

Капрал Макрэцкі, юны Шукевіч,

Мейлуп, Шкоп, Бляха, Шнеам, Шалевіч -

Цэлаю гронкай той сілы збройнай,

Што пасярод каляінаў войнаў

Здабылі такія гонар і славу,

Што на іх імя малітвы слалі.

І непрыяцель дрыжаў з адчаю,

Як вестка прынеслася з нашага краю:

Стаяць нязломна ў кожнай калізіі

Літоўска-Беларускія дывізіі.

У срэбна-марозную ноч навагоднюю

Анёл праплываў над зямлёю гаротнаю.

На сэрцы засохлыя ў спёцы калёнай

Клаў свае пальцы з белых прамёнаў,

Дрыготку ўчуўшы ў ажылых душах

Плыў над ціхай вясковай глушшу,

Збіраў плён малітваў шчырых набожных

І сэрцаў жаданняў, і ўчынкаў гожых,

Збіраў, каб занесці іх да ног Божых,

Ды вось нічога сабраць не можа,

Бо што раз – то цямней на гэтай зямлі,

Не малітвамі дзікія горлы раўлі.

І куды не паверне ён сваіх воч,

Крывёй і пажарамі свеціцца ноч.

Крылы ў анёла абвіснулі ўскрусе,

Няма чаго Богу нясці з Беларусі.

Ды з-пад хмар цёмных з віхуры ценяў

Стрэліў сноп яркіх светлых праменяў

З сэрцаў гатовых да шчырай ахвяры,

І раз’ясніліся змроку абшары,

А сэрцы адвагай да неба зіхцяць,

Іх ззянне анёл пачынае збіраць.

Ззяюць адвагай палі і лясы,

Тчэ з той адвагі анёл паясы

І з паясоў высцілае дарогу

Ад сэрцаў жаўнерскіх да ног Пана Бога.

V

З’яднаныя разам, рашучасць на тварах,

Рушыў аддзел па дасвецця абшарах.

Была іх жменька, ды поўных сілы,

Хлапечыя душы верай свяцілі,

Як толькі прыйдуць куды са зброяй,

Усе паўстануць ля іх сцяною,

І ў сіле магутнай узмацняцца яшчэ,

Далоні сціскалі зброю ямчэй.

Былі ўсе знаёмыя і ўжо любілі

Той першы крок, што сёння зрабілі.

І тых, хто сабраўся ў адзінстве чыну,

Каб заступіцца за край айчынны,

Разам узняцца над занядбаннем,

Разам адолець бедаў атхланне,

Ці доля прыйдзе яснай ці строгай,

Аднога маюць у душах Бога.

Ставалі звязы, роты, батальёны,

Здабывалі рыштунак і зброю ў баях,

Казармай былі ім пагоркі ў палях,

Ці бор недаступны, ці двор аддалёны.

Цяжкая справа з духу агніва

Звязаць ланцуг збройны непераможны,

Разам і сеяць, і жаць свае нівы,

Ранілі ступні жорсткія пожні.

Ды з цяжкасцю кожнай сіла ўзрастала,

Ад кроку цяжкога поле дрыжала.

Не на пляцы вучыліся кроку і рухам,

А ў засадах начных і дзённых атаках,

І меў там крумкач здабытак багаты,

І шэпты начныя лавіла вуха.

...Аж дасягнулі да сілы галоўнай

Вайны гадаванцы для новых войнаў.

Іх ужо не батальён, не аддзел, не звяз,

Літоўска-беларуская дывізія паўстала ўраз.

Ці вядома як душы хлапечыя гралі,

Калі да агульнага шыхту сталі,

Што ў такія моманты сэрца чуе

Грала ў іх сэрца з вякоў “Алялюя”.

Чутны малітвы з радзімых касцёлаў,

Што ветрык прыносіць з водарам зёлак

Над золатам жыта нашых загонаў,

Чулі вітальныя згукі звонаў,

Чулі ў заплеччы крылы маладыя,

Па святой камуніі самі паўсвятыя.

Мяжу жыцця пераступілі, смерцю пагарджалі

І ў смелым авангардзе ў свой край ступалі.

Не бачны ў іх стомы ці смутку сляды,

Так са здабычай вяртае арол малады.

VІІ

Ішлі бітва за бітвай,

крывавым ружанцам сляды,

Раслі крылы іх славы раслі і магілаў рады.

Узмацнелі іх плечы, загрубелі іх душы,

Вайсковыя словы вясковыя глушаць.

Часам у жаўнерскім жыцці,

як кветка у дарожным пыле,

Як мак, чыя кветкі ў барвовай сіле,

Каханне праблісне

на вуснах, у сэрцы шчаслівым,

І зноў грымоты стрэлаў, зноўку крыві разлівы.

І што раз болей за імі зямлі бацькоўскай

Ад ворага чыстай іх воляй геройскай.

VІІІ

Клецк, Нясвіж, Слуцк, Баранавічы

ўзялі з удачай,

Абгарэлі, счарнелі на вятрах гарачых.

Хто злёг, той заснуў з думай пра Яе і Айчыну

Ранняй смугой між руж і шыпшыны.

Хто жыў, кіпеў энергіяй, не дбаў аб доме,

Рады, што жывы, пры тым пераломе.

А вёў іх жаўнер стары – генерал Макрэцкі,

Без прыдворнага лоску і не леў свецкі,

Ды чалавек з белай галавой і душою

Жыццё пражыў надзвычай цяжкае,

Калі хлопцам малым з-пад роднай страхі

Ў Маскоўшчыну ўзяты не за свае грахі,

У школах іх вучыўся маўчаць, сцяўшы зубы,

Слухаць хлусню пра край свой любы,

Каб цераз сорак год душэўнай няміры

На падначаленых згледзець краю мундзіры,

Па-свойску каманды падаць батальёнам,

На шапках убачыць святую Пагоню,

А вечарам пасля баю пры слове да Бога

Адтайвала сэрца ваякі старога,

І перад абразкам старым

Вастрабрамскай Маці

Не раз мусіў ціха слязу выціраці.

І моладзь любіла яго апантана,

Па два дні не еўшы ні ўвечар, ні рана

Ішоў па бітвах, што дзень няўхільна,

Хай будзе той спеў за камень надмагільны,

Хоць у труне хай загояцца раны

Невядомым героям, жаўнерам нязнаным.

ІХ

Узята Ліда. А потым старая Вільня

Мужнасцю юнай, воляй няўхільнай,

І народ загуў паўсюль пераможна,

Вярталася моладзь у славе і пыле дарожным.

Толькі ў сімфоніі радасна - тлумнай

Быў шэраг нот жалобных і сумных,

Бо ў косцеле лідскім стаялі радамі

Труны з пайшоўшымі ў вечнасць сынамі.

Х

Яшчэ, пявучыя і звонкія званы,

Не спявайце песню светлую вясны,

Бо не шчасцю сёння не вяселлю,

Але трунам звон ваш шлях засцеле.

Вы званіце жаласна, галосна

Скаргі шліце да зямлі зайздроснай,

Што сыноў ад маці забірае,

Хай, званы, ваш голас не змаўкае.

Рос натоўп людскі, рос ціха,

І амаль не плачуць, хіба крыху.

Толькі моўчкі шэраг трунаў белых

Шыхтуе вояў грозна анямелых.

Здаецца ўсім, што шэраг той бясконцы,

Ад свежых дошак адбівае сонца,

Як бурштыну шнур жалобны

На грудзях зямелькі роднай.

У ранак светлы, ранак бела - млечны

Праносяць хлопцаў на спачынак вечны.

Звон зазвінеў пранікла, нібы маці,

Што шэпча пацеры свайму дзіцяці.

А потым крыўда загучала зноў,

Што маладосць хаваецца вясной,

Што за свабоду, мір і славу

Зямельцы плацім гэты голд крывавы.

* * *

Дзень быў ціхі і сонечны, звонкі, пахучы,

Натоўп плыў ад касцёла вялікі, маўклівы,

Плыў спеў пахавальны, грозны, цягучы,

Дапаўняў яго звон журботна - журлівы.

Ні вянкоў барвовых, ні прамоў квяцістых,

Быў толькі неба купал найчысты

Над шэрай зямлёю, што труны заслоніць.

Заміж катафалкаў – моц братніх далоняў,

Заміж гучных аркестраў

натоўп грозна маўчыць:

“Дай Божа ў зямлі нашай Вечны Спачын”.

Могілкі доўгі ланцуг прыняпі,

Душы іх – Богу, а целы – зямлі.

ХІ


Скончаны спеў надмагільны быў,

Хадыка-дзякан на ўзвышша ступіў

І мовіў жалобнае слова,

Бачна па твары мука духова,

Чуць жаль сардэчны ў ірванай мове,

У кожным прачулым, хоць простым слове:

“Браці! Ці чуеце звонкія зыкі

Вясны абуджонай ад спячкі вялікай,

Звоніць найменшая птушка ад рання

Вось-вось зямелька ад сну паўстане,

А гэтыя мірна спакойныя хлопцы

Пад промнем апошнім вечнага сонца,

Пад ценем апошнім бязважкіх хмараў

Не раз’ясняць алавяных твараў,

Не чуюць і не адчуваюць,

Як мёртвыя гэтую цішу трываюць.

А хіба ж не трэба ім вельмі пільна

Гнаць ворага далей ад нашай Вільні,

Паспець дадому і ў роднай хаце

Ў абдымкі ўпасці счаканай маці,

Ці да каханай ніхто не спяшае,

Ці ў дваццаць год ніхто не кахае?

О не! Жыць і яны любілі,

Ды толькі для іншага сэрцы адкрылі

І над усім у найбольшай меры

Цанілі гэты мундзір свой шэры,

Гонар жаўнерскі, прысягу народу,

Шлях няспынны да самай свабоды.

І каб спосаб падняць іх знайшлі,

Яны заўтра ў бітву ізноў бы ішлі.

** *

Шлях перамогі з іх склаўся шляхаў,

І нават збройны жаўнер заплакаў,

Сляза праймала бацькоў, і сяброў,

І блізкіх да скону сівых дзядоў.

І моладзь з жалю да іх маладосці

Маўчала ціха без гневу, злосці.

Сем’і стаялі як цёмныя хмары,

У трунах ляжалі любоў іх і мары,

І маці пад сынам заломвала рукі,

Лічыла раны яго і мукі,

Каб потым дома смутку начамі

Кожную ўспомніць, заліць слязамі.

ХІІ

Труны апушчаны, пяску шоргат сціх,

І толькі застаўся чын жывы іх.

Магутнае вечнай прыроды права

Забрала ўзятак ад нас крывавы.

З могілак рушымі звыклым ладам,

Каб вочы пацешыць войска парадам.

** *

За нізкім, старым, магільным мурам

Грымела музыка дзёрзкіх мазурак.

Жаўнер, хоць змучаны быў у баях,

Грудзі выпростваў у роўных шыхтах.

З-пад шапак старых жыцця ахвочым

Гарэлі бляснам хлапечым вочы.

Гэй! Браўся ўчора з лёсам за грудзі,

І многіх сяброў з ім сёння не будзе,

Мужнасць сваю гартаваў у крыві,

А заўтра ізноў ці памры, ці жыві.

Ды толькі вось сёння іхні парад,

Крок адбівае за радам рад.

Іхні між жыццем і смерцю шлях

Для тога, каб помнілі іх у вяках.

Крок як спрунжына, твар прамяністы,

Бог іх праводзіў дарогай вячыстай.

Ішлі яны за калонай калона,

Ішоў полк Сувальскі і легіёны,

А ўздоўж шарэнгаў сівае сталі

Белай пенай бінты часам мільгалі

Над каўнерам, на чорнай далоні

Або пад шапкай на самай скроні,

Дзе ты ўтрымаеш іх у шпіталі,

Як гэтай хвілі ў паходах чакалі.

За імі ў жоўтага пылу патопе

Бразгалі коннікі ў дробным галопе.

Натоўп гармідарам вояў вітае,

Радасць душы людзей напаўняе,

Шчасце і гонар плывуць з берагоў

Пры выглядзе славай пакрытых сцягоў.

Першы раз вочы на нашых ваяках

Бачылі нашы вайсковыя знакі,

На шэрых мундзірах ззялі іскрыста,

Словы камандаў гучалі чыста

На нашай светлай радзімай мове,

І трапяталася ў кожным слове

Агеньчыкам непагасімым

Любоў да свабоднай Радзімы.

Як любілі родны гук мы ўсякі

Так любім нашы адвечныя знакі,

Як у кожнай душы нашай часціна,

Ёсць народ нам цэлы адзіны.

Як Бог у Святой Камуні схаваны,

Станьце вы з намі да параўнання.

І параўнайце народ свой згнілы,

Рукі вашы звіслі без сілы,

У душах вашых залегла скруха,

Бо вы толькі цела, цела без духу,

Хоць ляжыць золата ў вашай зямлі,

Хоць палеткі пад збожжам шырока ляглі,

А межы па дзве часткі свету,

І мора наўкола плешча без мэты,

Вы мусіце рухнуць, мы – вечная сіла,

Бо і ў слязах над сваёю магілай

Такой магутнасцю свецяць вочы,

Нібыта выбух, ці бляск між ночы,

Сярод акіяну сівога бязбрэжжа

Мы аднаўлялі святыя межы,

З чужога свету край свой вымалі,

І прышласць Айчыны сыны кавалі.

Не страшна для нас параза духу,

Бо ўмеем сэрца Айчыны слухаць.

І калі ўскрыкне маці ад болю,

Паўстанем дружна па ўласнай волі,

Забудзем звады і сілай люду

Заслонім край свой ажылы цудам.


ХІІІ


Белы дворык красовы грае музыкай, смехам,

Аддзел жаўнераў шматлікі сюды прыехаў.

Сёння хвіля танцаў, радасць без краю,

Гаспадар паважны гасцей прымае,

Бо ім горад далей, бо ім вёска бліжай,

І гасціннасць шчырай, і паклоны ніжай,

І водар саду, яблыняў і сліваў

І месячнага срэбра паміж дрэў разлівы.

У селены святле цэлы свет патанае,

Як бы попельны саван нас спавівае,

А на сцежках жвіровых яны маладыя.

Хто? Хто ўспомніў кахання пачуцці святыя.

Хто быў перад намі? Хто после нас будзе?

Хто вечнае дзіва тых сноў не забудзе?

З далі двор ззяе радам вокнаў іскрыстых,

Поўны жыццем да краю, як кубак пяністы.

Хто сэрцы злучае без лішні трывогаў,

Хто старасвецкіх не знаў засцярогаў,

Гэтай срэбнаю ноччу ў ціхім белым двары

З сэрца да сэрца сам Бог гаварыў.

Усё, як акорд сапраўднай гармоніі,

Мёдам на клумбах пахнуць ляўконіі.

Стаў мігае таемна, а конікі ў полі

Граюць ці моўкнуць, як эльфы сваволяць.

Росы цяжка блішчаць на сцяблінах травы

Нібы вэлюм упаў з маладой галавы,

А сэрцы ў грудзях маладых замірае,

Як ціхія шэпты ў сярэбраных травах.

Вусны знямелыя ў цёмных пачуццях

І шматслоўных прызнанняў у цішу не пусцяць.

** *

Адчыніліся дзверы, на высокі ганак,

Рынуў тлум вясёлы на падвор шырокі:

- Гэй, гэй, уланы,

Маляваны дзеці,

Мазуркай разыграны,

Улан трыумфам свеціць

Гэй, гэй, уланы,

Хлопцы маляваны,

Радасці слязамі

Ззяюць вочы паняў.

Калі музыка зайграла і ў такт рушаць пары

Гэй наабок! Гэй з дарогі, хто слабы, хто стары.

Далоў сцены, далоў куты,

У шалёным запале у зале пары круцяць,

Бо той танец узрушыў

Нашыя кроў і душы.

І круціць шалёны пажар

У танцы дзесяткі пар.

Гэта танец народу, што здзейсніў намеры,

Страхаў не пужаўся, сілаў не мерыў.

Танец люду, што выгнаў хімеры,

Дзе, як дыяменты, сыны-жаўнеры.

Той танец імклівы

Для пар шчаслівых,

Той перамогі спеў

Для тых, хто пачуць хацеў,

Ног тупат, і грук, і зброі звон,

Жаўнер пераможац прэч гоніць сон.

І цешацца душы, што адляцелі

А гэтак з усімі быць тут хацелі

Таму сэрца дрыжыць,

Кроў па жылах бяжыць,

І верыць, верыць люд,

Што вярнуўся свабоды цуд.

ХІV

Вясенні дзень, ад рання на вуліцах тлумы,

Зніклі з твараў рэшткі маркотных думаў.

Радасны гоман паўсюль усплывае,

Хваляю ўрачыстай да неба падлятае.

Сёння дзень Станіслава, імшы хвілі святыя,

Ля касцёла жаўнеры - арлы маладыя

Шыхтуюцца да агляду ладна, рухліва,

Шэраг вазоў і машын, конскія лбы і грывы.

Злілося ўсё ў вобраз поўны жыцця і руху,

Граў у касцёле арган, натоўп імшу слухаў.

У камандуючага фронту сёння імяніны,

Ён быў з усімі ў баях няспынных.

Імша закончана, загуў люд лідскі,

На цвінтар выйшаў генерал Шаптыцкі,

Як з карціны, статны і высока ўзняты,

Вусаў шчотка коратка падцята.

Погляд хуткі і ўзнёслы, твар хударлявы,

Галава прыснежана баявою славай.

Пад радасныя крыкі на вазок сядае,

Дае знак ехаць, а брычка не рушае.

Вазніца не рушыць, а хітра ўсміхаецца.

Што гэта? Можа, бунт пачынаецца?

Ды не вазок рушыў, а коні засталіся,

Афіцэры і жаўнеры ў воз той упрагліся.

Усе цягнуць шчыра, аж колы ляскочуць,

З вяцярком правезці генерала хочуць.

Генерал гукае, смяецца, сярдуе,

Ды яго з-за шуму ўжо ніхто не чуе,

Бо лунае радасць, смеху разлівы,

Так гуляе Ліда, свабодна шчасліва.

ХV

Хто бачыў смерці серп і сявеньку,

Той чуўся часам дзіцем маленькім.

Як з поля падняты лёг у мур шпітальны,

Трапіў у свет дзіваў, цудаў нерэальных.

Спечаныя вусны шэпчуць весткі з тога свету,

Круціцца рой зданяў, шалам разагрэты,

А лоб чакае добрай цёплай, мяккае далоні,

Што грозныя страхі з грудзей прагоніць.

Так цяжка душы у той дзень найцяжэйшы,

А белы твар ад палатна бялейшы.

Так тут сёння сусед крычаў крыкам: “Мама!”

І голас яго ад пачуццяў гучаў поўнай гамай.

Бядак, штыком бальшавік жывот распароў,

Не абдыме цябе маці, не прыйдзеш дамоў.

** *

А потым дні, як паволі свядомасць вяртае,

Памяць прыходзіць, і праца зноўку чакае.

Дзень імглісты, гразь, змрок, як уночы,

Ліпкай крывёй поўныя вусны, дзікія вочы.

А ты рвешся наперад, гоніць нязнаная сіла,

Ад крывавай імглы вочы ноч засланіла.

З кожным днём думак усё прыбывае,

І паволі размова ўжо ажывае.

Галінка ў акно заглядае цікаўна,

Расказвае дзівы пра свет незвычайны,

Пра дрэвы ўсе ў цвеце, жыццё зеляніны,

Пра гвалт і гармідар чародаў птушыных,

Аб тым, як сэрца соладка млее ў грудзях,

Як сонца раніцай свой пачынае шлях.

І першы ліст ад яе, і першы ружаў букет,

Як крок у ласкавы без болесцяў свет,

І ціхім анёлам з сінечы акна

Голаў над ложкам нахіліць Яна.

І ты – выбранец лёсу, ты смерць перамог,

Да ўстання гатовы і новых дарог,

Шчасце жыцця і вобразаў мілых,

Пачуццяў глыбокіх і вернасці сілы.


ЭПІЛОГ

Лёг снег пушысты, срэбны і ціхі,

І далягляды стухалі крыху,

Пакрытыя белай адвечнаю капай,

Месяц схіліўся над срэбнаю мапай.

Снегам пакрытыя ельнікаў шаты,

Як вартавыя ў шапках калматых,

А там за лесам, у сіняй паўночы

Ў цёмных хацінках святло мігоча,

І там у вясковай спакойнай цішы

Чутна як ветрык лісток калыша,

Як зайка шэры спакой парушыць,

Як сабака завые пад чорнай грушай.

Ваўкі пазбіраліся ў грозныя зграі,

Каб вынікнуць там, дзе ніхто не чакае.

Пад старою сасною стромкай, высокай

Жаўнер прыпыніўся ў задуме глыбокай.

Знік месяц за хмарамі. Цёмна. Аблокі

З’ядналі неба і лес высокі,

А між кустоў, як бы нешта шапоча

І страшнай зданню падняцца хоча.

Зліваецца шоргат у гул глыбокі,

Пагроза ўзрастае з усходняга боку.

Сэрца жаўнера б’ецца трывожна,

Ды прышласць шэпча яму асцярожна,

Покуль душа вокам сваім бесцялесным

Блудзіць між будучых віхраў зладзейсных:

- Маці, перад намі белая магіла,

Срабрыстым пылам злосць усё пакрыла

За намі зноў жа, бы ў магіле ціша,

Няўжо зло цемры і цябе калыша.

Мы тут стаім у цвёрдасці і веры,

Як той таран перад штурмам хімеры,

І дух у нас цвёрды у сталь пераліты

А ў рулі снарады і кулі набіты.

Мы твае першыя і верныя парогі,

І нас не пераступяць злыдняў ногі.

Стаім магутна на прабацькаўскай дарозе

З той самай верай, пры Божай дапамозе.

І як дух астатні пакіне грудзі,

Ніхто не ведае, што далей будзе,

Ці край Галгофы ўбачыць перамог прамені,

Бо мы ўжо толькі чалавекаў цені.

Браце! Выкрасім агні ў грудзях,

Каб дух астатні ўшчэнт не счах,

Бо ў варты ўжо далонь з напругі млее,

Што вораг на мяжы зямлі шалее.

Браце! Дух моцны, ды аслабла цела. -

І ад роспачы ў грудзях яму балела,

Не чуў, як вецер яму студзіць скроні,

Не чуў, як час імкліва адбягае,

Трымае моцна карабін далонню,

Паміж снягоў стаіць на варце і чакае.

Гародня, 1926 г.

(Пераклад Станіслава Судніка, 2010 г.)


Макрэцкі Лех Мар’ян , прафесар, доктар габілітаваны, сын Юстына Макрэцкага і Ірэны з Друховінаў Макрэцкай, унук Адама Макрэцкага, праўнук Аляксандра Макрэцкага нарадзіўся 5 красавіка 1935 года ў Варшаве, але ўсё дзяцінства правёў у Вільні, дзе бацька служыў афіцэрам-артылерыстам.

У Вільні Лех Макрэцкі пайшоў у школу, але гэтая важная падзея ў жыцці прыпала на час вайны, калі ў горадзе раз-пораз мянялася ўлада, таму наведваў польскую падпольную школу, арганізаваную польскімі настаўнікамі. 15 ліпеня 1945 года сям’я пераехала ў Польшчу і пасля года побыту ў Рыпіне Любускім асела ў Торуні.

У Торуні вучыўся ў Гімназіі № 1 і Ліцэі імя М. Каперніка. Атэстат аб сярэдняй адукацыі атрымаў у 1951 годзе. Адначасова вучыўся граць на віаланчэлі ў Дзяржаўнай музычнай сярэдняй школе, якую закончыў у 1955 годзе. Затым стаў студэнтам па класу віаланчэлі ў Дзяржаўнай музычнай вышэйшай школе ў Сопаце. Дыплом музыкі атрымаў у 1962 годзе, а праз два гады ў 1964 - званне магістра мастацтваў.

Яшчэ ў 1952 годзе пачаў вучыцца на гістарычным факультэце Ўніверсітэта імя Мікалая Каперніка ў Торуні, дзе акрамя іншых слухаў лекцыі Стэфана Срэбрнага, Мар’яна Гумоўскага і Караля Горскага. Магістарская работа “Мужыцкая справа ў кодэксе ндрэя Замойскага” напісана пад кіраўніцтвам Ядвігі Ляхіцкай, абараніўся ў чэрвені 1956 года. Падчас вучобы пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Аляксандрай Гарбоўскай.

Згодна з атрыманай адукацыяй ад 1 верасня 1956 года вучыў гісторыі, спевам і ігры на віаланчэлі ў школах агульнаадукацыйных і мастацкіх Траймяста. Быў таксама віаланчалістам у Дзяржаўнай оперы і Балтыйскай філармоніі ў Гданьску (1959 - 67), а таксама яе кансультантам па справах навуковых і літаратурных (1967 - 70). Праца артыста-музыкі і настаўніка ў музычных школах трывала да 1973 года. Аднак ужо практычна ад 1966 года Лех Макрэцкі пачаў узмацняць свае стасункі з Кліа, працуючы на кафедры Гісторыі асветы і выхавання ў Гданьскай вышэйшай педагагічнай школе на пасадах старшага асістэнта (1966-68), ад’юнкта (1968-76), дацэнта (1976-85).

У выдатным стылі выканаў працы на навуковыя ступені ў Вышэйшай педагагічнай школе і пазней у Гданьскім універсітэце, атрымоўваючы па чарзе:

- 29 чэрвеня 1967 года дактарат (ступень доктара гісторыі, што адпавядае нашаму кандыдату гістарычных навук) за працу “Праблематыка навучання гісторыі ў Гданьскай акадэмічнай гімназіі ў ХVI i XVII стагоддзях” (прамотарам быў прафесар Казімір Кубік, рэцэнзенты прафесар Браніслаў Надольскі, дацэнт Тадэвуш Славікоўскі);

- у 1975 годзе габілітацыя (ступень доктара гісторыі габілітаванага, што адпавядае нашаму доктару гістарычных навук) за працу “У коле працаў гданьскіх гісторыкаў XVII стагоддзя”, якая ахоплівала гісторыю мяшчанскай гістарыяграфіі эпохі барока ў Гданьску (рэцэнзенты: Эдмунд Цясляк, Казімір Кубік, Вацлаў Адынец, Станіслаў Салмановіч);

- у 1986 годзе дыплом на званне надзвычайнага прафесара (рэферэнты: І. Тазбір, Станіслаў Гяршэўскі, Станіслаў Салмановіч), уручаны 7 лютага кіраўніком Дзяржаўнай Рады Войцахам Ярузельскім у Белвядэры. Гэтаму званню папярэднічала 87 публікацый, у тым ліку кніга “Пачаткі ведаў пра мора ў даўня Рэчы Паспалітай. Марская праблематыка ў гданьскай навуцы эпохі барока і асветы.”

- у 1993 годзе ў выніку кваліфікацыі (рэцэнзенты І. Тазбір, С. Салмановіч) быў прызначаны міністрам на пасаду звычайнага (вышэй за надзвычайнага) прафесара 1 лютага ў Гданьскім універсітэце, а 1 красавіка на факультэцеМузычнага выхавання і рытмікі Музычнай акадэміі імя Станіслава Манюшкі ў Гданьску на падставе кнігі “Традыцыі навучання гісторыі да канца XVI стагоддзя. Выбраныя тэрыторыі і праблемы”;

- 6 чэрвеня 1998 года наданне годнасці доктара honoris causa Універсітэта ў Лінкёпінгу (Швецыя) за незвычайна багаты навуковы даробак прафесара на ніве гісторыі навукі, асветы і выхавання, а таксама за выбітныя заслугі на ніве супрацы арганізацыйнай і навуковай Інстытута педагогікі Гданьскага ўніверсітэта з Інстытутам педагогікі і псіхалогіі ў Лінкёпінгу.

Вынікам навукова-дыдактычнай працы прафесара Л. Макрэцкага ёсць між іншым напісанне студэнтамі стацыянарных і нестацыянарных курсаў пад яго кіраўніцтвам каля 300 магістарскіх прац, падрыхтоўка 10 дактароў, аднаго доктара honoris causa, рэцэнзаванне працаў: 30 работ на званне прафесара, 15 на габілітацыйную кваліфікацыю, а таксама 40 доктарскіх работ. Шмат гадоў старшынстваваў у камісіях па абароне доктарскіх працаў. Клапатліва апекаваўся над стажорамі з краіны і з-за мяжы, у тым ліку, з Осла і Берліна.

Шмат высілкаў паклаў прафесар на справу арганізацыйную. У 1978-81 гадах выконваў абавязкі віца-дырэктара, а ў 1981-91 гадах тройчы абіраўся на пасаду дырэктара Інстытута педагогікі Гданьскага ўніверсітэта. Кіруючы інстытутам, рабіў націск на кадравую палітыку, а таксама на арганізацыю навуковых канферэнцый, якія заахвочвалі да далейшых навуковых даследванняў, перш за ўсё ў кірунках, звязаных з Памор’ем. Інстытут быў адкрыты для шматлікіх выступленняў вучоных з Польшчы і замежжа. Той час характарызаваўся інтэнсіўнымі навуковымі кантактамі ў краіне і з замежам. У 1968-86 гадах прафесар арганізаваў навукова-дыдактычныя паездкі студэнтаў па Польшчы. Мэтай тых адукацыйных ваяжаў было найбліжэйшае знаёмства акадэмічнай моладзі з традыцыямі і асяродкамі айчыннай асветы і культуры. На зыходзе 1985 года быў прызначаны сенатам на пасаду прарэктара Гданьскага ўніверсітэта. Выконваў гэтыя функцыі да верасня 1987 года. Дзейнасць прафесара, як прарэктара па справах студэнтаў, а таксама як прадстаўніка рэктара ў справах студэнцкай культуры ўпісалася ў памяць студэнцкай брацці Гданьскага ўніверсітэта, як станоўчы прыклад апекі ўладаў ВНУ над найкаштоўнейшымі праявамі студэнцкай культуры - мастацкім жыццём акадэмічнага хору, ансамбляў песні і танцу, а таксама тэатру. Прафесар ужо ад 1969 года на грамадскіх пачатках арганізоўваў на працягу цэлага дзесяцігоддзя ў Гданьскім таварыстве сяброў мастацтваў сесіі, прысвечаныя гісторыі музыкі і музычнага выхавання, а таксама канцэрты, на якіх выступаў таксама Акадэмічны хор Гданьскага ўніверсітэта.

Ад восені 1984 да 2005 года прафесар Лех Макрэцкі кіраваў факультэтам гісторыі навукі, асветы і выхавання ў Інстытуце педагогікі Гданьскага ўніверсітэта. Верны сваім мастацкім зацікаўленням, ад 1972 года падтрымліваў цесныя навуковыя і практычныя стасункі з Музычнай акадэміяй у Гданьску. Паралельна выкладаў таксама ў Вышэйшай педагагічнай школе ў Слупску, у Гданьскай вышэйшай гуманістычнай школе, а таксама ў Вышэйшай школе ў Гданьску “Ateneum”. Быў сябрам сенату Гданьскага ўніверсітэта і сенацкіх камісій, навуковых радаў Інстытута гісторыі навукі, асветы і тэхнікі Польскай акадэміі навук, навуковай рады Гданьскай бібліятэкі Польскай акадэміі навук, узначальваў навуковую раду Інстытута тэорыі музыкі Музычнай акадэміі ў Гданьску.

Навуковы даробак прафесара Леха Макрэцкага, які ў 2006 годзе налічваў каля 450 пазіцый, і які удаецца скласіфікаваць у некалькі даследчых груп, звязаны перш за ўсё з гісторыяй старапольскай навукі, асветы і выхавання, датычыцца гістарычнай свядомасці грамадства даўняй Рэчы Паспалітай, пры чым галоўнае мейсца ў ім займае даробак Гданьска і Каралеўскіх Прусаў.


Найактуальнейшая група даследванняў ахоплівае пошукі, якія датычаць гісторыі гістарычнай адукацыі ў Гданьску, а далей на абшарах Польшчы і Еўропы, а таксама гісторыя гістарыяграфіі Гданьска XVI і XVII стагоддзяў. Пра гэты кірунак даследванняў сведчаць паслядоўна выдадзеныя наступныя працы: у 1973 годзе “Курс гісторыі вывучэння гісторыі”, прысвечаны навучанню гісторыі ў пратэстанцкай Гданьскай акадэмічнай гімназіі. Гэта грунтоўная манаграфія, якая пралівае шмат новага святла на генезіс навейшай гістарычнай адукацыі ў Польшчы. Асноўная новая выснова - перанясенне даты пачатку асобнага вывучэння гісторыі ў школьніцтве старой Польшчы з часоў Нацыянальнай адукацыйнай камісіі на пачатак XVII стагоддзя, а таксама высоўвання тэзы аб наяўнасці гістарычнай адукацыі ў рамках іншых прадметаў ужо ў XVI стагоддзі, калі гісторыя выконвала службовыя функцыі для рыторыкі ці філасофіі. Як падкрэслена ў першым універсітэцкім падручніку дыдактыкі гісторыі, кніга Леха Макрэцкага з’яўляецца найлепшай, паводле папярэдніх, распрацоўкай той эпохі ў дыдактычна-гістарычных даследваннях. Многія наступныя працы рэгулярна пацвярджаюць тэзу, раней выказаную прафесарам, што ў Гданьскай акадэмічнай гімназіі пачалі рэгулярна выкладаць гісторыю ад 1600 года, а ў 1603 годзе ўжо на кафедры права і гісторыі. Вывад адназначны - Гданьская акадэмічная гімназія апярэдзіла ў той вобласці ўсе іншыя школьныя і вучэбныя ўстановы ў Рэчы Паспалітай, а гістарычныя веды ўжо ў XVI стагоддзі даносіліся да вучняў дзякуючы цытаванню аповядаў пра гістарычныя падзеі антычных гісторыкаў на лекцыях рыторыкі, фласофіі і тэалогіі.

Далейшая праца прафесара над гісторыяй гістарычнага пазнання ахоплівае астатнія рэгіёны шляхецкай Рэчы Паспалітай, а таксама астатнія дзяржавы сучаснай Еўропы. Завяршэннем шматгадовых даследванняў і крапатлівых пошукаў над той праблематыкай стала ўжо згаданая кніга “Традыцыі выкладання гісторыі да канца XVI стагоддзя. Выбраныя краі і праблемы”. Гэта першае ў нашай гістарыяграфіі развязвання такой задачы ва ўсеагульным еўрапейскім акрэсе. Аўтар накрэсліў глыбока схаваную ў гісторыі адукацыі традыцыю выкладання гісторыі, эвалюцыю разумення прадмета і станаўлення яго самастойнасці ў школьнай праграме. Варта падкрэсліць, што Лех Макрэцкі, сумяшчаючы вывучэнне дыдактыкі гісторыі з даследваннямі спадчыны тагачасных прафесараў гэтай дысцыпліны, звярнуў увагу на ўзаемную сувязь дыдактыкі з навуковай творчасцю. Гэты паварот да інтэграцыі даследванняў дыдактычна-гістарычных з гісторыяй гістарыяграфіі і гістарычнай культуры належыць да новай мадэлі адукацыі, узніклай у семідзесятых гадах ХХ стагоддзя.

Другая грума зацікаленняў, якія датычацца мяшчанскіх гістарычных запісаў у Гданьску і асобаў, звязаных з паморскім школьніцтвам да паловы XVIІ стагоддзя, найпаўней паднята ў кнізе “У коле прац гданьскіх гісторыкаў XVI стагоддзя”, у тым ліку ў артыкулах: “Праблемы метадалагічных даследванняў над гістарычнай свядомасцю старапольскай эпохі” (1985), “Рэгіяналізм у даследваннях і выкладанні гісторыі выхавання” (1989).

“У коле прац гданьскіх гісторыкаў XVI стагоддзя” - гэта справа вялікай даследчай сумленнасці і пытлівасці, слушна залічаных да найважнейшых паваенных пазіцый у навуковай літаратуры, якая датычыцца гісторыі гістарыяграфіі і навукі ў Гданьску ў старапольскую эпоху. Абапіраючыся на раскіданыя, часта першы раз вынесеныя да чытача, матэрыялы першакрыніц, прафесар здзейсніў спробу характарыстыкі гістрыяграфіі новага горада, трапна трактаванай, як асобны прадмет даследванняў, увёў у пастаянны ўжытак польскай навукі паняцце барочнай гістарыяграфіі. Аўтар не абмежаваўся аналізам прац гісторыкаў, звязаных з Гданьскай акадэмічнай гімназіяй, а разгледзеў у пераважнай меры мяшчанскую гістарыяграфію, г.зн. гістарычную апрацоўку запісаў гарадскіх ураднікаў (чыноўнікаў) розных рангаў, пастараў ці купцоў. Справа гэтая безумоўна ўносіць важны ўклад у даследванні гістарычнай культуры Памор’я ў XVIІ стагоддзі. Варта адзначыць, што Лех Макрэцкі першым увёў ва ўжытак паняцце барочнага гістарычнага пісьменства.

Ранейшыя даследванні школьнай гістарычнай адукацыі ў Польшчы не была свабоднай ад спрашчэнняў. Амаль цалкам у іх былі апушчаны ранейшыя часы, падаючы гісторыю вывучэння гэтага прадмета толькі ад паловы XVIІІ стагоддзя. Публікацыі Леха Макрэцкага належаць да выключных у той вобласці. Варта падкрэсліць, што абнародаванне прафесарам фактаў датычных пачаткаў гістарычнай адукацыі адразу выклікала супраціў многіх аўтарытэтаў. Аднак далейшыя даследванні, да якіх далучыліся таксама выхаванцы прафесара, цалкам пацвердзілі слушнасць абнародаваных тэзаў. Шматгадовыя даследванні першакрыніц адкрылі новыя перспектывы, зацікавілі яго вучняў да далейшага вывучэння у т.л. адукацыі ў каталіцкіх школах старапольскай эпохі і ўяўляюць сёння салідную аснову для апрацоўкі сінтазу гісторыі гістарыяграфіі і дыдактыкі гісторыі даўняй Рэчы Паспалітай. Звыш таго, што падаецца надзвычай важным, узбагачаюць вядомасць нашай інтэлектуальнай культуры, вобраз якой у ранейшай гістарыяграфіі ёсць няпоўны, а сяды - тады нават збеднены.

Развіццё і дасягненні гданьскай навукі былі цікава падняты (разам з прафесарам Казімірам Кубікам) у працы “Тры вякі гданьскай навукі. Нарысы з гісторыі XVI - XVIІІ стагоддзяў”. Два выданні (1969 і 1976) папу лярызавалі дабрасумленныя вынікі найноўшых даследванняў над развіццём навукі і асветы, падалі сінтаз стану тагачаснага школьніцтва, гісторыі навук гуманітарных і прававых, упарадкавалі веды пра міжнароднае значэнне Гданьска, паказалі арыгінальны даробак і значныя дасягненні многіх слаўных даследчыкаў гэтага асяродка, які да тога часу не называўся ў літаратуры польскай і еўрапейскай. Наватарскі характар маюць таксама скрупулёзна апрацаваныя біяграмы вучоных, змешчаныя ў “Польскім біяграфічным слоўніку” і “Біяграфічным слоўніку Надвіслянскага памор’я” і паміж іншымі Іяахіма Пасторыя, Яна Шультца-Шулецкага ці Барталамея Какэрмана. У гісторыі польскай навукі ўдалося, дзякуючы даробку прафесара, выправіць істотны перакос, паказаць нязвыкла значную ролю многіх гданьскіх вучоных у гісторыі польскай навукі, часта праз многія стагоддзі незаслужана забытых.

У навуковым даробку прафесара Леха Макрэцкага пачэснае мейсца займае праблематыка ведаў пра мора. У багатым даробку выключнай увагі заслугоўвае кніга “Пачаткі ведаў пра мора ў даўняй Рэчы Паспалітай” (1983), якая па заключэнні рэцэнзентаў уносіць істотны ўклад у нашыя зусім бедныя веды пра зацікаўленні жыхароў Кароны і Літвы праблемамі мора і мараплаўства. Праца распавядае пра стаўленне жыхароў Гданьска да марской праблематыкі, а перш за ўсё пра стварэнне ў Гданьску асноваў ведаў пра мора (у т.л. ролі эрганоміі, узаемадзеяння розных дысцыплін, удасканалення будаўніцтва карабельнага і рыбацкага, вывучэння мараплавання ) У ёй спачатку прааналізаваны асветніцкія праграмы, каб далей паказаць працэс удасканалення ў горадзе над Матлавай навуковых зацікаўленняў марской праблематыкай. Шмат мейсца аўтар выдзеліў для праблемы самастойнасці ў канцы эпохі рэнесансу і ў пачатку барока марскіх праблем у афіцыйных пісьмовых матэрыялах такіх дысцыплін, як: філасофія, гісторыя, права, матэматыка, фізіка і прыродазнаўства. Нарэшце паказаў развіццё ведаў пра мора ў эпоху барока і асветы. Праца паклікала да акрэслення мейсца, якое Гданьск займаў у XVIІ і XVIІІ стагоддзях у стварэнні ведаў пра мора. Паказ і ацэнка найважнейшых кірункаў зацікаўленняў гданьскіх вучоных, якія займаліся марской праблематыкай, звыш таго ўвядзенне ўсіх разважаняў у еўрапейскі кантэкст, выклікала заахвочванне да далейшых даследванняў, вынікі якіх дазваляюць паказаць цэласць ведаў пра мора ў даўняй Рэчы Паспалітай на фоне астатніх дзяржаў сучаснай Еўропы.

Гісторыя музычнай культуры і асветы Гданьска, а таксама мастацкія і навуковыя кантакты Гданьска з замежжам у XVI - XVIІІ стагоддзях утвараюць чарговае кола зацікаўленняў Леха Макрэцкага, вельмі багата прадстаўленага ў даследваннях, што знайшло выражэнне ў многіх ягоных працах: “У коле культуры, музыкі і балету” (1971), “40 гадоў Дзяржаўнай музычнай школы начальнай і ліцэйнай ступені імя Фелікса Навагродскага ў Гданьску (1950 - 1990)”, “Мастацкія і навуковыя кантакты Гданьска з замежжам у XVI - XVIІІ стагоддзях” (1992). Некаторыя з іх маюць першапраходчы характар, як артыкулы пра музычнае выхаванне ў акадэмічных гімназіях Каралеўскіх Прусаў у XVIІ стагоддзі ці пра музычную культуру горада над Матлавай у эпоху рэнесансу і барока, часта ў агульнаеўрапейскім кантэксце. У коле зацікаўленняў прафесара аказалася таксама музыка ў Вольным горадзе Гданьску. Да каштоўных працаў, найлепшых з тога часу, належыць апрацоўка гісторыі Польскай музычнай кансерваторыі ў Гданьску “Польская музычная кансерваторыя ў Гданьску (1929-1939)”, змешчаная ў Гданьскіх гуманітарных сшытках “Паморазнаўчыя працы” (1966, №13). У многіх артыкулах знайходзіць адлюстраванне багатае культурнае жыццё Троймяста, паказана дзейнасць Дзяржаўнай оперы і Балтыйскай філармоніі ў Гданьску, а таксама музычных школ.

За пацверджанне эрудыцыі прафесара Л. Макрэцкага, пасведчанне яго шырокіх даследчых гарызонтаў, а таксама параўнаўчага ўспрыяцця гісторыі навукі і асветы можам ўзяць кнігу “Вакол старапольскай навукі і асветы. Гданьск - Каралеўскія Прусы - Рэч Паспалітая” (Гданьск, 2001). Змешчаныя ў ёй даследванні, артыкулы, канферэнцыйныя рэфераты ўжо друкаваліся раней, але цяпер паўторны друк аддаў належнае даробку прафесара, яго эўрыстычнай і апавядальнай кампетэнцыі. Аўтар дапоўніў многія ўласныя ранейшыя даследванні і завяршыў творчыя рэінтэрпрэтацыі сваіх канцэпцый. Рэцэнзент кнігі слушна заўважыў, што яна пацвярджае стары погляд на тэму ўніверсальнага характару навукі і міжнароднага вобліку асветы, паказвае, якое важнае месца ў польскай культуры і культуры Еўропы займаў даўнейшы Гданьск і Каралеўскія Прусы. Вывучэннем першакрыніц прафесара Макрэцкага засведчаны веды пра спосабы пранікнення элементаў пратэстанцкай адукацыйнай ідэалогіі і пратэстанцкіх навучальных праграм у каталіцкія школы Рэчы Паспалітай.

Кніга дакументуе таксама ўклад гісторыкаў Каралеўскіх Прусаў у навуку, іхніх працаў на тэму гісторыі Польшчы. Гісторыя Польшчы была прадметам іх жывога зацікаўлення, даследванняў і вывучэння, што Лех Макрэцкі скрупулёзна выпісаў, аздобіўшы кампетэнтнымі і добра адрэдагаванымі каментарамі.

Шматсюжэтная і шматколерная панарама фактаў, з’яваў і адукацыйных працэсаў выступае ў кнізе ў артыкулах, якія датычацца гісторыі асветы. Тут заслугоўвае ўвагі сучасны падход аўтара да асветы, як да феномену сацыяльнага. Леха Макрэцкага цікавяць агульныя кантэксты асветнага руху, калі ён піша пра ролю навукі і асветы ў жыцці гданьскіх мяшчан у XVI - XVIІІ стагоддзях, калі акрэслівае традыцыі марской асветы і гданьскай навукі ў той самай вобласці, калі раскрывае адукацыйныя праблемы мяшчанскіх сямей у Каралеўскіх Прусах у XVI - XVIІ стагоддзях. Аналізы крыніц з той эпохі сталі важнымі прычынамі для роздуму аб зменах метадалогіі гісторыі адукацыі і методыкі гістарычна - адуацыйных даследванняў у Польшчы.

Лех Макрэцкі абнародуе свой даробак на шматлікіх сімпозіюмах і навуковых канферэнцыях. Выступаў у большасці еўрапейскіх краін. Не раз прафесара запрашалі для выступлення з рэфератамі на прынагодных сімпозіюмах, як юбілей прафесара Ф.А. Дыстэрвэга ў Берліне, ці на канферэнцыі з аказіі надання ва ўніверсітэце ў Балоні ступені доктара honoris cause Чэславу Мілашу. Біяграфія прафесара ад 1993 года пададзена ў некалькіх прэстыжных слоўніках тыпу ”Who is Who in the World” (апублікаваны выдавецтвам “Marquis” у ЗША).

Лех Макрэцкі з’яўляецца сябрам многіх айчынных і міжнародных навуковых арганізацый, у тым ліку: L’Association Internationale pour l’Histoire de l’Education (Бельгія), Commission d’Histoire de l’Histoiographie пры Comite’ International des Sciences Historiques (Італія), History of Science Society (ЗША), чальцом Камітэту гісторыі навукі і тэхнікі Польскай акадэміі навук, старшыня Камісіі гісторыі грамадскіх навук Камітэту гісторыі навукі і тэхнікі Польскай акадэміі навук, Камісіі гісторыі паўночных мораў Еўропы КГН ПАН, Камісіі метадалогіі гісторыі і даследванняў гістарыяграфіі КГН ПАН, Краёвай камісіі дыдактыкі гісторыі, Польскага гістарычнага таварыства, Гданьскага навуковага таварыства і іншых. Прафесар засядае ў рэдакцыйных радах або рэдакцыях такіх навуковых часопісаў, як: „Przeglad Historyczno-Oswiatowy”, „Rozprawy z Dziejow Oswiaty”, „Lubelski Rocznik Pedagogiczny”, „Biuletyn Historii Wychowania” (Poznaс), „Ars Educandi” czy „Rocznik Gdanski”.

Прафесара Макрэцкага ўзнагароджвалі міністр культуры і мастацтва, міністр адукацыі (двухразова), а таксама рэктар Гданьскага ўніверсітэта (25 узнагарод). Прафесар атрымаў адзнаку 1 ступені Польскай акадэміі навук. Шматбаковая дзейнасць прафесара была шматкратна адзначана ўладнымі структурамі, у тым ліку: Ганаровая адзнака заслужанага дзеяча культуры (1971), Ганаровая адзнака “За заслугі перад горадам Гданьскам” (1972 і 1979), Ганаровая адзнака “Заслужаны Гданьскай зямлі” (1973), Залаты крыж заслугі (1977), Срэбная адзнака ”Заслужаны працаўнік мора” (1979), Медаль Нацыянальнай адукацыйнай камісіі (1980), Кавалерскі крыж Ордэна адраджэння Польшчы (1984), Афіцэрскі крыж Ордэна адраджэння Польшчы (2004), Медаль 1000-годдзя Гданьска (1998) і Медаль прэзідэнта горада Гданьска (2005).

Найноўшыя даследчыя зацікаўленні прафесара Макрэцкага зноў павяртаюцца да акадэмічных традыцый Гданьска. Вучоны заўважыў, што ў Каралеўскіх Прусах ужо ў XVI стагоддзі мелі месца моцныя імкненні да стварэння ўніверсітэта для шляхты і мяшчанства пратэстанцкага веравызнання, аднак па меры нарастання цяжкасцяў у арганізацыі такой установы, рабіліся высілкі для грунтоўнай перабудовы школьніцтва. Адсутнасць вышэйшай навучальнай установы імкнуліся часткова кампенсаваць акадэмічнымі гімназіямі.

Далейшая навуковая дзейнасць прафесара падтрымліваецца рэктарам Гданьскага ўніверсітэта Андрэем Цайновым. Спецыяльна сабраны камітэт выбітных даследчыкаў, які ўзначальвае Лех Макрэцкі рыхтуе акрамя іншага шматтомавае выданне першакрыніц, якія фармавалі ўніверсітэцкія традыцыі Гданьска.

Прафесар Лех Макрэцкі шмат разоў наведваў Ліду і Лідчыну - радзіму сваіх дзядоў - прадзедаў і перадаў шмат матэрыялаў, скарыстаных для напісання гэтага артыкула.

Крыніцы :

1. Kazimierz Puchowski, Jozef Zerko. Profesor Lech Marian Mokrzecki – badacz historii nauki, kultury i oswiaty. Uniwersytet Gdanski.

2. Kazimierz Puchowski. Profesor Lech Mokrzecki – historyk nauki i oswiaty. Uniwersytet Gdanski.

3. J. Zerko, Promocje doktorskie w Uniwersytecie w Linkoping (Szwecja), „Ars Educandi”, t. I, 1998, s. 181-188.

4. Ogolnopolska sesja naukowa pt. Wklad Pomorza Gda с skiego do rozwoju nauki i oswiaty, Gdansk 1983.

5. Zob. J. Maternicki, Cz. Majorek, A. Suchonski, Dydaktyka historii, Warszawa 1993.

6. Swiadomosc historyczna jako przedmiot badan historycznych, socjologicznych i historyczno-dydaktycznych. Materia і y z konferencji naukowej – Warszawa, 13.06.1985, pod red. J. Maternickiego. Centralny Osrodek Metodyczny Studiow Nauk Politycznych, Warszawa 1985, s. 165-169.

7. Regionalizm w badaniach i nauczaniu historii wychowania [w:] „Rozprawy z Dziejow Oswiaty” 1989, t. 32, s. 197-203 (wsp у lnie J. Zerko).

8. Zob. recenzje J. Serczyka, „Zapiski Historyczne” 1977, t. 42, nr 1, s. 103-115.

9. Zob. A. Krawczyk, Historiografia polska epoki Baroku. Stan i potrzeby bada с , [w:] Metodologiczne problemy syntezy historii historiografii polskiej, pod red. J. Maternickiego, Rzeszow1998, s. 106,

10. Zob. K. Puchowski, Edukacja historyczna w kolegiach jezuickich Rzeczypospolitej, Gdansk 1999.

11. Zob. rec. Czeslawa Majorka, „Lubelski Rocznik Pedagogiczny”, T. XXII – 2002, s. 245-247.

12. Zob. L. Mokrzecki, Dawne i nowsze tradycje gdanskiej nauki i edukacji, [w:] M. Andrzejewski, L. Mokrzecki, J. A. Wlodarski, Zarys dziejow Uniwersytetu Gdanskiego. Szescdziesiat lat tradycji polskiego szkolnictwa pedagogicznego na Wybrzezu, Gdansk 2006, s. 9-24.



[*] Рыцарскі герб Астоя з’яўляецца найстаражытнейшым рыцарскім гербам у Польшчы. Герб гэты ў 1069 г. кароль Баляслаў ІІ Смелы (кіраваў з 1058 па 1080 гг.) дараваў ваяру Астою за яго мужнасць. Гэта адбылося падчас паходу на Кіеў, які Баляслаў II Смелы распачаў па просьбе свайго зяця кіеўскага князя Ізяслава Яраслававіча (другога сына Яраслава Мудрага) с мэтай вярнуть таму ўладу, якую князь Ізяслаў страціў у выніку народнага паўстання ў 1068 г. на чале з князем Усяславам Полацкім. Гэтая просьба была выканана, і ў 1070 г. князь Ізяслаў зноў заняў Кіеўскі пасад. Да тога ж часу адносіцца і першае згадванне пра герб “Астоя”. Гэтым гербам карысталіся каля 250 родаў. Герб трапіў і ў ВКЛ. У 19-м стагоддзі гербам карысталіся лідскія шляхціцы Банькоўскія (Банкаўскія), Гаеўскія, Данілевічы, Заштоўты, Карловічы, Мікутавічы, Макрэцкія, Седлікоўскія, Сяклюцкія, Сендзіміры, Сумарокі, Хрыстоўскія, Якавіцкія.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX