Вярнуцца: Агульная інфармацыя

Князі Гальшанскія Holsznskie, the princely family


Аўтар: ,
Дадана: 26.06.2004,
Крыніца: Энцыклапэдыя гісторыі Беларусі, т 2. - Мн., 1994, Стар. 460-462.



ГАЛЬШАНСКАЕ КНЯСТВА, феадальная вотчына кн. Гальшанскіх у канцы 13 -- сярэдзіне 16 ст. Цэнтр -- Гальшаны (цяпер в. Гальшаны Ашмянскага р-на). Займала першапачаткова тэр. міжрэчча Віліі і Нёмана, у 15 ст. распасціралася з Пн на Пд -- ад Вількаміра (цяпер г. Укмерге, Літва) і Паставаў да Глуска і Турава, з У на 3 -- ад Мінска да Мастоў. Упершыню ўпамінаецца ў крыніцах каля 1280, калі Гольша «замак сталічны княства свайго заснаваў на рэчцы Карабель». Кн. Галыыанскія доўгі час займалі высокія пасады ў ВКЛ. У 1440 і 1492 у Гальшанах адбыліся нарады для выбараў кандыдатаў на велікакняжацкі прастол. У сярэдзіне 16 ст. радавое ўладанне Гальшанскіх перайшло да Сапегаў.

Літ.: Полное собранне русских летописей. Т. 32. М., 1975;

Корзун Э. С. Гольшаны. Мн., 1987;

Pułaski K. Ks. Holsyańscy. Kraków, 1887;

Wolff J. Kniaziowe litewsko-ruscz od końca czternastego wieku. Warszawa, 1895.

Э. С. Корзун.


ГАЛЬШАНСКІЯ, старажытны княжацкі род, прадстаўнікі якога займалі высокія дзярж. пасады ў ВКЛ, мелі буйныя землеўладанні на Беларусі і Украіне. Карысталіся гербам «Гіпацэнтаўр» (выява каня, у якога галава, грудзі і рукі чалавека; замест хваста -- пашча дракона, якога паражае страла, выпушчаная з лука рукамі самой жа жывёліны). Генеалагічныя легенды 16 ст. звязвалі паходжанне Г, са стараж. літ. дынастыяй Кітаўрусаў, што панавала ў Літве перад дынастыяй Віценя i Гедзіміна. Магчыма, князі Г. сапраўды паходзілі ад кагосьці з родзічаў вял. князя Трайдзеня [1270--82], пазбаўленых улады новай дынастыяй. Радавым гняздом Г. быў Гальшанскі замак недалёка ад Ашмян. Найбольш вядомыя прадстаўнікі роду:

I в а н (упамінаецца ў крыніцах у 1379--1401), сын Альгімонта, першы вядомы прадстаўнік роду Г., актыўны прыхільнік Вітаўта ў час яго барацьбы за велікакняжацкую ўладу, двойчы суправаджаў яго ў эміграцыю ў Прусію. Узначальваў пасольства, што адвозіла ў Маскву дачку Вітаўта Соф'ю, нявесту вял. кн. маскоўскага Васіля Дзмітрыевіча. 3 1392 -- адзін з набліжаных вял. кн. Вітаўта, уваходзіў у велікакняжацкую раду. 3 1396 -- намеснік у Кіеве. Атрымаў ад Вітаўта вял. воласці Глуск і Парэчча на р. Пціч, Дубровіцкае княства на р. Гарынь (Украіна). Меў сыноў Андрэя Вязынскага, Сямёна Лютага, Аляксандра Нялюба, Міхаіла і дачку Ульяну (1378--1448), якая была жонкай спачатку кн. I. Карачаўскага, з 1418 -- вял. кн. Вітаўта.

А н д р э й Вязынскі [каля 1365 (?) -- каля 1410], сын Івана. Вядомы гал. чынам тым, што меў трох дачок, з якіх сярэдняяСоф'я была польскай каралевай.

С я м ё н Люты (?-- 1433), сын Івана, актыўны ўдзельнік барацьбы паміж Жыгімонтам Кейстутавічам і Свідрыгайлам за вял. княжанне. Намеснік Вітаўта ў Вял. Ноўгарадзе (каля 1420), у 1432 -- адзін з удзельнікаў змовы супраць Свідрыгайлы на карысць Жыгімрнта. Верагодна, у жніўні 1433 трапіў у палон да Свідрыгайлы і быў пакараны смерцю. Меў 6 сыноў: Данілу (загінуў у 1435 у бітве пад Вількамірам на баку Свідрыгайлы), Юрыя, Сямёна, Аляксандра, Андрэя, Глеба і дачку Ульяну (жонка кн. С. Р. Кобрынскага).

М і х а і л (? -- 1433), сын Івана, актыўны ўдзельнік барацьбы паміж Жыгімонтам Кейстутавічам і Свідрыгайлам за вял. княжанне. Намеснік кіеўскі ў 1422. На чале войска Свідрыгайлы ў чэрвені 1433 разграміў войскі Жыгімонта, аднак у хуткім часе перайшоў на яго бок. Верагодна, у жніўні 1433 трапіў у палон да Свідрыгайлы. і быў пакараны смерцю.

С о ф ' я [1405 (?) --21.9.1461], дачка Андрэя, каралева польская. У 1422 выйшла замуж за польск. караля Ягайлу, нарадзіла сыноў Уладзіслава і Казіміра, заснавальніца дынастыі Ягелонаў.

С я м ё н Трабскі (?--?), сын Сямёна Лютага. Меў адзіную дачку, праз шлюб якой з М. Гаштольдам частка яго вотчыны ў Гальшанах, Трабах, Глуску перайшла да Гаштольдаў.

Ю р ы й (каля 1410--каля 1457), сын Сямёна Лютага. Адзін з арганізатараў выбрання вял. князем Казіміра Ягелончыка ў 1440, аднак у 1456 далучыўся да апазіцыі, якая хацела абраць вял.князем Сямёна Алелькавіча. Разам з братамі валодаў Галыланамі, Глускам, Дубровіцай са Сцепанем (на Украіне), Раманавам у Аршанскім пав., Станькавам і Жыцінам у Менскім пав., Свіранамі, Шашоламі і Кроштамі ў Літве і інш. Меў дачку Ганну (другая жонка М. Гаштольда) і 5 сыноў: Івана Дубровіцкага (удзельнік змовы супраць вял. кн. Казіміра, пакараны смерцю ў 1481), Аляксандра, Васіля, Юрыя і Сямёна.

А л я к с а н д р (каля 1440--1511), сын Юрыя, крайчы ВКЛ да 1488, падчашы і намеснік гарадзенскі з 1488, кашталян віленскі з 1493, адначасова староста берасцейскі з 1506. Верагодна, перайшоў з праваслаўя, якое раней вызнавалі ўсе Г., у каталіцтва. Шлюб з Соф'яй, дачкой віленскага ваяводы А. Судзімонтавіча, прынёс яму частку вялізнай спадчыны цесця: Воўпу ў Гарадзенскім, Хожава ў Ашмянскім, Сутокі, Заазер'е і частку Харэцкай воласці ў Мінскім пав. Валодаў таксама Свіранамі і Шашоламі, Лебедзевам, Далькевічамі і Дунілавічамі ў Ашмянскім пав. Меў сыноў: Януша, Юрыя і Паўла, а таксама 4 дачок, з якіх Ядвіга (жонка Я. Л. Храбтовіча) і Аляксандра (жонка М. Паца) унеслі частку судзімонтаўскай спадчыны ў роды сваіх мужоў.

С я м ё н (каля 1445--1505), сын Юрыя, староста луцкі з 1490, маршалак Валынскай зямлі з 1494, часовы спраўца пасад найвышэйшага гетмана ВКЛ і ваяводы наваградскага (1500 --01). У выніку шлюбу з князёўнай С. Збаражскай набыў маёнткі на Валыні. Меў адзіную дачку Таццяну (жонка К. I. Астрожскага), да якой адышлі яго вотчыны (у т. л. частка Глуска, Гальшан, Раманава з Копыссю і Баранню і інш.).

Ю р ы й (каля 1480--1536), сын Івана Дубровіцкага, ваявода кіеўскі ў 1508--10. Нягледзячы на тое, што яго бацька быў пакараны за ўдзел у змове супраць вял. князя Казіміра, захаваў яго вотчыны, гал. з якіх былі Глуск (пазнейшы Глуск-Дубровіцкі), дзе ён заснаваў замак і мястэчка, і Дубровіца. Меў сыноў: Януша, Уладзіміра і Сямёна, а таксама 7 дачок.

П а в е л (каля 1490--1555), сын Аляксандра, адзін з найбольш таленавітых прадстаўнікоў роду Г. У 1504 вучыўся ў Кракаўскім ун-це, дзе выявіў вял. здольнасці да філасофіі. Пазней вучыўся ў Рыме (упамінаецца ў 1512). Пасля вяртання ў ВКЛ стаў прэлатам-архідыяканам касцёла св. Станіслава ў Вільні. Выхавацель будучага вял. князя Жыгімонта Аўгуста. 3 1530 -- біскуп луцкі, з 1536 -- віленскі. Адыгрываў значную ролю ў дзярж. і грамадскім жыцці ВКЛ, актыўна супрацьдзейнічаў Рэфармацыі. Ад бацькі і маці ўнаследаваў вял. частку радавых вотчын Г. і судзімонтаўскай спадчыны (Воўпа, Лебедзева, Дунілавічы, Хожава, Станькава, Жыцін), якія ён разам з інш. маёнткамі завяшчаў вял. князю.

Я н у ш Дубровіцкі (каля 1505-- 1549), сын Юрыя, дзяржаўца горвальскі з 1531, стольнік ВКЛ з 1540, ваявода кіеўскі з 1542, ваявода трокскі з 1544, адначасова дзяржаўца магілёўскі з 1547.

С я м ё н [каля 1515 (?) -- 1556], апошні мужчынскі прадстаўнік роду Г. Пасля яго смерці вялізныя вотчыны, якія ён атрымаў у спадчыну пасля бацькі і старэйшых братоў, былі падзелены паміж шасцю яго сёстрамі: Аленай (жонка П. I. Сапегі), Настассяй (жонка кн. К. I. Заслаўскага), Соф'яй (жонка кн. А. Палубінскага), Марыяй (спачатку і жонка А. Мантоўта, потым М. Казінскага і кн. А. Курбскага), Ганнай (жонка А. Кірдзея), Фядорай (жонка кн. Б. Саламярэцкага). Сёмая сястра Багдана, жонка кн. Вішнявецкага, памёрла раней, не пакінуўшы нашчадкаў.

Літ.: Kniaziowe litewsko-ruscz od końca czternastego wieku. Warszawa, 1895.

В. Л. Насевіч

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX