Вярнуцца: Агульная інфармацыя

Сцыпіёны і Ліманты


Аўтар: Данскіх Сяргей,
Дадана: 12-02-2011,
Крыніца: Данскіх Сяргей. Шляхта італьянскага паходжання ў Лідскім павеце ВКЛ: пытанні рэцэпцыі і асіміляцыі // Герольд Litherland № 17. 2006. С.57-68.



Шляхта італьянскага паходжання ў Лідскім павеце ВКЛ: пытанні рэцэпцыі і асіміляцыі.

Генеалагічныя даследаванні з'яўляюцца адносна новай галіной для беларускай гістарыяграфіі. Амаль не выкарыстоўваюцца яны і як крыніцы ці эмпірычная база для сацыяльна-гістарычных ці культуралагічных даследаванняў. Прычына гэтага крыецца ў яшчэ рэвалюцыйна-дэмакратычных і савецкіх стэрэатыпах беларускай навукі, якая бачыла сацыяльны падмурак беларускай нацыі толькі ў сялянстве ды нешматлікай інтэлігенцыі сялянскага паходжання. Таму на сённяшні дзень мы маем "Гісторыю сялянства Беларусі" і шматлікія працы па мінуламу беларускага сялянства, затое тэрмін "беларуская шляхта" з'яўляецца дыскусійным і часта аспрэчваецца. Зараз зразумела, што без Радзівілаў, Іваноўскіх ці Скірмунтаў беларуская нацыя наўрад ці пераадолела б "рэгіянальны" ўзровень ліцьвінства ці заходнерусізму. Таму цесна звязаная з гісторыяй шляхты генеалогія набывае ў вачах беларускіх даследчыкаў усё большую цікавасць і навуковую каштоўнасць.

Напэўна самай вялікай тэарэтычнай праблемай сучасных даследчыкаў, якія маюць дачыненне з генеалогіяй, з'яўляецца пытанне аб тоеснасці шляхецкіх радаводаў і нацыянальнай гісторыі - найбольш паўнавартаснага ды сацыяльна патрэбнага аб'екта вывучэння. Вучоны-гуманітарый другой паловы ХІХ-пачатку ХХІ ст. прызвычаіўся глядзець на навакольны свет выключна праз "нацыянальныя акуляры". З гэтага пункту гледжання шляхецкія дынастыі замежнага паходжання маюць ускоснае дачыненне да нацыянальнай гісторыі, ужыванне іншаземнай мовы з'яўляецца яскравым прыкладам пагардлівага ці варожага стаўлення да свайго народа, а пераход на службу суседняму манарху ўспрымаецца як здрада.

У той жа час ствараецца ўражанне, што ўласна для шляхецтва - кіруючага, прывілеяванага стану сярэднявечнага саслоўнага грамадства, ўласна гэтая этнічная і культурная тоеснасць простаму народу - "простаму стану", "плебсу", "халопам" - успрымалася як абраза. Таму іншаземныя дынастыі гэтак лёгка ўсталёўваліся на еўрапейскіх тронах, радаводы знаных родаў праслаўлялі паўлегендарных продкаў - "чужынцаў-захопнікаў", а культурная традыцыя - ад мовы да этыкету - імкнулася адрозніць "шляхетны стан" ад іншых. Класічным прыкладам падобнай сацыяльнай дэмаркацыі з'яўляецца "сармацкі міф" у шляхецкай культуры польскіх "каронных" зямель Рэчы Паспалітай. З цягам часу "сарматызм" усё больш падкрэсліваў адметнасць шляхты-сарматаў ад сялянаў-славянаў [1, с.230-231]. Таму ў саслоўным грамадстве іншаземцу "шляхетнага паходжання" было значна прасцей дасягнуць высокага сацыяльнага статусу, чым суайчынніку-"плябею".

Галоўнае тэарэтычнае пытанне, якое стаіць перад гэтым артыкулам - якія фактары могуць спрыяць ці перашкаджаць "інкарпарацыі" іншаземца ў "шляхецкі стан" Рэчы Паспалітай. Для гэтага ў якасці аб'екта вывучэння абраны малавядомыя сучасным беларускім даследчыкам шляхецкія "фаміліі" італьянскага паходжання з Лідскага павета ВКЛ: Ліманты і Сцыпіёны.

Лідскі павет ВКЛ як адміністратыўная адзінка набыў сваю канчатковую форму ў выніку адміністратыўнай рэформы 1565-1566 г., увабраўшы ў сябе Васілішкаўскае, Жалудоцкае і Эйшышскае намесніцтвы ці паветы. Ён займаў правабярэжжа Нёмана ўздоўж яго прытокаў: Лябёды, Дзітвы і правага берага Жыжмы. Гэта была тэрыторыя старадаўніх славяна-балцкіх кантактаў. На поўдні тэрыторыі павета ў ХІІІ ст. знаходзіўся адзін са старажытнарускіх гарадоў Турыйск на Нёмане (1253 г.), а на поўначы яцьвяжскае князства Дайнова (1259 г.). Зараз гэта вёскі Турэйск і Дайнова. Прычым побач з Турэйскам знаходзілася вёска Ятвезск (славянская назва балцкага племя), а недалёка Дайновы і зараз ёсць вёска Гуды (так літоўцы па сённяшні дзень называюць беларусаў). Наколькі дазваляе сцьвярджаць сучасны ўзровень даследаванняў у галіне міжкультурнай камунікацыі, тэрыторыі этна-культурнага памежжа заўжды ствараюць больш прывабныя ўмовы для перасяленцаў ды мігрантаў. Магчыма, таму адным з фактараў з'яўлення менавіта ў Лідскім павеце шляхецкіх родаў італьянскага паходжання быў яго памежны (не ў дзяржаўным, а ў этнічным і канфесійным плане) характар.

Сярод вядомых шляхецкіх родаў Лідскага павета Ліманты і Сцыпіёны не былі адзінымі "іншаземцамі". Тызенгаўзы (Жалудок, Каменка) і Валы (Ішчална) былі нямецкага паходжання. Ляцкія (Жалудок) і Губарэвічы (Красулі) - у пачатку XVI ст. збеглі ў ВКЛ з Масковіі, а Глябіцкія-Юзафовічы (Шчучын) ўвогуле мелі яўрэйскія вытокі свайго радаводу. Але ўсе гэтыя "фаміліі" паходзілі ад народаў, гісторыя якіх цесна звязана з гісторыяй Беларусі, ВКЛ і Рэчы Паспалітай. У дачыненні да італьянцаў Лімантаў ды Сцыпіёнаў фактар "суседскай інфільтрыцыі" не дзейнічае, хаця і стварае спрыяльныя магчымасці для далучэння ў лік шляхты Лідскага павета яшчэ некалькіх "іншаземцаў".

З'яўленне "італьянцаў" на Лідчыне звязаны са значнай гістарычнай падзеяй - шлюбам караля Жыгімонта І Старога (1467-1548 г.) і італьянскай князёўны Боны Сфорца (1494-1557 г.) у красавіку 1518 г. У шлюбным эскорце Боны Сфорцы ў Кракаў прыбылі 287 італьянцаў, якія і паклалі пачатак "італьянскай калоніі" пры каралеўскім двары: Аліфіё, Марчэсіні дэ Монтэ Кенэрэ, дэ ля Торэ, Лісмані, Кармігнана ды іншыя. Паводле М.Багуцкай, праз прыдворныя колы польскіх каралёў у першай палове XVI ст. прайшло звыш 1000 італьянцаў [2, s.65, 92-93]. Частка з іх так і засталася на тэрыторыі Польшчы і ВКЛ. На Беларусі Бона Сфорца ўжо ў 1519 г. атрымала ад мужа Пінскае і Кобрынскае староствы. У 1533 г. яна выкупіла Гарадзенскае староства ды праз суд вярнула ад магнатаў шмат вялікакняжацкіх уладанняў, у тым ліку Клецк і Гарадок [2, s.225-226]. Верагодна, што на гэтых беларускіх землях і адбылося першапачатковае з'яўленне італьянцаў у якасці службовых асобаў каралевы.

Сцыпіёны.

Найбольш вядомым шляхецкім родам італьянскага паходжання не толькі на Лідчыне, але і ўвогуле ў Беларусі безумоўна з'яўляюцца Сцыпіёны. Як адзначыў Адам Касіньскі з гэтай "фаміліі" паходзяць адзін міністр і адзін кашталян, а ў сярэдзіне XVIII ст. Сцыпіёны нават увайшлі ў склад магнатэрыі Рэчы Паспалітай. Гэта ўжо была толькі іх асабістая заслуга, таму што Бона Сфорца ніколі не прасіла для сваіх землякоў вышэйшыя пасады. Найбольшае, на што маглі разлічваць італьянцы ад "сваёй" каралевы, гэта пасады сярэдняга ўзроўню (староства ці парафія) і служба пры каралеўскім двары.

Сцыпіёны ніколі не скрывалі свайго італьянскага паходжання. Хутчэй, наадварот. Яны падкрэслівалі, што вялі свой радавод ад славутага старажытнарымскага роду сенатараў, палкаводцаў і мецэнатаў Сцыпіёнаў. Аб гэтым сведчыў і іх уласны герб "Сцыпіён" - у чырвоным полі чатыры блакітныя ляскі, ўкладзеныя касым крыжам, з кляйнотам "самаахвярнасці" - пеліканам. Ён нібыта сімвалізаваў вялікія вайсковыя перамогі рымскіх Сцыпіёнаў, а па другой версіі чатырох славутых прадстаўнікоў гэтага патрыцыянскага роду: Сцыпіёна Афрыканскага Старэйшага, Сцыпіёна Азіяцкага, Сцыпіёна Назіка і Сцыпіёна Афрыканскага Малодшага [3, Т.8, s.299]. Найбольш гучны варыянт родавага прозвішча гучаў як "графы дэль Кампа Сцыпіё". У другой палове XVIII ст. часцей ужываўся варыянт "Сцыпіё дэ Кампа", а ў ХІХ ст. сваеасаблівы "русізм" - "дэ Кампа Сцыпіён". Хаця найбольш распаўсюджаная назва ў штодзённым жыцці гучала як "Сцыпіёны".

1 пакаленне.

Родапачынальнікам Сцыпіёнаў на землях Польшчы і ВКЛ, паводле афіцыйнай генеалагічнай версіі, быў італьянскі нашчадак рымскіх Сцыпіёнаў неапалітанскі шляхціч Пётр Сцыпіён дэль Кампа - маршалак двара каралевы Боны Сфорца і губернатар княства Бары ў Італіі - спадчыннага ўладання каралевы. Ён быў жанаты на Лівіі (па іншых генеалагічных працах Ліліі) дэ Леанардзіс з Неапаля і трапіў у Польшчу ў 1518 г. разам з Бонай Сфорца. Гэта ў цэлым адпавядае гістарычнаму кантэксту. Выгнаная французамі з Мілана сям'я Сфорца атрымала ў 1502 г. ад Гішпаніі права на валоданне

ў Паўднёвай Італіі княствамі Бары і Разана (Bari & Rossano). Двор Сфорца месціўся ў Бары, хаця шмат часу яны праводзілі ў Неапалі - сапраўднай сталіцы Паўднёвай Італіі. Уласна такім шляхам: Неапаль-Бары-порт-Манфрэдонія-шлюбны картэж Боны Сфорца ў лютым 1518 г. пакідаў Італію [2, s.30, 59].

У ХХ ст. гэтая легендарная версія была паступова разбурана даследчыкамі. Сапраўды, італьянец Пётр, які ў традыцыях культуры Адраджэння абраў сабе гучны лацінскі псеўданім і быў вядомы як "Сцыпіён - вучоны з Бары" (Scypion Scholaris z Bari), ў 1530-1550 г. з'яўляўся сакратаром каралевы Боны Сфорца. Відавочна, што ў Польшчы ён з'явіўся пазней 1518 г. і быў адукаваным чалавекам, які імкнуўся праз веды набыць пэўны сацыяльны статус. Дарэчы, афіцыйнае прозвішча дэль Кампа Сцыпіё можна літаральна перакласці з італьянскага як "аднаго поля шляхецтва са Сцыпіёнамі". У часы Адраджэння антычныя псеўданімы бралі сабе для афіцыйнага ўжывання толькі асобы нешляхетнага паходжання. Што тычыцца важных пасадаў Пятра Сцыпіёна, то яны ў значнай ступені "запазычаны" ў Людвіга Аліфіё - начальніка канцылярыі Боны Сфорца ў 1518-1525 г., а пазней - яе намесніка ў Барскім княстве. Тое ж тычыцца і пасады маршалка двара каралевы Боны. У свой час гэтая пасада гучала як "охмістр двара" і яе займалі Мікалай Вольскі (1518-1548 г.) і Ян Асецкі (1548-1556 г.) [2, s.91, 92-93]. У цяжкія гады сямейнага разладу паміж Бонай Сфорца і яе сынам каралем Жыгімонтам ІІ Аўгустам, выкліканым каханнем караля да Барбары Радзівіл (1523-1551 г.), Пётр Сцыпіён здрадзіў каралеве-маці і перайшоў на службу да караля. Фактычна гэта ў значнай ступені вызначыла лёс роду Сцыпіёнаў, якія засталіся ў Польшчы і да сярэдзіны XVII ст. былі звязаны з прыдворнай каралеўскай службай.

Такім чынам, ля вытокаў шляхецкага роду Сцыпіёнаў у Польшчы і ВКЛ знаходзіўся адукаваны італьянец, які пачынаў сваю "кар'еру" у якасці сакратара каралевы Боны. Далейшае ператварэнне Сцыпіёнаў у шляхецкі род можа і выглядаць вельмі дзіўна, але варта прыгадаць словы М.Багуцкай, што ў рэнесансавай Італіі шлюбы шляхты і гарадскога патрыцыята (з выдуманымі генеалогіямі), пакупка тытулаў - нармальная справа [2, s.14]. З гэтага пункту гледжання паводзіны Сцыпіёнаў, якія прагнулі і дасягнулі шляхецтва, можна разглядаць як заканамернасць. Варта нагадаць, што сама Бона Сфорца паходзіла з роду італьянскіх кандацьераў - ваенных наёмнікаў, якія захапілі ўладу над Міланам ды сталі князямі. Самое прозвішча Сфорца перакладаецца з італьянскага як "дзёрзкі".

2 пакаленне.

Заблытаным з'яўляецца пытанне аб нашчадках Пятра Сцыпіёна. Паводле К. Нясецкага, ён меў дзвух сыноў. З якіх Фабрыцый вярнуўся ў Італію, а другі сын, не названы па імю, застаўся і набыў у ВКЛ маёнтак Кудраўку - першае спадчыннае ўладанне Сцыпіёнаў. Дакладнае месца лакалізацыі маёнтка невядома, але ўлічваючы той факт, што ў першай палове XVII ст. Сцыпіёны прымалі актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці Гарадзенскага павета, гэта можа быць вёска Кудраўка каля Саколкі ў сучаснай Польшчы. Т. Свенцкі таксама не называе сына Пятра Сцыпіёна па імю, але адзначае, што ён быў "дзедзічам на Кудраўцы" [4, s.74-75]. Для аўтараў "Польскага біяграфічнага слоўніка" адзіным сынам Пятра Сцыпіёна быў Францішак, які пасяліўся ў Гарадзенскім павеце [5, s.85]. Магчыма, блытаніна з імем сына Пятра Сцыпіёна звязана з незразумеласцю яго адаптацыі на старабеларускую мову. Паводле Я.Цехановіча ў дакументах Дуброўскай плябаніі (былы Гарадзенскі павет, зараз у Польшчы) у 1595 г. пазначаны "Сцыпіён Сцыпіёнавіч Кампа". Што датычыцца звестак аб жыцці Францішка (Фабрыцыя?), то яны аднолькавыя ва ўсіх даследчыкаў. Ён браў актыўны ўдзел у войнах караля Стэфана Баторыя, за што каралеўскім прывілеям ад 1582 (ці 1589) г., напісаным "рускай мовай", атрымаў "за крывавыя заслугі пад Вялікімі Лукамі добра Гарасімовічы, Сцецкае сяло, Гарадзішча, Бяневічы і Сточні ў княстве Жмудзкім". Дарэчы Т. Свенцкі прыпісывае гэта наданне Станіславу Сцыпіёну, відавочна, унуку Пятра. Т. Жыхліньскі дадае, што Фабрыцый (Францішак?) даслужыўся да харужага і за ваенныя заслугі атрымаў ад Стэфана Баторыя каралеўскія ўладанні Гарасімовічы, Бяневічы і Гарадзішчызну без лакалізацыі павета.

Жонкай Францішка/Фабрыцыя паводле афіцыйнай версіі была Ганна Рудаміна-Дусяцкая гербу "Трубы", дачка Мацея, пана на Дусятах і Камаях [3, Т.8, s.299-300]. Для К. Нясецкага другі сын Пятра Сцыпіёна "за крывавыя заслугі пры Вялікіх Луках атрымаў у 1582 г. ад Стэфана Баторыя каралеўскія добра Гарасімовічы, Сцецкае Сяло, Бяневічы, Сточні і ў Жмудзі - Пазушвы". Для складальнікаў "Польскага біяграфічнага слоўніка" Ганна з'яўлялася дачкой віленскага бурмістра Мацея Рудаміны. Паводле ЭГБ, Мацей Рудаміна быў буйным віленскім купцом і гандляром футрамі, які ў 50-70-х гадах XVI ст. неаднаразова выбіраўся віленскім райцам і бурмістрам. Ён быў цесна звязаны з родам Радзівілаў. У 1576 г. па пратэкцыі Мікалая Радзівіла Рудога (1512-1584 г.) Мацей Рудаміна атрымаў шляхецтва і быў прыняты Радзівіламі ў іх гербавае братэрства. У 1585 г. Мацей Рудаміна купіў у Юрыя Радзівіла маёнтак Дусяты, што дало яму магчымасць ператварыць прозвішча ў Рудаміны-Дусяцкія [1, с.125-125].

Гэтыя звесткі дазваляюць прапанаваць наступную гіпотэзу. Відавочна, знаёмства Пятра Сцыпіёна і Мацея Рудаміны адбылося пасля 1550 г., калі Пётр Сцыпіён перайшоў на бок караля ў яго спрэчках з маці. Паколькі ў каралеўскім лагеры значную ролю адыгрываў брат Барбары Радзівіл ваявода троцкі і вялікі гетман ВКЛ Мікалай, то лёсы Сцыпіёнаў першы раз перапляліся з лёсамі гэтага славутага роду. Шлюб паміж Францішкам Сцыіёнам і Ганнай Рудамінай быў сваеасаблівым саюзам сямей, якія імкнуліся да шляхецтва і належалі да кола найбольш адукаваных людзей ВКЛ.

Такім чынам, адзіным прадстаўніком другога пакалення Сцыпіёнаў у Польшчы і ВКЛ трэба прызнаць Францішка Сцыпіёна, які выкарыстоўваючы вопыт цесця Мацея Рудаміны набыў першы спадчынны маёнтак Кудраўку ў Гарадзенскім павеце, а ваеннай службай пад Вялікімі Лукамі ў 1580 г. здолеў атрымаць шляхецкую пасаду харужага і павялічыць свае ўладанне за кошт каралеўскага надання. Пры гэтым, Сцыпіёны не скарысталі магчымасць атрымаць шляхецтва і далучыцца да пэўнага гербавага братэрства, а працягвалі ўпарта трымацца за свой легендарны радавод і ўласны герб "Сцыпіён". У рэчаіснасці шлюб для іх быў магчымы толькі з адпаведнымі іх статусу "новашляхетнымі", хаця і вядомымі сем'ямі. Варта адзначыць, што сын Мацея Рудаміны і брат Ганны з Рудамінаў-Дусяцкіх Сцыпіёнавай - Ян Рудаміна таксама замацаваў сваё шляхецтва актыўным удзелам у Лівонскай вайне 1558-1583 г.

3 пакаленне.

Ператварэнне Сцыпіёнаў у сапраўдны шляхецкі род адбываецца ў трэцім пакаленні, дзякуючы шматлікаму патомству Францішка Сцыпіёна. "Польскі слоўнік біяграфічны" ўзгадвае трох сыноў Францішка: Крыштафа, Юрыя і Яна. У генеалагічных працах можна знайсці звесткі яшчэ пра дзвух братоў - Аляксандра і Станіслава, а таксама пра дзвух дачок - Ганну і Рэгіну. У К.Нясецкага без усялякіх звестак згадваюцца яшчэ два брата - Ерамей і Пётр, якія, магчыма, памерлі ў дзяцінстве.

Шлюбы дачок Францішка Сцыпіёна сведчаць аб прызнанні яго рода з боку павятовай шляхты. Ганна выйшла замуж за слонімскага падсудка Юзафа Палубінскага, а Рэгіна - за літоўскага харужага Якуба Міцуту. Самым вядомым з сыноў Францішка з'яўляецца Крыштаф Сцыпіён (каля 1578 г., Горадня - 1649 г., Горадня) - правінцыял бернардынаў (1611-1614, 1620-1623, 1640-1645 г.), які шмат зрабіў для матэрыяльнага дабрабыту Ордэна бернардынаў і будаўніцтва новых касцёлаў і кляштараў у Рэчы Паспалітай. Аляксандр Сцыпіён (?-?) у 1605 г. атрымаў за ваенныя заслугі ("за Кірхгольм" альбо "за шматлікія даручэнні на Інфлянтскай вайне") ад караля Жыгімонта ІІІ Вазы маёнткі Ушт, Папэн, Надэн, Муйтэн у Інфлянтах [3, Т.8, s.302; 4, s.74-75]. Вельмі верагодна, што менавіта з Аляксандрам звязана канчатковая рэдакцыя выявы іх герба "Сцыпіён" - далучэнне кляйноту з пеліканам. Паводле Б.Папроцкага кляйнот з пеліканам з'явіўся ўласна ў пачатку XVII ст. ад Мікалая Коцела - героя Інфлянтскай вайны, якому моцна пасеклі грудзь [11, s.861]. Станіслаў Cцыпіён (?-1642 г.) займаў нейкі час пасаду гарадзенскага войскага і не пакінуў нашчадкаў. Шосты сын Францішка - Юры Сцыпіён, "дзедзіч на Рэплі" (Ваўкавыскі павет) і гарадзенскі падкаморы з 1591 г., жанаты на Зоф'і з Лявічына Лявіцкай, "харужанцы падляшскай" пакінуў шматлікіх нашчадкаў. У 1623 г. ён быў абраны паслом на Сойм і быў камісарам для вызначэння межаў паміж Берасцейскім ваяводствам ВКЛ і Падляшскім ваяводствам Польшчы. Т.Свенцкі называе Юрыя Сцыпіёна фундатарам касцёла ў Рэплі. Сярод нашчадкаў

Юрыя Сцыпіёна вядомы Мацей, "дзедзіч на Рэплі і Алекшыцах" у Ваўкавыскім павеце і Мікалай, "дзедзіч на Пушкароўшчыне". Але гэтая ("ваўкавыская") галіна роду Сцыпіёнаў хутка раздрабілася і страціла значэнне.

Галоўнай галінай роду Сцыпіёнаў сталі нашчадкі яшчэ аднаго сына Францішка - Яна Сцыпіёна (?-1620 г.). Улічваючы дату яго смерці і тое, што менавіта ён быў уладальнікам старога маёнтка Кудраўка, варта лічыць Яна старэйшым сынам Францішка. Хаця К.Нясецкі называе яго 7-м сынам Францішка Сцыпіёна. Ён займаў пасады гарадзенскага войскага і падкаморыя. У 1603 г. быў абраны дэпутатам Трыбунала ВКЛ [3, Т.8, s.302; 4, s.74-75]. Разам са сваім братам (імя якога невядома) Ян Сцыпіён быў адным з фундатараў мужчынскага і жаночага бернардынскіх кляштараў у Горадні, дзе доўгі час былі фамільныя склепы Сцыпіёнаў. Паводле Ю.Ядкоўскага войскі гарадзенскі Ян Сцыпіён разам з братам Адамам (больш Адам Сцыпіён нідзе не згадваецца) заснаваў каля 1620 г. у Горадні толькі кляштар бернардынак [14, s.20]. Смерць Яна Сцыпіёна была адзначана прамовай Пятра Весялоўскага - надворнага падскарбія ВКЛ. Гэтыя сціплыя звесткі даюць падставу меркаваць, што ў асобе Яна Сцыпіёна мы маем першы выпадак "дачынення" Сцыпіёнаў да кіруючых колаў Рэчы Паспалітай.

4 пакаленне.

Сыны Яна Сцыпіёна - Мікалай Яўстафі і Крыштаф - канчаткова замацавалі "шляхецкі стан" свайго роду, выкарыстоўваючы для гэтага ў першую чаргу службу пры каралеўскім двары, а таксама шлюбы са шляхтай ВКЛ. Мікалай Яўстафі (?-1637 г.) быў не толькі каралеўскім дваранінам, але і сябрам караля Ўладзіслава IV Вазы, разам з якім шмат падарожнічаў і атрымаў пасады мерацкага старосты (1633 г.) ды каралеўскага падкаморыя. Верагодна, Мікалай Яўстафі не пакінуў нашчадкаў. Крыштаф Сцыпіён (?-?) таксама доўгі час выконваў абавязкі каралеўскага двараніна і сакратара пры Ўладзіславе IV і Яне ІІ Казімеры Вазах. Ён узяў шлюб з Сімфарозай Сіруцянкай - адзінай дачкой лідскага земскага суддзі Адама Сіруця. Пасля смерці цесця Крыштаф атрымаў усю яго спадчыну і стаў "дзедзічам на Шчучыне Малым альбо Шчучынку" ў Лідскім павеце. Так, упершыню Сцыпіёны з'явіліся на Лідчыне. Цяжка вызначыць дакладную дату, калі гэта здарылася. Паводле Т. Жыхлінскага, Адам Сіруць узгадваецца ў 1600 г., а Крыштаф Сцыпіён займаў пасаду - з'яўляўся каралеўскім дваранінам і сакратаром - яшчэ ў пачатку 60-х гадоў XVII ст.

З'яўленне маёнтка на Лідчыне было вельмі дарэчы Сцыпіёнам. Пасля таго, як у 1668 г. кароль Ян ІІ Казімер Ваза адрокся ад прастолу і выехаў ва Францыю, польскія каралі назаўжды страцілі сапраўдную ўладу ды багацце і ператварыліся ў выбарных асобаў. Звязаць з імі сваю будучыню ды кар'еру мог толькі лекгадумны чалавек. Зараз актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці шляхецкай рэспублікі на баку той ці іншай магнацкай групоўкі і зямельныя ўладанні вызначалі сацыяльны статус чалавека. Быў яшчэ адзін - "дэмаграфічны" фактар, які варта прыгадаць у гэтым кантэксце - нешматлікасць нашчадкаў. Гэты фактар, у дадатак да шляхецтва, дабрабыту ды кемлівасці, садзейнічаў канцэнтрацыі ўсё большай зямельнай маёмасці ў руках пэўнага роду. На прыкладзе Сцыпіёнаў добра бачна, што найбольшага значэння дасягнула не шматлікая "ваўкавыская" лінія - нашчадкі Юрыя Сцыпіёна, а нешматлікая ды маючая добры густ у выбары багатых нявест "лідская" - нашчадкі Яна Сцыпіёна (†1620 г.).

5 пакаленне.

Паводле К.Нясецкага, Крыштаф Сцыпіён меў 5 сыноў, але нашчадкаў пакінуў толькі адзін з іх - руплівы Андрэй Сцыпіён (?-1682 г.), "дзедзіч на Шчучынку, Сукурчах і Сякержынцах", падчашы гарадзенскі, з 1678 г. харужы вендэньскі. Адзін пералік яго "тытулаў" сведчыць, што маёмасныя справы Сцыпіёнаў ішлі ў гору. К.Нясецкі дадае, што ў 1678 г. Андрэй Сцыпіён быў камісарам Гарадзенскай эканоміі. Ён падпісываў элекцыю (выбары) караля Міхала Карыбута Вішнявецкага ў 1669 г. ад Лідскага павета, а Яна ІІІ Сабескага ў 1674 г. - ад Гарадзенскага павета. Паводле Т.Жыхлінскага, пад час абодвух выбараў Андрэй Сцыпіён прадстаўляў Лідскі павет і за гэта атрымаў ад караля (якога? - С.Д.) маёнтак Бедровіцы (Бебраўцы? - С.Д.) ў Мазырскім павеце. Паводле К.Нясецкага, наданне маёнтку Бедраўцы было кампенсацыяй за разарэнне ўладанняў Сцыпіёнаў пад час "Патопу" [3, Т.8, s.302]. Пры гэтым ён працягваў прыдворную службу. Паводле Я.Цехановіча пад адным з каралеўскіх эдыктаў Сабескага ў 1669 г. было пазначана "Андрэй Сцыпіён дэль Кампа , дваранін Яго Каралеўскай Вялікасці, дваранін пакаёвы і камісар". Андрэй Сцыпіён быў жанаты на Элеаноры Сухадольскай - дачцэ Паўла Казімера Сухадольскага, ваўкавыскага земскага пісара, ад якой меў 6 дзяцей, з якіх выжылі 4: дачкі Кацярына і Канстанцыя ды сыны Казімер і Ян. Дачкі Андрэя Сцыпіёна выйшлі замуж за прадстаўнікаў сярэдняй шляхты: Кацярына за Юрыя Глябіцкага-Юзафовіча, падстолія віцебскага, а Канстанцыя - за Аляксандра Вінчу, стражніка і суддзю лідскага.

6 пакаленне.

Сыны Андрэя Сцыпіёна - старэйшы Ян (?-1738 г.) і малодшы Казімер (?-1733 г.) - пачалі прымаць удзел у грамадскім жыцці з сярэдзіны 90-х гадоў XVII ст. У адпаведнасці з сямейнай традыцыяй яны звязалі свой лёс з Радзівіламі: Каралем Станіславам, падканцлерам літоўскім і Янам Мікалаем, старостай лідскім. Гэта абумовіла іх пазіцыю ў віхуры "Хатняй" і "Шведскай" войнаў на мяжы XVII-XVIII ст. Сцыпіёны былі на баку так званых "рэспубліканцаў" супраць Сапегаў, Станіслава Ляшчынскага і Швецыі ды падтрымлівалі Радзівілаў і Аўгуста ІІ Моцнага, за якога Ян Сцыпіён аддаў свой голас пад час элекцыі 1697 г.

Першай дзяржаўнай пасадай Яна Сцыпіёна стала пасада лідскага гродскага пісара, якую ён атрымаў у 1695 г., дзякуючы падтрымцы Яна Мікалая Радзівіла. У 1699 г. ён быў абраны лідскім дэпутатам у Трыбунал ВКЛ, а ў 1703-1704 г. нават з'яўляўся яго маршалкам. У 1704 г. Ян Сцыпіён прабаваў заняць пасаду лідскага земскага пісара, але атрымаў толькі мейсца лідскага падстолія. Нарэшце, ў 1713 г., дзякуючы падтрымцы Міхала Радзівіла, Ян Сцыпіён заняў пасаду лідскага старосты, якая да таго доўга належала Радзівілам. У якасці лідскага старосты і пасла ад Лідскага павета Ян Сцыпіён актыўна ўдзельнічаў у большасці палітычных падзеяў пачатку XVIII ст. Ён скардзіўся на злоўжыванні расійскай арміі ў Лідскім павеце (1710 г.), выступаў супраць "царскай пратэкцыі" Рэчы Паспалітай (1716 г.), прапаноўваў зняць з усіх дзяржаўных пасадаў "дысідэнтаў" - некатолікаў (1720 г.). У 1719 г. віленскі кашталян Людвік Канстанты Пацей перадаў Яну Сцыпіёну Барцянскае староства ў Лідскім павеце. 7 лістапада 1720 г. Ян Сцыпіён атрымаў пасаду смаленскага кашталяна, якая не давала матэрыяльных даходаў, але гарантавала мейсца ў сенаце Рэчы Паспалітай. Неўзабаве, Ян стаў першым Сцыпіёнам, які заняў магнацкую пасаду. Але яго спробы ў 1732 г. заняць пасаду смаленскага ваяводы былі безпаспяховымі.

У своеасаблівым "тандэме" з братам дзейнічаў Казімер Сцыпіён. У 1701 г. ён заняў сваю першую сціплую пасаду лідскага мечніка. У 1711 г. Казімер ужо быў на месцы старэйшага брата гродскім лідскім пісарам, а ў 1713 г. - лідскім падстоліям. Ствараецца ўражанне, што Казімер проста займаў пасады пасля старэйшага брата, што, безумоўна, садзейнічала палітычнаму ўплыву Сцыпіёнаў у Лідскім павеце. Тры разы Казімера Сцыпіёна абіралі ад Лідскага павета дэпутатам Трыбунала ВКЛ. У 1714 г. ён стаў лідскім падкаморыям, а ў 1716-1717 г. маршалкам лідскім. Нягледзячы на два шлюба з Ганнай Гутоўскай і Зоф'яй Юдыцкай - дачкой рэчыцкага маршалка Антонія Юдыцкага, Казімер Сцыпіён не пакінуў нашчадкаў. Можа таму па сённяшні дзень яго маёмасны стан невядомы.

Ян Сцыпіён валодаў пасля бацькі Сукурчамі, Шчучынкам і Балотнам (зараз Воранава) у Лідскім, Сякержынцамі ў Гарадзенскім і Бебраўцамі ў Мазырскім паветах. Ад маці ён стаў уладальнікам Канюхоў ў Ваўкавыскім павеце. Дзякуючы дзяржаўнай службе Ян Сцыпіён з жонкай атрымаў вёскі Горні (1708 г.) і Пуршчы (1711 г.) ў Лідскім павеце. У 1710 г. ён "трымаў у заставе" (кіраваў і карыстаўся без права ўласнасці) маёнтак Агінскіх Яшуны Віленскага павета. Разам з жонкай - Тэрэзай з Глябіцкіх-Юзафовічаў, дачкой падстолія віцебскага і войскага полацкага Юрыя Глябіцкага-Юзафовіча - Ян Сцыпіён размясціў у 1735 г. у Балотна (Воранава) кляштар піяраў, а ў 1738 г. у Канюхах - кляштар дамініканаў. Такім чынам, Ян Сцыпіён быў першым прадстаўніком свайго роду, які дасягнуў амаль магнацкага статусу: сенатар, двойчы староста, ўладальнік некалькіх маёнткаў у трох паветах, заснавальнік дзвух кляштараў.

7 пакаленне.

З вялікага патомства Яна Сцыпіёна - 5 сыноў і 1 дачка - дасягнулі паўналецтва толькі сын Юзаф (?-1743 г.) і дачка Ганна. Ян Сцыпіён рана пачаў далучаць сына да адказных справаў. У 1717 г. той быў абраны дэпутатам Трыбунала ВКЛ. У 1720 г. бацька перадаў Юзафу Лідскае староства. Як мага раней Ян Сцыпіён імкнуўся вылучыць адзінаму сыну асобнае ўладанне. У 1718 г. з дазволу караля Аўгуста ІІ Моцнага ён перадаў Юзафу вёску Горні, у 1735 г. - Кульбакі, у 1736 г. - Борцяны і Пуршчы ў Лідскім павеце. Юзаф атрымаў заможны стан, адпаведны для актыўнага ўдзелу ў грамадска-палітычным жыцці. Юзаф Сцыпіён неаднаразова выбіраўся на соймы Рэчы Паспалітай ад Лідскага павета, Смаленскага ваяводства і Інфлянтаў. На соймах 1729, 1730 і 1733 г. Юзаф Сцыпіён спрабаваў атрымаць пасаду маршалка сойму, але безпаспяхова. Паводле аўтараў "Польскага біяграфічнага слоўніка" за кулісамі сойму Юзафа абвінавачвалі ў плябейскім паходжанні, але ніхто не адважыўся выказаць гэта адкрыта [5, s.82].

Некалькі разоў Юзаф Сцыпіён выконваў знешняпалітычныя місіі. Ён веў перамовы з папскім нунцыям (1724 г.), працаваў у камісіі па справах Курляндыі (1727 г.). Юзаф Сцыпіён не здолеў атрымаць пасаду троцкага кашталяна, чаму перашкодзіў літоўскі падканцлер Міхал Чартарыйскі. Затое ў 1739 г. ён стаў маршалкам надворным літоўскім, што лічылася міністэрскай пасадай.

Юзаф Сцыпіён неверагодна ўзмацніў маёмасны і дынастычны стан свайго роду. Першы раз ён ажаніўся ў 1728 г. з Веранікай Фірлей - дачкой каменьскага кашталяна Андрэя Фірлея. Пасля смерці ў 1730 г. яе брата Якуба, Вераніка стала адзіным нашчадкам усёй маёмасці Фірлеяў, якая такім чынам трапіла да Сцыпіёнаў. Ад бацькі Юзаф Сцыпіён меў Шчучынак, Балотна (Воранава), Палубнікі, Сукурчы, Горні, Кульбакі, Борці і Пуршчы ў Лідскім павеце і Канюхі ў Ваўкавыскім павеце. Пасля смерці каля 1739 г. жонкі Веранікі Юзафу Сцыпіёну дасталася ўся спадчына Фірлеяў ў Люблінскім і Рускім ваяводствах, у тым ліку юрыдыка ў Любліне. Дзякуючы сваім багаццям Юзаф Сцыпіён рабіў вялікія ахвяраванні кляштарам піяраў у Шчучыне і Воранаве і дамініканам у Канюхах. Ён падтрымаў сваю маці ў заснаванні ў Шчучыне канвенту сясцёр міласэрднасці ў 1742 г. Другой жонкай Юзафа Сцыпіёна стала ў 1740 г. Тэрэза Барбара Радзівіл - дачка наваградскага ваяводы Мікалая Фаўстына Радзівіла. Фактычна гэты шлюб можна разглядаць як прызнанне за "лідскімі" Сцыпіёнамі роўнага становішча з боку магнатаў ВКЛ. У 1742 г. у Дрэздэне кароль Аўгуст ІІІ Сас адзначыў Юзафа Сцыпіёна ордэнам Белага Арла - вышэйшай узнагародай у Рэчы Паспалітай.

8 пакаленне.

Ад першага шлюбу з Веранікай Фірлей Юзаф Сцыпіён меў дзвух сыноў: Станіслава і Ігнацыя, а таксама трох дачок: Ганну, Магдалену і Тэрэзу. Ад другога шлюбу з Тэрэзай Барбарай Радзівіл - толькі аднаго сына Ксаверыя Мікалая. З гэтага вялікага патомства выжылі толькі сын Ігнацый і дачка Ганна, якая выйшла замуж за Канстанціна Шаняўскага, кашталяна малагольскага. Неўзабаве, пасля раптоўнай смерці бацькі Ігнацы Сцыпіён (1728-1791 г.) стаў адзіным нашчадкам вялікай спадчыны Сцыпіёнаў. Нягледзячы на маладосць, дзякуючы прывілею дадавання гадоў Ігнацый ужо ў 1743 г. стаў лідскім старостай. У 1743-1746 г. яго настаўнік Мацей Догель (1715-1760 г.) - вядомы гісторык-архівіст і правазнаўца - парушыўшы загад апякуна Яна Тарла, ваяводы сандамірскага вывез Ігнацыя Сцыпіёна на вучобу за мяжу. Юны Сцыпіён вывучаў філасофію, права і дакладныя навукі ў Лейпцыгу, наведаў Парыж і Рым. Пасля вяртання на радзіму Ігнацы Сцыпіён доўгі час быў вымушаны ўдзельнічаць у розных судовых працэсах, якія былі выкліканы раптоўнай смерцю бацькі і заблытанасцю пэўных маёмасных справаў.

Але судовыя справы не перашкаджалі грамадска-палітычнай кар'еры маладога арыстакрата. У 1748 г. Ігнацы Сцыпіён быў першы раз абраны дэпутатам на сойм ад Лідскага павета. На працягу жыцця ён неаднаразова абіраўся лідскім дэпутатам, хаця ў 1745 г. прадстаўляў "Галіцкую зямлю". На паседжаннях сойму Ігнацы Сцыпіён вызначыўся памяркоўнасцю ды імкненнем да дакладнасці фармальнага боку соймавай працы. Вядомы толькі яго скаргі гетманам на злоўжыванні расійскіх войскаў у Лідскім павеце ў 1757 г. (пад час Сямігадовай вайны). Пад час "элекцыі" 1764 г. Ігнацы Сцыпіён аддаў свой голас ад Лідскага павета за Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Вясной 1759 г. ён атрымаў званне генерала-маёра літоўскага войска і пачаў шукаць якой-нібудзь грамадзянскай дзяржаўнай пасады. 9 снежня 1765 г. Ігнацый Сцыпіён быў прызначаны падстоліям літоўскім. Невядома якія маёмасныя ці палітычныя разлікі прымусілі яго ў лістападзе 1786 г. адмовіцца ад гэтай пасады, прадаўшы яе. Ігнацы Сцыпіён прымаў удзел у масонскім руху. Ён быў братам ложы "Вялікага французскага Ўсходу", а ў 1766 г. уступіў у шатландскую ложу Э. Брухля. Неўзабаве, Ігнацы Сцыпіён стаў кавалерам вышэйшых узнагарод Рэчы Паспалітай: ордэну Святога Станіслава (1776 г.) і ордэну Белага Арла (1781 г.).

Маёмасныя справы Ігнацыя Сцыпіёна хіба былі найлепшымі за ўсю гісторыю рода. Пасля смерці бабкі Тэрэзы з Глябіцкіх-Юзафовічаў (пасля 1746 г.) ён акрамя спадчыны Сцыпіёнаў і Фірлеяў атрымаў і маёнтак Глябіцкіх-Юзафовічаў Шчучын. Гэта дазволіла Ігнацыю Сцыпіёну стварыць у заходняй частцы Лідскага павета сапраўдную латыфундыю - "добра шчучынскія" (у пачатку ХІХ ст. - 2172 прыгонных) [7, c.62]. Другім вялікім уладаннем Ігнацыя Сцыпіёна былі "добра Серакомля" у Лукаўскім павеце. У Шчучыне Ігнацы Сцыпіён падтрымліваў дзейнасць калегіюму піяраў і канвенту сясцёр міласэрднасці. Значныя ахвяраванні атрымалі і лідскія піяры. У 1773 г. тут з'явілася аптэка, а ў 1785-1792 г. - батанічны сад. Намаганнямі Ігнацыя Сцыпіёна мястэчка Шчучын 23 мая 1761 г. атрымала магдэбурскае права, што прадугледжвала таргі па нядзелях і чацьвяргах, 12 кірмашоў у год і выбары мясцовага самакіравання. Варта адзначыць, што вялікае будаўніцтва Ігнацы Сцыпіён разгарнуў таксама ў Серакомлі, дзе з'явіліся палац, сад і, магчыма, касцёл. Як мецэнат ён фінансаваў выданне свайго настаўніка Мацея Догеля "Дыпламатычны кодэкс ВКЛ", а таксама даў грошы на абнаўленне піярскай друкарні ў Вільні і пакупку для яе манускрыптаў.

Ігнацы Сцыпіён ажаніўся ў 1755 г. на Марыяне Вадзіцкай, дачцэ Пятра Вадзіцкага, кашталяна сандэцкага. Ад гэтага шлюбу нарадзілася дачка Вераніка і 5 сыноў: Павел, Юзаф, Караль і Вінцэнт. Усе дзеці атрымалі адукацыю ў шчучынскім калегіюме піяраў, дзе іх настаўнікам быў славуты вучоны Станіслаў Баніфацый Юндзіл (1761-1847 г.). Ён пакінуў вельмі цікавую характарыстыку культурнага ўзроўню Сцыпіёнаў, як адукаваных людзей, якія былі ўзорам польскай шляхецкай культуры: "Знаходжанне маё ў Шчучыне […] прынесла мне такую яшчэ карысць, што наведваючы дом жыўшых там тады Сцыпіёнаў, падстоліяў літоўскіх, у іх шляхетным грамадстве навучыўся добрых і належных манераў і зусім адвыкнуў ад вымаўлення і выразаў правінцыяльных, якія паўсюль і адразу вылучаюць маіх землякоў ліцьвінаў" [17, s.240].

9 пакаленне.

Пасля смерці Ігнацыя Сцыпіёна, ноччу 1791 г. па дарозе ў Варшаву, пачаўся паступовы заняпад роду. Яго вялікія ўладанні былі падзелены паміж 4 братамі. "Шчучынскія добра" і Лідскае староства атрымаў Юзаф Сцыпіён (?-1802 г.). Надыйшлі цяжкія часы падзелаў Рэчы Паспалітай. Паводле архіўных дакументаў, якія былі ўведзены ў навуковы ўжытак Я. Анішчанкай у пачатку ХХІ ст., Сцыпіёны адыгралі пэўную ролю ў паўстанні Тадэвуша Касцюшкі. У якасці генерала-маёра Лідскага павета Караль Сцыпіён рыхтаваў узброенныя атрады ды забеспячэнне для паўстанцаў. Юзаф Сцыпіён у якасці лідскага старосты яшчэ да афіцыйнага абвяшчэння паўстання арганізаваў у сваім маёнтку Сукурчы каля Ліды патаемную прысягу шляхты [18, с.107-108, 113-114, 194]. За гэта ў 1794 г. Шчучын быў разрабаваны расійскім атрадам князя Цыцыянава. Пасля паражэння паўстання Юзаф Сцыпіён цалкам адыйшоў ад справаў ды хутка памёр.

Юзаф Сцыпіён быў жанаты на Тэрэзе Друцкай-Любецкай, дачцэ пінскага кашталяна князя Францішка Ксаверыя Друцкага-Любецкага. Ад гэтага шлюбу нарадзілася толькі адзіная дачка Марыя (1793-1876 г.), якую маці ў 1807 г. выдала замуж за свайго брата Францішка Ксаверыя Друцкага-Любецкага (1778-1846 г.), будучага міністра фінансаў Царства Польскага і расійскага сенатара. Таму на Юзафе Сцыпіёне ў 1802 г. фактычна спынілася мужчынская "лідская" галіна Сцыпіёнаў.

10 пакаленне.

Але Сцыпіёны яшчэ доўгі час мелі дачыненне да Лідскага павета. 5 лютага 1805 г. браты нябожчыка Юзафа Сцыпіёна Павел, Караль і Вінцэнт выплацілі ўдаве 45 000 злотых на будаўніцтва сучаснага шчучынскага касцёлу Святой Тэрэзы. Як высвятліў у 1836-1837 г. Лідскі земскі суд, будаўніцтва касцёла ў 1822-1828 г. каштавала 27 693 рублі 73 капейкі. З якіх 60 % складалі грошы Сцыпіёнаў і 40 % дадаў Ф.К.Друцкі-Любецкі [8, а.2 адв.-9 адв.].

Нягледзячы на доўгае жыццё Марыя са Сцыпіёнаў Друцкая-Любецкая не пакінула следу ў гісторыі Лідчыны. Затое яе маці Тэрэза з Друцкіх-Любецкіх Сцыпіён вельмі клапацілася аб лідскай спадчыне Сцыпіёнаў. У НГАБ у Горадні захаваўся шэраг архіўных дакументаў, прысвечаных яе судовым справам. У гэтых справах 30-40-х г. ХІХ ст. яна пісалася як "графіня Тэрэза дэ Кампа Сцыпіён" (1842 г., 1854 г.), "графіня Сцыпіён" (1842 г.), "старосціна Сцыпіёнава" (1838 г.) і аднойчы "князі Любецкія і Сцыпіёнава" (1838 г.). Сярод пахаваных на старых каталіцкіх могілках у Горадні ёсць магіла Міхала дэ Кампа Сцыпіёна (1798-1861 г.) - упраўляючага добрамі князёў Друцкіх-Любецкіх [9, s.109]. Але як быў звязаны гэты чалавек з "лідскай" галіной Сцыпіёнаў - невядома. У вядомых архіўных справах ХІХ ст., якія датычацца Друцкіх-Любецкіх і Сцыпіёнаў, у якасці іх давераных асобаў сустракаюцца Сцяпан Ліпінскі і Пётр Бярнацкі, ды пад 1855-1856 г. узгадваецца асобы землямер Гарадзенскай губернскай чарцёжнай палаты дваранін Восіп дэ Кампа Сцыпіён [10].

Ліманты.

Другім родам італьянскага паходжання, які пакінуў след у Лідскім павеце былі Ліманты ўласнага гербу "Лімант" (у чырвоным полі тры срэбныя кулі і меч вастрыём уніз), што сведчыць аб вялікіх амбіцыях і, верагодна, сапраўды шляхетным паходжанні Лімантаў. Звестак пра Лімантаў непараўнальна меньш, чым пра Сцыпіёнаў. У гісторыі гэтага роду шмат "белых плямаў", падробленых дакументаў ды меладраматычных калізіяў Першы раз Ліманты гучна заяўляюць пра сябе ў 1580 г., калі Стэфан Баторы прызначыў Фёдара Ліманта мсціслаўскім кашталянам. Гэта дае падставы меркаваць пра значныя ваенныя заслугі першага вядомага на Беларусі прадстаўніка гэтага роду [3, Т.6, s.100-101].

Паводле афіцыйнай версіі Ліманты паходзілі з Фларэнцыі і з'явіліся ў Польшчы і ВКЛ дзякуючы каралеве Боне. Ліманты ніколі не былі звязаны з каралеўскай службай і імкнуліся любымі сродкамі павялічыць свае ўладанні. У 1593 г. Ліманты ўжо актыўна судзіліся з інстыгатарам ВКЛ за "добра давойнаўскія". Багаты род Давойнаў, які валодаў у Лідскім павеце Ішчалнай і Шчучынам, згас пасля 1576 г. Каб авалодаць спадчынай Давойнаў, Ліманты стварылі фальшывы акт 1515 г., паводле якога Андрэй Давойна падараваў усе свае ўладанні разам з падданымі, бортнікамі, палямі, лясамі, сенажацямі, звярамі ды лоўчымі панам Лімантам. Каб падмацаваць казачнае па багацці і незразумеласці дарэнне, Ліманты стварылі сабе міфічнага продка - падкаморыя літоўскага Андрэя Ліманта пры вялікім князе літоўскім Аляксандры (1492-1506 г.). Праўда, Ю.Вольф больш ста гадоў таму даказаў легендарнасць асобы Андрэя Ліманта [12, s.297].

Неўзабаве, недзе ў пачатку XVII ст. Ліманты ўсё ж атрымалі спадчыну Давойнаў у Лідскім павеце. У 1616 г. браты Ян і Мікалай Ліманты (верагодна, яны былі сынамі Якуба Ліманта, канюшага троцкага) падзялілі свае ўладанні на дзве роўныя часткі па 220 валокаў ворыва: Ішчалнаўскую пушчу - для старэйшага Яна і Шчучынскую - для малодшага Мікалая [7, с.27-28]. З гэтага моманту фактычна можна весці размову пра дзве "лідскія" галіны Лімантаў: "ішчалнаўскую" ды "шчучынскую".

Нічога невядома пра "ішчалнаўскую" галіну Лімантаў. У 1616 г. праз падзел маёмасці Ян Лімант атрымаў Ішчална, а ўжо ў 20-х гадах XVII ст. паводле Р. Афтаназі мястэчкам валодалі князі Саламярэцкія. Як і чаму адбыліся гэтыя змены - невядома [13, s.141-142]. К. Нясецкі ўзгадвае ў 1648 г. чашніка лідскага Юрыя Пятра Ліманта, а ў 1674 г. - мазырскага скарбніка Юзафа Ліманта, але якое дачыненне яны мелі да "ішчалнаўскай" галіны роду застаецца таямніцай.

Што датычыць "шчучынскай" галіны Лімантаў, то Мікалай Лімант у 1632 г. заняў пасаду лідскага войскага. Ён пакінуў трох сыноў: Марціна, Лявона і Андрэя. Найбольшы жыццёвы поспех выпаў на долю Марціна Ліманта (?-† каля 1670 г.). Ужо ў 1656-1658 г. ён з'яўляўся суддзёй земскім лідскім і старостай васілішкаўскім. Паводле канстытуцыі сойму 1662 г. Марцін Лімант заснаваў кляштар дамініканаў у Васілішках і даў яму вёскі Ладыгі і Шкордзь. 20 сакавіка 1667 г. Марцін Лімант быў прызначаны кашталянам віцебскім. Гэтую пасаду ён займаў да 1670 г., калі яна перайшла да іншага чалавека. Захаваліся асобныя яго прамовы, звернутыя да караля, ў абарону шляхецкіх правоў ад магнацкіх парушэнняў [15, а.67-69 адв.]. Аб нашчадках Марціна Ліманта нічога невядома. Магчыма, адным з іх быў Ян Лімант (?-1716 г.), у 1690 г. уладальнік вёскі Саваўшчына ў Лідскім павеце, з 1694 г. канюшы лідскі. Лявон Лімант не пакінуў пра сябе ніякіх звестак, акрамя падзелу ў 1633 г. "шчучынскіх добраў" з братам Андрэям.

Адзіны сын Лявона Ян Лімант (?-1683 г.) паспрабаваў заняць пачэснае мейсца ў шляхецкім грамадстве. Ён быў падчашым лідскім і падстоліям віцебскім. Але яго маёмасныя справы ішлі блага. У 1658 г. ён вымушаны быў пазычыць пад залог Вялікага і Малога Шчучына 10 000 злотых [7, с.28] Ян Лімант быў жанаты на дачцэ слонімскага земскага суддзі Ганне Палубінскай, з якой меў дзвух сыноў: Казімера і Крыштафа. Паколькі грошай не хапала Ян Лімант зноў вярнуўся да фальсіфікацыі дакументаў. Ён прымусіў жонку за 7 000 злотых закласці Малы Шчучын, які яшчэ не выкупілі з папярэдніх даўгоў. Падман быў выкрыты і пачаліся бясконцыя судовыя працэсы.

Пасля смерці Яна ў 1683 г. яго сын Казімер пазычыў 2 000 злотых пад залог "маёнтку Шчучын" і ад'ехаў на вайну, дзе загінуў. Ганна з Палубінскіх Лімант, каб схавацца ад крэдытораў, паспяшыла выйсці замуж за Юрыя Глябіцкага-Юзафовіча (?-1718 г.), падстолія віцебскага, войскага полацкага, які выкупіў закладзеныя ўладанні Яна Ліманта. Пасля смерці бацькі, гібелі брата і другога шлюбу маці ўсе даўгі Лімантаў перайшлі на Крыштафа, які не здолеў іх выплаціць і ў 1691 г. прадаў Вялікі і Малы Шчучын Юрыю Глябіцкаму-Юзафовічу за 48 000 злотых. Пасля чаго Крыштаф Лімант уступіў у Ордэн езуітаў, дзе ў 1713-1719 г. двойчы абіраўся на пасаду рэктара Віленскай езуіцкай Акадэміі.

Засталося толькі прыгадаць лёсы нашчадкаў трэцяга сына Мікалая Ліманта Андрэя (?-1653 г.). Ад шлюбу з Зоф'яй Бараноўскай ён меў трох дачок: Кацярыну, Барбару і Гальшку. Каля 1670 г. усе дачкі выйшлі замуж: Кацярына - за Мікалая Сухадольскага, Барбара - за Васіля Касарэўскага, а Гальшка - за Юрыя Хладавіцкага. Але ўсе яны з цягам часу прадалі свае кавалкі лімантоўскай спадчыны Даўлюдам і Глябіцкім-Юзафовічам [7, с.29-30].

Варта дадаць, што шляхта італьянскага паходжання сустракалася і за межамі Лідскага павета: Агрыпы - ў Упіцкім павеце [1], Марыконі - ў Вількамірскім, Букелы - ў Слонімскім, Дэцыі - ў Вільні. Ва ўсіх гэтых прыкладах мы можам казаць пра сапраўднае ўключэнне італьянскіх сямей у шляхецтва Рэчы Паспалітай. Аднак, ва ўсіх гэтых выпадках іх значэнне не перакрочвае межаў павету ці каралеўскай канцылярыі.

Якія фактары дазволілі італьянцам атрымаць пачэснае мейсца сярод ліцьвінскай шляхты? З улікам папярэдніх фактаў можна прапанаваць наступныя ўмовы шляхецкай "рэцэпцыі і асіміляцыі" італьянцаў:

1. "Ідэалагічная ўмова" - легенда аб рымскім паходжанні літоўскай знаці, вельмі папулярная ў ВКЛ у XVI-пачатку XVII ст. Паводле яе, продкам вялікіх князёў літоўскіх быў рымскі патрыцый Палямон, з якім прыехала 500 сямей "рымскай шляхты". Паводле гэтай традыцыі, знатныя італьянцы разглядаліся як дальнія сваякі літоўскай шляхты, а менавіта яна паклала пачатак шляхецкаму стану Лідскага павета [16, c.127-129].

2. "Спрыяльны гістарычны момант" - "інфільтрацыя" у шляхецкі стан Рэчы Паспалітай была найбольш зручнай на мяжы XVI-XVII ст., калі каралямі з'яўляліся іншаземцы Стэфан Баторы і Жыгімонт ІІІ Ваза. Яны былі зацікаўлены ў адданых сваёй асобе здольных іншаземцах і яшчэ захоўвалі дастатковую ўладу, каб увесці сваіх "пратэжэ" ў шляхетны стан. Таму сярод усіх італьянцаў найбольшага поспеху дасягнулі ўласна Сцыпіёны, якія з 1530 па 1670 г. былі каралеўскімі дваранамі і сакратарамі. У той час як Ліманты, адразу акунуўшыяся ў шляхецкае грамадска- палітычнае жыццё, за адным выключэннем, так і не пераадолелі павятовага ўзроўню. У гэтым кантэксце варта адзначыць, што пасля 1669 г. (спыненне дынастыі Вазаў) толькі Марыконі здолелі ўвайсці ў шляхецкі стан Рэчы Паспалітай і пасяліцца ў ВКЛ.

3. "Ваенная служба" - абавязковы фактар для прызнання шляхецкага стану, асабліва ў родапачынальнікаў. Яскравым прыкладам з'яўляюцца Францішак і Аляксандр Сцыпіёны ці Фёдар Лімант.

4. "Роўныя шлюбы" - шлюбы ў межах адпаведнага стану - шляхецкага, якія сімвалізавалі прызнанне "навічкоў" з боку шляхты. Сцыпіёны доўгі час не маглі пераадолець гэтую мяжу. Толькі ў трэцім пакаленні павятовыя шляхетныя паненкі пачалі выходзіць замуж за італьянцаў. Затое Сцыпіёны былі адзінымі "тутэйшымі італьянцамі", якія атрымалі прызнанне з боку самых Радзівілаў (шлюб у маі 1740 г. Юзафа Сцыпіёна і Тэрэзы Барбары Радзівіл).

5. "Родавыя маёнткі" - галоўны і найбольш значны крытэрый сапраўднага шляхецтва. Лепш за ўсё гэта разумелі Сцыпіёны, якія ўжо напрыканцы XVI ст. былі "дзедзічамі на Кудраўцы". Пазней, сярод іх спадчынных уладанняў былі Рэпля, Канюхі, Сукурчы, Балотна (Воранава), Шчучын. Чамусьці ў дачыненні да Лімантаў ніводнага разу не патрапіў тэрмін "дзедзіч".

6. "Дзяржаўныя пасады", у тым ліку і звязаныя з "дзяржавай" - "трыманнем каралеўскіх добраў" - старостваў. Сцыпіёны і тут дасягнулі найбольшага поспеху. Амаль усё XVIII ст. яны трымалі багатае Лідскае староства, а часам былі старостамі мерацкімі і барцянскімі. У той час як Ліманты толькі адзін раз на кароткі час былі старостамі васілішкаўскімі, а Марыконі - берасцейскімі.

7. "Дэмаграфічны фактар" - універсальны фактар шляхецкага дабрабыту, які можна звесці да цынічнай формулы: "нешматлікае патомства + апошнія ў родзе багатыя нявесты". У Лімантаў гэты фактар зусім не працаваў - дзяцей было шмат, а пасаг вельмі сціплы. Затое Сцыпіёны на працягу чатырох пакаленняў мелі толькі па аднаму паўналетнему сыну і тройчы бралі шлюб з апошняй у родзе багатай нявестай (Сімфароза Сіруцянка, Тэрэза Глябіцкая-Юзафовіч, Вераніка Фірлей).

8. "Каталіцкае веравызнанне і падтрымка каталіцкай царквы". З каталіцкім веравызнаннем у італьянцаў Лімантаў і Сцыпіёнаў ніколі ніякіх праблем не было (у адрозненне ад шляхты нямецкага і маскоўскага паходжання). Што датычыцца падтрымкі каталіцтва, то тут у значнай ступені "працавалі" матэрыяльныя магчымасці. Таму Ліманты былі "фундатарамі" толькі аднаго кляштару дамініканаў у Васілішках, у той час як Сцыпіёны маглі ганарыцца мінімум чатырма кляштарамі: бернардынскім жаночым у Горадні, піярскім у Воранаве (пазней пераведзены ў Ліду), дамініканскім у Канюхах і канвентам сясцер міласэрднасці ў Шчучыне.

9. "Мецэнатства" - падтрымка навукі і мастацтваў, якім вызначыліся толькі Сцыпіёны. Атрымаўшы ў спадчыну ад Глябіцкіх-Юзафовічаў шчучынскі кляштар піяраў яны зрабілі яго адным са значных цэнтраў асветы ў Рэчы Паспалітай, як напісаў у 1846 г. М.Балінскі: "...адным з буйнейшых цэнтраў асветніцтва, навукі і дабрачыннасці, а таксама гандлю".

Такім чынам, працэс рэцэпцыі і асіміляцыі італьянскіх сямей Сцыпіёнаў і Лімантаў у шляхецкі стан можна разглядаць не толькі як цікавую гістарычную з'яву, але як феномен, які раскрывае асаблівасці шляхецкага ўяўлення пра свой стан, яго статус, абавязкі і культурныя стэрэатыпы. Праз іх паспяховае засваенне і адбылося ператварэнне італьянскіх мігрантаў у сапраўдную шляхту Рэчы Паспалітай.


Літаратура і крыніцы:

1. ЭГБ.- Мн., 2001.- Т.6.- Ч.1.

2. Bogucka M. Bona Sforza.- Warszawa, 1989.

3. Niesiecki K. Herbarz Polski.- Lipsk, 1839-1845.- T.1-10.

4. Swięcki T. Historyczne pamiątki znamienitych rodzin i osób dawnej Polski.- Warszawa, 1858.- T.2.

5. PSB.- Kraków, 1998.- Т.39.

6. Żychliński T. Złota księga szlachty polskiej.- Poznan, 1906.- T.29.

7. Данскіх С. Наш Шчучын.- Горадня, 2001.

8. НГАБ у Горадні, ф.1, воп.33, спр.59.

9. Rozmus J., Gordziejew J. Cmentarz farny w Grodnie 1792-1939.- Kraków, 1999.

10. НГАБ у Горадні, ф.2, воп.6, спр.1225; спр.1756.

11. Pаprockі B. Herby rycerstwa Polskiego.- Kraków, 1858.

12. Wolff J. Senatorowie i dygnitarze Wielkiego księstwa Litewskiego 1386-1795.- Kraków, 1885.

13. Aftanasy R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej.- Wrocław-Warszawa-Kraków, 1993.- T.4.

14. Jodkowski J. Grodno w polskim okresie jego dziejów.// Głos z nad Niemna. Jednodniówka grodzieńska.- 1917. (ксэра прадстаўлена Андрэям Чарнякевічам).

15. НГАБ у Горадні, ф.1663, воп.1, спр.410.

16. Семянчук А. Беларуска-літоўскія летапісы і польскія хронікі.- Горадня, 2000.

17. Wkład Pijarów do nauki i kultury w Polsce XVII-XIX wieku.- Warszawa-Kraków, 1993.

18. Восстание и война 1794 г. в Литовской провинции (по документам архивов Москвы и Минска)./ Сост., ред. и предисл. Е.К.Анищенко.- Мн., 2001.



[1] Агрыпы не былі італьянскага паходжання (Рэд.).

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX