Папярэдняя старонка: Агульная інфармацыя

Літаратурны краязнаўчы даведнік па Лідскім раёне ад Адама Мальдзіса 


Аўтар: Мальдзіс Адам,
Дадана: 16-03-2024,
Крыніца: Літаратурны краязнаўчы даведнік па Лідскім раёне ад Адама Мальдзіса // Лідскі Летапісец. 2023. № 2(102). С. 71-75.



У часопісе "Маладосць" з 2007 па 2010 год пад рубрыкай "Краязнаўчы даведнік" друкавалася вялікая праца доктара філалагічных навук, прафесара Адама Мальдзіса "Літаратурныя мясціны Беларусі". Раздзел, прысвечаны Лідскаму раёну, надрукаваны ў жнівеньскім нумары "Маладосці" за 2008 год.

Прайшло 15 гадоў. Шмат што змянілася. Але матэрыял цікавы тым, што дае зрэз ведаў пра лідскую літаратуру, падае імёны лідскіх пісьменнікаў, якія сёння ўжо амаль і не згадваюцца. А многіх папулярных сёння лідскіх творцаў тады ведалі яшчэ мала.

Горад Ліда

Вуліца Камсамольская, 5. Дом, дзе жыў паэт Валянцін Таўлай. Аднапавярховы прысадзісты будынак з мансардай. На дошцы надпіс: «В этом доме с сентября 1939 года и до начала Великой Отечественной войны жил и работал белорусский поэт-революционер Валентин Тавлай».

Вуліца Крывая, 55. Лідская гарадская бібліятэка імя Янкі Купалы. У Ліду 13-15 сакавіка 1940 г. напярэдадні выбараў у Вярхоўны Савет БССР прыязджаў для сустрэчы з выбаршчыкамі Янка Купала. Імя яго прысвоена 4 жніўня 1945 г. На ўрачыстым акце прысваення была дэлегацыя пісьменнікаў і навуковых супрацоўнікаў Літаратурнага музея Я. Купалы, удава паэта У. Луцэвіч, пісьменнікі П. Глебка, В. Таўлай і У. Агіевіч. Госці з Менска прывезлі і перадалі бібліятэцы падарункі ад музея. Лідская газета «Уперад» надрукавала літаратурную старонку «Янка Купала - вялікі змагар за ідэю ўз'яднання беларускага народа». У сувязі з 5-й гадавінай з дня смерці народнага паэта адкрыўся пры бібліятэцы памятны пакой Купалы. Тут была наладжана вялікая выстава пра жыццё і творчасць народнага песняра. Цяпер многія экспанаты страчаны.

Вуліца Савецкая, 20. Краязнаўчы музей. Быў адчынены 24.4.1959 г. Захоўваюцца матэрыялы пра В. Таўлая, П. Граніта (I. Івашэвіча), Я. Купалу.

Вуліца Янкі Купалы. Рашэннем гарвыканкама з верасня 1946 г. вуліца Шкляная стала насіць імя паэта.

Чыгуначны клуб. Не захаваўся. У ім выступаў Янка Купала на сходзе работнікаў Лідскага чыгуначнага вузла. Вучні чыталі яго вершы. Здымак клуба не захаваўся, быў каля чыгункі, аднапавярховы, драўляны (разбураны нямецкай бомбай у 1941 г.). На наступны дзень адбылася сустрэча з сялянамі ў кінатэатры «Эдысон» (не захаваўся), дзе Купала выступаў са словамі падзякі за аказаны давер. Паэт чытаў вершы на заходнебеларускія матывы («Накарміліся панскаю ласкаю...», «Слава табе, Армія!..», «Сыходзіш, вёска, з яснай явы...»). Вечарам у гарадской бібліятэцы (побач з замкам) адбылася сустрэча з чытачамі. Я. Купала цікавіўся кніжнымі фондамі бібліятэкі, даваў парады, абяцаў дапамагчы. Падпісаў на ўспамін сваю кніжку «Над ракой Арэсай» (гэта была першая беларуская кніжка ў бібліятэцы). Ужо ў траўні лідзяне з дапамогай Купалы атрымалі ў падарунак чатыры тысячы кніг на беларускай і рускай мовах. Разам з Купалам на сустрэчы быў В. Таўлай і іншыя беларускія пісьменнікі. 15 сакавіка 1940 г. у вялікім будынку гарадскога кінатэатра «Эра» (потым гарадскі Дом культуры) адбылася сустрэча «ўладара беларускай песні» з інтэлігенцыяй Ліды. Тады быў наладжаны вялікі літаратурны вечар. I на гэты раз зала і галёрка былі перапоўнены. На вечары свае вершы прачыталі Я. Купала, П. Глебка, В. Таўлай, Н. Тарас, А. Іверс, П. Граніт. Гэта быў першы вечар беларускай паэзіі такога маштабу ў даваеннай Лідзе. Перад ад'ездам з горада Я. Купала сустрэўся з групай маладых паэтаў, якія сабраліся тут з усёй тагачаснай Баранавіцкай вобласці. Паэт распытваў пра былое жыццё ў Заходняй Беларусі. Не раз ён гаварыў у Лідзе, што адчувае сябе ў даўгу перад тутэйшымі людзьмі, бо мала дагэтуль пісаў пра іх. На развітанне кожнаму з паэтаў Я. Купала падараваў сваю кнігу з аўтографам.

* * *

Абрамовіч Уладзіслаў (9.5.1909-1965), польскі і літоўскі паэт, перакладчык, гісторык культуры, нарадзіўся ў горадзе. У міжваенны час працаваў журналістам, быў рэдактарам «Zіеmі Lіdzkіеj», цікавіўся краязнаўствам, папулярызаваў сярод палякаў літоўскую літаратуру. Пасля вайны загадваў аддзелам рукапісаў бібліятэкі АН Літвы.

Блок Аляксандр [16(28).11.1880-7.8.1921] быў тут, калі ехаў з Пецярбурга на Палессе. Адсюль ён адправіў тэлеграму сваёй жонцы Любові Дзмітрыеўне з паметкай: «7 кастрычніка 1907. Ліда Віленскай губерні».

Астраўцоў (Астравец) Сяргей, журналіст, публіцыст, ураджэнец г. Менска. У 1976 г. яго бацькі пераехалі ў Ліду. З Ліды паступіў на факультэт журналістыкі БДУ (1979). Аўтар кніг «Янычары» (1993), «Цэнзарскія нажніцы» (2000), «Лісты да хома саветыкуса» і інш.

Бабкоўскага Андрэя (1913-1961), польскага публіцыста, пісьменніка, радзіма. Скончыў Варшаўскую вышэйшую гандлёвую школу (1938). У 1939-1948 гг. працаваў у Парыжы на розных прамысловых прадпрыемствах, друкаваўся ў часопісе «Szkісе ріorkіеm» («Нарысы пяром»). У 1948 г. выехаў з сям'ёй у Гватэмалу. Аўтар выдадзеных у Парыжы і Лондане гістарычна-публіцыстычных артыкулаў, драмы «Чорны пясок» (1945), кнігі аповесцяў і апавяданняў.

Багдановіч Ірына (н. 30.4.1956), паэтэса, крытык, літаратуразнавец, нарадзілася ў Лідзе. Скончыла Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт (1978) і аспірантуру Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук БССР (1983). Кандыдат філалагічных навук. Навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры. Літаратурную працу пачала ў 1973 г. Аўтар кніг паэзіі «Чаравікі маленства» (1985), «Фрэскі» (1989), «Вялікдзень» (1993), «Альбом першакласніцы» (2003), кніг «Янка Купала і рамантызм» (1989), «Авангард і традыцыя. Беларуская паэзія на хвалі нацыянальнага адраджэння» (2001). Аўтар шэрагу рэцэнзій, артыкулаў у друку і калектыўных зборніках. Жыве ў Менску.

Бачароў Віктар, паэт, ураджэнец г. Краснаярска (Расійская Федэрацыя). Жыве ў Лідзе з 1975 г. Выпускнік Гарадзенскага педінстытута (1975), грузчык, арматуршчык, бетоншчык, запраўшчык, загадчык склада, метадыст Дома піянераў, намеснік дырэктара, дырэктар СШ № 13 (з 1986). Друкуецца з 1976 г. Аўтар кніг «Размова» (1996), «Пара браць» (1998), «Калі адзвінеў званок» (1998), «Дэмбель непазбежны» (1999), «Вершы з мінулага стагоддзя» (2001).

Вінніка Леаніда (н. 6.6.1956), паэта, радзіма. Скончыў школу-інтэрнат (1973), служыў у арміі ў Маскве (1974-1976), працаваў электрыкам на трасе Сургут-Урэнгой (1976-1978), бондарам ля возера Байкал (1987-1989), манцёрам сувязі Лідскай ГТС (1989-1997). Цяпер - сталяр у будтрэсце № 19. Друкуецца з 1973 г. Аўтар зборнікаў вершаў «Пад згаслымі зоркамі» (1996), «Мелодыі журботнага дажджу» (1998), «Настальгія» (1999), «Шчырасць» (2000, у суаўт.)

Германіскай Кацярыны, рэвалюцыянеркі, матэматыка, радзіма. Скончыўшы Цюрыхскі ўніверсітэт, выйшла замуж за аўстрыйскага сацыял-дэмакрата Фрыца Адлера. Паслужыла прататыпам рэвалюцыянеркі Каці ў рамане «Швейцарскае люстэрка» Мейнрада Інгліца (1938).

Гордана Шмуля (1865-1933), яўрэйскага пісьменніка, бібліязнаўца, радзіма. Атрымаў традыцыйную яўрэйскую адукацыю. Папаўняў веды самастойна. У 1898 г. выехаў у Палестыну, дзе выкладаў у яўрэйскай мужчынскай школе. З 1901 г. - у Варшаве, тут стварыў школу з выкладаннем на іўрыце. Рэдагаваў часопісы для дзяцей і юнацтва «Олам катан» (1901-1905), «Ханеўрым» (1904-1905), настаўніцкі штомесячнік «Хапедагог» (1903-1904). У 1904 г. вярнуўся ў Палестыну. Аўтар кніг вершаў «Арфа Ізраіля». Т. 1-3 (1891-1893), «Тэорыі літаратуры» Т. 1-2 (1900). Выдаў шматтомны каментар да Бібліі, які з'яўляецца асноўным навучальным дапаможнікам у свецкіх школах Ізраіля.

Дзвілянскага Аркадзя (н. 2.9.1950), музычнага педагога, этнамузыколага, кампазітара, паэта, радзіма. Кандыдат мастацтвазнаўства (1989). Вучыўся ў СШ № 1 у Лідзе, затым - у Свярдлоўску. Скончыў Уральскую кансерваторыю ў 1978 г. Служыў у арміі (1978-1980). Працаваў у Кіргізскім інстытуце мастацтваў (1980-1993). Завочна скончыў аспірантуру Ленінградскага інстытута тэатра, музыкі і кінематаграфіі (1984). З 1995 г. працаваў у акадэміі музыкі ў Магілёве. У 1997 г. выехаў з сям'ёй у ЗША. Аўтар даследаванняў і дапаможнікаў па музычным мастацтве, шматлікіх музычных твораў, песень. Выйшлі з друку яго аповесць у прозе і вершы «Крыс-бейл...» (1993) і кніжка паэзіі «Сімфарыфмы» (Бішкек, 1991). Цяпер жыве ў Стэнфардзе (ЗША).

Доўгірд Анёл, законнік-піяр, філосаф, псіхолаг, ураджэнец маёнтка Юркаўшчына Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл., у 1796-1797 навучальным годзе выкладаў у Лідскім піярскім калегіюме. Некаторы час зімой жыў у лідскім кляштары як дарадца правінцыі піяраў. Пісаў вершы.

Каваленка Віктар, крытык, літаратуразнавец, празаік, ураджэнец в. Сакаўшчына Валожынскага р-на Менскай вобл., у 1948 г. скончыў Лідскае педвучылішча.

Каганец Карусь, беларускі пісьменнік, ураджэнец г. Табольска (Расія), працаваў дзесятнікам на будаўніцтве чыгункі ў Лідзе.

Кардаша Юзафа (н. 29.9.1924), польскага мемуарыста, радзіма. Дзяцінства правёў у в. Колышкі, вучыўся ў Лідскім педвучылішчы, у 1959 г. выехаў у Польшчу, працаваў у сістэме адукацыі дырэктарам школ. Выдаў кнігу ўспамінаў «Сапраўдная Ліда» (1997).

Катлярэўскі Іван [29.8.(9.9).1769-20.10.(10.П.) 1838], украінскі пісьменнік, знаходзіўся ў 1807-1808 гг. у Лідзе на вайсковай службе. Адна з вуліц горада носіць яго імя.

Когана Пятра [8(20).5.1872-2.5.1932], рускага гісторыка літаратуры, крытыка, радзіма. Друкаваўся з 1895 г. Аўтар «Нарысаў па гісторыі заходнееўрапейскіх літаратур» (т. 1-3, 1903-1910), «Нарысаў па гісторыі старажытных літаратур» (т. 1 «Грэчаская літаратура», 1907), «Нарысаў па гісторыі навейшай рускай літаратуры» (т. 1-3, 1908-1912), тэатразнаўчых прац. Пасля рэвалюцыі 1917 г. працаваў прафесарам 1-га, 2-га Маскоўскіх дзяржаўных універсітэтаў і іншых ВНУ. У 1921 г. быў прэзідэнтам Дзяржаўнай акадэміі мастацкіх навук. У савецкі перыяд апублікаваў працы «Бялінскі і яго час» (1923), «А. М. Горкі» (1928), «Уільям Шэкспір» (1931).

У 1936 г. у Лідзе быў выдадзены зборнік вершаў польскай паэтэсы Красіцкай Эльжбеты «Драбніцы». Яе называлі прапагандысткай мясцовага фальклору, энтузіясткай рэгіяналізму і народнасці, аматаркай вёскі.

Летуноўскага Дзяніса (н. 21.4.1981), паэта, радзіма. Скончыў у Лідзе гімназію і музычную школу. Вучыўся ў маскоўскім Літаратурным інстытуце імя М. Горкага. Першыя вершы напісаў у дзевяць гадоў. Выдадзены зборнікі яго вершаў і песень «Вечнасць» (1996), «Працяг» (1997), «Я застаюся з табой» (1999).

Макрэцкая (Ланге) Каміла Эмілія, польская паэтэса, дачка генерала Адама Макрэцкага. Жыла ў Лідзе ў 1919 г. Напісала паэму «Год 1919, або Песня пра літоўска-беларускія дывізіі» (1926).

Мікуцкі Антоні - законнік-піяр, у 1770-1772 гг. выкладаў у Лідскім піярскім калегіюме паэзію і рыторыку. Позняй восенню 1771 г. паставіў першую на лідскай сцэне п'есу «Няшчасце заўсёды ўважлівых і незадаволеных людзей, і адзіная асабістага няшчасця прычына, прыпісаная часу або сапсаванаму па іх меркаванні грамадству». П'еса была напісана ім у гонар харунжых Лідскага павета Нарбутаў і «сказана сцэнічным вобразам» на польскай мове ў памяшканні калегіюма. У п'есе высмейваліся заўсёды незадаволеныя, буркатлівыя на сапсаванасць сучаснага ім грамадства людзі. Сцэнічнае ўвасабленне «Няшчасця...», магчыма, мела поспех. У чэрвені 1772 г. А. Мікуцкі сіламі навуцэнцаў піярскага калегіюма паставіў другую сваю п'есу - «Трагедыю аб змове Катыліны». У 1787-1796 гг. быў рэктарам віленскага піярскага калегіюма. У 1800-1801 гг. зноў жыў у лідскім піярскім кляштары.

Нарбут (Нарбутоўна, па мужу Цясельская, XVIII ст.) Аляксандра, польская пісьменніца і перакладчыца, верагодна, нарадзілася ў Лідзе. Жыла ў Пухавах (Польшча), была выбрана акадэмікам Берлінскай акадэміі (1788). Пераклала з французскай мовы п'есу Дэ Жанліс «Зямля, або Шчырасць».

Праўдзіна Віктара (н. 11.5.1955), пісьменніка, радзіма. З сям'і вайскоўца, якая неўзабаве пераехала на Віцебшчыну. Сярэднюю школу скончыў у Шаркаўшчыне (1972). У 1981-1994 гг. працаваў у органах унутраных спраў, затым - загадчык аддзела, адказны сакратар, намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Нёман», з 2001 г. намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў, з 2002 г. намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», з 2003 г. галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». Аўтар кніг прозы «Візіцёр з Поўначы» (1992), «Боль. Споведзь міліцыянера» (1996), «Эксгумацыя» (1997), «Вяртанне з апраметнай» (2001), «Шлях да Галгофы» (2003), «Танцавальны марафон» (2007). Першы сакратар Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Путрамант Ежы, польскі пісьменнік, ураджэнец г. Менска. У 1920-я гг. вучыўся ў Лідскай гімназіі. Першыя яго вершы напісаны на беразе Нёмана каля Ліды. У першым томе сваіх успамінаў «Паўстагоддзя» (1964) распавядае аб Лідзе 1920-1930-х гг.

Рыбінскі Юзаф, польскі пісьменнік, журналіст, ураджэнец в. Сашкоўцы каля Кузніцы на Беласточчыне, служыў падафіцэрам у Лідзе. Аўтар дзвюх аўтабіяграфічных кніг, у адной з якіх апісаў лідскі аэрадром 1930-х гг. Ажаніўся з лідзянкай Веранікай Гедройц.

Суднік Станіслаў, паэт, ураджэнец в. Сейлавічы Нясвіжскага р-на Менскай вобл., актыўна працуе тут у друку: рэдактар газет «Наша слова» і «Голас Ліды», часопісаў «Лідскі летапісец» і «Ад лідскіх муроў». Аўтар «Расійска-беларускага вайсковага слоўніка» (1997), кнігі «Шыхтовы статут беларускага войска» (Прыазёрск, Казахстан. 1999). Жыве ў Лідзе.

Тарас Ніна, паэтэса, ураджэнка в. Заполле Наваградскага р-на. У 1938-1945 гг. жыла ў Лідзе, была літсупрацоўнікам газеты «Уперад» (кастрычнік 1939 - чэрвень 1941, ліпень 1944 - вясна 1945). Выбіралася дэпутатам Лідскага гарадскога Савета.

Таўлая Валянціна, паэта, ураджэнца г. Баранавічы (Берасцейская вобл.), сям'я жыла тут у 1922-1924 гг. Тут ён хадзіў у школу, напісаў першы верш на польскай мове «Верабейчык». У 1939-1941 гг. быў літработнікам лідскай газеты «Уперад». У 1943 г. сядзеў тут у турме. У Лідзе дапрацоўваў у 1934-1941 гг. паэмы «Котрыншчына» і «Песня пра сухар». У 1943 г. пераехаў з Ліды ў Наваградак.

Цвік Алесь (сапр. Кавалёў Алег), празаік, нарадзіўся ў Лідзе 31.8.1947 г. Закончыў Менскае музычнае вучылішча, інстытут замежных моў. З 1996 г. жыве і працуе ў Германіі. Піша на рускай мове. Аўтар кніг «Палітра» (2002), «Палітра-2» (2003), «Свабода ў цэлафане» (2004).

Цыбульскай Маі Эльжбеты (н. 8.5.1941), польскай паэтэсы, літаратурнага крытыка, радзіма. Скончыла Варшаўскую гімназію і факультэт польскай філалогіі Варшаўскага універсітэта. Абараніла доктарскую дысертацыю «Аб аповесцях Івашкевіча» (1964), праходзіла стажыроўку ў Оксфардзе. З 1970 г. жыве ў Лондане. Аўтар паэтычнай кнігі «Лірычныя спробы» (1982), літаратурна-крытычнага даследавання «Вацлаў Іванюк, паэт» (1984).

Юрэвіча Аляксандра (н. 18.11.1952), польскага пісьменніка, радзіма. З сям'і краўца. У 1957 г. яна пераехала ў Польшчу. Скончыў факультэт польскай філалогіі Гданьскага ўніверсітэта, завочна - сцэнарнае аддзяленне Вышэйшай школы фільма, тэлебачання і тэатра ў Лодзі. Працаваў у Гданьскай ваяводскай бібліятэцы, рэдакцыях літаратурных часопісаў. Аўтар кніг паэзіі «Сон, які напэўна не быў каханнем» (Варшава, 1974), «Па другім баку» (Гданьск, 1978), «Не страляйце ў Бітлсаў» (Гданьск, 1983), «Як галубы, гнаныя бураю» (Гданьск, 1990), «Пакуль яшчэ і іншыя вершы» (Гданьск, 1991), кнігі прозы «Сярод ночы» (Гданьск, 1980), «Ліда» (Беласток, 1990, 2-е выд. Гданьск, 1994), «Пан Бог не чуе глухіх» (Гданьск, 1995).

Ярмантовіч Яўгеніі, польскай мемуарысткі, радзіма. Настаўніца музыкі і англійскай мовы ў Беластоку. Напісала і выдала за свой кошт кнігу «У цені замка Гедыміна» (1995), у якой апісала лідскія падзеі другой паловы 1930-х - першай паловы 1940-х гг.

* * *

Хутар Банева (да 1945 г.) Дакудаўскага сельсавета.

Путрамант Ежы, польскі пісьменнік і грамадскі дзеяч, ураджэнец г. Менска, тут жыў у 1928-1939 гг. Хутар належаў яго бацьку. Працуючы тут, пісьменнік выдаў зборнікі паэзіі «Учарашняе вяртанне» (1935), «Лясныя дарогі» (1938). Аўтар нарыса пра Банева. Тут былі закапаны нязнойдзеныя рукапісы.

Вёска Бердаўка, цэнтр сельсавета.

Палац Дамбавецкага Аляксандра (1840-1914), гісторыка, публіцыста, краязнаўца, аўтара «Спробы апісання Магілёўскай губерні» (кн. 1-3, 1882-1884). На будынку ўстаноўлена мемарыяльная дошка работы Рычарда Грушы (г. Ліда).

Вёска Бжастоўцы Дакудаўскага сельсавета.

Наралеўскага Яна Казіміра (5.5.1903-?), польскага мемуарыста, урача, радзіма. Аўтар успамінаў «Душа на скальпелі» (Лондан, 1977).

Вёска Біскупцы Дакудаўскага сельсавета.

Бічэль (Бічэль-Загнетавай) Дануты (н. 1.1.1938), паэтэсы, радзіма. У роднай вёсцы скончыла пачатковую школу, затым вучылася ў Карэліцкай сямігодцы, Лідскім і Наваградскім педагагічных вучылішчах (1953-1957). Скончыла Гарадзенскі педагагічны інстытут (1962). Настаўнічала ў Гародні. Выдала зборнікі «Дзявочае сэрца» (1961), «Нёман ідзе» (1964), «Запалянкі» (1967), «Доля» (1972), «Ты - гэта ты» (1976), «Браткі» (1979), «Дзе ходзяць басанож» (1983), «Загасцінец» (1985), «Даўняе сонца» (1987), «А на Палессі» (1990), «Божа мой, Божа» (1993), «Крэсавякі» (1993, у сааўтарстве), «Снапок» (1999), «На белых аблоках» (2002), «Стакроткі ў вяночак Божай Маці» (2004), «Ойча наш» (2008) і інш. Шмат піша для дзяцей. Прысвяціла роднай вёсцы нарыс «Я паеду ў мурожныя Біскупцы...», які ўвайшоў у кнігу «Слова пра родны кут», вершы ў зборніках розных гадоў. Перакладае з рускай, польскай, украінскай моў. На многія вершы паэтэсы напісаны песні. Падрабязней пра Д. Бічэль гл.: Пяткевіч А. Старонкі спадчыны. Мінск, 2006. С. 209-218.

Гарэцкага Антона (1787-18.9.1861), польскага паэта, пісьменніка, радзіма (па іншых звестках нарадзіўся ў Вільні). Вучыўся ў Віленскім універсітэце, удзельнічаў у кампаніі 1812 г. на баку Напалеона і ў паўстанні 1831 г., выехаў за мяжу, жыў у Дрэздане на адной кватэры з А. Міцкевічам; сын яго Тадэвуш ажаніўся з дачкой паэта. Аўтар шматлікіх вершаў, баек, элегій, жартаў і эпіграм. Яго празвалі «смаргонскім Піндарам» за прыземленасць, народнасць яго творчасці і наяўнасць шматлікіх беларускіх слоў і выказванняў.

Гарадскі пасёлак Бярозаўка, цэнтр пасялковага савета.

Жыхары Бярозаўкі выбіралі Коласа Якуба, класіка беларускай літаратуры, ураджэнца в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага р-на Менскай вобл., сваім дэпутатам. На сустрэчы з рабочымі шклозавода «Нёман» ён быў тут у студзені 1946 г. Аб гэтым напісаў у артыкуле «У родных мясцінах» (Лит. газета. 1946. 7 янв.). 2 сакавіка 1950 г. Я. Колас быў другі раз у Бярозаўцы, наведаў шклозавод. На сустрэчы выступаў таксама М. Лужанін.

Вёска Вялічкі Траццякоўскага сельсавета.

Карцана Яна (?-1611), друкара і кнігавыдаўца, радзіма. Друкарскаму майстэрству вучыўся ў Кракаве. З 1576 г. быў друкаром у Лоскай друкарні. У 1580-1611 гг. кіраваў уласнай друкарняй у Вільні.

Вёска Дакудава, цэнтр сельсавета.

Недалёка ад гэтых мясцін знаходзіўся маёнтак Яшнец, дзе нарадзіўся Нарбут Даніель (у законніцтве Казімір, 3.1.1738-17.3.1807), філосаф, перакладчык, мысліцель-асветнік. Спачатку вучыўся ў піярскай школе ў Шчучыне, потым у Любяшоўскім навіцыяце і ў піярскім калегіюме ў Дубровіцы, з 1759 г. - у піярскім калегіюме ў Вільні, каля чатырох гадоў - у піярскім вучылішчы ў Рыме. У 1764 г. прызначаны прафесарам і прарэктарам піярскага калегіюма ў Дубровіцы. У 1769 г. выдаў у Вільні падручнік «Логіка, або Навука разважання і меркавання пра прадметы навукі» (на польскай мове). Пісаў вершы на лацінскай і польскай мовах.

Вёска Дзітрыкі Ганчарскага сельсавета.

Карыцкага Караля (3.11.1702-10.12.1789), педагога, пісьменніка, радзіма. Вучыўся ў Вільні, Слуцку, Полацку, Варшаве, законнік-езуіт, доктар філасофіі (1736). Узначальваў кафедру філасофіі ў Віленскай акадэміі (1736-1739). З 1746 г. у Рыме, быў першым сакратаром польскай асістэнцыі езуітаў. Друкаваў на лаціне легенды і панегірыкі.

Карыцкага Міхала (7.9.1714-10.3.1781), паэта-лацініста, грамадскага дзеяча, педагога, радзіма. Сярэднюю адукацыю атрымаў у школе Бабруйскай езуіцкай рэзідэнцыі. У 1733 г. скончыў Слуцкую семінарыю. У 1733-1736 гг. вучыўся ў Віленскай акадэміі на курсе філасофіі. У 1745 г. атрымаў ступень магістра філасофіі і вольных навук, у 1750 г. - доктара філасофіі. Пры жыцці паэта надрукаваны 25 яго вершаў. Пасля смерці выйшаў яго зборнік «Песні» (Полацк, 1817). У вершы, прысвечаным брату Каралю, успамінае бацькоў, пахаваных у Дзітрыках. М. Карыцкаму прысвечаны даследаванні беларускага літаратуразнаўца Алеся Жлуткі.

Вёска Ігнаткаўцы Голдаўскага сельсавета.

Клімовіча Уладзіміра (н. 9.8.1967), пісьменніка, барда, радзіма. Скончыў СШ у роднай вёсцы, Беларускую акадэмію мастацтваў (1990). Аўтар зборнікаў апавяданняў «Выратаванне безданню» (1992), «Лаліта і кактус» (1997). У кнігу «Той, хто будуе горад» (1997) увайшлі апавяданні, п'еса. Цяпер жыве і працуе ў Мексіцы.

Вёска Крупава, цэнтр сельсавета.

У мясцовай школе - музей Дамейкі Ігната, ураджэнца вёскі Вялікая Мядзведка Карэліцкага р-на. Ён жыў пад наглядам паліцыі пасля суда над філаматамі (1824) па суседстве - у маёнтку Заполле (не захаваўся). Будучы вучоны і мемуарыст-падарожнік займаўся тут рацыянальным вядзеннем сельскай гаспадаркі. Перад школай - памятны знак, устаноўлены ў 2002 г. паводле праекта лідскага скульптара і мастака Рычарда Грушы.

Вёска Малое Мажэйкава Гасцілаўскага сельсавета.

Маламажэйкаўскае Евангелле - помнік беларускага пісьменства XVI ст. Створана для Маламажэйкаўскай царквы, упрыгожанае сярэбранымі і залатымі мініяцюрамі. Сучаснае месцазнаходжанне яго невядома.

Вёска Мінойты Траццякоўскага сельсавета.

У 2006 г. сюды перавезлі бібліятэку Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Вёска Скрыбаўцы Мажэйкаўскага сельсавета.

На мясцовых могілках пахаваны лекар Чарноцкі Напалеон, беларускі публіцыст, перакладчык, ураджэнец маёнтка Нач-Брындзоўская былога Слуцкага павета (цяпер в. Нача Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл.). Апошнія гады жыў па суседстве ў маёнтку Вялікая Лябёдка.

Вёска Сялец Ганчарскага сельсавета.

Побач, каля Нёмана, жыла Адэля з Устроні, аўтарка паэмы на беларускай мове (лацінкай) «Мачыха», напісанай у 1850 г. Надрукавана ў літаратурным зборніку «Краю мой - Нёман» (1986). Аўтарка верша на польскай мове «Кракаў».

Маёнт. Тарноўшчына (не існуе). Магчыма, быў у межах Тарноўскага сельсавета.

Кашыц Канстанцін (1828-1881), кандыдат навук, стваральнік польскіх рыфмаваных сатыр, якія друкаваў пад псеўданімамі Загадка, Крыжык, Дагератып, Пастка. Валодаў маёнткам Тарноўшчына, удзельнічаў у паўстанні 1863 г., адбываў ссылку.

Вёска Феліксава Мажэйкаўскага сельсавета.

Побач, у фальварку Лебяда, нарадзіўся 22.09.1923 г. Фядэцкі Земавіт, польскі пісьменнік, крытык і перакладчык з рускай, беларускай і французскай моў. Ён пераклаў на польскую мову «Слова аб паходзе Ігаравым», песні Б. Акуджавы, У. Высоцкага і інш. У 1948-1950 гг. кіраваў рэдакцыяй рускай літаратуры ў выдавецтве «Сzytеlnіk». У 1957 г. меў дачыненне да першай у свеце публікацыі фрагмента рамана Б. Пастэрнака «Доктар Жывага». 3 1950 г. доўгі час узначальваў аддзел паэзіі часопіса «Тworczosc». Аўтар тэкстаў для Студэнцкага тэатра сатырыкаў, які існаваў у Варшаве ў 1954-1972 гг., фалькларыстычнай кнігі «Цёплыя вечары... ды халодныя ранкі... Сzуlі со sріеwаnо w Fеlіksоwіе» (1992).

Вёска Хадзюкі Голдаўскага сельсавета.

Лялько Хрысціны (н. 30.3.1956), пісьменніцы, радзіма. Скончыла БДУ (1979). У 1979-1983 гг. - навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея Янкі Купалы. Літсупрацоўнік штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва» (1983-1984). З 1995 г. - рэдактар-выдавец часопіса «Наша вера». Літаратурную творчасць пачала ў 1971 г. Аўтар кніг апавяданняў і аповесцей «Дарога пад гару» (1985), «Світанак над бярозамі» (1989), сцэнарыя мастацкага кароткаметражнага фільма «Лёгкі хлеб» (1987). Жыве ў Мінску. Лідчыне і Хрысціне Лялько прысвечаны верш Яўгеніі Янішчыц «Хадзюкі».

Маёнтак Юршышкі, не існуе.

Нарбут Каміла (каля 1800-?) - польская пісьменніца, дачка гісторыка Юстына Нарбута, жыла ў гэтым маёнтку. Выступала ў перыядычных выданнях з рыфмаванымі і празаічнымі творамі. Выдала кнігу «Маральныя творы» (Вільня, 1835). Яе верш «Чалавек» у перакладзе з польскай мовы надрукаваны ў зборніку «Раса нябёсаў на зямлі тутэйшай» (Мінск, 1998).

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX