Папярэдняя старонка: Агульная інфармацыя

Лідскія юбіляры 2005 года 


Дадана: 13-01-2008,
Крыніца: Лідскі летапісец №29-30, 31.



КІШКА Станіслаў Пятровіч (1455?-1514). Падстолі літоўскі (1487-88), стольнік літоўскі з 1491 г., пасол Вялікага князя Літоўскага Аляксандра да Вялікага князя Маскоўскага Івана ІІІ у 1490, 1495 і 1500 гг., маршалак гаспадарскі ў 1493-99 гг, намеснік лідскі ў 1496-99 гг., ваявода смаленскі ў 1500-03 гг., вялікі гетман ВКЛ у 1503-07 гг., дзяржавец Васілішскага староства (1505-06), стараста гарадзенскі з 1508 г., маршалак земскі ў 1512-13 гг. Чалец Паноў-Рады. Разам з князем К.І. Астрожскім удзельнічаў у прайгранай бітве на р. Ведрашы. У 1507 г. перад Клецкай бітвай занямог і перадаў камандаванне войскам Міхаілу Глінскаму, які бітву бліскуча выйграў.

ФАЛЬКОЎСКІ Якуб Забядэвушавіч (24.04.1775-2.09.1848). Рэктар Шчучынскай піярскай школы. Асветнік. У 1802 г. упершыню пачаў навучанне мове мігаў семігадовага хлопчыка. У 1817 г. адкрыў першую польскую школу для глуханямых. Стварыў сістэму навучання глуханямых дзяцей.

ГАРЭЦКІ Фадзей (Тадэвуш) Антонавіч (5.05.1825, в. Дзісяняты паблізу Вільні - 31.01.1868, Вішы, Францыя). Сын польскага паэта, уладальніка маёнтка Біскупцы Антонія Гарэцкага. Біскупцы секвестраваны ў 1833 г. У 1939 г. Тадэвуш вывезены разам з братам Людвікам у Пецярбург. Займаўся ў В.М. Ваньковіча ў Вільні, затым быў вольным слухачом у Акадэміі Мастацтваў, з 1841 г. вучыўся ў К.П. Брулова. Адзначаны малым срэбным медалём за карціну "Сляпы і яго павадыр" (1843), залатым медалём за экспрэсію ў карціне "Споведзь маладой дзяўчыны ў каталіцкага святара" (1845), малым залатым медалём за праграму "Блудны сын, які раскайваецца" (1847) і вялікім залатым медалём ды званнем класнага мастака за праграму "Ісус Хрыстос дабраслаўляе дзяцей" (1849). Дапамагаў К.П. Брулову ў выкананні роспісаў Ісакіеўскага сабора (1843 - 47). У 1850 - 54 падарожнічаў па Італіі, Іспаніі, Галандыі ў якасці пенсіянера Акадэміі Мастацтваў, выканаў копіі вядомых карцін, у тым ліку "Святая сям'я" Рафаэля Санці і "Святы Варфаламей" Х. Рыберы. Пасля 1856 г. жыў у Парыжы, у 1867 г. прыязджаў у Вільню і Пецярбург.

Аўтар партрэтаў Л. Гарэцкага (1843), А. Міцкевіча (1847), архіепіскапа Дмахоўскага, палкоўніка Гацэвіча, скульптара П.К. Клодта (за гэтую работу атрымаў званне "прызначанага" мастака). Напісаў карціны: "Унутраны перспектыўны выгляд лютаранскай царквы св. Пятра" (1852), "Хрыстосаванне" (1850), "Перспектыўны від на Альгамбры", "Пілігрымы", "Прычашчэнне ўміраючай". За гэтыя тры работы ў 1854 г. атрымаў званне акадэміка Расійскай Акадэміі Мастацтваў. Адна з апошніх карцін "Дамініканец, які моліцца" (1867).

МАКРЭЦКІ Зыгмунт Атаназі (1865-1936). Нарадзіўся ў Дзітрыках Белагрудскай воласці Лідскага павету. Адзін з піянераў у вобласці аховы раслін, доктар філасофіі. Прафесар энтамалогіі. Закончыў Віленскую гімназію і Лясны інстытут у Пецярбургу. Працаваў ляснічым у Харкаўскай губерні, затым быў накіраваны на працу ў Крымскае лясніцтва. Галоўны губернскі энтамолаг Таўрычаскага земства (1892-1917), прафесар Таўрычаскага універсітэта ў Сімферопалі (1916-1917), заснавальнік музея прыроды ў Сімферопалі. У лістападзе 1917 г. пакідае Крым. У Балгарыі займаўся навуковай апрацоўкай спосабаў знішчэння шкоднікаў ружаў і тытуню. З 1921 г. прафесар SGGW, адзін з заснавальнікаў і прэзідэнт польскага Саюза энтамолагаў (1923-36), з 1926 г. член Чэхаславацкай Акадэміі сельскай гаспадаркі. Заснаваў Інстытут энтамалогіі і аховы лесу ў Скарневічах. Змагаўся з ляснымі шкоднікамі ў Белавежскай пушчы і ў Татрах. Адзін з першых прымяніў апыленне лесу з самалётаў. Аўтар больш за 250 навуковых працаў. Вынаходнік хімічных сродкаў па абароне раслін і тытунёвай сыравіны.

НАВІЦКАЯ Марыя Канстанцінаўна (у дзявоцтве Снітко, 3.06.1865-26.11.1908). Заснавальніца Лідскай жаночай навучальні (1901), ператворанай у жаночую гімназію, пахавана на праваслаўных могілках.

ІВАНОЎСКІ Мікалай Мікітавіч (1895 - пасля 27 чэрвеня 1941). Нарадзіўся ў г. Лідзе, беларус, адукацыя 4 класы. У 1913 г. закончыў курсы паравозных машыністаў. Працаваў памочнікам машыніста, з 1939 г. - начальнік базы халодных паравозаў. Дэлегат Народнага Сходу Заходняй Беларусі і член Паўнамоцнай камісіі Народнага Сходу Заходняй Беларусі. У 1940 годзе ўступіў у партыю, быў абраны дэпутатам гарадскога савета. У першы дзень вайны вывозіў з Ліды раненых, загінуў пры бамбёжцы цягніка пад Рослаўлем.

СІРАНКОЎ Фёдар Іларыёнавіч (21.02.1915-7.01.1985). Інвалід Вялікай Айчыннай вайны, інжынер, прараб у розных будаўнічых арганізацыях. У 1973-75 гг. працаваў інжынерам па тэхніцы бяспекі ў Лідскім БУ-133, з 1975 г. на пенсіі. У часопісе "Север" у № 4-5 за 1977 г. была апублікавана яго дакументальная аповесць "У балотах Сінявіна" - пра спробу прарыву блакады Ленінграда ў верасні 1942 г.

САЎКО Іван Міхайлавіч (19.02.1925-9.06.1998). Нарадзіўся ў в. Падкасоўе Наваградскага раёна, інвалід Вялікай Айчыннай вайны. Закончыў Віцебскі ветэрынарны інстытут (1954), працаваў ветурачом у Наваградскім раёне, затым галоўным ветэрынарам саўгасу "Тарнова" (1957-82). Апошнія гады быў у штаце Лідскай раённай станцыі па барацьбе з хваробамі жывёлаў. Узнагароджаны 10 ордэнамі і медалямі. Адзначаны залатым і сярэбраным медалямі ВДНГ. "Заслужаны ветурач БССР".

Паэт. Друкаваўся ў мясцовых газетах з 1960 г. Выдаў тры зборнікі паэзіі "Насуперак лёсу" (1993), "Рэха жыцця" (1994), "Голас сэрца" (1996).

КЛЯЎЗУНІК Іван Зіноўевіч. Нарадзіўся 29 сакавіка 1925 г. у Васілішках Лідскага павету (зараз Шчучынскі раён). Закончыў Менскі медінстытут (1954). З 1968 г. загадчык кафедры Беларускага інстытута ўдасканалення ўрачоў. Доктар медыцынскіх навук, прафесар (1970), спецыяліст у вобласці анестазіялогіі і рэаніматалогіі.

ФАМІЧОЎ Рыгор (Ягор) Філатавіч (10.01.1925 - 24.01.1978). Нарадзіўся ў сялянскай сям'і ў в. Рунцава Курскай вобл. Працоўную дзейнасць пачаў у кастрычніку 1941 г. слесарам на заводзе Маскоўскай вобл.

Курсант дыверсійнай спецшколы № 2 штаба партызанскага руху (чэрвень - ліпень 1941 г.), камандзір аддзялення аўтаматчыкаў партызанскага аддзелу ім. Гастэлы (жнівень- снежань 1942 г.), які дзейнічаў у Менскай і Палескай абласцях. Упаўнаважаны ЦК ЛКСМБ і адначасова нам. камісара брыгады Канавалава па камсамолу (снежань 1942 г. - сакавік 1943 г.), інструктар падпольнага Баранавіцкага абкаму камсамолу (сакавік 1943 г. - сакавік 1944 г.), сакратар падпольнага Наваградскага райкаму камсамолу і адначасова нам. камісара брыгады імя Чапаева па камсамолу (сакавік - ліпень 1944 г.).

Пасля вызвалення Беларусі на камсамольскай рабоце: першы сакратар Наваградскага РК ЛКСМБ (ліпень 1944 г. - снежань 1946 г.)., заг. аддзелу сялянскай моладзі і заг. вайсковага аддзелу Баранавіцкага абкаму ЛКСМБ (снежань 1946 г. - жнівень 1948 г.), слухач партыйнай школы пры ЦК КПБ (верасень 1948 - жнівень 1950 г.), сакратар Баранавіцкага абкаму ЛКСМБ (жнівень 1950 г. - студзень 1954 г.), другі (студзень 1954 г. - 1955 г.), затым першы (1955 - ліпень 1958 г.) сакратар Гарадзенскага абкаму ЛКСМБ. З 1958 г. на партыйнай працы: першы сакратар Поразаўскага РК КПБ (ліпень 1958 г. - студзень 1960 г.), загадчык аддзелу адміністратыўных і гандлёва-фінансавы органаў абкаму КПБ (студзень 1960 г. - люты 1961 г.), першы сакратар Лідскага гаркаму КПБ (люты 1961 - студзень 1968 г.). У студзені 1968 г. пераведзены ў Гародню другім сакратаром абкаму КПБ. 3 кастрычніка 1972 па 24 студзеня 1978 г - старшыня Гарадзенскага абласнога савету народных дэпутатаў. Член КПСС з 1945 г. Член ЦК КПБ (1966 - 1970), дэпутат і член Прэзідыюму ВС БССР (1965 - 1975).

Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Кастрычніцкай рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі "Знак пашаны", 8 медалямі. Рашэннем Лідскага гарвыканкаму № 48 ад 8.07.1979 г. вуліца 1-я Крупаўская перайменавана ў вуліцу Фамічова.

Пры Р. Ф. Фамічове ў Лідзе пабудаваны Лакафарбавы завод (1963 - 1968), рэканструяваны аўтарамзавод (1962 - 1965), хлебакамбінат, мясакамбінат, уведзены ў эксплуатацыю новыя цэхі і ўчасткі на абутковай фабрыцы, заводзе электравырабаў, на "Лідсельмашы", камбінаце харчканцэнтратаў, пабудавана СШ №11, кінатэатр "Юбілейны", адкрыты планетарый (1964) і Лідскі індустрыяльны тэхнікум (1964), насыпаны Курган Бессмяроцця (1966).

ЧАРАПІЦА Валеры (н. 1. 1. 1945 г.). У Лідзе з 1946 года. Закончыў СШ №3, кандыдат гістарычных навук, прафесар. Дэкан факультэта гісторыі і культуры Гарадзенскага універсітэта. Загадчык кафедры гісторыі славянскіх дзяржаваў. Аўтар каля 300 навуковых працаў, у тым ліку 11 кнігаў. Сярод іх: "Сувязі рэвалюцыянераў Беларусі і Польшчы ў 70 - 80-х гадах ХІХ ст." (1985, на польскай мове), "Истоки" (1991), "Са скарбніцы кніжных паліц" (1994), "Преодоление времени" (1996), "Польское национальное движение в Белоруссии" (1996), "... Дай нам руку в непогоду: Деятели русской культуры ХІХ - начала ХХ веков и Гродненщина. Историко-документальные очерки и публицистика" (1997), "Михаил Осипович Коялович. История жизни и творчества" (1998), "Очерки истории православной церкви на Гродненщине (с древнейших времён до наших дней)" (2000), "Гродненский Православный некрополь (С древнейших времён до нач. ХХ в.)"

ПРАЎДЗІН Віктар Аляксандравіч. Нарадзіўся 11.05. 1955 г. у Лідзе ў сям'і вайскоўца. Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў (1996), аўтар кніг "Візіцёр з поўначы" (1992), "Боль. Споведзь міліцыянера" (1996), "Эксгумацыя" (1997).

ДОГЕЛЬ Мацей (6.8.1715, в. Гембулы Лідскага пав.-24.2.1760), гісторык-архівіст, прававед. Пасля заканчэння Шчучынскага піярскага калегіюма ўступіў у ордэн піяраў і займаўся выкладчыцкай дзейнасцю. Надворны маршалак ВКЛ, уладальнік мястэчка Шчучын Ю. Сцыпіён даручыў яму выхаванне свайго сына, разам з якім Догель выязджаў за мяжу, наведваў лекцыі ў Ляйпцыгскім і Парыжскім універсітэтах, удасканальваў свае веды ў філасофіі, міжнародным праве і матэматыцы. З канца 1740-х г. рэктар піярскага калегіюма ў Вільні, заснаваў школу з асобным інтэрнатам для шляхецкай моладзі . У апублікаваным «Паведамленні» пра адкрыццё гэтай школы падкрэсліваў вялікую ролю асветы ў справе маральнага ўдасканалення народа. Шмат падарожнічаў, у 1748 як пасол Рэчы Паспалітай меў магчымасць працаваць у архівах і бібліятэках Германіі, Францыі, Галандыі, дзе сабраў шмат гіст. і дыпламатычных дакументаў. Выкарыстоўваў таксама рэдкія, малавядомыя або, нават, сакрэтныя афіцыйныя дакументы, што захоўваліся ў каралеўскім архіве Кракава і Нясвіжскім архіве Радзівілаў. Асноўным навуковым і наватарскім на той час выданнем Догеля быў збор міжнародных трактатаў. З 8 запланаваных тамоў выйшлі толькі 3 пад назвай «Дыпламатычны кодэкс Польскага каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага» (т. 1,1758, т. 4, 1764, т. 5, 1759). Нявыдадзеныя матэрыялы (5 тамоў) у рукапісах паступілі ў Каралеўскую бібліятэку (Варшава), потым у Віленскі універсітэтт, адкуль у Пецярбургскую публічную бібліятэку. Выдаў таксама збор дакументаў «Межы Польскага каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага» (1758) па вызначэнні дзяржаўнай мяжы ВКЛ з Польшчай у сярэдзіне 16 ст. Яго зборнікі матэрыялаў па гісторыі міжнародных адносінаў Польшчы, Літвы і Беларусі за 13-18 ст. як гістарычныя крыніцы не страцілі свайго значэння да гэтага часу.

СТОЛЕ Юліюш (1855-1927) - уладальнік аднаго з буйнейшых у Еўропе шклянога завода "Нёман" у Бярозаўцы. Пахаваны ў Бярозаўцы. Дзеці Столе: Браніслаў (Станіслаў), Фелікс і Юзэфа. Сын Антоні загінуў за Айчыну ў 1920 г., пахаваны ў Бярозаўцы.

ГАРДОН Шмуэль (Шмуль) Лейба (акронім Шалаг, 1865-1955). Нарадзіўся ў Лідзе. Яўрэйскі пісьменнік, паэт, перакладчык, бібліёграф. У 1898 г. выехаў у Палестыну дзе выкладаў у яўрэйскай мужчынскай школе ў Яфе. З 1901 г. у Варшаве, дзе стварыў школу з выкладаннем на іўрыце. Рэдагаваў часопісы для дзяцей і моладзі "Олам патон" (1901-05), "Ганеўрым" (1904-05), настаўніцкі штомесячнік "Гапедагог" (1903-04). У 1924 г. канчаткова пераехаў у Палестыну. Выпусціў кнігу вершаў "Арфа Ізраіля" Т. 1-3 (1891-93) . "Тэорыя літаратуры" т. 1-2 (1900). У 59 гадоў выдаў шматтомны каментар да Танаха (Бібліі), які з'яўляецца асноўным навучальным дапаможнікам у свецкіх школах Ізраіля. Пісаў на іўрыце. Шырокую вядомасць атрымалі яго падручнікі іўрыту, а таксама пераклады на іўрыт байкаў Лефантэна і "Караля Ліра" У. Шэкспіра.

ГЛАДЫШАЎ Яфрэм Іванавіч. Першы старшыня Лідскага гарвыканкаму (люты?) 1940- чэрвень 1941 г.) Нарадзіўся у 1915 г., беларус. Пачаў працоўную дзейнасць на Бабруйскім фанера-дрэваапрацоўчым камбінаце з чарнарабочага, у далейшым атрымаў кваліфікацыю рамшчыка. Адным з першых уключыўся ў стаханаўскі рух, усесаюзны рэкардсмен па распілоўцы лесу. Дэпутат ВС БССР першага склікання. Член камісіі па распрацоўцы канстытуцыі 1936 г. у 1938 г. абраны старшынём Бабруйскага гарвыканкаму. Быў членам ЦВК БССР. У 1940 г. накіраваны ў Ліду старшынём гарвыканкаму. У газеце "Уперад" № 88 ад 17.09. 1940 г. быў апублікаваны яго артыкул "Год савецкай улады ў Лідзе". У снежні 1940 г. выбраны дэпутатам Баранавіцкага абласнога савета . У пачатку вайны кіраваў аддзелам дабраахвотнікаў і загінуў пад Рагачовам. Паводле іншых звестак загінуў пры бамбёжцы па р. Нёман.

ЛАБАН Пётр Пятровіч. Нарадзіўся 29 ліпеня 1945 года ў в. Навапрудцы Лідскага раёна (зараз у межах горада Ліды). Пасля заканчэння сярэдняй школы працаваў электраманцёрам у Лідскіх электрасетках. У 1969 годзе скончыў Беларускі інстытут механізацыі і электрафікацыі сельскай гаспадаркі і вярнуўся ў Лідскія электрасеткі. У тым жа 1969 годзе быў прызначанынамесніка начальніка Воранаўскага раёна электрасетак. Цераз год вярнуўся ў Ліду, некалькі гадоў працаваў у службе рэлейнай аховы і аўтаматыкі. У 1977 годзе прызначаны начальнікам Лідскага раёна электрасетак. У 1979 годзе едзе на працу ў ГДР у Групу савецкіх войскаў. Са жніўня 1980-га года ізноў начальнік Лідскага раёна электрасетак. У траўні 1985 года П. П. Лабан прызначаны дырэктарам Лідскіх электрасетак. Пад яго кіраўніцтвам пачалася тэхнічная эстэтызацыя падстанцый 110 кВ і вышэй, пачалі ўкараняцца перадавыя матэрыялы і тэхналогіі, праводзіцца камп'ютарызацыя прадпрыемства.

У 1988 годзе падчас землятрусу ў Арменіі П. П. Лабан дабраахвотна вызваўся ехаць у Арменію. Ён быў прызначаны камандзірам аддзелу беларускіх энергетыкаў, які ў сціслыя тэрміны аднавіў электразабеспячэнне Спітака і Спітакскага раёна. Пасля завяршэння работ П. П. Лабан "за ўмелае кіраўніцтва аддзелам беларускіх энергетыкаў, смеласць у прыняцці рашэнняў, знаходлівасць і аператыўнасць у працы" быў узнагароджаны ордэнам "Знак Пашаны".

Пётр Пятровіч Лабан жанаты, мае дзвюх дарослых дачок

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX