Вярнуцца: Агульная інфармацыя

Лідскія юбіляры 2009 года


Дадана: 20-11-2010,
Крыніца: Лідскі летапісец № 46, 47.



Вярбоўскі Георгій нарадзіўся 8 чэрвеня 1939 года. Выхаванец юнацкай каманды "Лакаматыў" (Ліда). Гуляў за "Харчавік" і "Балтыку" (Калінінград, 1956-62, 69, 185 гульняў, 10 галоў), "Крылы Саветаў" (Куйбышаў, 1963-68, 88 гульняў, 3 галы), "Аўтамабіліст" (Нальчык, 1970-72, 91 гульня, 8 галоў). У 1962 годзе выступаў у міжнародных матчах у складзе зборнай РСФСР, за што атрымаў званне майстра спорту.

Працаваў другім трэнерам каманд майстроў "Крылы Саветаў" (Куйбышаў, 1975-79), "Волга" (Горкі, 1981-83), "Нарт" (Чаркеск, 1985-87), СКД (Самара, 1993), галоўным трэнерам СКД (Самара, 1994, 95), "Нафтавік" (Пахвістнева, 1999), з 2000 года - трэнер у дзіцячых і юнацкіх камандах Самары.

70 гадоў споўнілася вядомаму ў мінулым гульцу і трэнеру "Крылаў Саветаў" Георгію Вярбоўскаму.

Трэнерскі штаб куйбышаўскіх "Крылаў Саветаў" у 60-х гадах мінулага стагоддзя славіўся "кропкавай" селекцыяй, а ў выпадку з запрашэннем Георгія Вярбоўскага і зусім патрапіў у "дзесятку". Паўабаронца, запрошаны з калінінградскай "Балтыкі", практычна адразу ж упісаўся ў асноўны склад каманды і размаляваў яе гульню новымі фарбамі.

Першыя крокі ў футболе Георгій рабіў у дзіцячай камандзе "Лакаматыў" з горада Ліда. Урокі майстэрства атрымліваў у юнацкай камандзе "Авангард" горада-анклава Калінінграда, куды сям'я пераехала ў 1954 годзе. Праз два гады 17-гадовы паўабаронца быў запрошаны ў каманду майстроў "Харчавік". Здольны хлопец, невысокі, хударлявы і рухавы мужнеў ад матчу да матчу, асабліва дзівіла ягонае, не па гадах, бачанне поля. Адрозніваўся ён і дакладным пасам, і ўменнем прыкрыць лідэраў супернікаў, рэзкасцю і манеўранасцю. Менавіта гэтыя якасці прывялі Георгія да вялікіх вышынь. Вярбоўскага клікалі ў знакамітыя сталічныя клубы ЦСКА, "Лакаматыў", а ён двойчы спрабаваў перайсці з калінінградскага клуба ў куйбышаўскі. У 1960-м годзе пераход федэрацыя забараніла, а газета "Калінінградскі камсамолец" у сваім артыкуле пад загалоўкам "Адысея Вярбоўскага" назвала Георгія здраднікам, рвачом, які пагнаўся за трыдзевяць земляў па доўгі рубель.

Другая спроба капітана "Балтыкі" і гульца моладзевай зборнай РСФСР стаць футбалістам "КС" завяршылася поспехам у пачатку 1963-га і звязала Вярбоўскага з горадам на Волзе на доўгія тры дзесяткі гадоў. У Куйбышаве Георгій ажаніўся, тут ён стаў бацькам дваіх дзяцей - Дзяніса і Анжалікі.

Дзіўная працавітасць, невычэрпная энергія, вывастраная тэхніка, выразнае тактычнае мысленне характарызавалі Георгія Вярбоўскага - паўабаронцу "Крылаў Саветаў" падчас яго выступу ў вышэйшай лізе. У найскладаных сітуацыях знаходзіў ён правільнае рашэнне. У памяці аматараў футболу назаўжды застануцца сустрэчы, у якіх Георгій выяўляў несуцішную спартовую злосць і самаадданасць. Успомнім двубой "Крылаў" з маскоўскім "Тарпедам" у верасні 1967 года.

- Мая задача ў той гульні была - "прыклеіцца" да Эдуарда Стральцова, тады зоркі першай велічыні савецкага футболу і, як гаварыў наш галоўны трэнер Віктар Карпаў, нейтралізаваць яго, - успамінае Георгій Пятровіч. - І я з ёй справіўся. Заслужыў пахвальную адзнаку сваёй гульні і ад трэнера, і ад прэсы, і ад заўзятараў. А за перамогу над "Тарпеда" нам заплацілі сціплую прэмію ў памеры 80 рублёў.

Скончыўшы кар'еру гульца, Георгій Вярбоўскі зарэкамендаваў сябе нядрэнным трэнерам (чатыры гады працаваў у "Крылах Саветаў" на пару з Віктарам Кіршам) і выхавальнікам маладых талентаў.

Георгій адораны на рэдкасць ураўнаважаным характарам, дзякуючы чаму карыстаўся бясспрэчным аўтарытэтам у сваіх таварышаў-футбалістаў і калегаў-трэнераў. Футбалісты лічылі яго другім бацькам, прыходзілі дзяліцца самымі патаемнымі думкамі і спадзевамі, ён заўсёды стараўся прыйсці на дапамогу.

…Вывучаю турнірную табліцу чэмпіянату Самары сярод малодшых юнакоў. На першым месцы ГУДО СДЮШОР, трэнер Георгій Вярбоўскі. Дасведчаны настаўнік прышчапляе дух пераможцаў 14-гадовым футбалістам.

- Я сваім хлапчукам пастаянна гавару, - разважае Георгій Пятровіч ,- што ў спорце толькі па-добраму нахабныя людзі дамагаюцца вышынь. Толькі так можна стаць зоркай: злым на полі і добрым, спагадным у побыце.


ГОРСКІ Канстанцін Антоні Кіпрыянавіч (Канстанцінавіч, 13.06.1859 -31.05.1924) нарадзіўся ў Лідзе. Пачаў навучанне ў Гародні, працягнуў у Першай філалагічнай гімназіі ў Вільні. Музычную адукацыю атрымаў у Музычным інстытуце Апалінарыя Концкага ў Варшаве, затым у Кансерваторыі ў Санкт-Пецярбурзе, якую скончыў у 1881 годзе па класе скрыпкі, атрымаўшы Вялікі срэбны медаль і званне "Вольны мастак". Педагогам яго быў вядомы вугорскі скрыпач Леапольд Аўэр. Годам пазней К. Горскі скончыў клас кампазіцыі і інструментоўкі выбітнага рускага кампазітара Мікалая Рымскага-Корсакава. У 1890 годзе, здзейсніўшы доўгае (на працягу 8 гадоў) вандраванне па Расіі і Грузіі, праз Пензу, Саратаў і Тыфліс (сённяшні Тбілісі, пражыў там сем гадоў) Канстанцін Горскі прыбыў у Харкаў, каб застацца ў гэтым горадзе на 29 гадоў. Гэты перыяд у жыцці кампазітара стаў часам актыўнай дзейнасці. Яму выдатна ўдавалася сумяшчаць педагагічную працу (выкладаў у Харкаўскай музычнай навучальні, адным з яго вучняў у гэтай навучальні быў будучы славуты савецкі кампазітар Ісаак Дунаеўскі) з грамадскай (быў адным з заснавальнікаў культурнага таварыства "Дом Польскі" у Харкаве) і канцэртнай дзейнасцю (быў дырыжорам сімфанічнага аркестра, а таксама кіраваў касцельным і польскім хорамі, заснаванымі ім жа ў каталіцкім прыходзе). Пры гэтым Канстанцін Горскі заставаўся любімым публікай скрыпачом і інтэрпрэтатарам твораў іншых кампазітараў, за што меў ад іх вялікую пашану (вялікую павагу меў да яго Пётр Ільіч Чайкоўскі, лічачы К. Горскага адным з лепшых выканаўцаў яго скрыпічнага канцэрту D-dur № 1). Перажыўшы ў Харкаве дзве рэвалюцыі, голад, не бачачы магчымасці працягу тут творчай дзейнасці, К. Горскі разам з сям'ёй перабраўся ў Польшчу. Спачатку ў Варшаву, дзе працаваў тапёрам у кінатэатрах "Калізей" і "Вадэвіль", а затым пераехаў у Познань, дзе на пасадзе канцэртмайстра аркестра Вялікага тэатра ім. Ст. Манюшкі прапрацаваў да канца жыцця. Ужо пасля смерці кампазітара на сцэне тэатра ў 1927 г. была пастаўленая яго опера "Маргер". У міжваенны перыяд былі выкананы і іншыя яго творы, у тым ліку Missa Solemnis Es-dur (выканаўцы - хор ім. Ст. Манюшкі, у Познані), сімфанічная паэма "Зачарованае кола" і "Арганная фантазія" f-moll. Гэты твор К. Горскага выконваецца да сённяшняга дня з неаслабным поспехам.

Канстанцін Горскі быў узнагароджаны ордэнамі Святога Станіслава ІІІ ступені (1897) і Святой Ганны ІІІ ступені (1905).

Канстанцін Горскі пакінуў багатую творчую спадчыну. Да самых вядомых яго твораў адносяцца:

- Арганная фантазія f-moll, якая лічыцца адным з шэдэўраў арганнай літаратуры позняга рамантызму, "годная, а можа, і праўзыходячая лепшыя творы Мечыслава Сужынскага і Фелікса Нававейскага";

- Дзве імшы: a-moll і Missa Solemnis Es-dur;

- Больш за 100 рамансаў, у тым ліку 12 песень на словы М. Канапніцкай, Ул. Сыракомлі, Зд. Дэмбіцкага і інш. для меца-сапрана і тэнара ў суправаджэнні фартэпіяна.

- Вакальныя творы і творы на рэлігійныя тэксты, у тым ліку Ave Maria, Salve Regina, Salutation a la Sainte Vierge, Зряще мя безгалосая (праваслаўная памінальная песня a capella для змешанага хору);

- Сімфанічныя паэмы: "На Алімпе" па навэле Г. Сянкевіча, "Зачарованае кола" па казцы Люцыяна Рыдэля;

- Дзве оперы: "Маргер" - у 3 актах, па паэме Ул. Сыракомлі, "Па хлеб" - у 2 актах, па навэле Г. Сянкевіча;

- Творы для скрыпкі і фартэпіяна: Souvenir de Nadrzecze. Premiere Mazurka, Petite Etude - Spiccato, Seconde Mazourka, Sur des chants polonais, Aria, Gavotte, Romance, 3-leme Mazourka, 1-ere Polonaise de Concert D-dur, 2-de Polonaise de Concert A-dur, Poeme Lyrique.

Бібліяграфія:

- Edward Wrocki. Konstanty Gorski. Zycie i dzialalnosc 1859-1924, Warszawa 1924.

- Эдвард Уроцкі, Канстанцін Горскі: жыццё і дзейнасць (13.06.1859 - 31.05.1924 гг.). Лідскі летапісец, № 3-4 (27-28), 2004.

- Z polskiej muzyki organowej XIX/XX w., red. Feliks Raczkowski i Jerzy Golos, Polskie Wydawnictwo Muzyczne, Warszawa 1981.

- Michal Zur, Irena Kozeniaszewa, Okres charkowski w zyciu Konstantyna Gorskiego, [w:] Diaspora polska w Charkowie. Historia i wspolczesnosc, Charkow 2004, s. 130-134.

- Michal Zur, Irena Kozeniaszewa, Zapomniany kompozytor. Charkowski okres w zyciu Konstantego Gorskiego, [w:] Znad Wilii, nr 3 (35), Wilno 2008, s. 115-117.

- Т. Бахмет, Т. Гончаренко, Польские нотные издания XIX - нач. XX ст. из фонда редких изданий Харьковской городской специализированной музыкально - театральной библиотеки им. К. С. Станиславского. В "Харьков и Польша: люди и события", Харкаў, 2006, с. 165-176.

- Р. М. Аладава, Канстанціна Горскага і яго опера "Маргер" у кантэксце беларускай культуры, Мінск. 2005.


ГАЛІНА (сцэн. псеўд.; дзявочае Грудзінская, па мужу Александроўская) Вольга Уладзіміраўна [11 (23).3.1899, м. Жалудок Лідскага павету - 4.12.1980], беларуская актрыса. Нар. артыстка БССР (1946). Сцэнічную дзейнасць пачала ў 1919. У 1921-22 у трупе палітаддзела 45-й стралковай дывізіі. У 1923-62 у Бел. тэатры імя Я. Купалы. Педагог студый пры тэатры, у 1948-55 і 1960-63 Бел. тэатр.-маст. ін-та. Выканаўца роляў гераінь і характарных.

Актрыса вял. сцэнічнай культуры. Створаныя ёй вобразы вызначаліся інтэлектуальнасцю, багаццем і шматграннасцю сцэнічных характарыстык. Стварыла высокамастацкія вобразы ў нац. рэпертуары: Ганна, графіня Стэмбоўская («Машэка», «Кастусь Каліноўскі» Е. Міровіча), Яворская, Альдона («Мост», «Вір» Я. Рамановіча), пані Яндрыхоўская, Марозава, Прымаковіч («Партызаны», «Пяюць жаваранкі», «Людзі і д'яблы» К. Крапівы). Грамадзянскасць, сацыяльная глыбіня вызначаюць Г. ў ролях Паляжаевай («Неспакойная старасць» Л. Рахманава), Полазавай («Маскоўскі характар» А. Сафронава), Ганны ІІіхты («Змова асуджаных» М. Вірты), Гарыцвет, Мар'і Тарасаўны («Крылы», «Платон Крэчат» А. Карнейчука) і інш. Мужнасць, гераічную самаадданасць жанчыны-маці ярка раскрыла ў вобразах Кашавой («Маладая гвардыя» паводле А. Фадзеева), Марыі Мікалаеўны («Рускія людзі» К. Сіманава) і інш, Велічнасць рускай маці, яе здольнасць на самаахвяраванне, глыбокую любоў і разуменне свайго народа паказала Г. ў вобразе Марыі Аляксандраўны Ульянавай («Сям'я» I. Папова). Сакавітасцю, гумарам, сатырычнай завостранасцю вызначаліся створаныя Г. характарныя ролі: Барабашовай («Праўда добра, а шчасце лепш» А. Астроўскага), Цалаванневай («Зыкавы» М. Горкага), пані Дэндальскай («Дамы і гусары» А. Фрэдры), Пампеевай («Гібель Пампеева» Вірты). Найб. значныя ролі, выкананыя ў класічным рэпертуары: Купавіна («Ваўкі і авечкі» Астроўскага), Соф'я («Апошнія» М. Горкага), Ранеўская, Аркадзіна («Вішнёвы сад», «Чайка» А. Чэхава), Карэніна («Жывы труп» Л. Талстога), Карміцелька («Рамэо і Джульета» У. Шэкспіра), Тэадора («Дурная для іншых, разумная для сябе» Лопэ дэ Вэгі).

Літ.: ГаробчанкаТ. Я. Вольга Галіна.- Мн., 1980; Бірыла С. Аблічча актрысы (В. У. Галіна).- У кн.: Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960; Сабалеўскі А. Жыццё тэатра: Мастацтвазнаўчыя артыкулы, рэцэнзіі.- Мн., 1980, с. 181-187.

Т.Я. Гаробчанка.


АЛЯКСЕЙЧЫК Павел Вікенцьевіч (1.04.1929 - 15.12.2000) нарадзіўся ў в. Вялікія Мервіны Клецкага раёна. Скончыў Менскі дзяржаўны медыцынскі інстытут (1947-53) па спецыяльнасці лекар-лячэбнік. Лекар Курылавіцкай участковай бальніцы Мастоўскага раёна (1953-54), загадчык Іўеўскага раённага аддзела аховы здароўя (1954-58), галоўны лекар Іўеўскай раённай бальніцы (1958-60), галоўны лекар Лідскай гарадской бальніцы (1960-64), загадчык Лідскага гарадскога аддзела аховы здароўя (1964-67), галоўны лекар Лідскай цэнтральнай райбальніцы (1967-90), галоўны лекар Лідскага тэрытарыяльнага медыцынскага аб'яднання (1990-93), лекар-метадыст райпаліклінікі (1993-97), лекар-траўматолаг міжкалгаснага санаторыя "Радон" (1999-2000). "Выдатнік аховы здароўя" (1966), "Заслужаны лекар БССР" (1968). Абіраўся чальцом гаркаму, дэпутатам гарсавету. Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і Кастрычніцкай Рэвалюцыі.


МЯГКОВА Людміла Міхайлаўна нарадзілася 26.04.1929 г., скончыла Ленінградскую вышэйшую мастацка-прамысловую навучальню імя Мухінай. З жніўня 1959 г. працавала на шклозаводзе "Нёман" у якасці галоўнага мастака. Мастак-прыкладнік у сферы мастацкага шкла. Неаднаразова ўдзельнічала ў выставах. Яе працы экспанаваліся ў Гародні, Менску, Маскве, Санкт-Пецярбурзе, Смаленску, Нямеччыне, Вугоршчыне, Чэхаславакіі, Фінляндыі, Францыі, Англіі, Грэцыі, Аўстрыі, Югаславіі. Працы знаходзяцца ў беларускіх музеях і музеях Масквы, Санкт-Пецярбурга, Шаўляя, Смаленска, Нямеччыны. Сябар Саюза мастакоў БССР (1964). "Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР" (1977). Срэбны медаль Мастацкай Акадэміі СССР.


ВАЎЧОК УладзімірІванавіч нарадзіўся 2.04.1939 у в. Красляны Шчучынскага павету ў сялянскай сям'і. Скончыў сямігодку ў в. Дуброва Шчучынскага раёна (1954), навучальню механізацыі сельскай гаспадаркі № 15 у в. Мураванка Гарадзенскага раёна (1956). Працаваў па спецыяльнасці трактарыста-машыніста на цалінных землях Казахстана (1957-58). Падчас службы ў СА скончыў вячэрнюю сярэднюю школу і захапіўся вольнай барацьбой. Скончыў Беларускі інстытут фізічнай культуры (1963-67). Трэніраваўся ў заслужанага трэнера СССР Паўла Васільевіча Грыгор'ева.

У Лідзе з 1967 г., працаваў трэнерам па вольнай барацьбе ў спартовых таварыствах "Спартак", "Чырвоны Сцяг", з 1985 г у ДЮСШ. Майстар спорту СССР па вольнай барацьбе (1964). Чэмпіён БССР (1965), пераможца адкрытага чэмпіянату РСФСР (1965), пераможца турніру Дз. Карбышава (1969). Суддзя рэспубліканскай катэгорыі па вольнай барацьбе (1973). Судзіў Усесаюзныя і міжнародныя турніры, чэмпіянаты БССР, чэмпіянат Еўропы ў 1999 г. "Заслужаны трэнер БССР" (1994). Падрыхтаваў 42 майстроў спорту па вольнай барацьбе, сярод іх Ваўчок І.Л., Гатоўка Ў.П., браты Талдыкавы, Пацко Г.Р., Шостак А.М., Звяжынскі Ю.І.


ПАТАПЕЙКА Аляксандр Мацвеевіч нарадзіўся ў траўні 1949 г. у Восіпавічах Магілёўскай вобласці. Скончыў Беларускую кансерваторыю па класе баяна. Працаваў салістам інструментальнага ансамбля Белтэлерадыё пад кіраўніцтвам Л. Смялкоўскага.

Выкладчык Лідскай музнавучальні з дня заснавання (1973 г). Інструментаваў каля 200 твораў і песень. Асобныя пералажэнні ўвайшлі ў рэпертуар прафесійных аркестраў. Кіраваныя ім самадзейныя калектывы тройчы ўганароўваліся званнямі лаўрэатаў Усесаюзнага агляду самадзейнай мастацкай творчасці. Аркестр рускіх народных інструментаў Лідскага музнавучальні неаднаразова станавіўся лаўрэатам абласных і рэспубліканскіх конкурсаў і фэстаў. Запісаў праграму на Беларускім тэлебачанні.

Выпусціў са свайго класа 50 баяністаў, 18 з іх паступілі ў кансерваторыі Менска, Ленінграда, Масквы і Гановера. Яго вучні станавіліся лаўрэатамі рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў: Іосіф Гойдзь -нацыянальнага конкурсу імя Жыновіча, Таццяна Булан - міжнароднага конкурсу ў Кастельфедардо, Уладзімір Нехвядовіч - міжнародных конкурсаў у Нямеччыне, Італіі, Іспаніі, Англіі. Узнагароджаны медалём ВДНГ.


ТРАЯНОЎСКІ Ян (1799-1877 ці 1878). З карбанарыяў. Падтрымліваў сувязь паміж карбанарыямі і Літоўскім саюзам ды дзекабрыстамі. Сябраваў з Бястужавым і Паджыё. Ім складзены эскіз нейкага медаля. Мастак і аўтар гістарычных твораў. Дзіцячыя гады прайшлі ў маёнтку Бяльмонт графа Манузі, дзе бацька служыў эканомам. У 1827 г. жыў у Воранаве. Афіцыйна ён займаўся жывапісам, але, як сведчаць дакументы, меў і іншыя заняткі. Ян Траяноўскі па-ранейшаму заставаўся актыўным барацьбітом і прапагандыстам свабодалюбівых ідэй. У студзені 1827 г. на Яна Траяноўскага паступіў данос ксяндза вораноўскай плабаніі Вінцэнта Скібінскага з абвінавачваннямі ў блюзнерстве, у адмове ад споведзі, у дзеяннях супраць цара - «дерзких отзывах противу христианской веры и высочайшего престола». Вось, у прыватнасці, што пісаў у сваім рапарце лідскі земскі спраўнік на імя літоўска-гарадзенскага губернатара: «...Учарашняга чысла атрымаў ад воранаўскага ксяндза данясенне, што жывапісец Ян Траяноўскі, які знаходзіцца ў Воранаўскім Двары, рассейвае розныя супраць трона Яго імператарскай вялікасці і супраць рэлігіі весткі...». Адразу ж пасля гэтага данясення, як сведчаць дакументы, дзекабрыста Траяноўскага арыштавалі, забралі наяўную ў яго літаратуру і зняволілі ў Лідскую турму. Следства правялі ў Лідзе. Літоўска-гарадзенскага губернатара занепакоіла тое, што такая небяспечная асоба знаходзілася ў яго губерні. Ён запатрабаваў неадкладна прывезці арыштаванага ў Гародню. Пад узмоцненай аховай Яна Траяноўскага прывезлі ў губернскую турму. У Воранава быў адпраўлены аддзел жандараў. Афіцэр, які камандаваў гэтым аддзелам, спыніўся на кватэры ксяндза. А на наступны дзень у мястэчку і навакольных вёсках пачаліся арышты. Схапілі тых, хто быў блізкі з Траяноўскім, хто пад уплывам яго свабодалюбівых ідэй пачаў інакш глядзець на жыццё, існы лад, не гаворачы ўжо аб тых, хто адкрыта гаварыў пра гэта. Разам з імі ў казематы кінулі і тых, хто нават не быў звязаны з Траяноўскім, але рэдка наведваў касцёл. Выкарыстоўваючы зручны момант, ксёндз вырашыў заадно прыціснуць тых, хто адыходзіў ад рэлігіі. Ксёндз гаварыў вернікам, што так улады зробяць з усімі богаадступнікамі. Справай дзекабрыста Яна Траяноўскага неўзабаве зацікавіўся царскі ўрад. Па асабістым указанні цара Мікалая I Траяноўскага накіравалі ў Пецярбург. Пасля допыту яго пасадзілі ў равелін, а затым па этапе накіравалі ў Сібір.

Матэрыял пра Яна Траяноўскага друкаваў часопіс "Беларусь", 1959 г. № 9, аўтар Мараш.

Юля Грыб (паводле В. Клапцова).


РАЙНЕС (Рэйнес) Іцхак Якаў (1839, Карлін, прыгарад Пінска, - 1915, Ліда), У гэта цяжка паверыць, але гэта так. У Лідзе трыццаць гадоў жыў заснавальнік адной з дзвюх асноўных плыняў рэлігійнага сіянізму. Руху, дзякуючы якому, габрэі стварылі дзяржаву Ізраіль.

Бацька Райнеса - рабі Шлома Нафталі - валодаў друкарняй у Цфаце (Палестына); пакінуў горад, страціўшы падчас землятрусу 1837 г. сям'ю і маёмасць. Сваю любоў да краіны продкаў ён прышчапіў сыну. Адукацыю Іцхак Райнес атрымаў у іешывах Эйшышак і Валожына. Рабін у Шаўкянах (1867-69) і Свянцянах (1869-85). У Свянцянах ён напісаў дзве рэлігійных працы: "Эдут бэ-Яакаў" ("Сведчанне ў Якаве", 1872) і "Шаарэй ора" ("Брама святла", 1886).

У 1882 г. Райнес прыняў удзел у з'ездзе прадстаўнікоў габрэйскіх грамадаў у Пецярбурзе, на якім прадставіў выпрацаваны ім план рэарганізацыі сістэмы выкладання ў іешывах, які не сустрэў падтрымкі з боку большасці дэлегатаў. Свае погляды на рэформу традыцыйнай габрэйскай адукацыі, мэтай якой было ўтрымаць габрэйскую моладзь у рамках артадоксіі, а таксама прапанаваную ім новую метадалогію вывучэння Талмуда, якую ён супрацьпастаўляў укаранелай сістэме, Райнес выказаў у працах "Хотэм тохніт" ("Завяршальны план", тт. 1-2, 1880-81) і "Урым гдолім" ("Вялікія агні", 1887). Метадалогія Райнеса была пабудаваная на лагічна-аналітычным падыходзе да крыніц. Райнес акрыў у Свянцянах узорную іешыву, разлічаную на дзесяцігадовы курс навучання, які нараўне з традыцыйнымі ўключаў і агульнаадукацыйныя дысцыпліны. Аднак з-за супрацьдзеяння вельмі артадаксальных колаў іешыва праз чатыры гады была закрытая. Райнесу было прапанавана месца рабіна ў Манчэстары, але пасля трохмесяцавага знаходжання ў Англіі ён вярнуўся ў Расію. Наступныя 30 гадоў Райнес - лідскі рабін (1885-1915).

Сіянізм, ледзь нарадзіўшыся, сутыкнуўся з моцным супрацьдзеяннем з боку, як артадаксальнага, так і рэфармісцкага юдаізму. Сярод артадоксаў адны лічылі сіянізм "выклікам, кінутым Небу", а іншыя, улічваючы свецкі светапогляд большасці сіянісцкіх лідараў, асцерагаліся ўплыву, які сіянізм акажа на габрэйскую веру і рэлігійны лад жыцця.

У той жа час існавала вялікая група артадаксальных габрэяў, у якую ўваходзіў і такі выбітны прадстаўнік рабінізму, як Шэмуэль Магілявер (1824-1898). Гэтая група, успрыняўшы погляды рабі Калішэра, з самага пачатку далучылася да сіянізму. Райнес удзельнічаў у Чацвёртым кангрэсе сіяністаў у Лондане ў 1900 г., пры абмеркаванні культурна-выхаваўчай працы рэлігійныя сіяністы на чале з рабі Іцхакам Якавам Райнесам запатрабавалі, каб сіянісцкі рух абмежаваўся палітычнай дзейнасцю. У сакавіку 1902 г. у Вільні па ініцыятыве Райнеса была склікана канферэнцыя рабінаў і іншых прадстаўнікоў артадаксальных колаў, якая абвясціла аб стварэнні рэлігійнай фракцыі (Мізрахі) у Сусветнай сіянісцкай арганізацыі. Дэвізам Мізрахі стаў лозунг "Зямля Ізраіля для народа Ізраіля, паводле Торы Ізраіля".

З другога боку, сіянізм сустрэў самы рашучы адпор у колах рэфармістаў. Яны бачылі ў сіянізме грамадскі выклік, які падрывае ў вачах усяго свету іх асноўную ідэю аб тым, што габрэйства - не нацыя, а рэлігійная агульнасць. І, вядома, як сярод артадоксаў, так і сярод рэфармістаў, знаходзілася шмат габрэяў, якія лічаць палітычны сіянізм несумяшчальным з грамадзянскім абавязкам габрэяў перад дзяржавай, у якой яны жылі і з якой сябе атаясамлялі.

З мэтай прапаганды палітычнага сіянізму сярод артадаксальных габрэяў Райнес у 1902 г. выдаў кнігу "Новае святло Сіёна". Ён прымаў удзел у першых Сусветных сіянісцкіх кангрэсах, аднак не згаджаўся з палітыкай сіянісцкіх лідараў у вобласці культуры, лічачы недапушчальным умяшанне дзеячаў культуры ў справы рэлігіі. У 1898 г. выпусціў кнігу "Ара весімха" ("Святло і радасць") аб значэнні свята Пурым з прадмовай "аб сіянізме з артадаксальнага пункта погляду", а ў 1902 г. апублікаваў апалогію сіянізму "Ор хадаш ал Цыён" ("Новае святло над Сіёном"), у якой аспрэчваў антысіянісцкія сцвярджэнні некаторых прадстаўнікоў рабінскіх колаў. У сваіх працах Райнес заклікаў рэлігійных і нерэлігійных сіяністаў да сумеснай працы.

Іцхак Якаў Райнес быў адной з цэнтральных постацяў на Менскай канферэнцыі сіяністаў у верасні 1902 г. 160 з 526 удзельнікаў канферэнцыі прадстаўлялі рух Мізрахі. Падчас дыскусіі "па культурнай працы" Райнес ад імя фракцыі пярэчыў супраць дзейнасці Сіянісцкай арганізацыі ў вобласці культуры і патрабаваў перайсці да практычнай працы ў Эрэц-Ісраэль, лічачы, што габрэйская культура можа быць толькі рэлігійнай, бо для яго паняцця "рэлігія" і "нацыянальнасць" у дачыненні да габрэяў былі непарыўныя.

Дэлегаты ад Мізрахі патрабавалі перайсці да практычнай працы ў Эрэц-Ісраэль праз пасрэдніцтва Габрэйскага Нацыянальнага Фонду і Габрэйскага каланіяльнага банка.

У сваёй дзейнасці Райнес спрабаваў спалучаць сучасныя павевы з габрэйскай традыцыяй. Райнес далучыўся да руху "Хавявей Цыён", з моманту ўзнікнення ўдзельнічаў у яго працы. Разам з беластоцкім рабінам Ш. Магіляверам Райнес распрацаваў праграму засялення Палестыны (Эрэц-Ісраэль), якая прадугледжвала спалучэнне працы пасяленцаў на зямлі з вывучэннем Торы. Райнес быў у ліку нямногіх рабінаў, якія адразу адгукнуліся на заклік Т. Герцля і падтрымалі сіянісцкі рух.

У жніўні 1904 г. у Прэсбургу (цяпер Браціслава) на 1-м Сусветным з'ездзе Мізрахі Райнес быў аднадушна прызнаны лідарам руху.

У 1905 г. пры садзейнічанні відных дзеячаў Мізрахі і фінансавай дапамозе барона Д. Гінцбурга Райнес адкрыў у Лідзе ўмерана рэфармаваную іешыву, разлічаную на шэсць гадоў навучання. Нараўне з Талмудам у праграму былі ўключаны Біблія, іўрыт з граматыкай, а таксама агульныя прадметы ў аб'ёме павятовай навучальні, да якіх пазней дадалі асновы камерцыі. Педагагічныя прынцыпы, закладзеныя ў сістэму выкладання Лідскай іешывы, Райнес выказаў у працах "Кол Яакаў" ("Голас Якава", 1908) і "Мішкенот Яакаў" ("Манастыр Якава", 1910). У Лідзе ім былі напісаныя "Нод шэл дма'ад" ("Пасудзіна слёзаў", 1891) - гамілетычны нарыс гісторыі пераследу габрэяў у галуце; "Ор шыв'ат хаямім" ("Святло першароднае", 1896) - аб значэннях святаў месяца тышрэй і інш.

Вялікая частка літаратурнай спадчыны Іцхака-Якава Райнеса засталася ў выглядзе рукапісаў (каля 100 тамоў). Апублікаваныя пры яго жыцці працы аказалі сур'ёзны ўплыў на габрэяў Расійскай імперыі ў канцы XIX - пачатку XX стагоддзя. Месіянізм Райнеса меў палітычную афарбоўку.

У гонар Райнеса былі названыя, заснаваныя ў 1924 годдзе паселішча Няве-Яакаў (праіснавала да 1948 г., на яго месцы з 1972 года - аднайменны раён Іерусаліма) і ў 1927 годзе машаў Сдэ-Яакаў у Ізраельской даліне.


ПУПКО Мейлах Носелевіч (1859, Ліда - 1934, Ліда) - уладальнік піўнога завода (цяпер ААТ "Лідскае піва"). Купец 1-ай гільдыі з 1908 г. Лепшы менаджар Ліды ХХ стагоддзя. Лідскае піва адзначана медалямі на міжнародных выставах 1903 і 1908 гг. Быў пахаваны ў на габрэйскіх могілках у Лідзе. (Падрабязна ў "Лідскім летапісцы" № 4 (32) за 2005 г. і № 1 (33) за 2006 г.


РАСТВАРОЎСКІ Андрэй (1899-1980). У 30-х гадах ХХ стагоддзя жыў у Лідскім павеце, валодаў фальваркам Скабейкі. Яго бацька - вядомы віленскі архітэктар Тадэвуш Раствароўсі. Пакінуў успаміны аб гаспадаранні ў фальварку Скабейкі і аб жыцці ў Лідскім павеце. "Moje zycie na Nowogrodczyznie lata 1924-1928// Goniec Kresowy. Nr 41. 2003. s.12-16; Nr 42: 2004 s. 18-21." "Pogrzeb mojego ojca Tadeusza, wilenskiego architekta i artysty malarza. // Goniec Kresowy. Nr 43. 2004. s. 15-16."


ДУДКО Сяргей Рыгоравіч (1919 - 10.2003 ). Нарадзіўся ў в. Пятровічы Парыцкага (Парычанскага) раёна Палескай вобласці. Беларус. Чалец КПСС з 1942 г. Калгаснік калгасу "Новае жыццё" Светлагорскага раёна (1934-36), рахункавод калгасу ім. К. Маркса (1936-39), бухгалтар Чэрнінскага сельпо Светлагорскага раёна (1939). У шэрагах ЧА (1939-47). Пасля дэмабілізацыі старэйшы бухгалтар у школах ФЗН № 21 г.п. Скідаль і № 44 у г. Гародні. Дырэктар Лідскага маслазавода, інструктар сельгасаддзела Лідскага райкаму КПБ, старшыня калгасу "8 сакавіка", затым імя.Мічурына Лідскага раёна. Узнагароджаны ордэнамі Леніна (1966), Кастрычніцкай рэвалюцыі (1971), двума ордэнамі Айчыннай вайны 1 ступені, двума ордэнамі Айчыннай вайны 2 ступені, 26 медалямі, у тым ліку "За адвагу", Ганаровай граматай ВС БССР. Шматгадовы чалец Лідскага райкаму КПБ, дэпутат Дубровенскага с/с і Гарадзенскага аблсавету. Дэпутат ВС БССР ( 1971-75).


ПЫПЕЦЬ Вячаслаў Анатольевіч нарадзіўся ў Лідзе 23.04.1959 года. Бацька працаваў на заводзе электравырабаў, маці - бухгалтарам у аддзеле адукацыі. Маці мела музычныя здольнасці, але праявіць іх ёй не ўдалося.

Пайшоў вучыцца ў сярэднюю школу №10. Спяваць пачаў яшчэ ў дзіцячым садку. Затым песенныя здольнасці выяўляў у школьнай мастацкай самадзейнасці. Вось тады настаўнікі і параілі бацькам аддаць сына вучыцца ў музычную школу. Зрэшты, хлопец і сам быў не супраць гэтага. Спасцігаць асновы музычнай граматы яму падабалася.

Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіў у Лідскую музычную навучальню.Адслужыў тры гады ва Ўзброеных Сілах, вярнуўся ў Ліду. Узначаліў групу "Кворум" пры чыгуначным клубе. Далей лёс звязаў з аркестрам "Панарама". Потым кіраваў мастацкай часткай калектыву польскай культуры "Лідзяне". У 1995 годзе прыйшоў працаваць у раённы (а на той час гарадскі) Дом культуры. Спачатку адказваў за музычную частку тэатра "Какос".

У 1996 годзе арганізаваўся тэатр песні "Ліда-мюзікл", які і ўзначаліў Вячаслаў Пыпець. У калектыў увайшлі аднадумцы ў творчым плане, якія працавалі ў Доме культуры. А назва лідскаму тэатру песні прапанаваў старшыня асацыяцыі кампазітараў Гарадзеншчыны Віталь Радзівонаў. У калектыў аб'ядналіся людзі творчыя. А пытання, хто ўзначаліць тэатр песні, неяк не ўзнікала. Атрымалася гэта як бы само сабой. Тады ля вытокаў "Ліда-мюзікл" стаялі Наталля Шурмей, Андрэй Ус, Ігар Іванчанка, Анжаліка Гурская, Святлана Мельнікава (зараз Святлана Пыпець, жонка Вячаслава), Зміцер Быструхін, Галіна Піваварчык. Пазней прыйшоў Дзяніс Варановіч.

У 1997 годзе калектыў прадставіў на суд гледачоў музычны спектакль - аўтарскую праграму Вячаслава Пыпеця - і з гэтага часу пачаўся адлік дзейнасці "Ліда-мюзікл". З выступленнямі калектыў аб'ехаў амаль усю Беларусь. Давялося ўдзельнічаць у "Славянскім базары". Выступалі на фэстах "Песні юнацтва нашых бацькоў", "Галасы мяжы".

Першыя музычныя творы пачаў складаць у музычнай школе. Тады, як і потым, некаторы час Вячаслава цягнула пісаць больш складаныя рэчы. А вось з пачатку 90-х перайшоў да песеннага жанру. З таго часу напісаў музыку да 15 спектакляў, стаў аўтарам музыкі больш чым 200 песень, сярод якіх шмат песень прысвечаных гораду Лідзе. Першую песню пра родны горад Вячаслаў Пыпець напісаў у 80-х гадах на вершы Веры Ляцецкай. Затым пісаў песні на вершы Віктара Бочарова, Леаніда Вінніка, Станіслава Судніка, Міхася Мельніка. Нядаўна паклаў на музыку верш аб Лідзе Ганны Баборык.

Вячаслаў Пыпець - лаўрэат II міжнароднага конкурсу дзіцячай песні "Дзень нараджэнні" у Санкт -Пецярбурзе (2000). Дыпламант рэспубліканскіх конкурсаў за лепшую аранжыроўку песень. Аўтар песні-пераможцы конкурсу да 685-годдзя горада Ліды.

Стварыў аб'яднанне кампазітараў Лідчыны арт-майстэрню "Музальянс". У 2008 годзе аб'яднанню прысвоілі званне "народнае", і зараз яго поўная назва - Народнае аматарскае аб'яднанне арт-майстэрня "Музальянс". Майстэрня аб'ядноўвае больш за сорак аўтараў і выканаўцаў. Удзельнікі майстэрні абмяркоўваюць свае творы, раяцца, дапамагаюць адзін аднаму. Прадстаўляюць гледачам зборныя праграмы, творчыя аўтарскія вечары ўдзельнікаў "Музальянса".

Плануецца выпусціць зборнік песень кампазітараў "Музальянса", асобна выдаць зборнік лідскіх аўтараў "Песні дзецям". "Музальянс" плануе праводзіць у Лідзе шмат мерапрыемстваў, сярод якіх і адкрыты гарадскі фэст кампазітараў і паэтаў-спеўнікаў.

Паводле Л. Петрулевіч.


ЯРМАНТОВІЧ Алена Васільеўна (15.8.1929 - 19.09.1986), Герой Сацыялістычнай працы. Нарадзілася ў в. Ляснікі, беларуска, адукацыя пачатковая. Да лютага 1950 г. працавала на сямейнай гаспадарцы, у лютым 1950 г. разам з бацькамі ўступіла ў калгас "Маяк" Голдаўскага сельсавета. Працавала ў ільнаводчым звяне. З 1961 г. звенявая ільнаводчага звяна калгаса "Сцяг саветаў". У 1963 г. з плошчы 13,6 га звяно атрымала ўраджайнасць ільнасем'я 8,5 ц/га і ільнавалакна 10,1 ц/га. Было сабрана 119 цэнтнераў ільнасем'я і 137 цэнтнераў ільнавалакна з нумарам 13, прыбытак склаў 2867 рублёў з гектара. У 1964 г. пры неспрыяльных кліматычных умовах з плошчы 8,7 га атрымалі ўраджай ільнасем'я 9,8 ц/га і ільнавалакна 9,9 ц/га. Атрымана 85,5 ц ільнасем'я і 86,6 ц ільнавалакна з сярэднім нумарам 12. Грашовы прыбытак - 3141 рубель з гектара. У 1965 г. з плошчы 14 га атрыманы ўраджай 8,8 ц /га ільнасем'я, 10 ц/га ільнавалакна. Ільнасем'я атрымана 123,5 ц, ільнавалакна 140 ц з сярэднім нумарам 14. Грашовы прыбытак - 3186 рублёў з га. Прымала актыўны ўдзел у грамадскім і палітычным жыцці калгасу, дэпутат раённага савету. Званне Героя Сацыялістычнай працы прысвоена 30 красавіка 1966 г. "за поспехі дасягнутыя ў павелічэнні вытворчасці і нарыхтоўцы ільну". Атрымала бронзавы, срэбны і залаты (ліпень 1966 г.) медалі ВДНГ СССР. У яе звяне 7 чалавек мелі медалі ВДНГ. У 1966 г. сабралі па 9 цэнтнераў ільнасем'я і па 12,1 цэнтнераў ільнавалакна. У 1967 г. комплекснае звяно Ярмантовіч выгадавала бульбу з ураджайнасцю 255 ц/га. У 1968 г. звяно першым у раёне здало ў "Нарыхтлён" 2198 кг ільнавалакна 10 нумарам, затым 13-14 нумарамі, ураджайнасць ільнасем'я 9,8 ц/га. У калгасе ў 1968 г. ільном засяваўся 121 гектар, стваралася 14 звёнаў. У 1967-71 гг. А.В. Ярмантовіч - дэпутат і чалец Прэзідыюму Вярхоўнага Савету БССР. Дэпутат раённага савета двух скліканняў. З 1977 г. - рабочая Лідскай абутковай фабрыкі, затым малочна-кансервавага завода.


КАЗЛОЎСКАЯ (Міцюкевіч - дзявоч.) Дар'я Іосіфаўна. Нарадзілася ў 1939 г. у в. Агароднікі. Беларуска. Бацька быў краўцом, купіў зямлю ў Агародніках, у 1950 г. пераехаў у Бярозаўку. Удзельнічала ў мастацкай самадзейнасці, добра спявала. На шклозаводзе "Нёман" з 1956 г., шліфавальшчыца. Дэпутат абласнога савету, чалец прафкаму, ударнік камуністычнай працы, настаўнік моладзі. Узнагароджана Ордэнамі Працоўнай Славы 3-й ступені і 2-й ступені (1983). Дэпутат ВС БССР (1985-90).


ЦЫЛЕНЬЦЬ Валеры Антонавіч. Нарадзіўся 22.09.1969 у Лідзе, скончыў СШ № 10, Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт (1995). Бронзавы прызёр ХХVI Алімпійскіх гульняў у Атланце ў 1996 г. у грэка-рымскай барацьбе ў сярэдняй вазе (да 82 кг). Удзельнік XXVII Алімпійскіх гульняў 2000 г. - 4 месца ў катэгорыі да 85 кг. Бронзавы прызёр чэмпіянату свету (1994), удзельнік чэмпіянатаў свету (1993 - 4 месца, 1997 - 5 месца, 1999- 6 месца). Удзельнік чэмпіянатаў Еўропы (1994 - 6 месца, 1996 - 9 месца, 2001 - 11 месца). Пераможца міжнародных турніраў Гран-пры памяці Ў. Пытлясінскага (1993, 1997), І. Паддубнага (1999), турніру ў Балгарыі (1999), срэбны прызёр мемарыялу І. Паддубнага (2001). Чэмпіён Беларусі (1993, 1994, 1996). Майстар спорту міжнароднага класа. Першы трэнер Анатоль Іванавіч Паплаўскі.

У 2007 г. скончыў Вышэйшую школу трэнераў. У цяперашні час - маёр МУС, трэнер спартовай каманды ўнутраных войскаў МУС Рэспублікі Беларусь.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX