Папярэдняя старонка: Агульная інфармацыя

Лідскія юбіляры 2010 года 


Дадана: 01-03-2011,
Крыніца: Лідскі летапісец № 49, 50, 51, 53.



ІЛЬІНІЧ Юры Іванавіч (1470? -1527) - маршалак гаспадарскі (1501-1519), стараста лідскі (1501-03), намеснік лідскі з 1507 г., намеснік лідскі і беліцкі у 1510, стараста лідскі з 1511, намеснік берасцесйкі (1510-24), ковенскі (1514, 1519-23), маршалак дворны (1519-26).

Лідскі стараста, уладальнік Бердаўкі, Дворышча, Зблянаў і Прыдыбайлаў Юры Іванавіч Ільініч пабудаваў Мірскі замак.

Род Ільінічаў герба "Корчак" у пісанай гісторыі праіснаваў 4 пакаленні, з'явіўся з невядомасці і вельмі хутка вымер, дабіўшыся графства на Міры. Заснавальнік роду Ян (Івашка) Ільініч (к.1440 -к.1490) - праваслаўны баярын ці-то з Магілёўскага павету, ці-то з Северскай зямлі, ці-то з Віцебшчыны. Ільініч Ян, бацька Юрыя - удзельнік бітвы з чэхамі пры Хвойніках у 1445 г, знаходзіўся ў бліжэйшым атачэнні караля Казіміра, быў узяты ў палон, а, магчыма, і загінуў (ПЗРЛ. Т.32, с. 161). Яго ўнукі лічылі Варанцэвічы (цяпер Талачынскага раёна) сваёй "вотчынай". Вызначыўся Ян Ільініч пры каралі Казіміры - намеснік драгічынскі (1475), віцебскі (1482), браслаўскі (1486), смаленскі (1487-1489). З праваслаўя перайшоў у каталіцтва.

У 1503 г. кароль Аляксандр вырашыў адабраць у Ільініча Ліду і аддаць Дразду, Ільініч звярнуўся да паноўрады ВКЛ. Але Ліду Аляксандр забраў, хоць не меў права. (ПЗРЛ т.32, с. 170.)

Мірскі двор перайшоў Ільінічам каля 1490 г., да гэтага Мір належаў віленскаму кашталяну Сямёну (Сеньку) Гедыгольдавічу. Не вядома, купілі Ільінічы Мір або атрымалі па спадчыне, не зразумела, хто - сын або бацька - быў пакупніком або спадчыннікам. Існуе даволі такі складаная версія - бяздзетны Сямён Гедыгольдавіч апісаў Мірскае ўладанне названай дачцэ Ганне Бутрым (Бутрымаўне), а тая вярнула землі яго жонцы і сваёй цётцы Мілохне з умовай, што калі яна памрэ, уладальнікам стане яе сваяк Юры Ільініч. Як бы там ні было, пасля 1490 г. Юры Ільініч стаў уладальнікам Мірскага двара.

У 1501г. вялікі князь Аляксандр прызначыў Юрыя маршалкам гаспадарскім і намеснікам лідскім, не абышлося, безумоўна, без уплыву цесця - ваяводы троцкага Яна Забярэзінскага, дачка якога Ядвіга стала жонкай Юрыя. Праз два гады Юры Ільініч апынуўся ў эпіцэнтры канфлікту магнатаў і быў пазбаўлены лідскага намесніцтва. Адноўлены на пасадзе 26 снежня 1507 г. каралём Жыгімонтам. У далейшым кар'ера Юрыя Ільініча праходзіла без зрываў: з траўня 1510 г. - намеснік берасцейскі, з 1514 г. - намеснік ковенскі, з 1518 г. - дворны маршалак. Чалец Паноў Рады.

У 1508 г. Юры Ільініч, быўшы лідскім старастам, пачынае будаўніцтва Мірскага замка. Якая з падзей прымусіла Ільініча пайсці на такую ахвярную справу: наезды татараў у 1501 - 1506 гг., распараджэнне караля Аляксандра пра яго арышт у 1503 г., забойства цесця, рокаш Глінскіх, рэйды маскоўскіх конных аддзелаў пад Вільню і Наваградак у 1508 г. - цяжка сказаць. Спачатку былі збудаваныя магутныя зубчастыя сцены і вежы, а ў паўднёва-заходняй частцы ўнутранага двара - аднапавярховыя цагляныя жылыя будынкі.

Адважваюся сцвярджаць, што прататыпам Мірскага замка быў Лідскі замак. Гэта палепшаны варыянт, пабудаваны па падабенстве, але з дадаваннем усіх фартыфікацыйных хітрыкаў таго часу. Такі ж няправільны перакошаны чатырохкутнік, такая ж вышыня сценаў (12-13 м) і вежаў (25 м), такі ж будаўнічы матэрыял (гранітныя валуны, цэгла, вапна), такая ж таўшчыня сценаў - да 3 м, такі ж трохпластавы мур, такі ж цагляны дэкаратыўны пояс, такая ж галярэя ўздоўж байніц верхняга яруса.

Разам з тым, Мірскі замак больш кампактны - перыметр сценаў 300 м (Лідскі -341 м), мае 4 кутнія пяціпавярховых вежы і адну шасціпавярховую цэнтральную вежу з уязнымі варотамі, кутнія вежы выступаюць за лінію сценаў, што дазваляла весткі фланкальны агонь, 3 ярусы байніц па ўсім перыметры, у вежах вокны навяснога бою (машыкулі) для скідання камянёў і гарачай смалы. Вежы дэкараваныя рознымі па форме і памерам нішамі, цягамі і арнаментальнымі паясамі. Ва усіх вежах 4-гранная аснова і 8-гранны верх, які звужваецца. Па ўсім перыметры на вышыні 8 м выкладзены арнаментальны пояс з 6 радоў цаглянага мура.

Юры Ільініч, яго архітэктар і муляры здолелі ўзвесці першакласны фартыфікацыйны будынак 16-га стагоддзя, унікальны замак, лепшы з усіх беларускіх, "пярліну беларускага дойлідства". У ім знайшлі прымяненне амаль усе вядомыя элементы сярэднявечнай фартыфікацыі і мясцовыя традыцыі замкавага дойлідства. Ні адна з вежаў не падобная на іншую - гэта значыць, што кожную з іх будавала адмысловая брыгада.

Сродкі на будаўніцтва збіраліся з лідскіх земляробаў, прыцягваліся крэдыты. Пасля смерці Юрыя Ільініча высветлілася, што ён завінаваціўся гарадзенскім габрэям Хацку і Харашэнку Ісакавічам. Вельмі верагодна, што на будаўніцтва пайшлі таксама "10 тысяч залатых вугорскіх чырвоных" памерлага Аўрама Езафовіча, якія ў 1523 г. кароль Жыгімонт перадаў Юрыю Ільінічу: "бо вжо Аврамов сын лета маетъ, а і дачка, дей вжо яго (Ільініча) дарасла". Наўрад ці гэтыя грошы вярнуліся сыну Аўрама. У 1530 г. у таго былі сур'ёзныя фінансавыя цяжкасці, і кароль Жыгімонт прасіў усіх крэдытораў адкласці яшчэ на адзін год свае патрабаванні па аплаце пазыкаў.

Памёр Юры Ільініч у траўні 1527 г. На Лідчыне яму належалі Бердаўка, Збляны (з 1514 г.), Дворышча (з 1524), Прыдыбайлы (з 1525). Траім сваім сынам: Яну (к. 1495-1536), Станіславу (к.1500 - к. 1531), Шчаснаму (к.1505-1542) пакінуў велізарную спадчыну - шматлікія "двары і дварцы". Браты Ільінічы ставілі ў войска ў 1528 г. 145 вершнікаў, адзін конь ставіўся ад 8 сялянскіх служб або 24 дымоў (па тры ў службе). Дым - мінімум сем душ. Атрымліваецца, што ў сукупнасці Юры Ільініч валодаў не менш, чым 23 тысячамі сялян. Пры дзяльбе спадчыны Ян атрымаў двары Чарнаўчыцы, Лазавіцу і дварэц Галубля. Станіславу дасталіся Мірскі замак "з усімі дварцамі Жуховічы, Мядзведзічы, Жарабковічы, Брацінкі, а таксама двор Бердаўка і Прыдыбайлсаўскі дварэц". Шчасны пры падзеле атрымаў двор Збляны, Зэльвенскі і Талкоўскі двары, а таксама Бязгрынічы і Лазукі. "Атчызны двор" Варанцэвічы, а таксама Лынтупы і Камарова браты захавалі ў сумесным карыстанні - дзяліць не сталі. Старэйшая дачка Ганна выйшла замуж за Пятра Кішку, а малодшая - за Яна Аўрамовіча - сына падскарбія ВКЛ Аўрама Езафовіча, габрэя, які перайшоў у праваслаўе, банкіра, які прывёў у парадак дзяржаўны скарб.


ГЛАЎБІЦ (Glaubitz, Glaubicz) Ёган (Ян) Крыштаф (к.1700 - 3.3.1767), архітэктар, майстар барока позняга, у самой развітой яго форме спраектаваў касцёл у Лідзе (1765 - 67), рэканструяваў кармеліцкі касцёл Унебаўзяцця Маці Божай у Мсціславе ў 1746-1750 гг. і Сафійскі сабор у Полацку, праектаваў касцёл у Сталовічах, палац арцыбіскупа ў Магілёве.


БЕЛАПЯТРОВІЧ Юры (1740-16.03.1812), лідскі стражнік у 1764 г., удзельнічаў у абранні караля Рэчы Паспалітай Станіслава-Аўгуста Панятоўскага, у 1771 г. лідскі лоўчы, сакратар малой пячаткі ВКЛ да 1784 г. У 1780-84 гг. чалец Сталай Рады, удзельнічаў у працы дэпартамента справядлівасці. У 1783-87 пісар войскі літоўскі. Удзельнік паўстання 1794 г. 24 красавіка 1794 г. на гарадскім рынку ў Вільні зачытаў акт аб пачатку паўстання ў ВКЛ. Чалец Вышэйшай Літоўскай Рады, суддзя крымінальны літоўскі. Кіраўнік аддзела вайсковых патрэбнасцяў у Цэнтральнай дэпутацыі ВКЛ. У 1808 г. чалец судовай камісіі па пытаннях фінансавання адукацыі. З сакавіка 1810 г. заснавальнік і старшыня таварыства дабрачыннасці ў Наваградку. Яго звалі "літоўскім Арыстыдам" (ЭГБ, т. 1, с. 345)


КУЛЕША (Кулеш) Міхал (1800, Беласток - 3.11.1863), графік і жывапісец, яго бацькі родам з Лідскага павету. З 1844 г. жыў на Гарадзеншчыне, пісаў архітэктурныя пейзажы - руіны замкаў у Лідзе і Крэве. Вялікая колькасць пейзажаў выдадзена ў альбомах Лемерсе ў Парыжы (1850) і Ю. Вільчынскага ў Вільні.


НАРБУТ Каміла (каля 1800 - ?)- дачка гісторыка Юстына Нарбута, жыла ў маёнтку Юршышкі. Выступала ў перыядычным друку з рыфмаванымі і празаічнымі творамі. Выдала кнігу "Pisma moralne" (Вільня, 1835). З верша "Чалавек" у перакладзе з польскага (Раса нябёсаў на зямлi тутэйшай. Мн., 1998, с. 381):

"Чалавек разумным створан,
Ён сябе узяў узорам,
Пан зямлi, кароль сумлення,
Трон яго - адно цярпенне,
Герб дзяржаўны - слёз струменi;
Па гаркотах смерць чаргою...
Смерць! Не размiнуцца з ёю...
Потым ... што яго чакае..
Тога ...розум не спазнае."


ДАМБАВЕЦКІ Аляксандр Станіслававіч (1840 - пасля 1914), уладальнік маёнтка Бердаўка (1864 ? - 1914), ганаровы суддзя Лідскага павета, магілёўскі губернатар (1872-92), сенатар, беларускі краязнавец, заснавальнік Магілёўскага гістарычна-этнаграфічнага музея, будаўнік Бердаўскага палаца і заснавальнік Бердаўскага парку.

Дамбавецкі Аляксандр Станіслававіч (1840-каля 1914), бел. краязнавец, грамадскі дзеяч. Скончыў Кіеўскі ун-т. З 1870 камергер, ганаровы суддзя Лідскага пав., з 1872 магілёўскі губернатар, з 1893 сенатар. Ініцыятар выдання і рэдактар калектыўнай працы "Опыт описания Могилёвской губернии в историческом, физико-географическом, этнографическом, промышленном, сельскохозяйственном, лесном, учебном, медицинском и статистическом отношениях..." у трох кнігах (1882-1884), дзе побач з апісаннем побыту, абрадаў, народнай творчасці краю змешчаны матэрыялы па археалогіі і пра помнікі старажытнасці. Ініцыятар адкрыцця гіст.-этнагр. музея ў Магілёве (1879). Падтрымліваў правядзенне і ўваходзіў у падрыхтоўчы камітет дзевятага Археалагічнага з'езда. Арганізоўваў археал. экспедыцыі на Магілеўшчыне, выстаўкі археал. знаходак у Магілёве, Вільні. Садзейнічаў выданню краяведчых работ. ( Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Мінск, 1996, Т.3, с.202)

Літаратура пра яго:

1. Виленская губерния. Полный список населенных мест со статистическимими данными о каждом поселении, составленный по официальным сведениям И.И. Гошкевичем. Вільна, 1905 с.200-202.

2. Беларуская савецкая энцыклапедыя. Т. 1У. Мінск, 1971, с.130. (Дамбавецкі А.С.)

3. Каханоўскі А.Г. Археалагіческае і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў ХУ1-Х1Х стст. Мінск, 1984.

4. Roman Aftanazy. Materialy do dziejow rezydencji. Tom 1Y. Dawne wojewodstwo wilenske. Warszawa, 1987.S 16-17.

5. Могилёв. Энциклопедический справочник. Минск, 1990. с.272 (Могилевский музей)

6. Археалогія і нумізматыка Беларусі. Мінск, 1993, с.208. (Дамбавецкі А.С.)

7. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Мінск, 1996, Т.3, с.202 (Дамбавецкі А.С.)

8. Сліўкін В. Бердаўка. // Лідскі Летапісец. № 6, 1998. с.15-20.

9. Крупа А.Л. Уладальнік маёнтка "Бердаўка" Аляксандр Дамбавецкі. // Лідскі летапісец. № 29-30. 2005. с.79-82.


КОЛЫШКА Аляксандр Часлававіч. Нарадзіўся 26 сакавіка 1960 года ў горадзе Лідзе. Бацька Часлаў Іосіфавіч, рабочы "Лідсельмаша" , памёр у 2000 годзе, маці - Альфрэда Пятроўна прадавец РСС.

У 1997 годзе Аляксандр Колышка скончыў восьмую сярэднюю школу. У 1982 - Інстытут замежных моў. Доўгі час працаваў настаўнікам англійскай і французкай моў у Цырынскай і Карэліцкай сярэдняй школе. Тры гады прарабіў у Бярозаўскай СШ № 2, пасля працаваў у Доме піянераў кіраўніком турыстычных гурткоў. У 1990 годзе адкрыў Цэнтр дзіцячаюнацкага турызму і экскурсій, дзе быў прызначаны на пасаду дырэктара да 1994 года. Пасля вярнуўся ў Дом творчасці школьнікаў.

Яшчэ ў інстытуце Аляксандр Колышка вельмі зацікавіўся спартыўным турызмам. Затым падчас настаўніцкай дзейнасці паспяхова рыхтаваў каманды студэнтаў і педагогаў да спаборніцтваў у гэтым відзе спорту. Каманда Бярозаўскай сярэдняй школы № 2 "Каўказ-86" пад яго кіраўніцтвам стала апошнім чэмпіёнам СССР па горнаму турызму сярод школьнікаў.

Менавіта з гэтага часу быў пакладзены пачатак вывучэнню гісторыі роднага краю, і тое, што калісьці было хобі, ператварылася ў сапраўдную сраву жыцця. Па словах самаго Аляксандра Часлававіча: "Краязнаўства - гэта адзін з найгалоўнейшых элементаў турызму. Немагчыма займацца турызмам, каб не пазнаёміцца з мінулым і гісторыяй тых мясцін, у якіх бываеш". З траўня 1987 года Аляксандр Колышка з'яўляецца суарганізатарам клуба аматарў польскай культуры - першай афіцыйнай польскай суполкі ў СССР. Ён лічыць, што сапраўдны гісторык, тым больш той, які займаецца краязнаўствам, павінен ведаць польскую мову, цікавіцца культурай і мінулым суседняй дзяржавы, таму што, як і ранней, так і зараз у Лідзе пражывае вялікая колькасць палякаў.

У верасні 1990 года быў надрукаваны першы нумар газеты "Земі лідскай" - незалежнага польскага гістарычна-краязнаўчага выдання, рэдактарам якога з'яўляецца Аляксандр Часлававіч. На сённяшні дзень выдадзена больша за 90 нумароў газеты на польскай мове.

У 1995 годзе быў надрукаваны зборнік вершаў польскай паэткі Марыі Сулімы. У 1997 пад рэдакцыяй самаго Аляксандра Часлававіча была выдадзена кніга пад назвай "Як фенікс з попелу", прысвечаная польскаму нацыянальнама адраджэнню.

Наступная кніга, якая ў перакладзе з польскай мовы называецца "Для ўсеагульнага дабрабыту" знаёміць чытачоў з дзейнасцю Таварыства польскай культуры на Лідчыне, выйшла ў свет у 2006 годзе.

З 1998 года пакладзены пачатак выданню літарататурнай серыі "Вядомыя палякі Лідчыны". Першая публікацыя пра "Людвіка Нарбута" была напісана менавіта па ініцыятыве Аляксандра Колышкі.

Сёння Аляксандр Часлававіч займаецца любімай справай - працуе ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладдзі, вядзе краязнаўчыя гурткі, працягвае вывучаць гістрыю роднага краю і знаёміць з ёю наступнае пакаленне. Бо, як лічыць сам краязнавец: "Дзеці павінны дакладна ведаць мінулае і сваіх продкаў. У гэтым і складаецца галоўная мая задача."

Юля Грыб


КРАЕЎСКІ Вільгельм (9.04.1860-22.06.1905) адзін з арганізатараў шкляной вытворчасці на Лідчыне, у 1891 г. разам з Ю. Столе арандаваў шкляны заводзік Ленскага ў Магодзіна, у 1900 г. функцыянавалі два заводы "Нёман-А" і "Нёман-Б" з гадавой вытворчасцю 413 тысяч рублёў. Патануў у Нёмане. Жонка - Казіміра з Дамакоўскіх (03.1864 - 4.11.1921). Сыны: Уладзімір Краеўскі (18.11.1888- 24.10.1931) і Едрус (1904-1910). Уся сям'я пахаваная на могілках паблізу в. Агароднікі каля Вашкевіцкага касцёла з заходняга боку.


БУКАТКА Бярнард (1910 ? -). Вучыўся ў Лідскай гімназіі. Жыл у Ваўкавыску. Удзельнічаў у вайне 1939 г. У пачатку 1941 г. пасля вызвалення з лагера ваеннапалонных у Нямеччыне прыбыў у Берлін, прымаў актыўны ўдзел у нацыянальным руху. З 1943 па 1945 гг. кіраваў Беларускім прадстаўніцтвам у Берліне, супрацоўнічаў з германскімі спецслужбамі. Адзін з ініцыятараў склікання ў Берліне з'езду Беларускага камітэта самапомачы (23.03.45). 21.01.45 уведзены ў склад БЦР, прызначаны загадчыкам адміністрацыйнага аддзела, аддзел у перспектыве павінен быў быць ператвораны ў Міністэрства ўнутраных спраў. Пасля вайны уцёк у Чэхаславакію. (А.К.Салаўёў. Беларуская цэнтральная рада.Мінск, 1995, с.149).


БАРАНАВА (у дзявоцтве Галаватая) Наталля Пятроўна. Нарадзілася 23 чэрвеня 1950 г. у г. Навазыбкаве Бранскай вобл. У 1960 г .сям'я пераехала ў Ліду. Пайшла ў першы клас у Лідзе. ( ЛГ. 27 сакавіка 2008 № 35 (11560). Вучылася і скончыла СШ № 1. Класная В. Д. Івашына. Канфліктавала з фізікам. Усе класы скончыла на выдатна. У першы год не паступіла ў інстытут замежных моў. Працавала прадаўшчыцай, на абутковай фабрыцы, у райкаме камсамолу. Паступіла на другі год.

Кандыдат педагагічных навук, дацэнт, рэктар Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта замежных моў (з 1995 г.). Член Пастаяннай камiсii Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь па мiжнародных справах i нацыянальнай бяспецы.Член Рады па адукацыі ў Радзе Еўропы. "Мінчанін 2007 года". Муж - нам. галоўнага лекара ў адной з менскіх клінік. Дачка - педагог, дзве ўнучкі.

Наталля Баранава пра праблемы навучання замежным мовам у Беларусі.

- Хачу заўважыць, што ў савецкай школе перад настаўнiкам не стаяла задача навучыць вучня гутарковай мове. Галоўны акцэнт на ўроках замежнай мовы рабiўся на работу з тэкстамi: школьнiкаў вучылi чытаць, перакладаць тэкст са слоўнiкам, ну, i, зразумела, размаўляць. Але развiццё гутарковай мовы, падкрэслю, на першым месцы не стаяла. Аднак iшоў час, пашыралiся мiжнародныя культурныя i дзелавыя кантакты, у многiх беларускiх прадпрыемстваў з'явiлiся замежныя партнёры, беларускiя навукоўцы ўсё часцей пачалi выязджаць за мяжу, актыўнымi тэмпамi пачаў развiвацца турызм, таму i спатрэбiлiся беларусам навыкi гутарковай мовы. Цяперашняя сiстэма вывучэння замежных моў у школе арыентавана якраз на авалоданне камунiкатыўнай кампетэнцыяй.

Але давайце разбяромся, што такое мiнiмум валодання замежнай мовай. У рамках агульнаеўрапейскiх падыходаў можна выдзелiць тры асноўныя ўзроўнi валодання ёй. Першы ўзровень дазваляе наладзiць бытавыя зносiны. Гэта той самы мiнiмум, якi не можа забяспечыць свабодны ўзаемаабмен думкамi цi прафесiйныя зносiны. Авалоданне другiм узроўнем гарантуе, што цябе зразумеюць i будуць меркаваць, што ты атрымаў добрую адукацыю. Няхай, i з некаторымi памылкамi, што ўласцiва для ўсiх, хто спрабуе размаўляць на замежных мовах, але ты зможаш выкладаць свае думкi па ўсiх асноўных бытавых пытаннях i прафесiйных тэмах. Аднак навучыць свабодна размаўляць выпускнiка агульнаадукацыйнай школы, дзе замежная мова вывучаецца дзве гадзiны ў тыдзень, немагчыма Гэта пацвярджае не толькi беларуская, але i сусветная практыка. Каб пачаць размаўляць на замежнай мове, ёй трэба пастаянна карыстацца, неабходна падтрымлiваць моўныя навыкi, але ў нас адсутнiчаюць дадатковыя падтрымальныя магчымасцi пры вывучэннi замежнай мовы. У сям'i замежная мова не гучыць. Жыццёвыя сiтуацыi, у якiх бы шлiфавалiся моўныя навыкi, для большасцi з нас таксама вялiкая рэдкасць. Менавiта па гэтай прычыне і падчас работы над новай канцэпцыяй вывучэння замежных моў у школе вялася размова аб стварэннi адпаведнага моўнага асяроддзя: гэта можа быць нейкi вучэбны тэлеканал, выпуск дзiцячых фiльмаў на замежных мовах, выданне арыгiнальных, але адаптаваных да магчымасцяў школьнiкаў дзiцячых кнiжак.

А што мы маем сёння на практыцы - усяго дзве акадэмiчныя гадзiны ў тыдзень. Аднак i на школьным уроку дзiця не размаўляе, а, пераважна, слухае. За 45 хвiлiн настаўнiку трэба папрацаваць i з лексiкай, i з граматыкай, i з тэкстам. У прынцыпе авалоданне ў школе замежнай мовай на дастатковым камунiкатыўным узроўнi магчыма. У тых школах, дзе замежная мова вывучалася на павышаным цi паглыбленым узроўнях, усё больш аптымiстычна, i гэта могуць пацвердзiць iх выпускнiкi, у якiх няма праблем з наладжваннем зносiнаў з равеснiкамi падчас акадэмiчных студэнцкiх абменаў цi паездак за мяжу. Калi дзiця займаецца замежнай мовай хоць бы тры разы на тыдзень, яго аператыўная памяць утрымлiвае тое, што адбывалася на папярэднiм уроку, плюс набытыя навыкi падмацоўваюцца падрыхтоўкай хатняга задання, i дзiця пакрысе пачынае рухацца наперад, а не таптацца на адным месцы. Гэта дае нам падставы сцвярджаць, што навучыць дзiця гутарковай мове ў сценах школы можна, але пры ўмове дабаўлення трэцяй гадзiны ў тыдзень, цi дабаўлення гадзiн на вывучэнне замежнай мовы ў рамках факультатыўных заняткаў. У некаторых еўрапейскiх краiнах на вывучэнне замежных моў адводзiцца да 40 працэнтаў вучэбнага часу.

Наталля Баранава пра ранняе вывучэнне мовы.

- У дзяцей адсутнiчае псiхалагiчны моўны бар'ер. Яны абсалютна натуральна ўспрымаюць замежную мову, i, наадварот, з узростам iм усё цяжэй адыходзiць ад граматычных i сiнтаксiчных структур роднай мовы. Дзецi без праблем пераключаюцца з адной мовы на iншую, калi гэтага патрабуе сiтуацыя. У адрозненне ад дарослых дзецi не баяцца памылiцца, i ў гэтым iх перавага - яны больш хутка пачынаюць размаўляць. У дзяцiнстве закладваецца iнтуiтыўнае адчуванне мовы. I чым раней яе пачынаеш вывучаць, тым прасцей яна даецца, тым раней ты пераходзiш на гутарковы ўзровень. У дзiцяцi трэнiруюцца адначасова памяць, iнтэлект, фармуюцца камунiкатыўныя здольнасцi, павышаецца яго самаацэнка.

Наталля Баранава пра беларускія падручнікі.

- Вельмi крыўдна было яшчэ 8-10 гадоў таму мець справу з падручнiкамi, у якiх было напiсана: "Масква - сталiца маёй Радзiмы". Масква - горад, бясспрэчна, блiзкi ўсiм, хто жыў у Савецкiм Саюзе, аднак сталiца нашай Радзiмы - Менск. Паколькi любы школьны прадмет выхоўвае патрыятызм i любоў да роднай культуры, мы iмкнулiся да таго, каб напоўнiць нашы падручнiкi беларускай рэчаiснасцю. Неабходна, каб наш вучань пры размове з замежнымi аднагодкамi мог расказаць iм пра сваю краiну i яе культуру, пра гiстарычныя помнiкi i знакамiтых людзей, пра родны горад цi вёску. Таксама ў падручнiках абавязкова павiнен прысутнiчаць мiжкультурны кампанент, якi прадугледжвае ўключэнне iнфармацыi пра гiсторыю i традыцыi краiны, мова якой вывучаецца. Асноўная задача, якая вырашаецца аўтарамi пры падрыхтоўцы падручнiка па замежнай мове, - арганiзацыя моўнага працэсу такiм чынам, каб ён садзейнiчаў узаемаразуменню памiж народамi, носьбiтамi iншых культур. Але тэксты абавязкова павiнны адпавядаць узроставым асаблiвасцям вучняў. Я скажу вам так: лёгка падручнiкi крытыкаваць, але я асабiста вельмi ўдзячная людзям, якія рызыкнулi ўзяць на сябе адказнасць i напiсаць першыя беларускiя падручнiкi. Многiя з iх у хуткiм часе ўжо будуць перавыдавацца i, напэўна, многiя аўтары пажадаюць унесцi ў iх нейкiя карэктывы. Але першы, самы цяжкi, крок ужо зроблены. Больш за тое, на змену аднаму вучэбнаму дапаможнiку цi падручнiку прыходзяць цэлыя вучэбна-метадычныя комплексы, якiя ўключаюць вучэбны дапаможнiк, кнiгу для настаўнiка, рабочы сшытак i гукавы дапаможнiк. Гэта найбольш правiльны i сучасны падыход у вывучэннi прадмета.

Наталля Баранава пра дамінаванне англійскай мовы і павышаны попыт на яе.

- Я стаўлюся да гэтага факта як да аб'ектыўнай рэчаiснасцi. Аналагiчны працэс назiраецца ў многiх краiнах свету: англiйская мова выцiснула цi выцiскае там усе iншыя замежныя мовы. Гэта адбываецца па той прычыне, што англiйская мова стала сусветнай мовай зносiнаў, i з яе дапамогай можна вырашыць свае праблемы ў любой краiне свету, цябе паўсюдна зразумеюць. Таму бацькоў, якiя iмкнуцца да таго, каб iх дзецi авалодалi менавiта гэтай мовай, можна зразумець. Але памылкова думаць, што для нашай краiны перспектыўная толькi англiйская мова. У нас наладжаны шырокiя сувязi з Германiяй, таму нямецкая мова - вельмi запатрабаваная. Добрыя перспектывы мае iспанская і кітайская мовы. Увогуле еўрапейская моўная палiтыка зыходзiць з таго, што сёння кожны дарослы адукаваны чалавек павiнен валодаць сама меней дзвюмя, а лепш трымя замежнымi мовамi. Адной з замежных моў абавязкова павiнна быць англiйская мова, другой - мова, якая запатрабаваная чалавекам з-за прафесiйных цi жыццёвых абставiнаў, i трэцяя - нейкая рэгiянальная мова. Для беларуса гэта могуць быць англiйская, нямецкая i польская мовы цi англiйская, нямецкая i лiтоўская мовы. Хачу заўважыць, што нашы выпускнiкi, якiя вывучалi польскую i турэцкую мовы, вельмi добра ўладкавалiся ў жыццi.

Прапанова, выказаная Н. Баранавай па ўвядзенні трэцяй гадзіны замежнай мовы ў школе рэалізавана з 1 верасня 2010 г.

АСЛІКОЎСКІ Мікалай Сяргеевіч (12.09.1900 - 8.10.1971) нарадзіўся ў г. Летычаве Камнец-Падольскай губерні. Скончыў Летычаўскую мужчынскую гімназію (1918). Улетку 1918 г. у с. Марковіцы Летычэўскага павету арганізаваў партызанскі атрад, які вёў барацьбу з нямецкімі акупантамі, пятлюраўцамі, гетманаўцамі. Увесну 1919 г. са сваім атрадам уступіў у Чырвоную Армію. Ваяваў на франтах грамадзянскай вайны (1919-22). Скончыў Вышэйшую школу каманднага складу ў Харкаве (1921). Служыў у 3-й Бесарабскай кавалерыйскай дывізіі (да 1937 г.) на пасадах ад камандзіра эскадрона да камандзіра палка. З 1940 г. служыў у 9-й кавалерыйскай дывізіі ў Бесарабіі, дзе і пачаў вайну на пасадзе нам. камандзіра дывізіі. На трэці дзень вайны ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга за падрыў мастоў цераз р. Прут. Увосень 1941 г. прыняў камандаванне 9 кав. дывізіяй. У 1942 г. прызначаны камандзірам 3-га гвардзейскага кавалерыйскага корпуса. Удзельнічаў у бітвах пад Масквой, пад Сталінградам, у Беларускай аперацыі, у 1944 г. корпус вызначыўся пад Лідай і Гародняй, атрымаў назву Гарадзенскага, адным з першых выйшаў да даваенных межаў СССР. 2 траўня 1945 г. 3-ці корпус першым выйшаў да р. Эльбы і ўстанавіў сувязь з саюзнікамі. Генерал –лейтенант (1943), Герой Савецкага Саюза (9.05.1945), узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, трыма ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнамі Суворава I і II ст., Кутузава II ст., Айчыннай вайны 1ст., двума ордэнамі Чырвонай Зоркі і медалямі.

Пасля ВАВ да 1946 г. камандаваў Вышэйшай кавалерыйскай школай імя Будзённага ў Маскве. З 1953 г. на педагагічнай працы. Ваенны кансультант у кінематаграфіі, кансультаваў больш за 100 фільмаў, сярод іх «Вайна і мір», «Бег». Ганаровы грамадзянін Ольштына і Ліды. У Ольштыне яму ўсталяваны бюст, у Лідзе яго імем названая вуліца. Пахаваны ў Маскве.


КОРБАН Уладзімір Іванавіч (25.08.1910 - 30.11.1971). Нарадзіўся ў пас. Барань Аршанскага раёна ў сям’і рабочага. Працоўны шлях пачаў токарам на аршанскім заводзе «Чырвоны Кастрычнік» у 1926 г. Сярэднюю адукацыю атрымаў у вячэрняй школе (1930). Токар на Ленінградскім караблерамонтным заводзе (1930-32), у Чырвоным Арміі (1932-34). Старшыня завкаму аршанскага завода «Чырвоны Кастрычнік», старшыня будкаму льнокамбіната. Удзельнічаў у паходзе ў Заходнюю Беларусь. Завочна скончыў два курсы Менскага юрыдычнага інстытута. У гады Вялікай Айчыннай вайны камандаваў стралковай ротай, працаваў у аператыўным аддзеле штаба дывізіі. У 1946 і 1948-52 гг. ізноў на заводзе «Чырвоны Кастрычнік» - галоўны механік, начальнік цэха, начальнік аддзела кадраў. З канца 1946 да студзеня 1948 г. працаваў дырэктарам цвіковага завода ў Лідзе. З 1952 г. працаваў у часопісе «Вожык», у 1967-71 гг. - яго галоўны рэдактар.

Першыя байкі апублікаваў у рэспубліканскім друку ў 1946 г. Аўтар зборнікаў вершаў, баек і фельетонаў «Мы іх ведаем» (1950), «Байкі» (1953), «З вецярком» (1957), Дакладныя прыкметы» (1958), «Гарачая прыпарка» (1959), «Дзе гэта вуліца?» (1961), «Сіняк» (1964), «Не на сваім месцы» (1965), «Свіні ў рэпе» (1968), «Дземьянава юшка» (1970), «Шклянка гарбаты» (выбранае, 1970), «Закаханы морж» (1972), «Выбранае» (1976), «Жук і мёд» (1980), «Не на сваім месцы» (1990), зборнікаў гумарыстычных аповядаў «Ды цешчы на бліны» (1963), «Дзядзькава крыўда» (1982). Для дзяцей вышлі кніжкі вершаў і баек «Янка і санкі» (1957), «Пра жывёл і пра звяроў» (1963), «Учора, сёння і заўжды (1963), «Суседні двор» (1967). На беларускую мову пераклаў творы І. Крылова, Л. Украінкі, Т. Масенкі, Мірмухсіна, А. Юшчанкі і інш.

Сатырык, баечнік. Член СП СССР з 1948 г., «Заслужаны дзеяч культуры БССР» (1970). Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны ІІ ступені, Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны» і медалямі.


ВРУБЛЕЎСКІ Пётр (21.04.1920, в. Нача Лідскага павету -13.08.1990), польскі мастак. Вучыўся у агульнаадукацыйным ліцэі піяраў у Любашове. У 1939 мабілізаваны ў войска. У выніку ваенных дзеянняў трапіў у савецкі палон, быў зняволены ў лагеры. У 1941-44 - у Вільні, дзе тайна вучыўся ў універсітэце (на аддзяленнях філасофіі і жывапісу). Удзельнічаў у польскім руху супраціўлення, тройчы арыштоўваўся гітлераўцамі. У 1944-45 вывучаў філасофію ў каталіцкім універсітэце ў Любліне. У 1945 вучыўся ў мастацкай акадэміі ў Рыме. 3 1946 - у Мадрыдзе, дзе скончыў Вышэйшую мастацкую школу (клас манументальнага мастацтва) у 1953. Адначасова вывучаў філасофію ў універсітэце ў Севільі. 3 1959 - у Польшчы. Працаваў як манументаліст. Выканаў у 1954 дэкаратыўнае пано для фабрыкі паравых катлоў у Разэндзе (Іспанія). У 1966-73 ствараў інтэр’еры ў касцёле св. Марыі ў Хайнове і ў парафіяльным касцёле ў Луковай ля Хоціна. У 70-я супрацоўнічаў з Радаю навукі і культуры таварыства “Пакс”.


БЯДА Леанід Ігнацьевіч (16.08.1920-26.12.1976). Нарадзіўся ў с. Нова-Пакроўка Ўрыцкага раёна Кустанайскай вобласці. Вучыўся ва Ўральскім настаўніцкім інстытуце і адначасова ў аэраклубе. Скончыў Арэнбургскую вайскова-авіяцыйную вучэльню (1942), Вышэйшую афіцэрскую лётна-тактычную школу (1945), Вайскова-Паветраную Акадэмію (1950), Вайсковую Акадэмію Генштаба (1957). Член КПСС з 1942 г.

З лета 1942 г. на Сталінградскім, Паўднёвым, 4-ым Украінскім і 3-м Беларускім франтах: лётчык-штурмавік, камандзір звяна, камандзір эскадрыллі, пам. камандзіра палка 226 шад. Здзейсніў 213 баявых вылетаў, з іх 147 вядоўцам групы. Удзельнічаў у вызваленні Данбаса, фарсіраванні Дняпра, знішчэнні праціўніка на нікапальскім плацдарме, у Беларусі, ва Ўсходняй Прусіі. Двойчы Герой Савецкага Саюза (26.10.1944 і 29.06.1945). Вайну скончыў у званні гвардыі маёра. Удзельнічаў у баях за вызваленне г. Ліды і базаваўся на лідскім аэрадроме. Пасля вайны камандаваў авіяпалком, авіядывізіяй, авіяцыяй Беларускай вайсковай акругі. Служыў у Паўднёвым гарадку (1945-46, 1963-66). Дэпутат ВС БССР у 1958-62 і 1974-76 гг., дэпутат Лідскага гарадскога савета, член бюро гаркама партыі. Заслужаны вайсковы лётчык (1971). Генерал – лейтэнант авіяцыі (1972), член ЦК КПБ з 1976 г. Імем генерала Л.І. Беды названы вуліцы ў Лідзе і Менску. Трагічна загінуў у аўтамабільнай катастрофе. Пахаваны ў Менску. Штогод у Менску праводзіўся Міжнародны турнір па ручным мячы на прыз Л.І. Беды. Ганаровы грамадзянін г. Ліды (22.11.1967).


КАРАБЕЛЬНІК Ісак (Іцхак) Герцавіч (17.09.1920- 28.06.1984) нарадзіўся ў Лідзе, бацька - Герц Ісакавіч, маці Міхея Зуселеўна, абое габрэі.

Скончыў 7 класаў, працаваў наборшчыкам у друкарні, член КСМЗБ з 1935(6) г., распаўсюджваў падпольную літаратуру, член падпольнага гаркама камсамолу і сакратар ячэйкі, 28.04.38 даставіў з Вільні камуністычную літаратуру. 30.09.1938 г арыштоўваўся паліцыяй у Лідзе як сакратар ячэйкі КСМ.

У 39-41гг. начальнік архіву НКУС. У студзені 1940 г. уступіў у ВЛКСМ, камсамольскі квіток выдадзены 3.07.1940 г. Месячная зарплата студзень-чэрвень 250 рублёў, ліпень-травень 41г. -300 рублёў, чэрвень -красавік 42 г.-10 рублёў, травень-снежань 43 г. - 200 руб, студзень -снежань 44 г. - 300 рублёў, студзень-ліпень 45 г. - 500 рублёў, жнівень - лістапад 45 г. - 350 рублёў. Ажаніўся 27.02.1945 г. у Чалябінску, кандыдат УКПб з 1946 г.

22 чэрвеня 1941 г. накіраваны з архівам НКУС у г. Магілёў, 26 (28) чэрвеня ў складзе спецгрупы НКДБ накіраваны з Магілёва ў Лепельскі раён Віцебскай вобласці для барацьбы з варожымі дэсантамі. Хадзіў у м. Пышна занятае немцамі, 5 ліпеня група перабазавалася да в. Валасевічы Лепельскага раёна. 12 ліпеня ўначы з двума аператыўнікамі падарваў базу ПЗМ у в. Валасевічы. 19 ліпеня ў раёне в. Ельня Руднянскага раёна Смаленскай вобласці далучыўся да другога батальёна 783 сп 229 сд. Быў залічаны ў выведку пад псеўданімам «Калеснік». 2.09 у перыяд поўнага акружэння пасылаўся ў выведку ў раён в. Горная Лешня. 19.09 батальён прарваўся з акружэння ў в. Паўднёвае Вусце Калінінскай вобласці. Разам з батальёнам 783 сп 229 сд накіраваны пад Дарагабуж, дзе 28 жніўня быў паранены. Знаходзіўся на лячэнні ў ЭШ-3827 з 12.10 да 28.11.41 як чырвонаармеец з нагоды флегмоны ніжняй траціны правай галёнкі, да гэтага ПМШ 783, МСБ, ППШ-14, ЭШ-2, ППШ-661, выбыў у частку. З анамнезу «Хворы з 25 чэрвеня»

Пасля вайны вярнуўся ў Ліду, працаваў начальнікам аддзела збыту мясакамбіната, у аўтапарку...

Жонка – Пермінава Надзея Пракопаўна (23.03.1923- 1.07.1997). Працавала ў Чалябінску на танкавым заводзе, жылі ад завода далёка. У 30-градусны мароз хадзіла на працу ў туфлях. “Па дарозе абдыму слуп і стаю, каб не зваліцца ад голаду. Спалі ў цэху. Дома нічога не было. У Баранавічах сустрэлася са Сліўкіній. Ісак выклікаў па ліцеру. У горадзе стаяў пах крыві...”

Трое дзяцей. Людміла 1946 г., музыка, завуч у медвучэльні. Валера 1951 г., будаўнік у Вільні, будаваў Дом друку. Ларыса 1955 г., Міхайлава, у Казані.

Старэйшына журналістаў Гарадзеншчыны

БОГУШ Аляксандр Уладзіміравіч нарадзіўся 15.09.1930 г. у сялянскай сям’і ў Карэліцкім раёне. Скончыў Мірскую СШ (1949), завочна аддзяленне журналістыкі БДУ (1958), аспірантуру БДУ (1968), Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПСС. Карэспандэнт газеты Мірскай МТС «За высокi ураджай» (з 1950), адказны сакратар, намеснік рэдактара Мірскай газеты «Сцяг свабоды» (з 1954), рэдактар Казлоўшчынскай газеты «Сцяг Перамогi» (1956-69?), рэдактар лідскай газеты «Уперад» (1963-69), у газеце «Гарадзенская праўда» з 1969 г., з 1979 - намеснік рэдактара, у 1980-91 - рэдактар. У 1991-98 у Гарадзенскім абласным аддзяленні Беларускага фонду культуры, з 1998 г. намеснік рэдактара часопіса «Навуковы запіскі», з 1999 г. - рэдактар часопіса «Веснік Гарадзенскага ўніверсітэта». Журналіст, краязнавец, член Саюза журналістаў (1959), кандыдат гістарычных навук (1971), Заслужаны работнік культуры Беларусі (1987). Выдаў зборнік краязнаўчых апавяданняў «Жухавiцкае вымярэнне» (Ліда, 1997). васць, а то і насцярожанасць. Так было і ў лідскай газеце “Сцяг працы”, калі яе летам 1963 года ўзначаліў Аляксандр Богуш. Працаваць у старажытны горад ён прыехаў пасля заканчэння ў Маскве Вышэйшай партыйнай школы пры ЦК КПСС. Гэта быў перыяд хрушчоўскіх рэформаў, які не абмінуў і мясцовы друк. Згаданая газета з’яўлялася выданнем Гарадзенскага абкаму КПБ па Лідскаму тэрытарыяльнаму калгасна-саўгаснаму кіраванню і распаўсюджвалася, апрача Лідчыны, у суседнім Воранаўскім раёне.

Сам фармат выдання (да гэтага ў раёнах выпускаліся свае газеты райкамаў партыі і райсаветаў) і рэфарматарскія памкненні ў краіне ўяўлялі сабой для журналісцкай братвы зразумелыя складанасці. Ды Аляксандр Богуш, які да вучобы займеў журналісцкую практыку працуючы ў газетах былых Мірскага і Казлоўшчынскага раёнаў, здолеў без прамаруджвання з’арыентаваць творчы калектыў на галоўных задачах. Асноўнымі задачамі ў дзейнасці газеты сталі такія тэмы: паказ на яе старонках чалавека працы і досведу перадавікоў, аналіз недахопаў у гаспадарчай сферы рэгіёна і ў выканаўчай рабоце ўладных устаноў ды грамадскіх арганізацый.

Штат рэдакцыі ў той час быў невялікі. Таму ўпор рабіўся на чытацкі актыў: рабселькораў (рабочых і сялянскіх карэспандэнтаў) і няштатныя аддзелы. Успамінаю тыя далёкія ўжо часы (тады я працаваў намеснікам рэдактара) і здзіўляюся тым згадкам: у газеце было звыш ста няштатных аўтараў: з іх ліку і рэдактараў насценгазет, што выдаваліся ў працоўных калектывах горада і раёна, былі ствараны рабселькораўскія пасты, яны інфармавалі рэдакцыю аб важнейшых падзеях на месцах. А колькі было крытыкі і самакрытыкі! Нядаўна пагартаў падшыўкі былога выдання і моцна здзівіўся. Рэдактар дабіўся, каб амаль у кожным нумары газеты былі актуальныя крытычныя публікацыі. Такую практыку падтрымлівалі парторг абкаму партыі па калгасна-саўгаснаму кіраванні Іван Матвеенка, першы сакратар гаркаму КПБ Рыгор Фамічоў і яго калегі па раёну Міхаіл Мінкевіч (у будучым міністра асветы Беларусі).

Добрыя ўрокі журналісцкага майстэрства даў Аляксандр Богуш лідскім журналістам, заахвочваў іх творчыя ўдачы, па-таварыску ўказваў на ўпушчэнні, і сам рэдактар рос ўвачавідкі. Ён умела спалучаў выкананне няпростых службовых абавязкаў з вучобай у аспірантуры БДУ. Прыйшоў час, і наш рэдактар паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю. Раўняючыся на шэфа, раслі і яго паплечнікі. Воранаўскую раёнку ўзначаліў Віталь Сініца. Намеснікамі рэдактараў раённых газет сталі Васіль Пранкевіч (Дзятлава), Кастусь Сіневіч (Наваградак), Сымон Якацук (Іўе). Атрымалі вылучэнне Міхаіл Плышэўскі і Іван Гладкі, яны перайшлі працаваць на Беларускае радыё. Сваю творчую біяграфію прадоўжылі ў абласных газетах Мікола Васілеўскі і Міхась Лісоўскі. Аўтар гэтай публікацыі вясною 1965 года ўзначаліў мастоўскую “Зару над Нёманам”.

Застаецца падкрэсліць, што і сам Богуш не засядзеўся ў крэсле лідскага рэдактара. У 1969 годзе Аляксандр Уладзіміравіч прызначаецца намеснікам рэдактара абласной газеты “Гродзенская праўда”, а пазней галоўным рэдактарам гэтага выдання. У згаданы перыяд газета стала сваеасаблівым люстэркам жыцця Гарадзеншчыны: як станоўчых рэалій і перамен, так і адмоўных бакоў тагачаснай рэчаіснасці. Аб высокім аўтарытэце “Гродзенскай праўды” яскрава сведчыў яе наклад, які перавысіў 100000 экзэмпляраў.

Будучы на адказнай пасадзе, наш зямляк на грамадскіх пачатках плённа кіраваў абласной арганізацыяй Саюза журналістаў і ў гэтай ролі многа зрабіў для росту прафесійнага майстэрства работнікаў мясцовага друку. Для іх наладжваліся конкурсы, творчыя паездкі ў Літву, Польшчу, Калінінградскую вобласць Расіі, рэгіянальныя ці, як іх называлі, куставыя лятучкі журналістаў суседніх раёнаў. У пашане былі няштатныя аўтары газет. Запомніліся абласныя злёты рабселькораў, дзе гучала добрае слова пра грамадскіх карэспандэнтаў. На такіх сустрэчах абласнога і раённага маштабаў ім уручаліся граматы і падарункі.

Чалавек працы, яго дасягненні і клопаты былі галоўнай тэмай. “Гродзенскай праўды”, раённых і шматтыражных газет і мясцовага радыёвяшчання. Запомніўся такі факт. Па ініцыятыве А. Богуша ў 80-х гадах мінулага стагоддзя лепшых працаўнікоў вёскі пачалі заахвочваць граматамі абласнога савета прафсаюзаў і “Гродзенскай праўды”. Рабілася гэта звычайна на рабочых месцах, але ўрачыста і выклікала ў калектывах станоўчы водгук.

Імкліва бяжыць час, і да нас падкрадаецца старасць, наступае пенсійны ўзрост. Але, гаворачы словамі вядомай песні, старасць не застала А. Богуша дома, старэйшына журналістаў Прынёмання вось ужо шмат гадоў працуе выкладчыкам Гарадзенскага дзяржуніверсітэта і сваімі ведамі ды мудрым словам спрыяе падрыхтоўцы маладых работнікаў СМІ. І ў той жа час не пакідае журналісцкай працы. Аляксандр Уладзіміравіч стаў адным з аўтараў і ўкладальнікаў нядаўна выдадзеных кніг аб журналістах вобласці і газеце “Гродзенская праўда”.

Як і раней, наш старшы калега і настаўнік цікавіцца жыццём журналістаў Гарадзеншчыны. Радуецца поспехам і зведвае засмучэнне з-за няўдач, пра што шчыра гаворыць пры сустрэчах са мною, сваім пераемнікам па лідскай газеце, іншымі сябрамі-творцамі. Душа ветэрана друку не пагаджаецца з практыкай газет, якія разам з публікацыямі сваіх супрацоўнікаў даюць іх фотаздымкі. На думку А. Богуша, чытач цэніць і пазнае аўтараў не па фотаздымках, а па зместу матэрыялаў, іх надзённасці. Выклікае шкадаванне, што ў рэдакцыях усё часцей сустракаюцца абыякавыя адносіны да аўтараў. Няма ранейшай жывінкі ў дзейнасці абласной і першасных арганізацый Беларускага саюза журналістаў.

Колькі слоў аб чалавечых якасцях Аляксандра Уладзіміравіча. Яму ўласцівы не толькі аддаснасць выбранай прафесіі, а вернасць сябрам-таварышам, людзям, з якімі звёў лёс. У час сустрэч ці тэлефонных размоў А. Богуш цікавіцца жыццём блізкіх знаёмых, перадае ім прывітанні. Будзь гэта публіцыст з Беластока Міхась Хмялеўскі ці калегі з Вільні, колішні старшыня калгаса “Бердаўка” Аляксандр Каранюк ці былая карэктар газеты “Уперад” Людміла Бручыкова...

Не магу не прыгадаць, я к прыемна здзівіў нас Аляксандр Уладзіміравіч у першыя дні свайго рэдактарства ў Лідзе. Няўзабаве пасля таго, як ён заняў адказную пасаду, наступілі саракавіны ў памяць трагічна загінуўшага (патануў у Нёмане) літсупрацоўніка газеты паэта Леаніда Казачэўскага. Даўняя традыцыя носіць рэлігійнае адценне, таму ў некаторых узнікла пытанне: ісці ці не ісці? Новы кіраўнік рэдакці выказаўся адназначна: памяць маладога журналіста трэба ўшанаваць. Падобных прыкладаў чалавечнасці Богуша можна прывесці нямала.

Хоць А. Богуш працаваў у Лідзе непрацяглы час, але, моцна палюбіў лідскую старонку і лічыць яе блізкай і дарагой, як і сваю малую радзіму на Карэліччыне. А нарадзіўся ён у вёсцы Мядзведка, адкуль паходзіць знакаміты асветнік Ігнат Дамейка, нацыянальны герой Чылі, чым ганарыцца Аляксандр Уладзіміравіч, якому споўнілася 80 гадоў. І сам імкнецца годна служыць справе асветніцтва. З нагоды юбілею віншуем старэйшыну і жадаем дарагому земляку, ўсяго найлепшага. Многія лета! Шмат гадоў, і радасці! І не ведаць старасці!

Алесь Жалкоўскі.


ХАЛЯНКОВА Аліна Люцыянаўна (дзявоч. Мацыевіч, 1.05.1940, в. Дубчаны Лідскага р-на - 11.07.1979), беларускі літаратуразнавец, педагог. Кандыдат філалагічных навук (1978). 3 сялянскай сям’і. Скончыла Белагрудскую 7-годку Лідскага р-на, Наваградскую педагагічную вучэльню (1958). Вучылася на беларускім аддзяленні гістарычна-філалагічнага факультэта Гарадзенскага педінстытута (1958-63). Працавала ў Зэльвенскай школе-інтэрнаце настаўніцай беларускай мовы і літаратуры (1963-66), намеснікам дырэктара па навучальна-выхаваўчай рабоце (1966-68). 3 1968 - выкладчык кафедры беларускай літаратуры Гарадзенскага педінстытута. У 1972-76 вучылася (з перапынкамі па хваробе) у аспірантуры на кафедры беларускай літаратуры Менскага педінстытута. Літаратуразнаўчы дэбют - у 1971. Аўтар артыкулаў, рэцэнзій, прысвечаных праблемам беларускай літаратуры 60-х - 70-х.


ДЗВІЛЯНСКІ Аркадзь Якаўлевіч. Музычны педагог, этнамузыколаг, кампазітар, паэт беларускі, рускі, габрэйскі. Кандыдат мастацтвазнаўства (1989). Дацэнт (1995).

Нарадзіўся 2.09.1950 г. у Лідзе. Вучыўся ў СШ № 8 (1-4 класы), затым у СШ № 1, і ў Лідскай музычнай школе, пачынаў па класу скрыпкі. У Свярдлоўску скончыў музычную вучэльню на аддзяленні кампазіцыі, гістарычна-тэарэтычны факультэт Уральскай кансерваторыі ў 1978 г. У кансерваторыі асвоіў курс кампазіцыі. Служыў у войску (1978-80). Працаваў на кафедры тэорыі музыкі Кіргізскага інстытута мастацтваў (1978-93). Завочна скончыў аспірантуру ў Свярдлоўску, а абараняўся ў Ленінградскім інстытуце тэатра, музыкі і кінематаграфіі (1984). З 1993-96 г. працаваў у акадэміі музыкі ў Магілёве. У лістападзе 1996 г. выехаў з сям’ёй у ЗША. Выдаў даследаванні і вучэбныя дапаможнікі: кандыдацкая дысертацыя «Кіргізская народна-песенная манодыя як аб’ект пераінтанавання» (1989), «Нататкі аб ролі каларыту ў мастацтве» (Бішкек,1992)», «Каларыстычнае ўспрыманне ў музычным тэатры і кіно» (Бішкек,1992), «Комплексны гарманічны аналіз» - вучэбны дапаможнік для музвучэльняў (Бішкек,1993), «Музычны габрэйскі фальклор Беларусі» (Магілёў, 1996). Аўтар шматлікіх песень, у тым ліку і на беларускія тэксты, 10-прэлюдый, дзве санаты і рапсодыі для фартэпіяна, 4 камерна-вакальныя цыклы, сюіты на тэмы габрэйскіх песень, танцавальная сюіта на сучасныя габрэйскія тэмы. Выдаў зборнік песень для дзяцей «Якая выдатная наша зямля» (Бішкек, 1992), «Выбраныя камерна-інструментальныя і камерна-вакальныя творы: зборнік выбраных камерна - вакальных і камерна - інструментальных твораў» (Бішкек,1993). Выйшла яго аповесць у прозе і вершах «Крысбэйл» (Бішкек, 1993) і кніга паэзіі «Сімфарыфмы» (Бішкек, 1992). Каля 8 гадоў пісаў раман «Тэарэма лёсу. Аўтабіяграфічны раман у прозе і вершах» - пакуль не выдадзены, у стадыі работы.

Напісаў новы цыкл з 7 песень на вершы Іосіфа Бродскага «Зімовая паэма», «Начны караблік», 3 песні гэтага цыклу гучалі 27 студзеня 2001 г. у радыёперадачы, прысвечанай 5-годдзю з дня смерці Бродскага ў Ізраілі. Новы раман «Мацвей і Суламіфь» у стадыі рэдагавання. Лідскі ансамбль «Шалом» (кіраўнік Міхаіл Дзвілянскі - брат) выконвае яго музыку.


ВАШКЕВІЧ Аляксандр Яўгенавіч. Нарадзіўся 9.09.1960 у г. Лідзе. 3 сям’і службоўцаў. Вучыўся ў СШ № 8 г. Ліды да 6 класа. Закончыў Менскую СШ №103, юрыдычны факультэт БДУ (1983), аспірантуру на кафедры канстытуцыйнага правы БДУ (1986). Выкладаў на гэтай кафедры, адначасова быў сябрам навукова-кансультацыйнай рады пры Камісіі па заканадаўстве Вярхоўнага Савета Беларусі (1990-95). У 1996 абраны суддзём Канстытуцыйнага суда РБ. Неўзабаве вымушаны пайсці ў адстаўку. Загадчык кафедры агульнаправавых дысцыплін недзяржаўнага міжнароднага Інстытута працоўных і сацыяльных праблем (Менск). Вывучае пытанні аховы правоў чалавека, дзейнасць органаў канстытуцыйнай юстыцыі за мяжой. Кандыдат юрыдычных навук (1987). Дацэнт (1993). (Пяткевіч А. Людзі культуры з Гродзеншчыны. Гродна, 2000. С.50-51).


ПРУТКОЎ Сцяпан Дзмітрыевіч (1.01.1911 - 10.04. 1978). Ганаровы грамадзянін г. Ліды (12.05.1967).

Нарадзіўся ў Апочне Радамскай губерні (цяпер Келецкае ваяводства, Польшча). У 1914 г. сям'я пераехала ў Смаленск, затым у Рослаўль. У Рослаўлі скончыў 8 класаў, вячэрнюю школу працоўнай моладзі і курсы сартавальнікаў ільну. Працаваў сартавальнікам, уступіў у камсамол. Увосень 1931 г. пераведзены на прафсаюзную працу ў Смаленск. У жніўні 1933 г. накіраваны ў Арэнбургскую ваенную авіяцыйную вучэльню. Па заканчэнні вучэльні ў 1936 г. пакінуты лётчыкам-інструктарам. У 1937 г. уступіў у партыю. Са студзеня 1939 года па верасень 1940 г. працаваў камісарам Арэнбургскага абласнога аэраклуба.

Ваяваў з першых месяцаў Вялікай Айчыннай вайны. Камандаваў эскадрылляй штурмавікоў на Волхаўскім фронце (восень 1941), на Сталінградскім фронце ў складзе 125 шад (чэрвень - снежань 1942), 504 штурмавым авіяпалком і 74 гв Сталінградскім палком. З 1943 г. камандзір Першай гвардзейскай штурмавой авіяцыйнай дывізіяй. Удзельнічаў у абароне Ленінграда, Сталінградскай бітве, вызваленні Ўкраіны, Крыма, Беларусі, разгроме немцаў ва Ўсходняй Прусіі.

Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, трыма ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнамі Кутузава 1-й ступені, Суворава 2-й ступені, Аляксандра Неўскага, Айчыннай вайны 1-й ступені, Чырвонай Зоркі і шматлікімі медалямі. 1 траўня 1943 года за ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце барацьбы з нямецкімі захопнікамі і выяўленыя пры гэтым адвагу і гераічнасць уганараваны званнем Героя Савецкага Саюза. Камандуючы 8-й паветранай арміі генерал-маёр авіяцыі Т. Т. Хрукін на ўзнагародным лісце напісаў: "Маёр Пруткоў з'яўляецца выбітным лётчыкам-штурмавіком і камандзірам..."

Пасля вайны скончыў Акадэмію Генеральнага штаба (1946-49). Працаваў у цэнтральным апараце ВПС, камандаваў аб'яднаннямі ВПС, выкладаў у Акадэміі ВПС. Абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савету Ўкраіны, дэлегатам XXII з'езду КПСС. У 1971 г.у званні генерал-лейтэнанта выйшаў у адстаўку. Жыў у Маскве. Памёр 10 красавіка 1978 года.

Першая гвардзейская Сталінградская ордэна Леніна двойчы Чырванасцяжная, ордэнаў Суворава і Кутузава штурмавая авіяцыйная дывізія ў 1952-1993 гг. базавалася ў Лідзе ў Паўднёвым гарадку. У 1967 г. быў усталяваны на пастаменце самалёт Іл-2. На самалёце-помніку былі намаляваныя ордэн Леніна, два ордэны Чырвонага Сцяга, ордэна Суворава і Кутузава. Побач дзве Зоркі Героя Савецкага Саюза з лічбай 7 і адна з лічбамі 71. Сем двойчы Герояў Савецкага Саюза, 71 Герой Савецкага Саюза і 23 поўныя кавалеры ордэна Славы служылі ў дывізіі. У 1985 г . перад клубам афіцэраў была адкрыта Алея Славы лётчыкаў Першай гвардзейскай авіядывізіі. Сярод фатаграфій Герояў была і фатаграфія Ганаровага грамадзяніна Ліды Сцяпана Дзмітрыевіча Пруткова.


ЗАЯЦ Юрый Апанасавіч (12.01.1951, г. Ліда - 3.04.2011, г. Менск.) Беларускі гісторык і археолаг, кан-дыдат гістарычных навук (1989), даследчык археалагічных помнікаў на тэрыторыі Менска, Заслаўля, Асіповіцкага, Дзяржынскага, Барысаўскага і Менскага раёнаў, супрацоўнік сектара старажытнай беларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору.

Фонд гістарычна-культурнага музея-запаведніка "Заслаўе" налічае 12282 адзінкі асноўнага і 4711 адзінак навукова-дапаможнага фонду. Самай вялікай у фондах запаведніка з'яўляецца калекцыя археалогіі. Яна налічае больш за 3700 адзінак асноўнага фонду. У гэтую калекцыю ўвайшлі галоўным чынам прадметы, якія перадаў музею Юрый Апанасавіч Заяц падчас правядзення археалагічных раскопак як у самім горадзе Заслаўі, так і ў яго наваколлях (раскопкі праводзіліся з 1967 г. па 1986 г.). Гэта розныя фрагменты посуду X-XVIII стст., кафлі XVI-XVIII стст., вырабы з жалеза (нажы, цвікі, прылады працы, зброя), шыферныя прасліцы, фрагменты амфар, вырабы з косці Х-ХІІ стст., упрыгожванні (бранзалеты, пярсцёнкі, каралі, скроневыя колцы) Х-ХІ, ХІІ-ХІV стст.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX