Папярэдняя старонка: Агульная інфармацыя

Лідскія юбіляры 2012 года 


Дадана: 05-11-2012,
Крыніца: Лідскі Летапісец № 57, 58, 59, 60.



100 гадоў з дня нараджэння хірурга Вераб'ёва

11 сакавіка споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння выбітнага лідскага лекара-хірурга Віктара Андрэевіча Вераб'ёва . Свой талент медыка, высокі прафесіяналізм ён аддаў служэнню людзям, аказваючы пэўную дапамогу пэўнаму чалавеку.

Віктар Андрэевіч Вераб'ёў.

Ён нарадзіўся ў шматдзетнай сялянскай сям'і на Любаншчыне. З дзяцінства дапамагаў бацькам у сельскай гаспадарцы. У сямнаццаць гадоў стаў членам калгасу. Але вырашыў атрымаць прафесію рачніка, паступіў у тэхнікум. Аднак пасля яго заканчэння не звязаў жыццё з рачной справай, а падаў дакументы ў Менскі медыцынскі інстытут. Паспяхова скончыў ВНУ ў 1937 годзе. Некалькі месяцаў прапрацаваў лекарам-хірургам і быў прызваны на службу ў Чырвоную Армію.

З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны Віктар Андрэевіч Вараб'ёў апынуўся на фронце. Узначаліў рухомае аддзяленне санітарна-эпідэмічнага атрада 1-й Ударнай арміі. Дзякуючы яму, на правым фланзе Калінінскага фронту была праведзена велізарная праца па выяўленні выпадкаў сыпнога тыфу і недапушчэнні распаўсюду хваробы сярод байцоў Чырвонай Арміі. За самаадданую службу, знаходзячыся на фронце, у жніўні 1942 года Віктар Андрэевіч быў узнагароджаны медалём "За баявыя заслугі", праз год - ордэнам Чырвонай Зоркі.

У 1943 годзе падчас варожай бамбёжкі Вераб'ёў атрымаў асколкавае раненне ў грудзі і ў нагу. Частку нагі прыйшлося ампутаваць. У чэрвені 1944 года Віктара Андрэевіча знялі з вайсковага ўліку.

Але Вераб'ёў знайшоў сабе справу па пакліканні ў мірным жыцці. Лёс звязаў Віктара Андрэевіча з горадам Лідай, і неўзабаве ён пачаў працаваць ардынатарам хірургічнага аддзялення Лідскай гарадской лякарні, а з красавіка 1945 года Вераб'ёва прызначылі загадчыкам гэтага аддзялення.

Цяжкім быў паваенны час. Аперацыі даводзілася рабіць пры святле лучыны, газавай лямпы, а спірт замяняў "пяршак". А хіба лёгка было стаяць гадзінамі хірургу на пратэзе ля аперацыйнага стала? Але колькі жыццяў выратаваў гэты чалавек!

Праца Віктара Андрэевіча Вераб'ёва адзначаны знакам "Выдатнік аховы здароўя", ордэнам Леніна. Памяць пра чалавека, які прысвяціў сваё жыццё медыцыне, ушанавана ў канцы 90-х у мемарыяльнай дошцы на хірургічным корпусе Лідскай цэнтральнай раённай лякарні.

Вось што ў свой час пра майстэрства хірурга пісала газета "Уперад" (цяпер "Лідская газета").

"У 1957 годзе ў аперацыйнай Лідскай гарадской лякарні была праведзена складаная аперацыя, якая атрымала рэзананс не толькі ў горадзе. Прывезлі Ўладзіміра Іванавіча Хаміцу з колата-рэзанай ранай жалудачка сэрца. Патрэбна была неадкладная аперацыя. Хірург паспяшаўся ў лякарню... Пазней, за паспяхова праведзеную аперацыю, Віктару Андрэевічу Вераб'ёву было прысвоена званне заслужанага лекара БССР. Такія складаныя аперацыі не былі адзінкавымі. Дзякуючы хірургу не перастала біцца сэрца таксама і Часлава Станіслававіча Кедыша..."

"Нядаўна загадчык хірургічнага аддзялення гарадской бальницы, заслужаны лекар БССР Віктар Андрэевіч Вераб'ёў правёў складаную аперацыю па выдаленні жоўцевага пухіра ў хворай Р. Некалькі гадзін ішла напружаная барацьба за жыццё жанчыны, некалькі гадзін яна знаходзілася пад пагрозай смерці. І толькі багаты досвед і майстэрства дапамаглі Віктару Андрэевічу дамагчыся выдатнага выніку..."

Станіславаў Іванавіч Мамчыц, лекар-уролаг : "Пасля заканчэння інстытута ў 1967 годзе я прыехаў у Ліду. Пачынаў працу ў хірургічным аддзяленні пад кіраўніцтвам Віктара Андрэевіча Вераб'ёва. Яму ў той час было 55 гадоў, але ён быў поўны сіл і энергіі. Вераб'ёў не толькі праводзіў аперацыі ў Лідскай лякарні, а як высокапрафесійны лекар ратаваў здароўе і жыццё пацыентам у лякарнях блізкіх раёнаў.

Віктара Андрэевіча ўвесь час можна было бачыць у лякарні. У яго не было ні выходных, ні свят. Як загадчык аддзяленнем, Вараб'ёў узяў за правіла праводзіць абход хворых раніцай і ўвечар. Памятаю, не пойдзе дахаты, пакуль дзяжурнаму лекару не раскладзе па палічках, які на дадзены момант стан у кожнага хворага".

Таццяна Віктараўна Вараб'ёва, дачка : "Гутаркі паміж бацькамі вельмі часта вяліся на медыцынскія тэмы. Бо мама таксама была лекарам і разумела мужа з паўслова, ведала, наколькі адказная і цяжкая прафесія хірурга. Бацька шанаваў мамчын клопат, тыя выгоды і цяпло, якія яна стварала дома. Калі мама захварэла, тата начамі праседжваў ля яе пасцелі і моцна перажываў, калі яе не стала.

Нейкая непарыўная нітка звязывала бацьку і з намі, яго дзецьмі. Памятаю, калі ў мяне здаралася непрыемнасць, тата быццам адчуваў гэта, і першы тэлефонны званок, словы падтрымкі былі ад яго".

Усевалад Віктаравіч Вераб'ёв, сын: "Бацька вучыў нас працавітасці, абавязковасці, адказнасці. Ён вельмі любіў прыроду, быў заўзятым паляўнічым і рыбаловам і нам з братам перадаў сваё хобі. Але галоўнае, дзякуючы бацьку, яго адданасці сваёй прафесіі, мы з братам таксама сталі лекарамі".

ПЕТРУЛЕВІЧ Людміла

90 гадоў з дня нараджэння Івана Ушацкага

Ушацкі Іван Іванавіч. Старшыня Лідскага гарвыканкаму з 14 сакавіка 1957 па 29 лістапада 1962 г.

Нарадзіўся 7.01.1922 г. у в. Быкі Дрысенскага раёна (цяпер Верхне-Дзвінскі) Віцебскай вобласці ў сям'і сялян. Бацька інвалід Грамадзянскай вайны, паранены ў 1919 г. Беларус. Скончыў сямігадовую школу ў в. Юзафова. Падчас вайны - партызан у Віцебскай вобласці, затым франтавік. Служыў у артылерыі, камандзір аддзялення артылерыйскай выведкі. Тройчы паранены. Меў вельмі цяжкае скразное лёгачнае раненне з пашкоджанне сківіцы -1.02.1945 г., паранены пад Лібавай, перад наступам даваў навядзенне батарэі, немцы заўважылі, снарад патрапіў у хвою, дзе была антэна з рацыяй. Ляжаў у шпіталі ў Свярдлоўску. Інвалід ІІ групы.

З 1945 па 1948 г. вучыўся ў гандлёва-кааператыўнай і юрыдычнай сярэдніх школах г. Масквы, атрымаў дыплом юрыста. Член КПСС з 1948 г. З 1948 г. памочнік пракурора Докшыцкага раёна і г. Полацка (1949), затым начальнік аддзела Полацкай і Віцебскай абласных пракуратур. У 1954-1955 гг. прайшоў перападрыхтоўку ў юрыдычнай акадэміі. Са жніўня 1955 г. па сакавік 1957 г. пракурор Лідскай міжраённай пракуратуры. У 1957 - 1962 гг. старшыня Лідскага гарвыканкаму. У 1962 г. абраны старшынём Гарадзенскага гарвыканкаму. Дэпутат абласнога савета (1957-61), дэпутат ВС БССР 6 склікання (1963- 67). З траўня 1965 г. па студзень 1972 г. працаваў у Прэзідыуме ВС БССР. Абараніў кандыдацкую дысертацыю "Правы і дзейнасць мясцовых Саветаў па абароне правоў грамадзян". Кандыдат юрыдычных навук (1971). Дацэнт па працоўным праве (1974). Дэкан факультэта перападрыхтоўкі кіраўнічых кадраў лёгкай прамысловасці, дэкан юрыдычнага факультэта.

90 гадоў з дня нараджэння Янкі Жамойціна

ЖАМОЙЦІН Янка (28 студзеня 1922, в. Клімавічы, Лідскі раён, Гарадзенская вобл. - 25 красавіка 2003) - беларускі пісьменнік-публіцыст, літаратурны крытык, грамадскі дзеяч. У 1929-36 г. вучыўся ў польскай школе ў Скрыбаве і Шчучыне, у 1936-39 - у польскай гімназіі ў Варшаве, у 1939-41 - у савецкай дзесяцігодцы ў Лідзе. У верасні 1942 паступіў на апошні курс сярэдняй школы ў Наваградак. У 1943 скончыў Беларускую настаўніцкую семінарыю ў Наваградку.

Быў сябрам падпольнай антыкамуністычнай і антыгітлераўскай Беларускай незалежніцкай партыі. У 1943 кіраўніцтвам БНП накіраваны ў Саюз беларускай моладзі.У 1944 кіраваў Саюзам беларускай моладзі ў Наваградку. У ліпені 1944 пакінуў Беларусь, быў у Германіі, у 1945 пераехаў у Польшчу. У лістападзе 1945 арыштаваны органамі КДБ, але вызвалены польскімі ўладамі. Закончыў у Жэшуве прафесіянальны інстытут права і адміністрацыі (1949). У снежні 1949 паўторна арыштаваны і асуджаны на 25 гадоў канцлагераў і 5 гадоў пазбаўлення ў грамадзянскіх правах. У Польшчу вярнуўся ў 1957. Скончыў Варшаўскі ўніверсітэт (1970), атрымаў ступень магістра адміністрацыі. Жыў і працаваў у Варшаве. Актыўны ўдзельнік беларускага культурнага жыцця ў Варшаве.

Пісаў на беларускай і польскай мовах. Дэбютаваў як літаратурны крытык на старонках тыднёвіка "Ніва" ў 1965. Яго пяру належаць шматлікія публікацыі пра паэзію беларускамоўных аўтараў Польшчы, артыкулдаследаванне "Шляхам "Іліяды" Гамера" - пра зроблены Б. Тарашкевічам пераклад гэтага твора на беларускую мову, шмат рэпартажаў, эсэ, крытычных артыкулаў. Яны друкаваліся ў "Ніве", "Беларускім календары", іншых польскіх і замежных выданнях. Апублікаваў (1996) біяграфічную аповесць "З перажытага".

80 гадоў Уладзіміру Логашу

ЛОГАШ Уладзімір Міхайлавіч нарадзіўся 10 снежня 1931 г. у вёсцы Ахонава Дзятлаўскага раёна.

Пасля заканчэння школы ў 1950 г. паступіў на будаўнічы факультэт Беларускага палітэхнічнага інстытута. Пасля заканчэння інстытута прыехаў у Ліду на сталую працу ў будаўнічае кіраванне і быў прызначаны на пасаду прараба.

Працаваў на многіх будоўлях пасляваеннай Ліды, непасрэдна ўдзельнічаў у адбудове і разбудове горада.

Калі У. Логаш пачаў работу, у горадзе жыло 20 тысяч жыхароў, а ў пачатку 1981 года ў час пераезду на работу ў Гародню горад налічваў амаль 75 тысяч.

У 1959 годзе У. Логаш як інжынер-будаўнік павінен быў даць заключэнне аб аварыйным стане касцёла на Слабадзе ў Лідзе, пасля чаго неадкладна трэба было чакаць зносу. У. Логаш даў заключэнне, што касцёл у добрым стане, і ён стаіць да гэтага часу.

У 1963 годзе Рашэннем калегіі Міністэрства прамысловага будаўніцтва У Логаш быў прызначаны начальнікам пускавога комплексу Лідскага лакафарбавага завода з адначасовым выкананнем абавязкаў галоўнага інжынера будаўнічага кіравання. 3 студзеня 1967 года У. Логаш быў прызначаны кіраўніком Будтрэста. 1 снежня 1969 года стаў старшынём Лідскага гарвыканкаму.

З восені 1973 года У.М. Логаш выступае адным з ініцыятараў рэстаўрацыі Лідскага замка. Праз некаторы час, калі ідэя пачала выспяваць і пашырацца, удалося ўключыць у план работ рэспубліканскай рэстаўрацыйнай майстэрні гэты аб'ект. У Логаш знайшоў агульную мову з археолагам А. Трусавым і аўтарам праекту рэстаўрацыі архітэктарам С. Багласавым, аказваў ім пастаянную дапамогу, арганізаваў мясцовую каманду работнікаў. І вось амаль праз 40 гадоў рэстаўрацыя Лідскага замка заканчваецца.

У пачатку 1981 года У.М. Логаш быў пераведзены на працу ў Гародню, але сувязяў з Лідай не разрывае да гэтага часу.

Уладзімір Міхайлавіч Логаш вядомы сваёй прыхільнасцю да беларшчыны, а газету "Наша слова" выпісвае ад 1-га нумара. Ен аўтар многіх краязнаўчых артыкулаў, якія піша па-беларуску.

Уладзіміру Васько - 75

...Паэзія - думак прытулак

і вечная музыка слоў

адзіны ты мне паратунак,

адзіная ў сэрцы любоў.

У. Васько.

Нарадзіўся Уладзімір Гаўрылавіч Васько ў вёсцы Ліпічанка Шчучынскага раёна 2 студзеня 1937 года ў сялянскай сям'і. Бацька - Гаўрыла Сямёнавіч ажаніўся з Белуш Нінай Пятроўнай ў 1934 ці 1935 годзе. У 1935 годзе нарадзілася старэйшая сястра Уладзіміра - Ліда (у сям'і яе звалі Лёдзя). Гадаваліся малыя дзеці ў каморцы, па вечарах палілі лучыну, а калі-нікалі і газавую лямпу.

"Калі памёр бацька, - успамінае паэт, - да маці ў "прымы" прыйшоў яго родны брат Іосіф. Сям'я наша павялічылася: у 1942 годзе нарадзіўся Коля, ў 1946 годзе - Вера. Такім чынам, нас стала чацвёра дзяцей. Мы з Лідаю, Іосіфа таксама звалі татам."

Пачатковую школу скончыў у роднай вёсцы, сярэднюю школу - у Орлі.

Служыў ў Савецкай Арміі (1956-1959), вучыўся ў Гарадзенскім педагагічным інстытуце імя Янкі Купалы ў 1960-1965 гг. на аддзяленні рускай мовы і літаратуры. Працаваў настаўнікам.

У 1967 годзе яго запрашаюць на працу ў Дзятлаўскую раённую газету "Перамога", на пасаду загадчыка аддзела пісьмаў, а затым адказным сакратаром. У 1972 годзе Уладзімір Гаўрылавіч пачаў працаваць у рэдакцыі "Лідскай газеты" карэспандэнтам прамысловага аддзела, загадчыкам аддзела пісьмаў, а з 1988 года - намеснікам рэдактара, тры гады выконваў абавязкі рэдактара.

У 1974 годзе Уладзімір Гаўрылавіч звязаў свой лёс з Акавіцкай Марыяй з вёскі Кавалі. У іх нарадзілася двое дзяцей: дачка Алена і сын Аляксандр. Хутка бяжыць час - у сям'і Васько ужо падрастаюць унук Аляксей і ўнучка Волечка (дзеці дачкі Алены).

Першы верш паэта быў надрукаваны ў 1955 годзе ў жалудокскай газеце "За Радзіму". Уладзімір Васько сфармаваўся як паэт, як самастойная творчая індывідуальнасць у баку ад літаратурных асяродкаў. Але працяглая праца раённага газетчыка, багаты багаж назіранняў і ўражанняў паспрыялі самастойнасці, выпрацоўцы творчай манеры, уласнага эстэтычнага крэда.

Бацькі паэта выхавалі ў ім любоў да прыроды, менавіта яны паказалі малому сыну як падлятае да свайго гнязда бусел, як віртуёзна круцяцца над вадою белыя чайкі. Тыя далёкія ўражанні дапамагалі ужо сталаму паэту пісаць так шчыра і прыгожа. Людзі і прырода у яго непадзельныя, бо "найпрыгажэйшы ў свеце цуд - жанчына, а наймудрэйшы сярод дрэваў - дуб".

Вершы друкаваліся ў часопісах "Маладосць", "Беларусь", "Нёман" і інш. Друкаваўся ў калектыўных зборніках "Анталогія беларускай паэзіі", "Ад лідскіх муроў", "Краю мой, Нёман" і г.д.

За апавяданне "Айн унд цванцыг, драй унд фірцыг" стаў лаўрэатам конкурсу рэдакцыі газеты "Звязда" і Саюза пісьменнікаў Беларусі.

У 2008 годзе ў конкурсе, аб'яўленым Лідскім раённым выканаўчым камітэтам і рэдакцыей "Лідскай газеты" да 685-годдзя заснавання Ліды, Уладзімір Васько за свой цыкл вершаў заняў першае месца.

З 2007 года член Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Яго творы:

1. Кругаварот жыцця: вершы / Уладзімір Васько,- Ліда, 2011. - 100 с.

2. На схілах берагоў: вершы / Уладзімір Васько.- Ліда, 1997,- 109 с.

3. Прасветленасць: вершы / Уладзімір Васько.- Мн: Маст. літ., 1981.- 46 с,- (Першая кніга паэта).

4. Панямонцы / У. Васько // Бацька наш Нёман: вершы, апавяданні, нарысы, эсэ / уклад. Я.І. Хвалей; маст. В. П. Свентахоўскі. - Мн., 2001. - С. 356-357.

5. I падабрэе сусвет. У Вільнюсе. Хутар. Яснавокіх азёраў ланцуг... Падкрэслены дзень мой: вершы / У. Васько // Галасы: штогоднік. №1.- Гродна, 2002. - С.30-33.

6. Крынічка: верш / У. Васько// Галасы: штогоднік №2,- Гродна, 2003. - С.43-46.

7. Пажаданне. На хвалях. Белыя воблакі. Выбар. Суцяшэнне: вершы / У. Васько // Галасы: штогоднік. №3 - Гродна, 2004. - С. 64-67.

8. Твой след на снезе..: верш / У. Васько.// Лідская газета. - 2012. - 14 лютага. - С.4.

9. Равеснікі машыны пакуплялі...: верш / У. Васько // Лідская газета. - 2012. - 17 студзеня. - С.6.

10. "Падводзіць вынікі мне рана...": вершы / У. Васько // Лідская газета. - 2012. - 3 студзеня. - С. 5.

11. Мой паратунак : верш / У. Васько // Лідская газета. - 2011. - 13 снежня. - С. 5.

12. Пажаданне: верш / У. Васько // Лідская газета. - 2011. - 14 чэрвеня. - С.4.

13. Мой курорт: верш / У. Васько // Лідская газета. - 2011 г. 19 красавіка. - С. 6.

14. Дарога: верш /У. Васько// Лідская газета. - 2011. - 1 сакавіка. - С. 6.

15. Пасрэднік: верш / У. Васько// Лідская газета. - 2010,- 19 кастрычніка. - С. 5

16. Нашчадку: верш / У. Васько// Лідская газета. - 2010, - 17 жніўня. - С. 6

17. Сувязь: верш / У. Васько// Лідская газета. - 2010. - 18 мая. - С. 6.

18. Пад зоркай. Дабракі: вершы / У. Васько //Лідская газета. - 2010. - 9 лютага. - С. 6.

19. Дзівак: апавяданне / У. Васько // Звязда. - 2010. - 19 студзеня. - С. 6.

20. Я жыву ў самым цэнтры Еўропы: верш / У. Васько // Лідская газета. - 2009. - 24 лютага. - С. 5.

21. Бярозка: верш / У. Васько // Лідская газета. - 2009. - 17 лютага. - С. 5.

22. Храм Купалы: верш / У. Васько // Лідская газета. - 2008. - 25 кастрычніка. - С. 4.

23. Музыка. Хутар: вершы / У. Васько.// Літаратура і мастацтва. - 2008. - № 39. - С. 8.

24. Сон у руку: апавяданне / У. Васько // Звязда. - 2008. - 16 жніўня. - С. 7

25. Родны "Лідсельмаш": верш / У. Васько // Лідская газета. - 2008. - 2 жніўня. - С. 4.

26. Лідская ўверцюра: верш / У. Васько // Лідская газета. - 2008. - 12 ліпеня, - С. 4.

27. Дзень добры, Ліда: верш/ У. Васько // Лідская газета. - 2008. - 26 чэрвеня. - С. 5.

28. У вагоне. Музыка. Эцюд. Хутар. Далучэнне.: вершы / У. Васько // Принеманские вести. - 2008.- № 24, - 12 нюня. - С. 10.

29. "...Каб праўдай дыхалі радкі": верш/ У. Васько //Лідскі летапісец. - 2008. - № 2 (42). - С. 82-87.

30. Над Гаўяй. Прамільгнула!.. А ў сэрца запала: вершы / У. Васько // Лідскі Летапісец. - 2007. - № 1. - С. 94-96.

31. "Айн унд цванцыг, драй унд фірцыг": апавя-данне / У. Васько // Звязда. - 2007. - 18 студзеня. - С. 3.

32. Скупы: апавяданне / У. Васько // Гродзенская праўда. - 2005, - 6 снежня. - С. 3.

33. Прамільгнула: верш / У. Васько // Гродзенская праўда. - 2005. - 6 верасня. - С. 3.

34. Уражанні: верш / У. Васько // Гродзенская праўда. - 2005. - 27 жніўня. - С. 12

35. Над Дзітвою: верш / У. Васько // Гродзенская праўда. - 2005. - 2 жніўня. - С. 3.

36. Конніца: верш / У. Васько // Гродзенская праўда, - 2005. - 5 ліпеня. - С. 3.

37. Роздум пра час: верш памяці Міхася Васілька / У. Васько // Гродзенская праўда. - 2005. - 7 чэрв. - С. 3.

38. Няскоранасць: верш / У. Васько // Гродзенская праўда. - 2005. - 3 мая. - С. 3.

39. Прага гармоніі: верш / У. Васько // Гродзен-ская праўда. - 2005. - 5 красавіка. - С. 3.

40. У Зблянах: верш / У. Васько // Гродзенская праўда. - 2004. - 7 верасня. - С. 3.

41. У ліхалецце: верш / У. Васько // Гродзенская праўда. - 2004. - 1 чэрвеня. - С. 3.

42. Мая стыхія: верш / У. Васько // Белорусская нива. - 2004. - 26 мая. - С. 1.

43. Самы шчаслівы: верш / У. Васько // Гродзенская праўда. - 2004. - 4 мая. - С. 7.

44. Набліжэнне: верш / У. Васько // Гродзенская праўда. - 2004. - 6 красавіка. - С. 3.

45. На хвалях: верш / У. Васько // Гродзенская праўда. - 2003. - 7 кастрычніка. - С. 3.

46. Уражанні: верш / У. Васько // Гродзенская праўда. - 2003. - 2 верасня. - С. 3.

47. Белыя воблакі: верш / У. Васько // Гродзенская праўда. - 2003. - 5 жніўня. - С. 3.

48. Выбар: верш / У. Васько // Гродзенская праўда. - 2003. - 3 чэрвеня. - С. 3.

49. Наш родны "Лідсельмаш": верш/ У. Васько // Лідская газета. - 2001.- 29 верасня. - С. 2.

50. I падабрэе сусвет: верш / У. Васько // Гродзенская праўда, - 2001, - 14 жніўня, - С. 3.

51. У Вільнюсе: верш / У. Васько // Лідская газета, - 2001. - 27 сакавіка.

52. Знаёмства: урывак з аповесці "Не згіне на зямлі чалавек" / У. Васько // Ад лідскіх муроў, - 2001. - № 5, - С. 61-63.

53. У Вільнюсе. Хутар: вершы / У. Васько // Гродзенская праўда. - 2001. - 6 лютага.

54. Да Кучынскага: верш / У. Васько // Лідская газета. - 2000, - 25 лістапада.

55. Далучэнне: верш / У. Васько // Гродзенская праўда. - 2000. - 17 кастрычніка.

56. Усё ў мяне ёсць: верш / У. Васько// Гродзенская праўда. - 2000, - 8 жніўня.

57. Ці варта ўцякаць?: верш / Уладзімір Васько // Гродзенская праўда. - 2000, - 21 сакавіка, - С. 3.

58. Успамін: верш / У. Васько // Гродзенская праўда, - 2000, - 7 сакавіка.

59. Жыць, не тужыць!: верш / У. Васько // Гродзенская праўда, - 2000. - 18 студзеня.

60. На стыку часу: верш / У. Васько // Лідская газета, - 1999. - 31 снежня.

61. Хвалі душы: верш / У. Васько // Гродзенская праўда, - 1999, - 14 снежня.

62. Над Нёманам: верш / У. Васько // Лідская газета, - 1999. - 11 снежня.

63. Кавалер: апавяданне / У. Васько// Ад лідскіх муроў, - 1999, - № 2/3. - С. 28-29.

64. Букет мінут: верш / У. Васько // Гродзенская праўда. - 1999, - 24 жніўня.

65. Мой паратунак: верш / У. Васько // Гродзенская праўда, - 1999. - 27 ліпеня.

66. Ты маё жыццё: верш/ У. Васько // Гродзенская праўда. - 1999, - 18 мая.

67. Партызаны: верш / У. Васько // Лідская газета. - 1999, - 8 мая.

68. Падары: верш / У. Васько // Гродзенская праўда. -1999. - 30 сакавіка.

69. Заўсёды будзь маёй: верш / У. Васько // Гродзенская праўда. -1999, - 9 лютага.

70. Жаніх: апавяданне / У. Васько// Оникс,- 1999, - №1, - С. 12-13.

71. Пажаданні: верш / У. Васько // Лідская газета, - 1998. - 31 снежня.

72. Туганавічы. Гукні яму, Свіцязь!: вершы / У. Васько// Гродзенская праўда. - 1998. - 12 верасня.- С. 3.

73. У пушчы паэзіі: верш / Уладзімір Васько // Гродзенская праўда, - 1998. - 23 чэрвеня.

74. Адрынутыя: навела / У. Васько // Звязда. - 1998. - 6 чэрвеня.

75. Доля журналіста: верш / У. Васько // Лідская газета, - 1998, - 5 мая.

76. Між тым: верш / У. Васько // Гродзенская праўда. - 1998. - 16 красавіка.

77. Святочная хвіліна: верш / У. Васько // Гродзенская праўда, - 1998, - 19 сакавіка.

78. Лідская ўверцюра: верш / У. Васько // Гродзенская праўда, - 1998, - 19 лютага.

79. Прага прасторы: верш / У. Васько // Гродзенская праўда, - 1997. - 2 снежня.

80. Роднай школе: верш / У. Васько // Лідская газета. - 1997, - 4 кастрычніка.

81. Нашчадку: верш / У. Васько // Гродзенская праўда. - 1997, - 19 жніўня.

82. Адкрыццё: верш / У. Васько // Гродзенская праўда, - 1997. - 12 чэрвеня.

83. Байка пра калючку: верш / У. Васько // Гродзенская праўда. - 1997. - 15 мая.

84. Сустрэча: верш / У. Васько // Гродзенская праўда, - 1997. - 20 лютага.

85. Ля помніка Купалу: верш / У. Васько // Гродзенская праўда, - 1996, - 17 снежня.

86. Дзень добры, князёўня: верш / У. Васько // Гродзенская праўда. - 1996, - 5 лістапада.

87. Мой свет: верш / У. Васько// Лідская газета.- 1995. - 2 верасня.

88. На вуліцы Ажэшкі: верш / У. Васько // Лідская газета, - 1994, - 20 снежня.

89. Збляны: верш / У. Васько // Лідская газета. - 1993. - 31 жніўня.

90. Пра Гродна: верш / У. Васько // Гродзенская праўда, - 1993. - 24 красавіка.

91. Хрыстос уваскрэс: верш / У. Васько //Лідская газета, - 1993, - 17 красавіка.

92. Касач: апавяданне / У. Васько // Лідская газета. - 1992, - 18 красавіка.

93. Жыццё: верш / У. Васько // Гродненская правда. - 1991. - 31 августа.

94. Стары разбіты мост. А Нёман казаў...: вершы / У. Васько // Беларусь, - 1990. - № 8, - С. 11.

95. Між лоз белаватых...: верш / У. Васько// Гродненская правда. - 1989, - 16 сентября.

96. Над Гаўяй: верш / У. Васько // Гродненская правда, - 1989. - 1 апреля.

97. Ля крэпасці каменнай: верш / У. Васько // Гродненская правда. - 1988, - 24 сентября. - С. 4.

98. Жартаўнік: верш / У. Васько // Уперад. - 1988. - 7 лістапада.

99. Іду на адкрыццё: верш / У. Васько // Гродненская правда. - 1987. - 26 декабря.

100. Тваё каханне - на жыццё: верш / У. Васько // Уперад, - 1987. - 1 мая.

101. Песні лета: верш / У. Васько // Гродненская правда, - 1987. - 25 апреля.

102. Да людзей. Дзітва: вершы / У. Васько // Гродненская правда. - 1986, - 20 декабря.

103. Прага: верш / У. Васько // Гродненская правда. - 1981, - 12 декабря.

104. Танцуюць салдаты: верш / У. Васько // Уперад. - 1981, - 24 студзеня.

105. Шлях: верш/ У. Васько // Гродненская правда. - 1980. - 31 мая.

106. На прыёме: [урывак з паэмы "Начны гром"] / У. Васько // Уперад. - 1977, - 21 студзеня.

107. Таленты народныя / У. Васько // Уперад. - 1976. - 27 жніўня.

108. Добры дзень, Ліда!: верш / У. Васько // Уперад. - 1976. - 9 ліпеня.

109. Начны гром: [урывак з паэмы] / У. Васько // Уперад, - 1976, - 11 мая.

110. Верасень: верш / У. Васько // Уперад, - 1975, - 4 кастрычніка.

111. Дно Свіцязі: верш / У. Васько // Уперад. - 1974, - 14 верасня.

112. У водпуску: верш / У. Васько // Уперад. - 1973. - 29 жніўня.

113. Партызаны: верш / У. Васько // Гродненская правда.- 1972, - 14 сентября.

Пра яго:

1. Пяткевіч, А. Васько Уладзімір Гаўрылавіч (02.01.1937), беларускі паэт, журналіст / А. Пяткевіч // Людзі культуры з Гродзеншчыны / А. Пяткевіч, - Гродна, 2000, - С. 49.

2. "Падводзіць вынікі мне рана...": [Уладзіміру Васько - 75 гадоў] // Лідская газета , - 2012. - 3 студзеня, - С. 5.

3. Мельнікаў, У. Гармонія думкі і пачуцця: [аб кнізе Уладзіміра Васько "Кругаварот жыцця"] / Уладзімір Мельнікаў // Лідская газета. - 2011. - 30 ліпеня, - С. 3.

4. Макарэвіч, П. Натуральна, шчыра, задушэўна: [кніга лідскага паэта У. Васько "Кругаварот жыцця"] / П. Макарэвіч // Принеманские вести, - 2011, - 9 нюня (№ 29).

5. Жалкоўскі, А. Абагаўляюць творцы Лідскі край: [пераможцы раённага конкурсу вершаў, прысвечаных гораду Ліда з нагоды 685-годдзя заснавання, у т.л. У. Васько] / А. Жалкоўскі // Принеманские вести. - 2008. -16 октября. - (№ 42).

6. Лідзе - 685: [у т.л. пра ўзнагароджанне пераможцаў раённага конкурсу вершаў, прысвечаных гораду Ліда з нагоды 685-годдзя заснавання, у т.л. У. Васько] // Наша слова, - 2008, - 8 кастрычніка. (№41). - С. 1-2.

7. Лапшына, Л. "Я заўсёды з табой буду разам...": [узнагароджанне пераможцаў раённага конкурсу вершаў, прысвечаных гораду Ліда з нагоды 685-годдзя заснавання, у т.л. У. Васько]: фота /Л.Лапшына // Лідская газета,- 2008, - 7 кастрычніка. - С. 2.

8. Лідзін, П. Лідчане прыняты ў Саюз пісьменнікаў: [Уладзімір Васько, Алесь Стадуб, Пётр Макарэвіч] / П. Лідзін // Принеманские вести, - 2008, - 3 января (№ 1). - С. 7.

9. Бічэль-Загнетава, Д. Выказваюся, як думаю: [зборнік вершаў У. Васько "Прасветленасць"] / Данута Бічэль-Загнетава // Лідскі Летапісец, - 2007. - № 1. - С. 93-94.

10. Макарэвіч, П. Зерне адборнае слоў: [да 70-годдзя Уладзіміра Васько] / Пятро Макарэвіч // Лідскі Летапісец. - 2007. - № 1. - С. 91-93.

11. Дзелянкоўскі, М. У Ліды слаўная гісторыя: [кніга У. Васько "На схілах берагоў"] / М. Дзелянкоўскі // Книга и мы. - 1998. - № 24. - С. 1.

12. Лапко, А. Знітаванасць: [пра кнігу вершаў "На схілах берагоў" У. Васько] / А. Лапко // Гродзенская праўда, - 1997, - 7 кастрычніка.

13. Масла, М. "Гімн нашым людзям і барам": [кніга У. Васько "На схілах берагоў"] / Марыя Масла//Лідская газета. - 1997. - 12 чэрвеня.

14. Шынкоўскі, А. Лідскія аўтары ў часопісе: [У. Васько ў часопісе "Маладосць"] / А. Шынкоўскі // Лідская газета. - 1994, - 22 кастрычніка.

15. Свечкін, А. З першай кнігай: ["Прасветленасць" - першая кніга лідскага аўтара У. Васько] / А. Свечкін // Уперад, - 1982, - 30 студз.

Падрыхтаваў калектыў Лідскай ЦРБ імя Янкі Купалы

Лідская памяць пра генерала Стэфана Макрэцкага

Да 150-годдзя з дня нараджэння

Стэфан МАКРЭЦКІ (11 траўня 1862, в. Дзітрыкі Лідскага павету, цяпер Лідскі раён - 9 красавіка 1932) - генерал, палітычны дзеяч Сярэдняй Літвы.

Нарадзіўся ў сям'і землеўласнікаў, Аляксандра і Камілы Макрэцкіх.

Стэфан МАКРЭЦКІ.

Атрымаў вайсковую адукацыю, з 1878 служыў у расійскім войску. У 1911 у чыне палкоўніка; удзельнік Першай Сусветнай вайны, ваяваў ва Усходняй Прусіі. У верасні 1914 цяжка паранены, трапіў у нямецкі палон, дзе быў да лістапада 1915. Падчас абмену палоннымі вярнуўся ў Расію. У 1917 у чыне генерала, стаў адным з арганізатараў Саюзу вайсковых палякаў. У сакавіку 1918 накіраваўся на Украіну, у канцы 1918 ўзначальваў Самаабарону Лідскай зямлі, з сакавіка 1919 уступіў у Войска Польскае.

У 1919-1920 на камандных пасадах. Удзельнік летніх баёў 1920. У лістападзе-снежні камандаваў І корпусам войск Сярэдняй Літвы. Затым служыў пры камандуючым войскамі Сярэдняй Літвы генерале Люцыяне Жалігоўскім, дэкрэтам якога ў студзені 1921 прызначаны выканаўцам абавязкаў старшыні Часовай урадавай камісіі Сярэдняй Літвы. З лістапада стаў віца-старшынём Камісіі, на гэтай пасадзе заставаўся да перадачы Сярэдняй Літвы ў красавіку 1922 Польшчы.

Затым да 1925 генерал Макрэцкі быў на службе ў Войску Польскім, а калі канчаткова пайшоў на пенсію жыў у маёнтку Вінкаўцы (Лідскі павет), а так-сама ў Вільні. Памёр у 1932, пахаваны ў Вільні. Стэфан Макрэцкі быў узнагароджаны расійскімі і польскімі дзяржаўнымі ўзнагародамі.

Маёнтак Вінкаўцы Стэфан Макрэцкі атрымаў у спадчыну ад сваёй бабкі Гэмыліі з Нарбутаў Машэўскай у 1893 годзе. У 1903 годзе будавалася агароджа вакол Лідскіх каталіцкіх могілак. Камяні на будоўлю даў Стэфан Макрэцкі, пра што ёсць дакументальнае сведчанне ў выглядзе пліты, умураванай у агароджу. На пліце, злева ад уваходу па-польску напісана:

"Агароджана (ў) 1903. Коштам парафіян, стараннем кс(ендза) дз(екана) Юзафа Сярцкевіча, М. Пацэвіча, Я. Падгайнага, кам(яні) Стэфана Макрэцкага, за якіх Здровасць Марыя."

На гэтых жа могілках справа ад уваходу знайходзіцца магіла маці Стэфана Макрэцкага Камілы. Помнік скінуты з пастамента і валяецца побач. На помніку надпіс:

"...Каміла з Машэўскіх Макрэцкая, народжаная ў 1832 г. Памерла 2 траўня 1865 г., меўшы 33 гады. Вечны адпачынак рач ёй даць Пане."

Каміла Макрэцкая да 33 гадоў нарадзіла 8 дзяцей і памерла пры родах апошняга сына, Зыгмунта, паўтарыўшы лёс многіх жанчын таго часу.

А злева ад уваходу, блізка ад капліцы знаходзяцца магілы Стэванавых дзеда Вінцэнта Машэўскага і бабкі Гэмыліі з Нарбутаў Машэўскай. На помніку на магіле дзеда напісана:

"... парэшткі Вінцэнта Машэўскага, жыў 75 гадоў, памёр у 1876 г."

На помніку на магіле бабкі напісана:

"... Гэмылія з Нарбутаў Машэўская, народжаная ў 1806 г. Памерла 26 лютага 1893 г."

Помнікі Машэўскіх добра захаваныя.

Бацька Стэфана Аляксандр Макрэцкі пахаваны на цвінтары касцёла ў Няцечы, за Тарновам. На помніку напісана:

"Аляксандр Макрэцкі, гадоў 64. Жыццё цярпення, можа ў Небе ўзнагарода. 1816-1880".

Такім чынам на Лідчыне дастаткова памятных месцаў, звязаных са Стэфанам Макрэцкім, выбітным дзеячам нашай беларускай гісторыі, бо Сярэдняя Літва і яе дзеячы ўсё настойлівей просяцца на старонкі афіцыйнай гісторыі Беларусі.

Падрыхтаваў Станіслаў Суднік.

Найстарэйшаму лідскаму краязнаўцу Анатолю Куляшу - 85

Анатоль Фёдаравіч Кулеш нарадзіўся ў позні майскі вечар, 5 траўня 1927 года пад самае свята Юр'ева дня. Вёска Збляны Лідскага раёна, дзе яму пашчасціла прыйсці на свет, раскінулася ўздоўж правага берага Нёмана ў самым цудоўным на свеце прыродным кутку. Усё тут незвычайнае і натуральнае: і лес, і поле, і неба іншае, спеў птушак не такі. І, нават, подых ветру іншы. А галоўнае - цудоўныя, самабытныя людзі. З вясёлым норавам, тонкім гумарам, з сялянскай хітрынкай, а ў душы кожнага з іх жыве мастак: жывапісец, паэт, музыкант.

Тут ён пазнаў першыя словы, першыя літары, тут прыйшло першае каханне. Тут усё было першым. Але ў 17-гадовым узросце жыццё прымусіла пакінуць гэты багаты, цудоўны, жыватворны край.

Анатолю Куляшу прыйшлося пачаць вучобу ў польскай школе першай ступені з адным настаўнікам. Выкладанне прадметаў вялося толькі на польскай мове. Спачатку (да 1937 года) на беларуска-славянска-рускай мове выкладалася рэлігія для вучняў з праваслаўных сямей, але і яе перавялі на польскую.

Ідучы ў першы клас сельскай школы, хлопчыку і ў сне не магло прысніцца, што калі-небудзь ён зможа атрымаць вышэйшую адукацыю і стане, увогуле, паважаным чалавекам: дасведчаным спецыялістам, "Выдатнікам народнай асветы", дыпламантам міжнароднага конкурсу амбасады Польшчы на тэму "Польшча - прыязная суседка Беларусі" (2004), адзначаным дзяржаўнымі ўзнагародамі і замежнымі адзнакамі, у т.л. - "Ганаровы Залаты Знак Польска-Савецкай Дружбы".

У шосты клас Анатоль пайшоў ужо пасля вайны - 1 кастрычніка 1944 года - у Лідскую СШ №1. Праляцелі 4 гады. Паўстала пытанне: як быць далей пасля заканчэння сярэдняй школы? Паступленне і вучоба ў ВНУ з-за матэрыяльных цяжкасцяў праблематычна. Працаваць? Дзе і кім? Больш сур'ёзнага пытання не было. У гэты час з-за недахопу настаўнікаў сельскіх школ, у Лідскай педнавучальні была адкрыта "спецгрупа" па падрыхтоўцы настаўнікаў пачатковых класаў з гадзічным тэрмінам навучання. Туды прымалі слухачоў, якія мелі сярэднюю і дзевяцікласную адукацыю. Шмат што вабіла туды вясковага хлопца: стыпендыя, інтэрнат, а галоўнае - праз год ты становішся самастойным чалавекам. Канчалася нястача, беднасць, галеча. Вучоба ішла лёгка, без напругі. Скончыўся год, мелі быць выпускныя дзяржаўныя экзамены. Перад тым адбылося "размеркаванне". Размеркавалі на працу ў Лідскую працоўную дзіцячую калонію МУС. Адмаўляцца ў той час у такіх выпадках было не прынята. Усе ішлі туды, куды "партыя і ўрад" пасылалі.

Праз год вылузаўся з калоніі і стаў настаўнікам матэматыкі Споркаўскай сямігодкі за 5-6 кіламетраў ад Ліды. Спачатку Анатоль Фёдаравіч выкладаў матэматыку і вучыўся на фізіка-матэматычным факультэце Гарадзенскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута, а пасля перакваліфікаваўся, закончыў БДУ па спецыяльнасці настаўніка фізічнай геаграфіі і выкладаў гэты прадмет у сярэдніх школах горада Ліды. Але як было прынята ў вясковых школах таго часу выкладаў яшчэ і фізіку, фізкультуру, маляванне, чарчэнне.

Летам 1951 года А.Ф. Куляшу прапанавалі пасаду другога сакратара райкаму камсамолу і адначасова ўзначаліць аддзел прапаганды. А ў раёне поўным ходам ішла калектывізацыя аднаасобных гаспадарак у гаспадаркі калектыўныя - калгасы. Але гэта быў ужо не 1939 год. Што ўяўляюць сабой калгасы, сяляне добра ведалі. Таму, як маглі, супраціўляліся.

У гэты час (1951 г.) былі арыштаваны сябры і аднавяскоўцы А. Куляша за ўдзел у моладзевай патрыятычнай антысавецкай арганізацыі, але на яго ніхто не паказаў. Выратавала тое, што быў адарваны ад сваёй вёскі і ў арганізацыю трапіць проста не паспеў.

Праца ў камсамоле не задавальняла, а пайсці па асабістым жаданні з выбарнай пасады - партыйнай ці камсамольскай, савецкай - можна было двума шляхамі: здзейсніць злачынства, ці калі цябе не выбяруць на наступны тэрмін. Другі шлях - гэта той жа першы. Трэба, каб усе паверылі ў тое, што ты не адпавядаеш свайму прызначэнню, і тады цябе не выбяруць. А чаго гэта каштавала пасля... Але А. Куляшу ўдалося з малымі стратамі зноў стаць настаўнікам, ужо ў Шайбакоўскай школе.

Шмат гадоў А. Кулеш прысвяціў краязнаўству. Яго ўдзел у краязнаўчай рабоце можна падзяліць на тры перыяды: знаёмства з родным краем у дзіцячыя і школьныя гады, у час збору матэрыялаў для напісання дыпломнай работы пры заканчэнні геаграфічнага аддзялення фізіка-геаграфічнага факультэта Беларускага Дзяржаўнага Універсітэта на тэму "Фізіка-геаграфічная характарыстыка Лідскага раёна" і ў час работы пазаштатным экскурсаводам Лідскага бюро падарожжаў і экскурсій.

Калі ў першым і другім выпадках ён займаўся выключна знаёмствам і вывучэннем прыроднага наваколля, то ў апошні час прысвяціў сябе цалкам вывучэнню гісторыі і мінуўшчыны свайго горада і раёна, этнічным даследванням і культуры.

У выніку шмат матэрыялаў апублікаваў у рэспубліканскіх, абласных і мясцовых перыядычных выданнях.

Працуючы настаўнікам геаграфіі ў школах горада, склаў фізіка-геаграфічны атлас раёна. У яго ўвайшлі фізіка-геаграфічная, геолага-геамарфалагічная карты, геалагічны разрэз і комплексны геамарфалагічны і раслінны профіль тэрыторыі раёна. Склаў гіпсаметрычную крывую рэльефу Лідскага раёна. Па шматгадовых дадзеных назіранняў за надвор'ем склаў комплексны графік кліматычных элементаў - сярэдніх, мінімальных і максімальных тэмператур, колькасці выпаўшых ападкаў на працягу года, вышыні Сонца над гарызонтам і працягласць дня і ночы. Быў ахарактарызаваны рэжым рэк: Нёмана, Дзітвы, Лідзейкі.

Нарэшце была выдадзена кніжка пад назвай "Горад Ліда: гісторыя, легенда, факты"- папулярны гістарычна-геаграфічны нарыс. Нягледзячы на некаторыя недахопы, кніжка, бадай, паклала пачатак актыўнаму развіццю краязнаўства ў горадзе. Зараз нарыс грунтоўна перапрацаваны. Акрамя гэтага, напісаны асобныя замалёўкі з асабістага жыццёвага досведу, якія ўвайшлі ў аўтабіяграфічны нарыс "Пра час і пра сябе". Нарыс цесна звязаны з біяграфічнымі момантамі і палітычнымі падзеямі, што адбываліся на Лідчыне, і ў якіх аўтару прыходзілася прымаць нейкі ўдзел. Усе яны абгрунтаваны адпаведнымі дакументамі.

Працаваў у складзе рабочай групы па напісанні кнігі "Памяць. Ліда і Лідскі раён". А яшчэ ў шуфлядзе А. Куляша на сёння тры невыдадзеныя кнігі. І трэба паспяваць, трэба выдаваць.

Шкло падобнае да кіслароду

60 гадоў з дня нараджэння Галіны Сідарэвіч

Галіна Маісееўна Сідарэвіч нарадзілася ў сям'і сялян у вёсцы Бобрык Пінскага раёна Берасцейскай вобласці 17 траўня 1952 года, на беразе аднайменнай палескай рэчкі Бобрык. Навучалася да 8 класа ў Бобрынскай сярэдняй школе. У 1967 годзе паступіла ў Менскую мастацкую вучэльню імя Глебава. Пасля яе заканчэння ў 1971 годзе працавала ў Менску. У 1978 годзе паступіла ў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, сучасная Акадэмія мастацтваў, на аддзяленне "Мастацкае шкло".

Пасля яго заканчэння ў 1981 годзе прыехала на працу ў Бярозаўку на шклозавод "Нёман". Прапрацаваўшы тут год, паехала на працу на Першамайскі шклозавод у Смаленскай вобласці. Але ў 1983 годзе вярнулася ў Бярозаўку на пасаду мастака ў эксперы-ментальна-мастацкі аддзел шклозавода "Нёман".

Пачынала працаваць з брыгадай майстроў-шкловыдзімальшчыкаў Івана Пухоўскага. Зараз працуе з брыгадай майстроў Андрэя Міхайлава.

Працуе ў галіне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (мастацкае шкло), і прамысловага дызайну (посуд, сувеніры, прызы і г.д.). Прымала ўдзел у стварэнні дэкаратыўнай люстры для Літаратурнага музея М. Багдановіча ў г. Менску (у суаўтарстве), у стварэнні дэкаратыўнай люстры для Беларусбанка ў г. Гародні (у суаўтарстве). Стварыла дэкаратыўную рашотку для будынка амбасады Беларусі ў Вільні.

Пры выкананні сваіх работ, якія аўтарка называе станкавай шкляной скульптурай, выкарыстоўвае розныя матэрыялы: металічныя сеткі, фальгу, розна-каляровыя фарбавальнікі і, нават, паветра. Вельмі актыўна ў працах выкарыстоўваецца тэма прыроды і, асабліва, жывёльнага свету.

Галіна Сідарэвіч мяркуе, што "шкло - матэрыял з якасцямі, якія не мае не адзін з іншых матэрыялаў. Галоўная яго ўласцівасць - празрыстасць і падабенства да кіслароду. Гэта зачароўвае. Адпаведна, і ставіцца трэба да шкла, як да чараўніцтва."

Асноўныя працы: "Віно з дзьмухаўцоў"; "Яечня з кетчупам"; "Марская пена"; "Пасля дажджу"; "Салёны вецер"; "Астэроіды"; "Батлейка"; "Цішыня"; "Эдэм"; "Пляж"; "Дрэвы"; "Вечар"; "Грушы"; "Вазы"; "Пікнік на ўзбочыне"; "Чорная ваза"; "Нацюрморт з рыбай" і інш.

Работы Галіны Сідарэвіч знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Беларускім музеі гісторыі культуры, Музеі Беларускага Палесся, Лідскім гістарычна-мастацкім музеі, Смаленскім гістарычна-краязнаўчым музеі, а таксама ў прыватных зборах калекцыянераў Англіі, ЗША, Італіі, Польшчы.

З 1983 года прымала ўдзел у мастацкіх выставах і выставах-кірмашах у Беларусі: у гарадах Гародня, Ліда, Менск, Пінск, Віцебск; ў Расіі ў гарадах: Масква, Смаленск, а так-сама: у Літве, Польшчы, Італіі, Грэцыі, Югаславіі, Індыі, Чэхіі, Аўстрыі, Германіі, Алжыры, ААЭ, Эфіопіі, Германіі, Швецыі і інш.

У 1985 годзе за працу "Цішыня" ўзнагароджана Срэбным медалём ВДНГ СССР. На мастацка-тэхналагічным савеце ў Маскве па працы "Цішыня" абараніла аўтарскую тэхніку выканання.

З 1988 года з'яўляецца сябрам Саюза мастакоў СССР, а затым Беларусі.

Працуе мастаком на шклозаводзе "Нёман". Жыве ў г. Бярозаўцы Гарадзенскай вобласці.

Юрась Дзяшук.

Подых пачуцця Аляксандра Вараксы

50 год з дня нараджэння

"Сучаснасць насычана вобразамі і ідэямі, але большасць з іх у эру высокіх тэхналогій і пастаяннага спажывання падаюцца нам далёкімі ад нейкай сакральнай ісціны, якая пастаянна ўцякае ад нашага позірку, дотыку, акрэсленых межаў. Інтымная прастора кахання, з аднаго боку, ідэальная сфера вобразнага ўвасаблення ў жывапісе, але - гэта і самая небяспечная вобласць. Кожнаму з нас падаецца, што менавіта ён, а не хто іншы - эксперт і ведае ўсе падрабязнасці біяграфіі пачуцця. Неасцярожны дотык можа парушыць сусвет, дзе Двое дыхаюць унікальным паветрам недасказанасці і ў той жа час татальнасці пачуццяў. Жывое каханне - заўсёды незавершанасць, калі ж раптам усё становіцца цалкам зразумелым і наскрозь прадказальным, то жывое рэчыва пачуцця пакрыху раствараецца, пачынаючы разгублена шукаць новыя формы здзяйснення на зямлі. Мастак згадвае пра нюансы, адценні, незавершаныя праекты кахання, пра тое, што пастаянна балансуе паміж "няма" і "ёсць", паміж бачным і нябачным, сказаным і тым, што яшчэ толькі нараджаецца ў думках звычайных людзей ці ў энергетычнай прасторы зямлі, у своеасаблівай ноасферы. На карцінах - увасабленне імгненнага і адначасова вечнага "паміж". "Паміж", як энергія жыцця, што ствараецца і парушаецца кожную хвіліну, эмоцыі, якія ўтвараюць алфавіт, зразумелы для Дваіх. Позірк гледача быццам парушае інтымнасць. але у той жа час позірк іншага (нават проста цікаўны, выпадковы) дорыць кожнаму твору новыя жаданыя падрабязнасці руху, узаемапранікнення, рацыянальнага і пачуццёвага пачаткаў. На перакрыжаванні позіркаў - нашага асбістага і закаханых - і магчыма прадчуванне веры ў збыванне ўласнага пачуцця, якое сапраўды існуе "тут і цяпер" - у сучасных прасторы і часе."

Гэта сказана пра творчасць Аляксандра Сямёнавіча Вараксы, які нарадзіўся ў 1962 годзе, у Крыме, у г. Феадосія. Атрымаў вышэйшую адукацыю ў г. Віцебску, у ВДПУ, на мастацка-графічным факультэце ў 1982-1988 г.

Мае за плячыма выставы:

1986 г. - абласная выстава, г. Віцебск;

1990 г. - Міжнародная выстава "Акт в искусстве", г. Гародня.

Выставы творчага аб'яднання "ЛІДЗЯНЕ":

1992 г.- г. Ліда,

1992 г.- г. Гародня,

1995 г. - Палац мастацтваў, г. Менск.

1994 г. - Міжнародны пленэр г. Кашалін (Польшча).

Персанальныя выставы:

1994 г. - г. Ліда;

1994 г. - г. Гародня;

1998, 2000 г. - г. Ліда;

2006 г. - г. Гародня;

2006 г. - рэтравыстава г. Ліда.

Рэспубліканская выстава "Дажынкі-2006" і інш.

Жыве і працуе ў г. Лідзе.

100 гадоў з дня нараджэння Пятра Бітэля

БІТЭЛЬ Пятро , нарадзіўся 19.06.1912 г. у мястэчку Радунь Лідскага павету (цяпер Воранаўскі раёна Гарадзенскай вобласці). Хрышчаны ў лідскім Свята-Міхайлаўскім праваслаўным саборы.

Дзяды і прадзеды былі сялянамі Ашмянскага павету. Маці была служанкай ў бацькоў Фердынанда Рушчыца. Бацька працаваў паштальёнам спачатку ў Вішневе, а потым у Радуні. Тут бацькі пабраліся шлюбам, тут нарадзіўся сын Пятро.

У 1931 г. скончыў настаўніцкую семінарыю ў Вільні. Працаваў настаўнікам пачатковых школ у Нясвіжскім і Стаўбцоўскім раёнах (1931-1939). Служыў у польскай арміі (1933-1934). За перыяд 1935-1939 гг. скончыў завочна Вышэйшыя настаўніцкія курсы ў Вільні (гістарычна-філалагічны аддзел). У 1939 г. удзельнічаў у польска-нямецкай вайне. У Берасці трапіў у савецкі палон. Вывезены ў Арзамас, дзе быў вызвалены. Вярнуўся ў Беларусь.

У 1940 годзе працаваў настаўнікам у Вішневе, пасля дырэктарам СШ №2 Валожына і школьным інспектарам. Пасля чэрвеня 1941 да 1942 хаваўся ад немцаў. Затым стаў настаўнікам гандлёвай школы ў Валожыне. Вывезены ў Германію (1944) і там, пасля вызвалення (1945), прызваны ў Савецкую Армію. У 1946-1947 гг. працаваў настаўнікам Забрэжскай сярэдняй школы Валожынскага раёна. Пасля звальнення з настаўніцкай працы (1947) і немагчымасці ўладкавацца на ніякую дзяржаўную працу стаў праваслаўным святаром. 30 верасня 1947 г. стаў настаяцелем царквы ў в. Міжэвічы Слонімскага р-на. У студзені 1949 года пастановай мітрапаліта пераведзены ў г. Докшыцы Віцебскай вобласці. 24 літапада 1950 г. арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў зняволення. Адбываў тэрмін у Альжарасе Кемераўскай вобласці, у Омску і Джэзказгане. У 1956 г. звольнены датэрмінова са зняццем судзімасці. 29 верасня часова накіраваны мітрапалітам у в. Галавачы Скідзельскага р-на, а 3 кастрычніка 1957 года пераведзены ў г. Петрыкаў Гомельскай вобласці. Некаторы час быў дабрачынным Жыткавіцкай царкоўна-адміністрацыйнай акругі. У красавіку 1963 года ў П. Бітэля адабралі даведку на права выконваць абавязкі святара ў Гомельскай вобласці. Вярнуўся ў старую бацькаву хатку. Паўгода не мог знайсці працу. У 1963-1974 гг. выкладаў у Вішнеўскай сярэдняй школе Валожынскага раёна беларускую мову і літаратуру, нямецкую мову і маляванне. Скончыў завочна беларускае аддзяленне Менскага педагагічнага інстытута (1970) і Дзяржаўныя цэнтральныя курсы завочнага навучання "Иняз" у Маскве (1970). Рашэннем Вярхоўнага суда БССР ад 28.11.1978 г. па справе арышту і зняволення поўнасцю рэабілітаваны. Сябар СП СССР з 1985 г.

Друкаваўся з 1929 у часопісе "Шлях моладзі" пад псеўданімам Леанід з-пад Вішнева. Аўтар паэм "Замкі і людзі" (1968), "Сказанне пра Апанаса Берасцейскага" (1984), "Памятны верасень. Урыўкі з салдацкага дзённіка". Пераклаў на беларускую мову творы А. Міцкевіча ("Пан Тадэвуш", "Конрад Валенрод", "Гражына", "Дзяды", "Крымскія санеты"), польскамоўныя паэмы і п'есы В. Дуніна-Марцінкевіча, аповесць Ю. І. Крашэўскага "Хата за вёскай" (1989), паасобныя творы М. Канапніцкай, Б. Пруса, Ю. Славацкага, Г. Сянкевіча, М. Лермантава, А. Пушкіна, І. Франко, Т. Шаўчэнкі, Б. Брэхта, Ё. В. Гётэ, Ф. Шылера і інш. У 1990 г. выйшла кніга П. Бітэля "Дзве вайны", дзе змешчана паэма "Баруны". Пераклад П. Бітэля паэмы "Пан Тадэвуш" у 1998 годзе надрукаваны ў юбілейным трохмоўным выданні да 200-годдзя Адама Міцкевіча, што само па сабе абазначае прызнанне найвышэйшай якасці перакладу.

Памёр Пятро Бітэль 18.10.1991 г.

Ігнат Дамейка

210 гадоў з дня нараджэння

Ігнат Гіпалітавіч Дамейка (польск. Ignacy Domeyko; ісп. Ignacio Domeyko; 31 ліпеня 1802, Мядзведка - 23 студзеня 1889, Сант'яга, Чылі) - беларускі і чылійскі навуковец-даследнік, геолаг, мінеролаг.

Займае важнае месца ў гісторыі навукі і культуры Беларусі, Чылі, Польшчы і Летувы. Нацыянальны герой Чылі.

Раннія гады

Нарадзіўся ў маёнтку Мядзведка Наваградскага павету Менскай губерні (цяпер у Карэліцкім раёне за 15 км на захад ад Міра). Бацька - Гіпаліт Дамейка - быў старшынём Наваградскага земскага суда. Дзяцінства Ігната прайшло ў беларускай вёсцы.

З 1812 года разам са старэйшым братам Адамам Дамейкам вучыўся ў кляштарнай школе ордэна піяраў у Шчучыне. Па сканчэнні школы ў 1816 годзе паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта.

14-гадовы І. Дамейка быў адным з самых юных студэнтаў універсітэта. У чэрвені 1817 года атрымаў ступень кандыдата філасофіі. Вучобу скончыў у першай палове 1820 года. У далейшым, у 1822 годзе, наведваў лекцыі астранома Пятра Славінскага, у 1823 годзе слухаў лекцыі філосафа Юзафа Галухоўскага і гісторыка Яўхіма Лялевеля. У чэрвені 1822 года яму была прысуджана ступень магістра філасофіі.

Таварыства філаматаў

З 1820 года ўдзельнічаў у Таварыстве філаматаў разам з Янам Чачотам, Адамам Міцкевічам. Меў канспіратыўнае імя Жэгота (пад гэтым імем яго ўвасобіў у сваёй паэме "Дзяды" А. Міцкевіч). Браў удзел у дзейнасці даччыных арганізацыяў філаматаў - таварыства філадэльфістаў, прамяністых, загадваў бібліятэкай філаматаў.

У лістападзе 1823 года арыштаваны. Разам з большасцю арыштаваных яго заключылі ў сценах бызылянскага манастыра Святой Тройцы ў Вільні. Дзякуючы намаганням сваякоў у студзені альбо лютым 1824 года Ігнат Дамейка быў вызвалены. Вырак суду, замацаваны імператарам 14 жніўня і абвешчаны 16 верасня 1824 года, быў, у параўнанні з выракамі, напрыклад, Тамаша Зана альбо Яна Чачота, мяккім: судовае рашэнне прадпісвала жыць пад наглядам паліцыі ў сямейным маёнтку без права куды-небудзь выязджаць альбо займаць дзяржаўныя пасады.

І. Дамейка жыў у в. Заполле на Лідчыне, а часамі - у в. Жыбуртоўшчына паблізу Дзятлава. Пераклаў на польскую мову песні Асіяна і Каран (разам са святаром Дыянізам Хлявінскім). Распачаў доследы па вырошчванні жывёлы на навуковай аснове, укараняў сельскагаспадарчыя навінкі, будаваў млыны, вінакурні, тартакі. Аднак, жыццё абшарніка не вабіла. Пазней Міцкевіч у паэме "Дзяды" паказаў Дамейку ў вобразе агранома Жэготы (так называлі яго сябры па ўніверсітэце).

У 1829 годзе паліцэйскі нагляд быў з яго зняты. Гэта дазволіла браць удзел у легальнай грамадскай дзейнасці. У 1830 годзе быў абраны ў гарадзенскі соймік.

Паўстанне, эміграцыя

У тым жа 1830 годзе ўпершыню выехаў з Літвы (Беларусі). Наведаў Варшаву, дзе сустрэў Яўхіма Лялевеля. Калі ён вярнуўся на радзіму, пачалося паўстанне 1830-1831 гадоў у Польшчы і Беларусі. Дамейка ўзяў у ім удзел, ваяваў ў частцы Д.А. Хлапоўскага, адзін час з Эміліяй Плятэр і яе стрыечнымі братамі Ц. і В. Плятэрамі. Пасля прайгранай бітвы пад Шаўлямі ўлетку 1831 году разам з іншымі паўстанцамі адступіў у Прусію, дзе быў інтэрнаваны.

У канцы таго ж, 1831 года, атрымаў дазвол на выезд і ў пачатку 1832 году выехаў у Дрэздан. У Дрэздане І. Дамейка зноў сустрэўся з Адамам Міцкевічам. Выязджаў у Саксонію, Швейцарыю, наведаў Фрайбург, дзе пазнаёміўся з Горнай акадэміяй.

Францыя

У жніўні 1832 года разам з А. Міцкевічам і іншымі эмігрантамі перабраўся ў Парыж, які на той час быў цэнтрам жыцця эмігрантаў з тэрыторыі Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў.

Удзельнічаў у жыцці розных эмігранцкіх аб'яднанняў. Дапамагаў Міцкевічу перапісваць паэму "Пан Тадэвуш". Наведваў лекцыі ў вышэйшай школе горнай справы Сарбонскага ўніверсітэта і ў Французскай калегіі, займаўся ў Батанічным садзе, удзельнічаў у геалагічных экскурсіях.

У 1834 годзе паступіў у Горную школу (франц. Scole des Mines). У 1837 годзе склаў геалагічную, гідраграфічную і гаспадарчую мапы былой Рэчы Паспалітай і напісаў да яе вялікі каментар (мапа і каментар не былі выдадзеныя, матэрыялы выкарыстоўваліся ў іншых выданнях). У 1837 годзе атрымаў дыплом горнага інжынера.

Чылі

У 1837 годзе прыняў прапанову чылійскага ўраду і падпісаў кантракт на пасаду выкладчыка горнай школы Ля Сярэна ў г. Какімба (за тры месяцы вывучыў іспанскую мову). У 1838 годзе атрымаў званне прафесара. У г. Какімба Дамейка выкладаў да 1846 года (цяпер тамтэйшы ўніверсітэт носіць яго імя).

Праводзіў разнастайныя даследаванні. Камплектаваў мінералагічныя калекцыі, заснаваў фізічную лябараторыю, навуковую бібліятэку, заалагічную калекцыю. У 1845 годзе выдаў кнігу на іспанскай мове з апісаннем побыту, культуры, мовы індзейцаў араўканаў, у далейшым перакладзеную на некалькі моваў.

Па заканчэнні кантракта пераехаў ў Сант'яга. У 1847 годзе атрымаў кафедру хіміі ў Чылійскім універсітэце (ісп. Universidad de Chile) (адрэдагаваў праект рэформаў універсітэта і школаў). У снежні 1848 года атрымаў чылійскае грамадзянства, улетку 1850 года пабраўся шлюбам з чылійкай. У 1852 годзе быў прызначаны кіраўніком дэлегатуры па справах вышэйшай школы і з таго часу пачаў актыўна займацца арганізацыяй адукацыі і навуковых установаў Чылі.

У 1867 годзе быў абраны рэктарам Чылійскага ўнівэрсітэта і пераабіраўся чатыры разы. Да 1883 года быў рэктарам універсітэта і ад рэктарскай пасады адмовіўся ў знак пратэсту супраць захопніцкай вайны Чылі з суседняй Перу.

У заснаванай з яго ініцыятывы Горнай школе былі падрыхтаваныя чылійскія нацыянальныя кадры выкладчыкаў горнай справы, геолагаў, мінеролагаў.

Арганізаваў метэаралагічную службу ў Сант'яга-дэ-Чылі.

Працягваў займацца мінералагічнымі даследаваннямі. Адзін з першых даследнікаў Атакамы - самай сухой пустыні свету. Вывучаў знойдзены ў Атакаме метэарыт, даследаваў абарыгенаў Паўднёвай Амерыкі. Арганізаваў вывучэньне мінералогіі і геалогіі Андаў. У гарах адкрыў паклады невядомага навуцы альгамату срэбра - аркерат, арганізаваў золатаздабычу і здабычу салетры. Яго вучань Ніколас Нарньё знайшоў багатую срэбную жылу, якую назваў імем свайго настаўніка - "Міна дэ Дамейка".

Навуковыя працы, якіх налічваецца каля 130, пісаў пераважна па-французску і іспанску. Некалькімі выданнямі выйшаў яго падручнік і разам з тым навуковая праца Elementos de mineralojia' (1854, 1860, 1879), з некалькімі дадаткамі.

Падтрымліваў сувязі з універсітэтамі Варшавы і Кракава, пасылаючы туды свае працы і іншыя выданні, якія выходзілі ў Чылі. Клапаціўся пра стварэнне ў Кракаве мінералагічнага музея. Стаў сябрам многіх еўрапейскіх навуковых таварыстваў.

Ігнат Дамейка ўвёў у Чылі метрычную сістэму мераў і вагаў. Займаўся будаўніцтвам шахтаў і капальняў па здабычы медзі, срэбра, золата. Стварыў падручнікі па хіміі, мінералогіі (на іспанскай ды французскай мовах).

Познія гады, прыезд у Беларусь

У 1884 годзе Дамейка накіраваўся ў Еўропу. Улетку разам з сынамі прыбыў у Бардо. У Парыжы сустрэўся з сябрамі юнацтва Ўладзіславам Ласковічам і Язэпам Багданам Залескім, наведаў сям'ю Ўладзіслава Міцкевіча, сына знакамітага паэта. У Кракаве быў з энтузіязмам прыняты навуковай грамадскасцю. Пабываў у Варшаве і Вільні. Наведаў Мядзведку, Мір, Наваградак, Крашын, пасадзіў у Крашыне дубок.

З сабою Дамейка таксама вёз вялікую мінералагічную калекцыю - падарунак некалькім еўрапейскім універсітэтам.

Увосень вярнуўся ў Парыж. У 1885 годзе спыняўся ў Рыме (атрымаў аўдыенцыю ў Папы Рымскага Леана XIII) і Неапалі, затым зноў наведаў Кракаў, адкуль з Пятром Сямёненкам накіраваўся ў паломніцкае падарожжа па Святой зямлі. Вярнуўся ў Парыж, затым зноў кароткачасова вярнуўся на радзіму, у Жыбуртоўшчыну, і правёў там два з лішнім гады, ненадоўга зрэдку выязджаючы.

У красавіку 1887 года Кракаўскі Ягелонскі ўніверсітэт прысвоіў Дамейку ступень ганаровага доктара медыцыны.

Улетку 1888 года накіраваўся ў Чылі. Па дарозе цяжка захварэў. Памёр 23 студзеня 1889 года ў Сант'яга. Быў пахаваны на сродкі чылійскага ўраду. Дзень яго пахавання быў абвешчаны ў Чылі днём нацыянальнай жалобы, а сам ён быў абвешчаны нацыянальным героем.

Ушанаванне памяці

Імя Ігната Дамейкі носіць вулканічны ланцуг гораў у Андах ( Cordillera Domeyko ); мінерал дамейкіт ( domeykite, Cu3As ), выяўлены самім даследнікам; фіялкавая кветка ( віёла дамейкана, Viola domeykana ) - новы від адкрыты на поўначы Чылі; малая планета 2784 Domeyko , адкрытая чылійскім астраномам Карлам Торэсам ў 1975 годзе, Ammonites Domeykanus Dufr - аманіт Дамейкі - від аманіту, адкрыты Дамейкам у фармацыі юрскага перыяду ў ваколіцы Chanarcillo. Andiela Domeykoi - новы від каўчуканосу. Azylea Domeyki - азалія Дамейкі - гатунак азаліі выгадаваны варшаўскім садоўнікам у 1845 г. Trigonia Domeykoana - від слімака. Nautilus Domeykus d'Orb - від акамянелых малюскаў, адкрыты Дамейкам у 1841 г. Імя Дамейкі нададзена выкапнёваму дыназаўру - дамейказаўр .

Puerto Domeyko - порт Дамейкі на паўднёва-заходнім беразе возера Llanquihue ў Чылі. Pueblo Domeyko ці Localidad Domeyko ці Domeyko - мястэчка Дамейка на мяжы ІІІ і ІV рэгіёнаў Чылі. Lugarejo Domeyko - пасёлак каля порта Дамейка.

У Сант'яга стаіць помнік "Грандэ Эдукатору" ("Вялікаму Асветніку").

У яго гонар названыя ўніверсітэт і нацыянальная бібліятэка ў Сант'яга; горад Пуэрта-Дамейка (непадалёк ад Антафагасты); вуліцы ў Сант'яга-дэ-Чылі, Вальпараіса і яшчэ васьмі гарадах Чылі, а таксама ў Вільні, Менску, Наваградку, Лідзе, Крупаве і Дзітве.

Імя Дамейкі носіць Польская бібліятэка ў Буэнас-Айрэсе (ісп. Biblioteca Polaca Ignacio Domeyko' ), некалькі ліцэяў, іншых навучальных і навуковых установаў Чылі.

У 1995 годзе і Лідчына далучылася да ўшанавання Ігната Дамейкі. У пачатку алеі, якая вядзе да Заполля, устаноўлены памятны знак, а ў Крупаўскай школе адкрыты музей Ігната Дамейкі, у якім на гэты час сабрана каля 500 экспанатаў, у тым ліку кніга І. Дамейкі "Мае падарожжы", выдадзеная пры жыцці навукоўца ў Вільні. Да 200-годдзя Ігната Дамейкі ў вёсцы пасаджана алея ў яго гонар, устаноўлены памятны знак з барэльефам асветніка (аўтар Рычард Груша).

У Жыбуртоўшчыне на сядзібным доме Дамейкаў устаноўлена мемарыяльная дошка ў гонар Ігната Дамейкі і яго прыезду на Радзіму.

На месцы родавай сядзібы Дамейкаў у Мядзведцы ўсталяваны бюст і памятны валун.

У Карэлічах традыцыйна праходзяць чытанні, прысвечаныя жыццю і дзейнасці Ігната Дамейка. У Міры ўстаноўлены надмагільны помнік па бацьку Ігната Дамейкі Гіпаліту Дамейку (аўтар Рычард Груша).

2002 год у звязку з 200-годдзем нараджэння Дамейкі, UNESCO назвала "Годам Ігната Дамейкі". Юбілейныя мерапрыемствы пад патранажам прэзідэнта Польшчы Аляксандра Кваснеўскага і прэзідэнта Чылі Рыкарда Лагаса прайшлі ў Чылі, а таксама ў Беларусі і Летуве. У верасні 2002 года на браме базылянскага манастыра св. Тройцы ў Вільні, дзе Дамейка быў у турэмным зняволенні ў часе следства па справе філаматаў, была адкрытая мемарыяльная табліца з яго барэльефам (скульптар Валдас Бубялявічус, архітэктар Ёнас Анушкявічус).

Нацыянальны Банк Рэспублікі Беларусь ў 2002 годзе выпусціў памятную манету ў гонар Ігната Дамейкі. У яго гонар выпускалася манета ў Польшчы (2007 г.). Паштовы канверт з арыгінальнай маркай выпушчаны ў Беларусі, паштовыя маркі - у Польшчы і Чылі, паштовая картка з арыгінальнай маркай - у Летуве. ТБМ імя Ф. Скарыны выдала каляндарык.

У Беларусі, у тым ліку і ў Лідзе, выдадзены шэраг кніг пра І. Дамейку і з творамі навукоўца.

Скампанавана з СМІ. Скарыстаны матэрыялы А. Колышкі.

Крыніцы:

1. Вядомыя беларусы. Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь.

2. Наталля Мазоўка. Дамейка Ігнат Іпалітавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі - Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. - Мн.: БелЭн, 1996. С. 203.

3. Доўнар Т. І. Дамейка Ігнат Іпалітавіч // Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Гал. рэд. Б. I. Сачанка. - Мн.: БелЭн, 1995. С. 408.

4. Наталля Мазоўка. Дамейка Ігнат Іпалітавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі - Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. - Мн.: БелЭн, 1996. С. 202.

5. Станіслаў Суднік. Да пытання нацыянальнага самавызначэння Ігната Дамейкі // "Лідскі летапісец" № 19.

6. История и культура Беларуси. Памятные монеты, посвященные "200-летию со дня рождения Игната Домейко"(рас.). Сайт Нацыянальнага банка Беларусі. Праверана 26 кастрычніка 2010 г.

Літаратура:

1. Ігнат Дамейка - светач сусветнай цывілізацыі. Матэрыялы VI Карэліцкіх чытанняў // Рэдкал.: Л. Уладыкоўская-Канаплянік (гал. рэд.) і інш. - Мн.: "Энцыклапедыкс", 2002. - 136 с., [4] іл. ISBN 985-6599-64-4.

2. Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Гал. рэд. Б. I. Сачанка. - Мн.: БелЭн, 1995.- 672 с. ISBN 985-11-0016-1

3. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі - Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. - Мн.: БелЭн, 1996. - 527 с.: іл. ISBN 985-11-0041-2.

4. Paz Domeyko. A Life in Exile. Ignacy Domeyko 1802-1889. - Sydney, 2005. ISBN 0-646-44728-9.(анг.)

5. Paz Domeyko Lea-Plaza. Ignacio Domeyko. La Vida de un Emigrante. - Santiago, 2002. Random House Mondadori (Editorial Sudamericana). ISBN 956-262-161-8.(гішп.)

6. Ignotas Domeika Lietuvai, Prancuzijai, Cilei. 1802-1889. Ignacy Domeyko for Lithuania, France, Chile. Ignacy Domeyko Lituanie, France, Chili. - Vilnius: Vilniaus universitetas, Lietuvos istorijos institutas, Lietuvos nacionalinis muziejus, 2002. ISBN 9955-415-20-7. (лет.) (анг.) (фр.)

7. Garbowska J., Jakubowski K. Ignacy Domeyko: (1802-1889). - Warszawa - Lida: Towarzystwo Kultury Polskiej Ziemi Lidzkiej, 1995. ISBN 83-901353-6-1. (пол.)

8. Ignacy Domeyko. Moje podroze: pamiatniki wygnanca. - Wroclaw: Ossolineum, 1962.(пол.)

9. Koska M. Ignacy Domeyko. - Warszawa: DiG, 1998. ISBN 83-7181-062-8.(пол.)

10. Ryn Z. J. Ignacy Domeyko - obywatel swiata. - Krakow: Jagiellonian University Press, 2002. ISBN 83-233-1552-3. review, Polish language. (пол.)

11. Wojcik Z. Ignacy Domeyko: Litwa, Francja, Chile. - Wroclaw: Polskie Towarzystwo Ludoznawcze, 1995. ISBN 83-904914-2-7. (пол.)

12. Ryn Z. J. Ignacio Domeyko - ciudadano de dos patrias. - Antofagasta: Universidad Catolica del Norte, 1994. (парт.)

Барыс Адамавіч Булат

100 гадоў з дня нараджэння

Адзін з арганізатараў партызанскага руху на Гарадзеншчыне, камандзір Ленінскай партызанскай брыгады, Герой Савецкага Саюза, ганаровы грамадзянін горада Ліды, Барыс Адамавіч Булат нарадзіўся 27 ліпеня 1912 г. у г. Тула. Працаваў на заводах рабочым. У 1932 г. быў прызваны ў Чырвоную Армію. У тыя трывожныя часы, калі фашысты захапілі ў Германіі ўладу і ўзнікла пагроза вайны, Б.А. Булат вырашыў звязаць свой лёс з войскам, каб у любую мінуту быць гатовым абараняць Радзіму.

У 1936 г. ён скончыў 1-ю Савецкую аб'яднаную вайсковую школу імя ВЦВК і стаў кадравым афіцэрам.

Вялікая Айчынная вайна застала Б.А. Булата на заходняй граніцы. Ён займаў пасаду памочніка начальніка аператыўнага аддзела штаба 31-й танкавай дывізіі. З першай гадзіны вайны гэтая дывізія ўступіла ў бой з ворагам, аднак хутка вымушана была адступіць. 27 чэрвеня капітан Булат быў цяжка паранены.

З групай байцоў ён дабраўся да бальніцы ў в. Дзярэчын Зэльвенскага раёна, дзе яму ампутавалі руку. Калі немцы захапілі Дзярэчын, яны вывезлі раненых у лагер ваеннапалонных у Слонім, а потым у Баранавічы. Адсюль палонных адпраўлялі на захад. 12 верасня 1941 г. Б.А. Булату ўдалося ўцячы з эшалона. З групай таварышаў ён пачаў прабірацца ў Дзярэчын, дзе паспеў пазнаёміцца з добрымі, патрыятычна настроенымі людзьмі.

Хутка ён знаходзіць прытулак у селяніна в. Бердавічы, былога члена КПЗБ Міхаіла Мікалаевіча Утліка. Булат разам з гаспадаром усю зіму рыхтаваліся да партызанскай барацьбы. Яны збіралі зброю і боепрыпасы, устанавілі сувязь з другімі байцамі і афіцэрамі Чырвонай Арміі, якія трапілі ў акружэнне, наладзілі разведку ў населеных пунктах, дзе былі варожыя залогі.

У канцы красавіка 1942 г. Б.А. Булат з невялікай групай байцоў пачаў актыўныя дзеянні. Яны напалі на па мяшканне гміны ў в. Сянькоўшчына, забілі трох паліцэйскіх, узялі ў палон начальніка паліцэйскага ўчастка, захапілі 13 вінтовак, шмат патронаў. Так узнікла партызанская група, у якой было 27 чалавек. Камандзірам выбралі Б.А. Булата. Аб першапачатковых дзеяннях гэтай групы даюць ўяўленне кароткія запісы ў дзённіку Б.А. Булата за 1942 год.

"13 траўня. Атрад папоўніўся яшчэ пяццю байцамі.

20 траўня. Разбілі варожую залогу ў мястэчку Галынка. Знішчылі дакументы, захапілі 12 вінтовак, радыёпрыёмнік, тры ровары, пячаткі, штампы.

1 чэрвеня. Каля Азярніцы разабралі рэйкі, рух цягнікоў затрымаўся на суткі. У той жа дзень правялі растлумачальную работу ў вёсцы Голі.

20 чэрвеня. У вёсцы Лыскі ў трохгадзінным баі забілі 30 фашыстаў, узялі адну аўтамашыну, дзве знішчылі..."

Пасля гэтага група Б.А. Булата вымушана была перайсці на правы бераг Шчары. Размясцілі свой лагер у Дубароўскім лесе. Тут да іх далучыліся групы У. К. Лябецкага, П. I. Булака, В. I. Пішчуліна, Г. Караля. На агульным сходзе прынялі пастанову ўтварыць аб'яднаны партызанскі атрад, камандзірам якога выбралі Б.А. Булата.

Аб'яднанне партызанскіх груп, утварэнне адзінага камандавання дазволілі палепшыць агульнае кіраўніцтва, распрацоўку баявых аперацый. Прыкладам можа быць аперацыя па разгроме варожай залогі ў Дзярэчыне, у час якой больш за 50 фашыстаў было забіта, 20 узята ў палон, захоплены багатыя трафеі.

Яшчэ больш узмацніліся ўдары партызан па ворагу, калі ў снежні 1942 г. была створана Ленінская брыгада, камандзірам якой быў назначаны Ф.М. Сінічкін, а начальнікам штаба - Б.А. Булат. Брыгадзе давялося прайсці праз вялікія выпрабаванні ў час першай блакады Ліпічанскай пушчы ў снежні 1942 г.

Умелым, дасведчаным камандзірам і смелым воінам паказаў сябе Б.А. Булат у адной з найбольш вялікіх аперацый брыгады - разгроме варожай залогі ў райцэнтры Жалудок у траўні 1943 г. Тут ён быў паранены ў трэці раз. Ледзь паспеў паправіцца, як яго прызначылі камандзірам Ленінскай партызанскай брыгады.

Восенню 1943 г. Б.А. Булата адклікалі ў абкам партыі і прызначылі начальнікам аператыўнага аддзела абласнога партызанскага цэнтра. Аднак не па душы была Барысу Адамавічу штабная работа, ён ірваўся ў бой. Гэта заўважылі і даручылі яму аб'яднаць у адну брыгаду некалькі разрозненых атрадаў, якія дзейнічалі на заходняй ускраіне Налібоцкай пушчы. Заданне ён паспяхова выканаў.

У пачатку чэрвеня 1944 г. праз абкам партыі Б.А. Булат атрымаў выклік у Маскву. 9 чэрвеня самалёт з партызанскага аэрадрома з Б.А. Булатам і параненымі партызанамі ўзняўся ў неба і перасек лінію фронту. У партызанскі край Барыс Адамавіч больш ужо не вярнуўся. А хутка беларуская зямля была вызвалена ад немцаў.

У ліпені 1944 г. Б.А. Булат вярнуўся ў Менск. 15 жніўня 1944 г. яму было прысвоена высокае званне Героя Савецкага Саюза. Пасля вайны Б.А. Булат скончыў Вышэйшую школу харчовай прамысловасці, працаваў на розных пасадах у савецкіх і гаспадарчых установах. Памёр Б.А. Булат 27 сакавіка 1984 г.

М.Ф. Петрыкевіч

Муса Гайсінавіч Гарэеў

90 гадоў з дня нараджэння

Муса Гайсінавіч Гарэеў (09.06.1922 - 17.09. 1987), двойчы Герой Савецкага Саюза, Ганаровы грамадзянін горада Ліды. У Лідзе яго імем названа вуліца.

Нарадзіўся ў вёсцы Ілякшыдзе цяпер Ілішэўскага раёна Башкірыі ў сялянскай сям'і. Башкір. Член ВКП(б)/КПСС з красавіка 1944 года. Скончыў 2 курсы тэхнікума Наркамата шляхоў зносін у 1940 годзе.

У Чырвоную Армію прызваны 15 снежня 1940 года. У 1942 годзе скончыў Энгельскую вайсковую авіяцыйную школу. Пасля заканчэння авіяшколы, з 25 верасня 1942 года - у дзейным войску.

Баявы шлях пачаў сяржантам, простым лётчыкам-штурмавіком. У 1944 годзе стаў камандзірам эскадрыллі. Вайну скончыў маёрам, штурманам палка. Ваяваў у баях пад Сталінградам, у Данбасе, Крыме, Беларусі, Літве, Польшчы, Усходняй Прусіі.

Гвардыі капітан Гарэеў да жніўня 1944 года здзейсніў 164 баявыя вылеты, выявіўшы мужнасць і гераічнасць, за што Ўказам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 23 лютага 1945 года яму прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля "Залатая Зорка" (№ 6227).

За здзейсненыя да сакавіка 1945 года 207 баявых вылетаў Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 19 красавіка 1945 гады гвардыі маёр Гарэеў Муса Гайсінавіч узнагароджаны другім медалём "Залатая Зорка". У гэты ж дзень паветраны стралок яго экіпажа - гвардыі старшына Кір'янаў Аляксандр Іванавіч быў ганараваны ордэнам Славы 1-й ступені, стаўшы поўным кавалерам гэтай узнагароды.

Усяго за час Вялікай Айчыннай вайны М.Г. Гарэеў здзейсніў каля 250 баявых вылетаў. Удзельнік гістарычнага Параду Перамогі ў Маскве 24 чэрвеня 1945 года.

Пасля заканчэння вайны адважны лётчык-штурмавік камандаваў авіяцыйным палком. У 1951 годзе ён скончыў Вайсковую акадэмію імя М.В. Фрунзе, у 1959 годзе - Вайсковую акадэмію Генеральнага штаба. Палкоўнік (1956 год). З 1964 года - у запасе. Жыў і працаваў у сталіцы Башкірыі - горадзе Ўфе. Быў старшынём Башкірскага рэспубліканскага камітэта ДТСААФ (1965-1977 гады). Абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР 2-4-га скліканняў (1946-1958 гады), дэпутатам Вярхоўнага Савета Башкірскай АССР 7-9 скліканняў. Ганараваны званнем "Ганаровы грамадзянін горада Уфы".

Пахаваны ў Уфе ў Парку Перамогі.

Узнагароджаны ордэнам Леніна (1945), 3 ордэнамі Чырвонага Сцяга (1943, люты 1944, лістапад 1944), ордэнамі Багдана Хмяльніцкага 3-й ступені (1945), Аляксандра Неўскага (1944), 2 ордэнамі Айчыннай вайны 1-й степен (1945, 1985), ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1971), 3 ордэнамі Чырвонай Зоркі (1943, 1955, 1956), медалямі (у тым ліку - медалямі "За адвагу" (1943) і "За баявыя заслугі" (1951)).

Бронзавы бюст двойчы Героя Савецкага Саюза Гарэева М.Г., усталяваны ў 1948 годзе ў яго роднай вёсцы Ілякшыдзе, у 1960 годзе перанесены ў горад Уфу і ўсталяваны на Бульвары Славы. На доме № 4 па вуліцы Худайбердзіна ў горадзе Уфе, дзе жыў М.Г. Гарэеў, усталявана мемарыяльная дошка з барэльефам Героя. Варыянт скульптурнага партрэта Гарэева М.Г., створанага ў 1947 годзе з базальту народным мастаком СССР скульптарам Н.В. Томскім знаходзіцца ў Траццякоўскай галярэі.

Сачыненні:

Страницы жизни и подвига. - Уфа. 1985;

Штурмовики идут на цель. 5-е изд. Уфа, 1990;

Ветераны остаются в строю. М., 1980 і інш.

З узнагароднага ліста на гвардыі капітана М.Г. Гарэева:

"... Баявую работу на "Ільюшыне" тав. Гарэеў пачаў у 1942 г. над Сталінградам... Нягледзячы на тое, што ў паветры над Сталінградам была яшчэ перавага самалётаў праціўніка, велізарная колькасць зенітнай артылерыі, тав. Гарэеў лётаў, выконваў выдатна баявыя заданні.

Усяго за абарону горада Сталінграда ён зрабіў 11 паспяховых баявых вылетаў на "Ільюшыне". Гэта была добрая Сталінградская загартоўка, вышэйшая школа доблесці і геройства...

Прыдонскія стэпы і асабліва Міусфронт былі наступнай прыступкай вайсковай доблесці і гераічнасці, майстэрства і выхавання для тав. Гарэева... Тут ён ужо з поспехам лётаў на баявыя заданні вядоўцам пары і звяна. Лётаў ён у буйных групах - да 100 самалётаў, працаваў у якасці "фатографа", у адзіночку вісячы над групай, апрацоўваў і пярэдні край, узломваючы трывалыя абарончыя ўмацаванні немцаў, паліў танкі і знішчаў жывую сілу.

... магутныя бамбавальныя і штурмавыя ўдары тав. Гарэева сталі страхам для танкаў праціўніка. Як ніхто іншы, ён вызначаўся сваім майстэрствам і адвагай, жаданнем адстойваць сваю Радзіму ў дні, калі была разгромлена нямецкая танкавая дывізія "Мёртвая галава". Яна была ўшчэнт разбіта яшчэ да ўступлення ў бой. На штурмоўку гэтай танкавай групоўкі тав. Гарэеў зрабіў 7 баявых вылетаў. Пяцьдзесят восем танкаў было знішчана ў выніку ўмелай і сумеснай работы груп нашых штурмавікоў. Толькі адзін тав. Гарэев з гэтага ліку знішчыў чатыры танкі..."

М.Ф. Уфаркін.

Вандалін Шукевіч

160 гадоў з дня нараджэння

Вандалін Аляксандравіч Шукевіч (1852-1919) нарадзіўся i жыў у вёсцы Нача Лідскага павету (сучасны Воранаўскі раён). Атрымаўшы пачатковую адукацыю дома, працягваў вучобу ў Biльні. Пад уплывам лекцый прафесара Іосіфа Юндзіла зацікавіўся праблемамі антрапалогіі, старажытнай гісторыі, заалогіі. У1872 годзе малады Шукевіч вяртаецца ў Начу. Спачатку арганізуе гурток маладых гаспадароў, а затым пераключаецца на заняткі археалогіяй i этнаграфіяй. Аб'ектамі вывучэння становяцца грунтовыя i кургановыя пахаванні ля вёсак Нача, Пузелі, Апонаўцы, Toўцішкі, Сабакінцы, Дварчаны i іншых, што знаходзяцца на тэрыторыі сучасных Воранаўскага i Шчучынскага раёнаў Гарадзенскай вобласці. Ён першы з беларускіх археолагаў раскапаў дзесяткі курганоў i каменных магіл тыпу жальнікаў ХІІІ-XIV стст. Затым поле яго дзейнасці пашыраецца. Вучоны даследуе помнікі apxeaлoгii ў Віцебскай губерні: каля Віцебска, Лепеля, возера Дрысвяты, у Троцкім павеце (суч. Літва). З часам ён назбіраў вялікую калекцыю археалагічных i нумізматычных прадметаў, матэрыялаў антрапалогіі, якія выклікалі вялікую цікавасць у тагачаснага вучонага свету.

Большая частка знойдзенага iм трапіла ў музеі Варшавы, Вільні, Кракава, Масквы i Санкт-Пецярбурга. Шукевіч піша такія гістарычныя працы, як "Каменныя курганы ў Лідскім павеце", "Двары, замкі, палацы", "Старажытныя каралеўскія лясы ў Лiтве", "Нарысы аб Белай Pyci" i iнш. Акрамя таго, даследчык займаўся збіраннем i апрацоўкай вуснай народнай творчасці, выдаў некалькі прац фальклорна-этнаграфічнага характару.

Найбольш вядомыя з ix "Народныя вераванні i абрады (забабоны, прымхі, прадказанні i інш.), сабраныя ў Biленскай губерні", "Некаторыя вераванні, прымхі i забабоны нашага народа, легенды i паданні", "Старажытныя лекавыя сродкі". Вучонага выбіраюць членам-карэспандэнтам Кракаўскай акадэміі навук. Памёр В. Шукевіч напрыканцы 1919 года i быў пахаваны ў сямейнай капліцы непадалёку ад роднай сядзібы. На сёння капліца адрэстаўравана і падтрымліваецца ў поўным парадку

Вандалін Шукевіч у пачатку ХХ стагоддзя, калі на павестку дня паўстала пытанне беларускага нацыянальнага адраджэння, падтрымаў гэтыя працэсы і насуперак польскай большасці даказваў выгаду для Польшчы сяброўскіх адносін паміж польскім і беларускім нацыянальнымі рухамі.

Найбольш поўную інфармацыю пра Вандаліна Шукевіча можна знайсці ў кнізе прафесара, доктара археалогіі Мар'яны Магдалены Бломберг - выдатнай вучонай з Лодскага ўніверсітэта. З'яўляючыся па прафесіі археолагам, яна ўсебакова асвяціла дзейнасць Вандаліна Шукевіча, як археолага, на Лідскай зямлі. Прафесар Бломберг падрабязна аналізуе археалагічныя дасягненні Шукевіча, які сам сябе ацэньваў вельмі сціпла, насуперак меркаванням археолагаў да сённяшняга дня, высока ацаніўшы яго археалагічныя здабыткі. У кнізе паказваецца, якую значную ролю адыграў Шукевіч у культурным жыцці Віленшчыны XIX і XX стагоддзяў. Вандалін Шукевіч змяшчаў свае артыкулы ў "Літоўскім кур'еры" ("Kurier Litewski"), "Віленскім пасланцы" ("Goniec Wilenski"), "Віленскай штодзённай газеце" ("Dziennik Wilenski"), "Польскай газеце" ("Gazieta Polska"). З'яўляўся старшынём шматлікіх навуковых аб'яднанняў, як, напрыклад, у таемным "Таварыстве прыхільнікаў старажытнасці і чалавеказнаўства". Кніга выдадзена Таварыствам польскай культуры на Лідчыне" ў 2010 г.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX