Папярэдняя старонка: Дзеячы мастацтваў

М. Арол 


Аўтар: Чыгрын Сяргей,
Дадана: 25-05-2012,
Крыніца: Лідскій Летапісец №54.



Напісана ў Лідзе. Які Арол напісаў паэму?

З літаратурнай спадчыны

Калі Паэт М. Арол (Сцяпан Пяцельскі). я ўпершыню прачытаў паэму "Чаму ж усыхаюць кветачкі польскія на гною беларуска-літоўскім?", якую прапаную чытачам "Лідскага летапісца" і якая сёння ў друку з'яўляецца ўпершыню, мне прыгадаліся радкі верша "Сваякі" Янкі Купалы:

Раз абселі беларуса

Маскалі ды ляхі,

І давай яму сваяцтва

Тыкаці з-пад пахі:

- Ты мой ісцінны браточак! -

Маскалёк бармоча;

- Ты мой хрэснік, мой сыночак! -

Юда-лях сакоча.

Беларус жа ім на тое:

- Сваячкі мае вы:

Смачны жолудзь вам на каву,

Ды высока дрэва!

Гэты верш наш пясняр напісаў ажно ў 1914 годзе. Але ён не састарэў да сённяшніх дзён. І яго смела можна паставіць эпіграфам да паэмы "Чаму ж усыхаюць кветачкі польскія на гною беларуска-літоўскім?", якая была напісана ў 1921 годзе ў Лідзе. Праўда, хто аўтар "кветачак…" - застаецца загадкай. Адны даследчыкі сцвярджаюць, што аўтарам паэмы з'яўляецца беларускі паэт Сцяпан Пяцельскі [1] (1890-?), які друкаваў свае творы пад псеўданімам М. Арол. Іншыя не пагаджаюцца з гэтым і кажуць, што паэму напісаў нейкі іншы М. Арол. Так кандыдат філалагічных навук Янка Саламевіч, які ў 1991 годзе сабраў і склаў спадчыну М. Арла "Лірнік" (Мн., 1991), лічыць, што пад псеўданімам М. Арол выступаў нехта іншы, але не Сцяпан Пяцельскі. Таму і паэма гэта не была ўключана ў кнігу М. Арла "Лірнік". Тым больш, што М. Арол, па сцвярджэнні Янкі Саламевіча, памёр ад тыфу ў 1918 годзе на Украіне, а паэма "Чаму ж усыхаюць кветачкі польскія на гною беларуска-літоўскім?" была напісана ў Лідзе ў 1921 годзе. Такой думкі прытрымліваўся і яшчэ адзін беларускі літаратуразнавец Генадзь Шупенька.

Даследчык спадчыны М. Арла заслужаны настаўнік Беларусі з Гудзевіч Мастоўскага раёна Алесь Белакоз на сто працэнтаў упэўнены, што аўтарам "кветачак…" з'яўляецца менавіта Сцяпан Пяцельскі. Аўтару гэтых радкоў ён паведаміў, што М. Арол ад тыфу не памёр, а загінуў дзесьці ў пачатку 1920-х гадоў на Беларусі ці ў Латвіі. Яго родныя людзі пра гэта не ведалі, бо не вярнуліся з бежанства, а былі аддзелены мяжой ад Беларусі. Пэўны час Сцяпан Пяцельскі знаходзіўся ў Лідзе, дзе і напісаў сваю паэму…

Праз 90 гадоў паэма М. Арла прыходзіць да чытачоў, хаця, вядома, яна выкліча ў іх неадназначную рэакцыю. Тым не менш, гэта наша літаратурная спадчына, яна належыць беларусам, і мы пра яе павінны ведаць.

Сяргей ЧЫГРЫН.


М. АРОЛ
Чаму ж усыхаюць кветачкі польскія на гною беларуска-літоўскім?

Быў час… ах, слаўны быў час і ў нас -

Беларусаў з літоўцамі!

І ўспомніць ёсць аб чым,

І пагутарыць аб ім,

Аб тым часе старадаўнім

Так радасна!..

Два народы працоўныя, два люды сялянскія,

Каб чэсць сваю збараніць,

незалежнасць сваю захаваць

Ад ворагаў розных: ад немцаў закованых ў сталь,

Ад татар жоўтатварых, расейцаў магутных,

Асабліва ж ад ляхаў зайздросна-хітручых, -

Два народы гэтыя братэрскія

Шчыры і моцны саюз утварылі.

Саюз гэты шчыры двух народаў суседніх,

Саюз літвінаў з беларусамі

Даў магчымасць люду працоўнаму

Адагнаць сваіх ворагаў.

Мужнасць даў захаваць незалежнасць

Беларуска-літоўскага княства,

Даў магчымасць багацця сваё ўтрымаць

Ад варожых лап усіх ласых такіх,

Ад усяго, што здабыта цяжкай працай сялянскаю,

А не войнамі, не грабяжамі ў землях чужацкіх.

Між народамі брацкімі,

У агульнай дзяржаве літоўска-беларускай

Не чуваць было спрэчак аб межах сваіх,

Аб мове дзяржаўнай, усе былі роўныя.

Пашыралась асвета, навука і гандаль,

А моц усё ўзрастала да жаху ўсіх ворагаў.

Але быў адзін вораг, які не хацеў,

Не хацеў у супакою пакінуць

Беларуска-літоўскае княства.

І моцы не маючы гвалтам здалець, -

Ён хітрасцю хціўся пятлю накінуць

Люду працоўнаму.

Ось, з варожай старонкі заходняй,

Зрыхтавалісь паны ў падарожжа далёкае

Ў Беларусь і Літву за паважнымі справамі.

Добра ведае, што літоўцаў ці то беларусаў,

Як старых вераб'ёў на мякіне не зманіш,

Паны гэтыя хітрыя захапілі з сабой

Шмат чаго…

Іезуітаў вучоных, здольных Бога і чорта зманіць,

Дыпламатаў хітручых, што за пекнымі словамі

Чорныя, злыдныя думкі хаваюць…

Каб здзівіць - панабралі з сабой

розных рэчаў заморскіх,

Убраліся ў адзежы вытворныя,

Каб не гэтак, дык так, а не так, дык вось гэтак,

І ўсялякімі чынамі абыйсці, абмыліць, абхітрыць

Літвіноў з беларусамі.

Прыязджаюць і кажуць гэтак лісава-хітрасна:

- Князі-ваяводы літоўска-беларускія!

Паслухайце нас з Польшчы пекнай прыехаўшых.

Мы вам праўду згаворымо,

Праўду надта патрэбную,

Каб вы ведалі - навучыліся,

Як ад дзікасці вашай пазбавіцца…

Выбачайце вы нас, але ж вы - азіяты!

Ваша вера - паганская, вашы звычаі - дзікія,

Ваша мова - лясовая, ваша мова - барбарская,

І адзеты вы ўсе горш, чым хлопы вясковыя…

Паглядзіце на нас, на адзежы прыгожыя

І на дзівы нашы заморскія…

А час будзе вольны ў вас, князі-ваяводы,

Іезуітаў вучоных паслухайце…

Іх прамовы, кніжкі разумець навучыцеся.

А навучыцесь -

здольных да вас дыпламатаў прышлём,

Каб вучылі вас справам дзяржаўным,

Як народам сваім кіраваць

І здабываць сабе славу бяскрайнюю…

Наша польская мова - прыгожая,

Бо мы з Захадам знаемся…

Набіраемся…

(ох, чуць не ўскочыла слоўка "малпуемо"),

Набіраемось там адукацыі і прыгожы манер

І ўсяго… (чуць "грашэй" не сказалася),

І ўсяго… чаго хочацца.

Літвіны з беларусамі настарожылісь, прызадумалісь:

- Штосьці ёсць тут вужачага…

Не дарма гэта ляхі прыехалі,

Не дарма яны слоўкі закідваюць,

Штось ды хочуць ад нас выклянчыць

І каб у вочы не кінулась

Пачынаюць занадта здалёку:

- Аб мове гавораць, пра звычаі кажуць,

Вопраткі, дзівы заморскія, тычуць

І славу бяскрайнюю зычуць…

Іезуіцкіх кніжок навязлі, дыпламатаў варшаўскіх…

Просяць з мовай паляцкай спазнацца,

Каб ляпей нас зманіць

І салодкай атрутай спаіць…

Сталось так, як памыслілі.

Праз нейкі час зноў звяртаюцца ляхі

З такімі салодкімі слоўцамі:

- Каб запэўніць вас,

Што кахаем вас,

І не будзем вам шкоды рабіць,

Вашай згоды мы толькі папросім,

Каб вам… кветак прыслаць,

Польскіх кветак, пахучых…

Так аддзякаваць вас мы жадаем

За прыхільнасць за вашу, за ласку,

А ў прыдачу да кветак -

Дыпламатаў сваіх… іезуітаў…

Мы таксама ў вас пакідаем.

Няхай яны панскія кветкі пільнуюць,

Бо нашыя кветачкі кволыя

Патрабуюць добрай выховы,

Вымагаюць добрага гною…

І адна небяспека палохаець нас -

Гэта прыкрая… гнойная справа:

Баімось, кабы гной беларуска-літоўскі

Не пашкодзіў бы кветкам варшаўскім…

Але… ўсё ж такі кветачак польскіх,

Кветачак пекных, пахучых

Мы вам прышлём.

Калі ж прыдзецца блага

Кветачкам нашым каханым…

Мо варшаўскіх садоўнікаў

К вам мы дашлем

І яны, дзе патрэбна,

Дзе шкоду гной робіць, -

Аздабляць, выкідаць яго будуць

Па рэцэптам варшаўскім…

А прамовіўшы так, сабраліся паны

І паехалі зноў да сябе,

Каб ў Варшаўцы сваёй паўвар'яцкай

Баляваць сваю хітрасць паляцкую.

Літвіны з беларусамі, хоць сур'ёзныя людзі былі

І падчас добра ляхам патыліцу "грэлі",

Яны так мяркавалі з народам сваім:

- Што ж, сяляне-браты,

Не злякаемось мы

Гэтых кветак паляцкіх пахучых!..

Хай прышлюць!.. Хай растуць і ў нас

Яшчэ новыя кветкі… замежныя.

Калі пекныя будуць і паху дадуць,

Дык пасадзім расці і цвісці

На ўцеху дзяцей нашых мілых…

А калі ўсё - мана… і збадаемо мы,

Што паляцкія кветкі - атрута,

Дык затопчамо, знішчымо іх,

Як тую крапіву прыплотную…

* * *

Праз нейкі час, беларусы з літоўцамі

Азірнуліся - вачам не паверылі:

У Беларусь і ў Літву панаехала

Ўсіх гатункаў і масці, і колеру

Шмат паноў і паўпанкаў варшаўскіх…

Спяшаюцца землю купляць, будавацца,

І дзе-нідзе імкнуцца сялян абіраць,

Карыстаючысь іх цемнатой ды пакорай…

Ось пытаюцца гэтых наезнікаў

Ваяводы літоўска-беларускія:

- Хто паслаў вас? Адкуль вы?

І чаго вы так пхаецесь

У землі нашыя, землі сялянскія?

Што згубілі вы тут ці пакінулі?..

Адказалі на гэта паны:

- Чулі аб кветках,

Кветках пахучых?

Мы - тыя кветкі!

Мы - тыя пахі!

Згоду вы далі -

Сябе вінавацце…

Мы жа, палякі, -

Разумныя людзі.

Мы - ўсе паны,

А не проста хлопы.

Зямлю закупім,

Можа змахлюем,

Дамы збудуем,

Вашай працай.

Садзікі створым,

Кветак пасеем,

Кветак з атрутай…

Ўсё, зробім, усё… -

Не бядуйце!

Толькі бяда ёсць адна:

Гной ваш літоўскі ці то беларускі

Бульбу гадуець, хлеб добра родзіць.

Але для кветак зусім не падходзіць…

Ўрэшце… нішто! Мы будзем сеяць,

Будзем садзіць, пільнаваць, ратаваць…

Дайце нам, літвіны, беларусы,

Дык праз сотню гадоў, а можа хутчэй,

Столькі кветак мы тут распаўсюдзім,

Што забудуць сяляне пра бульбу і хлеб,

Упіваючысь пахам паляцкім!

А мы будзем працаю іх карыстацца

І кішэні грашмі набіваць…

* * *

З той пары шмат гадоў прамінуло.

Больш як сотню гадоў іезуіты, ксяндзы,

Дыпламаты, пісакі варшаўскія

Ўсё ўбівалі ў сялянскія голавы, -

Што паны - між сялян,

А маёнткі - між вёсак -

Гэта - "кветкі заходняй культуры",

Што сяляне Літвы, жыхары Беларусі,

Ўсе тут людзі, іх вёскі і праца

І ўсё гэта разам сабраўшы, -

Толькі - грунт, толькі - гной,

Каб раслі гэтыя польскія кветкі…

Што было паскудна і дзіўна:

То - не толькі жыхарству Літвы, Беларусі,

А нават народам заходняй Еўропы

Імкнулісь палякі ім вочы сцяміць, -

Пісалі, крычалі і нават кляліся:

- Насадзім культуру Літве-Беларусі,

Толькі дайце нам волю і права

Сялянства ўпрагчы, як працоўнае быдло!..

Сярод польскіх гарачых галоў

Пазнаходзілісь нават такія,

Якім марылась… Бог няхай крые!
Па-над ўсёй Беларусяй з Літвою

Запахнуць ўсе польскія кветкі,

ольскі пах запануе над вёскай,

Не чуваць будзе гутаркі "хлопскай"…

Будзе Польшча… ах, Польшча "ад пекла да пекла"!

Але не, не збылісь гэты мары паляцкія!

Схамянулась жыхарства ў Літве, Беларусі:

Ачуняла ад паху варшаўскага

І ўбачыло добра, што ўсюды

Столькі вырасце кветак пахучых…

Гэты пах напаўняе паветра атрутай,

Ад якой у сялян так баліць галава,

Мазалі на далонях так хутка растуць,

Ныюць плечы ад працы натужнай.

Заўважыў таксама літвін з беларусам,

Што не ўсюды паны… выбачайце!.. кветкі,

Не ўсюды кветкі расквітаюць, не ўсюды растуць.

Дзе сяляне мацней і ляпей згуртаваныя,

Дзе мацней і зручней падцінаюць касой,

Нават рэжуць касой і топчуць нагой -

Там марнуюцца кветачкі панскія.

Запрыкмеціўшы так, пачалі пільнаваць

Добрай хвілі і зручнага мэнту,

Кабы разам, ў канец і дашчэнту

Пакасіць, патаптаць гэты кветкі паганыя…

* * *

Літвінам якось трапілась лепі…

Надыйшоў гэты момант жаданы

І пайшлі працаваць востры косы літоўскія,

Падразаючы польскія кветкі!..

Сталі гінуць, марнець,

Траціць колер і пах,

Усыхаць, прападаць… уцякаць…

Гэты… як іх… магнаты пахучыя!..

Праўда, што ёсць, засталося ў Літве

Дзе-нідзе - пар з дзясятак маёнтачкаў польскіх,

Але… соку няма, пах сапсуўся зусім…

Селянін тут з касою ля боку стаіць…

Дышыць вольным паветрам літоўскім

І пяець сабе песню сялянскую:

- Квецікі, вы кветачкі, годзі вам тут жыць,

Годзі, мае мілыя, сокі нашы піць!..

Выязджайце ў Польшчу, дзе чакаюць вас,

Бо здарыцца хвіля… і я зрэжу ўраз…

* * *

Беларусам не так шанцавала…

Часамі траплялась і добра скасіць

Тыя кветачкі польскія, гэты пахі смярдзючыя,

Затаптаць і з карэннем павыдраць,

Як палын ці крапіву прыплотную…

Але зноў такі, зноў вырасталі паганыя!..

А за імі раслі, як грыбы па дажджу

Ўсё жандары, жандары… жандары…

Селянін-беларус зразумеў ужо добра,

Зразумеў, што ад кветачак польскіх атрута плыве,

Каб яго атруціць і ў магілу спусціць…

Не паночкі! Не, кветкі смярдзючыя!

Не абмыліць вам люду сялянскага!

Бо ён добра пазнаў, дасканала даведаўся,

Чым вас можна згубіць, даканаць.

Трэба усім беларусам-сялянам

Аб'яднацца, і зліцца, і мэту паставіць:

Усё глыбей і мацней сваім плугам араць,

Каб з карэннямі кветачкі рэзаць.

Разам ўсёй грамадой выхадзіць на пакос,

Навастрыўшы ўсе косы сялянскія,

Каб смялей і мацней, і шырэй

Пасцінаць ўсе атрутныя кветкі,

А далей… а далей, каб насення не далі

Ўсіх у Варшаву паслаць…

Хай палічуць іх у Сейме варшаўскім!..

Толькі гэтакім чынам, грамадскім змаганнем

Дасягнуць можна мэты жаданай.

Беларусы-сяляне! Вы павінны змагацца,

Змагацца агульнай вялікай сям'ёй,

Каб пасохлі ўсе кветачкі польскія

І дарогу да вашай зямлі каб забылі,

Як забылі ўжо да Літоўскай!

Ліда, 1921 г.



[1] Сцяпан Пяцельскі (літ. псеўд. М. Арол, каля 1890, в. Гарадок Беластоцкага павету, Польшча -?) - беларускі пісьменнік, публіцыст. Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Пасля заканчэння царкоўна-настаўніцкай школы ў Ялоўцы (1909) вучыў дзяцей у Ялоўцы, Гарадку, пазней у Струзе (цяпер Мастоўскі раён, 1910-12) і Парэччы на Гарадзеншчыне. У 1913-14 г. жыў на Ковеншчыне. На пачатку Першай Сусветнай вайны мабілізаваны ў армію. Прымаў удзел у баявых дзеяннях. Узнагароджаны Георгіеўскім крыжам. Апошнюю вестку да сям'і выслаў 25 верасня 1917 з Украіны, дзе стацыянавала яго 16-я артылерыйская брыгада.

З першым вершам выступіў у друку ў 1909 г. (газета «Наша ніва»). Паэтычныя і публіцыстычныя творы пісьменнік публікаваў у "Беларускім календары «Нашай нівы», часопісе «Лучынка» і іншых беларускіх выданнях. Падрыхтаваў кніжку паэзіі «Лірнік» і ў 1913 паслаў у Віленскае выдавецкае таварыства, але выхаду яе перашкодзіла Першая Сусветная вайна. Асобныя творы змешчаны ў кнігах «Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры» (Вільня, 1927), «Беларуская дакастрычніцкая паэзія» (1967), у «Беларускім календары» (Беласток, 1979).

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX