Вярнуцца: Дзеячы мастацтваў

Бачароў Віктар


Аўтар: Мельнік Міхась, Хітрун Алесь,
Дадана: 21-03-2011,
Крыніца: Лідскі летапісец №49.



60 год з дня нараджэння

Бачароў Віктар Мітрафанавіч(8.02.1950 - 3.10.2004, Менск). Нарадзіўся ў Краснаярску, выпускнік Гарадзенскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута (1975), грузчык, арматуршчык, бетоншчык, запраўшчык, заг. склада, метадыст Дома піянераў, нам дырэктара - арганізатар пазакласнай і пазашкольнай працы, дырэктар СШ № 13 (з 1986). У Лідзе з 1975 г., жыў па вул. Машэрава, 13-14. Паэт і празаік, аўтар кніг "Разговор" (1996), "Пора брать" (1998), "Калi адзвiнеў званок" (1998), "Дембель неизбежен" (1999), "Стихи из прошлого века" (Туапсэ, 2001). Пасмяротныя зборнікі: "Золотая тёлка или по следам золотого телёнка" (2006), "Птица из Персидского залива" (Ліда, 2010).


Шчырага сэрца парывы

Бачароў Віктар (10KB) Бачароў Віктар Мітрафанавіч.Мітрафанавіч нарадзіўся 8 лютага 1950 года ў горадзе Краснаярску (Расійская Федэрацыя) у сям'і вайскоўца. З 1959 года жыў у Беларусі, а з 1975 г. па верасень 2002 года жыў і працаваў у нашым горадзе. Атрымліваючы адукацыю, скончыў сярэднюю школу №1 г. Гародні і філалагічны факультэт Гарадзенскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Я. Купалы. 27 гадоў працаваў ва ўстановах адукацыі горада Ліды. З іх 16 гадоў - дырэктарам СШ № 13. Неаднаразова быў абраны дэпутатам гарадскога Савета дэпутатаў.

У 1960 годзе надрукаваў першы верш у рэспубліканскай дзіцячай газеце "Зорька". А з 1964 года пастаянна друкуецца ў "Гродзенскай праўдзе" і іншых рэспубліканскіх газетах і часопісах. Супрацоўнічаў з літкансультантам абласной газеты Васілём Быкавым, ужо у той час слынным пісьменнікам. Такама меў пастаянныя сустрэчы з празаікам Аляксеем Карпюком, паэтэсамі Данутай Бічэль-Загнетавай, Вольгай Іпатавай і іншымі.

Свой першы зборнік, які пабачыў свет у 1996 годзе, Віктар Бачароў назваў "Разговор". У гэтай назве хаваецца высокі сэнс. Паэт імкнецца да жывой сувязі з людзьмі і распачынае душэўную размову не толькі з імі, сябрамі, але і з сабою аб пачуццях да Радзімы, аб сэнсе сённяшняга дня, аб ваенным ліхалецці і, зразумела, аб каханні. "Усё гэта ўжо было ў паэзіі", - змрочна скажа хтосьці.

"Вядома, як Сусвет", - саркастычна дабавіць іншы. Так, вядома, як вечна юнае сонца, як зялёнае полымя траў, што успыхвае кожнай вясной, як шчабятанне птушак і таямнічая глыбіня вадзяных струменяў. А талент, як сказаў паэт, ёсть тая адзіная навіна, якая ніколі не старэе. І таму знаёмы свет у вершах В. Бачарова адкрываецца новымі гранямі, расцвітае іншымі колерамі, паўстае ў новым святле з новымі жыццёвымі пытаннямі і новымі пачуццямі. Захапляюць сваёй шчырасцю і пранікнёнасцю многія вершы чатырох раздзелаў гэтай кнігі.

А я занёс бы

Ў кнігу Гінеса

Травы расток...

Той, што вясна

На крылах вынесла

Праз пыл дарог.

А затым выдаюцца кнігі: "Пора брать!" (1998 г.), "Калі адзвінеў званок" (1998 г.) у перакладзе на беларускую мову, п'еса "Куда идёт наш Титаник?" (1999 г.), "Дембель неизбежен" (2000 г.), "Стихи из прошлого века" (2001 г.).

Гэтыя творы розныя па жанрах, і ўсе яны знаходзяць сваіх чытачоў: ці гэта вершы, гумарыстычная проза, афарызмы, шаржы ці гэта аповесці для дзяцей.

"Яшчэ добра і тое, што ў творчасці Віктара Бачарова адчуваецца шырокая, адкрытая натура аўтара, якая здольна кахаць і сябраваць, любіць жыццё і радавацца жыццю, і часам засмучацца. Ці не па гэтай прычыне многія вершы ён прысвяціў жанчынам, мясцовым паэтам-сябрам, аднадумцам, роднай прыродзе, гораду Лідзе", - пісаў у свой час пра яго на старонках "Лідскай газеты" вядомы паэт - зямляк Уладзімір Васько.

З верасня 2002 г. Віктар Бачароў жыў і працаваў у г. Менску. Некаторы час займаў пасаду загадчыка аддзела выхаваўчай работы Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта. У газетах і часопісах друкаваў свае творы, супрацоўнічаў з тэатрамі як аўтар п'ес, рыхтаваў да выдання новыя кнігі...

Трэцяга кастрычніка 2004 года на 55-ым годзе жыцця Віктар Бачароў раптоўна памёр. Ён умеў кахаць і любіць. Шмат хвалюючых радкоў пра каханне напісана Віктарам Бачаровым. Яны захапляюць сваёй пяшчотай і душэўнай цеплынёй.

У Віктара Бачарова было вельмі многа сяброў. І я ганаруся, што ў мяне звязвала цеснае сяброўства і творчае супрацоўніцтва з ім яшчэ са студэнцкіх гадоў. Я запомніў яго чулым і шчырым, вясёлым і добразычлівым...

Міхась Мельнік,

кіраўнік літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты".


Незабыўны чалавек

Памяць пра Віктара Мітрафанавіча Бачарова ў мяне засталася ў добрых успамінах. Памятаю першае сваё знаёмства з ім.

Пасля заканчэння Крупаўскай СШ я накіраваўся на вучобу ў мясцовае ПТВ - 196. На працягу вучобы я дазнаўся, што непадалёку ад вучэльні, знаходзіцца сярэдняя школа № 13, дырэктарам якой з'яўляецца Віктар Бачароў. Вось тут я, набраўшыся смеласці, і задумаў з ім пазнаёміцца. Пасля заняткаў я крочыў у СШ № 13. Пераступіўшы парог школы, я запытаў у гардэробшчыцы:

- Дырэктар у сябе?

- У сябе, - адказала тая.

Адчыніўшы дзверы кабінета дырэктара, я ўбачыў мажнога чалавека, які размаўляў па тэлефоне. Угледзеўшы мяне, ён паклаў трубку і грозна сустрэў:

- Ты чаму без стуку? Цябе што не вучылі?... Чаго табе трэба?

Напэўна, ён думаў, што я - вучань гэтай школы і як дырэктар вырашыў узмацніць на мяне голас. Самога Бачарова я бачыў раней калі вучыўся ў школе - у Крупаве. Тады ён прыязджаў туды з Міхасём Мельнікам, і яны чаталі ў зале свае творы. Тады я на іх глядзеў як на боскіх асоб.

- Прабачце, калі ласка, - сказаў я спужаным голасам ледзь не глытаючы свае словы ад спалоху, - я не ведаў гэтага. Я пішу вершы і мне сказалі, што вы мясцовы лідскі паэт. Хацеў бы з вамі пазнаёміцца...

Казаў я яшчэ нешта. Але на вачах Віктара Мітрафанавіча ўжо з'явілася нейкая дабрыня, і ён адказаў мне:

- Вельмі добра! Прыносьце свае вершы, я іх пагляджу і дам свой аналіз.

Пасля гэтага я перапісаў свае вершы ў чысты сшытак і аднёс Бачарову. На гэты раз перад тым, як увайсці, я стукаў у дзверы, пакуль той не дазволіць голасным: "Да, да!". Сядзелі мы з ім доўга, разбіралі мае творы беларускамоўнага і рускамоўнага характару. Пазначаў ён мае памылкі. А потым ён у мяне спытаў:

- Саша, ты хто па нацыянальнасці?

- Паляк! - адказаў я.

- Не, ты беларус. Ты родам з Беларусі. І ты павінен пісаць на беларускай мове. Я - сам родам з Расіі, то і пішу на рускай, а на беларускай у мяне не атрымліваецца.

І з тых часоў я пачаў прытрымлівацца гэтага загаду. З цягам часу ў мяне сталі з'яўляцца неспадзяваныя творы, і я заўважыў, як у мяне пачало лепш атрымлівацца з паэзіяй, з правіламі рыфмоўкі і рытму. Пасля мой "настаўнік" даў асабіста мне чысты сшытак, каб я перапісаў апрацаваныя вершы. У хуткім часе ён сказаў, што ў мяне ўсё атрымаецца з творчасцю.

Дазнаўшыся, што ў майго "настаўніка" ў хуткім часе прыбліжаецца юбілей (50 год), я вырашыў зрабіць яму падарунак. Купіў дэзадарант і паштоўку. Ён вельмі быў удзячны мне за падарунак. Ведаючы, што я чалавек безграшовы, студэнт, працягнуў запрашальны білет у ГДК на яго 50-годдзе - літаратурны вечар "Пока пишу - живу". паведаміў мне што на вечар прыедуць Юрка Голуб, Данута Бічэль і іншыя вядомыя літаратары. Білет застаўся да гэтых часоў у мяне..

На гэтай вечарыне мне і пашчасціла ўбачыць і пазнаёміцца з вышэйназванымі паэтамі і з іншымі сябрамі юбіляра, з якімі я сябрую да гэтых часоў. Самае галоўнае, што засталося ў маёй памяці - фотаздымак з усімі сябрамі Віктара Мітрафанавіча. Гэта адзіны здымак, дзе я знаходжуся побач з сябрамі пры жыцці паэта.

Пасля ўсяго сказанага ў мяне з'явілася цяга да гумару. Настаўнікам яго зноў стаў Бачароў. І да гэтых часоў гэты жанр ў маёй творчасці бытуе і дасягнуў невялікіх вяршынь. Спрабаваў я сябе і ў якасці перакладчыка: перакладаў рускамоўныя вершы сябра на беларускую мову. Мне ён таксама даў значную адзнаку за гэтую працу і рады быў пачуць свае творы ў беларускім варыянце. Ведаў я яго і як кампазітара. Часта слухалі мы яго песні, запісаныя на касеце.

Калі ён падпісаў мне свае кнігі і адну з іх "Дембель неизбежен", то сказаў:

- Прачытай яе, і я спадзяюся, што і ты напішаш штосьці падобнае пасля войска.

Служыўшы ў войску, я не раз яму тэлефанаваў, падтрымліваў сувязі. Пасля дазнаўся, што мой "настаўнік" у Лідзе не працуе і наогул не жыве тут, а пераехаў у Менск да бацькоў. І туды я яму патэлефаноўваў, і яму было прыемна, што яго не забываю. І аднойчы мне па тэлефоне прызнаўся, што збіраецца выдаць яшчэ адну кнігу (гэта кніга "Золотая тёлка").з цягам часу я зноў тэлефанаваў яму. Ён хацеў, каб я да яго прыехаў, калі буду ў Менску.

Просьбу ягоную я не выканаў, не атрымалася. У канцы 2004 года я дазнаўся, што яго не стала... Цяжка было мне пачуць гэта, калі я ўдакладніў яшчэ і ў Міхася Мельніка. Ён паведаміў, што сам быў на пахаванні нашага сябра ў Менску. Дарэчы, гэта быў дзень настаўніка. І цяпер толькі фотаздымак, запрашальны білет і падпісаныя мне кнігі напамінаюць пра блізкага мне чалавека Віктара Мітрафанавіча Бачарова.

Для мяне ён з'яўляецца першым літаратурным настаўнікам, які накіраваў маладога творца ў Краіну мастацкай літаратуры, дзе ўжо імя яго было на высокім ўзроўні. А сваю эстафету ён перадаў сваім сябрам, якія не пакідаюць мяне і вучаць літаратурным мудрасцям далей.

У лютым 2010 года Віктару Мітрафанавічу споўнілася 60 год з дня яго нараджэння. Прайшло 10 год, як мы пазнаёміліся, і гэтае знаёмства будзе доўгапомным для мяне, а імя паэта будзе векапомным для кожнага, бо творы не знікаюць, напісанае застаецца - і гэта памяць і гісторыя літаратурнай спадчыны Лідчыны.

Нізкі паклон Вам, Віктар Мітрафанавіч!

Алесь Хітрун,

сябар літаб'яднання "Суквецце",

студэнт філфака Гарадзенскага

дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы.


 
    
    
    
    
    У ВЯНОК ВІКТАРУ БАЧАРОВУ
    
	
    Смарагд Сліўко
	
    Віктару Бачарову
    
    Зноў зазвінела світанне
    Вясёлкай лістоты і кветак...
    Як адказаць на пытанне:
    Хто ж ён, паэт адметны?
    
    Смелага пэндзля мазок
    На палатне ўпартым,
    Каб зазвінеў каласок,
    Што ўздых для тугі і жартаў.
    
    А можа, спявак - гітарыст
    Мацае нервы рукою,
    Каб міліцыйный свіст
    Пеў салаўём над ракою?
    
    Ён ў песні, слязе і ў сяўбе
    Веснюю музыку ладзіць,
    Ідзе ад сябе й да сябе,
    Жыве ў неспакойным суладдзі.
    
    Дык хто ж ён такі, паэт?
    Шукаю патрэбнае слова,
    Каб мой рыфмачовы шкілет
    Моцнасцю быў з Бачарова!
    
	(Пераклад Міхася Мельніка)
   

    Іван Гушчынскі
    
	
    ІДЗІ І ВЯРТАЙСЯ
    
    Віктару Бачарову
    
    Вучыла матуля:
    Ад зла не хавайся.
    Далонькай атуліць -
    Ідзі і вяртайся.
    
    Трывога танула
    Ў бацькоўскім басе:
    Будзь моцным, сынуля,
    Ідзі і вяртайся.
    
    Шаптала сястрычка:
    Зграшыў, дык пакайся.
    Пегас - конь без брычкі,
    Паехаў - вяртайся.
    
    З сябрамі не цесна
    На шумным Парнасе,
    І з мяккага крэсла
    Ідзі і вяртайся.
    
    А рыфма гарэла
    Не ў піве ці квасе...
    І - сажай па белым:
    Ідзі і вяртайся.
    
        
    Міхась Мельнік
    
    Прысвячэнне Віктару Бачарову ў сувязі з прэзентацыяй яго першай кнігі паэзіі "Разговор" /14.11.1996 г./
    
    Паэзія у Бачарова -
    Заўсёды шчырая размова...
    У ёй і вершы - прысвячэнні,
    У ёй і лірыка кахання,
    І грамадзянскае дыханне,
    І бардаўскае хваляванне...
    Ён піша востра і калюча
    На ўсіх знаёмых эпіграмы.
    Укол яго, хоць і балючы,
    Затое ж і карысны самы!
    Трэба тут сказаць адкрыта.
    Што майстэрства ў ім зарыта:
    Аж закіпае ў жылах кроў,
    Як напіша Бачароў!
    Яму падуладны і песня, і верш,
    Сатыра, і гумар, і сага...
    Ды ўсё-такі яго спапяляе найперш
    Духоўная смага.
    Хай водзіць Гасподзь заўжды ў цішы
    Твоаёю рукою.
    Дай, Божа, тваёй хрысціянскай душы
    Любві і спакою...
    І хоць зняверышся часамі,
    Ды, адвяргаючы адчай,
    Праз лёс нясецца твой Пегас -
    Яго не спыніць строгі час.
    Хоць сорак год табе даўно,
    Але сябры ніяк не вераць:
    "На вушы кінь лапшу чапляць!-
    Ну, два па дваццаць можна даць..."
    А ты з усмешкаю: "Вы што...
    Давайце лепей два па сто!.."
    
        
    Алесь Хітрун
    
    МЭТА ЖЫЦЦЯ
    
    Віктару Бачарову
    
    Жыццё не ведае мяжы -
    Яно адведзена нам Богам.
    Камусьці мёд, каму ражны:
    У кожнага свая дарога...
    Пакінуць кожны хоча сам
    Пасля сябе сцяжынку,
    Шчэ хтосьці піша лёсу план,
    Ў кагосьці ўсё - малінкай.
    Але дарэмна усё гэта,
    Трэба спадзявацца...
    А ў Бога адна мэта:
    Са злыбядой змагацца.
    Вершы Віктара Бачарова ў перакладзе на беларускую мову
    
	
    * * *
    
    А я занёс бы ў кнігу Гінеса
    травы расток...
    Той, што вясна на крылах вынесла
    праз пыл дарог.
    Ці не рэкорд жа для былінкі
    асфальт прабіць
    і са свабодаю ў абдымку
    прастор любіць!
    Такую сілу нам бы, людзям,
    каб цераз лёс
    пранесці ўсё, што з намі будзе,
    і ўсё, што ёсць...
    Каб не быць рабом чырвонца
    на паперці,
    калі цягнуўся ты да сонца,
    каб змог дайсці.
    
	(Пераклад Станіслава Судніка)
   
   
    Леаніду Вінніку
    
    Надакучыла! Ногу ў стрэмя ўраз,
    разарваць туманоў смугу,
    ды бяда, дзе ты возьмеш час,
    хвілю выкраіць не магу.
    Хвілю выкраіць, згадаць даўняе,
    і пра прышлае патужыць,
    і на міг цябе, мая слаўная,
    да грудзей сваіх прытуліць.
    На хвіліну да хаты матчынай
    мне не вырвацца ну ніяк. .
    Ну ў каго я такі няўважлівы,
    ну ў каго я такі басяк.
    Ні хвіліну, каб душу вылечыць,
    ў Божы храм з павіной зайсці
    і адчуць дух святы, вялічавы,
    ды ўсё некалі, маць яці!
    Надакучыла. Ногу ў стрэмя ўраз, .
    сам сабе не падам вады ...
    А на смерць ці знайду хоць час?
    Не знайду? Ну такой бяды.
    (Пераклад Станіслава Судніка)
   
    
    Леаніду Вінніку
    
    Назалелае ўсё і прыкрае,
    Хоць ты ў стрэмя - й на ўцёкі наўскач,
    Як акраец часу мне выкраіць?
    Не хапае яго, хоць плач!
    Дзе той час - нагадаць мінулае
    Ды па будучыні пахадзіць.
    I цябе мне, харошая, чулая,
    Няма часу падсаладзіць.
    Сівізны не бачу матулінай,
    Каб сагрэць цеплынёй рукі.
    I чаму стаў такі не чуйны я?
    I ў каго я ўдаўся такі?
    Дзе знайсці мне час, каб ачысціцца -
    3 пакаяннем з'явіцца ў храм
    I душой да нябёс узвысіцца...
    Бляха-муха, няма часу нам!
    Назалела ў крутні спружыніцца.
    Горка збрыдзеў я сабе сам.
    Нават часу няма каб супыніцца.
    Ды такі шанц Бог дасць і нам...
    (Пераклаў 04.12.2000 г. Пятро Макарэвіч)
    
    
    * * *
    
    Я ціха памру і сыду ў паднябессе...
    Ты ціха паплачаш, маю ўспомніш песню...
    I дзеці паплачуць, адны без пары,
    I ціха падыдуць з жалобай сябры.
    I словы прамовяць, і ціха ўсе ўстануць,
    I ціха хвілінай маўчання памянуць.
    А потым адыдуць прыстойна і ціха,
    Над домам з жалобою каркне грачыха...
    Пастойце,
    я супраць, каб так усё ціха,
    Жыццё я пражыў і цікава, і ліха!
    Не раз плакаў я, і не раз я смяяўся,
    Не раз я і біўся, і шмат цалаваўся.
    Дабро я пабачыў, і бачыў я зло,
    I шчасце ў жыцці са мной побач ішло.
    Шанцавала таму, што сяброў меў я шмат,
    I ў каханні спрадвек быў зухвалы я хват.
    Я ўверх падымаўся і падаў з гары,
    Ўсяго нахапаўся за жыцце, сябры.
    Пагэтаму "ціха" - не трэба, малю,
    А то памінальных ста грам не налью.
    (Пераклад Станіслава Судніка)
    
       
    * * *
    
    Восень біла па акне мне
    залатым лістом.
    Я з табою пасумую,
    ўзяўшы два па сто.
    Я з табою пасумую,
    вось і ўвесь мой сказ,
    на жыццё шукаў такую,
    а знайшоў на раз.
    Што ж і раз напэўна многа,
    шчасця цераз край.
    Дождж дубасіць за парогам,
    ну, а ў нас тут рай.
    Тут збываюцца жаданні
    пад капельны гук,
    і прысутнічае тайна
    паміж ласкай рук.
    
	(Пераклад Станіслава Судніка)
   
   
   СУСЕД
    
    Учора ж ён газету браў
    3 святочнаю паштоўкай,
    Ў сваёй кватэры напяваў
    Матыў вясёлы, звонкі.
    
    Учора ж новую вясну
    Вітаў каля альтанкі,
    Дымок цыгаркі ў быль-вайну,
    Пускаўшы абаранкам.
    
    Учора ж крочыў на парад
    У гонар перамогі,
    I ордэнскі бліскучы рад
    Дзятву браў да знямогі.
    
    I раптам сёння ў наш пад'езд,
    Дзе яго крокі пелі,
    Прыйшоў на развітанне лес
    Сцяжынкай з лапак елак...
    (27-28 лістапада 2000 года пераклаў
    Пятро Макарэвіч)
    
	
    * * *
    
    Калі ласка, выкінь тло
    I не дзьміся марна.
    Неба чыстае, як шкло.
    Што ж табе так хмарна?
    
    I ў душы ўсё неўпапад,
    Нікуды не варта.
    Я душы такой не рад,
    Ды і ты не рада.
    
    Які ж дожджык начапляў
    Кропелек на вейкі?..
    На калені я бы ўпаў,
    Каб стаў лад хоць нейкі.
    (29.11.2000 г. пераклаў Пятро Макарэвіч)
    
    
    У ПОЛІ
    
    Вабіць даль з ускрайку поля,
    А блакітны парасон
    Лье на роднае прыволле
    Жаўруковы перазвон.
    
    Светла ім, а мне свабодна.
    Ім лунаць, а мне хадзіць.
    Так і хочацца любоўна
    Ўсе расінкі захапіць,
    
    Наталіцца прахалодай
    I мацней зямлю любіць,
    I лічыць за ўзнагароду -
    Сынам тут да скону жыць.
   
   (30.11.2000 г. пераклаў Пятро Макарэвіч)
    
    
    * * *
    
    Лістапад. Лісталёт. Лістабой...
    Можа, сталася нешта з табой?
    
    Нечакана, нябачна, крадком
    Гаркатой восень рынула ў дом.
    
    Медным россыпам лісце звініць,
    Па-асенняму сумна гарыць.
    
    Вядзе з ветрам зноў вечны свой бой
    Лістапад. Лісталёт. Лістабой...
    
    Тэлефонная трубка маўчыць.
    У ёй гудкі, як машьны ўначы.
    
    I сваім адзінокім гудком
    Клічаш ты, бы хусцінкай-рукой...
    
    Мабыць, лёс задыхаецца мой...
    Лістапад. Лісталёт. Лістабой...
    
    Ды бяду я дагнаць не паспеў,
    Быццам гнаўся за тысячай стрэл.
    
    I цяпер ля шпітальных палат
    Абдымаю я белы халат...
    
    Значыць, быць, як раней, нам з табой...
    Лістапад... Лісталёт... Лістабой...
    
   (01.12.2000 г. пераклаў Пятро Макарэвіч)
    
    
	* * *
	
    За поўнач зімой я
    Ацэньваў былое.
    Яно вось такое
    Пушкое й цяжкое.
    
    Пакінуты снамі,
    Ўсё зважыў і змераў
    Сваімі рукамі,
    Няўмольным бязменам.
    Трывожна ў адчаі
    Навіслі, як хмары,
    I ў сэрца крычалі
    Няўцехамі мары.
    I ўстаў я, разбіты
    Высновай трывалай:
    Як многа пражыта,
    Як зроблена мала.
	
    (02.12.2000 г. пераклаў Пятро Макарэвіч)
    
	
    СЯБРАМ
    
    Дзякуй вам, што вы прыйшлі,
    Сябры, сяброўкі!
    Прысядзьце тут, у святой цішы,
    У свае конаўкі
    Наліце кожны грам па сто,
    Заешце хлебам.
    Узгорак могільны - не стол
    Пад куплам неба.
    Але ж прыйшлі... Я рады вам, -
    Вас дзень чакае.
    А мой партрэт, што сярод брам
    Тут пазірае.
    Не я адзін ужо такі,
    Мінулым вее:
    Адзін партрэт, за ім другі,
    Як галерэя.
    А вы прыйшлі. Я рады вам,
    Мае сябры,
    Бо пару год назад я сам
    Стаяў тады.
    І іншых так жа памінаў,
    І ўсё я каяўся...
    Цяпер і сам яе спазнаў,
    Вас тут чакаю...
    (Пераклад Алеся Хітруна)
    
	
    ГАДЫ ТЫ ПОМНІШ...
    
    Міхасю Мельніку
    Гады ты помніш залатыя?
    Яны шумелі, як прыбой...
    Што зваць іх будуць ўжо "застоем"
    Мы шчэ не ведалі з табой.
    
    Ды яны і не стаялі,
    Яны круцілі ў віхры нас,
    Каханнем сэрцы напаўнялі,
    Душу цягнулі на Парнас.
    
    І сіл хапала, і памкненняў;
    Было нам ўсё тады з рукі,
    Бо кожны верыў, што ён геній,
    Што моцныя яго радкі,
    
    Што і пад зоркай будзе вечна,
    Што будзе маладым і мілым...
    Прайшлі гады ўжо. Мой паплечнік,
    Лічыць іх не хапае сілы.
    
    Усе гады мы да знямогі
    Нага ў нагу ішлі з табой.
    Бо ты і я - мы педагогі.
    І гэта - пастаянны Бой...
    
    Хоць змены ў лёсе йдуць не блага,
    Будуюць дзеці ўжо масты,
    Але не знікла ў жыцці смага,
    Заўжды ў адказе -- я і ты...
    
    А новы час нам ні шыша
    Зноў не прынёс, ці ў першы раз?
    Ды, як раней, заве душа
    На паэтычны наш Парнас.
    (Пераклад Алеся Хітруна)
    Я РАЎНУЮ ЦЯБЕ....
    
    Я раўную цябе толькі к смерці:
    Тая возьме, назад - не аддасць...
    А мне хочацца вельмі, павер ты,
    Горыч каб не даткнулася нас...
    Каб адчулася сонца ў далоні,
    Я тваю паціскаю далонь.
    Як змагчы хоць бы кропельу болі
    Ад цябе мне забраць у свой боль?...
    (Пераклад Алеся Хітруна)
    
	
    СТАРЫ ГОРАД
    
    Стары горад дрымотны,
    Толькі мы не адны:
    Вецер гоніць лістоту,
    Затушыў ліхтары.
    
    Ноч ідзе па заплеччы,
    І ў нямой цішыні
    Дзесьці плача малеча,
    Нешта хлопча сасніў.
    
    Вось прабег чорны кот
    І бядоту забраў.
    Дожджык грае без нот
    На вяршынях дубраў.
    
    Начны свет бліскануў
    І прапаў у аблоках.
    Стары горад заснуў, -
    Не міргнем і мы вокам...
    (Пераклад Алеся Хітруна)
    
    
    НА МУШКУ СМЕРЦЬ...
    
    На мушку смерць мяне ўзяла,
    Стуліўшы на курку свой палец.
    Нібы ў дрэва лісцік адняла
    І да зямлі трымае танец.
    Колькі танцу доўжыцца, не знаю
    І калі зямліца прыгарне?
    А ўсё ж лістком я крыху палятаю,
    Вецер, мне здаецца, за мяне...
    (Пераклад Алеся Хітруна)
    
    
    НА СУСТРЭЧУ К БОГУ...
    
    На сустрэчу к Богу не спяшаюцца,
    Час у час прыходзяць да яго.
    Толькі тэрмін тых сустрэч вагаецца.
    Як памеры рэк між берагоў.
    
    Адзін бераг той - жыццёвы бераг,
    А другі, дзе век адпачываць.
    І няхай нястача сілы ў нервах -
    На другі не думай ты ступаць.
    Тут яшчэ пачуеш ты дыханне
    Той, чый любы воку кожны крок,
    Парасткаў вясенніх набуханне,
    Раніцай народжаны радок.
    
    Можа здарыцца, што і ты спаткнешся
    На нялёгкім бегу па жыцці...
    Добра тое, што яшчэ прачнешся,
    Покуль на той бераг не пачаў плысці...

   (Пераклад Алеся Хітруна)
	
   
    КРОПКІ НАД "І"
   
    Прыйшоў той час над "і" паставіць кропкі.
    Ты ўсё бяжыш, ды можаш шчэ прыбавіць кроку,
    Гэты забег, дарэчы, стаў не мой,
    Як я ні біўся, адзін толькі боль.
    Кажуць, пражыць, не прайсці цераз поле,
    У кожнага ёсць і сцяжынка, і доля.
    Нашы сцяжынкі нас не злучылі,
    Ды і не доўга мы разам пражылі.
    Над "і" кропкі паставіць час падышоў,
    Думкі ўсё гінуць ізноў ды ізноў.
    Не хачу я жадаць ні грама бяды.
    Шкада, што каханне ўносяць гады.
    Няхай холад душу тваю не студзіць,
    Хай нас з табою люд ужо не судзіць,
    Дай Бог, каб шчасце цябе адшукала,
    Жыццё каб не біла, а толькі ласкала.
    Кропкі над "і", кропкі над "і"...
    Побач з табою мы быць не змаглі.
    І кожны разрыўны радок у жыцці,
    Як наш лёс шматкропны. Кропкі над "і"...
    
   (Пераклад Алеся Хітруна)
    
	
    У ЗАЛЕ РАД ЖЫЦЦЁВЫ...
   
    У зале рад жыццёвы выбраў я не лепшы:
    З месцам дрэнь. Сябры - ўдвая...
    Хтосьці да мяне квіт узяў першым:
    У цэнтры цяпер ён, а збоку - я.
    
    Ён фартуну ўтаймаваў наскокам,
    Не ўсе ў каханні б так змаглі.
    Што наркаць, бо я ўжо збоку,
    Як у кастры патухлыя вуглі.
   
    Ён у паэзіі ўзляцеў высока,
    Кожнага хацеўшы пераймаць.
    Што наракаць, бо я ўжо збоку,
    Мне - рыфмаваць, жанчыне - нараджаць...
    
    У жыццё нырнуў ён з берагу глыбока,
    Пасярод магіл пашанна касцьмі злёг.
    Што наракаць, бо я ўжо збоку,
    Туліцца зямля й да маіх ног...
    
    Так жыццё праходзіць аднабока
    Без яскравых нейкіх перамен.
    Што наракаць, бо я ўжо збоку.
    З цэнтрам не прадбачыцца абмен.
 
    (Пераклад Алеся Хітруна) 
 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX