Папярэдняя старонка: Дзеячы мастацтваў

Францішак Багушэвіч на Лідчыне 


Аўтар: Содаль Уладзімір,
Дадана: 02-08-2008,
Крыніца: Лідскі летапісец № 31.



... СЕМ РАЗ ЛІДУ ЁН АДВЕДАЎ...

65 гадоў з дня нараджэння Францішка Багушэвіча

Гэты радок з вядомай паэмы Францішка Багушэвіча "Кепска будзе!" Ён пра прыёмнага бацьку сіраціны Аліндаркі, яго айчыма.

Аліндарка, як вядома, нарадзіўся дзесьці поблізу Абораў, з яго колішнім драўляным касцёлам. Гэта недалёка ад Маладзечна, пад Палачанамі. Але, як вынікае са зместу твора, далейшыя жыццёвыя Аліндаркавы шляхі-пуцявіны пралеглі праз Ліду і Лідчыну. Тут ён гадаваўся і рос. Спачатку беднага сіротку трошкі цётка падрасціла, а пасля якомусь чалавеку адпусціла за сына.

На Лідчыне Аліндарка перажыў самую вялікую драму свайго жыцця. Тут яго арыштавалі і пасадзілі ў астрог. Гэта і змусіла Аліндаркавага апекуна, якога юнак лічыў ужо за бацьку, схадзіць аж сем разоў у Ліду да нейкага вялікага судовага начальства, каб вызваліць беднага, нявіннага сіротку з астрогу. Вось як пра гэта гаворыцца ў самога Багушэвіча: "А ён торбу ўзяў на плечы,па начальству просьбы жара! Тройчы Вільню, сем раз Ліду ён адведаў..." .

На Ліду і Лідчыну Францішак Багушэвіч скіроваў свой погляд неаднойчы. Так, ён згадавае Лідчыну ў лісце да Яна Карловіча за 10(22) чэрвеня 1886 года, паведамляе пра славуты на Лідчыне маёнтак Ружанка (мабыць Ражанка), якім зацікавіўся сам віленскі губернатар.

Надзвычай цікавыя звесткі з Лідчыны ў Багушэвічавым лісце да Карловіча за 16(28) лістапада 1887 года. Тут пісьменнік расказаў цэлую гісторыю пра якогасьці пана з Лідскага павету Казлоўскага, з якім часта судзіліся сяляне і, вядома, заўсёды прайгравалі.

Але тут знайшоўся адзін, вельмі дападны селянін, які ўсё ж трохі нагнаў страху на гэтага Казлоўскага. Аднаго разу, прабадзяўшыся дзесьці пару тыдняў, ён пусціў пагалоску, што быў у Пяцярбургу, і цяпер пра ўсе штукарствы Казлоўскага ведае сам цар. І нібыта той, пахітаўшы абуральна галавой, сказаў: "Ну, Казлоўскі! Я ж не спадзяваўся!" Францішка Багушэвіча ва ўсёй гэтай гісторыі найбольш цікавілі апошнія словы. Яны на Лідчыне ў той час былі вельмі ходкія, гаваркія. Як толькі надарыцца нейкае нечаканае ашуканства ці махлярства, асабліва ад таго, ад каго яно не чакалася, то скрозь можна было пачуць: "Ну, Казлоўскі! Я ж не спадзяваўся!". Багушэвіч запісаў выраз як прымаўку, як крылатыя словы, даследаваў іх вытокі, вызначыў, што свой пачатак яны бяруць з 1850 году, і радзіма іх - Лідчына.

Згадвае Багушэвіч Лідчыну і ў сваіх допісах у часопіс "Kraj". Так, у нататцы за 1886 год пісьменнік паведамляў, што на Лідчыне, гэтак жа, як і ў суседніх паветах, разлютавалася матыліца, загінула шмат жывёлы (авечак), і гаспадары з-за гэтай хваробы на жывёлу маюць вялікія страты.

Вясной наступнага году на мяжы Лідскага і Віленскага паветаў разгулялася воспа, якая таксама нарабіла шмат гора людзям. Багушэвіч на свае вочы бачыў спярэшчаныя свежым рабаціннем твары людзей, якія прыходзілі з Ліды і Лідчыны ў віленскую кальварыю падчас зелёных святкаў. Пра пабітыя воспай твары казалі: шылам голеныя. Шмат сем'яў павымірала. Пра ўсё гэта даведваемся з Багушэвічавай нататкі, змешчанай у часопісе "Kraj" за 1887 год (№ 22).

Як бачым, самыя разнастайныя з'явы з Ліды і Лідскага павету турбавалі паэта, траплялі на яго вока і пяро. Адкуль у яго такая цікавасць да Ліды і Лідчыны?

Мабыць, з тых часоў, калі Францішак настаўнічаў у Доцішках. Доцішкі ў тую пару былі якраз ў межах Лідскага павету.

У Доцішкі Францішак Багушэвіч трапіў пасля выключэння ў 1861 годзе з Пецярбургскага універсітэта, дзе ён вучыўся на матэматычным факультэце. Прытуліў выключанага студэнта гаспадар тутэйшага маёнтка Аляксандр Жвіровіч ды даручыў вучыць пісьменству мясцовых дзетак. На Лідчыне, найбольш верагодна, Ф. Багушэвіч атрымаў і першае сваё баявое хрышчэнне як удзельнік паўстання 1863 года. Хутчэй за ўсё, што менавіта са Жвіровічам трапіў Багушэвіч да паўстанцаў. Схіляе да гэтай высновы і той факт, што 12 чэрвеня 1863 года пасля сутычкі з паўстанцамі карнікі наляцелі на Доцішкі і арыштавалі гаспадара маёнтка Аляксандра Жвіровіча ды параненага паўстанца Ўладзіслава Пілецкага, які разам з Францішкам Багушэвічам быў выключаны з універсітэта. Пілецкі паказаў на допыце, што ён ваяваў у аддзеле Людвіка Нарбута. У гэтым жа аддзеле ваяваў мастак Міхал Андрыёлі, які намаляваў партрэт Францішка Багушэвіча. У адным з баёў на Лідчыне Ф. Багушэвіч быў паранены.

І ў пазнейшыя гады, калі Багушэвіч, хаваючыся ад царскіх карнікаў, жыў на Ўкраіне, ён не адзін раз скіроваў свае думкі на Ліду і Лідчыну. Ацалела капэрта за 1865 год. На ёй Багушэвічавай рукой напісана: "Ея высокоблагародию г-же Карловичевой через Лиду в имение Подзитву".

Жыццёвыя шляхі-дарогі і пазней не адзін раз прыводзілі Францішка Багушэвіча ў Ліду. У 1889 годзе яго запрашаюць працаваць юрыскон-сультам пры кіраўніцтве Палескіх дарог. Адна з гэтых ліній - Роўна-Вільня - пралегла праз Ліду. Не адзін раз прыводзілі Францішка Багушэвіча ў Ліду і адвакацкія клопаты. Ва ўсякім разе яго тут ведалі. У Лідзе і на Лідчыне ў яго было шмат знаёмых. Згадаем некаторых з іх з Багушэві-чавымі характарыстыкамі:

Станіслаў Нелавіцкі, "добры чалавек і арыгінал".

Сцяпан Буткевіч, галосны Лідскай гарадской Думы.

Люцыян Кабылінскі - павятовы шляхецкі маршалак, ганаровы міравы суддзя Лідскай судова-міравой акругі. "Ужо год, як у адстаўцы, хоць ездзіць яшчэ на тройцы" (звесткі з 1892 году).

Баляслаў Кіюць - "вельмі шаноўны чалавек, жыве недзе каля Ліды, здаецца арандуе фальварачак Нарымскай (Калясінскай)".

Усе гэтыя імёны згадваюцца ў Багушэвічавых лістах да Яна Карловіча.

З цягам часу, магчыма, адкрыюцца і якіясь новыя звесткі пра Ліду і Лідчыну праз Багушэвіча. Але і згаданае сведчаць, Францішак Багушэвіч меў жывую цікавасць да Лідчыны, меў моцную повязь з самой Лідай. Гэтая повязь не перапынялася і пасля смерці. Яго ідэі жыватворным зернем упалі на душы многіх лідзянаў, і адной з іх была, як вядома, наша паэтэса-рэвалюцыянерка Алаіза Пашкевіч-Цётка.

... Над старажытнай Лідай шумяць вятры гісторыі. У гэтым ціхім пошуме можна пачуць і Багушэвічаў голас. Упэўнены: і на старажытным Лідскім замку ёсць пагляд яго вачэй. Францішак Багушэвіч быў адным з летапісцаў Ліды. Хай жа і яго сціплы радок з гісторыі Ліды і Лідчыны адгукнецца ў душах лідзянаў павагай да аднаго з тых, хто любіў Ліду, любіў усю Беларусь, рабіў усё, каб наш край прычакаў больш шчаснай долі.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX