Вярнуцца: Дзеячы мастацтваў

Сяргей Бугасаў Siarhiei Buhasau


Аўтар: Суднік Станіслаў,
Дадана: 04-10-2009,
Крыніца: Лідскі летапісец № 34.



Кампазітар Бугасаў Сяргей Іванавіч, нарадзіўся 11 чэрвеня 1951 года ў шахцёрскім пасёлку ім. К. Маркса горада Енакіева, Данецкай вобласці - (Украіна). Музыкай пачаў займацца таму, што гэта было запраграмавана самой прыродай яго радні. У вялікай сям'і кубанскіх казакаў Верыхавых (па матулінай радні) усе вызначаліся музычнымі талентамі. Чатырнаццаць дзяцей, разам з бацькамі цудоўна спявалі, гралі на шматлікіх музычных інструментах і з вялікім поспехам паказвалі станічнікам тэатральныя пастаноўкі. Таму народныя песні былі ў Сяргея на слыху з ранняга дзяцінства. Ен не мог не любіць прыгожыя шчырыя мелодыі, якія пакінулі прыкметны след у памяці юнака.

- "Зіма. Марозны сонечны дзень. Пара валіць з ноздраў каня. Снег рыпае пад валёнкамі. Дзядзькі ў кажухах важдаюцца з вялікай чорнай скрыняй. Гэта піяніна. Бацькі дзеля яго прадалі ўсё, што магчыма, каб сястра маленькага Сярожы вучылася музыцы. З гэтага дня ў хаце Бугасавых з раніцы да вечара гучалі гамы і эцюды. Пасля сястра скончыла фартэпіяннае аддзяленне Палтаўскай музычнай вучэльні. Па яе слядах пайшоў і малодшы брат. Калі яго ў першыню прывялі ў музычную школу, на пытанне, кім ён жадае стаць, Сярожа цалкам сур'ёзна адказаў: "Ван Клібернам." (1)

Скончыўшы 9 класаў сярэдняй і музычную школу па класе фартэпіяна ў 1967 г. Сяргей Бугасаў паступіў у Варашылаўградскую музычную вучэльню на аддзяленне харавога дырыжавання, потым у Данецкі дзяржаўны музычна-педагагічны інстытут. У гады студэнцтва актыўна працаваў з рознымі харавымі калектывамі. Як выдатнік вучобы і камсамольскі актывіст быў удастоены гонару сфатаграфавацца ля Сцяга Перамогі ў горадзе Маскве (1975 г.) у складзе студэнцкай дэлегацыі Данецкай вобласці. За шматгадовую і выдатную працу ў студэнцкіх будаўнічых атрадах С. Бугасаў узнагароджаны ўрадавым медалём "За працоўную адзнаку" (Указ Прэзідыюму Вярхоўнага Савета СССР ад 22 красавіка 1976 года).

Выдатна скончыўшы Данецкі дзяржаўны музычна-педагагічны інстытут малады адмысловец разам з жонкай, Таццянай Аляксееўнай, у 1976 году прыехаў працаваць у Лідскую музычную вучэльню, прычым дабіўся гэтага месца не без дапамогі тагачаснага міністра культуры СССР Кацярыны Фурцавай. З 1977 года С. Бугасаў займае пасаду намесніка дырэктара па вучэбнай частцы гэтай установы. Адначасова выкладае харавое дырыжаванне. Неаднаразова прыцягваўся Міністэрствам адукацыі да ўдзелу ў інспекцыях па праверцы сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў краіны. Па даручэнні Міністэрствы культуры вывучаў перадавы досвед у сістэме музычнай адукацыі ў вучэбных установах Адэсы, Вінніцы, Варашылаўграда. Але цяга да творчасці ніколі не пакідала С. Бугасова, ён са студэнцкіх гадоў складае вершы.

"Паэтычнае пачуццё ў мяне ад бацькі Івана Мікалаевіча" - прызнаецца Сяргей Іванавіч. Калі бацька памёр, юнак пачаў разбіраць яго архіў і толькі тады пазнаёміўся з вершамі дарагога яму чалавека. У біяграфіі бацькі ёсць цікаўная рыска: ён вучыўся ў свой час у праўнука Тараса Шаўчэнкі. Такім чынам, духоўнае святло вялікага Кабзара данеслася да нашых дзён! С. Бугасаў піша вершы, калі ёсць адпаведны настрой або трэба павіншаваць. кагосьці са знаёмых з днём нараджэння, святам, юбілеем. Парой узнікаюць сяброўскія шаржы, вострыя замалёўкі. Нярэдка, у гадзіны роздумаў, з'яўляюцца сур'ёзныя рэчы аб сэнсе жыцця, аб месцы асобы ў грамадстве, дзе падымаецца сакраментальнае пытанне: для чаго створаны чалавек?"(1)

З 1979 па1982 год С. Бугасаў з'яўляўся кіраўніком змешанага хору Лідскай музычнай вучэльні, які ў другім (1981 г. ) Рэспубліканскім конкурсе аркестрава - харавых калектываў ССВУ Міністэрства культуры Беларусі стаў Дыпламантам 2-й ступені.

З 1979 па 1999 год ён самааддана працаваў (па - сумяшчальніцтву) з самадзейным хорам "Журавінка" г. п. Першамайскі і на высокі ўзровень падняў яго выканаўчае майстэрства. Удзельнікі хору жылі адным творчым калектывам, у якім было шмат сямейных пар з дзяцьмі, і ўсіх іх аб'ядноўвала любоў да песні і іх дырыжора . Гэты калектыў пабываў з канцэртамі ў Літве, Латвіі, Украіне, Расіі. І ўсюды гучалі апрацоўкі народных мелодый, зробленыя С. Бугасавым прафесійна і густоўна. Дарэчы, тэарэтычным абагульненнем гэтай працы з'явілася напісанне ім вучэбнай праграмы для ССВУ "Апрацоўка беларускай народнай песні", якая па выніках Рэспубліканскай выставы падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў 2001 г, Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь рэкамендавана да выдання.

У 1981 годзе хору было прысвоена ганаровае званне "Народны". Як мастацкі кіраўнік Народнага хору "Журавінка" С. Бугасаў неаднаразова ўзнагароджваўся знакамі ВЦСПС "За дасягненне ў самадзейным мастацтве", медалямі лаўрэата Ўсесаюзных аглядаў, прысвечаных юбілейным датам, ганаровымі граматамі Міністэрства культуры, аблвыканкаму, горада, Лідскага раёна.

17 гадоў Сяргей Іванавіч Бугасаў адпрацаваў завучам Лідскай музычнай вучэльні. Неаднаразова ўзнагароджаваўся Ганаровымі граматамі найвышэйшых адміністраційных інстанцый за сумленную і прафесійну працу. Але падрабязна ўзгадваць той час не любіць, называючы яго "змарнаваным, адарваным ад сям'і, ад дзяцей, ад магчымай творчасці".

" Яшчэ ў студэнцкія гадыС. Бугасаў любіў гармонію, паліфанію, пісаў для сакурснікаў іспытныя працы, у прыватнасці фугі. Але 1995 год аказаўся ў нейкім сэнсе пераломным. Менавіта тады разам з жонкай ён пачаў спяваць у царкоўным хоры. Неяк здарылася неверагоднае. Ён прачнуўся ўначы, узяў у рукі Біблію, якая ляжала ў галавах. Разгарнуў том і наткнуўся на 66-ты псалом. Адразу ж нарадзілася музыка! З гэтага моманту Сяргей Іванавіч і пачаў складаць харавыя творы сістэматычна. Як бачна, адбылося творчае азарэнне, прыроду якога цяжка зразумець. Ужо не ці само Неба вінавата ў гэтым?" (1)

З таго часу прайшло больш за 10 гадоў. І ў гэты час сачыненне музычных твораў для С. Бугасава было больш, чым хобі. Сёння ў яго творчым багажы амаль 60 твораў для розных харавых складаў. У гэтым пераліку хоры буйной формы: "Рэквіем па - кожнаму чацвёртаму"(сл. А. Вярцінскага), харавы цыкл: "Чатыры пары года" (сл. Я. Купала, С. Грахоўскага, П. Калбыкі), трыптых: "Купалле" (сл. С. Грахоўскага, Р. Барадуліна), "Бубны"(сл. Ю. Свіркі), "Успаміны" (сл. Н. Гілевіча), " Мой край "(сл. В. Вярбы), а так сама на тэксты праваслаўных малітваў - "Ко Пресвятой Троице", "Единародный Сыне", "Душе моя","Псалом - 66", інш.

Дзякуючы шматразовым выкананням хорамі музычных вучэльняў на Дзяржаўных іспытах і ў канцэртах, (Ліды, Гародні, Гомеля, Магілёва, Баранавічаў), Менскага каледжа мастацтваў, а таксама Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, Гарадзенскага універсітэта ім. Я. Купалы, Менскага педагагічнага універсітэта ім. М. Танка, Бяларускай Акадэміі музыкі ) сталі шырока вядомыя творы: харавы цыкл: "Чатыры пары года," "Лістабой" (сл. М. Курылы), " Паклон матулі" (сл. Л. Геніюш), "Сонца на Купалу", "Дзявочыя гаворкі", "Жартоўная спрэчка", "Ой, зялёная - зялёная" - сл. народныя і інш. У канцэртных праграмах камернага хору Гарадзенскай капэлы выконваюцца : "Туга ўдоўя" (дырыжор - заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Л. Іконнікава), у рэпертуары гарадзенскага змешанага хору "Акварэль" ( М. Петухова) творы "Душе моя...", "Ой, ты, поле маё", "Ко Пресвятой Богородице", " Успаміны" і інш.

Народны артыст СССР, прафесар, загадчык кафедры харавога дырыжыравання Беларускай Акадэміі музыкі, кіраўнік дзяржаўнага акадэмічнага хору Тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь В.У. Роўда вельмі прыдзірліва ставіцца да "свежаспечаных" сачыненняў, а кампазітары стаяць да яго ў даўжэзнай чарзе, бо ён куды часцей адмаўляе, чым прымае іх партытуры да выканання. А тут- адзін за адным запісаны восем далёка не самых простых твораў С. Бугасава: "Рэквіем па кожнаму чацвёртаму"(сл. А. Вярцінскага), "Завіруха" (сл. М. Багдановіча), "Зімовы лес"(сл. Г. Дзмітрыева), "Туга ўдоўя", "На куце"(сл. Р. Барадуліна), "Рекрута" (сл. С. Ясеніна) і "Жартоўная спрэчка", " Ой, ты, поле"(сл. народныя). Чаму? Таму, што ўражваюць харавыя творы Сяргея Бугасава. У іх знойдзена гармонія паміж сучаснымі фактурнымі прыёмамі і класічнай ураўнаважанасцю. Яны не "націскаюць" тэхналогіяй, а дыхаюць жывым, натуральным развіццём, асаблівай музычнасцю, навучыць якой немагчыма: ці яна ёсць - ці, прабачце, няма. (2)

Таму, што творы С. Бугасава - творы прафесіянала, які ўпэўнена валодае тэхнікай харавога пісьма, і вызначаюцца выключнай музычнай адоранасцю. У творах прадстаўлены досыць шырокі дыяпазон тэм, жанраў, вобразна-драматургічных рашэнняў, паэтычных крыніц - ад кананічных духоўных і сапраўдных народных тэкстаў да вершаў М. Багдановіча, Р. Барадуліна, С.Ясеніна. Шырокае адлюстраванне знаходзіць таксама і народная абраднасць - асабліва купальская. Менавіта гэтая група хораў становіцца стылеўтваральнай, што, нараўне з шырокім перастварэннем нацыянальнай паэзіі з яе характэрнасцю "роднай мовы", вызначае агульны нацыянальны каларыт харавой творчасці С. Бугасава. Не звяртаючыся да цытавання народных напеваў, ён стварае фальклоразаваны стыль у акадэмічнай тэхніцы пісьма, які характарызуецца папевачнасцю меладычнага развіцця, метрарытмічнай свабодай і разнастайнасцю рытмічных структур, уключаючы і акцэнтнае вар'яванне так сама ажыццяўленнем стылю народнахаравой фактуры. Верагодна, як элемент, прадыктаваны асаблівасцю нацыянальнага здумення, варта разглядаць і тыповы для драматургіі і формаўтварэння хораў Бугасава прынцып баладнасці. Ён звязаны з ідэяй скразнога развіцця, якая аб'ядноўвае кантрасныя па характары эпізоды, сярод якіх значная роля апавядальных. Наогул, імкненне да тэатралізацыі формы, насычэння яе дзейснымі элементамі досыць характэрна для шматлікіх сачыненняў Бугасава. Звяртае на сябе ўвагу разнастайнасць харавых складаў, яснае ўсведамленне вакальных магчымасцяў і вобразных характарыстык рознага тэмбру, выдатнае валоданне спецыфікай харавой "інструментоўкі". Менавіта гэтая акалічнасць абумовіла галоўную вартасць харавых сачыненняў С. І. Бугасава - іх рэпертуарнасцъ, запатрабаванасць харавымі калектывамі: ад Дзяржаўных акадэмічных хораў Белрадыёкампаніі і Гарадзенскай харавой капэлы да моладзевых хораў сярэдніх і вышэйшых навучальных устаноў краіны. (3)

Некалькі харавых твораў С. Бугасава былі выдадзеныя ў вучэбна-метадычнай літаратуры прызначанай для навучэнцаў сярэдніх і студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў Міністэрстваў культуры і адукацыі РБ. Так хоры "Ой, ты, поле маё", "Жартоўная спрэчка", " Дзявочыя гаворкі" уключаны ў выданне: "Каціўся вяночак", (складальнік Свірыдовіч А.А., 2006 г.), хоры для змешанага складу "Душе моя", "Зімовы лес" (сл. Г. Дзмітрыева) надрукаваны ў дапаможніку для студэнтаў Менскага педагагічнага універсітэта імя М. Танка (складальнік Чарняк В.А). Рыхтуецца да выдання харавы цыкл "Чатыры пары года".

У 1999 году на Гарадзенскім абласным конкурсе самадзейных кампазітараў С. Бугасаў за некалькі хораў быў адзначаны Дыпломам 3-й ступені. У 2003 годзе за цыкл харавых твораў ён узнагароджаны Дыпломам 1-й ступені Міністэрства культуры краіны.

Але мабыць найлепшай узнагародай С. Бугасаву быў вось такі ліст:

"Добры дзень. Піша Вам студэнтка 2-га курса ГДКІ імя М.Ф. Сакалоўскага. З Вашай творчасцю мяне пазнаёміла мой педагог Мурашка Інэса Афанасеўна. Па спецыяльнасці мне далі дырыжаваць Ваш твор "Восень" на сл. Грахоўскага, а па ЧХП мяне пазнаёмілі з наступнымі Вашымі творамі: "Лета" на сл. Я. Купалы, "Лістабой" на сл. М. Курылы, "Душе моя...". У праграме нашага хора з'явіўся Ваш твор "Купалле. Раніца" ІІІ ч. Я яшчэ вельмі мала ведаю пра творчасць сучасных кампазітараў, таму хацела Вас папрасіць прыслаць мне Вашую біяграфію і спіс асноўных сачыненняў. Мне вельмі цікава будзе пазнаёміцца з Вашай творчасцю.

З павагай Кончыц Вольга, г. Гомель."

Але не гледзячы на тое, што творы С. Бугасава на працягу дзесяцігодзя выконваліся часта і мелі сваіх прыхільнікаў, за ім цягнуўся не прыстыжны ў музычным асяродку шлейф "самадзейнага кампазітара".

Уступаць у прафесійный кампазітарскі саюз яго літаральна "прыцягнула - прывяла" (нават у наўпроставым сэнсе гэтага слова) знакамітая музыказнаўца, прафесар Акадэміі музыкі Радаслава Аладава, у якой надзвычай завышаныя патрабаванні да кампазітарскай творчасці. І падчас апошняга пасяджэння праўлення Беларускага саюза кампазітараў (травень, 2006 г) за далучэнне С. Бугасава да прафесійнага складу творцаў было аддадзена 22 галасы з 24 магчымых. Старшыні Саюза, народнаму артысту СССР Ігару Лучанку і іншым кампазітарскім мэтрам давялося пайсці на "выключенне з правіл": паводле Статута, членам прафесійнага Саюза беларускіх кампазітараў можа быць толькі той, хто у свой час атрымаў акурат кампазітарскую ці музыказнаўчую адукацыю. За ўсю гісторыю Беларускага саюза кампазітараў гэта толькі другі прыклад падобнага выключэння - першы быў з Уладзімірам Мулявіным.(2) Так у нашым горадзе Лідзе з'явіўся першы афіційна прызнаны прафесіянальны кампазітар - С. І. Бугасаў.

Ёсць у С. Бугасава яшчэ адна адметная рыса - ён мае асаблівы індывідуяльный стыль паспяховага журналіста. Амаль пяць гадоў ён быў у крэсле нам. рэдактара, працуючы ў лідскай газеце "Прынёманскія весці", надрукаваўшы шмат артыкулаў па самых розных пытаннях жыцця лідзян. І сёння ён актыўна супрацоўнічае з мясцовымі, абласнымі і рэспубліканскімі СМІ.


Падрыхтаваў да друку Станіслаў Суднік.


Літаратура.

1. Виталий Радионов. Озарение. Беларуская думка, № 6, 2005 г.

2. Н. Бунцэвіч. Выключэнне з уключэннем. Культура № 34, 2006 г.

3. Р. Аладава. О хоровых произведениях С. Бугасава, 2006 г.

Творы для хору Сяргея Бугасава



Хоры для змешанага складу a cappella


Праваслаўныя тэксты:


1. Псалом № 66.

2. Душе моя....

3. Отче наш.

4. Ко Пресвятой Троице.

5. Единородный Сыне.

6. Видехом свет истины.

7. Таинство странное.

8. Юже древле.

9. Рождество Твое.

10. Трисвятое.

11. О умножении любви.

Свецкія тэксты:

1. Зімовы лес, сл. Г. Дзмітрыева.

2. Завіруха, сл. М. Багдановіча.

3. Успаміны, сл. Н. Гілевіча.

4. Туга ўдоўя, сл. Р. Барадуліна.

5. Бубны, сл. Ю. Свіркі.

6. Рекрута, сл. С. Ясеніна.

7. Купалле, трыптых

Ноч, сл. С. Грахоўскага.

Вечар, сл. Р. Барадуліна.

Раніца, сл. народныя.

10. Ой, ты поле маё, сл.народныя.

11. Cipaтa Алеся, сл. П. Труса.

12. Малітва, сл. С. Маслаковай.

13. Запаведзь, сл. С. Маслаковай.

Хоры з суправаджэннем:

1. Мой край, сл. В. Вярбы.

2. Рэквіем па кожнаму чацвёртаму,

сл. А. Вярцінскага.

3. На куце, сл. Р. Барадуліна.

4. Дываны, сл. Л. Геніюш.

5. У лазні, сл. К. Цыбульскага.



Хоры для аднароднага складу a cappella:


1. Цыкл: Чатыры пары года

Вясна, сл. П. Калбыкі.

Лета, сл. Я. Купалы.

Восень, сл. С. Грахоўскага.

Зіма, сл. П. Калбыкі.

5. Барабан, сл. У. Мацвіенкі.

6. Ночь, сл. А. Фета.

7. Лета, сл. В. Кудлачова.

8. Паклон матулі, сл. Л. Геніюш.

9. Не паверу, сл. Ю. Свіркі.

10. Белая бяроза, сл. А. Бачылы.

11. Лістабой, сл. М. Курылы.

12. Хусткі, сл. Л. Геніюш.

13. У начы таямнічай, сл. Т. Мушынскай.

14. Няўжо?, сл. Т. Мушынскай.

15. Незакатные глаза, сл. С. Ясеніна.

16. Веснушки, сл. В. Бачарова.

17. Ой, зелена - зелена, сл. народныя.

18. Сонца на Купалу, сл. народныя.

19. У вішнёвым садочку, сл. народныя.

20. Дзявочыя гаворкі, сл. народныя.

21. Жартоўная спрэчка, сл. народныя.

22. Ой, ты поле маё, сл. народныя.

23. Пайду, пайду лугам, сл. народныя.



Апрацоўкі народных песень:


1. Прыйшла каляда.

2. Ад панядзелка.

3. Шумяць вербы.

4. Ой, вецер вее... і іншыя



Дзіцячыя песні


1. Снег пушысты, сл. П. Макаля.

2. Щенок, сл. С. Бугасава.



Эстрадныя песні:


1. Гаварыла мама, сл. Л. Вінніка.

2. Чараўніца, сл. Ю. Шостак.

3. Наливное яблочко, сл. С. Маслаковай.

Спіс твораў Сяргея Бугасава, якія выконваюцца

1. Туга ўдоўя, сл. Р. Барадуліна.

2. На куце, сл. Р. Барадуліна.

3. Завіруха, сл. М. Багдановіча.

4. Зімовы лес, сл. Г. Дзмітрыева.

5. Ой, ты поле маё, сл. народныя.

6. Рэквіем па кожнаму чацвёртаму, сл. А. Вярцінскага.

7. Рекрута, сл. С. Ясеніна.

8. Жартоўная спрэчка, сл. народныя. Запісаны акадэмічным хорам Белдзярж-тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь з 2002 па 2006 год (дырыжоры: народны артыст СССР, прафесар В.В. Роўда; А. Кунцэвіч.)

7. Душе моя. Хор "Акварэль", г. Гародня (дырыжор Л. Пастухова);

8. Цыкл: Чатыры пары года. Шматразова хорам Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў (дырыжор Л. Міхалькова), а таксама хорам Лідскай дзяржаўнай музычнай вучэльні, (дырыжор Л. Пясецкая).

9. Паклон матулі, сл. Л. Геніюш. Хорам Менскага каледжа мастацтваў (дырыжор В. Крыпец), а таксама хорам Лідскай дзяржаўнай музычнай вучэльні.

10. Мой край, сл. В. Вярбы. Харамі Менскага каледжа мастацтваў, Лідскай, Гарадзенскай музычных вучэльняў.

11. Ой, ты поле маё, сл. народныя. Хор "Акварэль", г. Гародня (дырыжор Л. Пастухова).

12. Ой, ты поле маё (жаночы хор). Шматразова ў музычных вучэльнях гарадоў Ліды, Гародні, Гомеля, Магілёва, Баранавічаў, Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў.

13. Лістабой, сл. М. Курылы. Хорам Лідскай дзяржаўнай музычнай вучэльні.

14. Дзявочыя гаворкі, сл. народныя. Харамі Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, Лідскай, Баранавіцкай музычных вучэльняў, Гарадзенскага дзяржаўнага універсітэта ім. Я. Купалы.

15. Жартоўная спрэчка, сл. народныя (жаночы хор). Харамі Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, Лідскай дзяржаўнай музычнай вучэльні.

16. Ой, зелена - зелена, сл. народныя. Неаднаразова харамі Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, Лідскай дзяржаўнай музычнай вучэльні, Магілёўскай вучэльні мастацтваў (дырыжор Э. Грыбоўская).

17. Сонца на Купалу, сл. народныя. Неаднаразова харамі Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, Лідскай дзяржаўнай музычнай вучэльні, Менскага каледжа мастацтваў.

18. Веснушки, сл. В. Бачарова. Харамі Лідскай дзяржаўнай музычнай вучэльні, Менскага каледжа мастацтваў.

19. Пайду, пайду лугам, сл. народныя. Неаднаразова народнымі харамі Лідскай, Гарадзенскай музычных вучэльняў.

20. У вішнёвым садочку, сл. народныя. Хорам Лідскай дзяржаўнай музычнай вучэльні, Менскага каледжа мастацтваў.

21. Незакатные глаза, сл. С. Ясеніна. Хорам Лідскай дзяржаўнай музычнай вучэльні.

22. Ночь, сл. А. Фета. Хорам Лідскай дзяржаўнай музычнай вучэльні.

23. Барабан, сл. У. Мацвеенкі. Хорам Лідскай дзяржаўнай музычнай вучэльні.

24. Единородный Сыне. Неаднаразова хорам Лідскай дзяржаўнай музычнай вучэльні.

25. Хусткі, сл. Л. Геніюш. Неаднаразова хорам Лідскай дзяржаўнай музычнай вучэльні.

26. Говорила мама... Неаднаразоа ў канцэртах і радыётрансляцыях горада Ліды.

27. Лета, сл. В. Кудлачова. Харамі Магілёўскай вучэльні мастацтваў, Лідскай дзяржаўнай музычнай вучэльні.

28. Не паверу, сл. Ю. Свіркі. Харамі Магілёўскай вучэльні мастацтваў, Лідскай дзяржаўнай музычнай вучэльні.

29. Юже древле. Хор храма Святога Вялікапакутніка і Пераможцы Георгія (рэгент М. Івашкевіч.)

30. Ко Пресвятой Троице. Хор Гарадзенскай капэлы (дырыжор заслужаны дзеяч мастацтваў Л. Іконнікава). Хор " Акварэль", г. Гародня (дырыжор Л. Пастухова).

31. Туга ўдоўя, сл. Р. Барадуліна. Хор Гарадзенскай капэлы (дырыжор заслужаны дзеяч мастацтваў Л. Іконнікава).

32. Рекрута, сл. С. Ясеніна. Хор Беларускай акадэміі музыкі (дырыжор народны артыст СССР, прафесар В.В. Роўда).

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX