Вярнуцца: Канстанцін Горскі

Канстанцін Горскі, жыццё і дзейнасць Horski K. Life and works


Аўтар: Уроцкі Эдвард,
Дадана: 16.12.2007,
Крыніца: Лідскі летапісец № 27-28.



Канстанцін Горскі (13.06.1859 - 31.05.1924 гг.)


У жалобным раздзеле "Познаньскага кур'ера" аркестр Вялікага тэатра падаў да публічнай вядомасці звестку, што 31 траўня гэтага года (1924, рэд.) раптоўна памёр ад сэрца с. п. Канстанцін (17KB) Партрэт Канстанціна Горскага ў 1908 г. з Музычна-гістарычнага музея Эдварда Уроцкага..Горскі, канцэртмайстар опернага аркестра ў Познані, скрыпач, знакаміты кампазітар, а таксама былы прафесар кансерваторыі ў Харкаве, зазначаючы, што ў нябожчыку музыкі страцілі аднаго з найлепшых калегаў, які сваёй значнасцю і аўтарытэтам узбуджаў заўсёды і ўсюды годную павагу, а грамадства страціла адданага паляка і грамадзяніна.

Смерць з'яўляецца законам прыроды, з якім чалавецтва, хоць і неахвотна, аднак мусіць пагаджацца, але калі з жыццёвай нівы сходзіць такой велічыні дзейнасці і карыснасці чалавек, яксп. Канстанцін Горскі, то цяжка прыдушыць тыя горыч і навалу жывёльнага пратэсту, якія ў такіх выпадках нараджаюцца ў душы чалавека.

Канстанцін Горскі быў паўсюль вядомы не толькі, як першарадны скрыпач-віртуёз, але і як дасканалы педагог і кампазітар.

Належыць шчыра шкадаваць, што велізарная колькасць музыкаў, выхаваных Горскім, сёння разносяць па свеце славу расейскай школы.

Трэба шкадаваць, што нашае грамадства са спакоем і не раз з абыякавасцю змушае лепшых сыноў сваіх жывіць і запладняць іх творчым духам чужую нам глебу.

Жыццё і дзейнасць Горскага нажаль з'яўляюцца красамоўным прыкладам, які нават ў вольнай Польшчы рэдка ўдаецца знайсці.

Канстанцін Антон Горскі нарадзіўся 13 чэрвеня 1859 г. у Лідзе Віленскага краю. Паходзіў са знакамітай красовай (беларускай) шляхты. Пасля заканчэння Віленскай філалагічнай гімназіі (першай), якая размяшчалася ў слаўных універсітэцкіх мурах, пастанавіў вырушыць у свет, як верны саюзнік свету мелодыі, рытму і гармоніі, бо любіў музыку і больш за ўсё.

Той выбар не спаткаўся з супрацівам бацькоўскага дому, які меў традыцыі далучанасці да эстэтычнай культуры і пры тым разлягаўся ад музыкі маладых артыстаў, таму што апрача Канстанціна з віаланчэллю ўпраўляўся яго брат Ян, у будучым вельмі вядомы (нават у Амерыцы пасля цыклу санатавых канцэртаў з В.І. Сафонавым) артыст і дырыжор сімфанічных аркестраў, а на фартапіяне выдатныя вынікі паказвала сястра Ядвіга, якая перад шматабяцальнай артыстычнай кар'ерай аддала перавагу ўзорнаму хатняму агменю, выйшаўшы замуж за вядомага ў Беларусі дзеяча Віктара Трамшчынскага. К. Горскі найперш падаўся ў Варшаву, дзе вучыўся на скрыпача ў аднаго з найслаўнейшых у той час скрыпачоў Апалінарыя Куцкага (Kontskiego, 1826-1879), вучня Паганіні і дырэктара заснаванага ім у 1861 г. Музычнага інстытута (Кансерваторыі), а закончыў сваё навучанне ў Пецярбургскай кансерваторыі ў знакамітага майстра і геніяльнага педагога Леапольда Аўэра ў 1881 г. з вялікім срэбным медалём і годнасцю "вольнага мастака".

Кампазіцыі і інструментацыі Горскі вучыўся ў такога майстра, якім быў М. А. Рымскі - Корсакаў.

У той час дырэктарам кансерваторыі быў Карл Давыдаў.

Існаваўшае ў той час Музычнае таварыства, закладвала свае аддзелы ў найбуйнейшых культурных асяродках Расіі, а пры іх сярэднія музычныя школы, прыцягваючы да педагагічнай працы найлепшыя дыпламаваныя сілы. Таму неўзабаве мы бачым нашага маладога маэстра ў ролі кіраўніка скрыпічнага класа ў Пензе, пакуль лёс не закінуў і не акліматызаваў у Саратаве Станіслава Экснера, які пільна дбаючы пра выбітных людзей, забраў у саратаўскую школу Канстанціна Горскага. Тут Горскі прабыў на працягу 1885-87 гг., пакуль дырэктарам школы оперы і сімфанічных канцэртаў у Тыфлісе не стаў М. Іпалітаў-Іваноў (цяпер - 1924, рэд - і ўжо многа гадоў дырэктар Кансерваторыі ў Маскве).

Не толькі сяброўскія стасункі з М. Іпалітавым - Івановым, але і музычнае жыццё ў Тыфлісе, якое ў той час тут буйна квітнела, прыцягнулі Горскага, і мы бачым яго ўжо у тыфліскай школе, і адначасова за піпітрам канцэртмайстра ў оперы, на сімфанічных канцэртах і ў якасці саліста на ўласных выступленнях. Тут яму даводзіцца бліжэй судакрануцца з Пятром І. Чайкоўскім, і судакрананне тое неўзабаве перарасло ў вядомыя сардэчныя адносіны таго вялікага музыкі да нашага артыста. Дом у якім жыў у Кліне (Маскоўская губ.) П. Чайкоўскі, пасля яго смерці (6 ліст. 1893 г.) быў ператвораны ў выдатны музей яго імя. Дык вось у так званым "пакоі сяброў" (кабінет Чайкоўскага), як памятаю, знайходзіцца і выява Канстанціна Горскага, слаўнага ўжо на ўсім поўдні Расіі, які вялікі і шырокі шчыра палюбіў Горскага і выклікаў ў яго такую ж прывязаннасць.

Харкаў, будучы буйным асяродкам культурнага і мастацкага жыцця, сканцэнтраваў вельмі вялікую і актыўную польскую калонію.

Горскі любіў працу, але сумаваў па працы для сваіх.

Іпалітаў-Іваноў пераехаў у Маскву, але яму не ўдалося перацягнуць за сабой Горскага, якога ў 1890 г. застаём ужо ў Харкаве, дзе дзейнасць яго захоплівае ўсё шырэйшыя абсягі і да вядомага ўжо нам амплуа належыць дадаць выдатнае дырыжаванне сімфанічнымі канцэртамі, а таксама заслугі на ніве арганізацыі і распаўсюджвання культу камернай музыкі. А што тыя заслугі з'яўляюцца выключнымі, можа паміж іншым сведчыць факт утварэння ў Харкаве ў час Вялікай вайны з ініцыятывы чэшскіх музыкаў "Смычковага квартэту імя К. Горскага", у які наш майстар быў запрошаны да першага піпітра (у якасці 1-й скрыпкі).

Тут трэба падкрэсліць, што Канстанцін Горскі быў заснавальнікам вядомага на поўдні Расіі "Польскага і касцельнага хору".

Вяртаючыся да Пятра Чайкоўскага, належыць зазначыць, што з К. Горскім яго звязваў надзейны свойскі душэўны настрой, Чайкоўскі меў у Горскім ідэальнага суразмоўцу, можа адзінага ў сваім родзе, цудоўнага апавядальніка тых часта невымоўных журботаў, якія стваралі аснову душы Пятра Чайкоўскага.

Хто хоць раз чуў "Меланхольную серанаду" ніколі не забудзе... А выкананне Concert'y D-dur -гэта сапраўдная легенда!...

Харкаўскія газеты за 1891 г. падаюць з падрабязнасцямі факт выключны і непамерна ганаровы для нашага маэстра, а менавіта: калі са згаданага канцэрту К. Горскі стварыў легенду, якой ашаламіў і захапіў не толькі аўдыторыю, але ўзрушыў і П. Чайкоўскага, які сам дырыжаваў у гэты час, да такой ступені, што той дакладна страціў уладу над сабой і ў фінале, заміж таго, каб даць знак аркестру, сам расплакаўся...

Вялікі, трыумф Музыкі і Артыста!...

Пераглядаючы ў Музычна-гістарычным музеі канцэртныя праграмы з прайшоўшых 40- гадоў скрозь трапляем на імёны выканаўцаў, якія сёння падаюцца проста сном, і імя Канстанціна Горскага мы вельмі часта спатыкаем у іх грамадзе, таму што яно мела вялікую прыцягальную сілу.

Ён не толькі ззяў, як віртуоз, але з рэдкім замілаваннем праліваў на іншых скарбы сваёй выключнай школы і дабраслаўляў на дарогу ў мастацтва. Не адзін з вучняў Горскага дае сёння канцэрты ў Амерыцы, або з'яўляецца прафесарам у кансерваторыі.

Канстанцін Горскі не толькі бліскуча выконваў чужыя творы, але і ствараў цудоўныя свае.

Хаця Пётр Чайкоўскі зрабіў пэўны водціск на музе К. Горскага, як і чужая кампазітарская школа і атачэнне мусілі пакінуць свой след, аднак уважлівы і аб'ектыўны крытык багатай і каштоўнай спадчыны Канстанціна Горскага будзе павінен прызнаць, што ў букеце яго творчасці шмат кветак, нашых польскіх кветак.

А як хапала Горскага на шмат, то і даў шмат.

З апублікаваных твораў К. Горскага (пераважна за ўласны кошт) невялікім накладам і на сёння амаль разабраных трэба назваць найпрыгажэйшыя кампазіцыі, выдадзеныя Д. Рагтэрам (цяпер А. І. Веджамін) у Ліпску, такія як Op. 1-5. Morceaux pour Violo avec Piano: № 1. Souvenir de Nadrzecze. Premiere Mazourka (выдав. № 2751), № 2. Petite Etude - Spiccato (№ 2752), №3. Seconde Mazourka, sur des chants polonais (№ 2753), № 4. Aria (№ 2754) і № 5 Gavotte (№ 2755).

Compositions pour Violo avec acc. de Piano.

Op. 2. № 1. Romance і № 2. 3-leme Mazourka (Прысв. Гелене орскай).

Op. 3. 1-ere Polonaise de Concert D-dur (Прысв. Сяргею Дачэўскаму).

Op. 4. 2-de Polonaise de Concert A-dur (Прысв. Ядвізе Трамшчынскай).

Да Ор. 2, 3 і 4 ёсць партытуры аркестровага акампанементу ў рукапісе.

Pour Violo avec acc. de Piano.

Op. 8. Poeme Lyrique.

Каденцыя для канцэрту на скрыпцы Л. ван Бетховена. Ор. 61. (Датавана 1882 г.) .

"Зряшче мя безгласна"... Канцэрт для змешанага хору і капэлы, для праваслаўнай царквы (Датав. 1892 г.). Кампазіцыя аб надзвычайным уражанні і смутку, часта выконвалася расіянамі ў выпадках выключна ўрачыстых жалобных набажэнстваў. Звяртае на сябе ўвагу фуга, на якой грунтуецца другая частка канцэрту.

Для пастаноўкі ў свой час маларускай 5-актавай апярэткі (драмы) А. Збукеравога "Ой Божа, што тая любоў зможа" К. Горскі напісаў у 1895 г. уверцюру для малога аркестра, а таксама апрацаваў 20 арыгінальных украінскіх песняў, з якіх № 15 "Ой у полі край дарогі" (Спеў Мар'яны), для сапрана, была скампанавана Горскім. У фартэпіянным варыянце выдадзена ў А. Ф. Гергарда ў Харкаве.

Датавана 1903 г. - Trois Prieres d'Eglise. №1. Ave Maria. Для тэнара або сапрана з удзелам аргана. (Прысв. Юзафу Лісоўскаму), № 2. Salve Regina. Для сапрана з удзелам скрынак (сола) і аргана. (Прысв. Элізе Златніцкай) і № 3. Salutation a la Sainte Vierge. Для сапрана з удзелам хору, аргана, скрыпічнага квінтэту і 2 валторн. (Прысв. Цэліне Мотат).

"Маргер" - опера ў 4 актах. На словы Ул. Сыракомлі, Лібрэта напісаў W.W. G. Выд. у Пецярбургу.

Гэта манументальны твор, музычнай вартасці непараўнальна большай за цэлы шэраг опер, імпартаваных з-за мяжы. Горскі не скарыстаўся з гатовага (наперад мовячы, слабога) лібрэта, напісанага Сыракомлем для Манюшкі, а спрычыніўся да стварэння новага ў вельмі добрай сцэнічнай версіі і прыбраў яе ў багатыя шаты меладыйныя і аркестровыя.

Вясною "Маргер" з з вялікім поспехам выкананы для радыётрансляцыі ў познаньскай оперы, дырэкцыя якой паабяцала Канстанціну Горскаму што паставіць "Маргера" ў наступным сезоне.

У 1914 г. выдадзены "12 песень" на словы М. Канапніцкай, Ул. Сыракомлі, Зд. Дубіцкага і інш. для М.- сапрана або тэнара ў суправаджэнні фартэпіяна. № 1 "Зашумеў лес" (Слёзы і песні...) Словы М. Канапніцкай (Прысв. кс. Казіміру Тарасевічу); № 2 "Песня журбы". Словы М. Канапніцкай. (Прысв. кс. К. Тарасевічу), № 3 "Пайду, я пайду дарогай далёкай..." (Вячэрнія песні) М. Канапніцкай. (Прысв. жонцы маёй Ганне). № 4. "На Куявах..." М. Канапніцкай (Прысв. Казіміру і Марыне Зданоўскім). 5. "Доля". Ул. Сыракомлі. (Прысв. Марыі Прыкуцкай). № 6. "Ой не тая цяжкая дарога..." (Песні без рэха...) (Прыс. М. Прыкуцкай): № 7. "Пакуль цябе такі маю..." На словы Зд. Дубіцкага (Прыс. Аліне Стрылкоўскай): № 8 "Пра змрок". 3д. Дубіцкага (Прысв. Яніне Наляпінскай ). № 9 "Хацеў бы сэрца з лона...". (Прысв. Алдоне Яўдынскай). № 10 "Я табе не раскажу." (Прысв. А. Яўдынскай). № 11. "Неяк мне журботна..." (Прысв. д-ру Пятру Яўдынскаму) і № 12. "Асенняя мазурка". (Прысв кс. К. Тарасевічу).

Большасць каштоўных кампазіцый К. Горскага, якія да гэтага часу застаюцца ў рукапісах, не раз выконвалася ў Расіі пераважна вакалістамі, першынство сярод якіх, сыходзячы з колькасці выкананняў, належыць знакамітаму ў свой час Наўвэлю-Нордзі.

Яшчэ засталіся не выдадзенымі звыш 100 песень на тэксты пераважна польскія; "На Алімпе" - сімфанічная паэма на тэму вядомай навэлы Г. Сянкевіча. Была выканана на сімфанічным канцэрце ў Познані і пахвальна выдзелена прафесійнымі крытыкамі; "Зачарованае кола" - сімфанічная паэма па казцы Л. Рыдла ў 3 частках. 2 імшы (E-sdur і A-mol) для аркестра, салістаў і змешананага хору; 36 скрыпічных эцюдаў (3 ступені цяжкасці) вялікай вартасці. "Па хлеб", опера ў 2-х актах на тэму, узятую ад Г. Сянкевіча. Польскі этнаграфічны матэрыял у оперы "Па хлеб" знайшоў не толькі дакладнае адлюстраванне, але і глыбокую апрацоўку.

"Фантазія для аргана" была выканана Карпашэўскім у Варшаўскай філармоніі. Далей яна шматразова мела выканаўцаў такой велічыні, як Фелікс Новавейскі, які "Фантазіяй для аргана" Канстанціна Горскага надаў бляск урачыстаму Капернікаўскаму святу, зладжанаму універсітэтам у Познані.

Вялікая колькасць большых і малых кампазіцый, якія я тут абмінуў, як і тыя вышэй названыя, яшчэ пэўна будуць доўга спачываць у пасмяротнай тэчцы кампазітара, відавочна да тога часу, пакуль не будзе стварана Польская акадэмія музычных ведаў са сваёй выдавецкай фундацыяй.

К. Горскі прыбыў у Польшчу ў 1919 г. хоць моцна страпаны новым укладам жыцця ў Расіі аднак будучы яшчэ поўным сілаў творчых і выканаўчых. Нават быў шчаслівы, што нарэшце, разгуляўшаяся на ўсходзе бура вырвала яго з моцна ўрослымі карэнямі і на хвалях сваіх вынесла на спрагнелы бераг Польшчы, у якой музычнае жыццё замест таго, каб квітнець, па жабрачы гаруе і гэта з-за таго, што такія выбітныя дзеячы, як К. Горскі ў большасці знаходзяцца недзе за межамі, дзе патрэбныя для чалавека і артыста хлеб і лаўры нажаль хутчэй знайходзяць у чужых.

Сумна гэта... але яшчэ больш сумнымі, бо руйнуюць нашую музычную будучыню, з'яўляюцца адносіны да "новых ", для якіх звыкла няма месца працы.

Той лёс разам з многімі падзяліў і Горскі, які пакорна пастукаўся ў Варшаўскую кансерваторыю. Але нажаль тагачасны дыр. Эміль Млынарскі не задаволіў просьбы Канстанціна Горскга.

Каб не памерці з голаду, наш выбітны маэстра быў змушаны па значна больш доўгі час зачапіцца за кінематографы "Калізей" і "Вадэвіль" на варшаўскім Новым Свеце (акампанаваць на фільмах), адкуль ужо маральна разбіты ва ўласнай краіне, пад канец 1922 г., пераехаў у Познань, дзе ў аркестры Вялікага тэатра заняў піпітр канцэртмайстра. Сярод сваіх прыхільнікаў, якіх Горскі знайшоў у Польшчы на грунце аднолькавых з ім разуменняў, перакананняў і мастацкіх ідэалаў, найбольш шчыра ганарыўся непрытворным прызнаннем Фелікса Новавейскага, які сцішыў боль яго душы і ў некаторай ступені змыў тыя крыўды, якія нанесла Горскаму Варшава.

Паэзію характэрную для Горскага Ф. Новавейскі выказваў пры выкананні яго твораў. Трэба спадзявацца, што Ф. Новавейскі не забудзе свайго намеру пастаноўкі першай вялікай імшы (літургіі), як і ўключэння ў выдаваныя ім харальныя зборнікі шэрагу добрых харальных кампазіцый Горскага.

З той нагоды трэба падкрэсліць, што вельмі добра зрабіў малады кампазітар Фелікс Рыбіцкі, што ў 1 выпуску свежавыдадзенага свайго спеўніка на тры галасы і капэлу змясціў пад № 7 ва ўласнай аранжыроўцы на тры галасы песню Горскага "Ой, не тая цяжкая дарога..." (гл. № 6 з выдадзеных 12 песняў).

Доктар Суржынскі, пішучы пасмертныя ўспаміны ў "Ранішнім аглядзе" (№ 156 за 8 чэрвеня) слушна паведамляе, што "карціна была б няпоўнай, калі б прамаўчалі, што с. п. Канстанцін Горскі быў чалавекам з рысамі характару незвыкайнай годнасці, спакойны, працавіты, ненавязлівы, сардэчны, і ахвярны сярод прыяцеляў і калег. Для нябожчыка чужой была зайздрасць, якая нажаль так часта спатыкаецца нават і ў артыстаў неардынарных.

А пры тым паляк-патрыёт з бездакорным мінулым і гарачым сэрцам, які ніколі, а перад усім на эміграцыі, не шкадаваў свайго таленту і матэрыяльнага дабрабыту, каб аблегчыць долю землякоў.

Тут трэба дадаць, што як грамадскі дзяеч К. Горскі працаваў нястомна, развіваючы польс-кую музыку і паўсюль арганізуючы канцэрты на карысць польскіх гуманітарных і асветных арганізацый. Не было касцёла на поўдні Расіі, дзе не засталася б памяць пра Горскага - звон, абраз або якая-небудзь дапамога.

Канстанцін Горскі - адна з тых мурашак, што дзесяткамі гадоў будучы на чужыне рэальна адраджалі Польшчу.

Пра ўсё тое нельга забываць ні грамадству, ні польскаму ўраду.

Трэба памятаць, што пасля нябожчыка, які на ахвяру польскай ідэі аддаў усё сваё жыццё і набытак, у Познані засталася ў роспачы сям'я, якая складаецца з жонкі Ганны з дому Марцэлі (фартэпіяністкі б. праф. у Харкаве) і 10-гадовай дачушкі Ядвігі.

Трэба памятаць таксама, што на гурчынскіх могілках у Познані з чэрвеня г.г. былі пакладзены на вечны спачын парэшткі той яснай і прыгожай душы Канстанціна Горскага, якая свяціла ўсім і стократна заслужыла не толькі добры ўспамін, але і відны помнік грунтоўны, з якога пелігрым прачытаў бы, як трэба любіць свой край і святое мастацтва.

Пераклад Станіслава Судніка.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX