Папярэдняя старонка: Канстанцін Горскі

Опера К. Горскага «Маргер» у кантэксце беларускай культуры 


Аўтар: Аладава Р. М.,
Дадана: 29-04-2006,
Крыніца: Белорусский сборник № 3.



У беларускай культуры апошняй трэці ХХ ст. пачынаецца бурны працэс вяртання на Радзіму мастацкай спадчыны суайчыннікаў, чыя дзейнасць праходзіла па-за межамі рэспублікі. На хвалі нацыянальнага адраджэння як здабыткі беларускай музыкі пазіцыяніруюцца творы А. Радзівіла, Ю. Казлоўскага, М. К. Агінскага, С. Манюшкі, К. Горскага. Такая практыка патрабавала свайго тэарэтычнага асэнсавання ў рэчышчы праблемы міжкультурных узаемадзеянняў. Адказам на гэта патрабаванне з'явілася наша манаграфія [1]. У дадзеным артыкуле мы прапануем некаторыя вынікі гэтага даследавання.

На постаць Канстанціна Кіпрыянавіча Горскага (1859-1924 гг.) як аднаго з народжаных на Беларусі музыкантаў, што неслі пецярбургскія музычныя традыцыі ў іншыя гарады і краіны, першым звярнуў увагу І. У. Маціеўскі [2]. Сапраўды, «геаграфія» творчай дзейнасці знакамітага на мяжы ХIХ i ХХ ст. скрыпача, аўтарытэтнага настаўніка, менш вядомага ў кампазітарскай іпастасі, ураджвае! Нарадзіўся Горскі ў Лідзе. Гады навучання праходзілі ў Гродне, Вільні, Варшаве, Санкт-Пецярбургу, дзе ён скончыў кансерваторыю па класу Л. Аўэра і браў урокі кампазіцыі ў М. Рымскага-Корсакава; потым Пенза, Тыфліс, Саратаў, амаль на 30 гадоў затрымаўся ў Харкаве; апошнія пяць гадоў працаваў у Польшчы.

Музычная спадчына Горскага-кампазітара сведчыць аб моцных сувязях з польскай культурай. У Познані пасмяротна адбылася прэм'ера оперы «Маргер» - своеасаблівай справы ўсяго яго жыцця. Высока ацэньваючы гэты твор, рэцензент рэкамендаваў оперу да пастаноўкі на ўсіх польскіх сцэнах, перадаўсім - на сталічнай [3]. Парадаксальна, але ж менавіта «Маргер», знітаваны з культурай Пецярбурга, дае найбольш важкія высновы для выявы «беларускага субстрата» творчасці кампазітара.

Звонку оперны стыль Горскага пазбаўлены рысаў свядомай этнанакіраванасці, у ім адсутнічаюць фальклорныя элементы - традыцыйныя для даследчыкаў беларускай музыкі паказальнікі нацыянальнага. Ментальнасць аўтара музычна-драматычнага тэксту праяўляецца ў яго глыбінных структурах. Гэтая акалічнасць вызначыла метадалагічную базу даследвання, якая складаецца ў сінтэзу вядучых парадыгм сучаснай культуралогіі: структурна-семіятычнай (культура як «семіясфера», метатэкст), гісторыка-культурнай (культура як памяць), глыбінна-псіхалагічнай (архетыпы калектыўнага неўсвядомленага як аснова сімволікі). Аптымальнасць такіх падыходаў абумоўлена міфалагічнай асновай опернага феномена і падцверджана операзнаўчымі даследваннямі А. Баевай, Н. Бекетавай, Л. Перфір'евай, М. Чэркашынай і інш.

Напісаная ў 1905 г. па матывах аднайменнай паэмы У. Сыракомлі (Л. Кандратовіча) опера «Маргер» распавядае пра гераічны эпізод з летапіснай гісторыі Вялікага княства Літоўскага XIV ст., часу барацьбы літвінаў супраць крыжакоў за сваю незалежнасць. Сімвалічны сэнс набывае прысвячэнне твора: «Памяці лірніка вясковага» - пад гэтым імем Сыракомля ўцвярдзіўся ў польскай літаратуры як пясняр беларускай вёскі [4]. Праз паэта Горскі далучаецца да спецыфічнай гістарычнай формы літвінскай самасвядомасці, тыповай для сярэдзіны ХІХ ст. - значнага этапа фарміравання нацыянальнай свядомасці беларусаў. Важным кампанентам «літвінства» выступае ідэя салідарызацыі з польскім нацыянальна-вызваленчым рухам.

Лібрэтыст оперы, на нашу думку, сам кампазітар, даволі дакладна прытрымліваецца сюжэтных перыпетый літаратурнай першакрыніцы, зберагае нацыянальную характаралогію галоўных герояў [5]. Разам з тым у лібрэта ідэйна-маральная канцэпцыя оперы набывае новыя рысы: тут «завострана» ідэалагічная тэндэнцыя, што адбіваецца на трактоўцы вобразаў літвінскіх герояў Лютаса і Эгле, якія сімвылізуюць Радзіму ў яе міфалагічных мужчынскай і жаночай іпастасях.

Культура Беларусі - гэта культура памежжа, перакрыжывання. Заходнееўрапейскія і рускія ўплывы, успрынятыя праз прызму ментальнасці нацыі, складаюцца ў комплекс этнычных пераваг і набываюць рысы нацыянальна-адметнага. Аналіз з гэтых пазіцый музычна-драматычнага тэксту «Маргера» дазваляе зрабіць некаторыя высновы ў галіне адлюстравання беларускай ментальнасці ў канцэпцыі і музычнай драматургіі «Маргера» як культурнага артэфакта.

Кампазітар вызначае жанр «Маргера» як «драматычная опера». Але маштабнасць опернай задумы, дзе героіка, нацыянальная міфалогія, філасофска-маральная і рэлігійная праблематыка пераплятаюцца з псіхалагічна насычанай лірычнай драмай дазваляе ўбачыць тут складанасастаўную, шматузроўневую сістэму: нацыянальна-рамантычная - гістарычная - вялікая опера. Калі ў музычнай драматургіі заходнееўрапейскай оперы гэтага тыпу валадарыць любоўна-лірычная лінія, а ў рускай класіцы акцэнтуюцца эпічны план, духоўныя інтэнцыі, то ў «Маргеры» гэтыя драматургічныя складальнікі знаходзяцца ў раўнавазе. Такая жанравая дваістасць адбіваецца на развіцці міфалагемы кахання прадстаўнікоў варожых бакоў (Эгле і крыжак Рансдорф), якое пачынаецца ў рамантычным ключы, але ў фінале набывае класіцыстскае вырашэнне: абавязак вышэй за каханне.

Тыповыя для гістарычнай вялікай оперы рэлігійныя матывы ў паэтыцы «Маргера» прадстаўлены ў апазіцыі «паганства - хрысціянства». У творы Горскага паганскае светаўспрыманне літвінаў адлюстравана праз структуру касмаганічнага міфа ў пантэоне найбольш старажытных прыродных багоў: Перкуна, Зніча, Поклюса. Архаіка ўвасабляецца ў рытуальна-абрадавых сцэнах. Хрысціянская тэма знаходзіць паслядоўнае ўвасабленне ў развітай сістэме харальнай музыкі, якая парадаксальным чынам лучыць антаганістычныя вобразы крыжакоў і літвінаў. У святле хрысціянскай канцэпцыі оперы паказальна параўнанне блізкіх па ідэі фіналаў «Хаваншчыны», «Падання пра нябачны горад Кiцеж i дзеву Фяўронiю» і «Маргера», які завяршаецца сцэнай узыходжання літвінаў на ахвярнае вогнішча дзеля паўстання з мёртвых Радзімы. Фіналы опер Мусаргскага і Рымскага-Корсакава «дают чисто русский смиренный ответ на катастрофу реальности: неприятие исторической правды, утверждение идеи сверхбытия» [6]. У гэтым пункце канцэпцыя «Маргера» разыходзіцца з рускай традыцыяй, набліжаецца да заходнееўрапейскага канцэпту - смерць-збавенне. Але там ён традыцыйна выяўляецца праз індывідуальныя лёсы герояў. Успамянём адэпта гэтай філасофска-маральнай і рэлігійнай максімы Р. Вагнера, уплыў якога на паэтыку і музычную мову «Маргера» даволі адчувальны. Горскі пераносіць гэтую максіму ў сферу эпічнага, дзе адбываецца вызначэнне лёсу народа, станаўленне літвінскага самаўсведамлення. Так праяўляецца айчынная культурная традыцыя, гуманістычная накіраванасць беларускага ўсведамлення, якое, згодна з У. Конанам, «не зямлю "растварала" ў небе, а наадварот, зямлю адушаўляла, зазямляючы само неба» [7].

Значным паказальнікам сувязей з беларускай культурнай традыцыяй з'яўляецца наяўнасць у паэтыцы «Маргера» архетыпаў беларускага менталітэту, перадусім, міфалагемы Роднага Дому [8]. Яна выступае ў розных формах. Напрыклад, у аркестравай інтрадукцыі гукапіснага характару, дзе прадстаўлены вобраз Нёмана, адвечная плынь якога разносіць «рэха старажытных легендаў і думаў» (з лібрэта). Сімфанічная карціна становіцца ўступам да маналогу-эмблемы Лютаса - своеасаблівага «голаса ад аўтара». Гэта спецыфічна тэатральны прыём - выхад за мяжу часу, у Вечнасць. Медыятарам двух светаў тут выступаюць прыродныя сімвалы жыцця і смерці - рака і курган. У маналогу Лютаса канцэнтруецца і музычная сімволіка. Яна прадстаўлена алюзіямі паланэза Шапэна і мазуркі Дамброўскага, якія выступаюць знакамі героіка-патрыятычнага і канкрэтызуюць у ідэалагічнай канцэпцыі оперы ідэал дзяржаўнасці. У ролі міфалагемы Роднага Дому прадстае таксама харавая песня літоўскіх дзяўчат, адзін з найбольш самабытных па музыцы фрагментаў оперы. Усходнеславянская музычная інтанацыйнасць, элементы рускай песеннасці адчувальныя ў музычнай характэрыстыцы Эгле.

На музычна-драматургічнам ўзроўні оперы выяўляецца яшчэ адзін вызначальны для беларускай культуры і мастацтва архетып - міфалагема палявання. У «Маргеры» яна, дзякуючы свайму скразному развіццю, набывае статус спецыфічнай метафарычнай формы выявы канфлікту. Яе музычнымі знакамі-сімваламі становіцца разгалінаваная сістэма сігнальнай музыкі. Высокі градус драматычнага напруджання канфлікту абумоўлены яго ўнутранай амбівалентнасцю - функціянальнай дваістасцю герояў, што аб'ядноўваюць у сабе і паляўнічага, і ахвяру.

Сярод іншых знакаў «беларускасці», якія прысутнічаюць ў паэтыцы «Маргера», назавём баладнасць, якая надае драматургіі оперы адметнасць. У гэтай сувязі зазначым, што менавіта тэксты балад Міцкевіча «Свіцязянка», якая пабудавана на матывах беларускіх народных балад, і «Дазор» (у перакладзе Пушкіна) інспіравалі нараджэнне ў рускай музыцы 1890х гг. новых жанраў: вакальна-сімфанічнай (Рымскі-Корсакаў) і сімфанічнай («Ваявода» Чайкоўскага) балады. З беларускай кампазітарскай школай музычны стыль Горскага лучыць таксама рэтраспектывізм (апора на нормы музычнай стылістыкі першай паловы ХІХ ст.) і эклектызм (пры тым, што яўныя ўплывы стылю Чайкоўскага, Вагнера, італьянскай опернай музыкі ўсё ж не шкодзяць цэласнасці музычнай драматургіі) [9].

Усе гэтыя прыкметы стануць характэрныя для беларускай вялікай оперы, якая нараджаецца ў 1930‑х гг. Такім чынам, «Маргер» К. Горскага выступае як прадвеснік беларускай нацыянальнай оперы ХХ ст.

[1] Аладова Р.Н. Константин Горский и его опера «Маргер» в контексте белорусской культуры (рыхтуецца да публікацыі ў выдавецкім аддзеле Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі).

[2] Маціеўскі І.У. Беларуская мастацкая плынь у фармаванні еўрапейскага абрысу музычнай культуры Санкт-Пецярбурга // БС. Вып. 1. СПб., 1998. С. 39.

[3] Kronika artystyczna // Rytm. 1927. № 2.

[4] Сувязі Сыракомлі з беларускай культурай грунтоўна асвятляюцца ў манаграфіях: Цвірка К.А. Слова пра Сыракомлю. Быт i культура беларусаў у творчасцi «вясковага лiрнiка». Мн., 1975; Мархель У.I. Лірнік вясковы. Сыракомля ў беларуска-польскiм лiтаратурным узаемадзеяннi. Мн., 1983.

[5] Пытанні двухмоўнага (польска-рускага) лібрэта і яго аўтарства, якое зашыфравана літарамі WWG і, як нам падаецца, псеўданімам Выальгер, разглядаюцца ў другой главе згаданай манаграфіі.

[6] Барсова М. «Китеж» в Брагине: вопрос, оставшийся без ответа // Окно в Европу. 1995. № 2. С. 2.

[7] Конан У. Архетыпы беларускага менталітэту: спроба рэканструкцыі паводле нацыянальнай міфалогіі і казачнага эпасу // Беларусіка - Albarutenica. Кн. 2. Мн., 1992. С. 22.

[8] Міфалагема ў дадзеным кантэксце выступае як варыянтная форма архетыпу, правобразу, які існуе ў калектыўным неўсвядомленым і складае аснову сімволікі. Пры тым у міфалагеме зберагаюцца ўласцівы архетыпу глыбінны філасофскі сэнс і сувязь з сакральным (гл.: Аладова Р.Н. Оперная поэтика Анатолия Богатырева. Мифологема Родного Дома // А.В.Богатырев. Личность, творец, учитель: Сб. док. и ст. Мн., 2005).

[9] У разуменні паняцця эклектыкi аўтар прымае пункт гледжання Дз. Ліхачова: «Эклектизм ни в коем случае не следует считать оценочным термином и только отрицательным явлением» (Лихачев Д.С. Очерки по философии художественного творчества. 2‑е изд. СПб., 1999. С. 87).

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX