Папярэдняя старонка: Канстанцін Горскі

Маргер. Драматычная опера ў трох актах 


Дадана: 19-12-2010,
Крыніца: Лідскі летапісец № 46.



Памяці Вясковага Лірніка

МАРГЕР

Драматычная опера ў трох актах (6-ці карцінах)

Змест паводле паэмы Л. Кандратовіча (Ул. Сыракомлі)
Лібрэта склаў В. В. Г. (Вальгер)
Музыка Канстанціна ГОРСКАГА
1905 г.
Пераклад лібрэта на беларускую мову Васіля Сёмухі


АКТ І

КАРЦІНА 1

Інтрадукцыя


Сцэна 1
Зала ў замку Пулен

Хор (І, ІІ)
Перамог і помсты бог
хай прымае гонар зніча,
шмат Літве ён дапамог,
сілай моцы ваяўнічай.
Адагнаны вораг прэч,
сіла лютая прапала,
і крыжацкі доўгі меч,
бостваў нашых не дастала.
І упаў тэўтонскі крыж,
напаткала кара звера,
зноў нам зніч палае звыш.
Мы - ўгары! і наша вера.

Рушым, аголім свой меч,
рушым жа, воіны славы -
вось яно поле крывавых,
лютых і жудасных сеч.
Толькі знішчэнне наўкола,
вёскі гараць і бары,
песні не чутна вясёлай,
смутна стаяць ваяры.

Ваяры (Мужчынскі хор)
Вытаптаў плён нашых ніў
жорсткі нахабны крыжак,
плач нашых дзетак, жах
прагнай рукі не спыніў.
Стане сцяною ліцвінаў брацтва,
ўсе як адзін, бараніць свае хаты,
зведае вораг, што план яго кляты
скончыцца крахам, бой выйграць не ўдасца.

Жыві, наш Маргер! ён меч расплаты,
кулак жалезны ў сталь, у латы,
як гром, карае
як гром ,
лютыя зграі
крыжацкіх цел.

Расплата, расплата.
Смерць ім у бітве!
Расплата, расплата.
Згуба, смерць ім у бітве
і помста ім, і помста ім.
Пакуль шалее зло ў нашай Літве -
супроць стаім!

Маргер (Хор )
Будзь пэўны, мой народзе верны,
што міласэрны
ва ўсіх баях
не буду я.

Пакуль меч мой трымае рука,
прысягнуць вам на ім я гатовы -
паплыве долам кроў крыжака,
і пакоцяцца з немцаў галовы!
Абляціць вестка радасці люд,
што зламана крыжацкая сіла,
што свой гонар Літва ўбараніла,
не надзеўшы нявольніцкіх пут.

Маргер (з хорам)
Абляціць вестка радасці люд,
што зламана крыжацкая сіла,
што свой гонар Літва ўбараніла,
не надзеўшы нявольніцкіх пут.

Палонных, што ўзялі на полі сечы,
багам магутным у ахвяру дам
хай зноў спашлюць багі удачу нам!

Лютас
Жыццём плаціў, хто намі паланёны,
бо не мінаў яго ліцвінаў меч.
Рансдорфа ж не аддаў я на закол:
пад вартай ён цяпер . І ў ранах ён - сакол!

Маргер
Лютасе, дзякую! Палонны знакаміты;
Як мне сустрэцца з ім?...
(Да ваяроў)
Сюды яго, сюды!

Мужчынскі хор
У ковах рыцар, злы палон
трывае Рансдорф магутны,
не грозны болей ён,
бяссільны і пакутны.


Сцэна 2

Эгле
Туга ў вачах і боль на твары
паказваюць, як церпіць дух,
які ў душы паморак шары!..

Рансдорф
Якую злосць, жуду, агіду
на тварах бачу ў дзікуноў:
жывы адсюль я ўжо не выйду,
хай прыме смерць мяне з акоў!

Маргер (Рансдорфу)
Рансдорфе, мне скажы, што вас вяло
аж да замкавых муроў,
дзе ў люду й пана ў жылах кроў
адной прыроды! Сукінсыны!
прыйшлі з вайною без прычыны
на шыю нам надзець ярмо,
ды веру продкаў і свабоду
забраць у нашага народу
ніколі мы чужынцам не дамо...

Вы пад знакам крыжа,
бога каб абараніць,
на нашы хаты, нашы нівы
прынеслі гром, пажар жахлівы,
прыйшлі жанок і дзетак біць.
Праклён за гэта вам! Пагарды
тым большай кожны з вас тут варты,
дык на сабе яе насі.
За крыўду плату ты дасі,
не знае помста прабачэння,
цярпецьмеш мукі паганьбення
аж па астатні дзень жыцця!

Рансдорф
Задужа слоў, пагрозаў дужа,
аднак, жыццё кідае цень
на духа, што у целе ў мужа...
Ты муж, ваяр ці люты кат?
Чаго шкадуеш - ніваў? хат?
Калі ваяр ты мужны, бравы,
дык, як і ты, такі і я -
зацяты вёў з табою бой.
Скажы: хто большай варты славы,
душа мая ж бо не струхлела,
хоць маладосць мінула,
а ты ўсё любіш авантуры
і шлеш палонных на тартуры.

Маргер
Судзіў нам бог закон ахвярны,
каб кожны, трапіўшы ў палон,
крывёй абмыў памост алтарны,
каб гэтым сілы даў нам ён.

(Хор)
Крыжак расплаціцца славуты,
і ў помсце рады будзе люд,
люд пакутны
хай гляне тут,
пакутны люд хай гляне тут
на смерць Рансдорфа і пакуты!

Рансдорф
Не страш мяне!

Эгле
О бацька мой!
Не дазволь жа смерцю ліхой
бяссіламу памерці!

Маргер
А ён не сеяў жахаў смерці?
Суймі свой жаль! Не сэрца рэч
судзіць, дзе права правіць меч!

Эгле
Слабы, адважны і ў адчаі!...

Маргер
Ён рыцар! Мужнасць увянчае
пакутнай смерцю...

Эгле
О, богі, богі!

О. колькі ж, богі, колькі будзем
у лютым гневе зноў і зноў
мы праліваць людскую кроў,
о колькі ж будуць біцца людзі!?
Агонь і дым, пажар, пагром,
і смерць вартуе нас варожа.
Пяруне грозны, моцны божа,
спыніся ўжо, суцішы гром,
суцішы гром!

Рансдорф
За дар свабоды дарагое
вянок лаўровы не да твару, -
жыццё аддам я за свабоду,
а ў ланцугах не бачу дару,
бо ў смерці бачу ўзнагароду;
што ж да цаны жыццю майму,
цаною ганьбы,
цаною ганьбы - не прыму,
цаною ганьбы - не хачу,
жыцця такога не прыму!
Маргер
Юнача! Важкія мне словы
дайшлі да сэрца глыбіні,
я б, можа, нават адмяніў
прысуд табе такі суровы,
але нязменна слова божа,
яго змяніць нішто не можа,
бо слова гэтае - закон,
і служыць ён Літве спакон.

Лютас
Так! рыцар ты з вялікім гартам,
высакародны маеш дух.
О каб жа нам з табою ўдвух
было сябрамі звацца варта!

Хор
Праціўнік моцнае адвагі,
ён варты нашае павагі.

Тэнары, Басы
Хадзем, патрэбны нам спакой,
бо заўтра нас пакіча бой!

Сцэна 3-я

Рансдорф
А заўтра, можа, смерць мяне з жыцця дастане,
і я не ўбачу дзённага святла,
Як кропля ў моры хваль, жыццё у моры тла,
маё жыццё, у вечнасці растане.
Жыццё аддаць магу, памру са славай, смела,
як герой, а не стаптаны гад.
Змагацца я хачу, хоць лёс мне даў загад
узнесці на алтар змагання цела.

Не адкрыты тут бой, каб плаціў я уласнай крывёй,
зброю вырвалі з рук, і далёка сябры, не са мной,
і падступны удар з цела душу дастане мне,
мушу гінуць, як звер, што абраны на луп;
будзе харчам мой труп,
для паганскіх багоў,
бо іх божышчы смокчуць, як цмок,
кроў з ахвяраў ліхіх перамог.

У край свой не вярнуся ўжо сваёй пары
і не пабачу больш бацькоўскай роднай хаты
па-над ракой; не мне гараць закаты
і ў моры тонуць у агнях зары.
Бывайце ж, мілыя, спакуслівыя панны,
з якімі лучыць успамін пра слодыч кроз,
нас рознымі павёў шляхамі звадны лёс,
вам жыць і жыць далей, а мне... мне скон ахвярны.

О маці, маці! табе ж бо колькі слёз
з вачэй пралье ліхая сына доля!
Усцеш яго, твая хай будзе воля
ў апошнім сне, ў апошнім сне,
перш чым скарае лёс!
Усцеш яго, твая хай будзе воля
ў апошнім сне!
Лютас
Над галавой тваёй завіснуў меч няўмольны,
і ты схіліў, горды ўнізіў карк,
мацуй свой дух, не згінеш тут бяздольны,
абыдзе лёс ліхі, не трэба марных скарг.

Рансдорф
Абыдзе лёс! Ба! можаш кпіць удосыць,
бо знаеш ты, што я не ўбаранюся тут,
дык што пачаў - канчай, мой боль цябе не ўпросіць,
адкрыта бі, каб я пазбыцца мог пакут.

Лютас
Спакойны будзь: мой меч цябе не ўразіць,
а я хацеў бы лепей сябрам быць,
цябе шкада, бо мужнасць ты на полі паказаў!

Рансдорф
Хто ж дапамог мне ўдала, ці Лютас сам?

Лютас
Не я, а Рансдорф, - ён.
Дачка правадыра з сардэчнаю тугой
вось тут нядаўна бацьку палка умаўляла
і з ворагам з'яднаць у міры спрабавала,
развеяць гнеў яго, развеяць гнеў багоў.

Ад просьбаў даччыных Маргера мякне воля,
і загадаў ён мне цябе з акоў раскуць.
Зноў вернеш сілу, адыдзе ўраз нядоля,
закладніком затое верным нашым будзь.

Дай клятву мне, што хоць ты не звязаны,
уцёкамі не спляміш гонар свой
і сплаціш доўг удзячнасці тым самым,
а за цябе зарукай,
за цябе зарукай гонар мой.

Рансдорф
Клянуся я!

Лютас
Я веру! Мы ужо не ворагі цяпер,
А можа, долі злой па волі бога ты унікнуць зможаш,
і зменіцца прысуд, і ты дыхнеш лягчэй,
А можа долі злой па волі бога ты унікнуць зможаш,
і зменіцца прысуд, і ты дыхнеш лягчэй,
надзеяй добраю абернецца трывога.

Рансдорф
О, Эгле, да глыбінь твая даброць кранае;
а чым жа, чым табе аддзячу я?
Ах, чым жа, чым табе аддзячу я?
З цялесных путаў дух мой вызваляе,
ахвярай будзе хай душа мая,
ахвярай будзе хай душа мая.

Рансдорф
А мне спачыць пара ад цяжкіх бітваў
мой дух зачэрпне сіл з малітвы слоў,
цярплівасць жа знайду я у малітвах,
забуду клопаты, як Эгле ўбачу зноў. Лютас
Табе спачыць пара ад цяжкіх бітваў
і сіл зачэрпнуць,
і сіл зачэрпнуць з душаўцешных сноў;
табе спачыць пара ад цяжкіх бітваў,
зачэрпнуць сіл, зачэрпнуць сіл са сноў.
З крывавых ран здымі ярмо малітвай,
з крывавых ран здымі ярмо млітвай,
і хутка мужнасць ты здабудзеш зноў,
і хутка мужнасць здабудзеш,
мужнасць ты здабудзеш зноў!

Рансдорф
А мне спачыць пара ад цяжкіх бітваў,
дух сіл зачэрпне;
дух сіл зачэрпне мой з малітвы слоў,
бо мне спачыць пара ад цяжкіх бітваў,
мой дух зачэрпне сіл з малітвы слоў
цярплівасць знойдзе цела у малітвах,
цярплівасць знойдзе цела у малітвах,
забуду клопаты, як Эгле ўбачу зноў.


КАРЦІНА 2

Скалісты і лясісты бераг Нёмана, які знікае ўдалечыні. Сярод сцэны стары галінасты свяшчэнны дуб, пад ім грубая выява боства. Дуб і божышча аздобленыя ахвярамі, прынесенымі вернікамі. Направа ўзвышаецца скала, паўразбураная часам, знікае за кулісамі.


Сцэна 1

Рансдорф і Лютас сядзяць на камені.

Лютас
Задумаўся? Чаго?

Рансдорф
Не знаю сам, Лютасе.
Няясна ўсё, душы чагосьці брак,
нязнаны рай нібы тугой азваўся,
так вабіць гэты свет, надзеі будзіць,
толькі ўсё як бы не ў часе!..

Лютас
Пакуль жывы, сваёй будзь долі рад.

Рансдорф
Жыць!.. што з таго мне!? ...
Памерці мне не страшна,
калі ж суцешыць хочаш, раскажы
пра Эгле мне!

Лютас (паказваючы ўделечыню)
Ды вось яна, з дзяўчатамі ідзе
свяшчэнны дуб наведаць ;
іх малітоўны спеў напоўніць гэты гай.

Рансдорф
Нязвыклы звычай ваш і мне пабачыць дай.
Лютас
Стань побліз дзе, за тою вунь скалой.

Рансдорф хаваецца за скалу справа. Лютас выходзіць.


Сцэна 2

Эгле і дзяўчаты-ліцвінкі ў вянках і з кветкамі ў руках.

Хор дзяўчат
Устае раненька сонца,
гоніць морак шары,
на дзявочыя сардэнькі
насылае чары.
Адшумела, адгрымела
над Літвою бура,
збеглі госці-ліхадзеі
хмараю панурай,
размяло густыя цені
як лісцё віхура.

Каб жа толькі мой каханы
быў жывы,
я абмыю раны,
дам жывун-травы.
Выйду стрэць-сустрэць яго
з дубовых варот,
выпіць піва дам,
залацісты мёд,
паднясу да вуснаў смяглых
поўны рог,
каб міленькі мой мядухі
выпіць мог.
Вой, схілі стамлёна голаў
да грудзей,
і забудзь пра бой крывавы,
шчасцечка ідзе.

Усе, апрача Эгле, разыходзяцца па лесе.


Сцэна 3

Эгле
Дзіўна як!.. Душу вярэдзіць мне
міжволі песенька сябровак!..
А ў сэрцы смутак, цьмяны сон, і мара,
мову адбірае.
Магла б адкрыцца толькі аднаму:
як цяжка жыць, як цяжка жыць,
журбу стаіўшы ў сэрцы.

Я не люблю яго, о не!
Хто ж любіць ворага? А мне
тым больш ніяк не выпадае,
бо бацька мой, кіроўца краю,
забараніў бы мне кахаць,
дачцэ не змог бы дараваць,
бо лепей смерць, бо лепш загуба,
чым ганьба ёй, дачушцы любай.
Мне ў сэрца жаль пранік глыбока,
ахвотна б я дапамагла,
хоць у душы я зберагла
і жаль і літасць! Ён далёка,
і мне шкада, што моц тугі
на ім вісіць, як ланцугі!

Можа, маці недзе, можа, ёсць сястра,
можа, тужаць, можа, слёзы льюць дарма!
Тут і краіна чужая, чужы і бог,
каб маліцца богу свайму ён мог.
О мой бацька добры, волю дай яму,
і хай рыцар слаўны вернецца дамоў,
О мой бацька добры, волю дай яму,
і хай рыцар слаўны вернецца дамоў,
і хай рыцар слаўны вернецца дамоў!
І тады пагодна заяснеюць дні,
толькі ўжо кахаць я не змагу ані.


Сцэна 4

Рансдорф
О Эгле, дай прамовіць слова!..

Эгле
Чаго ты тут?

Рансдорф
Не будзь суровай!
Цябе, я толькі сню адзіна,
майму ты сэрцу як святыня,
жывеш у ім, нібы багіня,
якой малюся я няспынна,
бо толькі ты любоў мая,
бо толькі ты, о Эгле,
ты любоў мая!

Эгле
Чакай!.. Не трэба лішніх слоў!..
Хоць вораг ты, чужое веры,
але ў маім жывеш даверы,
і я не прагну кары, не.

Рансдорф
Калі што лёс прызначыць мне,
дык назаўсёды праўдай стане,
ў табе адзінай - маё каханне.
Ты першы ясны промень дзён,
і сэрца боль мой, і журбота,
ты сэрца боль мой і журбота
вачэй лагода і пяшчота
жыццё, і смерць,
жыццё даеш і смертны скон.

Эгле
Такія словы слухаць люба,
яны звястуюць новы май,
звястуюць сэрцу новы май,
ды, Эгле, ты ж увагі дай,
бо ў іх затоеная згуба,
бо ў іх затоеная згуба,
о так, о так, на жаль у словах
твая затоеная згуба!
Рансдорф
Кахаю Эгле я, ах! палка кахаю,
усё аддам за шчасця квет,
бо без цябе нашто мне свет!
Няволю з радасцю прымаю,
з радасцю прымаю,
о так, о так, няволю з радасцю прымаю,
няволю з радасцю прымаю.

Эгле
Ты вораг, рыцар, помні то!

Рансдорф
Сказаць мне так!.. Не, Эгле, хто
другі сказаць так права мае.

Эгле
А праўда ў тым якраз святая,
што ты навёў нам чужакоў.

Рансдорф
І чую столькі горкіх слоў.

Эгле
Ах, рыцар бравы,
сваёй будзь годны добрай славы!

Рансдорф
Цябе кахаю!

Эгле
А я!? А мне?! Не можна!..

Рансдорф
Ах! сэрца, як табе трывожна,
суймі парыў... суймі парыў!

Эгле
Табе я шчыра
дапамагчы хачу, павер!

І хай багі цябе аслоняць.

Рансдорф
Дарма!.. усё памерла,
апроч тваёй, апроч тваёй,
тваёй адплаты,
і ўдар смяротны з рук тваіх,
як з неба гром, як з неба гром
па мне б'е клята;
сыходжу я адсюль навек,
навек!

Эгле
Рансдорфе! О жорсткі!.. Сыходзіць!..
У час!.. Бо так і трэба,
збыліся ўсе вырокі неба!
(Бяссіла апускаецца на камень)
Мае дзяўчаткі, станьце ўкола,
(Дзяўчаты абступаюць яе)
пацешце песенькай вясёлай!..
Ды не!! Заўтра буду рана,
а сёння думкі стынуць хай,
а заўтра вернемся у гай
пад дуб! Як цяжка! ах! як забуду!?

Дзяўчаты (выходзячы з Эгле)
Устае раненька сонца,
гоніць морак шары,
на дзявочыя сардэнькі
насылае чары,
насылае чары!


А К Т ІІ

Шырокі падземны храм. Злева, справа і ўглыбіні цёмныя праходы і сталактытавыя гроты. Скляпенні і сцены пачарнелыя ад куродыму з ахвярнага вогнішча. У глыбіні сцэны каменны алтар, на якім гарыць зніч, час ад часу выбухаючы крывава-чырвонымі языкамі полымя. Каменныя груба часаныя выявы багоў. Па сце-нах развешаны ахвярніцкія прылады і рознае начынне. Глыбокая ноч, храм слаба асветлены полымем зніча.


КАРЦІНА ІІІ

Сцэна 1

Марці (у малітоўным экстазе каля ахвярніка)
Поклюсе грозны, што за сны?
Чаму жахлівыя зраніцы
твае шпурляюць бліскавіцы,
за што твой гнеў такі буйны?
Табе ахвяраў новых трэба,
што ўжо відны праз навісь дыму
выявы грознага уздыму
і анідзе прасветлін неба.
Бо прадчуваю сілай духа
я божы морак, неспакой,
грукоча воддаль бітва глуха,
навала, вораг, кроў ракой.

(Сыходзіць з прыступкаў ахвярніка)

О Маргер! ты Літве аплот,
і ты бароніш свой народ,
дык уратуй ад бед яго,
пад корань вынішчы ўсё зло,
уберажы літоўскі гмах,
не дапусці пад княскі дах
нягод ліхіх, пад княскі дах.
Рансдорфа ахвяруй багам,
уславі іх ахвярнай песняй,
тады наноў Літва ўваскрэсне
лягчэй тады ўздыхнецца нам.
Замоўкнуць злыя рыкі бітваў,
палі дадуць багаты збор,
і новы бляск нябесных зор
хвалой засвеціцца нязвыклай...
Ахвяру дай, іначай нам,
іначай гора ўсёй краіне,
звядзецца ўвесь ліцвінскі род,
ахвярай смерці, ахвярай смерці
стане... наш народ!..


Сцэна 2

Марці
Вось ідуць!

Хор жрацоў (за сцэнай)
На твой заклік прыйшлі мы скарыцца,
каб пакору сваю паказаць.
Службу, і жыццё ў нас можаш узяць,
божай ласкі свяшчэнная жрыца.
(На сцэне)
Хто з нас мае ахвяраю быць,
хай твой абвяшчае нам вырак,
мы крывёю улашчым куміра,
каб гарэў ясным полымем зніч!
Каго выбраць: юнака ці падстарка,
каб шугала полымя ярка,
калі боству ўспадобіцца кроў, -
скажы слугам, мы ўсе пагатоў.

Храм шумна напаўняецца: люд, ваяры і дзяўчаты.)

Марці
Богі неба, падземныя богі,
вось заклёнаў наблізіўся час:
ублагаць хоча гнеўлівых вас
люд ахвярамі - даць дапамогі.


Сцэна 3

Маргер, Эгле, Лютас і ваяры ўваходзяць праз сярэдні ход.


Марці (да Маргера)
Я вітаю цябе, мужны віцязь!
Ведай: ворага не пакарай,
дык твая памылковая літасць
можа ўраз запрапасціць наш край...

Маргер
Каб сілай злоўжываць, няхай бог крые мілы!
Так! вязень мой павінен мець свабоду,
бо гонару няшмат з бяссілым важыць сілы!?
(Холадна:)
Дарма, урэшце, тут шукаць у Марці згоду,
не трацьма слоў, ахвяра ёсць ахвяра,
вайсковае усё - ў руках у вояў,
а ўсё ля алтара - ёсць Марці зброя,
малітвамі адольвай, верай ...

Эгле
О, тата мой! О, Літвы княжа,
з табой і смерць прыняць не страшна!

Марці
Таму хай бог і вырашае,
каму з вас жыць, каго ж - карае.

Лютас
Наш правадыр і муж лагодны,
наш правадыр,
ты славы і пашаны годны!

Марці
З хвілі гэтай вы, хто тут прысутны,
ты, дачка твая, плоць тваёй плоці,
а над вамі бог Поклюс магутны,
вы пад моцай ягонай даброці.
Ён нам волю сваю тут аб'явіць,
як пачуе маіх слоў закляцці,
мо цябе пад сякеру паставіць.
мо захоча ахвяры дзяўчаці,
будзь гатоў, і з табою ліцвіны,
зрабіць так, як зрабіць вы павінны.

Хор
Каму смерць за свой край прыпадае,
таму суджаны ў небе край божы,
яго сіла падхопіць святая,
панясе у краіну раскошы...

Invocatio. Выкліканне бога пекла Поклюса. Марці падкідае зёлак у агонь, з якога высока ўгору шугае полымя і дым.


Марці і Хор жрыц
Пеклам абранае боства,
ты адно а ці мноства
ў ятры лютай і вострай.
нам аблічча яві!..
Вось ужо гром грукоча,
Поклюс выйсці к нам хоча.
У агні, ці ў крыві
гнеўны вобраз прымі...
У маланцы ці ў громе
акажыся відомы,
волю ўведаць дай, -
хто аддасць плоць, кроў,
каб на край няшчасны наш
мір вярнуўся зноў!

(*У полымі і ў дыме з'яўляецца страшная постаць Поклюса. Маргер, тулячы ў абдымках дрыготкую ад жудасці Эгле, пільна ўглядваецца ў прывід, як і Лютас. Усе астатнія падаюць тварам да зямлі.)


Марці (Хор жрацоў)
Выдай вырак суровы
на благальнікаў ласкаў,
вунь, схілілі галовы
перад пеклавым бляскам;
мецьмеш кроў у ахвяру,
ты, адвеку бажышча,
адкладзі толькі кару,
хай люд мір сабе зышча.

Поклюс (4 галасы за сцэнай. Тэнары)
Прагну: хай Рансдорф згіне!
І Літву пошасць пакіне!!

(Прывід знікае)
Марці (Хор устае)
Загіне, праміне,
яму ратунку ўжо няма, о не!
Цень сумневу бог
зняў і даў нам раду,
і хто цяпер бы мог
не прызнаць загаду!?

Хор (у вялікім узрушэнні)
І зноў у радасці палаюць твары,
Няхай жыве алтар і кроў ахвяры!
Ахвярніка на стод!
Зямлі нямецкай плод!
Чым меней пражыве,
тым меней зробіць шкод.
Нявернага крывёй зальём мы стос,
а вецер праху справіць лёс.
Так рабіў наш дзед даўным даўно,
даўным даўно.
Трэба нам, трэба нам
ісці ў ягоны след.
Біць крыжакаў! Біць крыжакаў!

Эгле
Я першая! І я!

Маргер
Служу загаду!
І хай шкада мне юных дзён хлапечых,
ды тут жрацам я аддаю уладу.

Маргер
Ані думайце!
Вам загадваць тут права служыць мне.
Не дазволю я разбойны чын,
хоць асуджаны чужынскі сын
хутка смерць прыме ён.
Не на мукі выдаецца вам у рукі.
Заўтра сам выдам вязьня вам,
ён прыме тут смерць
з рук божае жрыцы.
А тым часам ні слова пра гэта,
каб ахвярны спакойны меў сон,
цяжка бо з юным жыццём расстацца.

Таму гора і смерць таго звяжа,
хто рыцараў гонар зняважыць,
яму потым пра ўсё тут лёс скажа.

Эгле
Я не знаю, чаму непрыемна,
душна мне, сэрца сціскае страх,
сэрца жаль раздзірае і жах,
я дрыжу перад сілай таемнай,
аднак я ганю смерць яго,- не!
Бо каму трэба кроў маладая?
І ці сапраўды боству яна,
боству яна?
Ах! ты, жрыца, ты злая сама.

Марці
Багам Літвы хвала аддаецца.
Марці дбае пра гэты закон,
як страшны ўдар,
страшны ўдар Рансдорфа кранецца,
Поклюс возьме з таго сабе плён.
Боства помсты падыме правіцу,
каб крыжацкі закончыўся род,
і тады мае ўбачаць зяніцы
наш даўні зніч!
наш даўні зніч свяшчэнны,
аплот!
Смерці Рансдорфа.

Маргер
Няхай споўніцца вырак свабодна,
калі бог патрабуе таго,
гэта дасць моцы слугам яго
захаваннем іх веры народнай.
Ці сапраўды юначай крыві
прагне Поклюс, як мы тут пачулі,
знае Марці адна! Скажы, Марці,
і не пакрыві!
Бо сумненні ў душы не заснулі.
Смерці Рансдорфа.

Лютас
Чараўніца на зло падбівае,
скача, махае, гнеў плешча ў ёй,
дабаўляе ў стан вязьня бяспраўя,
люд запляміцца гэтай крывёй,
але я вам не жрэц ліхой славы,
каб наш вязень стаў марнай доляй расплат.
Хай аціхне імпэт іх крывавы, -
люд ліцвінскі нікому не кат.

Жрацы, Жрыцы, Люд
Багам слава на месцы алтарным,
пакуль Літва з ахвярамі йдзе,
хай яны умацуюць людзей
прад абліччам пагрозы каварнай,
хай нам ясна зара засвітае,
ахіне нам святлом далягляд,
а ахвяра з крывёю верне,
верне мір і айчыне лад.
Край прагне цэлы,
і ліцвінскі жадае народ:
пасароміць крыжакаў навалы,
як адпорам ім блісне усход!


Карціна 4

Бераг Нёмана пад мурамі замка Пулен. З правага боку выступ вежы, пад якой падземны ход на другі бок ракі. Справа - высокі курган. Углыбіні - далёкія палі і занямонскія лясы.

Сцэна 1

Лютас (сядзіць на высокім кургане ў глыбокай задуме)
Коцяцца Нёмана воды,
шэпча таемна іх шум,
рэхам прадаўняй прыгоды
голас паданняў і дум.
(Устае і падыходзіць да авансцэны.)
Нёман! ты помніш, як орды
ворагаў тут пераймаў,
як у кіпучыя воды
стрэламі бітых прымаў.
Тут гартаваў я у бітвах
меч на крыві крыжакоў,
ах! і пакінуў многа
магілаў братоў.
Дзе ж вы, сябры бaявыя,
верныя, мужныя воі!
Дзе вашы душы жывыя,
дух дзе лунае, героі!
Можа, мне наканавана
коштамі вашага болю
зведаць тут позна ці рана
роднай Літвы маёй волю.

Веру ў святасць нашай справы
веру ў светлы дзень,
як Літва у поўні славы
ворагаў змяце.
І убачыць люд хрышчоны,
што жыве ліцвін,
вольналюбны і нязломны,
хрысціянскі сын,
што ліцвін зусім не гіне
ад няўдач і скрух,
бо жыве ў адважным сыне
прабацькоўскі дух.
Можна ўліць у веру смуты,
зманлівых аблуд,
а накінуць нельга путы
на ліцвінскі люд.
Як бацькі, так сёння дзеці
хочуць вольна жыць,
лепш памерці,
вольнымі памерці,
чым у рабстве быць


Сцэна 2

За сцэнай чуецца бразгат зброі.


Эгле
Лютасе! Дай ратунку вязьню,
прашу цябе, ратуй яго!

Лютас (занепакоена)
Кажы хутчэй, дзіця, - каго?
Няма прычын дрыжаць з баязьні.

Эгле
Рансдорфа! Чуй, спяваюць зноў!

Хор
На твой покліч прыйшлі мы,
каб засведчыць пакорай сваёй,
жыццём нашым,
жыццём нашым судзі і крывёй,
ласкі божай,
ласкі божай вялікая жрыца!..
Эгле
Злавесны хор спявае ў змроку,
як з-пад сякеры хлыне кроў,
са слёз маіх не будзе толку.
Май літасць!.. Будзь ласкавы!

Лютас
Злая справа,
бо хоць агнём душа гарыць,
а сіл не маю зло ўхіліць:
мне помста жрыцы - што забава,
а як забыць пра божы гнеў
і слова, Маргерава слова?!

Эгле
О, гора! зноў кроў і змрочны спеў!
І смерць, і пашча пекла злога!
Суйміся, сэрца, не дрыжы!
шукай сабе другога бога,
ад злых багоў сваіх бяжы!..

Лютас
Адкуль прыйшла ў цябе трывога!?
Эгле, што табе наўме!
Шаленства сэрца дапускаю,
ён вораг, ты блюзніш ці не?
Ён вораг наш!

Эгле
Яго кахаю!

Лютас
Крыжак! Не забывай таго!

Эгле
Дзявоча сэрца не забудзе!
Ах! толькі ўладная любоў,
нянавісць, вось што ў сэрцы будзе,
калі мужчын заводзіць бой,
мяне ж не возьме проста змора,
павер жа мне, нічога ў свеце
любові ўладнай не пабора,
любові ўладнай Эгле не пабора.
І ты ж любіў Рансдорфа дзецем...

Лютас
Чым тут парадзіць!? Мне няўцям.


Сцэна 4

Лютас і Эгле; да іх набліжаюцца Маргер і Марці; жрацы з паходнямі, жрыцы, ваяры і люд з шумам запаўняюць сцэну.


Хор
Дзе вязень? Можа, збег бяскарна?
Хто ў змове з ім!? Хто ў змове з ім!? Хто ў змове!?
Хто ў змове з ім!? Хто ў змове з ім!?
Хто з ім? Хто з ім?
Хто ў змове з ім!? Хто ў змове з ім!? Хто ў змове!?
Хто ў змове з ім!? Хто ў змове з ім!? Хто ў змове!?
Хто з ім?
Смерць! Хто з ім!?
Смерць! Хто з ім!?

Маргер
Хто б ён ні быў, загінь ахвярна!

Марці
А ты на слове стой сваім!

Маргер
Не жрыцы Марці тут рукамі
чапацца слова!
(Заўважыўшы Эгле, здзіўлена)
Эгле! І ты тут? Дрыжыш! Чаго дрыжыш?..

Маргер
І Лютас тут!.. Не можа быць...

Эгле
Маўчы, Лютасе! Я сама
суду аддамся і прысуду,
я сама суду аддамся і прысуду,
я сама суду аддамся і прысуду,
я сама, о так!
Я сама суду аддамся і прысуду,
падбала добра ці дарма.
А ты патрэбны краю, люду, ах!
А ты патрэбны краю, люду.

Марці
Закон стаптаны продкаў нашых,
чакае край наш горкі лёс
праз Эгле?
Чакае край наш горкі лёс,
і гэта ўсё не горкі лёс нам спляжыў,
айчыну зла чакае лёс,
гэта ўсё праз Эгле.
Дык хай ідзе на смерць, на стос,
на смерць, на стос!

Маргер
Не можа быць, каб Эгле сорам свой забыла,
а Лютас планы здрады плёў.
Не можа быць, каб Эгле сорам свой забыла,
калі ж бы... калі ж бы... скрые ўсё магіла,
а з ёю скрые ганьбы сляды,
скрые ўсё магіла,
а з ёй і ганьбы след,
а з ёй след ганьбы!

Лютас
Не! як што вінны нехта з нас,
адна не можаш гінуць марна,
адна не можаш гінуць марна.
Не! На смерць усіх! на смерць усіх
пайду і я, на смерць усіх пайду і я.
На смерць усіх пайду і я!

Хор
Жахлівая у нас правіна,
жахлівая у нас правіна,
і марна ў спрэчку ўлезлі вы,
бо тут трымалася злачынна
найпершая з дачок Літвы,
бо тут трымалася злачынна
найпершая з дачок Літвы,
найпершая, з найпершых,
з літоўскіх, з дачок Літвы!

Маргер (да Эгле)
Цябе пытаюся, дзяўчына, -
хто паказаў таемны лёх?

Эгле
Мой бацька! праўду я скажу,-
віна мая.

Маргер
Дачка-злачынка пад бацькаву сякеру йдзе!
(Кідаецца з сякерай да Эгле, Лютас адкідае яго сякеру сваёй. Абураны Маргер хапаецца за меч.)
(Да Лютаса:)

Дарогу помсты заступаць мне -
нягожа !

Эгле
О Божа мой!

Лютас
Каб спыніць злачынства.

Маргер
І ў час!

Хор і Марці
Хай згіне!

Марці
О Маргер, божы вырак цвёрды,
не думай адмяняць яго
па волі Поклюса - галоўны
калі уцёк з турмы палонны,
хай ганьбу змые Эгле кроў!
Інакш нам лёс бяды адмераў -
пацерпяць люд, краіна, вера.

Эгле
Мой бацька!

Маргер
Хай будзе так!

Марці
Падземны ўладца хоча так!

Лютас
Не! Не!

Хор
Падземны ўладца хоча так!

Маргер ( да дачкі)
На смерць! Ахвярны стос палае,
ты прымеш смерць на золку год!
А я - віна тваіх прыгод -
адпрэчыць лёс твой сіл не маю!
Калі жыццём заплаціш тут
за справядлівасць, радасць мецьмеш,
палёгку мецьмеш ад пакут,
ад бацькі ж - радасці заледзьве...

(да людзей)

Сцеражыце,
і хоць бы упрошваў я варту
і ў ногі вам упаў,
каб злагодзіць ёй лёс,
не слухайцеся бацькі,
ягоных пагроз, -
вінаватая хай прыме смерць...
Хай так будзе!

Хор
Хай сплыве яе кроў
на алтарнай спарудзе..

Эгле (да бацькі)
Жыцця шкода і дзён юных шкода,
але міламу будзе палёгка.
Хутка згасне дзён гэтых пагода,
ў даль туманную думкі,
думкі вымкнуцца лётка,
ў даль туманную вымкнуцца лётка,
калі ў пыл ужо,
калі попелам-пылам стану,
тады, бацька, слязой тваёй гляну.
Тады, бацька, слязой тваёй гляну.

Марці
Не гняві сябе, бог, не гняві,
і хай гнеў твой нас больш не маркоціць,
калі хочаш ты нашай крыві,
калі хочаш ты нашай крыві,
Марці хутка ахвярай аплоціць,
ахвяруе, хутка сплоціць.
Лічы, Эгле, у вязьніцы дні,
сцеражыце яе, камяні...

Маргер
Адвядзіце яе як найдалей.
Цяжка сэрцу стрываць, сэрцу бацькі,
цяжка сэрцу стрываць, сэрцу бацькі,
хто яго пашкадуе у жалі,
хто суцешыць у горы жабрацкім.

Лютас
Не, не магу я аддаць цябе богу,
не дапусціць крывавай ахвяры,
не дапусціць крывавай ахвяры,
меч стары табе ўторыць дарогу,
убароніць ад лютае кары,
меч стары табе шлях утаруе,
альбо ўдасца мой план, калі ж- не,
дык вазьміце жыццё і ў мяне.
Хор
Не гняві сябе, бог, не гняві,
і хай гнеў твой нас больш не маркоціць,
калі хочаш ты нашай крыві,
калі хочаш ты нашай крыві,
Марці хутка ахвярай аплоціць,
ахвяруе, хутка сплоціць.
Лічы, Эгле, у вязьніцы дні,
сцеражыце яе, камяні...
Лічы, Эгле, у вязьніцы дні,
сцеражыце яе, камяні...

Эгле выводзяць, за ёю выходзяць усе.


А К Т ІІІ

Карціна 5

Вялікая гатычная зала ў замку Мальборк. Углыбіні трон Вялікага Магістра, над якім баявы штандар Закона. Абапал трона сядзенні для членаў капітула. Справа і злева высокія стрэльчатыя дзверы, каля якіх стаяць ахоўнікі і пахолкі. Зала ўпрыгожана трафеямі, зброяй і інш


Сцэна 1

Ажыўленыя групы рыцараў, ваяроў і пахолкаў. Рансдорф, самотны і задуменны, пазбягае натоўпу.


Тэнары І, ІІ; Басы І, ІІ
Хадзілі ўжо атрады нашы
Да Вільні брам!
Пыхлівы ж Маргер з ардой сваёй
Плён перамогі ў нас украў!
Пара падумаць пра паходы,
пра помсту з добрае нагоды,
каб ні кала, каб ні двара
ім не было. Пара! Пара!

Рыцар І (да Рансдорфа)
Адзін ты здольны ў бездарожжы
здабыць нам перамогу зноў,
чаго ж тады шкадуеш слоў,
чаго ж задумлівы, варожы?
Ці не на лютню трубадура
ты хочаш меч свой памяняць,
ці, можа, Маргера дачура
красой так здолела звязаць?
Смялей!
Праз тайны лёх ліцвінаў
у крэпасць ход нам пакажы!

Рансдорф
Каб вужам здрады ваш паход
з балот на панямонскі бераг
знянацку выпаўзці там мог!?
Не! Не!

Рыцар І
Рвучы вузлоў далёкіх ніць
для нейкай дзеўкі, для паганкі,
ты варт літоўскае каханкі,
нам жа застаешся братам быць.

Рансдорф
Далей ні слова! Толькі Бог
судзіць нас можа справядліва,
а з вас ніхто, бо знае хто,
да чога сэрца так чулліва.
Бунтуе вас захопаў шал,
але зацятасць войн трымае;
падступства цешыць вас, не жаль,
бо сродак мэту асвятляе.
А мой інакшы Бог, ваш гнеў
майго не дасягае неба,
пагарда мне бунтуе кроў,
мне кроў за гэта сёння трэба!

(Рансдорф збіраецца кінуць пальчатку, у гэты момант шырока расхінаюцца дзверы справа, і ўваходзіць герольд.)

Герольд
Вось Магістр Вялікі!

Рыцары (становяцца ў рад, прапускаючы В.Магістра да Рансдорфа)


Кроў - не вода, кроў - выгода,
але будзе згода,
як пойдзе чарка ў рукі з рук!..


Сцэна 2

Уваходзіць Вялікі Магістр са світай, несучы меч і крыж. Рыцары шаноўліва нахіляюць галовы. Вялікі Магістр сядае на трон; капітула займае свае месцы.


В. Магістр
Хай будзе з намі Бог!
Яму ўзнясём благанне
пра добрых рад высланне.
Хай жа стане
як Найвышэйшы скажа сам;
Ён - Бацька нам!

Хор рыцараў (у пабожнай паставе)( Малітва)
О, Душасвяты, дай святла нам,
сэрцам дай слодыч, Тваім сынам,
будзь нам паходняй міласці годнай!
цяжкім паходам мы за Табой
пад знакам крыжа рушым у бой,
каб добрай славы ўкласці у справы.
Рыцарам крыжа правадыром
будзь і паганскіх скінь з алтароў
божышчаў і - нам святло шлі!

(Усе сядаюць)


В. Магістр
Не нам прыстала
цешыцца славай,
о кожны дзень
так! Бо штораз
нашых параз
множыцца цень
на ўсім мінулым,
нашых заслугаў, на нас!
Чакае помста нас;
Літва! Хай пойдзе прахам
за свой супор!

Хор
Пагібель! Пагібель!
На бой! На бой! На бой!

В. Магістр
Святыя ёсць у нас правы,
а наш магістр за гонар іх
не пашкадуе галавы,
як правадыр і як айцец па духу.
Літва ж якраз закону падпадае,
дык хай канае
за нораў свой!
Пагібель! Пагібель!
На бой! На бой! На бой!

В. Магістр
Рансдорфе, ўваж,
што той, хто крые штось,
прагне ён са страху ці з гардыні
і нам не йдзе з дакладам,
чыніць зло, ён сам загіне,
бо тоіцца ў ім здрада.
Ён сам загіне!

Рансдорф (да В. Магістра)
Нядобры чын справы дзеля
па праве ты караеш тут.
Калі душа пакіне цела,
калі на божы пойдзе суд,
віны не ўтою там. Не знаю,
ці можна мне было кахаць,
я і цяпер агнём палаю
і не хацеў бы дагараць,
але прысяг сваіх рахунак
не адмяню - такі закон.
Мне сведка Бог, а ў Ім ратунак,
бо і любоў сама - ёсць Ён!

В. Магістр
Рансдорфе! Сатана
так думаць спасабляе,
ў думках блудзіць,
ў слабой душы пачуцці будзіць,
каб завалодаць і душой.
Рансдорфе! Добра ўсё. Паросту,-
да Эгле правядзеш,
калі ж яна папросіць хросту,
яе нявестай назавеш!

Рансдорф
Не ўводзь мяне у спакушэнне,
мой пане! Гэта ж - райскі блуд.
Збавіцель праўды абвяшчэнне
праз смерць нам даў, явіўшы цуд.
Не! Не! Прысягі не парушу,
умольна я прашу у вас,
дазвольце ўмацаваць мне душу
перш чым памерці прыйдзе час,
прашу я вас! (Схіляе галаву).

В. Магістр (убок)
Апантаны! Так! Але з трывогай,
жадае мужна ён смерці строгай.
Што зробіш? Выхад ёсць… патайны лёх!..
Ну, (пакутліва) што ж: паможам, каб ён змог!
І пойдзе сам!
(Да стражнікаў, уголас)
Прывесці ліцвіна!


Сцэна 3

Тыя самыя і ліцвінскі ваяр, закаваны ў кайданы.


В. Магістр
Скажы яшчэ раз нам, які
адказ ты даў быў у катоўні,
што Маргер кару спраўна споўніў
за здраду роднае дачкі.

Палонны
На Эгле не бацькоўскі суд,
а божы вырак шле ёй кару,
на стосе свой акупіць грэх
складзе ахвяру!

(Рансдорф кідаецца на палоннага, хапае яго за плечы і ўпіваецца ў яго вачыма).


Рансдорф
Ты хлусіш, паганскі пёс ушчуты!

Палонны (з годнасцю)
Палонны воін, хоць закуты,
няпраўдай не запляміцца!

Рансдорф
Ну так, ну так! О Божа!
На мне след ганьбы ад крыві нявіннай,
за гэта волю я здабыў.
О, Эгле! Любая, нанесці ўдар
я ворагам павінны,
цябе з цямніцы вырваць мушу,
калі і як, не знаю сам,
але усё ў ахвяру дам
і смерць прыму, прадаўшы душу.
Затрыумфуеш, шайтане!
Клянуся, слова не забуду,
Пайду на вечную асуду,
а Эгле вольная стане!
Прыйшла пара. (Да палоннага) Эй! Скажы мне,
калі на стос?

Палонны
Праз дзве зарніцы.
Рансдорф
Хвала Айцу й Святому Духу -
паспею вывесці з цямніцы!..
Хай праз д'ябла ўладу тую,
я скарыць хачу злы лёс.

(Да рыцараў)


Вас на Пулен правяду я,
Абярну паганскі стос…

(Хапае штандар і, укленчыўшы, падае яго В. Магі-стру)


Пане мой! Вядзі на згоду,
перамога кліча нас,
і паганскаму выроду
прыйдзе згуба ўадначас!

Вялікі Магістр

(уручаючы штандар герольдам)


Хай Закон пабачыць любы
пераможны мой штандар,
загадайце граць у трубы.
На паход наш, на удар.
Гэй! Крыжацкая кагорта,
станавіся ўсе за мной,
воляй Божаю і горда
павяду я вас у бой!
Хто ўстае за веру Пана,
зышча славу, гонар той,
на зямлі яму пашана -
хто загіне, той - герой!
На бой! Так! На бой! На поле сечы,
панямонскі возьмем край,
о, дарма, ліцвін галечны,
ад расплаты не ўцякай…
Гэй! На бой! Гэй! На бой!
О дарма, ліцвін галечны,
Ад расплаты не ўцякай!
Гэй! На бой! Гэй! На бой!

Рансдорф
Гэй! На бой!


Карціна 6

Сцэна 1

Пулен. Углыбіні сцэны цвердзевы мур з вежай, пад якою патайны ход. Злева - вежа - месца ўвязнення Эгле, справа - храм зніча. Каля ўваходу ў яго сігнальныя літаўры. Перад храмам ахвярны стос для Эгле. На замкавым муры ходзіць ахоўнік. Месячная ноч.


Эгле (у вежы)
Мамка мая, мамка
кажа-наракае,
што я ўкрай-бяскраю
мару пра каханка.
Ах, каб жа ж я знала,
сэрцу што далегла,
ах, нябога Эгле
без яго прапала.
Вось, ужо світае,
асалода воку -
міленькі здалёку
сонейкам вітае.
А ўначы не спіцца -
прылятае зноўку
мілы мой да золку
зоркай Мілавіцай.
(Падыходзіць да вежавага акна)
А што ў будні, свята
мне адным-адненькім,
мне адным міленькім
галава занята.
Кожнай хвіляй сутак
праглядаю вочы,
слухаю ахвоча,
а на сэрцы смутак.
(Заўважае стос)
Ах! вось на сёння шлюбны ложак!
Ды не мужу, сцелюць мне,
Марці моц дае - падножжа!
Дзе ж ты, міленькі мой, дзе!?

Сёння напэўна памру я,
тут мой завершыцца лёс,
тут за цябе ахвярую,
тут узыду я на стос...
Мілы мой! жаліцца годзе,
клопат забудзь, кахай вельмі,
доўга жыві, пры нагодзе
часам успомні пра Эгле...


Сцэна 2

Маргер імкліва падыходзіць да стоса і, стаўшы перад ім, закрывае рукамі твар.


Эгле
Будзь мужны, тата,
бо шкода слёз,
і не пара заломваць рукі!
Адыдуць жалі праз і скрозь,
адыдуць доччыныя мукі,
ты споўніў, што павінен быў,
а я - што сэрца падказла,
не трацьма сілы на парыў,
бо блізка смерць, а часу мала.
Мяне адно гняце:
што прычына я твайго засмучэння!
Жыцця не прагне так дачка,
як атрымаць тваё, мой татка, прабачэнне.

Маргер
Так! Сэрца бацькі прабачае,
бо сіл няма хаваць любоў;
злы лёс, табе смерць вызначае,
а з сэрца бацькі точыць кроў.
Так мусіць быць! Ды не самотна
пад камень ляжаш, не адна,
але адыдзеш незваротна,
са мною ты, у край цямна!

Эгле (раптоўна)
О не! О не!

Маргер
Хто мае права
мне загадаць, не загадаць?
Ідзі!.. Світае ўжо крывава.
(Эгле знікае)
Жыццё дзень гэты можа даць -
але праз бой!
Але праз бой!
(Б'е ў літаўры.)


Сцэна 3

На заклік Маргера адусюль сыходзяцца ваяры і Лютас. У дзвярах храма з'яўляецца Марці, за ёю жрыцы.


Маргер
Ланцуг насіць - не наша доля,
не сцерпяць гвалту ліцвіны,
ярмо накласці не дазволяць,
хутчэй гарэцьмуць тут яны.
Без страху патрапляем смерці
у твар глядзець, і так спакон
сабою поле бітвы мецім,
будзь перамога там ці скон!
Калі ж ліхі, зламысны лёс
загрозіць бацькаўшчыне мілай,
хай лепш ахвярнай жрыцы стос
нам, вольным, зробіцца магілай!

Лютас
На мур! У рукі лук, тапор,
хай кожны стрэне іх, паклятых,
дастане праз любыя латы
крыжацкіх сэрц Літвы адпор!

Хор
На мур! На мур!
За лук, тапор!
У рукі лук, тапор,
хай кожны стрэне іх, праклятых,
дастане так,
дастане і праз латы,
(Аддаляюцца: Маргер, Лютас і ваяры на муры, Марці і жрыцы ў храм)
крыжацкіх сэрц Літвы адпор,
каб кожны стрэл,
каб кожны стрэл іх сустрэў,
іх сустрэў Літвы адпор!


Сцэна 4

Сцэна нейкі час пустая. Чуваць шум далёкай бітвы. З патайнага ходу даносіцца бразгат зброі. Паяўляецца Лютас каля ўваходу ў падземны ход, на яго націскаюць ворагі, абараняецца невялікая жменька ліцвіноў.

Лютас
Тут здрада! гора нам!
Бывайце, ўсе сюды!
Тут вораг, гора нам!

Ліцвін (адбіваючыся)
Змагацца сіл няма,
праз тайны напор!
Сатром на пыл, сатром!
Мацней трымаць мячы, -
рубай, калі, сячы!
Замала нас!..
Нямнога -
ды мужным перамога!

Рансдорф

(прабіваецца са сваім атрадам у цвердзь, б'е Лютаса, той падае)


Памры, ліцвін!

(Убачыўшы, што нанёс удар Лютасу, уражана)

Твой суд, мой Пане!
Мры, сучы сын!
Назад, назад!
О, пазнаю цябе,
ў тым стане...

(Да параненага Лютаса)


Ён быў мне тут амаль як брат,
вярнуў жыццё мне і свабоду,
паверыўшы ў маю прысягу,
і вось яму узнагарода:
удар смяротны.

Лютас (з цяжкасцю прыўзнімаецца)
Я жывы!
Але ты можаш, зняўшы маску,
дабіць мяне па-хрысціянску.
Свой меч у грудзі ўбі, я ж вораг,
вужака грэлася дзе ў сненні,
і дай мне смерць, забі свой гонар,
як ты забіў яго ў сумленні!
Не вінен звер, калі не сыты,
здабычы новай толькі рады,
ды горшы звер людское здрады,
калі у сэрцы не дабіты...

(Непрытомна апускае галаву на камень. Рандорф нерухомы).


Калі ля вечнасці парога,
гляджу на ўсё жыццё свядома,
таму, хто дзеяў вераломна,
багі адпомсцяць вельмі строга.
Што знойдзеш тут? Свой гонар? Славу?
Ці, можа, Эгле у няволі?
Памылка! твой чын крывавы
табе згрызотай дух расколе.
(Збірае сілы)
Пракляты будзь... і я загіну,
бо быў з адступцам у хаўрусе,
пакрыў жалобаю краіну...
навек у пекле праклянуся,
калі пайду на суд як здрайца,
за мною ганьба пойдзе ў смерць!
І следам ты! Бог не даруе,
ні твой, ні мой , хто б як ні плакаў,
здраднікам і ваўкалакам
і мілатой іх не ратуе!
І зло, і свет, мінецца й сонца,
а ты у пекле гары бясконца!

Рансдорф
Так! Так бясконца! Я знаю, чую...
ды зараз Эгле маладую,
калі знайду я, уратую,
без перашкоды.
За мной! За мной! На мур! На мур!

(Урываецца ў вязніцу Эгле са сваім атрадам).


Сцэна 5

Маргер, Марці і жрыцы з паходнямі, ліцвінскія правадыры, ваяры і люд. Маргер у горасным задуменні спыняецца каля Лютаса.


Маргер
Загінуў ён геройскай смерцю.
Да пабачэння!
Тое й нам!
Магільны дол напэўна мецьмы,
ахвяраў дух чакае там.
(Цела Лютаса выносяць)
Як што дом твой больш не вольны.
лепш наслаць яму агонь;
ты абараніць няздольны,
выпусціўшы меч з далонь.
(Цалуе і адкідае меч)
Не абуць ліцвіна ў путы,
а прасцей забіць яго,
бо калі твой край закуты,
гэта гнеў тваіх багоў.
Нашы модлы, нашы мукі
не адвернуць лёс благі,
хай нас прыме смерць на рукі
як матуля ў час ліхі.
(Бярэ паходню ў жрыцы і кідае, каб запаліць агонь).

Усе
Божа нябесны, божа падземны!
шлях пакажы нам ў край патаемны,
вызвальце з прахлых пут.
Хай тут успыхне стос на ўзмацненне,
будучай Літве на адраджэнне
з горкіх пакут!
Божа падземны, божа вячысты,
ты пакажы нам нам шлях прамяністы,
вырві з цялесных пут, з пут
вызвалі з пут,
вызвалі з цела і з пут.

(У цвердзі разгараецца пажар)


Сцэна 6

Рансдорф трымае на руках Эгле, яго рыцары.
Эгле вырываецца з рук Рансдорфа і кідаецца ў абдымкі бацькі.

Эгле
Ратуй мяне! На ім жа кроў,
і здрадаю палаюць вочкі,
на вуснах кленічы замоў!
А попел прэч, знішчэнне ўпрочкі.

(Бачыць пажар)


Маргер
Адвага ганьбы не адсуне.

Эгле
Дзе кроў плыве, любоў там стыне,

(Як звар'яцелая, з жахам глядзіць на Рансдорфа)

не ведаю таго шаленца!
Кахала я, ён быў не той,
гляджу з агідаю на немца,
ды сіл не маю даць нагой!

Маргер
Грэх акупіць ты можаш,
калі на бацькаў ступіш след...
на стос!

(Паказвае на палаючы стос)


Эгле
Дачка падзеліць бацькаў лёс!

Эгле
Загінем мы!

Рансдорф
Мая ты зараз,
бо трафеем з лёха ўзяў!

Маргер

(да ваяроў)

Рушайма!
Загінеш сам!

(Цаляе ў яго стралой з лука. Рансдорф падае. Крыжакі авалодваюць мурам. Маргер з паўнепрытомнай Эгле ўзыходзяць на стос.)


За мной! На стос!
Прыняць за Літву трэба годна смерць,
памерла шчасце ў ёй, а гонар - цвердзь!

Хор
Божа падземны, божа вячысты,
ты пакажы нам нам шлях прамяністы,
вырві з цялесных пут!...

Ліцвіны ўскокваюць на стос на прыклад правадыра, Марці падымае сякеру над галавой Маргера. Усё знікае ў клубах дыму. Крыжакі, якія ўварваліся ў цвердзь, стаяць, уражаныя нечаканым відовішчам.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX