Вярнуцца: Браніслаў Ямант

Браніслаў Ямант - мастак з Лідчыны


Аўтар: Загідуліна М.А.,
Дадана: 23-08-2012,
Крыніца: Загідуліна М.А. Браніслаў Ямант - мастак з Лідчыны. // Ян Булгак і культура заходнебеларускага рэгіёну ў канцы ХІХ ст. да Другой сусветнай вайны : зб. навук. арт. Гродна, 2009. C. 112-117.



Даследаванне шматграннай постаці Яна Булгака вымагае вывучэння таго грамадска-эстэтычнага акружэння, у якім ён жыў і працаваў. Духоўнае асяроддзе Вільні, багатае сваімі гістарычнымі традыцыямі, аказала значны ўплыў на фармаванне Яна Булгака як творчай асобы. Культурная атмасфера інтэлектуальнай сталіцы краю складалася з рознабаковай дзейнасці шматлікіх выдатных людзей свайго часу, сярод якіх быў і мастак Браніслаў Ямант (1886-1957).
Жыццёвыя шляхі Я. Булгака і Б. Яманта скрыжоўваліся і разыходзіліся ў Вільні пачынаючы з 20-х гадоў ХХ ст. Іх лёсы сталі тыповымі для таленавітых маладых людзей, што нарадзіліся на землях Беларусі і часта вымушаны былі рэалізоўваць свой творчы патэнцыял далёка ад радзімы.
Браніслаў Ямант нарадзіўся таксама на Гродзеншчыне (на 10 гадоў пазней Булгака) непадалёку ад Ліды, у вялікім сяле Дакудава, цэнтры воласці Лідскага павета былой Віленскай губерні (сучасны Лідскі раён Гродзенскай вобласці). Уласнасць Радзівілаў, а пазней Вітгенштэйнаў, сяло раскінулася на правым беразе Нёмана, у апошняй трэці ХІХ ст. мела царкву, школу, піцейны дом. Бацька Браніслава Казімір быў з небагатай шляхты, маці - з роду шляхціцаў Свяцкевічаў. Першапачатковую адукацыю хлопчык атрымаў дома, а працягваў у класічнай гімназіі ў Вільні. Адначасова стаў займацца ў малявальнай школе Івана Трутнева, выпускніка Пецярбургскай акадэміі мастацтваў, які ў педагагічнай сістэме прытрымліваўся эстэтыкі акадэмізму, звяртаючы ўвагу на класічны малюнак і кампазіцыю, што давала трывалую аснову для далейшага творчага развіцця вучняў. Прафесар разам з імі ў летні час часта выязджаў на пленэрныя замалёўкі. Магчыма, з таго часу вучань Трутнева захапіўся пейзажам, адкрыўшы прыгажосць менавіта ў краявідах родных прастораў
Браніслаў адрозніваўся выключнымі мастацкімі здольнасцямі. Але бацькі вырашылі, што сын павінен мець «сур'ёзную» прафесію. Таму, скончыўшы ў 1907 г. гімназію, юнак паступіў на факультэт правазнаўства Пецярбургскага універсітэта. Але зноў наведваў мастацкую студыю пры Пецярбургскай акадэміі мастацтваў, праводзячы ўвесь вольны час у музеях - Эрмітажы, Рускім музеі. Б. Яманта больш за ўсё цікавіў жанр пейзажу. Ён аналізаваў жывапісныя спосабы і прыёмы адлюстравання жывой натуры на палотнах галандцаў ХVІІ ст., захапляўся ўменнем прадстаўнікоў барбізонскай школы тонка перадаць пераходы святла і паветра, углядаўся ў празрыстасць фарбаў І. Левітана. У 1909 г. упершыню прыняў удзел у сур'ёзным пленэры ў Кракаве і Закапанэ, пазнаёміўшыся з работамі рана памерлага польскага мастака Яна Станіслаўскага і яго вучняў В. Леангарда, А. Неўмана, С. Падгурскага. Станіслаўскі, сам родам з Украіны, доўга жыў у Францыі і быў паслядоўнікам эстэтыкі імпрэсіянізму. Б. Яманту імпанавалі лёккасць, светланоснасць залітых сонцам стэпаў, палёў пшаніцы на палотнах гэтага творцы. Яго сістэма вобразнасці аказала значны ўплыў на кампазіцыі Браніслава таго перыяду: «Мелодыі старой Вільні», «Вежа з гадзіннікам на Вавелі», «Стог сена на паляне».
У 1910 г. Б. Ямант вяртаецца на радзіму. Пасяляецца ў Вільні, дзе жыве да 1939 г., час ад часу прыязджае ў Гродна, магчыма, наведвае Дакудава. Спачатку зарабляе на хлеб прыватнымі ўрокамі малявання для дзяцей небагатай мясцовай шляхты. Маючы юрыдычную адукацыю, працуе на адміністрацыйных пасадах у гарадскіх дзяржаўных установах, паралельна выкладае малюнак у віленскіх гімназіях і на розных вучэбных курсах. Актыўна ўключаецца ў грамадска-культурнае жыццё, удзельнічае ў арганізацыі самых разнастайных мастацкіх мерапрыемстваў і сам у 1915 г. дэбютуе на VІІ вясенняй выставе.
Ужо ў гэты час вызначаецца прыярытэт тэм і выяўленчых сродкаў мастака. Ён аддае перавагу графіцы, але працуе і ў тэхніцы алейнага жывапісу, спалучаючы яго з тэмперай. Сэцысійная лінеарнасць і тонкая гарманізацыя колераў дамінуе ў малюнках кветак, асабліва любімых з дзяцінства наднёманскіх лугавых, знаёмых відарысах з помнікамі старажытнасці, у большасці Віленшчыны ці Гродзеншчыны, а таксама звыклых куточкаў Вільні.
У час Першай сусветнай вайны, у 1918-1919 гг., Б. Ямант выязджае ў Гомель, працуе там настаўнікам малявання ў рэальным вучылішчы. Вярнуўшыся ў Вільню, ізноў акунаецца ў творчую атмасферу горада. У 1919 г. быў адчынены Віленскі універсітэт імя Стэфана Баторыя. Найстарэйшая навучальная ўстанова краю была заснавана езуітамі як калегіум, пазней - Акадэмія, а з 1803 г. рэарганізавана расійскімі ўладамі ва універсітэт. На працягу стагоддзяў, пачынаючы з часоў першага рэктара, магутнага прапаведніка П. Скаргі, выкладанне тут вялося на лацінскай, беларускай і польскай мовах. Дарэчы, у адноўленым у 1919 г. універсітэце таксама вывучалася беларуская мова (выкладчыкам быў самабытны мовазнавец Янка Станкевіч), з яго сцен выйшлі вядомыя беларускія палітычныя і культурныя дзеячы: этнографы Мар'ян Пецюкевіч, Антон Шукелойць, літаратуразнаўцы Янка Шутовіч, Станіслаў Станкевіч, юрыст Вінцэнт Склубоўскі, мастакі Міхась Сеўрук, Пётра Сергіевіч. Тут распачаў працу знакаміты мастак Фердынанд Рушчыц, адкрыўшы аддзел мастацтваў.
І Булгак, і Ямант былі добрымі знаёмымі Ф. Рушчыца. Ян Булгак арганізаваў у 1919 г. пры універсітэце фоталабараторыю, а Ямант у 1920 г. стаў адным з заснавальнікаў Віленскага таварыства мастакоў, сябрам якога быў Рушчыц, а першым кіраўніком Людамір Сляндзінскі. Кіраваў Таварыствам Ямант да канца яго існавання, удзельнічаў практычна ва ўсіх выставах, якія Таварыства праводзіла ў Вільні, Львове, Варшаве, Кракаве. У гэтыя гарады, а таксама Люблін, на Балтыку выязджаў на пленэры.
У 1923 г. адметнай падзеяй у творчым асяроддзі Вільні стала адкрыццё выставы «Новае мастацтва», арганізаванай Уладзіславам Стрэмінскім, ураджэнцам Мінска, і літоўцам Вітасам Кайрукшцісам. Паслядоўнік рускага кубафутурызму і супрэматычнай тэорыі К. Малевіча, Стрэмінскі правёў праект пад знакам канструктыўнага авангарду. Ямант прадставіў шэраг кампазіцый, якія адрозніваліся геаметрызаванай дэкаратыўнасцю формы, амаль набліжанай да абстрактнай («Фармалістычны краявід», «Фантастычны пейзаж»). Калі прагледзець каталогі мастацкіх выставаў 20-30-х гг. у розных гарадах Другой Рэчы Паспалітай і за яе межамі, то можна адзначыць, што Б. Ямант браў у іх удзел кожны год, што сведчыла пра высокі духоўны патэнцыял мастака.
У 1928 г., ужо будучы дастаткова вядомым і паспяховым творцам, Б. Ямант паступае на вучобу на мастацкае аддзяленне універсітэта імя Ст. Баторыя, дзе вучыцца да 1934 г. і заканчвае яго на выдатна. Хутчэй за ўсё, універсітэцкі дыплом Браніславу быў патрэбны, каб мець магчымасць стаць выкладчыкам у навучальнай установе, тым больш, што наведваў заняткі ён з перапынкамі, даволі часта выязджаючы за мяжу: Парыж, Брусель, Рым, Фларэнцыю. Рознастылёвае і рознасветапогляднае еўрапейскае мастацтва таго часу аказвала моцнае ўздзеянне на ўдасканаленне яго асабістай манеры выканання. Б. Ямант прымае ўдзел у выставах не толькі ў Еўропе (Гаага, Амстэрдам, Брусэль, Рыга, Берлін, Мюнхен), але і ў савецкай Маскве (1933 г.), а таксама пры падтрымцы Інстытута Карнэгі - у розных гарадах ЗША (1931-1938): Сент-Луісе, Пітсбургу, Балціморы, Сан-Францыска.
Як і раней, дамінуючым жанрам творчасці мастака з'яўляецца пейзаж, любімым матывам - вулачкі і архітэктура старой Вільні, якія ён піша з вялікай любоўю, час ад часу нават паўтараючы некаторыя сюжэты. Гэта «Францішканскі касцёл у Вільні», «Касцёл Св. Міхаіла ў Вільні», «Жыдоўская вуліца ў Вільні». У канцы 20 пач. 30-х гг. Ямант вяртаецца да рэалістычнай трактоўкі рэчаіснасці, набліжаючыся да паўночнаеўрапейскага рамантызму, уласцівага Рушчыцу, але з больш дынамічнай кампазіцыяй, поўнай неспакойных абрысаў, буйнага ветру. У некаторай ступені выкарыстоўваючы дасягненні кубізму, падкрэслівае кантрастнасць колераў і светлацені. Яго работы гэтага часу, прасякнутыя суровай экспрэсіяй, называюць «драмай дрэў і аблокаў» («Віхура», «Вятрак», «Старыя вербы»).
У 1931 г. па запрашэнні Ф. Рушчыца, які з пасады прафесара ў 1932 г. пакінуў кафедру пейзажнага жывапісу універсітэта імя Ст. Баторыя, Б. Ямант стаў працаваць асістэнтам на гэтай кафедры, у 1936 г. ён стаў намеснікам прафесара, а з 1937 г. па 1939 г., да часу закрыцця універсітэта, - надзвычайным прафесарам пейзажнага жывапісу. У гэты час прадэканам, а пазней дэканам аддзялення мастацтваў быў прафесар Людамір Сляндзінскі.
У час акупацыі немцамі Вільні ў Другую сусветную вайну Б. Ямант спрабаваў весці педагагічную працу ў падполлі, прымаў удзел у тайных пасяджэннях Рады аддзялення мастацтваў УСБ. Пасля вайны настаў новы этап у жыцці мастака. Ён з'ехаў разам з іншымі супрацоўнікамі універсітэта ў Торунь, дзе пасяліўся да канца жыцця, не вярнуўшыся ў савецкую Вільню. Тут стаў адным з арганізатараў культурна-мастацкіх працэсаў у горадзе. Быў спачатку прадэканам секцыі, а з 1946 г. - дэканам аддзялення прыгожых мастацтваў універсітэта Мікалая Каперніка ў Торуні, у 1947 г. атрымаў званне звычайнага прафесара пейзажу і нацюрморта, а ў 1953 г. - званне доктара навук у мастацтве.
Б. Ямант заўсёды быў надзвычай актыўным у творчасці, віртуозным у засваенні розных мастацкіх тэхнік: гуашы, акварэлі, пастэлі. Пасля вайны толькі ў Торуні прайшоў шэраг яго персанальных выстаў (1947, 1950, 1955, 1957), не гаворачы пра ўдзел у агульнапольскіх і замежных. Часта арганізоўваліся выставы выяўленчага мастацтва краін Балтыі. Адной з самых цікавых тут стала выстава польска-савецкай дружбы (1953), дзе паказаў свае работы і Б. Ямант. Яго творы сталі больш спакойнымі па кампазіцыі і яснымі па каларыце. Як калісьці ў маладосці мастак пісаў Вільню, так у канцы 40-х - у 50-я гг. прысвячаў свае аркушы Торуні і навакольным мясцінам: «Маставая брама ў Торуні», «Мёртвая Вісла ў Торуні», «Падмурная вуліца ў Торуні». У апошнія дзесяцігоддзі жыцця, застаўшыся верным графіцы, мастак выканаў цэлы шэраг манахраматычных прац сэпіяй, а таксама ў тэхніцы афорта. Асабістую выставачную дзейнасць закончыў у 1955 г. у Торуні юбілейнай экспазіцыяй, прысвечанай 40-годдзю з дня свайго мастацкага дэбюту, паказаўшы працы розных гадоў.
За сваё дастаткова доўгае жыццё Б. Ямант атрымаў цэлы шэраг узнагародаў за творчую і грамадскую дзейнасць, самыя высокія - Залаты крыж Заслугі (1930), Кавалерскі Крыж ордэна Адраджэння Польшчы (1955).
Б. Ямант, як і Я. Булгак, быў тыповым краёвым інтэлігентам. Народжаны ў Прынёманні, ён бясконца любіў родную зямлю, аддаючы ёй даніну сваёй працай. Шырока адлюстроўваючы ў сваёй творчасці сціплую прывабнасць мясцовых краявідаў, паказваючы архітэктурныя адметнасці, штодзённа бачаныя віленскія брукаванкі, падворкі, камяніцы, аўтар сцвярджаў іх непаўторнасць, гістарычную значнасць, эстэтычную каштоўнасць. Браніслаў Ямант сваёй мастацкай працай засведчыў стылёвыя пошукі і адкрыцці ў сусветным выяўленчым мастацтве на пераломе мастацкіх стыляў і эпох, прычыніўся да станаўлення і развіцця школы жывапісу ХХ ст. Польшчы, а таксама Літвы і Беларусі.

Спіс крыніц і літаратуры

1. Дробов, Л.Н. Живопись Белоруссии ХІХ - начала ХХ в. / Л.Н. Дробов. - Минск, 1972.
2. Энциклопедия импрессионизма и постимпрессионизма. - Москва, 2000.
3. Polscy uczniowie Akademii Sztuk Pięknych w Petersburgu w XIX i na początku XX wieku: katalog wystawy. – Warszawa: Muzeum Narodowe w Warszawie, 1989.
4. Słownik artystów polskich i obcych w Polsce działających. – Wrocław. – Warszawa, 1979. - T. III.
 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX