Вярнуцца: Браніслаў Ямант

Браніслаў Ямант - носьбіт традыцый Віленскай школы


Аўтар: Катлоўскі Ян,
Дадана: 23-08-2012,
Крыніца: Лідскі летапісец № 55.



(125 гадоў з дня народзінаў)

Культурная атмасфера Вільні - інтэлектуальнай сталіцы краю - фармавалася на працягу стагоддзяў з рознабаковай дзейнасці шматлікіх выдатных людзей свайго часу, сярод якіх быў і мастак Браніслаў Ямант.
Жыццёвы шлях Б. Яманта стаў тыповым для таленавітага маладога чалавека, які нарадзіўся на зямлі Беларусі і вымушаны быў рэалізоўваць свой творчы патэнцыял далёка ад радзімы.
М.А. Загідуліна.

Браніслаў Ямант (5.08.1886 - 4.02.1957), звязаны ў астатнія гады свайго жыцця з Торунем, быў адной з галоўных постацяў Віленскага мастацкага асяродка ў міжваенным дваццацігоддзі. Асяродак віленскіх мастакоў, якія групаваліся ў тым акрэсе галоўным чынам вакол Факультэта прыгожых матацтваў універсітэта Стэфана Баторыя, скансалідаваў дадаткова паўсталае ў 1920 г. Віленсае таварыства мастакоў-пластыкаў, на чале якога стаяў Людамір Сляндзінскі. Ямант быў сябрам - заснавальнікам ВТМП, у кіраўніцтве таварыства заставаўся да канца яго існавання, а ад 1920 года браў удзел амаль што ва ўсіх яго выставах, выяўляючы пры гэтым вялікую самадзейнасць у мастацкім пошуку. У кульмінацыйны перыяд сваёй творчасці, у трыццатыя гады ХХ стагоддзя Ямант дасягнуў многіх поспехаў; яму пасля смерці Фердынанда Рушчыца ў 1936 годзе перайшло кіраўніцтва кафедрай пейзажнага жывапісу Факультэта прыгожых мастацтваў Віленскага ўніверсітэта.

Браніслаў Ямант - мастак, з якім час абышоўся па-рознаму: ласкава і не вельмі. Ён не з'яўляецца невядомай постаццю ў польскім мастацкім жыцці - заслужыў сабе памяць як шматгадовы педагог віленскай, а потым торуньскай навучальных устаноў. Але беларусам яшчэ адкрываць і адкрываць Браніслава Яманта - мастака і чалавека. Гэта Ямант разам з Ежым Гапэнам і Стэфанам Нарэмбскім перанёс ажно ў пяцідзесятыя гады жывыя традыцыі сістэмы навучання, а крыху і сістэмы каштоўнасцяў, укладваныя ў студэнтаў прафесарамі з кола Віленскай школы. Працуючы інтэнсіўна і сістэматычна ў віленскай, а пазней у торуньскай майстэрнях, як і ў час шматлікіх падарожжаў, стварыў сотні карцін і малюнкаў, а ў канцавы перыяд таксама і гравюр. Творчасць Яманта будзіла зацікаўленне - і спазнанне - тагачасных мастацкіх крытыкаў, якія прызнавалі яго аднагалосна за аднаго з найвыбітнейшых і адначасова аднаго з найбольш арыгінальных прадстаўнікоў так званай Віленскай школы; выставы, арганізаваныя пасля вайны, умацавалі яго пазіцыі жывапісца (апошнія найбуйнейшыя выставы адбыліся ўжо пасля смерці мастака у 1957 і 1986 гадах у Акруговым музеі ў Торуні). Знаёмства і зацікаўленасць яго мастацтвам не выклікала аднак да пэўнага часу пачатку больш грунтоўнага яго вывучэння.

Існуе патрэба ў запаўненні гэтага прабелу ў карціне мастацкіх з'яваў міжваеннага перыяду, тым больш, што творчасць Яманта з сённяшняга пункту гледжання ёсць вельмі цікавая, дзякуючы адкрыццю многіх характэрных рысаў для плыні арганізаваных даследванняў мастацтва трыццатых гадоў. Плыні, як да гэтай пары найменей даследаванага ў польскай гісторыі, мастацтва, у адрозненне, напрыклад ад польскага авангарду таго часу.

Нешматлікія і часцей выпадковыя выставы, на якіх энкспанаваліся фрагменты даробку мастака, арганізаваныя ў апошні час (да сёння не дачакалася рэалізацыі зборная выстава, якая раней планавалася Нацыянальным музеем у Варшаве) з-за сваіх фрагментарнасцяў і выпадковасцяў не маглі аддаць належнага карціне яго творчасці, а часцей яе толькі замазвалі. Пазнанне творчасці Яманта і яе аналіз значна абцяжараны як раскідаласцю працаў, так і адсутнасцю комплекснага, абапёртага на навуковы грунт каталогу яго прац. Гэта ўсё вядзе да таго, што як мастацтва, так і постаць гэтага, шанаванага пры жыцці, мастака-лаўрэата многіх узнагарод айчынных і замежных - з кожным годам становяцца ўсё менш вядомымі сучаснаму аматару.

Ужо ў 1957 годзе Ежы Рэмер, пішучы пра творчасць Яманта з аказіі гэтай пасмертнай выставы, заўважыў: "... кожнае выказванне павінна абапірацца на дакументацыю. Цяжка было б аднак на гэтым месцы правесці глыбокі аналіз аўры мастака, які заслугоўвае манаграфічнай апрацоўкі з выкарыстаннем поўнага мастацка-навуковага апарату".

І далей:

"... маем надзею, што сабраныя на выставе працы спрычыняцца да рэалізацыі такога прадпрыемства, дзякуючы альбомам эскізаў, якія адкрываюць нам, як "таямнічасць" яго мастацкага прызвання, так і мастацкага рамяства, творчасць Яманта становіцца для нас яшчэ бліжэйшай, яшчэ больш зразумелай і яшчэ больш людскай".1

Тым не менш, да гэтага часу такая праца не з'явілася - нягледзячы на прынятыя меры самім мастаком, які пераказаў Нацыянальнаму музею ў Варшаве амаль усю сваю мастацкую спадчыну - у тым ліку 48 альбомаў з эскізамі. Сённяшні артыкул мае заданне паказаць (коратка) стан даследванняў мастацкай творчасці Яманта, а таксама знаёмства са зборам прац гэтага мастака (графіка, малюнкі), якія знайходзяцца ва ўніверсітэцкай бібліятэцы ў Торуні. Аднак перш, чым перайсці да гэтага, належала б для асвяжэння памяці прысвяціць некалькі слоў самому мастаку. Як пісала Ірэна Калашынская ".. быў ён абдораны якасцямі задумаў і характарам, якія аб'ядноўвалі сімпатыі да яго і прызнанне сярод моладзі".2 Згаданая аўтарка так акрэслівае асобу мастака: "Самотны. Замкнёны ў сабе, меў характар нелюдзімы, толькі ў кампаніі выпрабаваных сяброў станавіўся дабрадушным, дасціпным, сардэчным. Пры блізкім знаёмстве з Ямантам можна было спаўна ацаніць яго інтэлегентнасць і вялікую асабістую культуру. Без астатку заняты і праняты сваім мастацтвам ён з запалам і не шкадуючы часу пасвячаў сябе працы педагагічнай. Яго адносіны да моладзі былі сардэчныя. Ён застаецца жывым у словах адной са слухачак факультэту: "Цешуся, што спазнала, які ён быў добры і адданы вучням". 3

Браніслаў Ямант нарадзіўся 5 жніўня 1886 года ў вёсцы Дакудава пад Лідай на Віленшчыне. У 1907 годзе скончыў класічную гімназію ў Вільні - адначасова наведваў Віленскую школу малюнка, якою кіравалі акадэмікі Трутнеў і Рыбакоў. Наступныя два гады пасля гімназіі вучыў права ў Пецярбургу не парываючы аднак з удасканаленнем сваіх мастацкіх здольнасцяў, наведваў вячэрнія заняткі па малюнку пры Акадэміі прыгожых мастацтваў. У 1909 годзе пад час свайго першага падарожжа ў Кракаў і Закапанэ Ямант сутыкнуўся з творчасцю Яна Станіслаўскага і яго "школай". Нарэшце праз год кінуў вучобу на факультэце права і вярнуўся ў Вільню. Матэрыяльная сітуацыя прымусіла яго шукаць заробку як настаўніка малюнка ў падвіленскіх дварах. Не занядбаў аднак і ўласнай мастацкай працы. У 1915 годзе першы раз выставіў свае працы ў Вільні.

Першая Сусветная вайна пагнала мастака ў колькігадовае бадзянне: пазней, у 1916-1919 гадах працаваў выкладчыкам малюнка ў віленскіх гімназіях і вывучаў жывапіс на розных курсах. Прызванне педагога, здаецца цалкам яму адпавядала і прынамсі ў пэўнай ступені развівала яго творчасць. Кінуў аднак гэтую працу і прысвяціў сябе выключна жывапісу. Да такога рашэння, безумоўна, спрычыніўся першы значны поспех мастака, які Ямант займеў у 1919 годзе падчас выставы ў варшаўскай Захэнці (купілі тады дзве яго працы). Што раз больш маляваў, а працы яго выстаўляліся не толькі на віленскіх выставах, а здабывалі адзнакі і ўзнагароды і на паказах агульнапольскіх. У 1924 годзе за карціну "Пейзаж з каскадам" ён быў узнагароджаны вялікім залатым медалём, а праз чатыры гады ў Захэнці атрымаў найвышэйшую адзнаку.

Творчасць Яманта, якая дынамічна развівалася, здабывала што раз большае прызнанне ў Польшчы і па-за яе межамі - як у Еўропе, так і ў Амерыцы. Ад 1930 года Ямант выстаўляўся ў Інстытуце прапаганды мастацтва ІРS а за мяжой на выставах Таварыства пашырэння польскага мастацтва на чужыне (ТОSSРО). Яго карціны прэзентаваліся на выставах у Парыжы, Бруселі, (1928-1929), Гаазе, Амстардаме (1929), Бухарэсце (1930), Капенгагене (1930-1931), Гданьску (1930), Маскве (1933). Рызе (1934), Берліне і Манака (1935). Прымаў таксама ўдзел у прэзентацыі польскага мастацтва па міжнародных выставах жывапісу, арганізаваных Інстытутам Карнегі ў ЗША (Пітсбург - 1931-1932, 1934, 1937-1938: Сант-Луіс - 1932, Балцімор - 1932, 1935, Сан-Францыска - 1934.)

У трыццатыя гады Ямант дасягнуў поўнай мастацкай сталасці. Былі гэта гады поўнай аддачы творчай працы і найбольшых дасягненняў і поспехаў мастака. Сенат універсітэта Стэфана Баторыя прызначаў яму два разы грашовую ўзнагароду з фонду імя Маршала Пілсудскага за карціны "Касцёл Францішканцаў у Вільні" (1933) і "Царква ў Драгабучы" (1934), таксама падчас 32 Міжнароднай выставы жывапісу ў Пітсбургу Інстытут Карнегі купіў яго "Старыя дамы ў Вільні"4. Матэрыяльныя варункі Яманта значна паправіліся, дзякуючы чаму ён мог зрэалізаваць даўнюю мару аб выездзе за мяжу. У 1928 годзе Б. Ямант здзейсніў падарожжа ў Парыж і Брусель, а праз два гады з'ездзіў у Італію, дзе наведаў галоўным чынам Рым і Фларэнцыю. У 1928 годзе Ямант зноў пайшоў вучыцца жывапісу на Факультэт прыгожых мастацтваў універсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні, дзе займаўся з перапынкамі да 1934 года, і дзе пасля здачы працы з вынікам вельмі добрым атрымаў ступень дыпламаванага мастака-жывапісца. Своечасова, бо ўжо ў 1931 годзе стаў старшым асістэнтам на Кафедры пейзажнага жывапісу ў прафесара Фердынанда Рушчыца. У сувязі з хваробай прафесара Ямант ужо з акадэмічнага года 1932-1933 фактычна кіраваў кафедрай, фармальна заняў яе пасля смерці Рушчыца ў 1936 г., у наступным годзе атрымаў званне і пасаду надзвычайнага прафесара пейзажнага жывапісу: на гэтай пасадзе заставаўся да моманту закрыцця ўніверсітэта 15.ХІІ.1939 г. У час акупацыі - хоць у надзвычайных умовах - стараўся працягваць працу мастацкую і педагагічную. Браў удзел у таемных паседжаннях сяброў былой рады Факультэта прыгожых мастацтваў універсітэта Стэфана Баторыя.

Пасля 2-й Сусветнай вайны Браніслаў Ямант асеў у Торуні. Тут ён актыўна ўключыўся ў адбудову мастацкага жыцця і творчасці ад асноў мастацкага школьніцтва на базе ўніверсітэта, найперш арганізаваў Секцыю прыгожых мастацтваў пры Гуманітарным факультэце ўніверсітэта Мікалая Каперніка і ад 23.VІІІ. 1945 г. быў прадэканам. Калі ў студзені 1946 г. секцыя ператварылася ў Факультэт прыгожых мастацтваў, Ямант стаў яго першым дэканам. У жніўні таго самага года ён стаў звычайным прафесарам пейзажу і нежывой прыроды, праз сем гадоў атрымаў званне доктара мастацтвазнаўства.

У перыяд пасля 2-й Сусветнай вайны, цесна звязаны з Торунем і яго мастацкім жыццём, жывапісец удзельнічаў у лакальных выставах у Торуні, акруговых выставах Саюза польскіх мастакоў-пластыкаў (ZРАР) у Быдгашчы, у агульнапольскіх выставах і спецыяльных экспазіцыях, як напрыклад, выстава торуньскіх пластыкаў у рамках Года Каперніка (Торунь-Быдгашч, 1953 і інш.), акрамя таго меў пяць індывідуальных выстаў - у Торуні ў 1947, 1950, 1955, 1957 гг., а таксама ў Быдгашчы ў 1948 г. Памёр Б. Ямант пасля цяжкай хваробы сэрца 4 лютага 1957 года. Праз месяц пасля смерці Яманта Стэфан Нарэмбскі - блізкі сябар мастака - пісаў: "Адышоў выбітны мастак. З уласным абліччам, якога ведалі і цанілі, які дар свайго таленту прысвяціў бацькоўскай зямлі і падаў у сваёй мастацкай інтэрпрэтацыі сканцэнтаваную праўду жыцця."5

Як ужо згадвалася ва ўступе, творчасць Браніслава Яманта не дачакалася грунтоўнай апрацоўкі. Крытычным даробак, прысвечаны мастацтву Яманта, апрача артыкулаў, змешчаных у Слоўніку польскіх дзеячоў мастацтваў (т. 3) і Польскім біяграфічным слоўніку (т. 10), абмяжоўваецца толькі - што праўда досыць шматлікімі - артыкуламі ў газетах і некалькімі ўступамі да каталогаў яго выставаў. Характар тых прац, роўна як і многія абмежаванні ў вобласці, паднятай у іх праблематыкі, ёсць выразна залежнаыя ад перыяду, у які тыя публікацыі ствараліся. Мастацтвам Б. Яманта цікавіліся галоўным чынам ў 30-я гады, а менавіта ў той час, да якога адносяцца найбольшыя поспехі, і калі яно было з'явай мастацка жывой. З таго часу паходзіць большасць артыкулаў, раскіданых па часопісах - гэта перш за ўсё рэцэнзіі з выстаў, якія менш ці больш бегла гавораць пра мастацтва Яманта, найчасцей у кантэксце прац іншых віленскіх мастакоў - сяброў ВТМП (WTAP). З часам з'яўляюцца артыкулы, прысвечаныя асобе Яманта. Падобны характар маюць працы, якія ўзніклі пасля вайны. Найбольш іх з'явілася пасля смерці мастака ў 1957 годзе. 6 Некаторыя з тых апошніх публікацый, хоць і ў папулісцкім стылі, рабілі спробы сінтазу завершанай ужо творчасці Яманта. Але і яны падымалі толькі некаторыя яе праблемы, якія вымагаюць далейшых грунтоўных даследванняў. Узровень тых тэкстаў вельмі няроўны, яны датычацца адрывачных фактаў. У тых публікацыях з'явіліся наогул аднастайныя ў сваіх сцвярджэннях ацэнкі, якія падкрэслівалі вялікую мастацкую індывідуальнасць Яманта і індывідуальнасць развіцця яго шляху. Выключна моцна акцэнтуе гэта Стэфан Нарэмбскі, супрацоўнік Яманта па ўнівесітэту Стэфана Баторыя ў Вільні, а потым па ўніверсітэту Мікалая Каперніка ў Торуню: "ні адна акрэсленая школа і ні адзін аўтарытэт не аказалі пераможнага ўплыву на характар творчасці Яманта..."7

У часы творнага развіцця Яманта кожныя неалькі гадоў з'яўляліся новыя мастацкія кірункі, бурыліся непарушныя, здавалася б, крытэрыі і эстэтычныя каноны. Мастак застваўся аднак досыць далёка ад авангарных плыняў, быў традыцыяналістам як у сродках выражэння, так і ў тэхніцы і нават у падборы прадстаўляных матываў. Вобраз той прыняў свядома.

Індывідуальнасць творчага шляху Яманта і ўласцівасці яго мастацтва вынікалі з двух асноўных прычын: з пэўнай герметычнасці ў сутыкненні з найвыбітнейшымі індывідуальнасцямі і з факту, што яго мастацкая школа мела характар несістэматычны. Ямант ніколі не быў выхаванцам адпаведнай школы ў пэўным значэнні гэтага слова - калі ў 1928 годзе ён зноў пайшоў вучыцца маляванню на Факультэце прыгожых мастацтваў універсітэта Стэфана Баторыя, меў ужо не толькі сфармаваную мастацкую індывідуальнасць, але практычна быў ужо шанаваным і прызнаным мастаком. Найлепей сведчыць пра гэта той факт, што ўжо будучы асістэнтам Рушчыца, ён фармальна не закончыў яшчэ ўніверсітэта, а дыплом мастака атрымаў праз амаль двухгадовы адрэзак часу, у які з поспехам выстаўляў свае творы па розных выставах, маючы значны поспех. Таксама прыналежнасць Яманта да Віленскага таварыства мастакоў-пластыкаў мела адрывачны характар. Мастак выразна адходзіў ад тэарэтычна-праграмных установак ВТМП, далёкі быў ад яго "класіцызму", які падкрэсліваў лінію і змест, і які абапіраўся на італьянскую школу ранняга рэнесансу. "Культ мастацтва Поўдня і італьянскі квадрацэнтрызм" - ідэал лідара віленскай школы Л. Сляндзінскага - абсалютна не знайходзілі адлюстравання ў творчасці амаль абсалютнага пейзажыста.

У гэтым месцы трэба звярнуць увагу на неадназначнасць тэрміну "віленскі асяродак" - ён хутчэй прыдуманы, чым наогул прыймальны. "Віленскі асяродак", ці "віленская школа" атаясаміваюцца звыкла з эстэтычнай арыентацыяйй прэзентаванай Сляндзінскім, называлася "новым класіцызмам", ці - як хочуць некаторыя - "новым рэалізмам". Трэба аднак памятаць, што ў той самы час і на тым самым абшары геаграфічным і культурным існавала другая плынь мастацтва, духоўным правадніком якога быў Фердынанд Рушчыц. Малярства Браніслава Яманта, улюбёнага ў маляўнічыя завулкі старых гарадоў і рамантычныя пейзажы з магутнымі разложыстымі дрэвамі і вялікімі пакручастымі аблокамі - належыць якраз да гэтай плыні і ёсць яе найлепшым прыкладам.

Напэўна на мастацкую асобу, Яманта мусіла нейкім чынам уплываць такая вялікая індывідуальнасць, якой быў Рушчыц. Пацвярджае гэта Ядвіга Пуцята - Паўлоўская, якая піша: " Рушчыц, незвычайны чалавек і мастак, бясспрэчным гіпнозам свайго магутнага мастацкага ўяўлення і дынамізмам колеру аказаў уплыў на станаўленне таленту Яманта." Той уплыў Рушчыца найлепей відаць у некаторых пейзажах Яманта. А асабліва ў частках неба, дзе падабенства паказу хмар найвялікшае. Але гэтая несумненная зрэшты аналогія ці крэўнасць у творчасці абодвух мастакоў знаходзіцца як бы ў сферы духоўнай. Належала б яе разгледзець у кантэксце іх супольных зацікаўленняў пейзажам Вільні і Віленшчыны і ўласна таго, так часта падкрэсленага самім Рушчыцам, "генію ўздыму і мастацкага ўвабрання таго духу на фоне віленскай прыроды". Ямант акрамя поўнай герметычнасці і сканцэнтраванасці яго мастацтва, быў аднак нейкім чынам спадкаемцам і працягвальнікам рушчыцаўскай мастацкай праявы.

Мастацтва Яманта, такое маналітнае і аднароднае ў агульным пластычным выражэнні, не замерла аднак у творчым развіцці. Акрамя вернасці, якую мастак захаваў у стасунку да выбранай мастацкай канцэпцыі, выразна відзён шлях развіцця яго творчасці, а чарговыя яе этапы былі вынікам сучасных яму з'яваў, што адбываліся ў мастацтве. Генеральна - значна спрашчаючы праблему - можна сказаць, што шлях той ішоў ад лінеярызму да жывапісу. 10

Першыя працы мастака, маляваныя галоўным чынам пастэльнай крэйдай, у якіх яшчэ адчуваецца сэцэсійная лінеярнасць, выдаюць фашынацыю творчасці Выспянскага. Адбіваецца ў іх таксама рэха мастацтва Чурлёніса, літоўскага мастака, які працаваў у Вільні, а вучыўся ў Кракаве. Некалькі пазней, але яшчэ ў ранні перыяд Ямант свядома навязваў прынцыпы канструкцыі фармістычнага вобразу, дзе над фарбай звычайна дамінавала сутнасць, як вырашальны чыннік у канструкцыі малюнка і яго дынаміцы. У некаторых працах манерычная, дэкарацыйная стылізацыя матываў прыводзіць на памяць творчасць Зофіі Стрыенскай (стылізацыі і пэўнага фармізавання, зрэшты, не пазбавіўся Ямант да канца ніколі). З фармізму ўзяў мастак толькі элементы, блізкія сваёй псіхіцы, якая цаніла лад і пэўную гармонію.

У наступны перыяд можна заўважыць выразны паварот да натуры - менавіта тады мастак стварае такія характэрныя для яго творчасці кампанаваныя пейзажы. "У гэты час узнікаюць цікавыя пейзажныя кампазіцыі, у якіх рэалізм стасуецца з абстрацыяй, ствараючы эфекты моцныя і поўныя настрою".11 Гэтыя працы сведчаць пра апрабацыю мастака для барацьбы, паднятай кубізмам за рэстытуцыю формы, пры гэтым тое дбанне пра форму у малярстве Яманта ёсць хутчэй вынікам прыналежнасці да віленскага асяродку, якому нават найбольш патрабавальныя крытыкі не былі ў стане закінуць адсутнасці добрага майстэрскага авалодання. Фелікс Любяжынскі ў 1924 г. з нагоды віленскай Выставы мастацтваў і рамёслаў пісаў у т.л.: "Няма тут ні кубістаў, ні футурыстаў, ані нават рашучага імпрэсіяніста, хоць бы ў форме нагляднай і вельмі змягчанай узятых пад увагу". 12

Спелыя працы мастака характарызуюцца ўсё больш жывапіснай, мяккай трактоўкай цела і прытлумленым каларытам, а адначасова сілай выразу як сутнасцю дынамізму кампазіцыі. Ямант сумяшчае вострыя кантрасты якасныя і светаценевыя наследванні па даўнім галандскім малярстве, а канкрэтна па пейзажах Руйсдаэля.

Некаторыя крытыкі знайходзяць у пейзажах Яманта пэўнае падабенства з англійскім жывапісам, асабліва ў паказе неба, моцнага настроем на навальніцу і таямнічасцю. Не абыйшлося напэўна і без уплыву пейзажаў моднага і паўсюль шанаванага пейзажыста Станіслаўскага, які, як заўважае І. Пуцята-Паўлоўская: "адкідвае ў сваіх творах усе лішнія тэматычныя дадаткі, адкрывае лятучасць аблокаў, разлітых над прастатой звычайных штодзённых вясновых хатаў". 13 Пэўны рысы звязваюць Яманта з галандскімі пейзажастамі 17-га стагоддзя: з іхнімі творамі Ямант пазнаёміўся ў час знаходжання ў Пецярбургу, дзякуючы тамтэйшым багатым зборам еўрапейскага жывапісу. Акрамя галандцаў цікавілі яго таксама барбізонцы, а таксама расейскія пейзажысты 19-га стагоддзя І.І. Левітан і І.І. Шышкін.

Ямант цаніў і ведаў стары жывапіс, успрымаў і асіміляваў яго вартасці, неаднакратна выкарыстоўваў яго здабыткі ва ўласных мастацкіх пачынаннях. Аднак гэта не было паслядоўніцтвам, а хутчэй спантанным прыняццем спадчыны, далучэнне да пэўнай генетычнай лініі мастацтва, намнога старэйшай, чым Рустадэль, Канстабль ці Корат. Ямант меў уласны мастацкі твар, ствараў мастацтва новае з выбітнымі асаблівымі пластычнымі якасцямі. Стэфан Нарэмбскі тлумачыць гэта так: "Творчасць Яманта вырасла з шырокага дыяпазону самадзейна ўспрынятых і перажытых уражанняў і роздумаў. (І далей:) ...ён ішоў уласнай дарогай. Працаваў моцна падпёрты верай у непрамінальныя вартасці, якія ўспрыняў і перажыў з мастацкім даробкам чалавецтва з розных эпох і перыядаў".14

Гэтыя словы мусіць найлепей акрэсліваюць постаць мастака, з аднаго боку заўсёды ахвотнага да спаткання з творамі даўніх майстроў, а з другога - заўсёды галоднага да што раз новых аспектаў натуры. Ямант, як відаць, уласна на перасячэнні тых дзвюх тэрыторый экспларацыі адкрыў для сябе пачатковыя прынцыпы станаўлення пластычнай справы.

Але, не гледзячы ні на што, найбольшым узбуджальнікам і мастацкім стымулам быў усё такі кантакт мастака з прыродай. Таксама і ў той перыяд, калі Ямант, знаходзячыся на вёсцы, меў аказію больш блізкіх стасункаў з прыродаю ці "прыроднай прыгажосцю Віленшчыны і свядомага інтэнсіўнага пераварвання мастацкіх ведаў і атачаўшых яго самых разнастайных вобразаў падвіленскай вёскі"15, як і пазней, у часе шматлікіх ваяжаў і выцечак на пленэры за горад - мастак не расставаўся з нататнікам і алоўкам. Пра гэта найлепей сведчыць велізарная лічба захаваных яго накідаў і малюнкаў.

Пленэрныя ўрокі займалі ганаровае мейсца ў мастацкай дзейнасці Яманта. У 1909 г., маючы 23 гады, ён першы раз выехаў у Кракаў і Закананэ, каб маляваць разам з С. Падгорскім, А. Нойманам, В. Леангардам - вучнямі Станіслаўскага. У 1910 - 1939 гг. выязджаў яшчэ на пленэры ў Закананэ, Кракаў, Казімеж, Люблін, Гародню, Львоў, на Балтыку - не лічачы кароткіх але частых выпадаў у ваколіцы Вільні.

Ямант, якому першы творчы імпульс давала натура, маляваў амаль выключна пейзажы. Яго адносіны да натуры мабыць найлепей акрэсліў Ежы Гапэн: "Натуру Ямант адчуваў душой рамантыка з драматычным запалам: замілаваны сівымі мурамі старагарадскімі, пакрытымі адвечнай плесенню і нахіленымі пад цяжарам гадоў, любіць пагнутыя віхурай, разадраныя перунамі, загубленыя дрэвы, паказвае завулкі старой Вільні і тыя рэшткі даўніх бароў найахвотней у моманце, калі святло якое прадзіраецца праз цяжка навіслыя хмары, надае ім дзіўныя, грозныя, нязвыклыя колеры."16

Вывучэнне прыроды аднак не азначала ніколі для Яманта залежнасці. Ён здаваў сабе справу з межаў залежнасці ад яе, а ролю карэкцыйнага чынніка выконвалі, як ужо тут было згадана, скарбы старажытнага музейнага мастацтва. Творы Яманта, не гледзячы на поўны рэалізм, ніколі не былі апісаннем бачанага свету, імітацыяй натуры, а кампазіцыямі, якія "служаць мастаку для перадачы пэўнага пачуццёвага настрою. Ямантаўскія дрэвы перанасычаны часта рамантычна-трагічным выразам"17, - як заўважыла цытавання ўжо тут І. Пуцята-Паўлоўская.

Ямант - рамантык! Гэтае заключэнне насоўваецца, калі мы глядзім на творы мастака, з якіх выпраменьваецца нейкі спецыфічны, няўлоўны настрой вялікай сілы ўздзеяння. У эмацыянальнай сферы хаваецца таксама прычына папулярнасці мастацтва Яманта, які пластычнымі сродкамі выражаў прыгажосць і таямнічасць краявобразу. Глядач становіцца ў апісанай сітуацыі саўдзельнікам перажыванняў мастака.

Работы Яманта, як гаварылася раней, не ёсць фатаграфіямі прыроды. Яго мастацкая тэхніка і метад працы над вобразам іншыя. Незлічоныя эскізы, праўкі і накіды, зробленыя з натуры, у якіх мастак хапае мімалётныя ўражанні або - наадварот - унікліва вывучае выбраны аб'ект, ператвараюцца потым у майстэрні ў атмасферы цішыні і засяроджання, метадам элімінацыі і кампазіцыі элементаў у арыгінальны твор.

У жывапісе Ямант спалучае як стылізацыю, так і частковую дэфармацыю рэальных аб'ектаў. Хаця першай крыніцай, з якой ён ахвотна чэрпаў, была для яго заўсёды натура, сума ведаў, здабытых у самадзейнай працы, накіроўвала цяпер да спробаў нейкіх спрашчэнняў, да шукання сінтэтычнай формы. Метадам працы над малюнкам, які выкарыстоўваўся Ямантам, было адмаўленне метаду імпрэсіяналістычнага. У так апрацаваных работах, задуманых і даведзеных да канца паводле намераў аўтара, няма ўжо выпадковасці. Натура была ў іх падпарадкаваная.

Ежы Рэмер цяпер у разважаннях над завершанай ужо працай Яманта звярнуў увагу на існаванне амаль невядомага боку яго мастацкай дзейнасці, вельмі істотнага ў непасрэднай красамоўнасці малюнкаў і эскізаў, якія акрэсліваюць род яго чуллівасці, адкрываюць спосабы рэагавання на візуальнае нешта 18. Ямант, якога ацэньваюць наогул у катэгорыях чыста жывапісных, быў у роўнай меры знакамітым рысавальшчыкам. Ведаў вагу лініі і ўсякія яе ньюансы, умеў яе ўжываць для атрымання задуманых эфектаў. Здаецца, што аналіз рысункаў Яманта дазволіць лепш ахарактарызаваць постаць мастака - можа стаць ключом да зразумення яго мастацтва, а прынамсі можа адсланіць трохі заслону і тэхнічных таямніц. Рысунак, паводле Ежы Сянкевіча - "гэта як бы тканка думкі пластыка, пераказ яго пошукаў і намераў, больш або менш усвядомленых, ці таксама нават інтуіцыйных. Прачытаны - адсланяе шматкроць мацней і хутчэй непасрэдна індывідуальнасць творцы, чым гэта робяць працы, зашпіленыя на ўсе гузікі замовы, накінутага дыктату прызначэння і звязанага з ім заканчэння"19.

Крытыкі адрозніваюць некалькі родаў рысункаў: канструкцыйныя эскізы да будучай кампазіцыі, рысункі дзённікавыя і нарэшце - рысункі якія з'яўляюцца апошняй сфармуляванай формай мастацкага выказвання. Рысункі Яманта, якія знаходзяцца ў зборах універсітэцкай бібліятэкі ў Торуні (а таксама інш.) 20 цяжка было б прызнаць за мастацкую цэльнасць, бы яны не "заарынжаваны" для самастойнага аглядання. Яны з'яўляюцца хутчэй безпрэтэнзійнымі нататкамі з мастацкай майстэрні. Рысунак займаў у творчасці Яманта пазіцыі апорную і службовую ў адрозненне ад жывапісу і нават графікі. Бываў канцэпцыйным эскізам да жывапіснай кампазіцыі, больш або менш закончанай пейзажнай нататкай з пленэру, падрыхтоўкай да больш поўнай рэалізацыі ў іншай тэхніцы. Яго поўная мастацкая вартасць відна цяпер у кантэксце жывапісных работ.

Тэматыка рысункаў Яманта тая самая, што і на карцінах. Ёсць тут перш за ўсё эскізы, якія паказваюць багацце форм і абрысаў, існых у прыродзе, пейзажы з матывамі старых, разложыстых - найчасцей самотных і напалову ўжо памерлых дрэў, толькі з часткай лістоты і з тырчашчымі высахлымі галінамі, якія нібы кульці страляюць у вялікая прасторнае неба, пакрытае кучаравымі хмарамі. Ямант, дасканалы назіральнік, дзякуючы значнай тэхнічнай бегласці патрафіў перадаць у сваіх краявобразных уроках дынамічны характар пейзажу. Краявобразы тыя, найчасцей як бы вымерлыя, рэдка з'яўляецца там постаць чалавечая, а калі ўжо - то пададзеная як стафаж - дробны сілуэт, прыгнуты пад нязносным цяжарам, які абапіраецца на кій або палку. Хоць без апісання асаблівасцяў, яна святова схарактарыаваная. Заўсёды гэта тая самая постаць, якая так узмоцнена вывучалася Ямантам, спатыкаем яе на многіх аркушах яго эскізнікаў.

Другой важнай тэмай у рысунках мастака з'яўляюцца вулічкі і завулкі старых гарадоў і мястэчак (найчасцей гэта фрагменты любімай Вільні, але таксама тых усіх мясцовасцяў, куды Ямант выбіраўся на пленэры), з часта ўжо развалінамі дамоў і домікамі з пашарпанай атынкоўкай, злучанымі пахіленымі ў розныя бакі платамі і парканамі. Ва ўсім тым бязладдзі знайходзіў Ямант спакой і гармонію. Любіў таксама старажытную архітэктуру дваровага, палацавага або народнага тыпу. З любоўю рабіў таксама эскізы драўляных цэркавак або вясковых касцёлікаў; заўсёды пры гэтым стараўся ўхапіць і захаваць іх характэрны стыль. Будынкі тыя, нарысованыя з вялікім адчуваннем манументальнасці і іхняй індывідуальнасці, заўсёды інтэгральна звязаныя з атачэннем. Гэтая "археалагічна-інвентарызатарская" пазіцыя, якая праяўляецца ў некаторых архітэктанічных эскізах Яманта характарызавала ўвесь тагачасны мастацкі віленскі асяродак. Для прыкладу можна тут назваць Рушчыца, для якога памнікі мінуўшчыны мелі значэнне рэчаў непаўторных, а таксама Сляндзінскага і Гапэна, якія захоплення тым, што прайшло, што даўнее, выразілі эскізамі абломкі пахавальні Барбары Радзівіл.

Ва ўсіх эскізах Яманта адчуваецца прастора, над якой распрасцерлася шырокае неба. Неба ў Яманта так рэдка яснае і спакойнае. Пераважна пакрытае цяжкімі, цёмнымі або падсветленымі сонечнымі промнямі аблокамі - з'яўляецца інтэгральнай (складовай) часткай пейзажнай кампазіцыі. Тыя, пазней - на карціне алейнай ці тэмперавай - створаныя хмары, намалёваны тлуста, тоўста пакладзены, або моцна насычаны фарбай з адданнем вялікага цяжару матэрыі - у рысунках часта ледзьве пазначаны, нанесены толькі алоўкам, але ўжо маюць сваё месца ў кампазіцыі эскізу.

Нешматлікія ў прасторы кожнага рысунка, пастаянна паўтараныя тыя самыя матывы: самотнае дрэва, вятрак, царква, касцёл, архітэктура дваровая і гарадская - мастак кампануе з дбальнасцю пра захаванне паміж імі раўнавагі. Разложыстае дрэва знайходзіць свой пластычны раўнаважнік у кучаравым воблаку або ў яго адбітку ў вадзе, або таксама ў постаці штафажа - меншага папамеры, але які ў роўнай ступені прыцягвае ўвагу гледача. Часамі гэтую ролю выконвае светлацень, гульня цёмных і светлых участкаў эскізу.

Ямант рысаваў, будзь тое ў эскізніках, сшытках і розных нататніках, будзь таксама на асобных малых картачках-найчасцей алоўкам (не вельмі мяккім) радзей крэйдкай або пяром. І наколькі жывапісная фактура яго карцін найчасцей цяжкая і важкая, то рысункі лёгкія і лятучыя. Рысункавыя эскізы характарызуюцца мяккасцю лініі і мяккім светлаценевым мадэляваннем. Датычыць гэта перш за ўсё пейзажаў, у якіх аўтар адмаўляўся ад элементаў фармальнай стылізацыі, якімі карыстаўся неаднаразова ў жывапісных працах.

Рысункі Яманта здзіўляюць тэхнічнай дасканаласцю, але хутчэй уражвае ў іх уніклівасць назірання, якая дазваляе творцу перадаць не толькі знешняе падабенства, але нават пераказаць гледачу клімат. Ашчадныя, лапідарныя ў падняцці тэмаў, але не бедныя - наадварот, накрэсленыя рашучай лініяй яны маюць у сабе рысы індывідуальнасці мастака, асаблівыя ў размяшчэнні і падачы планаў. Ямант карыстаецца адзіночнай, досыць тоўстай або наадварот - далікатнай і тонкай лініяй, заўсёды гнуткай і плаўнай, а ў некаторых выпадках сплеценай, бывае таксама эфектамі якаснымі, якія дасягаюцца ценяваннем, атрымоўваючы тым самым большыя светлаценевыя кантакты. Адрозненні дасягаюцца з дапамогай згушчэння раўнамерна кладзеных або густа наслоеных і часамі перакрыжаваных штрыхоў.

У апошні перыяд жыцця, ад 1951 г., Ямант - з падбухторвання Ежы Гапэна, Стэфана Нарэмбскага і Эдварда Кучынскага - займаўся таксама графікай, ствараючы галоўным чынам афорты. На лакірованай бляшцы рысаваў лёгкай, дробнай крэскай матывы маляўнічых, пазычаных з карцін Якуба Русдаэля дрэў. Афорт найбольш адпавядаў рысам яго таленту. Кампанаване проста на лакаванай пласціне ёсць спроба падобная да аперавання алоўкам ці пэндзлем. Афорты, як і жывапіс Яманта, папулярызавалі пейзаж, які злучаў рысы краявіду ХVІІ стагоддзя скампанаваныя з рамантычнымі матывамі і сентыментальным настроем. Афорты Яманта найчасцей гэта схема карцін, трансфармаваных ў чорна-белую фармацыю. Дзякуючы гэтаму графіка Яманта стварае інтэгральную цэласць з яго жывапіснай творчасцю і сваім спосабам садзейнічае ў вырашэнні ўласцівых яму мастацкіх задумаў.

На заканчэнне варта дадаць выказванне Ежы Рэмера з артыкула, апублікаванага пасля смерці Яманта, якое набліжае да нас індывідуальнасць мастака і яго стаўленне да мастацкага рамяства. Наколькі ў жывапісе Яманта адчуваецца рамантыка, то ў рысунках, якія ў большасці паказваюць архітэктанічныя фрагменты, бачым цвярозага рэаліста. Рэмер быў сведкам стварэння эскізу да карціны царквы Св. Юрыя ў Драгобычу. Робячы эскіз Ямант выпытваў у Рэмера - гісторыка мастацтва - аб асаблівасцях і мастацкай вартасці царквы, аб гісторыі аб'екта.

"Аглядаў яе з зацікаўленасцю вартай дапытлівасці даследчыка. Падаецца, што вось у такім стаўленні Яманта да рэчаіснасці, незалежна ад таго, ці была яна творам прыроды, ці таксама творам мастацтва, як справы рук людскіх, ці нарэшце цэлай сукупнасці ўтварэнняў формы, хаваецца нейкая глыбокая праўда пра мастака, мабыць не толькі рамантыка, не толькі назіральніка і не толькі кампазітара-пейзажыста. Праўда тая ёсць у глыбокіх гуманістычных адносінах да прадметаў, да самога іх стварэння, да працы прыроды і чалавека. Наколькі на карцінах Яманта не відаць чалавека, то ў мастацтве яго адчуваем атмасферу сардэчнасці, улюбённасці, найчуллівага лірызму. А разам амаль усюды акцэнты драматычных перажыванняў."21

У зборах універсітэцкага кабінета мастацтва ўніверсітэта імя Мікалая Каперніка знайходзіцца 40 асобных рысункаў з 1935-37 гг., два эскізнікі (уключна з 80 аркушамі) з 40-х гадоў, адна тэмпера і 15 афортаў з пачатку 50-х гадоў.

Літаратура:

1. J. Remer, Dzielo Bronislawa Jamontta. Ilustrowany Kurier Polski, 1957, nr 2 (z 10 VI), s. 5.

2. I. Kotoszynska, Wydzial Sztuk Pieknych Uniwersytetu Stefana Batorego w Wilnie, /w:/ Ferdynand Ruszczyc 1870-1936. Pamiqtnik wystawy, Warszawa 1966, s. 116.

3. Tamze

4. /ZET/, Sukcesy malarzy wilenskich. Instytut Carnegie w Pittsburghu zakupuje dzieta wilenskich artystow. Slowo, 1934, NR 338 (z 10 XII), s. 2.

5. S. Narebski, Pamieci Bronistawa Jamontta. Pomorze, Bydgoszcz, 1957, nr 2 (z 14 III), s. 3

6. Dokladna bibliografia dotyczaca prac Jamontta zebrana jest w Slowniku artystow polskich, t. 10, s. 190-191. Wykorzystano takze prowadzony przez Jamontta do 1957 r. album wycinkow prasowych, fotografii dziel i wystaw (Muzeum Narodowe w Warszawie, Dzial Dokumentacji, nr inw. 92750 - Alb. 100).

7. S. Narebski, /wstep do katalogu:/ Wystawa posmiertna prac B. Jamontta 1886-1957, Muzeum-Ratusz, Torun 1957.

8. J. Puciata-Pawlowska. Krajobraz Bronislawa Jamontta. Glos Pomorza, 1947, z 27 IV, s. 4.

9. J. Bulhak, Comoedia, Wilno 1939, nr 2, s. 24.

10. Zob. m.in.: M. Sieroslawska-Furs. Uliczka Zydo-wska w Wilnie (1934 r.) Bronislawa Jamontta: pejzaz miejski w malarstwie wilehskim lat miedzywojennych (praca magisterska napisana pod kierunkiem B. Mansfelda w Instytucie Artystyczno-Pedagogicznym UMK, Torun 1986, maszynopis). Takze: J. Puciata-Pawlowska, Droga Bronislawa Jamontta, Pomorze, 1955, nr 3, s. 15; S. Narebski, Spuscizna Bronislawa Jamontta, Pomorze, 1957, nr 7, s. 3.

11. K. Kieniewicz. Slowo. Wilno, 1939, nr 37 (z 2 II).

12. F. Lubierzynski. Wilenski Przeglad Artystyczny, Wilno, 1924, nr 3 (z 21 IX).

13. J. Puciata-Pawlowska. Krajobraz Bronislawa Jamontta, op. cit.

14. S. Narebski, Spuscizna Bronislawa Jamontta, op. cit.

15. Tamze.

16. J. Hoppen. Przedmowa. Katalog wystawy obrazow B. Jamontta, Torun, 1947.

17. J. Puciata-Pawlowska, op. cit.

18. J. Remer, op. cit.

19. J. Sienkiewicz. Rysunek polski. Od Oswiecenia do Mlodej Polski. Warszawa 1970, s. 5.

20. Zapoznano sie takze z rysunkami i szkicownikami znajdujacymi sie w innych zbiorach: w Muzeum Narodowym w Warszawie (m.in. 48 szkicownikow), Muzeum Okrogowym w Toruniu (m.in. 11 szkicownikow)

21. J. Remer, op. cit.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX